КАЛЕЧЫЦ, ІННА Л. Эпіграфіка Беларусі X—XIV стст. Мінск: Беларуская навука, 2011. 271с.
Нарэшце і помнікі эпіграфікі на тэрыторыі Беларусі дачакаліся свайго даследчыка. Аўтар манаграфіі „Эпіграфіка Беларусі X-XIV стст.» І. Калечыц вельмі амбіцыйна вызначае ролю сваёй працы, якая „кладзе пачатак існаванню айчыннай эпіграфікі як дапаможнай гістарычнай дысцыпліны» (5). Сапраўды, гэта першае агульнае даследаванне эпіграфічных помнікаў на Беларусі, якія дагэтуль разглядаліся выключна ў межах прац па іншай праблематыцы (напрыклад, археалагічных, палеаграфічных і інш.). Адзінкавыя знаходкі не разглядаліся ў сукупнасці, што не давала агульнага ўяўлення аб развіцці пісьменства на тэрыторыі Беларусі у Сярэднявеччы. Такім чынам манаграфія І. Калечыц дае магчымасць чытачам убачыць абагульненую карціну развіцця пісьменства на землях Беларусі ў X-XIV ст. Між тым, разгляд эпіграфічных помнікаў выходзіць далёка за заяўленыя храналагічныя межы, напрыклад, калі размова ідзе пра графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Уключэнне ў даследаванне графіці XVІІ ст. выглядае цалкам слушным і заканамерным. Графіці Спаса-Праабражэнскай царквы ўтвараюць адзіны комплекс, вывучэнне якога дазваляе не толькі прасачыць змены ў развіцці пісьменства, але і высветліць шэраг іншых пытанняў. Храналагічныя абмежаванні значна ўскладнілі б гэтую задачу.
Да новых распрацовак аўтара належыць стварэнне класіфікацыі эпіграфічных помнікаў (выкладаецца ў трэцяй главе), якая заснавана на матэрыяле і катэгорыі рэчаў (27). Дадаткова да яе створана класіфікацыя паводле мэты нанясення надпісу (28), якая павінна вырашыць пытанні зместу эпіграфічных помнікаў. Варта адзначыць зручнасць такога падыходу, які дазваляе фактычна ўсебакова разглядаць знаходкі. Аднак і такая класіфікацыя недасканалая. У склад гліняных эпіграфічных помнікаў аўтар залічыла толькі амфары і плінфу (81-88). У такім выпадку з класіфікацыі выпад аюць магчымыя будучыя знаходкі іншых відаў гліняных рэчаў. Тое самае датычыць і металічных эпіграфічных помнікаў, у шэраг якіх І. Калечыц не залічыла манеты з графіці (63-80). Але ж на тэрыторыі Беларусі былі выяўлены дырхамы з рунічнымі знакамі і надпісамі, малюнкамі і сімваламі, частка якіх датуецца сярэдзінай X ст. (манеты з графіці з Казьянкаўскага скарбу ля Полацка)[1].
Непасрэдна эпіграфічным помнікам прысвечана чацвёртая глава („Эпіграфічныя помнікі»). Яе першы раздзел („Каменныя эпіграфічныя помнікі»), як і іншыя раздзелы главы (акрамя тых, у якіх разглядаюцца скураныя эпіграфічныя помнікі і графіці Спаса-Праабражэнскай царквы) — пераважна кампіляцыі з прац іншых вучоных, якія даследавалі адзінкавыя помнікі. Увага, безумоўна, аддаецца „Барысавым камяням», самым знакамітым з манументальных эпіграфічных помнікаў. У выніку аўтар прыходзіць да ўжо вядомых высноў, што „найбольш прывабнымі з’яўляюцца версіі аб камянях як межавых знаках і аб надпісах-маленнях у галодны 1128 год» (35). Варта згадаць і вядомы камень з надпісам другой паловы ХІ ст. з падмурка полацкага Сафійскага сабора. І. Калечыц упершыню цалкам апублікавала змест надпісу, што раней не рабілася з-за наяўнасці ў ім абсцэннай лексікі (38). А між тым, гэты камень ці не першае сведчанне ўжывання ў старажытнасці ненарматыўных слоў на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, пры разглядзе гэтага помніка аўтар спасылаецца на артыкул „Вікіпедыі» пра паходжанне і сэнс абсцэннай лексікі.
Другі раздзел („Драўляныя эпіграфічныя помнікі») чацвёртай главы знаёміць з невялікай колькасцю знаходак: місы з Гомеля і Мінска, грабеньчык з Брэста. У спасылцы на звесткі пра місу з Гомеля ёсць памылка: упершыню знаходка была апісана ў № 15 „Гістарычна-археалагічнага зборніка», а не ў № 5, як піша даследчыца (60). Недакладны нумар выдання таксама пазначаны ў гістарыяграфічным аглядзе (13) і спісе літаратуры (168). У той жа час у спасылцы на артыкул В. Вароніна пра „Барысаў камень» (14), які выйшаў у тым самым № 15, нумарацыя правільная.
