БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Аляксандр Гужалоўскі. Рэвалюцыйная армія свабоднай Расіі ў люстэрку беларускага перыядычнага друку

У 24 томе БГА (2017)

Страшна робіцца за вольнасьць дзяржавы Расійскай,

як прыглядзішся што за хуліганьё хаваецца цяпер

пад штандарам волі, рэспублікі і дэмакратызму.

Гэтыя цёмныя сілы цёмнай Расіі дэмаралізуюць ціпер

армію, робюць пагромы, гвалтуюць, рабуюць, наводзюць жах навокала.

Язэп Лёсік, рэдактар газеты

“Вольная Беларусь”, 3.08.1917.

Рэканструкцыя паўсядзённага вопыту выжывання людзей у экстрэмальных умовах вайны і рэвалюцыі ў пераломным 1917 годзе застаецца адным з перспектыўных кірункаў даследавання ў беларускай гістарычнай навуцы. Шэраг важных крокаў ужо зроблены[1]. Самая вялікая перашкода для далейшага развіцця даследаванняў – невялікі масіў першакрыніц, што дазваляюць зазірнуць за бачную паверхню ваенных і палітычных падзей. Частка першакрыніц (успамінаў, дзённікаў, лістоў), якія дазволілі б рэканструяваць вопыт “простага” чалавека ў віхуры 1917 года, загінула пад час войнаў і акупацый, частка – свядома знішчана пад час макулатурных кампаній у савецкіх архівах. Адсутнасць тэкстаў, што адлюстроўваюць персанальную рэфлексію звычайных людзей, абумоўлена таксама нізкім узроўнем пісьменнасці тагачаснага насельніцтва, асабліва на вёсцы. Бракуе сёння таксама метадалагічнага інструментарыю, які дазволіў бы даследаваць “ніжнія паверхі” гістарычнага працэсу з выкарыстаннем наяўных крыніц.

У гэтых умовах падаецца актуальным аналіз беларускага перыядычнага друку 1917 г., які дазваляе змяніць оптыку, убачыць людзей і падзеі зблізу, на мікраўзроўні. Газеты ў той час былі асноўнай крыніцай аператыўнай інфармацыі для гараджан, мелі з чытачамі адваротную сувязь, таму яны могуць распавесці шмат новага. Асаблівую каштоўнасць перыёдыцы 1917 г. надае факт яе выдання без кантролю палітычнай цэнзуры. Апошняя была скасавана 4 сакавіка загадам камандуючага Заходнім фронтам А. Е. Эверта[2] і ўведзена зноў 25 кастрычніка загадам № 1 выканкама Мінскага савета[3]. Перыядычны друк Беларусі 1917 г. ужо рабіўся аб’ектам крыніцазнаўчага аналізу беларускіх гісторыкаў[4], але інфармацыйны патэнцыял гэтай першакрыніцы яшчэ далёка не вычарпаны.

З пачаткам Першай сусветнай вайны, паводле мабілізацыйнага плана, беларускія землі ўвайшлі ў склад дзвюх вайсковых акруг – Мінскай і Дзвінскай. Створаны пасля “вялікага адступлення” ў жніўні 1915 г. на тэрыторыі Беларусі Заходні фронт заняў участак даўжынёй 500 км ад Відзаў да ракі Прыпяць. Складаўся фронт з трох армій. 2-я армія са штабам у Нясвіжы, а потым у Слуцку трымала левы фланг фронту і займала балоцісты ўчастак ад Прыпяці да Бярэзіны. 3-я армія са штабам у Полацку займала правы фланг. Нарэшце, цэнтральны ўчастак фронту займала 10-я армія са штабам у Маладзечне. Штаб Заходняга фронту знаходзіўся ў Мінску. Менавіта там на пачатку сакавіка генерал ад інфантэрыі А. Е. Эверт атрымаў рашэнне Часовага ўрада аб перайменаванні Рускай імператарскай арміі ў Рэвалюцыйную армію свабоднай Расіі.

Калі ў Петраградзе адбылася лютаўская рэвалюцыя, на Заходнім фронце ўжо амаль паўтара года цягнулася пазіцыйная вайна, у якой стратэгічнай мэтай бакоў было эканамічнае і дэмаграфічнае спусташэнне праціўніка. Баявыя дзеянні на фронце былі малаэфектыўныя і нават пры спрыяльных умовах давалі абмежаваныя вынікі. Перыяды пасіўнай абароны рабіліся ўсё даўжэйшымі, а спробы наступу ўсё радзейшымі.

Апошнюю буйную аперацыю Заходняга фронту, якая ўвайшла ў ваенную гісторыю як “Крэўская”, здзейснілі падраздзяленні пераважна 10-й арміі. Баявы дух салдат напярэдадні правядзення аперацыі прыехаў уздымаць ваенны “міністр-сацыяліст” А. Ф. Керанскі. Газеты пераказвалі змест “моцных, палымяных” прамоваў, якія міністр рабіў на перадавой каля Маладзечна, трымаючы ў руках чырвоны сцяг[5]. Пасля трохдзённай артпадрыхтоўкі 9 ліпеня 1917 г. рэвалюцыйныя салдаты атрымалі загад наступаць, але ахвотнікаў выконваць яго амаль не знайшлося. Тым не менш, героі Крэўскай аперацыі ўсё ж былі. Аднаго з іх – камандзіра жаночага батальёна смерці М. Л. Бачкарову мінчане-добраахвотнікі выгружалі 11 ліпеня разам з іншымі параненымі з санітарнага эшалона на Віленскім вакзале. У той жа дзень мінчане ўбачылі каля дзвюх тысяч захопленых нямецкіх ваеннапалонных, якіх дэманстратыўна правялі па вуліцах горада[6].

Да 1917 г. германская авіяцыя на Заходнім фронце атрымала дамінаванне за кошт хуткага ўкаранення тэхнічных інавацый кшталту самалётаў-знішчальнікаў. Вялікую ўвагу немцы таксама аддавалі стратэгічным бомбавым ударам па тылах праціўніка – населеных пунктах, чыгуначных вузлах, складах. Парк расійскіх аэрапланаў складаўся пераважна з састарэлых мадэляў замежнай вытворчасці. На працягу 1917 г. германскія дырыжаблі і шматматорныя бамбавікі рэгулярна атакавалі тылавыя аб’екты на прыфрантавой тэрыторыі. Удзень нямецкія аэрапланы бамбілі станцыі – Стоўбцы, Маладзечна, Вілейку, Замір’е (сёння Гарадзея) і іншыя аб’екты, у т. л. цягнікі. Уначы над прыфрантавой тэрыторыяй з уключанымі пражэктарамі з’яўляліся цэпеліны. 27 жніўня “Варшаўская раніца” паведамляла: “Трэці дзень над Мінскам лятае нямецкі аэраплан, публіка прызвычаілася і не звяртае на яго асаблівай увагі”[7]. Праз месяц тая ж газета паведаміла пра трагічную пагібель у час пасадкі на аэрадром у Адампалі блізу Валожына двух пілотаў аэраплана “Марыс Фарман 40” – мінчаніна паручніка І. І. Мігая і прапаршчыка М. В. Рахманінава (брата славутага кампазітара)[8]. Германскае камандаванне выкарыстоўвала супраць салдат Заходняга фронту псіхалагічную зброю, перыядычна запускаючы ў расійскі бок паветраныя шары з антываеннымі ўлёткамі[9].

Ва ўмовах пазіцыйнай вайны з мэтай прарыву абароны праціўніка вясной 1917 г. абодва бакі на Заходнім фронце выкарыстоўвалі хімічную зброю. Найбольш эфектыўнай тактыкай ужывання баявых газаў былі камбінаваныя атакі: стварэнне газавай хвалі (газабалонная атака) і артылерыйскі абстрэл недасягальнай для яе тэрыторыі хімічнымі снарадамі. Адна з апошніх падобных германскіх атак у в. Лабузы 15 сакавіка прымусіла расійскія часці адступіць за раку Шчару[10]. У ноч на 2 красавіка, карыстаючыся спрыяльным ветрам, газавыя хвалі на пазіцыі праціўніка каля в. Кухары пад Маладзечна выпусцілі з расійскага боку. Аднак, калі пяхота паспрабавала атакаваць акопы немцаў, праз якія толькі прайшло воблака хлору, іх сустрэў кулямётны агонь. Сур’ёзных страт немцы не зазналі[11].

Трэба адзначыць, што цікавасць як журналістаў, так і чытачоў беларускіх газет у 1917 г. выклікалі не столькі ваенныя бітвы (якіх, па сутнасці, не было), колькі працэсы, што адбывался ў самой Рэвалюцыйнай арміі свабоднай Расіі, а таксама іх уплыў на жыццё людзей у прыфрантавой зоне. Так, усе газеты ў розных кантэкстах паведамілі пра Загад № 1 Петраградскага савета, які асобным пунктам уводзіў салдацкія камітэты. Гэта азначала фактычную адмену прынцыпу аднаасобнага камандавання ў войску. Салдацкія камітэты адразу ж увайшлі ў канфлікт з афіцэрскім корпусам. У выніку да ліпеня 1917 г. на Заходнім фронце было звольнена каля 60 палкоўнікаў і генералаў[12].

Гэта адбылося не ў апошнюю чаргу дзякуючы дзейнасці прапаршчыка А. Ф. Мяснікова, які ў траўні атрымаў магчымасць весці работу па распальванні варожасці паміж салдатамі і афіцэрамі, разлажэнні арміі ўвогуле на легальнай аснове, атрымаўшы пасаду старшыні юрыдычнай камісіі выканкама З’езда салдацкіх, рабочых і сялянскіх саветаў Заходняга фронту[13]. 15 ліпеня пры камандуючым Заходнім фронтам (на той час генерал-лейтэнант А. І. Дзянікін) з’явіўся камісар – адвакат па прафесіі і сацыял-дэмакрат “з катаржным вопытам” У. А. Жданаў. Камандуючы мусіў узгадняць з ім усе загады, прычым сам камісар, які разумеў свае паўнамоцтвы вельмі шырока, як “міністра абароны фронту”, шэраг пытанняў франтавога жыцця ўключыў толькі ў сваю кампетэнцыю[14].

