БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Генадзь Каралёў. Ідэя чарнаморскай федэрацыі Міхайлы Грушэўскага (1918 г.)


Перыяд украінскай рэвалюцыі 1917–1921 г. быў часам рэалізацыі шматлікіх дзяржаўных і нацыянальных праектаў, якія ўзнікалі як вынік развіцця „негістарычнай” нацыі ў прасторы Усходняй Еўропы. У гэтым кантэксце крах Расійскай імперыі стаў каталізатарам працэсаў вызваленчай барацьбы народаў т. зв. заходніх ускраін. Менавіта пад час рэвалюцыйных падзей 1917–1921 г. былі абгрунтаваны праекты дзяржаўнага будаўніц тва, сярод якіх вылучаецца ідэя чарнаморскай федэрацыі.

Пад паняццем „канцэпцыя чарнаморскай арыентацыі” ў сучасным гістарычным дыскурсе варта разумець сістэму поглядаў адносна мэтаў украінскай дзяржавы ў паўднёва-ўсходнім кірунку яе палітыкі. Чарнаморская арыентацыя Украіны характарызуецца асаблівым разуменнем месца гэтага кірунку ў структуры яе міжнацыянальных (геапалітычных) прыярытэтаў і змяшчае пэўны спосаб абгрунтавання яго перспектыўнасці для сцвярджэння і захавання незалежнасці[1].

Гістарычная рэтраспектыва ідэі чарнаморскай федэрацыі пададзена ў палітычнай спадчыне ўкраінскага гісторыка і палітыка пачатку ХХ ст. М. Грушэўскага, у працах якога прасочваецца менавіта сістэма поглядаў, а не асобныя ідэі наконт чарнаморскай арыентацыі ўкраінскай дзяржавы на ўсходнееўрапейскай арэне.

Разуменне канцэпцыі чарнаморскай федэрацыі ў творчасці М. Грушэўскага адзначана пэўным парадоксам. А менавіта: чарнаморская арыентацыя не можа быць, нягледзячы на чарнаморскі статус Украіны, вытлумачана літаральна, як канчатковая мэта для ўкраінскай дзяржавы і спавяданне таласакратычнага прынцыпу ў сваёй геапалітыцы. Ідэя чарнаморскай федэрацыі з’яўляецца міждзяржаўным праектам, які дазваляе Украіне стаць асновай сінтэзу сухапутных шляхоў, скіраваных з Еўропы на Усход, і міжземнаморскіх марскіх магістраляў[2].

Гістарыяграфія праблемы маладаследаваная[3]. У большасці прац, дзе прама або ўскосна разглядаецца ідэя чарнаморскай федэрацыі, сутнасць яе тлумачыцца аднабакова. Пры гэтым вылучаецца ігнараванне больш шырокага погляду на гэтую канцэпцыю як грамадска-палітычную парадыгму.

Мэта даследавання — рэканструкцыя канцэпцыі чар наморскай федэрацыі М. Грушэўскага ў кантэксце ўкра інскай рэвалюцыі 1917–1921 г., а таксама спроба яе ін тэрпрэтацыі на аснове асобасных, геапалітычных і цывілізацыйных фактараў. На гэтай падставе вылучаем такія сэнсавыя фокусы: перадумовы і прычыны з’яўлення ідэі чарнаморскай федэрацыі ў творчасці і палітычнай дзей насці М. Грушэўскага, аналіз галоўных характарыстык канцэпцыі чарнаморскай арыентацыі, асэнсаванне ідэі чарнаморскай федэрацыі як парадыгмы гістарычнай перспектывы ў вымярэнні Усходняй Еўропы.

З пачаткам наступу бальшавіцкіх войскаў на Украіну ў снежні 1917 г. М. Грушэўскі засяродзіўся на праграмнай і ідэалагічнай працы, спрабуючы знайсці аптымальныя шляхі развіцця дзяржавы. Скептычнае і негатыўнае стаўленне да бальшавізму ў кіраўніка Цэнтральнай Рады ў пачатку 1918 г. узмацнілася. Важна адзначыць, што пасля правядзення з яго ініцыятывы ў Кіеве з’езда народаў Расіі (21–28 верасня 1917 г.) палітык лічыў здзейсненым фактам ператварэнне Цэнтральнай Рады ў орган барацьбы за стварэнне федэратыўнай Расійскай рэспублікі.

