Аляксандр Гужалоўскі. Замах на сям’ю: сексуальная рэвалюцыя 1920-х г. у БССР на старонках перыядычнага друку
Ідэя сексу дазваляе выявіць тое,
што робіць уладу ўладаю.
Мішэль Фуко
Базавыя інстынкты чалавека, у тым ліку сексуальны, ніводная чалавечая цывілізацыя не была здольная забараніць ці адмяніць. Аднак усе цывілізацыі выпрацоўвалі сістэмы рэгулявання сексуальнага інстынкту ў выглядзе маральных і юрыдычных забарон. Таталітарныя дзяржавы, што існавалі ў ХХ ст., пайшлі далей і паспрабавалі выкарыстаць сексуальную энергію насельніцтва – гэты адвечны рухавік – як інструмент сацыяльнага інжынірынгу. У СССР змена сексуальнасці і сексуальных паводзінаў людзей была абумоўлена зменаю правіцеляў і палітычнага курсу краіны.
Сексуальнасць у Савецкім Саюзе прайшла цыкл ад нечуванай свабоды 1920-х г. праз кансерватызм эпохі сталінізму і адносна ліберальныя дзесяцігоддзі “развітога сацыялізму» да сексуальнага буму канца 1980-х – пачатку 1990-х г.
Першае дзесяцігоддзе пасля перамогі бальшавікоў характарызавалася неверагоднай, нават па сённяшніх мерках, свабодай нораваў. Рэвалюцыйныя змены ў сексуальных адносінах, што адбыліся ў Савецкай Расіі на працягу першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя і атрымалі назву “сексуальнай рэвалюцыі” [1], добра апісаны расійскімі [2] і замежнымі [3] даследчыкамі. Водгукі савецкай сексуальнай рэвалюцыі 1920-х г. мы знаходзім на старонках прац некаторых беларускіх вучоных, што даследуюць гендарныя аспекты мінуўшчыны [4]. Аднак у якасці самастойнага аб’екта даследавання гэтая праблема не ўздымалася.
1920-я г. традыцыйна разглядаюцца ў беларускай гістарыяграфіі ў кантэксце беларусізацыі або правядзення ў рэспубліцы новай эканамічнай палітыкі. Аўтар паспрабаваў паглядзець на гэтае дзесяцігоддзе праз прызму найбольш “нябачнай” для гісторыкаў сферы чалавечага жыцця – сексуальных адносінаў. Выбар гэтага ракурсу невыпадковы. Менавіта ў першае паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе СССР стаў полем эксперыменту, трансфармацыі мадэлі гендарных адносінаў. Невыпадковы таксама выбар кола першакрыніц. Газеты і часопісы ліберальных 1920-х г. адкрыта абмяркоўвалі сексуальную сферу чалавечага жыцця, а таксама звязаныя з ёю пачуццё кахання, бяспеку, уласныя каштоўнасці.
Тэарэтычныя пошукі
Адносіны еўрапейцаў да сексу да пачатку ХХ ст. базаваліся перш за ўсё на традыцыйнай хрысціянскай маралі, таму на працягу стагоддзяў гэтая тэма была табуяванай, секс лічыўся непрымальным па-за шлюбам, як непрымальнымі былі кантрацэптывы і аборты. Развіццё навукі, падзенне аўтарытэту царквы, а таксама пераход ад аграрнага да індустрыяльнага грамадства прывялі да размывання хрысціянскага маральнага канона. Суфражысткі і іх паслядоўніцы феміністкі на мяжы ХІХ–ХХ ст. актыўна распаўсюджвалі сярод жанчын ідэю іх роўнасці з мужчынамі, што кардынальным чынам адбілася на сексуальных адносінах.
Сацыялісты ўключылі гендарнае пытанне ў сваю праграму, прычым адразу ж абвясцілі сацыялізм адзіным ладам, які здольны гэтае пытанне канчаткова вырашыць. У адпаведнасці з марксісцкім вучэннем жанчыны знаходзіліся пад двайным прыгнётам – капіталу і буржуазнай сям’і. Пралетарская рэвалюцыя мусіла знішчыць прыватную ўласнасць, а разам з ёю і сям’ю.
Ужо ў “Камуністычным маніфесце”, які з’явіўся ў 1848 г., заснавальнікі навуковай камуністычнай тэорыі палемізавалі з крытыкамі сацыялізацыі жонак. “Зрэштай, няма нічога сьмяшнейшага, як высока-моральнае абурэньне нашых буржуёў проціў нібыта офіцыяльнай супольнасьці жанок пры комуністычным ладзе. Тымчасам, комуністым няма патрэбы заводзіць супольнасьць жанок, бо гэтая супольнасьць была бадай што заўсёды”. Наступны пасаж класікаў крыху прыўздымае завесу над таямніцай адносінаў палоў пры камунізме: “У рэчавістасьці буржуазнае малажонства (шлюб) зьяўляецца супольнасьцю жанок. Комуністых можна было б упікнуць хіба ў тым, што яны хочуць паставіць адкрытую супольнасьць жанок на месца брыдкай, патаемнай” [5]. Акрамя абмеркавання вяртання да палігамных адносінаў пры камунізме К. Маркс і Ф. Энгельс на адной са старонак свайго праграмнага дакумента паведамлялі пра намер камуністаў замяніць хатняе выхаванне дзяцей грамадскім.
Тэму свабоднага кахання ў камуністычным грамадстве ў 1879 г. у працы “Жанчына і сацыялізм” развіў вядомы барацьбіт за правы жанчын, германскі сацыял-дэмакрат А. Бебель. У 1920 г. у размове з К. Цэткін думку пра тое, што сексуальнай рэвалюцыі папярэднічае рэвалюцыя сацыяльная, выказаў У. Ленін: “У галіне шлюбу і палавых зносінаў набліжаецца рэвалюцыя, сугучная пралетарскай рэвалюцыі” [6]. Разам з тым, паводле ўспамінаў нямецкай камуністкі, ён не ўхваляў празмерныя захапленні тэорыяй полу і ўвагай да палавых зносінаў, заклікаў моладзь займацца фізічнымі практыкаваннямі замест сексу.
Найбуйнейшым тэарэтыкам у галіне гендарных адносінаў у рускай сацыял-дэмакратыі была А. Калантай, погляды якой уяўлялі сабой складаны сімбіёз фемінізму і марксізму. Яна лічыла, што толькі свабодныя і, як правіла, шматлікія сексуальныя сувязі дазволяць жанчыне захаваць уласную індывідуальнасць у грамадстве, дзе гаспадараць мужчыны. Першую сур’ёзную тэарэтычную працу на гэтую тэму пад назвай “Сацыяльныя асновы жаночага пытання” яна напісала ў 1909 г. Сярод вялікага фактычнага матэрыялу, які характарызаваў працу і побыт жанчын у Расійскай імперыі, мы знаходзім тут яшчэ вельмі няпэўныя контуры новых сексуальных адносінаў пры сацыялізме: “Пасля пераносу выхавальніцкай функцыі з сям’і на грамадства знікне апошняе замацаванне сучаснай закрытай сямейнай ячэйкі… На змену сучаснай прымусовай форме шлюбу ідзе вольны саюз свабодных індывідуумаў… Ідэал свабоднага кахання несумненна адпавядае той норме адносінаў паміж паламі, якое ўсталюе калектывісцкае грамадства” [7]. У рэчышчы крытыкі “буржуазнай сям’і» і “буржуазнай падвойнай маралі” аўтарка выказвала ўпэўненасць, што ў недалёкай будучыні “палавая маральнасць зробіцца справай асабістага сумлення кожнага” [8].
У самы разгар грамадзянскай вайны А. Калантай напісала брашуру “Новая мараль ірабочы клас”, дзе развіла свае погляды на каханне і сексуальныя адносіны ў новым грамадстве. Гэтая брашура была напісана пад уплывам папулярнай на той час кнігі нямецкай феміністкі Г. Мейзель-Хес “Сексуальны крызіс” (1911), дзе сцвярджалася, што сучасная палавая мараль – фікцыя, а традыцыйны шлюб супярэчыць прыродзе чалавека і забівае каханне. Напачатку А. Калантай намалявала партрэт ідэальнай жанчыны, сканцэнтраванай на працы, але разам з тым не варожай да “зямных радасцяў”. Гэтыя жанчыны – не ўласніцы. Паважаючы пачуцці іншых, яны з разуменнем ставяцца да жанчын-саперніц і патрабавальна да мужчын, даруючы ім здраду, але не ігнараванне свайго духоўнага пачатку. А. Калантай выступіла супраць трох асноўных формаў сексуальных зносінаў: легальнага шлюбу, які, на яе думку, супярэчыць мабільнай чалавечай псіхіцы; свабоднага саюзу, што вымагае вялікіх выдаткаў часу і духоўных сіл; прастытуцыі. Замест гэтых старых формаў яна прапанавала там, дзе адсутнічае вялікае каханне (а яно, як вядома, адсутнічае ў абсалютнай большасці выпадкаў), практыкаваць “каханне-гульню” або “эратычнае сяброўства”. Гэтую форму сексуальных адносінаў трэба разумець як “школу кахання”, “назапашванне любоўнай патэнцыі”, яна не замінае грамадскаму і асабістаму жыццю партнёраў. Ідэал А. Калантай – гэта манагамны саюз, заснаваны на “вялікім каханні”. Але “не бяззменны”і не застылы. Чым складанейшая псіхіка чалавека, тым непазбежнейшыя “змены”. Таму, на яе думку, найбольш распаўсюджанай формай палавых зносінаў пры сацыялізме будзе “канкубінат” або “паслядоўная манагамія”. Побач з гэтай формай будзе існаваць цэлая гама разнастайных відаў зносінаў у межах “эратычнага сяброўства” [9].
У 1920 г., пасля смерці І. Арманд, А. Калантай на непрацяглы час заняла пасаду загадчыцы жаночага аддзела ЦК УКП(б). Такім чынам, яна атрымала магчымасць не толькі прапагандаваць свае радыкальныя марксісцкафеміністычныя погляды праз друк і лекцыі, але і праводзіць іх у жыццё адміністрацыйнымі метадамі. Пра эвалюцыю гэтых поглядаў сведчыць апошняя праца А. Калантай на тэму сексуальнай маралі “Дарогу крылатаму Эрасу!” [10], адрасаваная, як сведчыць падзагаловак, працоўнай моладзі.
