БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Spojrzenie na polski Wrzesień 1939 roku / Pod redakcją TADEUSZA KONRACKIEGO. Warszawa: Wydawnictwo Neriton, 2011. 180 s.

У 20 томе БГА (2013)

Ці знойдзецца ў польскай гістарычнай навуцы больш папулярная тэма, чым падзеі верасня 1939 года? Ці калі-небудзь для польскіх даследчыкаў зменшыцца кола вострых праблем у разглядзе гэтай тэмы? Пакуль азначаныя пытанні гучаць рытарычна і змены інтанацыі ў бліжэйшы час не прадбачыцца.

Вось і ў чарговым выданні дэкларуецца “набліжэнне найменш вядомых (або асабліва важных пазнавальна) аспектаў падзей, якія адкрывалі Другую сусветную вайну” (7). Тэмы змешчаных пад адной вокладкай артыкулаў падабраны не сістэмна. Частка аспектаў сугучная, сінанімічная даследаванням гісторыкаў сучаснай Беларусі, але ёсць і не зусім прывычныя для нашага гістарыяграфічнага спектра. І тым больш цікава даведацца з уступу, што навука заходніх суседзяў пры Інстытуце гісторыі Польскай акадэміі навук мае такі асобны аддзел, як Zakład Systemów Totalitarnych iDziejówIIWojny Światowej (аддзел таталітарных сістэм і дзеянняў Другой сусветнай вайны). Як гэта кантрастуе з аб’яднаннем, ушчыльненнем гуманітарных структур НАН Беларусі… Хоць тэма апошняй вайны ў нашай краіне і дасягненні савецкага часу ўзведзены ў ранг дзяржаўнай ідэалогіі, аднак навуковыя даследаванні, публіцыстычныя развагі ў афіцыёзным дыскурсе спыніліся, як стварыцца ўражанне, недзе ў 70-х г. мінулага стагоддзя – як у сэнсе метадалагічных і каштоўнасных падыходаў, так і ў сэнсе элементарнага ўмення думаць не па-местачковаму.

Названы зборнік артыкулаў, ініцыяваны прафесарам Польскай акадэміі навук (ПАН) Ежы Барэйшам, адкрываецца аглядам гістарыяграфіі. Марэк Нэй-Крвавіч (Marek Ney-Krwawicz), таксама супрацоўнік ПАН, падае тэму “польскага верасня” ў асэнсаванні айчынных навукоўцаў пад час дэмакратызацыі краіны. Агляд лаканічны. Тэма – з улікам шырыні і глыбіні здабыткаў польскай гістарыяграфіі – заслугоўвае найменей манаграфіі.Артыкул уяўляе сабой хутчэй разгорнутыя тэзісы з асэнсаваннем навуковай эвалюцыі ў даследаванні палякамі той складанай тэмы. Галоўная ўвага звяртаецца на кнігі. Не адкідаюцца напрацоўкі і папярэдніх даследаванняў, бо многія захоўваюць “фактаграфічную вартасць” (10). У гэтым назіраецца спроба ўбачыць не толькі кардынальны паварот у гістарычнай навуцы Польшчы, які імкліва адбыўся на пераломе 1980–90-х г., але і пэўная пераемнасць у гістарыяграфіі. Вядома, тая імклівасць стала для большасці “старых” навукоўцаў драматычнай. Таму многім давялося зазнаць самарэвізію, у чым гэтым была своеасаблівая драматычнасць.

Для чытача, збольшага абазнанага ў польскай гістарыяграфіі, тэзісы М. Нэй-Крвавіча даволі прадказальныя. Гаворыцца, напрыклад, што тэма нямецка-польскай вайны ў верасні 1939 г. была даследавана ўжо ў перыяд ПНР – у адрозненне ад савецка-польскай барацьбы другой паловы таго катастрафічнага для Польшчы верасня, якая магла даследавацца хіба толькі на эміграцыі. Затое ў гэтай тэме быў зроблены рывок з пераменамі: 1) дзякуючы лібералізацыі і дэідэалагізацыі гуманітарнай навукі, 2) дзякуючы таму, што ў 1990-я г. на пэўны час прыадкрыліся савецкія архівы (дарэчы, па многіх аспектах нашай агульнай гісторыі польскія даследчыкі нашмат плённей перапрацавалі савецкую дакументацыю беларускіх архіваў).

