БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

BURMISTR, SVETLANA. Die “Minsker Zeitung”. Selbst- und Fremdbilder in der Nationalsozialistischen Besatzungspresse. Berlin: Metropol, 2016. – 364 s.

У 24 томе БГА (2017)
Манаграфія Святланы Бурмістр прысвечана гісторыі “Мінскай газеты”, якая з 15 красавіка 1942 да 28 чэрвеня 1944 г. выдавалася ў сталіцы Генеральнага камісарыята Беларусі – Мінску. Аўтар паспяхова скончыла дактарантуру Цэнтра па даследаванні антысемітызму Тэхнічнага ўніверсітэта Берліна, дзе пад кіраўніцтвам прафесара Марлена Познер-Ландша і прафесара Вольфанга Бенца выконвала дысертацыйную працу па гісторыі гэтага нямецкамоўнага друкаванага выдання. Асноўнае праблемнае поле даследавання палягае ў выяўленні ступені адлюстравання ў “штодзённай газеце для Беларусі”, якая была трыбунай нацысцкай палітыкі, ідэалогіі і прапаганды на гэтай частцы беларускай тэрыторыі, планаў германскай акупацыйнай улады і гістарычнай рэчаіснасці на месцах. Вывучэнне ваенных, гаспадарчых, сацыяльных і іншых падзей, якія знаходзілі поўнае ці частковае адлюстраванне ў выданні, даследчыца правяла не толькі на аснове скрупулёзнага аналізу зместу 680 нумароў 8-старонкавага газетнага матэрыялу, але і на шырокай базе дакументальных крыніц з фондаў 12 архіваў Беларусі і Германіі. Спроба адэкватна ацаніць і пераканальна паказаць рэальную карціну тых падзей вачыма нямецкага даследчыка сёння важная не толькі для прафесійных ваенных гісторыкаў, але і для шырокай чытацкай аўдыторыі, а таксама ўсіх зацікаўленых, хто хацеў бы знайсці адказы на пакуль што малавывучаныя, дыскусійныя і праблемныя пытанні “вайны Гітлера на ўсходзе”[1]. Такая праца, праведзеная, на жаль, чарговы раз не айчыннымі гісторыкамі, мае для сучаснай беларускай гістарыяграфіі асаблівую навуковую каштоўнасць, бо працягвае справу, распачатую некалькімі гадамі раней таксама нямецкім гісторыкам Бабетай Квінкерт у грунтоўным даследаванні пра вядзенне германскім бокам “духоўнай” вайны супраць грамадзянскага насельніцтва і партызан у Беларусі 1941–1944 г.[2].

Кніга С. Бурмістр складаецца з 7 раздзелаў, у тым ліку ўводзінаў і заключэння. Такая структура дазваляе аўтару заглыбіцца ў сутнасць вывучанай тэматыкі, акцэнтуючы ўвагу на важных дэталях гістарычнага спазнання праблемы. З уводнай часткі вынікае, што галоўны акцэнт даследчыца факусуе на падзеях мірнага жыцця ва ўмовах вайны і акупацыі, складаючы іх агульную карціну шляхам паказу фактаў з франтавых зводак, закранаючы розныя аспекты з гісторыі асваення нямецкай адміністрацыяй усходніх тэрыторый і вырашэння пры гэтым неадкладных задач у сферы палітыкі, эканомікі, культуры, рэлігіі і інш. Заслугай аўтара можна лічыць тое, што ў працы яна імкнулася выкарыстаць прынцып паўнаты крыніц, якія дазвалялі ўсебакова прааналізаваць розныя факты ў дачыненні да аб’екта даследавання. Важна адзначыць, што С. Бурмістр, зыходзячы з магчымасці вывучэння аўтэнтычнага друкаванага матэрыялу, ставіць перад сабой мэту даследаваць спецыфіку нацысцкай выдавецкай палітыкі ў Беларусі, паказваючы пры гэтым яе на прыкладзе аднаго друкаванага органа – “Мінскай газеты” – і разглядаючы гэтую з’яву ў кантэксце супярэчлівага развіцця створаных палітычных, гаспадарчых і адміністрацыйных умоў (32). Сярод галоўных задач, якія вызначае і паспяхова вырашае даследчыца, – адлюстраванне складанасці і паказ асноўнага характару падзей, што ўзнікалі ва ўмовах не запланаванага працягу баявых дзеянняў на ўсходнім фронце і зменлівага стану германскай інфармацыйнай палітыкі на саміх акупаваных тэрыторыях. Да ліку асабліва важных аўтар таксама адносіць задачу паказу трагічных старонак вайны і драматычных наступстваў германскай акупацыі ў Беларусі (35). Вызначаныя мэты і пастаўленыя задачы разам з іншымі неабходнымі для гэтай часткі працы палажэннямі даволі кампактна пададзены ва ўступным раздзеле  манаграфіі.

