БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Eberhart, Piotr. Przemiany narodowościowe na Białorusi (Аляксандар Смалянчук)

EBERHARDT, PIOTR. Przemiany narodowościowe na Białorusi. — Warszawa, 1994 — 182 S.

Абвяшчэньне незалежнай Рэспублікі Беларусі i набыцьцё польска-беларускімі адносінамі статусу міждзяржаўных спрыяла росту цікавасьці да Беларусі ў польскім грамадзтве. Гэтая цікавасьць не абмінула i польскую гістарыяграфію. У апошнія гады яна папоўнілася дасьледаваньнямі Ю.Туронка, А.Глебовіча, К.Гамулкі i інш., якія былі прысьвечаны розным аспэктам гісторыі Беларусі XX ст. Беларускую тэму працягвае праца П.Эбэрхардта. Гэта першая спроба аналізу тых складаных працэсаў, што адбываліся на працягу XX ст. у нацыянальнай структуры насельніцтва беларускай зямлі. Кніга заканчвае цыкл прац аўтара, у якіх ён дасьледаваў нацыянальныя працэсы на тэрыторыях усходніх суседзяў Польшчы[1].

Аналіз зьменаў у нацыянальным складзе насельніцтва Беларусі — задача вельмі складаная. Па-першае, яшчэ на пачатку XX ст. у сьвядомасьці сялянства (i ня толькі беларускага) пераважала рэгіянальнае або канфэсійнае ўсьведамленьне. Нацыянальная самаідэнтыфікацыя большасьцю насельніцтва не вызначалася. I, калі навукоўцы сёньня спрабуюць зрабіць гэта за сялян, то адразу ўзьнікае вялікая праблема крытэрыяў вызначэньня нацыянальнасьці.

Другая праблема зьвязаная з асноўнымі крыніцамі дасьледаваньня. П.Эбэрхардт выкарыстоўваў пераважна дадзеныя перапісаў насельніцтва i статыстычныя зьвесткі, якія зьбіраліся ўстановамі ўлады. Гэтыя дадзеныя вельмі цяжка параўноўваць па меншай меры па дзьвюх прычынах. Па-першае, Масква i Варашава неаднаразова на працягу стагодзьдзя дзялілі беларускую зямлю паміж сабой. Пры гэтым перакройваліся ня толькі зьнешнія межы Беларусі, але нават межы паветаў або раёнаў. Між тым менавіта дадзеныя па гэтых адміністрацыйных адзінках звычайна выступаюць у якасьці асноўнага матэрыялу для параўнаньня.

Па-другое, перапісы праводзіліся рознымі ўладамі, якія на працягу амаль усяго XX ст. варожа ставіліся да нацыянальна-культурных патрабаваньняў большасьці насельніцтва Беларусі. На вынікі перапісаў не маглі не паўплываць пэўныя палітычныя намаганьні гэтых уладаў. Справа тут не ў магчымай фальсыфікацыі статыстыкі. Нацыянальная самасьвядомасьць заўсёды моцна зьвязаная з палітычнымі падзеямі. I сур’ёзныя перамены ў палітычным жыцьці часта нараджалі жаданьне ў час чарговага перапісу «зьмяніць» сваю нацыянальнасьць.

Як жа вырашае гэтыя праблемы ў дасьледаваньні прафэсар П.Эбэрхардт?

Пры вырашэньні праблемы крытэрыяў вызначэньня нацыянальнасьці аўтар застаецца ў рэчышчы традыцыйнай польскай гістарыяграфіі. Ён пераважна прытрымліваецца «канфэсійнага падыходу» i лічыць палякамі ўсіх каталікоў беларуска-польскага памежжа. Да беларусаў ён адносіць праваслаўных гэтага рэгіёну. Другі магчымы крытэрый — родная мова насельніцтва — адкідаецца.

Пагадзіцца з канфэсійным падыходам цяжка. Беларускі этнас амаль на працягу ўсёй сваёй гісторыі існаваў як этнас поліканфэсійны. На тэрыторыі Беларусі дзейнічалі (і дзейнічаюць!) праваслаўная царква з выразнай прарасейскай арыентацыяй i каталіцкі касьцёл з арыентацыяй прапольскай. Канфэсійная разарванасьць перашкаджала ўмацаваньню этнічнага адзінства беларусаў. Аднак перакрэсьліць гэтае адзінства яна не магла. Заўважыць гэта ня цяжка, калі не абмяжоўвацца аднымі статыстычнымі зьвесткамі, a пазнаёміцца з этнаграфічнай i гістарычнай літаратурай, гістарычнымі дакумэнтамі i г.д. На жаль, аўтар амаль не выкарыстоўвае такія крыніцы, i гэта перашкаджае грунтоўнаму аналізу этнічнай сытуацыі ў Беларусі.