Працэсы разлажэння і падзення баяздольнасці Рэвалюцыйнай арміі падштурхнулі Часовы ўрад да фармавання асобых часцей, створаных паводле прынцыпу добраахвотніцтва. Акрамя батальёнаў смерці, якія, на думку іх арганізатараў, павінны былі паспрыяць аздараўленню войска, надзеі таксама ўскладаліся на нацыянальныя фармаванні. Аднак, як і ў выпадку з добраахвотнікамі-смертнікамі, нацыянальныя часці не дапамаглі захаваць войска, бо іх камандзіры ставілі перад сабой зусім іншыя мэты.

Ужо на першым пасяджэнні прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску 27 сакавіка 1917 г. было вырашана стварыць спецыяльную камісію па выпрацоўцы праекта беларускага народнага апалчэння, у склад якой увайшлі сябра камітэта А. Смоліч, а таксама афіцэры В. Гурыновіч, І. Крапец і студэнт Лышчык[15]. 15 траўня адбыўся ўстаноўчы сход “Ваеннае Беларускае Арганізацыі ў Мінску”. На ім ўхвалілі статут арганізацыі, згодна з якім яе сябрамі маглі быць “ваенныя беларусы, што жывуць у Мінску, як людзі аднаго краю, звычаю і мовы і маючыя аднолькавыя патрэбы”[16]. З лета 1917 г. пачалі фармавацца беларускія арганізацыі і гурткі ў вайсковых падраздзяленнях. Адным з першых уласную нацыянальную арганізацыю на Заходнім фронце ў чэрвені стварылі салдаты 1-й роты 541-га пяхотнага Веліжскага палка[17]. Тады ж паўстала арганізацыя матросаў-беларусаў на Балтыйскім флоце, якая налічвала каля 800 чалавек[18]. З сярэдзіны жніўня пачала дзейнічаць моцная беларуская арганізацыя ў 12-й арміі Паўночнага фронту[19].

Працэс стварэння беларускіх арганізацый у Рэвалюцыйнай арміі свабоднай Расіі паскорыўся ўвосень 1917 г., у ім удзельнічала ўсё большая колькасць салдатаў і афіцэраў. Важныя ініцыятывы прагучалі на З’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту, які адкрыўся 18 кастрычніка ў Мінску ў будынку губернскага камісарыята (былым доме губернатара)[20]. У прыватнасці, удзельнікі з’езда выказаліся за “паступовае фармаванне асобных беларускіх падраздзяленняў, напрыклад, Мінскі, Віленскі, Магілёўскі палкі… наколькі будуць дазваляць ваенныя абставіны”. Сур’ёзным аргументам на карысць гэтага захаду быў, па словах выступоўцаў, фактар прысутнасці ў Быхаве 1-га Польскага корпуса Ю. Доўбар-Мусніцкага. Напрыканцы работы з’езда дэлегаты, сярод якіх былі прадстаўнікі генералітэту (К. Кандратовіч), а таксама беларускіх арганізацый Паўночнага, Паўднёва-Заходняга, Румынскага франтоў і Балтыйскага флоту, выказаліся за аўтаномію Беларусі ў складзе федэратыўнай, дэмакратычнай Расіі[21]. Падобная рэзалюцыя была ўхвалена на З’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту, які адбыўся 16 лістапада 1917 г. у Віцебску, а таксама на з’ездах беларускіх воінаў-інвалідаў у Мінску і воінаў-беларусаў у Маскве[22].

Працэс стварэння беларускага нацыянальнага войска яшчэ больш паскорыўся пасля ўтварэння ў лістападзе Цэнтральнай беларускай вайсковай рады з выканаўчым камітэтам на чале з С. Рак-Міхайлоўскім. Варта адзначыць, што мясцовы бальшавіцкі друк у нейтральным тоне падаваў інфармацыю пра намаганні вайсковай рады па фармаванні беларускіх вайсковых адзінак на розных франтах (“ва Украіне ім дзейсную дапамогу аказвае С. Пятлюра”), стварэнні першага беларускага палка ў Мінску, а таксама коннага эскадрона ў Оршы[23]. Гэта тлумачылася дазволам на стварэнне беларускіх вайсковых фармаванняў, які Цэнтральная беларуская вайсковая рада атрымала ад камандуючага Заходнім фронтам А. Ф. Мяснікова[24]. Адначасова з беларускімі дзеячамі падобны дазвол атрымалі кіраўнікі іншых нацыянальных арганізацый. Так, 30 снежня 1917 г. у Мінску адбыўся з’езд яўрэяў – воінаў Заходняга фронту, на якім абмяркоўваліся “пытанні нацыяналізацыі войска”[25].

Важнай падзеяй, якая асвятлялася многімі газетамі, стаў З’езд дэпутатаў армій Заходняга фронту 7–8 красавіка 1917 г. у Мінску. На з’езд, які праходзіў у гарадскім тэатры, прыбыло 1200 дэлегатаў і каля 100 гасцей. Сярод апошніх быў старшыня Дзяржаўнай думы М. У. Радзянка, аўтамабіль якога ўвечары 7 красавіка мінчане сустракалі ва ўзнёслым настроі, з кветкамі і гукамі “Марсельезы”. На наступны дзень прыбылых на з’езд членаў Дзяржаўнай думы М. І. Скобелева, І. Г. Цэрэтэлі і М. С. Чхеідзэ мінчане вынеслі з вагона на руках, закідалі кветкамі, прымусілі выступаць перад натоўпам на плошчы. Пад час з’езда па вуліцах Мінска ездзілі ўпрыгожаныя чырвонымі стужкамі аўтамабілі, з якіх вайскоўцы раскідвалі ўлёткі рэвалюцыйнага зместу. Быў арганізаваны збор сродкаў у “фонд дапамогі ахвярам палітычнага і сацыяльнага ладу”, куды гараджане перадалі на працягу трох дзён 28 тыс. рублёў. Не меншы патрыятычны пад’ём назіраўся сярод удзельнікаў з’езда, якія шчодра перадавалі ў прэзідыум “на алтар айчыны” залатыя і срэбныя пярсцёнкі, крыжы, ланцужкі. Напрыканцы з’езда быў абраны франтавы камітэт, дзе, нягледзячы на намаганні М. А. Міхайлава (М. В. Фрунзэ), бальшавікі склалі меншасць[26].

Паспяховае завяршэнне З’езда дэпутатаў армій Заходняга фронту было вырашана адсвяткаваць 9 красавіка маштабным мітынгам на перайменаванай у плошчу Свабоды былой Саборнай плошчы, а таксама “маніфестацыяй яднання вайскоўцаў з цывільным насельніцтвам”. Адкрыў мітынг старшыня Мінскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў Б. П. Позерн. Потым выступалі М. У. Радзянка, камандуючы войскамі Заходняга фронту генерал В. І. Гурко, гарадскі камісар С. Б. Хржанстоўскі, начальнік міліцыі М. А. Міхайлаў (М. В. Фрунзэ). Пасля заканчэння прамоваў выступоўцы селі ў аўтамабілі і ў суправаджэнні авацый рушылі па маршруце плошча Свабоды – Губернатарская – Захар’еўская – Каломенская – Падгорная – плошча Свабоды. За аўтамабілямі ішлі шыхты вайскоўцаў, а за імі – цывільнае насельніцтва, арганізаванае паводле нацыянальных, партыйных і прафесійных прыкмет[27].

Працэс дэмакратызацыі Рэвалюцыйнай арміі меў свае межы. Напрыклад, грашовая сума ў памеры 150 рублёў на набыццё металічнай труны, а таксама на транспартаванне і пахаванне на радзіме па-ранейшаму распаўсюджвалася толькі на забітых афіцэраў, вайсковых чыноўнікаў, лекараў і святароў[28]. Ніжніх чыноў хавалі на могілках пры лазарэтах.

Дэмакратызацыя суправаджалася не толькі з’ездамі і мітынгамі, але і шматлікімі недазволенымі камандаваннем дзеяннямі. Адно з іх атрымала назву “братанняў”. Немцы, у якіх не было сухога закону, неслі ў акопы салдатам Рэвалюцыйнай арміі спіртовыя напоі, апошнія частавалі немцаў хлебам і тушонкай. Праціўнікі, прымацаваўшы да шынялёў чырвоныя банты, абменьваліся адрасамі, каб ліставацца пасля вайны, мяняліся сувенірамі – капшукамі, нажамі, біклагамі.

1 жніўня 1917 г. Вярхоўны галоўнакамандуючы Л. Г. Карнілаў выдаў загад па Мінскай ваеннай акрузе разганяць інтэрнацыянальныя салдацкія “вячоркі” артылерыйскім і кулямётным агнём і разглядаць іх як германскую ідэалагічную дыверсію. У дзень выхаду гэтага загаду ваенна-рэвалюцыйны суд у Маладзечне прыгаварыў за братанне з немцамі пяцярых салдат да 10 гадоў катаргі, чатырох – да арыштанцкіх рот, дваіх – апраўдаў[29]. Тым не менш братанні адбываліся і пазней, пра што паведамлялі тагачасныя беларускія газеты ў рубрыках, прысвечаных франтавым падзеям. 31 жніўня “Варшаўская раніца” распавядала пра працэс у мінскім ваенна-рэвалюцыйным судзе над 34 салдатамі, якія выйшлі братацца з праціўнікам на чале з камандзірам-прапаршчыкам[30]. 6 верасня тая ж газета паведамляла: “Пачаліся дажджы, дарогі размыла, і баявыя дзеянні на Заходнім фронце амаль спыніліся. Салдаты ходзяць у нямецкія акопы за каньяком”[31]. 16 лістапада “Магілёўскае жыццё” змясціла паведамленне ў тэлеграфным стылі: “Заходні фронт. Перастрэлка. На поўдзень ад возера Нарач звычайнае братанне”[32].

Дэмакратызацыя войска не магла не адбіцца на знешнім выглядзе салдат, прычым не ў лепшы бок. З’яўленне агіднага “чалавека са стрэльбай” было нечаканым наступствам дэмакратызацыі нават для саміх рэвалюцыйных уладаў. У адным з матэрыялаў, змешчаных на старонках перыядычнага органа Віцебскага савета, знаходзім наступныя радкі: “На вуліцах Віцебска заўважана вялікая колькасць салдат, апранутых у змешаную форму, у форменнае адзенне без пагон, без рамянёў, якія выглядаюць надзвычай неахайна. Заўважаюцца таксама вайсковыя чыны без зброі, якую яны, паводле статута, павінны мець пры сабе”[33]. З загада камандуючага войскамі Заходняга фронту П. С. Валуева, які з’явіўся ў тым жа жніўні 1917 г., можна даведацца пра тое, што салдаты Мінскага гарнізона не толькі ўхіляліся ад нашэння пагон, але нават займаліся рознічным гандлем на вуліцах горада[34].

