БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Einax, Rayk. Entstalinisierung auf Weißrussisch: Krisenbewältigung, sozioökonomische Dynamik und öffentliche Meinung in der Belorussischen Sowjetrepublik 1953–1965. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2014. 443 S.


Нямецкае беларусазнаўства ўжо неаднойчы прапаноўвала выдатныя ўзоры інтэлектуальнай працы з беларускім матэрыялам. Такія даследаванні, як манаграфія Райнэра Лінднэра “Гісторыкі і ўлада” ці калектыўны (з удзелам беларускіх аўтараў, дзе гэтае сутыкненне двух цэхаў надае выданню адмысловае значэнне) “Падручнік па гісторыі Беларусі”[1] трывала ўвайшлі ў беларускі інтэлектуальны кантэкст. Намаганнямі Томаса Бона і іншых даследчыкаў у Гісэне паўстаў плённы асяродак па вывучэнні гісторыі і культуры Беларусі. Адзін з прыкладаў – манаграфія Райка Айнакса “Дэсталінізацыя па-беларуску: пераадоленне крызісу, сацыяльна-эканамічная дынаміка і грамадская мабілізацыя ў Савецкай Беларусі. 1953–1965”, якая выйшла ў шматабяцальнай серыі “Гістарычныя штудыі Беларусі”.

Ключавымі паняццямі працы Райка Айнакса выступаюць “сталінізм” і “дэсталінізацыя”, інакш кажучы, гаворка ідзе пра сталінскае грамадства ў пару падставовай адмены. Хада гэтай адмены – у цэнтры даследавання. Мэта, якую ставіць даследчык: “паказаць, што беларускае грамадства пасля 1953 г., у параўнанні з даваенным часам, зазнала значныя структурныя змены” (13). Да гэтага тэзіса прымыкае пытанне, наколькі ў БССР быў укаранёны сталінізм. У цэлым жа паказваецца развіццё савецкага грамадства пры даследаванні канкрэтна ўзятага выпадку (кейса).

Пастаноўка пытанняў манаграфіі Р. Айнакса будзе добра зразумелая ўмоўнаму “беларускаму гісторыку”. Калі асноўным трэндам сусветнай гістарыяграфіі прыблізна з 1980–1990-х г. сталі пытанні гісторыі дыскурсаў, рэпрэзентацый і г. д., дык беларуская гістарыяграфія інерцыйна заставалася пад магутным уплывам савецкай гістарыяграфічнай традыцыі і яе аналітычнай мовы – “гістарычнага матэрыялізму” («у аковах “гісторыі падзей”», паводле заўвагі К. Ганцэра). Гісторыя культуры, у рамках якой маглі быць разгледжаны пытанні эвалюцыі сімвалічнай рэпрэзентацыі БССР ў 1950–1960-я г., гістарычнага і літаратурнага дыскурсаў і г. д., не ўваходзяць у кола зацікаўленасці аўтара разгляданай манаграфіі.

Перш чым перайсці да характарыстыкі зместу даследавання, варта асобна спыніцца на актуальнасці ўзнятай тэмы. Пытанне вельмі важнае, бо ў постсавецкай Беларусі вельмі мала выкананых на прыстойным узроўні (хоць бы з улікам факталагічнага напаўнення) прац, прысвечаных беларускаму познесавецкаму грамадству. Гэта добра адлюстравана і ў разгляданай кнізе, калі ва ўводзінах аўтар характарызуе стан даследавання праблемы. Але адной канстатацыі недастаткова, і хоць кожны беларус, ангажаваны ў нацыянальны дыскурс, інтуіцыйна здагадаецца, чаму так адбылося, будзе нялішнім звярнуць увагу на фармулёўку вонкавага назіральніка: асноўная прычына ў тым, што на матэрыяле беларускай паваеннай гісторыі немагчыма ці амаль немагчыма стварыць класічны расповед пра гісторыю краіны – гэты час трывала інтэграваны ў агульнасаюзны кантэкст, таму для перыяду 1950–1980-х г. даследчык не мае канкрэтнага, прыдатнага для працы (belastbare) наратыва (14). Гэтая логіка, аднак, не можа рэгуляваць селекцыю тэм у рамках навукі, таму сітуацыя, калі “палітычная гісторыя БССР пасля 1944 г. уяўляе сабой суцэльны аблог (Brachland)” (26), не можа прызнавацца нармальнай.