Між тым апошнім часам, паводле М. Нэй-Крвавіча, не заставалася па-за ўвагай і тэма нямецка-польскай вайны. Дарэчы, у зборніку таксама ёсць артыкул пра адзін з яе аспектаў – “Нямецкія планы адносна насельніцтва Польшчы і іх рэалізацыя ў 1939 г.” Яцэка Анджэя Млынарчыка з Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні. Гэтая праца падштурхоўвае да суаднясення нямецкіх планаў адносна жыхароў міжваеннай Польшчы з савецкімі, таксама вельмі жорсткімі, а таксама з нямецкімі планамі адносна насельнікаў беларускіх тэрыторый падчас акупацыі 1941–1944 г. Адзначым, што ў нямецкіх планах дзеянняў на тэрыторыі Польшчы аўтар вылучае наступныя аспекты:

—         палітыка адносна этнічнага польскага насельніцтва,

—         палітыка адносна яўрэйскага насельніцтва,

—         супрацоўніцтва з нямецкай меншасцю і клопат пра яе,

—         спробы антыпольскага паразумення з украінскімі нацыяналістамі.

Аднак не ўсе сюжэты трапілі пад увагу даследчыка. Несумненна, інтарэс і беларускіх, і польскіх гісторыкаў выклікала б асэнсаванне нямецкім навукоўцам факта вынішчэння палякамі яўрэяў у Ядвабнэ ў ліпені 1941 г. Узнікае пытанне, наколькі тая масакра карэлявалася з нацысцкімі планамі.

Польскія гісторыкі не абмяжоўваюцца артыкуламі і манаграфіямі пра падзеі трагічнага верасня, а прадукуюць цэлыя навуковыя серыі на гэтую тэму, распрацоўваюць асобныя яе кірункі (апошнім часам усё больш увагі прыцягвае біяграфістыка, прадстаўленая і ў зборніку артыкулам Робэрта Новака з ПАН “Вэрнэр барон фон Фрыч. Смерць нямецкага генерала ў першыя дні Другой сусветнай вайны”).

Заўсёды важнае значэнне ў польскай гістарыяграфіі мела памяць пра загінулых. М. Нэй-Крвавіч характарызуе зробленае за два дзясяткі гадоў жыцця ў новым сацыяльным кантэксце: адбывалася ліквідацыя белых плямаў, якія ўзніклі ў выніку латэнтызацыі наступстваў нападу СССР на Польскую Рэспубліку (так афіцыйна называлася міжваенная Польшча, а не “ІІ Рэч Паспалітая” – публіцыстычная назва, якая фактычна ўсталявалася ў гістарыяграфіі пасля знікнення дзяржавы.

Важна, што, як адлюстроўваецца М. Нэй-Крвавічам, у польскай гістарычнай навуцы праводзяцца параўнальныя даследаванні паасобных аспектаў супрацьстаяння польскага народа са смяротнымі наваламі – заходняй і ўсходняй. Гэта дазволіць вызначыць ступень іх жорсткасці і пагрозы для чалавецтва.

Марэк Нэй-Крвавіч у сваім аглядзе практычна не робіць пераказу прац ці высноў з іх. Аднак зразумела, што даробак сучаснай польскай гістарыяграфіі наносіць значны ўдар па іміджу Краіны Саветаў. Што праўда, мёртвым не баліць. А вось сённяшняй дзяржаўнай гістарычнай навуцы Беларусі, якая засталася ў палоне савецкай традыцыі па многіх пытаннях верасня 1939 г., не пазайздросціш: ёй застаецца або выкручвацца (што часцей за ўсё не ўдаецца), або герметызавацца, заплюшчваць вочы на плён суседзяў (так прасцей і так часцей за ўсё робіцца). Тым не менш такое мулкае суседства адбіваецца на беларускай гістарыяграфіі, якая, нягледзячы на штучную герметызацыю (дакладней, на імкненне да яе) і дагматызацыю, нават у абліччы прадстаўнікоў афіцыёзу спакваля прымае пазіцыі, кажучы лексікай апошніх, “фальсіфікатараў” мінулага.Работа М. Нэй-Крвавіча будзе асабліва карыснай тым, хто пачынае даследаваць тэму, а для маладых беларускіх гісторыкаў артыкул стане ўводзінамі ў тэму сучаснай польскай гістарыяграфіі.