Паводзіны салдат Рэвалюцыйнай арміі свабоднай Расіі змяніла адмена смяротнага пакарання, ваенна-палявых судоў, а таксама абавязковасці выканання загадаў, якія цяпер падзяляліся на “баявыя” і “небаявыя”. 9 траўня 1917 г. была абвешчана “Дэкларацыя правоў салдата”, якая зраўняла салдат у правах з цывільным насельніцтвам. Гэта азначала свабоду вядзення палітычнай агітацыі ў войску, чым адразу ж скарысталіся ўсе палітычныя партыі, але найперш – сацыялістычнай арыентацыі. На фронт, разам з агітатарамі кадэтаў, эсэраў, сацыял-дэмакратаў і іншых палітычных партый, пайшлі тоны прапагандысцкай літаратуры – газет, брашур, улётак.

Нягледзячы на папулярнасць сярод салдацкай масы ідэі ўсеагульнай роўнасці, заклікі бальшавікоў да звяржэння легітымнай улады і дэзерцірства значная яе частка, прынамсі летам 1917 г., не прымала. Так, 6 ліпеня гомельская міліцыя ледзь выратавала ад самасуду натоўпу канторшчыка Палескай чыгункі Гаўрылу Карпусіка, які намаўляў салдат з эшалонаў не ехаць на фронт[35]. Праз пяць дзён на гомельскім вакзале салдаты затрымалі яшчэ аднаго бальшавіцкага агітатара – салдата 3-га карэннага парка Іосіфа Ткаленку[36]. У ноч на 12 ліпеня ў Мінску на Віленскім вакзале да беспрытомнага стану быў збіты салдат-артылерыст Аляксандр Малаканаў, які спрабаваў прасоўваць бальшавіцкія ідэі ў вайсковых эшалонах[37]. Пра цяжкасці, з якім гэтыя ідэі распаўсюджваліся сярод салдат Заходняга фронту, згадваў ва ўспамінах А. Ф. Мяснікоў: “Прапаганда сярод салдат ішла надзвычай цяжка, бо гэта былі ўсе салдаты мікалаеўскага духу… Мы імкнуліся раскалоць салдат на два лагеры… У той час, як ужо пачаўся наступ, мы агітавалі ў задніх шэрагах супраць яго. Гэта ішло па ўсім фронце. Быў поўны крах. Паклалі цэлую дывізію, але з наступу нічога не атрымалася. Гэты крах даў нам тое, да чаго мы прыйшлі ў мінскім савеце”[38].

Бальшавіцкая прапаганда спрыяла пашырэнню адной з найбольш негатыўных масавых з’яў, з якой насельніцтва Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў сутыкнулася яшчэ да лютаўскай рэвалюцыі[39], а менавіта масавага дэзерцірства. Дэзерцірамі рабіліся пераважна былыя сяляне, з якіх амаль на 90% складалася расійскае войска. Яны імкнуліся паспець у свае вёскі да “чорнага перадзелу”, што пачаўся з вясны 1917 г. у выглядзе самазахопаў зямлі. Да пачатку жніўня сітуацыя на Заходнім фронце набыла ўжо незваротны характар. Вось як яе маляваў адзін з аўтараў рубрыкі “Лісты з фронту”, якую перыядычна змяшчала мінская газета “Варшаўская раніца”: “У раёне Маладзечна некаторыя палкі самавольна сыходзяць з пазіцый у тыл, дзе рабуюць мірных жыхароў. Учора мы арыштавалі каля 10 тыс. салдат каўказскага грэнадзёрскага корпуса… Папаўненне разбягаецца. Каманда сапёраў, якая складалася са 150 чалавек, не даходзячы да пярэдняй лініі тысячы крокаў, разбеглася як дзікія зайцы. Засталіся толькі два афіцэры… Тое самае адбылося з іншымі палкамі. Ударны батальён просіць падмацавання, а падмацаванне разбягаецца ў тыл”[40]. Агулам з Рэвалюцыйнай арміі свабоднай Расіі за няпоўны год яе існавання сышло да 2 млн узброеных чалавек. Толькі невялікая іх частка вярнулася да мірнай працы, большасць займалася рабаўніцтвам і тэрарызавала мясцовае насельніцтва. Дэзерціры значна паспрыялі рэвалюцызацыі вёскі, абуджэнню ў сялян старажытных анархічных інстынктаў.

Напрыклад, жыхары мястэчка Гарадзец Рагачоўскага павета абралі старшынёй валасной зямельнай управы дэзерціра Снігірова. Той разагнаў усіх законна абраных прадстаўнікоў мясцовай улады, пасля чаго пачаў раздаваць бяднейшым жыхарам землі буйных землеўласнікаў. Спроба Рагачоўскага савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў арыштаваць Снігірова не скончылася нічым, бо на яго абарону сталі мясцовыя жыхары. Для нейтралізацыі дэзерціра спатрэбілася правядзенне спецаперацыі з прыцягненнем сіл рагачоўскай павятовай міліцыі[41].

Па-іншаму, як з’яву выключна негатыўную, што разбэшчвала мясцовае насельніцтва, ацэньваў дэзерцірства карэспандэнт газеты “Магілёўскае жыццё” з Нічыпараўскай воласці Горацкага павета. Ён, у прыватнасці, пісаў: “З’яўленне салдат з фронту ўнушае ўсім нянавісць, падазронасць, але з-за боязі да іх фармальна ставяцца як да абаронцаў. Шмат іх па вёсках: у Даманах да 50 налічваюць, а ў Пудоўні і Заходах, кажуць, амаль усе па хатах жывуць адкрыта. Старастам быў загад даносіць, але яны баяцца за сябе, за дзяцей, за хаты і маўчаць, праклінаючы іх у душы”[42].

Дэзерціры хаваліся ад вайсковай службы не толькі ў вясковай глушы. Некаторыя з іх наймаліся на працу ў беларускіх губернскіх гарадах у якасці рознарабочых, конюхаў, хатняй прыслугі. Гараджане, не абцяжараныя прававой свядомасцю і высокімі маральнымі якасцямі, з задавальненнем наймалі дэзерціраў, бо праца тых, хто знаходзіўся на нелегальным становішчы, каштавала менш. Да таго ж дэзерціры не маглі абараняць уласныя правы, у адрозненне ад легальных наёмных работнікаў, якія ў той час актыўна самаарганізоўваліся ў прафесійныя саюзы[43].

Пераўтварэнне дэзерцірства ў масавую з’яву непазбежна пагаршала крымінальную сітуацыю на прыфрантавых тэрыторыях. Частка сялян у шынялях, адарваных ад уласных абшчын, сям’і, сваякоў, разам з імі губляла на фронце сацыяльныя табу, якія рэгулявалі іх паводзіны ў традыцыйным аграрным грамадстве. Адсутнасць традыцыйных сацыяльных кантралёраў разам з уздзеяннем на непісьменную салдацкую масу агітатараў-сацыялістаў стварала ілюзію ўсёдазволенасці.

30 верасня 1917 г. трое дэзерціраў абрабавалі хутар А. М. Кажамякіна, што знаходзіўся за сем вёрстах ад Гомеля, захапіўшы ў закладнікі жонку гаспадара[44]. У Дрысенскім павеце Віцебскай губерні дэзерцір Дзядун арганізаваў крымінальную групу ў складзе 11 салдат, якая штоноч нападала на дамы заможных гаспадароў, забіраючы ў іх скаціну, хлеб, грошы, адзенне і інш.[45]. 14 чэрвеня міліцыя затрымала на месцы злачынства банду чыгуначных злодзеяў-дэзерціраў на станцыі Гомель Лібава-Роменскай чыгункі[46]. У ноч з 28 на 29 верасня група, што складалася прыблізна з 30 узброеных збеглых з пазіцый салдат, на працягу трох гадзін рабавала маёнтак Борхаў Гомельскага павета, які належаў І. А. Крушэўскаму. Гэтае злачынства вылучалася надзвычай добрай арганізацыяй – напярэдадні была праведзена выведка, перарэзаны тэлефонны кабель, расстаўлены каравул, падрыхтаваны транспарт для вывазу нарабаванага[47].

Адным з распаўсюджаных спосабаў ухілення ад службы ў Рэвалюцыйнай арміі былі сімуляцыя, членашкодніцтва, выраб фальшывых медычных дакументаў, а таксама ўцёкі са шпіталяў. Але гэты “медычны” шлях уцёкаў з войска не заўсёды вёў на волю. Так, 13 чэрвеня гомельская міліцыя затрымала салдата, які дэзерціраваў з мясцовага шпіталя Чырвонага Крыжа, прыхапіўшы гаманец аднаго з санітараў. Затрыманы быў дастаўлены для высвятлення абставін уцёкаў у шпіталь, дзе яго, нягледзячы на пратэсты міліцыянераў, санітары збілі да непрытомнасці[48].

У барацьбе з такой небяспечнай з’явай, як дэзерцірства, армейскае камандаванне Заходняга фронту спрабавала спалучаць метады прымусу і тлумачэння. Перавага аддавалася апошняму метаду. Так, на сустрэчах з салдатамі Вярхоўны галоўнакамандуючы Рэвалюцыйнай арміі М. В. Аляксееў на пытанне “Чаму не расстрэльваюць дэзерціраў?” нязменна адказваў: “Тым, хто адмовіўся абараняць Радзіму, трэба тлумачыць шкоднасць іх паводзінаў”[49].

Перыяд з 14 траўня да 14 чэрвеня быў абвешчаны месячнікам добраахвотнага вяртання ў войска без пакарання збеглых салдат. Пры гэтым камандаванне ў сваім звароце нагадвала тым, хто не збіраўся вяртацца ў войска па сваёй волі, што, паводле законаў новай улады, іх чакае ад 8 да 24 гадоў катаргі. Вынікі месячніка былі даволі сціплыя – да сярэдзіны чэрвеня на Заходні фронт вярнулася 9536 чалавек[50].