Другі (37–79) раздзел уводзіць чытача ў агульны кантэкст, паказвае тыя перадумовы і патрабаванні, у якіх у германскім Райху пасля прыходу да ўлады Гітлера і ўсталявання таталітарнага рэжыму забяспечвалася правядзенне ўнутранай палітыкі, на што быў скіраваны ўвесь наяўны патэнцыял апарату дзяржаўнага друку і нацысцкай прапаганды, у тым ліку працаваў вялікі корпус журналістаў розных газет. У даследаванні паказана, што пасля ўстанаўлення аўтарытарнай улады цэнтрам правядзення такой палітыкі стала выдавецтва самой нацысцкай партыі – НСДАП.

У трэцім (с. 80–115) і чацвёртым (с. 116–170) раздзелах аўтар знаёміць чытача, па-першае, з прадпасылкамі і асноўнымі ўмовамі ўзнікнення новага тыпу нацыянал-сацыялістычнага друку – акупацыйных газетных выданняў, а па-другое –  раскрывае гэтую з’яву на прыкладзе “Мінскай газеты” як адной з неад’емных частак “вялікай нямецкай сям’і замежных газет” (80), знаёмячы чытача са спецыяльна створаным таварыствам у складзе выдавецтва і друкарні, якія месціліся ў будынку былой савецкай дзяржаўнай друкарні ў Мінску (116). У першым выпадку размова вядзецца пра з’яўленне новага тыпу нямецкіх органаў друку, якія на акупаваных тэрыторыях павінны былі стаць праверанай крыніцай рознай інфармацыі і забяспечваць вырашэнне актуальных задач, ствараючы тым самым надзейныя “масты з радзімай” (83). Такім чынам аўтар імкнецца паказаць, што друк на акупаваных тэрыторыях павінен быў заставацца «духоўным “вермахтам” нацыі», а самі журналісты лічыліся “салдатамі народа”, якія па даручэнні фюрара павінны былі абараняць гонар нацыі і жыццёвую прастору Райха. Ва ўмовах распачатай у Еўропе вайны, як адзначае С. Бурмістр, журналісты павінны былі прыкладаць намаганні для таго, каб узаконіць правамернасць ваенных злачынстваў і правядзення маштабнага тэрору на акупаваных тэрыторыях. У другім выпадку аўтар разглядае гісторыю стварэння і структуру мінскага выдавецтва і друкарні з іх нямецкім персаналам, галоўным рэдактарам, рэдактарамі і асобнымі журналістамі “Мінскай газеты”, а таксама адводзіць месца для эпізадычнага паказу лёсу мясцовага насельніцтва, у тым ліку яўрэяў і ваеннапалонных. Так, праз 4 месяцы пасля выхаду першага нумара аўтар з апорай на паведамленне Генеральнага камісарыята Беларусі прыводзіць важныя звесткі пра агульную колькасць тых, хто ў сярэдзіне жніўня 1942 г. забяспечваў працу друкарні ў мінскім выдавецтве і выхад “Мінскай газеты”. Сярод 335 работнікаў немцы складалі 12,8%, ці 43 чалавекі; беларусы – 85,4 %, ці 268 чалавек; яўрэі – 6,8%, ці 23 чалавекі (124). Як адзначае аўтар, у значнай меры дзякуючы яўрэйскім і беларускім рабочым стаў магчымым вынас з друкарні шрыфтоў і неабходных друкарскіх формаў, без чаго мінскія падпольшчыкі не здолелі б падрыхтаваць і выдаць першы нумар гарадской падпольнай газеты “Звязда” ў траўні 1942 г. У працы зроблены важны вывад, што пераслед, эксплуатацыя, стварэнне гета і ліквідацыя беларускіх і дэпартаваных яўрэяў так і не сталі адной з важных тэм для газетных карэспандэнцый.

У пятым раздзеле (171–210) аўтар спрабуе вызначыць ступень залежнасці паміж зместам нямецкай 8-старонкавай штодзённай газеты, з аднаго боку, і мэтавымі групамі чытачоў – з другога, што адбудоўвала асноўны механізм дзейнасці газеты ў кантэксце вырашэння пастаўленых высокіх ідэалагічных задач, звязаных з неабходнасцю адлюстравання ў акупацыйным друку падзей не толькі з Райху, акупаванага рэгіёну, але і іншых месцаў Еўропы. Шырокі спектр тэматыкі патрабаваў пошуку адпаведных шляхоў для іх усебаковага адлюстравання, аднак недахоп прафесійных журналістаў у рэдакцыі, а таксама палітычныя рамкі падачы матэрыялаў на старонках газеты не заўсёды дазвалялі рэалізаваць гэта ў поўнай меры. Журналістам часта даводзілася выконваць заданні разам з іншымі службамі Генеральнага камісара В. Кубэ, а таксама ва ўстанове прапаганды Мінска, асновай якіх была выключна нацыянал-сацыялістычная палітыка, ідэалогія і прапаганда (200).

