БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Томас М. Бон. Новыя Шэйпічы: нічыйная зямля ці шэльмаўскі раман? Беларуская штодзённасць у часы Хрушчова

*[1]

28 жніўня 1955 г. у беларускай штодзённай газеце “Советская Белоруссия” з’явіўся матэрыял з някідкай назвай “Новые Шепичи”. Цікавасць чытачоў артыкул мусіў абудзіць тым, што быў пазначаны як фельетон. У савецкім друку гэты жанр на мяжы мастацкай прозы і рэпартажу з’явіўся з пачаткам “адлігі”, пасля смерці Сталіна. У лірычным уступе аўтар апісвае наступную кафкіянскую сітуацыю. Маладая пара, што намерылася была зарэгістраваць нованароджанага, сутыкаецца з нечаканымі перашкодамі. Каб спраўдзіць свой намер, яны мусяць здзейсніць сапраўдную адысею. Ніводная ўстанова – ані ў горадзе, ані на вёсцы – не лічыць сябе адказнай. У якасці абгрунтавання ўсе кажуць, што маладыя людзі, маўляў, жывуць у “ничейном посёлке”!

Далей аўтар знаёміць чытачоў з абставінамі, у якіх магла ўзнікнуць гэтая незвычайная сітуацыя, удала мяшаючы фантазію і рэальнасць. Ён расказвае, як нейкі “першаадкрывальнік” пасля нядзельнага шпацыру трапляе на нераспрацаваную дзялянку  зямлі і засноўвае там паселішча, не турбуючыся пра правілы сацыялістычнага горадабудаўніцтва. Калонія атрымлівае назву Новыя Шэйпічы. Узнікшы як бы з ніадкуль, яна прыцягвае ахвотных да авантураў. Людзі, што раней жылі ў галечы, прыходзяць сюды з вялікімі надзеямі. Але даволі хутка невыносныя ўмовы жыцця ў “Новым свеце” прыводзяць да таго, што бацька-заснавальнік сутыкаецца з абурэннем сваёй маладой суполкі. “Мараль той байкі” сфармуляваць вельмі проста: паколькі паселішча Новыя Шэпічы ізалявалася ад навакольнага свету з-за сваёй “несавецкасці”, яно не магло карыстацца заваёвамі сацыялізму з практычнага пункту погляду – яго жыхары не былі забяспечаныя камунальнымі ды іншымі выгодамі. Да такой высновы прыходзіць, прынамсі, “Советская Белоруссия”[2].

Крытычныя ноткі можна рэтраспектыўна патлумачыць паслабленнем цэнзуры і палічыць іх за прыкметы дэсталінізацыі. Нагадаем, што на Усесаюзнай нарадзе будаўнікоў у Маскве ў снежні 1954 г. Хрушчоў раскрытыкаваў марнатраўства ў архітэктуры часоў Сталіна і выступіў за індустрыялізацыю будаўніцтва шляхам выкарыстання тыпавых праектаў, зборных дэталяў і канструкцый[3]. Але, паспрабаваўшы зразумець артыкул з пазіцый “духу эпохі”, нельга адначасова не заўважыць, што культурным кодам, на якім ён грунтуецца, ёсць так званы “сталінскі клопат пра чалавека”. Размова тут пра два выказванні Сталіна: наконт знікнення трушчобаў у “сацыялістычным горадзе” і стварэння нармальных умоў жыцця ў варунках аднаўлення краіны пасля вайны[4]. Як бы там ні было, на фоне толькі што праведзенага радыкальнага павароту ў будаўнічай галіне фельетаніст “Советской Белоруссии” здолеў крануць за жывое мясцовых партыйных кіраўнікоў, адказных за тое, што ў цэнтры беларускай сталіцы ўзнік своеасаблівы музей “сацыялістычнага рэалізму” пад адкрытым небам. Справа ў тым, што Новыя Шэйпічы (або, як у фельетоне, Шэпічы), паўсталыя на паўднёва-ўсходняй мяжы горада на выгіне ракі Свіслач, былі выпадкам “самавольнай забудовы”, а значыць, уяўлялі сабой заганную з’яву, якую, уласна кажучы, трэба было ліквідаваць. Але развязаць праблему хірургічным умяшальніцтвам, гвалтоўнымі сродкамі – гэта, здавалася, апрыёры выключалася. Прынамсі, у гэтым хоча пераканаць чытача “Советская Белоруссия”: “’Зачыняць’ Новыя Шэпічы,  бадай, позна”, – такім адназначным сказам канчаецца фельетон[5]. Як зрэагавалі ўлады горада на ініцыятыву афіцыйнага ўрадавага штодзённіка? Якія захады зрабілі дзяржаўныя і партыйныя органы, каб узнавіць дзеянне савецкіх законаў у Новых Шэйпічах? Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба спачатку разгледзець спецыфічныя варункі жыцця сталіцы БССР Мінска пасля Другой сусветнай вайны і агульныя горадабудаўнічыя канцэпцыі, якіх трымаліся ў маскоўскім Крамлі. Потым будзе зроблена спроба рэканструяваць гісторыю Новых Шэйпічаў. Нарэшце, карціну “самавольнай будоўлі” дапоўніць экскурс у працэс легалізацыі часовых пабудоў-баракаў у іншых раёнах беларускай сталіцы.