Адначасова 28–29 траўня вайсковае камандаванне разам з мінскай міліцыяй правяло масавую аблаву на дэзерціраў у грамадскіх месцах – у рэстаранах, кавярнях, кінематографах, а таксама на трэку. У выніку гэтага мерапрыемства ў ваенную камендатуру было адпраўлена больш за 150 салдат, якія пакінулі баявыя пазіцыі без дазволу камандзіраў. За законнасцю затрыманняў назіралі члены Гарадской думы і Мінскага савета, якіх можна было пазнаць па чырвоных павязках на рукавах. 30 ліпеня – 1 жніўня ў Мінску прайшла яшчэ адна больш маштабная аблава на дэзерціраў, для ўдзелу ў якой з фронту выклікалі 900 сібірскіх стралкоў і казакоў. У выніку рэалізацыі распрацаванага міліцыяй плана 60 сумесных міліцэйска-вайсковых атрадаў затрымалі каля тысячы дэзерціраў. Да кожнага з атрадаў быў прыкамандзіраваны прадстаўнік савета або франтавога камітэта, з затрыманых здымалі паказанні прадстаўнікі пракуратуры[51].

У Магілёве да рэгулярных аблаў на дэзерціраў прыцягваўся Георгіеўскі батальён, у непасрэдныя абавязкі якога ўваходзіла ахова Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага. На думку мясцовых цывільных уладаў, эфектыўнасць дзеянняў “георгіеўцаў” павінен быў павысіць штраф памерам 500 рублёў для тых, хто хаваў уцекачоў[52]. Падобныя захады з падобным вельмі абмежаваным поспехам праводзілі вайсковыя і цывільныя ўлады ў Віцебску[53] і Полацку. Для ўтаймавання хваляванняў на гомельскім размеркавальным пункце, дзе фармаваліся маршавыя роты для адпраўкі на фронт, камандаванню давялося выклікаць казакоў і драгун. Навабранцы наладзілі антываенны мітынг, збілі прадстаўнікоў франтавога камітэта і спрабавалі ўчыніць у Гомелі пагром. Вярнуліся яны ў казармы толькі пад пагрозай выкарыстання супраць іх зброі[54].

Часам дзеянні тых, хто змагаўся з дэзерцірамі, набывалі камічны характар. Так, у чэрвені ў Гомельскі савет з’явіліся са скаргай бацькі братоў Айзенштэйнаў, якія напярэдадні былі арыштаваны сумесным вайскова-міліцэйскім патрулём і праз размеркавальны пункт накіраваны на перадавую лінію на Заходні фронт. Адпаведна дакументам, якія паказалі бацькі затрыманых хлопцаў, аднаму з іх было 16 гадоў, другому – 17, трэці меў “белы білет”, які вызваляў яго ад службы ў войску[55].

Нягледзячы на ўсе пералічаныя захады, плынь дэзерціраў з Заходняга фронту спыніць было ўжо немагчыма. Пасля падзення Часовага ўрада крымінальныя дзеянні дэзерціраў, якія ў вачах сялян, што іх падтрымалі, разумеліся як акты ўзнаўлення сацыяльнай і маёмаснай справядлівасці, набылі масавы характар. Ананімны аўтар паведамляў у рэдакцыю газеты “Вольная Беларусь” пра разгромленыя і спаленыя дэзерцірамі на пачатку лістапада маёнткі Глінін, Слабодка, Зарэчча, Лісін, Бараўляны, Бузонкі, Казімірава, Скуплін на Барысаўшчыне, Грушына, Калюжніца, Крушчына, Камокі на Ігуменшчыне, Труханы на Наваградчыне, Тарахомск на Піншчыне, Малева, Альба і Робертава каля Нясвіжа. 5 лістапада салдаты і сяляне разграмілі маёнтак Нарцэвічы на Ігуменшчыне, які належаў графу Чапскаму. 9 лістапада былі разрабаваны маёнткі Манькавічы князя Радзівіла і Лунін князя Друцкага-Любецкага. У некаторых выпадках пагромы заканчваліся гвалтам над гаспадарамі. Аўтар нататкі адзначаў, што беларускі селянін сам не адважыўся б на падобныя ўчынкі. “Прышлы элемент з Волагды, Вяткі, Кастрамы і іншых мясцін усялякімі абяцанкамі верадуюць маласвядомыя, а то і саўсім несвядомыя масы”[56].

Падобны рамантычны погляд на беларускае сялянства абвяргала само жыццё. Дэзерціры, безумоўна, правакавалі сялян на гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да былых абшарнікаў, але не былі іх адзіным чыннікам. Больш за тое, пад час перадзелу зямлі сяляне ўжывалі гвалт не толькі ў адносінах да гаспадароў захопленай маёмасці, але і ў адносінах адзін да аднаго. Найбольш крывавы і працяглы канфлікт за права валодаць 18 дзесяцінамі захопленай зямлі пана Навакоўскага паўстаў паміж сялянамі трох навакольных вёсак Невельскага павета Віцебскай губерні. У яго выніку на працягу лета 1917 г. 14 сялян было забіта, 36 засталіся інвалідамі, 70 атрымалі лёгкія раненні[57]. Крывавыя канфлікты правакавалі таксама дзеянні найбяднейшых сялян, якія захоплівалі землі, што належалі іх заможным аднавяскоўцам.

Злачыннасць традыцыйна была адной з найбольш запатрабаваных чытачом тэм перыядычнага друку. У разгляданы час назіралася рэзкае павелічэнне артыкулаў і нататак пра забойствы, рабаўніцтва, крадзяжы, суб’ектамі і аб’ектамі якіх рабіліся вайскоўцы. Ва ўмовах рэзкага падзення дысцыпліны ў Рэвалюцыйнай арміі свабоднай Расіі вельмі пашырылася марадзёрства – ваеннае злачынства, якое традыцыйна прадугледжвае жорсткае пакаранне аж да расстрэлу. Многія салдаты ішлі на гэтае злачынства не пад уплывам цяжкіх жыццёвых абставінаў[58], а з-за адсутнасці перспектывы непазбежнай расплаты. Часта дзеянні марадзёраў мелі наіўна-дзіцячы характар з трагічным фіналам. Так, у пачатку верасня каля в. Макулеўшчызна салдаты, нягледзячы на забарону афіцэраў, пачалі разбіраць на сувеніры збіты нямецкі аэраплан. Нечакана ў аэраплане выбухнула бомба, у выніку чаго 50 чалавек было паранена, 4 – забіта[59].

Мінскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, ад пачатку добра ведаючы пра праблему марадзёраў, не ішоў далей за ўгаворы і растлумачэнні: “Таварышы салдаты! На рынках Мінска многія з нашых таварышаў прадаюць розныя рэчы салдацкага абмудзіравання. Кожны з нас павінен ведаць і памятаць, што пасля звяржэння самаўладдзя ўся маёмасць, якая раней мела назву казённай, цяпер зрабілася народным здабыткам, які мы павінны зберагаць. Рускі салдат – не марадзёр. Ён грамадзянін вольнай Расіі”[60]. Як і ў Мінску, салдаты Віцебскага гарнізона былі таксама сталымі пастаўшчыкамі вайсковай маёмасці на мясцовы рынак. Канкурэнцыю ім складалі вайскоўцы з армейскіх эшалонаў[61]. У жніўні галоўнакамандуючаму Заходняга фронту генералу П. С. Балуеву далажылі аб выкрыцці групы злачынцаў, якая займалася ўвозам з Каўказа гарэлкі “арак” і вывазам з Беларусі ў адваротным кірунку скрадзенай з вайсковых складаў зброі[62]. На працягу ўсяго 1917 г. аб’ектам рабаўніцтва марадзёраў былі вагоны з прадуктамі на чыгуначных станцыях. У снежні, калі зброя, абмундзіраванне і прадукты былі ўжо прададзены, салдаты распачалі дэмантаж і продаж канструкцыйных элементаў рухомага складу, у т. л. вагонных печаў[63].

Найбольш частай ахвярай марадзёраў было цывільнае насельніцтва, якое жыло ў вясковай мясцовасці. У канцы красавіка жыхары Рэчыцкага павета былі шакаваны забойствам святара вёскі Лучына Стратановіча і яго 24-гадовай дачкі, якое здзейснілі рабаўнікі – салдаты Яфім Цароў і Сямён Мармозаў[64]. У ноч на 7 ліпеня гаспадары фальварка Курасоўшчына пад Мінскам пад дулам рэвальвера мусілі аддаць тром салдатам усю наяўнасць у памеры 700 рублёў[65]. Жахлівая трагедыя адбылася ў ноч на 22 ліпеня ў маёнтку Анелева, які знаходзіўся за 10 вёрст ад Мінска па Ігуменскім тракце. Марадзёры звязалі сям’ю гаспадароў Цераховічаў, потым сям’ю бежанцаў Суботкаў, якія ў іх кватаравалі, забралі грошы і каштоўныя рэчы, а перад тым як з’ехаць, засеклі ўсіх шашкамі[66].

З сярэдзіны лета 1917 г. асмялелыя марадзёры распачалі крымінальны тэрор супраць насельніцтва беларускіх гарадоў. Так, 8 ліпеня ў кватэру ўладальніка лазняў мінчаніна Райнеса ўварваліся салдаты мясцовай матацыклетнай каманды і пачалі ператрус, шукаючы грошы і каштоўнасці. План злачынства парушыла жонка гаспадара, якая паклікала на дапамогу суседзяў. Жыхары 2-га Семінарскага завулка не толькі выратавалі сям’ю Райнесаў, але і забілі аднаго з марадзёрам яго ж кінжалам[67]. Сям’і мінчан Мікулёнкаў, якія жылі на Правадной вуліцы, таксама пашанцавала. 14 ліпеня да іх уварвалася група марадзёраў, куды ўваходзіла некалькі малодшых афіцэраў, але злодзеі мусілі збегчы пры набліжэнні міліцыі[68]. Стралянінай скончыўся напад марадзёраў 15 жніўня на адну з заможных кватэр на Мільённай вуліцы ў Гомелі. Гаспадар кватэры – штабс-капітан Шпіркан, які нечакана вярнуўся дамоў, аказаў моцны супраціў пяцярым рабаўнікам, у выніку чаго адзін з іх быў паранены[69]. 27 верасня марадзёры ўчынілі ў Магілёве дзёрзкі налёт на кватэру адстаўнога палкоўніка Гіжыцкага па Капітанаўскай вуліцы[70].

Увосень 1917 г. мясцовыя гарадскія ўлады з мэтай барацьбы з марадзёрамі, напады якіх рабіліся ўсё больш частымі, былі вымушаны звярнуцца да вайсковага камандавання з просьбай дапамагчы ў справе аховы цывільнага насельніцтва. Неўзабаве ў гарады Беларусі накіравалі вайскоўцаў з нешматлікіх кавалерыйскіх і артылерыйскіх падраздзяленняў, дзе яшчэ захавалася дысцыпліна. Яны ўвайшлі ў склад сумесных ваенна-міліцэйскіх патрулёў. У Бабруйску гэтыя патрулі спынілі ўжо пачаты 1 кастрычніка яўрэйскі пагром, да якога актыўна далучыліся салдаты[71]. У Гомелі, дзе на размеркавальным пункце знаходзілася вялікая колькасць вайскоўцаў, за парадкам разам з міліцыяй сачыў атрад драгун[72].

