Białe plamy – Czarne plamy. Sprawy trudne w relacjach polsko-rosyjskich (1918–2008) / pod red. A. D. Rotfielda i A. W. Torkunowa. Warszawa, Polski Instytut Spraw Międzynarodowych, 2010. 907 s.
У наступным нумары (том 19, 2012)
У польска-расійскіх адносінах шмат складаных пытанняў, большасць з якіх мае гістарычныя карані. У гэтай сувязі правядзенне аб’ектыўных даследаванняў па найбольш вострых праблемах двухбаковых дачыненняў неабходнае і запатрабаванае. Сёння ў Польшчы і Расіі існуе досвед плённага навуковага ўзаемадзеяння, што засведчана правядзеннем сумесных канферэнцый і дзейнасцю Групы па цяжкіх пытаннях (пра яе стварэнне і працу распавядаецца ва ўступным да разгляданай кнігі артыкуле А. Д. Ротфельда і А. В. Таркунова “У пошуках праўды”).
Кніга “Белыя плямы – Чорныя плямы. Цяжкія справы ў польска-расійскіх адносінах (1918–2008)” складаецца з 16 тэматычных раздзелаў, у кожным з якіх падаюцца матэрыялы польскага і расійскага даследчыкаў. У артыкулах разглядаюцца падзеі ад 1917 г. да сёння, пытанні ўзаемнага ўспрымання палякаў і расіян, доступу да архіўных збораў, сучасная гістарыяграфія польска-расійскіх адносін, прыводзяцца дакументы з працы камісіі і фотаздымкі.
Першы раздзел прысвечаны польска-савецкім адносінам 1917–1921 г. Польскі бок прадстаўлены артыкулам Д. і Т. Наленч, расійскі – Г. Ф. Матвеева. Адразу варта адзначыць, што пазіцыі аўтараў па некаторых пытаннях істотна адрозніваюцца. Так, напрыклад, Наленчы адназначна ацэньваюць палітыку царызму як “антыпольскую”, у той час як Матвееў лічыць, што для Расіі “польскае пытанне” не было істотным пад час Першай сусветнай вайны, а таму яму амаль не аддавалі ўвагі. Іншы пункт разыходжання – праблема спрэчных тэрыторый Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі. Наленчы пазітыўна ацэньваюць федэралістычную канцэпцыю Ю. Пілсудскага, а распаўсюджанне польскага ўплыву на гэтыя землі лічаць станоўчым фактам. Больш крытычную пазіцыю ў гэтым пытанні займае Матвееў. Разыходзяцца гісторыкі і ў ацэнцы колькасці ваеннапалонных чырвонаармейцаў у Польшчы. Польскія даследчыкі называюць лічбу каля 110 тыс. чалавек (42), у той час як Матвееў лічыць, што яна амаль удвая большая – ён называе 206 877 салдат (78). Пры гэтым абодва бакі прыводзяць звесткі, пацверджаныя дакументальна. Такія разыходжанні сведчаць, што пры вялікай колькасці апублікаваных крыніц і даследаванняў ставіць кропку ў гэтым пытанні рана.
Разглядаючы гісторыю двухбаковых адносін у міжваенны перыяд, В. Матэрскі і А. Равякін паспрабавалі вызначыць пазіцыю Польшчы і СССР у сістэме міжнародных адносін, а таксама ацаніць рэальнасць знешніх пагроз для абедзвюх краін. Не спыняючыся падрабязна на аналізе прыведзенага матэрыялу, хочацца згадаць заўвагу расійскага даследчыка, які адзначае, што вельмі часта прафесійныя гісторыкі Польшчы і Расіі падмяняюць навуковую аргументацыю публіцыстыкай, а для пацверджання сваіх гіпотэз згадваюць патрэбныя ім факты і замоўчваюць тыя, якія не ўпісваюцца ў канцэпцыю. Дадатковым аспектам у гэтым выступае сістэма каштоўнасцяў аўтараў: тое, што адзін народ лічыць сваімі заслугамі, другі ўспрымае негатыўна (109–110). Падобную сітуацыю мы можам назіраць і ў беларускай гісторыі, якая часта трактуецца айчыннымі і польскімі даследчыкамі з абсалютна розных пазіцый.
