Юры Грыбоўскі. “Латвійскі” перыяд дзейнасці Мікалая Дзямідава (1922-1942).
Шмат постацяў беларускага нацыянальнага руху пачатку і першай паловы ХХ ст. па розных прычынах доўгі час былі малавядомымі і забытымі. Толькі цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў іх імёны паступова вяртаюцца з гістарычнага нябыту. Да іх з упэўненасцю можна залічыць Мікалая Дзямідава, беларускага вайсковага і грамадскапалітычнага дзеяча, педагога. Гэтая асоба ўжо вядомая чытачу дзякуючы шэрагу навуковых і навукова-папулярных публікацый. Значны ўклад у пашырэнне ведаў пра дзейнасць Дзямідава зрабілі працы Алега Латышонка.
Даследаванні гэтага гісторыка дазволілі зірнуць на Мікалая Дзямідава як на вайсковага дзеяча, арганізатара і камандзіра беларускіх вайсковых аддзелаў у перыяд змагання за дзяржаўную незалежнасць Беларусі (1918–1921) [1].
Разам з тым практычна па-за ўвагай даследчыкаў застаецца далейшы лёс гэтага дзеяча. Значна менш нам вядома пра ўдзел Дзямідава ў нацыянальнай працы ў міжваенныя гады, а таксама ў час ІІ сусветнай вайны.
Вядома, што працяглы час ён жыў у Латвіі. Мэтай артыкула будзе спроба асвятлення дзейнасці Мікалая Дзямідава ў “латвійскі” перыяд яго жыцця, які ахопліваў час ад прыезду ў Латвію ў 1922 г. да 1942 г., калі ён мусіў пераехаць у Генеральную акругу Беларусь. На падставе наяўнай гістарыяграфіі і дасюль нявыкарыстаных архіўных крыніц паспрабуем прааналізаваць ролю Дзямідава ў беларускім руху ва ўмовах існавання незалежнай латвійскай дзяржавы, а потым савецкай і нямецкай акупацыі Латвіі. Актыўнасць беларускага дзеяча будзе паказана на фоне тых грамадска-палітычных і міжнародных працэсаў, якія адбываліся ў рэгіёне. Але спачатку прыгадаем асноўныя вехі жыцця героя нашай публікацыі да яго пераезду ў Латвію.
Мікалай Дзямідаў прыйшоў на свет 10 снежня 1888 г. у Гарадку, на Беласточчыне, у сям’і Станіслава Катнароўскага і Аляксандры (з роду Каліноўскіх). Пасля смерці бацькі маці выйшла замуж за чыноўніка Івана Дзямідава, які даў дзіцяці сваё прозвішча. У дзяцінстве Дзямідава выхоўвала маці, яго дзіцячыя гады прайшлі на яе малой бацькаўшчыне – на Падляшшы. На выхаванне паўплываў таксама дзед Аляксандр Каліноўскі, які даводзіўся стрыечным братам Кастусю Каліноўскаму. У сям’і Каліноўскіх старанна захоўвалася памяць пра аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 г. на Літве і Беларусі. Яшчэ юнаком Дзямідаў абраў прафесію настаўніка [2]. Пачатак І сусветнай вайны прымусіў на нейкі час змяніць жыццёвыя планы –яго прызвалі ў войска. Менавіта ў гады Вялікай вайны далучыўся да беларускага руху, перадусім да стварэння беларускіх вайсковых фармаванняў. 1 снежня 1918 г. паручнік Дзямідаў быў адкамандзіраваны ў Міністэрства абароны Літвы. У перыяд ад снежня 1918 да чэрвеня 1919 г. займаў пасаду беларускага вайсковага каменданта Гародні. Нагадаем, што ў той час Гародня ператварылася ў часовую сядзібу ўладаў БНР. На Гарадзеншчыне і Беласточчыне пачалася вярбоўка ў беларускія вайсковыя аддзелы. Пры ўдзеле Дзямідава быў сфармаваны беларускі батальён гарадзенскай камендатуры, які выконваў вартавую і патрульную службу ў горадзе. У той час Дзямідаў меў званне капітана. Пасля раззбраення палякамі беларускага батальёна Дзямідава арыштавалі і інтэрнавалі ў Беласток. Пасля вызвалення закончыў беларускія настаўніцкія курсы.
Тым часам адбыліся пэўныя палітычныя змены, якія паўплывалі на далейшы ход падзей. 22 кастрычніка 1919 г. начальнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі выдаў загад аб арганізацыі Беларускай вайсковай камісіі (БВК).
Увосень 1919 г. Дзямідаў уключыўся ў дзейнасць гэтай арганізацыі, найперш у Вільні, а потым у Мінску. У складзе групы афіцэраў-беларусаў быў накіраваны ў Школу падхаружых у Варшаве. Ёсць падставы меркаваць, што Дзямідаў не быў задаволены працай у складзе БВК. Увосень 1920 г. ён далучыўся да арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Па загадзе генерала ён сфармаваў асобны беларускі батальён, які ўвайшоў у склад астроўскага пяхотнага палка 2-й пяхотнай дывізіі. Батальён Дзямідава браў удзел у палескім паходзе С. Булак-Балаховіча (лістапад 1920 г.).
Разам са сваім фармаваннем Дзямідаў удзельнічаў у зацятых баях за Калінкавічы, а пазней прыкрываў адыход балахоўцаў ад Мазыра. Пасля адступлення арміі С. Булак-Балаховіча на кантраляваную палякамі тэрыторыю батальён Дзямідава не склаў зброі, а працягваў змаганне ў нейтральнай зоне, на левым беразе Прыпяці. Асобны беларускі батальён дзейнічаў на Мазыршчыне да студзеня 1921 г., калі быў вымушаны перайсці на польскі бок, дзе яго чакала інтэрнаванне. Перад гэтым Дзямідаў вёў перамовы з польскім камандаваннем аб магчымым далучэнні яго фармавання да польскага войска на выпадак узнаўлення баявых дзеянняў на польска-савецкім фронце. Камандзір разглядаў таксама магчымасць скіравання свайго батальёна на дапамогу слуцкім паўстанцам. А. Латышонак лічыць, што батальён Дзямідава быў апошнім беларускім вайсковым фармаваннем, якое аказвала збройны супраціў Чырвонай арміі ў змаганні за незалежнасць Беларусі [3].
У чэрвені 1921 г. Дзямідаў пакінуў лагер інтэрнаваных у Радаме, а праз месяц стаў дырэктарам пачатковай школы ў бацькоўскім Гарадку, разгарнуўшы арганізацыйную і асветную працу сярод насельніцтва. Дзякуючы яго намаганням у горадзе быў адчынены эпідэміялагічны шпіталь, створана сетка кааператываў. У 1922 г. Дзямідаў балатаваўся ў Сойм як кандыдат Блока нацыянальных меншасцяў, ачоліў Беластоцкі павятовы выбарчы камітэт згаданага блока. Аднак трапіць у парламент яму не ўдалося. У ліпені 1922 г. Дзямідава арыштавалі польскія ўлады. У хуткім часе ён быў вызвалены з-пад варты і выехаў у Вільню, адкуль пры дапамозе Антона Луцкевіча і Браніслава Тарашкевіча напрыканцы 1922 г. перабраўся ў Латвію. Паводле яго сведчанняў, 22 лістапада ён ужо быў у Латвіі [4].
Так у жыцці Міколы Дзямідава пачаўся новы этап.
У Латвіі яму было наканавана жыць і працаваць на карысць беларускай справы ажно 20 гадоў. “Латвійскі” перыяд характарызаваўся ўдзелам у працы беларускіх культурна-асветных арганізацый, а перадусім настаўніцкай дзейнасцю ў беларускім школьніцтве. Дзямідаў прыехаў у Латвію акурат тады, калі ў гэтай краіне шпаркім крокам ішла праца над разгортваннем нацыянальнага жыцця беларускай меншасці, і ў першую чаргу над арганізацыяй школьнай справы. У першыя гады незалежнасці ўлады ў Рызе не бачылі для сябе пагрозы з боку маладога беларускага руху. Аказвалася пэўная падтрымка беларускім дзеячам у арганізацыі нацыянальнага школьніцтва і грамадска-культурнай працы. У значнай ступені вынікала гэта з жадання выкарыстаць беларусаў у якасці супрацьвагі для дзейнасці польскай меншасці [5]. Але гэта не азначала, што ў адносінах паміж беларускімі дзеячамі і латышскімі ўладамі не існавала праблем. Прынамсі, частка латвійскіх палітычных элітаў была схільная бачыць у беларускім руху праявы сепаратызму. У 1924–1925 г. адбыўся г.зв. беларускі працэс, пад час якога шматлікія лідары беларускага жыцця Латвіі апынуліся на лаве падсудных у сувязі з абвінавачваннем у сепаратысцкай дзейнасці. Урэшце ўдзельнікаў працэсу апраўдалі, хоць справа стварыла непрыемную атмасферу вакол беларускай дзейнасці ў гэтай краіне. Нягледзячы на згаданыя эксцэсы, стаўленне ўладаў да мясцовага беларускага руху да сярэдзіны 1930‑х г. было памяркоўнае і лагоднае. Беларускія арганізацыі і ўстановы мелі разнастайныя магчымасці развіцця, якія гарантавала ім дэмакратычнае заканадаўства [6].
