БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Марына Сакалова. Палітычная сітуацыя на беларускіх землях у 1815—1830 г. у кантэксце „новай палітычнай гісторыі»


Як вядома, даволі доўгі час айчынная гісторыя распрацоўвалася пераважна на падставе прынцыпаў эканамічнага дэтэрмінізму і класавага падыходу. Хоць марксізм і „дазваляў» аналізаваць макрамеханізмы і вызначаць глыбінныя фактары палітычнага працэсу, сацыяльна-псіхалагічныя, культурныя і іншыя дэтэрмінанты палітычнай дзейнасці ў большасці выпадкаў апынуліся па-за межамі ўвагі навукоўцаў, якія працавалі ў рамках дадзенай парадыгмы. Вось чаму ў час актыўнага пераасэнсавання метадалагічнага базісу гістарычных даследаванняў, якое пачалося ў другой палове 1980-х г., гісторыкі звярнуліся да антрапалагічных падыходаў, гісторыі штодзённасці і да т. п. „Палітычнае» ж асэнсоўвалася, галоўным чынам, як дзейнасць урадавых структур і палітычных эліт. Па-за ўвагай, такім чынам, застаўся той факт, што ўжо з сярэдзіны ХХ ст. уплывовыя замежныя гісторыкі адзначалі неабходнасць пашырэння прадмета палітычнай гісторыі ў сувязі са зменамі разумення палітычнага ў філасофіі і палітычнай сацыялогіі. У якасці прадметнага фокуса новай палітычнай гісторыі вызначаліся „ўпор на параўнальнае даследаванне, засяроджванне на аналізе палітычных змен»[1], „сістэматычны аналіз структур і працэсаў» і „ўзмацненне ўвагі да сацыяльнага кантэксту палітыкі»[2]. Іншымі словамі, стала лічыцца некарэктным разглядаць фармальныя дзяржаўныя інстытуты і эліты адзіным субстратам палітычнага, хоць гэта і давала такія перавагі, як дакладнасць і простасць[3]. У якасці характэрных рысаў новага падыходу былі вызначаны дыскурсіўны характар палітычнага і пашырэнне разумення апошняга за кошт увядзення паняццяў „палітычная культура» і „палітычнае жыццё», а таксама прызнання важнасці індывідуальнага дзеяння „на сярэднім і ніжэйшым (grass-roots) узроўнях грамадскай структуры»[4]. Такім чынам адкрывалася магчымасць „упарадкаваць карціну палітычнай гісторыі», выявіць у грамадстве ўстойлівыя, фармальна неарганізаваныя сацыяльныя групы і апісаць уласцівыя ім „тыпы палітычных паводзінаў» у канкрэтныя гістарычныя перыяды[5].

Палітыка пры гэтым можа вызначацца ў двух асноўных вымярэннях: як адносна цэласная і аўтаномная сфера аб’ектыўнага развіцця соцыуму і як актыўнасць сацыяльных суб’ектаў, механізм іх дзеянняў і ўзаемадзеянняў, якія „апрадмечваюцца» ў інстытутах і ўстойлівай сістэме палітычных адносінаў[6]. У апошнім выпадку адным з важных аспектаў палітыкі становіцца палітычная культура індывідаў. Палітычная ж гісторыя трактуецца як дынаміка разгортвання гэтых кам-панентаў (сістэмнага і індывідуальнага) у часе. Пры гэтым, як паказаў С. Андрэеў, вызначальнай з’яўляецца не сума палітычных дзеянняў, а сістэмная якасць, якая ўвасабляецца на „канкрэтнай геаграфічнай прасторы”[7]. Гісторык павінен дадаць да гэтага і абумоўленасць часам — „гістарычны кантэкст».

„Палітычная сітуацыя» — адзін з тых канцэптаў, які ý значнай ступені адпавядае пералічаным вышэй метадалагічным патрабаванням. Яна можа быць акрэслена як умоўна адасоблены, адносна ўстойлівы прасторава-часавы „зрэз» рэалізацыі палітычных патрэбаў, інтарэсаў, мэтаў і задач у працэсе ўзаемадзеяння суб’ектаў палітыкі. Стрыжань палітычнай сітуацыі — адносіны паміж залучанымі ў палітычны працэс сацыяльнымі групамі. Фармуюцца гэтыя адносіны шырокім колам фактараў эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага і культурнага парадкаў[8]. Аналіз жа палітычнай сітуацыі ўяўляецца як даследаванне сукупнасці інстытуцыйных структур дзяржавы і грамадства, формаў узаемадзеяння паміж імі, накіраваных на ажыццяўленне палітычнай улады / уплыву і мае гарызантальнае і вертыкальнае вымярэнні[9]. Вертыкальны аналіз прадугледжвае расчляненне палітычнай сістэмы на асобныя інстытуты і разглядае стан кожнага з іх, а затым — сістэмы іх узаемадзеянняў. Ён як бы рассякае палітычную сістэму на асобныя сегменты: урад, палітычныя партыі, грамадска-палітычныя арганізацыі, асобныя сацыяльныя групы і г. д. Гарызантальны аналіз тычыцца неінстытуцыяналізаваных аб’яднанняў (якія, тым не менш, выступаюць у палітычным працэсе як адзіныя актары) і дзеянняў індывідаў. У гэтым выпадку аб’ектам аналізу з’яўляюцца групоўкі, якія складаюцца з асобаў, што ўваходзяць у розныя інстытуты[10]. Гэтыя шматлікія сувязі ўпарадкоўваюцца на падставе выяўлення „вырашальных звёнаў» сітуацыі (пэўных праблем і працэсаў, дзейнасці асобаў і г. д.). У фіксацыі ж храналагічных межаў палітычных сітуацый варта, на нашу думку, зыходзіць з пададзенага раней тэзіса пра новыя якасці сферы палітычнага на пэўнай геаграфічнай прасторы, якая не абавязкова вызначацца межамі дзяржавы. Такі падыход стварае падставы для сінтэзу палітычнай гісторыі Беларусі „бездзяржаўнага перыяду», бо дазваляе пазбегнуць дыскрэтнасці (падзел — вайна — паўстанне…) і выявіць тэндэнцыі, якія злучаюць „вялікія» і „другасныя» падзеі ў цэласную карціну палітычнай гісторыі краіны.

Падаецца, што менавіта на гэтых падставах можна акрэсліць агульныя контуры аналізу палітычнай сітуацыі на беларускіх землях у 1815-1830 г. Гэты перыяд традыцыйна разглядаецца, галоўным чынам, у кантэксце выспявання прычын паўстання 1830-1831 г.[11]. На наш жа погляд, спалучэнне наступстваў падзелаў, еўрапейскіх рэвалюцый і войн (пэўны хаос палітычных і юрыдычных адносінаў) — з аднаго боку, і падпісанне руска-французскага мірнага дагавору, стварэнне Царства (Каралеўства) Польскага, палітыка „цярпімасці» у дачыненні да „далучаных земляў», якая істотна змянілася толькі пасля паўстання 1830-1831 г., — з другога, абумовілі фармаванне спецыфічнай сітуацыі. Апошняя вызначалася трыма асноўнымі доўгатэрміновымі працэсамі: (1) усталяваннем імперскай палітычнай сістэмы на захадзе краіны пасля падпісання Парыжскага мірнага дагавору і стварэння Свяшчэннага Саюза, (2) істотнымі зменамі прынцыпаў імперскага кіравання (пераход ад саслоўнай да паліцэйскай дзяржавы), (3) уплывам еўрапейскіх рэвалюцыйных падзей. Менавіта гэтыя тэндэнцыі вызначалі „модус» фармулёўкі і шляхі вырашэння праблем, якія паўставалі ў гэты час перад суб’ектамі палітыкі на беларускіх землях.

Усталяванне імперскай палітычнай сістэмы

Усталяванне імперскай палітычнай сістэмы на беларускіх землях абумоўлівалася дынамікай уплыву трох наяўных цэнтраў улады[12] і існаваннем „прапольскіх» і „прарасійскіх» настрояў. Эліты тагачаснага насельніцтва беларускіх земляў апынуліся на памежжы зон „уплыву» (тэрыторыі, дзе французская анексія была ўскоснай, але стары рэжым быў знішчаны французскімі ўладамі — большая частка Нямеччыны паміж Рэйнам і Эльбай, Царства (Каралеўства) Польскае, Ілірыйскае каралеўства, Неапалітанскае каралеўства — і „пасіўнага супраціўлення» (дзе змаганне супраць Францыі не суправаджалася аніякай глыбокай рэформай)[13]. Гэта паўплывала на наяўныя тры цэнтры ўлады: (1) аўтаномнае канстытуцыйнае Царства Польскае з намеснікам Канстанцінам Паўлавічам і прадстаўніком Аляксандра І М. Навасільцавым (Варшава); (2) Вільня, перш за ўсё як цэнтр навучальнай акругі, папячыцелямі якой былі А. Чартарыйскі (1803-1823), М. Навасільцаў (1824-1831); (3) імператар і цэнтральныя імперскія органы кіравання (Пецярбург).