Трэці раздзел кнігі прысвечаны генезісу Другой сусветнай вайны. С. Дэмбскі разглядае прычыны вайны і паказвае пазіцыю Польшчы і СССР ва ўмовах крызісу Версальскай сістэмы. Пры гэтым аўтар чамусьці параўноўвае знешнепалітычную дзейнасць Польшчы і Чэхаславакіі і адзначае, што першая змагла захаваць статус суб’екта міжнароднай палітыкі дзякуючы цвёрдай пазіцыі свайго кіраўніцтва. У сваю чаргу МЗС ЧСР часта дзейнічала ў рэчышчы палітыкі заходнееўрапейскіх краін, што прывяло да Мюнхенскага пагаднення 1938 г., а потым і ліквідацыі краіны. На наш погляд, рабіць такія параўнанні і высновы трэба з вялікай асцярожнасцю, бо, як зазначае сам аўтар, “з падзеннем Версальскай сістэмы перастала існаваць і Чэхаславакія, і Польшча” (146). Пастаноўка ў дадзенай сітуацыі пытання “хто стаў большай ахвярай” ці “хто больш мужна змагаўся”, на нашу думку, носіць эмацыйны, а не навуковы характар. Тым больш што ўдзел у падзеле Чэхаславакіі не з’яўляецца пазітыўным фактам у гісторыі Польшчы.
Што да ацэнкі ролі СССР у сістэме міжнародных адносін, то з польскім калегам, які зводзіць яе да мінімальнай, не пагаджаецца расійскі даследчык М. М. Нарынскі. На яго думку, Савецкі Саюз настолькі актыўна дзейнічаў у абароне сваіх інтарэсаў, што гэта выклікала незадаволенасць Польшчы, якая пераследавала свае мэты. Вынікам такога “супрацьстаяння” стала пагаршэнне двухбаковых адносін у другой палове 1930-х г. Наконт ацэнкі пакта Молатава – Рыбентропа аўтары сыходзяцца на тым, што ў першую чаргу ён быў карысны для Гітлера. Як адзначае Нарынскі, дамова 23 жніўня 1939 г. стала тактычным поспехам і адначасова стратэгічнай памылкай Сталіна (216).
У чацвёртым раздзеле “Польшча паміж СССР і Нямеччынай (1939–1941)” змешчаны матэрыял, які датычыцца падзей 17 верасня 1939 г. і IV падзелу Рэчы Паспалітай. Як А. Главацкі, так і Н. С. Лебедзева вызначаюць паход Чырвонай Арміі як акт агрэсіі. Пры гэтым Лебедзева паказвае механізмы прыняцця рашэння савецкім кіраўніцтвам, а Главацкі засяроджвае ўвагу на сацыялістычных пераменах, якія адбываліся на далучаных да СССР землях. Польскі гісторык адзначае, што Чырвоную Армію віталі камуністы і злачынцы (не канкрэтызуючы, каго ён лічыць такімі), а таксама беларуская, украінская і яўрэйская бедната. Сярод прычын пагромаў палякаў ён называе ідэалагічна-палітычныя, класавыя і нацыянальныя фактары, помсту і проста рабунак, падкрэсліваючы, што яны заахвочваліся савецкімі ўлёткамі (225). Можна пагадзіцца з гэтым меркаваннем, але трэба памятаць, што пералічаныя абставіны не ўзніклі ў адзін момант. Падмуркам для іх стала палітыка, якую праводзілі польскія ўлады на беларускіх і ўкраінскіх землях у міжваенны перыяд. Тым больш, як адзначае сам Главацкі, у тых мясцовасцях, дзе склаліся “добрыя міжсуседскія адносіны, заклікі да помсты “польскім панам” не знаходзілі адабрэння” (225).
Асобны раздзел, дзе змешчаны матэрыял А. Пжэвозніка (загінуў у красавіку 2010 г. у авіякатастрофе пад Смаленскам) і Н. С. Лебедзевай, прысвечаны злачынству ў Катыні. У ім распавядаецца аб прыняцці рашэння пра расстрэл польскіх афіцэраў і апісваецца працэс адкрыцця праўды і мемарыялізацыі ахвяр.
