Ян Шумскі. Гісторыя Беларусі ў люстэрку рассакрэчаных дакументаў ЦК УКП(б)/КПСС (другая палова 40-х – першая палова 60-х г.)
Мэта дадзенага артыкула – аналіз ролі палітычнага асяродка ўлады – Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (да 1952 г. – Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў)) у фармаванні савецкага бачання гісторыі беларускіх земляў, а таксама механізму прыняцця рашэнняў па пытаннях гістарычнай мінуўшчыны ў Крамлі ў два першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі. Храналагічныя рамкі абумоўлены ў першую чаргу даступнасцю рассакрэчаных архіўных крыніц – матэрыялаў асобных аддзелаў ЦК, Палітбюро / Прэзідыума ЦК, Сакратарыята і Ідэалагічнай камісіі.
Ветэраны і камуністычны актыў пратэстуюць супраць “фальсіфікацыі” гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
Вядома, у рамках аднаго артыкула такую шырокую праблему грунтоўна прааналізаваць немагчыма. Таму адразу падкрэслім, што аб’ектамі даследавання не з’яўляюцца канцэпцыі гісторыі, узоры інтэрпрэтацыі і тэксты, створаныя гісторыкамі. Аўтар не збіраецца таксама разглядаць пытанні перыядызацыі, этнагенезу беларускага народа, аналізаваць асобныя плыні, звязаныя з імёнамі вядомых гісторыкаў, ці, як іх называлі ў той час, “вядучых спецыялістаў”. Мы плануем разгледзець закранутую праблему зусім з іншага пункту погляду – з перспектывы ЦК КПСС, тагачаснага найвышэйшага ў СССР асяродка ўлады, дзе прымаліся ключавыя рашэнні ў галіне гісторыяпісання, і паказаць механізмы з’яўлення дырэктыўных інтэрпрэтацыйных схем. Аўтар прапануе прааналізаваць канцэпцыю гісторыі Беларусі больш комплексна – у кантэксце агульнаславянскай гісторыі, а таксама знаходжання Беларусі як часткі СССР у лагеры сацыялістычных краін. Дагэтуль абмежаванасць доступу да крыніц, якія захоўваюцца ў цэнтральных / федэральных архівах Расійскай Федэрацыі, не дазваляла даследчыкам рэалізаваць такі падыход.
У сваіх разважаннях аўтар мае намер абапірацца ў першую чаргу на матэрыялы асобных аддзелаў ЦК УКП(б) / КПСС, а таксама на дакументы навукова-даследчых асяродкаў, якія знаходзіліся ў цесных стасунках з Крамлём (Інстытут славяназнаўства Акадэміі навук СССР) і іншымі палітызаванымі ўстановамі (Усесаюзнае таварыства культурных сувязяў з замежжам, Славянскі камітэт).
Матэрыялы, якія адлюстроўваюць гістарычную палітыку ЦК, захоўваюцца ў фондах РДАСПГ[1] і РДАНГ[2]. Першы архіў зберагае матэрыялы Камуністычнай партыі ад пачатку XX ст. да 1952 г. Другі – Расійскі дзяржаўны архіў найноўшай гісторыі, утвораны ў Маскве ў 1991 г. – адзін з наймалодшых федэральных архіваў, дзе знаходзяцца пераважна дакументы, звязаныя з дзейнасцю ЦК КПСС з 1952 да 1991 г. Большасць дакументаў фондаў дагэтуль не рассакрэчана і выкарыстоўваецца толькі ў службовых мэтах. На працягу апошніх некалькіх гадоў рассакрэчванне дакументаў адбывалася ў асноўным у рамках рэалізацыі сумесных міжнародных праектаў і тычылася асобных даследчыцкіх праблем, а не ўсяго гістарычнага перыяду[3]. У якасці дапаможнага матэрыялу ў дадзеным артыкуле будуць выкарыстаны таксама дакументы з фондаў Архіва Расійскай Акадэміі навук[4].
Было б труізмам сцвярджаць, што цэнтральнае месца ў пірамідзе палітычнай улады і партыйнай іерархіі ў краіне Саветаў займаў Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, які перадусім выконваў функцыі кіраўніка эканамічнага і грамадскага жыцця дзяржавы. Вакол гэтай таямнічай і амаль што ўсёмагутнай структуры ўзнікла шмат ненавуковых і не правераных крыніцамі міфаў. Аднак апошнія навуковыя публікацыі расійскіх і заходніх даследчыкаў, а таксама адносная адкрытасць былых партыйных архіваў дазваляюць нам у пэўным сэнсе дэміфалагізаваць і сканкрэтызаваць “сакральны” бок працэсу асабістага ўдзелу партыйнага чыноўніка ў прыняцці таго ці іншага рашэння. Улада ўпершыню пачынае атаясамлівацца не толькі з першымі асобамі савецкай дзяржавы, якія непасрэдна ўплывалі на фармаванне гістарычнай палітыкі (у першую – чаргу з Іосіфам Сталіным, Міхаілам Суславым, Пятром Паспелавым), але і з мноствам функцыянераў: загадчыкамі аддзелаў, сектараў, інструктарамі, рэферэнтамі[5].
У наменклатуры ЦК УКП(б) / КПСС справы, звязаныя з навукай і, у прыватнасці, з гістарычнай навукай, у розныя часы належалі да кампетэнцыі розных адміністрацыйных адзінак. Большасць рашэнняў у гэтай сферы разглядаў Сакратарыят ЦК КПСС пасля атрымання дакладных запісак з асобных аддзелаў. Палітбюро ў сталінскія часы займалася справамі Акадэміі навук СССР і міжнароднымі кантактамі[6]. Яно санкцыянавала заснаванне або закрыццё навуковых часопісаў, у тым ліку і “Исторического архива”[7], ініцыявала з падачы “правадыра” псеўданавуковыя дыскусіі па філасофіі, мовазнаўстве, фізіялогіі і г. д. У хрушчоўскія часы функцыі Палітбюро перайшлі да Прэзідыума, змяніліся таксама і кампетэнцыі. І калі ў папярэднія гады большасць рашэнняў прымалася асабіста Сталіным, то хрушчоўскі перыяд, асабліва 1954–1957 г., быў часам актыўных дыскусій у найвышэйшым партыйным асяроддзі.
Пытанні гістарычнай навукі, і шырэй – гуманітарных навук, уваходзілі ў сферу адказнасці Аддзела агітацыі і прапаганды, рэфармаванага пазней ва Упраўленне прапаганды і агітацыі. На мяжы 40 і 50-х г. адбылося некалькі рэарганізацый апарату ЦК, у выніку чаго з’явіўся самастойны Аддзел навукі, які на працягу 50-х г. адказваў то за культуру, то за вышэйшыя навучальныя ўстановы і школы. Гэты калейдаскоп зменаў доўжыўся да 1965 г., калі структура кантролю ЦК КПСС над навукай была ў асноўным сфармаваная[8].
Супярэчлівая і непаслядоўная палітыка новага савецкага лідара Мікіты Хрушчова прывяла да паслаблення сістэмнага ідэалагічнага кантролю, з’яўлення надзеі на змены, на захаванне пазацэнзурнай прасторы для творчых і навуковых эліт. Аднак партыя хутка пачала аднаўляць свае страчаныя пазіцыі. Утварэнне ў 1958 г. Ідэалагічнай камісіі ЦК КПСС (Комиссия по вопросам идеологии и культуры и международных партийных связей) на чале з Міхаілам Суславым было спробай вярнуць назад quasi-сталінскія метады кантролю над грамадскім жыццём у СССР і ў сацыялістычным лагеры. Апрача Суслава, у склад гэтай Камісіі ўваходзілі Пётр Паспелаў, Нурытдзін Мухітдзінаў, Кацярына Фурцава і фармальна ўсе члены і кандыдаты ў члены Прэзідыума ЦК. Рашэнні Камісіі, якія часта тычыліся пытанняў гістарычнай навукі, у прыватнасці архіўных дакументаў, у партыйнай тэрміналогіі праходзілі як “по комиссии” і мелі сілу пастановаў ЦК КПСС[9].
Распрацоўка падставовых інтэрпрэтацыйных схем, “правільных” падыходаў і ўзораў, падзел на “перадавых” ці “рэакцыйных” асоб у гісторыі так ці інакш адбываліся ў кабінетах аддзелаў ЦК КПСС. У пэўныя перыяды гэтыя пытанні вырашаў асабіста савецкі дыктатар, Іосіф Сталін. На гэтым аспекце больш падрабязна мы спынімся ніжэй. А цяпер разгледзім, якім чынам адбывалася выпрацоўка рашэнняў, што тычыліся праблем гістарычнай навукі.