Беларусь у 1917 г. уяўляла сабой тэрыторыю гвалту, прычым апошні выйшаў за межы ўзброенага ваеннага канфлікту, які адбываўся на лініі фронту і быў рэгламентаваны правіламі вядзення вайны. Тэрыторыя гвалту пашырылася за кошт прыфрантавой зоны, дзе ў канфліктных сітуацыях пачалі ўдзельнічаць ваенныя і цывільныя ўзброеныя бакі. Імі рухалі розныя сацыяльна-палітычныя, этнічныя, рэлігійныя, нарэшце і крымінальныя мэты.

Пазазаконны гвалт, у тым ліку ў выглядзе самасуду, паступова набываў статус нормы ў адносінах паміж ваеннымі Рэвалюцыйнай арміі. Напрыклад, салдаты Мінскага гарнізона, перш чым перадаць злоўленага калегу-злодзея ваенна-следчым органам, практыкавалі яго фізічнае пакаранне ў выглядзе аднаго ўдару ад кожнага салдата роты[73]. Аднак большасць выпадкаў пазазаконнага гвалту ў войску мела сацыяльную, класавую глебу, іх удзельнікамі з аднаго боку былі салдаты, з другога – афіцэры. Адзін з падобных канфліктаў адбыўся напрыканцы ліпеня ў Калінкавічах паміж салдатамі вайсковага эшалона і маладымі афіцэрамі братамі Абрамчукамі, якія прыехалі дамоў на адпачынак з фронту. У адказ на заўвагу і просьбу не рваць яблыкі ў садзе Абрамчукоў салдаты адсеклі шашкай галаву аднаму з братоў[74]. Увечары 4 кастрычніка каля 300 салдат узялі ў аблогу магілёўскі гатэль “Кантынент” з мэтай помсты афіцэру, які ўдарыў іх таварыша. Пасланы камендантам горада да гатэля нарад георгіеўскіх кавалераў выратаваў афіцэра толькі пасля яго моцнага збівання раз’юшанымі “ніжнімі чынамі”[75]. У той жа дзень салдаты акружылі бабруйскі вайсковы шпіталь, каб адпомсціць падпаручніку, які абразіў санітара. Аблога скончылася зверскім забойствам – параненага афіцэра закідалі камянямі[76]. 7 чэрвеня наведвальнікі віцебскага рэстарана “Ялагі” былі сведкамі сцэны, калі шараговец схапіў паручніка за горла, зрабіў некалькі стрэлаў у паветра і, паабяцаўшы забіць яго ў бліжэйшы час, павольна сышоў[77].

Значная частка ўзброенага гвалту ў прыфрантавой зоне выходзіла за межы канфрантацыі паміж вайскоўцамі і была накіравана супраць цывільнага насельніцтва. Прыкладам падобных гвалтоўных дзеянняў можа быць інцыдэнт 25 траўня на станцыі Замір’е вакол тэндэра вайсковага эшалона, які сышоў з рэек. Угледзеўшы ў аварыі злы намер, салдаты спачатку накіравалі на станцыю кулямёты, а потым, уварваўшыся ў хату чыгуначнага майстра, пачалі яго збіваць. Майстра, ужо без аднаго вока, выратаваў мясцовы доктар, які прыбег на выратаванне суседа з уласнай зброяй[78].

Атмасферу, што панавала тым часам на вуліцах прыфрантавога Мінска, перадае наступная нататка, якая з’явілася на старонках газеты “Варшаўская раніца”: “23 чэрвеня позна ўвечары казацкі афіцэр выйшаў нападпітку са сталоўкі па Багадзельнай і рассек шашкай твар дзяўчыне, якая ішла па вуліцы па сваіх справах. Параненая дзяўчына накіравана ў шпіталь”[79].

Вайскоўцы з задавальненнем бралі на сябе функцыі цывільных судова-следчых органаў. Так, самасудам скончылася затрыманне зняволеных, якія ў верасні ўцяклі з бабруйскай турмы. Пакліканыя міліцыяй на дапамогу, салдаты мясцовага гарнізона па дарозе ў турму “запаролі злоўленых зняволеных штыкамі”[80]. 21 кастрычніка натоўп салдат уварваўся ў камісарыят чыгуначнай міліцыі Магілёва і, нягледзячы на пратэсты міліцыянераў, выцягнуў злодзея, які абрабаваў вайскоўца, пасля чаго зверскі яго збіў[81]. Увечары 19 лістапада невядомы салдат з крыкам “Дайце хоць некалькі тысяч рублёў!” пачаў ламаць дзверы ў Гомельскім аддзяленні Віленскага банка. Выкліканая міліцыя арыштавала хулігана, але неўзабаве адпусціла пад ціскам таварышаў арыштаванага[82].

Канцэнтрацыя ў Мінску вялікай колькасці тылавых арганізацый з уласным аўтатранспартам правакавала ў горадзе, планіроўка якога не была разлічана на хуткасны рух, шматлікія аўтаздарэнні. Пра іх рэгулярна паведамлялі газеты: “6 жніўня на рагу Захар’еўскай і Губернатарскай ваеннае аўто наехала на Еўдакію Семянюк і перарэзала ёй ногі”, “9 жніўня матацыкліст № 210, які праязджаў па вуліцы Глухой, наскочыў на воз – конь забіты, фурман Зільберштэйн цяжка паранены”, “11 жніўня на Захар’еўскай вуліцы аўтамабіль Чырвонага Крыжа наскочыў на 15-гадовага Язэпа Азаркевіча, зрабіў яму цяжкія пашкоджанні, ад якіх той сканаў у яўрэйскім шпіталі”[83].

Ахвярамі гвалту з боку вайскоўцаў былі не толькі людзі. Цярпелі і гісторыка-культурныя каштоўнасці. Падобныя дзеянні не мелі рацыянальнага зерня і мелі характар помсты апранутых у шынялі сялян абшарнікам за стагоддзі прыгнёту і прыніжэнняў. Як гэта ні парадаксальна, але першай па часе падобнай ахвярай рэвалюцыйных салдат стаў манумент на плошчы Свабоды ў Мінску – помнік імператару Аляксандру ІІ, які адмяніў прыгоннае права. Неўзабаве скульптурныя выявы гэтага цара, якія ў вялікай колькасці тыражаваліся па ўсёй былой імперыі, зніклі і ў іншых беларускіх гарадах. Напрыклад, у Смілавічах помнік Аляксандру ІІ скінула “этапная рота”[84].

Падобны ірацыянальны характар мелі дзеянні “шайкі салдат”, якія ў лістападзе разграмілі маёнткі Даўцэвічы і Панятоўшчына каля Гарадка Віцебскай губерні. “Усе дарагія рэчы ламалі і грабілі: фортэпьян, каштоўныя люстры, маганёвыя шкапы, сталы і камоды, пасекшы, злажылі на дварэ і, абліўшы газаю, падпалілі”[85]. У тэлеграме, дасланай міністру-старшыні А. Ф. Керанскаму, Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму Л. Г. Карнілаву і адміністратару Магілёўскай архіепархіі Я. Цепляку, ксёндз-пробашч Місевіч наступным чынам скардзіўся на вандалізм, здзейснены салдатамі, што кватаравалі ў касцёле св. Дзевы Марыі ў вёсцы Гарадзішча Пінскага павета: “Вокны пабіты, рэліквіі святых украдзены, фісгармонія разбіта на дробныя кусочкі, крыж і аўтарныя ліхтары паломаны, антымінс знайшоўся ў садзі без святошчаў, якія выняты, гіпсавая фігура святога папсавана, у закрыстыі выкручаны замкі з шафаў, усе рэчы пакрадзены на хорах, на фрэсках напісаны імёны, прозвішча, розныя выразы, партрэт фундатара п. Ольшамоўскага паколаты”[86].

Напярэдадні Першай сусветнай вайны быў выдадзены ўказ аб забароне вытворчасці і продажу усіх відаў алкагольнай прадукцыі на тэрыторыі Расійскай імперыі. Нягледзячы на станоўчыя вынікі гэтага захаду, ён меў таксама адмоўныя наступствы ў выглядзе таемнага самагонаварэння, спажывання сурагатаў, атручвання імі, а таксама шматлікіх парушэнняў сухога закону ў дзейнай арміі. У 1917 г. алкаголь зрабіўся звычайным атрыбутам вайсковай паўсядзённасці дзякуючы індустрыі самагонаварэння і ачыстцы дэнатураванага спірту, у чым удзельнічала ўсё прыфрантавое вясковае насельніцтва, нават дзеці.

Звышзаробкі пераважалі боязь пакарання. Пры двухрублёвым сабекошце бутэлькі самагону яна прадавалася па значна вышэйшых коштах. Вышэйшы гатунак або “крышталізацыя” каштавала 28 рублёў за бутэльку, другі гатунак каштаваў ад 8 да 20 рублёў, найтаннейшую “ханжу” можна было набыць за 5 рублёў. Акрамя самагону сяляне прадавалі салдатам дзевяностаадсоткавы спірт па 50 рублёў за бутэльку. Пры цвёрдых дзяржаўных закупачных цэнах на збожжа, якія вагаліся ў памерах 6–8 рублёў, вытворцы самагону давалі сялянам 25–30 рублёў за пуд. Толькі ў адным Веліжскім павеце на выраб самагону ў сярэднім за месяц ішло да тысячы пудоў жыта, што адпавядала яго месячнаму спажыванню шасцю тысячамі сялянскіх сем’яў[87]. Сучаснік канстатаваў: “Моцна п’е вёска, тое самае адбываецца ў войску… не шкадуюць аддаць апошнія грошы за спірт або самагонку”[88].