Тэма Другой сусветнай вайны, у прыватнасці праблема польска-савецкай мяжы і грамадзянства, стварэнне польскіх узброеных сіл на тэрыторыі СССР і роля польскіх пракамуністычных сіл ва ўсталяванні пасляваеннай улады ў Польшчы, разглядаецца ў артыкулах В. Матэрскага і В. С. Парсаданавай. Асобнае месца ў іх адводзіцца Варшаўскаму паўстанню 1944 г. і пазіцыі Сталіна. Аўтары сыходзяцца ў меркаванні, што адмаўляючы ў дапамозе паўстанцам, савецкі лідар кіраваўся палітычнымі інтарэсамі СССР, аднак разыходзяцца ў пытанні палітычнай адказнасці за паразу паўстання. В. Матэрскі, не гаворачы наўпрост, дае зразумець, што віна цалкам ляжыць на савецкім баку (382). У сваю чаргу Парсаданава падкрэслівае, што “адказнасць за гібель 200 000 варшавян у першую чаргу нясуць польскія палітыкі, якія запланавалі паўстанне і заклікалі палякаў да ўдзелу ў ім без узгаднення свайго рашэння з савецкім кіраўніцтвам” (405).
Пяць раздзелаў кнігі прысвечаны пасляваеннаму сацыялістычнаму перыяду. Так, В. Барадзей і А. Ф. Наскова аналізуюць развіццё Польшчы і польска-савецкіх адносін у 1945–1955 г., А. Пачкоўскі і М. І. Бухарын разглядаюць падзеі 1956 г. у ПНР і ацэньваюць уплыў на іх ХХ з’езда КПСС, Е. Памяноўскі, А. В. Вараб’ёў і А. В. Шубін характарызуюць развіццё культуры і двухбаковых адносін, А. Пачкоўскі і І. С. Яжбароўская спрабуюць высветліць ролю Масквы ў вырашэнні польскага крызісу 1980–1981 г., Я. Каліньскі і Л. Б. Вардомскі разбіраюцца ў гаспадарчых адносінах дзвюх краін. Прыведзены аўтарамі матэрыял сведчыць пра існаванне вострых пытанняў у даследаванні польска-савецкіх адносін “сацыялістычнага перыяду”. Сярод іх можна вылучыць наступныя: 1945 год – гэта “вызваленне ці новая акупацыя” (цікавыя разважанні Насковай); дасягненні і недахопы эканамічнага супрацоўніцтва (абодва бакі сыходзяцца на тым, што адназначнага адказу на пытанне “хто за чый кошт жыў” даць немагчыма); роля СССР ва ўвядзенні ваеннага становішча ў снежні 1981 г. у Польшчы (тут адказнасць за яго Пачкоўскі ўскладае выключна на В. Ярузэльскага, а Яжбароўская падкрэслівае вялікую верагоднасць выкарыстання сілы з боку СССР і такім чынам апраўдвае тагачаснае польскае кіраўніцтва).
Аўтары кнігі не абыходзяць увагай і такія праблемы, як трансфармацыя канца 1980 – пачатку 1990-х г. у Польшчы і СССР (Расіі), узаемаўспрыманне і палітычныя адносіны дзвюх краін. Польскі даследчык В. Марчыняк адзначае, што ў адрозненні ад Польшчы ў Расіі ў канцы 1990-х г. канцэпцыя рэформаў была адкінута, а таму ўсталявалася монацэнтрычная сістэма палітычнай улады, якая фактычна вядзе да адсутнасці грамадскай мадэрнізацыі.
