Шыбека, Захар. Гарадская цывілізацыя (Таццяна Тахіян)
ШЫБЕКА, ЗАХАР В. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый. Вільня: ЕГУ, 2009. 372 с.
Гарадскі арэал — гэта свайго роду апазіцыя прыроднаму свету з яго стыхіямі, якія пагражаюць стабільнасці. Чалавек заўсёды хацеў гарантаванай абароны ад катаклізмаў прыроды. Такім чынам аб’ектывізавалася ідэя цывілізацыі, якая найбольш яскрава адлюстравалася ў гарадской форме існавання.
Развіццё грамадства на працягу ХХ ст. паказала, што фундаментальныя працэсы, якія адбываюцца ў гарадской цывілізацыі, істотна ўплываюць на развіццё культуры, а буйныя гарады як форма чалавечага суіснавання апынуліся ў авангардзе не толькі станоўчых, але і адмоўных трансфармацый. Механізацыя соцыуму, нябачная раней канцэнтрацыя чалавечых лёсаў сталі вызначаць жыццё. Між тым за шматгадовую гісторыю свайго развіцця гарадская цывілізацыя акумулявала вялізны досвед чалавечага суіснавання, значны патэнцыял культурных каштоўнасцяў, якія патрабуюць паўнавартаснага асэнсавання.
Да сацыяльна-эканамічнага, палітычнага, культурнага жыцця горада праяўлялі інтарэс прадстаўнікі навуковага асяроддзя шматлікіх краін. Спробу абагульніць наяўныя напрацоўкі беларускіх і расійскіх даследчыкаў, а таксама параўнаць іх з падыходамі заходнееўрапейскіх даследчыкаў зрабіў З. Шыбека ў працы „Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет”. Галоўная вызначальная рыса выдання заключаецца ў спробе вызначыць месца і ролю беларускіх гарадоў у сусветным працэсе ўрбанізацыі. Неабходна адзначыць, што выданне заяўлена як курс лекцый, хоць па стылі выкладання і падыходах яно, хутчэй, трапляе пад вызначэнне „манаграфія”. Аўтар арганічна спалучае палітычную, эканамічную, сацыяльную, духоўную гісторыю горада і паказвае іх узаемаабумоўленасць і ўзаемаўплыў, але пры гэтым менш увагі аддае метадычнаму складніку. У канцы кожнага раздзела аўтар падаў толькі пытанні да зместу. Магчыма, мэтазгодным было б прапанаваць студэнтам храналогію, заданні, тэрміны, якія дапамаглі б рэалізаваць метадычную задуму.
Структура працы лагічная і самастойная. Варта адзначыць якаснае і ўмелае спалучэнне розных даследчыцкіх стратэгій, агульнанавуковых і спецыяльных метадаў, выкарыстанне міждысцыплінарнага падыходу. Аўтар паспрабаваў паказаць не толькі сучасныя падыходы да вывучэння гарадской цывілізацыі, але і свой погляд на шэраг праблем. Разам з тым, характарызаваць, як гэта робіць З. Шыбека, выдадзены курс лекцый як пачатак развіцця гістарычнай урбаністыкі ў Беларусі, нельга. На працягу ХХ ст. у Беларусі, як і ў СССР, з’яўляліся працы, што фактычна заклалі падмурак для развіцця гэтага напрамку ў навуцы. Пра гэта гаворыць і сам аўтар, калі вылучае ў беларускай гістарыяграфіі тры асноўныя напрамкі: „1) вывучэнне горада як гістарычнай з’явы з толькі яму ўласцівымі рысамі; 2) вывучэнне працэсаў урбанізацыі ў цеснай узаемасувязі з усімі грамадскімі працэсамі, што мелі месца на кожным канкрэтным этапе гістарычнага развіцця, і ў кантэксце ўрбанізацыі сусветнага маштабу; 3) вывучэнне разнастайных аспектаў жыццядзейнасці гараджанаў” (21). Аднак З. Шыбека не адзначае, што ўсе айчынныя ўрбаністы ў савецкі час будавалі сваю аргументацыю ў межах марксісцкай тэорыі. У апошнія ж пятнаццаць гадоў гістарычная ўрбаністыка набыла новыя формы адлюстравання. Гэта звязана ў першую чаргу з актыўным уключэннем беларускіх гісторыкаў у сусветную супольнасць вучоных і знаёмства з метадалогіяй і тэматыкай сучасных гуманітарных даследаванняў.
