БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Генадзь Сагановіч. Погляды Мікалая Улашчыка на Люблінскую унію і яе наступствы.


Да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Улашчыка (1906–1986)

Не так даўно ў адмысловым аглядзе тэмы Дарота Міхалюк не без падстаў адзначыла дамінаванне ў беларускай гістарыяграфіі адмоўных ацэнак Люблінскай уніі і звязаны з гэтым негатыўны вобраз Рэчы Паспалітай у свядомасці сярэдняга беларуса [1]. Назіранню даследчыцы наўрад ці можна запярэчыць, хоць яна разгледзела далёка не ўсе рэлевантныя працы. Калі аналізаваць больш шырокі падбор публікацый і ўлічваць грамадска-палітычны кантэкст іх з’яўлення, то ў стаўленні да Люблінскай уніі ў беларускай гістарыяграфіі выявіцца яшчэ большая зменлівасць і разнастайнасць пазіцый. Знойдуцца ў ёй прыклады як свядомых маніпуляцый, так і ўзорна навуковага падыходу да праблемы, прадэманстраванага, у прыватнасці, Мікалаем Улашчыкам. Погляды гэтага даследчыка заслугоўваюць асобнай увагі, але спачатку паспрабуем акрэсліць асноўныя вехі зменаў прэзентацыі названай уніі да з’яўлення прац М. Улашчыка, засяродзіўшыся найперш на творах нацыянальнага майстар-наратыву.

Агульнавядома, што ў першых сінтэзах гісторыі Беларусі уніі 1569 г. даваліся цалкам адмоўныя ацэнкі. Нагадаем, што Вацлаў Ластоўскі бачыў у ёй навязаную палякамі капітуляцыю, калі “Літоўска-Беларуская дзяржава <…> была прымушана здацца”, словам, канец незалежнасці, а ўтвораную Рэч Паспалітую атаесамляў з Польшчай [2]. Для Усевалада Ігнатоўскага тая ж унія была рэалізацыяй імперыялістычных апетытаў Польшчы, якая выкарыстала цяжкае становішча ВКЛ і навязала яму несправядлівае аб’яднанне, што адкрыла браму для польскага ўплыву на Літву і Беларусь [3]. Няма сумненняў, творы класікаў нацыянальнай гістарыяграфіі, папулярныя ў шырокіх колах чытачоў і перавыдадзеныя ў Мінску пасля абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, моцна паўплывалі на вобраз Любліна ў пакаленнях беларусаў. Аднак не сакрэт і тое, што ні В. Ластоўскі, ні У. Ігнатоўскі не займаліся эпохай даўняй Рэчы Паспалітай спецыяльна. Залежачы ад наяўнай на той час літаратуры, яны актуалізавалі тыя вобразы і ацэнкі мінулага, якія – у іх разуменні – маглі б адпавядаць умацаванню нацыянальнай свядомасці беларусаў і адмежаванню ад традыцый расійскай і польскай [4]. Згадаем, што яшчэ ў ХІХ ст. ад агульнай з палякамі гісторыі сталі адмяжоўвацца ідэолагі нацыянальных рухаў літоўцаў і ўкраінцаў. Пад уплывам абвастрэння польска-літоўскіх і польска-ўкраінскіх супярэчнасцяў Люблін ператвараўся ў змрочны сімвал гісторыі Літвы (стараннямі Т. Нарбута, С. Даўкантаса, Ё. Басанавічуса) [5], і гэтак жа негатыўна трактавалі яго ў сваёй гісторыі ўкраінцы (В. Антановіч, М. Грушэўскі і інш.) [6]. Так што ў беларускіх гісторыкаў-адраджэнцаў былі гатовыя прыклады блізкіх па лёсе суседзяў [7].

Праўда, яшчэ да рэвалюцыі з’явіліся спецыяльныя навуковыя даследаванні, якія па-новаму ацэньвалі становішча ВКЛ пасля 1569 г. і дазвалялі падважыць даўняе стэрэатыпнае ўяўленне пра інкарпарацыю Літвы ў склад Польшчы. У гэтай сувязі дастаткова згадаць найперш працы расійскага вучонага Івана Лапы і польскага гісторыка Станіслава Кутшэбы. Першы пасля грунтоўнага вывучэння матэрыялаў Люблінскага сойма і ўзаемаадносін ВКЛ з Польскім Каралеўствам у перыяд ад заключанай уніі да смерці Стэфана Баторыя выступіў з падагульненнем, што і пасля 1569 г. “Литва и Польша оставались отдельными единицами с особыми территориями и особыми правами”, хоць яны і мелі агульнага караля і сойм [8].

Заключаны дагавор, кампрамісны па сутнасці, у некаторых частках проста не быў выкананы, удакладняў ён, і ў выніку ўтварылася польска-літоўская Рэч Паспалітая як федэрацыя дзвюх дзяржаў, у якой Вялікае Княства Літоўскае заставалася верным сваім традыцыям палітычнай асобнасці [9]. Даследаванне польскага гісторыка права С. Кутшэбы [10], якое выйшла і ў перакладзе на рускую мову, змяшчала падобны і яшчэ больш адназначны вывад: інкарпарацыі не адбылося, ВКЛ і ў выніку уніі 1569 г. “утрымала… становішча аднолькавай з Польшчай дзяржавы, хоць і ў больш цесных чым раней межах” [11].