У цэлым праца падаецца вельмі актуальнай, і справа не толькі ў выразных, чаканых адсылках да сучаснага парадку дня (параўн. на самым пачатку манаграфіі, с. 11: “Як часта ў ходзе маёй даследчай працы перада мной узнікала пытанне, ці адбывалася ў Беларусі хоць калі дэсталінізацыя ўвогуле. Такога роду сумненні, відавочна, грунтуюцца на цяперашнім становішчы ў Рэспубліцы Беларусь”), але і ў некаторых, думаецца, ненаўмысных паралелях (напрыклад, цікавае апісанне стану савецкага грамадства 1953 г., у час разгортвання справы дактароў – уражальны прыклад прапаганды і механікі масавага псіхозу).

Структурна праца складаецца з 9 раздзелаў, да якіх залічаны таксама ўводзіны і заключэнне. Манаграфія мае 3 карты, 13 ілюстрацый і 14 табліц.

Другі (пасля ўводзінаў) раздзел прысвечаны апісанню ўласна сталінскага грамадства ў БССР: ад узнікнення гэтай дзяржавы і да смерці правадыра.

Цэнтральны пункт трэцяга раздзела – разгляд становішча БССР у 1953 г. Своеасаблівай кульмінацыяй напружанага года (у рамках якога адна за адной адбыліся такія падзеі, як справа дактароў, смерць Сталіна, узвышэнне і падзенне Л. Берыі, пачатак вызвалення вязняў ГУЛАГа) стаў чэрвеньскі пленум ЦК КПБ – спроба Л. Берыі змяніць кіраўніцтва рэспублікі. Адмысловае значэнне гэтай падзеі надае рыторыка, якая суправаджала меркаванае адхіленне М. Патолічава ад пасады (але яно так і не адбылося). На пасяджэннях ЦК ішла гаворка пра ўпушчэнні ў нацыянальнай палітыцы КПБ – як моўнай, так і кадравай: руская мова запанавала ў партыйным жыцці і амаль выціснула беларускую, з чым звязвалася таксама і непрапарцыйная вага рускіх у кіраўніцтве КПБ. Аднак хуткае падзенне Л. Берыі зняло з парадку дня гэтыя пытанні: М. Патолічаў захаваў пасаду, а агучаныя закіды на адрас партыйнага беларускага кіраўніцтва прызналі неадпаведнымі рэчаіснасці[2].

Як уяўляецца, цэнтральнае значэнне ў кантэксце пастаўленай мэты мае раздзел 4 – “БССР пасля 1953 г.: узаемазалежнасці, інтэграцыя, працэсы трансфармацыі” (125–165). У ім ідзе гаворка пра найбольш абагуленую характарыстыку вывучанага перыяду (уласна, першы падраздзел так і называецца – “Дэсталінізацыя: 1953–1964 як эпоха?”). Нямала ўвагі аддаецца пытанню кадравай палітыкі (128–141). Некалькі табліц ілюструюць вагу рускіх, беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў як у КПБ у цэлым, так і на кіраўнічых узроўнях. Паказана істотная роля рускіх, якая паступова зніжалася на працягу даследаванага перыяду. У рамках гэтай жа праблемы закранаецца гісторыя “партызанскай фракцыі” КПБ, вынікаў яе дзейнасці і значэння ў гісторыі краіны (138–141). Пасля аналізу хрушчоўскіх захадаў у пераарыентацыі дзяржаўнай эканамічнай палітыкі даследчык пераходзіць да такіх пытанняў, як індустрыялізацыя, урбанізацыя і звязаная з імі русіфікацыя (два падраздзелы, с. 146–166). У беларускай інтэлектуалістыцы сувязь паміж імі заўважана даўно, але ў рамках навуковага тэксту яна знаходзіць абгрунтаванне нячаста. Урэшце, для Р. Айнакса 1950–1960-я г. – вузлавы пункт фармавання беларускай (савецкай) ідэнтычнасці, якая ў той ці іншай ступені захоўваецца  і сёння (варта адзначыць, што тут ён спасылаецца на выдадзенае па-нямецку эсэ “Код адсутнасці” В. Акудовіча, да якога звяртаецца і пазней, робячы высновы).

