Ганна Харашкевіч. Беларускі акцэнт саратаўскага гісторыка
„Есть свой Ключевский у студентов,
— Вы, Леонард Адамыч Дербов!”*
* Дербов Л. А. Страницы воспоминаний. Саратов: Изд-во Саратовск. ун-та, 2009. 229 с.
Аж да канца больш за паўвекавой (з 1938 г.) выкладчыцкай дзейнасці ў Саратаўскім універсітэце імя М. Г. Чарнышэўскага Леанарда Адамавіча Дзербава (10.10.1909–19.10.1994) гаварылі, што ў яго мове чуецца „нярускі акцэнт”. Як ні дзіўна, многія беларусы, якія працавалі ў межах Расіі, захоўвалі гэтую асаблівасць (можна прывесці прыклад класіка беларусістыкі савецкага, ды і ў няменшай меры постсавецкага часу Мікалая Мікалаевіча Улашчыка). Аднак ва ўспамінах гаворка ідзе не толькі пра вымаўленне, але і пра лёс, лад мыслення, стыль і жыццёвую пазіцыю Леанарда Адамавіча.
Яго ўспаміны, скупыя на словы, дазваляюць зразумець, што гэта быў за чалавек. Але найперш некалькі фармальных звестак пра саму кнігу. Услед за серыяй зборнікаў „Годы и люди” да стагадовага юбілею Саратаўскага ўніверсітэта, заснаванага ў 1909 г., была падрыхтаваная серыя мемуараў „О времени и о себе”, у якую ўвайшлі 7 кніг успамінаў выкладчыкаў універсітэта (А. І. Аўруса „О друзьях товарищах”, В. А. Артысевіч „Одинаковых судеб не бывает”, Б. І. Барысава „О, спорт (люди, события, факты)”, В. А. Ермалаева „Без гнева и пристрастия: Записки историка”, В. Б. Сірацінінай „Жизнь вопреки, или Я — счастливый человек. Воспоминания”, С. М. Стам „Моя жизнь, учителя, друзья и наука”, рэцэнзаваная кніга Л. А. Дзербава), зборнік „В. Г. Борухович в воспоминаниях и письмах” (убачылі свет тры — Барысава, Ермалаева і Дзербава). Вядома, легкадумна было б спадзявацца на тое, што бліскуча задуманая і шыкоўна выкананая (маю на ўвазе і вельмі ўдалае паліграфічнае і мастацкае афармленне, зробленае з вялікім густам) серыя мемуараў можа асвятліць усю складаную, шматгранную і часам супярэчлівую дзейнасць універсітэта нават у тых храналагічных рамках, якія ахоплівае названая серыя, гэта значыць пераважна савецкі адрэзак ХХ ст. Тым не менш варта адзначыць, што падобнай сістэмнай гістарыяграфічнай задумай не можа пахваліцца ні адзін іншы расійскі ўніверсітэт.
У гэтым выявілася высокая культура гістарыяграфіі, выхаваная ў Саратаўскім універсітэце і ў немалой ступені дзякуючы высілкам Л. А. Дзербава. Аўтары прадмовы да яго ўспамінаў А. І. Аўрус і С. А. Мезін наракаюць на тое, што ў самім іх тэксце мала гаворыцца пра „плённы сімбіёз” іх настаўніка з гістарычным факультэтам. А рэцэнзент хацела б дадаць, што не зашкодзіла б змясціць у разгляданым томе і спіс навуковых прац, дапоўніўшы апублікаваны ў 1999 г. няўлічанымі ў ранейшым варыянце газетнымі артыкуламі і неапублікаванымі працамі[1], з аднаго боку, і яго ўспамінамі пра свайго настаўніка С. У. Бахрушына, з другога. Затое лёгка можна прыняць меркаванне аўтараў прадмовы наконт таго, нібыта Л. А. Дзербаў „надеялся, что факты его жизни представляют интерес для истории науки и университета”[2], а на самай справе нашмат шырэй — для гісторыі ўсёй краіны і ў прыватнасці Беларусі, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва аўтара.
Менавіта гэтая асаблівасць мемуараў Л. А. Дзербава здаецца рэцэнзенту асабліва цікавай, таму цяжка пагадзіцца з выдаўцамі, быццам больш інфармацыйная другая частка ўспамінаў, даведзеных толькі да 1940 г., хоць яна сапраўды больш „гістарыяграфічная”[3].
Такім чынам, пачнем з месца нараджэння дзеда аўтара па бацькавай лініі. Гарадзішча Наваградскага павета Менскай губерні за 22 км ад станцыі Баранавічы адрознівалася ад звычайных беларускіх мястэчак у рысе яўрэйскай аселасці, бо было населена пераважна аратымі і земляробамі. У сям’і Дзербавых лёгка суіснавалі прыхільнікі каталіцтва (па дзедаўскай лініі) і праваслаўя (па жаночай лініі), што захоўвалі ў памяці творы язычніцкай культуры — беларускага фальклору; напрыклад, бабуля аўтара мемуараў Вікторыя Кандрацкая, непісьменная дачка мікалаеўскага кантаніста, якая памятала і пераказала ўнуку мноства падданняў, прымавак, прыпавесцяў і праспявала столькі ж песень. Як тут не ўспомніць выдатнае выданне беларускага фальклору Шэйна, ажыццёўленае якраз пры жыцці В. Кандрацкай. Можна толькі пашкадаваць, што Леанард Адамавіч не ўнёс у свае мемуары тое, што запомніў і ведаў да старасці з бабулінага голасу.
Дзед Антон Дзерба быў шорнікам, таму ён меў магчымасць даць сваім шасцярым дзецям адукацыю. Цяга беларускіх сялян другой паловы XIX ст. да адукацыі была надзвычай вялікай (варта ўспомніць сям’ю Улашчыкаў). Аднак адзіная дачка Міхаліна Антонаўна яшчэ да Першай сусветнай вайны памёрла ад сухотаў, якія ў той час асабліва жорстка касілі дзяўчат з адукацыяй. Двух сыноў лёс закінуў у Паволжа (Ніжні Ноўгарад і Уфу), аднаго — у Адэсу, дзе ён вучыўся ў юнкерскім вучылішчы, аднаго, які сапраўды стаў вайскоўцам, у Смаленск.