І. Адбудова Мінска і прыток насельніцтва ў горад пасля Другой сусветнай вайны

Для Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) стадыя імклівай індустрыялізацыі і ўрбанізацыі распачалася толькі ў рамках савецкай праграмы адбудовы краіны пасля Другой сусветнай вайны. Пры гэтым усе рэсурсы рэспублікі былі сканцэнтраваныя для развіцця яе сталіцы. У 1947–1950 гг. тут былі пабудаваныя завод грузавых аўтамабіляў, мотавелазавод і трактарны завод, так што Мінск стаў адным з цэнтраў вытворчасці транспартных сродкаў у СССР. Гэта забяспечыла рост колькасці жыхароў горада ўдвая – з прыкладна 250 тысячаў у 1950 г. да паловы мільёна ў 1959 г. Гэты працэс быў звязаны з карэннымі зменамі ў складзе насельніцтва. З аднаго боку, Мінск страціў праз халакост характар габрэйскага штэтля, які ён захоўваў яшчэ і ў 1920-я гады, з другога – прыцягванне рабочай сілы з сельскай мясцовасці ды прыток навучэнцаў з правінцыі прывялі да “асяляньвання” гарадскога грамадства. Пабудова ў Мінску “сацыялістычнага горада”, да чаго імкнуліся да сярэдзіны 1950-х гадоў, суправаджалася разнастайнымі супярэчнасцямі: у той час як на tabula rasa, пакінутай у выніку Другой сусветнай вайны ў цэнтры горада, паўстаў неакласіцыстычны ансамбль архітэктуры пераможцаў, у жылых раёнах інфраструктура заставалася неразвітая. Прадпрыемствы былі вымушаныя гнаць вал, наладжваць масавую вытворчасць для выканання дзяржаўных планавых паказчыкаў, нават не надта зважаючы на якасць, і таму не маглі выконваць свае абавязанні ў жыллёвым будаўніцтве. У гэтых варунках маса насельніцтва сутыкнулася з сацыяльнымі праблемамі, якія нагадвалі становішча ў “капіталістычным горадзе”, апісаным Марксам і Энгельсам. У 1960 г. было зарэгістравана каля 80 тыс. чалавек, што не мелі ніякага жытла, і яшчэ 42 тыс. чалавек мелі менш за 4 м2 жылой плошчы[6].

