БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Гістарычная геаграфія'

Артыкулы па тэме ‘Гістарычная геаграфія’

ГАРДЗЕЕЎ, ЮРЫ.Тапанімія старажытнай Гародні (ХІІ–ХVІІІ стст.). Гародня, 2013. 189 с. (серыя “Гарадзенская бібліятэка”)


У 22 томе БГА (2015)
Інтэнсіўнае развіццё ў апошнія дзесяцігоддзі беларускай анамастыкі ў значнай ступені дазволіла паглыбіць яе тэарэтычныя асновы, пашырыць праблематыку і фактычную базу, удакладніць прынцыпы і метады даследавання. З’явілася вялікая колькасць работ, прысвечаных рознааспектнаму вывучэнню тапонімаў асобных рэгіёнаў і асобных населеных пунктаў. Але пры ўсім багацці і разнастайнасці прац па беларускай тапаніміцы комплексныя даследаванні, у якіх раскрывалася б дынаміка тапанімічнай прасторы сучаснага беларускага горада ў яе сувязі з грамадска-палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі, культурнымі і прыродна-геаграфічнымі рэаліямі, да цяперашняга часу не атрымалі сістэмнага і шырокага навуковага асвятлення. Большасць беларускіх тапанімічных даследаванняў адлюстроўвае сінхронны стан тапанімічных сістэм. Аднак сінхранія – гэта толькі адзін зрэз, які паказвае статычны стан сучасных найменняў, іх узаемную сувязь і абумоўленасць. Сінхранія не можа адказаць, як, калі і чаму склалася тая ці іншая сістэма або асобныя яе звёны, якія змяненні ўласныя назвы перажылі ў сваім развіцці. Для высвятлення ці хаця б гіпатэтычнага вызначэння агульнай тапанімічнай карціны той ці іншай этнічнай супольнасці або пэўнага населенага пункта неабходна глыбіннае асэнсаванне матэрыялу, што складае задачу гістарычнай тапанімікі. Назіранні над матэрыялам гістарычных дакументаў дазваляюць тапанімісту рабіць вывады пра тыповасць пэўных мадэляў у тую ці іншую эпоху, пра іх сувязь з гістарычнымі абставінамі. Пры гэтым абавязковая ўмова пры вывучэнні тапаніміі – выкарыстанне звестак розных навук (гісторыі, геаграфіі, мовазнаўства, этнаграфіі, археалогіі, этналогіі і інш.), што абумоўлена міждысцыплінарным характарам уласных геаграфічных назваў. У сувязі з гэтым манаграфія Юрыя Гардзеева “Тапанімія старажытнай Гародні (XII–XVIII стст.)” надзвычай актуальная, у ёй упершыню ў Беларусі прасочваецца гісторыя ўзнікнення, развіцця і трансфармацыі тапанімічнай сістэмы Гародні на вялікім храналагічным адрэзку – ад перыяду Сярэднявечча да Новага часу. Чытаць далей →

Васіль Варонін. Русь, русіны і руская вера ў творах замежных аўтараў 1-й паловы XVI ст.


На пачатку Новага часу ў супольнасцях усходніх славян адбыліся вялікія змены, якія пакінулі глыбокі след у іх далейшай гісторыі. На жаль, русіны Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы не напісалі ў гэты перыяд практычна ніякіх значных твораў, у якіх быў бы іх уласны погляд на сваю гісторыю і тагачасны стан. Але замежнікі пакінулі нам ад 1-й паловы XVI ст. цэлы шэраг тэкстаў, у якіх аддалі Русі, русінам і іх веры даволі вялікую ўвагу. Нягледзячы на сваё замежнае паходжанне, гэтыя аўтары вельмі добра ведалі рускія землі: наведвалі іх асабіста, камунікавалі з нараджэнцамі гэтых рэгіёнаў. А палякаў і літоўцаў можна лічыць замежнікамі толькі ўмоўна, бо рускія землі ўваходзілі ў склад і Каралеўства Польскага, і Вялікага Княства Літоўскага. Тым больш цікавым, думаецца, будзе погляд гэтых, з аднаго боку, дасведчаных і ў нейкай ступені ангажаваных, але, з другога, усё ж старонніх людзей на ўсходнеславянскіх суайчыннікаў. Для даследавання абраны творы пяці аўтараў, у якіх акрэсленая ў загалоўку праблематыка знайшла максімальна яскравае і максімальна поўнае адлюстраванне. Вядома, гэтая лічба можа быць значна павялічана – напрыклад, за кошт прац Яна Сакрана і Захарыя Ферэры. Але трэба мець на ўвазе, што іх інтарэсы былі вузейшыя і ляжалі ў асноўным у рэлігійнай сферы. Чытаць далей →