Якраз у выніку экспэдыцый у другой палове XIX ст. на падставе этнаграфічнага вывучэньня ў дасьледчыкаў сфамавалася больш адэкватнае разуменьне этнічнай тэрыторыі беларусаў, якая ўключала ў сябе i каталіцкі, i праваслаўны рэгіёны. I сапраўды, большасьць каталікоў Беларусі, асабліва зь сялянскага асяродзьдзя, сустракалася з польскай мовай i культурай толькі ў касьцёле або ў памешчыцкім маёнтку. Няўжо гэтага дастаткова, каб сёньня лічыць гэтых людзей палякамі?

Стэрэатып успрыняцьця каталіка як паляка фармаваў на працягу стагодзьдзяў каталіцкі касьцёл. Гэты стэрэатып падзялялі i царскія ўлады[2], i нават камуністычны рэжым БССР. Але калі прыняць яго, то як растлумачыць, чаму беларускае нацыянальна-культурнае адраджэньне пачатку XX ст. выходзіць пераважна з каталіцкага асяродзьдзя? Ці можа гэта сапраўды было не беларускае адраджэньне, а «польская панская інтрыга», як даводзілі ў той час расейскія шавіністы? Як растлумачыць, чаму тыя сяляне-каталікі, якія на пачатку 1906 г. былі выбраныя дэпутатамі I Дзяржаўнай думы ад Беларусі, i якіх П.Эбэрхардт лічыць палякамі (с.41), не ўвайшлі ні ў польскае кола дэпутатаў, ні ў так званае «Тэрытарыяльнае кола», што аб’яднала польскіх дэпутатаў ад Беларусі, Літвы i Ўкраіны? Нарэшце, як растлумачыць дзейнасьць Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД) — буйнейшай беларускай партыі незалежніцкага кірунку ў 20-30 гады. Гэта была каталіцкая партыя. Можна шмат прывесьці аналягічных фактаў, якія немагчыма зразумець, калі грунтавацца на канфэсійным падыходзе.

Між тым якраз на канфэсійным падыходзе грунтуюцца многія высновы аўтара і, у прыватнасьці, сьцьвярджэньне пра этнічна польскі характар паўднёва-усходняй Віленшчыны (С.21). П.Эбэрхардт даказвае, што ў канцы XIX ст. не існавала беларуска-літоўскага этнічнага памежжа. Аднак нават сучасныя этнаграфічныя дасьледаваньні на тэрыторыі Кавальчуцкага, Шумскага i Медніцкага сельсаветаў сьведчаць пра даволі шырокую прысутнасьць у гэтым рэгіёне беларушчыны. Паводле дадзеных этнографа М.Савіча, усе інфарматары адзначалі, што ў гэтым рэгіёне Літвы заўсёды «і пры Польшчы, i пры саветах», i сёньня размаўлялі па-беларуску. Фактычна, беларуская мова (яе яшчэ называюць «простай») — гэта адзіная мова, якую ведаюць усе жыхары паўднёва-усходняй Віленшчыны. Аднак тыя ж інфарматары па нацыянальнай сьвядомасьці адносілі сябе да палякаў: «Мы палякі, але па-простаму размаўляем», «Мы не такія палякі, як у Польшчы, мы асобыя палякі»…[3] Тут прысутнічае пэўны дуалізм нацыянальнай сьвядомасьці. На пачатку стагодзьдзя нешта падобнае адчувалася нават у сьвядомасьці багатай шляхты i землеўладальнікаў Беларусі i Літвы. Паводле меркаваньня Ю.Бардаха, гэты дуалізм вызначаўся формулай: ліцвін (або русін) па паходжаньню, паляк па нацыянальнасьці[4].

Ba ўмовах поліканфэсійнасьці, калі яшчэ не сфармавалася выразная нацыянальная сьвядомасьць, галоўнай адзнакай беларусаў, асабліва ix этнічнага адзінства зьяўлялася родная мова. Не выпадкова карта расьсяленьня беларусаў, складзеная на пачатку XX ст. вядомым лінгвістам i этнографам Я.Карскім на падставе яго шматгадовых дасьледаваньняў беларускага этнасу, у асноўным пацьвярджала дадзеныя перапісу 1897 г. аб беларусах[5].

