БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Тамаш Камусэла. “На” і Рэч Паспалітая


У 22 томе БГА (2015)

Мова – такі звычайны і часта ўжываны намі інструмент, асабліва тая, на якой мы размаўляем з дзяцінства, што ўспрынятую праз яе своеасаблівую карціну рэальнасці мы лічым “аб’ектыўнай” і амаль што “натуральнай”. Свет, убачаны праз прызму першай засвоенай намі мовы (якую звычайна называюць “роднай” ці “матчынай”), выглядае не кранутым ніякімі скажэннямі; сама такая мова, яе мадэлі і катэгорыі здаюцца нам “эталоннымі”; мы адчуваем яе як частку сябе. Вось чаму мы не звяртаем увагі на той факт, што кожная мова ўтвараецца супольнасцю яе носьбітаў – групай людзей, аб’яднаных памяццю пра агульную мінуўшчыну і яе найважнейшыя падзеі. А аблічча мовы вызначаецца не толькі наборам лексічных і граматычных асаблівасцяў, якія па невядомых прычынах пашырыліся і замацаваліся ў пэўны час, але і тым следам, што пакінулі памянёныя падзеі. Гэтая сувязь яшчэ больш выяўляецца, калі мова набывае пісьмовую форму і трапляе ў ліставанне, кнігадрукаванне і справаводства. З гэтага моманту пісьмовая і вусная формы мовы пачынаюць моцна ўплываць адна на адну. Асабліва мацнее такі ўплыў у мадэрную эпоху – па меры пашырэння ўсеагульнай адукацыі і пісьменнасці.

Маёй першай мовай была польская, а таму акурат яна шмат у чым застаецца для мяне “эталоннай”, нягледзячы на ўсе мае намаганні скінуць з вачэй гэты святлафільтр. Толькі нядаўна славіст Майкл Мозер з Венскага ўніверсітэта звярнуў маю ўвагу на тое, што па-польску, гаворачы “ў нейкай краіне або дзяржаве”, мы ў дачыненні да некаторых краін ужываем прыназоўнік w (“у”), а да іншых – na (“на”). Пры гэтым у польскай мове няма пэўнага фанетычнага ці сінтаксічнага правіла, якое б абгрунтоўвала выбар аднаго з гэтых прыназоўнікаў у кожным канкрэтным выпадку.

Польскія слоўнікі і дапаможнікі па стылістыцы сцвярджаюць, што прыназоўнік na ў значэнні ‘ў межах чаго-небудзь’ ужываецца ў дачыненні да назваў:

1) гарадскіх раёнаў;

2) рэгіёнаў краін;

3) астравоў (у тым ліку тых, што ўяўляюць сабой незалежныя дзяржавы);

4) некаторых незалежных дзяржаў.

Выпадкі 1) і 3) нас не цікавяць, бо яны ўкладаюцца ў рамкі рэгулярнага сінтаксічнага правіла. Толькі для ілюстрацыі я прывяду некалькі прыкладаў. Так, у выпадку гарадскіх раёнаў мы гаворым na Zaodrzu (“у Заадроўі”, раён у Аполі), na Mariensztacie (“у Марыенштаце”, раён у Варшаве), na Kaziemierzu (“у / на Казімежы”, раён у Кракаве). Аналагічна, гаворачы пра астравы, вы скажаце па-польску не толькі na Grenlandii (“у / на Грэнландыі”), na Wyspie Man (“на востраве Мэн”) або na Skye (“на Скаі”) – у выпадку астраўных частак буйных дзяржаў, – але і na Kubie (“на Кубе”), na Islandii (“у Ісландыі”) ці na Sri Lance (“на / у Шры-Ланцэ / Шры-Ланцы”[1]), якія самі з’яўляюцца незалежнымі дзяржавамі. Цікава, што ў першым выпадку – калі гаворка ідзе пра астравы, што ўваходзяць у склад іншых дзяржаў, – у англійскай мове поруч з in можа ўжывацца і прыназоўнік on.