Шыбека, Захар. Гарадская цывілізацыя (Таццяна Тахіян)

ШЫБЕКА, ЗАХАР В. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Курс лекцый. Вільня: ЕГУ, 2009. 372 с.

Гарадскі арэал — гэта свайго роду апазіцыя прыроднаму свету з яго стыхіямі, якія пагражаюць стабільнасці. Чалавек заўсёды хацеў гарантаванай абароны ад катаклізмаў прыроды. Такім чынам аб’ектывізавалася ідэя цывілізацыі, якая найбольш яскрава адлюстравалася ў гарадской форме існавання.

Развіццё грамадства на працягу ХХ ст. паказала, што фундаментальныя працэсы, якія адбываюцца ў гарадской цывілізацыі, істотна ўплываюць на развіццё культуры, а буйныя гарады як форма чалавечага суіснавання апынуліся ў авангардзе не толькі станоўчых, але і адмоўных трансфармацый. Механізацыя соцыуму, нябачная раней канцэнтрацыя чалавечых лёсаў сталі вызначаць жыццё. Між тым за шматгадовую гісторыю свайго развіцця гарадская цывілізацыя акумулявала вялізны досвед чалавечага суіснавання, значны патэнцыял культурных каштоўнасцяў, якія патрабуюць паўнавартаснага асэнсавання.
Чытаць далей →

Святлана Куль-Сяльверстава. Інвентары маёнткаў і старастваў як крыніца па гісторыі прыроднага асяроддзя Беларусі


Пры вывучэнні прыроднага асяроддзя акрэсленага рэгіёна асаблівае значэнне набывае інфармацыя пра яго мінулае. Яна становіцца адпраўным пунктам для вызначэння прычын адметных характарыстык глебы, пэўнага складу флоры і фаўны мясцовасцяў, якія здаўна знаходзіліся пад антрапагенным уплывам. У гэтым выпадку асаблівую каштоўнасць маюць дакументы, якія ўтрымліваюць апісанні прыродных рэсурсаў. Для беларускіх земляў такую інфармацыю можна знайсці ў крыніцах статыстычнага характару, гаспадарчых і фіскальных апісаннях, якія складаліся тут на працягу некалькіх стагоддзяў. Да падобных крыніц залічваюцца інвентары маёнткаў, як прыватнаўласніцкіх, так і тых, што належалі дзяржаве і царкве.

Узнікненне інвентароў на землях Вялікага Княства Літоўскага (далей ВКЛ) вызначаюць першай паловай XVI ст. Спачатку падобныя дакументы называлі попіс (вопіс) ці рэестр. Назва інвентар (ад лац. inventarium ‘вопiс’) з’явілася ў XVII ст. Да аграрнай рэформы 1557 г. (Валочнай памеры) інвентары былі з’явай рэдкай, да сёння захавалася толькі два такія дакументы [1]. Інвентары маёнткаў складаліся на беларускіх землях да сярэдзіны XIX ст. Найбольшая частка інвентароў, якія дайшлі да нас, датуецца канцом XVIII – першай паловай XIX ст. Выкарыстанне інвентарных апісанняў маёнткаў палягчаецца тым, што многія з іх былі надрукаваны. Першую грунтоўную публікацыю гэтых крыніц зрабіла Віленская археаграфічная камісія ў другой палове XIX ст. Чытаць далей →