Прынцып атаясамліваньня каталікоў i палякаў ня можа адэкватна адлюстраваць нацыянальную структуру насельніцтва ў Беларусі. Аднак у П.Эбэрхардта ён зьяўляецца адным з галоўных мэтадалягічных прыцыпаў. Праз усю кнігу аўтар імкнецца правесьці думку неадпаведнасьці дадзеных па роднай мове рэальнай этнічнай сытуацыі. Аргумэнты ён знаходзіць, параўноваючы перапісы розных гадоў. Аднак у гэтым выпадку не заўсёды такое параўнаньне выглядае навукова-карэктным. Аўтару часам не хапае канкрэтна-гістарычнага падыходу.

Шмат намаганьняў П.Эбэрхардт прыклаў, каб даказаць антыпольскую тэндэнцыйнасьць Першага ўсеагульнага перапісу Расейскай імпэрыі 1897 г. У гэтым ён таксама працягвае традыцыі польскай гістарыяграфіі, якая яшчэ на пачатку XX ст. адназначна выказала свой недавер гэтаму перапісу[6]. Аднак прынцыпова новых доказаў гэтай тэндэнцыйнасьці аўтар не прывёў. У прыватнасьці П.Эбэрхардт усьлед за Э. Малішэўскім (Polacy i polskość na Litwę i Rusi. — Warszawa, 1914) сьцьвярджае неаб’ектыўнасьць перапісу 1897 г. на падставе параўнаньня яго дадзеных са статыстычнымі зьвесткамі 1909 г. па Віленскай губ. Сапраўды, працэнтная вага палякаў сярод іншых этнасаў Віленскай губ. у 1909 г. была значна большай, чым у 1897 г., аднак калі мы параўнаем дадзеныя па Ковенскай i Гарадзенскай губ., то ўбачым, што тут працэнтная вага палякаў значна скарацілася: у Ковенскай губ. — на 5,5, a ў Гарадзенскай — на 5,7. Тым ня менш нікому ня прыйдзе ў галаву на падставе гэтага даказваць, што ў 1897 г. колькасьць палякаў у гэтых губэрніях была завышана. Прычыны лічбавых разыходжаньняў трэба шукаць у канкрэтна-гістарычных умовах.

Актывізацыя нацыянальных працэсаў, якая стала магчымая пасьля частковай адмены нацыянальна-культурных i рэлігійных абмежаваньняў у Беларусі i Літве ў 1905 г., паскорыла крышталізацыю сьвядомасьці «тутэйшага» насельніцтва на беларуска-літоўска-польскім памежжы. I калі ў Ковенскай губэрні ў нацыянальным жыцьці ў 1909 г. дамінавалі літоўцы, то ў Віленскай — палякі. Менавіта гэты працэс i адлюстравалі лічбы 1909 г. Пра гэта, дарэчы, пісаў яшчэ Л.Васілеўскі[7]. Падзяляе гэтую думку i сучасны польскі дасьледчык Г.Бляшчык[8].

Статыстычныя дадзеныя 1909 г., якія Пётр Эбэрхардт лічыць больш аб’ектыўнымі, чым лічбы перапісу 1897 г., сьцьвярджалі, што ў Беларусі i Літве (Віленская, Віцебская, Ковенская, Менская i Магілёўская губэрні) палякі складалі 5,5% ад ўсяго насельніцтва[9]. Перапіс 1897 г. даў лічбу 5,6%[10], а статыстычныя дадзеныя з 1911 г., якія зьбірала Міністэрства народнай асьветы ў сувязі з распрацоўкай законапраекту аб усеагульнай пачатковай адукацыі — 6,0%[11]. Як мы бачым, колькасьць палякаў у Беларусі i Літве ў параўнаньні зь перапісам 1897 г. амаль не зьмянілася. Хаця статыстычныя зьвесткі зьбіраліся рознымі ўстановамі i з рознымі мэтамі.

Не адпавядае рэчаіснасьці i сцьвярджэньне Пятра Эбэрхардта пра тое, што быццам у 1897 г. палякамі запісвалі толькі шляхту, землеўладальнікаў i інтэлігенцыю (C.20). На самой справе 40,2% польскага насельніцтва ў Беларусі i Літве паводле ўсеагульнага перапісу, праведзенага ў 1897 г. ў Расейскай імпэрыі, былі сялянамі[12].