Іншыя артыкулы зборніка такой практычнай вартасці для гісторыкаў з Беларусі, напэўна, мець не будуць. Але і карысці ад іх нельга змяншаць. Прынамсі дзякуючы іх інфарматыўнасці спросціцца вялікі аб’ём працы. Напрыклад, з наступнай работы – “Вайна з Польшчай у 1939 г. у заходненямецкай гістарыяграфіі” Ёхана Болера (JochenBöhler) з Універсітэта Фрыдрыха Шылера ў Ене (Нямеччына) – даведваемся, што на момант напісання тых радкоў не было даследаванняў нямецкімі аўтарамі “ўступлення Саветаў на тэрыторыю ўсходняй Польшчы пасля 17 верасня 1939 г.” (23). Аўтар прасочвае, як адбывалася развіццё нямецкай гістарычнай навукі адносна гэтак непрыемнай для яе прадстаўнікоў тэмы, не ўнікае разгляду памылак калег-папярэднікаў. Нямецкі гісторык адлюстроўвае, як некаторыя нямецкія вайскоўцы, перайшоўшы пасля вайны ў гістарычную навуку ФРГ, у 1950-я г. перакладалі цяжар віны за вайну цалкам на Гітлера, а часам нават даходзілі да апраўдання масавых расстрэлаў (26). Але, як адзначаецца, з 1960-х г. заходненямецкая гістарыяграфія набывае неабходны навуковы крытыцызм. Артыкул Ё. Болера будзе карысны для вузкага кола беларускіх гісторыкаў – перадусім для тых, хто рашыцца на канцэптуальнае параўнанне гістарыяграфій і аналізу падзей верасня 1939 г. (нападаў на Польшчу ІІІ Райха і ІІІ Рыма).

Два артыкулы прысвечаны візуальным матэрыялам пра вераснёўскія падзеі: “Верасень 1939 года ў фотаздымках” (Яцак Зыгмунд Савіцкі, Томаш Стэмпоўскі, Конрад Сьлюсарскі) і “Папулярызацыя тэматыкі Верасня 1939 года на прыкладзе польскіх дакументальных фільмаў апошняга дваццацігоддзя” (Тадэвуш Кандрацкі), – тэмы, бадай, некранутыя беларускімі даследчыкамі. Зрэшты, адна з прычын гэтай некранутасці – фігураванне чырвонаармейцаў поруч з нацыстамі, адлюстраванне іх братэрскіх стасункаў, “дружбы, скрепленной кровью” (цытата адрасаваных Рыбентропу слоў Сталіна: Телеграмма И. В. Сталина министру иностранных дел Германии г. Иоахиму фон Риббентропу // Правда. 1939. 25 дек.).

Фотаархіў, як вынікае, надзвычай багаты. Здымалі прадстаўнікі кожнага ваюючага боку, а часам і спецыялісты з боку, напрыклад амерыканец Джульен Браен (Julien Bryan). Зразумела, ракурсы, падбор сюжэтаў, інтэрпрэтацыі розных фатографаў адрозніваліся. Найбольш фота пакінулі нямецкія фатографы, а часам і звычайныя жаўнеры (толькі ў Бундэсархіве захоўваюцца сотні здымкаў). Тым часам з савецкага боку вядомы толькі прапагандысцкія ілюстрацыі. Іншым разам у ходзе свайго даследавання аўтары выяўлялі, што фотаздымак быў зроблены праз інсцэніроўку (як, напрыклад, шырока вядомае фота ліквідацыі шлагбаўма на польскай мяжы салдатамі Вермахта). І хоць ужо выкананы велізарны аб’ём працы па пошуку, сістэматызацыі і рэпрэзентацыі фотаматэрыялаў, застаюцца шырокія перспектывы далейшай даследчыцкай дзейнасці на гэтай дзялянцы вывучэння мінулага.