Гутарка ў гэтай працы ідзе пра новыя адносіны паміж мужчынам і жанчынай, якія рэалізуюцца ў выглядзе разнастайных любоўных саюзаў свабодных і раўнапраўных членаў працоўнага калектыву. У прыватнасці, аўтарка піша: «Каханне стала шматгранным, шматструнным… Усё цяжэй пры такой складанасціадценняўкахання наладзіць непасрэдную сувязь паміж “Эрасам бяскрылым” (цялеснай цягай) і “Эрасам крылатым” (цялеснай цягай, змяшанай з душэўнымі эмоцыямі)». Далей А. Калантай развівае ўласную думку пра шматграннасць кахання, “якое само па сабе не супярэчыць інтарэсам пралетарыяту”: “Аднаго жанчына кахае вярхамі душы, з ім сугучныя яе думкі, імкненні, жаданні; да другога яе цягне цялесная сіла. У адносінах да адной жанчыны мужчына адчувае пачуццё ашчаднай пяшчоты, у іншай ён знаходзіць падтрымку і разуменне ўласнага я. Якой жа з дзвюх ён павінен аддаць паўнату Эраса? І чаму ён павінен ірваць, нявечыць сваю душу, калі паўнату быцця дае толькі наяўнасць адной і другой духоўнай повязі?”. Такім чынам, на яе думку, “ключ да вырашэння праблемы загадкавага кахання да дзвюх і да трох, якая была не па зубах прадстаўнікам буржуазнага грамадства, цяпер апынулася ў руках пралетарыяту”. Засцерагаючы моладзь ад захаплення выключна “бяскрылым Эрасам”, галоўная феміністка Савецкай Расіі ў той жа час тлумачыла ёй: “Мараль рабочага класа… адкідае знешнюю форму любоўных адносінаў палоў. Для класавых задач рабочага класа зусім няважна – ці набывае каханне форму працяглага і аформленага саюзу, ці выяўляецца ў форме сувязі, якая мінае. Ідэалогія рабочага класа не ставіць аніякіх фармальных межаў для кахання” [11].
Увасабленню ў сексуальных адносінах шчырасці, асабістай незалежнасці і эратычнай радасці павінны былі спадарожнічаць новыя формы сужыцця і выхавання дзяцей. У 1920 г. А. Калантай падтрымала заканадаўчую легалізацыю абортаў у РСФСР (і адпаведна – у БССР), якія лічыла часовай з’явай. Яна выступала за перадачу дзяцей са згоды маці на выхаванне ў дзяржаўныя ўстановы, для чаго насельніцтва трэба было абкласці спецыяльным падаткам. Важнай умовай пабудовы новага побыту было супольнае пражыванне ў звязаных з вытворчымі калектывамі домкамунах, дзе вядзенне гаспадаркі ўскладалася на спецыялістаў.
Ідэі А. Калантай, накіраваныя на разбурэнне традыцыйнай сям’і, актыўна абмяркоўваліся на старонках тагачаснага савецкага друку, у тым ліку беларускага. Галоўная газета рэспублікі “Звязда” змяшчала артыкулы ў падтрымку жанчын, якія наважыліся пайсці насуперак старой маралі і пакінуць нялюбага мужа дзеля новага, вольнага кахання [12]. Абмяркоўваліся таксама практычныя пытанні пабудовы новага побыту. Напрыклад, у канцы 1925 г. газета змясціла артыкул жаночай актывісткі Ц. Камінскай у падтрымку ідэі А. Калантай пра неабходнасць увядзення невялікага падатку на халастых і бяздзетных, які пойдзе на калектыўнае выхаванне дзяцей [13].
Прыхільнікам новых, свабодных адносінаў паміж паламі давалі слова таксама рэдактары беларускіх рэгіянальных газет. У 1923 г. гомельскі спецыяліст па ахове мацярынства і дзяцінства Г. Серман у спецыяльным артыкуле, прысвечаным барацьбе за новы побыт, пісаў: “Можа быць, гэтыя новыя формы сям’і ўжо знойдзены. Можна меркаваць, што арганізацыя грамадскага харчавання, дзяржаўнага выхавання дзяцей адыграе пэўную разбуральную ролю. Нам трэба гэтую з’яву ўзмацніць і паглыбіць. І гэтую ролю павінны ўзяць на сябе Саветы” [14]. У тым жа годзе карэспандэнт газеты “Палеская праўда” А. Іркутаў выступіў з рэзкай крытыкай класічных і эстрадных танцаў з зусім нечаканага боку: як пошлую, мяшчанскую прэлюдыю да кахання. На ягоную думку, новая савецкая моладзь, у адрозненне ад мяшчанскай, не павінна “…хаваць сваё каханне, сваё здаровае імкненне адзін да аднаго з-за цэлай арміі дурных і дробных забабонаў” [15].
У 1925 г. рэдакцыя віцебскай газеты “Зара Захаду” паведаміла чытачам пра гурток побыту, які дзейнічаў пры ёй. На паседжаннях гуртка абмяркоўваліся пераважна пытанні барацьбы са спадчынай мінулага ў выглядзе ненармальных адносінаў паміж мужчынамі і жанчынамі – прастытуцыі, абортаў, венерычных захворванняў, палавых вычварэнняў. Разглядаліся і пытанні пра будучыню. Так, на паседжанні 8 лютага 1925 г. было вырашана ўвесці “…простасць, нармальную, натуральную неабходнасць у палавыя зносіны… якія працягваюць заставацца сакрэтна-забароненым, таямнічым, пра што гавораць шэптам, чаго дамагаюцца хітрыкамі” [16]. У студзені 1925 г. сябры гуртка ў поўным складзе наведалі лекцыю-дыспут “Як і навошта мы бярэмся шлюбам”, што адбылася ў Віцебскім гарадскім тэатры [17]. У снежні таго ж года Віцебскі тэатр не змог змясціць усіх ахвотных праслухаць лекцыю “Палавое рабства”, прачытаную вядомым дзеячам расійскага рэвалюцыйнага руху У. Пасэ, які “сакавіта і вобразна” распавядаў пра паэтыку палавога акта [18].
Брытанскі гісторык-марксіст Э. Гобсбаўм адзначаў, што яму “…невядомы аніводны рэвалюцыйны рух або рэжым, які б не развіваў пурытанскую тэндэнцыю, уключаючы марксісцкі рух, дактрына заснавальнікаў якога была далёка не пурытанская” [19]. Нямала прыхільнікаў такой пурытанскай тэндэнцыі – апанентаў А. Калантай – было ў савецкай эліце 1920-х г. Сярод апошніх мы знаходзім наркама асветы РСФСР А. Луначарскага, члена Палітбюро ЦК УКП(б) М. Бухарына, наркама аховы здароўя РСФСР М. Сямашку і інш. Усе яны выступалі супраць нястрыманасці ў адносінах паміж паламі, тлумачачы сваю пазіцыю тым, што непераборлівасць у сексе ўласцівая буржуазнаму грамадству і вядзе да шкодных грамадскіх наступстваў. У 1924 г., відаць, не без падтрымкі “пурытан” выйшла папулярная праца савецкага псіхіятра А. Залкінда пад назвай “Дванаццаць палавых запаведзяў рэвалюцыйнага пралетарыяту”. Яе пафас быў накіраваны на ўпарадкаванне сексуальнага жыцця савецкіх мужчын і жанчын на аснове класавай, пралетарскай этыкі. А. Залкінд прапанаваў маладым будаўнікам сацыялізму не спяшацца браць шлюб, устрымлівацца ад выпадковых сувязяў, эканоміць сексуальную энергію для грамадскакарысных спраў, шукаць сексуальных партнёраў па класавай прыкмеце, пазбавіцца рэўнасці і, нарэшце, дазволіць класу ўмешвацца ў палавое жыццё сваіх членаў [20].
У траўні 1925 г. чытачы “Палескай праўды” маглі пазнаёміцца з артыкулам М. Бухарына, прысвечаным упарадкаванню побыту моладзі. Абмеркаванне праблемы на такім высокім узроўні сведчыла пра яе сур’ёзны характар. М. Бухарын заклікаў савецкую моладзь спыніць сексуальную рэвалюцыю, тлумачачы, што ад баявой, разбуральнай працы дзяржава перайшла да мірнага будаўніцтва. Ён, у прыватнасці, засцерагаў маладых чытачоў: “Чулі, напрыклад, некаторыя нашы юнакі і дзяўчаты, што вельмі рэвалюцыйным лічылася пляваць на ўсялякую сарамлівасць у галіне палавых зносінаў. Тады гэта быў рэзкі пратэст супраць сляпых забабонаў грамадства, супраць агідных законаў так званага сямейнага права, супраць прыніжэння жанчыны. Але людзі не разумеюць гэтага і па-ранейшаму лічаць, што максімум неўрэгуляванасці – самы святы закон” [21].
У 1926 г. рэдакцыя “Зары Захаду” змясціла вытрымку з лекцыі А. Луначарскага “Якім будзе сацыялістычны побыт”. З яе вынікала, што шлюб пры сацыялізме павінен быць парным, дзяцей павінны выхоўваць іх бацькі. Наркам асветы, пагаджаючыся з А. Калантай у пытанні пра неабходнасць вызвалення жанчын ад побыту і далучэння іх да будаўніцтва сацыялізму, палемізаваў з ёй адносна свабодных адносінаў паміж паламі і ўвядзення пяцірублёвага падатку на калектыўнае выхаванне дзяцей [22]. У наступныя гады пазіцыя А. Луначарскага ў палавым пытанні стала яшчэ больш кансерватыўнай. Ён прапанаваў глядзець на асобу з 5–6 разводамі як на злодзея, што мае за плячыма 5–6 крадзяжоў з узломам. Пад час публічнай лекцыі ў Мінску 18 лістапада 1928 г. ён заклікаў адмовіцца ад погляду на жанчыну як на прадмет асалоды, а таксама выказаўся супраць тых “новых” адносінаў, якімі “хванабэрацца многія маладыя шчалкапёры” [23].
Новы тэарэтычны складнік у дыскусію пра адносіны палоў пры сацыялізме ўнёс малады прафесар БДУ С. Вальфсон. З 1926 г. 32-гадовы сацыёлаг змяшчаў у перыядычным друку фрагменты з манаграфіі “Сацыялогія шлюбу і сям’і”, над якой працаваў. Ужо ў першай публікацыі ён сцвярджаў, што маральныя нормы ў чалавечым грамадстве – пачынаючы ад сораму дэманстрацыі ўласнага аголенага цела і канчаючы сорамам імкнення да палігамных сексуальных зносінаў – маюць умоўны, часовы характар. На ягоную думку, у адрозненне ад жывёл, якія спрадвеку падзяляліся і будуць падзяляцца на манагамных і палігамных, чалавечае грамадства “не знае адвечных і якія раз на заўсёды вызначаюцца маральных прынцыпаў… Сягоньня маральны прынцып – моногамія, учора і пазаўчора – полігамія, поліандрыя, дзесяткі іншых шлюбных форм, якія асьвечвала для свае эпохі сучасная мараль… пад ціскам экономічнай патрэбы” [24].
У другой публікацыі, прысвечанай такой форме палавой забароны, як экзагамія, С. Вальфсон крытыкуе З. Фройда за ягоныя спробы тлумачыць сексуальныя паводзіны людзей з дапамогай “механістычных заалагічных упадабленняў”. Прычым робіць ён гэта, выкарыстоўваючы цытату з працы Ф. Энгельса “Паходжанне сям’і, уласнасці і дзяржавы” [25], якая дапамагла аўтару зразумець вытокі поглядаў бальшавікоў на сексуальна-шлюбную сферу: “Узаемная ж цярпімасць дарослых самцоў, адсутнасць рэўнасці была першаю ўмоваю для ўтварэння такіх буйных і моцных груп, у асяроддзі якіх толькі і магло адбыцца пераўтварэнне жывёлы ў чалавека” [26].