Варшава. Вынікі Венскага кангрэса 1815 г., наданне аўтаноміі і канстытуцыі Царству Польскаму выклікалі ў адукаваных колах насельніцтва беларускіх земляў спадзяванні на далучэнне да яго. Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 г. асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх губерняў, узначальваў якое галоўнакамандуючы польскім войскам, вялікі князь Канстанцін Паўлавіч, а штандарам была зацверджана „Пагоня» Вялікага Княства Літоўскага, змешчаная на двухгаловым срэбраным арле. „Са стварэннем Літоўскага корпуса з’явілася надзея на далучэнне да Царства Польскага хаця б Літвы», — пісаў у верасні 1817 г. князь К. Друцкі-Любецкі князю А. Чартарыйскаму[14]. Важным момантам у гэтых адносінах было выступленне Аляксандра І на Варшаўскім сейме 1818 г., у якім ён падкрэсліў, што аднаўленне Польшчы „вызначана ўрачыстымі дагаворамі», што „законнасвабодныя ўстановы» могуць быць пашыраны і на Расійскую імперыю. Вось чаму ўвага насельніцтва беларускіх земляў у той час часта звярталася да падзей, якія адбываліся ў Царстве Польскім. Так, князь І. Кельсіеў у лісце да Мікалая І у 1835 г. сцвярджаў, што ўсе думкі ў 1817-1820 г. былі накіраваны на адбудову незалежнай Польшчы, „усе думалі пра Варшаву», арганізацыя будучага адзінага каралеўства станавілася тэмай размоў у „літоўскіх дамах»[15]. А ў 1818 г., пад час варшаўскага сейма, шмат віленскай моладзі і „сталых грамадзян» паехала ў Варшаву — каб быць у непасрэднай блізкасці да, як ім падавалася, вырашэння лёсу іх бацькаўшчыны. Да гэтага трэба дадаць, што паўночна-заходнія губерні былі аддадзеныя „пад нагляд» Канстанціна Паўлавіча, а таму многія пытанні адносна развіцця краю павінны былі вырашацца ў Варшаве.

Пецярбург. Зразумела, што органы кіравання беларускіх і літоўскіх губерняў Расійскай імперыі падпарадкоўваліся імператару і адміністрацыйным структурам у Пецярбургу, дзе, у асноўным, і вырашаліся ўсе важныя пытанні. Аднак рознага кшталту скаргі маглі разглядацца як намеснікам Канстанцінам Паўлавічам, так і імперскімі камітэтамі і камісіямі. Пры гэтым імпер-скія органы ў той час былі ў значнай ступені занятыя ўдасканаленнем сістэмы кіравання, вывучэннем краю і „ўладкаваннем побыту» яго насельніцтва. Больш за тое, адсутнасць сістэмы афіцыйнай публікацыі імперскіх заканадаўчых актаў, неўпарадкаванасць афіцыйных крыніц права прыводзілі да таго, што вялікая частка нарматыўных дакументаў, якія лічыліся дзейнымі, не была вядомая не толькі перыферыйным, але нярэдка і сталічным дзяржаўным установам, не кажучы ўжо пра „простых падданых»[16]. Насельніцтва ж магло даведацца пра змест заканадаўчых актаў з абвяшчэнняў губернатараў ды з афіцыйнай часткі нешматлікіх перыядычных выданняў[17].

Такое становішча стварала сітуацыю пэўнай стракатасці, неўпарадкаванасці мясцовых інстытутаў улады, што абумоўлівала заблытанасць узаемасувязяў уладных інстытутаў і іншых суб’ектаў палітыкі. Напрыклад, у 1828 г. дырэктар вучылішчаў Гродзенскай губерні вымушаны быў звярнуцца ў Міністэрства асветы з просьбай растлумачыць, чыім загадам падпарадкоўвацца — графа Л. К. Плятэра, дырэктара дзяржаўных маёмасцяў у Царстве Польскім і былога візітатара Віленскага ўніверсітэта, ці 28-гадовага цэнзара В. І. Сянкоўскага. Першы прадпісваў захаваць „былы парадак» у выкладанні у духоўных вучылішчах Віленскай навучальнай акругі, а другі патрабаваў, „каб усе прадметы выкладаліся на рускай мове з самых ніжэйшых класаў». Цікава, што у адказе Міністэрства пазначалася: „…дазволіць выкладанне навук у ніжэйшых класах на польскай мове ў тых толькі вучылішчах, дзе вучні не здолеюць разумець выкладанне на рускай мове»[19].

Другі прыклад — сітуацыя са звесткамі пра ўвядзенне канстытуцыі ў Царстве Польскім. Мясцовыя ўлады канфіскавалі варшаўскія газеты з тэкстам „нелепой» канстытуцыі і нумар „Літоўскага кур’ера» з паведамленнем пра прыняцце канстытуцыі ў Царстве Польскім. Калі ж М. Агінскі паведаміў пра гэта Аляксандру І, імператар адказаў: „Нічога пра гэта не ведаю… здзіўлены той таямніцай, якую робяць у Вільні з існавання Каралеўства, пра што ўся Еўропа ведае»[20].

У дадатак да Варшавы і Пецярбурга, Вільня і Віленская навучальная акруга даволі доўгі час (гэта тычыцца, перш за ўсё, перыяду папячыцельства А. Чартарыйскага; 1803-1823 г.) таксама была ўплывовым цэнтрам, дзе вяліся актыўныя дыскусіі паміж „лібераламі» і „абскурантамі»[21]. Менавіта існаванне гэтага цэнтра стварала спрыяльныя ўмовы для кшталтавання „беларуска-літоўскай грамадскасці»[22], што замацоўвала ўяўленні пра беларускія землі як пра „асобны» край, які не з’яўляецца ні польскім, ні рускім. Так, у 1823 г. пад час следства па справе студэнцкіх гурткоў М. Навасільцаў адзначаў, што пад словам „прыхільнасць да краю» разумелася не „прыхільнасць да Расійскай імперыі наогул, а толькі да губерняў, якія складалі Віленскую[23] навучальную акругу»[24]. Сведчаннем „цэнтраімклівых» тэндэнцый у краі можна лічыць і зварот мінскага дваранства да Камітэта міністраў у 1824 г. з просьбай пра тое, каб „Мінская губерня была даручана кіраванню Літоўскага ваеннага губернатара, з прычыны блізасці да горада Вільні і роднасных сувязяў мінскага дваранства з літоўскім, а таксама таму, што маладое пакаленне атрымлівае адукацыю ў Віленскім універсітэце»[25].

У другой палове 1820-х г., пад час папячыцельства навучальнай акругі М. Навасільцавым, які меў значны ўплыў на імператара і карыстаўся часам большай самастойнасцю ў дзеяннях, чым „заходнія» ваенныя і цывільныя губернатары, пазначаная вышэй рознаскіраванасць ўладных уплываў змяншалася. Адбывалася гэта не ў апошнюю чаргу дзякуючы намаганням самога папячыцеля, які даказваў, што „калі ў добраўпарадкаванай дзяржаве здаровая палітыка не дазваляе ўсталявацца statio in statu, то тым больш не можа быць цярпімай patria in patria»[26].

Барацьба прапольскіх і прарасійскіх тэндэнцый праяўлялася, перш за ўсё, у стаўленні да магчымасці далучэння „літоўскіх» правінцый да Царства Польскага і, такім чынам, мела выразна палітычны характар. Як ужо адзначалася, частка насельніцтва спадзявалася на далучэнне да канстытуцыйнай Польшчы — „будзем злучаныя з нашымі братамі, станем палякамі»[27]. Арыстакраты (С. Урсыннямцэвіч, А. Чартарыйскі і інш.) спадзяваліся на ўсталяванне уніі Царства Польскага і Расійскай імперыі, у выніку чаго літоўскія губерні сталі б часткай Польшчы[28]. Былі і тыя, хто выступаў (па розных, аднак, прычынах) супраць далучэння да Польшчы. Пазіцыю „прарасійскай партыі» выказаў прафесар Полацкай езуіцкай акадэміі І. Гласко, рэагуючы на „патры-ятычныя настроі» студэнтаў адносна далучэння да Польшы. „Тут не Польшча, а Расія», — папярэджваў ён[29]. „Не надта жадалі далучэння да Польшчы» і „ліцвіны”, пра што пісаў у адным з лістоў да А. Чартарыйскага С. Урсыннямцэвіч[30]. Тлумачэнне гэтаму можна знайсці ў даследчыка гісторыі ўніяцкай царквы П. Баброўскага, пляменніка М. Баброўскага. „Пасля Венскага кангрэса у заходніх губернях утварылася малавядомая партыя, якая мела на чале некаторых прафесараў Віленскага ўніверсітэта, якія больш ахвотна хацелі б аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага, а не аб’яднання Літвы і Валыні з былой Каронай; гэта нязначная па колькасці сваіх членаў партыя марыла пра адраджэнне беларускай мовы, на якой быў выдадзены першапачатковы Літоўскі статут, які заставаўся яшчэ ў сіле»[31].

