Poznań — Wilnu. Studia historyków w roku tysiąclecia Państwa Litewskiego / Pod red. ZBYSŁAWA WOJTKOWIAKA. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2010. 272 s.
Гэтая кніга вучыць, што да ланцужка, які віртуальна яднае сталіцы Вялікай Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага — Познань і Вільню, можна дадаваць усё новыя і новыя звёны, адкрываючы для сябе цудоўны свет скрыжавання чалавечых лёсаў. Ва ўступным слове рэдактар зборніка навуковых артыкулаў прафесар Збыслаў Вайтковяк паспрабаваў нанізаць іх ажно цэлы тузін. Але калі браць пад увагу традыцыі гістарыяграфіі, то Познань і Вільня перадусім будуць паяднаны адной асобай — прафесарам Генрыкам Лаўмяньскім. Выпускнік Кіеўскага ўніверсітэта, вучань Мітрафана Доўнара-Запольскага, ён узняў школу гісторыі Вялікага Княства Літоўскага на зусім новы ўзровень — як у Вільні, так і у Познані. Лаўмяньскі застаецца велічнай зоркай на небасхіле двух гарызонтаў — над барочнымі вежамі Кафедральнага сабора на востраве Тумскім і над каронай езуіцкага касцёла Святога Казіміра.
У складанні тома ўдзельнічалі такія знакамітыя даследчыкі Вялікага Княства Літоўскага, як Гжэгаж Блашчык, Ян Юркевіч, Марцэлі Косман, Ярaслаў Нікодэм, Кшыштаф Пяткевіч, Марыя Барбара Тапольска і Збыслаў Вайтковяк. Апошні і выступіў у якасці рэдактара выдання.
З прадмовы рэдактара вынікае, што зборнік паўстаў як замена т. зв. прысвечанай „тысячагоддзю Літвы» навуковай канферэнцыі, якая павінна была прайсці ў Познані ўвосень 2009 г., але, на жаль (у тым ліку і для аўтара гэтых радкоў), не адбылася. Зрэшты, мяркую, што гэтая акалічнасць, абумоўленая „ўплывам» узгаданага рэдактарам „крызісу», адгукнулася для чытачоў новай добрай калектыўнай працай аб асэнсаванні гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў сучаснай польскай гістарыяграфіі, своеасаблівым зрэзам традыцыі ўспрымання гэтай дзяржавы ў асобна ўзятай гістарычнай навуковай школе.
Аднак калі чытач шукае ў зборніку свежых адкрыццяў з гісторыі Вялікага Княства, ён не знойдзе нічога прынцыпова новага. Кніга складаецца з акадэмічных падсумаванняў асобных „топавых» праблем сярэднявечнай гісторыі ВКЛ. Сем тэм прадстаўлены рознымі па стылі артыкуламі, якія раскрываюць нам погляд польскай (дакладней, велікапольскай) школы гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, канцэнтруючы яе дасягненні за апошняе стагоддзе. Так, прысутнічаюць апісанні праблемы ab ovo: матэрыялы Г. Блашчыка „Сумесная вайсковыя дзеянні Польшчы і Літвы пры абароне паўднёва-ўсходніх ускраін абедзвюх дзяржаў (да 1569 г.)» і К. Пяткевіча „Пачаткі літоўскай дзяржаўнасці». Да гэтай групы ў некаторым сэнсе належыць і матэрыял Я. Нікодэма „Крэўскі акт і яго значэнне». Вельмі цікавыя біяграфічныя даследаванні пададзены Я. Юркевічам („Ежы Ахманьскі як даследчык жыцця і дзейнасці Міхала Ромера») і М. Косманам („Летапісец Віленскай Акадэміі. Над біяграфіяй Людвіка Пехніка»). Доктар М. Б. Тапольска звяртаецца да гендэрных даследаванняў у матэрыяле пад назвай «Становішча жанчыны з „народа шляхецкага» ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVIII ст.». І, нарэшце, матэрыял З. Вайтковяка «Паўночная мяжа Літвы ў Сярэднявеччы. „Limites Inter Litvaniam et Livonia» ад 1473 г.» — гэта, безумоўна, даследаванне, якое разгортваецца ў фарватары крыніцазнаўчай традыцыі.
Звернемся да асобных тэкстаў зборніка. Г. Блашчык прадстаўляе свой артыкул як даследаванне ў рэчышчы вайсковай гісторыі — стасункаў палякаў і ліцвінаў з такімі суседнімі краінамі, як Крымскае ханства, Малдавія і Асманская імперыя. Аўтар спрабуе вылучыць такія праблемныя блокі, як межы польскай і ліцвінскай дзяржаў з паўднёвымі суседзямі; пачатак супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў у ахове паўднёвай мяжы (да 1519 г.); далейшая дзейнасць у гэтым напрамку. Асобнай увагай аўтара ўзнагароджаны стараста барскі Бернард Прэтвіч (Bernard Pretwicz), адзначаны яго ўнёсак у арганізацыю сумеснай польска-ліцвінскай абароны межаў. У высновах Г. Блашчык падводзіць чытача да разумення сумеснай вайсковай дзейнасці Польшчы і Літвы на паўднёва-ўсходніх ускраінах дзяржаў у перыяд да 1569 г. як істотнага моманту пры рэалізацыі праекта будучай міждзяржаўнай уніі.