Незвычайна адораным чалавекам быў бацька аўтара мемуараў Адам Антонавіч (1886–1925). Нягледзячы на „мінімальную” адукацыю (чатырохкласнае вучылішча ў Наваградку) ён дзякуючы настойлівай празе ведаў стаў энцыклапедычна адукаванай асобай — яму былі не па чутках знаёмыя ўсе віды сялянскай працы і будаўнічай справы, ён ведаў чатыры мовы (лаціну — мову каталіцкага богаслужэння, польскую, нямецкую, французскую), рыхтаваў па матэматыцы гімназістаў 8-га класа перад іспытамі на атэстат сталасці, іграў на скрыпцы, спяваў, займаўся жывапісам (настолькі прафесійна, што пісаў тэатральныя дэкарацыі і ў 1915 г. распісваў апартаменты ў царскай стаўцы ў Баранавічах). З 16 гадоў працаваў на чыгуначнай станцыі Баранавічы, потым у Почапе (каля Бранска) і з 1916 г. — у Гомелі. У 1919 г. пад час Дзянікінскага наступлення ўступіў у партыю, служыў пры палітаддзеле 12-й арміі і аказаўся начальнікам агітпункта станцыі Гомель-пасажырская, дзейнасць якога ўхваляў А. В. Луначарскі[4]. Нарэшце ў 20-я г. вымушаны быў зрабіцца і „заместителем директора по политической части” (так!), а фактычна арганізатарам сухотнага санаторыя на станцыі Злынка для чыгуначнікаў ва ўладаннях былых запалкавых фабрыкантаў Шведавых, Волкавых. Надзвычайны факт стварэння санаторыя ва ўмовах грамадзянскай вайны. Сам Адам Антонавіч памёр ад сухотаў у Ялце. Лёс у многім тыповы — ад сялянства да інтэлігенцыі, ад каталіцтва — да камуністычнай партыі. Члена гэтай партыі ад рэпрэсій канца 20–30-х г. выратавала, з аднаго боку, дачасная, з іншага, — „своечасовая” смерць.
Дзед па матчынай лініі — Адам Каятановіч Радзюк, непісьменны парабак у маёнтку графа Развадоўскага, потым качагар на чыгунцы ў Баранавічах, заўзяты паляўнічы і самавук-скрыпач, якога любілі дзеці за дабрыню і справядлівасць, „добрый, простой, рабочий человек” (с. 26), хоць і з запальчывым характарам, які дрэнна пераносіў польскую мову і „хорошие манеры” ўласнай жонкі (у душы каталічкі, нягледзячы на прыняцце праваслаўя ў сувязі з замужжам) Анастасіі Міхайлаўны Радзюк (народжанай Бальзоўскай), схільнай да канфліктаў і яхіднасці. Іх дзяцей, якія дажылі да дарослага веку, лёс таксама раскідаў па свеце — ад Мінска да Рыгі і Польшчы.
Маці Леанарда Адамавіча — Дар’я Адамаўна (1893–1947) — чалавек няшчасны: хворая на найцяжэйшую форму псарыязу, яна да 22 гадоў нарадзіла 6 дзяцей, 3 з якіх памерлі ў маленстве, разам з астатнімі перажыла эвакуацыю з Баранавічаў „в засыпанном карболкай товарном вагоне” (з-за халеры) у Калужскую вобласць (с. 29), ледзь выратавала хворага на сыпняк, а потым на крупознае запаленне любімага мужа, але ў 28 гадоў страціла яго, у Другую сусветную страціла сына Віктара і зведала нямецкую акупацыю Беларусі.
Дзяцінства Леанарда Адамавіча прайшло ў прыстанцыйным пасёлку Баранавічы, які, хоць і быў населены чыгуначнікамі, захаваў цалкам вясковае „першароднае” аблічча (с. 32). Такім жа быў і стыль жыцця — простая ежа, у якой пераважалі гародніна, крупы, малочныя прадукты і алей. Аўтар прыводзіць і кошты (пуд, г. зн. 16 кг, бульбы — 15 кап., абутак — 3 руб., заробак чыгуначніка — 30–35 руб.). Цацак у яго дзяцінстве не было, калі не лічыць Катафея Іванавіча, напхнутага сенам зайца з палачкамі ў вушах, зробленага дзедам Адамам Радзюком.
Прыхільнасці да рэлігіі ў хлопчыка не атрымалася, нягледзячы на высілкі каталічкі бабкі Вікторыі і праваслаўнай цёткі Вольгі. І Леанард Адамавіч шчыра піша, што не змог „принять ее мифологическую сторону (и связанную с этим наивную, а в некоторых случаях и нелепую обрядность), которая представляется <…> примитивным детским баснословием, противоречащим самым элементарным научным понятиям” (с. 35), а цяперашняе (пачатак 90-х г. ХХ ст.) захапленне рэлігіяй лічыць проста модай.
Некаторага дабрабыту сям’я — дзякуючы пад працоўкам бацькі — дасягнула перад вайной, але з яе пачаткам ён абрынуўся. У Баранавічах з’явілася шмат салдат. Цікавыя ўспаміны пра „обывательский патриотизм”, які ахапіў усю краіну, але набыў розныя формы ў сталіцах і на ўскраіне: у Баранавічах грамілі краму немца каўбасніка Ніпе, спявалі непрыстойныя песні пра Вільгельма II і яго жонку, «а матери, сажая на горшок своих детей, приговаривали: „Делай на немца, детка, на немца!”». Як і большасці людзей, якія жылі ў пачатку ХХ ст., хлопчыку давялося ўбачыць Мікалая II, „человека с усталым и бледным лицом”, млявымі рухамі, у якіх не было „ничего царского”. У жніўні 1915 г. Дзербавы і Радзюкі выправіліся ў эвакуацыю ў Жыздру. Шлях туды заняў амаль месяц, у эшалоне пачалася халера.