Юры Гардзееў. Юрый Бохан як даследчык гістарычнай геаграфіі Беларусі


Можна палічыць труізмам сцверджанне, што беларуская гістарыяграфія апошніх дзесяцігоддзяў займаецца навёрстваннем страчанага. Пра запаўненне белых плям сведчыць зборнік “Мястэчкі і працэсы ўрбанізацыі на землях Беларусі ў XV–XVIII стст.” [1], які ўбачыў свет у 2018 г. Аўтарам апублікаваных тэкстаў быў археолаг і гісторык Юрый Бохан [2]. Ва ўступнай частцы тома яго ўкладальнік Мікола Волкаў дэкларуе засяроджанне ўвагі на “ўрбаністычнай праблематыцы” (5), хоць аўтар – Ю. Бохан – у сваю чаргу піша пра “ўрбанізацыйныя працэсы” (11). Нягледзячы на тое, што ў першым і другім выпадку гаворка ідзе пра галоўны аб’ект даследавання – гарады, трэба адзначыць нятоеснасць тэрмінаў. Чытаць далей →

Раман Бяспалаў, Сяргей Палехаў. Гісторыя літоўска-навасільскіх дагавораў 1427–1491 гадоў і літоўска-варатынскія граматы 1483 і 1488 гадоў*

Памяці нашага сябра Віктара Цемушава (1975–2011)

* Праца была напісана ў канцы 2015 г. i здадзена ў друк у зборнік артыкулаў памяці В. Цемушава. Матэрыялы зборніка апынуліся ў маскоўскім выдавецтве “Квадрыга”. Выхад гэтага зборніка затрымліваецца, таму аўтары вырашылі апублікаваць яе пераклад з неабходнымі дапаўненнямі ў БГА, улічваючы шырокую цікавасць калег да тэмы артыкула і напрацоўкі беларускіх навукоўцаў па праблемах гісторыі Навасільска-Адоеўскага княства, дакументальнага пісьменства ВКЛ і гісторыі яго архіваў. Чытаць далей →

Яўген Анішчанка. Атлас Мінскай губерні 1800 г.: стварэнне і аўтары

Цэнтральна-беларускія землі, далучаныя да Расійскай імперыі па выніках другога падзелу Рэчы Паспалітай, паводле ўказа ад 3 траўня 1795 г. склалі Мінскае намесніцтва, а з 9 кастрычніка 1796 г. апошняе было арганізавана ў губерню. Намесніцтва спачатку складалася з 13 паветаў: Мінскага, Вілейскага, Пастаўскага, Докшыцкага, Дзісенскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Бабруйскага, Мазырскага, Давыд-Гарадоцкага, Пінскага, Нясвіжскага, Слуцкага. Такі падзел праіснаваў да 9 кастрычніка 1796 г., калі Давыд-Гарадоцкі, Нясвіжскі, Докшыцкі і Пастаўскі паветы былі выведзены па-за штат, а губерню склалі 10 паветаў: Мінскі, Ігуменскі, Пінскі, Рэчыцкі, Мазырскі, Вілейскі, Слуцкі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ашмянскі [1]. Нованабыты абшар адразу стаў аб’ектам пільнай увагі царскіх улад, што рэалізоўвалася праз географа-статыстычнае апісанне тэрыторыі і яе картаграфаванне. Чытаць далей →

Томас Чэлкіс. Развіццё паняцця заходніх межаў Вялікага Княства Літоўскага ў XIII–XVI ст.