Цалкам манаграфія С. Вальфсона “Сацыялогія шлюбу і сям’і” была выдадзена ў 1929 г. у выдавецтве БДУ. Коратка галоўную ідэю гэтай працы можна выкласці наступным чынам. Падзенне капіталізму прыводзіць да адмірання сям’іісацыялізацыі выхавання дзяцей, а пасля канчатковай пабудовы сацыялістычнага грамадства дэзынтэграцыя сям’і дасягне свайго поўнага завяршэння. Кажучы пра правядзенне сексуальнай рэвалюцыі на Беларусі, дзе ў той час сяляне складалі больш за 80% насельніцтва, С. Вальфсон з задавальненнем адзначае, што “пасля рэвалюцыі пазашлюбная палавая сувязь зрабілася ў вёсцы даволі звычайнай з’явай… нарадзіўшая ў дзявоцтве – не закляймёная, як гэта было раней… развод стаў у савецкай вёсцы звычайнай з’явай”. Свае словы пра крызіс сямейных адносінаў (“развесціся ў нас у пэўных выпадках лягчэй, чым адзначыцца выбыўшым у дамовай кнізе”) ён ілюструе наступнымі лічбамі: з 1924 да 1927 г. колькасць шлюбаў на 100 тыс. насельніцтва ў БССР скарацілася з 1120 да 850, а разводаў – наадварот, павялічылася з 60 да 180.
На старонках кнігі С. Вальфсона, выдадзенай у год згортвання эксперыменту ў галіне сексуальных адносінаў у СССР, мы знаходзім водгукі дыскусіі, што адбывалася па гэтым пытанні па ўсёй краіне на працягу 1920-х г. Аўтар уступае ў завочную палеміку з праціўнікамі крайнасцяў сексуальнай рэвалюцыі. Так, выступаючы супраць вульгарна-матэрыялістычнага звядзення адносінаў паміж паламі да голай фізіялагічнай сувязі, супраць “тэорыішклянкі вады” [27], ён рэзка крытыкуе “Дванаццаць палавых запаведзяў рэвалюцыйнага пралетарыяту” А. Залкінда, якія называе “дабрачынна-пастырскімі пропаведзямі”. Аўтар таксама звяртае ўвагу чытача на небяспечную з’яву, што пачала набіраць моц сярод праціўнікаў новай палавой маралі – на ўваскрашэнне царкоўнага шлюбу. У заключэнне С. Вальфсон прызнаецца, што не ведае, якія будуць новыя формы палавых зносінаў у сацыялістычным грамадстве. На яго думку, можна толькі меркаваць, што ў іх не будзе ані эканамічнага разліку, ані прымусу, яны не будуць абавязкова звязаныя са шлюбам і сям’ёй, для іх будзе неабавязковае сумеснае пражыванне партнёраў. А адзінае праяўленне дзяржаўнага кантролю палавых зносінаў грамадзян сацыялістычнага свету будзе мець еўгенічны характар у выглядзе забароны рэпрадукцыі па медыцынскіх паказчыках [28].
Не абмяжоўваючыся публікацыямі, С. Вальфсон прапагандаваў ідэі новай маралі і ў жывой аўдыторыі. У лютым 1929 г. ён выступіў на камсамольскім дыспуце “Ці патрэбнае нам сяброўства?”, які адбыўся ў Мінску з удзелам прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук У. Ігнатоўскага. Ва ўступным слове дакладчык заклікаў зал распрацоўваць новыя формы сяброўства [29], “падпарадкаваныя клясе і рэвалюцыі” [30]. У кастрычніку 1929 г., запрошаны рэдакцыяй газеты “Чырвоная змена”, ён рыхтаваўся да ўдзелу ў дыскусіі “Якой павінна быць камсамольская сям’я”, якая, аднак, па загадзе зверху была адменена [31].
Новае шлюбна-сямейнае заканадаўства
Падмурак новых шлюбна-сямейных адносінаў у СССР заклалі ўжо першыя дэкрэты савецкай улады, якія абвясцілі юрыдычнае разняволенне жанчыны, яе раўнанне ў правах з мужчынам ва ўсіх сферах жыцця. 18 снежня 1917 г. Ленін падпісаў дэкрэты “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб увядзенні кніг грамадзянскага стану” [32], 19 снежня – “Аб скасаванні шлюбу” [33]. Гэтыя дэкрэты пазбавілі мужчыну права кіраваць сям’ёй, дакляравалі матэрыяльнае і сексуальнае самавызначэнне жанчыны, абвясцілі яе права на выбар прозвішча, месца жыхарства і грамадзянства, чаго ў той час не было ні ў заходнееўрапейскіх краінах, ні ў ЗША. Асноўныя прынцыпы савецкай палітыкі ў галіне шлюбна-сямейных адносінаў былі замацаваны ў 1918 г. у “Кодэксе аб актах грамадзянскага стану, шлюбным, сямейным і апякунскім праве”, які дзейнічаў таксама на тэрыторыі БССР [34]. Тут быў намаляваны правобраз камуністычнай сям’і, якая грунтуецца на ідэальным каханні дзвюх асобаў рознага полу. Уступленне ў шлюб дазвалялася мужчынам з 18 гадоў і дзяўчатам з 16 гадоў, але ў пэўных абставінах узроставая планка магла быць зніжаная. Ідучы за лозунгам эпохі ваеннага камунізму пра знішчэнне прыватных маёмасных адносінаў, Кодэкс прадугледжваў, што сям’я ўбудучынібудзе цалкам вызвалена ад маёмасных ланцугоў.
Кодэкс прызнаў выключнае права ЗАГСаўрэгістраваць шлюбы. Царкоўны шлюб, а разам з ім і традыцыйная сям’я абвяшчаліся перажыткам. Нягледзячы на тое, што афіцыйна вянчанне забаронена не было, толькі зарэгістраваны ў ЗАГСе шлюб надзяляў мужа і жонку правамі і абавязкамі. Вянчанне ў культавых установах усіх канфесій было забаронена без папярэдняй афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу ў ЗАГСе. Апошняе рашэнне было скасавана ў ліпені 1924 г. рашэннем Наркамата юстыцыі і Наркамата ўнутраных спраў БССР у сувязі з тым, што “рэлігійныя абрады зусім страцілі ўсялякае юрыдычнае значэнне для дзяржавы” [35].
Як частку дзяржаўнай палітыкі трэба разглядаць спробы ўжыць на практыцы вынікі еўгенічных даследаванняў, якія ў рамках сацыяльнай гігіены актыўна развіваліся ў СССР у 1920-я г. У жніўні 1923 г. Наркамат аховы здароўя БССР распрацаваў пастанову, адпаведна якой асобы, што збіраліся пабрацца шлюбам, павінны былі абмяняцца пасведчаннямі пра стан здароўя, у прыватнасці – пра наяўнасць у іх псіхічных, венерычных і іншых захворванняў, якія маглі перадацца нашчадкам [36].
Скасаванне шлюбу, у дарэвалюцыйны час звязанае з вялікімі цяжкасцямі, паводле Кодэкса 1918 г. максімальна спрашчалася. Развод ажыццяўляўся праз суд паводле пісьмовага ці вуснага звароту мужа або жонкі ці праз ЗАГС пры згодзе абодвух бакоў. Шлюб не прадугледжваў агульнай сямейнай маёмасці, што на практыцы прыводзіла да эканамічнай залежнасці жонкі ад мужа, паколькі большасць жанчын у той час былі хатнімі гаспадынямі.
Сітуацыя ўскладнялася слабасцю дзяржаўных службаў сацыяльнай дапамогі адзінокім жанчынам з дзецьмі. У такіх эканамічных, юрыдычных, культурных рэаліях сексуальныя адносіны і ў горадзе, і ў вёсцы часта прыводзілі да сумных, а часам трагічных наступстваў, перш за ўсё для жанчын і дзяцей.
18 лістапада 1920 г. сумеснай пастановай наркаматаў юстыцыі і аховы здароўя РСФСР было дазволена штучнае перапыненне цяжарнасці ў медыцынскіх установах, незалежна ад таго, ці пагражае здароўю жанчыны далейшае выношванне плоду. Такім чынам, Савецкая Расія (а разам з ёю і Савецкая Беларусь) стала першай краінай свету, якая дазволіла ўласным грамадзянкам рабіць аборты. Гэты дазвол разглядаўся ўладай хутчэй як часовы захад, непазбежнае сацыяльнае зло, чым медыка-юрыдычная норма, якая дазваляла жанчынам самастойна прымаць рашэнні рэпрадукцыйнага характару.
Першы крымінальны кодэкс РСФСР 1922 г. (які дзейнічаў таксама на тэрыторыі БССР) захаваў пакаранні за такія віды сексуальных злачынстваў, як згвалтаванне і разбэшчванне непаўналетніх, за што вінаватыя неслі досыць мяккае пакаранне – 3–5, а пры абцяжвальных абставінах – 8–10 гадоў зняволення. Са старога, царскага “Укладання аб пакараннях” у савецкі крымінальны кодэкс не перайшлі артыкулы, якія прадугледжвалі ссылку ў Сібір за педэрастыю і скаталожніцтва. Не было адпаведных артыкулаў таксама ў крымінальным кодэксе БССР 1928 г.
Сацыяльна-эканамічныя рэаліі НЭПа вымагалі рэфармавання савецкага шлюбнага заканадаўства. Пры гэтым асноўнай праблемай стаў няпэўны статус жанчын, якія знаходзіліся ў незарэгістраваным, так званым фактычным шлюбе. Такія шлюбы былі распаўсюджаны сярод расійскай рэвалюцыйнай інтэлігенцыі, прадстаўнікі якой не хацелі брацца царкоўным шлюбам па ідэалагічных або канспіратыўных матывах. Нягледзячы на тое, што фактычныя шлюбы не згадваліся ў Кодэксе 1918 г., яны атрымалі шырокае распаўсюджанне (пераважна ў гарадах) і былі выгадныя для мужчын. Адпаведна, ахвярамі такіх шлюбаў у большасці выпадкаў рабіліся жанчыны з дзецьмі, бо факт бацькоўства ў судзе даказаць было вельмі цяжка. З-за падзелу маёмасці пад час разводу цярпелі і тыя жанчыны, якія знаходзіліся ў зарэгістраваным шлюбе.
Праект уласнага беларускага “Кодэкса законаўаб шлюбе, сям’і і апецы” быўвынесены на спецыяльнае абмеркаванне на жнівеньскай (1926) сесіі ЦВК БССР. Пад час абмеркавання вызначыліся два супрацьлеглыя падыходы да галоўнага пытання – фактычнага шлюбу. Думкі тых, хто падтрымліваў яго заканадаўчае афармленне, падагульніла загадчыца жанаддзела ЦК КП(б)Б, рэдактар часопіса “Беларуская работніца і сялянка” М. Муратава.