Аднак дынамічны наступ бальшавікоў і іх рэпрэсіі адносна лідараў украінскага руху сталі вызначальнай прычынай кардынальнай трансфармацыі поглядаў М. Грушэўскага ад расійскафільскіх федэралісцкіх пазіцый да цвёрдых антырасійскіх заяваў. Варта канстатаваць, што ён вінаваціў бальшавікоў і „Маскоўшчыну” ва ўсіх цяжкасцях украінскага дзяржаўнага будаўніцтва. Менавіта тады з-пад пяра кіраўніка Цэнтральнай Рады выйшаў шэраг прац, зведзеных у трактат „На парозе новай Украіны”[4]. Ён стаў адлюстраваннем пераасэнсавання вучоным і палітыкам асноўных ідэйных лозунгаў Цэнтральнай Рады, фактычна зрабіўшыся праграмай новых рэвалюцыйных і палітычных прыярытэтаў украінскага руху. „Праз гэта ў іх няма адказаў, — пісаў гіс-торык, — на трывогі цяперашняй хвалі, або, калі хочаце, ёсць — толькі з пазіцыі далейшых перспектыў, на якія трэба заўсёды арыентавацца, каб не заблукаць у хаосе супярэчнасцяў і анамалій цяперашняга дня”[5].

Стрыжнёвай тэзай зборніка было абгрунтаванне ідэі ўкраінскай незалежнасці і пошук варыянтаў яе рэалізацыі. Зварот М. Грушэўскага да ідэі самастойнасці быў заканамерным, улічваючы, што найперш народніцкая ідэалогія вызначыла яго асаблівую цікавасць да праблем народнасці і нацыянальнага пытання[6]. Даючы характарыстыку сваім палітычным перакананням, вучоны пісаў: „…як дэмакрат і сацыяліст усё сваё жыццё стаяў на варце правоў нацыянальнасцяў — не толькі сваёй нацыянальнасці”[7]. Такія інтэрнацыянальныя сентэнцыі былі рэакцыяй на дынамічную змену палітычнай карты Усходняй Еўропы.

Трактат „На парозе новай Украіны” ўзнаўляў украінскую дзяржаўніцкую перспектыву па-за расійскім кантэкстам і быў перанасычаны федэралісцкімі канструкцыямі. У пачатку 1918 г. М. Грушэўскі займаўся пошукам магчымых саюзнікаў Украінскай народнай рэспублікі (далей УНР) і абгрунтаваннем новага геапалітычнага выбару. Вылучаецца некалькі характэрных фармулёвак з яго тагачаснай публіцыстыкі, — гэ та канстатацыя „канца маскоўскай арыентацыі”, прызнанне неабходнасці браць прыклад з заходняй цывілізацыі, распрацоўка чарнаморскай перспектывы дзяржаўнай будучыні Украіны. Гэтыя зыходныя пазіцыі ў М. Грушэўскага не былі самастойнымі канцэпцыямі, а выступалі як ідэалагічная цэласнасць толькі ў комплексным разглядзе. Кожная з іх была толькі магчымасцю або варыянтам хуткай выпрацоўкі палітыкі Цэнтральнай Рады, альтэрнатыўнай бальшавіцкай.

Абранне самастойнага курсу ў дзяржаўным будаўніцтве Цэнтральнай Рады пасля прыняцця IV Універсала (22 студзеня 1918 г.), які абвяшчаў незалежнасць УНР, не азначала поўнага адмаўлення ад ідэі федэралізму, адбылося толькі пераасэнсаванне вучоным яе сутнасці ў геапалітычным і цывілізацыйным кантэксце. Вядома, што да гэтага федэралізм М. Грушэўскага быў заўсёды звязаны з расійскім фактарам — Расійскай рэспублікай з федэратыўным ладам, у склад якой на правах нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі ўвайшла б Украіна.

Нясцерпная ўнутраная крыўда на бальшавіцкую ўладу вызначыла таксама неўспрыманне ім Белага руху з яго палавіністымі праектамі канстытуцыйнага манархізму. „Першае, што я лічу перажытым і аджытым, такім, „што згарэла ў маім кабінеце”, гэта наша арыентацыя на Маскоўшчыну, на Расію, якая накідвалася нам доўга і ўпарта сілай…»[8], — пісаў вучоны, асэнсоўваючы наступствы бальшавіцкай экспансіі супраць УНР у пачатку 1918 г. Незалежнасць УНР у рэцэпцыі М. Грушэўскага канструявалася ў форме дэмакратычнай і сацыялістычнай Украінскай рэспублікі[9]. Ён вызначаў, што такія характарыстыкі накіраваны на тое, „каб адвесці ўсялякія падазрэнні, спадзяванні — што самастойнасць Украіны будзе формай украінскай рэакцыі або ўкраінскай нацыянальнай выключнасці”[10].