У цяперашні час тэрмін “мяжа” вызначаецца як лінія, што падзяляе тэрыторыі дзвюх дзяржаў, дзвюх адміністрацыйных адзінак, двух фізічных феноменаў або груп людзей пэўнага рэгіёна. Часам яна пазначаецца на тэрыторыі шырокай фартыфікацыйнай паласой, шэрагам ахоўных пунктаў або пагранічных пастоў. Бывае, што геаграфічныя аб’екты цалкам або часткова адпавядаюць мяжы [1]. Даследаваная гісторыкам Даніэлем Паўэрам праблема лексікі і класіфікацыі сярэднявечных межаў паказвае, што ім уласцівы культурныя, палітычныя, эканамічныя, рэлігійныя і іншыя рысы [2]. Вылучаюцца розныя тыпы межаў. Па словах Даніэля Нордмана [3], тэрыторыі могуць падзяляць ваенныя арганізацыі (маркі), масівы неабжытых земляў, прыродна-геаграфічныя вехі – горы, моры, балоты [4], а таксама структуры больш складаных сацыяльных арганізацый або дзяржаў [5]. Як паказваюць аналагі, тыпы палітычных межаў Вялікага Княства Літоўскага (далей ВКЛ) могуць даследавацца ў розных аспектах. Мэта гэтага артыкула – выявіць развіццё паняцця заходніх межаў ВКЛ і асаблівасці іх маркіроўкі ў XIII–XVI ст., а таксама прычыны ўзнікнення мяжы як “лініі”. Чытаць далей →

Соркіна, Інна. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. – Вільня: ЕГУ, 2010 (Андрэй Кіштымаў)

СОРКІНА, ІННА. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с.

Горад — мястэчка — вёска. На працягу стагоддзяў менавіта яны складалі сетку населеных пунктаў Беларусі. Прычым складнікі гэтай трыяды мелі розную ступень свабоды. Горад мусіў быць падобным на іншыя гарады. Жыць гарадскім жыццём. Інакш бы яму не паверылі, што ён — горад. Ён так і рабіў. Напрыклад, дамагаўся магдэбургіі, самасцвярджаўся: я — такі ж горад, як усе, я — гэтага варты, я — частка гарадской супольнасці Еўропы і свету… Вёска свята шанавала сваю традыцыйнасць — як свой нязменны і неразменны капітал ды цноту. Праўда, горад выступаў у дачыненні да вёскі агрэсарам, неаднаразова падрываючы яе традыцыі, уносячы сумятню ў вясковыя галовы і забіраючы, як здабычу, у гарадскі вір самы актыўны вясковы элемент.
Чытаць далей →

Віктар Цемушаў. Тросненская бітва і паўднёва-заходняя мяжа Вялікага Княства Маскоўскага ў 1368 г.


У 1368 г. адбыўся першы сур’ёзны канфлікт паміж двума цэнтрамі збірання рускіх зямель — Вялікімі Княствамі Літоўскім i Маскоўскім. Ужо дагэтуль літоўска-маскоўскія інтарэсы скрыжоўваліся ў смаленскіх землях (з 1335 г. адбывалася барацьба за Ржэву[1], a ў 1341 г. Альгерд здзейсніў няўдалы паход на Мажайск[2]), але да поўнамаштабнай вайны справы не даходзілі, мабыць, таму, што нават агульнай мяжы дзвюх дзяржаў пакуль не існавала[3].

Актыўная палітыка маскоўскага вялікага князя Дзмітрыя Іванавіча выклікала не толькі падтрымку з боку вялікай колькасці рускіх князёў i шырокі народны патрыятычны рух, але i незадаволенасць пэўных цэнтраў Паўночна-Ўсходняй Русі пашырэннем маскоўскай улады і, адпаведна, стратай сваёй самастойнасці. Па словах цвярскога летапісца, масквічы „князи Русьскыи начата приводити въ свою волю, а который почалъ не повиноватися ихъ воле, на тыхъ почали посягати злобою»[4]. Чытаць далей →

Васіль Варонін. Рака Бярэзіна як мяжа паміж „Руссю» і „Літвой»

(да гісторыі геаграфічных уяўленняў ва Ўсходняй Еўропе)