У трэцім раздзеле („Металічныя эпіграфічныя помнікі») чацвёртай главы падаецца апісанне сякеры XV ст. (таксама выходзіць за вызначаныя храналагічныя межы даследавання) з Пінска, на якой ёсць надпіс-папярэджанне „Глядзі злодзей — сякера Кузьмы» (63-65). Гэтая знаходка, безумоўна, адметная не толькі для Беларусі, але і для іншых краін, якія знаходзяцца на былых абшарах Старажытнай Русі. Пэўныя спрэчкі можа выклікаць інтэрпрэтацыя рэшткаў надпісу („Ж. ОД») на бранзалеце з Магілёва. І. Калечыц лічыць, што гэта рэшткі кірылічнага варыянта напісання грэцкага слова geoid, geoides (‘земляны’, ‘землепадобны’). У якасці доказу выкарыстоўваецца рамбічны арнамент бранзалета: „ромб — гэта язычніцкі сімвал зямлі, а таксама жаночай сутнасці» (68). Такая выснова выглядае непераканальна. Рамбічны арнамент быў вельмі распаўсюджаны ў ХІІ ст., але невядомы іншыя знаходкі з такім арнаментам, якія суправаджаліся б падобным надпісам, тым больш што не было і асаблівай патрэбы каментаваць па-грэцку сэнс сімвала, які і так быў вядомы. Таксама нельга адназначна сцвярджаць, што ромб быў выключна сімвалам зямлі; ёсць і іншыя інтэрпрэтацыі гэтага знака.
У чацвёртым раздзеле („Гліняныя эпіграфічныя помнікі») чацвёртай главы, як ужо згадвалася, аўтар разглядае надпісы на амфарах і плінфе. Але ў падрабязны пералік фрагментаў амфар з асобнымі літарамі (84-85) чамусьці не патрапіў аскепак амфары з літарай „В», які паходзіць з замчышча старажытнага Барысава[2].
Пяты раздзел чацвёртай главы прысвечаны касцяным эпіграфічным помнікам. Цэнтральнае месца займае разгляд калекцыі костак з рунамі, рунападобнымі знакамі і малюнкамі з гарадзішча ля в. Маскавічы Браслаўскага раёна (89-96). Гэтая частка даследавання заснавана на працах А. Мельнікавай і Л. Дучыц, якія ўвялі маскавіцкія знаходкі ў навуковы зварот. І. Калечыц прытрымліваецца поглядаў і высноў згаданых аўтараў, таму фактычна ў гэтым блоку няма новай інфармацыі. Непраўдападобнай выглядае версія аўтара аб магчымай місіянерскай дзейнасці на гарадзішчы ля в. Маскавічы. Гэтая думка грунтуецца на існаванні косткі з надпісам kuratio ‘пастырства’, а таксама на меркаванні, што ў „Сазе аб хрышчэнні» магла апісвацца царква Іаана недалёка ад Браслава (92-93). Але для такой высновы мала падстаў, тым больш што маскавіцкія руны датуюцца значна больш познім часам[3], чым верагодны час жыцця Торвальда Вандроўніка — героя вышэйзгаданай сагі. Таксама пэўныя пытанні выклікае інтэрпрэтацыя падобных адзін да аднаго знакаў на пасудзіне і костцы ў якасці сімвала „Жытняй бабы», або „Маці-зямлі» (96). Падобныя тлумачэнні, відаць, заснаваны на звестках М. Кацара[4], але многія яго інтэрпрэтацыі арнаментальных знакаў цяпер небеспадстаўна пастаўлены пад сумнеў. Да таго ж, некаторыя даследчыкі сумняваюцца ў аўтэнтычнасці Жытняй бабы як персанажа беларускай міфалогіі[5].
У шостым раздзеле („Скураныя эпіграфічныя помнікі») чацвёртай главы разглядаецца адзіны вядомы сёння помнік гэтай катэгорыі — скураныя похвы з Пінска з алфавітным надпісам. Названая знаходка была ўведзена у навуковы зварот аўтарам манаграфіі.
Сёмы раздзел („Шкляныя эпіграфічныя помнікі») чацвёртай главы апісвае вядомыя знаходкі посуду з усходнімі надпісамі, а таксама абразок-літык, які І. Калечыц, услед за Ф. Гурэвіч, лічыць сведчаннем падарожжа на Афон князя Войшалка. Гэты абразок „мог належаць каму-небудзь з атачэння князя ці самому князю» (104). Але ніякіх пацверджанняў такой высновы няма. Тое, што падобныя абразкі былі распаўсюджаны на Балканах, ніяк не сведчыць пра паломніцтва Войшалка. Існуе вялікая колькасць іншых верагодных шляхоў трапляння абразка ў Наваградак.