Назваўшы зарэгістраваны шлюб “перажыткам буржуазнага мінулага”, прыхільніца тэорыі “крылатага Эраса” паведаміла, што ў БССР ужо каля 100 тыс. чалавек жывуць у фактычным шлюбе. Сведчаннем дэградацыі зарэгістраванага шлюбу, на яе думку, была яго хуткаплыннасць – нядаўна “адзін чалавек быў зарэгістраваны 13 разоў”.
Думкі праціўнікаў фактычнага шлюбу на абмеркаванні выказаў пракурор БССР М. Сегаль, які выступаў за моцны, зарэгістраваны ў дзяржаўных органах шлюб. Ён аргументаваў сваю пазіцыю наступным чынам: “Калі прыраўнуем фактычны шлюб да зарэгістраванага, то можна стыкнуцца з такой акалічнасьцю: уявеце сабе, што калі хто-небудзь мае 3-4 фактычных жонкі і гэты шлюб прыроўніваецца да зарэгістраванага юрыдычнага шлюбу з усімі вынікамі… гэта вядзе да мнагажонства. Па такім шляху мы йсці ня можам”.
Будучы наркам працы БССР К. Бенек, канстатуючы, што “робіцца страхацьцё, распуста цьвіце, няма ніякіх межаў… трэба налажыць цуглі як на мужчыну, так і на жанчыну”, звярнуў увагу прысутных на цяжкавыканальнасць пункта 42 праекта Кодэкса, дзе размова ішла пра спагнанне аліментаў з некалькіх мужчын, з якімі жанчына жыла разам. Дэпутат Калінін выказаўся супраць таго, каб абкладаць аліментамі сялянскую гаспадарку ў выпадку, калі бацька-селянін плаціць іх не можа. Дэпутат Нікіфарэнка прапанаваў абмежаваць колькасць шлюбаў трыма, бо “ёсць у нас такія, што ня толькі па 7 жон мелі, але і па 12”. Дэпутат Іванькова адзначыла, што сексуальная свабода мужчын вядзе да “пашырэньня і разьвіцьця простытуцыі як на вёсцы, так і ў горадзе”, і дадала, што ведае толькі адзін выпадак, калі на судзе мужчына прызнаўся і сказаў: “Але – гэта маё дзіця” [37].
Па выніках абмеркавання члены ЦВК БССР вырашылі вынесці праект беларускага “Кодэкса законаў аб шлюбе, сям’і і апецы” на суд шырокіх мас. Але беларускія вучоныя-правазнаўцы пачалі разглядаць узнятае пытанне яшчэ да гэтага. У лютым 1926 г. прыхільнік стрыманай пазіцыі, гісторык-эканаміст з БДУ І. Герчыкаў, які выступаў за стварэнне манагамнай сацыялістычнай сям’і заснаванай на каханніісупрацоўніцтве, а таксама за сацыялізацыю толькі дашкольнага выхавання дзяцей, пазнаёміў чытачоў часопіса “Полымя” з ходам абмеркавання новага праекта расійскага Кодэкса [38].
Абмеркаванне беларускага Кодэкса распачаў прафесар БДУ, вядомы спецыяліст у галіне грамадзянскага і сямейнага права М. Грэдынгер. Як прыхільнік меркаванай легалізацыі фактычнага шлюбу ён уступіў у палеміку з заходнееўрапейскімі юрыстамі – тыя характарызавалі практыку падобных шлюбных адносінаў як вяртанне ў першабытнае грамадства. Праект беларускага “Кодэкса законаў аб шлюбе, сям’і і апецы” аўтар параўноўваў з аналагічнымі праектамі, распрацаванымі ў РСФСР і УССР [39].
Прыхільнік фактычнага шлюбу і лёгкага разводу, а таксама “парасткаў новага побыту” дацэнт кафедры канстытуцыйнага права БДУ М. Канаплін прывёў наступныя аргументы на карысць сваёй пазіцыі: «Апрача таго, што (у выніку легалізацыі толькі зарэгістраванага шлюбу. – А. Г.) на сцэну з’яўляюцца дзеці першае і другое катэгорыі… у кожным разе лік задушаных і ў студні кінутых або проста “падкінутых» дзяцей павялічыцца, колькасць абортаў і сьлёз матак, трэба думаць, таксама ня зьменшыцца» [40]. Уласнае разуменне маёмасных узаемных абавязкаў мужа і жонкі прапанаваў асістэнт кафедры грамадзянскага права БДУ Ф. Гаўзэ [41].
Пачатак абмеркавання праекта “Кодэкса законаў аб шлюбе, сям’і і апецы” ў сталіцы БССР вызначылі шматлікія выступленні жанчын-дэлегатак на старонках часопіса “Беларуская работніца і сялянка”. Яны патрабавалі паляпшэння юрыдычнага і сацыяльна-эканамічнага становішча жанчын, у тым ліку – ускладнення працэдуры разводу.
Неўзабаве дыскусія перайшла на старонкі рэгіянальнага перыядычнага друку. Вось як яна адбывалася ў Бабруйску. Першым у мясцовым друку на гэтую тэму выказаўся акруговы суддзя Іваніцкі, які паставіў пад сумненне неабходнасць узаконьвання фактычнага шлюбу, бо за трохгадовую практыку ён сустрэў толькі два выпадкі, калі суд не прызнаваў такі шлюб. На думку Іваніцкага, правы мужа і жонкі і так добра абаронены пастановай “Аб парадку разбору спраў аб скасаванні шлюбаў і аб выдачы ўтрымання жонкам і дзецям, якія маюць у гэтым патрэбу”, прынятай ЦВК БССР 29 траўня 1925 г. [42]. Па меркаванні селькора бабруйскага “Камуніста” Пукінскага, “калі маці сужэнцавала з некалькімі мужчынамі адначасова, дык плаціць на ўтрыманне дзіця павінны альбо ўсе гэтыя мужчыны, альбо аніводны з іх, другі спосаб нават лепшы”. Тэму лёсу дзяцей, што нарадзіліся ў выніку палігамнага жыцця, працягнуў іншы карэспандэнт газеты, М. Корзун: “Вельмісур’ёзнае пытанне, каго лічыць бацькам дзіця? Калі з жанчынай сужэнцавалі некалькі мужчын, дык чаму бацькам лічыць толькі аднаго з іх, і калі аднаго, дык чаму менавіта таго, а не іншага з тых, хто сужэнцаваў? У такіх выпадках, калі ніхто не можа ведаць, хто бацька дзіця, дзіцю трэба даць прозвішча маці і адправіць у дзіцячы дом на выхаванне. А для ўтрымання такіх дзетак, добра было б увесці адмысловы падатак на халасцякоў звыш 30 гадоў”. Іншыя карэспандэнты выказвалі засцярогу, што, у выпадку спагнання аліментаў з усіх меркаваных бацькоў, “як бы ў нас не з’явіліся спецыялісткі-аліментшчыцы” [43].
Жыхары беларускіх вёсак, мястэчак, гарадоў мелі магчымасць выказаць свае думкі адносна праекта “Кодэкса законаў аб шлюбе, сям’і і апецы” не толькі ў перыядычным друку, але і ў адкрытых дыскусіях. Адна з іх, прысвечаная ўзаконенню фактычнага шлюбу, адбылася 28 жніўня 1926 г. у памяшканні 1-га Віцебскага драмтэатра [44]. Трэба адзначыць, што найбольш актыўны ўдзел у абмеркаванні праекта Кодэкса як у друку, так і ў публічных дыскусіях бралі мужчыны. Большасць жанчын сціпла трымалася ў цяні.
Беларускі “Кодэкс законаў аб шлюбе, сям’і і апецы» быў зацверджаны на ІV сесіі ЦВК БССР VІІ склікання 27 студзеня 1927 г. [45]. У ім у значнай ступені ўвасобіліся ідэі прыхільнікаў вызвалення “крылатага Эраса”. Так, ён адрозніваўся ад Кодэкса 1918 г. тым, што незарэгістраваныя, фактычныя, шлюбы прыраўноўваліся па юрыдычных абавязках мужа і жонкі да зарэгістраваных шлюбаў. Наяўнасць фактычнага шлюбу ў выпадку разводу пазоўніку трэба было даказаць у судзе. Акрамя таго, уся маёмасць, нажытая ў шлюбе, прызнавалася агульнай. У выніку муж ці жонка, нават не маючы пад час сумеснага пражывання самастойнага прыбытку, атрымалі права на частку сямейнай маёмасці. Дзеля заахвочвання рэгістрацыі шлюбаў працэдура разводу яшчэ больш спрасцілася. Знікла неабходнасць тлумачыць яго прычыны, спрачацца, даказваць, прыцягваць сведкаў. Такім чынам, Кодэкс 1927 г. замацаваў у якасці юрыдычнай нормы зарэгістраваны грамадзянскі і незарэгістраваны фактычны шлюб, развод, магчымасць стварэння сям’і без дазволу бацькоў і апекуноў.
Жыхары беларускай вёскі ў сваёй масе адмоўна паставіліся да Кодэкса 1927 г. перш за ўсё з-за фінансавых наступстваў для сялянскай гаспадаркі ў выпадку распаду шлюбнага саюзу. Жансаветы крытыкавалі яго за недастатковую абарону правоў жанчын. Таму ўжо ў 1928 г. Наркамюст БССР быў вымушаны ўнесці ў Кодэкс праўкі, якія ўзмацнялі абарону маці і дзіцяці. Так, пад пагрозай крымінальнай адказнасці бацька дзяцей быў абавязаны паведамляць маці пра змену месца свайго жыхарства і працы. Айчыму ці мачысе, якія ўжо пэўны час утрымлівалі дзяцей, прадпісвалася выдзяляць сродкі на іх утрыманне і надалей. Судам дазвалялася прыпыняць справы пра выдзел з сельскае гаспадаркі, калі гэта рабілася з мэтаю пазбегнуць выплаты аліментаў [46].
У пошуках “крылатага Эраса”
Ідэі А. Калантай пра адмову ад уласніцкіх пачуццяў у сям’і як буржуазных і мяшчанскіх і пра пераход да “кахання-сяброўства” набылі вялікую папулярнасць сярод моладзі 1920-х г., а ў найбольшай ступені – сярод камсамольцаў. Не паглыбляючыся ў складаныя інтэлектуальныя пабудовы палымянай рэвалюцыянеркі-феміністкі, першыя камсамольцы, гэта значыць, людзі ва ўзросце ад 14 да 23 гадоў, якія пераважна паходзілі з вёсак і гарадскіх рабочых ускраін, давалі ім уласныя спрошчаныя інтэрпрэтацыі. Уласніцкія пачуцці ў каханні яны разумелі як перажытак, рэўнасць – як загану, секс – як задавальненне натуральнай патрэбы пралетарыя, а нежаданне займацца сексам – як адмову зрабіцца таварышам, паплечнікам па пабудове новага грамадства.