Натуральна, спрошчаныя ацэнкі Люблінскай уніі, дадзеныя ёй у цытаваных вышэй дапаможніках, не ўтрымаліся ў публікацыях беларускіх гісторыкаў першай школы нацыянальнай гістарыяграфіі ў 1920-я г. Здаецца, нават У. Ігнатоўскі пераходзіў да большай стрыманасці ў характарыстыцы Рэчы Паспалітай. Хоць ён па-ранейшаму пісаў, што на аснове заключанай уніі “літоўска-беларуская дзяржава страціла сваю палітычную незалежнасць”, і наўпрост звязваў з ёй цэлую праграму паланізацыі і заключэнне царкоўнай уніі, якая пасля Любліна, маўляў, проста “павінна была адбыцца”, усё ж прызнаваў, што паводле акта 1569 г. ВКЛ “захавала вялікую долю самакіравання з пакінутымі цэнтральнымі ўрадамі, арміяй і заканадаўчымі зборамі” [12].

Больш важнай была пазіцыя аўтарытэтнага Уладзіміра Пічэты, рэктара БДУ, які яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы адмыслова займаўся праблемай уніі. Яшчэ тады ён не лічыў унію 1569 г. інкарпарацыяй земляў ВКЛ у склад польскай дзяржавы. У сваёй ранняй публікацыі гісторык адзначаў, што хоць ВКЛ і страціла частку тэрыторый, яно захавала пэўную аўтаномію. Праўда, у гэтай жа працы даследчык падкрэсліў, што заключаная намаганнямі шляхты парламенцкая унія паклала пачатак новым адносінам паміж Польшчай і ВКЛ, якія “в конце концов повели к полному слиянию обоих государств в одно” [13]. Можна зразумець, такім чынам, што да рэвалюцыі У. Пічэта глядзеў на унію як на пачатак паступовага зліцця ВКЛ і Польскай Кароны. Але для нас больш істотная яго пазіцыя ў 1920-я г. Як адзін з айцоў-заснавальнікаў беларускай савецкай гістарыяграфіі, У. Пічэта ў сваіх працах ніяк не акцэнтаваў фатальнасць аб’яднання з Польшчай для Беларусі і Літвы, а характарызаваў унію як кампраміс, гаварыў пра неадназначнасць яе вынікаў, сярод якіх бачыў і пазітыўныя, хоць негатыўных знаходзіў больш. Гісторык выразней адзначаў звязаныя з уніяй змены дзяржаўнага ладу, падкрэсліваючы, што “парлямэнтарная вунія 1569 г. устанаўлівала дыктатуру шляхецтва” [14].

Найбольш красамоўным прыкладам эвалюцыі поглядаў на сутнасць уніі ў тагачаснай беларускай гістарыяграфіі можна лічыць пазіцыю Васіля Дружчыца, які спачатку мімаходзь характарызаваў уваход у Рэч Паспалітую як “страту палітычнай незалежнасці” [15], а затым, адмыслова заняўшыся праблемай, прысвяціў ёй спецыяльную публікацыю [16] і змяніў трактоўкі. Ацаніўшы працы папярэднікаў, беларускі гісторык паспрабаваў са свайго боку высветліць пытанне на падставе аналізу нормаў ІІІ Статута ВКЛ і соймавых канстытуцый. Яго высновы аказаліся блізкімі да вынікаў цытаваных вышэй І. Лапы і С. Кутшэбы: пасля уніі літоўска-беларуская дзяржава захавала асноўныя атрыбуты дзяржаўнай самастойнасці, – сцвердзіў В. Дружчыц, а лад Рэчы Паспалітай ахарактарызаваў як “дуалізм на федэрацыйных асновах” [17]. Пазней, палемізуючы з украінскім эміграцыйным гісторыкам Р. Лашчанкам, які ў сваёй працы даводзіў, што Статут ВКЛ быў помнікам нібыта чыста ўкраінскага права і ўкраінскае мовы, беларускі даследчык зноў падкрэсліў рознае становішча Беларусі і Украіны пасля 1569 г.: калі ўкраінскія землі “былі проста далучаны да Польшчы”, то ВКЛ увайшло ў склад Рэчы Паспалітай “на федэратыўных умовах, як роўны з роўным”, “захавала сваю дзяржаўную незалежнасць” [18]. І такія трактоўкі тады можна было спаткаць у беларускіх працах не толькі цытаваных аўтараў.