У памяці 6–7 гадовага хлопчыка засталося ўяўленне пра першы сапраўдны, няхай і дробны павятовы, горад у цэнтры Расіі, напоўнены воінскімі часцямі, тужлівы спеў салдатаў (пра пагібель казака ў Кіеве, смерць параненага ў ваеннай лякарні), хваробы і жахлівыя нягоды ўцекачоў. У 1916 г. сямейства вярнулася ў Беларусь, у „еврейский город” Гомель, „неказистый, грязноватый, <…> (во многих местах ручейки нечистот стекали из дворов прямо на улицу)”, які, аднак, не адчуваў „недостатка духовной культуры”, тут пастаянна ладзіліся сімфанічныя канцэрты (аўтару асабліва запомнілася выкананне сюіты Грыга „Пэр Гюнт”), прыязджалі знакамітыя скрыпачы (аж да Яна Кубеліка ў 1926 г.) і спевакі, нават оперныя трупы з „Травіятай” Вэрдзі і „Пікавай дамай” Чайкоўскага, пастаянна дзейнічаў цырк, а таксама кінатэатр з шэдэўрамі нямога кіно.
Але тое было ў горадзе. Дзербавы — Радзюкі, зноў „беженцы”, туліліся ў адным пакойчыку „гробообразного”, па азначэнні бацькі, барака на станцыі Гомель-гаспадарчая за 3 км ад горада, дзе размяшчаліся дэпо, майстэрні, на шматлікіх запасных пуцях стаялі эшалоны з салдатамі, „лакомый объект для бомбардировок” (с. 42–46). Дзеці і падлеткі бавілі час на чыгунцы або ля сцёкавай канавы, якая пралягала ўздоўж адной са сцен барака. Леанарду, як і большасці яго аднагодкаў часоў грамадзянскай і пазней Айчыннай войнаў, рана давялося далучыцца да гаспадарчага жыцця — дастаўка вады, догляд коз, біццё дроў, іх здабыванне ў качагараў паравозаў, выпрошванне ежы. Падобнымі былі і хлапцоўскія забаўкі — катанне на тармазных прыступках або прычапіўшыся кручкамі за грузавікі. Дзяцінства было, як і ў часы Айчыннай вайны, „голодным, безрадостным, тревожным. Такое не забывается” (с. 48). І больш за тое, вызначае душэўны настрой усяго наступнага жыцця…
У 8 дзербаўскіх гадоў на фоне абясцэнення грошай (1 фунт хлеба ў 1916 г. каштаваў 1 рубель замест некалькіх капеек) і адыходзячага войска грымнула рэвалюцыя з мітынгамі, прамовамі, сцягамі і абавязковай „Марсельезай”, што гучала ў тых краях ужо ў пачатку Першай сусветнай (с. 39, 48). А ў 1918 г. прыйшлі немцы. «Да простят мне советские историки, — заўважае аўтар, — так красноречиво и подробно описавшие „зверства”, насилия и грабежи немецких оккупантов в 1918 г., — ничего этого не было» (с. 49). У Гомелі з’яўляліся войскі Цэнтральнай Рады і гетмана Скарападскага, пятлюраўцы, латышы, кітайцы, усіх адрозніваў адмысловы стыль, „но на всех наложила в той или иной степени свой проклятый отпечаток война” (с. 50)… Самым страшным успамінам часоў грамадзянскай вайны быў голад. Леанард Адамавіч з удзячнасцю і некаторым здзіўленнем успамінае салдата сталага веку, які падзяліўся з падлеткам кавалкам сала і лустай хлеба. Паездкі мяшочнікаў ва Украіну (асабліва яму запомнілася вандраванне ў Борзну Чарнігаўскай губ.) суправаджаліся небяспекай, не меншай, чым баі 1919 г. з белагвардзейцамі палкоўніка Стрэтакапытава ў непасрэднай блізкасці ад барака або бамбаванне пасёлка пад час савецка-польскай вайны 1920 г.
Аднагодкі браліся за ўсялякую працу, каб здабыць сродкі для жыцця — дробны гандаль цыгаркамі, ірыскамі, газетамі (у гэтым Дзербаў не ўдзельнічаў), працавалі насільшчыкамі на вакзале, збіралі яблыкі ў настаўніцкім садзе…
У адрозненне ад шматлікіх іншых у 1917 г. бацька пачаў вучыць 8-гадовага Леанарда іграць на скрыпцы. З гэтага часу амаль усё жыццё прайшло ў сяброўстве з музыкай („Музыка — душа моя”, — паўтараў ён за М. Глінкам). Ён быў да яе вельмі здольны і нягледзячы на несістэматычнае навучанне бацькам, а пазней і кіраўніком мясцовага акадэмічнага аркестра З. Л. Захарыным рана пачаў выступаць, часам удваіх з Адамам Антонавічам, часам у складзе трыа. Сярод чыгуначнікаў было шмат аматараў музыкі, цэлыя сем’і былі захоплены ёю (так, дзеці калегі бацькі Пукста пазней сталі прафесійнымі музыкамі — спявак, скрыпач, кампазітар). Бацькавы сябры Нікіціны загарэліся ідэяй стварэння струннага квартэта, які даў некалькі канцэртаў, за кожны з іх невысокі і непрыкметны на сцэне падлетак атрымліваў, як піша з вялікім гонарам, па 500 руб. Змена месца службы бацькі прынесла канец музычным заняткам, аднак і ў ЛДУ Л. А. Дзербаў выступаў на студэнцкіх вечарынах — але ўжо не на скрыпцы, а на мандаліне. І ў гэты час працягваў марыць пра заняткі музыкай. „Но и теперь — старый и оглохший… чувствую, как во мне где-то глубоко внутри звучат старые, полузабытые мелодии, будят прошлое, тревожат душу” (с. 65). І сумленна прызнаецца, што яму „неприятно видеть, как долговласые юнцы… гримасничают, кривляются и делают далеко не эстетические телодвижения, слушать беспорядочный набор звуков с назойливыми ритмами и бесконечными повторами, весь этот шум, гром и треск… это отвлекает и отучает молодежь от настоящей, истинной музыки” (с. 64–65).