Куды цікавейшымі для нашага аналізу выглядаюць выпадкі 2) і 4). Што да першага, палякі гавораць na Mazowszu (“у / на Мазовіі”), na Śląsku (“у Сілезіі”) або na Chełmszczyźnie (“на Холмшчыне / Хэлмшчыне”), маючы на ўвазе рэгіёны сучаснай Польшчы. Але ў тым самым значэнні прыназоўнік na не ўжываецца, калі гаворка ідзе пра такія ключавыя гістарычныя рэгіёны, як Велікапольшча і Малапольшча. Няцяжка заўважыць, што назвы гэтых рэгіёнаў утрымліваюць у сабе назву ўсёй краіны – Польшчы. Вось жа, з гэтымі назвамі ва ўсіх выпадках спалучаецца толькі прыназоўнік w: w Wielkopolsce (“у Велікапольшчы”), w Małopolsce (“у Малапольшчы”). Што да рэгіёнаў іншых краін, дык можна сказаць па-польску na Syberii (“у Сібіры”, рэгіён у Расіі), na Krymie (“у Крыме”, рэгіён, нядаўна адабраны Расіяй ва Украіны) ці na Morawach (“у Маравіі”, рэгіён у Чэшскай Рэспубліцы). Але зусім немагчыма ўжыць прыназоўнік na ў дачыненні да Шатландыі, Вестфаліі ці Праванса. У польскай мове назвы гэтых мясцовасцей заўсёды спалучаюцца з прыназоўнікам w: w Szkocji, w Westfalii, w Prowansji.

Самым цікавым выпадкам выглядае малая і нязменная група сучасных незалежных дзяржаў (якія не з’яўляюцца астравамі), у дачыненні да назваў якіх у польскай мове ўжываецца прыназоўнік na. Гэтая група ўключае ў сябе Беларусь (na Białorusi), Венгрыю (na Węgrzech), Латвію (na Łotwie), Літву (na Litwie), Славакію (na Słowacji) і Украіну (na Ukrainie).

Я схільны думаць, што ўжыванне палякамі прыназоўніка na ў дачыненні да гэтага вузкага кола дзяржаў можа быць адбіткам сацыяльна-палітычных рэалій, якія мелі месца яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай. Так званая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў была федэратыўнай манархіяй, што складалася з Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Яна зарадзілася ў 1386 г. спачатку як персанальная унія гэтых дзвюх дзяржаў, паводле ўмоў якой велікакняжацкая дынастыя Ягелонаў атрымлівала правы на польскі каралеўскі трон. У 1569 г. гэты дынастычны саюз быў пераўтвораны ў паўнацэнную федэрацыю, якая і атрымала назву Рэчы Паспалітай. Рэч Паспалітая была сцёрта з карты Еўропы ў канцы XVIII ст. шляхам трох падзелаў – у 1772, 1792 і 1795 г. – паміж Габсбургскай манархіяй, Прускім каралеўствам і Расійскай імперыяй.

Калі ў другой палове X ст. зараджалася будучае Польскае каралеўства (і атрымлівала сваю назву, якая спярша, на пачатку XI ст., узнікла пры імператарскім двары Святой Рымскай імперыі ў лацінізаванай форме Polonia і толькі пазней займела славянскі адпаведнік[2], яго ядром была Велікапольшча, да якой неўзабаве была далучана Малапольшча. У гэтым кантэксце ўжыванне прыназоўніка w у дачыненні да гэтых двух польскіх рэгіёнаў уяўляецца знакам павагі да польскай протадзяржавы, якая ў 1320 г. здабыла статус каралеўства. У сваю чаргу, падначалены статус Куявіі (na Kujawach), Мазовіі (na Mazowszu), Памор’я (na Pomorzu) і Сілезіі (na Śląsku), заваяваных гэтай “стрыжнёвай Польшчай” у канцы X – пачатку XI ст., адлюстраваўся ў паслядоўным ужыванні прыназоўніка na ў дачыненні да іх назваў (у процілегласць w, ужыванаму ў дачыненні да Велікапольшчы і Малапольшчы), што захавалася і да нашага часу.