У кантэксце гэтых тэндэнцый значны ўплыў на палітычную сітуацыю ў рэгіёне аказвалі сенатары А. Чартарыйскі і М. Навасільцаў. А. Чартарыйскі, як ужо адзначалася, быў прыхільнікам ідэі дынастычнай уніі Польшы і Расіі, а ў часы папячыцельства (1803-1823) спрыяў лібералізацыі сітуацыі ў заходніх губернях[32]. М. Навасільцаў, які быў дарадцам намесніка аўтаномнага Царства Польскага (1821-1823) і папячыцелем Віленскай навучальнай акругі (1824-1830), паслядоўна праводзіў рэпрэсіўную палітыку, перш за ўсё — адносна прапольскі настроеных падданых. Гэта адзначалася нават у справаздачах ІІІ аддзялення Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі. „Ніякага правасуддзя… Улада застаецца там у руках суб’ектаў, якія ўзвысіліся толькі за кошт хабарніцтва…. Ніводнае манаршае дабрадзейства не распаўсюдзілася на гэтыя правінцыі», — дакладваў фон Фок у 1827 г.[33]. Пазіцыі М. Навасільцава ўмацаваліся з уступленнем на трон Мікалая І, які каранаваўся польскім каралём у Варшаве толькі ў 1829 г. Канстытуцыя Польшчы да гэтага часу ўжо была значна „ўрэзаная», пра пашырэнне тэрыторыі Царства Польскага гаворка ісці не магла. Надзеі на далучэнне „літоўскіх губерняў» да Царства Польскага і вага „варшаўскага цэнтра» істотна паменшыліся. Узмацненне ўздзеяння імперскага цэнтра засноўвалася на паступовым упарадкаванні адміністрацыі і бюракратычнага апарату, падпарадкаваных Пецярбургу. Вільня ва ўсё большай ступені набывала агульнаімперскія рысы як падпарадкаваны Пецярбургу рэгіянальны адміністрацыйны цэнтр.

Эвалюцыя прынцыпаў імперскага кіравання

Найбольш істотна паўплываў на палітычную сітуацыю ў 1815-1830 г. на беларускіх землях працэс эвалюцыі прынцыпаў дзяржаўнага кіравання, які можна пазначыць як пераход ад саслоўна-карпаратыўнага праўлення да тэрытарыяльна-адміністрацыйнай палі-цэйскай дзяржавы[34]. Гэты працэс быў уласцівы для ўсіх краін Еўропы ў XVIII cт., а ў Расійскай імперыі спалучаўся з імкненнем да ўніфікацыі „далучаных» і заваяваных перыферый з імперскім цэнтрам. У шматлікіх дакументах камітэтаў і саветаў, якія ствараліся Аляксандрам І, пазначалася, што „яго Імператарская Вялікасць» звяртала асаблівую ўвагу на „тую частку паліцыі, якая мае сваёй мэтай захаванне ўсеагульнага спакою і цішыні грамадзян і палягчэнне народнага продовольствия»[35]. На працягу дзесяцігоддзяў пас-ля заканчэння ваенных дзеянняў на беларускіх землях Камітэт міністраў разглядаў справы аб сельскіх магазінах, барацьбе з голадам і агульным збядненнем. Так, у 1821 г. дваранства Віцебскай і Магілёўскай губерняў прасіла спыніць спагнанне падаткаў ці збор за вінакурэнне, вывесці войскі, закупіць і раздаць хлеб ад казны сялянам і ссуды памешчыкам[36]. У 1823 г. нават адбылося спецыяльнае паседжанне Камітэта міністраў з запрашэннем магілёўскага (В. Галынскі) і віцебскага (М. Хаванскі) губернатараў наконт стану сялян у гэтых губернях. У выніку было вырашана ўскласці на мясцовыя ўлады абавязак нагляду за харчаваннем сялян і стварыць дабрачынныя таварыствы[37]. Са снежня 1816 г. на беларускіх землях дзейнічала Ліквідацыйная камісія, якая займалася кампенсацыяй армейскіх рэквізіцый. У склад камісіі ўваходзілі губернатар, віцэ-губернатар, пракурор, губернскі маршалак і чыноўнік правіянцкага штату[38].

Другое вымярэнне працэсаў, якія адбываліся ў Расійскай імперыі ў сувязі з фармаваннем паліцэйскай дзяржавы — гэта пераход ад кіравання тэрыторыяй, на якой „людзі і рэчы былі пераменнымі велічынямі», да   эканомікі   кіравання   —   „правільнага   спосабу распараджэння людзьмі і рэчамі»[39]. Кіраванне ў гэтым кантэксце, як пісаў М. Фуко, значыла „прымяненне і ўсталяванне эканоміі на ўзроўні ўсёй дзяржавы», што азначала прымяненне ў адносінах да паводзінаў яго жыхароў такога ж пільнага нагляду, што і ў адносінах да іх дома і маёмасці»[40]. Насельніцтва як аб’ект дзяржаўнага кіравання ўяўлялася складана дыферэнцаванай рэальнасцю, якая патрабавала арганізацыі і ўпарадкавання. Такім чынам, кіраванне як такое ўсё больш звязвалася з рознымі тэхнікамі кантролю, умя-шальніцтва, мадыфікацыі, „спасціжэння насельніцтва у прасторы і часе»[41]. На практыцы, у палітычнай рэальнасці гэта азначала (1) развіццё адміністрацыйнага механізму; (2) кіраванне на „навуковых падставах» статыстыкі і камералістыкі[42], (3) меркантылізм як эканамічную стратэгію.

Між тым, імперcкія ўлады мелі няшмат ведаў пра насельніцтва беларускіх земляў. Так, А. Самусік адзначаў, што ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. расійская адміністрацыя не вельмі добра ўсведамляла стан мясцовай асветы[43]. А. Філатава, аналізуючы нацыянальнае пытанне і палітыку царскага ўрада ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст., пісала: „Малавядомы быў расійскім уладам і яўрэйскі народ, а яшчэ менш — яго рэлігія»[44].

Не лепш арыентаваліся „цэнтральныя ўлады» і ў агульных пытаннях нацыянальна-канфесійнага стану[45]. „Нацыя» жыхароў заходніх губерняў часта вызначалася ў адпаведнасці з былым падданствам (жыхар былой Рэчы Паспалітай, Польшчы — паляк, жыхар былога ВКЛ, Літвы — літовец / ліцвін)[46]. Універсальным жа крытэрыем для ўладаў было веравызнанне, паводле якога, у адрозненне ад этнічных літоўцаў-каталікоў беларусы падзяляліся на „палякаў”/„літоўцаў» (каталікі, уніяты, кальвіністы) або „рускіх» (праваслаўныя, стараверы)[47]. Такое вызначэнне „замацоўвала» памяць пра страчанае падданства і разам з тым наяўнасць розных лаяльнасцяў і не магло стаць падмуркам для эфектыўнай інкарпарацыі тэрыторыі „заходніх губерняў» і ўніфікацыі адміністрацыі (ці паліцыі ў пазначаным вышэй сэнсе слова). Гэта адлюстроўвалася ў зменах адміністрацыйнага падзелу тэрыторыі (губерні, навучальныя акругі), хістаннях адносна захавання асобных палажэнняў статута ВКЛ, „разбору шляхты», рэгламентацыі канфесійнай і моўнай сітуацыі. Відавочна, што такі стан не спрыяў стабілізацыі палітычнай сітуацыі і спараджаў шмат супярэчнасцяў.