Хлопчыка дома рыхтавалі да гімназіі. Ён шчыра зубрыў правілы ўжывання літары „яць”, правілы арыфметыкі, табліцу множання, пачаў вывучэнне французскай і нямецкай моў. Да звычайных у тыя часы вячэрніх сямейных чытанняў Гогаля, Лермантава, Надсана, Апухціна, А. К. Талстога[5] неўзабаве дадаліся бібліятэчныя кнігі — прыгодніцкія і гістарычныя раманы, модныя часопісы „Нива”, „Огонек”, „Вокруг света”. Але гімназіі, як „пережиток” ненавіснага буржуазнага ладу, у 1918 г. былі ліквідаваныя, а Леанард апынуўся ў 3-м класе „единой трудовой школы”, які змяшчаўся, як і ўсё 1-я і 2-я ступені, у амаль неацяпляльным аднапавярховым будынку без санітарных выгод, дзе заняткі часта адмяняліся. У Гомелі сшыткаў і паперы не было, як і чарнілаў, падручнікі ж былі старыя — знакаміты задачнік [А. С.] Малініна і [К. П.] Бурэніна, „Книга для чтения” [В. П.] Вахцерава, [А. Я.] Астрагорскі і [І. Р.] Турцэвіч распавядалі пра цараванні манархаў і імператараў, намаляваных на ілюстрацыях з нязменнай шапкай Манамаха на галаве[6]. У цэлым школьныя гады былі бязрадаснымі і нешчаслівымі.
Затое наступная пара гадоў (1921–1922) падарыла радасць зносін з прыродай, гімн якой — „великому чуду, воспетому художниками и поэтами”, — Леанард Адамавіч далучыў да хору сваіх папярэднікаў, аспрэчыўшы тургенеўскага Базарава, які бачыў у ёй не храм, а майстэрню. Адам Антонавіч атрымаў заданне стварыць санаторый у Злынцы ў цудоўным хваёвым бары паблізу ракі Іпуці і знакамітых бранскіх лясоў. Самотныя паходы на ўзлесак, на бераг ракі запомніліся „восторгом, радостью жизни — чувствами ранее никогда не испытываемыми, новыми и яркими” (с. 79), хоць і тут у 12-гадовага хлопца былі абавязкі нарыхтоўкі дроў — узімку, догляду за трусамі — цэлы год, лоўлі рыбы. Гэта дазволіла яму навучыцца многаму, „чего в городе не постигнешь за всю жизнь”, — арыентавацца ў лесе, узлазіць на высокія дрэвы, плесці кошыкі, рабіць снасці, надраўшы для лёскі конскі волас проста з хваста каня і г. д.
Аднак спакойны і радасны перыяд змяніўся цяжэйшым. Вяртаючыся ў Гомель, бацька моцна застудзіўся, атрымаў абвастрэнне сухотаў і ў 1925 г. памёр. Карову давялося прадаць, цяля зарэзаць. Маці — нягледзячы на сваю хваробу — пайшла на працу, дзе служыў яе муж. „Нас выручил нэп” з яго багаццем харчовых і іншых тавараў і „божескими ценами”, гэтая „единственно возможная в тех условиях, правильная политика, что люди были сыты, одеты… имели досуг и возможность отдохнуть”, — піша Л. А. Дзербаў і рытарычна пытаецца: „Что же сейчас, в 90-х гг. наши политики никак не могут… уберечь страну и народ от скатывания в экономическую и социальную пропасть?” (с. 91).
Разважанні васьмідзесяцігадовага старога ў 1992 г. напоўненыя некаторым песімізмам. Параўноўваючы сябе з бацькам-камуністам, якія змагаўся, як і ён, за „светлое будущее”, сын піша, што „ничего не достиг… и теперь сижу у разбитого корыта”, «не нажил ничего, что мог бы оставить детям и внукам. Один только „интеллектуальный багаж”, а им одним, увы, жить нельзя» (с. 38). Псіхалагічны стан гісторыка падобны да аналагічнага не толькі яго пакалення, але і інтэлігенцыі (або яе рэшткаў) маладзейшага веку. „После долгих голодовок и нужды до сих пор осталось какое-то болезненное отношение к еде, хлебу, неуверенность в будущем, в завтрашнем дне, постоянно тревожащий вопрос — что мы оставляем своим детям, внукам?” (с. 40–41). Са шчырасцю, наогул уласцівай Л. А. Дзербаву, што адрознівае яго ад шматлікіх аднагодкаў, віну за гэта ён ускладае не столькі на сямейныя акалічнасці (раннюю смерць бацькі і хваробу маці), колькі на „неудавшуюся, неоправдавшую себя социальную систему, основанную на ложных принципах” (с. 40).
Але вернемся да храналагічнай канвы біяграфіі Л. А. Дзербава. Школьныя эксперыменты савецкай улады працягваліся. Звычайную школу ператварылі ў сямігодку, чыгуначная школа, перапоўненая спецыяльнымі прадметамі (накшталт вывучэння разнавіднасцяў паравозных і вагонных колаў), была ліквідаваная, але ў 1927 г. Дзербаву ўдалося закончыць звычайную школу-дзевяцігодку. Яго сябрамі сталі захопленыя музыкай, палітыкай, радыётэхнікай, выяўленчым мастацтвам аднагодкі, якія ўзбагацілі яго сваім жыццёвым і прафесійным досведам. Нягледзячы на гэта, першая спроба паступлення на геаграфічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта „сына ж/д служащего” аказалася няўдалай з-за не такога, як трэба, сацыяльнага паходжання (!!!). „Предпочтение отдавалось парттысячникам, участникам гражданской войны, партийным и комсомольским активистам” (с. 106). Ва ўмовах страшэннага беспрацоўя Л. А. Дзербаў з цяжкасцю знайшоў месца на будоўлі ў якасці „специалиста по гашению извести”, на самай справе грабара, і на наступны год, змяніўшы сацыяльны статус і ператварыўшыся ў „рабочего”, паступіў на „ямфак” (факультэт мовазнаўства і матэрыяльнай культуры)[7] па той простай прычыне, што на гэты факультэт быў самы нізкі конкурс (13 чалавек замест 90 у Політэхнічны, 70 — у Лясны інстытуты; с. 106). Сямейная сітуацыя (хворая маці і непаўнагадовыя брат і сястра) не дазваляла „больше ждать или выбирать… Мне предстояло или поступить куда угодно, хоть к черту лысому, или навсегда остаться чернорабочим, человеком без профессии”. На філалагічнае аддзяленне факультэта юнака не ўзялі, і ён вымушаны быў з прычыны „суровой необходимости” навучацца гісторыі.