У ходзе гэтага перыяду актыўнай экспансіі, якая мела месца на пачатку другога тысячагоддзя, польскія князі на кароткі час далучылі да сваіх уладанняў таксама паўднёва-заходнюю частку Русі (адсюль na Rusi), паўночна-заходнія раёны Венгрыі (na Węgrzech), Маравію, якая дагэтуль была часткай Чэшскага княства (na Morawach), а таксама Лужыцу, што знаходзілася пад уладай Свяшчэннай Рымскай імперыі (na Łużycach). Цікава, што заваёва маленькай часткі Венгрыі прадвызначыла ўжыванне ў польскай мове прыназоўніка na ў дачыненні да ўсёй краіны аж да сёння, тады як аналагічная анексія кавалка Чэшскага княства не пацягнула за сабой таго самага эфекту ў дачыненні да Чэхіі, чыя назва спалучаецца ў польскай мове выключна з прыназоўнікам w (w Czechach).

Відаць, гэта сведчанне таго, як па-рознаму сярэднявечныя польскія эліты ўспрымалі Чэшскае княства і Венгрыю. Ад першага польскі двор у 966 г. прыняў хрысціянства, а Венгрыя афіцыйна зрабілася хрысціянскай краінай на тры дзесяцігоддзі пазней, у 1000 г. З пункту гледжання тагачасных палякаў, Венгрыя была “менш хрысціянскай” ці “больш язычніцкай” за Польшчу, што і праявілася ва ўжыванні ў дачыненні да яе прыназоўніка na (альтэрнатыўнае ці дадатковае тлумачэнне заключаецца ў тым, што па-венгерску фраза “ў Венгрыі” гучыць як Magyarországon, пры гэтым венгерскі суфікс -on адпавядае польскаму na). Той самы прыназоўнік замацаваўся і ў дачыненні да Русі, якая таксама прыняла хрысціянства пазней за Польшчу (у 988 г.), і да таго ж хрысціянства “горшае” – ад Канстанцінопаля, а не ад Рыма. Вялікі царкоўны раскол 1054 г., які падзяліў хрысціянскі свет, толькі паглыбіў негатыўнае ўспрыманне Русі палякамі.

Калі ў 1386 г. паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім была заключана персанальная унія, апошняе лічылася “малодшым партнёрам” у гэтым прадпрыемстве, хоць тэрытарыяльна і перасягала Польшчу больш як удвая. Па-першае, літоўская дынастыя Ягайлавічаў была “язычніцкай”, што выглядала ідэалагічна непрымальным у “хрысціянскай Еўропе”. Па-другое, ВКЛ не было і так ніколі і не стала каралеўствам. Па-трэцяе, яго тэрыторыя складалася пераважна з земляў Русі з іх колішняй сталіцай Кіевам. Вось чаму палякі задзейнічалі прыназоўнік na пры гаворцы пра княства і яго правінцыі: na Litwie (“на / у Літве”), na Żmudzi (“на / у Жамойці”), na Podlasiu (“на Падляшшы”), na Białej Rusi (“на Белай Русі”) або na Wołyniu (“на Валыні”).

Ужыванне прыназоўніка na было пашырана ў Польшчы і на тых спадкаемцаў старажытнай Русі, якія не ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай, у першую чаргу на Маскоўскую дзяржаву – папярэдніцу сучаснай Расіі. Словазлучэнне na Moskwie (“у Масковіі”) праіснавала ў Польшчы да Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721), у якой Расія разбіла Швецыю і Рэч Паспалітую, тым самым атрымаўшы выхад да балтыйскага ўзбярэжжа – спачатку ў Інгерманландыі, дзе быў пабудаваны Санкт-Пецярбург. У 1721 г. расійскі цар Пётр, празваны пазней Вялікім, прыняў тытул імператара і перайменаваў сваю дзяржаву ў Расійскую імперыю. Пасля гэтага ён запатрабаваў ад Швецыі, Рэчы Паспалітай і Прусіі прызнаць новую тытулатуру, і ягонае жаданне было задаволена. Прызнанне Расіі ў якасці дзяржавы, роўнавялікай Рэчы Паспалітай, пацягнула за сабой замену прыназоўніка na, што ўжываўся ў дачыненні да Масковіі, на w, калі гаворка зайшла пра Расію (w Rosji).