Цікавае і адначасова складанае пытанне палітычных узаемасувязяў Польшчы і Расіі ў апошнія 20 гадоў. К. Пелчыньска-Наленч лічыць, што гэта “залаты век у польска-расійскіх адносінах” (669) і пры гэтым вылучае ў іх чатыры праблемы: 1) дэканструкцыя расійскага дамінавання і палітыка Польшчы ў дачыненні ЕС і НАТА, 2) палітыка адносна краін Усходняй Еўропы, 3) узаемадзеянне ў энергетычнай сферы, 4) інтэрпрэтацыя сумеснага мінулага (670–671). На думку аўтара, канчатковае вызначэнне міжнароднай пазіцыі Польшчы пасля ўступлення ў НАТА і ЕС прывяло да паступовага знікнення большасці спрэчных пытанняў. І хоць, як адзначае Пелчыньска-Наленч, на польска-расійскія адносіны ўплывае палітычная кан’юнктура, пры добрай волі двух бакоў заўсёды можна дамовіцца. У падобным тоне напісаны і матэрыял А. В. Мальгіна. Спрабуючы знайсці прычыны не заўсёды роўных двухбаковых адносін, даследчык выказвае думку, што “Расія і Польшча баяцца прызнаць існаванне паміж імі падабенства”, якое праяўляецца ў спробах перавядзення гістарычных праблем на дзяржаўны ўзровень (695). Сярод “падабенстваў” аўтар вылучае “перабольшванне сваёй ролі ў міжнародных справах, стаўленне да суседніх краін як да дзяржаў, якія патрабуюць, а часам жадаюць, распаўсюджання на іх апекі з боку Масквы ці Варшавы; празмернае выкарыстанне ў дачыненні да сябе такіх паняццяў, як маральнасць, духоўнасць, цярпенне, пакута, пакутніцтва або гераізм” (694).
Што да ўзаемаўспрымання дзвюх краін і народаў, то, мяркуе А. Граеўскі, на фармаванне польскай думкі ўплываюць пазіцыя Расіі ў пытанні прызнання сталінскіх злачынстваў, адсутнасць свабоднага доступу да архіваў, у тым ліку спецслужбаў, а таксама гістарычная палітыка, якая ў значнай ступені прысутнічае ў палітычным жыцці дзяржаў. У значнай ступені з польскім калегам пагаджаецца М. І. Бухарын. Ён адзначае, што ў сучаснай Расіі ідзе фармаванне такой гістарычнай памяці, частка якой звязана з Расійскай імперыяй і як следства з Польшчай і палякамі. У гэтай сувязі найбольш часта ў публічнай сферы закранаюцца пытанні канфрантацыі абодвух народаў, што, зразумела, не спрыяе наладжванню добрых адносін.
Завяршаецца кніга напісаным М. Корнатам і І. С. Яжбароўскай раздзелам “Сучасная польска-расійская гістарыяграфія”. У артыкуле Корната вельмі падрабязна пададзены канцэпцыі, якія пасля 1989 г. існуюць у навуковай літаратуры Польшчы. Аўтар акрэслівае стан даследаванняў, адзначае кропкі супадзення / несупадзення меркаванняў гісторыкаў дзвюх краін і заўважае, што частка польскіх навукоўцаў вывучае праблемы без ведаў (або толькі з павярхоўнымі ведамі) па гісторыі СССР (Расіі), што не дазваляе ў поўнай ступені разумець разгляданыя працэсы.
У сваю чаргу І. С. Яжбароўская спыняецца на характарыстыцы расійскай гістарыяграфіі польска-савецкіх адносін. Яна засяроджваецца на крытыцы прац асобных вучоных, якія даследуюць польска-савецкую вайну 1919–1920 г., перадумовы і пачатак Другой сусветнай вайны, а працы, у якіх закранаюцца падзеі пасляваеннага перыяду, згадвае вельмі павярхоўна. Больш за тое, у прапанаваным матэрыяле неаднойчы адчуваецца суб’ектыўны падыход аўтара да асобных прац і агульнай ацэнкі гістарыяграфіі. Варта адзначыць, што польская праблематыка ў Расіі не карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод даследчыкаў (пра гэта з жалем неаднойчы пішуць польскія аўтары кнігі), разам з тым, дасягненні ў гэтай галіне ёсць, і яны істотныя.
У гісторыі расійска-польскіх (як і беларуска-польскіх) адносін шмат і “белых”, і “чорных” плям. Падаецца, што толькі пад час навуковых канферэнцый, адкрытых дыскусій, сумесных выданняў можна знайсці паразуменне ў ацэнцы гістарычных падзей. На жаль, у гэтым плане беларуская навука пакуль што адстае. Разам з тым, з’яўленне публікацый, падобных да разгляданай, дазволіла б без боязі весці дыялог з нашым заходнім суседам і абараняць пазіцыі не з пункту гледжання слабога, якога пакрыўдзілі, а з пазіцыі роўнага партнёра.
Мінск
Любоў Козік