Пяты раздзел сярод іншага прапануе шырокую панараму гісторыі грамадскай дыскусіі ў БССР 1950–1960-х г. (важная тэма з пункту гледжання гісторыі беларускай культуры наогул і беларускай інтэлігенцыі ў прыватнасці). Пра ўплыў ХХ з’езда на сітуацыю ў беларускай культуры пісалі шмат, перш за ўсё ў літаратуразнаўстве, але дэталёвага паказу пранікнення “патаемнай прамовы” М. Хрушчова ў шырокія масы ў беларускай літаратуры, здаецца, няма. Партыйныя сходы і рэакцыя публікі – пытанні, якія ўзнікалі на такіх сходах (як удавалася І. Сталіну падманваць ЦК і палітбюро, чаму выкрыццё не адбылося адразу пасля 1953 г. і інш.), нават пратэставыя дзеянні – або на абарону І. Сталіна, або залішне радыкальныя паводзіны ў кірунку дэсталінізацыі (знішчэнне скульптур і выяваў Сталіна) шырока фіксуюцца ў архіўных матэрыялах і прыводзяцца ў манаграфіі (асабліва на с. 177–192). У цэлым робіцца вывад, што КПБ здолела паспяхова справіцца з выклікам дэсталінізацыі, і да сапраўды гучных узрушэнняў у БССР не дайшло (192).

Сталінская спадчына як праблема дзяржаўнай палітыкі разглядаецца ў шостым раздзеле. Два першыя падраздзелы прысвечаны вызваленню вязняў, рэабілітацыі і перафарматаванню службаў бяспекі. Сярод важных ідэй трэба адзначыць, напрыклад, канстатацыю сімвалічнага характару рэабілітацыі (196), калі рэабілітаваныя ахвяры І. Сталіна не мелі шанцаў вярнуцца ў партыю і з недаверам сустракаліся ў савецкіх установах. Рэарганізацыя службаў бяспекі хоць і была спалучана з рыторыкай аднаўлення сацыялістычнай законнасці, аднак усе расследаванні, калі і пачыналіся пасля 1956 г., былі звязаны або з асабістымі адносінамі, або наогул мелі выпадковы характар; у цэлым жа, кадры КДБ былі абаронены ад прававога пераследу, а той modus vivendi, які склаўся ў самім КДБ (урэгуляванне кадравага пытання), Р. Айнакс параўноўвае з сітуацыяй у КПБ: ранейшыя супрацоўнікі заставаліся на сваіх пасадах, “дэманструючы вонкі, асабліва ў Маскву, стабільнасць і абароненасць ад непажаданых уздзеянняў” (224). Асабліва цікавы трэці падраздзел – “Цені мінулага: унутраныя сутычкі (Scharmьtzel) перад ХХІІ з’ездам” (224–235). Разглядаецца пытанне, якім чынам адбываўся разбор “сталінскага мінулага”, асабліва на прыватным узроўні, у дачыненні да асобных удзельнікаў рэпрэсій. К. Мазураў у час партыйных сходаў мусіў адказваць на “нязручныя” пытанні (напрыклад, хто вінаваты ў сталінскіх рэпрэсіях), а перад КПБ у цэлым паўстала пытанне ўрэгулявання кадравай сітуацыі. Некаторыя асобы (адзінкавыя выпадкі) страцілі свае пасады з прычыны актыўнага ўдзелу ў кампаніях 1930-х г.

Раздзел 7 прысвечаны сацыяльнай гісторыі БССР даследаванага перыяду –штодзённасці, успрыманню навакольнага свету (Lebenswelt) і сацыяльнай незадаволенасці. Пытанні разглядаюцца праз зварот да спецыфічнага роду крыніц – заўваг, якія пакідалі савецкія выбарцы на бюлетэнях. У цэлым Р. Айнакс падкрэслівае: грэбаванне савецкім інстытутам выбараў недапушчальнае, яны былі не толькі “рытуалізаваным публічным мерапрыемствам”, але і выступалі для кампартыі важным сродкам мабілізацыі насельніцтва, а для грамадзян – фактычна адзіным медыумам палітычнай камунікацыі (242–245). Уласна кажучы, менавіта праз дэталёвы аналіз гэтых заўваг вырашаецца пастаўленая задача. Абсяг пытанняў, якія ўздымаліся выбарцамі, сапраўды ўражвае – ад недахопу жыллёвай плошчы для мыцця бялізны ў камунальных кватэрах у Магілёве і да патрабаванняў адхіліць М. Хрушчова ад пасады, вярнуўшы ўладу Г. Малянкову. Даследчык робіць выснову: іншадумства ў СССР магло існаваць не толькі як дысідэнцтва, але і ў выглядзе іншых праяў незадаволенасці, звязаных з патрабаваннем паляпшэння штодзённых умоў жыцця “простых людзей” (281).