Сярод праблем гістарычнай геаграфіі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага i іншых зямель (далей — ВКЛ) пытанне аб геаграфічных межах дзвюх найбуйнейшых яго складовых частак — Літвы i Русі — займае, бадай, найважнейшае месца. На праблеме адмыслова спыняліся такія прызнаныя спецыялісты ў галіне гісторыі ВКЛ, як М. Любаўскі[1], А. Халецкі[2], Е. Ахманьскі[3], В. Насевіч i M. Спірыдонаў[4]. Важнасць пытання не абмяжоўваецца адным толькі геаграфічным аспектам. Яго вырашэнне звязана таксама з гісторыяй міжнародных адносінаў i знешняй палітыкай (асабліва што датычыцца змагання ВКЛ з Масквой за „рускія землі»), канфесійнай, этнічнай гісторыяй, гісторыяй права. У сувязі з гэтым азначанае пытанне так ці інакш закраналі многія даследчыкі. Артыкул не ставіць сваёй мэтай разгляд i вырашэнне ўсёй гэтай складанай і, трэба прызнаць, заблытанай праблемы. Ён прысвечаны толькі аднаму са шматлікіх яе аспектаў. У шэрагу гістарычных крыніц у якасці мяжы паміж Руссю i Літвой выступав рака Бярэзіна (правы прыток Дняпра[5]). Да апошняга часу гэты факт спецыяльна не разглядаўся i, адпаведна, здавальняльнага тлумачэння не атрымаў. Неабходнай умовай вырашэння праблемы з’яўляецца як мага больш поўны збор i сістэматызацыя фактычнага матэрыялу. Таму ад самага пачатку — ad fontes. Чытаць далей →

Бон , Томас М. “Мінскі феномен”. Гарадское планаванне і ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасля 1945 г.; пер. з ням. мовы М. Рытановіч; навук. рэд. Г. Сагановіч. – Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2016. 436 с., 28 іл.

Томас Бон – нямецкі гісторык, які займаецца вывучэннем урбанізацыйных працэсаў у Беларусі. Ён працуе ў г. Гісэне на аддзяленні ўсходнееўрапейскай гісторыі. Таксама ён з’яўляецца сябрам Таварыства па вывучэнні гарадской гісторыі і ўрбанізацыйных працэсаў. Гэтая праца вучонага – самае значнае даследаванне пра развіццё Мінска найноўшага часу. Беларускае выданне стала трэцім, пасля нямецкага і расійскага. У кнізе Томас Бон аналізуе феномен сталіцы Беларусі як “узорнага сацыялістычнага горада”, што, як лічыць аўтар, быў цалкам створаны пасля Другой сусветнай вайны. У гэтым даследаванні вучоны разглядае развіццё горада Мінска пасля Другой сусветнай вайны на аснове наступных зрэзаў: планіроўка і архітэктура, урбанізацыя і міграцыя, жыццё і будні насельніцтва. Вывучэнне сацыялістычнага горада як “жыццёвай прасторы” разам з яго асяроддзем, субкультуры, горадабудаўнічай палітыкі ўладаў і рэальна атрыманых вынікаў урбаністычных эксперыментаў у БССР стала асноўнай тэмай даследавання. Сваёй кнігай Т. Бон распрацаваў мадэль для вывучэння супольнасцяў савецкага ўзору, працэсаў мадэрнізацыі ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Чытаць далей →

Юры Гардзееў. Некалькі заўваг да праблемы развіцця гістарычнай геаграфіі

У 2017 г. у Ольштыне выйшла з друку манаграфія Анны Пыташ-Каладзейчык, у якой разгледжана праблема прававых, адміністрацыйных, маёмасных і тэхнічных умоў выкарыстання водных рэсурсаў у велікакняскіх маёнтках заходняй часткі Гарадзенскага павета ў XVI ст. [1] (8). Азнаямленне са зместам кнігі, зрэшты, як і з іншымі працамі аўтаркі, стала не толькі добрай нагодай для разважанняў пра дасягненні гістарычнай геаграфіі як дапаможнай гістарычнай дысцыпліны, але чарговым прыкладам, які наводзіць на роздум аб патрэбе паглыблення гісторыка-геаграфічных даследаванняў у Беларусі.

Зазначым, што распрацоўка названай праблемы можа выклікаць пэўныя сумненні з прычыны сваёй “вузкасці” і дробнатэмнасці. Разам з тым аналіз зместу працы расстаўляе ўсе кропкі над “і”. Чытаць далей →