Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі (Сяргей Грунтоў)
Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі / КАРАБАНАЎ, АЛЯКСАНДР К. [і інш.] Мінск: Беларуская навука, 2011. 235 с.
Аўтарамі гэтай манаграфіі пазначаны пяць чалавек: А. К. Карабанаў, В. Ф. Вінакураў, Л. У. Дучыц, Э. М. Зайкоўскі, І. Я. Клімковіч. Гэтая кніга — нязвыклы прыклад супрацоўніцтва спецыялістаў у галіне геалогіі і гісторыі. Тэме даследавання беларускіх валуноў прысвечана нямала прац, асабліва ў галіне краязнаўства і лакальнай гісторыі, аднак прадметам манаграфічнага даследавання яны становяцца ўпершыню.
Пры тым, што праца мае ўсе фармальныя прыкметы манаграфіі, стыль яе напісання — навукова-папулярны. На гэта настройвае лірычны стыль уводзінаў: „Складваецца ўражанне, што яны [камяні] вылезлі з-пад зямлі падыхаць паветрам” (3) і назвы першых падраздзелаў, такія, як „1.1. Ледавіковыя прышэльцы” (6). Далейшае чытанне толькі пацвярджае ўражанне: у працы адсутнічаюць спасылкі на крыніцы, не названы мэты і задачы даследавання, няма агляду бібліяграфіі пытання (за выключэннем вывучэння праблемы геолагамі). Сказанае прыводзіць да высновы, што да кнігі было б недарэчна высоўваць патрабаванні, прынятыя для навуковага тэксту, і разглядаць яе толькі праз такую прызму. У той жа час сабраны і сістэматызаваны матэрыял, без сумневу, заслугоўвае ўвагі зацікаўленых вучоных, а значыць, і больш падрабязнага разгляду з нашага боку.
Першы раздзел „Вандроўныя камяні” прысвечаны гісторыі станаўлення ледавіковай тэорыі, вывучэнню валуноў геолагамі ў Беларусі, апісанню спосабаў іх фармавання, парод, якімі яны ўтвораны, і распаўсюджанню на тэрыторыі краіны. Завяршаецца раздзел гісторыяй стварэння парка камянёў у Мінску і яго апісаннем. Гэта адзіны ў кнізе „геалагічны” раздзел, астатнія структураваны паводле патрэб марфалагічна-фалькларыстычнай сістэматызацыі матэрыялу, і толькі апошні, дзясяты, — па лакалізацыі.
Такое рыгарыстычнае раздзяленне навуковых сфер пашырана і на ўвесь тэкст кнігі: у большасці раздзелаў апісваецца пэўная група камянёў толькі з аднаго пункту гледжання, часцей за ўсё фальклорнага. Там, дзе мы бачым сумесную працу геолагаў і гісторыкаў ці фалькларыстаў, яна мае дастаткова фармальны характар — на гатовы тэкст „накладаюцца” геалагічныя дадзеныя, такія, як парода каменя і яго памеры. Прыкметы непаразумення паміж аўтарамі мы знаходзім і ў канцы першага, „геалагічнага”, раздзела, дзе паведамляецца, што „пры выбары экспанатаў для ілюстрацыйнага матэрыялу гэтага раздзела перш за ўсё ўлічваліся прапановы супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі” (30). Між тым, такое супрацоўніцтва магло б прынесці свой плён. Напрыклад, у другім раздзеле, прысвечаным камяням-следавікам, падаюцца інтэрпрэтацыі з’яўлення практык шанавання такіх камянёў, пераказваюцца звязаныя з імі павер’і і легенды. Але аўтары не прыводзяць геалагічных тлумачэнняў і версій паходжання следападобных адбіткаў на камянях. Толькі праз сто старонак, у сёмым раздзеле, дзе разглядаюцца тыпалагічна блізкія „ямкавыя камяні”, пры геалагічным апісанні аднаго з іх робіцца заўвага пра тое, што „вялікае паглыбленне на камені, якое ўзнікла натуральным чынам у выніку разбурэння гнейса, мясцовыя жыхары лічаць адбіткам следу нейкай істоты” (124).
Да двух названых тэматычна блізкіх раздзелаў, другога і сёмага, прымыкае шосты: „Валуны са штучнымі паглыбленнямі”. Такая тыпалагічная блізкасць матэрыялу апісання стварае пэўныя праблемы ўзаемаперасячэння і паўтарэння, але гэта нельга паставіць у віну аўтарам, улічваючы няпросты характар аб’екта даследавання і тое, што на практыцы бездакорныя класіфікацыі прадметаў, якія існуюць у культуры ці створаны ёю, практычна ніколі не атрымліваецца скласці.