Хоць пераход да сцвярджэння негатыўнага вобраза Рэчы Паспалітай пачаўся ўжо ў сярэдзіне 1930-х г., калі галоўныя прадстаўнікі гістарычнай школы, якія спрабавалі “даказаць, што Беларусь па характару сваёй эканомікі, культуры і мовы бліжэй за ўсё стаіць да Польшчы, Нямеччыны, і вельмі далёкая да Расіі” [19], былі ў поўным складзе рэпрэсаваныя, ідэалагічную падставу радыкальна іншага трактавання уніі ў савецкай гістарыяграфіі задала палітычная кан’юнктура 1939 г. Падрыхтоўка паходу Чырвонай арміі на захад мусіла суправаджацца інфармацыйна-прапагандысцкай кампаніяй, у якой задзейнічалі нават аўтарытэт рэабілітаванага на той час У. Пічэты [20]. Пасля вераснёвага паходу і далучэння Заходняй Беларусі да БССР, а Заходняй Украіны да УССР ад гісторыкаў патрабавалася ў папулярных публікацыях сцвярджаць простую схему: што ў выніку Люблінскай уніі беларускія і ўкраінскія землі апынуліся пад прыгнётам чужаземнай польскай улады, а паход 1939 г. прынёс ім вызваленне і канец пакутаў. Літаральна па такой схеме адносіны з Польшчай інтэрпрэтаваў не толькі вядомы прапагандысцкімі штампамі Іосіф Лочмель [21], але і славуты славіст У. Пічэта, які маляваў “яркую карціну векавой эксплуатацыі” палякамі беларускага і ўкраінскага народаў і, адпаведна, “барацьбы супраць польскіх паноў ажно да канчатковага вызвалення брацкай Чырвонай Арміяй ад усялякага прыгнёту” [22].

Гэты схематызм пазнаецца і ў рэдагаваных ім акадэмічных “Нарысах па гісторыі Беларусі” (1940), дзе гісторыя пасля 1569 г. аднесена ў раздзел з красамоўнай назвай “Беларусь пад ігам польскіх паноў”. Хоць унія аб’яднала дзяржавы “на пачатках роўнапраўя”, яна мела “цяжкія вынікі для беларускага народа”, бо “ўзмацнілася пранікненне польска-каталіцкага ўплыву”, пачаўся “перыяд жудаснага гнёту з боку панска-шляхецкай Польшчы” [23].

Трэба ўсё ж аддаць належнае пазіцыі вучонага: не шкадуючы чорных фарбаў для наступстваў уніі з Польшчай, якая, маўляў, несла прыгнёт і паланізацыю, даследчык і тады яшчэ сцвярджаў, што сам акт 1569 г. прадугледжваў стварэнне федэратыўнай Рэчы Паспалітай, а не ўнітарнай, і не касаваў дзяржаўнасці ВКЛ, якое “як асобнае дзяржаўнае ўтварэнне працягвала існаваць”, прычым, падкрэсліваў ён, “у дзяржаўна-прававых адносінах Вялікае Княства Літоўскае займала ў складзе Рэчы Паспалітай аднолькавае становішча з Польшчай” [24].

Пасля перамогі над нацысцкай Нямеччынай у СССР стваралася новая гісторыя, адным з прынцыпаў якой было патрабаванне паказваць гістарычную заканамернасць “адзінства і дружбы савецкіх народаў” і прагрэсіўную ролю рускага народа як “объединителя национальностей”. У рэчышчы масквацэнтрычнай канцэпцыі пад кантролем партыі распрацоўваліся новыя версіі гісторыі савецкіх рэспублік. Для напісання гісторыі Беларусі па распараджэнні ЦК КП(б)Б былі выдадзены спецыяльныя “Тэзісы па асноўных пытаннях гісторыі БССР”, якія сталі ідэалагічнай асновай асвятлення мінулага. Каб узалежніць Беларусь ад Расіі, неабходна было аддзяліць яе мінулае ад Літвы і асабліва Польшчы, таму ўвесь перыяд ХІV–ХVІІІ ст. у “Тэзісах” назвалі тым “змрочным часам”, калі Беларусь знаходзілася “пад уладай літоўскіх і польскіх захопнікаў”. Этапам іх захопніцкай палітыкі быў і люблінскі акт 1569 г., у выніку якога Беларусь “была ўключана ў склад польскай Рэчы Паспалітай” [25].

Прыкладна так было прэзентавана стварэнне Рэчы Паспалітай і ў першай акадэмічнай “Гісторыі Беларускай ССР” –у кантэксце ўзмацнення сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага ўціску беларусаў і ўзрастання іх “барацьбы за ўз’яднанне з Расіяй”. Пра захаванне нейкай аўтаноміі ВКЛ (асобных законаў, войска і скарбу) усё ж згадвалася, але ў новай дзяржаве ўжо ўсё мелася вызначаць Польшча, так што ў выніку уніі на беларускіх землях “пачалі гаспадарыць таксама і польскія паны”, а беларускія і літоўскія феадалы былі вымушаны падтрымліваць іх палітыку, таму з прыгнётам, маўляў, пашыралася каталіцтва і польская мова, узмацнялася барацьба супраць народных мас Беларусі, якія з надзеяй глядзелі на Маскву [26]. Па узорах, зададзеных акадэмічнай гісторыяй [27], уніі ВКЛ з Польшчай інтэрпрэтаваліся і ў падручніках па гісторыі БССР для сярэдняй [28] і вышэйшай [29] школы.