Характэрнай рысай беларускага руху ў Латвіі была практычная адсутнасць мясцовай інтэлігенцыі. Ролю завадатараў і рухавікоў нацыянальнага жыцця выконвала нешматлікая група былых дзеячоў БНР, якія апынуліся ў Латвіі. Сярод іх варта ўзгадаць Кастуся Езавітава, Андрэя Якубецкага, Уладзіміра Пігулеўскага, Івана Краскоўскага, Паўліну Мядзёлку, Сяргея Сахарава і іншых. Не хапала дасведчаных дзеячоў, загартаваных у адраджэнскай працы. Дзямідаў аказаўся вельмі каштоўным набыткам для мясцовага беларускага руху. У Латвіі выявіліся яго выдатныя арганізацыйныя і педагагічныя здольнасці. Факты сведчаць самі пра сябе. Спачатку (студзень –верасень 1923 г.) Дзямідаў працаваў настаўнікам у беларускай пачатковай школе ў Пустыні. У ліпені 1923 г. яго выклікаў Беларускі школьны аддзел у Рыгу з мэтай арганізацыі ў горадзе 1-й беларускай пачатковай школы (на Маскоўскім фарштаце), дырэктарам якой ён стаў. Як адзначае К. Езавітаў, адкрыццё школы аказалася нечаканым поспехам для беларускай грамадскасці – у розныя класы запісалася каля 150 вучняў [7]. У хуткім часе Дзямідаў арганізаваў у латвійскай сталіцы 2-ю беларускую асноўную школу (на Чырвонай Дзвіне), а таксама вячэрнюю школу для дарослых. Акрамя педагагічнай дзейнасці Дзямідаў разгарнуў актыўную грамадскую працу [8]. Дзякуючы яго намаганням у снежні 1924 г. у Рызе пачало дзейнічаць культурна-асветнае таварыства “Беларуская хата”, якое мела свае філіі ў Дзвінску, Люцыне і Лібаве.
У 1930-я г. колькасць сяброў таварыства дасягнула больш як 600 чалавек. Вялася праца па стварэнні бібліятэк, хораў, аркестраў. Дзямідаў увайшоў у гісторыю як першы і шматгадовы кіраўнік гэтай арганізацыі. У 1926–1927 г. выконваў абавязкі кіраўніка 2-гадовых летніх курсаў для беларускіх настаўнікаў, якія адбываліся ў Рызе. Выкладаў гісторыю беларускай літаратуры, дашкольнае выхаванне, методыку выкладання польскай мовы і школьную справу. У 1927 г. Дзямідаў увайшоў у склад кіраўніцтва Беларускага тэатральнага таварыства ў Латвіі, а з 1930 г. пачаў рэдагаваць часопіс “Школа і жыццё”. Грамадскую працу ў беларускіх арганізацыях удала спалучаў з асабістымі зацікаўленнямі. Акрамя гэтага, удзельнічаў у рэлігійным жыцці. Вядома, што Дзямідаў быў псаломшчыкам у пакроўскай праваслаўнай царкве Рыгі [9].
Дзямідаў браў таксама ўдзел у палітычным жыцці беларусаў Латвіі. Пад час выбарчай кампаніі ў латвійскі парламент у 1928 г. у беларускім лагеры назіраўся падзел на прыхільнікаў супрацоўніцтва з латвійскімі сацыял-дэмакратамі (У. Пігулеўскі) і з незалежнымі сацыялістамі (К. Езавітаў). Дзямідаў падтрымаў першых. Нейкі час ён нават быў сябрам Латвійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (ЛСДРП). Каб дыскрэдытаваць свайго апанента, Дзямідаў абвінаваціў Езавітава ў тым, што ён у 1919 г. нібыта выдаў загад аб расстрэле рабочых у Гародні [10]. З цягам часу палітычныя падзелы ў беларускім лагеры рабіліся ўсё больш відавочнымі. Безумоўна, унутраныя спрэчкі мясцовых дзеячоў не спрыялі кансалідацыі беларускага руху ў Латвіі. Варожыя бакі не ўстрымліваліся ад узаемных абвінавачванняў на старонках уласнай прэсы.
Адбывалася таксама змаганне за ўплывы ў грамадскіх арганізацыях. У 1934 г. Дзямідаў быў вымушаны пакінуць управу Беларускага тэатральнага таварыства, бо ў яго складзе пачалі дамінаваць прыхільнікі К. Езавітава [11]. Нягледзячы на значную актыўнасць Дзямідава ў арганізацыйным і грамадска-палітычным жыцці латвійскіх беларусаў у 1920-я г., нельга ў гэты час лічыць яго адным з кіраўнікоў беларускага руху Латвіі. Невыпадкова прозвішча Дзямідава рэдка з’яўлялася ў мясцовай беларускай прэсе, а яго актыўнасць абмяжоўвалася беларускай калоніяй у латвійскай сталіцы, тым часам як асноўныя падзеі беларускага жыцця адбываліся ў Латгаліі. Сітуацыя пачала мяняцца з пачаткам 1930-х г. З назіранняў Амбасады Польшчы ў Рызе, супрацоўнікі якой сачылі за настроямі латвійскіх беларусаў, вынікала, што на пачатку 1930-х г. цэнтрам мясцовага беларускага руху была Рыга, дзе існавалі тры асноўныя групоўкі, якія вялі паміж сабою змаганне: 1) сацыял-дэмакраты на чале з У. Пігулеўскім, 2) незалежныя сацыялісты і камуністы з К. Езавітавым у якасці правадыра і 3) група “беспартыйных” Дзямідава.
Праўда, падкрэслівалася, што апошняя плынь была нешматлікай і найменш уплывовай [12].
У траўні 1934 г. у Латвіі адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада апынулася ў руках аўтарытарнага рэжыму на чале з Карлісам Ульманісам. Пераварот выклікаў змены палітыкі ў адносінах да нацыянальных меншасцяў. Узмацнілася акцыя “латышызацыі”, якая прадугледжвала выцісканне не-латышоў з розных сфер жыцця. Неўзабаве сітуацыя беларусаў пагоршылася. Многія грамадскія арганізацыі былі дэлегалізаваны. Новы закон аб мовах уводзіў абмежаванні ўжывання нацыянальных моў у дзяржаўных установах і органах самакіравання. Распачаўся наступ на школьніцтва, што выклікала змяншэнне колькасці школ для прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў [13]. Тым не менш, пазіцыя Дзямідава ў параўнанні з іншымі правадырамі латвійскіх беларусаў была моцнай. У новых умовах Дзямідаў працягваў займацца арганізацыйнай і педагагічнай дзейнасцю. Асноўнай крыніцай прыбытку ў гэты час была настаўніцкая пенсія, якую ён атрымліваў ад 1 жніўня 1935 г. Акрамя таго, у 1934/35 г. ён працаваў настаўнікам усеагульнай гісторыі і гісторыі Беларусі ў рыжскай прыватнай вячэрняй гімназіі імя Ф. Скарыны, якая дзейнічала пры Беларускім настаўніцкім таварыстве. Пасля дэлегалізацыі ўладамі большасці беларускіх арганізацый у другой палове 1930-х г. дзейнічала толькі Беларускае настаўніцкае таварыства, кіраўніком якога быў менавіта Дзямідаў. Арганізацыя ўваходзіла ў склад Латвійскага настаўніцкага хаўрусу і ў лютым 1939 г. налічвала 71 чалавек сяброў. У 1939 г. група, засяроджаная вакол Дзямідава (П. Мірановіч, Мяжэцкі і інш.), зрабіла спробу выдання штомесячніка “Жыццё беларусаўу Латві .”.
Як бачым, змены, што адбыліся ў дзяржаўнай палітыцы пасля травеньскага перавароту, у найменшай ступені закранулі Дзямідава і яго паплечнікаў. Гэта было абумоўлена шэрагам прычын. Рэпрэсіі і пераслед з боку новых уладаў былі накіраваны перадусім супраць асобаў, звязаных з сацыялдэмакратамі і іншымі левымі плынямі, якія лічыліся галоўнымі палітычнымі апанентамі Ульманіса. Так, напрыклад, У. Пігулеўскі і К. Езавітаў у выніку змены палітычнай сітуацыі засталіся без працы. Тым часам на момант перавароту Дзямідаў не належаў да прыхільнікаў левых партый (яшчэ ў 1928 г. ён выйшаў з ЛСДРП). Была і яшчэ адна важкая прычына, якая тлумачыць лагоднае стаўленне ўладаў да Дзямідава. З архіўных крыніц вынікае, што ў перыяд з 1934 да 1939 г. ён супрацоўнічаў з латвійскай палітычнай паліцыяй. Паслугі, якія беларускі дзеяч выконваў для паліцыі, можна акрэсліць як інфармаванне пра настроі, што панавалі сярод латвійскіх беларусаў, пра дзейнасць таварыства “Беларуская хата” і Таварыства беларускіх настаўнікаў. Апрача таго, Дзямідаў перадаваў паліцыі звесткі пра актыўнасць беларускіх цэнтраў па-за межамі Латвіі. Так, напрыклад, латвійскай паліцыі было вядома пра дзейнасць Вячаслава Адамовіча (Дзергача), які жыў у Данцыгу і на пачатку 1930-х г., па словах Дзямідава, звярнуўся да кіраўнікоў латвійскіх беларусаў з прапановай наладзіць супрацоўніцтва. Непасрэдны кантакт Дзямідава з паліцыяй адбываўся праз Віктара Корці [14], сакрэтнага агента паліцыі, які быў адказны за вярбоўку інфарматараў і кіраваў іх сеткай. Верагодна, што Дзямідаў быў завербаваны паліцыяй менавіта пры пасярэдніцтве Корці. Праз недахоп адпаведных крыніц цяпер цяжка вызначыць, на якіх дакладна ўмовах працаваў Дзямідаў. Паводле сведчанняў Корці, Дзямідаў не належаў да штатных агентаў паліцыі і не атрымліваў штомесячнага заробку, не меў таксама агентурнай мянушкі. Разам з тым ён быў добра вядомы кіраўніцтву палітычнай паліцыі як інфарматар па беларускіх справах. Вядома, што ўзамен за інфармацыю пра беларускія справы Корці аказаў Дзямідаву шэраг паслуг. З дапамогай Корці Дзямідаву ўдалося атрымаць паліцэйскую даведку аб палітычнай добранадзейнасці, якая была яму патрэбна пры афармленні пенсіі. Кантакты з палітычнай паліцыяй выкарыстоўваліся таксама пад час працы ў беларускіх арганізацыях. Дзямідаў паспяхова хадайнічаў перад Корці аб прыёме на працу некаторых беларускіх настаўнікаў, а таксама аб зацвярджэнні ўладамі новага статуту Беларускага настаўніцкага таварыства [15].