Самымі слабымі месцамі ў кнізе, на наш погляд, з’яўляюцца тыя, дзе робяцца спробы інтэрпрэтацыі дадзеных у рамках гістарычных і культуралагічных абагульненняў. У апошнія гады мы сталі сведкамі актыўнай вульгарызацыі ведаў пра паганства на Беларусі і разрастання калянавуковага дыскурсу на гэтую тэму, які паступова пачынае засланяць сабою навуковыя веды. Праблема тым больш складаная, што мяжу паміж імі не заўсёды можна дакладна правесці, асабліва ў той плоскасці, дзе ў суседстве знаходзяцца спрэчная тэорыя ці гіпотэза і спекуляцыя. Аўтараў ні ў якім разе нельга абвінаваціць у тым, што яны свядома спрычыніліся да міфалагізацыі ці прафанацыі гэтай сферы, аднак некрытычнае выкарыстанне матэрыялаў па тэме спрыяе пашырэнню сумнеўных тэзісаў і ідэй.
Некаторыя з іх можна назваць проста спрэчнымі, але тэарэтычна магчымымі. Да такіх адносіцца тэорыя пра тое, што чорт як персанаж славянскай дэманалогіі — гэта ўзніклы ў хрысціянскія часы спадкаемца бога Вялеса, хтанічнага боства і антаганіста Перуна. Адпаведна камяні з назвай „чортавы” не што іншае, як старажытныя месцы пакланення Вялесу. Найбольш паслядоўна гэтая тэорыя выкладаецца ў раздзеле 5.5. „Хтанічнае боства” (104–106). Праз усю кнігу праходзіць ідэя сувязі культавых камянёў і Вялеса. На наш погляд, відавочнае несупадзенне статусаў Вялеса як аднаго з багоў паганскага пантэона і чорта — ніжэйшай дэманалагічнай істоты, які не быў аб’ектам ні пакланення, ні шанавання, робіць гэтую тэорыю нежыццяздольнай. У іншым месцы чытач даведваецца, што ад Вялеса паходзяць не толькі чэрці, але і Сцяпан і, адпаведна, камяні, названыя яго імем: „Пасля распаўсюджвання на нашых землях хрысціянства персанаж беларускага фальклору Сцяпан пераняў імя святога Стафана, але захаваў рысы паганскага бога Вялеса” (59–60).
Акрамя такіх спрэчных месцаў, сустракаюцца і проста памылковыя. Прывядзем толькі некаторыя з іх. Так, мы даведваемся, што ў XVI–XVIII ст. адбывалася аднаўленне язычніцкіх культаў (114); што „нага, а тым больш ступня, лічыліся самымі міфалагізаванымі часткамі цела”, а „старажытныя людзі лічылі ступню часткай цела, праз якую душа сыходзіць на той свет” (32); што „ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай <…> Святы Марцін быў тады на Беларусі адным з самых улюбёных святых. Яму было прысвечана больш за 200 храмаў” (125); што на яўрэйскіх надмагіллях „яшчэ на пачатку ХХ ст. імя нябожчыка, яго заслугі перад Богам і людзьмі пісалі на іўрыце. Цяпер сустракаюцца помнікі толькі на рускай мове або на ідышы” (150).
Разам з тым у кнігі дастаткова і моцных бакоў. У першую чаргу да іх адносіцца сам сабраны матэрыял апісання культавых і гістарычных валуноў і яго сістэматызацыя. Разам апісана больш за 360 валуноў, прыведзены іх назвы, лакалізацыя; для некаторых тыпаў, такіх, як камяні-краўцы, камяні-шаўцы, валуны са штучнымі паглыбленнямі, складзены параўнальныя табліцы, якія ўключаюць інфармацыю пра памеры, паро ду, для першых двух з названых тыпаў — прычыны ака мянен ня (па водле падання), крыніцы вывучэння. Такім чынам, са браная і сістэматызаваная інфармацыя дае добрую гле бу для далейшых даследаванняў у гэтай галіне. Заў важым, напрыклад, што цікава было б параўнаць распаўсюджанне заходняй / усходняй традыцыі іменавання Маці Божай / Багародзіцы ў дачыненні да камянёў з яе слядамі ў залежнасці ад іх лакалізацыі. Выдатны матэрыял для гэтага можна знайсці ў другім раздзеле.
Другі важны момант — змешчаныя ў кнізе карты і ілюстрацыі. Карты адлюстроўваюць пашырэнне тых ці іншых тыпаў камянёў на тэрыторыі Беларусі і з’яўляюцца цікавым дадаткам для даследавання праблемы лакалізацыі гісторыка-культурных рэгіёнаў. Прыведзена больш за сто чорна-белых ілюстрацый, пераважна гэта фотаздымкі з аўтарскіх экспедыцый; акрамя таго, ёсць восем старонак каляровай укладкі.
Разгледжаная намі кніга, нягледзячы на некаторыя названыя хібы, будзе каштоўнай для спецыялістаў у галіне лакальнай гісторыі, фалькларыстыкі, археалогіі. Факталагічны матэрыял у ёй зручна сістэматызаваны і суправаджаецца геаграфічным паказальнікам. На жаль, яна выйшла малым накладам (200 асобнікаў), а гэтага яўна недастаткова, улічваючы навукова-папулярны характар тэксту і кола патэнцыйных чытачоў.
Мінск
Сяргей Грунтоў