Пры параўнаньні статыстыкі розных гадоў аўтар зрабіў вялікую працу, якая ня можа не выклікаць павагі. На жаль, як ужо адзначалася, на яе вынікі часта уплывала адсутнасьць канкрэтна-гістарычнага падыходу.

Параўноўваючы статыстычныя зьвесткі па паветах i раёнах, межы якіх зьмяняліся, П.Эбэрхардт пайшоў па шляху пэўнага спрашчэньня. Аднак у гэтым выпадку наўрад ці магчымы іншы падыход.

Праца Пятра Эбэрхардта выходзіць за межы дасьледаваньня этнічных працэсаў. Фактычна, яна ўяўляе з сябе канспэктыўнае выкладаньне гісторыі Беларусі з канца XIX па канец XX ст. Адносна гэтага выпадае зрабіць шэраг заўваг.

1. Супраць увядзеньня беларускай мовы ў касьцёльнае набажэнства выступала не беларускае каталіцкае насельніцтва, як сьцьвярджае аўтар (С.41), a ў першую чаргу шырокія колы польскага парафіяльнага духавенства. На пачатку XX ст. яны фактычна ігнаравалі загады i інструкцыі вядомага віленскага біскупа Э.Ропа (1904-1907 г.), які ва ўвядзеньні беларускамоўнага набажэнства ў каталіцкім касьцёле бачыў сродак пашырэньня ўплываў каталіцызму[13]. Дзейнасьць парафіяльнага каталіцкага духавенства спрыяла палянізацыі беларусаў. Вось толькі адзін прыклад. У 1907 г. беларускія сяляне некалькіх вёсак Сакольскага павету зьвярнуліся да ўладаў з прашэньнем дазволіць выкладаньне Закона Божага на польскай мове. У лісьце сялян адзначалася, што кал i дазволу на гэта ня будзе, то ксяндзы зноў забароняць дзецям наведваць школу i будуць імкнуцца да адкрыцьця польскай школы наогул. «Яны i так увесь час гавораць нам, што ў вучылішчах Сакольскага павету ня ўводзіцца выкладаньне польскай мовы i Закона Божага на ёй толькі таму, што мы да гэтага часу не пакінулі сваёй, як яны кажуць, «быдлячай» мовы. A між тым гэтая мова для нас мілая i дарагая, бо на ёй размаўлялі нашыя бацькі i дзяды»[14]. Аналягічныя прыклады можна множыць.

2. Нямецкі перапіс 1916 г., да якога зь вялікім даверам ставіцца аўтар, трэба разглядаць у канктрэтна-гістарычных умовах. На яго вынікі паўплывала прымусовая эвакуацыя зь Беларусі ў Цэнтральную Расею ў 1915 г. Колькасьць эвакуаваных па розных крыніцах вагаецца ад 880 тыс. да 2 млн. чалавек[15]. Але справа ня толькі ў гэтым. У пэрыяд акупацыі розныя польскія арганізацыі ў Беларусі i Літве разьвілі бурную дзейнасьць, каб пераканаць нямецкія ўлады, што менавіта палякі зьяўляюцца галоўнай палітычнай i культурнай сілай краю. Вось што адзначаў А.Луцкевіч на пачатку 1917 г.: «У час перапісу насельніцтва польскае духавенства i польскія арганізацыі дапамогі (ахвярам вайны. — A.C.) уплывалі на беларускую беднату, каб яна заяўляла сваю прыналежнасьць не да беларускай, а да польскай нацыянальнасьці, пагражаючы ў іншым выпадку пазбавіць яе матэрыяльнай дапамогі… Галасамі такіх людзей польская грамадзкасьць карыстаецца для сваіх палітычных мэтаў, прымушаючы ix падпісваць патрэбныя палякам адозвы аб імкненьні края да адзінства з Польшчай, удзельнічаць у польскіх патрыятычных маніфэстацыях i г.д.»[16]

Памылковым зьяўляецца тэзіс, нібыта немцы, абапіраючыся на дапамогу беларускіх дзеячоў, пачалі ствараць беларускія школы i г.д. (С.49). Школы, як i ўсё іншае ў галіне беларускай культуры, ствараліся беларусамі. Паводле Ю.Туронка, на якога вельмі часта спасылаецца П.Эбэрхардт, немцы, займаючы Беларусь, амаль нічога ня ведалі пра беларусаў[17]. З БНР яны пачалі лічыцца толькі тады, калі ix ваеннае паражэньне стала непазьбежным. Дарэчы, Нямеччына так i не прызнала сувэрэнітэт БНР. А.Луцкевіч назваў нямецкую палітыку ў дачыненьні да беларусаў «подлай»[18]. Нямецкую падтрымку беларускага руху ня трэба перабольшваць. Гэта тым больш адносіцца да II сусьветнай вайны.