Важным для імперскіх уладаў было вывучэнне і „ўладкаванне стану» сялян і дробнай шляхты, якія складалі большасць на беларускіх землях і, у дадатак, больш за іншых пацярпелі ад рэквізіцый пад час ваенных дзеянняў. Саслоўная стратыфікацыя выкарыстоўвалася у дзяржаўнай палітыцы для вызначэння месца і ролі падданых у сістэме палітыка-прававых сувязяў з дзяржавай праз усталяванне правоў, абавязкаў і прывілеяў для асобных катэгорый насельніцтва — усё гэта было важным інструментам забеспячэння кіравання грамадствам[48]. Трэба адзначыць, што ў дадзены перыяд саслоўная стратыфікацыя ў імперыі не была завершана: заканадаўства, якое яе рэгламентавала, у 1815-1830 г. дэталізавалася і дапаўнялася. Больш выразнае юрыдычнае афармленне саслоўнай структуры адбылося толькі ў 1830-я г. („Законы пра станы» у IX томе „Збору законаў Расійскай імперыі» 1832 г. і яго выданнях 1842 і 1857 г.). Такім чынам, сістэматызаваная форма — строга вызначаныя правы і абавязкі ў эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай і іншых сферах, канкрэтны статус падданага ў паліцэйскай дзяржаве — склалася значна пазней. Аднак спробы ўзяць пад кантроль колькасць шляхецкага саслоўя на беларускіх землях рабіліся расійскімі ўладамі ўжо ў першыя гады пасля „далучэння». У 1800 г. улады вызначылі шляхце двухгадовы тэрмін для падачы на разгляд дакументаў пра дваранскае паходжанне у дваранскія дэпутацкія сходы. У 1816 г. па губернях быў разасланы загад выяўляць і прыпісваць у склад падатковых катэгорый асоб, якія незаконна карысталіся дваранскімі прывілеямі. У 1826 г. тых, хто па V (1795 г.) ці VI (1811 г.) рэвізіях быў запісаны ў складзе падатковых катэгорый, а па VII (1815 г.) ужо лічыўся шляхтай, вярталі ў аклад[49]. У 1828 г. было прынята рашэнне пра абавязковае зацвярджэнне герольдыяй рашэнняў камісій дваранскіх сходаў, якія прызнавалі дваранства, а таксама быў створаны камітэт для напісання правілаў правядзення рэвізій дзейнасці дваранскіх сходаў, што меў „дакладна вызначыць сапраўдныя дваранскія роды»[50]. Але ж імперскія ўлады па-ранейшаму імкнуліся больш даведацца пра сучасны стан шляхты. У 1829 г. было вырашана стварыць спецыяльную камісію для складання палажэння пра шляхту ў губернях, „далучаных ад Польшчы», якая пачала працу са збору звестак пра лад жыцця дробнай шляхты[51]. Такім чынам, у 1815-1830 г. „разбор шляхты» разглядаўся як адміністрацыйна-судовая працэдура ўладкавання прыватных спраў.

Іншы характар мела ў 1815-1830 г. „сялянскае пытанне», хаця тут абмеркаванні не набылі яшчэ такой палітычнай вастрыні, як у 1850-я г. Ініцыятыва ў яго пастаноўцы належала імперскаму ўраду і мела прамое дачыненне да згаданай вышэй трансфармацыі практык імперскага кіравання ў бок паліцэйскай дзяржавы. Як вядома, на працягу 1816-1819 г. Аляксандрам І былі падпісаныя ўказы пра скасаванне прыгону у Эстляндскай, Курляндскай і Ліфляндскай губернях. Разам з тым, імперскі ўрад прапанаваў абмеркаваць пытанне адмены прыгоннага права на дваранскіх сходах, у тым ліку — і ў заходніх губернях. Дыскусіі на дваранскіх сходах вяліся вельмі гарачыя, але ў красавіку 1818 г. выйшаў царскі рэскрыпт генерал-губернатару А. Рымскаму-Корсакаву, дзе Аляксандр І выказваў незадавальненне тым, што шляхта перайшла межы, прадпісаныя „памяркоўнасцю, халоднай крывёю і правам», патрабаваў зрабіць „найсуровейшыя» вымовы „прадвадзіцелям дваранства» і шкадаваў з нагоды няўдзелу ў сходзе губернатара князя Кс. Друцкага-Любецкага, які знаходзіўся ў гэты час у Вільні. Разам з тым, манарх ухваліў намеры шляхты і даручыў А. Рымскаму-Корсакаву сабраць меркаванні шляхты з дапамогай губернскіх і павятовых маршалкаў[52]. Пра дыскусіі на сходах Аляксандру І паведамляў і беларускі ваенны губернатар А. Вюртэмбергскі, пасля чаго ў лютым 1819 г. быў выдадзены рэскрыпт на яго імя адносна стварэння яшчэ аднаго камітэта па гэтым пытанні. Праект, выпрацаваны камітэтам, генерал-губернатар А. Хаванскі у 1824 г. падаў імператару. Аднак толькі ў 1829 г. справу разгледзеў Дзяржаўны Савет, а потым яе накіравалі зноў на губернскі ўзровень[53]. Такім чынам, пытанне было аддадзенае пад нагляд адміністрацыі і вырашалася, ізноўтакі, адміністрацыйна-паліцэйскім парадкам, пра што сведчыць шэраг сенацкіх указаў[54].

Адным з важных аспектаў агульнай сітуацыі на беларускіх землях былі канфесійныя пытанні, якія закраналі ўсе слаі тагачаснага насельніцтва[55]. Трэба, аднак, адзначыць, што яны не сталі вызначальнымі для палітычнай сітуацыі на беларускіх землях у 1815-1830 г. Галоўным для Пецярбурга ў гэты час была кадыфікацыя прававых нормаў дзейнасці розных канфесій у адпаведнасці з расійскім заканадаўствам. Пры гэтым спробы царскага ўрада абмежаваць адміністрацыйныя паўнамоцтвы папы рымскага і ордэнскіх генералаў не вельмі турбавалі дваран-каталікоў[56]. Да 1825 г. імперская палітыка была палітыкай неўмяшальніцтва. На спрэчныя міжканфесійныя пытанні ўлады рэагавалі, галоўным чынам, указамі[57]. Толькі ў канцы 1820-х г. пачалі рабіцца крокі да ліквідацыі ўніяцкай царквы[58]. Тое ж можна сказаць і пра сітуацыю з забаронай у 1820 г. дзейнасці езуітаў у Расійскай імперыі. Вырашальнымі тут былі ўплывы езуітаў на імператараў (П. Грубер і Павел І, Аляксандр І і Ж. дэ Местр), знешнепалітычная сітуацыя (пагаршэнне адносінаў з Аўстрыяй, пад уплывам якой знаходзіўся ў той час рымскі папа) і асабістая варожасць магілёўскага архіепіскапа С. Богуш-Сестранцэвіча[59].

Моўная сітуацыя ў 1815-1830 г. таксама не набыла яшчэ той ступені палітызацыі, якая стала характэрнай для яе ў пазнейшы перыяд. Яшчэ ў часы Кацярыны ІІ было вырашана перакласці расійскія падручнікі для першага і другога класаў вучылішчаў на польскую і надрукаваць іх на абедзвюх мовах[60]. У адпаведнасці з дадатковымі пунктамі статута сярэдніх і ніжэйшых навучальных устаноў для Беларускай навучальнай акругі (1829) прадпісвалася „навучаць Закону Божаму для кожных веравызнанняў і на мясцовай мове»[61]. Нават перапынкі ў вучобе ў сувязі са святамі прызначаліся па двух календарах — рускаму / праваслаўнаму і польскаму / каталіцкаму[62]. Польская мова ў пэўнай ступені панавала ў грамадскай, адукацыйнай і нават адміністрацыйнай сферах, асабліва на той частцы беларускіх земляў, дзе існавала развітая сетка навучальных устаноў. Так, у першай трэці ХІХ ст. у „паўночна-заходніх губернях» было надрукавана толькі 16 кніг на рускай мове, што складала 2% ад агульнага ліку выданняў[63]. Разам з тым, адчуваўся недахоп чыноўнікаў, якія б валодалі рускай мовай і маглі ажыццяўляць рускае справаводства. Менавіта на вырашэнне гэтай праблемы былі накіраваны асноўныя намаганні ўладаў. Толькі пасля паўстання 1830-1831 г. імперскі ўрад пачаў праводзіць рашучыя дзеянні па распаўсюджванні рускай мовы сярод насельніцтва[64].

Праблемы адукацыі ў 1815-1830 г. набывалі істотны характар для грамадства не столькі як фокус канфлікту „паланізацыя versus русіфікацыя», колькі як сфера барацьбы з „абскурантамі» за дэмакратызацыю і секулярызацыю. З боку царскага ўрада галоўным напрамкам дзейнасці ў гэтай галіне стала ўніфікацыя сістэмы адукацыі на беларускіх землях[65].

Імкненне да кантролю над тэрыторыяй і насельніцтвам патрабавала ўдасканалення метадаў нагляду і ўвядзення новых адміністрацыйных інстытутаў і практык: у паліцэйскай дзяржаве ўлада станавілася рассеянай па ўсёй сацыяльнай прасторы і пераразмяркоўвалася ад адзінага цэнтра — да шматлікіх, якімі ў гэтым выпадку рабіліся дысцыплінарныя інстытуты[66]. Тут трэба згадаць стварэнне органаў паліцыі і жандармерыі, якія павінны былі наглядаць не так за насельніцтвам, як, перш за ўсё, за чынавенствам. Тыя ж прычыны абумовілі ўвядзенне ў 1827 г. штогадовых аб’ездаў губернатарамі ўсіх паветаў, гарадоў і прадстаўлення асабіста імператару аглядаў па выніках рэвізій. Былі ўсталяваны таксама спецыяльныя і дэталёвыя формы данясенняў імператару (з копіяй у Міністэрства ўнутраных спраў) пра стан органаў мясцовага кіравання, гаспадаркі, агульны стан губерняў[67]. Прымаліся меры і для ўладкавання справаводства, што засведчыў да-клад грамадзянскага губернатара пра стан рэчаў у Магілёўскай губерні (1830 г.)[68].