Але не варта прымяншаць ролю асобаснага фактару, эмацыйнасці, амбіцыйнасці гісторыка ў кантэксце разумення прычын вяртання да федэралісцкай ідэі. М. Грушэўскі пры ўсёй сваёй самастойнасці нярэдка „гуляў па чужых правілах”, моцна трапляючы пад уплыў негатыўных жыццёвых абставін. Прыкладам мо жа быць разбурэнне чырвонымі войскамі М. Мураўёва яго дома ў Кіеве ў студзені 1918 г. У яго публіцыстыцы адразу адзначаюцца кардынальныя змены ранейшых ідэалагічных пазіцый. Супярэчлівыя думкі выкладзены М. Грушэўскім у артыкулах „На пераломе”, „Канец маскоўскай арыентацыі” і інш. „25 студзеня, пад час бамбавання Кіева, — пісаў вучоны, — бальшавікі падпальнымі снарадамі расстралялі дом, дзе я жыў, — наш фамільны дом, пабудаваны дзесяць гадоў таму за грошы, пакінутыя бацькам… Доўга было б апавядаць і прыкра нават узгадваць. Цяпер ужо ніякія сілы не вернуць яго…”[11]. Тлумачэнне ўнутраных матываў ідэйна-палітычных трансфармацый М. Грушэўскага — складаная ілюстрацыя тэндэнцый гістарычнага развіцця ўкра ін скага грамадства ХІХ — пачатку ХХ ст. Аднак рэзю-муючы змест названых артыкулаў, варта вылу чыць тое, што асноўным інтэлектуальным крэда кіраўнік Цэнтральнай Рады абвясціў актывізацыю працэсу ўсведамлення палітычных задач украінскага руху з новых пазіцый, не перагружаных „спадчынай старога, перажытага”[12].

У артыкуле „На пераломе” гісторык выразна вызначыў перспектывы папярэдніх ідэй нацыянальна-вызваленчага руху і рэвалюцыйнага часу, паказваючы, што „сіла старых поглядаў і адносін у грамадстве не толькі запавольвае тэмп руху, але і скрыўляе яго хаду, і гэта асабліва бывае небяспечна ў такія адказныя і крытычныя моманты, як цяперашні”[13]. Далей М. Грушэўскі пад-крэслівае важнасць абвешчанай самастойнасці УНР і спрабуе прыцягнуць усё свядомае ўкраінства да ўдзелу ў будаўніцтве „новых прынцыпаў жыцця”. Аналіз палітычнага і маральнага становішча вызваленчага руху ў перыяд ваеннага супрацьстаяння з бальшавікамі прывёў старшыню Цэнтральнай Рады да важнасці вызначэння новых дзяржаўніцкіх перспектыў. Для гэтага трэба было абгрунтаваць антырасійскую пераарыентацыю палітыкі Цэнтральнай Рады.

Міхайла Грушэўскі як прафесійны вучоны абраў для гэтага адмаўленне на гістарычным узроўні сувязі Украіны з Расіяй. Ён удала злучыў контраверсійныя думкі і эклектычна абгрунтаваў адсутнасць перспектыў адносін Украіны з апошняй. Вучонага абурала наяўнасць агульных характарыстак у дзейнасці ранейшай імперскай бюракратыі і рускага рэвалюцыйнага руху, якія апынуліся ў дачыненні да Украіны „цвёрдагаловымі цэнтралістамі і аб’яднальнікамі”[14].

Асэнсаванне імперскай палітыкі ў дачыненні да Украіны прывяло гісторыка да думкі „пра глыбокую антытэзу гэтых двух блізкіх па крыві, але розных па духу народаў”[15]. Пры гэтым вучоны адназначна пера арыентаваў Украіну з Расіі ў бок Еўропы. Менавіта ўсход няя прастора апошняй стала полем будавання М. Грушэўскім дзяржаўнай перспектывы сваёй Айчыны. Гісторык адразу стаў абгрунтоўваць базавыя харак тарыстыкі мадэлі магчымага федэратыўнага саюзу з удзелам Украіны, якія выкладзены ў яго праграмных публікацыях „Наша заходняя арыентацыя”, „Арыентацыя чарнаморская” і „Новыя перспектывы”.

У гэтых артыкулах адлюстраваны трансфармацыі федэратыўнай канцэпцыі гісторыка. У іх аснове ляжыць разуменне „новай Украіны”, гэта значыць такой, якая павінна адысці ад бязмежнай веры ў арганізацыю агульнага з Расіяй дзяржаўнага арганізму. Заканамерным здаецца абгрунтаванне вучоным падстаў і значнасці небальшавіцкай арыентацыі. Менавіта гэтая думка ляжыць у аснове канструявання варыянтаў і перспектыў будучай украінскай дзяржаўнасці. Такая пазіцыя прадвызначалася неўспрыманнем Саўнаркамам лідарскай ролі Цэнтральнай Рады пад час пераўтварэння былой імперыі ў дэмакратычную федэратыўную рэспубліку.

Удалую рэалізацыю праекта „новай Украіны” М. Грушэўскі звязваў з наяўнасцю культурных і эканамічных падстаў, а таксама са з’яўленнем чарнаморскай або сусветнай федэрацыі. Ён адзначаў перспектыўнасць палітычнай дзейнасці Цэнтральнай Рады, накіраванай на пабудову „новай Украіны”, у якой суіснавалі дэмакратычныя прынцыпы, ідэі нацыянальнай згоды і гармоніі. Роля і месца сялянства ў сацыяльна-класавай структуры ўкраінскага грамадства былі для яго асновай разумення гістарычнага руху — „падмуркам гэтай Вялікай Украіны”[16]. Такая светапоглядная і навуковая пазіцыя выходзіла з народніцкіх поглядаў вучонага. Сутнасць гэтай ідэі не ў разуменні Украіны як вялікай „тэрыторыі” або магчымасці „панавання” над іншымі, а ў саборным яднанні этнаграфічных украінскіх земляў[17].