Звычайна ЦК даручаў апрацоўку асобных пытанняў аднаму з аддзелаў ЦК, перш за ўсё – Аддзелу навукі (пасля 1953 г. – Аддзел культуры і навукі), які часта выкарыстоўваў прафесійную дапамогу спецыялістаў канкрэтнай галіны ведаў. Гэтыя асобы, у партыйнай тэрміналогіі называныя “кансультантамі”, падзяляліся на групы на чале з партыйным функцыянерам (звычайна загадчыкам сектара, радзей – аддзела). Кансультанты ў галіне гісторыі працавалі ў розных установах: асобных інстытутах АН СССР, Інстытуце Маркса – Энгельса – Леніна (ІМЭЛ). Сярод найбольш вядомых тагачасных гісторыкаў-кансультантаў можна згадаць Б. Грэкава, У. Пічэту, П. Траццякова, А. Удальцова, М. Ціхамірава. Для ацэнкі найбольш “далікатных” перыядаў і “гарачых” тэм (міжваенны перыяд, пакт Молатава – Рыбентропа) выкарыстоўваліся ацэнкі і экспертызы Галоўнага архіўнага ўпраўлення МУС СССР, а таксама гісторыка-дыпламатычнага ўпраўлення МЗС СССР.
Асаблівае месца ў выпрацоўцы інтэрпрэтацыйных схем гісторыі славянскіх народаў пасля вайны займаў Інстытут славяназнаўства АН СССР, заснаваны ў адпаведнасці з рашэннем Палітбюро ЦК УКП(б) ад 31 жніўня 1946 г. у складзе Аддзялення гісторыі і філасофіі АН СССР[10]. Інстытут славяназнаўства разам з Інстытутам гісторыі АН СССР быў у пэўным сэнсе лабараторыяй, дзе ў цесным супрацоўніцтве з аддзеламі ЦК УКП(б) / КПСС каваліся савецкія схемы і канцэпцыі гісторыі славянскіх народаў і дзяржаў Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі, Югаславіі і саюзных рэспублік СССР – Беларусі і Украіны. Рэалізацыя большасці інспіраваных ЦК міжнародных праектаў – напісанне марксісцкіх версій гісторыі славянскіх дзяржаў, выданне некалькіх тамоў гісторыі паўстання 1863 г. і іншае – адбывалася пад навуковым патранатам Інстытута славяназнаўства.
Нагадаем, што пасля ліквідацыі ў сярэдзіне 30-х г. у Ленінградзе Інстытута славяназнаўства і рэпрэсій у асяроддзі славістаў (г. зв. “справа славістаў” М. Дурнаво, Р. Ільінскага і інш.) адраджэнне гэтага кірунку адбылося з інспірацыі Крамля і пад знакам “ліквідацыі шкоды, нанесенай школай Міхаіла Пакроўскага”. У красавіку 1939 г. у структуры Інстытута гісторыі АН СССР быў створаны новы Сектар славяназнаўства[11]. 21 красавіка ў “Известиях” быў апублікаваны артыкул “рэабілітаванага” ўладамі Пічэты, у якім гісторык абгрунтоўваў неабходнасць даследавання гісторыі славян у спалучэнні з гісторыяй Расіі [sic!] на падставе марксісцкай метадалогіі. 23 чэрвеня 1939 г. Пічэта дакладаў на навуковай радзе Інстытута гісторыі АН СССР пра даручанае яму заданне стварыць новую, марксісцкую версію гісторыі Польшчы ў супрацоўніцтве з вучонымі Ленінграда. Знамянальныя час і абставіны прыняцця гэтага рашэння: роўна праз два месяцы Рыбентроп і Молатаў падпішуць пакт, які прывядзе да II сусветнай вайны, распачатай Сталіным і Гітлерам.
Дарэчы, Сталін асабіста паклапаціўся пра тое, каб менавіта яго аўтарская версія была пазней узятая за аснову пры распрацоўцы афіцыйнай савецкай парадыгмы падзей верасня 1939 г.[12]. У студзені 1948 г. Дзяржаўны дэпартамент ЗША апублікаваў зборнік дакументаў “Nazi-Soviet Relations 1939–1941: Documents from the Archives of The German Foreign Office”. У адказ на гэта Сталін уласнаручна апісаў сваё бачанне міжнародных адносінаў напрыканцы 30-х г., абгрунтоўваючы неабходнасць хаўрусу з Гітлерам. Дакладна вядома, што ён карыстаўся таксама прафесійнымі парадамі іншых кансультантаў ЦК УКП(б) – тагачасных гісторыкаў-міжнароднікаў Уладзіміра Хвастова і Барыса Штэйна[13]. На стол “правадыра” траплялі нарыхтоўкі і матэрыялы іншых гісторыкаў-прафесіяналаў.
Сталін, рэдагуючы тэкст, замяніў назву “Ответ клеветникам”[14] на “Фальсификаторы истории” і асабіста напісаў некалькі дзясяткаў старонак брашуры, якая была перакладзена на большасць замежных моў і распаўсюджана шматмільённымі тыражамі за межамі СССР – у Францыі, Канадзе, ЗША, Англіі, Швецыі і іншых краінах[15]. З таго часу ў лексікон савецкай прапаганды трывала ўвайшло слова фальсіфікатар, якое, дарэчы, актыўна выкарыстоўваецца і сёння расійскай і беларускай дзяржаўнай прапагандай адносна даследчыкаў, якія ў сваіх працах выказваюць погляд, што “не супадае з генеральнай лініяй партыі”[16]. Цікава, што аўтарства брашуры доўгі час было таямніцай, бо ў канцы рукапісу “правадыр” сціпла падпісаўся Совинформбюро. Пяру Сталіна належаць, між іншым, наступныя цытаты:
«…Поэтому первая задача Советского Правительства состояла в том, чтобы создать “восточный” фронт против гитлеровской агрессии, построить линию обороны у западных границ белорусских и украинских земель и организовать таким образом барьер против беспрепятственного продвижения немецких войск на Восток. Для этого нужно было воссоединить Западную Белоруссию и Западную Украину, захваченные панской Польшей в 1920 году, с Советской Белоруссией и с Советской Украиной и выдвинуть сюда советские войска. С этим делом нельзя было медлить, так как плохо снабжённые польские войска оказались неустойчивыми, польское командование и польское Правительство находились уже в бегах, и гитлеровские войска, не встречая серьёзного препятствия, могли занять белорусские и украинские земли раньше, чем придут туда советские войска»[17].
“…Советскому Союзу удалось умело использовать советско-немецкий пакт в целях укрепления своей обороны, что ему удалось раздвинуть свои границы далеко на запад и преградить путь беспрепятственному продвижению немецкой агрессии на Восток, что гитлеровским войскам пришлось начать своё наступление на Восток не с линии Нарва – Минск – Киев, а с линии, проходившей на сотни километров западнее, что СССР не истёк кровью в Отечественной войне, а вышел из войны победителем”[18].
Менавіта сталінская версія верасня 1939 г. на доўгія гады стала дамінаваць у савецкай гістарыяграфіі, а пэўныя яе канцэпты, як падаецца, дагэтуль кананічныя ў сучаснай афіцыйнай беларускай і расійскай гістарыяграфіі[19]. Савецкая гістарыяграфія, якую накіроўвала і кантралявала партыя, пайшла яшчэ далей, абвінавачваючы Польшчу ў падрыхтоўцы “ў 1939 г. вайны супраць СССР” і “жаданні атрымаць ад немцаў зброю” ізноў жа такі для нападу на Савецкі Саюз[20]. Дарэчы, гэты стары савецкі тэзіс пра “віну” Польшчы ў развязанні ІІ сусветнай вайны ці падрыхтоўцы тайнай змовы з немцамі супраць СССР зусім нечакана, а можа і зусім лагічна, атрымаў “другое жыццё” ў пэўных колах у сучаснай Расіі і быў падняты ў шматлікіх публікацыях на гэтую тэму якраз у 70-ю гадавіну падпісання пакта[21].
Але вернемся да асобы іншага кансультанта ЦК – Уладзіміра Пічэты – і спынімся на яго ролі ў выпрацоўцы савецкай трактоўкі “вызваленчага паходу” 1939 г. і вызначэнні межаў Заходняй Беларусі.
Рыхтуючы восенню 1939 г. вялікі прапагандысцкі наступ, Упраўленне прапаганды і агітацыі ЦК УКП(б) замовіла напісанне скарочанай версіі гісторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны колішняму кіраўніку Сектара славяназнаўства Інстытута гісторыі АН СССР Уладзіміру Пічэту. Адпаведна адрэдагаваныя ЦК і апрацаваныя Пічэтам працы на тэму “гістарычнага лёсу народаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны” атрымалі “пуцёўку ў жыццё” і сталі падставай для шматлікіх прац прапагандысцкага характару[22].