Калі юнакоў-камсамольцаў такое разуменне новай маралі цалкам задавальняла, то ў дзяўчат-камсамолак шчырая вера ў ідэі А. Калантай, а таксама жаданне праводзіць іх у жыццё ўступала ў супярэчнасць з закладзенай прыродай мадэллю паводзінаў. Тым не менш, тэорыя “шклянкі вады” змяніла паводзіны дзяўчат. Ленін адзначаў: «Ад гэтай тэорыі наша моладзь ашалела, проста ашалела. Яна зрабілася злым рокам многіх юнакоў і дзяўчат. Прыхільнікі яе сцвярджаюць, што гэта тэорыя марксісцкая. Дзякуй за такі “марксізм”…» [47].
Сексуальны запал маладых падтрымлівалі дыскусіі пра каханне ў сталічным партыйным друку. Калі старшыня Рэўваенсавета СССР Л. Троцкі абмяжоўваўся цьмянымі заклікамі да стварэння “сямейна-гаспадарчых калектываў” [48], то член ЦКК УКП(б) С. Смідовіч дыскутавала з А. Калантай пра лёс кахання пры сацыялізме (адсюль распаўсюджанае на той час “я яго кахаю па Калантай, а ён мяне па Смідовіч”) [49]. Барацьбу камсамольцаў з буржуазнай мараллю падтрымлівала “Чырвоная змена”, якая ў 1922 г. заклікала: “Трэба ірваць з норавамі, звычаямі сямейнага права, разрыў з сям’ёй павінен быць перш за ўсё духоўным разрывам” [50]. З мэтай разбурэння традыцыйнай сям’і газета друкавала гісторыі камсамольцаў, якіх за палітычную актыўнасць выгналі з дому адсталыя бацькі. Падобныя гісторыі мелі звычайна шчаслівы фінал – пабадзяўшыся па клубах, садах, згаладалыя выгнанцы ўрэшце знаходзілі прытулак у камсамольскіх камунах.
Камсамольскі актыў змагаўся з традыцыйнымі сексуальна-шлюбнымі паводзінамі моладзі, трымаў пад пільным кантролем асабістае жыццё членаў ячэек. У лістападзе 1925 г. у школе в. Халоблін у рамках барацьбы за новы побыт адбыўся палітычны паказальны суд над камсамольцам, які раўнаваў каханую да іншых членаў ячэйкі [51]. У 1929 г. камсамольскія актывісты в. Суцін Пухавіцкага раёна сарвалі вянчанне члена ячэйкі 17-гадовай Зосі Прамовіч з беспартыйным жаніхом [52]. Члена ячэйкі мінскага ФЗВ друкароў Захара Сляпяна выключылі з камсамола за арганізацыю традыцыйнага вяселля, куды ён запрасіў бацькоў (sic!) і сваякоў [53]. “Чырвоная змена” друкавала павучальныя гісторыі пра актыўных камсамольцаў, якія, ажаніўшыся з мяшчанкамі, самі амяшчаньваліся: жылі ў добра абсталяваных пакоях, модна апраналіся, наведвалі кіно, тэатры, рэстараны [54].
Аб’ектам крытыкі на старонках друкаванага органа Калінінскага акруговага камітэта камсамола ў 1927 г. стала сакратар Янаўскай ячэйкі Мсціслаўскагаі раёна Ліда Чайкіна, якая ў лісце да мужа, у прыватнасці, пісала: “Ты прымушаеш мяне пакутаваць; калі ты з’ехаў, я цэлыя ночы не спала… я хачу чалавечага сямейнага жыцця, жыцця з дзецьмі”. Пакідаючы без тлумачэння этычны аспект публічнага абмеркавання прыватных лістоў, аўтар напрыканцы сваёй крытычнай нататкі задаваў рытарычнае пытанне: “Ці можа такая кіслая нюня паставіць працу вясковай ячэйкі?” [55].
У 1929 г. у “Чырвонай змене” з’явіўся артыкул, аўтар якога заклікаў актыўна ўмешвацца ў сямейнае жыццё камсамольцаў, трымаць яго пад грамадскім наглядам. Канчаецца артыкул аўтарскім вызначэннем камсамольскай сям’і, якое добра адлюстроўвае выкліканы рэвалюцыяй хаос у галовах моладзі: “…грамадская ячэйка, дзе фармуюцца новыя кадры людзей, дзе неабходна новая сістэма выхаваньня, дзе так патрэбна рэволюцыйная зарадка, дзе сустракаецца цэлы шэраг супярэчнасьцяў” [56].
Тэарэтычныя аспекты новай маралі абмяркоўваліся на шматлікіх камсамольскіх сходах, а таксама дыспутах у рабочых клубах і студэнцкіх аўдыторыях. З неабходнасцю адмовы ад буржуазных формаў шлюбу, сексуальных адносінаў, маралі ў цэлым пагаджаліся ўсе іх удзельнікі.
Але адносна новых, сацыялістычных перспектыў у галіне кахання і шлюбу думкі моладзі падзяляліся. Меншая, радыкальная частка камсамольцаў схілялася да суцэльнай адмовы ад сексуальна-шлюбных адносінаў як неадпаведных этапу пабудовы сацыялізму. Падобныя крайнія погляды, вядома ж, не ўкладаліся ў рэчышча ані афіцыйнай ідэалогіі, ані дэмаграфічнай палітыкі. Тыя, хто разумеў новы побыт як адмову ад палавога жыцця, а цяжарнасць як нагоду для выключэння з камсамола, перыядычна рабіліся героямі фельетонаў у маладзёжным друку.
У кантэксце сказанага трэба разумець артыкулы, спецыяльна прысвечаныя шкоднасці мастурбацыі. У адным з іх, што з’явіўся ў “Чырвонай змене” у 1929 г., мінскі доктар Лявіцін заклікаў да сур’ёзнай барацьбы з ананізмам, вынікі якога для моладзі, на яго думку, былі “пагібельныя”. Доктар запэўніваў сваіх маладых чытачоў у тым, што мастурбацыя марнуе здароўе, вядзе да разумовых захворванняў, бясплоднасці і імпатэнцыі. “Больш усяго кідаецца ў вочы ў ананістых, здароўе каторых ужо змарнавана, – вяласьць, адсутнасьць энэргіі, пужлівы выгляд, незацікаўленасьць да вучобы, няздольнасьць да сур’ёзнай работы, паслабленьне памяці і дэтонаванасьць” [57].
Большасць моладзі выступала за пошукі новых формаў “кахання-сяброўства”, якое адкрывала перад камсамольцамі неабсяжнае поле для эксперыменту. Напрыклад, вясной 1925 г. на старонках віцебскай акруговай газеты разгарнулася дыскусія вакол пытання знешніх праяваў “кахання-сяброўства” у грамадскіх месцах. У артыкуле, што адкрываў гэтую дыскусію, манеры віцебскіх камсамольцаў, якія шакавалі гараджан, апісваліся наступным чынам: “Яго левая рука моцна сціскае яе плячо, а яна кранальна трымае яго сваёй правай рукой за талію. Ідуць яны так у яскравы сонечны дзень па ходніках Ленінскай, люднай вуліцы” [58].
Але найбольшы шок у традыцыйнага беларускага грамадства выклікалі мясцовыя прыхільнікі маскоўскай нудысцкай суполкі “Далоў сорам!”. Змагаючыся з сорамам як буржуазнымі забабонамі, яны не толькі не апраналі адзення на пляжы або дома, але і шпацыравалі аголенымі па гарадскіх вуліцах. Так, адным ліпеньскім днём 1928 г. жыхары мястэчка Яновічы Віцебскай акругі былі вельмі здзіўлены, убачыўшы чатырох камсамольцаў і чатырох камсамолак, якія пасля антырэлігійнай вечарыны выправіліся на шпацыр па вуліцах цалкам аголеныя [59].
Фізіялагічны сэнс у тэрмін “каханне-сяброўства” ўкладалі арганізатары вечарын, што праводзіліся ў магілёўскім медыцынскім тэхнікуме. Такія вечарыны заўсёды складаліся з маленькай культурнай праграмы, пасля якой ішлі скокі. “А потым у калідоры на другім паверсе, дзе пануе прадугледжаная кімсьці цемра, страбочуць і кахаюць маладыя акушоркі і фармацэўткі маладых хлапцоў” [60]. Секс быў галоўнай часткай праграмы закрытых вячорак маладых рабочых і работніц барысаўскай фабрыкі “Чырвоная Бярэзіна” [61].
Свабодныя сексуальныя зносіны камсамольцаў вымагалі новага разумення шлюбу. Так, у 1922 г. “Чырвоная змена” паведамляла пра “арыгінальнае вяселле”, у час якога “два члена саюза жаніліся на дзвюх дзяўчынах”.
Пасля роспісу была арганізавана вясельная вечарына, якая пачалася дакладам пра ролю жанчыны ў дзяржаве. Потым перайшлі да рэвалюцыйных гульняў – палітычнай пошты, палітычных фантаў і інш. [62]. Жыхар Віцебска камсамолец Драбкін патрабаваў развод праз два дні пасля роспісу на той падставе, што яго жонка аказалася “мяшчанкай” (пудрыцца і падфарбоўваецца). У лістападзе 1927 г. канфліктная камісія ЛКСМБ выключыла члена ячэйкі мінскіх гарбароў Гіршацэра, які, пайшоўшы ў заклад, ажаніўся з камсамолкай Сімай Котан грамадзянскім, потым рэлігійным шлюбам, а праз два тыдні развёўся [63]. Камсамолец Юркоў на працягу трох месяцаў два разы ажаніўся і развёўся [64].
Ахвярамі рэвалюцыі ў сексуальных зносінах звычайна рабіліся дзяўчаты, да якіх у рэальным жыцці “крылаты Эрас” прыходзіў у перанаселеных камунальных кватэрах, брудных інтэрнатах, скверах, пад’ездах, падваротнях.
Традыцыйная гендарная іерархія ў спалучэнні з адметнасцямі падлеткавай псіхалогіі знаходзілі свае ўвасабленне ў абразлівым стаўленні камсамольцаў да камсамолак. Напрыклад, студэнт Белпедтэхнікума камсамолец Алесь Кароткі, прыехаўшы на канікулы на радзіму ў в. Забалацце Смілавіцкага раёна, арганізаваў латарэю на дзяўчат. Наведваючы вечарыны, ён вырабляў квіток на кожную дзяўчыну і, паклаўшы іх у шапку, абыходзіў хлопцаў, прапануючы “Хто якую хоча?”. Пасля падобных латарэй “мясцовыя дзяўчаты пачалі вельмі дрэнна глядзець на камсамольцаў, і ня мудра, што ў ячэйцы маецца ўсяго адна дзяўчына” [65].