У Польшчы за апошні час знята каля 70 фільмаў і дакументальных праграм пра падзеі верасня 1939 г.Яны і аналізуюцца ў згаданым артыкуле. Прыкладна трэцяя частка прысвечана савецкаму нападу, столькі ж – нямецкаму, астатнія – ударам па Польшчы з абодвух бакоў. Як бачым, даволі ўраўнаважана па колькасці. Хоць можна было б чакаць перакосу ўвагі кінематаграфістаў-гісторыкаў у бок савецкай агрэсіі. Зрэшты, спачатку так і было: калі пра апошнюю першы фільм з пачаткам сацыяльна-палітычнай трансфармацыі быў зняты (sic!) ужо ў 1988 г., то пра нямецка-польскую вайну дакументальны фільм з’явіўся толькі ў 1997 г. (што – з улікам стварэння такіх фільмаў у папярэдні час – натуральна).

У артыкуле Пятра Маеўскага “Чэхаславацкая армія ў 1938 г. у параўнанні з Войскам Польскім” знойдзем супастаўленне эвентуальнага чэхаславацкага адпору нямецкай агрэсіі, якая магла адбыцца ў 1938 г., з рэальным польскім адпорам гэтаму ж ворагу праз год. Аўтар шляхам дастаткова скрупулёзнага аналізу рэвізуе ранейшыя палажэнні, стэрэатыпы і прыходзіць да высновы, што даволі індустрыяльная Чэхаславакія магла б лепей выступіць супраць Вермахта (чым Польшча), але тым не менш не мела шанцаў на перамогу. У беларускай афіцыёзнай гістарыяграфіі пераважае адваротны пункт погляду (гл. хоць бы вядомыя падручнікі па Вялікай Айчыннай вайне ў кантэксце Другой сусветнай). Паводле меркаванняў некаторых гісторыкаў, Гітлер, калі яму Захад ахвяраваў Чэхаславакію, нават быў трохі расчараваны, што не далі “пагуляць у вайну”, апрабаваць сілы. Артыкул П. Маеўскага паказвае, што самаўпэўненасць фюрара грунтавалася на рэальнай глебе.

Цікавы сюжэт для даследавання абрала Магдалена Гулас з ПАН – “Брытанскія камуністы і вайна ў Польшчы ў верасні 1939 г.” Работа запатрабавала шмат пошукавых высілкаў. Аднак аўтарка змагла адлюстраваць змену рэакцыі камінтэрнаўцаў туманнага Альбіёна і прасачыць іх залежнасць ад Масквы.

І зусім незвычайную тэму прапануе Павел Касіньскі з Інстытута нацыянальнай памяці – “Так званыя ваенныя злачынствы, здзейсненыя жаўнерамі Войска Польскага падчас абароннай вайны 1939 г.”. Як высвятляецца, былі і такія. Прыведзена шмат фактаў. Аднак кантэкст развіцця падзей пакінуў маштаб фармальна незаконных (па ваенных паняццях) забойстваў з боку палякаў гістарычна нязначным. Яны быліне вынікам адмысловай палітыкі, а,хутчэй, “спантаннымі актамі” (166). Галоўнай крыніцай, як ні парадаксальна, для работы П. Касіньскага стаў ваенны архіў у Фрайбургу, дзе захаваліся матэрыялы, сабраныя самімі немцамі. Кіраўніцтва ІІІ Райха пасля перарастання вайны з Польшчай у сусветную 4 верасня 1939 г. стварыла пры Вермахце даследчую ўстанову па парушэннях міжнароднага права.

Напрыканцы дадамо, што кожны артыкул суправаджаецца разгорнутым рэзюмэ на англійскай мове, што пашырае міжнародную рэцэпцыю выдання.Работы зборніка не толькі адкрываюць невядомыя старонкі гісторыі на тэму пачатку Другой сусветнай вайны, але і проста ці ўскосна ставяць новыя пытанні, якія неабходна будзе вырашаць у бліжэйшай перспектыве гісторыкам, у тым ліку беларускім, якія яўна адстаюць у даследаванні агульнага з суседзямі мінулага.

Мінск

Анатоль Трафімчык

Наверх

Тэгі: , ,