З цягам часу аўтар палюбіў яе, спасцігнуўшы яе прывабныя рысы і грамадскую значнасць[8], стаў выдатным лектарам і выкладчыкам, нягледзячы на юнацкі зарок не быць педагогам, хоць у адрозненне ад музыкі «история, — робіць аўтар яшчэ адно сумленнае прызнанне, — так и не стала моей „душой”, единственным и главным призванием, увлечением, моим „хобби”, которому я бы отдал все свои силы и помыслы» (с. 109).
Леанард Адамавіч з захапленнем апісвае свае ўражанні ад Ленінграда, прывабнасць якога запомніў на ўсё жыццё, хоць адсутнасць інтэрната і сродкаў (нягледзячы на працу грузчыкам у порце і на заводах і нават архівістам у падвалах Сената, дзе захоўваўся архіў царскай сям’і) рабілі і навучанне, і знаёмства з горадам пакутліва цяжкім. І першыя тры гады ён ацалеў толькі дзякуючы дапамозе сваіх беларускіх сяброў і знаёмых і прадуктовым пасылкам з радзімы.
Леанарду Дзербаву давялося вучыцца ў перыяд паскоранай падрыхтоўкі новых кадраў (радзіма была не ў стане чакаць іх больш за тры гады), брыгаднага метаду, засілля сацыялогіі і вывучэння гісторыі ў адваротнай або збітай храналогіі. Найбольш моцнае ўражанне на студэнтаў зрабілі яркія лекцыі Я. В. Тарле (на памяць мімаволі прыходзяць водгукі пра лекцыі В. В. Ключэўскага, роўныя па ўздзеянні на слухачоў), „исполненные полемического остроумия выступления приезжавшего в Саратов зама наркома просвещения М. Н. Покровского”, але застаўся недаацэненым „тончайший знаток источников” С. Н. Валк, па заслугах атрымаў „субъективную” ацэнку Л. А. Дзербава „конформист” Б. Д. Грэкаў, „не пользовавшийся любовью студентов” (с. 119–123). Затое са шчырай любоўю і падзякай Леанард Адамавіч успамінае свайго кіраўніка па гісторыі англійскай рэвалюцыі XVII ст. П. П. Шчогалева (сына знакамітага пушкініста П. Е. Шчогалева, які шчодра аддаваў беларускаму хлопцу час, увагу і забяспечваў яго кнігамі са сваёй бібліятэкі), і выкладчыцу англійскай мовы Н. В. Ягораву (якая заахвоціла яго да вывучэння англійскай мовы).
Нельга сказаць, каб пераломныя ў гісторыі краіны падзеі (найперш барацьба з трацкізмам або акадэмічная справа) пакінулі прыкметны след у памяці аўтара ўспамінаў. Падрабязней ён апісвае працу па выратаванні ўніверсітэцкіх кніг і абсталявання пад час паводкі 1929 г. (с. 127).
Скончыўшы ўніверсітэт, ужо не ў якасці гатовага „ямщика”, але выпускніка ЛГЛІ (Ленінградскага гісторыка-лінгвістычнага інстытута) з дыпломам ЛГУ атрымаў накіраванне ў Растоў-на-Доне, а пачаў працаваць у педагагічным тэхнікуме імя Камінтэрна ў Новачаркаску, што захоўваў яшчэ рысы казацкай сталіцы (вобласці войска данскога), жыхары якой ганарыліся, што яны „казакі”. Вельмі цікавыя звесткі пра сістэму навучання на школьным (дакладней, там рыхтавалі выкладчыкаў пачатковай школы), дашкольным (выхавальнікі дзіцячых садоў) аддзяленнях і СПОНЕ, што выпускала спецыялістаў па барацьбе з беспрытульнасцю і ахове непаўналетніх (беспрытульнікаў у той час налічвалася больш за 6 млн.). Усе яны па брыгадна-лабараторным ме тадзе (адказваў адзін, залічвалася ўсёй „брыгадзе”) праходзілі палітычную эканомію, эканамічную палітыку СССР, ленінізм, дыялектычны і гістарычны матэрыялізм і адзіны гістарычны прадмет — гісторыю класавай барацьбы ўсіх часоў і народаў.
Новачаркаскам завяршыўся беларускі перыяд жыцця Л. А. Дзербава, які перавёз з Гомеля сям’ю. Пачаўся новы, афарбаваны сяброўствам з украінскім біёлагам М. В. Вайтэнка, заняткамі спортам і музыкай, марамі аб заваяванні Эльбруса і авалоданнем класічнай літаратурай ад Іліяды да ХХ ст.
Але не скончыліся яго бедствы. Леанард Адамавіч патрапіў у агульную плынь, гэтым разам тых, якія галадалі ў выніку калектывізацыі, спецыфічна для гэтага раёна — пад час ліквідацыі казацтва, што стала „подлинным геноцидом” яго (с. 144). Мясарубка калектывізацыі на Доне мела сваю спецыфіку, бо там «главной фигурой <…> был „справный” казак, хозяин, имевший необходимый достаток для того, чтобы не только содержать семью, но обзавестись конем, обмундированием и вооружением для несения государственной военной службы. <…> Попытки протеста рассматривались как „кулацкий саботаж”. Вслед за сообщениями о занесении той или иной станицы на „черную доску” или награждении „рогожным знаменем” начались насильственная депортация, выселение и подлинный геноцид» (с. 144). Перасяленне ў апусцелыя станіцы сялян з поўначы сітуацыю з харчам не палепшыла, як і ліхаманкавыя высілкі гараджан, у тым ліку студэнтаў і выкладчыкаў, выратаваць ураджай 1932 г. „А весной 1933 г. уже и сеять было некому” (с. 145). Л. А. Дзербаў двойчы падкрэслівае, што карціна шолахаўскага рамана „Поднятая целина” зусім не адпавядала таму, што адбывалася навокал, і прыходзіць да высновы, што Шолахаў „явно подыграл Сталину!” (с. 135).