Канцэпт „новая Украіна” ў публіцыстыцы М. Грушэўскага характарызуе наяўнасць сувязі ўкраінскага народа з духоўнымі і маральнымі каштоўнасцямі заходняга грамадства і канстатацыяй ідэі самастойнасці. Гэтае паняцце выходзіла з народніцкага светапогляду і сацыялістычных поглядаў. Негатыўная рэцэпцыя М. Грушэўскім расійскага цэнтралізму і бюракратыі вызначыла разуменне ім пагроз украінскаму дзяржаўнаму будаўніцтву. У артыкуле „Дзяржаўнасць” ён пісаў: „Мы адкідаем паліцэйска-бюракратычны лад і хочам заснаваць наша праўленне на шырокіх асновах самакіравання, пакідаючы міністэрскай адміністрацыі толькі функцыі агульнага кантролю, каардынавання і запаўнення тых прабелаў, якія могуць узнікаць у дзейнасці органаў самакіравання”[18]. Адным з галоўных падмуркаў украінскай дзяржаўнасці кіраўнік Цэнтральнай Рады лічыў шырокае мясцовае самакіраванне ў рэгіёнах і дэмакратызм у іх дзейнасці.

Большая адміністрацыйная і выканаўчая кампетэнцыя рэгіёнаў выцякала з ідэі ўнутранай федэралізацыі Украіны на аснове „грамад”. М. Грушэўскі такую дзяр-жаўную сістэму разглядаў як перспектыўную. Своеасаблівым вынікам публіцыстычнай і палітычнай дзейнасці Грушэўскага ў пачатку 1918 г. стала абгрунтаван не канфедэратыўнай тэндэнцыі ў канцэпцыі дзяржаўнага будаўніцтва. На практыцы, выступаючы цвёрдым праціўнікам нацыяналізму, у ідэйным плане старшыня Цэнтральнай Рады спрабаваў аб’яднаць ідэі федэралізму і самастойнасці, шукаючы падставы для гэтага ў гістарычным развіцці Украіны. Аднак варта сказаць, што гэтыя ідэі не былі раўназначнымі ў светапоглядзе М. Грушэўскага. У кантэксце пэўнай палітычнай сітуацыі ён аддаваў перавагу адной з іх, тым самым спрыяючы амбівалентнасці дзяржаўнай структуры УНР. Зразумела, што канструкцыя, пабудаваная на ўнутранай супярэчнасці ды яшчэ без міжнароднай легітымацыі, не мела дзяржаўніцкіх перспектыў.

Артыкул „Наша заходняя арыентацыя” паказвае супярэчлівы характар унутранага і міжнароднага становішча УНР, фармуе дыяметральна процілеглы папярэдняму бачанню погляд на задачы ўкраінскага вызваленчага руху. Варта вылучыць стрыжнёвую асаблівасць новых палітычных націскаў М. Грушэўскага. Ён зрабіў ужо іншы цывілізацыйны выбар для Украіны ў бок заходняга (еўрапейскага) грамадства.

Пры гэтым гісторык спрабаваў знайсці падставы для ўкраінскага месіянізму і тэрытарыяльна акрэсліць сферу палітычнага ўплыву для будучай Украіны ў межах чарнаморскага рэгіёна. Такія пабудовы з боку вучонага абумоўлены выключна рускім ментальным разуменнем прызначэння і ролі дзяржавы на сусветнай арэне, што само па сабе прыводзіць да немагчымасці спалучэння яго інтэлектуальнага тэксту і народніцкага светапогляду з рэальнай дзяржаўнай дзейнасцю. М. Грушэўскі пісаў, што ўкраінскі народ належыць да заходняй культуры, пры гэтым прызнаючы вялікі арыентальны ўплыў на яго[19]. Украіна гістарычна роднасная з Нямеччынай і Італіяй, знаходзіцца ў пастаяннай сувязі з Захадам, жывучы яго ідэямі. Ва ўкраінскім народзе злучыліся візантыйскія традыцыі і іх камбінацыя, а таксама „пераробліванні новых заходніх дасягненняў і ўплываў”[20].

У гэтым артыкуле ў негатыўным плане асвятляецца роля расійскага фактару ва ўкраінскай гісторыі. „Ра сій ская нацыянальная палітыка, — падкрэсліваў М. Гру шэў скі, — прыклала руку да таго, каб разар ваць ся мей ныя і ўся кія іншыя сувязі ўкраінскай інтэ лі ген-цыі з за межнымі заходнімі краямі і схіліць яе да Велі-каросіі…„[21]. У той жа час ён перасцерагаў, што „нам не трэба падганяць наша жыццё пад які-небудзь заходнееўрапейскі ўзор, хоць бы і нямецкі”. У цэлым праца не мае пэў ных высноў, завяршаецца патэтычным абвінавачваннем у бок Расіі. Такія парадаксальныя сцвярджэнні М. Гру шэўскага тлумачаць дынамічную змену яго грамадска-палітычных по глядаў адносна ўспрымання еўрапейскай сацыялістычнай ідэалогіі.