Вялікая ўвага (раздзел 8, с. 282–392) аддаецца пытанню рэлігійнай палітыкі і становішча вернікаў у кантэксце “дэсталінізацыі”. Раздзел падзелены на пяць падраздзелаў: разглядаюцца рэлігійная палітыка ў СССР у 1929–1965 г., дачыненні паміж атэістычнай прапагандай і народнай рэлігійнасцю, рэлігійная палітыка ў БССР, становішча асобных канфесій, нарэшце, выжыванне рэлігіі на вёсцы. У цэлым гаворка ідзе, як вядома, пра намаганне М. Хрушчова выкараніць рэлігійны складнік з жыцця савецкіх грамадзян. Пэўнага поспеху, як заўважае Р. Айнакс, удалося дамагчыся, пра што сведчаць колькасныя паказчыкі (змяншэнне афіцыйна зарэгістраваных суполак) ці матэрыяльнае становішча храмаў. Аднак, разам з тым, спецыфічная сялянская штодзённасць і пазней заставалася арыентаванай на старыя звычаі і ўзоры. Для кампартыі ліквідацыя гэтай розніцы паміж горадам і вёскай стала важнай задачай, аднак, як падкрэслівае даследчык, у цэлым страта ранейшай ролі рэлігійных перакананняў была ў большай ступені звязана з індустрыялізацыяй і ўрбанізацыяй, чым з “дыктатам Масквы” (392).

У заключэнні Р. Айнакс звяртаецца да пытання ролі КПБ у беларускай гісторыі – “ці можна віншаваць КПБ з яе недабравольным удзелам у нацыятварэнні?” (394). Гэта дазваляе падвесці рысу, вярнуўшыся да пытання актуальнасці кнігі. На пачатку 2010-х г. у Беларусі ўзнік шэраг суполак, арыентаваных на своеасаблівую гларыфікацыю БССР як ключавога моманту беларускага нацыятварэння. Даследаванне Р. Айнакса можа быць выкарыстана ў дыскусіі на тэму “БССР і беларускі нацыяналізм”[3] як прыхільнікамі, так і праціўнікамі станоўчай ацэнкі ролі савецкай улады ў гісторыі ўзнікнення беларускай нацыі. На думку Р. Айнакса, безаблічная БССР у выніку сацыяльных і эканамічных змяненняў (у тым ліку дзякуючы надзвычай нізкаму стартаваму ўзроўню) ператварылася ў расквітнелую, палітычна стабільную рэспубліку, шчыльна інтэграваную ў СССР, і гэта непасрэдна адбілася на партыйным кіраўніцтве, што аформілася як гамагенная група, якая выклікала да сябе ўвагу не персанальнымі ўзрушэннямі, а паслядоўным выкананнем маскоўскіх рашэнняў. У канчатковым выніку, на думку аўтара, склалася сітуацыя, калі менавіта БССР (неад’емная ад усяго СССР) стала асацыявацца з прымальным узроўнем сацыяльна-эканамічных выгод і спажывання. Трываласць пазітыўнага стаўлення да гэтага ўтварэння гарантавалася здольнасцю КПБ забяспечыць дасягнуты ўзровень развіцця. Такое ўяўленне ў значнай ступені ўзнаўляецца ў масавай свядомасці і сёння.

Мінск

Антон Лявіцкі


[1] Handbuch der Geschichte Weißrusslands. Hrsg. von D. Beyrau und R. Lindner. Göttingen, 2001.
[2] Здаецца, першая публікацыя ў Беларусі пра гэты з’езд належыць В. Карбалевічу: Карбалевіч В. Гарачае лета 1953 года // Беларуская мінуўшчына. 1996. № 6. С. 8–10.
[3] Паводле назвы артыкула С. Богдана: Богдан С. БССР и белорусский национализм // Перекрестки. 2009. № 1–2.

Наверх

Тэгі: ,