І вось у той самы час, калі прэзентацыя Люблінскай уніі як этапу экспансіі і пашырэння польскай каталіцкай улады на праваслаўныя беларускі і ўкраінскі народы стала адным з падставовых кампанентаў адзінай савецкай канцэпцыі гісторыі, у самой Маскве яшчэ амаль нікому невядомы гісторык адважыўся выступіць з адрозным поглядам на сутнасць уніі і яе наступствы. Гэтым гісторыкам быў Мікалай Улашчык. Як вядома, сярод яго апублікаваных прац няма такіх, якія былі б адмыслова прысвечаны люблінскай тэме, але вучоны паспеў сур’ёзна пазаймацца названай праблемай. У асабістым архіве даследчыка захаваўся машынапісны нарыс “К вопросу о характере и последствиях Люблинской унии” [30], напісаны, як вынікае з пазнакі, у 1950 г., калі ён ужо абараніў кандыдацкую дысертацыю і працаваў на кафедры гісторыі заходніх і паўднёвых славян МДУ – акурат перад чацвёртым арыштам і высылкай [31]. Гісторык прысвяціў працу пытанням, якія лічыў актуальнымі, бо яны, як адзначана ва ўступе да нарыса, абмяркоўваюцца “да нашых дзён”: ці захавалася ВКЛ пасля 1569 г., ці стала яно “звычайнай правінцыяй Польшчы” і ці ідэнтычныя паняцці “Рэч Паспалітая” і “Польшча”. Меркаванне пра інкарпарацыю ВКЛ і яго правінцыйны статус асабліва пашырылася, паколькі “такія погляды цягам стагоддзяў прапагандаваліся польскай нацыяналістычнай гістарыяграфіяй і публіцыстыкай” [32].

Для высвятлення першага пытання даследчык выкарыстаў галоўныя апублікаваныя крыніцы – дзённік Люблінскага сойма [33] і акты уніі [34], абапёршыся таксама на падставовыя даследаванні: ужо цытаваныя працы І. Лапы, С. Кутшэбы, свайго майстра У. Пічэты і інш.

Апісаўшы інкарпарацыйны праект уніі польскага боку і супрацьпастаўленыя яму прапановы магнатаў ВКЛ, якія адстойвалі федэратыўную дзяржаву на роўных прававых умовах, М. Улашчык паказаў, што прыняты ўрэшце праект уніі “меў характар кампрамісу паміж першапачатковымі праектамі Польшчы і Вялікага княства”. У ім былі пункты, якія азначалі “поўнае зліццё дзвюх дзяржаў у адну Рэч Паспалітую”, але акт не агаворваў шэрагу палажэнняў і не касаваў яго ўнутранага кіравання, “дзякуючы чаму княства працягвала існаваць у якасці саюзнай з Польшчай дзяржавы і пасля уніі, да канца існавання Рэчы Паспалітай” [35].

І хоць ВКЛ саступала Польшчы, прызнаваў гісторык, і ў гэтым сэнсе было другарадным членам Рэчы Паспалітай, яно засталося асобнай дзяржавай. Больш за тое, аргументаваў далей аўтар: “Калі б у нас не мелася ніякіх іншых дакументаў, апрача акта уніі 1791 г., то і яго было б дастаткова для доказу, што Люблінская унія не злівала Польшчу і княства ў адну дзяржаву, а толькі аб’ядноўвала іх” [36].

Як бачым, М. Улашчык не прымаў сцвярджэння свайго настаўніка У. Пічэты пра “поўнае зліццё” ВКЛ і Кароны ў выніку прыняцця Канстытуцыі 1791 г.: “гэта не зусім так”, – удакладняў даследчык, бо Вільня захавала асобных міністраў, асобны скарб і скарбовы суд, асобную армію, “і наогул Княства як саюзная з Польшчай дзяржава існавала да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай” [37].

Перайшоўшы да апісання Рэчы Паспалітай, створанай на моцы падпісанага акта, даследчык паўтарыў шэраг тэзісаў, пашыраных тады ў мэйнстрыме савецкай гістарыяграфіі (пра ўсебаковы рэгрэс Рэчы Паспалітай ужо з XVІІ ст., пра больш цесныя сувязі Беларусі з Расіяй, чым з Польшчай, пра імкненне народа да Расіі) [38], многія з якіх, дарэчы, пазней сам жа і абвяргаў (гл. яго публікацыі ўжо з пачатку 1960-х г. [39]).

Асобную ўвагу М. Улашчык аддаў росту польскіх уплываў як аднаму з самых важных наступстваў Люблінскай уніі. Гаворачы пра паланізацыю, гісторык палічыў істотным удакладніць: працэс пачаўся да 1569 г., а пасля падпісанай уніі толькі ўзмацніўся. У XVІІ–XVІІІ ст. ён ахапіў нават дробную шляхту, вярхушку мяшчанства і ўніяцкае духавенства, і так – да паўстання 1863–64, г. зн. паланізацыя доўжылася каля 300 гадоў, але поўнай паланізацыі беларускага народа не адбылося [40].

Далей М. Улашчык паспрабаваў высветліць, якія ж былі сапраўдныя поспехі паланізацыі на землях Беларусі. Для гэтага важна ўлічваць, што ў многія тэрміны ў тыя часы “ўкладваўся не заўсёды той змест, які мы ўкладваем цяпер”, – зазначыў ён. Як Літвой часцей называлі ўсё ВКЛ, так Польшчай звычайна называлі не толькі ўласна Польшчу, але і ўсю Рэч Паспалітую, а палякамі маглі акрэсліць усіх яе жыхароў – “незалежна ад іх мовы”. Шляхціча Падзвінскай Беларусі маглі называць “беларусам” (як жыхара паўночна-заходняй часткі княства), “ліцвінам” (як жыхара Вялікага Княства ў цэлым) ці “палякам” (як жыхара Рэчы Паспалітай). Гэтаксама шляхціч Жамойці мог называцца жамойтам, ліцвінам і палякам, незалежна ад таго, ці валодае ён польскай мовай, ці не. Словам, “палякам у XVІІ–XVІІІ ст. мог называцца чалавек, які не толькі не ўмеў гаварыць па-польску, але і не прызнаваў сябе палякам, – проста ў сілу таго, што ён быў жыхаром Рэчы Паспалітай” [41].