З-за вострага недахопу жытла прыезджыя з вёскі нярэдка траплялі ў сітуацыю, калі яны мусілі будаваць сваё шчасце літаральна ўласнымі рукамі. Феномен “самавольнай забудовы”, ці то незаконнага будавання жылых дамоў, ахапіў у 1940-я гады пусткі ў горадзе, а ў 1950-я – яго ўскраіну. Паходжанне гэтай з’явы звязана з тым, што да 1963 г. дзяржава не толькі дапускала, але і падтрымлівала індывідуальнае будаўніцтва жытла ў межах горада. Праўда, адразу па вайне прыватныя драўляныя дамы будавалі досыць марудна, бо, з аднаго боку, затрымлівалася зацвярджэнне генеральнага плана забудовы, а з другога – бракавала матэрыялу. У гэтых варунках на дзялянках, запланаваных пад шматпавярховыя жылыя дамы, на ўласную ініцыятыву ўзнікалі цэлыя паселішчы з нізкаякасных будынін. Пасля таго як 28 кастрычніка 1950 г. саюзнае міністэрства будаўніцтва, кіруючыся эканамічнымі меркаваннямі, даручыла Савету міністраў БССР перагледзець планы павелічэння тэрыторыі Мінска ў мэтах размяшчэння большай колькасці жыхароў на меншай плошчы ў шматпавярховых дамах[7], працэсы на ўскраінах горада пачалі выходзіць з-пад кантролю. Але выканаўчы камітэт гарадскога савета распачаў контрзахады толькі 6 верасня 1951 г., дый тыя абмяжоўваліся, па сутнасці, перадачай адказнасці раённым саветам. Апошнія мусілі ва ўзаемадзеянні з галоўным архітэктарам і міліцыяй забяспечваць парадак, у тым ліку арганізуючы знос незаконна пабудаваных дамоў[8]. Але, зважаючы на агульны хаос, які панаваў пры адбудове горада, ёсць падставы сумнявацца, што такія брутальныя сродкі калі-небудзь ужываліся. Прынамсі, у дакументах мінскага абласнога архіва не было выяўлена звестак пра ніводны прэцэдэнт.

ІІ. Кантроль над міграцыяй у Савецкім Саюзе

Але аб’ектам пільнай увагі разрастанне “дзікіх” паселішчаў на ўскраінах Мінска стала толькі пасля таго, як Хрушчоў на ХХ з’ездзе КПСС у лютым 1956 г. не толькі абвясціў пераадоленне культу асобы Сталіна, але і запатрабаваў абмежаваць рост буйных гарадоў, спыніўшы перацягванне рабочай сілы з іншых рэгіёнаў[9]. Каб рэгуляваць унутраную міграцыю, палітычнае кіраўніцтва Савецкага Саюза мела ў сваім распараджэнні два механізмы: сістэму прапіскі і дэцэнтралізацыю прамысловасці. У адносінах да першага з іх трэба згадаць, што ўвядзенне ўнутраных пашпартоў у гарадах і памежнай зоне Савецкага Саюза ў канцы 1932 – пачатку 1933 гг. было наўпрост звязанае з пераследам “кулакоў” – буйнога і сярэдняга сялянства. Штамп прапіскі ў пашпарце, які пачалі ставіць з 1933 г., павінен быў служыць мэтам суцэльнай рэгістрацыі насельніцтва, а таксама прывязкі грамадзян да іх месца жыхарства. На практыцы гэта дазволіла стрымаць уцёкі з вёскі ў горад, але не зрабіла іх немажлівымі. Дзейсным інструментам абмежавання росту гарадоў г.зв. пашпартны рэжым стаў толькі пасля смерці Сталіна. Паводле пастановы ад 21 кастрычніка 1953 г., дазвол на пражыванне ў буйных гарадах прыезджым выдавалі толькі пры наяўнасці жылой плошчы, адпаведнай санітарнай норме, што складала 9 м2 на чалавека ў жылых дамах, 6 м2 у студэнцкіх інтэрнатах і 4,5 м2 у інтэрнатах для рабочых[10]. Адносна другога механізма зазначым, што пасля абвяшчэння дзяржавай курсу на фарсіраваную індустрыялізацыю з 1932 г. у некаторых буйных гарадах паступова ўводзілі забарону на будаўніцтва новых і пашырэнне існых заводаў і фабрык. Калі за Хрушчовым савецкаму насельніцтву вярнулі скасаванае ў 1940 г. права звальняцца і мажлівасць свабоднага выбару месца працы, узнікла патрэба ў далейшых захадах, што мусілі забяспечыць рацыянальнае размеркаванне рабочай сілы насуперак прывабнасці ядраў агламерацый. Адпаведна, у 1956 г. цягам выканання пастаноў ХХ з’езда ўсе гарады з насельніцтвам больш за 200 тыс. чалавек фактычна абавязалі абмяжоўваць спектр наяўных вытворчасцяў[11]. У выніку дзеяння абодвух чыннікаў – увядзення пашпартнага рэжыму і стрымліванія развіцця індустрыяльных магутнасцяў цэнтраў агламерацый для змяншэння іх прыцягальнасці – склалася сістэма “закрытых гарадоў”[12]. З гэтай прычыны 31 ліпеня 1957 г. была прынята праграма жыллёвага будаўніцтва, скіраваная, як было абвешчана, на тэрміновае рашэннне жыллёвага пытання ў Савецкім Саюзе[13]. Цяпер сэрца “сацыялістычнага горада” білася не ў яго цэнтры, а на перыферыі, дамінантай яго развіцця стала не рэпрэзентацыя моцы ўлады, а будаванне мікрараёнаў.