Як гісторык і старшыня Цэнтральнай Рады ён абараняў тэзіс дамінавання народа ў грамадскай арганізацыі, які ўсведамляўся ім толькі як сялянства або працоўны люд. Ён не ўспрымаў дамінавання пэўнай сацыяльнай групы або класа. Такі погляд М. Грушэўскага цалкам супярэчыў тэндэнцыям развіцця еўрапейскай гісторыі. Інтэлектуальны і палітычны рэверанс у бок Еўропы тлумачыўся толькі бягучым рэвалюцыйным момантам, які характарызавалі завяршальны этап Першай сусветнай вайны, усталяванне бальшавіцкай улады ў Расіі і асобасны фактар.

Цэнтральная публікацыя, у якой фармулюецца ідэя федэральнай Украіны па-за расійскім кантэкстам і абгрунтоўваецца наяўнасць гістарычнай сувязі з заходняй цывілізацыяй, — эсэ „Новыя перспектывы”. Менавіта ў ім М. Грушэўскі спрабаваў падаць сваё бачанне новых дзяржаўніцкіх перспектыў Украіны ва ўмовах абвяшчэння самастойнасці і вайны з бальшавікамі. Фактычна інтэлектуальныя намеры старшыні Цэнтральнай Рады былі накіраваны ў бок канстатацыі Украіны як геапалітычнай цэласнасці на карце Усходняй Еўропы. Такія сентэнцыі М. Грушэўскага вызначаюць яго палітычную пераарыентацыю на еўрапейскія ідэі і каштоўнасці. Варта падкрэсліць, што ў тэксце гэтага артыкула фігуруе думка, паводле якой гісторык адносіць украінскі народ да „нямецкага свету”. „Адчужаная ад гэтай культуры, ад заходняга свету наогул штучнымі, гвалтоўнымі мерапрыемствамі маскоўскімі, — пісаў ён, — Украіна зможа цяпер вярнуцца з новай, нават — па рэакцыі — у нечым пабольшанай сілай да гэтага блізкага ёй духам і норавам свету. У першую чаргу — да свету германскага, нямецкага, з якім і ў мінулым у яе было больш за ўсё сувязяў”[22].

З’яўленне пранямецкай арыентацыі вучонага тлумачыцца асаблівасцямі фармавання яго гістарычнай свядомасці, адмаўленнем дзяржаваў Антанты прызнаць незалежнасць Украіны і арганізаваць дапамогу ў барацьбе з бальшавізмам, ідэяй адраджэння „Вялікай Польшчы ў межах 1772 г.” у дыпламатычных колах Велікабрытаніі і Францыі, паспяховым наступам кайзераўскага войска на Усходнім фронце. Названыя фактары падштурхоўвалі М. Грушэўскага яшчэ ў пачатку 1918 г. да разважанняў аб заключэнні УНР сепаратнага міру з Нямеччынай з надзеяй атрымаць ваенную і міжнародную падтрымку ў барацьбе супраць бальшавіцкай Расіі. Можна сцвярджаць, што для М. Грушэўскага немцы сталі „духоўна і культурна блізкімі” толькі ў выніку адмаўлення бальшавікоў разглядаць Цэнтральную Раду як легітымную ўладу ва Украіне, тым самым ставячы пад сумнеў палітычную будучыню яе старшыні. Ідэя самастойнасці ў разуменні вучонага была другараднай у сістэме яго палітычных перакананняў, нават пасля пераарыентацыі ў бок Захаду. Прымат федэралізму і асабісты фактар вызначалі змест яго тагачасных інтэлектуальных пошукаў. „Толькі — маючы за мэту заўсёды, як канчатковую мэту, — пісаў вучоны, — федэрацыю сусветную, я буду выходзіць, як з першага канкрэтнага кроку да яе, з федэрацыі краёў…”[23].

Менавіта ў артыкуле „Новыя перспектывы” вучоны мадэлюе новы цывілізацыйны вектар развіцця ўкраінскай дзяржаўнасці. Ён беззваротна арыентуе УНР у бок Захаду, заклікаючы вучыцца ў Нямеччыны і ЗША. Пры гэтым М. Грушэўскі падкрэслівае значэнне Украіны як цэнтра Чарнаморскага мега-рэгіёна: „Калі школай для нас павінны быць гэтыя краіны заходняй культуры, полем нашай дзейнасці, нашай уласнай творчасці павінны быць краіны, якія, як і Украіна, выраслі ва ўплывах або сувязях усходняй культуры — краіны ў сферы нашай чарнаморскай арыентацыі, аб’яднаныя Чорным морам як цэнтрам камунікацый і розных культурных і палітычных адносін”[24]. На практыцы незалежнасць УНР заставалася толькі дзяржаўнай мадэллю, дэтэрмінаванай рэзкай зменай геапалітычнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе. Нездарма вучоны ў артыкуле „Новыя перспектывы” адзначаў: „Не лічу як раней, так і цяпер самастойнае дзяржаўнае аддзяленне за палітычны ідэал. Я быў і далей застаюся федэралістам”[25].