Найбольш брутальныя формы адносіны да жанчын набывалі ў маладзёжным рабочым асяроддзі, дзе нядаўнія сяляне, пазбаўленыя традыцыйных нормаў і забарон, давалі найвялікшую ў працэнтных адносінах колькасць згвалтаванняў, абортаў, пазашлюбных дзяцей, падкідышаў, што, вядома, не магло не выклікаць занепакоенасць уладаў. У лістападзе 1928 г. у Нова-Барысаве група маладых рабочых мясцовай гуты імя Домбаля згвалтавала работніцу, прычым жахлівай чаргой распараджаўся камсамолец Лявон Дзяругін [66]. На заводзе Ноўка і фабрыцы імя К. Маркса, якія знаходзіліся ў Лёзненскім раёне Віцебскай акругі, таксама былі выпадкі згвалтавання камсамольцамі дзяўчат-камсамолак [67]. Карэспандэнт “Чырвонай змены” ў 1927 г. так апісваў палавое жыццё працоўнай моладзі на гуце імя Камінтэрна ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна: “У інтэрнат прыводзяць дзяўчат батрачак, пояць іх да бясчутнасьці, да таго, пакуль ім не стане млосна і тады гвалтуюць па чарзе і, пасьля ўсяго, заплаціўшы некалькі капеек, іх зьбіваюць” [68].
Значныя дэструктыўныя змены прынеслі “новы побыт” і “свабоднае каханне” ў жыццё беларускай вясковай моладзі, для якой да 1917 г. святасць царкоўнага шлюбу была бясспрэчная. Так, у лістападзе 1923 г. чатыры маладыя жыхары в. Пятровічы Чэрвеньскага раёна згвалтавалі дзвюх аднасяльчанак, за што атрымалі 3 гады ўмоўна з улікам “нізкага культурнага ўзроўню” і запіскі ад пацярпелых, што яны “памірыліся” [69].
Пад час слухання шматлікіх судовых спраў, прысвечаных згвалтаванням, высвятляліся непрыемныя для ўлады факты. У прыватнасці, тое, што на распаўсюджаных у асяроддзі камсамольскай моладзі “вячорках” юнакі “спрабавалі” дзяўчат. Камсамольскія кіраўнікі ставілі перад актывістамі задачу напоўніць гэтую традыцыйную форму маладзёжных вячорак новым сацыялістычным зместам. Але першыя спробы зрабіць гэта былі непрымальныя нават па мерках новай маралі: “Адзін камсамолец у Краснапольскім раёне пагражаў дзяўчыне, якая адмаўлялася быць разам з ім – я табе морду наб’ю, я камсамолец і нічога ты мне не зробіш” [70]. Далейшыя спробы камсамольскага кіраўніцтва наладзіць пад час вячорак чытку савецкіх кніг, спяванне рэвалюцыйных песень, выпускі вусных газет таксама сапсавалі сексуальныя памкненні моладзі. Вось як перадае атмасферу адной з супольных летніх камсамольскіх начовак карэспандэнт маладзёжнай газеты: “Настрой узняты: то лежачы заспявае хлопец, то ўскоча і падбяжыць да вогнішча, а той сыходзе песціцца з дзяўчынамі” [71].
У студэнцкім асяроддзі норавы былі крыху мякчэйшыя. Карэспандэнт “Чырвонай змены” ў1928 г. наступным чынам апісаў тыповую ноч у інтэрнаце БДУ па вуліцы Энгельса, 50: “Тускла сьвецяць лямпачкі. Хтосьці працяжна і ціха запявае. Нехта ў другім завугольлі падхоплівае, песьня расьце і шырыцца… Крыкі нясуцца ад студэнтаў 2-га курсу, прышоўшых гуляць да паступаючых дзяўчат. Кожну ноч ідуць яны ў паходы па цёмных калідорах, урываюцца да дзяўчат у пакоі. Да самага раньня яны не дадуць заснуць ці пачытаць” [72].
Рэакцыя старэйшага пакалення, бацькоў на ўступленне дзяўчат у камсамол была пераважна адмоўная. Людзей сталага веку абурала перш за ўсё прапаганда новай палавой маралі, якая вялася кіраўніцтвам саюза ў спалучэнні з агрэсіўнай антырэлігійнай рыторыкай. Сексуальны вопыт дзяўчат, набыты ў камсамоле, быў не заўсёды прыцягальны. Разам з уступленнем у гэтую арганізацыю дзяўчаты нярэдка пазбаўляліся цнатлівасці, набывалі шкодныя звычкі і ў выніку гублялі шлюбныя перспектывы. Сведчанні новых паводзінаў дзяўчат мы знаходзім на старонках моладзевага друку: “У адной вясковай ячэйцы дзяўчаты камсамолкі пазаляцаліся да хлопцаў, ды так, што трое камсамолак адразу ж зацяжаралі. Гэта выклікала нападкі на ячэйку з боку сялян” [73].
Нежаданне дзяўчат уступаць у камсамол, іх палітычная пасіўнасць уяўляла сур’ёзную праблему для арганізатараў камуністычнага руху беларускай моладзі. Жанатых камсамольцаў абавязвалі прыцягваць у саюз жонак, перавыхоўваць іх у новым духу. Асобныя задачы ставіліся перад камсамольцамі, што мелі сясцёр. Праводзіліся спецыяльныя нарады замужніх камсамолак з мэтай абуджэння іх грамадскай актыўнасці. Найбольш пільная ўвага аддавалася працы з маладымі сялянкамі. Там не менш, на 1 студзеня 1926 г. сярод 40 913 беларускіх камсамольцаў было толькі 9059 дзяўчат, гэта значыць – меней за 25% [74]. Нягледзячы на намаганні пераадолець такі дысбаланс, на правядзенне кампаній па “адзявочванні” саюза колькасць дзяўчат – членаў саюза павялічвалася вельмі павольна.
На працягу 1920-х г. у СССР актыўна вывучаліся пытанні палавога жыцця. Пра стаўленне беларускіх студэнтаў да шлюбна-сексуальнай сферы сведчаць вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага ў 1928 г. сярод 1250 студэнтаў БДУ.
Такім чынам, больш за палову студэнтаў выступіла за зарэгістраваны і фактычны шлюб (вольнае сужыццё), прычым колькасць прыхільнікаў першага і другога падзялілася прыкладна пароўну. Вынікам дзяржаўнай жаночай палітыкі трэба лічыць той факт, што фактычны шлюб падтрымала большасць студэнтак, прычым такая форма сексуальных адносінаў іх прываблівала больш, чым студэнтаў.
На пытанне пра ролю фізіялогіі ў адносінах паміж мужчынам і жанчынай студэнты адказалі наступным чынам:
значная і самая галоўная – 24,7%;
натуральна-патрэбная з’ява – 22,9%;
другарадная – 10,9%;
не далі адказу – 25,9%;
невыразныя адказы – 12%;
не зразумелі пытання – 3,6%.
Нежаданне (а дакладней, няздольнасць) адказаць на гэтае пытанне вялікай колькасці студэнтаў БДУ тлумачыцца тым, што 48,4% юнакоў і 60,9% дзяўчат не жылі палавым жыццём. Сярод тых, хто меў сексуальных партнёраў, “нармальным” палавым жыццём жыло 18,8% юнакоў і 11,3% дзяўчат, “у беспарадку” – 24,6% юнакоў і 3% дзяўчат. 3,7% студэнтаў і 1,3% студэнтак практыкавалі мастурбацыю [75]. Паказальны той факт, што пад час медыцынскай праверкі, якая праводзілася ў 1924 г., у ніводнага студэнта не было знойдзена венерычнай хваробы [76].
Звычайна новае “каханне-сяброўства” не звязвалася яго адэптамі (прынамсі, мужчынскага роду) з рэпрадуктыўнай функцыяй, што непазбежна стварала канфліктныя сітуацыі. Адну з іх развязваў увесну 1928 г. камсамольскі сход факультэта права і гаспадаркі БДУ, дзе разглядаліся паводзіны студэнта 3-га курса Альтшулера, які схіліў да сужыцця 40-гадовую хатнюю работніцу. Калі пасля трох гадоў сумеснага палавога жыцця і трох зробленых ад студэнта абортаў чарговы раз цяжарная жанчына наважылася згадаць пра свае правы, Альтшулер “ледзь не забіў яе з нагана”. Камсамольскі сход факультэта большасцю галасоў падтрымаў свайго аднакашніка (“звычайны факт зносінаў мужа і жонкі”, “не супярэчыць камсамольскай маралі”, “калі мы за аборты і сужыццё будзем выключаць з камсамолу, то трэба выключаць большую палову камсамольцаў”) [77]. Але пасля спецыяльнага выступлення на гэтую тэму “Чырвонай змены” адбыўся агульны сход камсамольскіх ячэек БДУ, на якім Альтшулера выключылі з камсамола. Тым, хто яго абараняў, “паставілі на від”. Пачалася праверка ўмоў жыцця студэнтаў на здымных кватэрах [78].
У тым жа годзе ў Лёзненскім раёне Віцебскай акругі камсамолец Левін прымусіў зрабіць дзяўчыну пяць абортаў. Калі ж яна адмовілася рабіць шосты, дык ён яе кінуў, пагражаючы забойствам. Справа слухалася на канфліктнай камісіі мясцовай камсамольскай арганізацыі, дзе Левін даказваў, што яго сужыцелька знаходзілася ў інтымных зносінах таксама з іншымі мужчынамі [79].
Пад час адзяржаўлівання камсамола на працягу 1920-х г. сфармавалася кагорта камсамольскіх работнікаў – штатных функцыянераў, якія знаходзіліся на дзяржаўным утрыманні. Яны павінны былі ўласным прыватным жыццём паказваць прыклад шараговым членам саюза, але на самай справе нярэдка разглядалі дзявочую частку падначаленых арганізацый як уласны гарэм. Будучы вядомы беларускі кінарэжысёр, а ў 1928 г. карэспандэнт “Чырвонай змены” Пятрусь Шамшур так малюе аблічча юрлівага камсамольскага функцыянера: «…масьляцца яго вочы, хутка аглядваючы фігуры фізкультурніц, цягнецца потная рука да “сваёй” камсамолкі, выкідвае пахабны сьлюнявы рот “дасягненьні”, гэта ён гаворыць мне інтымным шопатам: – Хіба жанчына можа быць таварышом хлопцу? Фантастыка!» [80].
У 1929 г. іншы камсамольскі сакратар стаў фігурантам “аліментнай” справы ў барысаўскім гарадскім судзе. У якасці рэчавага доказу суддзя атрымаў распіску, якую сакратар даў (а потым забыўся на яе) цяжарнай ад яго падначаленай напярэдадні ад’езду на камсамольскую вучобу ў Маскву: “Гэтая распіска выдадзена гр. Арыне Лотух ад гр. пасёлка Стужкі Рокшынскага с/с Алімпіева Кастуся ў тым, то яе кахаю і абяцаю на ёй ажаніцца, калі крыху ўладкуюся, а пакуль я жыву на кватэры і не магу яе ўзяць, у чым і распісваюся” [81].