Вяртаючыся да паланізацыі Літвы і Беларусі, даследчык адзначаў, што яе ступень, вядома ж, нельга прыменшваць, “аднак яна была значна меншай, чым гэта звычайна паказваецца”. Галоўнае – паланізацыя амаль не закранула асноўную масу беларускага насельніцтва. Але нават шляхта, якая лічыла сябе палякамі і карысталася польскай мовай, “жывучы сярод беларускага і літоўскага насельніцтва, няўжо яна не ведала іх мовы?”, – рытарычна пытаўся ён і сам жа адказваў: “Трэба думаць, што шляхта, за выняткам вярхушкі… умела гаварыць на той мове, на якой размаўлялі яе сяляне” [42].

Не абмінуў даследчык і пытанне афіцыйнай пісьмовай мовы ў дзяржаве. Лічылася, што пасля вядомай пастановы 1697 г., якая азначала “афіцыйную замену ў справаводстве Вялікага Княства беларускай мовы польскай”, беларуская мова ўжо не выкарыстоўвалася і ў ХVІІІ ст. справаводства вялося толькі на польскай. “Гэта праўда толькі часткова. Магілёўскі магістрат вёў свае кнігі на беларускай мове яшчэ і ў 1711 г., а многія гаспадарчыя дакументы ў Усходняй Беларусі амаль да канца ХVІІІ ст. пісаліся польскім шрыфтам на змяшанай беларуска-польскай мове” [43], – удакладняў даследчык.

Яшчэ адным наступствам уніі лічылася пашырэнне польскага землеўладання ў ВКЛ. У гэтай сувязі М. Улашчык скрытыкаваў не толькі сцвярджэнні І. Лочмеля, але і пазіцыю Н. Каменскай, якая напісала, быццам пасля 1569 г. “уся зямля Літоўска-Беларускай дзяржавы паступова стала ўласнасцю польскай шляхты” [44]. “Уяўленні, што ў Беларусі ўсе зямлі былі захопленыя польскай шляхтай, склалася толькі таму, што беларускія шляхцічы пачынаючы з XVІІ ст. сталі масава называць сябе палякамі” [45].

Аднак трэба ўлічваць, што феадалы беларускіх родаў (Сапегі, Агінскія, Лукамскія), як і літоўскіх (Радзівілы), валодалі землямі ў Беларусі задоўга да уніі. І хоць у XVІІ–XVІІІ ст. па мове, строю і звычаях гэта былі ў пераважнай большасці “палякі”, яны ж “ніадкуль не прыйшлі, не заваявалі краіну”, а паходзілі з мясцовай шляхты. “Палякі-землеўладальнікі былі і ў Беларусі, і ў Літве, але іх удзельная вага была нязначнай” [46], – заключаў гісторык.

Падагульняючы свае назіранні, М. Улашчык яшчэ раз падкрэсліў, што Рэч Паспалітая “была дзяржавай федэратыўнай, якая складалася з каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, у якім абедзве часткі дзяржавы займалі аднолькавае дзяржаўна-прававое становішча”. Пры гэтым паняцце “Рэч Паспалітая” зусім не ідэнтычнае паняццю “Польшча”, паколькі Польшча была толькі часткай Рэчы Паспалітай. “Беларусь і Літва ў XVІ–XVІІІ ст. не ўваходзілі ў склад Польшчы”, – вырашыў спецыяльна падкрэсліць даследчык [47].

Нарыс М. Улашчыка пра Люблінскую унію не выйшаў друкам. Здаецца, гістарычная праца з падобнымі поглядамі ў тыя гады проста не мела шансаў на публікацыю. Але пазней прыкладна такое ж разуменне сутнасці названай уніі і яе наступстваў гісторык выказаў у шматлікіх артыкулах, рэцэнзіях, водгуках, публічных выступах па тэме гісторыі Беларусі. Ён прынцыпова адмаўляў некалькі пазіцый: па-першае, тэзіс пра інкарпарацыю ВКЛ і ператварэнне яго ў правінцыю Польшчы, па-другое, што вынікам уніі стала дамінаванне палякаў у Беларусі, татальная паланізацыя і забарона беларускай мовы. Вось толькі некаторыя прыклады.

