Turonek, Jerzy. Weißruthenien: Zweitfrontenkrieg der Ideologien (Сяргей Новікаў)
TURONEK, JERZY. Weißruthenien: Zweifrontenkrieg der Ideologien, y: Anpassung — Kollaboration — Widerstand: kollektive Reaktionen auf die Okkupation / Wolfgang Benz u.a. (Hrsg.). Berlin: Metropol, 1996. S.191–198.
Артыкул Юрыя Туронка з’яўляецца адной з 15 навуковых работ, змешчаных у першым выданні Цэнтра даследаванняў Берлінскага тэхнічнага універсітэта. На працягу трох апошніх гадоў тут пабачыла свет серыя выданняў пад агульнай назвай „Нацыянал–сацыялістычная акупацыйная палітыка ў Еўропе 1939—1945 г.“. Адзначым, што выканаўцы маюць дваякую мэту: па–першае, ліквідаваць навуковы і грамадскі дэфіцыт ведаў па згаданай праблеме, а па–другое, надаць ёй сапраўды „еўрапейскі“ характар даследавання праз пераадоленне дагэтуляшніх нацыянальных абмежаванняў.
У некаторай меры на дасягненне вызначанай мэты скіраваны артыкул вядомага беларускаму чытачу аўтара кнігі „Беларусь пад нямецкай акупацыяй“ — Ю.Туронка, які цяпер разглядае праблему „Ідэалагічная вайна на два франты ў Беларусі“.
Публікацыя складаецца з чатырох невялікіх частак. У першай аўтар характарызуе складанасць беларускага нацыянальнага руху і звяртае ўвагу на той факт, які меў месца ў пачатку ХХ стагоддзя, калі пад час I сусветнай вайны імкненні беларусаў да нацыянальнай і культурнай самастойнасці знайшлі падтрымку з боку нямецкай акупацыйнай улады. З пачаткам другой сусветнай вайны беларускі народ трапляе „другі раз“ (191) пад нямецкую акупацыю. Палітычны лёс Беларусі, ці „беларускае пытанне“ да вайны не мела яснага ўспрымання ў вышэйшых колах Трэцяга Рэйху. На этапе нямецка–савецкага супрацоўніцтва яму зноў „не надаюць асаблівай увагі“. Гэта адбываецца толькі ў час ваеннай і ваенна–эканамічнай падрыхтоўкі да вайны. Са спасылкай на даступныя дакументы аўтар сцвярджае, што ў дачыненні да Беларусі Гітлер канчаткова вызначаецца 17 сакавіка 1941 г., калі перадае пытанні распрацоўкі палітычных і эканамічных мэтаў Імперскаму міністэрству па акупаваных усходніх абласцях. Супрацоўнікі Рэйхсміністэрства хоць і ўхвалялі нацыянальна–дзяржаўную аўтаномію Беларусі, аднак свае разважанні ў дачыненні да гэтага абмяжоўвалі поглядамі пра слабасць нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і недахопамі іх культурна–эканамічнага развіцця. Адпаведна ўсё гэта патрабавала цяжкіх і працяглых намаганняў для ўтварэння „дзеяздольнага дзяржаўнага арганізму“. Пра нявызначанасць пытання сведчыць і ліст Генеральнага камісара Беларусі на адрас Рэйхскамісарыята „Остланд“ ад 12 жніўня 1943 г., у якім Вільгельм Кубэ вымушаны быў заявіць пра адсутнасць дакладнага палітычнага рашэння пра будучыню Беларусі. На сваё пытанне — „Рэйхсвобласць“, „Мясцовае кіраванне“ ці „Калонія“? — ён так і не атрымаў з Берліна канкрэтнага адказу.
Складаным было гэтае пытанне і для насельніцтва, якое пад час нямецкага ваеннага нашэсця займала пазіцыю чакання ці маўчання. Значна прасцей можна вызначыцца ў дачыненні да паводзінаў інтэлігенцыі (194), асабліва яе нацыянальна арыентаваных колаў. Іх шматлікія прадстаўнікі пакінулі Беларусь яшчэ ў верасні 1939 г., калі ў якасці бежанцаў знайшлі прытулак на Нямеччыне. Адной з мэтаў іх тамтэйшага знаходжання было спадзяванне на магчымасць падрыхтоўкі справаў нацыянальна–дзяржаўнай самастойнасці Беларусі. У гэтым іх чыннасць не адрознівалася ад дзейнасці ўкраінскіх, літоўскіх, латышскіх і эстонскіх эмігрантаў.