Істотныя змены адбываліся і ў рэгламентацыі цэн-зурнага нагляду ў Віленскай навучальнай акрузе. Як паказала С. Куль-Сяльверстава, да пачатку 1820-х г. цэнзурны нагляд, які ажыццяўляўся абранымі прафесарамі Віленскага ўніверсітэта, не ўспрымаўся як рэпрэсіўны[69]. Аднак з канца другога дзесяцігоддзя ХІХ ст. пачалося ўзмацненне цэнзуры як у Расійскай імперыі, так і ў Царстве Польскім, прычым галоўную ролю тут адыгрываў сенатар М. Навасільцаў. У 1819 г. быў забаронены продаж замежных кніг, у якіх не было пазначана месца выдання. У жніўні 1822 г. у падарожнікаў, што перасякалі кантрольную рысу з Царствам Польскім, адбіралі і перлюстравалі ў найбліжэйшай паштовай канторы замежныя газеты і лісты, якія яны везлі да трэціх асобаў. А у лістападзе Камітэт міністраў перадаў цэнзураванне замежных і мясцовых перыядычных выданняў генерал-губернатарам. Неўзабаве віленскі генерал-губернатар забараніў мясцовым жыхарам выпісваць замежныя газеты. У 1822 г. было забаронена выданне часопіса „Wiadomości Brukowe», на старонках якога якраз і аб-мяркоўваліся, хоць і вельмі асцярожна, пытанні свабоды друку. Разам з тым, да 1823 г., пакуль папячыцелем навучальнай акругі заставаўся А. Чартарыйскі і захоўваў паўнамоцтвы Віленскі цэнзурны камітэт, яшчэ часам заўважаўся „недазволены пропуск сачыненняў». Сітуацыя карэнным чынам змянілася, калі галоўным цэнзурным органам у 1823-1826 г. стаў камітэт, які ўзначальваў М. Навасільцаў[70]. Цікава, што ўжо ў 1825 г. быў адменены дазвол імператара публікаваць у „далучаных ад Польшчы губернях» адвакацкія рэчы і судовыя справы, які ў якасці выключэння і ў адпаведнасці з Літоўскім статутам быў дадзены дзякуючы намаганням А. Чартарыйскага ў 1818 г.[71].

У 1826 г. быў прыняты новы цэнзурны статут, паводле якога Віленскі цэнзурны камітэт хоць і падпарадкоўваўся па-ранейшаму папячыцелю і рэктару, складаўся з асобаў, прызначаных Міністэрствам народнай асветы, „абсалютна адданых і пакорных ураду»72. Статут 1826 г. вызначаў пасаду цэнзара як самастойную прафесію, „якая патрабуе пастаяннай увагі», як „цяжкую і важную, таму яна не магла быць злучаная з іншай пасадай»[73]. Забараняліся месцы ў творах і перакладах, „якія маюць падвойны сэнс, калі адзін з іх супярэчлівы па цэнзурных правілах», „усялякі гістарычны твор, дзе замахвальнікі на законную ўладу, што прынялі справядлівае па справах пакаранне, паказаныя ахвярамі, якія заслужылі лепшую долю»; што ўтрымліваюць „развагі, якія выяўляюць непрымальнае стаўленне да манархічнага кіравання». Забараняліся таксама медыцынскія творы, якія вялі да „паслаблення ў розумах нявопытных лю-дзей дакладнасці святых для чалавека ісцін»[74]. У выніку у 1827-1828 г. з амаль тысячы рукапісаў было дазволена надрукаваць толькі 470[75]. Трэці цэнзурны статут, які быў зацверджаны Мікалаем І у красавіку 1828 г., у меншай ступені рэгламентаваў друк і абмяжоўваў у пэўнай ступені самавольства цэнзараў[76]. Аднак гэта мала паўплывала на сітуацыю на беларускіх землях, паколькі „галоўнай інстанцыяй» у цэнзурных справах былі М. Навасільцаў і рэктар універсітэта В. Пелікан, якія вызначыліся асаблівай жорсткасцю пад час следства над удзельнікамі студэнцкіх гурткоў.

Пададзеная вышэй характарыстыка дзеянняў ім-перскай адміністрацыі ў галіне цэнзуры тлумачыць, чаму нават аўтары такога ліберальна арыентаванага выдання, як „Wiadomości Brukowe», не адважваліся публічна дыскутаваць пра цэнзурныя пытанні. Таму іх абмеркаванне заставалася прыватнай справай. Больш свабодна выказваліся адносна рэформы грамадзянскага права. Гэта тычылася перш за ўсё пытанняў „махінацый» у судзе, звязаных з эксдывізіяй (падзел маёмасці крэдыторамі), і патрабаванняў увесці больш эфектыўную меру — іпатэку[77]. Неадукаванасць суддзяў крытыкавалася як царскай адміністрацыяй, так і мясцовымі інтэлектуаламі[78].

У той жа час імкненне імперскай адміністрацыі да кантролю выяўлялася ў забароне самастойнай ініцыятывы, што замаруджвала фармаванне прасторы палітычнага, якая выходзіла б „за межы адміністрацыйнай палітыкі і інстытуцыяналізаванай сілавой палітыкі»[79]. Ніякая несанкцыянаваная дзейнасць не да-звалялася. Камітэт міністраў „пры выпадку заўсёды даводзіў дваранству, каб яно не выходзіла за межы, пастаўленыя яго ўладаю», а віленскаму губернатару, які дапусціў абмеркаванне на сходзе дваранства пытання пра вызваленне сялян ад прыгону, было даведзена, што „дваранства не мае права без дазволу начальства трактаваць прадмет такой важнасці»[80].

Гэта замацоўвала панаванне патрыярхальна-падданніцкай палітычнай культуры. Так, калі частка ўдзельнікаў згаданых вышэй дваранскіх сходаў у Віленскай губерні з цікавасцю абмяркоўвала магчымасці і спробы вызвалення сялян, большасць не хацела рабіць гэтага без санкцыі імператара. Адзін з дэлегатаў Ашмянскага павета на віленскім губернскім сходзе 1817 г. заявіў: „Не хачу браць удзел у дэбатах па гэтай справе…, пакуль не будзе абвешчана воля манарха, кожны крок лічу варожым і для краю шкодным»[81]. 13 студзеня 1817 г. грамадзянскі віцэ-губернатар Вільні М. Броэль-Плятэр даслаў ліст Аляксандру І, у якім інфармаваў пра дыскусіі на віленскім дваранскім сходзе, а такса-ма пра рашэнне стварыць камісію з 23 членаў (па два прадстаўнікі з паветаў Віленскай губерні і губернскага маршалка). Галоўнай тэзай гэтага ліста было тое, што падобная камісія дасць новыя магчымасці для „ўплыву энтузіястаў». Таму, па яго меркаванні, вельмі важным станавілася прызначэнне манархам спецыяльнай камісіі, якая б сабрала пажаданні шляхты. 27 лютага Аляксандр І атрымаў таксама рапарт ад віленскага ваеннага губернатара А. Рымскага-Корсакава, дзе чыноўнік адзначаў, што шляхта разумна карыстаецца сваімі прывілеямі для паляпшэння стану сялян[82]. На дваранскіх сходах 1818 г. у Гродне і Мінску таксама выявіліся розныя пазіцыі, якія тычыліся не адмены прыгону, а правамоцтва сходаў вырашаць такія пытанні. Напрыклад, павятовы маршалак Мінскай губерні А. Грыневіч адзначаў, што не трэба закранаць у дыскусіях пытанні высокай палітыкі: ёсць вялікая колькасць іншых важных пытанняў (рэкруцкая павіннасць, падаткі і г. д.). „Калі будзем размаўляць пра вольнасць селяніна… не можам не закрануць права ўласнасці, а затым і ўрада, які завем паліцыяй»[83]. І сапраўды, як адзначаў былы рэчыцкі маршалак К. Буйніцкі на публічным пасяджэнні сходу Дынабургскага павета, вызваленне сялян было вельмі важным крокам не само па сабе, а таму, што набліжала да „законнасвабоднага стану», які абяцаў Аляксандр І[84].