„Голод, небывалый и страшный” (у вуснах чалавека, што напакутаваўся ўжо пад час грамадзянскай вайны, гэтыя словы асабліва важкія), які яго сям’я перажыла з неверагоднай цяжкасцю, з апуханнямі ад голаду і сыпным тыфам, захапіў усе хлебныя раёны краіны — Дон, Украіну і Паволжа. У сувязі з цяперашнімі спрэчкамі пра „галадамор” ва Украіне, як адзінае месца савецкага генацыду сялянства, сведчанне Л. А. Дзербава набывае асаблівую актуальнасць.
Выпрабаванні 1932–1933 г. раскідалі сям’ю. Брат паступіў у Маскоўскі бібліятэчны інстытут, сястра, авалодаўшы прафесіяй трактарысткі, пераехала спачатку ў Гомель, а потым у Мінск, маці з’ехала да сваякоў у Гомель. А сам Л. А. Дзербаў вырашыў паступіць у аспірантуру, не па спецыяльнасці „замежная новая гісторыя”, па якой ён пісаў дыпломную працу, а па айчыннай гісторыі, разумна разважыўшы, што заняткі гэтай праблематыкай маюць большыя магчымасці па даступнасці архіваў і літаратуры, і паступіў не ў ЛГУ, які, як і ўвесь горад, пазбавіўшыся пераведзенай у Маскву Акадэміі навук, „заметно захирел”, а ў МДУ, які насіў тады імя М. М. Пакроўскага. Удала паступіўшы пры конкурсе 4 чалавекі на месца аспірант першага пасля ўзнаўлення гістфака прыёму заспеў сталіцу з яшчэ не знесенай кітайгародскай сцяной, андрэеўскім помнікам Гогалю на Арбацкай плошчы, апякушынскім Пушкіным у канцы Цвярскога бульвара, Садовым кальцом, якое сапраўды патанала ў садах, але ўжо з кінатэатрам „Художественный” і гасцініцай „Москва”, ранейшы варыянт якой быў знесены ўжо ў XXI ст. разам з ацалелымі ў 30-я і гады Другой сусветнай вайны асабнякамі.
Аспіранту, які толькі пачынаў навуковую кар’еру, пашанцавала з выкладчыкамі. Ён заспеў зорны склад кафедры — М. Л. Рубінштэйна, М. М. Дружыніна, С. У. Бахрушына, К. В. Базілевіча. Першым куратарам Дзербава быў М. М. Ванаг, які загінуў у 1936 г. Фактычным жа кіраўніком быў М. Л. Рубінштэйн[9], сяброўства з якім, умацаваўшыся пад час эвакуацыі апошняга ў Саратаў у гады Айчыннай вайны, суправаджала ўсё жыццё абодвух[10]. Гэткімі ж трывалымі былі цёплыя пачуцці беларускага саратаўца да чалавека „золотой души <…> доброго и отзывчивого” Г. М. Панкратавай. Маскоўска-аспіранцкая частка ўспамінаў Л. А. Дзербава напоўнена сяброўскімі водгукамі і пра аднакурснікаў (К. А. Антонаву, С. С. Дзмітрыева, А. Л. Нарачніцкага, Г. Д. Тэйвеле, Р. П. Канюшую), і пра новых сяброў з крымскага санаторыя, куды аўтар патрапіў у 1936 г. як „победитель социалистического соревнования и ударнік”[11] (сярод аспірантаў) — у прыватнасці, пра генетыка У. В. Сахарава, гэтак жа, як і Дзербаў, захопленага музыкай, паэзіяй, літаратурай.
Рэпрэсіі на гістфаку МДУ 1936 г., якія суправаджаліся арыштамі дэкана Г. Ч. Фрыдлянда, П. Ф. Праабражэнскага, ак. М. М. Лукіна, М. М. Ванага, С. М. Дуброўскага, большасць якіх загінулі, і выгнаннем з партыі, высылкай у Саратаў Г. М. Панкратовой, ледзь не загубілі і аўтара ўспамінаў з жонкай Т. Л. Марозавай: ім прыгадалі выставу матэрыялаў па гісторыі СССР вясны 1935 г., дзе стэнд з царом Іванам IV апынуўся пад партрэтам Сталіна (выпадкова, але вельмі прароча!), і ў 1936 г. ацэненую Е. Яраслаўскім як „контрреволюционную”. Клопаты аб „реабилитации” аказаліся безвыніковымі. Муж і жонка атрымалі характарыстыкі, падобныя да „волчьих билетов”. У выніку шлях у Мінск, „приграничный город”, у БДУ, з якім ужо была заключана дамова, быў зачынены… Вяртанне на радзіму стала немагчымым. Можа быць, „это был перст божий… спустя 4 года Минск был превращен в развалины и оккупирован немцами” (с. 170).
Іх прытуліў педінстытут у Сталінградзе, які ў той час быў „неинтересным городом <…> и в экологическом, и в культурно-историческом отношении” (с. 174). Мала было цікавых людзей і ў самім інстытуце, і ў горадзе (выключэнне складалі — у інстытуце М. А. Алпатаў, Е. Кандзель, а ў горадзе — Г. А. Замяцін, спецыяліст па гісторыі Смуты пачатку XVII ст.). Знаходжанне ў Сталінградзе аблягчала толькі сяброўства з М. А. Алпатавым, яркім і таленавітым данскім казаком, выпускніком ІФЛІ, гісторыкам, культуролагам і пісьменнікам („Горят костры”, „Откуда течет Тихий Дон”) ды нязменная спадарожніца Дзербава музыка (дзякуючы набыццю электрафона, папярэдніка патэфона, ён пачаў калекцыянаваць пласцінкі, якімі заслухоўваліся частыя госці сямейства). Нездаволенасць пасадай метадыста, адсутнасцю магчымасцяў для заняткаў навукай зрушыла сямейства Дзербавых з гарачага і пыльнага горада на поўнач — у Саратаў, дзе працавала Г. М. Панкратава і выпускнікі маскоўскай аспірантуры. «Может, это опять был „перст божий” — ровно через четыре года Сталинград был снесен с лица земли во время немецкого нашествия и великой битвы на Волге!» (с. 183).