Кантакты Дзямідава з уладамі былі настолькі відавочнымі, што напярэдадні Другой сусветнай вайны ён быў вядомы ў беларускім асяроддзі як лідар беларусаў, лаяльных да рэжыму Ульманіса. Яго “суперлаяльнасць” была недаспадобы большасці беларускіх дзеячоў у Латвіі і за яе межамі. Іншыя кіраўнікі латвійскіх беларусаў ставіліся да яго асобы з недаверам і насцярожанасцю. Вось якім чынам супрацоўнікі польскай амбасады характарызавалі адносіны паміж мясцовым беларускім актывам напярэдадні Другой сусветнай вайны: “Дзямідаў, беспартыйны, лаяльны ў адносінах да Латвіі, намагаецца фарсіраваць кірунак латвійска-дзяржаўніцкі і выкарыстоўвае дзеля гэтай мэты адзіную беларускую арганізацыю Настаўніцкі саюз. У сувязі з гэтым як Пігулеўскі, гэтак і Езавітаў намагаюцца ў вачах беларусаў здыскрэдытаваць яго як латышскага агента” [16].
Тым часам у свеце наспявалі грунтоўныя змены, у адносінах да якіх беларускі нацыянальны лагер мусіў выпрацаваць уласную пазіцыю. Трэці Рэйх праяўляў штораз большую актыўнасць на міжнароднай арэне, над Еўропай навісла пагроза новай вайны. 29 снежня 1938 г. да беларускіх дзеячоў у Латвіі звярнуўся старшыня Рады БНР Васіль Захарка, які заклікаў суродзічаў да актывізацыі дзейнасці, а таксама да пошуку ў сваіх шэрагах аўтарытэтных асоб, здольных узяць на сябе цяжар арганізацыйнай і нацыянальнай працы ў сувязі з надыходам пэўных зменаў у свеце [17]. З мэтай пераадолення ўнутраных рознагалоссяў сярод лідараў латвійскіх беларусаў у лютым 1939 г. у Рыгу завітаў Янка Станкевіч. Пад час перамоваў з мясцовым беларускім актывам Станкевіч прапагандаваў ідэю аб’яднання ўсіх беларускіх сіл у еўрапейскіх дзяржавах [18]. На прыезд польскага грамадзяніна Я. Станкевіча ў латвійскую сталіцу пільную ўвагу звярнулі польскія дыпламаты ў Рызе.
У выніку быў нават створаны адмысловы рапарт, у якім досыць падрабязна асвятлялася знаходжанне віленскага беларускага дзеяча ў Латвіі. На падставе гэтага дакумента можа скласціся пэўнае ўяўленне пра змест размоваў Станкевіча з лідарамі латвійскіх беларусаў: «Станкевіч прыбыў у Рыгу 9.ІІ. разам з экскурсіяй “Орбіса”. Пра ягоны прыезд былі загадзя папярэджаны два тутэйшыя лідары Пігулеўскі і Езавітаў. Езавітаў паінфармаваў пра гэта трэцяга з лідараў Дзямідава, прапануючы яму зладзіць сустрэчу. Той жа рух зрабіў Пігулеўскі за пасярэдніцтвам кіраўніка школы ў Рызе Сыцька. Адмысловага павітання Дзямідаў, аднак, не зрабіў, выйшаў сам на вакзал, забіраючы Станкевіча на сваю прыватную кватэру. Пра свой прыезд Станкевіч паведаміў праз тэлефон Езавітава, які адразу ж параіў яму не заставацца даўжэй у гасцёх у Дзямідава і спыніцца ў гатэлі, паколькі ў адваротным выпадку “Дзямідаў будзе кантраляваць усе размовы”. Станкевіч прыслухаўся да парадаў Езавітава. С.[танкевіч] наведаў таксама Пігулеўскага.
У міжчасе Станкевіча наведаў шэраг беларускіх настаўнікаў. Увечары наступнага дня Станкевіч накіраваўся да Дзямідава, якога пераконваў, каб той дыстанцыяваўся ад усялякай грамадска-палітычнай дзейнасці. 10 лютага ў час паседжання настаўніцкага саюзу Станкевіч абвінаваціў Дзямідава ў парушэнні дысцыпліны і нішчэнні лініі “адзінага беларускага фронту”, у сувязі з чым Дзямідаў з плачам апраўдваўся. Трэцяя размова на гэты ж конт адбылася 11 лютага. Пад час той размовы Станкевіч інструктаваў, якую тактыку павінны абраць беларусы ў адносінах да латышоў. На самай справе словы Станкевіча былі выразным абвінавачваннем Дзямідава. Ён звярнуў увагу на тое, што нешматлікая інтэлігенцыя не павінна раздрабняць свае сілы, а наадварот мусіць гуртавацца вакол асобы “фюрэра”. За такога С.[танкевіч] лічыць Пігулеўскага, на думку Станкевіча, чалавека з вялікім досведам і тактам, былога дэпутата, г. зн. вядомага чалавека (трэба дадаць, што Пігулеўскі трапіў у сойм дзякуючы галасам не беларусаў, а сацыял-дэмакратаў пры падтрымцы камуністычных сфер).
Станкевіч пакінуў Рыгу 12 лютага” [19]. Праз адсутнасць адпаведных крыніц цяпер складана вызначыць, наколькі змест рапарта адпавядаў рэчаіснасці. Больш за тое, польскі бок вельмі скептычна і крытычна ставіўся да беларускага руху ў Латвіі, які лічыўся цалкам “штучнай з’явай”. Пагардлівае стаўленне да беларусаў знайшло адлюстраванне ў цытаваным рапарце. Варта, аднак, адзначыць, што польская амбасада мела сярод беларускіх актывістаў уласную крыніцу інфармацыі. Так ці інакш неаспрэчны факт, што стаўленне У. Пігулеўскага і К. Езавітава да М. Дзямідава ў разгляданы час не было пазбаўлена недаверу.
Поспехі ІІІ Рэйха на міжнароднай арэне напрыканцы 1930-х г. выклікалі сярод беларускіх дзеячоў узмацненне пранямецкіх настрояў, што можна было адчуць таксама сярод беларусаў Латвіі [20]. Складана адназначна адказаць на пытанне, калі менавіта адбыліся першыя кантакты паміж Берлінам і мясцовым беларускім актывам. Паводле непацверджаных інфармацый яшчэ ў 1934 г. адбылася спроба нямецкіх вайсковых колаў усталяваць сувязь з лідарамі беларускага руху ў Латвіі [21]. Магчыма, у гэтым варта шукаць пачаткі чынных кантактаў латвійскіх беларусаў з немцамі. У гэтых кантактах Дзямідаў адыграў ці не асноўную ролю. Вядома, што ён падтрымліваў знаёмства з праф. Яўгенам фон Энгельхардам, дарадцам па беларускіх справах у Замежным аддзеле НСДАП, якім кіраваў Альфрэд Розенберг. Па даручэнні свайго кіраўніцтва Энгельхард напярэдадні Другой сусветнай вайны неаднаразова наведваў Латвію і вёў перамовы з мясцовым беларускім актывам.
У 1938 г. Дзямідаў двойчы сустрэўся з латгальскім немцам, які прапанаваў яму наведаць Нямеччыну [22]. Можна меркаваць, што пытанне адносна стаўлення да Нямеччыны закраналася пад час вышэйзгаданай сустрэчы латвійскіх беларусаў з Я. Станкевічам у лютым 1939 г. На карысць дадзенага сцвярджэння можа сведчыць факт, што віленскі дзеяч наведаў Рыгу па просьбе Захаркі, які тады ўжо зрабіў стаўку на Берлін [23]. У чэрвені 1939 г. у Данцыгу адбылася нарада беларускіх дзеячоў з розных краін, на якой прысутнічалі прадстаўнікі нямецкіх палітычных колаў і разведкі. Паводле непацверджаных дадзеных, у гэтай сустрэчы ўдзельнічалі два прадстаўнікі латвійскіх беларусаў – Езавітаў і Дзямідаў. Прысутная меліся стварыць камітэт. Акрамя таго, вынікам нарады нібыта было выданне дэкларацыі, якая пацвярджала арыентацыю беларускіх дзеячоў на Берлін [24]. На дадзены момант складана пацвердзіць удзел у гэтым мерапрыемстве беларусаў з Латвіі. Варта таксама дадаць, што некаторыя даследчыкі нават ставяць пад сумнеў характар дынцыгскай нарады [25].
8 ліпеня 1939 г. Дзямідаў прыехаў у Берлін [26]. Афіцыйна паездка ў нямецкую сталіцу мела акадэмічны характар. Па прапанове Энгельхарда Дзямідаў меўся чытаць лекцыі пра беларускае адраджэнне. На самай справе беларускі дзеяч намагаўся наладзіць шчыльнае супрацоўніцтва з тамтэйшымі кіраўнікамі беларускага руху і нямецкімі дзяржаўнымі і вайсковымі ўстановамі, якія займаліся беларускімі пытаннямі. У прыватнасці, адбылася сустрэча з правадыром беларускіх нацыянал-сацыялістаў Фабіянам Акінчыцам і Анатолем Шкуткам. Пры пасярэдніцтве берлінскіх беларусаў Дзямідаў сустрэўся з праф. Герхардам фон Мэндэ, які ад 1937 г. узначальваў беларускую секцыю ў Нямецкім інстытуце даследаванняў замежных праблем Берлінскага ўніверсітэта. Па загадзе нямецкага кіраўніцтва гэты чалавек ажыццяўляў кантакты з беларускім актывам. Паводле сведчанняў самога Дзямідава, меркавалася таксама сустрэча з А. Розенбергам, якая, аднак, не адбылася. Пад час размоў з прадстаўнікамі беларускай дыяспары абмяркоўвалася пытанне наконт беларускіх паўгадзінных радыёперадач на нямецкіх хвалях, адкрыцця беларускага народнага ўніверсітэта для беларускіх эмігрантаў у Нямеччыне, а таксама ўладкавання беларускай моладзі ў нямецкіх ВНУ. Можна меркаваць, што ўражанні Дзямідава наконт Акінчыца не былі найлепшымі.
На пазнейшых допытах у савецкай турме Дзямідаў сведчыў: “Пад час майго прыезду Акінчыц, сабраўшы разам Шкутку, мяне, Бароўскага, спрабаваў гэтую сустрэчу і гэтую размову аформіць як афіцыйную нараду і нават спрабаваў пісаць пратакол, які я павінен быў падпісаць як прадстаўнік латвійскіх беларусаў, Бароўскі – як прадстаўнік эмігрантаў-беларусаў у Нямеччыне, Шкутка – як прадстаўнік беларусаў у Польшчы, але з гэнай задумы нічога не выйшла, бо ўсе адмовіліся ад подпісу і ад пратаколавання. Я лічу, што гэты пратакол быў патрэбны Акінчыцу дзеля таго, каб перадаць яго нямецкім уладам з мэтай атрымання грошай” [27]. Існуюць звесткі пра тое, што Абвер даручыў Дзямідаву завербаваць на выезд у Нямеччыну 2 тыс. грамадзян польскай дзяржавы, якія знаходзіліся ў Латвіі ў якасці сезонных сельскагаспадарчых работнікаў. Нямецкі бок меў намер накіраваць гэтых людзей у дыверсійныя школы з мэтай пазнейшага выкарыстання іх у час ваеннай кампаніі супраць Польшчы [28]. Аналіз архіўных матэрыялаў дазваляе пацвердзіць удзел Дзямідава ў згаданым мерапрыемстве. Праўда, невядомым застаецца колькасць заходнебеларускіх сялян, якія такім чынам маглі трапіць з Латвіі ў Трэці Рэйх. З упэўненасцю можна адзначыць, што вярбоўка значнай колькасці добраахвотнікаў была немагчымай, паколькі выезд мог адбыцца толькі на падставе адпаведнага дазволу латвійскіх уладаў. Пазней Дзямідаў адзначаў, што ў 1939 г. яму ўдалося выслаць у Нямеччыну толькі 4 асобы [29]. Гэта былі людзі, якія знаходзіліся ў 20-асабовым спісе, падрыхтаваным паплечнікам Акінчыца Аляксадрам Крытам і перададзеным Дзямідаву, які, у сваю чаргу, звярнуўся да латвійскіх уладаў з запытам аб выданні дазволу на іх выезд за мяжу.
Пры гэтым ён паінфармаваў латышоў аб тым, што гэта беларускія студэнты, якія хочуць распачаць навучанне ў нямецкіх ВНУ. Невядомы далейшы лёс гэтых людзей. Але варта дадаць, што ў 1939 г. дзякуючы намаганням згаданага праф. Мэндэ нямецкі бок прызначыў шэраг стыпендый для беларускай моладзі ў Берлінскай Палітэхніцы [30].
Аб кантактах Дзямідава з нямецкімі беларусамі было добра вядома латвійскай палітычнай паліцыі, бо пра свае дзеянні беларускі дзеяч інфармаваў Корці [31].
Дзейнасць Дзямідава ў беларускіх арганізацыях у Латвіі працягвалася да лета 1940 г., калі незалежная латвійская дзяржава спыніла сваё існаванне і была інкарпаравана ў склад СССР. Савецкія карныя органы ведалі пра сувязь беларускага дзеяча з латвійскай “палітахранкай» і нямецкай разведкай. У сувязі з гэтым ужо 10 жніўня 1940 г. Дзямідаў быў арыштаваны органамі НКДБ і змешчаны ў рыжскую турму. Супраць яго пачалі следства. Дзямідаў не адзіны беларускі дзеяч у Латвіі, які быў арыштаваны, хоць савецкія рэпрэсіі 1940–1941 г. закранулі мясцовых беларусаў у меншай ступені параўнальна з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў [32]. Спачатку справа Дзямідава разглядалася разам са справамі двух іншых колішніх канфідэнтаў латышскай палітычнай паліцыі – беларуса Віктара Корці і паляка Станіслава Фінчара. У снежні 1940 г. справы ўсіх траіх былі ад’яднаныя ўадну пад нумарам 398. 26 снежня 1940 г. адбылася вочная стаўка Дзямідава і Корці, пад час якой першы пацвердзіў, што ён свядома супрацоўнічаў з латвійскай “палітахранкай”, інфармуючы яе пра настроі сярод латвійскіх беларусаў, а таксама пра свае кантакты з беларускім актывам у іншых краінах. Разам з тым Дзямідаў сцвярджаў, што не браў грошай за свае паслугі, а толькі часам “пазычаў” у Корці пэўныя сумы, а таксама быў запрашаны ім у рэстаран, дзе за кошт суразмоўцы частаваўся віном.
3 сакавіка 1941 г. у 4-м Аддзеле 3-га Упраўлення НКДБ СССР было вырашана правесці ў адносінах да Дзямідава шэраг следчых мерапрыемстваў, не звязаных са справамі Корці і Фінчара, у сувязі з чым назапашаныя на яго следчыя матэрыялы былі вылучаны ў асобнае справаводства, а ён сам пераведзены на Лубянку. У Маскве таксама апынуліся следчыя матэрыялы ў дачыненні да Дзямідава ў перыяд яго знаходжання ў рыжскай турме, а менавіта: тэксты допытаў ад 20 і 22 жніўня, 23 верасня, 23–26 кастрычніка 1940 г.; уласнаручныя паказанні ад 20 і 22 кастрычніка 1940 г. [33]. На жаль, дасюль даследчыкі не выявілі гэтых, а таксама іншых следчых матэрыялаў, якія дазволілі б прасачыць падрабязны ход следства супраць Дзямідава. Але ёсць сведчанні вязняў, якія могуць даць нам пэўнае ўяўленне наконт таго, што адбывалася з беларускім дзеячом у час яго знаходжання на Лубянцы. Вядома, што пэўны час Дзямідаў дзяліў адну камеру з генералам Уладыславам Андэрсам. Ужо пасля вайны генерал пісаў пра беларуса наступнае: “Мушу адзначыць, што маю пра яго як мага найгоршае меркаванне. Не толькі я, але і многія вязні ў камеры былі перакананыя, што сп. Дзямідаў даносіў пра ўсе размовы ў НКУС. Вяртаючыся са следства, заўсёды прыносіў з сабой папяросы і яблыкі, што з нікім ніколі не здаралася. Шматразова таксама падкрэсліваў, што заўсёды супрацоўнічаў і меў кантакты з саветамі. Я глыбока перакананы, што так было, зрэшты, дакладна ведаю, што ён быў вызвалены з турмы пасля таго, як пачалася нямецка-савецкая вайна. Гэта апошні чалавек, да якога, на маю думку, можна мець давер” [34]. Генерал не меў асабістых канфліктаў з Дзямідавым, таму можна лічыць яго меркаванне дастаткова аб’ектыўным. Зрэшты, няма падставаў, каб ставіць пад сумнеў факт супрацоўніцтва Дзямідава з савецкімі карнымі органамі. Пацвярджае гэта таксама факт, што 22 сакавіка 1941 г. следства ў адносінах да Дзямідава цалкам спынілі, а ён сам 10 чэрвеня быў вызвалены з-пад варты і вярнуўся ў Рыгу. Тым часам астатніх фігурантаў справы пазней расстралялі.
Нягледзячы на гэта, да супрацоўніцтва Дзямідава з савецкімі органамі дзяржбяспекі неабходна ставіцца з асцярожнасцю і развагай. Трэба памятаць, што згода на супрацоўніцтва не вынікала з палітычных ці ідэалагічных перакананняў, а была вынікам прымусу і ціску на яго з боку функцыянераў апарату бяспекі. Дзямідаў не быў адзіным беларускім дзеячом, якога напаткаў падобны лёс.
Варта прыгадаць Франца Кушаля, які як польскі афіцэр у верасні 1939 г. у Львове трапіў у савецкі палон і пад час знаходжання ў Старабельскім лагеры ваеннапалонных быў вымушаны пагадзіцца на супрацоўніцтва з НКУС [35].
Бясспрэчна, што савецкія функцыянеры намагаліся выкарыстаць Дзямідава для распрацоўкі беларускага нацыянальнага актыву. Але даступны архіўны матэрыял не дае адказу на пытанне наконт наступстваў дзейнасці Дзямідава як савецкага агента. Верагодна, што кантакты Дзямідава з савецкімі спецслужбамі мелі непрацяглы характар і былі спынены з пачаткам нямецка-савецкай вайны ў чэрвені 1941 г. На дадзены момант нічога не вядома пра сувязь беларускага дзеяча з савецкай разведкай у перыяд нямецкай акупацыі.
У чэрвені 1941 г. у выніку маланкавага наступу Вермахта балтыйскія рэспублікі апынуліся пад нямецкім кантролем. Ва ўмовах новай акупацыі з’явілася магчымасць ажыўлення беларускай дзейнасці ў Латвіі. Галоўным чыннікам, які спрыяў большай актыўнасці беларускага жыцця, была адпаведная палітыка акупантаў у дачыненні да мясцовых беларусаў, якую абумоўлівалі наступныя акалічнасці. Па-першае, існавалі нацысцкія планы падрыхтоўкі балтыйскіх краін да ўключэння іх у склад ІІІ Рэйха і германізацыі тых абшараў. Паводле гэтай канцэпцыі латышы і літоўцы павінны былі асімілявацца, тым часам як славянскаму насельніцтву адмаўлялася ў праве быць часткай “арыйскага народа”. У будучынітутэйшых славян чакала высяленне на ўсход. У дэкрэце рэйхскамісара “Усход” ад 27 ліпеня 1942 г., які датычыў нацыянальнай справы ў Прыбалтыцы, чытаем: “нельга асіміляваць рускіх і беларусаў, бо 1) сапсуецца кроў народаў, якія будуць уключаны ў склад Рэйха, 2) трэба лічыцца з тым, што беларусы з Прыбалтыкі будуць пераселены ў сапраўдную Беларусь <…> Існуе небяспека, што праз асіміляцыю рускіх і беларусаў малакаштоўныя расавыя элементы потым трапяць у нямецкі народ” [36]. Па-другое, акупанты прытрымліваліся прынцыпу “падзяляй і ўладар”. Акупацыйная палітыка мела на мэце недапушчэнне стварэння буйных аднародных у нацыянальным сэнсе груп. Замест гэтага бачылася карысным для Трэцяга Рэйха наяўнасць на акупаваным абшары як мага больш дробных груп, якія не стваралі б пагрозы нямецкім інтарэсам. Апрача таго, пэўныя саступкі на карысць беларусаў тлумачыліся жаданнем аслабіць мясцовы польскі элемент, а таксама супрацьдзейнічаць празмернай актыўнасці латышоў. У згаданым дакуменце звярталася ўвага на тое, што наданне мясцовым беларусам і рускім пэўнай культурна-асветнай аўтаноміі спрычыніцца да ўзмацнення сярод іх пранямецкіх настрояў, тым часам як з-за магчымай дыскрымінацыі з боку тытульных нацый яны маглі б падпасці пад бальшавіцкую прапаганду. Беручы пад увагу ўсе вышэйзгаданыя акалічнасці, лічылася неабходным нацыянальную палітыку на акупаваных абшарах ні ў якім выпадку не перадаваць мясцовым прыбалтыйскім адміністрацыям, а моцна трымаць у нямецкіх руках [37]. Дырэктывы Міністэрства акупаваных усходніх абшараў загадвалі ахоўваць тутэйшых беларусаў і рускіх ад асіміляцыйных тэндэнцый з боку латышоў, якія маглі адбывацца праз школу, урадавыя ўстановы і царкву. Адным з галоўных сродкаў захавання этнічнай адрознасці мясцовага нелатышскага насельніцтва было ўтрыманне ў акупаванай Латвіі пэўнай школьнай і моўнай аўтаноміі [38]. Разам з тым утрыманне гэтай аўтаноміі не азначала палітычнай падтрымкі для нацыянальных меншасцяў, а разглядалася выключна як сродак ізалявання гэтых “расава непажаданых” груп ад больш вартаснай у гэтым сэнсе тытульнай нацыі. Таму неабходна было сачыць за тым, каб моўныя ўплывы нацменшасцяў не ўздзейнічалі на латышоў. На практыцы гэта азначала, што дзеці латышоў мусілі хадзіць у латвійскія школы, а дзеці беларусаў – у беларускія [39].
Безумоўна, мясцовыя беларускія дзеячы не маглі не выкарыстаць спрыяльнай бягучай сітуацыі для ўзмацнення ўласнай пазіцыі і фармавання сярод мясцовага насельніцтва адпаведнага нацыянальнага і палітычнага тылу. Таму не павінна здзіўляць, што ўжо 10 жніўня 1941 г. у Рызе быў скліканы Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) (ад сакавіка 1942 г. – Беларускае аб’яднанне).
У правінцыі былі створаны яго прадстаўніцтвы. У арганізацыю ўваходзілі галоўным чынам прадстаўнікі інтэлігенцыі (пераважна настаўнікі) [40]. 26 верасня 1941 г. ініцыятыўная група прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі Латвіі звярнулася да генеральнага камісара Латвіі з мемарандумам, у якім акрэсліваліся асноўныя патрэбы беларускай меншасці: 1) легалізаваць Беларускі нацыянальны камітэт, 2) дазволіць стварэнне Беларускага нацыянальнага камітэта самадапамогі, 3) утрымаць наяўнае беларускае школьніцтва, а таксама прыступіць да адкрыцця новых школ у мясцовасцях з колькаснай перавагай беларускага насельніцтва, 3) адчыніць беларускую сярэднюю школу ў Індры, 4) распачаць працу беларускіх настаўніцкіх курсаў у Рызе ці Дзвінску, 5) у “беларускіх гмінах” на пасады пісараў і камендантаў самааховы прызначыць беларусаў [41].
Нямецкія ўлады былі схільныя пайсці насустрач некаторым жаданням беларускага боку. У выніку ў 1941–1942 г. утварыліся філіі Беларускага камітэта ў Рызе, Дзвінску, Краславе, Пасіене, Індры [42]. Ролю рухавіка беларускага руху выконвалі перадусім даваенныя беларускія дзеячы, якія жылі ў Латвіі. Дзямідаў таксама не мог застацца ў баку ад нацыянальна-арганізацыйнай працы. Яго прозвішча мы знаходзім у ліку падпісантаў названага звароту да нямецкай адміністрацыі. Спачатку ён узначаліў Беларускі нацыянальны камітэт у Дзвінску, а потым увайшоў у склад згаданага Беларускага камітэта ў Рызе. Прыярытэтам дзейнасці беларускага актыву было стварэнне і развіццё школьніцтва. Як дасведчаны настаўнік Дзямідаў узяў чынны ўдзел у школьнай працы.
У лісце да кіраўніка аддзела асветы і культуры Генеральнай акругі Латвія прадстаўнікі беларускай супольнасці прасілі прызначыць Дзямідава на пасаду кіраўніка беларускай школы ў Індры замест Язэпа Клагіша, які па асабістых прычынах адмовіўся ад займанай пасады [43]. 8 кастрычніка 1941 г. кіраўніцтва БНК прасіла дэлегаваць Дзямідава і Язэпа Камаршынскага ў Дзвінскую акругу з мэтай высвятлення сітуацыі, звязанай з магчымасцямі адкрыцця там беларускіх школ [44]. Ужо 24 кастрычніка 1941 г. нямецкія ўлады даручылі Дзямідаву справу арганізацыі беларускага школьніцтва ў Дзвінскай акрузе [45]. Імаверна, што згаданая намінацыя магла быць вынікам яго кантактаў з Берлінам, якія адбываліся напярэдадні нямецка-савецкай вайны.
28 кастрычніка 1941 г. Дзямідаў накіраваўся ў Індру, дзе пачаў стварэнне беларускай народнай школы. Неабходна адзначыць, што беларуская школьная праца ў Латвіі ў гады нямецкай акупацыі была плённай. Ужо ў 1941/42 навучальным годзе ў Генеральнай акрузе Латвія працавала 36 беларускіх народных (5- і 7-гадовых) школ, з якіх 15 прыпадала на Дзвінскі павет, дзе працаваў Дзямідаў [46]. У аўтабіяграфіі, якую ён падрыхтаваў для нямецкай адміністрацыі, Дзямідаў адзначаў, што яму ўдалося стварыць ажно 20 пачатковых школ i адну гімназію [47]. Дзейнасць беларускага настаўніка выклікала сур’ёзную трывогу латышскага боку. Кіраўнік латышскага школьнага аддзела ў лісце да Франца Адольфі не шкадаваў крытыкі на адрас беларускай школьнай справы ўвогуле і на адрас Дзямідава ў прыватнасці. Беларускага дзеяча абвінавачвалі ў шматлікіх злоўжываннях, мэтай якіх было ўцягненне дзяцей латышоў у беларускія школы. Асаблівы розгалас набылі падзеі ў Індры, дзе раней існавала латышская школа, але дзякуючы Дзямідаву была створана таксама беларуская. Аўтар ліста вінаваціў беларускага дзеяча ў тым, што ён зладзіў сход, на які запрасіў толькі беларускіх настаўнікаў і на якім было вырашана стварыць у Індры побач з латвійскай школай беларускую. Дзямідаву закідвалася запалохванне бацькоў з мэтай прымусіць іх, каб аддалі сваіх дзяцей менавіта ў беларускую школу. У лісце адзначалася, што 3 лістапада 1941 г. Дзямідаў з’явіўся ў пачатковай школе ў Індры і патлумачыў, што гэтая школа будзе беларускай. Паводле латвійскага ўрадоўца, такая заява мелася выклікаць незадаволенасць і абурэнне як вучняў, так і іх бацькоў. Дзямідаў нібыта абяцаў, што дзеці ў школе могуць размаўляць па-руску і па-польску, а ў старэйшых класах нават па-латышску. У дакуменце адзначалася, што Дзямідаў пагражаў пакараннем бацькам, якія не пашлюць сваіх дзяцей у беларускую школу. З мэтай вырашэння спрэчных момантаў латышскіх бок прапаноўваў стварыць змешаную камісію ў складзе 2 немцаў, 2 беларусаў і 2 латышоў, якая павінна была вызначыць нацыянальны склад у паасобных латгальскіх гмінах [48].
Крытыка Дзямідава не спынілася і пазней. Беларускі дзеяч абвінавачваўся ў негаспадарчасці і кепскім кіраванні школай у Індры, што нібыта стала прычынай заняпаду яе матэрыяльнага стану і пагаршэння якасці навучальнага працэсу. Паводле звестак школьнага інспектарата ў Дзвінску, 7 лістапада 1941 г. Дзямідаў “захапіў” увесь інвентар і грошы, якія належалі латышскай школе ў Індры.
Адначасова беларус увайшоў у канфлікт з дырэктарам латвійскай школы Альфрэдсам Магонсам. Дзямідаву закідваліся дзеянні, мэтай якіх было спыненне навучальнага працэсу ў латвійскай школе, а таксама няздольнасць адрамантаваць школьнае цэнтральнае ацяпленне і неадпаведнае выкарыстанне запасаў дроў, што ішлі на абагрэў школьных будынкаў [49]. У адным з лістоў школьнага інспектара на адрас Дзямідава фармуляваліся закіды адносна злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і дзейнасці, якая супярэчыла інструкцыям і загадам нямецкага кіраўніцтва. Аўтар ліста вінаваціў Дзямідава ў неталерантнасці, даводзячы, што 22 снежня 1941 г. беларускі дзеяч хацеў выдаліць з класа пяць вучняў, якія заявілі, што не разумеюць беларускай мовы. Варта працытаваць урывак з гэтага ліста: «Паводзіны Дзямідава і іншых арганізатараў беларускіх школ у адносінах да простага насельніцтва выходзяць за ўсялякія межы, прычым яны таксама падрываюць рэпутацыю нямецкіх уладаў, з дапамогай якой яны выбудавалі свой аўтарытэт. Наступныя факты пацвярджаюць вышэйсказанае. A) настаўніцы С. Лепіна Дзямідаў сказаў, што ён быў у Берліне, дзе яму было прапанавана далучыць Латгалію да Мінска, але ён адмовіўся, бо мае латвійскі пашпарт і хацеў, каб латвійская тэрыторыя засталася некранутая. Б) жыхарка Індры Юлія Гіліс у пратаколе падала і засведчыла, што Дзямідаў 3 лістапада 41 г. сказаў бацькам дзяцей школы ў Індры: “Латышы мусяць усе выехаць у Курляндыю, каб там жыць, бо тут, г. зн. у Індры, будзе Беларусь”. Бацькі выказаліся супраць беларускай школы і лічылі, што было б лепш, каб арганізаваць нямецкую школу. Дзямідаў тады адказаў: “ці нямецкая мова яшчэ будзе патрэбна, невядома. Ужо аднойчы пад час вайны мы бачылі, што немцы здабылі вялікія абшары, але пазней мусілі вярнуцца на сваю радзіму. На працягу 20 гадоў нямецкая мова была непатрэбна, але беларуская мова як родная заўсёды будзе патрэбна”. В) 6 лістапада 1941 г. Дзямідаў у школе ў Эзерніекі патлумачыў кіраўніку школы, што “немцы яму падпарадкоўваюцца, а не ён немцам і яны павінны яго слухацца”. Бацькам дзяцей гэтай жа школы Дзямідаў сказаў: “Беларусь будзе ад Дынабурга да Полацка і там будуць беларускія школы”. Тое самае выказванне чула настаўніца Горта Кіпа ў пачатковай школе ў Даўгавіешы 16 лістапада 1941 г., калі ён прамаўляў да бацькоў дзяцей» [50].
Латвійскае школьнае кіраўніцтва падавала выпадак Дзямідава як прыклад суб’ектыўных паводзінаў беларускага актыву пад час арганізацыі ўласнага школьніцтва ў нацыянальна змешаных валасцях у Латгаліі. Справа Дзямідава атрымала працяг. Скаргі латышскага боку прымусілі нямецкіх школьных урадоўцаў звярнуць больш пільную ўвагу на дзейнасць беларускага дзеяча. 21–22 студзеня 1942 г. Індру па службе наведаў рэферэнт Аддзела асветы і культуры гебітскамісара ў Дзвінску Рольф Вінберг, які сустрэўся з кіраўнікамі беларускай і латвійскай школ.
Нямецкі ўрадавец сцвердзіў, што абвінавачванні супраць Дзямідава часткова грунтаваліся на непаразуменні, а часткова былі вынікам пэўных нацыянальных тэндэнцый [51].
22 студзеня ў Індры пад кіраўніцтвам Вінберга адбылася супольная канферэнцыя з удзелам беларускага і латвійскага настаўніцтва, прадстаўнікоў паліцыі і самакіравання. Беларусаў прадстаўлялі Мікалай Дзямідаў, Сяргей Сахараў і К. Казак-Казакевіч. Удзельнікі павінны былі вырашыць спрэчныя моманты і выпрацаваць агульныя прынцыпы суіснавання латвійскай і беларускай школ такім чынам, каб у будучыні больш не ўзнікала канфліктных сітуацый. На той канферэнцыі Дзямідаў катэгарычна сцвердзіў, што ён не парушыў нямецкага распараджэння, адпаведна якому толькі дзеці беларусаў маглі вучыцца ў беларускіх школах. Акрамя таго, ён засведчыў, што ў момант, калі ён прыбыў у Індру, у школе было зарэгістравана 70 вучняў-латышоў і каля 200 беларусаў, але з пачаткам навучальнага года аказалася, што латышоў было ўжо 170. З’яўленне “латышоў” ён лічыў вынікам агітацыі латвійскага настаўніцтва і адміністрацыі. Словы беларускага дзеяча пацвердзілі назіранні рэферэнта Вінберга.
Акрамя таго, на канферэнцыі высветлілася, што Дзямідаў не дапусціў самавольства пад час прыняцця школы ад латвійскага кіраўніка. Не адпавядалі праўдзе таксама абвінавачванні яго ў негаспадарчасці і адказнасці за дрэнны матэрыяльны стан школы. Было вырашана падзяліць інвентар паміж беларускай і латвійскай школамі.
Удзельнікі канферэнцыі зрабілі выснову, што ў будучыні ўсе спрэчныя справы неабходна ўрэгулёўваць у духу сяброўства [52].
Згаданыя падзеі адлюстроўвалі больш шырокія працэсы, якія адбываліся ў Латгаліі ў час нямецкай акупацыі. Ішло своеасаблівае змаганне паміж беларускімі і латвійскімі дзеячамі за “сэрцы і душы” тутэйшага славянамоўнага (не толькі беларускамоўнага) сялянства, нацыянальная свядомасць якога знаходзілася ў стадыі фармавання. Латышскі і беларускі бакі разумелі, што будучыня рэгіёна можа залежыць ад нацыянальнага складу яго жыхароў.
Яшчэ ў міжваенны час, асабліва пасля 1934 г., латвійскія дзеячы рабілі захады, каб надаць Латгаліі як мага больш латышскае нацыянальнае аблічча, што было гарантам захавання рэгіёна ў складзе латвійскай дзяржавы.
Тым часам беларускі актыў браў пад увагу магчымасць далучэння пасля вайны Латгаліі да Беларусі. Стаўленне латвійскага боку можна зразумець, паколькі ў Латгаліі ў міжваенны час існавала рэальная праблема інтэграцыі гэтага рэгіёна з астатняй часткай латвійскай дзяржавы.
У паўднёвалатгальскіх валасцях толькі ў другой палове 1930-х г. латышам удалося дасягнуць перавагі ў мясцовым самакіраванні. Натуральна, што ва ўмовах нямецкай акупацыі латышскі бок намагаўся не дапусціць аслаблення здабытага ўплыву [53].
Вынікі дзейнасці як беларускіх, так і латышскіх дзеячоў перадусім залежалі ад прыхільнасці або непрыхільнасці акупацыйных уладаў, таму менавіта там абодва бакі шукалі дапамогі. У лісце генеральнага дырэктара дэпартамента народных школ Генеральнай акругі Латвія да гебітскамісара ў Дзвінску метады беларускіх дзеячоў акрэсліваліся як недапушчальныя. На думку латвійскага настаўніцтва і ўрадоўцаў, беларусы дзейнічалі ў шалёным тэмпе і не ўзгаднялі сваіх крокаў з мясцовай адміністрацыяй. Беларусам закідвалася суб’ектыўнасць пры рэгістрацыі вучняў па нацыянальнасці і запісванне ў беларускія школы дзяцей іншага паходжання. Аналіз архіўных крыніц не дазваляе пацвердзіць, што такія выпадкі не здараліся. Адначасова нельга выключыць таго, што прадстаўнікі латвійскай адміністрацыі запісвалі “латышамі» вучняў, якія не лічылі сябе латышамі. Абодва бакі валодалі даволі значнымі магчымасцямі інтэрпрэтацыі нацыянальнага складу вучняў, бо значная частка латгальскага сялянства мела складанасці з самаідэнтыфікацыяй і нярэдка падавала розную нацыянальнасць у залежнасці ад вонкавых абставінаў. У лістах і зваротах да немцаў здараліся досыць вострыя напады на сваіх апанентаў, якіх паказвалі ў як мага больш адмоўным святле. Латышскі бок нярэдка намагаўся падаць беларусаў як зацятых і паслядоўных прыхільнікаў камунізму [54]. Акрамя вусных абвінавачванняў існавалі таксама рэальныя прычыны. Стаўленне латышскай цывільнай адміністрацыі да беларускіх школ не заўсёды было адпаведнага ўзроўню. Са скаргаў, якія прыходзілі ў 1942–1944 г. у Беларускае аб’яднанне ў Рызе ад мясцовых актывістаў гэтай арганізацыі, вынікала, што ў правінцыі частай з’явай быў адкрыты ціск з боку мясцовай адміністрацыі і паліцыі [55].
Як бачым, у справе стварэння беларускага школьніцтва ў Латвіі пад нямецкай акупацыяй Дзямідаў адыграў значную ролю. 1 снежня 1941 г. яго прызначылі на пасаду інспектара беларускіх школ [56]. Але прызначэнне сустрэла супраціў акупацыйнай адміністрацыі. Упаўнаважаны гебітскамісара ў Ілукшчынскім павеце Фрызэн інфармаваў: “Дзямідаў зусім не адпавядае гэтай пасадзе, а нават можа быць шкодным, ён не толькі ў камуністычныя часы быў вельмі актыўным, але з’яўляецца чалавекам непрыгодным, пра што мне даносяць кіраўнікі раёнаў і расійскія духоўнікі, якія яго ведаюць” [57]. Тым часам акруговы камісар у Дзвінску абараняў Дзямідава, лічыў яго годным чалавекам, але не выключаў, што праз свой ідэалізм у мінулым мог стаць ахвярай палітыкі [58]. Далейшае вывучэнне нямецкімі чыноўнікамі справы прынесла несуцяшальныя для Дзямідава вынікі. Пасаду інспектара беларускіх школ урэшце атрымаў Аляксандр Махноўскі [59].
15 сакавіка 1942 г. Дзямідаў быў дэлег59аваны ў Розенава з мэтай арганізацыі беларускага школьніцтва ў Люцынскай акрузе, дзе школьная праца мела цяжкасці. На тым абшары таксама назіраліся праявы латышска-беларускіх рознагалоссяў. Сведчыць пра гэта факт, што ў траўні 1942 г. Дзямідаў інфармаваў БНК аб затрыманні латышскай дапаможнай паліцыяй беларускіх настаўнікаў у Розенаве [60]. Тым не менш, да верасня 1942 г. на Люцыншчыне дзейнічала 6 беларускіх пачатковых школ, што можна лічыць апошнім плёнам працы Дзямідава на беларускай ніве ў Латвіі [61].
У хуткім часе М. Дзямідаў пераехаў у Генеральную акругу Беларусь. Дакладныя прычыны гэтага невядомыя.
Выезд у Беларусь падаецца тым больш незразумелым, калі ўлічыць, што беларускае настаўніцтва ў Латвіі было вельмі нешматлікім, што адчуваўся недахоп кваліфікаваных кадраў. Магчыма, да ад’езду Дзямідава з Латвіі мае дачыненне яго папярэдняя дзейнасць у гэтай краіне і стаўленне да яго мясцовых нямецкіх акупацыйных уладаў. Насамрэч, беручы пад увагу нядаўняе мінулае Дзямідава, яго не цяжка было абвінаваціць у палітычнай ненадзейнасці. Безумоўна, сам ён па зразумелых прычынах пярэчыў усялякім закідам адносна сувязі з “саветамі”. У аўтабіяграфіі, падрыхтаванай для Аддзела асветы і культуры Генеральнай акругі Беларусь, ён па зразумелых прычынах замоўчваў акалічнасці свайго знаходжання на Лубянцы. Адзначыў толькі, што “праз адсутнасць пераканаўчых доказаў віны” савецкія ўлады былі вымушаны вызваліць яго з турмы і дазволіць вярнуцца ў Рыгу [62].
Такім чынам, напрыканцы 1942 г. скончыўся 20-гадовы перыяд жыцця і дзейнасці Мікалая Дзямідава на латвійскай зямлі. Далейшы лёс гэтага дзеяча быў не менш насычаны рознымі падзеямі, звязанымі з асноўнымі вехамі беларускага нацыянальнага руху. У 1943 г. яго прызначылі на пасаду школьнага інспектара ў Лідскай акрузе. Паводле некаторых звестак, у 1944 г. удзельнічаў у фармаванні аддзелаў Беларускай краёвай абароны (БКА). У чэрвені 1944 г. у якасці дэлегата прысутнічаў на ІІ Усебеларускім кангрэсе, быў адным з прамоўцаў. Існуюць звесткі, што ў 1944 г. на непрацяглы час вярнуўся ў Рыгу. Разам з тым вядома, што ўлетку 1944 г. у выніку наступлення Чырвонай арміі Дзямідаў разам з іншымі беларускімі дзеячамі мусіў уцякаць на Захад і ў выніку апынуўся ў Берліне, дзе на пачатку кастрычніка 1944 г. было створана Галоўнае кіраўніцтва вайсковых спраў Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) на чале з К. Езавітавым. У новай арганізацыі Дзямідаў заняў пасаду кіраўніка аддзела па справах апекі пад сем’ямі вайскоўцаў. Апрача таго, яго прозвішча значыцца ў спісах асабовага складу 1-га кадравага батальёна БКА, створанага ў Берліне загадам прэзідэнта БЦР ад 15 кастрычніка 1944 г. Тады ж Дзямідаў быў прызначаны намеснікам камандзіра батальённых падафіцэрскіх курсаў [63].
Пасля капітуляцыі Трэцяга Рэйха і заканчэння баявых дзеянняў у Еўропе Дзямідаў падзяліў лёс тысяч эмігрантаў, якія не хацелі вяртацца на занятую савецкімі войскамі радзіму. Апынуўся ў адным з лагераў для перамешчаных асоб на тэрыторыі французскай зоны акупацыі Нямеччыны, дзе распачаў арганізацыйную працу сярод суайчыннікаў. Быў членам адроджанай на тэрыторыі Нямеччыны Рады БНР. У 1948 г. увайшоў у склад Прэзідыума Рады, узначаліўшы камісію вайсковых спраў. Актыўна ўдзельнічаў таксама ў стварэнні Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) на эміграцыі. Дзямідаў апынуўся ў ліку тых беларускіх дзеячоў, якія ініцыявалі скліканне Саборыка БАПЦ у Канстанцы ў чэрвені 1948 г. Быў сябрам часовага кіраўніцтва і кансісторыі БАПЦ.
У кастрычніку 1948 г. Дзямідаў выказаў гатоўнасць пастрыжэння ў манахі з мэтай пазнейшага высвячэння на іерарха БАПЦ. Нягледзячы на падтрымку з боку часткі Рады БНР ініцыятыва не знайшла працягу. Супраціў выказаў епіскап Сяргей (Ахатэнка), першаіерарх БАПЦ, паколькі Дзямідаў быў на той час жанаты, што пярэчыла царкоўным канонам. Уладыка параіў беларускаму дзеячу найперш развесціся, але з цягам часу справа страціла актуальнасць, а Дзямідаў мусіў задаволіцца “пасадай” псаломшчыка. Відаць, беларускія дзеячы зразумелі, што як з кананічнага, так і маральнага гледзішча справа выглядае вельмі несур’ёзна і сумнеўна [64].
У 1950 г. Дзямідаў пераехаў на сталае месца жыхарства ў ЗША. Ён быў адным з першых беларускіх дзеячоў пасляваеннай хвалі эміграцыі, якія апынуліся за акіянам і разгарнулі нацыянальную працу. Спачатку пасяліўся ў Лансінгу (штат Мічыган), але ў хуткім часе асеў у Чыкага, дзе браў чынны ўдзел у арганізацыі і дзейнасці тутэйшай беларускай грамады. Наладзіў сувязь з прадстаўнікамі старой (даваеннай) беларускай эміграцыі – Янкам Чарапуком і Язэпам Варонкам. Увайшоў у склад кіраўніцтва Беларуска-амерыканскай народнай рады. Пачынаючы з 1950 г. быў вядучым беларускіх перадач у Чыкага.
Стаў сябрам Згуртавання беларусаў штату Ілінойс, створанага ў 1953 г. Яшчэ да пераезду ў Амерыку, калі жыў у Нямеччыне, Дзямідаў далучыўся да працы па стварэнні Згуртавання беларускіх камбатантаў на чужыне. Сваю дзейнасць на гэтай ніве ён працягваў таксама за акіянам. Пасля пераезду ў Амерыку Дзямідаў па-ранейшаму належаў да прыхільнікаў Рады БНР. Але адносіны з іншымі беларускімі дзеячамі на эміграцыі складваліся па-рознаму. Вось якім чынам характарызаваў Дзямідава згаданы Я. Чарапук: «Ён, М. Дзямідаў, характару парывістага: часамі добрую прыслугу можа зрабіць, а часамі –хоць уцякай ад яго. Усё залежыць ад настрою, а настрой ад напою – ці ў меру, ці праз меру. А часамі настрой залежыць і ад “залежнасці”, і ад аўтарытэту. Настрой яго ўмерыць я стараюся, велічаючы яго тытулам “палкоўнік”» [65].
Не ўдалося, аднак, знайсці агульнай мовы з іншымі прыхільнікамі прэзідэнта Мікалая Абрамчыка. У выніку Дзямідаў далучыўся да Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) на чале з Радаславам Астроўскім. У 1955 г. быў прызначаны кіраўніком аддзела ўнутраных спраў [66]. Неабходна падкрэсліць, што падобныя палітычныя “метамарфозы” ў эміграцыйным асяроддзі былі нярэдкія. На амерыканскай зямлі Дзямідаў працягваў працаваць на карысць БАПЦ. Быў адным з арганізатараў і першым рэгентам хору парафіі св. Юр’я ўЧыкага. А напрыканцы жыцця далучыўся да беларусаў-каталікоў усходняга абраду і нават стаў чынным удзельнікам парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага. Памёр Мікола Дзямідаў 23 траўня 1967 г.
Падсумоўваючы, трэба адзначыць, што 20-гадовы “латвійскі” перыяд жыцця Мікалая Дзямідава займае істотнае месца пад час яго ацэнкі як беларускага дзеяча ўвогуле. Гэты перыяд адзначаўся ўдзелам у культурна-асветным і грамадска-палітычным жыцці латвійскіх беларусаў.
Менавіта тады Дзямідаў прадэманстраваў асабістыя і грамадскія якасці, на падставе якіх можна пра яго меркаваць як пра ўдзельніка беларускага руху. Дзямідава можна лічыць адным з найбольш вядомых дзеячоў беларускага руху ў Латвіі ў разгляданы перыяд. Пры гэтым трэба дадаць, што роля Дзямідава ў жыцці беларусаў Латвіі была менш значнай і заўважальнай у 1920-я г., чым у часы знаходжання краіны пад кіраўніцтвам Ульманіса. Напярэдадні ІІ сусветнай вайны Дзямідава (побач з К. Езавітавым і У. Пігулеўскім) варта залічыць да галоўных лідараў латвійскіх беларусаў. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі яго сувязі з латвійскай палітычнай паліцыяй. Не знік ён таксама з беларускага далягляду і пасля страты Латвіяй дзяржаўнай незалежнасці. Аналіз архіўных матэрыялаў і даступнай літаратуры дазваляе стварыць вобраз Дзямідава як педагога, актыўнага грамадска-палітычнага дзеяча і палымянага патрыёта, адданага нацыянальнай справе. Разам з тым у яго біяграфіі хапае супярэчлівых і неадназначных момантаў, якія яшчэ патрабуюць больш грунтоўнага даследавання. Безумоўна, учынкі і дзейнасць гэтага дзеяча неабходна ацэньваць у кантэксце тагачасных падзей і абставін, у якіх давялося жыць і працаваць герою публікацыі.