Адгукаючыся ў 1966 г. крытычнай рэцэнзіяй на чарговае перавыданне школьнага падручніка “Гісторыя БССР” пад рэдакцыяй Л. Абэцэдарскага, патрабавальны даследчык не хаваў абурэння тым, што беларускія гісторыкі працягваюць паўтараць даўняе сцвярджэнне нацыяналістычнай польскай гістарыяграфіі пра ператварэнне ВКЛ у частку Польшчы, абвергнутае яшчэ працамі І. Лапы і У. Пічэты [48]. Пазней, павітаўшы прыхільным водгукам з’яўленне першага спецыяльнага перыёдыка Беларусі, прысвечанага гісторыі, у аглядзе нумароў за першыя тры гады даследчык адзначыў толькі адну “прыкрую памылку” – сцвярджэнне У. Чантурыі, быццам у выніку уніі 1569 г. Беларусь разам з Літвой “уліліся ў склад Польшчы” [49]. Гісторык паўтарыў, што “на самай справе па акце уніі 1569 г. Беларусь і Літва, г. зн. Вялікае Княства Літоўскае, утварылі супольна з Польшчай федэратыўную Рэч Паспалітую, і такі характар гэтая дзяржава захоўвала да самага канца свайго існавання” [50].

Вяртацца да таго ж пытання М. Улашчыку давялося ў рэцэнзіі на адзіны ў савецкім Мінску ўніверсітэцкі падручнік па гісторыі Беларусі [51], які выклікаў мноства крытычных заўваг гісторыка. На сцвярджэнні аўтараў, што заключэнне Люблінскай уніі прывяло да стварэння адной дзяржавы, пакінула Вялікаму Княству толькі “некаторую аўтаномію” і прынесла ў Беларусь “прыгнёт польскіх паноў”, “рэзкае ўзмацненне каталіцкай агрэсіі” [52], ён зноў падкрэсліў, што на справе ўсё выглядала іначай, а “легенда пра поўную страту Вялікім Княствам сваёй самабытнасці ў выніку уніі была створана ў свой час са зразумелай мэтай польскім нацыяналістычным друкам” [53].

Неаднаразова крытыкуючы сцвярджэнні пра татальную паланізацыю як наступства Люблінскай уніі 1569 г., М. Улашчык указваў на тое, што гэты тэзіс з палітычнымі мэтамі ўводзіўся расійскай царскай гістарыяграфіяй. Метады такой практыкі беларускі вучоны найбольш паказальна разабраў у спецыяльным даследаванні дзейнасці Віленскай археаграфічнай камісіі [54], дзе выявіў палітычную заангажаванасць арганізацыі і тэндэнцыйнасць яе публікацый. Большасць супрацоўнікаў камісіі кіраваліся мэтай даказваць, што Беларусь і Літва былі “искони русским краем”, таму, дэманізуючы палякаў і “лацінства”, тэндэнцыйна пашыралі ідэю пра тое, “што Вялікае Княства ледзь не з першых дзён свайго існавання стала правінцыяй Польшчы”, што шляхта была тут толькі польскай і да т. п., хоць пасля пераходу ў каталіцтва мясцовыя эліты не станавіліся сапраўднымі палякамі. Такія спосабы тлумачэння гісторыі Беларусі і Літвы, што вялі да памылак, якія пераходзілі ў фальсіфікацыю, гісторык не пабаяўся назваць прымітыўнымі [55].

Нагадаем, што да рэвалюцыі падобны погляд на мінулае Беларусі і значэнне Люблінскай уніі панаваў у расійскай гістарычнай думцы і быў тым, вакол чаго гісторыкі клерыкальна-манархічнай плыні і школы заходнерусізму салідарызаваліся нават з прадстаўнікамі ліберальнай гістарыяграфіі. Невыпадкова М. Любаўскі ў сваёй лекцыі па гісторыі Беларусі палічыў вартым падкрэсліць, што пасля 1569 г. “всё, что было сознательного, развитого и культурного в Белоруссии, стало или становилось польским. Край в значительной степени утратил свой русский характер и приобрел характер польский” [56]. Каментуючы гэтую публікацыю пазней, М. Улашчык запярэчыў: расійскі гісторык “моцна перабольшвае паланізацыю Беларусі”, бо яна ахапіла магнатаў, шляхту і часткова мяшчан, але ў асноўнай масе насельніцтва па-ранейшаму “як жывая мова ўтрымлівалася беларуская” [57]. Не раз вяртаўся ён і да дыскусійнага пытання мовы справаводства, змену якой часта таксама звязвалі з уніяй. Хоць пастанова 1697 г., якая абвяшчала, што “ад таго часу ўсе дэкрэты павінны выдавацца на польскай мове” [58], прымалася на прапанову наваградскай шляхты і ў рамках “каэквацыі праў”, у савецкай навучальнай літаратуры Беларусі яна трактавалася як забарона карыстацца беларуская мовай, уведзеная польскім урадам у працэсе асіміляцыі беларускага народа [59]. У цытаванай рэцэнзіі на школьны падручнік даследчык удакладняў, што “закон 1697 г. не забараняў выкарыстанне беларускай мовы, а ўводзіў у заканадаўчым парадку ў справаводства польскую” [60], а ў карэспандэнцыі зноў адзначаў вядомыя выпадкі, калі справаводства вялося пабеларуску яшчэ і ў пачатку ХVІІІ ст. [61].

Да канца жыцця М. Улашчык з незвычайнай настойлівасцю крытыкаваў пашыраны ў беларускай гістарычнай літаратуры погляд на унію 1569 г. як на канец самастойнасці ВКЛ і пачатак паўсюднай паланізацыі. Вучоны лічыў важным дзе толькі можна паўтараць, што ніякай інкарпарацыі ў сапраўднасці не было, што нават у 1791 г. дзяржавы яшчэ не зліваліся канчаткова ў адну [62], і крытыкаваў погляд, быццам у Беларусі ХVІ–ХVІІ ст. ужо не засталося сваіх феадалаў, бо іх залічваюць у палякі [63].