Апошні раздзел пра доўгае, напоўненае працай і плённае жыццё ў Саратаве кароткі і хутчэй нагадвае афіцыйную справаздачу аб прачытаных ва ўніверсітэце курсах, незлічонай колькасці лекцый у шматлікіх установах і г. д.[12], калі не лічыць студэнцкіх прысвячэнняў на падораных яму кнігах. Прывяду адно з гэтых пасланняў:
„Вы — первый учитель в нашей взрослой жизни, сумевший увлечь нас историей, приблизить к ее тайнам… Вы научили нас стремлению узнавать каждый день новое, читать, слушать музыку, понимать живопись, без чего жизнь была бы серой и неинтересной” (с. 191). Другая асаблівасць гэтага раздзела — сумленная ацэнка сваёй навуковай прадукцыі. „…Больше всего мне нравятся мои труды о русско-польских отношениях (особенно статья о кандидатуре Ивана Грозного на польский престол — единственная в советской литературе!), моя докторская диссертация о Новикове[13] и другие публикации о русских просветителях XVIII в.” (с. 193).
У заключэнні кнігі аўтар сам адзначае галоўную асаблівасць сваіх мемуараў: „приведенные здесь факты достоверны, соответствуют реальной действительности. Ничего выдуманного, никакого баснословия, стариковских фантазий нет” (с. 197).
Завяршае ж кнігу палымяны — у адрозненне ад спакойна-талерантнага (нават у дачыненні да даносчыцы 30-х г.) стылю — маніфест навукоўца „Несколько горьких мыслей о развитии советской исторической науки и причинах нынешнего ее плачевного состояния” — урывак з нявыказанай прамовы чэрвеня 1989 г. (у год свайго 80-годдзя). Хоць тут Дзербаў звяртаўся да праблем „савецкай” навукі, шматлікія яе палажэнні яшчэ больш актуальныя ў наш „постсавецкі” час.
Варта паўтарыць галоўныя палажэнні прамовы: 1. Стварэнне няправільнай, спрошчанай, аднабокай мадэлі (тэорыі) гістарычнага працэсу з перабольшаным уяўленнем аб ролі матэрыяльных умоў, эканомікі, класавай барацьбы і інш. і відавочнай недаацэнкай чалавечага фактара, ролі асобы, духоўнага жыцця, ролі ідэй, грамадскай псіхалогіі, дзяржаўных, нацыянальных і рэлігійных момантаў”. Калі ад першай прычыны „плачевного состояния” наша навука паступова пазбаўляецца, то другая („узкоклассовый догматический подход, нетерпимость к инакомыслию”) проста мадыфікавалася: месца „дореволюционных” і замежных „буржуазных ученых” занялі сучасныя айчынныя, якія не згаджаліся „выпрямлять” гісторыю ў афіцыёзна-патрыятычным духу. Менавіта пра гэта і ідзе гаворка ў пункце трэцім прамовы Л. А. Дзербава: „прямое и грубое подчинение исторической науки политической конъюнктуре” (нашы дні — гэта трактоўка ролі Івана ІV і „эффективного менеджера” Іосіфа Сталіна, апошняга ў кантэксце яго замежнай палітыкі і асабліва Айчыннай вайны). У поўнай меры захаваліся „административно-командные” метады кіравання гістарычнай навукай, прамое і грубае ўмяшанне дзяржаўнага і партыйнага (які носіць, праўда, крыху іншае найменне) кіраўніцтва ў справы навукі і „девальвация исторической науки”, якая яго суправаджае (у нашы дні выявілася найвыразней у феномене Фаменкі). Паўтараць жа ўслед за Л. А. Дзербавым тэзіс пра „нищенскую (по сравнению с Западом) материальную и техническую базу исторической науки, ее учреждений и кадров” не лічу патрэбным, бо ў аналагічным становішчы знаходзяцца і іншыя галіны навукі (біялогія, хімія і інш.), адкуль адбываецца яшчэ больш масавы адток кадраў за мяжу.
А вось апошні тэзіс вучонага заслугоўвае адмысловай увагі, бо ў ім якраз і „зарыта собака” бедстваў айчыннай навукі і культуры і ўрэшце хуткага і катастрафічнага скочвання Расіі да ўзроўню краін трэцяга свету. «Нигилизм и недоверие со стороны „народа” и „руководства” к научной интеллигенции, к интеллигенции и „интеллигентности” вообще, отношение к ним как к чему-то отрицательному, „стыдному”, классово чуждому, во всяком случае, неполноценному, особенно к наукам гуманитарным и их представителям, которые ведь не „пашут” и не „сеют”, да и вообще ничего не производят. А историческая наука — одна из самых „интеллигентных” наук!
Кажется, козе должно быть ясно, что науку создает не „рабочий класс” и не „народ” вообще, а лишь образованная его часть, т. е. интеллигенция. Нетрудно понять, что без науки общество обречено на застой, деградацию и гибель» (с. 201).
Вядома, у нашы дні рабочы клас і цудам ацалелыя сяляне па ступені нядбайнасці да іх інтарэсаў зраўняліся з інтэлігенцыяй, і не толькі навуковай, але і з „балалаечнікамі” і іншымі дзеячамі культуры. Але асноўная выснова Л. А. Дзербава аб асуджанасці падобнага грамадства застаецца ў поўнай сіле. Бо дагэтуль дзейнічае дактрына У. І. Леніна аб немэтазгоднасці выхавання новай інтэлігенцыі: „Вообще к интеллигенции, как вы, наверное, знаете, я большой симпатии не питаю, и наш лозунг „ликвидировать безграмотность” отнюдь не следует толковать как стремление к нарождению новой интеллигенции. „Ликвидировать безграмотность” следует лишь для того, чтобы каждый крестьянин, каждый рабочий мог самостоятельно, без чужой помощи, читать на ши декреты, приказы, воззвания. Цель — вполне практическая. Только и всего”[14].