Навуковая постаць Ежы Ахманьскага ў матэрыяле Я. Юркевіча набывае нязвыклы для нас, амаль дэтэктыўны, вобраз. Артыкул дае магчымасць убачыць, як знаёмства з творчасцю выбітнай асобы часам перарабляе ўнутраны свет іншага творцы. Я. Юркевіч паказвае ўплыў „Дзённіка» Міхала Ромера на навуковыя зацікаўленні Ежы Ахманьскага; Вільня 60-х г. XX ст. раскрываецца перад намі як крыніца натхнення для інтэлектуалаў у іх творчым пошуку (параўнайце з побытам у Вільні ў 1964 і 1968 г. Уладзіміра Караткевіча, апісаным А. Мальдзісам у біяграфічным даследаванні „Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча»). І хоць са шматлікіх магчымых тэм сваёй навуковай працы Ежы Ахманьскі абярэ не персаналію, а „метадалагічна правільны” грамадска-палітычны рух, асоба М. Ромера, „апошняга грамадзяніна Вялікага Княства», будзе надаваць таямнічасць габілітацыйнай працы знакамітага ў будучым познанца. Аўтар матэрыялу раіць нам прыгледзецца да таго, што Е. Ахманьскі ў сваіх працах раскрывае шырокай грамадскасці асобу Ромера, як калісьці у 1963 г. Міхал Ромер праз свой „Дзённік» „раскрыў» Ежы Ахманьскаму Літву.
Біяграфічнае даследаванне зусім іншага кшталту ўяўляе сабой матэрыял М. Космана. Аўтар разважае над гісторыяй Віленскай навучальнай установы (Акадэмія — Універсітэт) і разам з тым імкнецца паказаць творчы шлях аднаго з гісторыкаў навучальнай установы, сябра Таварыства Езуса, Людвіка Пехніка. Прафесар Косман аналізуе працы Пехніка і іншых аўтараў яго часоў, спрабуючы праз гісторыю асобы Л. Пехніка паглядзець на сувязь і ўзаемаўплыў навучальнай установы і яе выпускнікоў. Нездарма артыкул заканчваецца згадкай пра яшчэ аднаго „віленчука» — вучня Г. Лаўмяньскага, польскага гісторыка Юліуша Бардаха.
Ярaслаў Нікодэм прапануе ўжо даволі распрацаваную ў навуцы тэму — „Крэўскі акт і яго значэнне». Цяжка сказаць штосьці новае, але можна і трэба перагледзець ужо сказанае — гэта візітная картка польскага даследчыка. Ён пачынае свой матэрыял з таго, што найноўшыя польская і літоўская гістарыяграфіі прымушаюць вяртацца да праблемы крэўскага акта, уважліва ставіцца да новых даследаванняў, бо ў навуцы адбываецца змена адносін да прадмета, што характэрна для кожнага новага пакалення даследчыкаў. У сваёй працы Я. Нікодэм аналізуе перыяд з 1386 да 1401 г., спыняючыся на „наступствах» уній (Крэўскай і Віленска-Радамскай), а не на тэрміналогіі — найменнях, якімі розныя аўтары-сучаснікі апісвалі адносіны паміж дзвюма дзяржавамі.
Наступны тэкст інтрыгуе сваёй паліткарэктнасцю ў дачыненні да партнёраў Польшчы і бескампраміснасцю да тых, хто знаходзіцца па-за межамі „еўраінтэграцыі». Матэрыял прафесара К. Пяткевіча на тэму „Пачаткі літоўскай дзяржаўнасці» распачаўся без вострых вуглоў і спрэчных сцверджанняў, уразіў зменай тэматычнага вектара і паступова перацёк у класічны ўніверсітэцкі курс па метадалогіі даследавання этнасаў у постсацыялістычнай усходнееўрапейскай навуцы. Аўтар у першай частцы тэксту падаў рэтраспектыву стварэння дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага ад найдаўнейшых часоў да ператварэння балцкага элемента ў літоўскі, а славянскага — у беларускі. У другой палове матэрыялу аўтар акадэмічнага выкладу — „лікбезу» па гісторыі ўтварэння этнасаў і дзяржаў ва Усходняй Еўропе — пераключыўся і на праблемы станаўлення беларускай нацыянальнай свядомасці, украінскай дзяржаўнасці часоў Багдана Хмяльніцкага, панавання марксісцка-сталінска-ленінскай метадалогіі ў разуменні фармавання беларускага народа. Нягледзячы на тое, што аўтар, без сумнення, эмацыйна, змяніў гендэрную прыналежнасць Фрыды Давыдаўны Гурэвіч (161), артыкул атрымаўся дастаткова цікавы. Ён, безумоўна, вылучаецца сярод астатніх прац гэтага зборніка сваёй беларуска-літоўскай скіраванасцю. Але ён будзе запатрабаваны бадай што толькі прадстаўнікамі двух названых этнасаў, народаў, нацый (калі іх носьбіты не заблытаюцца ў гэтых тэрміналагічных азначэннях).