Моладзевая сексуальная рэвалюцыя, якая распаўсюджвалася, як эпідэмія, са сталіцы ў акруговыя і павятовыя гарады, і далей – у мястэчкі і вёскі, дасягнула свайго піку ў 1926–1927 г. Так, у Барысаўскай акрузе за палавую распусту было выключана каля 10% ад агульнай колькасці выбылых з саюза ў 1926 г. Падобны працэнт выключаных быў таксама ў Бабруйскай акрузе. У Мазырскай акрузе колькасць выключаных за палавую распусту дасягала 15%. Шмат выпадкаў такіх паводзінаў назіралася ў Крупскім раёне. У Смалявіцкім раёне шмат камсамольцаў спрыяла распаўсюджванню прастытуцыі. Адзін з іх па прозвішчы Ракаўшчык арганізаваў “групу для бясплатнага скарыстаньня дзяўчат”. У ячэйцы саўпартшколы з маўклівай згоды сакратара камсамолец распаўсюджваў парнаграфічную літаратуру.
Прыкладна ў той жа час кіраўніцтва камсамола зразумела сур’ёзную праблему, якую ўтваралі новыя адносіны паміж паламі ў моладзевым асяроддзі, і пачало разглядаць палавую распусту ў адным шэрагу з такімі адмоўнымі з’явамі, як п’янства, хуліганства і рэлігійнасць.
Летам 1925 г., неўзабаве пасля дыскусіі пра каханне ў газеце “Правда”, на старонках “Чырвонай змены” адбыўся “грамадска-палітычны суд” над двума камсамольцамі, якія абвінавачваліся ў палавой распусце. Судзілі камсамольца Маркеля Карташова, які “зжыўся” з беспартыйнай Ганнай Блізнец, але пасля таго, як тая зацяжарала, кінуў яе. У выніку гэтай дыскусіі “суд” пастанавіў выключыць Карташова з камсамола з трохгадовым выпрабавальным тэрмінам [82].
Адно з першых выступленняў у друку будучага “аглаблёвага” літаратурнага крытыка Лукаша Бэндэ, у 1926 г. студэнта Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі імя Леніна, было таксама прысвечана палавой распусце. Звяртаючыся да камсамольцаў, ён раіў ім не глядзець на дзяўчыну як на рэч, якую можна мяняць кожны тыдзень, устрымацца ад ранняга палавога жыцця, а таксама заклікаў да “класавай скупасці ў скарыстанні палавой энэргіі”. Камсамолкам Л. Бэндэ раіў не падманваць сябе тым, што выпадковыя сувязі даюць асалоду [83].
На старонках моладзевага друку з’явіўся новы адмоўны персанаж – камсамолец-абывацель, рысы партрэта якога журналісты бралі з анкет сацыялагічнага апытання: “Гляджу на дзяўчат, як на жанчыну, а потым як на таварыша. Прыклад: таварыша я не цалую, а дзяўчыну цалую, таму што яна дзяўчына. Без палавога захаплення не было б і кахання. Жаніцца трэба, калі ты крыху забясьпечаны і ўжо сталы і разьбіраешся ў практычным жыцці. Са знаёмай 4 разы меў зносіны, з прастытуткай – 3 разы” [84].
Дыскусія пра новыя адносіны паміж мужчынам і жанчынай актуалізавала праблему палавога выхавання падлеткаў. Эксперыментаванне ў гэтай галіне адбывалася ва ўмовах разбурэння старой школы і буму педагагічнага наватарства. Сярод наватараў вялікую групу складалі прыхільнікі псіхааналітычнай традыцыі, якія разглядалі сексуальнасць як самакаштоўнасць і імкнуліся навучыць школьнікаў “глядзець натуральна на натуральныя рэчы і выкінуць усе забабоны адносна палавых зносінаў як непатрэбнае смецце” [85].
Педагогі-наватары адмянілі ў школе класна-ўрочную сістэму і прадметнае выкладанне, хатнія заданні і экзамены, увялі працоўнае навучанне. Істотным складнікам эксперыменту ў галіне палавога выхавання было ўвядзенне сумеснага навучання ў школах дзяўчат і хлопцаў. На думку савецкага псіхолага Л. Выгоцкага, сумеснае навучанне павінна было нармалізаваць сексуальныя ўзаемаадносіны падлеткаў. Але анкетаванні, што праводзіліся сярод вучняў у 1920-я г., сведчылі пра іншае. Так, значная частка беларускіх вучняў ва ўзросце 13– 17 гадоў лічылі сумеснае навучанне ненармальным [86]. Сучаснік наступным чынам апісвае атмасферу, што панавала ў тагачасных мінскіх школах: «У якую школу не зайдзі – адразу ж кідаецца ў вочы рэзкае, нават варожае разьмежаваньне паміж хлопцамі і дзяўчатамі. У клясах, як правіла, сядзяць асобнымі групамі. Я не знайшоў ва ўсіх менскіх школах ніводнай лаўкі, дзе б вучань сядзеў побач з вучаніцай… Рэзкае разьмежаваньне днём, у клясе, не перашкаджае самаму цеснаму, самаму нездароваму збліжэньню вечарам – на школьных спэктаклях, на мілых хатніх “балях” і “капусьніках”. Заляцаньне сярод школьнікаў другога концэнтру [87] прымае пагражаючыя разьмеры… Ёсць многа фактаў заляцаньня настаўнікаў да прыгожых вучаніц, бываюць нават і шлюбы…» [88].
Да канца 1920-х г. пачалося згортванне эксперыменту ў галіне палавога выхавання школьнікаў. Сексуальнасць, асабліва ранняя, індывідуальныя любоўныя пачуцці юнакоў і дзяўчат пачалі разглядацца як перашкода на шляху пабудовы новага сацыялістычнага грамадства. У якасці асноўных сродкаў “сексуальнага аздараўлення дзяцей” называліся арганізацыя іх вольнага часу, развіццё ідэйнасці і калектывізму. З гэтага пункту гледжання ўсё папярэдняе эксперыментаванне з дзіцячай сексуальнасцю не мела аніякай вартасці. Гэта засведчыў аўтар установачнага артыкула, які ў 1929 г. адкрыў адзін з нумароў часопіса “Працаўнік асьветы”, дзе канстатавалася, што “палавое выхаваньне дзяцей і падлеткаў ў БССР не вядзецца” [89].
Да канца 1920-х г. камсамольскае кіраўніцтва канчаткова зразумела, што сексуальная свабода моладзі прывяла да вялікай колькасці ранніх шлюбаў, разводаў, абортаў, згвалтаванняў і ў выніку – зламаных чалавечых лёсаў. Неўзабаве сацыялістычны аскетызм зробіцца нормай жыцця. А камсамольскія правадыры ўслед за аўтарам “Дванаццаціпалавых запаведзяўрэвалюцыйнага пралетарыяту” будуць згадваць сексуальную энергію (прынамсі публічна) толькі ў кантэксце “стварэння здаровых рэвалюцыйных класавых нашчадкаў” 90].
[1] Услед за аўтарам тэрміна – аўстра-амерыканскім псіхолагам В. Райхам – мы разумеем сексуальную рэвалюцыю як працэс і вынік істотных зменаў у сексуальным жыцці грамадства, якія характарызуюцца з’яўленнем новых каштоўнасцяў, арыентацый, нормаў, санкцый і сексуальных адносінаў, што разнявольваюць асобу і грамадства (Райх В. Сексуальная революция. Москва: АСТ, 1997. 352 с.).
[2] Кон И. Клубничка на березке. Сексуальная культура Росии. Москва, 2010.
[3] Carleton G. Sexual Revolution іn Bolshevik Russia. University of Pittsburgh Press, 2005.
[4] Гапова Е. Между войнами: женский вопрос и национальные проекты в Советской Белоруссии и Западной Беларуси // Гендерные истории Восточной Европы. Сб. науч. ст. / под ред. Е. Гаповой, А. Усмановой, А. Пето. Минск, 2002. С. 100–123; Дулов А. Брак, семья, материнство в государственной политике БССР 1920-х – первой половины 1930-х гг. // Женщины в истории: возможность быть увиденными: Сб. науч. ст. / под ред. И. Чикаловой. Минск, 2004. Вып. 3. С. 218–235; Жыбуль В. Сэксуальны гвалт у беларускай савецкай літаратуры // Terra alba. T. 2. Homo Venerus: Сэксуальная прастора беларускай культуры / пад рэд. С. Даніленкі. Магіл. тав-ва гуманіт. інтэлект. і культ. ініцыятыў “Брама”. Мінск, 2001. С. 179– 186; Курков И. Гендерный строй белорусской деревни // Иной взгляд. 2000. Март. С. 25–26; Лавриновская И. Трансформация семейно-брачных установок сельской женщины Беларуси в ХХ в. (1900–1991 гг.) // Научные труды Республиканского института высшей школы. Серия “Исторические и психологопедагогические науки”. Вып. 11. Ч. 1. Минск, 2011. С. 111–117; Усманова А. О марксистской теории любви // Топос. 2010. № 3. С. 195–227; Чикалова И. Гендерная система (пост)советской Беларуси: воспроизводство и трансформация социальных ролей в публичной и приватной сфере // Российские и славянские исследования. Минск, 2009. С. 51–66; Шевелев П. Брачные узы по-новому // Беларуская думка. 2014. № 1. С. 95–97; Яковлева Г. Общественное и частное в жизни женщин г. Витебска (начало 20-х гг. ХХ в.) // Женщина. Образование. Демократия. Мат-лы 3-й международной междисциплинарной научно-практической конференции (8–9 декабря 2000 г.) / под общ. ред. Г. Шатон. Минск, 2001. С. 282–283.
[5] Маркс К., Энгельс Ф. Комуністычны маніфэст / пер. Я. Лёсіка. Менск, 1924. С. 41.
[6] Цеткин К. Воспоминания о Ленине. Москва, 1925. С. 15.
[7] Коллонтай А. Социальные основы женского вопроса. С.-Петербург, 1909. С. 219.
[8] Тамсама. С. 171.
[9] Коллонтай А. Новая мораль и рабочий класс. Москва, 1919. С. 1–61.
[10] Гэты артыкул быў напісаны А. Калантай у Нарвегіі, неўзабавае пасля бурлівага рамана і трагічнага развітання з маладым матросам-балтыйцам П. Дыбенкам, адносіны з якім ставілі пад сумненне практычную значнасць яе тэарэтычных пошукаў у галіне кахання.
[11] Коллонтай А. Дорогу крылатому Эросу! (письмо к трудящейся молодежи) // Молодая гвардия. 1923. № 3 (10). Май. С. 111–124.
[12] Гл. напр.: Правдин. Женщина, которая осмелилась… // Звезда. 1927. № 91. 21 апр. С. 2.
[13] Каминская Ц. О ликвидации дел “алиментных” // Звезда. 1925. № 291. 19 дек. С. 3.
[14] Серман Г. Советы и борьба за быт // Полесская правда. 1923. № 1061. 30 нояб. С. 2.
[15] Иркутов А. Где мы теряем время и силы // Полесская правда. 1923. № 946. 14 июля. С. 3.
[16] Круглов Ф. Почему мы ставим половой вопрос // Заря Запада. 1925. № 31. 8 февр. С. 3.