Масавае п’янства было найбольш простым і даступным спосабам зняць баявы стрэс у дзейнай арміі. Газеты рэгулярна змяшчалі паведамленні пра непрыемныя здарэнні, у якія траплялі вайскоўцы пасля спажывання алкаголю. Так, 27 чэрвеня віцебская чыгуначная міліцыя затрымала і склала пратакол на “зусім п’янага” ваеннага святара 45-й артбрыгады Уладзіміра Бокава[89]. Праз месяц на віцебскім вакзале затрымалі і даставілі да ваеннага каменданта дваіх п’яных салдат з германскімі тапаграфічнымі картамі і некаторымі іншымі рэчамі нямецкай вытворчасці[90]. У ноч на 2 кастрычніка гомельскія міліцыянеры знайшлі на вуліцы ў непрытомным стане 18-гадовага навабранца Дзям’яна Сапучэнкава, які неўзабаве сканаў ад атручвання дэнатуратам[91]. Перыядычна міліцыя выкрывала наладжаныя салдатамі падпольныя бровары. Адзін з іх дзейнічаў на беразе возера Шапар у Нова-Беліцы Гомельскага павета[92].

Салдаты вялі сапраўднае паляванне на чыгуначныя цыстэрны са спіртам, якія ішлі на фронт для медычных і тэхнічных патрэб. Яны накідваліся на знойдзеную цыстэрну паасобку, ротамі, палкамі, адстойваючы сваё права на яе штыкамі і кулямётамі. Узброеныя інцыдэнты вакол грузаў, дзе змяшчаўся спірт, адбываліся на таварных станцыях у Мінску, Бабруйску, Оршы, Гомелі і інш. У сувязі з павелічэннем іх колькасці кіраўніцтва Рыга-Арлоўскай чыгункі ў канцы 1917 г. разаслала па ўсіх сваіх аддзяленнях тэлеграму, якая забараняла чыгуначнікам “указваць салдатам на цыстэрны са спіртам і падобныя грузы”[93].

Новай небяспечнай з’явай, з якой сутыкнулася камандаванне Рэвалюцыйнай арміі свабоднай Расіі, былі п’яныя салдацкія пагромы, якія спалучаліся з вандалізмам і гвалтам, перш за ўсё ў дачыненні да мірнага насельніцтва. Часта вызваленая “рэвалюцыйная стыхія” салдацкай масы была накіравана на армейскія склады са спіртам і прыватныя вінныя склепы. Частка вайсковых падраздзяленняў, якіх пасылалі спыніць п’яны пагром, з ахвотаю далучалася да пагромшчыкаў.

Адзін з найбуйнейшых п’яных пагромаў адбываўся ў Мірскім замку на працягу трох дзён, з 9 да 11 траўня 1917 г. Зачэпкай стала знаходка 3 тыс. пудоў збожжа, схаваных у маёнтку Чырвоная Горка, блізу Міра, які належаў князю М. М. Святаполк-Мірскаму. Раскватараваныя ў мястэчку салдаты запасных батальёнаў, што знайшлі тое збожжа, пусцілі чуткі пра запасы ў замку хлеба і зброі, нібыта падрыхтаваныя князем для немцаў. Неўзабаве ў Мірскі замак уварваліся раз’юшаныя “здрадай” салдаты. Першым аб’ектам іх “помсты” стала знойдзенае ў скляпеннях віно і старка. Пасля спусташэння запасаў алкаголю пачаўся пагром – былі знішчаны старажытная бібліятэка, карцінная галерэя, мэбля, а таксама прадметы інтэр’еру. Пачаўся пажар. “Сярод п’яных былі цвярозыя, якія метадычна абыходзілі пакоі і прапаноўвалі знішчыць усё, што было ў замку”[94].

Падобны сцэнар мелі шматлікія п’яныя пагромы, што ладзілі вайскоўцы ў іншых прыватнаўласніцкіх маёнтках Беларусі. Напрыклад, неўзабаве пасля падзей у Міры адбыўся п’яны пагром у рэзідэнцыі Хелхоўскіх, якая знаходзілася “на мяжы Віленскай і Мінскай губерняў”. Яго справакавала знаходка казакамі замураванага віннага склепа, дзе захоўвалася больш як 200 вёдзер старкі і 100 вёдзер мёду. Пад час знаходжання казакоў у маёнтку загінула каштоўная бібліятэка, якую збіралі некалькі пакаленняў уладальнікаў. Разлагальнае ўздзеянне п’яных пагромаў на войска разумела камандаванне Заходняга фронту. Пра гэта сведчыць загад па 2-й арміі фронту, паводле якога запасы алкаголю ў прыватнаўласніцкіх маёнтках у прыфрантавой зоне павінны былі бязлітасна знішчацца[95].

Першая сусветная вайна паўплывала на пераасэнсаванне традыцыйных поглядаў на гендэр, сексуальныя паводзіны людзей. Мабілізацыі, бежанства, доўгатэрміновае размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі вялікіх вайсковых кантынгентаў прывялі да размывання традыцыйных уяўленняў пра секс і мараль. Лютаўская рэвалюцыя выклікала далейшую дэзарганізацыю сямейных і маральных каштоўнасцяў, павелічэнне пазасямейнай арыентацыі, а таксама дэструкцыю формаў сацыяльнага кантролю за сексуальнасцю. Неўпарадкаваныя сексуальныя сувязі з прастытуткамі, бежанкамі, сёстрамі міласэрнасці, жыхаркамі прыфрантавой зоны сталі масавай з’явай у Рэвалюцыйнай арміі.

Спажывецка-пагардлівае стаўленне да жанчын (перш за ўсё сёстраў міласэрнасці) з боку вайскоўцаў было галоўнай прычынай іх масавага сыходу з фронту летам 1917 г.[96]. У салдатаў сёстры міласэрнасці часта выклікалі раздражненне, бо яны былі даступныя пераважна для афіцэраў. Газетныя публікацыі на тэму ўзаемаадносінаў салдат і медсёстраў таксама не надавалі аптымізму апошнім. Так, у ноч з 24 на 25 чэрвеня добраахвотнікі ўдарнага батальёна смерці на чале з яго камандзірам здзейснілі групавое згвалтаванне шасці магіляўчанак ва ўзросце ад 16 да 20 гадоў. Напярэдадні на дабрачыннай вечарыне дзяўчаты пагадзіліся ўступіць у батальён сёстрамі міласэрнасці пры ўмове, што да іх будуць ставіцца “не як да жанчын, а да таварышаў”[97].

Некаторыя салдаты, пераважна тылавых падраздзяленняў, не схільныя да гвалту або набыцця “кахання” за грошы, завялі сужыцелек у прыфрантавой зоне. Але і ў гэтым выпадку традыцыйныя шлюбныя адносіны хутчэй імітаваліся, часта яны набывалі крымінальны характар або заканчваліся зваротам у праваахоўныя органы. Напрыклад, летам 1917 г. у мястэчку Насовічы Гомельскага павета салдат Раман Вільгун разам з сужыцелькай Марыяй Кроцікавай утварыў злачынную групу, якая займалася рабаўніцтвам на дарогах[98]. Сужыццё гамяльчанкі Еўфрасінні Касцюк з салдатам Самуілам Дронавым скончылася знікненнем апошняга на платформе вакзала, адкуль пара мусіла ехаць вянчацца да яго бацькоў. Перад знікненнем салдат забраў у жанчыны сабраныя на вяселле 1,5 тыс. рублёў[99].

Неўпарадкаваныя сексуальныя сувязі спрыялі павелічэнню колькасці венерычных захворванняў, з якімі па ступені распаўсюджанасці на фронце канкуравалі толькі дызентэрыя і тыф. Праблема пашырэння венерычных хваробаў сярод жыхароў Мінска, а таксама вайсковых чыноў абмяркоўвалася ў чэрвені на пасяджэнні ваенна-санітарнай камісіі Мінскай ваеннай акругі. Удзельнікі пасяджэння канстатавалі, што галоўным месцам канцэнтрацыі публічных дамоў у Мінску была вуліца Нова-Чырвоная, дзе амаль кожную ноч адбываліся скандалы і бойкі з удзелам салдат. У якасці сродкаў барацьбы з гэтай негатыўнай з’явай называліся: узмацненне кантролю за прастытуцыяй у горадзе, а таксама адкрыццё новых шпіталяў і амбулаторый для “венерыкаў”[100]. 18–19 чэрвеня ў Мінску адбыўся з’езд урачоў-венеролагаў Заходняга фронту, на якім таксама падкрэслівалася неабходнасць пашырэння медычнай дапамогі венерычным хворым[101].

Другім непрадказальным наступствам сексуальных кантактаў вайскоўцаў з мясцовым насельніцтвам было рэзкае павелічэнне колькасці адзінокіх маці, не здольных утрымліваць дзіця. У 1917 г. выгляд кінутага ля ўваходу ў розныя дзяржаўныя ўстановы немаўляці ўжо не надта здзіўляў жыхароў беларускіх гарадоў. Падобныя шматлікія выпадкі абыякава фіксавала прэса: «5 чэрвеня а 12-й гадзіне ночы на Задунаўскай вуліцы на ганку банка землеўласнікаў знойдзена немаўля з запіскай: “Ахрышчана імем Ганна, салдацкае дзіця”. Адпраўлена ў прытулак падкідышаў па Спаскай вуліцы, 3»[102].

Ва ўмовах павольнага затухання пазіцыйнай вайны ў салдат Рэвалюцыйнай арміі было шмат вольнага часу, які яны бавілі па рознаму – чыталі газеты, што дастаўлялі вайсковыя камітэты, глядзелі фільмы ў арганізаваных Усерасійскім земскім саюзам перасоўных франтавых кінатэатрах. Прыкметай новага часу было з’яўленне ў ліпені ў памяшканні віцебскай Талмуд-торы салдацкага клуба, на адкрыцці якога “прысутнічала шмат дам”[103]. Адным з найбольш папулярных спосабаў баўлення вольнага часу і адначасова зняцця выкліканага вайной траўматычнага стрэсу былі азартныя гульні. Апошнія перыядычна рабіліся аб’ектам крытыкі на старонках афіцыйнага перыядычнага выдання камандавання Заходняга фронту: “Раней салдат атрымліваў 75 капеек. Цяпер 7 рублёў 50 капеек. Але запытайце, куды ён гэтыя грошы падзеў? А вось куды – прайграў у карты. Купіць тут няма чаго. Куды іх дзець? Як толькі атрымаюць грошы, адразу ж з’яўляецца шмат гульцоў, нават не хапае месцаў. Хутка гуляюць ужо ледзь не ўсе. Грошы сабраны ў некалькі рук і гульня ідзе ўжо зусім іншая. Напрыканцы двое-трое салдат, якія выйгралі, усе грошы адпраўляюць дамоў. Ёсць такія, хто прайграў па 800 і па 1000 рублёў”[104]. Найбольш распаўсюджанай сярод салдат картачнай гульнёй была “бакара”, што прыйшла ў той час з Францыі (у расійскім варыянце “жалезка”), якая дазваляла шмат выйграць і ў той жа час шмат прайграць.