З парадаў Пічэты скарыстаўся ў першай палове 1944 г. Дзяржаўны камітэт абароны (ДКА), які з 1941 да 1945 г. быў дэ факта найвышэйшым органам улады ў СССР і на чале якога стаяў зноў-такі Сталін. ДКА даручыў Інстытуту гісторыі АН СССР падрыхтаваць спецыяльную працу памерам 4 аркушы па праблеме вызначэння гістарычных межаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Выкананне загаду даручылі Пічэту[23]. Ёсць усе падставы меркаваць, што пры вызначэнні новай заходняй мяжы БССР і УССР у 1944 г. Сталін карыстаўся пічэтаўскімі матэрыяламі. Так ці інакш, дакладны адказ можа даць паглыбленае даследаванне матэрыялаў фонду 644 ДКА (рабочых матэрыялаў), якія захоўваюцца ў РДАСПГ. Вядома толькі, што пасля азнаямлення ў ДКА з працай Пічэту даручылі напісанне афіцыйнага тэксту на 7 аркушаў для Саўінфармбюро, дзе абгрунтоўвалася новая заходняя мяжа БССР – без Беласточчыны.
Адносна моцную пазіцыю Пічэты (у той час усе было адносным, бо “давер” партыі можна было хутка страціць) у Маскве ў якасці кансультанта ЦК УКП(б) пацвярджаюць дакументы Палітбюро ЦК УКП(б). Толькі ў 1946 г. у адпаведнасці з рашэннямі Палітбюро Пічэту двойчы даручалі адказныя заданні. Летам 1946 г. ЦК прызначыў яго старшынём камісіі, якая выбрала ў архівах і бібліятэках савецкай акупацыйнай зоны ў Нямеччыне (Берлін, Дрэздэн, Гале, Ляйпцыг і інш.) каля 20 тыс. экзэмпляраў каштоўных прац у галіне славяназнаўства[24]. Восенню таго ж года Аддзел прапаганды і агітацыі ЦК УКП(б) накіраваў Пічэту ў Будзішын з заданнем высвятлення “политической физиономии Лужичан”. Цікава, што калі Андрэй Жданаў запытаўся ў намесніка міністра замежных спраў СССР Уладзіміра Дзеканозава, якую кандыдатуру ён прапануе, той адказаў, што “полагал бы целесообразным командировать в г. Будишин представителя АН СССР, но не академика”[25]. У Аддзеле навукі адказным прызначылі Пічэту, які пасля камандзіроўкі ў сваёй надзвычай грунтоўнай справаздачы ў ЦК абмаляваў перпектывы стварэння самастойнай дзяржавы лужыцкіх сербаў і магчымасці прызнання яе ААН, што якраз найбольш цікавіла партыйнае кіраўніцтва[26].
Тут мы падыходзім да канцэптуальнага пытання пра планы найвышэйшага партыйнага кіраўніцтва СССР наконт стварэння сінтэтычнай марксісцкай гісторыі славянскіх дзяржаў. Ужо ў 1939 г. у Крамлі лунала новая-старая ідэя ўтварэння славянскай федэрацыі краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы пад кіраўніцтвам Расіі-СССР, якая ў канцы II сусветнай вайны здавалася ўсё больш блізкай да рэалізацыі. Пад лозунгам “адзінства славян” – савецкага неапанславізму – Масква планавала праводзіць сваю імперыялістычную палітыку пашырэння жыццёвай прасторы і сфер уплыву. Упраўленне прапаганды і агітацыі ЦК УКП(б) рыхтавала глебу для стварэння Міністэрства славянскіх спраў пры Саўмінах славянскіх дзяржаў, якое каардынавала б “новы славянскі рух” і спрыяла саветызацыі краін г. зв. “народнай дэмакратыі”[27]. Трэба было, каб аўтарытэтныя навукоўцы абгрунтавалі супольнасць лёсаў усіх славян на працягу стагоддзяў і гістарычную місію Расіі і Савецкага Саюза ў якасці “збіральніка” земляў усіх славян. Для паступовай саветызацыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы партыі былі неабходныя выканаўцы, якія маглі б рэалізаваць канцэпцыі Крамля ў розных галінах.
Палітычныя планы ўлады ператвараліся ў дырэктыўныя ўказанні адпаведным навуковым установам і спецыялістам. Невыпадкова Пічэту ў 1943 г., пасля вяртання ў Маскву з эвакуацыі з Ташкента, было даручана ўключыць у склад Сектара славяназнаўства і навучаць будучых гісторыкаў-марксістаў з Балгарыі (Р. Караколаў), Харватыі (Д. Гусцініч), Македоніі (Д. Влахаў), Польшчы (Ж. Корман, Ц. Бабінская)[28]. Большасць з іх вярнуліся пасля вайны дадому, дзе ўключыліся ў працэс будаўніцтва гістарыяграфій сваіх краін па савецкім узоры. Пічэта ў той час працаваў над двухтомнікам “Гісторыя Польшчы”, працу “Гісторыя Балгарыі” распачаў Мікалай Дзяржавін, а “Гісторыю Чэхаславакіі” пісаў Здэнэк Неедлы.
На апошнім у жыцці Пічэты (памёр 23 чэрвеня 1947 г.) паседжанні навуковай рады кафедры заходніх і паўднёвых славян Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта 20 траўня 1947 г. якраз абмяркоўвалася пытанне стварэння супольнай гісторыі Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі і Югаславіі. Сыход з жыцця вучоных такога фармату, як Пічэта, Дзяржавін, Тарле ці Грэкаў, сведчыў пра канец эпохі індывідуальных і надыход часу “коллективных” прац. Гэта быў скон эры “мудрацоў”. “Тварэнні жыцця” былі заменены працамі “на тэму”…
У канцы 40-х г. партыйнае кіраўніцтва звяртала пільную ўвагу на праблемы стварэння сінтэтычных марксісцкіх версій гісторый славянскіх народаў. Нагадаем сцісла сутнасць марксісцкага метадалагічнага падыходу, які панаваў у савецкіх навуковых даследаваннях. Ён будаваўся на падставе гістарычнага матэрыялізму як тэорыі і метаду гістарычных даследаванняў у ленінска-сталінскай інтэрпрэтацыі. Асноўным заданнем гістарычнай навукі было “вывучэнне найважнейшых заканамернасцяў у гісторыі”. А паколькі гістмат іх ужо дакладна акрэсліў, даследаванне “заканамернасцяў” зводзілася, па сутнасці, да напаўнення зместам, канкрэтным фактаграфічным матэрыялам схемы змены грамадска-эканамічных фармацый. Паводле гэтай схемы, развіццё сацыялізму і перарастанне яго ў камунізм было перадвызначана хадою гісторыі. У дачыненні да гісторыі асобных дзяржаў і народаў новы лад разумеўся як безальтэрнатыўны, адзіны слушны вынік гістарычнага працэсу.
У бачанні гісторыі славянскіх народаў на Старой плошчы дамагаліся, каб марксісцкі падыход спалучаўся з асноўнымі ідэямі панславізму і кіраўнічай роляй Расіі. Аб’ектам крытыкі некалі разоў рабіўся Інстытут славяназнаўства АН СССР, прымаліся нават спецыяльныя рашэнні Палітбюро (1947 і 1949 г.) наконт нездавальняльнай працы гэтай установы. Пагроза навісла над вучнямі Пічэты, якія працавалі над гісторыяй Польшчы, Чэхаславакіі і Югаславіі. Праца над гісторыяй Югаславіі ў сувязі з асабістым канфліктам Сталіна з Ціта была прыпынена яшчэ ў 1946 г.
У Мінску і Кіеве адбылося некалькі інспіраваных Масквой разгромных дыскусій па праектах лакальных “Гісторый”. Звернем увагу на праблему ролі і ўплыву ЦК УКП(б) і асобных партыйных функцыянераў у Маскве на стварэнне “Гісторыі Беларускай ССР”. Нямецкі даследчык Райнэр Лінднэр у грунтоўнай працы, прысвечанай суадносінам гістарыяграфічнай навукі і палітыкі ў Беларусі, апісваючы праблему стварэння “Гісторыі Беларускай ССР”, абапіраўся на беларускія архіўныя крыніцы і апублікаваныя матэрыялы[29]. Аналіз крыніц іншага ўзроўню паказвае, што дыскусіі, сесіі, абмеркаванні макетаў працы, якія праводзіліся па ініцыятыве ЦК КП(б)Б у Мінску, мелі другараднае значэнне. Прынцыповыя ацэнкі і падставовыя інтэрпрэтацыйныя схемы для гісторыі БССР рабіліся ў Маскве, менавіта там адбывалася рэцэнзаванне працы маскоўскімі гісторыкамі, якія карысталіся даверам партыі. Толькі ў сталічных навуковых цэнтрах можна было знайсці аўтарытэты, якія ў межах савецкай рэчаіснасці манапалізавалі пэўныя кірункі і храналагічныя перыяды і пад пільным кантролем партыі распрацоўвалі тую ці іншую тэму. Уласна кажучы, у правінцыі на той час ужо не існавала ані нацыянальнай, ані нацыянал-камуністычнай перспектывы гісторыі, бо паўсюль панаваў сталінскі гістарыяграфічны догмат.