[1] Гл.: Łatyszonek O. Mikołaj Demidow // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 1995. Z. 1. S. 174–180.
[2] Першую асвету Дзямідаў атрымаў у мужчынскай гімназіі ў Ломжы, а пазней навучаўся ў настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы. У 1907 г. стаў вольным слухачом вячэрніх курсаў Гістарычна-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта. У 1910 г. у Беластоку здаў іспыт на настаўніка павятовых школ. 1 кастрычніка 1911 г. атрымаў пасаду дырэктара 2-класавай чыгуначнай школы ў Беластоку. У 1912 г. удзельнічаў у летніх курсах у галіне гісторыі, методыкі і педагогікі, зладжаных пры Педагагічным інстутуце ў Вільні. Адначасова ён здаў іспыт на настаўніка гісторыі і рускай мовы гарадскіх школ Віленскай школьнай акругі.
[3] Łatyszonek O. Mikołaj Demidow… S. 174–177.
[4] Тамсама. S. 177.
[5] Gierowska-Kałłaur J. Stosunek państwa łotewskiego do miejscowych Polaków i Białorusinów w początkach niepodległości łotewskiej // Studia z dziejów Rosji i Europy Wschodniej. 2011. T. 46. S. 181–216.
[6] Гл.: Екабсонс Э. Белорусы в Латвии в 1918–1940 годах // Беларуская дыяспара як пасярэднiца ў дыялогу цывiлiзацый. Матэрыялы III Мiжнароднага кангрэса беларусiстаў. Mінск, 2001. С. 76–93.
[7] Езавітаў К. Беларусы ў Латвіі. Рыга, 1927 [перадрук: НьюЁрк – Мінск, 2013]. С. 104.
[8] Сахараў С. 25 год вучыцельскае працы М. І. Дзямідава // Сахарава В., Сахараў С. Выбраныя творы; аўт. прадмовы М. Казлоўскі. Мінск, 2015. С. 165–166.
[9] Екабсонс Э. Белорусы в Латвии в 1918–1940 годах… С. 76–93.
[10] Екабсонс Э. Выходцы с Гродненщины в общественно-политической жизни белорусов Латвии в 20–30-е г. ХХ в. / Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа. Гродна, 2003. С. 154.
[11] Екабсонс Э. Белорусы в Латвии в 1918–1940 годах… С. 76–93.
[12] Archiwum Akt Nowych [AAN; Архіў новых актаў]. Sygn.: MSZ. T. 5328. K. 37–45.
[13] Łossowski P. Kraje bałtyckie na drodze od demokracji parlamentarnej do dyktatury: 1918–1934. Wrocław, 1972. S. 253–254, 261–263.
[14] Віктар Корці (9.3.1900, Рыга – 1942). У 1920-я г. удзельнічаў у арганізацыйным жыцці латвійскіх беларусаў. Да 1925 г. быў сябрам управы культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына» і настаўнікам у Дзвінскай беларускай гімназіі. У 1924 г. часова арыштаваны латвійскімі ўладамі, праходзіў па “беларускім працэсе”. Пазней не ўдзельнічаў у дзейнасці беларускіх арганізацый. Падтрымліваў адносіны з расійскімі эмігрантамі. У 1930–1931 г. супрацоўнічаў з расійскім эміграцыйным выданнем “Сегодня”. Быў штатным супрацоўнікам палітычнай паліцыі, збіраў звесткі пра дзейнасць польскай і беларускай меншасці.
[15] Latvijas Valsts arhīvs (далей LVA). F. 1986. Apr. 2. P-10551. Lp. 88–97.
[16] AAN. Sygn.: MSZ. T. 5328. K. 37–45.
[17] Тамсама.
[18] Тамсама.
[19] AAN. Sygn.: MSZ. T. 5328. K. 48–50.
[20] Тамсама. K. 52.
[21] Пад час допытаў у турме НКДБ Дзямідаў і Корці ўзгадвалі нейкага Зісмеля, афіцэра нямецкага Генштаба, які жыў у Кёнігсбергу. Гэты чалавек у 1934 г. меўся накіраваць ліст да лідараў латвійскіх беларусаў, у якім пераконваў, што Нямеччына будзе спрыяць беларускаму руху. Паводле слоў Дзямідава, Езавітаў лічыў неабходным па тактычных меркаваннях падтрымліваць кантакты з немцамі. Гэтыя звесткі пакуль немагчыма верыфікаваць. Беручы, аднак, пад увагу акалічнасці, у якіх была атрымана інфармацыя, ставіцца да яе трэба асцярожна. LVA. F. 1986. Apr. 2. P-10551. Lp. 88–97.
[22] LVA. F. 1986. Apr. 2. P-10551. Lp. 88-97.
[23] Грыбоўскі Ю. Палітычная чыннасць Старшыні Рады БНР Васіля Захаркі напярэдадні і ў гады Другой сусветнай вайны (1938–1943) // Гістарычны альманах. 2009. T. 15. C. 118–127.
[24] Сакалоўскi У. Пачатак другой сусветнай вайны i беларуская эмiграцыя (1938–1941) // Беларусь i Германiя. Гiсторыя i сучаснасць. Mінск, 2004. C. 176.
[25] Ю. Туронак лічыць, што на самай справе ў Данцыгу адбылася не нарада беларускага нацыянальнага актыву з розных краін, а сустрэча прадстаўнікоў НСДАП з групай беларускіх нацыянал-сацыялістаў на чале з Ф. Акінчыцам, які намагаўся надаць гэтай падзеі ранг значна большы, чым яна была ў сапраўднасці. Turonek J. Działalność grupy Fabiana Akinczyca (1939–1943) // Białoruś w XX stuleciu w kręgu kultury i polityki; red. D. Michaluk. Toruń, 2007. S. 400.
[26] Сакалоўскi У., Ляхоўскi У. Нямеччына й беларускi нацыянальны рух напярэдаднi й у першыя гады Другой Сусьветнай Вайны // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2000. Z. 13. S. 10.
[27] LVA. F. 1986. Apr. 2. P-10551. Lp. 88–97.
[28] Сакалоўскi У., Ляхоўскi У. Нямеччына й беларускi нацыянальны рух… S. 10.
[29] Адсутнічаюць звесткі адносна таго, кім былі гэтыя людзі. Вядома, што ў гэты час з Латвіі ў Нямеччыну выехаў Браніслаў Даніловіч, які пазней уступіў у беларускую дыверсійную адзінку (т. зв. 1-ы Беларускі штурмовы звяз), якую фармаваў Абвер.
[30] AAN. Sygn. 477, t. 5328. K. 50.
[31] LVA. F. 1986. Apr. 2. P-10551. Lp. 88–97.
[32] Jēkabsons Ē. Padomju represijas pret Latvijas poliem, lietuviešiem, un baltkrieviem 1940. – 1941 gadā // Totalitārie režīmi into represijas Latvijā 1940. – 1956. gada. Ryga, 2007. S. 51–70.
[33] LVA. F. 1986. Apr. 2. P-10551. Lp. 88–97.
[34] Юрэвіч Л. Шматгалосы эпісталярыум. Гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні. Мінск, 2012. С. 483.
[35] Гл.: Grzybowski J. Franciszek Kuszel – białoruski działacz wojskowy i polityczny. Stara biografia w świetle nowych faktów // Acta Albaruthenica. 2013. Т. 13. S. 275–292.
[36] AAN. Sygn.: T-454, 88/001057–58.
[37] Bundesarchiv, Berlin-Lichterfelde Ost (BA; Федэральны архіў ФРГ, Ліхтэрфэльдэ Ост). R6/159. Арк. 45–46.
[38] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 4683. Воп. 3. Спр. 975. Арк. 197.
[39] BA. R6/159. Арк. 66–67.
[40] Екабсонс Э. Беларусы ў Лaтвii ў часы савецкай i нямецкафашысцкай aкупацыi (1940–1945) // Беларускі Гістарычны Агляд. 2006. T. 13. Cш. 2. С. 207.
[41] BA. R92/101. Арк. 59–63.
[42] Екабсонс Э. Беларусы ў Латвіі ў часы савецкай… С. 207.
[43] BA. R92/101. Арк. 69.
[44] Тамсама. Арк. 70.
[45] Тамсама. Арк. 156.
[46] Екабсонс Э. Беларусы ў Латвіі ў часы савецкай… С. 211.
[47] BA. R92/101. Арк. 156.
[48] Тамсама. Арк. 77–79.
[49] Тамсама. Арк. 100.
[50] BA. R92/101. Арк. 101–102.
[51] Тамсама. Арк. 106.
[52] BA. R92/101. Акр. 113–119.
[53] Екабсонс Э. Беларусы ў Латвіі ў часы савецкай… С. 212.
[54] BA. R92/101. Арк. 77–79, 93–96.
[55] Екабсонс Э. Беларусы ў Латвіі ў часы савецкай… С. 220–222, 226.
[56] Тамсама. С. 210.
[57] BA. R92/101. Арк. 103.
[58] Тамсама. Арк. 45–46.
[59] Тамсама. Арк. 110.
[60] Тамсама. Арк. 139.
[61] Тамсама. Арк. 156.
[62] BA. R92/101. Арк. 155–156.
[63] Зa дзяржаўную незалежнасьць Беларусi. Лондан, 1960. С. 171.
[64] Гардзіенка А. Беларуская цэнтральная рада: стварэнне, дзейнасць, заняпад (1943–1995). Мінск, 2016. С. 221–222.
[65] Юрэвіч Л. Шматгалосы эпісталярыум… С. 482.
[66] Гардзіенка А. Беларуская цэнтральная рада… С. 256.