Кніга З. Шыбекі ў гэтым сэнсе ўяўляе сабой адну з першых у беларускай навуцы спроб канцэптуальнага адказу на фундаментальныя пытанні, якія ставяцца сучаснай гістарычнай урбаністыкай. У беларускага чытача і ў першую чаргу студэнта з’явілася магчымасць комплексна паглядзець на праблему ўрбанізацыі ў Беларусі і свеце. Аўтар прапануе пункт гледжання на цэлае, на агульную карціну мінулага ў адпаведнасці з новым, сучасным, разуменнем і новымі патрэбамі чалавечай супольнасці. Інакш кажучы, ён кіруецца пэўнай сістэмай каштоўнасцяў пры паказе гісторыі людзей, якія жылі ў пэўным рэгіёне ў пэўны час.
У першым раздзеле — „Горад” — З. Шыбека паказвае станаўленне гарадской цывілізацыі, падае перыядызацыі гісторыі развіцця гарадоў Беларусі і гарадоў іншых рэгіёнаў свету (22). Абедзве перыядыза цыі ніякім чынам не звязаныя паміж сабой і існуюць незалежна адна ад адной, паколькі ў аснову кожнай закладзены розныя крытэрыі. Другая перыядызацыя ўяўляе сабой еўрапейскае (еўропацэнтрычнае) бачанне гісторыі станаўлення гарадоў. Менавіта яна прымаецца за аснову ў курсе лекцый. Адпаведна з гэтым урбан-гісторыя Еўропы падаецца больш дэталёва, чым гісторыя станаўлення гарадоў іншых рэгіёнаў свету.
Найбольш выразна пазіцыя аўтара прасочваецца ў апісанні гісторыі развіцця гарадоў Беларусі. Значнае месца З. Шыбека надае аналізу ролі і ўплыву цэхаў, унёсак якіх у развіццё беларускіх гарадоў ацэньвае пазітыўна. Разам з тым ён звяртае ўвагу на тое, што ВКЛ не пашанцавала, бо „разбурэнне гарадской інфраструктуры ў сувязі з бясконцымі войнамі з суседзямі істотна аслабіла Княства і стала адной з прычынаў яго мілітарнага далучэння да Расійскай імперыі”. У цэлым жа развіццё беларускіх гарадоў у складзе Расійскай імперыі, а потым СССР, аўтар ацэньвае негатыўна. Ён адзначае, што ў першым выпадку ў выніку праведзенай адміністрацыйнай рэформы шматлікія захопленыя гарады ВКЛ пераводзіліся ў разрад мястэчак, а ў другім — залежнасць ад Масквы і адсутнасць актыўных гандлёвых і эканамічных кантактаў з Захадам перашкаджалі паўнавартаснаму развіццю гарадоў БССР.
Другі раздзел — „Урбанізацыя” — прысвечаны асэнсаванню ўрбанізацыі як галоўнай грамадскай з’явы і выяўленню яе асаблівасцяў на беларускіх землях. Аўтар сцвярджае, што „існуе тры асноўныя прычыны канцэнтрацыі рабочых месцаў у гарадах, а гэта значыць тры прычыны росту гарадоў, ці ўрбанізацыі”. Сярод іх ён адзначае з’яўленне ў якім-небудзь рэгіёне перавагі ў вытворчасці пэўнага тавару або групы тавараў; эфект маштабаў вытворчасці; эфект канцэнтрацыі вытворчасці (146). Далей, аналізуючы асноўныя праявы працэсу росту гарадоў, аўтар падводзіць чытача да разумення спецыфікі эканамічнага развіцця сучаснай Заходняй Еўропы і Беларусі.
У дадзеным раздзеле З. Шыбека выкарыстоўвае заходнія падыходы, у прыватнасці тыпалогію амерыканскага эканаміста Фішэра-Кларка, да асэнсавання працэсу ўрбанізацыі ў Беларусі (151), пераносіць на беларускі матэрыял паняцці агламерацыі, канурбацыі і прыводзіць іх прыклады, падае перыядызацыю дынамікі росту гарадскога насельніцтва Беларусі (162).