Насуперак ёй жыў і дзейнічаў годны сын беларускага народа Л. А. Дзербаў. Успаміны Дзербава адрозніваюцца ад асноўнай масы мемуараў яго калег. Яны вельмі нешматслоўныя, стрыманыя ў ацэнках, высакародныя ў дачыненні да годных людзей, надзвычай сумленныя і інфармацыйныя. Карціны жыцця ў Беларусі напярэдадні і пад час рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, у Новачаркаску ў перыяд калектывізацыі — сур’ёзны уклад гісторыка ў разуменне мінулага стагоддзя.
Яго зацятасць у авалоданні ведамі насуперак усім і ўсялякім перашкодам, тыповым для савецкага часу, яго сумленнасць у навуцы і выкладанні — неўміручы прыклад для новых пакаленняў, прыклад чалавека таго самага пакалення савецкай інтэлігенцыі, якую не хацеў гадаваць заснавальнік Савецкай дзяржавы. У ім не было ўласцівага стандартнаму савецкаму чалавеку цынізму, які склаўся яшчэ ў 20-я г. і пышна квітнее ў нашы дні. Логіка цяжка і мужна пражытага жыцця прывяла Л. А. Дзербава да адмаўлення той самой міфічнай дактрыны, на якой трымаўся дзяржаўны лад, які абрынуўся ў бездань. І гэта таксама адзін з урокаў для новых пакаленняў людзей, якія выдаюць сябе за інтэлігентаў і мараць пра вяртанне савецкай сістэмы. Атэіст Л. А. Дзербаў належыць да тых прадстаўнікоў новай інтэлігенцыі савецкага часу, на якіх у свой час — у 20–40-я г. ХХ ст. — ускладаў надзеі на выратаванне Расіі вялікі рускі рэлігійны філосаф Г. П. Фядотаў.
Ёсць і яшчэ адзін — чыста гістарыяграфічны аспект значнасці рэцэнзаванага тома. Успаміны Л. А. Дзербава змяшчаюць і ключ да разумення цяперашняга развіцця беларускай гістарычнай навукі. Не абцяжараныя ўласцівым расіянам імперскім комплексам, пераўтвораным цяпер у комплекс непаўнавартаснасці, беларускія гісторыкі больш свабодныя ў сваіх пабудовах. Акрамя таго, мірнае суіснаванне некалькіх рэлігій, якое, дарэчы, паспрыяла адмаўленню аўтара ад ўсіх, не дазволіла ні адной з беларускіх цэркваў уступіць у ганебны альянс з дзяржаўнай уладай, як зноў зрабіла РПЦ. А гэта ў сваю чаргу пакінула прастору свабоды і для вывучэння гісторыі мінулага. Нельга скідаць з рахункаў і ўплыў геапалітычнага фактара, які аблягчаў цеснае і зацікаўленае супрацоўніцтва з суседзямі, што прывучала не толькі да талерантнасці да іншых народаў, але і да вывучэння іх моў. Таму да выкліку нашага часу гісторыкі Беларусі падышлі больш псіхалагічна і прафесійна падрыхтаванымі, чым іх расійскія калегі. У выніку сучасная беларуская гістарыяграфія мяжы ХХ–XXI ст. перажывае небывалы ўзлёт.
Пераклад Юльяны Ветрык
[1] Историк и историография: Материалы науч. конф., посвященной 90-летию со дня рождения Л. А. Дербова. Саратов, 1999. С. 17–20.
[2] Аврус А. И., Мезин С. А. Мемуары историка // Дербов Л. А. Страницы воспоминаний. Саратов, 2009. С. 9.
[3] Тамсама. С. 14.
[4] У сувязі з гэтым нельга не пашкадаваць, што выдаўцы ў дадатку не змясцілі гэты дакумент, які захаваўся ў сямейным архіве.
[5] Набор папулярных у пачатку ХХ ст. паэтаў і празаікаў быў стандартны па ўсёй краіне і ва ўсіх яе яшчэ недабітых саслоўях. Рэцэнзентка чытала тое самае ў 30–40-я г. ХХ ст. сярод рэштак сямейнай бібліятэкі.
[6] Міжволі ўспомніш раман А. П. Чудакова „Ложится тень на старые ступени”, дзе герой, амаль равеснік Л. А. Дзербава, здзіўляў школьных настаўнікаў, пачціва называючы прадстаўнікоў дому Раманавых „государями императорами”, а ў задачках даведваўся кошт сукна, змеранага ў аршынах.
[7] У тыя гады гісторыя як такая была заменена вывучэннем матэрыяльнай культуры; дзейнічала Расійская акадэмія гісторыі матэрыяльнай культуры (РАГМК). Пра гэта гл. падрабязней: Формозов А. А. Русские археологи эпохи тоталитаризма. Москва, 2005.
[8] Падрабязней гл.: Дербов Л. А. Введение в изучение истории. Москва, 1981.
[9] Пад яго кіраўніцтвам Л. А. Дзербаў напісаў працу „Крестьянская война на Украине в середине XVII в.”, але „разошелся в главных и принципиальных проблемах темы со своим научным руководителем” (с. 160).
[10] Цамутали А. Н. „У меня, как всегда, много работы…”: Несколько штрихов к облику Н. Л. Рубиншткйна // Страницы российской истории: Проблемы, события, люди. Сб. статей в честь Бориса Васильевича Ананьича. С.-Петербург, 2003. С. 275–285.
[11] Не блытаць з музычнай прафесіяй.
[12] Ад чаго засталося толькі „чувство горечи о зря потерянном времени. Надо было растить детей, сажать деревья, писать книги. Это остается…” (с. 194). Цяжка цалкам пагадзіцца з аўтарам успамінаў. Жывое слова больш даходлівае, менавіта яно можа павярнуць лёс чалавека, які і праз дзясяткі гадоў будзе з удзячнасцю успамінаць настаўніка і лектара (пра што, між іншым, піша і сам Леанард Адамавіч; с. 192).
[13] Дербов Л. А. Общественно-политические и исторические взгляды Н. Н. Новикова. Саратов, 1974.
[14] Анненков Ю. П. Дневник моих встреч. Цикл трагедий. Москва, 2005. С. 60.