Уплыў рэвалюцыйных падзей у Еўропе і рэпрэсіі

Уплыў рэвалюцыйных падзей у Еўропе і рэпрэсіі супраць студэнцкіх гурткоў і іншых грамадскіх аб’яднанняў у паўночна-заходніх губернях былі яшчэ адной важнай дэтэрмінантай палітычнай сітуацыі на беларускіх землях у 1815-1830 г. Пасля падпісання мірнага дагавору 1815 г. Еўропа перажыла цэлы шэраг „хваляў рэвалюцый», якія істотна паўплывалі на сітуацыю на беларускіх землях[85]. Значнымі вехамі сталі еўрапейскія рэвалюцыйныя выступы 1817-1820 г. і паўстанне дзекабрыстаў у Расійскай імперыі. Менавіта гэтымі падзеямі было абумоўлена развіццё імперскага „политического сыска», асновы якога былі закладзены пад час войнаў з Напалеонам, а завяршальным этапам стала стварэнне у 1826 г. ІІІ аддзялення Уласнай Я. І. В. канцылярыі. Важна таксама адзначыць, што падзеі 1825 г., звязаныя ca спробай ваеннага перавароту ў Расійскай імперыі, справакавалі пільную ўвагу да мясцовага кіравання з мэтай больш эфектыўнай рэалізацыі прынцыпу „папячыцельства», г. зн. нагляду за падданымі імперыі. Разам з тым, на агульную сітуацыю значна ўплывала рэпрэсіўная палітыка Канстанціна Паўлавіча і М. Навасільцава у Царстве Польскім. Так, у 1816 г. М. Навасільцаў прапанаваў рэформу масонскіх ложаў, у выніку якой павінен быў паўстаць „вярхоўны савет», падкантрольны ўраду Царства Польскага. Гэты праект выклікаў шмат дыскусій у польскім масонстве і ў падпарадкаваных польскім вялікім ложам масонскіх арганізацыях паўночна-заходніх губерняў. З іншага боку, апазіцыя масонскай рэформе 1819 г. у многім спрыяла нараджэнню нацыянальнага палітычнага масонства, актыўная дзейнасць якога (В. Лукасінскі) прывяла да закрыцця у Польшчы масонскіх ложаў у 1821 г. За гэтым выйшаў загад Аляксандра І пра „знішчэнне масонскіх ложаў і ўсялякіх тайных таварыстваў» (жнівень 1822 г), паводле якога былі зачыненыя ложы і на беларускіх землях[86].

Рэпрэсіі супраць моладзевых гурткоў, якія ў значнай ступені змянілі сітуацыю ў „беларуска-літоўскіх губернях», таксама былі ў пэўнай ступені выкліканы знешнімі прычынамі. Асноўная — агульнаеўрапейская рэакцыя і рэпрэсп у краінах Свяшчэннага Саюза, звязаныя са студэнцкім рухам у Нямеччыне. На традыцыйным студэнцкім святкаванні гадавіны выступлення М. Лютэра каля замка Вартбург у Цюрынгіі ў кастрычніку 1817 г. прадстаўнікі ўсіх універсітэтаў выступілі супраць палітыкі рэстаўрацыі манархій і абвясцілі ідэю нямецкага адзінства. Гэта было ўспрынята ўрадамі краін — членаў Свяшчэннага Саюза як пачатак новай рэвалюцыйнай хвалі. Занепакоенасць расійскіх уладаў павялічылася пасля забойства ў красавіку 1819 г. нямецкага драматурга і публіцыста, расійскага агента А. фон Кацэбу, якога арганізатары Вартбургскага свята называлі душыцелем нямецкай свабоды. Яшчэ большую трывогу выклікала забойства нашчадка французскага трона герцага Берыйскага рамеснікам Л.-П. Лувелем (1820). Міністр замежных спраў Расійскай імперыі І. Ка-падыстрыя ўспамінаў, што гэтыя падзеі „падштурхнулі імператара бачыць і падазраваць усюды дзейнасць нейкага рэвалюцыйнага камітэта, які, як лічылі, рас-паўсюджваў з Парыжа сваю дзейнасць па ўсёй Еўропе з мэтай скінуць існыя ўрады і ўвесці ўласцівыя рэвалюцыі формы і дэспатызм. З той пары ўсе намаганні Міністэрства былі накіраваныя на тое, каб змагацца з гэтым пачаткам беспарадку і буянства»[87].

Гэтай сітуацыяй скарыстаўся М. Навасільцаў, каб адхіліць свайго даўняга суперніка князя А. Чартарыйскага. Пасля следства па справе студэнцкіх універсітэцкіх гурткоў 1822-1823 г., праведзенага пад наглядам М. Навасільцава, тайныя арганізацыі ў большасці спынілі сваё існаванне. У 1826 г. студэнтам было нават забаронена з’яўляцца ў публічных месцах. Тыя ўдзельнікі гурткоў, якія пазбеглі арыштаў, не былі асабліва актыўнымі, аднак стварылі, хоць і разрозненую, сетку кантактаў, якая ахапіла не толькі Царства Польскае і „заходнія губерні», але і цэнтральную частку імперыі. Арганізацыі „змоўшчыкаў» істотна не ўплывалі на палітычную сітуацыю на беларускіх землях. Як адзначала польская даследчыца А. Баршчэўска-Крупа, для гэтых гурткоў быў характэрны „палітычны ірацыяналізм», бо „палітычны гарызонт моладзі звужалі ў пэўнай ступені генетычныя чыннікі» — зварот да мінулага, нявызначаныя, хаатычныя ўяўленні, неразуменне рэальных палітычных механізмаў і г. д. У выніку на практыцы дзейнасць гурткоўцаў мела маральны, а не палітычны характар[88]. Разам з тым, асэнсаванне прычын рэпрэсій, „інфармацыя з Бельведэра і Пецярбурга» паступова ўдакладнялі палітычныя погляды моладзі[89], якая пачынала адыгрываць значную ролю ў кшталтаванні грамадскай думкі свайго часу.

Такім чынам, палітычная сітуацыя ў 1815-1830 г., асноўнымі дэтэрмінантамі якой былі працэсы ўсталявання на беларускіх землях імперскай палітычнай сістэмы, эвалюцыі прынцыпаў імперскага кіравання і рэакцыя на рэвалюцыйныя працэсы, была часам фармавання шэрагу супярэчнасцяў, якія ў той час мелі эканамічны ці адміністрацыйна-бюракратычны характар, часта правакаваліся знешнімі фактармі і не прыводзілі да гуртавання кансалідаванай палітычнай апазіцыі. Большасць праблем, за выключэннем імкнення пэўнай часткі грамадства беларускіх земляў да далучэння да Царства Польскага, артыкулявалася і вырашалася як адміністрацыйныя, а не як палітычныя (г. зн. „патрабаванні грамадства і канвертаванне [зварот] гэтых патрабаванняў у аўтарытэтную палітыку»[90]). Так, разбор шляхты „выпадаў» са сферы палітыкі, бо тычыўся дробных землеўласнікаў, якія не маглі непасрэдна ўдзельнічаць у працэсе прыняцця палітычных рашэнняў (у адрозненне ад былой Рэчы Паспалітай), і меў характар адміністрацыйнага ўпарадкавання стану саслоўя. Моўныя і канфесійныя чыннікі спараджалі пэўныя праблемы, але таксама яшчэ не палітызаваліся. Пытанне пра вызваленне сялян, якое набыло выразна палітычны характар у параўнальна шырокіх грамадскіх дыскусіях другой паловы 1850-х г., у 1815-1830 г. уяўлялася часткова як эканамічная праблема, а часткова — як неаб-ходнасць надання „правоў чалавека» прыгонным (адсюль, паміж іншым, і ўпэўненасць у справядлівасці вызвалення сялян без зямлі). Тагачаснае адукаванае грамадства „палітычнымі» лічыла праблемы далучэння да Польшчы, пытанні свабоды друку і цэнзуры, а таксама рэформу „цывільнага» (грамадзянскага) права[91]. Прычым адносна свабодна на працягу ўсяго перыяду магло абмяркоўвацца толькі апошняе пытанне. Дзейнасць патаемных гурткоў і арганізацый як такая не ўплывала на палітычную сітуацыю на беларускіх землях. Аднак следчыя працэсы ў дачыненні да іх, ініцыяваныя М. Навасільцавым, і рэакцыя імперскай улады на еўрапейскія рэвалюцыйныя працэсы ўзмацнілі рэпрэсіўныя тэндэнцыі.

Разам з тым, у гэты час ішоў працэс пераразмеркавання тыпаў арыентацый індывідаў і груп адносна палітычнай сістэмы і ўласнай ролі ў гэтай сістэме — тыпаў палітычнай культуры, у выніку якога вызначальнымі сталі патрыярхальна-падданніцкія настроі і палітычны максімалізм („патрыярхальны ўдзел»). Культура палітычнага ўдзелу часоў Рэчы Паспалітай, калі на сойміках шляхта магла абараняць свае мясцовыя інтарэсы перад цэнтральнымі ўладамі і вызначала памеры добраахвотнага падаткаабкладання, а таксама праз сваіх прадстаўнікоў магла ўдзельнічаць у абранні караля і нават яму не падпарадкоўвацца, адышла ў мінулае[92]: з часоў падзелаў змянялася ўжо другое пакаленне. Менавіта ў кантэксце гэтых працэсаў ішло фармаванне інстытутаў палітычнай сістэмы, усталёўваліся ўзаемаадносіны і ўзаемасувязі паміж суб’ектамі і гэтымі інстытутамі на той геаграфічнай прасторы, якая прыкладна праз стагоддзе стала тэрыторыяй суверэннай беларускай дзяржавы.