Другую частку Ю.Туронак пачынае з тэзы, што нямецкае ваеннае нашэсце ў Заходняй Беларусі было сустрэта з радасцю як з боку польскага, так і карэннага беларускага насельніцтва. Гэта ж тычылася ў значнай меры і ўсходняй часткі краіны, нягледзячы на акцыі вайсковых фармаванняў. Прычыны такога стаўлення даследчык шукае не ў ідэалагічных матывах, а ў незадаволенасці жыхароў калектывізацыяй і жахам прымусовай высылкі ва ўсходнія часткі СССР. У Беларусі летам 1941 г. было ўсталявана часовае вайсковае кіраванне, перад якім стаялі дзве задачы: захаванне спакою і парадку і ваенна–эканамічнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў. Для вырашэння некаторых пытанняў трэба было звяртацца да мясцовага насельніцтва. Запланаваны пераход да цывільнага кіравання на ўсёй тэрыторыі не атрымаўся з прычыны ваенных падзеяў, у выніку якіх дайшло да „чарговага падзелу“ Беларусі.
У наступнай частцы аўтар паказвае структуру „заходняга“ цывільнага кіравання, якое знаходзілася ў Менску, аднак было падпарадкавана райхскамісару Лёзэ. Прамежкавыя адміністрацыйныя ступені займалі галоўныя камісарыяты ў Менску і Баранавічах, якія пад час акупацыі не адыгралі значнай ролі і таму былі ліквідаваныя ў сакавіку 1943 г. На ніжэйшай ступені нямецкага акупацыйнага бюракратычнага апарату знаходзіліся Менскі гарадскі і 10 абласных камісарыятаў, а таксама зямельныя адміністрацыі. Становішча Кубэ як прадстаўніка цывільнага кіравання ў Беларусі аўтар характарызуе як „не вельмі трывалае“. Гэта тлумачыцца часам супярэчлівымі і контрпрадукцыйнымі дырэктывамі, якія прыходзілі з Берліна і не ўлічвалі мясцовых інтарэсаў наконт усталявання моцнай структуры кіравання. Сярод іншых сфераў дзейнасці Генеральнага камісара былі такія, як прапаганда, паліцыя, пошта, транспарт, а таксама палітычна–эканамічныя праблемы. Да ўсяго, параўнальна з Украінай, дзе Генеральны камісар кіраваў „пры дапамозе махоркі, гарэлкі і кнута“, Кубэ наадварот, звяртаўся да „палітычных метадаў і культурных мераў“. Сярод іх аўтар называе школьны загад ад 10 верасня 1941 г., паводле якога беларускаму і польскаму насельніцтву гарантавалася правядзенне заняткаў на родных мовах. У адпаведнасці з сваёй канцэпцыяй аўтаноміі Кубэ спрабаваў, з аднаго боку — умацаваць уласную ініцыятыву насельніцтва, напрыклад, у форме „Беларускай самапомачы“, а з другога — праз уключэнне карэннага насельніцтва ў склад нямецкай акупацыйнай адміністрацыі надаць ёй характар сумеснага кіравання. На практыцы такі крок быў ажыццёўлены праз стварэнне пры Генеральным камісарыяце асобнага беларускага „Нэбенбюро“, якое магло стаць пачаткам будучага цэнтральнага „самакіравання“ (197).
Заключная частка прысвечана разважанням наконт „паразумення і кааперацыі“ Генеральнага камісарыята з мясцовымі палітычнымі арганізацыямі. Мясцовыя беларускія „партыі“ ствараліся ў гэты перыяд на падставе сваіх асабістых ці нацыянальных інтарэсаў, прычым былі гатовыя супрацоўнічаць з нямецкім цывільным кіраваннем. Насуперак гэтаму выступалі слабыя падпольныя польскія і савецкія арганізацыі. Але для большасці жыхароў, асабліва сельскіх, гэта быў час, калі яны прытрымліваліся адзінай пазіцыі: далей ад палітыкі, каб выжыць. Па меры павелічэння рабавання і рэквізіцый як з боку акупаванай улады, так і партызанскіх фармаванняў, такая пазіцыя замацоўвалася. Адносіны да акупацыйнай улады ўскладняла ейная ж палітыка генацыду, асабліва супраць ваеннапалонных і яўрэяў. Аднак гэтыя фактары паасобку не з’явіліся дастатковымі падставамі для актыўнага супраціву. Таму насельніцтва, заключае аўтар, магло б быць больш актыўным у дачыненні да кожнай з тых дзвюх партый вайны, калі б палітычная воля ўлады магла прывесці да сацыяльна–эканамічных зменаў.
Менск
Сяргей Новікаў