Шосты раздзел (211–326) – самы вялікі ў плане аб’ёму і асабліва важны па сутнасці раскрыцця тэмы. Тут С. Бурмістр вырашае галоўную задачу, паказвае тыя складанасці, якія пастаянна павінны былі пераадольваць работнікі выдавецтва і журналісты “Мінскай газеты” ў працэсе рэканструкцыі галоўных сюжэтаў паўсядзённага жыцця ва ўмовах нарастання праблем і супярэчнасцяў, што ўзнікалі на ўсходнім фронце і патрабавалі ўнясення пэўных зменаў у адлюстраванне германскай акупацыйнай палітыкі. Кажучы пра вайну і германскую акупацыю Еўропы, журналісты газеты зыходзілі з ідэі легітымацыі вайны і акупацыі, бачылі ў гэтым аснову для стварэння новай карціны будучыні. Па ацэнцы аўтара, новы лёс Еўропы пад германскім кіраўніцтвам пасля паразы германскага  Вермахта пад Сталінградам быў непасрэдна звязаны з перамогай ці разгромам Германіі. Для гэтага ва ўсведамленні людзей неабходна было замацоўваць ідэю аб “новай Еўропе” (223). У гэтай сувязі задачы газеты палягалі ў тым, каб знайсці паслядоўнасць у падачы, форме і характары адэкватнага адлюстравання палітычных і ваенных падзей. Аўтар пераканана, што ва ўмовах значнага пашырэння вайны, калі германскі Райх  павінен быў весці вайну адразу з некалькімі краінамі, у тым ліку СССР, ЗША і Англіяй, менавіта з новых умоў выцякала патрэба ў асвятленні такіх тэм, як духоўныя каштоўнасці і ідэнтычнасць нямецкага народа, што вызначаліся ў якасці асновы існавання “адзінай народнай супольнасці” (247). На гэтым грунце газета павінна была падтрымліваць міф пра тое, што ахвярнасць, рашучасць і гатоўнасць усіх і кожнага выконваць любыя задачы, пастаўленыя зверху, прывядуць у канчатковым выніку да дасягнення доўгачаканай перамогі.

Разглядаючы другі бок акупаванага грамадства, аўтар ставіць у цэнтр даследавання рэальную карціну жыцця тых, хто апынуўся пад германскай уладай у Беларусі. На старонках газеты пра іх пісалася наступнае. Так, у дачыненні яўрэяў журналісты выкарыстоўвалі адзіны падыход – паказвалі іх выключна як варожыя элементы ў грамадстве. Гэта вынікала з нацысцкай палітыкі антысемітызму, адкуль наступствы германскай акупацыі, звязаныя з пераследам яўрэяў на тэрыторыі Беларусі, замоўчваліся ці выводзіліся за межы іх абмеркавання журналістамі непасрэдна на старонках газеты. Аўтар зыходзіць з таго, што тэма трагедыі яўрэйскага народа, нягледзячы на тое, што на акупаванай тэрыторыі Беларусі гэта датычылася лёсу больш чым паўмільёна толькі мясцовых яўрэяў, а таксама факты аб маштабных акцыях па іх знішчэнні, як і ліквідацыі дзясяткаў тысяч дэпартаваных яўрэяў, так і не знайшлі ўсебаковага адлюстравання. У гэтым жа раздзеле аўтар звяртае ўвагу чытача таксама на тыя тэмы, якія ці агулам, ці толькі мімаходзь закраналіся на старонках газеты: факты гвалту ў дачыненні да мірнага насельніцтва, партызан, прыцягнутых да прымусовай працы і іншых, хто фактычна застаўся амаль незаўважаным журналістамі “Мінскай газеты”. У працы адзначаецца, што пра беларускую гісторыю, традыцыі і мову журналісты пісалі не сістэматычна, а хутчэй спарадычна. Культура зводзілася выключна да фальклору, а ў цэнтр асобных паведамленняў ставілася залежнасць беларускай культуры ад рускага, польскага і бальшавіцкага ўплываў (277). Беларускі народ быў “невядомым народам Еўропы”, які доўгі час знаходзіўся пад савецкім прыгнётам, таму адзіным яго выратаваннем можа быць ўсталяванне германскай улады і вызваленне ад прыгнёту бальшавіцкага рэжыму. На фоне гэтага газета павінна была паказваць неабходнасць пастаяннага змагання з “бальшавіцкімі бандамі”, а на справе цалкам замоўчвала факты нарастання ўплыву партызанскага руху ў Беларусі. Журналісты імкнуліся паказаць, што беларускае насельніцтва толькі церпіць ад іх дзейнасці, аднак пры гэтым газета не пісала пра рэальныя вынікі тых акцый, якія акупанты праводзілі ў дачыненні да партызан. У карэспандэнцыях для газеты не знаходзілі адлюстравання і драматычныя наступствы дзейнасці германскіх акупантаў супраць партызан, пад час якіх ахвярамі рабілася мірнае беларускае насельніцтва. Як падкрэслена ў працы, пра гэта на старонках газеты не было ніводнага паведамлення (292).