Нязменная падпарадкаванасць афіцыйнай гістарыяграфіі БССР састарэлым ідэалагічным штампам, ігнараванне крыніц, перабольшванне паланізацыі і выкрэсліванне неправаслаўных эліт са складу беларускага народа часам проста раздражняла даследчыка – гэта адчуваецца ў некаторых яго лістах, рэцэнзіях і водгуках [64]. Працы па гісторыі Беларусі з такой інтэрпрэтацыйнай схемай ён называў прапагандысцкімі, асвятленнем мінулага ў духу М. Каяловіча, калі праваслаўная вера абвяшчаецца “галоўнай сілай гісторыі” [65].

На жаль, М. Улашчык не заспеў эпахальных перамен –крытыкаваныя ім шаблоны асвятлення айчыннай гісторыі заставаліся даміноўнымі да распаду СССР. Толькі пасля абвяшчэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь дайшло да пераацэнак эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай у афіцыйным гістарычным дыскурсе [66]. З’явіліся цікавыя канцэптуальныя публікацыі, у якіх падкрэслівалася, што Рэч Паспалітую нельга атаесамляць з Польшчай і што хоць паланізацыя ў ёй узмацнілася, актыўным правадніком гэтага працэсу была сама мясцовая шляхта [67]. Паказальна, што акадэмічныя “Нарысы”, крытыкаваныя пазней за нацыянальны ўхіл, прапанавалі дастаткова ўзважаную трактоўку Люблінскай уніі, спецыяльна закцэнтаваўшы ўвагу на тым, што яна азначала не паглынанне ВКЛ Польшчай, а ўтварэнне федэрацыі, у якой элітам ВКЛ удалося ўтрымаць незалежнасць [68]. Не ўдаючыся ў спецыяльны агляд, адзначым, што прыкладна такія трактоўкі славутай уніі ўвайшлі ў большасць дапаможнікаў, аўтарамі якіх з’яўляюцца гісторыкі-даследчыкі [69]. А найбольш яскравай праявай імкнення да перагляду старых ацэнак уніі і месца Рэчы Паспалітай у айчыннай гісторыі сталі публікацыі, аўтары якіх выказваліся пра яе ў нетыповым для беларускай гістарыяграфіі апалагетычным духу [70].

Затое пасля ўсталявання цяперашняга прэзідэнцкага рэжыму з яго прарасійскай палітыкай у афіцыйнай гістарычнай літаратуры з’явілася і процілеглая плынь, у якой загучала састарэлая антызаходняя рыторыка – нібыта ўваскрэс цень самога Каяловіча! У дапаможнік па гісторыі для вышэйшай школы пад рэдакцыяй Я. Новіка і Г. Марцуля, які ствараўся і прэзентаваўся як альтэрнатыва “нацыяналістычным” нарысам, адразу быў умантаваны адназначна негатыўны вобраз Люблінскай уніі. Там зноў загаварылі, што ў выніку заключэння акта 1569 г., які быў “анексіяй, інкарпарацыяй”, з палітычнай карты “знікла» ВКЛ. Для аўтараў гэтага дапаможніка Люблін сімвалізаваў “пачатак трагічнай старонкі ў гісторыі Беларусі” [71].

А выданні Я. Трашчанка сваімі ідэямі нагадалі пра тэзісы і метады супрацоўнікаў Віленскай археаграфічнай камісіі: унія для яго стала завяршэннем “працэсу паглынання Польшчай Вялікага Княства Літоўскага” [72], яна ўзмацніла каталіцкую экспансію і паланізацыю, выклікаўшы яшчэ мацнейшае імкненне праваслаўнага народа Беларусі да Масквы. Быццам у спаборніцтве, з яшчэ большым драматызмам прэзентуе акт уніі 1569 г. аднатомны дапаможнік Я. Новіка: яна была “анексіяй, інкарпарацыяй ВКЛ у склад Польскай кароны… пачаткам пагібелі Вялікага Княства Літоўскага”, а для самой Беларусі – “пагрозай поўнага акаталічвання і паланізацыі краю, знішчэння беларускай народнасці і яе культуры” [73].

Такая характарыстыка Люблінскай уніі ўжо амаль дваццаць гадоў літара ў літару паўтараецца ў кожным новым выданні названых дапаможнікаў [74], лішні раз выяўляючы прывязанасць яе аўтара(ў) да ідэалагічных догмаў.