[1] Bogue A. G., Clubb J. M., Flanigan W. H. The new political history //American Behavioral Sciences. 1977. № 2. P. 202.
[2] Vandermeer Ph. The new political history: progress and prospects // Computers and the Humanities. 1977. № 5. P. 265.
[3] Benson L. Toward the scientific study of history: selected essays. Philadelphia, 1972; Дэбаш Ш. Уводзіны ў палітыку. Мінск, 1996.
[4] Hays S. American political history as social analysis. Knoxville, 1980. P. 381, 384-388
[5] Hays S. Оp. cit. P. 88-91, 98.
[6] Дегтярёв А. А. Основы политической теории. Москва, 1998. С. 70.
[7] Андреев С. С. Политическое время и политическое пространство // Социально-политический журнал. 1993. № 3. С. 29.
[8] Манжосов А. А. Политическая ситуация как объект политологического исследования: теоретические и прикладные аспекты: Дис.… канд. полит. наук: 23.00.02. Москва, 2003. С. 6.
[9] Симонов К. В. Политический анализ [Электронны рэсурс] Москва, 2002. Рэжым доступу: http://sbiblio.com/biblio/archive/ politihteskiyanalis/default.aspx. Дата доступу: 20.11.2011.
[10] Тамсама.
[11] Напэўна, больш карэктна трэба было б гаварыць пра адсутнасць гістарычных прац, прысвечаных комплекснаму аналізу гэтага перыяду.
[12] Улада тут разумееца ў шырокім сэнсе як „здольнаць ці магчымасць ажыццяўляць жаданае ўздзеянне на паводзіны аб’екта» (Коваль Б. И. Ильин М. В. Власть versus политика // Полис. 1991. № 5. С. 157).
[13] Дзюрасэль Ж.-Б. Еўропа з 1815 года да нашых дзён. Мінск, 1996. С. 102-103.
[14] Mościcki H. Projekt połączenia Litwy z Królestwem Polskim w okresie 1813-1830. Warszawа, 1921. S. 14.
[15] Тамсама. S. 112-113.
[16] Кодан С. В. Юридическая политика Российского государства (1800-1850-е г.): Дис.… д-ра юрид. наук: 12.00.01 [Электронны рэсурс]. Екатеринбург, 2004. Рэжым доступу: http://www. dissercat.com/content/yuridicheskaya-politika-rossiiskogo-gosudarstva-1800-1850-e-gg. Дата доступу: 20.11.2011; Раскин Д. И. Система институтов российской имперской государственности конца XVIII — начала XX вв. Автореф.дис. … докт. ист. наук: 12.00.01 [Электронны рэсурс]. С.-Петербург, 2006. Рэжым доступу: http ://www.dissercat.com/content/siste-ma-institutov-rossiiskoi-imperskoi-gosudarstvennosti-kon-xviii-nach-xx-vv-. Дата доступу: 20.11.2011.
[17] Историчекие сведения о цензуре в Росии. С.-Петербург, 1862. С. 19, 20, 33.
[18] Кузнецова А. В. Создание Белорусского учебного округа // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 2 / рэдкал. У. К. Коршук (адк. рэд.) і інш. Мінск, 2007. С. 136.
[19] Тамсама.
[20] Mościcki H. Op. cit. S. 10.
[21] Падрабязна пра гэта гл.: Chmielowski P. Liberalizm i obskurantyzm na Litwie i Rusi (1815—1823). Warszawa, 1898.
[22] Wiadomości Brukowe: wybór artykułów; wybrał i opracował ^dzisław Skwarczyński. Wrocław, 1962. S. XX.
[23] Тут важна мець на ўвазе, што тэрыторыя Віленскай навучальнай акругі не супадала з тэрыторыяй Віленскай губерні.
[24] Рапорт сенатора Новосильцова Его Императорскому Высочеству Государю Цесаревичу и великому князю Константину Павловичу // К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи. 1819—1823. Варшава, 1898. С. 70-71.
[25] Середонин С. М. К 100-летию Комитета Министров. Т. 1. С.-Петербург, 1902. С. 268.
[26] Тамсама.
[27] Moscicki H. Op. cit. S. 14, 15.
[28] Тамсама. S. 13.
[29] Тамсама. S. 14, 15.
[30] Тамсама. S. 13.
[31] Бобровский П. О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра І. С.-Петербург, 1890. С. 204—205. Падрабязна пра гэта гл.: Терешкович П. В. Этническая история Беларуси ХІХ — начала ХХ в. контексте Центрально-Восточной Европы. Минск, 2004. С. 68—69.
[32] Шолкович С. В. О тайных обществах в учебных заведениях Северо-Западного края при князе Адаме Чарторыйском // Заря. 1871. № 5. С. 65.
[33] Краткий обзор общественного мнения в 1827 г. // Красный архив. 1929. Т. 36. С. 156.
[34] Паліцыя пры гэтым разумелася як усеагульная форма дзяржаўнага рэгулявання ўсіх аспектаў чалавечага жыцця. Напрыклад, у паліцэйскіх статутах, якімі карысталіся дзяржаўныя чыноўнікі Францыі з пачатку XVIII ст., у сферу задач паліцыі ўваходзілі пытанні рэлігіі, маральнасці, здароўя, харчавання, кантролю за станам дарог, апекавання навукамі, гандлем, заводамі, работнымі людзьмі, беднякамі (Фуко М. Власть и тело // Интеллектуалы и власть: Избранные политические выступления и интервью. Москва, 2002. С. 374.). Больш за тое, „навука паліцыі» выкладалася ў гэты час як спецыяльная дысцыпліна. „Мастацтва кіравання» (Polizeiwissenshaft) вывучалася ў нямецкіх універсітэтах і ўключала такія тэмы, як тэрыторыя дзяржавы і яе насельніцтва (колькасць, рост, здароўе, смяротнасць, перамяшчэнне), маёмасць і эканамічная актыўнасць, паводзіны (прафесійныя здольнасці, павага да законаў). Пры гэтым адзначалася розніца паміж палітыкай і паліцыяй. Пад палітыкай разумелася прымяненне закона супраць унутраных ворагаў дзяржавы, а арміі — супраць знешніх ворагаў. Паняцце „паліцыя» тычылася рэгламентацыі і ўладкавання жыцця і паводзінаў насельніцтва дзяржавы (індывідаў) у інтарэсах агульнага, г. зн. дзяржаўнага дабра (Михель Д. Власть, управление, население: возможная археология со циальной политики Мишеля Фуко // Журнал исследований социальной политики. 2003. № 1. С. 99).
[35] Шильдер Н. К. Император Александр Первый. Его жизнь и царствование. С.-Петербург, 1897. Т. 2. С. 362.
[36] Середонин С. М. Op. cit. С. 177, 178, 182.
[37] Тамсама. 195-196.
[38] Тамсама. С. 246.
[39] Михель Д. Op. cit. С. 93-94.
[40] Тамсама. С. 97.
[41] Михель Д. Op. cit. C. 97-100.
[42] Камералістыка — спецыяльны цыкл адміністрацыйных і эканамічных дысцыплін, які выкладаўся ў еўрапейскіх універсітэтах, а з другой паловы ХІХ ст. — ва ўніверсітэтах Расійскай  імперыі;  прызначаўся  для падрыхтоўкі чыноўнікаў і кіраўнікоў буйных прыватных гаспадарак і ўключаў эканамічныя навукі (горная справа, лясная і сельская гаспадарка), геаграфічныя і іншыя звесткі.
[43] Самусік А. Ф. Становішча адукацыйнай справы на беларускіх землях у канцы XVIII — пачатку XIX ст. // Весці БДПУ. 2007. № 3. С. 4.
[44] Філатава А. М. Нацыянальнае пытанне і палітыка царскага ўраду ў Беларусі (канец XVIII — першая палова ХIХ ст. [Электронны рэсурс] // БГА. 2000. Т. 7. Сш. 1. Рэжым доступу: http://www.belhistory. eu/alena-filatava-nacyyanalnae- pytanne-i-palityka-carskaga-ŭradu-ŭ-belarusi-kanec-xviii-pershaya-palova-xix-st/. Дата доступу: 10.11.2011.
[45] Тамсама.
[46] Переписка с МВД, Гродненской врачебной управой и другими учреждениями о раздаче воспитанников Гродненского приказа общественного призрения на воспитание жителям городов и деревень ввиду отсутствия здания и плохого питания. 1825—1829 г. Цыт. па: Соркіна І. Адукацыя ў Гродне ў першай палове ХІХ ст. па матэрыялам фонда Канцылярыі Гродзенскага губернатара [Электронны рэсурс] //Гарадзенскі палімпсест. 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. ХV— ХХ ст. Гародня, 2009. Рэжым доступу: http://tinyurl. com/7mt3ptn. Дата доступу: 20.11.2011.