Да ліку тэм, якія даволі абмежавана траплялі на старонкі “Мінскай газеты”, належалі праблемы паўсядзённага жыцця мірнага насельніцтва, у тым ліку працоўнай занятасці, безгаспадарлівасці, рэлігійнага веравызнання беларусаў, пытанні аховы здароўя. Як адзначае аўтар, на старонках газеты лакальныя тэмы абмяркоўваліся менш інтэнсіўна і не так падрабязна, перадаваліся толькі фрагментарна. Захады ж беларусаў да стварэння ўласных органаў самакіравання знаходзілі журналісцкі інтарэс і былі адлюстраваны ў шматлікіх карэспандэнцыях, дзе размова ішла пра Беларускую народную самапомач, Саюз беларускай моладзі, Цэнтральную беларускую раду і інш. (300–301). Тут аўтар працы бачыць прычыну, чаму ў савецкі час газета не была адкрыта для беларускіх і замежных даследчыкаў і чытачоў.

У заключэнні С. Бурмістр падсумоўвае атрыманыя напрацоўкі, спрабуючы вызначыць рэальнае месца “Мінскай газеты” сярод іншых акупацыйных газет, якія выходзілі ў 14 краінах Заходняй і Усходняй Еўропы, у тым ліку ў Беларусі. Гэта была новая форма не толькі камунікацыі ў медыйнай прасторы, але і прапаганды палітыкі нацыянал-сацыялізму. Падзеі з месцаў траплялі на старонкі даволі рэдка, не былі такімі дэталёвымі, яны замяшчаліся паказам агульнай карціны Беларусі. Кажучы ўвогуле пра эфект уздзеяння газеты на мясцовае насельніцтва, даследчыца звяртаецца да выказванняў аднаго з відавочцаў тых падзей – акадэміка АН БССР М. Нікольскага, які наступнымі словамі характарызаваў нямецкі друк у Мінску ў 1942–1944 г.: “гэта была памыйная яма, якая дрэнна пахла”, “нахабная хлусня” і “бязглузды паклёп” (334). Як заўважае даследчыца, выкананую працу нельга разглядаць як цалкам завершаную даследчую работу па акупацыйнай “штодзённай газеце для Беларусі”, а хутчэй толькі як новы імпульс для далейшага вывучэння тэмы. З гэтым можна цалкам пагадзіцца, асабліва з улікам магчымасці правядзення параўнальнага аналізу гісторыі адлюстравання падзей штодзённага жыцця на яе старонках, з аднаго боку, а з другога – на старонках 16 іншых акупацыйных перыядычных выданняў Мінска і ўсёй Беларусі, агульны штодзённы наклад якіх амаль у 4 разы перавышаў наклад “Мінскай газеты”.

Што да аўтара манаграфіі С. Бурмістр, то яе сапраўды можна назваць галоўным нямецкім экспертам па акупацыйным друку ў Беларусі. Беларускія ж даследчыкі чарговы раз пазбавілі сябе магчымасці ў навуковым спазнанні адной з малавядомых старонак беларускай ваеннай гісторыі – больш чым двухгадовага перыяду дзейнасці “Мінскай газеты”.

Мінск

Сяргей Новікаў


[1] Müller R.-D., Ueberschär G. R. Hitlers Krieg im Osten. Ein Forschungsbericht. – Darmstadt: Wissenschaftliche Buchgesellschaft, 2000. – 451 S.
[2] Quinkert, B. Propaganda und Terror in Weißrussland 1941–1944. Die deutsche “geistige” Kriegsführung gegen Zivilbevölkerung und Partisanen. – Paderborn; München; Wien: Zürich: Ferdinand Schöningh, 2009. – 420 S.
Гл. таксама: Новікаў С. [Рэцэнзія] Ваенная Беларусь у найноўшых нямецкіх даследаваннях // Беларускі гістарычны часопіс. 2010. № 10. С. 17–20. – Рэц. на кнігу: Quinkert, B. Propaganda und Terror in Weißrussland 1941–1944. Die deutsche “geistige” Kriegsführung gegen Zivilbevölkerung und Partisanen. – Paderborn; München; Wien: Zürich: Ferdinand Schöningh, 2009. – 420 S.

Наверх

Тэгі: ,