Восьмы раздзел („Надпісы на сценах пабудоў») чацвёртай главы — самая значная і найбольш каштоўная частка манаграфіі. Асноўная ўвага ў ім аддадзена графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Большасць надпісаў упершыню публікуюцца І. Калечыц. Графіці Спаса-Праабражэнскай царквы аўтар падзяляе на дзве вялікія групы: 1) графіці пачатку ХІІ ст. — да 1580 г. (прыход езуітаў) характарызуюцца „царкоўнасцю» тэкстаў: фрагменты малітваў, памінанні, сведчанні пра смерць пэўных людзей, алфавітныя запісы, побытавыя запісы; 2) графіці кірыліцай і лацінкай ад канца XVІ ст., якія пераважна адносяцца да віду „тут быў NN» (108-109). Аналіз памінальных запісаў на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы прывёў да высновы, што запісы ХІІ-XІV ст. характарызуюцца адсутнасцю пазначэння года смерці, аднак ёсць прывязка да дня святога з мэтай памінання; з XV ст. у памінальных надпісах пачынае з’яўляцца год смерці чалавека, што, на думку І. Калечыц, сведчыць пра паварот да своеасаблівага антрапацэнтрызму, калі чалавек робіцца больш значным у часе і прасторы, а светапогляд набывае больш свецкія рысы (123). Дадзеная выснова даволі важная для разумення светаўспрымання тагачаснага насельніцтва.
Увогуле графіці Спаса-Праабражэнскай царквы дэманструюць вялікі комплекс крыніц па самых разнастайных праблемах: рэлігія, палітыка, культура, штодзённасць і г. д. Між тым, некаторыя інтэрпрэтацыі і расшыфроўкі графіці патрабуюць удакладненняў. Напрыклад, пры апісанні комплексу малюнкаў і надпісаў аўтар сцвярджае: „шэраг графіці… побач з выявай чалавечка з дудой у роце; …галава якога павернута налева, з рота тырчыць дуда…» (149). Аднак прамалёўка і фотаздымак графіці не адпавядае прыведзенай інтэрпрэтацыі. На малюнку ў чалавечка няма нічога, што нават блізка б нагадвала дуду (язычковы інструмент, асаблівасць якога — рэзервуар для паветра). Магчыма, маецца на ўвазе інструмент накшталт жалейкі, аднак да інструментаў такога тыпу няслушна ўжываць назву „дуда», якая адносіцца да іншага традыцыйнага музычнага інструмента. Калі абапірацца на версію, што прадмет у роце чалавечка — гэта музычны інструмент, то ён, хутчэй, нагадвае рог. Спрэчныя моманты інтэрпрэтацыі разгляданага комплексу малюнкаў і надпісаў на гэтым не канчаюцца. І. Калечыц тлумачыць два колы над чалавечкам як сімвалы Сонца і Месяца, якія азначаюць сонцастаянне і поўню — «такое супадзенне мела назву „моцная Купала»»(149). У адным з надпісаў ля малюнка згадваецца „купальны тыдзень і іванавы тыдзень», аднак паняцце „моцная Купала» невядомае ў пісьмовых і этнаграфічных крыніцах. Аўтар не спасылаецца на крыніцу інфармацыі пра такую з’яву, хоць піша, што яно мела такую назву. У той жа час тэрмін „моцная купала» масава сустракаецца ў працах сучасных расійскіх неапаганцаў — і таксама без якіх-небудзь спасылак.
Часам у апісаннях графіці трапляецца дубляванне тых самых характарыстык надпісаў (памеры, размяшчэнне і г. д.), як, напрыклад, у апісанні графіці № 35 (123-124), што прыводзіць да пэўнай перагружанасці тэксту інфармацыяй.
Вялікі плюс працы — наяўнасць дадаткаў у выглядзе фотаздымкаў і прамалёвак надпісаў, без якіх падобная праца не магла б існаваць. На жаль, якасць друку часта скасоўвае станоўчыя моманты дадаткаў, аднак гэта, безумоўна, не віна аўтара.
Падводзячы высновы, варта адзначыць, што першая спроба стварэння манаграфіі па помніках эпіграфікі Беларусі, нягледзячы на некаторыя хібы, удалася. У аўтара атрымалася дасягнуць сваёй мэты. Галоўная заслуга І. Калечыц бачыцца ва ўвядзенні ў навуковы зварот графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы, якія раней былі невядомы шырокаму колу даследчыкаў. Таксама вартая пашаны праца па абагульненні вядомых на сёння помнікаў эпіграфікі на тэрыторыі Беларусі, што стварае базу для наступных даследаванняў у галіне эпіграфікі.
Барысаў — Мінск
Дзмітрый Скварчэўскі
[1] Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи. Москва, 2001. С. 148-149.
[2] Штыхаў Г. В. Горад у святле археалагічных даследаванняў // Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мінск, 2002. С. 20.
[3] Радыевугляродны аналіз паказаў датаванне: 1070±60-1379±70 г. Гл.: Мельникова Е. А. Скандинавские рунические надписи. С. 214.
[4] Кацар М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка. Мінск, 1996. С. 33.
[5] Санько С. Жытняя баба // Міфалогія беларусаў: энцыкл. слоўнік. Мінск, 2011. С. 178-179.