Што да Венгрыі і Маравіі, дык ужыванне ў дачыненні да іх прыназоўніка na падмацоўвалася той акалічнасцю, што Ягелоны ў XV – пачатку XVI ст. панавалі як у Венгерскім, так і ў Чэшскім каралеўствах. Апрача таго, у выніку паўднёваўсходняй экспансіі Рэчы Паспалітай у напрамку чарнаморскага ўзбярэжжа Малдаўскае княства апынулася пад польскім сюзерэнітэтам, а Валахія – пад польскім культурным уплывам. Даўней два гэтыя дунайскія княствы знаходзіліся пад уладай Венгрыі і да таго ж прынялі праваслаўе, а не каталіцызм, – усё гэта прымушала палякаў глядзець на іх зверху ўніз. Дык нічога дзіўнага, што ў польскай мове замацавалася ўжыванне прыназоўніка na ў дачыненні як да Валахіі (na Wołoszczyźnie), так і да Малдовы (na Mołdawii).

Сёння Валахія і заходняя частка гістарычнай Малдовы ўваходзяць у склад Румыніі (абвешчанай у 1866 г.), але ўжыванне прыназоўніка na не перайшло на назву новай дзяржавы – замест гэтага мусіць ужывацца w (w Rumunii). Цікава, што і ў спалучэнні з назвай Малдовы выкарыстанне прыназоўніка na лічыцца ў наш час састарэлым, а правільна – w (w Mołdawii). Такая эвалюцыя можа тлумачыцца пераносам на гэтую назву правіла, што замацавалася ў дачыненні да Расіі. Бесарабія – усходняя частка гістарычнай Малдовы – была далучана да Расіі ў 1812 г. па выніках вайны з Асманскай імперыяй, а ў 1991 г., у ходзе распаду СССР, атрымала статус незалежнай дзяржавы.

Славакіі пашанцавала менш. Гэтая назва для паўночнай часткі гістарычнай Венгрыі, населенай славянамі (вядомай у венгерскай мове як Felvidék – літаральна “горная зямля”, ці “Верхняя Венгрыя”), была прапанавана ў другой палове XIX ст. Славакія зрабілася палітычнай рэальнасцю ў складзе Чэхаславакіі, і пасля першага перыяду незалежнасці пад час Другой сусветнай вайны аднавіла свой статус незалежнай дзяржавы ў 1993 г. – пасля роспуску ЧСФР. Але, у адрозненне ад Малдовы, прыназоўнік na перайшоў з Венгрыі на Славакію – вось чаму палякі і сёння гавораць na Słowacji. Такая тэндэнцыя падмацоўваецца і тым, што самі славакі па-славацку гавораць na Slovensku (“у Славакіі”). Цікава, што пры гэтым у дачыненні да Венгрыі яны ўжываюць прыназоўнік v: v Maďarsku.

Працяглае (з XIV аж да XVIII ст.) палітычнае спаборніцтва Рэчы Паспалітай з Тэўтонскім ордэнам (з рэзідэнцыяй у Прусіі), Інфлянцкім ордэнам (з рэзідэнцыяй у Курляндыі і Інфлянтах), Маскоўскай (Расійскай) дзяржавай і Швецыяй за паўднёвае ўзбярэжжа Балтыйскага мора прывяло да пераходу Прусіі, Курляндыі і Інфлянтаў у васальную залежнасць ад Рэчы Паспалітай. Не дзіва, што падначалены статус гэтых трох правінцый (ленаў) быў пазначаны ўжываннем у дачыненні да іх прыназоўніка na: na Prusach (“у Прусіі”), na Kurlandii (“у Курляндыі”), na Inflantach ці na Liwonii (“у Інфлянтах”, “у Лівоніі”). Аднак першая з гэтых правінцый – Герцагства Прусія – у 1701 г. атрымала незалежнасць ад Рэчы Паспалітай і сама зрабілася каралеўствам, а праз стагоддзе ператварылася ў аднаго з галоўных гульцоў у еўрапейскай палітыцы, узяўшы ўдзел у падзеле Рэчы Паспалітай і здолеўшы ўтрымацца перад націскам Напалеона. Гэта прымусіла палякаў памяняць свае моўныя падыходы да згаданай дзяржавы, і ад пачатку XIX ст. па-польску прынята гаварыць w Prusach.