Праект сусветнай федэрацыі ўспрымаўся М. Грушэўскім не толькі як канчатковая мэта для ўкраінскага народа, але і як тэарэтычная фармулёўка, у межах якой змяшчаюцца сацыялістычныя ідэалы і народніцкія ідэі. Першым крокам да сусветнай федэрацыі павінна стаць арганізацыя „федэрацыі бакоў”, якія звязаны добраахвотным уваходжаннем у яе склад пры цесных эканамічных і культурных адносінах[26]. Менавіта тады вучоны сфармуляваў базавыя палажэнні канцэпцыі чарнаморскай федэрацыі, якая мела свае перадумовы ў яго гістарычнай канцэпцыі.

Як гісторык М. Грушэўскі заўсёды выяўляў цікавасць да барацьбы беларускага і літоўскага народаў за сваю незалежнасць. Такая навуковая цікавасць тлумачыцца не толькі тым, што беларусы і літоўцы аб’яднаны з украінцамі агульным гістарычным працэсам. Справа ў тым, што навуковец і палітык адводзіў Беларусі і Літве адмысловую ролю ў сваёй канцэпцыі будучыні палітычнага ўладкавання Усходняй Еўропы[27]. М. Грушэўскі адзначаў, што гэтыя народы былі саюзнікамі Украіны з пачатку іх гістарычнага шляху і „старымі сябрамі ў польскім саюзе”[28]. Гэтая сентэнцыя прывяла вучонага да думкі аб магчымасці мець пэўныя дзяржаўніцкія перспектывы ў будучыні. Агульная гісторыя ўсіх трох народаў балта-чарнаморскага рэгіёна вызначаецца тым, што паміж імі ніколі не бывае якіх-небудзь сур’ёзных канфліктаў; кожны з гэтых народаў жыве на сваёй этнічнай тэрыторыі і нацыянальна-змешаныя кардоны былі нязначнымі; гэтыя тры суседнія нацыянальныя тэрыторыі, якія мелі агульныя знешнія стасункі і інтарэсы[29], „усе трое прыёмныя дзеці гістарычнай Польшчы”[30].

Заканамерна, што прыярытэтную ролю ў будучым саюзе дзяржаў вучоны адводзіў украінскаму народу, больш шматлікаму, са шматлікія прыроднымі рэсурсамі на сваёй тэрыторыі. М. Грушэўскі бачыў дзяржаўную мадэль толькі ў выглядзе федэратыўнага саюзу трох народаў, які павінен скласціся на балта-чарнаморскіх шляхах. Ідэя чарнаморскай федэрацыі на прасторах Усходняй Еўропы была палітычнай марай вучонага. Пры гэтым трэба ўлічваць пэўную канатацыю тэрміна „федэрацыя” ва ўспрыманні М. Грушэўскага, які па ўсіх прыкметах адпавядаў канфедэратыўнаму аб’яднанню.

У шырокім плане сваёй федэратыўнай ідэі М. Грушэўскі распрацоўваў праекты дзяржаўнага сцвярджэння Украіны ў сістэме Усходняй Еўропы. Менавіта тады ён прапанаваў канцэпцыю чарнаморскай арыентацыі Украіны, якая прадугледжвала стварэнне федэрацыі ў гэтым мега-рэгіёне.

Найбольш выгаднай для Украіны ён лічыў мадэль „кааперацыі народаў Чорнага мора”. У той час М. Грушэўскі напісаў артыкул „Арыентацыя чарнаморская”, у якім выказаў сваю пазіцыю адносна гістарычных асноў новай мадэлі федэрацыі — Чарнаморскай[31]. Гэтая праца — лагічны працяг папярэдняга артыкула „Наша заходняя арыентацыя”. Іх аб’ядноўвае агульны ідэалагічны назоўнік, які характарызуецца тым, што „гістарычныя ўмовы жыцця арыентавалі Украіну на Захад”[32], аднак геаграфічныя арыентавалі і арыентуюць на поўдзень, на Чорнае мора[33]. У ёй абгрунтоўваецца гістарычнае права дамінавання ўкраінскага народа ў чарнаморскім рэгіёне, што ў сваю чаргу вызначае адмысловую ролю Украіны ва ўсходнееўрапейскай гісторыі. „Наогул, калі акалічнасці таму спрыялі, — пісаў М. Грушэўскі, — Украіна ішла да таго, каб шырока завалодаць чарнаморскім узбярэжжам і стаць тут цвёрдаю нагою”[34].