Ні ў якім разе не хочацца зноў распачынаць безвыніковую палеміку на тэму стварэння дзяржаўнасці ВКЛ (у кантэксце сучасных нацый). Проста напрошваецца адна думка. Пры „падзеле» гісторыі Вялікага Княства ў сучаснай гістарыяграфіі ўсходнееўрапейскіх краін (я не кажу ні пра папулярызатараў, ні пра ідэолагаў, ні пра літаратараў) заўсёды ўзнікае адчуванне прысутнасці на судовым маёмасным працэсе. Тут унукі і ўнучатыя пляменнікі судзяцца з-за спадчыны дзеда, якога яны ніколі не бачылі, у доме якога ніколі не былі. Але кожная рэч трапляе пад ацэнку суддзі і размяркоўваецца на „маё» і „тваё». Вялікае Княства Літоўскае знікае разам са сваімі грамадзянамі ў няўмольным гістарычным працэсе, нараджае новыя нацыі і дзяржавы (ці — на гэтай тэрыторыі з’яўляюцца новыя дзяржаўныя фармаванні), якія змяняюць імя і „перахрышчваюцца» ў іншы палітычны лад. Нельга зводзіць прынцып гістарызму да прынцыпу падабенства найменняў. Ніхто не можа адмовіць нацыям у іх гісторыі. Гэта адзін з непарушных прынцыпаў дэмакратыі і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Іншая справа — свабода слова. Але навуковец або лектар павінен памятаць, што яго слова, як слова святара на амбоне, вельмі шмат важыць і ацэньваецца золатам грамадзянскай адказнасці.
Прафесар Зеленагурскага ўніверсітэта Марыя Барбара Тапольска, аналізуючы ролю жанчыны ў Вялікім Княстве Літоўскім, звяртае ўвагу на жаночы працэс пазнання. З аднаго боку, жанчына з гісторыі Княства раскрываецца нам як жонка і маці (велікакняскай ці магнацкай фаміліі), а з другога боку — як даследчыца мінуўшчыны (М. Багуцка, У. Аўгустыняк і інш.). Артыкул «Становішча жанчыны з „народа шляхецкага» ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVIII ст.» паказвае, што калі даследаванні ХІХ-ХХ ст. больш увагі аддавалі выкананню жанчынамі з Вялікага Княства сваіх гендэрных роляў, то канец ХХ ст. змяняе перспектыву аналізу становішча жанчыны, пераводзячы яго на ўзроўні ўплыву на агульнадзяржаўнае развіццё (роля вялікіх княгінь Боны Сфорца і Барбары Радзівіл), прававога становішча (на падставе даследавання статутнага права аўтар адзначае розныя магчымасці ліцвінак і полек у маёмасных і крымінальных справах у дзвюх дзяржавах), грамадзянскіх роляў жанчыны (фундаванне прыходаў розных хрысціянскіх канфесій), адукацыі (М. Б. Тапольска звяртае ўвагу на высокі ўзровень чытацкай актыўнасці магнатак Вялікага Княства, а Радзівілы нават былі уладальніцамі сваіх экслібрысаў у фамільных бібліятэчных зборах).
Матэрыял прафесара З. Вайтковяка «Паўночная мяжа Літвы ў Сярэднявеччы. „Limites Inter Litvaniam et Livonia» ад 1473 г.» прыемна вылучаецца сваім падыходам „case-study» ў арганізацыі тэксту. Ва ўводзінах аўтар уздымае пытанне, вельмі актуальнае ў сучасным святле візуальнага ўспрымання гістарычнай прасторы — маем назвы мясцовасці, але не маем іх адлюстравання на картах. (Для разумення праблемы ў гістарыяграфіі вельмі паказальныя працы заўчасна памерлага беларускага даследчыка, картографа Віктара Цемушава, прысвечаныя мяжы Вялікіх Княстваў Літоўскага і Маскоўскага ý XVXVI ст. — стварэнне ім карты, а не апеляцыя да віртуальна наяўных у дакументах тапонімаў прывяло да дакладных высноў аб пераразмеркаванні памежных земляў.) У першай частцы артыкула апавядаецца пра працэс засялення паўночных земляў Жамойці і Аўкштайціі ў Сярэднявеччы; традыцыі публікацыі і вывучэння акта літоўска-лівонскага размежавання 1473 г., сярод іншага, згадвае аўтар і пра арыгінал акта са збораў Літоўскай акадэміі навук. Другая палова тэксту прысвечана гістарычнаму працэсу размежавання, яго ўдзельнікам і дваістым вынікам праведзенай акцыі. Аўтар звяртае ўвагу на працэдуру і механізм вызначэння дзяржаўных межаў у 1473 г. Нарэшце напрыканцы аўтар падае „дэсерт» — адказ на пытанне, чаму акт называецца „радзівілаўскім». Тэкст трымае ў захапленні да апошняга абзаца адказу — як гэта ўмее і любіць рабіць пан прафесар.
Мінск
Андрэй Любы