Інакш развіваліся падзеі ў выпадку з Курляндыяй і Лівоніяй, што ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі – як і Эстляндыя, якую Расія ў XVIII ст. захапіла ў Швецыі. Паколькі Эстляндыя ніколі не знаходзілася ў сферы ўплыву Рэчы Паспалітай, у дачыненні да гэтай шведскай, а потым расійскай правінцыі адпачатку ўжываўся прыназоўнік w: w Estlandii. У 1918 г. на землях Курляндыі і Паўднёвай Лівоніі была абвешчана Латвія, а Паўночная Лівонія і Эстляндыя ўвайшлі ў склад Эстоніі. Першая з гэтых дзяржаў у польскай мове ўспадкавала na ад Курляндыі і Лівоніі (na Łotwie – “у Латвіі”), а апошняя – w ад Эстляндыі (w Estonii – “у Эстоніі”).

Аналагічным чынам традыцыйнае ўжыванне na ў дачыненні да Вялікага Княства Літоўскага і Русі перайшло на сучасныя дзяржавы Літву (na Litwie) і Беларусь (na Białorusi), што ўтварыліся на тэрыторыі колішняга княства. У 1569 г., пры заключэнні Люблінскай уніі, паўднёвыя ваяводствы Вялікага Княства Літоўскага адышлі да Каралеўства Польскага, дзе атрымалі назву “рускіх земляў”. Вядома, у дачыненні да іх працягваў ужывацца прыназоўнік na. Пазней гэтае ўжыванне было перанесена на Украіну, што ўзнікла на гэтых землях. Малады ўкраінскі нацыянальны рух звярнуўся да гэтай назвы, каб унікнуць заблытанага анамастычнага дуалізму: на заходнеўкраінскіх землях у складзе Аўстра-Венгрыі славянскае насельніцтва карысталася саманазвамі “Русь”, “русіны”, а ўсходняя частка Украіны ў складзе Расійскай імперыі называлася Маларосіяй. Першы кароткі перыяд незалежнасці Украіна зведала ў 1918–1922 г. Ён ніяк не адбіўся на польскай моўнай практыцы: у дачыненні да Украіны працягваў ужывацца прыназоўнік na (na Ukrainie). Вядома, ва ўкраінскай мове ў аналагічнай канструкцыі выкарыстоўваецца прыназоўнік в: в Україні.

Польскае ўжыванне прыназоўніка na ў дачыненні да Літвы, Беларусі і Украіны яшчэ больш замацавалася ў міжваеннай Польшчы. Па выніках савецка-польскай вайны 1919–1921 г. беларускія і ўкраінскія землі былі падзелены паміж Польшчай і Савецкай Расіяй (а з 1922 г. увайшлі ў склад Савецкага Саюза). У 1920 г. Польшча, апроч таго, анексавала паўднёва-ўсходнюю частку Літвы з яе сённяшняй сталіцай Вільняй. Гэтыя землі, якія складалі крыху больш за палову тэрыторыі міжваеннай Польшчы, агулам называліся “крэсамі” (ускраінамі). Не дзіва, што ў дачыненні да “крэсаў” ужываўся прыназоўнік na (na Kresach).

Венграў і чэхаў з іх развітой гістарычнай самасвядомасцю і трывалымі традыцыямі дзяржаўнасці, відаць, не вельмі хвалюе ўжыванне палякамі прыназоўніка na ў дачыненні да Венгрыі (na Węgrzech) і чэшскіх рэгіёнаў Маравіі (na Morawach) ды Сілезіі (na Śląsku). Не прыгадаю я і выпадкаў, каб нехта са славацкіх інтэлектуалаў крытыкаваў палякаў за захаванне традыцыйнай сінтаксічнай канструкцыі ў дачыненні да назвы Славакіі (na Słowacji), хоць гэта можа тлумачыцца той акалічнасцю, што яны маюць куды больш далікатныя тэмы для абмеркавання з венграмі.

Іншую сітуацыю мы маем у Літве, Беларусі і Украіне, дзе шмат хто валодае польскай мовай. Яны разглядаюць гэтую польскую ўпартасць ва ўжыванні традыцыйнага na ў дачыненні да назваў іх краін (na Litwie, na Białorusi, na Ukrainie) як праяву захавання неапраўданага і несправядлівага каланіяльнага падыходу з боку палякаў да сваіх усходніх суседзяў. Вядома, у сучаснай Польшчы няма нікога, хто ўсур’ёз думаў бы пра анексію Літвы, Беларусі ці Украіны на правах “старых польскіх земляў”, але яшчэ ў канцы 1980-х, у час маёй вучобы ў магістратуры Сілезскага ўніверсітэта ў Катовіцах, студэнты нярэдка заводзілі старую, ваенных часоў песеньку, якая заклікала “адбіць польскую Вільню” і “здабыць польскі Львоў”, каб потым “адпачыць у Ленінградзе”.