Нельга прыняць i сцьвярджэньня, быццам ідэя аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага як літоўска-беларуска-польскай фэдэрацыі, якую ў 1915-1916 г. падтрымлівалі даволі ўплывовыя дзеячы польскага, літоўскага i беларускага рухаў, ня стала рэчаіснасьцю па прычыне літоўскага i беларускага нацыяналізмаў (С.49). Беларускія палітыкі даволі доўга заставаліся прыхільнікамі дэмакратычнай шматнацыянальнай дзяржавы, чаго ня скажаш пра літоўскіх i польскіх дзеячоў. Па меры ўтварэньня самастойнай літоўскай i адраджэньня незалежнай польскай дзяржавы ў дзейнасьці польскіх i літоўскіх палітыкаў узмацніліся праявы шавінізму, а разам зь імі зьявіліся прэтэнзіі на далучэньне беларускіх земляў. Аўтар наогул абмінуў варожасьць большасьці польскіх палітыкаў да нацыянальна-культурнага адраджэньня i дзяржаўнага станаўленьня беларусаў. A між тым з канца 1916 — пачатку 1917 г. яна значна ўзмацнілася. Па сутнасьці ўжо ў гэты час у польскай палітычнай думцы запанавала ідэя інкарпарацыі беларускіх земляў.

3. Цяжка прыняць выснову аўтара, нібыта палякі былі галоўным аб’ектам бальшавіцкіх рэпрэсій у БССР у 20-30-ыя гады. Крывавы бальшавіцкі тэрор пад сьцягам барацьбы з «нацдэмаўшчынай» вынішчаў i палякаў, i беларусаў, i літоўцаў, i іншыя нацыі. Фізычнае i маральнае зьнішчэньне беларускай інтэлігенцыі пачалося ўжо ў другой палове 20-х гадоў, а не ў сярэдзіне 30-х, як памылкова сьцьвярджае аўтар (С.91). Тады ж фактычна скончылася i палітыка так званай «беларусізацыі».

4. Аўтар памыляецца ў сьцьвярджэньні, што беларуская мова ў часы нямецка-фашысцкай акупацыі (1941-1944) была ўрадавай у Беларусі (С.105). Яна сапраўды адыгрывала пэўную ролю ў сыстэме ўлады, але толькі як дадатак да нямецкай.

Недарэчнымі выглядаюць папрокі на адрас беларускіх гісторыкаў у завышэньні імі стратаў беларусаў у гады вайны (С. 107). Невядома, у каго зь беларускіх гісторыкаў аўтар знайшоў сьцьвярджэньне пра 2,5 млн. палеглых беларусаў. Беларускія гісторыкі прытрымліваюцца лічбы 2,2 млн. палеглых жыхароў Беларусі.

5. Наўрад ці можна ўсур’ёз казаць пра «беларусізацыю» палякаў у пасьляваенны савецкі час (С. 150). Антыпольская палітыка камуністычнага ўраду БССР толькі зьнешне набывала такую форму. Па сутнасьці палякі, як i іншыя нацыі, у нацыянальна-культурным пляне падвяргаліся русыфікацыі i саветызацыі. Якая магла быць «беларусізацыя», калi фактычна не існавала беларускай дзяржавы?

На жаль, відаць, храналягічныя межы дасьледаваньня не дазволілі П.Эбэрхардту закрануць вельмі важнае для беларускай гістарыяграфіі пытаньне: Як зьявіліся ў Беларусі палякі, рускія, жыды i іншыя некарэнныя нацыянальнасьці? У адносінах да польскага этнасу вядома, што масавых міграцыяў палякаў у Беларусь не было. Магчыма, пэўным выключэньнем было XII ст. Трэба прызнаць відавочнасьць факту, што большасьць палякаў у Беларусі i Літве — гэта нашчадкі палянізаваных беларусаў i літоўцаў.