Чарнаморская федэрацыя дзяржаў не адмаўляла дзяржаўнага суверэнітэту украінскага народа, а толькі змацоўвала б міжнароднае супрацоўніцтва Украіны з іншымі ўсходнееўрапейскімі нацыямі[35]. Месіянскія інтэрпрэтацыі М. Грушэўскага раскрываюць адсутнасць выразнага праекта арганізацыі чарнаморскага саюзу, які ў гістарычных рэаліях пачатку ХХ ст. апынуўся досыць прывідным. Аднак М. Грушэўскі паспрабаваў падаць канкрэтную праграму чарнаморскай федэрацыі[36]. У эміграцыі (1919–1924) ён у адным з артыкулаў адзначыў, што ў 1917–1918 г. у асяроддзі ўкраінскіх палітыкаў абдумваліся рэальныя планы „стварэння федэрацыі… напрыклад, славянскай, у якую ўвайшлі б заходнеславянскія і балканскія землі”[37].

У шырокім кантэксце ідэя чарнаморскай федэрацыі ў рэцэпцыі М. Грушэўскага канструюецца як арганізацыя „кааперацыі чарнаморскіх народаў”, якая, па-першае, забяспечыць Украіне ўдзел ва ўзнаўленні „старых прыродных гандлёвых шляхоў”. Па-другое, — дазволіць укра-інскай дзяржаве „эмансіпавацца наогул”, выпрас тац ца з тым, каб „потым легчы ў найболей выгоднай позе”. Акрамя гэтага, М. Грушэўскі не выключаў маг чы мас ці выкарыстання чарнаморскай арыентацыі для супрацьстаяння ідэі „славянскага адзінства” шляхам рас працоўкі для Украіны ўласнага варыянта гэтай ідэі, якая б прадугледжвала стварэнне федэрацыі ўкраінскага, беларускага і літоўскага народаў на балта-чарнаморскіх шляхах.

У красавіку 1918 г. М. Грушэўскі ў выніку гетманскага перавароту быў вымушаны пакінуць кіраўніцтва ў разагнанай Цэнтральнай Радзе. У перыяд Гетманату П. Скарападскага вучоны практычна ўвесь час знаходзіўся на нелегальным становішчы, спрабуючы ў сваіх артыкулах даць ацэнку дзяржаўнаму ўтварэнню[38]. Прыход да ўлады Дырэкторыі УНР 14 снежня 1918 г. стаў надзеяй вяртання да Украінскага рэвалюцыйнага руху. М. Грушэўскі прапанаваў наноў склікаць Цэнтральную Раду, якая павінна сфармаваць урад, вызначыць тэрмін правядзення Устаноўчага сходу з мэтай перадачы ім заканадаўчых функцый[39]. Аднак лідары Дырэкторыі і Украінскага нацыянальнага саюзу адкінулі гэтыя прапановы як непрымальныя.

Такая хада падзей прымусіла былога кіраўніка Цэнтральнай Рады шукаць спосабы вяртання да палітычнага жыцця. Адным з іх магла стаць барацьба за ўтварэнне сацыялістычнай федэрацыі. Ужо ў пачатку 1919 г. у артыкуле „Угодкі ўкраінскай незалежнасці” вучоны пісаў, „што гэтае абвяшчэнне самастойнасці хоць адразае ўсялякія прэтэнзіі да Украіны прадстаўнікамі старой і новай Расіі, тым больш не пагрэбуе ідэяй федэрацыі Украінскай Рэспублікі з іншымі рэспублікамі, з якімі ёй будзе па дарозе…”[40]. Вяртанне да ідэі федэралізму і да расійскага кантэксту не было выпадковым. М. Грушэўскі апынуўся ў палоне рэвалюцыйных ідэалаў. Ён пісаў пра важнасць забеспячэння свабоднага выбару УНР мадэлі дзяржаўна-палітычнага ладу: „Ці можа Украіна застацца асобнай дзяржавай, ці аб’яднаецца яна ў федэрацыі не прымусам і нейчай старонняй воляй, а сваім вольным рашэннем”[41].

Пераход вучонага ад ідэі стварэння сусветнай, чарнаморскай да сацыялістычнай федэрацыі аказаўся неапраўданым. У канчатковым выніку толькі ідэя арганізацыі „кааперацыі народаў Чорнага мора” стала яго найбольш прагматычнай канструкцыяй. Фармаванне такой канфедэрацыі ў сістэме Усходняй Еўропы адпавядала асаблівасцям гістарычнага развіцця „іншай” Еўропы, „негістарычнасці” яе народаў, а таксама традыцыям дэмакратыі і рэспубліканізму. Транскантынентальны характар такога ўтварэння мог спрыяць эканамічнаму развіццю. Аднак падзел Усходняй Еўропы паміж імперыямі Раманавых і Габсбургаў зводзіў да мінімуму дзяржаўніцкія патэнцыі „малых” народаў. М. Грушэўскі ў перыяд рэвалюцыі, прапаноўваючы стварыць канфедэрацыю ў балта-чарнаморскім рэгіёне, быў упэўнены ў глыбокай сацыялістычнай і інтэрнацыянальнай трансфармацыі Захаду і ўсяго свету. Аднак яго надзеі і прагнозы былі ілюзіямі.