Апрача таго, польскі стэрэатып аб “ніжэйшасці” літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў працягвае існаваць, хоць і ў замаскаваных формах – якія хаваюць у сабе яшчэ больш небяспекі, бо выглядаюць неад’емнай часткай польскай культуры і мовы. На крытыку літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў наконт упартага ўжывання прыназоўніка na большасць польскіх інтэлектуалаў і мовазнаўцаў адказваюць, што гэта проста традыцыйная норма польскай мовы, якая не мае пад сабой ніякіх наўмысных ці выпадковых негатыўных канатацый. Дазволю сабе не пагадзіцца: ні мова, ні яе літаратурныя нормы не з’яўляюцца наканаванасцю. Калі тая ці іншая норма абражае кагосьці, як у вышэй разгледжаных выпадках з прыназоўнікам na, то людзі, якія твораць мову, гавораць на ёй і вызначаюць яе аблічча, могуць гэтую норму перагледзець. І носьбіты польскай мовы не менш ад іншых здатныя да такіх змен. За апошнія два дзесяцігоддзі прыклад таго, як трэба дзейнічаць у такіх выпадках, быў прадэманстраваны ў дзесяць разоў буйнейшай супольнасцю носьбітаў англійскай мовы, якія, напрыклад, у імя роўнасці і аб’ектыўнасці распрацавалі і ўвялі ва ўжытак гендарна-нейтральныя формы або перасталі ўжываць артыкль the пры назоўніку Ukraine.

Самы час і тым, хто гаворыць па-польску, паспрабаваць праявіць добрасуседства і валявым намаганнем замяніць у шэрагу выпадкаў прыназоўнік na нейтральным w: w Litwie, w Białorusi, w Ukrainie, роўна як і w Łotwie, w Słowacji, w Węgrzech. Ні мінуўшчына, ні стэрэатыпы, ні тым больш старамодныя лінгвістычныя традыцыі не павінны кідаць цень на добрыя ўзаемаадносіны Польшчы з гэтымі краінамі.

Чаму гэтая праблема была прапанавана ўвазе міжнароднай аўдыторыі? Я лічу, што развагі над ужываннем двух польскіх прыназоўнікаў – w і na, як і над тым, што вынікае з такога ўжывання, – добрая ілюстрацыя таго, як даўнія падзеі, устаноўкі і стэрэатыпы ўкараняюцца ў мову, на якой мы гаворым і пішам, і як гэтыя падтэксты і адценні сэнсу, пра якія мы і не задумваемся, уплываюць на наша мысленне аб навакольным свеце. Выкарыстоўваючы метадалогію распрацаванай Мішэлем Фуко “археалогіі ведаў”, у дадзеным выпадку прыглядаючыся да разнастайных механізмаў, што ўжываюцца ў мове для маркіравання і канструявання рэальнасці, мы можам прыйсці да цікавых адкрыццяў і вывадаў.

І самае галоўнае: гэта даказвае, што мова – не нейтральная лінза, праз якую мы глядзім на свет; часам тая лінза даволі-такі крывая. Гэтая крывізна абумоўлена разнастайнымі гістарычнымі працэсамі і падзеямі, што “агранілі” нашу мову. Калі прасачыць і прааналізаваць гісторыю гэтай агранкі, зразумець, як гэта ўплывае на наша сённяшняе ўспрыманне рэальнасці, можна дамагчыся важных і карысных карэктываў. З іншага боку, гэта можа дапамагчы нам ясней убачыць узаемадзеянне моўнага, палітычнага і сацыяльнага аспектаў, што само па сабе будзе метадалагічнай узнагародай – узнагародай міждысцыплінарнасці.

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


[1] Гэтая назва мае варыянтны націск.
[2] Падрабязней пра цікавую, малавядомую і празмерна міфалагізаваную гісторыю назвы польскай дзяржавы гл.: Urbańczyk P. Trudne początki. Wrocław, 2008.

Наверх

Тэгі: , ,