[47] Філатава А. Op. cit.
[48] Падрабязна пра гэтыя працэсы гл.: Філатава А. М. Саслоўная палітыка царскага ўраду ў Беларусі 1772—1860 // Гістарычны альманах. 2002. Т. 6. С. 56-84.
[49] Указ 8 июня 1826 г. О времени, с которого должны быть вводимы в оклад люди, неправильно причислившиеся к чиншевой шляхте // Полное собрание законов Российской империи. Собр. 2. Т. 1. № 397.
[50] Указ 6 февраля 1828 г. О дворянских свидетельствах и документах, представляемых от недорослей из дворян и других свободного состояния людей, при определении их в военную службу // Полное собрание законов Российской империи. Собр. 2. T. 3. № 1773; Указ 12 февраля 1828 г. Об учреждении при Сенате комитета, для начертания правил о том, каким образом удобнее произвести ревизию действий дворянских собраний и положительно определить настоящие дворянские роды // Полное собрание законов Российской империи. Собр. 2. Т. 3. № 1806.
[51] Указ 22 июня 1829 г. Об учреждении комиссии для составления положения о шляхте, находящейся в присоединённых от Польши губерниях // Полное собрание законов Российской империи. Собр. 2. Т. 4. № 2948.
[52] Сборник исторических материалов, извлеченных из Архива Собственной Е. И. В. канцелярии. С.-Петербург, 1890. Вып. 5. С. 270.
[53] Семевский В. И. Крестьянский вопрос в России в XVIII и первой половине XIX в. С.-Петербург, 1888. Т. 1. С. 465-466.
[54] Полное собрание законов Российской империи. Собр. 1. Т. 31. № 24525; Т. 35. № 27316; Філатава А. М. Саслоўная палітыка царскага ўраду ў Беларусі 1772—1860 // Гістарычны альманах. 2002. Т. 6. С. 81.
[55] Гісторыя Беларусі. Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.). Мінск, 2005. С. 125.
[56] Филатова Е. Н. Конфессиональная политика царского правительства в Беларуси 1772-1860. Минск, 2006. С. 178-179; Ганчарук І. Становішча і арганізацыйная структура рымска-каталіцкага касцёла на Беларускіх землях у складзе Расійскай імперыі (1772—1830 г.) // Гістарычны альманах. 2002. Т. 6. С. 97-116.
[57] Филатова Е. Н. Op. cit. С. 178.
[58] Филатова Е. Н, Яновская В. В. Изменение статуса и укрепление православной церкви в Беларуси (конец XVIII — начало XX в.) // Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця: Матэрыялы рэспуб. навук. канф. Ч. 2. Гродна, 2003. С. 9.
[59] Лиценбергер О. А. Римско-католическая церковь в России: история и правовое положение. Саратов, 2001. С. 77—78.
[60] Белецкий А. Исторический обзор деятельности Виленского учебного округа в первый период его существования 1803-1832. Отдел Учебные заведения Витебской и Могилевской губерний. Вильна, 1908. С. 25.
[61] Кузнецова А. В. Op. cit. С. 137.
[62] Тамсама.
[63] Умецкая Е. С. Книгопечатание Белоруссии в первой трети XIX в. (1801-1832). Минск, 1977. С. 118; Кузняева С. А. Русская книга в Белоруссии конца XVIII — середины ХІХ в. // Книга в Белоруссии. Книговедение, источники, библиография. Минск, 1983. С. 7.
[64] Коряков Ю. Б. Языковая ситуация в Белоруссии и типология языковых ситуаций [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://lingvarium.org/linggeo/belarus/belorus.pdf. Дата доступу: 20.11.2011.
[65] Ревизия пpофессоpом Сенковским Белоpусских училищ в 1826 году // Жуpнaл Министеpствa Нapодного Пpосвещения. 1872. № 5. С. 72-76; Самусік А. Ф. Становішча адукацыйнай справы на беларускіх землях у канцы XVIII — пачатку XIX ст. // Весці БДПУ. 2007. № 3. С. 3-7; Белецкий А. Исторический обзор деятельности Виленского учебного округа в первый период его существования 1803—1832. Отдел Учебные заведения Витебской и Могилевской губерний. Вильна, 1908; Кузнецова А. В. Op. cit. С. 135—139; Куль-Сяльверстава С. Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур. Фарміраванне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова XVIII ст. — 1820-я гады). Мінск, 2000.
[66] Михель Д. Op. cit. С. 93.
[67] Игнатов В. Г. История государственного управления России [Электронны рэсурс] 2002. Рэжым доступу: http://sbiblio.com/ biblio/archive/istorijagosudarstvennogoupravlenijarossii/08. aspx#ftn23. Дата доступу: 20.11.2011.
[68] Кропотов Д. А. Жизнь графа М. Н. Муравьева в связи с событиями его времени. С.-Петербург, 1874. С. 249.
[69] Куль-Сяльверстава С. Расейская цэнзура ў Беларусі. 1795-1830 // Гістарычны альманах. 2002. Т. 6. С. 52.
[70] Куль-Сяльвестрава С. Расейская цэнзура ў Беларусі. 1795— 1830. С. 52-53.
[71] Сборник постановлений и распоряжений по цензуре с 1820 по 1862 год. С.-Петербург, 1862. С. 123.
[72] Beauvois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskih. T. 1. Rzym — Lublin, 1991. S. 173.
[73] Сборник постановлений и распоряжений по цензуре. С. 128.
[74] Тамсама. С. 165-174.
[75] Куль-Сяльвестрава С. Op. cit. С. 54; Beauvois D. Op. cit. S. 175.
[76] Сборник постановлений и распоряжений по цензуре. С. 311— 409.
[77] Wiadomości Brukowe: wybór artykułów; wybrał i opracował Z. Skwarczyński. Wrocław, 1962. S. LII.
[78] Тамсама; Токць С. Шляхецкае самакіраванне ў Гродзенскай губерні (пачатак ХІХ ст. — 60-я гады ХІХ ст.) // Białoruskie Zeszyty Historyszne. 1997. № 1. S. 9.
[79] Хабермас Ю. Что такое „политическое». Рациональный смысл сомнительного наследия политической теологии [Электронны рэсурс] // Русский журнал. 24.08.11. Рэжым доступу: http://russ.ru/Mirovaya-povestka/CHto-takoe-politicheskoe. Дата доступу: 21.11.2011.
[80] Середонин С. М. Op. cit. С. 268.
[81] Mościcki H. Op. cit. S. 28.
[82] Тамсама. S. 30-31.
[83] Тамсама. S. 33-34.
[84] Тамсама.
[85] Адразу пасля абвяшчэння ў сярэдзіне лістапада 1830 г. незалежнасці Бельгіі Мікалай І аддаў загад пра прывядзенне ў баявую гатоўнасць войскаў, якія знаходзіліся ў заходніх губернях і ў Польшчы; Прусія засяродзіла свае сі-лы ўздоўж Рэйна, Аўстрыя — у межах Швейцарыі і Італіі. Пытанне пачатку вайны было, па сутнасці, вырашана. Паўстанне, якое пачалося ў Варшаве ў канцы лістапада 1830 г., змяніла планы Пецярбурга, прымусіла расійскі ўрад, а з ім — Прусію і Аўстрыю засяродзіць свае высілкі на яго падаўленні, а небяспека ўвядзення войскаў на тэрыторыю Бельгіі была адхіленая.
[86] Сакалова М. А. Масонства як сацыяльна-культурная прак тыка XVIII—XIX ст. // Вольныя муляры ў беларускай гісторыі: канец ХVІІІ — пачатак ХХ ст. Вільня, 2005. С. 27-37.
[87] Записка графа Иоанна Каподистриа о его служебной деятельности // Сборник русского исторического общества. Т. 3. С.-Петербург, 1868. С. 250-251.
[88] Barczewska-Krupa А. Generacja powstańcza 1830-1831: o przemianach w świadomości Polaków XIX wieku. Łódź, 1985. S. 81-82.
[89] Тамсама. S. 78-81.
[90] Алмонд Г., Верба С. Гражданская культура и стабильная демократия // Политические исследования. 1992. № 4. C. 29.
[91] Wiadomości Brukowe: wybór artykułów. S. LII.
[92] Філатава А. М. Салоўная палітыка царскага ўраду ў Беларусі 1772-1860 г. С. 58.

Наверх

Тэгі: