Сяргей Новікаў. Баявыя дзеянні ў Беларусі летам 1941 г.: гістарыяграфічныя міфы і гістарычная рэальнасць.
Адна з актуальных праблем аналізу новых гістарыяграфічных крыніц, у тым ліку замежных, – выяўленне ступені навуковай верыфікацыі гістарычных фактаў. Разгледзім гэта на прыкладзе гісторыі Беларусі летам 1941 г. Як жа насамрэч баявыя дзеянні Чырвонай арміі і германскага Вермахта, якія вызначалі адметнасць пачатковага перыяду вайны на беларускай зямлі, адлюстраваны ў найноўшай расійскай 12‑тамовай фундаментальнай працы – “Великая Отечественная война 1941–1945 годов” [1], падрыхтаванай вядучымі даследчыкамі Расіі на працягу літаральна апошніх некалькіх гадоў? Наколькі сутнасць новых грунтоўных прац вынікае з дакументальных крыніц рознага паходжання і наколькі гістарычныя факты набліжаюць чытача да асэнсавання рэальных вынікаў абарончых баёў Чырвонай арміі ў Беларусі ў чэрвені – жніўні 1941 г.? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні важна па розных прычынах, але ў першую чаргу з чыста даследчыцкіх інтарэсаў.
З аднаго боку, у такім кантэксце паспрабуем даць адказ на галоўнае пытанне: наколькі ўсебакова ў новых грунтоўных выданнях адлюстраваны баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ўлетку 1941 г.? Зыходзячы з гэтага можна будзе зразумець, што ж тады здарылася на беларускай зямлі – ці паражэнне Чырвонай арміі, ці яе ваенная катастрофа, ці крах савецкай абарончай стратэгіі або адбылася толькі страта баявых рубяжоў, калі на фоне вымушанага адступлення Чырвоная армія працягвала весці ўпартыя баі за тэрыторыю Беларусі, калі з канца чэрвеня і да канца жніўня 1941 г. насамрэч ішла БІТВА за Беларусь. Ці ўсё ж такі галоўным вынікам несупынных баявых дзеянняў, тактычных адыходаў і стратэгічных контрудараў, вялізных людскіх і матэрыяльных страт Заходняга і Цэнтральнага франтоў на беларускай зямлі стаў крах аперацыі “Барбароса” ў канцы ліпеня 1941 г., звязаны са спыненнем наступлення групы армій “Цэнтр” на Маскву і пераходам яе да франтальнай абароны ў ходзе вядзення так званай “маланкавай вайны” супраць СССР. У сувязі з гэтым ці здольны мы на цяперашні час вызначыць сапраўднае гістарычнае значэнне тых падзей, пераканаўча паказаць дакументальную базу, пакладзеную ў аснову навуковых ацэнак гістарычных вынікаў абарончых баёў Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.?
А з другога – пастараемся высветліць, якія новыя дакументальныя крыніцы былі выкарыстаны аўтарамі новай расійскай працы і ў якой ступені яны дазволілі вырашыць пастаўленыя вышэй пытанні. Якія гістарычныя факты сталі падмуркам для рэканструкцыі баявых дзеянняў Чырвонай арміі ў першыя дні і месяцы вайны ў Беларусі? Якія новыя крыніцы ўведзены ў навуковы зварот расійскімі гісторыкамі, чым яны кіраваліся пры навуковым аднаўленні агульнай карціны тых падзей: новымі дакументальнымі крыніцамі і новымі даследчыцкімі падыходамі ці традыцыйнымі фактамі, замацаванымі ў мемуарнай літаратуры і працах савецкага часу [2]?
Зыходзячы з пастаўленых пытанняў, а таксама з улікам актуальнасці выкарыстання новых падыходаў пры даследаванні падзей ваеннай гісторыі Беларусі ўлетку 1941 г. мэтай гэтага артыкула будзе спроба раскрыцця сапраўднага характару тых падзей на аснове метаду крыніцазнаўчай і гістарыяграфічнай кампаратывістыкі. Хацелася б, каб прапанаваны матэрыял разглядаўся чытачом як спроба адказу на пытанні ў рамках толькі асобных праблемных палёў: 1) штурму і абароны Брэсцкай крэпасці летам 1941 г.; 2) Лепельскага контрудару двух танкавых карпусоў РСЧА; 3) баёў на Дняпроўскім рубяжы пад Магілёвам; 4) контрудару Чырвонай арміі на Гомельшчыне; 5) лёсу палоненых у Беларусі летам 1941 г. чырвонаармейцаў.
Перш за ўсё адзначым: у прадмове да першага тома рэдакцыйная калегія засяроджвае ўвагу чытача якраз на тым, што новую працу расійскіх гісторыкаў “читатели примут только в том случае, если исторические процессы в нем будут отражены более объективно и всесторонне, без перекосов и умолчаний, если каждая страница, каждая его строка будут правдивыми. А для этого необходимо не только знание правды факта, но и понимание правды тенденции, правды явления, точность исторической концепции” [3]. Аўтар гэтых радкоў цалкам падзяляе прыведзенае рэдакцыйнае меркаванне. Сёння, напэўна, усе разумеюць, што ў апошні час з’явілася ўнікальная магчымасць шырокага выкарыстання новых дакументальных крыніц, якія раней былі маладаступныя для даследчыкаў па прычынах, з аднаго боку, закрытасці айчынных фондаў, а з другога – недаступнасці замежных архіваў.
У такім кантэксце прааналізуем асноўныя тэзісы, прыведзеныя ў якасці гістарычных высноў у найноўшым расійскім выданні для рускамоўнай чытацкай аўдыторыі.
1. Штурм і абарона Брэсцкай крэпасці летам 1941 г.
Разгледзім адзін з першых тэзісаў на прыкладзе абарончых баёў Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г. Так, у 2‑м томе чытаем: “На момент начала войны гарнизон крепости, состоявший, в основном, из подразделений 6‑й и 42‑й стрелковых дивизий 28‑го стрелкового корпуса РККА, существенно сократился ввиду участия многих военнослужащих в плановых учебных мероприятиях… С учетом потерь за первый день обороны в итоге крепость защищали порядка 3,5 тыс. человек” [4]. Заўважым, што гэты тэзіс фігураваў у савецкай гістарыяграфіі абароны Брэсцкай крэпасці [5], сустракаецца ён і ў сучасных беларускіх навуковых працах [6], але лічбы перабольшаны ўдвая, прычым без патрэбных спасылак на дакументальныя крыніцы [7].
На пачатку 2000-х гадоў гэтыя лічбы не прыняў на павер расійскі даследчык Р. Аліеў – аўтар дакументальных прац “Штурм Брестской крепости” і “Брестская крепость. Воспоминания и документы” [8]. У іх гісторык адышоў ад савецкага стэрэатыпу, бо, на яго думку, тыя лічбы не адпавядалі гістарычнай рэчаіснасці: на момант заканчэння штурму крэпасці ў нямецкім палоне апынулася больш за 7 тысяч яе абаронцаў. Да такой высновы расійскі даследчык прыйшоў пасля вывучэння нямецкіх крыніц, сярод якіх “Данясенне камандзіра 45‑й пяхотнай дывізіі аб узяцці Брэст-Літоўска” ад 8.07.41 г. [9]. Асобна адзначым, што названыя выданні расійскага гісторыка ўбачылі свет у вядомых маскоўскіх выдавецтвах “Яуза”, “Эксмо” і “Вече”, але іх няма ў спісе літаратуры да 2‑га тома новага расійскага выдання. Узнікае пытанне, па якіх прычынах у грунтоўным выданні не згадваецца ці навукова не аспрэчваецца тэзіс Р. Аліева ў дачыненні да агульнай колькасці абаронцаў Брэсцкай крэпасці, колькасць якіх толькі на Цэнтральным умацаванні складала каля 9 тысяч чалавек на момант пачатку нямецкага штурму 22 чэрвеня 1941 г. [10].
Прычын, чаму гэтых звестак чытач не знойдзе на старонках новага выдання, аўтару гэтых радкоў таксама выявіць не ўдалося. Рэдакцыйная калегія новага расійскага выдання пераконвае чытачоў, што пры напісанні працы аўтары абапіраліся “не на идеологические постулаты, а на предшествующие научные исследования с учетом новых методологических подходов и с широким использованием большого массива архивных документов” [11]. Таму ў чытача застаецца пытанне, чаму ж у пералік “предшествующих научных исследований” не трапілі больш за 1000‑старонкавыя працы расійскага гісторыка, напісаныя на аснове выкарыстання значнага масіву як савецкіх, так і нямецкіх дакументаў.
На с. 736 чытаем наступны тэзіс расійскіх аўтараў: “К началу июля противнику удалось захватить укрепления на Центральном острове после особенно масштабной бомбардировки и артиллерийского обстрела” [12]. Адразу ж узнікае пытанне, чым гэта сцвярджэнне адрозніваецца ад вядомага з савецкага часу тэзіса аб тым, што «29–30 июня фашисты предприняли “генеральный штурм” Цитадели, в результате которого им удалось занять большую часть укреплений и нанести ее гарнизону тяжелые потери», апублікаванага ў пачатку 1960‑х гг. у 6‑тамовай “Истории Великой Отечественной войны Советского Союза 1941–1945 гг.” (Масква, 1961. Т. 2, c. 19). У дасведчаных чытачоў, а таксама студэнтаў, якія добра ведаюць змест фільма расійскага рэжысёра А. Кота “Брэсцкая крэпасць» (2010) [13], паўстаюць і іншыя лагічныя пытанні, у тым ліку пра абарону самой Цытадэлі. Да таго ж неабходна ўлічваць і той факт, што беларускаму чытачу дзякуючы новым выданням таксама вядомы дакладныя факты з гісторыі нямецкага штурму крэпасці [14]: да 29 чэрвеня самалёты Люфтвафэ ў ім не ўдзельнічалі [15]. Са згаданага тэзіса вынікае, што “Цэнтральны востраў”, які з часоў стварэння крэпасці насіў назву “Цытадэлі” ці “Цэнтральнага ўмацавання”, паколькі геаграфічна знаходзіўся ў самым “сэрцы крэпасці Брэст-Літоўск” [16], перанёс асабліва моцную бамбардзіроўку [17]. Нагадаем, што з захаду, поўначы і поўдня Цытадэль прыкрывалі іншыя ўмацаванні – адпаведна Цярэспальскае, Кобрынскае і Валынскае. Таму для ўважлівага чытача застаецца незразумелым ужыванне ў гэтым выпадку такіх назваў, як і ўведзеных гістарычных азначэнняў накшталт “генеральнага штурму Цытадэлі 29–30 чэрвеня”. На падставе якіх дакументальных крыніц зроблены такія высновы – галоўнае пытанне, на якое не даецца адказу ў новай працы. У той час як з айчыннай гістарыяграфіі вядома, што апошні дзень арганізаванай абароны ўмацаванняў на Цэнтральным востраве – дата 26 чэрвеня [18].
Пра гэта пішуць не толькі беларускія даследчыкі. Больш пераканаўча названы факт гучыць на старонках новых беларуска-нямецкіх [19] ці нямецкіх прац [20], у якіх сцвярджаецца, што самыя цяжкія баі з боку штурмавікоў вяліся на працягу трох першых дзён, потым на працягу двух дзён ішлі баі ў асобных ачагах супраціву на Цэнтральным востраве (умацаванні) ці Цытадэлі. А пасля 26 чэрвеня баі працягваліся толькі за Усходні форт, абаронцы якога пасля двух моцных авіяўдараў здаліся ў палон вечарам 29 чэрвеня [21]. Як адзначае К. Ганцар, пасля 26 чэрвеня больш не гінулі ваеннаслужачыя 45‑й пяхотнай дывізіі, якая на працягу пяці дзён штурмавала цэнтральныя ўмацаванні крэпасці [22]. Вядома, што апошнім непрыступным рубяжом, на які абрынулася не толькі артылерыя, але і нямецкая авіяцыя, стала Кобрынскае ўмацаванне, дзе трымаўся Усходні форт на чале з будучым Героем Савецкага Саюза камандзірам 44‑га стралковага палка маёрам П. Гаўрылавым. Узнікае заканамернае пытанне, а чаму гэтага не ведаюць пасля таго, як легендарны камандзір і мужны абаронца Усходняга форта напісаў успаміны “Сражается крепость” [23], якія ў другой палове 1970‑х гадоў вытрымалі два выданні, дзе рэальны сведка і непасрэдны ўдзельнік тых падзей распавядаў пра эпапею самаадданай барацьбы, упартага выжывання і валявой перамогі ва ўмовах занятай ворагам крэпасці.
Застаюцца адкрытымі і іншыя пытанні, напрыклад, пра храналагічныя рамкі актыўнай абароны крэпасці Брэст-Літоўск, фактычную колькасць абаронцаў з савецкага боку, колькасць савецкіх воінаў, якія да канца чэрвеня з тэрыторыі крэпасці і горада трапілі ў нямецкі палон, і інш. [24]. 7223 чалавекі палоненых радавых, сяржантаў і афіцэраў Чырвонай арміі [25] пасля шматлікіх заклікаў і зваротаў навуковай грамадскасці, у тым ліку аўтара гэтых радкоў [26], былі ўрэшце ўшанаваны ў экспазіцыі, адкрытай у Паўночна-ўсходняй казарме Цытадэлі Брэсцкай крэпасці (адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года [27]).
Такім чынам, нягледзячы на наяўнасць новых айчынных і замежных публікацый, у тым ліку грунтоўных дакументальных зборнікаў, у расійскай гістарыяграфіі адсутнічае аб’ектыўная карціна тых падзей у чэрвені 1941 г.
2. Лепельскі контрудар двух танкавых карпусоў РСЧА .
Звернемся да тэзіса на с. 746: “Контрудар стоил 5‑му и 7‑му механизированным корпусам [РСЧА. – С. Н.], в составе которых находились 1639 танков (924 в 5‑м и 715 в 7‑м), среди которых немало неисправных, 2/3 парка боевых машин (по некоторым подсчетам)” [28]. Чытачу цяжка зразумець, чаму да гэтага часу не зроблены неабходныя падлікі, чаму ў навуковы дыскурс уводзяцца тыя баявыя адзінкі тэхнікі, якія апрыёры былі няспраўнымі, г. зн. не ўдзельнічалі ў рэальных баявых дзеяннях. Але не ў меншай ступені якраз такі фактар істотна паўплываў на вынікі баёў, якія 5‑ы і 7‑ы МК вялі на Віцебшчыне ў пачатку ліпеня 1941 г. Такім чынам, чытач застаецца без яснага разумення карціны сустрэчных танкавых баёў на аршанска-віцебскім напрамку: з аднаго боку, наступленне танкавых і матарызаваных злучэнняў 3‑й і 2‑й танкавых груп, а з другога – контрнаступальныя сілы двух механізаваных карпусоў Чырвонай арміі.
У тэксце новага выдання ўважліваму чытачу не ўдасца знайсці адказаў і на шэраг іншых пытанняў, у тым ліку: а) пра храналагічныя рамкі танкавых баёў пад Сянно і Лепелем [29]; б) пра агульную колькасць баявых машын, якія з двух бакоў удзельнічалі ў баях на Віцебшчыне [30]; в) пра страты, панесеныя кожным бокам у ходзе танкавых баёў; г) пра прычыны фактычнага разгрому двух механізаваных карпусоў Чырвонай арміі пад час контрудараў на лепельскім напрамку; д) пра аператыўна-тактычнае значэнне Лепельскай аперацыі ў кантэксце недапушчэння далейшага бесперашкоднага прасоўвання нямецкіх браняваных калон на Смаленск. Для беларускага чытача гэтыя пытанні застаюцца асабліва актуальнымі, калі мець на ўвазе новыя публікацыі, і сярод іх тыя, якія праліваюць святло на факты адсутнасці ці вялікага недахопу ў пачатку вайны бранябойных снарадаў для 76‑міліметровых дывізійных гармат, непрадуманага выкарыстання артылерыі, танкавых і стралковых часцей у ходзе правядзення Лепельскай аперацыі 6–11 ліпеня 1941 года [31].
Даследаванне тых падзей у кантэксце пастаўленых пытанняў пераконвае ў тым, што Лепельская аперацыя сапраўды вызначалася шырокім выкарыстаннем танкавых злучэнняў як з савецкага, так і з нямецкага боку. Аднак называць тыя падзеі танкавай бітвай пад Сянно можна толькі з улікам наступных фактаў і фактараў.
Па-першае, дакументы аператыўнага аддзела штаба Заходняга фронту пра баявыя дзеянні 5‑га і 7‑га механізаваных карпусоў 20‑й арміі ўтрымліваюць гістарычную назву таго контрудару – “Лепельская аперацыя” [32]. Падругое, у дакументальных матэрыялах не ўдалося выявіць факта адначасовага сутыкнення з двух бакоў мноства танкаў, агульная колькасць якіх перавышала б нават 300 адзінак, не кажучы пра лічбу амаль 3 тыс. баявых машын. Вывучэнне аператыўных дакументаў танкавых злучэнняў, якія з двух бакоў удзельнічалі ў баях пад Сянно, дазваляе выявіць сутыкненні з удзелам аднаго-двух танкавых палкоў агульнай колькасцю ад 10 да 200 баявых адзінак [33]. Па-трэцяе, фактычна “Лепельская аперацыя» распалася на два самастойныя контрудары, якія, паводле аддадзенага загаду, наносіліся па розных напрамках: 7‑ы механізаваны корпус у складзе 14‑й і 18‑й танкавых дывізій наступаў з раёна Віцебска на Бешанковічы – Лепель; 5‑ы механізаваны корпус у складзе 13‑й і 17‑й танкавых і 109‑й мотастралковай дывізій наносіў удар з раёна Оршы на Сянно – Лепель. Фактычна контрудары былі праведзены ў названай паслядоўнасці, але з розніцай у два дні. Канчатковай мэтай контрудараў быў выхад у раён Лепеля для нанясення ўдару ў фланг і тыл полацкай групоўкі праціўніка. Паводле аператыўнага данясення Заходняга фронту ад 5 ліпеня 1941 г., войскі фронту наносілі ўдар па праціўніку, маючы толькі адзін агульны напрамак – Лепель [34]. Пад час аперацыі савецкі бок страціў фактычна 75% танкавага парку 5‑га і 7‑га механізаваных карпусоў, прычым толькі трэцюю частку на полі бою ў ходзе танкавых баёў ці ў выніку дзейнасці процітанкавай артылерыі праціўніка. Вось што названа прычынамі ў дакладной запісцы на імя І. Сталіна, падрыхтаванай па даручэнні камандуючага Заходнім фронтам С. Цімашэнкі членам Ваеннага савета фронту, першым сакратаром ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкам у пачатку жніўня 1941 г.
У архіўным дакуменце гаворыцца, да чаго прывяла схільнасць многіх военачальнікаў і камандзіраў дзейнічаць “лабавымі ўдарамі”, “коннай лавай”, “навалам”, вядомымі з часоў грамадзянскай вайны, у 7‑м механізаваным корпусе, які меў 526 танкаў. Так, “з 9 па 20 ліпеня корпус прайшоў шлях з баямі ў раёне Рудня – Лёзна – Бешанковічы і назад у Лёзна. У гэтым рэйдзе корпус страціў усе танкі па прычыне таго, што ў першы дзень корпус распачаў без разведкі лабавую атаку на вузел абароны праціўніка, у выніку страціў адразу 100 танкаў. Далей, зноў у выніку адсутнасці разведкі, корпус трапіў пад перакрыжаваны агонь дзвюх замаскаваных танкавых калон праціўніка і таксама страціў шмат танкаў. Потым корпус адышоў у балота. Шмат танкаў загрузла, а астатнія былі страчаны па дарогах. Так злачынна быў страчаны адзін з моцных карпусоў” [35].
Сярод прычын амаль поўнага разгрому двух механізаваных карпусоў былі як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя. Даволі дакладную карціну прычын разгрому адной з дывізій 5‑га механізаванага корпуса дае справаздача 13‑й танкавай дывізіі, дзе гаворыцца, што ў ходзе бою ў раёне Толпіна два танкавыя і адзін мотастралковы палкі выконвалі загад аб неадкладным уступленні ў бой, але рабілі гэта без артылерыйскай падрыхтоўкі, без узаемадзеяння паміж сабой, без належнай разведкі мясцовасці, без выкарыстання пяхоты і да таго ж не ў поўным складзе, з парушэннем кіравання і не ў поўнай баявой гатоўнасці [36].
Нягледзячы на тактычныя няўдачы 5‑га і 7‑га механізаваных карпусоў, загад пра іх адыход на зыходныя пазіцыі стаў вынікам не разгрому ў раёне Сянно і Лепеля, а страты 9 ліпеня войскамі Заходняга фронту г. Віцебска. Вялікія страты ў баявой тэхніцы, якія панеслі два савецкія корпусы ў ходзе Лепельскай аперацыі, былі вельмі адчувальнымі, але не такімі катастрафічнымі [37], як пад Беластокам, Гроднам і Мінскам у першыя дні вайны.
На наш погляд, зусім невыпадкова ў новым расійскім выданні пакінуты па-за ўвагай яшчэ адзін факт гісторыі, звязаны з тым, што ўдзельнікам Лепельскай аперацыі быў старэйшы сын І. Сталіна – Якаў Джугашвілі, які пад Лёзна пад час адступлення 14‑й танкавай дывізіі трапіў у нямецкі палон [38]. На допыце ў нямецкім палоне ён выказаў сваё разуменне аператыўна-тактычных вынікаў аперацыі на Віцебшчыне. На яго думку, гэта стала расплатай за рэпрэсіі супраць вядучага каманднага складу Чырвонай арміі, у выніку якіх ні на адным узроўні – брыгады, дывізіі, корпуса – парой не маглі своечасова прыняць правільнага аператыўнага рашэння. Артылерысты, дзе праходзіў службу старшы лейтэнант, вымушаны былі весці агонь па праціўніку без палявых карт [39].
Такім чынам, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што адна з актуальных задач беларускай гістарычнай навукі – правядзенне спецыяльнага даследавання Лепельскай аперацыі пачатку ліпеня 1941 г., у аснову якога будзе пакладзены прынцып супастаўлення дакументальных крыніц айчыннага і замежнага паходжання. Толькі так можна стварыць аб’ектыўную рэканструкцыю тых важных гістарычных падзей.
3. Баі на Дняпроўскім рубяжы пад Магілёвам.
Пішучы пра баі пад Магілёвам, аўтары новага расійскага выдання пакінулі некалькі навуковых тэзісаў, крытычны аналіз якіх неабходны па розных прычынах, і ў першую чаргу з-за іх неадпаведнасці вядомым на цяперашні час дакументальным фактам. Напрыклад, на с. 746 сцвярджаецца: “К 9 июля танки Гудериана подошли к Могилеву”. Адразу ўзнікае пытанне, на падставе якіх дакументаў зроблена такая выснова, калі ўлічыць добра вядомыя з савецкай гістарыяграфіі звесткі наконт таго, што бой на Буйніцкім полі пад Магілёвам адбыўся 12 ліпеня 1941 г. [40] (пра гэта яшчэ ў ліпені 1941 г. пісалася ў савецкім друку).
Звернемся да нямецкіх дакументаў, у першую чаргу да “Данясення 6‑га танкавага палка пра бой пад Магілёвам” [41], які 12 ліпеня 1941 г. у складзе трох рот вялі баявыя падраздзяленні 3‑й танкавай дывізіі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта В. Модэля [42]. Паводле дзённіка баявых дзеянняў 6‑га танкавага палка, 2‑і батальён якога якраз і вёў 11–12 ліпеня бой на паўднёвазаходніх падыходах да горада на Дняпры, захаваліся рапарты камандзіраў 5‑й, 7‑й і 8‑й танкавых рот. Гэтыя падраздзяленні непасрэдна выконвалі загад камандзіра 3‑й танкавай дывізіі, якая ў складзе 2‑й танкавай арміі (танкавай групы) генерал-палкоўніка Г. Гудэрыяна павінна была забяспечыць “прарыў праз умацаванні на Дняпры і пачаць наступленне на Смаленск” [43]. Раніцай 12 ліпеня 1941 г. ад камандзіра дывізіі В. Модэля паступіла кароткае паведамленне: “Становішча на 6.00: 3‑я танкавая дывізія наступае на ворага на захад ад Дняпра, на паўднёвы захад ад Магілёва” [44]. Палявы штаб Г. Гудэрыяна ў той час знаходзіўся ў Талачыне. У вячэрнім запісе штабнога аддзела ад 12 ліпеня адзначалася: “Дзённае паведамленне, 12.7.41, 23.40. 3‑й танкавай дывізіі выйсці з раёна Буйнічы для правядзення пераправы цераз Дняпро злева ад 10‑й пяхотнай дывізіі [паміж Магілёвам і Старым Быхавам. – С. Н.], каб весці наступленне ў раёне Магілёў – Чавусы – Расна” [45].
Камандаванне 6‑га танкавага палка, выконваючы загад камандзіра дывізіі, вяло актыўную разведку, здабывала звесткі пра ландшафт мясцовасці, размяшчэнне на ёй абарончых умацаванняў, пра наяўнасць жывой сілы і баявыя пазіцыі савецкіх баявых часцей. А 20‑й гадзіне 11 ліпеня 1941 г. разведка дакладвала, што на захадзе, поўначы і поўдні ад горада выяўлены процітанкавыя равы, мінныя палі і ўмацаваныя пазіцыі процітанкавай артылерыі [46]. Атрыманыя звесткі былі перададзены камандзірам рот, якія раніцай 12 ліпеня пачыналі наступленне на напрамку галоўнага ўдару 2‑га батальёна. Уздоўж шашы Быхаў – Магілёў з арыенцірам на в. Буйнічы павінна была весці наступленне 7‑я рота; паміж Бабруйскай шашой і чыгункай на Гомель – 8‑я рота; паміж чыгункай на Гомель і Асіповічы з арыенцірам на в. Туманаўку – 5‑я рота.
У рапартах камандзіраў танкавых рот ёсць звесткі пра іх колькасны склад і баявыя дзеянні 12 ліпеня, праведзеныя ў ходзе выканання пастаўленых задач [47]. Звесткі пра разгортванне баявых дзеянняў на асобных участках паўднёва-заходняга плацдарма пад Магілёвам адлюстроўваюць ступень баявой гатоўнасці абаронцаў горада, найперш часцей Чырвонай арміі, якія праявілі сваё тактычнае ўменне і практычныя навыкі баявых дзеянняў у час арганізацыі абароны на Дняпры. Паводле сведчанняў гэтай дакументальнай крыніцы, на лініі наступлення непасрэдна ў раёне в. Буйнічы германскія войскі сустрэлі эфектыўную агнявую абарону савецкіх артылерыстаў, танкістаў і пяхоты, а таксама мінныя палі.
Як вынікае з нямецкага дакумента, бой на ўчастку мясцовасці пад в. Буйнічы, дзе вяла наступленне 7‑я танкавая рота, меў пэўныя адметнасці. З дакумента відаць, што ў ходзе наступлення нямецкіх танкавых рот самым складаным быў участак баявых дзеянняў не пад в. Буйнічы, размешчанай на адкрытай мясцовасці, а ў раёне лясной вёскі Туманаўка. Калі 8‑я танкавая рота, якая дзейнічала ў цэнтры наступальных падраздзяленняў, у асноўным выканала задачу і заняла ўчастак паміж Бабруйскай шашой і чыгункай на Гомель (пры гэтым узяла ў палон 80 чырвонаармейцаў), то на лініі наступлення 5‑й танкавай роты пад Туманаўкай савецкія артылерысты, баявыя разлікі танкаў і процітанкавых гармат, а таксама сапёры, якія ўмела паставілі міннае поле, падарвалі і знішчылі ўсе баявыя машыны 2‑га і 4‑га ўзводаў роты [48].
Заўважым, што нямецкія дакументы не замоўчваюць тое, што чырвонай ніткай праходзіць праз даследаванні беларускіх гісторыкаў пра баявыя дзеянні пад Магілёвам 12 ліпеня 1941 г. Неабходна адзначыць і такую важную акалічнасць: на сваім шляху часці германскага Вермахта фактычна ўпершыню ад пачатку вайны з СССР сустрэлі моцны рубеж супраціву, на якім мужна стаялі савецкія воіны, выконваючы загад вышэйшага камандавання аб пераўтварэнні Магілёва ў “непрыступную крэпасць» (Festung-Mohilew), як пра гэта сведчаць нямецкія дакументы [49]. Важна зразумець, чаму праціўнік называе баявыя дзеянні на магілёўскім напрамку спачатку “баямі за Магілёў” [50], а на этапе іх завяршэння “Магілёўскай бітвай» (Schlacht von Mohilew) [51]. Што ж на самай справе на цэлы тыдзень спыніла практычна цалкам укамплектаваныя па штатным раскладзе нямецкія дывізіі [52] ў ходзе распачатай “наступальнай аперацыі” [53], сэнсам якой для немцаў быў “штурм умацаванага плацдарма Магілёў” [54]?
З іншага боку, наколькі прыведзены ў расійскім выданні на с. 775 тэзіс вытлумачвае храналогію падзей абароны Магілёва, дзе аўтары пішуць: “Бои на Могилевском направлении начались 3 июля 1941 г. Вскоре в сражение вступили части 172‑й стрелковой дивизии. Особенно тяжелой была обстановка, где держался 338‑й [так у тэксце. – С. Н.] стрелковый полк 172‑й сд (бой на Буйничском поле известен в отечественной историографии). На поле под Буйничами осталось не менее 24 подбитых вражеских бронемашин” [55]. Дэталёвы аналіз зместу гэтага тэзіса патрабуе звароту да пэўных дакументальных крыніц, у тым ліку нямецкіх [56]. Аднак на падставе якіх фактычных дадзеных можна сцвярджаць аб пачатку баёў на магілёўскім напрамку, прапануючы за момант адліку 3 ліпеня, калі баявы загад № 1 на абарону горада камандзірам 172‑й стралковай дывізіі генерал-маёрам М. Раманавым быў аддадзены толькі 7 ліпеня, прычым у 20.30 [57]? Што гэта азначала на самай справе? З таго моманту баявы загад неабходна было тэрмінова перадаць камандзірам палкоў, якія толькі пасля гэтага маглі пачаць выкананне баявых задач, вызначаных камандзірам дывізіі. Дык з якога гістарычнага моманту неабходна пачынаць адлік гісторыі абароны горада? З моманту, які ўвайшоў у айчынную гістарыяграфію на падставе даты, прапанаванай ва ўспамінах былым намеснікам камандуючага Заходнім фронтам генерал-лейтэнантам А. Яроменкам? Ці гістарычнай даты, якая вынікае з баявога загада № 1, аддадзенага генерал-маёрам М. Раманавым 7 ліпеня 1941 г. [58]? Ці паводле іншых загадаў? Якіх? Аднак на гэтыя пытанні мы не знаходзім адказу ў новым выданні.
Заўважым, што ў працы памылкова названы 338‑ы стралковы полк 172‑й стралковай дывізіі. Як вядома, палкоўнік С. Куцепаў адказваў за арганізацыю абароны магілёўскага плацдарма на лініі Зацішша – Буйнічы і камандаваў, паводле загада № 1, не 338‑м, а 388‑м стралковым палком. Згодна з загадам № 1 ад 7.07.41 г., абарону горада павінны былі забяспечыць тры палкі 172‑й сд (388‑ы, 747‑ы і 514‑ы) і 394‑ы полк 110‑й сд [59], які абараняў рубеж у напрамку Шклова, на паўднёвы захад і захад ад Княжыцаў. Але менавіта 388‑ы стралковы полк пры падтрымцы артылерыстаў 340‑га лёгкага артылерыйскага палка і палкавога сапёрнага падраздзялення спынілі танкавы ўдар, які вяла сіламі аднаго танкавага палка з паўднёвага захаду на Магілёў 3‑я танкавая дывізія Вермахта 12 ліпеня [60].
Патрабуе ўдакладненняў і наступнае сцвярджэнне з новага расійскага выдання: “После того как 24 июля командование 172‑й дивизии отказалось капитулировать, немцы предприняли мощный штурм” [61]. Зноў звернемся да нямецкіх дакументаў. Паводле рапарта камандавання VII нямецкага армейскага корпуса “Узяцце ўмацаванага плацдарма Магілёў ад 15.8.41 г.” атрымліваецца, што 16 ліпеня 1941 г. камандаванне 2‑й нямецкай палявой арміі ставіць перад VII палявым корпусам баявую задачу аб наступленні на Магілёў з мэтай авалодвання пераправай цераз Дняпро [62]. З загада вынікае, што “наступленне на Магілёў пачынаецца а 14‑й гадзіне 20 ліпеня 1941 г.” [63]. Выканаць пастаўленую задачу павінны былі дзве нямецкія пяхотныя дывізіі –7‑я і 23‑я, першая з іх штурмуе паўночна-заходні, другая – паўднёва-заходні рубяжы абароны горада, яны захопліваюць іх і фарсіруюць Дняпро – і гэта на працягу толькі другой паловы дня 20 ліпеня. Аднак абаронцы магілёўскага плацдарма з першых жа гадзін баявых дзеянняў істотна парушылі нямецкія планы, і гэта адлюстравана на старонках рапарта і дзённіка баявых дзеянняў армейскага камандавання. Яны спынілі, а потым цэлы тыдзень затрымлівалі на дняпроўскім рубяжы значныя нямецкія сілы, так неабходныя для наступлення на Смаленск і Маскву. Таму 22 ліпеня да пяхотных дывізій 7‑га армейскага корпуса, што ўжо наступалі на Магілёў, далучылася 78‑я пяхотная дывізія ХІІ нямецкага армейскага корпуса, аператыўнай задачай якой быў штурм горада з поўдня ў напрамку раёна Лупалава. А 23 ліпеня нямецкае камандаванне 2‑й палявой арміі пайшло нават на выкарыстанне стратэгічных рэзерваў – увяло ў бой свежыя сілы 15‑й пяхотнай дывізіі [64]. Менавіта гэтая дывізія ажыццяўляла канчатковы захоп Магілёва.
Такім чынам, фактычна з першага дня наступлення на Магілёў чатыром пяхотным дывізіям VII нямецкага армейскага корпуса давялося штурмаваць [65] магілёўскі плацдарм. Звесткі з данясенняў камандзіраў дывізій аб разгортванні баявых дзеянняў на асобных участках абароны горада сведчаць пра высокую ступень баявой гатоўнасці абаронцаў, у першую чаргу часцей Чырвонай арміі [66. Як вынікае з дакументальных крыніц, на лініі наступлення праціўнік сустрэў эфектыўную абарону, “умела і па-майстэрску абсталяваныя” абарончыя пазіцыі [67], асабліва моцнай з якіх быў амаль непрыступны бастыён Гаі [68] – трывала ўмацаваны ўзлесак, штурм якога неаднаразова вёўся нямецкімі сіламі. З вячэрняга данясення 21 ліпеня VII армейскага корпуса камандаванню 2‑й палявой арміі вынікае, што 7‑я і 23‑я пяхотныя дывізіі на працягу двух дзён няспынна вялі “вельмі ўпартыя баі” [69].
На другі дзень гэтых баёў камандаванне корпуса пакінула запіс: абаронцы супраціўляюцца вельмі моцна і ўпарта, таму ў камандавання ўзнікла сумненне ў тым, што дзве дывізіі змогуць самастойна разбіць сілы праціўніка і ўзяць умацаваны плацдарм [70].
Практычна ва ўсіх дакументах немцы адзначалі, што на шляху наступлення пяхотных дывізій “нечакана была выяўлена добра адбудаваная сістэма абарончых пазіцый” [71], якую завяршалі ўдала пастаўленыя мінныя палі [72]. Нямецкія дакументы не замоўчваюць, што на ўсіх рубяжах пад Магілёвам наступленне палкоў было сустрэта моцным агнём, самі абаронцы праяўлялі асаблівую вытрымку, стойкасць і вынослівасць [73]. “Плацдарм Магілёў браўся VII армейскім корпусам на працягу сямі дзён з нечакана жорсткімі баямі. Гэты штурм уяўляе сабой цалкам завершаную аперацыю [выдзелена мной. –С. Н.], а таму з’яўляецца рэдкай карцінай асобнай бітвы армейскага корпуса… Рускі трымаецца да апошняга. Ён зусім не ўспрымальны да баявых дзеянняў на яго флангах і тыле. Трэба было з боем браць кожную стралковую ячэйку, кожную процітанкавую і кулямётную пазіцыю, кожны дом” [74].
Нават з гэтага дакумента відаць, што штурмаваць магілёўскі плацдарм нямецкім пяхотным дывізіям даводзілася літаральна з першага дня наступлення на Магілёў і да апошняга дня яго трывалай абароны.
Выклікае пытанні таксама сцвярджэнне на с. 777: “Будучи раненым генерал Романов был укрыт местными жителями, впоследствии организовал партизанский отряд, но был выдан изменником и казнен фашистами” [75]. Што ў якасці доказаў стаіць за гэтым тэзісам, калі ўлічыць дакументальна пацверджаны факт: з восені 1941 г. генерал Раманаў апынуўся сярод вязняў аднаго з спецыяльных лагераў “Афлаг ХІІІ С” побач з баварскім горадам Хамельбург, дзе ўтрымліваліся савецкія палонныя афіцэры, у тым ліку маёр Гаўрылаў, капітан Зубачоў і іншыя. Лёс генерала Раманава трагічна абарваўся 3 снежня 1941 г. [76]. Легендарны абаронца памёр ад ранення, атрыманага ў час выхаду з акружэння пад Магілёвам.
Звернем увагу яшчэ на адзін сказ: “Больших жертв стоило врагу взятие города Могилева, где стойко держались немногочисленные советские войска” [77]. Аўтары выкарыстоўваюць словазлучэнне “больших жертв” і не называюць дакладных лічбаў, відаць, кіруючыся пасляваеннымі ўспамінамі Маршала Савецкага Саюза Г. Жукава ў дачыненні да колькасці страт з боку нямецкай жывой сілы ў ходзе 23‑дзённай абароны горада Магілёва. У яго мемуарах прыводзіцца лічба больш за 30 тыс. нямецкіх салдат і афіцэраў [78]. Для чытача гэта азначае, што “нешматлікія савецкія войскі”, колькасць якіх, паводле айчыннай гістарыяграфіі, вынікала з факта абароны ўмацаванага плацдарма толькі адной 172‑й стралковай дывізіяй (згодна з планам камплектавання ад 1.04.1941 г. штат дывізіі павінен быў складаць 14 тыс. чалавек [79]). У гэтым выпадку атрымліваецца, што адна толькі 172‑я стралковая дывізія знішчыла каля Магілёва дзве штатныя нямецкія пяхотныя дывізіі. Але наколькі гэтая лічба адпавядае нямецкім дакументальным крыніцам, непасрэдна тым фактычным звесткам, замацаваным у дзённіках баявых дзеянняў кожнай з 4 пяхотных дывізій, якія на працягу тыдня вялі штурм умацаванага плацдарма пад Магілёвам? Паводле нямецкіх дакументальных дадзеных, агульная лічба страт за той час складала 3765 афіцэраў, унтэр-афіцэраў і салдат, у тым ліку: забітых – 727, параненых – 2867 і зніклых – 171 чалавек [80].
Цяпер прааналізуем другую частку сцвярджэння – аб “нешматлікіх савецкіх войсках” пад Магілёвам. З кантэксту працы вынікае, што да ліку абаронцаў Магілёўскага плацдарма аўтары выдання адносяць толькі адну 172‑ю стралковую дывізію. Наколькі гэта так, калі кіравацца дакументальнымі звесткамі, выяўленымі аўтарам гэтых радкоў у нямецкіх дакументах, у якіх размова ідзе пра колькасць савецкіх ваеннапалонных, што ў ходзе абароны горада на Дняпры апынуліся ў нямецкіх палоне? З нямецкіх дакументаў вынікае, што агульная лічба ваеннапалонных складала 35 031, з якіх 31 – афіцэр РСЧА.
З агульнай лічбы палонных бачым, што гэта адпавядала штатнай колькасці не менш як трох савецкіх дывізій, якія абаранялі горад. Аднак дзе мы пра гэта чытаем у новым выданні? Больш за тое, ці ідзе ў ім гаворка пра савецкіх ваеннапалонных, якія фактычна з першых дзён вайны пачалі пісаць адну з трагічных старонак гісторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны? Асабліва з улікам таго, што менавіта на беларускай зямлі загінуў фактычна кожны трэці ваеннапалонны, узяты ў палон групай армій “Цэнтр”, і кожны пяты ваеннапалонны, што апынуўся ў нямецкім палоне ў гады вайны.
З выяўленых у апошні час дакументальных крыніц вынікае, што Магілёўскі плацдарм на працягу некалькіх дзён абараняла не адна штатная 172‑я стралковая дывізія, а аб’яднаныя сілы некалькіх дывізій, у тым ліку: 110‑й, 84‑й, 100‑й, 148‑й, 161‑й, 24‑й і 50‑й стралковых дывізій.
У нямецкіх дакументах адзначаецца, наколькі складана вызначыць дакладна, былі выяўленыя вайсковыя часці толькі далучаны да асноўных сіл у якасці ўзмацнення пры правядзенні баявых дзеянняў пад Магілёвам ці яны ўліліся ў якасці папаўнення ў склад чатырох адмабілізаваных стралковых дывізій (110‑й, 172‑й, 148‑й і 161‑й). Да ўсяго трэба мець на ўвазе, што ў Магілёве і яго ваколіцах трапілі ў палон чырвонаармейцы іншых стралковых падраздзяленняў, а таксама часці 210‑й матарызаванай дывізіі і часці ці рэшткі часцей 26‑й і 38‑й ранейшых танкавых дывізій, якія сталі матарызаванымі, і інш.
З дакументаў нямецкага 7‑га палявога армейскага корпуса бачым, што абарону Магілёўскага плацдарма вялі дзве штатныя дывізіі (110‑я і 172‑я), якія раней не былі задзейнічаны ў баях, тры выматаныя, але баяздольныя дывізіі (148‑я, 161‑я стралковыя і 210-я матарызаваная), а таксама рэшткі 24‑й, 50‑й, 100‑й і іншых стралковых дывізій. Вось чаму не выклікае поўнага непрымання агульная колькасць савецкіх вайскоўцаў, якія трапілі ў нямецкі палон у ходзе Магілёўскай бітвы [81].
Такім чынам аказваецца: базавым палажэннем, замацаваным у сучаснай расійскай гістарыяграфіі, з’яўляецца традыцыйны тэзіс савецкай гістарычнай навукі аб вызначальнай ролі падраздзяленняў 172‑й стралковай дывізіі 13‑й арміі, якія на працягу 23 дзён вялі абарону Магілёва на Дняпры.
4. Контрудар Чырвонай арміі на Гомельшчыне.
Нарэшце звернем увагу на наступны сюжэт на с. 785: “Сильный контрудар по противнику с середины июля нанесла 21‑я армия, освободив Жлобин и Рогачев. Этот успех стал одной из первых удачных локальных операций РККА, сковавшей на некоторое время главные силы 2‑й немецкой армии в междуречье Днепра и Березины” [82].
З дзённіка баявых дзеянняў гэтай арміі вынікае, што баявыя дзеянні 63‑га стралковага корпуса пад камандаваннем генерала Л. Пятроўскага былі не толькі адметнымі ў тактычным плане, паколькі скавалі на некаторы час галоўныя сілы 2‑й палявой нямецкай арміі, але і сталі вызначальнымі ў прыняцці важных стратэгічных рашэнняў на ўзроўні Вярхоўнага галоўнакамандавання германскага Вермахта ў канцы ліпеня 1941 г. Пры гэтым асобна падкрэслім, што аўтарам неабходна было б пазначыць, што адной з галоўных прычын выдання 30 ліпеня А. Гітлерам дырэктывы № 34, згодна з якой група армій “Цэнтр” у выніку баявых дзеянняў Заходняга і Цэнтральнага франтоў часова спыняла сваё наступленне на Маскву і пераходзіла да абароны на гэтым участку Усходняга фронту [83], былі якраз баявыя дзеянні на Гомельшчыне. Наш тэзіс вынікае з дадатку да дырэктывы № 34 ад 12 жніўня 1941 г., у якім Вярхоўнае галоўнакамандаванне Вермахта вызначае ў якасці першачарговай задачы ліквідацыю праціўніка на паўднёвым флангу, дзе былі скаваны даволі буйныя сілы пяхоты групы армій “Цэнтр”. З гэтай мэтай аддаваўся загад аб падрыхтоўцы тактычнага ўдару 2‑й танкавай групы ў напрамку на Гомель, які адначасова разглядаўся ў якасці этапу падрыхтоўкі ў будучым стратэгічнага ўдару з поўдня на Маскву. Усё гэта азначала, што план маланкавай вайны пачаў даваць збоі ў Беларусі. І адной з важных прычын гэтага стала пагрозлівае становішча, створанае сіламі Чырвонай арміі супраць правага фланга групы армій “Цэнтр” на Гомельшчыне летам 1941 г. Тут важна адзначыць, што ў новым расійскім выданні прыведзены даволі пераканаўчыя факты, якія сведчаць аб стратэгічнай важнасці контрудару 21‑й арміі савецкіх войскаў.
Таму цалкам лагічнай нам бачыцца выснова аўтараў працы, што “приостановка наступления немецких войск на главном стратегическом направлении… позволила Красной армии пополнить личным составом поредевшие воинские части, сформировать новые и выдвинуть их (порой плохо вооруженные и недостаточно подготовленные) для укрепления обороны Москвы” [84].
Між тым, кажучы пра падзеі на Гомельшчыне ўлетку 1941 г., важна памятаць, што ў ліпені – жніўні на Дняпроўскім рубяжы каля Рагачова і Жлобіна германскія войскі ўпершыню ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны былі вымушаны весці шматтыднёвыя абарончыя баі, якія ўпершыню ў айчыннай гістарыяграфіі атрымалі назву “Гомельскай бітвы 1941 года” [85]. Дзякуючы ёй больш чым на месяц былі затрыманы значныя сілы Вермахта, што стала адной з вызначальных прычын краху германскага “бліцкрыгу” на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.
Нагадаем, што камандаванне Заходняга фронту, каб адцягнуць сілы праціўніка і аслабіць ціск групы армій “Цэнтр” на маскоўскім напрамку (дзе з 10 ліпеня праводзілася Смаленская стратэгічная абарончая аперацыя Чырвонай арміі), з 13 ліпеня пачало праводзіць Рагачоўска-Жлобінскую франтавую наступальную аперацыю сіламі 63‑га стралковага корпуса 21‑й арміі [86]. У ходзе гэтай аперацыі 63‑і стралковы корпус пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Л. Пятроўскага сутыкнуўся з упартым супраціўленнем нямецкага 53‑га армейскага пяхотнага корпуса 2‑й нямецкай палявой арміі. Фактычна на месяц гэтая армія была затрымана сіламі Чырвонай арміі ў міжрэччы Бярэзіны, Дняпра і Сожа. Тое баявое наступленне і яго наступствы, як сцвярджаецца ў сучаснай айчыннай гістарыяграфіі, стала, магчыма, першым поспехам савецкіх войскаў за ўвесь пачатковы перыяд вайны [87]. На наш погляд, не менш важным можна лічыць таксама і той факт, што ў выніку франтальнай наступальнай аперацыі Чырвонай арміі 2‑я нямецкая палявая армія вымушана была перайсці да абароны на тэрыторыі Беларусі ўжо ў пачатку трэцяй дэкады, 20 ліпеня.
Больш за тое, паводле загаду А. Гітлера ад 30 ліпеня 1941 г. група армій “Цэнтр” упершыню пасля нападу на Савецкі Саюз пераходзіла да абароны на цэнтральным напрамку разгортвання стратэгічнага плана “маланкавай вайны”.
У значнай ступені падзеі на гомельскім напрамку сталі адной з прычын відавочнага правалу плана “Барбароса” [88]. Аператыўны крызіс на маскоўскім напрамку наступлення Вермахта ў другой палове ліпеня –пачатку жніўня 1941 г. сведчыў аб тым, што савецкае контрнаступленне пад Жлобінам і Рагачовам выклікала няўпэўненасць не толькі сярод камандавання групы армій “Цэнтр”, але і сярод вышэйшага камандавання сухапутных сіл Вермахта. Супярэчнасці, якія тады ўзніклі, ляглі ў аснову новых распараджэнняў А. Гітлера ў канцы ліпеня, паводле якіх быў аддадзены загад пра абарону на гомельскім напрамку (разгарнуць сілы 2‑й арміі ў напрамку на Гомель і знішчыць групоўку савецкіх войск, якая яго абараняла [89]). Такім чынам, значная частка сіл Вермахта замест паходу на Маскву вымушана была рухацца на Гомель.
Звернем увагу, што па стане на 4 ліпеня 1941 г. у складзе 2‑й палявой арміі налічвалася 6 армейскіх карпусоў, адзін з якіх (7‑ы армейскі корпус) павінен быў выконваць баявыя задачы на Дняпроўскім рубяжы ў раёне г. Магілёва, вядомага з гістарыяграфіі як “Мадрыд на Дняпры”, а другі (9‑ы армейскі корпус) быў уключаны ў склад 2‑й танкавай групы пад камандаваннем Г. Гудэрыяна, якая наступала на маскоўскім напрамку. Ва ўмовах змены сітуацыі са стратэгічнага рэзерву групы армій “Цэнтр» 2‑й палявой арміі быў дадаткова выдзелены 43‑і армейскі корпус у складзе трох дывізій. Такім чынам, для выканання баявой задачы на гомельска-рагачоўскім участку Цэнтральнага фронту 2‑я палявая армія вылучала 14 пяхотных і адну кавалерыйскую дывізіі [90]. Нагадаем, што 23 ліпеня камандаванне 2‑й палявой арміі вымушана было аддаць загад аб пераходзе (фактычна ўпершыню з пачатку кампаніі на Усходзе) да працяглай абароны на лініі Парычы – Жлобін – Рагачоў – р. Дняпро (на поўдзень ад Новага Быхава) – Прапойск – р. Сож [91].
Штодзённыя баявыя дзеянні знаходзілі адлюстраванне ў данясеннях палкоў, дывізій і карпусоў, важным з якіх з’яўляецца “Данясенне аб Рагачоўска-Гомельскай бітве» аператыўнага штаба 2‑й палявой арміі Вермахта [92].
Прыкрыццё правага фланга групы армій “Цэнтр” спачатку было звязана са стрымліваннем савецкага наступлення на плацдарме Рагачоў – Жлобін. Як вынікае з дакументаў, вядзенне нямецкімі часцямі абарончых баёў не садзейнічала знішчэнню праціўніка, які меў магчымасць пастаянна папаўняць свае сілы; толькі поўная ліквідацыя групоўкі, якая абараняла Гомель, магла стаць надзейнай гарантыяй для аховы паўднёвага фланга 2‑й палявой арміі з Гомеля і даць магчымасць аднавіць яе свабоду дзеянняў. Але ў пачатку жніўня камандаванне групы армій “Цэнтр” было вымушана адмовіцца ад першапачатковага намеру наступлення на гомельскім напрамку з прычыны недахопу боезапасаў. Спачатку наступленне прызначалася на 5 жніўня; потым дата была адсунута на два дні, а ў выніку канчатковай датай стала 12 жніўня 1941 г.
Галоўнай задачай для 2‑й арміі ў складзе пяці нямецкіх пяхотных карпусоў і асобнай групы генерал-лейтэнанта Ганса Белендорфа вызначалася наступленне на фронце паміж рэкамі Дняпро і Сож, акружэнне савецкіх войск на захад ад р. Сож з прасоўваннем абодвух флангаў на Гомель і знішчэннем акружанай групоўкі ворага паміж рэкамі Дняпро і Сож [93]. Канчаткова зняць небяспеку для паўднёвага флангу групы армій “Цэнтр” удалося толькі ў выніку ліквідацыі асноўных сіл Чырвонай арміі ў раёне Рагачова і Жлобіна, захопу Гомеля на працягу 19–20 жніўня 1941 г. і заняцця плацдарма цераз р. Сож. Такім чынам, баявыя задачы, пастаўленыя камандаваннем 2‑й палявой арміі ў пачатку наступлення 12 жніўня, былі выкананы. Паводле нямецкага данясення, 21‑я савецкая армія была ліквідавана ў раёне паміж Прапойскам – Рагачовам і Жлобінам. У ходзе паведзенай аперацыі толькі пад Гомелем у палон узялі 54 081 чырвонаармейца, а таксама захапілі 468 грамат, 106 танкаў, 362 кулямёты, 7 самалётаў і іншыя трафеі [94].
Між тым, нават з улікам панесеных страт, менавіта на Гомельшчыне Чырвоная армія здабыла адзін з першых сваіх стратэгічных поспехаў. Галоўным вынікам бітвы было выключэнне сіл 2‑й нямецкай палявой арміі і 2‑й танкавай групы з баёў на маскоўскім напрамку. Замест таго каб выкарыстоўваць 2‑ю палявую армію для разгрому савецкіх войск пад Смаленскам, камандаванне Вермахта было вымушана перавесці яе далёка ў тыл групы армій “Цэнтр”. Наступальныя і абарончыя аперацыі Чырвонай арміі разбуралі яго планы на рубяжах па рэках Бярэзіна, Дняпро і Сож. Чырвонаармейцы затрымлівалі нямецкія часці, наносілі ім значныя страты і разбуралі іх планы аб імклівым наступленні на маскоўскім напрамку. Нягледзячы на неспрыяльную абстаноўку, савецкім баявым часцям у выніку ўпартых і кровапралітных баёў удалося аказаць сур’ёзнае супраціўленне праціўніку, затрымаць рух войскаў на ўсход, прымусіць часова спыніцца і нават перайсці да абароны. Вынікі больш чым месячнай бітвы за Беларусь на Гомельшчыне паўплывалі на ўнясенне карэкціроўкі ў першапачатковыя планы немцаў ва ўсходняй аперацыі, нават да змены ўсёй стратэгіі плана “маланкавай вайны”. Лакальныя і абмежаваныя поспехі Заходняга і Цэнтральнага франтоў на Гомельшчыне сталі першымі крокамі на шляху да краху стратэгічнай аперацыі “Барбароса”.
Такім чынам, з улікам дакументальных крыніц, грунтоўна апрацаваных у новых даследаваннях расійскім гісторыкам А. Ісаевым для паказу баявых падзей у Беларусі ўлетку 1941 г., у новай фундаментальнай працы прапануецца даволі абгрунтаваны навуковы падыход у дачыненні да ацэнкі вынікаў контрудару Чырвонай арміі на Гомельшчыне ў 1941 г.
5. Лёс савецкіх ваеннапалонных у Беларусі летам 1941 г.
Нарэшце, горкая праўда гісторыі лета 1941 г. у Беларусі вымагала ад аўтараў новай працы абавязковага разгляду аднаго з самых дыскусійных сюжэтаў – лёсу палоненых у Беларусі ўлетку 1941 г. савецкіх салдат і афіцэраў, якія ў новай працы падаюцца без канкрэтных лічбаў [95], у кантэксце г. зв. савецкага стэрэатыпу “безвозвратных потерь” [96]. У гістарыяграфіі савецкага часу месца для іх не знаходзілася па вядомых прычынах, але атрымліваецца так, што няма яго і цяпер. Аўтары разгляданай працы проста ігнаруюць з’яву палону ў Беларусі. І гэта пасля таго, як ўжо вытрымала два выданні кніга вядомага расійскага даследчыка П. Паляна “Жертвы двух диктатур: Жизнь, труд, унижение и смерть советских военнопленных и остарбайтеров на чужбине и на родине” [97] (Масква, 1996, 2002). На наш погляд, навуковы аналіз гэтага пытання асабліва важны ў дачыненні да Беларусі, дзе да канца лета 1941 г. у нямецкі палон трапілі 436 тыс. чырвонаармейцаў [98] [падлікі аўтара. – С. Н.], або кожны другі воін Чырвонай арміі з занесеных у лік беззваротных страт баявога складу Заходняга фронту. Акрамя таго, гэтая лічба ваеннапалонных складае больш за дзве трэці баявога складу і колькасці войскаў фронту на момант пачатку баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г., дзе за гады вайны загінуў фактычна кожны трэці чырвонаармеец, які быў узяты ў палон войскамі групы армій “Цэнтр”, ікожны пяты з усіх савецкіх ваеннапалонных [99].
Нягледзячы на вялікія страты, панесеныя Чырвонай арміяй на першым этапе абарончых баёў у ходзе бітвы за Беларусь улетку 1941 г., стрымаць націск германскага Вермахта не ўдалося. Войскі Заходняга і Цэнтральнага франтоў, якія, паводле найноўшых дадзеных расійскай гістарыяграфіі, па колькасці і ўзбраенні не саступалі праціўніку, былі вымушаны адыходзіць на ўсход. Тым не менш, упартым супраціўленнем і вялізнымі людскімі стратамі ў прыгранічных і іншых раёнах Беларусі войскі Заходняга фронту нанеслі значны ўрон галоўнай групоўцы Вермахта – групе армій “Цэнтр”, што ўжо на тым этапе фактычна запаволіла тэмпы яе наступлення на Маскву. Яе вынік, план бліцкрыгу германскага Вермахта пачаў зрывацца.
Такім чынам, нягледзячы на публікацыю ў апошнія гады шэрагу дакументальных крыніц і з’яўленне арыгінальных змястоўных даследаванняў, параўнаўчы аналіз асноўных падзей з гісторыі баявых дзеянняў Чырвонай арміі на беларускай тэрыторыі летам 1941 г., адлюстраваных у новым расійскім выданні, пераканаўча сведчыць аб тым, што расійскія аўтары не ставілі перад сабой задачы грунтоўнага навуковага вывучэння той важнай старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Як ні дзіўна, але падобная задача застаецца актуальнай на цяперашні час не толькі для расійскай, але і для беларускай гістарычнай навукі [100], ставячы на парадак дня далейшае ўсебаковае вывучэнне тых падзей і пошук навукова абгрунтаваных адказаў на ўзніклыя прынцыповыя пытанні. З улікам гэтага неабходна: па-першае, акцэнтаваць увагу даследчыкаў на навуковай верыфікацыі фактаў пры вывучэнні баявых дзеянняў Чырвонай арміі і германскага Вермахта на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.; па-другое, павышаць прафесійную культуру даследчыкаў як вызначальны фактар паспяховага развіцця гістарычнай навукі; па-трэцяе, праводзіць навуковую рэканструкцыю ваеннага мінулага ў кантэксце патрабаванняў цяперашняга часу і з улікам міжнароднай інтэграцыі гістарычнай навукі ў будучыні. У пачатку ХХІ ст. мы знаходзімся на новым этапе не толькі вывучэння і асэнсавання гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але і яе далейшага праўдзівага захавання ў памяці сучаснага грамадства.
[1] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 1: Основные события войны. Москва, 2011; Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны. Москва, 2012.
[2] Для сучаснага чытача будзе надзвычай цікавым той факт, што прапанаваны матэрыял стаў прычынай забароны аўтару гэтых радкоў удзельнічаць у навуковай канферэнцыі “На грани катастрофы: к 75‑летию начала Великой Отечественной войны”, якая была арганізавана і праведзена Інстытутам усеагульнай гісторыі РАН, Расійскім ваенна-гістарычным таварыствам і Расійскім таварыствам гісторыкаў-архівістаў у Маскве ў чэрвені 2016 года.