[17] Круглов. Лекция-диспут Жернова // Заря Запада. 1925. № 10. 14 янв. С. 5.
[18] Заря Запада. 1925. № 274. 2 дек. С. 3.
[19] Hobsbawm E. Revolutionaries. L., Hachette. 2011. Р. 252.
[20] Залкинд А. Двенадцать половых заповедей революционного пролетариата // Философия любви: в 2 т. Москва, 1990. Т. 2. С. 224–255.
[21] Бухарин Н. Об упорядочении быта молодежи // Полесская правда. 1925. № 122. 31 мая. С. 2.
[22] Полесская правда. 1926. № 286. 11 дек. С. 3.
[23] Зьвязда. 1928. № 267. 21 ліст. С. 4.
[24] Вольфсон С. Лёс чалавечай маралі // Полымя. 1926. № 6. С. 59–73; № 7. С. 65–81.
[25] Ва ўводзінах да сваёй кнігі “Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці”, якая выйшла з друку ў разгар сталінскіх рэпрэсій, С. Вальфсон быў вымушаны прасіць прабачэння за “рад няправільных сцвярджэнняў і памылковых установак па пытаннях, звязаных з развіццём сям’і”, у тым ліку за інтэрпрэтацыю думак Ф. Энгельса (Вальфсон С. Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці. Менск, 1937. С. 4.)
[26] Вольфсон С. Экзогамия // Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску. 1928. № 20. С. 3–16.
[27] “Тэорыя шклянкі вады” – распаўсюджаныя ў першыя гады савецкай улады погляды на каханне, якія зводзілі адносіны паміж мужчынам і жанчынай да інстынктыўнай фізіялагічнай патрэбы (заняцца сексам гэтак жа проста, як выпіць шклянку вады).
[28] Вольфсон С. Социология брака и семьи (опыт введения в марксистскую генеономию). Минск, 1929. С. 375–449.
[29] Пафас прамовы С. Вальфсона быў сапсаваны наступнай запіскай з залы: “Скажэце, як мне паступіць, як ацаніць такое сяброўства. Я – рабочая дзяўчына сябравала з хлопцам-камсамольцам. Ён быў лепшы мой сябра на працягу некалькіх месяцаў. І што ж, чым скончылася наша сяброўства? Як толькі ён узяў мяне, – ён больш ня ведаў, не здароваўся, не гутарыў са мной. Я была ім ашукана. Мне стала ясна, што хлопец толькі дамагаўся свайго. Як жа паступіць з ім, як назваць такое сяброўства?”.
[30] Каліта А. Ці патрэбна нам сяброўства? // Чырвоная зьмена. 1929. № 44. 24 лют. С. 4.
[31] Чырвоная зьмена. 1929. № 235. 15 кастр. С. 2.
[32] Декрет ВЦИК, СНК РСФСР от 18.12.1917 “О гражданском браке, о детях и о введении книг актов гражданского состояния”. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.lawmix.ru/docs cccp.php?id=8234
[33] Декрет ВЦИК, СНК РСФСР от 19.12.1917 “О расторжении брака”. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http: //www.lawmix.ru/docs cccp.php?id=8230
[34] Кодекс законов об актах гражданского состояния, брачном, семейном и опекунском праве. Принят ВЦИК 16.09.1918 года. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http:// www.lawmix .ru/docs cccp.php?id=8o59
[35] Звезда. 1924. 16 июля. № 162. С. 6.
[36] Врач Е. Ш-н. Здоровый брак // Звезда. 1923. 17 авг. № 191. С. 5.
[37] Матэрыялы па пытаньні аб шлюбе, сям’і і апецы (Даклад і спрэчкі па гэтым пытаньні на ІІІ сэсіі ЦВК БССР VІІ скліканьня, прадмова т. М. Сэгаля, проект кодэксу аб шлюбе, сям’і і апецы і выняткі з кодэксаў РСФСР і УССР). Менск, 1926. С. 1–68.
[38] Герчыкаў І. Новы асаблівы дакумент соцыялістычнай праватворчасьці // Полымя. 1926. № 2. С. 67–77.
[39] Грэдынгер М. Найважнейшыя моманты ў будучым заканадаўстве аб сям’і // Полымя. 1926. № 8. С. 145–154.
[40] Конаплін Н. Два пытаньні (Да дыскусіі аб шлюбе і сям’і // Полымя. 1926. № 8. С. 155–68.
[41] Гаўзэ Ф. Маёмасныя адносіны супругаў па кодэксах законаў аб шлюбе, сям’і і апецы БССР, РСФСР і УССР // Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску. 1. Факультэт права і гаспадаркі. 1928. № 21. С. 48–62.
[42] Иваницкий. О семье, браке и опеке // Камуніст. 1926. № 122. 20 кастр. С. 3.
[43] Камуніст. 1926. № 123. 22 кастр. С. 2.
[44] Заря Запада. 1926. 22 авг. № 192. С. 3.
[45] Кодэкс законаў аб шлюбе, сям’і і апецы Б.С.С.Р. Минск: Типлит БГИ, 1927. 66 с.
[46] Зьвязда. 1928. № 253. 1 ліст. С. 4.
[47] Цеткин К. Воспоминания о Ленине. Москва, 1925. С. 16.
[48] Троцкий Л. От старой семьи – к новой // Правда. 1923. № 155. 13 июля. С. 2.
[49] Смидович С. О любви (посвящается нашей женской молодежи) // Правда. 1925. № 67. 24 марта. С. 5; Коллонтай А. О любви и еще кое о чем // Правда. 1925. № 76. 3 апр. С. 6.
[50] Мельцер. Этика комсомола // Красная смена. 1922. № 18. 15 июня. С. 3.
[51] Малады камуністы. 1925. № 44. 24 сьнеж.
[52] В. Н-ны. “Маленькі” недагляд // Чырвоная зьмена. 1929. № 149. 4 ліп. С. 4.
[53] МАЗ. Урачысты шлюб // Чырвоная зьмена. 1929. № 28. 6 лют. С. 4.
[54] Гл. напр.: Лабадаеў Міх. Перамога мяшчанства // Чырвоная зьмена. 1929. № 3. 5 студз. С. 1.
[55] Навалаеў. Разнюнілась // Малады камуніст. 1927. № 5. 27 лют. С. 2.
[56] Сьляпкоў У. Аб камсамольскай сям’і // Чырвоная зьмена. 1929. № 49. 2 сак. С. 3.
[57] Доктар Левіцін. Ананізм // Чырвоная зьмена. 1929. № 125. 6 чэрв. С. 4.
[58] Шатэн. Надо уметь себя держать! // Заря Запада. 1925. № 110. 17 мая. С. 4.
[59] Чырвоная зьмена. 1928. № 74. 6 ліп. С. 3.
[60] Р. Г-н. Вера кахае Міколу… // Чырвоная зьмена. 1928. № 29. 16 сак. С. 3.
[61] Клопаў С. “…Пятрусь, любы, дзе ты? “ // Чырвоная зьмена. 1927. № 99. 6 верас. С. 2.
[62] Красная смена. 1922. № 7. 23 февр. С. 4.
[63] Рыдлеўскі. Амерыканскае пары альбо жонка на 2 тыдні // Чырвоная зьмена. 1927. № 130. 22 ліст. С. 4.
[64] Чырвоная зьмена. 1925. № 76. 19 ліст. С. 6.
[65] Працько М. “Летарэя” на дзяўчат // Чырвоная зьмена. 1926. № 124. 31 кастр. С. 2.
[66] Лін М. Ганебны ўчынак рабочых “Домбаля” // Чырвоная зьмена. 1928. № 130. 28 ліст. С. 4.
[67] Чырвоная зьмена. 1928. № 74. 6 ліп. С. 3.
[68] А. К. Чаму атруцілася камсамолка Казлоўская? // Чырвоная зьмена. 1927. № 122. 29 кастр. С. 3.
[69] Савецкая Беларусь. 1924. 31 сьнеж. № 302. С. 4.
[70] Капелюш А. О новом быте, “ночлежках” і прочем… // Чырвоная зьмена. 1925. № 85. 23 сьнеж. С. 6.
[71] Зак М. В лесу – на ночевке // Чырвоная зьмена. 1926. № 88. 5 жн. С. 2.
[72] Чырвоная зьмена. 1928. № 92. 22 жн. С. 4.
[73] Горунович А. Этика, быт и культура в комсомоле // Красная смена. 1924. № 44. 30 дек. С. 2.
[74] Да ІХ зьезду ЛКСМБ. Менск, 1928. С. 60.
[75] Панкевіч П. Які ж наш беларускі студэнт? // Асьвета. 1928. № 4. С. 20–37.
[76] Сандомирский М. Медицинская проверка студенчества // Звезда. 1924. 22 ноября. № 270. С. 4.
[77] Шматкоў А. Паганая трава // Чырвоная зьмена. 1928. № 59. 30 мая. С. 2.
[78] Чырвоная зьмена. 1928. № 66. 17 чэрв. С. 4.
[79] Чырвоная зьмена. 1928. № 74. 6 ліп. С. 3.
[80] Шамшур П. Плямы // Чырвоная зьмена. 1928. № 137. 19 сьнеж. С. 1.
[81] Гольдбэрг Міх. Мешчанін? Аліментшчык? Вораг // Чырвоная зьмена. 1929. № 19. 26 студз. С. 1.
[82] Чырвоная зьмена. 1925. № 33. 6 чэрв. С. 6; № 34. 14 чэрв. С. 6; № 35. 18 чэрв. С. 4; № 36. 21 чэрв. С. 6; № 37. 25 чэрв. С. 4; № 39. 2 ліп. С. 6; № 47. 1 жн. С. 4.
[83] Бенда Л. Быт молодежи // Чырвоная зьмена. 1926. № 12. 31 студз. С. 4.
[84] Чырвоная зьмена. 1928. № 137. 19 сьнеж. С. 3.
[85] Д-р Герман. О половом воспитании // Звезда. 1923. 27 окт. № 252. С. 5.
[86] Марголін (Арнольдзі). Вучнёўская моладзь аб сумесным навучаньні / Асьвета. 1929. № 3. С. 74–82.
[87] У 1921 г. была праведзена рэарганізацыя працоўнай школы. Прадугледжвалася, што базавы тэрмін школьнага навучання складаецця з пяці гадоў першай ступені (канцэнтру), дзе вучыліся дзеці ва ўзросце 8–13 гадоў, і чатырох гадоў другой ступені (канцэнтру), дзе вучыліся дзеці ва ўзросце 13–17 гадоў.
[88] Гольдбэрг Міх. Гімназістачка каля дзьвярэй / Зьвязда. 1928. № 244. 21 кастр. С. 3.
[89] Говар М. Праблема палавога выхаваньня // Працаўнік асьветы. 1929. № 4. С. 2.
[90] Залкинд А. Б. Двенадцать половых заповедей революционного пролетариата // Философия любви: в 2 т. Москва, 1990. Т. 2. С. 224–255.