Асэнсоўваючы ролю сталіцы ў працэсе ўрбанізацыі, З. Шыбека з жалем канстатуе, што Мінск так і не змог замяніць гістарычную сталіцу — Вільню. Ён лічыць, што сучасная сталіца Беларусі „прасякнута духам былой савецкай эпохі”, а „руйнаванні і перабудовы, якія вяліся на загад небеларусаў, зрабілі і вобраз сталіцы Беларусі небеларускім” (188). Паступова ў рэчышчы крытыкі аўтар уздымае праблему мадэрнізацыі горада і прыводзіць некалькі прыкладаў яе адмоўнага ўплыву. Нельга ў гэтым не пагадзіцца з даследчыкам. Згаданая праблема мае месца не толькі ў Беларусі, але і ў іншых гарадах свету. З іншага боку, яна непазбежная. Пакуль насельніцтва не дасягне пэўнага ўзроўню культуры, не будзе мець акрамя нацыянальнай гістарычную самасвядомасць, нічога не зменіцца.
Прааналізаваўшы гістарычныя ўмовы развіцця культуры ў гарадах Беларусі, З. Шыбека прыйшоў да высновы, што „культура беларускіх гарадоў існуе сама па сабе і развіваецца нейкім штучным шляхам, яна не задавальняе і не кансалідуе грамадзянаў Беларусі”. Па сцверджанні аўтара, „першая адметнасць культурнага ўздзеяння беларускіх гарадоў на развіццё краіны, у параўнанні з гарадамі іншых краінаў, палягае ў тым, што яны маюць ніжэйшы культурны патэнцыял” (228). Сярод прычын гэтага ён называе знішчэнне матэрыяльных каштоўнасцяў у выніку шматлікіх войнаў, вываз культурных каштоўнасцяў у гарады Расіі, Украіны, Польшчы, Нямеччыны, ад’езд за мяжу творчай эліты, празмерную ідэалагізаванасць і недафінансаванасць культуры ў савецкі час (229). Другая ж адметнасць „культурнага ўздзеяння гарадоў на беларускае грамадства выяўляецца ў тым, што гэтыя гарады — рускамоўныя” (231).
Трэці раздзел — „Гараджане” — аўтар пачынае вылучэннем шырокага спектра матэрыяльных і духоўна-маральных праблем, якія існавалі і існуюць у гарадах. Да іх ліку ён адносіць недахоп зямлі, траўматызм, пагаршэнне экалогіі, недахоп жылля, перанаселенасць, злачыннасць, прастытуцыю, душэўны камфорт і іншае. Разважанні пра жыццё гараджан і горада З. Шыбека завяршае сцверджаннем, што беларускі народ так і не рэалізаваў нацыянальны праект ідэальнага горада, „горада-сонца”, а таму „стварэнне гарманічнага гарадскога асяроддзя, дзе чалавек мог бы задаволіць усе свае патрэбы, застаецца актуальнай” (278).
Напрыканцы варта адзначыць, што, закранаючы шматлікія праблемы гарадской цывілізацыі на розных гістарычных этапах развіцця, аўтар сцірае межы паміж грамадствам і чалавекам, хоць у працы сам жа заяўляе, што асноўны акцэнт робіцца на гуманітарным складніку горада. У працы не прасочваецца ўплыў гарадской супольнасці на чалавека і чалавека на гарадскую супольнасць, што вельмі істотна пры такім аналізе. У курсе лекцый адсутнічае „жывы” чалавек са сваімі жаданнямі, патрэбамі, праблемамі і марамі. Ён уніфікуецца. У гэтай сувязі чытачу складана зразумець, чым адрозніваецца гарадскі жыхар XIX ст. ад жыхара XX ст. Таксама неабходна адзначыць і той факт, што пры аналізе праблем даследчык у большай ступені кіруецца культуралагічным, а не гістарычным, падыходам. Больш за тое, З. Шыбека не да канца змог захаваць баланс у выкарыстанні гістарычна-параўнальнага і культуралагічнага падыходаў, а таму некаторыя падзеі гісторыі пададзены ў абсалютна іншым ракурсе, чым гэта прынята ў сучаснай гістарычнай навуцы.
Адзначаныя спрэчныя моманты не носяць прынцыповага характару і не зніжаюць агульнай высокай ацэнкі курса лекцый. Праца З. Шыбекі вылучаецца з агульнага кантэксту сённяшніх даследаванняў, паколькі сапраўды ўпершыню ў ёй зроблена спроба ўпісаць гісторыю беларускага горада ў гісторыю гарадоў свету.
Брэст
Таццяна Тахіян