Межы гэтай публікацыі не дазваляюць падрабязна апісаць працэс стварэння “Гісторыі Беларускай ССР”. Таму ў якасці прыкладу прывядзем толькі адзін з эпізодаў, які дазволіць прасачыць механізм прыняцця рашэнняў уладамі. Нагадаем, што на працягу 30-х і першай паловы 40-х г. усе спробы стварыць на марксісцкай метадалагічнай глебе сінтэтычную версію гісторыі беларускіх земляў, якая да таго ж адпавядала б бягучым патрабаванням партыі, не прынеслі поспеху. Пасля разгромнай крытыкі чарговай версіі ў 1946 г. і з’яўлення летам 1948 г. сумнавядомых “Тэзісаў да асноўных пытанняў гісторыі БССР”[30] партыйнае кіраўніцтва Беларусі ў 1950 г. даслала ў Маскву першы варыянт новай, напісанай у рэчышчы згаданых “Тэзісаў…” “Гісторыі Беларускай ССР”. Макет быў накіраваны для рэцэнзіі маскоўскім гісторыкам з Інстытута гісторыі АН СССР і адасланы ў Мінск на дапрацоўку, бо, на думку масквічоў, “книга нуждалась в серьезной переработке”[31].
У сярэдзіне 1952 г. першы сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Патолічаў даслаў у ЦК УКП(б) Георгію Малянкову дакладную запіску, дзе інфармаваў пра заканчэнне працы над другой версіяй двухтомніка і прасіў кіраўніцтва накіраваць у Мінск на абмеркаванне макета (“внесение необходимых поправок, изменений, уточнений”) у верасні групу маскоўскіх гісторыкаў, якая складалася з дванаццаці асобаў на чале з Барысам Грэкавым. Перад вынясеннем гэтага пытання на паседжанне Сакратарыята ЦК УКП(б) Малянкоў даручыў падрыхтаваць яго Міхаілу Суславу, які разам з Пятром Паспелавым адказваў у ЦК за гістарычную навуку. На дакладной запісцы Патолічава Малянкоў пакінуў наступную рэзалюцыю: “Т. Суслову. Следовало бы предварительно ознакомиться с макетом, а затем уже решать этот вопрос”[32].
Непасрэдна падрыхтоўкай гэтага пытання займаўся намеснік загадчыка Аддзела навукі ЦК УКП(б) А. В. Ліхалат, які па прадстаўленні Інстытута гісторыі АН СССР склаў групу маскоўскіх гісторыкаў з дзесяці асобаў для экспертызы макета па гісторыі БССР. Цікава, што ў іх склад не былі ўключаны такія гісторыкі, як Уладзімір Пашута, Барыс Рыбакоў, Пётр Траццякоў, Мікалай Дружынін і Леў Чарапнін, якіх згадваў у сваёй нататцы Патолічаў. Групу, у якую, сярод іншых, уваходзілі Міхаіл Ціхаміраў, Ганна Панкратава і Аркадзь Сідараў, узначаліў акадэмік Барыс Грэкаў[33].
Неўзабаве Георгій Малянкоў атрымаў падпісаную Міхаілам Суславым, Юрыем Жданавым (сын Андрэя Жданава, у той час узначальваў Аддзел навукі ЦК УКП(б)) і Міхаілам Якаўлевым (намеснік загадчыка Аддзела навукі) дакладную запіску з інфармацыяй пра распачатыя захады. Перш за ўсё макет разаслалі згаданым вышэй маскоўскім гісторыкам, якія мусілі пакінуць наконт яго свае заўвагі. На іх падставе Аддзел навукі ЦК УКП(б) павінен быў прыняць рашэнне пра “целесообразность командирования группы историков в г. Минск и проведения сессии, посвященной обсуждению книги по истории Белоруссии”. У гэтай дакладной Суслаў ад рукі дапісаў, што даручыў Якаўлеву “решить вопрос в оперативном порядке”[34].
Нарада ў Мінску адбылася не ў верасні, як прасіў першы сакратар ЦК КПБ(б)Б Мікалай Патолічаў, а ў снежні 1952 г., калі масквічы падрыхтавалі свае рэцэнзіі. Макет, напісаны ў адпаведнасці са згаданымі “Тэзісамі…”, атрымаў станоўчую ацэнку.
Смерць Сталіна, унутрыпартыйная барацьба за ўладу, рэарганізацыя апарату ЦК КПСС у першай палове 1953 г. адцягнулі ўвагу партыйнага кіраўніцтва ў Маскве ад кантролю над стварэннем савецкай канцэпцыі гісторыі славянскіх народаў ненадоўга. Ужо ў лістападзе 1953 г. на паседжанні Прэзідыума АН СССР са справаздачным дакладам пра дзейнасць Інстытута славяназнаўства выступілі П. Траццякоў і М. Дружынін. Яны паведамілі пра заканчэнне працы над “Гісторыяй Балгарыі”, “Гісторыяй Польшчы” і пра заключны этап работ па “Гісторыі Чэхаславакіі”. Справаздачу Інстытута славяназнаўства разам са сваімі прапановамі кіраўніцтва Акадэміі даслала тагачаснаму першаму сакратару ЦК КПСС Мікіту Хрушчову[35]. Прапановы тычыліся падрыхтоўкі ў 1954 г. дыскусіі па шырокіх праблемах гісторыі славянскіх дзяржаў. Пры гэтым асаблівая ўвага звярталася на яшчэ не скончаныя працы. Дыскусія прадугледжвала ўдзел замежных гісторыкаў. Прапановы былі зацверджаны тагачасным кіраўніком Аддзела навукі і культуры ЦК КПСС Аляксандрам Румянцавым і высланы да азнаямлення Мікіту Хрушчову[36].
З 1954 г. пачалі адбывацца паступовыя змены ў працэсе выпрацоўкі рашэнняў па “гісторыях” славянскіх дзяржаў. Па-першае, усё часцей да дыскусіі сталі дапускаць не толькі партыйных гісторыкаў, але і палітычна незаангажаваных спецыялістаў у галіне розных гістарычных эпох і праблем. Па-другое, што было з’явай дагэтуль неверагоднай, да кансультацый сталі прыцягваць не толькі маскоўскіх гісторыкаў, але і даследчыкаў з рэгіянальных савецкіх навуковых асяродкаў: Мінска, Кіева і Вільні. Па-трэцяе, палітычныя змены ў СССР пасля смерці Сталіна змушалі да пошуку сумесных вектараў гісторыі і новага рэчышча дыскусій. І калі ў сітуацыі з беларускай і ўкраінскай гісторыяй асноўным такім вектарам было “спрадвечнае жаданне аб’яднацца з Расіяй”, то ў выпадку іншых славянскіх дзяржаў сацыялістычнага блока, асабліва Польшчы, справа выглядала больш складана. Паміж патрыятычна-прагрэсіўнымі і савецка-марксісцкімі катэгорыямі трэба было шукаць кампраміс.
У канцы 1954 г. ЦК зацвердзіў распрацаваныя Аддзелам навукі спецыяльныя планы (тэматыка гістарычных даследаванняў), паводле якіх гісторыкі павінны былі шукаць пункты сутыкнення. Пры стварэнні гэтых планаў былі выкарыстаныя прапановы Акадэміі навук СССР, Галоўнага архіўнага упраўлення МУС, Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС і ІМЭЛ. Аддзел навукі прапаноўваў, між іншым, правесці наступныя мерапрыемствы:
- для АН СССР – “разрабатывать темы о дружбе русского, белорусского и польского народов – Президиуму АН внести предложения”;
- для Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры МУС СССР – “выявить архивные фонды по истории рабочего движения конца XIX – начала XX века, передать информацию на рассмотрение в ЦК”;
- для Аддзела прапаганды ЦК КПСС “в оперативном порядке решать вопрос о публикациях, освещающих дружбу и сотрудничество между прогрессивными деятелями России, Белоруссии и Польши и совместную борьбу против своих угнетателей”[37].
Гэтыя прапановы былі зацверджаны сакратаром ЦК КПСС Пятром Паспелавым[38]. На пачатку лютага 1955 г. у адпаведнасці з рашэннем ЦК КПСС у Маскве адбылася сустрэча з удзелам гісторыкаў Польшчы, Украіны, Беларусі (Уладзімір Перцаў і Лаўрэнцій Абэцэдарскі), Літвы і Расіі[39]. У гэты час ужо былі апублікаваны савецкія версіі гісторыі беларускага і ўкраінскага народаў да 1917 г. (том І). У 1955 г. выйшла новае, папраўленае пасля смерці Сталіна, выданне “Гісторыі Украінскай ССР”[40]. Першы том “Гісторыі Літоўскай ССР” быў апублікаваны ў 1953 г.