Але ў беларускай сталіцы новыя дырэктывы пачалі працаваць толькі ў шасцідзесятыя гады. Калі 12 красавіка 1956 г. выканаўчы камітэт Мінскага гарсавета разглядаў функцыянаванне сістэмы прапіскі ў горадзе, нельга было не адзначыць памяркоўны тон прадстаўнікоў міліцыі, якія былі знаёмыя са становішчам на месцах і самі зведалі, што такое адсутнасць жылля. Урэшце наконт выпадкаў самавольнай будаўнічай дзейнасці дасягнулі кампрамісу: існых паселішчаў не чапаць, але ў будучыні душыць у зародку любую несанкцыянаваную будоўлю на ўскраіне горада[14]. Пра бездапаможнасць гарсавета сведчыць той факт, што прыняцце адпаведных інструкцый адсунулі да 11 кастрычніка 1956 г., хаця скрозь фіксаваліся выпадкі, калі перасяленцы разбіралі свае дамы ў вёсцы і хуценька ставілі іх у горадзе. Паколькі самавольная будоўля, як зазначалася, набыла “масавы характар”, статус-кво быў прыняты як дадзенае, а контрзахадам надалі цяпер прэвентыўны характар. Як бы там ні было, а прадпрыемствы былі зацікаўленыя мець у распараджэнні значны рэзерв рабочых рук[15].

ІІІ. Развіццё незаконнага паселішча Новыя Шэйпічы на ўскраіне Мінска

Апісаныя вышэй факты дазваляюць лягчэй зразумець рэакцыю “бацькоў горада”, органаў партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва на такія феномены, як Новыя Шэйпічы. Хаця – альбо якраз таму што – грамадства было зверху данізу арганізаванае на ўзор войска, адказнага не знайшлося. Уладныя абавязкі і паўнамоцтвы кожнага ахоплівалі толькі дакладна вызначаны яму абсяг. Выпадкаў “нічыйнай зямлі” не было прадугледжана. Таму, нягледзячы на згаданую вышэй ініцыятыву “Советской Белоруссии” у нумары ад 28 жніўня 1955 г., з развязаннем праблемы не спяшаліся. Справа зрушылася з мёртвай кропкі толькі 4 студзеня 1956 г., калі Мінскі раённы савет хадайнічаў аб падпарадкаванні Новых Шэйпічаў у адміністрацыйным дачыненні гораду Мінску[16]. Тады пачалося падрабязнае вывучэнне абставін, што цягнулася з ліпеня 1956 да студзеня 1957 г. і падчас якога свае меркаванні выказалі не толькі ўпраўленне міліцыі, але таксама міністэрствы фінансаў і абароны[17]. Як і можна было чакаць, ведаючы савецкую бюракратыю, іх заключэнні ў асобных пунктах супярэчаць адно аднаму. Але ў агульных рысах гісторыя Новых Шэйпічаў рэканструюецца наступным чынам.