Нягледзячы на крытычныя заўвагі, кніга П.Эбэрхардта, безумоўна, узбагаціла польскую беларусыстыку. Цяпер i ў Беларусі ўжо немагчыма займацца этнічнай гісторыяй XX ст., ня ўлічваючы працы П.Эбэрхардта. Галоўным героем кнігі зьяўляюцца палякі. Тым ня менш, трэба адзначыць адыход аўтара ад палёнацэнтрызму. П.Эбэрхадт не разглядае Беларусь у якасьці «усходніх крэсаў», прызнае факт палянізацыі беларусаў праз каталіцкі касьцёл, крытычна ацэньвае асыміляцыйную палітыку польскіх уладаў у адносінах да беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі ў 20-30-ыя гады. На падставе статыстычных дадзеных аўтар паказаў, як ажыцьцяўлялася савецкімі ўладамі палітыка русыфікацыі Беларусі. Досыць аб’ектыўна ён ацэньвае i сёньняшні стан беларускага этнасу i беларускай дзяржаўнасьці. Можна, напрыклад, цалкам пагадзіцца зь ягоным сьцьвярджэньнем пра нэгатыўныя адносіны большасьці рускага насельніцтва да сувэрэнітэту Беларусі (С.170), i зь яго думкай, што размовы пра пагрозу палянізацыі i каталізацыі Беларусі маюць сваёй мэтай толькі ўмацаваньне расейскага дамінаваньня (С.151).

Кніга П.Эбэрхардта паказала, што час вузкадысцыплінарных прац па этнічнай гісторыі ўжо прайшоў, падобнае дасьледаваньне павінна грунтавацца на сур’ёзнай міждысцыплінарнай аснове, на супрацоўніцтве прынамсі гісторыкаў, этнографаў, лінгвістаў, географаў i сацыёлягаў. Неабходная распрацоўка мэтадалёгіі комплекснага дасьледаваньня этнічных працэсаў. Важна выйсьці на больш цеснае супрацоўніцтва паміж беларускімі i польскімі дасьледчыкамі. Толькі яно дапаможа пераадолець непазьбежную аднабаковасьць нацыянальных гістарычных канцэпцый.

Аляксандар Смалянчук (Горадня)


[1] Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Litwie w XX w. // PW, 1991, 2-3; Przemiany narodowościowe na Ukrainie w XX w.— Warszawa. 1994.

[2] Былі аднак i выключэньні. Так, віленскі генэрал-губэрнатар П.Сьвятаполк-Мірскі (1902-1904) пратэставаў супраць атаясамліваньня беларусаў-каталікоў з палякамі.

[3] Савіч М. Беларускія гаворкі Віленшчыны: гісторыя i сучаснасьць. // Спадчына, 1994, 6. C.108.

[4] Bardach J. О dawnej i niedawnej Litwę. — Poznań, 1988. S.217-218.

[5] Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі. T.l, Менск, 1993.

[6] Гл. працы Э.Малішэўскага, Я.Чэканоўскага, В.Вакара, У.Сту дніцкага, Л.Васілеўскага i інш.

[7] Wasilewski L. Sprawy narodowościowe w teoryi i życie. — Warszawa, 1929.

[8] Błaszczyk G. Polacy na Litwę. Geneza i stan obecny // Przesląd Wschodni. 1991,2,1. S.148-149.

[9] [Статистические материалы no девяти западным губерниям.] 1909.

[10] Первая всеобщая перепись населения Российской империи. 1897. Т. II, IV, XI, XVII, XXII, XXIV. — С-Петербург, 1904-1905.

[11] Однодневная перепись начальных школ в империи, произведен ная 18 января 1911 г. Вып.VIII. Ред. В.Покровский. — С-Петербург, 1914. С. 20.

[12] Гл.: Первая всеобщая перепись…

[13] Смалянчук А. Біскуп Э.Роп // Беларускі гістарычны часопіс. 1994, 3. С. 108-112.

[14] БДГА. ф.1, в. 18, ад.з. 1099, а. 13.

[15] Мікалаевіч А. Бежанцы // Беларуская мінуўшчына, 1994, 4. С.60-61.

[16] БАН Літвы. Аддзел рукапісаў. Ф.21, Ад.зах. 277, а.5-6.

[17] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Менск, 1993. С. 11-12.

[18] Луцкевіч A. Дзёньнік // Полымя. 1990, 5. С.170.

Наверх

Тэгі: ,