У лютым 1955 г. у ЦК КПСС адбылося абмеркаванне марксісцкай “Гісторыі Польшчы”, над якой паралельна працавалі савецкія (у лютым 1955 г. быў апублікаваны том I) і польскія гісторыкі. Асноўнай прычынай сустрэчы быў скандал, звязаны з выхадам першага тома “Гісторыі Польшчы” ў 1954 г. у Маскве. Як выявілася, савецкі бок праігнараваў заўвагі і каментары польскіх спецыялістаў, у выніку чаго савецкая версія падручніка была перапоўнена памылкамі фактаграфічнага характару. Скандал набыў міжнародны маштаб, бо распаўсюджванне і пераклад такой працы сталі б сорамам для савецкай гістарычнай навукі. Было відавочна: у Маскве ў той час не было спецыялістаў па гісторыі Польшчы кшталту памерлых у 40-х г. Уладзіміра Пічэты ці Міхаіла Джэрвіса-Бродскага[41].
Менавіта таму Аддзел навукі і культуры ЦК КПСС прыняў рашэнне правесці абмеркаванне I тома “Гісторыі Польшчы” з удзелам беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх гісторыкаў. Гэтую прапанову зацвердзіў сакратар ЦК КПСС Міхаіл Суслаў[42]. Маскоўская лютаўская сустрэча стала першай з такім шырокім прадстаўніцтвам гісторыкаў, хоць і верных “генеральнай лініі партыі”, але, прынамсі, не толькі з Масквы і Ленінграда, а з розных нацыянальных акадэмічных асяродкаў. З таго часу ЦК рэгулярна накіроўваў у Польшчу сваіх прадстаўнікоў. Ужо ў сакавіку 1955 г. у Варшаве савецкі гісторык Ілля Мілер пад час спаткання з гісторыкамі мастацтва ўважліва выслухаў і запісаў каментары польскіх спецыялістаў, пераконваючы іх, што перадасць усе заўвагі савецкаму боку[43].
Удзел у маскоўскай сустрэчы прадстаўнікоў марксісцкай гістарычнай навукі з Украіны, Літвы і Беларусі спрыяў навязванню асабістых кантактаў. Польскі кіраўнік праекта I тома “Гісторыі Польшчы да 1764 г.” прафесар Тадэвуш Мантойфель абяцаў літоўцам дапамогу ў карыстанні польскімі архіўнымі матэрыяламі і літаратурай і прапанаваў павялічыць абмен навуковымі выданнямі. Цікава, што перапіска палякаў з літоўцамі адбывалася наўпрост, абмінаючы Маскву[44].
Былі ўсталяваны таксама першыя кантакты з АН БССР[45]. Але тут заўсёды апошняе слова належала Маскве, якая рознымі спосабамі абмяжоўвала ўдзел беларускага боку ў кантактах з палякамі. Калі ў 1958 г. ЦК КПБ звярнуўся з просьбай зацвердзіць пастанову пра накіраванне 5 беларускіх навукоўцаў (гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, этнографаў) у Польшчу, у Маскве далі зразумець, што такая паездка несвоечасовая. У выніку “дополнительного рассмотрения вопроса тов. Горбунов снял просьбу”[46].
Што тычыцца навуковай дзейнасці вакол пытання “славянства”, то калі раней гэтай праблемай займаліся розныя палітызаваныя ўстановы і “грамадскія” арганізацыі кшталту ВОКСа (Всесоюзное общество культурных связей с заграницей), Славянскага камітэта, Саўінфармбюро, то цяпер роля навуковага каардынатара ў галіне гістарычных даследаванняў у славянскіх краінах цалкам перайшла да Інстытута славяназнаўства.
Адзін з каардынаваных Інстытутам славяназнаўства міжнародных праектаў, што праводзіліся ў межах “сацыялістычнага лагера” з удзелам беларускага боку, дадаў нямала галаўнога болю чыноўнікам са Старой плошчы. Маецца на ўвазе праект выдання крыніц па гісторыі паўстання 1863 г., рэалізаваны ў 1957–1980 г. пад пільным кантролем з боку Аддзела навукі ЦК КПСС. Удзел у сустрэчы ўзялі гісторыкі з Расіі, Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы. Забягаючы наперад, можна сказаць, што ў межах гэтага праекта за 23 гады было апублікавана агульнай колькасцю 15 тамоў дакументаў[47].
Настойлівасць польскага боку (Інстытут гісторыі Польскай Акадэміі навук), які на працягу 1955–1956 г. некалькі разоў заяўляў пра сваю зацікаўленасць праектам выдання крыніц, а таксама змена агульных палітычных настрояў у сацлагеры прымусілі ЦК КПСС запатрабаваць меркаванне Інстытута славяназнаўства і ІМЭЛ. На падставе экспертыз гэтых устаноў у Аддзеле навукі была складзена дакладная сакратару ЦК КПСС Дзмітрыю Шапілаву. У запісцы сцвярджалася, што, нягледзячы на “несвоечасовасць” такіх даследаванняў, трэба, аднак, пагадзіцца з прапановай палякаў, каб “нейтрализовать возможные попытки со стороны отдельных польских учёных использовать издание документов в националистическом духе”[48]. Гэтую прапанову падтрымалі АН СССР і Аддзел ЦК па сувязях з замежнымі кампартыямі. Але апошняе слова належала Дзмітрыю Шапілаву, які зацвердзіў праект[49].
Аддзел навукі распрацаваў дакладны план працы адказных з савецкага боку. Навуковую каардынацыю праекта ажыццяўляў Інстытут славяназнаўства АН СССР. У Мінск і Вільню накіравалі Уладзіміра Каралюка, у Кіеў і Львоў – Іллю Мілера, якія давялі да ведама рэгіянальных гісторыкаў “меркаванне ЦК”. У Інстытуце славяназнаўства былі распрацаваны адмысловыя інструкцыі і планы для правядзення даследчыцкіх прац. У БССР пошук матэрыялаў ажыццяўляўся ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве БССР і яго філіяле ў Гродне[50].
Праблема паўстання 1863 г. у тагачаснай савецкай гістарыяграфіі адносілася, хутчэй, да тэм з ліку “табу”. Даследаванне У. Ігнатоўскага “1863 год у Беларусі”, выдадзенае ў 1930 г., было бязлітасна раскрытыкавана і выкраслена з навуковага ўжытку. У вельмі спрошчанай форме сутнасць “ерасі” Ігнатоўскага заключалася ў частковай адмове ад паняцця “польскае паўстанне” і адмаўленне яго “сялянскага характару”. Абраная ў Аддзеле навукі ЦК база для распрацоўкі тэматыкі паўстання шмат у чым абапіралася на дарэвалюцыйную гістарычную расійскую мадэль, дзе яно вызначалася як “польскі мяцеж”. Акрамя выразнага падкрэслівання “сялянскага” характару паўстання, само “сялянскае пытанне” было рэінтэрпрэтавана з перспектывы “аграрнай рэвалюцыі”, а патрыятычныя і антырасійскія выступленні разглядаліся як “рэвалюцыйны рух”. Паўстанне на тэрыторыі Літвы і Беларусі разглядалася не ў агульнай панараме падзей, а ў адарванасці ад польскага кантэксту.
Зусім іншым кірункам супрацы “славянскіх” гістарыяграфій, кантраляваных Масквой у межах савецкага блоку, была распрацоўка пытанняў, звязаных з міжнародным камуністычным рухам. Пасля 1954 г. у ЦК КПСС масава пачалі дасылаць свае прапановы навукова-даследчыя ўстановы кшталту савецкага ІМЭЛ з Польшчы і Чэхаславакіі. Гэтыя прапановы тычыліся не толькі магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў, але і каардынацыі гістарычных намаганняў на міжнароднай арэне. Нагадаем, што больш за 20 гадоў савецкая гістарычная навука знаходзілася ў стане самаізаляцыі: апошні раз савецкія гісторыкі бралі ўдзел у VII Міжнародным кангрэсе гісторыкаў у Варшаве (у наступных кангрэсах – у Цюрыху ў 1938 г. і ў Парыжы ў 1950 г. – савецкі бок не быў прадстаўлены). Адна з такіх прапаноў паступіла ад першага сакратара Камуністычнай партыі Чэхаславакіі, Антаніна Новатнага, пад час сустрэчы ў траўні 1954 г. у Празе спецыялістаў навукова-даследчых устаноў, якія займаліся праблематыкай “гісторыі камуністычных і рабочых партый краін народнай дэмакратыі”.
Для рэалізацыі праекта, прысвечанага “развіццю капіталізму ў Аўстра-Венгрыі”, планавалася задзейнічаць гісторыкаў з Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі і Аўстрыі. Прапанову падалі Міхаілу Суславу, які даручыў Аддзелу навукі ЦК КПСС разабрацца ў пытанні. Станоўчую рэцэнзію па праекце ў ЦК напісалі спецыялісты па гісторыі Аўстра-Венгрыі, савецкія гісторыкі Я. І. Рубінштейн[51] і У. М. Турок[52], а таксама дырэктар ІМЭЛ Генадзь Абічкін[53]. Але ў Аддзеле навукі вырашылі інакш. На пачатку лістапада 1954 г. яго загадчык Аляксей Румянцаў у дакладной запісцы, пададзенай у ЦК, пастуляваў “нецелесообразность вхождения в редколлегию в случае, если нам будет неизвестно содержание разделов, написанных историками из других стран”. Адмоўнае рашэнне зацвердзілі сакратары ЦК Міхаіл Суслаў, Пётр Паспелаў і Мікалай Шаталін[54]. Гэта было даведзена да ведама Новатнага. Дадзены выпадак добра ілюструе спосаб вырашэння такіх пытанняў і матывацыю, якой кіраваліся партыйныя функцыянеры. Роля “руководящей і направляющей силы” (азначэнне І. Сталіна) павінна была нязменна належаць толькі аднаму асяродку – Камуністычнай партыі.
Апошні аспект, які аўтар прапануе закрануць у межах гэтага артыкула, тычыцца праблемы вывучэння гісторыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Нагадаем, што КПЗБ і Камуністычная партыя Заходняй Украіны (КПЗУ) як часткі Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) былі распушчаны ў 1938 г., а большасць кіраўнічага апарату рэпрэсавана. Яшчэ ў 1949 г. польскае камуністычнае кіраўніцтва (Якуб Берман) асцярожна спрабавала закрануць магчымасць атрымання копій дакументаў па гісторыі КПЗБ і КПЗУ ў ЦК УКП(б) (Міхаіл Суслаў) у кантэксце прац над стварэннем гісторыі Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП). Берману ў Варшаву патэлефанаваў Ян Дзяржынскі (сын Фелікса Дзяржынскага), рэферэнт Замежнапалітычнай камісіі ЦК УКП(б), і пасля кароткай “объяснительной” размовы тав. Берман “снял просьбу”[55].
Тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны разглядаліся крамлёўскім кіраўніцтвам як абшар выключных інтарэсаў СССР, нават калі справы тычыліся ўнутраных пытанняў польскага камуністычнага руху. Дадатковай праблемай быў факт, што большасць членаў кіраўніцтва КПП, КПЗБ і КПЗУ супрацоўнічала з органамі бяспекі, часта выконваючы функцыі рэзідэнтаў савецкай разведкі. Вельмі паказальны прыклад такога супрацоўніцтва з службай савецкай бяспекі – асоба венгерскага камуніста Імрэ Надзя, агента “Валодзі”, завербаванага органамі АДПУ ў 1930 г.[56].
Рэабілітацыя КПП, на якой так настойваў польскі бок, адбылася ў выніку асабістага рашэння Мікіты Хрушчова, які на пачатку 1955 г. даручыў старшыні КДБ Івану Сярову і генпракурору СССР Пятру Баранаву падрыхтаваць неабходныя дакументы[57]. У 1956 г. пра рэабілітацыю КПП было афіцыйна заяўлена ў наступнай форме: КПСС, кампартыі Балгарыі, Італіі, Фінляндыі і Польшчы прызналі роспуск КПП у 1938 г. беспадстаўным. У ЦК на працягу 1956 г. пачалі атрымліваць масу зваротаў не толькі персанальнага характару, пераважна звязаных з рэабілітацыяй, але і прапановы пачаць навуковае даследаванне гэтай праблемы. Такія просьбы дасылаліся ў асноўным з Польшчы і Украіны. Што цікава, падрабязны прагляд дакументаў РДАНГ (фонды Прэзідыума, Сакратарыята, Аддзела навукі) па гэтай праблеме не выявіў наяўнасці такіх зваротаў з боку камуністычных уладаў Беларусі.
Цікава, што ў чэрвені 1956 г. Мікалай Арэхва, былы дзеяч КПЗБ і гісторык, звярнуўся спачатку да дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, а пасля і да першага сакратара ЦК КПБ Мікалая Патолічава з прапановай пачаць вывучэнне гісторыі КПЗБ. Арэхва прапанаваў, між іншым, падрыхтаваць зборнік дакументаў і матэрыялаў па гэтай тэме, пачаць апрацоўку архіваў у Мінску, Брэсце, Гродне, Пінску, а таксама выкарыстаць матэрыялы, якія захоўваліся ў варшаўскім архіве Аддзела гісторыі партыі ПАРП[58]. Была нават праведзена кароткая нарада былых членаў КПЗБ, пра якую паведаміў у адным са сваіх нумароў “Коммунист Белоруссии”[59] Але, відавочна, партыйнае кіраўніцтва ў Мінску асцерагалася закранаць гэтую тэму ў Маскве і спусціла справу “на тармазах”.
Дарэчы, у самой Маскве пасля кароткага перыяду адлігі і “валюнтарызму” ў даследаваннях па гісторыі партыі хуценька вярнуліся да тактыкі абмежавання доступу да архіўных матэрыялаў. У беларускай правінцыі стараліся асабліва не згадваць пра КПЗБ, баючыся “как бы чего не вышло”. Барыс Клейн, гродзенскі гісторык, сябар В. Быкава і А. Карпюка, які з канца 50-х г. займаўся архіўнымі даследаваннямі па гісторыі КПЗБ і лёсам яе членаў, у сваіх успамінах згадвае, як цяжка было данесці матэрыял да чытачоў: «В редакциях часто не хотели даже упоминать имена принадлежавших к “партии-призраку”, домогались заверений, что этот деятель не был репрессирован, а если был, то обвинения с него сняты, а если даже сняты, то… стоит ли вообще ворошить прошлое?»[60].
Кароткі агляд праблематыкі ролі Цэнтральнага камітэта спачатку Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў, а пасля 1952 г. – Камуністычнай партыі Савецкага Саюза ў вызначэнні кірункаў гісторыяпісання і механізмаў прыняцця рашэнняў, які быў разгледжаны на фоне стварэння агульнаславянскай гісторыі народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дазваляе зрабіць некалькіх высноў.
Па-першае, інтэрпрэтацыйныя схемы, “правільнае” бачанне асобных праблем, вызначэнне прагрэсіўных ці рэакцыйных дзеячоў так ці інакш нараджаліся ў “цэкоўскіх” кабінетах Масквы. Гістарычная навука знаходзілася пад пільным наглядам з боку ЦК КПСС. Працай навуковых і даследчыцкіх устаноў кіравалі са Старой плошчы з дапамогай спецыяльных аддзелаў ЦК, без санкцыі якіх не вырашалася ні адно пытанне. Нават тэксты публікацый у цэнтральных гістарычных савецкіх часопісах павінны былі прайсці працэдуру зацвярджэння ў ЦК. У аддзелах ЦК дэталёва распрацоўваліся новыя пастулаты і канцэпцыі гістарычнай навукі, кірункі якіх вызначаліся вышэйшым партыйным кіраўніцтвам, спачатку Сталіным, а пазней – М. Суславым і П. Паспелавым, і дапрацоўваліся мноствам партыйных функцыянераў меншага рангу, адказных за “гістарычны фронт”.
Па-другое, партыйныя чыноўнікі са Старой плошчы карысталіся экспертызамі і ацэнкамі вузкай групы маскоўскіх гісторыкаў, якіх у той час называлі “вядучымі спецыялістамі” і “кансультантамі ЦК” і якія карысталіся даверам партыі. Частка з іх паходзіла яшчэ з дарэвалюцыйнай расійскай гістарычнай школы (Тарле, Грэкаў, Траццякоў, Дзяржавін, Пічэта і інш.) і прыстасоўвалася да патрэб марксісцкага гісторыяпісання. Другая частка кансультантаў – выхаванцы сталінскай “гістарычнай школы”, гісторыкі новай генерацыі (Сідараў, Панкратава). Гэтыя гісторыкі фармавалі савецкую гістарычную канцэпцыю славянскіх народаў, у тым ліку беларусаў, менавіта іх прафесійнымі парадамі карысталіся ў ЦК. У адносінах да беларускага і ўкраінскага народаў прымянялася ўніверсальнае паняцце – “спрадвечная цяга да аб’яднання з брацкім рускім народам”, якое стала стрыжнем для версіі гісторыі гэтых народаў.
Па-трэцяе, на падставе экспертыз “кансультантаў” чыноўнікі са Старой плошчы складалі адмысловыя тэматычныя планы, дзе акрэсліваліся “перспектыўныя” з партыйнага пункту погляду кірункі даследаванняў. Вялікае значэнне аддавалася архіўным матэрыялам, з дапамогай якіх фармаваўся пантэон “прагрэсіўных” дзеячоў, герояў, антыгерояў, а таксама адпаведныя перакананні і светапогляд. Невыпадкова рэдакцыйная калегія часопіса “Исторический архив” уваходзіла ў склад наменклатуры Аддзела культуры і навукі ЦК КПСС. У ЦК зацвярджаліся таксама планы публікацыі архіўных дакументаў, якія штогод падавала на разгляд Галоўнае архіўнае ўпраўленне пры МУС СССР (з 1960 г. – пры Саўміне СССР).