Нярэдка жыхары прыфрантавой зоны былі сведкамі выпадкаў суіцыду як выніку цяжкага псіхалагічнага стану вайскоўцаў, дэпрэсіі, выкліканай працяглай вайной. “У маёй смерці прашу нікога не вінаваціць. Крывавая вайна страшэнна надакучыла. Прашу добрых грамадзян пахаваць мяне на гарадскіх могілках”, – такі апошні запіс у сваім нататніку зрабіў унтэр-афіцэр Зімін, труп якога з рэвальверам у руцэ быў знойдзены ў чэрвені на лаўцы ў мінскім гарадскім садзе[105]. Неўзабаве ў Мінску ў шпіталі Чырвонага Крыжа застрэліўся прапаршчык Гунін[106]. 12 ліпеня ў мінскіх збройных майстэрнях застрэліўся пісар Якаў Вальін[107]. Раніцай 9 жніўня суседзі па доме знайшлі цела ваеннага чыноўніка Гардзеева, які перарэзаў сабе шашкай горла[108].

Трохгадовыя баявыя дзеянні не спрыялі ўмацаванню сямейных сувязяў яе ўдзельнікаў і ўплывалі на псіхалагічны стан іх сваякоў. Пра гэты псіхалагічны стан сведчыць учынак 18-гадовай жонкі афіцэра-франтавіка Цігбанава, якая 8 траўня ў Гомелі стрэліла сабе ў сэрца з кавалерыйскага карабіна[109]. Некаторыя з прадстаўнікоў афіцэрскага корпуса вырашаліся на апошні крок, бо псіхалагічна не маглі вытрымаць развалу былой імператарскай арміі. Так, 2 красавіка Заходні фронт абляцела навіна пра самазабойства камандзіра 2-га Каўказскага корпуса генерал-лейтэнанта У. В. Бенескула. Публічнае самагубства як апошні спосаб утрымаць дысцыпліну сярод салдат выкарыстаў у Гомелі начальнік ваеннага эшалона прапаршчык Цярэшчанка[110]. Летам 1917 г. штодня павялічвалася не толькі колькасць інвалідаў вайны (у верасні толькі ў Мінску іх было каля 6 тысяч[111]), але і колькасць псіхічна хворых, у тым ліку вайскоўцаў, якія паступалі ў адпаведнае аддзяленне мінскага губернскага земскага шпіталя. У сярэдзіне чэрвеня іх агульная лічба склала 148 чалавек[112].

Увосень 1917 г. баявыя дзеянні на Заходнім фронце сцішыліся (апошнія баі адбыліся 26 і 31 кастрычніка) і зусім спыніліся пасля бальшавіцкага перавароту. На працягу лістапада асобныя падраздзяленні фронту – палкі, дывізіі, карпусы заключалі лакальныя перамір’і з праціўнікам. 23 лістапада было падпісана агульнае франтавое перамір’е ў Солах, якое дзейнічала да 2 снежня, калі ў Скоках пад Брэст-Літоўскам бакі пагадзіліся на 28-дзённае перамір’е па ўсім руска-германскім фронце.

Два апошнія мірныя месяцы 1917 года на Заходнім фронце характарызаваліся перамяшчэннем вялікай колькасці людзей. Перапоўненыя вайсковыя цягнікі з дэмабілізаванымі і адпускнікамі рухаліся з фронту на ўсход, пераважна ў гомельскім напрамку[113]. У адваротным кірунку ішлі бежанцы, а таксама салдаты, забраныя з Царства Польскага, Гродзенскай і Віленскай губерняў, якія безвынікова імкнуліся трапіць праз дэмаркацыйную лінію на радзіму[114]. Сама лінія фронту ўсё менш нагадвала такую. Ішоў дэмантаж артылерыі, кулямётных кропак, адпраўка вайсковых кантынгентаў у тыл. Тыя, хто засталіся, арганізавалі ўздоўж лініі фронту шматлікія гандлёва-абменныя пункты. “Немцы прадаюць галоўным чынам розныя металічныя вырабы, брытвы, гадзіннікі і іншае, у вялікай колькасці прапануюць напоі, у асноўным фруктовыя. За іх просяць харчовыя тавары і мыла. За паўфунта мыла з ахвотаю даюць брытву, дзясятак ці два сігар. Ад расійскіх папяровых грошай не адмаўляюцца”[115].

Перамір’е ніяк не паўплывала на крымінагенную сітуацыю ў прыфрантавой зоне, якая ў значнай ступені вызначалася злачынствамі, што здзяйснялі палітызаваныя салдаты Рэвалюцыйнай арміі. Ва ўмовах галоднага існавання[116] яны рэгулярна рабілі ўзброеныя начныя налёты на дамы і кватэры цывільнага насельніцтва. Шэрагі рабаўнікоў павялічвалі насельнікі гарнізонных гаўптвахт, якія, карыстаючыся безуладдзем, на агульных сходах прымалі рашэнні аб самавызваленні. У Мінску справа дайшла да таго, што рабаўнікі ў шынялях спрабавалі рабаваць службоўцаў паштова-тэлеграфнага ведамства, якія па начах рамантавалі лініі электраперадач[117]. Асобныя спробы вярнуць вайскоўцаў да палітычна нейтральных хрысціянскіх каштоўнасцяў, як гэта рабіў у сваім мінскім салдацкім клубе Амерыканскі хрысціянскі саюз маладых людзей, ва ўмовах умацавання ўлады бальшавікоў не мелі перспектывы[118].

Такім чынам, аналіз медыятэкстаў паказаў, што Рэвалюцыйная армія свабоднай Расіі паказана ў іх пераважна ў негатыўных фарбах. Жыхары прыфрантавой зоны, якія былі галоўнымі персанажамі газетных матэрыялаў і адначасова іх спажыўцамі, усё часцей бачылі ў “чалавеку са стрэльбай” крыніцу небяспекі, узброенага гвалту, агрэсіі. Запачаткаваныя салдатамі і афіцэрамі такія грамадскія ініцыятывы, як утварэнне беларусамі – салдатамі і афіцэрамі 30-га артдывізіёна “Фонду на адкрыццё вышэйшай народнай сельскагаспадарчай школы”[119] або здзейсненыя высакародныя ўчынкі, кшталту затрымання ў Мінску дваіх узброеных рабаўнікоў ваенным лётчыкам Віктарам Глінскім[120], патаналі ў віры злачыннасці, анархіі, палітычнай дэмагогіі.

Разбуральныя працэсы, якія адбываліся ў Рэвалюцыйнай арміі свабоднай Расіі, у дадзеным выпадку ў яе падраздзяленнях, што ўваходзілі ў склад Заходняга фронту, негатыўна паўплывалі на стан грамадства ва ўсходняй частцы Беларусі. Да старых імперскіх канфліктаў дадаліся новыя, якія нарадзіла рэвалюцыя. Глебу для павелічэння канфліктнасці ў грамадстве стваралі, з аднаго боку, сацыяльнае напружанне, выкліканае ваеннымі дзеяннямі, эканамічны заняпад, левы радыкальны папулізм, міграцыі; з другога – няспраўджаныя чаканні ключавых сацыяльных груп таго часу, а менавіта вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва. Разам з тым знікненне Рэвалюцыйнай арміі свабоднай Расіі стварала ўмовы для нацыянальнага ваеннага будаўніцтва, давала шанс утварыць на яе парэштках нацыянальныя арміі, у тым ліку беларускую.