У кастрычніку 1947 г. калгас імя П.К. Панамарэнкі перадаў Міністэрству ўнутраных спраў 25,5 га зямлі ў непасрэднай блізкасці да гарадской мяжы Мінска. Тут стварылі філіял лагера для нямецкіх ваеннапалонных, якія павінныя былі здабываць жвір і пясок. Адпаведна, Мінскі раён з 1948 г. больш не ўлучаў гэтую дзялянку ў свой кадастар. Але лагер праіснаваў не даўжэй за два гады: да канца 1949 г. усе нямецкія ваеннапалонныя, што знаходзіліся ў Беларусі, былі рэпатрыяваныя, а тыя, каго прызналі ваеннымі злачынцамі, – перавезеныя ва ўсходнія часткі Савецкага Саюза[18]. Нягледзячы на гэта, лагер, здаецца, не быў афіцыйна ліквідаваны. Праўдападобна, што спачатку ў засталых бараках пасяліліся ахоўнікі. У кожным выпадку, увесну 1950 г. на тэрыторыі былога лагера для ваеннапалонных пачалося незаконнае будаўніцтва драўляных дамоў. З гэтага часу пачалі дзейнічаць “гандляры нерухомасцю”, якія забяспечвалі прыватным жытлом тых, хто не дастаў яго ў горадзе. Такім чынам паўстала паселішча, названае ў гонар вёскі Шэйпічы (альбо Шэпічы), што ляжала за 200 – 300 м ад яго. Да пачатку 1957 г. у “Новых Шэйпічах” было пабудавана каля 200 дамоў, у якіх жыло прыкладна 1500 чалавек, збольшага работнікі суседняга велазавода. Разам з тым, у дакументах шматкроць згадваюцца таксама асобы, якія “нідзе” не працавалі. Назавем іх капіталістамі: у свой час яны здолелі атрымаць доступ да будаўнічых матэрыялаў, а пасля зараблялі, здаючы ў наймы свае дамы. І нарэшце, у Новых Шэйпічах знайшлі прытулак яшчэ 60 міліцыянераў са сваімі сем’ямі[19] – катэгорыя асоб, якая дзякуючы свайму статусу і належнай прапісцы ў Мінскім раёне надавала паселішчу пэўнае адценне легальнасці. У цэлым удзельнікі суполкі вызначаліся добрай арганізацыяй. Яны падвялі сабе электрычнасць ад гарадской сеткі, наладзілі радыё і размеркавалі нумары дамоў.

Тым не менш, кожны разумеў, што гэтая прастора знаходзілася па-за законам, а можа нават і па-за юрысдыкцыяй дзяржаўнай улады. У адміністрацыйным плане паселішча, як пісалі на канцылярскай рускай мове, “никому не подчинялось”, яго насельнікі “никому не были подотчетные и не имели ни перед кем никаких обязанностей”[20]. Паколькі ні Мінскі раённы савет, ні савет Сталінскага раёна горада Мінска не лічылі сябе адказнымі, жыхары Новых Шэйпічаў не былі зарэгістраваныя ні ў якім пашпартным стале. Мужчыны прызыўнога веку не былі прыпісаныя да ваенкамата. Не было і фінансавага аддзела, на рахунак якога плацілі б падаткі і зборы. Таму 28 снежня 1958 г. упраўленне камунальнай гаспадаркі са спасылкай на тое, што некантраляванае будаванне прымітыўных драўляных баракаў стварае пагрозу выкананню генплана забудовы Мінска і вядзе да праблем з інфраструктурай для насельніцтва, рэкамендавала Савету міністраў БССР падвысіць штраф за незаконнае карыстанне зямлёй са 130 да 3000 рублёў (г.зн. да памеру трох сярэднямесячных заробкаў) ці разгледзець магчымасць пакарання злачынцаў адным годам папраўчых работ[21]. У той жа час было абсалютна ясна, што і больш жорсткі кантроль не мог даць плёну ва ўмовах той колькасці насельніцтва, якая бесперапынны расла за кошт уцекачоў з вёскі. Хаця прадугледжаны грашовы штраф быў заканадаўча ўведзены з 1 верасня 1959 г.[22], рашэнне праблемы знайшлося толькі дзякуючы таму, што публікацыя працытаванага намі на пачатку фельетона супала ў часе з паваротным пунктам у развіцці горадабудаўніцтва ў Савецкім Саюзе: 23 і 24 жніўня 1955 г. маскоўскае кіраўніцтва прыняла пастановы, згодна з якімі саюзным рэспублікам перадавалася адказнасць за гарадское планаванне і загадвалася прымяняць у будаўніцтве індустрыяльныя метады[23]. Такім чынам, дзяржаўнае і партыйнае кіраўніцтва ў БССР пазбавілася неабходнасці выконваць заданні, атрыманыя з Масквы 28 кастрычніка 1950 г. Цяпер яму больш не трэба было стрымліваць рост плошчы Мінска дзеля кампактнай забудовы[24], таму ў сувязі з пераглядам генплана пастанавілі пашырыць межы горада. З улучэннем Новых Шэйпічаў і яшчэ 18 паселішчаў у тэрыторыю беларускай сталіцы 8 жніўня 1959 г. адначасова адбылася легалізацыя самавольнай забудовы[25]. Гэтак апошні “вольны горад” у Беларусі стаў “савецкім” і з пункту гледжання права.