Архіўныя даследаванні ў СССР увесь час знаходзіліся пад кантролем Камуністычнай партыі. Пажаданы і ідылічны вобраз беларуска-расійскіх адносінаў цалкам ствараўся ў Маскве і грунтаваўся ў значнай ступені на дакументах, якія захоўваліся ў цэнтральных савецкіх архівах. Для гэтага ўжываліся ўсялякія хітрыкі, нацягванне фактаў, а нярэдка і іх фальсіфікацыя. У савецкіх архівах увесь час панаваў адзін няпісаны прынцып – выдаваць даследчыкам толькі тыя матэрыялы, якія будуюць бесканфліктную версію стасункаў. Гэта пацвердзіў у 1959 г. пад час сустрэчы з польскімі гісторыкамі кіраўнік Галоўнага архіўнага упраўлення пры МУС СССР Генадзь Бялоў: “У нас признано правилом не выдавать те документы, которые не являются достоверными либо могут внести разлад в дружбу [?!], не выдавать студентам и молодым исследователям. Кстати, это общее правило для всех архивов”[61].
І апошняе. Ідэя стварэння сумеснай славянскай гісторыі для палякаў, чэхаў, балгараў, славакаў, народаў Югаславіі, беларусаў, украінцаў і рускіх пацярпела паразу. Ужо ў першай палове 50-х г. (адчувальнай была “страта” Югаславіі ў 1946 г.) ідэя “адзінства славян” пачала страчваць прывабнасць. Канцэпцыя, якая падкрэслівала славянскую місію на чале з Расіяй, не прыжылася ў межах сацыялістычнага лагера, у якім да таго ж пасля падзей 1956 г. у нацыянальных гістарычных канцэпцыях з’явіліся новыя прыярытэты.
У сваю чаргу, у межах Савецкага Саюза ў галіне нацыянальных адносінаў на пачатку 60-х г. паволі крышталізаваўся тэзіс пра збліжэнне нацый і народнасцяў, у выніку чаго паўставала новая супольнасць – савецкі народ. Аднак і тут можна было назіраць пэўную раздвоенасць “савецка-патрыятычных і неанацыянальных ідэалагем”. Як пісаў у сваім даследаванні Райнэр Лінднэр, “пракламаванаму” з усіх бакоў “збліжэнню і зліццю нацый”, а таксама ўтварэнню “савецкага народа” процістаяў інтарэс індывідуальнага развіцця “сацыялістычных нацый”[62]. Але гэта ўжо тэма для асобнага даследавання, якое патрабуе далейшай руплівай працы ў цэнтральных расійскіх архівах. Феномен гісторыяпісання ў Савецкім Саюзе немагчыма зразумець толькі на падставе аналізу гістарычных тэкстаў, створаных у тыя часы. Гістарычная палітыка была і застаецца важным інструментам афіцыйнай ідэалогіі, канстантай у міжнароднай палітыцы савецкай / расійскай дзяржавы, незалежна ад зменлівых ідэалагічных вектараў.
[1] РДАСПГ – Расійскі дзяржаўны архіў сацыяльна-палітычнай гісторыі (РГАСПИ).
[2] РДАНГ – Расійскі дзяржаўны архіў найноўшай гісторыі (РГАНИ).
[3] Гл.: Чехословацкий кризис 1967–1969 гг. в документах ЦК КПСС: Статьи, исследования, документы, Составители: Величанская Л. А. (отв. сост.), Джалилов Т. А., Кишкина-Иваненко М. Ф., Прозуменщиков М. Ю. Москва, 2010. У сакавіку 2010 г. кіраўніцтва РДАНГ падпісала міжнароднае пагадненне з польскім Інстытутам нацыянальнай памяці, якое прадугледжвала рассакрэчванне і публікацыю дакументаў найвышэйшых органаў ЦК КПСС па пытаннях савецка-польскіх адносінаў у перыяд 1953–1964 г.
[4] АРАН – Архив Российской Академии наук; далей АРАН.
[5] Гл.: Красовицкая Т. Ю. Идеологические комиссии ЦК КПСС. 1958–1964: Документы; Аппарат ЦК КПСС и культура. 1953–1957: Документы; “А за мною шум погони…” Борис Пастернак и власть. 1956–1972 гг.: Документы; Аппарат ЦК КПСС и культура. 1958–1964: Документы // Отечественные архивы. 2006. № 3. С. 102–106.
[6] Академия наук в решениях Политбюро ЦК РКП(б) – ВКП(б). 1922–1952. Председ. редкол. Осипов Ю. С., составитель Есаков В. Д. Москва, 2000. С. 19.
[7] РДАНГ. Ф. 5. Воп. 17. Спр. 470. Арк. 159. Запіска загадчыка Аддзела культуры і навукі ЦК КПСС адносна заснавання часопіса “Исторический архив”, 22.VII.1954 г.
[8] Падрабязней пра аддзел навукі гл.: Шумскі Я. Аддзел навукі ЦК УКП(б).КПСС і фарміраванне гістарычнай свядомасці “народаў СССР” на прыкладзе БССР // Вяртанне ў Еўропу: мінулае і будучыня Беларусі, рэд. С. Дусэт, А. Дынько, А. Пашкевіч. Варшава, 2011. С. 119–127. Гл. таксама: Отдел науки ЦК КПСС 1953–1966 гг. Аннотированные описи. Научн. ред. Прозуменщиков М. Ю., сост. Киселев М. Ю., Казарина И. В., Величанская Л. А., Чарская Л. В., Москва, 2006. С. 6–9.
[9] Идеологические комиссии ЦК КПСС. 1958–1964: Документы. Сост. Афанасьева Е. С., Афиани В. Ю., Величанская Л. А. Москва, 1998. С. 25.
[10] РДАСПГ. Ф. 17. Воп. 125. Спр. 552. Арк. 204. Дакладная запіска сакратару ЦК УКП(б) М. Суславу, 21.VI.1947 г.
[11] Досталь М. Ю. Как Феникс из пепла. Отечественное славяноведение в период Второй мировой войны и первые послевоенные годы. Москва, 2009. С. 163.
[12] Гл.: Roberts G. Stalin, the Pact with Nazi Germany, and the Origins of Postwar Soviet Diplomatic Historiography // Journal of Cold War Studies. 2002. Vol. 4. S. 93–103.
[13] Lipinsky J. Das Geheime Zusatzprotokoll zum deutsch-sowjetischen Nichtangriffsvertrag vom 23. August 1939 und seine Entstehungs- und Rezeptionsgeschichte von 1939 bis 1999. Frankfurt am Main, 2004. S. 375.
[14] Назва верша А. Пушкіна, напісанага ў адказ на прапанову дэпутатаў французскага парламента пра сумесную збройную барацьбу разам з паўстанцамі супраць расійскіх войскаў пад час паўстання 1830–1831 г.
[15] РДАСПГ. Ф. 558. Воп. 11. Спр. 244. Арк. 9–14. Даведка Вышынскага А. Я. наконт распаўсюджвання брашуры “Фальсіфікатары гісторыі” за мяжой, дасланая Сталіну, 22.IV.1948 г.
[16] Гл. фота 1. Ветэраны і камуністычны актыў пратэстуюць супраць “фальсіфікацыі” гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
[17] РДАСПГ. Ф. 558. Воп. 11. Спр. 244. Арк. 86.
[18] РДАСПГ. Ф. 558. Воп. 11. Спр. 243. Арк. 55. Рукапіс (праўка І. Сталіна) тэксту брашуры “Ответ клеветникам”. Гл. фота 2.
[19] Пра ролю і ўдзел І. Сталіна ў напісанні гісторыі СССР гл.: Самарина Н. Г. Историческая концепция И. В. Сталина и ее влияние на развитие отечественной исторической науки // Московский государственный университет культуры и искусств. Москва, 2000; Медведев Р. Сталин и “Краткий курс истории ВКП(б)” // Высшее образование сегодня: Реформы. Нововведения. Опыт. 2003. № 9. С. 48–54; Шеин И. А. Сталин и Отечественная война 1812 года: опыт изучения советской историографии 1930–1950-х годов // Отечественная история. 2001. № 6. С. 97–108.
[20] АРАН. Ф. 1965. Вoп. 1. Спр. 173. Арк. 75. Пратакол нарады ў ЦК КПСС, 22.VI.1956 г.
[21] Гл.: Секреты польской политики. 1935–1945 годы. Составитель Соцков Л. Ф. Москва, 2009; Дюков А. Р. “Пакт Молотова – Риббентропа” в вопросах и ответах. Москва, 2009. Партитура Второй мировой. Кто и когда начал войну? (ред.) Нарочницкая Н. А., Фалин В. М. Москва, 2009, і г. д.
[22] Пичета В. И. Западная Украина и Западная Белоруссия // Советская наука. 1939. № 12. С. 155–170; Пичета В. И. Основные моменты в исторических судьбах Западной Украины и Западной Белоруссии // Историк-марксист. 1939. № 10–11. С. 67–98. Гл. таксама: Шумскі Я. Аддзел навукі… С. 122.