[1] Гапоненко Л. С. Солдатские массы Западного фронта в борьбе за власть Советов (1917). Москва, 1953; Рудовіч С. Вайна і рэвалюцыя без гераізацыі // Acta Anniversaria. 2015. Т. 1. С. 233–241; Смольянинов М. М. Морально-боевое состояние российских войск Западного фронта в 1917 году. Минск, 2008; Сяменчык М. Я. Расійская армія і жыхары Беларусі на зломе Першай сусветнай вайны // Труды Белорусского государственного технологического университета. 2009. Вып. 17. С. 110–113.
[2] Вестник Комитета Западного фронта Всероссийского Земского Союза. 1917. 4 мар. № 266. С. 4.
[3] Буревестник. 1917. 27 окт. № 17 (52). С. 1.
[4] Сяменчык М. Я. Перыядычны друк Беларусі 1917 года як гістарычная крыніца па вывучэнні рэвалюцыйных падзей // Сучасныя падыходы да вывучэння крыніц па гісторыі Беларусі. Да 1000-годдзя летапіснай Літвы: матэрыялы Рэспубліканскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі, Мінск, 18 снеж. 2009 г. / [рэдкал.: А. П. Жытко і інш.]. Мінск, 2009. С. 180–184.
[5] В. Г. На ст. Молодечно // Варшавское утро. 1917. 1 июля. № 397. С. 2.
[6] Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 13 июля. № 2. С. 3.
[7] Варшавское утро. 1917. 27 авг. № 440. С. 3.
[8] Варшавское утро. 1917. 24 сент. № 462. С. 3.
[9] Минский голос. 1917. 4 мая. № 2419. С. 3.
[10] Минский голос. 1917. 15 мар. № 2378. С. 2.
[11] Витебский вестник. 1917. 6 апр. № 73. С. 2.
[12] Деникин А. И. Очерки русской смуты. Т. 1. Вып. 2. Париж, 1921. С. 28.
[13] Фронт. 1917. 9 (22) мая. № 2. С. 4.
[14] Варшавское утро. 1917. 9 авг. № 428. С. 3.
[15] Минский голос. 1917. 31 мар. № 2392. С. 3.
[16] Вольная Беларусь. 1917. 11 іюня. № 2. С. 3.
[17] Вольная Беларусь. 1917. 20 іюня. № 3. С. 4.
[18] Вольная Беларусь. 1917. 8 снеж. № 33. С. 3.
[19] Могилевская жизнь. 1917. 20 авг. № 34. С. 3.
[20] У кастрычніку 1917 г. Цэнтральная рада беларускіх арганізацый “рэквізавала” гэты будынак для ўласных патрэб, паставіла ўзброеную варту і нават адбіла спробу “большэвікоў” яго захапіць. Вольная Беларусь. 1917. 30 кастр. № 27. С. 4.
[21] Могилевская жизнь. 1917. 27 окт. № 84. С. 3.
[22] Вольная Беларусь. 1917. 30 ліст. № 32. С. 3–4.
[23] Минская искра. 1917. 28 нояб. № 1. С. 3; Советская правда. 1917. 14 (27) дек. № 11. С. 4.
[24] Бюллетень Белорусской рады ХII армии. 1917. 18 дек. № 1. С. 2.
[25] Советская правда. 1917. 29 дек. (11 янв.) № 22. С. 4.
[26] Минский голос. 1917. 16 апр. № 2405. С. 3.
[27] Минский голос. 1917. № 2400. 11 апр. С. 3.
[28] Известия Комитета Западного Фронта. Всероссийский союз городов. 1917. 30 авг. № 15. С. 37.
[29] Варшавское утро. 1917. 2 авг. № 434. С. 3.
[30] Варшавское утро. 1917. 31 авг. № 443. С. 3.
[31] Варшавское утро. 1917. 6 сент. № 448. С. 3.
[32] Могилевская жизнь. 1917. 16 нояб. № 101. С. 3.
[33] Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 2 авг. № 19. С. 3.
[34] Варшавское утро. 23 авг. 1917. № 436. С. 3.
[35] Гомельская копейка. 1917. 8 июля. № 1335. С. 4.
[36] Гомельская копейка. 1917. 13 июля. № 1340. С. 4.
[37] Варшавское утро. 1917. 14 июля. № 407. С. 3.
[38] НАРБ. Ф. 60п. Воп. 4. Спр. 149. Арк. 8.
[39] Тут ідзе размова пра дэзерцірства як масавую з’яву, якая ў сучаснай расійскай гістарыяграфіі атрымала назву “стыхійнай дэмабілізацыі”. У Рускай імператарскай арміі дэзерцірства на працягу Першай сусветнай вайны ўвесь час павялічвалася, але да пачатку 1917 г. не набыло пагрозлівага характару. Напрыклад, напярэдадні рэвалюцыі амаль у кожным палку Заходняга фронту мелася па некалькі дзясяткаў дэзерціраў, а ў найгоршым падраздзяленні фронту – распрапагандаваным сацыялістамі 703-м Сурамскім пяхотным палку іх было каля 300. Гомельская копейка. 1917. 13 июля. № 1340. С. 3.
[40] Варшавское утро. 1917. 3 авг. № 423. С. 3.
[41] Могилевская жизнь. 1917. 25 окт. № 82. С. 3.
[42] Могилевская жизнь. 1917. 5 окт. № 68. С. 3.
[43] Р. Г. О чем говорят // Известия Витебского совета солдатских и рабочих депутатов. 1917. 10 июня. № 20. С. 2.
[44] Гомельская копейка. 1917. № 1402. 4 окт. С. 3.
[45] Эдельсон Г. По губернии // Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 20 авг. № 34. С. 4.
[46] Гомельская копейка. 1917. 17 июня. № 1319. С. 3.
[47] Гомельская копейка. 1917. 30 сент. № 1399. С. 4.
[48] Гомельская копейка. 1917. 15 июня. № 1317. С. 4.
[49] Фронт. 1917. 13 (26) мая. № 4. С. 3.
[50] Варшавское утро. 1917. 18 июня. № 386. С. 3.
[51] Варшавское утро. 1917. 4 авг. № 424. С. 3.
[52] Известия Витебского совета солдатских и рабочих депутатов. 1917. 10 июня. № 20. С. 4.
[53] У сярэдзіне жніўня 1917 г. на віцебскай гаўптвахце ўтрымлівалася 55 салдат, 29 з якіх абвінавачваліся ў дэзерцірстве, 11 – у дэзерцірстве і выкарыстанні фальшывых дакументаў, 9 – у дэзерцірстве і крадзяжы. Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 17 авг. № 31. С. 4.
[54] Фронт. 1917. 23 сент. № 58. С. 3.
[55] Гомельская копейка. 1917. 15 июня. № 1317. С. 3.
[56] Вольная Беларусь. 1917. 19 ліст. № 30. С. 4.
[57] Вольная Беларусь. 1917. 15 снеж. № 34. С. 4.
[58] 1 траўня Часовы ўрад у 10 разоў павысіў грашовае ўтрыманне шарагоўцаў – іх баявы аклад склаў 7,5 рублёў (тылавы – 5 рублёў). У 2–3 разы павысіліся таксама аклады малодшых камандзіраў: баявы аклад яфрэйтара склаў 8 рублёў (тылавы – 6 рублёў), баявы аклад унтэр-афіцэра – 11 рублёў (тылавы – 8 рублёў), баявы аклад старшага унтэр-афіцэра – 14 рублёў (тылавы – 11 рублёў), баявы аклад фельдфебеля – 17 рублёў (тылавы – 14 рублёў). Известия Комитета Западного Фронта. Всероссийский союз городов. 1917. 15 июня. № 11. С. 38.
[59] Варшавское утро. 1917. 11 сент. № 452. С. 3.
[60] Известия Совета рабочих и солдатских депутатов. Минск. 1917. 31 марта. № 11. С. 2.
[61] Известия Витебского совета солдатских и рабочих депутатов. 1917. 7 июня. № 17. С. 4.
[62] Варшавское утро. 7 сент. № 449. С. 3.
[63] Известия Витебского революционного совета солдатских и рабочих депутатов. 1917. 28 дек. № 48. С. 4.
[64] Гомельская копейка. 1917. 10 мая. № 1289. С. 4.
[65] Варшавское утро. 1917. 9 июля № 403. С. 3.
[66] Варшавское утро. 25 июля. 1917. № 415. С. 3.
[67] Варшавское утро. 1917. 11 июля. № 404. С. 3.
[68] Варшавское утро. 1917. 15 июня. № 408. С. 3.
[69] Могилевская жизнь. 1917. 20 авг. № 34. С. 3.
[70] Могилевская жизнь. 1917. 3 окт. № 66. С. 3.
[71] Бобруйский курьер. 1917. 3 окт. № 945. С. 4.
[72] Гомельская копейка. 1917. 2 окт. № 1400. С. 3.
[73] Варшавское утро. 1917. 17 июня. № 385. С. 3.
[74] Варшавское утро. 1917. 30 июля. № 420. С. 3.
[75] Могилевская жизнь. 1917. 7 окт. № 70. С. 3.
[76] К самосуду над офицерами // Бобруйский курьер. 1917. 6 окт. № 948. С. 3.
[77] Известия Витебского совета солдатских и рабочих депутатов. 1917. 9 июня. № 19. С. 4.
[78] Варшавское утро. 1917. 3 июня. № 349. С. 3.
[79] Варшавское утро. 1917. 25 июня. № 393. С. 3.
[80] Варшавское утро. 1917. 17 сент. № 456. С. 3.
[81] Могилевская жизнь. 1917. 2 нояб. № 89. С. 4.
[82] Рабочая мысль. 1917. 21 нояб. № 127. С. 4.
[83] Варшавское утро. 1917. 9 авг. № 428. С. 3; 10 авг. № 429. С. 3; 13 авг. № 431. С. 3.
[84] Варшавское утро. 1917. 19 сент. № 458. С. 3.
[85] Л-к. М-ко Горадок, Віленск. гб. // Вольная Беларусь. 1917. 23 ліст. № 31. С. 3.
[86] Dz. Kijow. Гарадзішча, Пінск. пав. // Вольная Беларусь. 1917. 28 жн. № 16. С. 3.
[87] И. П-ов. По губернии. Г. Велиж // Витебское слово. 1917. 6 окт. № 1. С. 4.
[88] “Ханжа” и “самогонка” // Варшавское утро. 1917. 30 авг. № 442. С. 3.
[89] Витебский листок. 1917. 30 июня. № 519. С. 3.
[90] Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 28 июля. № 15. С. 4.
[91] Гомельская копейка. 1917. 3 окт. № 1401. С. 3.
[92] Гомельская копейка. 1917. 17 июня. № 1319. С. 3.
[93] Известия Витебского революционного совета солдатских и рабочих депутатов. 1917. 28 дек. № 48. С. 4.
[94] Минский голос. 1917. 18 мая. № 2429. С. 3.
[95] Варшавское утро. 1917. 24 июня. № 392. С. 3.
[96] Варшавское утро. 1917. 4 июля. № 398. С. 2.
[97] Варшавское утро. 1917. 14 июля. № 407. С. 3.
[98] Гомельская копейка. 1917. 7 июля. № 1335. С. 3.
[99] Гомельская жизнь. 1917. 25 дек. № 1473. С. 4.
[100] Варшавское утро. 1917. 15 июня. № 408. С. 3.
[101] Гомельская копейка. 1917. 8 июля. № 1335. С. 3.
[102] Известия Витебского совета солдатских и рабочих депутатов. 1917. 7 июня. № 17. С. 4.
[103] Известия Витебского совета крестьянских, солдатских и рабочих депутатов. 1917. 16 июля. № 5. С. 4.
[104] Фронт. 1917. № 45. 6 сент. С. 3.
[105] Минский голос. 1917. 8 июня. № 2447. С. 3.
[106] Варшавское утро. 1917. 28 июня. № 395. С. 3.
[107] Варшавское утро. 1917. 14 июля. № 407. С. 3.
[108] Варшавское утро. 1917. 10 авг. № 429. С. 3.
[109] Гомельская копейка. 1917. 10 мая. № 1289. С. 4.
[110] Гомельская копейка. 1917. 20 июня. № 1321. С. 3.
[111] Варшавское утро. 1917. 6 сент. № 448. С. 3.
[112] Варшавское утро. 1917. 17 июня. № 385. С. 3.
[113] Гомельская жизнь. 1917. 22 дек. № 1471. С. 2.
[114] Советская правда. 1917. 15 (28) дек. № 12. С. 4.
[115] Советская правда. 1917. 9 (22) дек. № 7. С. 4.
[116] Салдаты і афіцэры Рэвалюцыйнай арміі па-рознаму змагаліся з недахопам прадуктаў, пра што сведчыць наступная абвестка, якая з’явілася на апошняй паласе адной з магілёўскіх газет: “Прадаецца будуарны раяль, спытаць Быхаўская, 46 ад’ютанта Георгіеўскага батальёна штабс-капітана Кудзінава” // Могилевская жизнь. 1917. 2 нояб. № 89. С. 4.
[117] Советская правда. 1917. 31 дек. (13 янв.) № 24. С. 4.
[118] Советская правда. 1917. 29 дек. (11 янв.) № 22. С. 4.
[119] Крестьянская газета. 1917. 19 июля. № 11. С. 3.
[120] Варшавское утро. 1917. 5 сент. № 446. С. 3.

Наверх

Тэгі: