Tożsamości zbiorowe Białorusinów / рod red. R. RADZIKA. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2012. 422 s.
У 20 томе БГА (2013)
Праблема калектыўнай ідэнтычнасці беларусаў неаднаразова рабілася прадметам навуковага аналізу. У шэраг гэтых даследаванняў добра ўпісваецца манаграфія “Калектыўныя ідэнтычнасці беларусаў”, падрыхтаваная пад кіраўніцтвам прафесара Рышарда Радзіка. Рэцэнзаваная праца складаецца з 11 артыкулаў, напісаных палітолагамі, сацыёлагамі, антраполагамі, лінгвістамі, культуролагамі і журналістамі, што дазволіла ўсебакова разгледзець пытанне калектыўнай ідэнтычнасці сучасных беларусаў. Удзел даследчыкаў з Польшчы, Беларусі, Украіны, Чэхіі і ЗША гарантуе разнароднасць навуковых пазіцый. Структура працы празрыстая і цалкам здавальняльная з пункту гледжання структуры і пазнавальнасці. Пэўны недахоп манаграфіі ў тым, што некаторыя змешчаныя ў ёй артыкулы раней ужо публікаваліся ў іншых навуковых выданнях. Такая хіба часткова пазбаўляе рэцэнзаваную працу навізны. З іншага боку, мы атрымалі вартае ўвагі даследаванне, прысвечанае праблематыцы калектыўнай ідэнтычнасці беларусаў і скіраванае перш за ўсё да польскіх чытачоў, што часткова апраўдвае прысутнасць раней публікаваных матэрыялаў, бо дагэтуль яны былі даступныя толькі вузкаму колу спецыялістаў у памянёнай сферы. Апрача таго, гэта адна з нямногіх у апошнія гады сінтэтычных прац, прысвечаных пытанню калектыўнай ідэнтычнасці беларусаў, хоць у больш вузкіх аналітычных даследаваннях на гэтую тэму недахопу няма. Асобна варта падкрэсліць, што пры напісанні многіх артыкулаў былі скарыстаны вынікі эмпірычных даследаванняў, і гэта значна павышае навуковую каштоўнасць рэцэнзаванага выдання.
Артыкул Алега Манаева і Юрыя Дракахруста “Уласцівасці сучаснай беларускай ідэнтычнасці” адкрывае дыскусію, прысвечаную гэтаму пытанню. Згаданы артыкул грунтуецца на багатым эмпірычным матэрыяле, перш за ўсё на даследаваннях грамадскай думкі, што праводзіліся Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД). На жаль, як і ў ранейшых публікацыях заснавальнікаў НІСЭПД, тут не апісваецца метадалогія даследаванняў, з прычыны чаго цяжка адназначна ацаніць іх верагоднасць. Працяглы час гэтая акалічнасць служыць падставай для крытыкі работы найважнейшага цэнтра даследаванняў грамадскай думкі на Беларусі, вось чаму яго супрацоўнікі павінны звярнуць асаблівую ўвагу на апісанне метадалогіі даследаванняў. У артыкуле часам зашмат месца аддаецца графічнаму адлюстраванню вынікаў даследаванняў замест іх падрабязнага аналізу. Некаторыя прапанаваныя вынікі даследаванняў адыходзяць убок ад цэнтральнай праблематыкі артыкула, і іх прыцягненне не заўсёды выглядае апраўданым. Так, прыкладам можа служыць пытанне аб прэферэнцыях беларусаў на выбарах 2006 г. Якім чынам упадабанні выбаршчыкаў уплываюць на калектыўную ідэнтычнасць беларусаў, аўтары публікацыі не паказваюць, як і не адказваюць на пытанне, чаму прэзідэнцкія выбары 2006 г. адыгралі ключавую ролю ў яе станаўленні. За выняткам гэтых дробных заўваг артыкул А. Манаева і Ю. Дракахруста ўяўляе сабой важкае слова ў дыскусіі пра калектыўную ідэнтычнасць беларусаў. Як вынікае з іх даследаванняў, большасць беларусаў (75%) лічаць сябе бліжэйшымі да рускіх, а не да еўрапейцаў, а беларуская мова не адыгрывае асноватворнай ролі ў фармаванні іх нацыянальнай ідэнтычнасці, хоць нярэдка і акрэсліваецца як родная мова. У штодзённых зносінах галоўную ролю адыгрывае перш за ўсё руская мова. З іншага боку, беларуская культурная ідэнтычнасць пераважае сярод усіх грамадскіх груп, а кола тых, хто атаясамлівае сябе з рускай культурай, застаецца ў меншасці. Вельмі цікавай выглядае эвалюцыя поглядаў беларусаў у сферы геапалітыкі. Нягледзячы на няспынны працэс беларуска-расійскай інтэграцыі, існуе выразная тэндэнцыя да змяншэння колькасці яе прыхільнікаў; адначасова расце доля прыхільнікаў інтэграцыі з ЕС. На думку аўтараў, геапалітычная арыентацыя беларусаў не стрыжань іх нацыянальнай ідэнтычнасці, а, хутчэй, вытворная ад іншых фактараў, у тым ліку замежнапалітычных. На карысць такога становішча сведчаць, у прыватнасці, вынікі даследаванняў, паказаныя ў табліцы 21 (31).
Рыгор Іофе імкнецца адказаць на пытанне аб вытоках беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. У публікацыі пад назвай “Працяглыя пошукі беларускай ідэнтычнасці” амерыканскі даследчык спрабуе даследаваць яе характар. Варта цалкам згадзіцца з думкай аўтара, што рэлігійны фактар вельмі мала ўплывае на развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Гэтаксама і адносна малады беларускі нацыяналізм, як і ў ранейшыя часы, не адыгрывае істотнай ролі ў фармаванні беларускай ідэнтычнасці. Асабліва каштоўным у артыкуле гэтага аўтара выглядае вылучэнне трох нацыянальных праектаў (“натывісцкага”, “маскоўска-ліберальнага” і “крэольскага”), якія прэтэндуюць на кансалідацыю беларусаў і ўмацаванне іх нацыянальнай ідэнтычнасці. Прыхільнікі “натывісцкага”, або “праеўрапейскага”, праекта заяўляюць пра неабходнасць працягу беларускага нацыянальнага адраджэння, вызвалення ад расійскага каланіялізму, а таксама вяртання да спрадвечных еўрапейскіх каранёў. У “маскоўска-ліберальным” лагеры гуртуюцца рускамоўныя беларусы, што падзяляюць антылукашэнкаўскія і праеўрапейскія настроі; у сваю чаргу, “крэолы” карыстаюцца “трасянкай” і пры гэтым скіраваны досыць патрыятычна і нацыяналістычна. Па сутнасці, “крэолы” ўяўляюць сабой апору цяперашняга аўтарытарнага рэжыму, а сама “крэольскасць” выступае формай данацыянальнай свядомасці. На думку аўтара, беларусы перажываюць толькі пачатковую стадыю нацыябудавання, і працэс іх нацыянальнай кансалідацыі расцягнецца на доўгі час.
У грунтоўным артыкуле Ніны Мячкоўскай “Стагоддзе беларускага нацыянальнага адраджэння: галоўныя падзеі і тэндэнцыі ў гісторыі моўнай самасвядомасці і моўнай сітуацыі на Беларусі” аналізуюцца два важныя пытанні: эвалюцыя самасвядомасці беларусаў у святле іх стаўлення да беларускай мовы, а таксама нацыянальна-моўная палітыка, прапагандаваная грамадскімі рухамі, партыямі або дзяржавай у мэтах урэгулявання міжнацыянальных і міжмоўных узаемаадносінаў у шматэтнічным і разнамоўным беларускім грамадстве. Паводле аўтаркі, да пачатку XX ст. працэс фармавання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, як і працэс пашырэння беларускай мовы, насіў абмежаваны характар. Толькі “нашаніўскае” адраджэнне (1906–1918) паспрыяла абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і павышэнню статусу беларускай мовы. Паводле аўтаркі, сур’ёзнай праблемай заставалася ачышчэнне беларускай мовы ад русізмаў і паланізмаў. Перыяд прымусовай савецкай беларусізацыі досыць цяжка лічыць “залатым дзесяцігоддзем беларускай мовы” (да чаго схіляецца аўтарка), хоць былі зроблены маштабныя крокі ў справе яе пашырэння ў грамадстве. Аўтарка артыкула падрабязна раскрывае працэс фармавання беларускай літаратурнай мовы, а таксама яго асобныя фазы. На жаль, не хапае шырэйшага аналізу падыходаў да беларусізацыі ў праграмах паасобных палітычных партый ці грамадскіх рухаў (за выключэннем БНФ), хоць такая мэта дэкларуецца на пачатку артыкула.
Надзвычай цікавы артыкул Катажыны Вашчынскай “Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у святле выказванняў жыхароў Мінска і ваколіц”, заснаваны на эмпірычных даследаваннях. Пэўныя заўвагі выклікае, аднак, выбар суразмоўнікаў: вылучэнне на першы план мясцовых аўтарытэтаў, адукаваных людзей (настаўнікаў, публіцыстаў) дазваляе нам пазнаёміцца, хутчэй, са станам самасвядомасці нацыянальнай інтэлігенцыі, чым зрабіць высновы наконт сучаснай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці наогул. Са зробленага аналізу вынікае, што жыхары цэнтральных рэгіёнаў краіны не адчуваюць праблем з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй, бо ўсе называюць сябе беларусамі. Параўнальнае даследаванне на матэрыяле насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў краіны магло б даць цікавы матэрыял у пацвярджэнне або абвяржэнне тэзісаў аўтаркі. К. Вашчынская засяроджваецца на надзвычай цікавым працэсе “набыцця беларускай свядомасці”, які вынікае галоўным чынам з пошукаў адказу на пытанне “Хто я?”. У большасці суразмоўнікаў прысутнічае “зваротны момант” і пераасэнсаванне падыходу да беларускай ідэнтычнасці, найперш у выніку тых ці іншых абставін – такіх, як, напрыклад, уплыў беларускай культуры або гістарычнай традыцыі. Даследаванні К. Вашчынскай пацвярджаюць той ужо вядомы факт, што рост беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці не прыводзіць да істотнага пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы. У ранейшых даследаваннях адзначалася, што беларуская мова мае вобраз “мовы інтэлігенцыі”, паколькі апошняя належыць да адной з нешматлікіх сацыяльных груп, якія абараняюць развіццё беларускай мовы. На думку аўтаркі, фармаванне беларускай самасвядомасці скарэлявана з набыццём ведаў пра беларускую гісторыю і культуру. Працягласць памянёнага працэсу індывідуальная і залежыць ад вонкавых чыннікаў, а беларускамоўнасць не складае неабходнай умовы для фармавання беларускай ідэнтычнасці. Як лічыць аўтарка, функцыянаванне беларуска-рускага двухмоўя можа паспрыяць размыванню рысаў нацыянальнай ідэнтычнасці.
Асобны артыкул, прысвечаны рэлігійнай ідэнтычнасці беларусаў, напісала Вольга Брэская. У працы “Рэлігійны грамадзянін ці беларус-вернік? Два дзесяцігоддзі сацыялагічных даследаванняў рэлігійнай ідэнтычнасці беларусаў” аўтарка абапіраецца перш за ўсё на даследаванні, якія праводзіліся Нацыянальнай акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь – арганізацыяй палітызаванай і ўбудаванай у сучасную палітычную сістэму. Таму цяжка ацаніць верагоднасць прапанаваных вынікаў даследавання, бо ніякая іншая незалежная навуковая арганізацыя на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў падобных даследаванняў не праводзіла. У сваім аналізе В. Брэская не закранае праблемы абмежавання дзяржаўнымі ўладамі дзейнасці каталіцкай царквы і пратэстанцкіх цэркваў, хоць гэта мае свой уплыў на працэс станаўлення рэлігійнай ідэнтычнасці беларусаў. Яшчэ нядаўна самаідэнтыфікацыя большасці беларусаў на захадзе краіны (аднясенне сябе да каталікоў, праваслаўных і г. д.) была процілеглай таму, што назіралася на ўсходзе. З даследаванняў аўтаркі артыкула адназначна вынікае, што рэгіяналізм “захад – усход” траціць сваё значэнне і адбываецца выраўноўванне канфесійнага падзелу насельніцтва ў абедзвюх частках краіны. Адбываецца таксама працэс павелічэння долі вернікаў (у 1998 г. – 79,1%, у 2007 г. – 89,9 %).
Андрэй Казакевіч разважае над станам сучаснай беларускай гістарычнай ідэнтычнасці. У пацвярджэнне высноваў сваёй працы ён спасылаецца на распрацоўкі незалежнага Інстытута палітычных даследаванняў, дапоўненыя і скарэляваныя з вынікамі, атрыманымі Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі, а таксама сацыялагічнай лабараторыяй “Новак”. Вось жа, мы атрымалі працу надзвычай каштоўную і наватарскую, якая мае на мэце барацьбу з пашыранымі стэрэатыпамі. Згодна з высновамі аўтара, гістарычная памяць беларусаў не мае непарыўнага характару, а, хутчэй, складаецца з уяўленняў пра асобныя гістарычныя эпохі, часта дапоўненых ведамі пра асобныя падзеі ды постаці. Гістарычная памяць беларусаў ахоплівае чатыры гістарычныя перыяды: 1) Полацкае і Тураўскае княствы (X–XIII ст.), 2) Вялікае Княства Літоўскае (XIII–XVI ст.), 3) Другая сусветная (г. зн. Вялікая Айчынная) вайна, 4) пасляваенны савецкі перыяд. Астатнія гістарычныя падзеі носяць эпізадычны характар і маюць невялікае значэнне для фармавання гістарычнай свядомасці сучасных беларусаў. Працы бракуе аналізу гістарычнай ідэнтычнасці ў залежнасці ад узроўню нацыянальнай свядомасці. Нацыянальна свядомыя беларусы апелююць да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, а для беларусаў з нізкім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці найбольшае значэнне мае перыяд Другой сусветнай вайны.
Вольга Гушчава ў працы “Перадача памяці пра гістарычныя падзеі ў асобных беларускіх сем’ях” засяродзілася на праблеме пераказу гістарычнай памяці сярод сучасных беларусаў. Хоць яе даследаванні абмяжоўваюцца групай у некалькі дзясяткаў рэспандэнтаў, прапанаваныя вынікі ўяўляюць сабой цікавы матэрыял да дыскусіі пра гістарычную памяць жыхароў Беларусі. Згодна з даследаваннямі аўтаркі, сямейная памяць ахоплівае 3-4 пакаленні і канцэнтруецца вакол штодзённага жыцця. Успаміны пра міжваенны перыяд адыгрываюць маргінальную ролю, а сталінскія рэпрэсіі не выступаюць важным элементам калектыўнай памяці беларусаў. Да групы найважнейшых сямейных успамінаў належаць падзеі Другой сусветнай вайны. З даследаванняў аўтаркі вынікае, што вобраз Другой сусветнай вайны ў памяці беларускіх сем’яў супадае з вобразам, які транслюецца афіцыйнай прапагандай. Пасляваенны перыяд (1945–1985) у калектыўнай памяці беларусаў адлюстраваны слаба, хоць і асацыюецца з мірным часам. Насуперак паноўнаму стэрэатыпу, распад СССР не ацэньваецца ні пазітыўна, ні негатыўна, і толькі вынікі гэтага распаду часткай беларусаў крытыкуюцца.
Шмат новага ў праблематыку калектыўнай свядомасці беларусаў уносіць артыкул Ганны Энгелькінг «Паміж “панам” і “жыдам”. Заўвагі пра структуру ідэнтычнасці беларускіх калгаснікаў у канцы XX – пачатку XXI ст.». Яго высновы – плён шматгадовых палявых даследаванняў, якія вяліся на абшарах Заходняй і Усходняй Беларусі. З іх ясна вынікае, што нацыянальныя пытанні не належаць да першачарговых вартасцяў беларускіх калгаснікаў, а іх калектыўная ідэнтычнасць грунтуецца на такіх каштоўнасцях, як праца, зямля і нярэдка рэлігія. Даўнейшыя сялянскія каштоўнасці па-ранейшаму жывуць у калектыўнай свядомасці беларускіх калгаснікаў, якія дастасоўваюць свой сучасны светапогляд да ўяўленняў мінуўшчыны.
Нэлі Бекус у артыкуле пад назвай “Беларуская нацыя як ідэя і катэгорыя грамадскай практыкі. Парадоксы камуністычнага развіцця” разважае пра сувязі паміж нацыянальнай ідэяй і дэмакратыяй у посткамуністычных дзяржавах. Асаблівае месца ў яе даследаваннях займае Беларусь. І ў той час як пытанні стаўлення беларусаў да Расіі шырока адлюстраваны ў спецыяльнай літаратуры і тут мы не сустракаем нейкага новага падыходу, канцэпцыя існавання дзвюх ідэй беларускасці выглядае з навуковага пункту гледжання свежай і наватарскай. Дзве сучасныя процілеглыя канцэпцыі беларускай нацыі былі сфармуляваны апазіцыяй і цяперашняй уладай. Ідэя беларускай нацыі, сфармуляваная дзеячамі апазіцыі ў 1990-я г., апелявала да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. Яе аўтары як палкія прыхільнікі адраджэння беларускай мовы і культуры стваралі альтэрнатыўную нацыянальную ідэю, пазбаўленую расійскіх уплываў. У афіцыйным дыскурсе, падтрыманым уладай, ідэя беларускай нацыі фармавалася з арыентацыяй на расійскі ўзор, з апеляцыямі да савецкай спадчыны і досведу.
Да кампаратывісцкіх даследаванняў звяртаюцца аўтары двух апошніх артыкулаў – Мікола Рабчук («Усходнеславянская “умма” і праблема эмансіпацыі: пра “слабую” ідэнтычнасць украінцаў і беларусаў») (па-беларуску гэты артыкул апублікаваны ў папярэднім томе БГА) і Мілаш Ржэзнік (“Чэшская і беларуская нацыянальная ідэнтычнасць – спроба параўнання ў гістарычным аспекце”). У першым артыкуле ўкраінскі даследчык параўноўвае “сілу” нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і ўкраінцаў. М. Ржэзнік ацэньвае працэс станаўлення нацыянальнай ідэнтычнасці чэхаў і беларусаў у гістарычным аспекце.
У рэцэнзаванай манаграфіі рознабакова прааналізаваны праблемы калектыўнай ідэнтычнасці беларусаў, што адкрывае поле для шырэйшай дыскусіі на гэтую тэму. Кніга мае вельмі шмат вартасцяў, а выказаныя палемічныя заўвагі не ўплываюць на высокую ацэнку яе навуковага ўзроўню. Мы атрымалі надзвычай годную працу; пры гэтым інтэрнацыянальны склад аўтарскага калектыву павышае пазнавальную каштоўнасць выдання і дазваляе параўнаць разнародныя падыходы да складанага характару калектыўнай ідэнтычнасці сучасных беларусаў. Вялікая тэматычная разнастайнасць манаграфіі і яе наватарскі характар не толькі станоўча ўплываюць на яе ацэнку, але і дазваляюць парэкамендаваць яе шырокаму колу чытачоў.
Торунь
Аркадзіуш Чволэк