[23] Документы к истории отечественного славяноведения 40-х годов XX века [Отчет о деятельности сектора славяноведения за 1944 год], сост. Гориянов А. Н., Досталь М. Ю. // Славистика СССР и дальнего русского зарубежья 20–40-х годов XX века. Сборник статей, под ред. М. Робинсона. Москва, 1992. С. 115, 141.
[24] Фрагмент письма секретаря Славянской комиссии АН СССР Валентина Дитякина Николаю Державину от 25 октября 1946 г. // Славистика СССР и дальнего русского зарубежья 20–40-х годов XX века. Сборник статей, под ред. М. Робинсона. Москва, 1992. С. 133–134.
[25] РДАСПГ. Ф. 17. Воп. 125. Спр. 362. Арк. 106. Запіска Уладзіміра Дзеканозава, накіраваная Андрэю Жданаву. 16.IX.1946 г.
[26] РДАСПГ. Ф. 17. Воп. 125. Спр. 362. Арк. 106. Короткий “Очерк истории сербов-лужичан”, составленный В. Пичетой для Отдела пропаганды и агитации ЦК ВКП(б). 16.X.1946 г.
[27] Досталь М. Ю. Славянский конгресс в Белграде 1946 г. // Славянские съезды XIX–XX вв. Под ред. Аксеновой Е. П., Гориянова А. Н., Досталь М. Ю. Москва, 1994. С. 131–133.
[28] Документы к истории отечественного славяноведения 40-х годов XX века [Отчет о деятельности сектора славяноведения за 1943 год]. Сост. Гориянов А. Н., Досталь М. Ю // Славистика СССР и дальнего русского зарубежья 20–40-х годов XX века, сборник статей под ред. М. Робинсона. Москва, 1992. С. 100.
[29] Гл.: Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ–ХХ ст. / пер. з ням. Л. Баршчэўскага; нав. рэд. Г. Сагановіч. С.-Пецярбург, 2005. С. 327–329.
[30] Тэзісы зводзіліся да наступных момантаў: 1) знаходжанне беларускіх земляў у складзе літоўска-рускай, а пазней польска-літоўскай дзяржавы было часам нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту; 2) прагрэсіўны характар “уз’яднання” з Расіяй; 3) спрадвечная цяга і сімпатыя беларусаў да “старэйшага брата”.
[31] РДАСПГ. Ф. 17. Воп. 133. Спр. 220. Арк. 242. Запіска, дасланая сакратару ЦК УКП(б) Г. Малянкову з нагоды абмеркавання макета па “Гісторыі Беларускай ССР”.
[32] РДАСПГ. Ф. 17. Воп. 133. Спр. 220. Арк. 239–240. Дакладная запіска першага сакратара ЦК КП(б)Б М. Патолічава ў ЦК УКП(б) на імя Г. Малянкова 11.VI.1952 г. Гл. фота 3.
[33] РДАСПГ. Ф. 17. Воп. 133. Спр. 220. Арк. 241. Дакладная запіска, дасланая ў Аддзел навукі ЦК УКП(б) з Інстытута гісторыі АН СССР. 21.VI.1952 г.
[34] РДАСПГ. Ф. 17. Воп. 133. Спр. 220. Арк. 242. Запіска, дасланая сакратару ЦК УКП(б) Г. Малянкову з нагоды абмеркавання макета па “Гісторыі Беларускай ССР”. 29.VII.1952 г.
[35] РДАНГ. Ф. 5. Воп. 17. Спр. 421. Арк. 34–35. Запіска, накіраваная першаму сакратару ЦК КПСС М. Хрушчову “Пра навуковую дзейнасць Інстытута славяназнаўства АН СССР”. 4.XII.1953 г.
[36] Тамсама. Арк. 44.
[37] Шумскі Я. Аддзел навукі… С. 124.
[38] РДАНГ. Ф. 5. Воп. 17. Спр. 470. Арк. 130–133. Дакладная запіска ў ЦК КПСС. 5.VII.1954 г.
[39] РДАНГ. Ф. 5. Воп. 17. Спр. 518. Арк. 49. Дакладная запіска ў ЦК КПСС «Пра абмеркаванне з польскімі вучонымі першага тома “Гісторыі Польшчы”». 5.III.1955 г.
[40] Лінднэр Р. Гісторыкі… С. 339.
[41] Гл.: Горизонтов Л. Е. “Методологический переворот” в польской историографии на рубеже 1940–1950-х годов и советские историки // Славяноведение. 1993. № 6. С. 51–52.
[42] РДАНГ. Ф. 5. Воп. 17. Спр. 470. Арк. 255. Дакладная запіска загадчыка Аддзела навукі і культуры ЦК КПСС А. Румянцава, дасланая М. Суславу. 9.XII.1954 г.
[43] АРАН. Ф. 1965. Вoп. 1. Спр. 151. Арк. 21–59. Пратакол нарады ад 11 сакавіка 1955 г. у Варшаве наконт абмеркавання II тома “Гісторыі Польшчы”.
[44] Wyszomirska-Kuźmińska O. Więzi humanistów polskich i radzieckich: (1944–1980). Wrocław, 1998. S. 44.
[45] Гл..: Tołstoj W.S. Współpraca kulturalna Białorusi z Poską (1945–1965) // Z dziejów stosunków polsko-radzieckich. Studia i Materiały. 1968. № 3. S. 258.
[46] РДАНГ. Ф. 5. Воп. 35. Спр. 75. Арк. 72. Ліст ЦК КПБ у ЦК КПСС наконт накіравання ў Польшчу беларускіх навукоўцаў. 25.XI.1958 г.
[47] Былі апублікаваны дакументы, якія тычыліся не толькі ўласна Польшчы, але і беларускіх земляў. Гл.: Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861–1862 гг.: материалы и документы. Гл. ред. С. Кеневич. Москва, 1964; Восстание в Литве и Белоруссии 1863–1864 гг.: материалы и документы. Гл. ред. С. Кеневич. Москва, 1965.
[48] РДАНГ. Ф. 5. Воп. 35. Спр. 56. Арк. 11. Дакладная запіска ў ЦК КПСС з Аддзела навукі, вышэйшых навучальных устаноў і школ. 14.III.1957 г.
[49] Тамсама.
[50] АРАН. Ф. 1965. Воп. 1. Спр. 187. Арк. 8, 65. Дакладная запіска з Інстытута славяназнаўства АН СССР пра рэалізацыю праекта публікацыі крыніц да паўстання 1863 г. Снежань 1957 г. Гл. таксама: Шумскі Я. Аддзел навукі… С. 126.
[51] Аўтар працы “Политика германского империализма в западных польских землях в конце XIX – начале XX века”. Москва, 1953. 253 с.
[52] Гл.: Турок В. Очерки истории Австрии 1918–1929. Москва, 1955. 586 с.
[53] РДАНГ. Ф. 5. Воп. 17. Спр. 470. Арк. 210–211. Экспертныя заключэнні Інстытута гісторыі АН СССР (13.X.1954) і ІМЭЛ (22.X.1954), дасланыя ў ЦК КПСС.
[54] РДАНГ. Ф. 5. Воп. 17. Спр. 470. Арк. 214. Нататка з Аддзела навукі і культуры ў ЦК КПСС. 4.X.1954 г.
[55] РДАСПГ. Ф. 17. Воп. 137. Спр. 80. Арк. 14. Нататка, дасланая сакратару ЦК УКП(б) М. Суславу ў сувязі з лістом Я. Бермана ад 1 лютага 1949 г. 16.VI.1949 г.
[56] Дакументы (копіі), якія тычыліся супрацы Імрэ Надзя з савецкай бяспекай, цяпер захоўваюцца ў фондзе 89 (“Коллекция рассекреченных документов”) РДАСПГ.
[57] Гл.: Реабилитация: как это было. Документы Президиума ЦК КПСС и другие материалы: в 3 т. Т. 1. Март 1953 – февраль 1956. Сост. Артизов А. Н., Сигачев Ю. В., Хлопов В. Г., Шевчук И. Н. Москва, 2000. С. 189–190.
[58] “Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…”. Верасень 1939 г. – 1956 г.: дакументы і матэрыялы: у 2 кн. Кн. 2. Ліпень 1944 г. – 1956 г. Склад.: Адамушка У. І. [і інш.]. Мінск, 2009. С. 259–263.
[59] Гл.: Совещание по вопросам истории Коммунистической партии Западной Белоруссии // Коммунист Белоруссии. 1956. № 8. С. 66–72.
[60] Клейн Б. Недосказанное (воспоминания). Имена. http://kackad.com/kackad/?p=1835 [доступ з 15.01.2013]
[61] АРАН. Ф. 1965. Воп. 1. Спр. 221. Арк. 21. Стэнаграма нарады савецкіх і польскіх гісторыкаў па праблеме выдання зборніка па гісторыі савецка-польскіх адносінаў. 20.V.1959 г.
[62] Лінднэр Р. Гісторыкі… С. 370–371.