IV. Легалізацыя часовых пабудоў у іншых раёнах Мінска

Пра выгоды, якія атрымалі некаторыя жыхары незаконных альбо паўзаконных паселішчаў на ўскраіне горада ад іх уваходжання ў склад Мінска ў 1959 г., можна даведацца з даклада ўпраўлення міліцыі ад траўня 1961 г. У ім гаворыцца, што пры пашырэнні мяжы горада Сталінскага раён атрымаў дзесяць паселішчаў з 600 “часовымі” баракамі. Паводле распараджэння Мінскага гарсавета і гаркама партыі, а таксама ўказа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 18 чэрвеня 1958 г., у мэтах санітарнага ўпарадкавання горада 150 баракаў былі знесеныя. У якасці кампенсацыі іх уладальнікі, як паведамляецца, атрымалі кватэры альбо дзялянкі зямлі для індывідуальнага будавання жылля. У 64 выпадках грамадзяне перапрадалі свае баракі, прызначаныя пад знос[26]. Пра вынаходлівасць мігрантаў, якія імкнуліся атрымаць дазвол на пражыванне, сведчаць паводзіны 86 сямей, што з 1955 г. засяліліся ў 78 бараках у паселішчы Дражня. Пасля таго як выканкам Мінскага гарсавета 30 чэрвеня 1960 г. перадаў тэрыторыю, на якой размяшчаліся гэтыя будынкі, Мінскаму маторнаму заводу у якасці будпляцоўкі і распарадзіўся забеспячыць жыхарам кампенсацыю, тыя, як даведваемся са справаздачы дырэктара прадпрыемства ад 24 траўня 1961 г., здзейснілі круцельства, вартае Тыля Уленшпігеля. Па-першае, уласнікі баракаў імгненна паўладкоўвалі да сябе асоб без прапіскі, каб дазволіць тым прэтэндаваць на пражыванне ў горадзе, а таксама парабілі ў сваіх бараках дадатковыя дзверы, удаючы, што ў дамах жывуць па некалькі сем’яў. Па-другое, для атрымання кватэр у новабудоўлях жыхары спехам бралі шлюбы, каб павялічыць колькасць гаспадарак, якія мелі быць забяспечаны жытлом. Апрача таго, у справаздачы выказвалася абурэнне з нагоды таго, што сярод уласнікаў баракаў нібыта ёсць людзі, якія не маюць ніякае сталае працы, а зарабляюць маклерствам[27]. Праблема баракаў была вырашаная 12 траўня і 20 ліпеня 1961 г., калі выканкам Мінскага гарсавета распарадзіўся зарэгістраваць засталыя 162 аб’екты нерухомасці як прыватную ўласнасць[28]. Так статус-кво атрымаў прызнанне. Пасля таго як у 1962–63 гг. будаванне ўласных дамоў у межах горада было забаронена альбо заменена на будаванне кааператыўных кватэр, тэма самавольнай забудовы больш не ўзнікала[29].