Перыяд украінскай рэвалюцыі 1917–1921 г. быў часам адначасовага сцвярджэння і глыбокай трансфармацыі федэратыўных поглядаў М. Грушэўскага. Ультыматум Саўнаркама РСФСР, хада ўкраінска-бальшавіцкай вайны, бачанне прыярытэтнай ролі Цэнтральнай Рады па канструяванні дэмакратычнай федэрацыі на тэрыторыі былой Расійскай імперыі вызначылі з’яўленне новых ідэалагічных канцэптаў, распрацаваных яе кіраўніком. Выхад серыі публіцыстычных артыкулаў, у якіх ён выступіў заўзятым прыхільнікам самастойнасці УНР у тагачасных умовах і ворагам бальшавізму, характарызуе наяўнасць новага ідэйна-палітычнага гарызонту — бачанне федэратыўнай Украіны па-за расійскім кантэкстам. На гэтай аснове вучоны абгрунтаваў канцэпцыю чарнаморскай федэрацыі, у якой галоўнае месца павінна была заняць Украіна.

Пераклад Юльяны Ветрык


[1] Домащенко Л. М. Концепції чорноморської орієнтації України у вітчизняній політичній думці першої половини ХХ століття. Автореф. дис. … канд. політ. наук. Київ, 2008. С. 1.
[2] Тамсама.
[3] Дашкевич Я. Чорноморські проблеми в минулому і сучасному // ён жа. „Учи неможними устами сказати правду”: історична есеїстика. Київ, 2011. С. 517–540; Домащенко Л. М. Концепції чорноморської орієнтації України… Корольов Г. О. Автономістсько-федералістські погляди Михайла Грушевського: формування, втілення, трансформація. Автореф. … дис. канд. іст. наук. Київ, 2009; Липа Ю. Призначення України. Львів, 1992. 272 с.; Потульницький В. А. Історія української політології (Концепції державності в українській зарубіжній історично-політичній науці). Київ, 1992. 232 с.; Рудницький С. Українська справа зі становища політичної географії. Берлін, 1923. 288 с.
[4] Грушевський М. На порозі нової України. Гадки та мрії. Київ, 1918. 120 с.
[5] Грушевський М. Хто такі українці і чого вони хочуть. Київ, 1991. С. 134.
[6] Потульницький В. А. Історія української політології… С. 46.
[7] Грушевський М. На порозі нової України. С. 114.
[8] Ён жа. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 138.
[9] Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны ў г. Кіеве. Ф. 1235. Воп. 1. Спр. 185. Арк. 8адв.
[10] Тамсама.
[11] Грушевський М. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 135.
[12] Тамсама. С. 138.
[13] Тамсама. С. 136.
[14] Грушевський М. Кінець московської орієнтації // ён жа. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 139.
[15] Тамсама. С. 141.
[16] Тамсама. С. 162.
[17] Кармазіна М. Ідея державності в українській політичній думці (кінець ХІХ — початок ХХ ст.). Київ, 1998. С. 333.
[18] Грушевський М. Державність // ён жа. Хто такі українці і чо -го вони хочуть. С. 172.
[19] Грушевський М. Наша західна орієнтація // ён жа. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 141–142.
[20] Тамсама. С. 142.
[21] Тамсама. С. 144.
[22] Грушевський М. Нові перспективи // ён жа. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 148.
[23] Тамсама. С. 151.
[24] Тамсама. С. 150.
[25] Тамсама. С. 151.
[26] Тамсама.
[27] Потульницький В. А. Цыт. праца. С. 86.
[28] Hruschewskyi M. Ukraine, Weissrussland, Litanen // Ukrainische Rundschau. 1909. № 2. S. 51.
[29] Потульницький В. А. Цыт. праца. С. 86.
[30] Hruschewskyi M. Ukraine, Weissrussland, Litanen // Ukra-inische Rundschau. 1909. № 2. S. 51.
[31] Грушевський М. Орієнтація чорноморська // ён жа. Хто такі українці і чого вони хочуть. С. 144–146.
[32] Тамсама. С. 144.
[33] Потульницький В. А. Цыт. праца. С. 87.
[34] Грушевський М. Орієнтація чорноморська. С. 146.
[35] Винар Л. Михайло Грушевський: історик і будівничий нації (Статті і матеріали). Київ, 1995. С. 55.
[36] Тамсама.
[37] Грушевський М. В першій делегації Української партії соц.-революціонерів (квітень 1919 р. — лютий 1920 р.) // Борітеся — поборете! Відень, 1920. № 3. С. 51.
[38] Ён жа. По шкоді // Літературно-науковий вістник. Т. 172 (кн. ХІІ, грудень). Київ, 1918. С. 233–243.
[39] Тамсама.
[40] ЦДГАК. Ф. 1235. Воп.1. Спр. 185. Арк. 8адв.
[41] Тамсама.

Наверх

Тэгі: , ,