[3] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 1: Основные события войны… С. 9.
[4] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны… С. 736.
[5] Героическая оборона. Минск, 1963. С. 17; Великая Отечественная война Советского Союза 1941–1945: краткая история. Москва, 1984. С. 58; Бресткая крепость // Великая Отечественная война 1941–1945: энциклопедия. Москва, 1985. С. 110–111; Брэсцкай крэпасці абарона 1941 // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 95–97.
[6] Беларусь в годы Великой Отечественной войны 1941–1945. Минск, 2005. С. 62.
[7] 1941 год: Страна в огне: в 2 кн. Кн. 1. Очерки. Москва, 2011. С. 313.
[8] Алиев Р. В. Штурм Брестской крепости. Москва, 2008; Ён жа. Брестская крепость. Воспоминания и документы. Москва, 2010.
[9] Алиев Р. В. Брестская крепость. Воспоминания и документы…. С. 380–391.
[10] Алиев Р. В. Штурм Брестской крепости… С. 238.
[11] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 1: Основные события войны… С. 9.
[12] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны… С. 736.
[13] Брестская крепость (фильм) [Электронный ресурс]. 2010. Режим доступа: https://ru.wikipedia.org/wiki. Дата доступа: 20.03.2016.
[14] Алиев Р. В. Брестская крепость. Воспоминания и документы. Москва, 2010; Данясенне аб ходзе баявых дзеянняў пры ўзяцці Брэст-Літоўска // Беларуская думка. 2010. № 5. С. 93–97; Новікаў С. Я. Абарона Брэсцкай крэпасці летам 1941 года ў ацэнцы гістарыяграфіі і ў святле дакументаў // Беларуская думка. 2010. № 5. С. 88–92; Алиев Р. В. Брест. Июнь. Крепость: в 2 кн. Кн. 1. Брест, 2012; Ганцэр К. Нямецкія і савецкія страты як паказчык працягласці і інтэнсіўнасці баёў за Брэсцкую крэпасць // АRCHE. 2014. № 5. С. 135–153.
[15] Алиев Р. В. Брестская крепость. Воспоминания и документы… С. 152.
[16] Брестская крепость. Война и мир / автор концепции и текста А. Суворов. Брест, 2010. С. 223.
[17] Федэральны ваенны архіў Германіі (далей ВА-МА). RH 26–45/27: Gefechtsbericht über die Wegnahme von Brest-Litowsk v. 8.07.1941. Bl. 6–17; Данясенне аб ходзе баявых дзеянняў пры ўзяцці Брэст-Літоўска // Беларуская думка. 2010. № 5. С. 96; Данясенне камандзіра 45‑й пяхотнай дывізіі генерал-маёра Ф. Шліпера аб ходзе баявых дзеянняў пры ўзяцці Брэст-Літоўска (22.6–29.6.41 г.) // Новікаў С. Я. Беларусь улетку 1941 года: новыя падыходы ў даследаванні баявых дзеянняў. 2‑е выд., дап. і выпр. Смаленск, 2015. С. 161–162.
[18] Алиев Р. В. Штурм Брестской крепости… С. 657.
[19] Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии. Смоленск, 2016.
[20] Hartmann Ch. Wehrmacht im Ostkrieg. Front und militärisches Hinterland 1941/42. München, 2009. S. 259–266; Ganzer Ch., Paschkovich A. “Heldentum, Tragik, Tapferkeit”. Das Museum der Verteidigung der Brester Festung // Osteuropa. 2010. Nr. 12. S. 81–97; Ганцар К., Пашкевіч А. “Гераізм, трагізм, мужнасць”. Музей абароны Берасцейскай крэпасці // ARCHE. 2013. № 2. С. 43–60; Ганцер К. Немецкие и советские потери как показатель продолжительности и интенсивности боев за Брестскую крепость // Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Мінск, 5 красавіка 2013 г. Вып. 12. Мінск, 2014. С. 44–52; Ганцер К. Переводчик виноват: влияние перевода на восприятие исторических событий (на примере отчета генерал-майора Фрица Шлипера о боевых действиях по захвату Брест-Литовска) // Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Мінск, 5 красавіка 2013 г. Вып. 13: у 2 т. Т. 1. Мінск, 2015. С. 39–45.
[21] ВА-МА. RH 26–45/27: Gefechtsbericht über die Wegnahme von Brest-Litowsk v. 8.07.1941. Bl. 7; Данясенне аб ходзе баявых дзеянняў пры ўзяцці Брэст-Літоўска // Беларуская думка. 2010. № 5. С. 97; Ганцер К. Немецкие и советские потери как показатель продолжительности и интенсивности боев за Брестскую крепость… С. 50; Данясенне камандзіра 45‑й пяхотнай дывізіі генерал-маёра Ф. Шліпера аб ходзе баявых дзеянняў пры ўзяцці Брэст-Літоўска (22.6–29.6.41 г.) // Новікаў С. Я. Беларусь улетку 1941 года: новыя падыходы ў даследаванні баявых дзеянняў… С. 162; Командир 45‑й пехотной дивизии генерал-майор Ф. Шлипер: отчет о боевых действиях по захвату Брест-Литовска генеральному штабу сухопутных войск // Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии. Смоленск, 2016. С. 290–298.
[22] Алиев Р. В. Брест. Июнь. Крепость… С. 144.
[23] Гаврилов П. М. Сражается крепость. Краснодар, 1980.
[24] Новікаў С. Новыя факты і ацэнкі па гісторыі Брэста і Брэсцкай крэпасці летам 1941 года // Беларускі гістарычны часопіс. 2016. № 5. С. 38.
[25] ВА-МА. RH 26–45/27: Gefechtsbericht über die Wegnahme von Brest-Litowsk v. 8.07.1941. Bl. 7; Данясенне аб ходзе баявых дзеянняў пры ўзяцці Брэст-Літоўска // Беларуская думка. 2010. № 5. С. 97; Данясенне камандзіра 45‑й пяхотнай дывізіі генерал-маёра Ф. Шліпера аб ходзе баявых дзеянняў пры ўзяцці Брэст-Літоўска (22.6–29.6.41 г.) // Новікаў С. Я. Беларусь улетку 1941 года: новыя падыходы ў даследаванні баявых дзеянняў… С. 162.
[26] Новікаў С. Я. Абарона Брэсцкай крэпасці: гістарыяграфічныя міфы і гістарычная рэальнасць // Историческое наследие 1941 года в исследованиях и экспозициях музеев. Материалы Международной научной конференции, посвященной 70‑летию обороны Брестской крепости (Брест, 9–11 июня 2011 г.). Брест, 2013. С. 29.
[27] О присуждении специальной премии Президента Республики Беларусь деятелям культуры и искусства 2014 года // СБ. Беларусь сегодня. 2015. 3 янв. С. 2.
[28] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны… С. 746.
[29] Цэнтральный архив Министерства обороны Российской Федерации (далей ЦАМО РФ). Ф. 208. Оп. 2511. Д. 80: Лепельская операция с 6 по 11.7.41 г. Л. 102; Тамсама. Журнал боевых действий 5‑го мехкорпуса. Отчет о действиях 13-й танковой дивизии 5 МК за период с 4 по 19.7.41 г. Л. 32; Тамсама. Отчет о действиях частей 17‑й танковой дивизии с 4.7.41 по 19.7.41 г. Л. 27–32.
[30] Исаев А. В. Неизвестный 1941. Остановленный блицкриг. Москва, 2010. С. 334, 347; BA-MA, RH 21-3/732: Panzer AOK 3. Ia Nr. 520/42 geheim, Gefechtsberichte Russland 1941/42. Bl. 13.
[31] Новікаў С. Я. Лепельская аперацыя летам 1941 года: спроба навуковай інтэрпрэтацыі // Беларускі гістарычны часопіс (далей – БГЧ). 2012. № 11. С 14–24; Новікаў С. Я. Лепельская аперацыя – франтавы наступальны контрудар войск Заходняга фронту ў Беларусі летам 1941 года // Ученые записки УО “ВГУ им. П. М. Машерова”: сб. научн. трудов. 2013. Т. 16. С. 18–34.
[32] ЦАМО РФ. Ф. 20. Оп. 2511. Д. 80: Лепельская операция с 6 по 11.7.41 г. Л. 111.
[33] Тамсама. Л. 111.
[34] 1941. Документы и материалы: К 70‑летию Великой Отечественной войны. Вып. 1: в 2 т. Т. 2. С.-Петербург, 2011. С. 276.
[35] Платонов Р. П. О причинах поражения войск Западного фронта в первые месяцы войны // Беларусь, 22 июня 1941 года: Говорят архивы…: Материалы к заседанию “круглого стола”, посвященного 60‑летию начала Великой Отечественной войны (июнь 2001 г.). Минск, 2001. С. 51–65.
[36] ЦАМО РФ. Ф. 208. Оп. 2511. Д. 80: Отчет о действиях 13‑й танковой дивизии 5 МК за период с 4 по 19.7.41. Л. 3.
[37] ЦАМО РФ. Ф. 208. Оп. 2511. Д. 80: Лепельская операция с 6 по 11.7.41 г. Л. 111.
[38] BA-MA. RH 26-26/7a. Vernehmung des gefangenen russischen Oberleutnant Jacob Josifowitsch Dschugаschwili vom 14. Haub. Art. Regiment. Bl. 1–3.
[39] Тамсама. Bl. 2–3.
[40] История Второй мировой войны 1939–1945: в 12 т. Т. 4: Фашистская агрессия против СССР. Крах стратегии “молниеносной войны”. Москва, 1975. С. 47; Паваліхіна В. С. Буйніцкае поле // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 103.
[41] Бой 2‑га батальёна 6‑га танкавага палка пад Магілёвам // БГЧ. 2007. № 7. С. 13–19.
[42] Hürter J. Hitlers Heeresführer. Die deutschen Oberbefehlshaber im Krieg gegen die Sowjetunion 1941/42. München, 2006. S. 649.
[43] BA-MA, RH 21-2/927: KTB (Kriegstagebuch) Nr. 1 der 2. PanzerArmee (Panzergruppe 2), Darstellung der Ereignisse am 12. Juli 1941. Bl. 204.
[44] BA-MA, RH 21-2/124: KTB Nr. 1 der 2. Panzer-Armee (Panzergruppe 2), Anlagen v. 12.7.1941. Bl. 3.
[45] Тамсама. Bl. 59.
[46] BA-MA. RH 27-3/165: Tätigkeitsbericht der 3. Panzer-Division v. 11.7.41.
[47] BA-MA, RH 27-3/29: Panzer-Regiment 6. Erfahrungsbericht: Kampf der II./Rg.6 bei Mohilew am 12.7.1941. Bl. 40–45, 49–50.
[48] Тамсама. Bl. 43–44.
[49] BA-MA. RH 26-7/123: Kurzberichte der 7. Infanterie-Division von Einsatz in Russland. Zeitraum: Juni 1941 – April 1944. Bl. 5; RH 26-7/15: Kurzbericht über den Einsatz der Division in der “Schlacht von Mohilew”, v. 15.8.1941. Bl. 7.
[50] BA-MA. RH 24-7/49: KTB des VII. A.K. Nr. 5 b v. 22.6.–1.10.1941. Anlagen zum KTB: Tagesmeldungen v. 22.6.–1.10.1941: Abendmeldung v. 21. Juli 1941 um 23.00: Anlage 30. Bl. 56.
[51] BA-MA. RH 26-7/123: Kurzberichte der 7. Infanterie-Division von Einsatz in Russland. Zeitraum: Juni 1941 – April 1944. Bl. 5; RH 26-7/15. Kurzbericht über den Einsatz der Division in der “Schlacht von Mohilew”, v. 15.8.1941. Bl. 7.
[52] BA-MA. RH 24-7/158: Stellenbesetzungen der Korpstruppen sowie dem Generalkommando unterstellten Einheiten v. 22.6.1.10.1941, Abt. Ia, Gesamtverluste des VII. Armeekorps vom 22.6.41 bis 28.7.41 einschl. Bl. 33.
[53] BA-MA. RH 20-2/165a: Anlagen zum KTB, Teil I v. 21.6.1941–18.9.1941 (Operationskarten), Armeebefehl Nr. 8 v. 18.7.41 AOK 2; Ia, Nr. 1421/41 geh. Bl. 2.
[54] BA-MA. RH 24-7/43: Die Erstürmung des befestigten Brückenkopfes Mohilew, v. 15.8.1941. Bl. 205; RH 24-7/48: Abt. I c, Die Erstürmung des befestigten Brückenkopfes Mohilew, v. 6.8.1941. Bl. 96; RH 26-23/25: Die Erstürmung des befestigten Brückenkopfes Mohilew. Bl. 282.
[55] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны… С. 775.
[56] Новікаў С. Я. Абарона Магілёва 1941 года: новыя звесткі // БГЧ. 2012. № 7. С. 15.
[57] Бой 2‑га батальёна 6‑га танкавага палка пад Магілёвам. С. 14–19.
[58] Тамсама. С. 15.
[59] Баявы загад № 1 камандзіра 172‑й стралковай дывізіі генерал-маёра М. Ц. Раманава ад 7.07.41 г. // Новікаў С. Я. Беларусь улетку 1941 года: новыя падыходы ў даследаванні баявых дзеянняў. Мінск, 2014. С. 128–129.
[60] Новікаў С. Адлюстраванне падзей на Буйніцкім полі 12 ліпеня 1941 года у нямецкіх архіўных дакументах // БГЧ. 2007. № 7. С. 12–19; Новікаў С. Абарона Магілёва 1941 года: новыя звесткі // БГЧ. 2012. № 7. С. 14–19.
[61] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны… С. 777.
[62] Узяцце ўмацаванага плацдарма Магілёў // БГЧ. 2010. № 7. С. 30.
[63] BA-MA, RH 24-7/40: KTB des VII. A.K., Gen. Kdo VII A.K. Bl. 53.
[64] BA-MA. RH 24-7/40: KTB des VII. A.K. Nr. 5 b v. 22.6.–1.10.1941, Tagesmeldungen v. 23.7.41. Bl. 59 R.
[65] BA-MA, RH 24-7/43: Die Erstürmung des befestigten Brückenkopfes Mohilev, v. 15.8.1941. Bl. 205.
[66] Тамсама. Bl. 208.
[67] BA-MA. RH 24-7/40: KTB des VII. A.K. Nr. 5 b v. 22.6–1.10.1941, Tagesmeldungen v. 21.7.41. Bl. 56.
[68] Тамсама. Bl. 59.
[69] BA-MA. RH 24-7/49: KTB des VII. A.K. Nr. 5 b v. 22.6–1.10.1941, Anlagen zum KTB: Tagesmeldungen v. 22.6.–1.10.1941: Abendmeldung v. 21. Juli 1941 um 23.00: Anlage 30. Bl. 56.
[70] BA-MA. RH 24-7/43: Die Erstürmung des befestigten Brückenkopfes Mohilev, v. 15.8.1941. Bl. 208; RH 24-7/40: KTB des VII. A.K. Nr. 5 b v. 22.6.–1.10.1941, Tagesmeldungen v. 21.7.41. Bl. 57 R.
[71] BA-MA. RH 24-7/40: KTB des VII. A.K. Nr. 5 b v. 22.6.–1.10.1941, Tagesmeldungen v. 21.7.41. Bl. 56 R.
[72] BA-MA. RH 26-23/22: KTB Nr. 6 Kdo 23. Ind.-Div. für die Zeit v. 25.5.–7.8.1941, Abt. Ia. Bl. 42.
[73] BA-MA. RH 24-7/43: Die Erstürmung des befestigten Brückenkopfes Mohilev, v. 15.8.1941. Bl. 213.
[74] Тамсама. Bl. 213; Новікаў С. Магілёўская бітва 1941 года ў данясеннях вермахта // БГЧ. 2010. № 7. С. 25.
[75] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны… С. 777.
[76] Новікаў С. Я. Беларусь улетку 1941 года: новыя падыходы ў даследаванні баявых дзеянняў. Мінск, 2014. С. 60.
[77] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны… С. 746.
[78] Жуков Г. К. Воспоминания и размышления. Москва, 1969. С. 295.
[79] Накануне: Западный особый военный округ (конец 1939 –1941 г.): документы и материалы. Минск, 2007. С. 5.
[80] Новікаў С. Магілёўская бітва 1941 года ў данясеннях вермахта // БГЧ. 2012. № 7. С. 24.
[81] Данясенне 7‑га армейскага корпуса аб узяцці ўмацаванага плацдарма Магілёў (20.07–26.07.41) // Новікаў С. Я. Беларусь улетку 1941 года: новыя падыходы ў даследаванні баявых дзеянняў. Мінск, 2014. С. 181.
[82] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны… С. 785.
[83] Дырэктыва А. Гітлера № 34 аб далейшым вядзенні вайны на ўсходзе ад 30.7.1941 г. // Новікаў С. Я. Беларусь улетку 1941 года… С. 204; Новікаў С. Я. Беларусь улетку 1941 года: новыя падыходы ў даследаванні баявых дзеянняў. 2‑е выд., выпр. і дап. Смаленск, 2015. С. 91.
[84]84 Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны… С. 785.
[85] Новікаў С. Гомельская бітва 1941 года: спроба рэканструкцыі // БГЧ. 2012. № 8. С. 3–14.
[86] Боевой приказ 3 03/ОП. Штарм 21 Гомель. 13.7.41 // Иринархов Р. С. Агония 1941 года. Кровавые дороги отступления. Москва, 2011. С. 299–301.
[87] Литвин А. М. В боях за восточную Беларусь // Беларусь. 1941–1945: Подвиг. Трагедия. Память: в 2 кн. Кн. 1. Минск, 2010; 1941 год: Страна в огне: в 2 кн. Кн. 1. Очерки. Москва, 2011. С. 389.
[88] Hürter J. Hitlers Heeresführer. Die deutschen Oberbefehlshaber im Krieg gegen die Sowjetunion 1941/42. München, 2006. S. 292.
[89] “Erwägungen und Anordnungen des Führers” vom 28.7.1941 // Das Deutsche Reich und der Zweite Weltkrieg. Bd. 4. Der Angriff auf die Sowjetunion. Stuttgart, 1987. S. 494.
[90] Schämatische Kriegsgliederung der Heeresgruppe Mitte, Stand 4.7.1941 // Тамсама. S. 455.
[91] BA-MA. RH 26-53/4: Anlage zum KTB Nr. 1 (Band 1 vom 23.4–31.7.41), Armeebefehle, Anlage zum KTB Nr. 1, Ia. Bl. 1.
[92] BA-MA. RH 20-2/172b: Bericht über die Schlacht von Rogatschew –Gomel, v. 13.9.41. Bl. 1–16.
[93] Тамсама. Bl. 3.
[94] Тамсама. Bl. 14.
[95] Великая Отечественная война 1941–1945 годов: в 12 т. Т. 2: Происхождение и начало войны… С. 743.
[96] Кривошеев Г. Ф., Андроников В. М., Буриков П. Д., Гуркин В. В. Великая Отечественная война без грифа секретности. Книга потерь. Новейшее справочное издание. Москва, 2010. С. 78; Приграничные сражения 1941 г. // Великая Отечественная война: энциклопедия. Москва, 2010. С. 472.
[97] Полян П. М. Жертвы двух диктатур: Жизнь, труд, унижение и смерть советских военнопленных и остарбайтеров на чужбине и на родине. Москва, 2002.
[98] Новікаў С. Я. Беларусь улетку 1941 года: новыя падыходы ў даследаванні баявых дзеянняў. 2‑е выд., выпр. і дап. Смаленск, 2015. С. 99.
[99] Gerlach Ch. Kalkulierte Morde. Die deutsche Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrussland 1941 bis 1944. Hamburg, 2000. S. 791.
[100] Новікаў С. Баявыя дзеянні Чырвонай арміі летам 1941 года: дасягненні і перспектывы найноўшай гістарыяграфіі і крыніцазнаўства // БГЧ. 2016. № 6. С. 18–27.