V. Рэзюмэ

Калі ў 1930-я гг. у Магнітагорску існаваў, цытуючы Стывена Коткіна, “сталінізм як цывілізацыя” (“stalinism as a civilization”)[30], дык пасля Другой сусветнай вайны, на схіле дзён “вялікага правадыра”, у Новых Шэйпічах ды іншых месцах узнікла контркультура, заснаваная “бацькамі-пілігрымамі”. Гэта быў свет прыватных прадпрымальнікаў і сялян-уцекачоў. Яны самахоць абралі жыццё на мяжы легальнасці і здолелі весці такі лад жыцця, бо знайшлі прастору, на якую не распаўсюджвалася дзеянне законаў. Дзяржаўнае і партыйнае кіраўніцтва ў Мінску выявіла сваю бездапаможнасць перад працэсам “асяляньвання” гарадоў і, адпаведна, фактычна талеравала прынцып “гарадское паветра робіць вольным”. Выпадак “Новых Шэйпічаў” быў не выняткам, а нармальнай з’явай. У ім сімвалічна ўвасобілася пакутлівае нараджэнне “сацыялістычнага горада” ў перыяд паміж рэканструкцыяй і дэмаграфічным выбухам[31]. Калі ў перыяд росквіту сталінізму адбывалася ператварэнне класаў у аморфную масу альбо атамізацыя грамадства, дык беларускі варыянт позняга сталінізму паказаў няздольнасць апарату вытрымаць міграцыйны рух, выкліканы супярэчнасцямі паміж горадам і вёскай. Таму ў адносінах да часу па Другой сусветнай вайне не выпадае больш казаць пра пазіцыю “лічыць сябе камуністам” (“speaking Bolshevik”) ці пра энтузіязм у пабудове сацыялізму[32]. “Нармалізацыя ўмоў жыцця” – вось лозунг-мантра позняга сталінізму. У рэальнасці хрушчоўская праграма жыллёвага будаўніцтва прывяла да кансалідацыі новых гіерархій у грамадстве і “сыходу ў прыватнасць”.

Як сёння расказваюць мясцовыя жыхары, у 1960-я гады ў Новых Шэйпічах пераважна сяліліся цыганы. І пры ўпарадкаванні раёну на пачатку сямідзясятых нібыта якраз іх сем’ям першым пашчасціла атрымаць асобныя кватэры ў толькі што пабудаваным раёне – Серабранцы. Рэшты вёскі Шэйпічы на паўднёва-заходнім баку адтокі Свіслачы захаваліся дагэтуль. Яны знаходзяцца пасярэдзіне горада-мільянера Мінска, ад цэнтра сюды можна дайсці пешкі за паўгадзіны.


[1] Першая публікацыя: Bohn, Thomas M. “Industrialisierung und Landflucht in der Sowjetunion. ‘Eigenmächtige Bautätigkeit’ als Antwort auf die Wohnungsfrage in Minsk nach dem Zweiten Weltkrieg” // Informationen zur modernen Stadtgeschichte. 2 (2007). S. 10–21.
[2] Михонов Н. “Новые Шепичи” // Советская Белоруссия. № 204 от 28.08.1955. С. 2.
[3] Параўн.: Всесоюзное совещание строителей, архитекторов и работников промышленности строительных материалов, строительного и дорожного машиностроения, проектных и научно-исследовательских организаций. 30 ноября – 7 декабря 1954 г. Сокращенный стенографический отчет. Москва, 1955. С. 162–168.
[4] Сталин И. 26-я годовщина Великой Октябрьской социалистической революции. Доклад Председателя Государственного Комитета Обороны на торжественном заседании Московского Совета депутатов трудящихся с партийными и общественными организациями г. Москвы 6 ноября 1943 года // яго ж. О Великой Отечественной войне Советского Союза. Изд. 5-ое. Москва, 1950. С. 218; яго ж. Отчетный доклад XVII съезду партии о работе ЦК ВКП(б) // яго ж. Cочинения. Т. 13. Москва, 1951. С. 334–335.
[5] Михонов Н. “Новые Шепичи”. С. 2.
[6] Параўн.: Bohn T. M. Minsk – Musterstadt des Sozialismus. Stadtplanung und Urbanisierung in der Sowjetunion nach 1945. Köln / Weimar / Wien, 2008.
[7] Цэнтральны дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі (ЦДАНТД). Ф. 3. Воп. 4. Спр. 529. Арк. 2–3.
[8] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці (ДзАМВ). Ф. 6. Воп. 4. Спр. 346. Арк. 114–115.
[9] ХХ съезд Коммунистической партии Советского Союза. 14–25 февраля 1956 г. Стенографический отчёт. Т. I. Москва, 1956. С. 9–120, асабліва с. 79.
[10] У Мінску паказчык агульнай жылой плошчы (да яе, у адрозненне ад індывідуальнай жылой плошчы, якая вызначалася санітарнай нормай, залічваліся таксама кухні, калідоры і ванныя) на чалавека з 1950 да 1965 г. павялічыўся, паводле афіцыйных звестак, усяго з 5,8 да 9,6 м2. Гл.: Народное хозяйство города Минск в 1978 г. Минск, 1979. С. 152.
[11] Параўн.: Бон Т. М. “Савецкая сістэма ‘закрытых гарадоў’. Прапіска і недахоп жылля як паказчыкі сацыяльнай няроўнасці” // Беларускі Гістарычны Агляд. 18 (2011). С. 187–204.
[12] Параўн.: Хорев Б. Проблемы городов. (Урбанизация и единая система расселения в СССР). Изд. 2-е, доп. и перераб. Москва, 1975. С. 78–87; Zaslavsky V. „Closed Cities and the Organized Consensus” // яго ж (ed.). The Neo-Stalinist State. Class, Ethnicity and Consensus in Soviet Society. With a New Introduction. Armonk, N. Y., 1994. S. 130–164.
[13] Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК (1898-1986). Изд. 9-ое, доп. и исправл. Т. 9-ый. 1956–1960. Москва, 1986. С. 193–208.
[14] ДзАМВ. Ф. 6. Воп. 4. Спр. 582. Арк. 22–43.
[15] ДзАМВ. Ф. 6. Воп. 4. Спр. 597. Арк. 23–25.
[16] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 7. Воп. 4. Спр. 725. Арк. 60–61.
[17] НАРБ. Ф. 7. Воп. 4. Спр. 725. Арк. 62–63.
[18] Параўн.: Шарков А. Военнопленные и интернированные на территории Беларуси. Роль органов внутренних дел в их содержании и трудовом использовании (1944–1951 гг.). Монография. Минск, 1997. Параўн. таксама: яго ж. Архипелаг ГУПВИ на территории Беларуси. 1944–1951 гг. Минск, 2003.
[19] 17 сакавіка 1948 г. кіраўнік Мінскага упраўлення міліцыі звярнуў увагу сакратара гаркама КП(б)Б і старшыні выканкама Мінскага гарсавета на тое, што для яго 1300 супрацоўнікаў вельмі востра стаіць праблема дэфіцыту жылля. Паводле яго слоў, 400 міліцыянтаў давялося з-за іх сем’яў парассяляць за межамі горада. ДзАМВ. Ф. 69. Воп. 1. Спр. 251. Арк. 49.
[20] НАРБ. Ф. 7. Воп. 4. Спр. 725. Арк. 62.
[21] НАРБ. Ф. 7. Воп. 4. Спр. 2241. Арк. 376–380.
[22] Жилищное законодательство. Минск, 1961. С. 225–228.
[23] Параўн.: Постановления ЦК КПСС и Совета Министров СССР по вопросам строительства от 23, 24 августа и 4 ноября 1955 г. Москва, 1956. С. 3–22, 160–162.
[24] ЦДАНТД. Ф. 3. Воп. 4. Спр. 529. Арк. 2–3.
[25] Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. 1938–1973 гг. Т. 1. Минск, 1974. С. 378.
[26] ДзАМВ. Ф. 6. Воп. 3. Спр. 223. Арк. 311–313.
[27] Тамсама. Арк. 300–303.
[28] Размова тут ішла пра дамы, пабудаваныя пераважна ў паваенныя часы. ДзАМВ. Ф. 6. Воп. 3. Спр. 137. Арк. 16–19.; тамсама. Спр. 142. Арк. 18–24.
[29] Параўн. пастанову Цэнтральнага камітэта КПБ і Савета міністраў БССР ад 17 ліпеня 1962 г. і рэзалюцыю выканкама Мінскага гарсавета ад 29 чэрвеня 1963 г. Жилищное законодательство. Минск, 1968. С. 91–94; ДзАМВ. Ф. 6. Воп. 3. Спр. 256. Арк. 282.
[30] Параўн.: Kotkin S. Magnetic Mountain. Stalinism as a Civilization. Berkeley / Los Angeles / London, 1995.
[31] Параўн.: Бон Т. М. “‘Супраціў’ і ‘сваволя’ ў Менску. Адпорныя паводзіны ў Савецкім Саюзе // Архе. 6 (2008). С. 140–157.
[32] Kotkin S. Magnetic Mountain. P. 198–237.

Наверх

Тэгі: ,