Лічыцца, што выбар інтэрпрэтацыйных стратэгій і ацэнкі фактаў у многім прадвызначаюцца оптыкай ідэалагічнага светагляду, ці сістэмай каштоўнасцяў. Прасцей кажучы, стаўленне гісторыка да Люблінскай уніі ў многім павінна залежаць ад таго, які майстар-наратыў ён адчувае “сваім” – нацыянальны або імперскі. Аднак жорсткія крытыкі Любліна і Рэчы Паспалітай ёсць і ў лагеры беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, і сярод любімых ёю гісторыкаў. Дастаткова праглядзець публікацыі Язэпа Юхо, Міколы Ермаловіча ці Леаніда Лыча. Першы зацята сцвярджаў, што заключэнне Люблінскай уніі прыкрывала “дзяржаўную здраду вялікага князя”, “рабаўніцтва і насілле польскіх феадалаў”, якія сілай навязалі Вялікаму Княству акт уніі, і нават абвяшчаў яго “несапраўдным” [75]. У М. Ермаловіча і Л. Лыча аб’яднанне 1569 г. падаецца актам падпарадкавання ВКЛ Польшчы, з якім непасрэдна звязваецца паланізацыя, дзяржаўная палітыка асіміляцыі беларусаў у Рэчы Паспалітай і нават забарона беларускай мовы ў 1696/97 г. [76] (тое, з чым так не пагаджаўся М. Улашчык).

Выглядае, што погляды на унію як на інкарпарацыю і пераход пад “уладу польскіх паноў” пашыраюцца – не без уплыву цытаваных выданняў. Да такой думкі можна прыйсці, назіраючы за навучальнай і навукова-папулярнай літаратурай па гісторыі. Вось яскравы прыклад: калі спачатку аўтар абагульняльных нарысаў айчыннай гісторыі Пётр Чыгрынаў у сваіх працах пісаў, што люблінскі акт 1569 г. прадугледжваў федэратыўныя адносіны дзвюх дзяржаў і “не спыняўсамастойнага існавання Вялікага Княства Літоўскага” [77], то не так даўно стала заўважацца пэўная змена яго поглядаў: пасля збольшага ўзважанага апісання Люблінскай уніі ён палічыў неабходным хоць пад зноскай дадаць: “У сённяшні час многія вучоныя (!? – Г. С.) лічаць, што Люблінская унія – гэта анексія і інкарпарацыя Вялікага Княства Літоўскага ў Польскае каралеўства” [78]. Вось так. Але дзе тыя “многія вучоныя”, хто яны? – застаецца толькі здагадвацца.

Цяпер можна адно шкадаваць, што з-за катэгарычнага непрыняцця пазіцый М. Улашчыка кіраўніцтвам Інстытута гісторыі не збылася яго мара пераезду ў Мінск для працы ў АН БССР, пра які нямала гаварылася ў карэспандэнцыі вучонага і ўспамінах яго калег [79], і застаецца толькі гадаць, як магла б змяніцца беларуская гістарычная навука і адукацыя з яго ўдзелам [80]. Адно несумненна – навуковы ўзровень беларускай гістарыяграфіі ўжо ў савецкія часы быў бы вышэйшы. І можа цяпер не даходзіла б да вяртання ў навучальную літаратуру стэрэатыпаў падступных суседзяў і рытуальных легенд пра Люблін як “пачатак трагічнай старонкі”, даўно спісаных навукай у архіў гістарыяграфіі.


1 Michaluk D. Na unię lubelską spojrzenie historiografii białoruskiej XIX–XX w. // Między Zachodem a Wschodem. Studia ku czci prof. J. Staszewskiego. T. II. Toruń, 2003. S. 423–424.
2 Власт [Ластоўскі В.]. Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (рэпрынтнае перавыданне – Мінск, 1993). С. 46, 71. Больш падрабязна пра вобраз даўняй Рэчы Паспалітай і Польшчы ў публікацыі В. Ластоўскага гл.: Radzik R. Wizja Polski i Rosji w “Krótkiej historii Białorusi” Wacława Łastowskiego // ён жа. Kim są Białorusini. Toruń, 2002. S. 30–40.
3 Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. Мінск, 1992. С. 114–115. Падрабязней гл.: Michaluk D. Na unię lubelską spojrzenie historiografii białoruskiej. S. 417–418.
4 На гэтую акалічнасць у свой час слушна звярнуў увагу Адам Мальдзіс. Гл.: Мальдзіс А. Беларускае стаўленне да Люблінскай уніі і інтэграцыйных традыцый на працягу ХХ ст. // Unia lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo-Wschodniej / red. J. Kłoczowski, P. Kras, H. Łaszkiewicz. Lublin, 1999. S. 155–156. Пар.: Sahanowicz H. O unii lubelskiej z perspektywy białoruskiej // Unia lubelska dziedzictwo wielu narodów / red. A. Gil. Lublin, 2010. S. 61, 76–77.
5 Падрабязней гл: Krapauskas V. Nationalism and Historiography: the Case of Nineteenth-Century Lithuanian Historicism. New York, 2000.
6 Пар.: Білоус Н. О. Любліньска унія 1569 р.: історіографічні погляди та інтерпретації // УІЖ. 2010. № 1. С. 67–68.
7 Варта ўлічваць таксама асабісты жыццёвы вопыт гісторыкаў. У выпадку з левым па перакананнях У. Ігнатоўскім істотна, напрыклад, што ён быў удзельнікам падпольнай барацьбы супраць польскай акупацыі Беларусі ў 1920 г. Падрабязней пра яго ідэйна-палітычныя пазіцыі гл.: Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. Мінск, 1991. С. 14–21.
8 Лаппо И. И. Великое Княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569–1586). Опыт исследования политического и общественного строя. Т. 1. С.-Петербург, 1901. С. 85.
9 Тамсама. С. 225–226.
10 Kutrzeba S. Historia ustroju Polski w zarysie. Lwów, 1905.
11 Кутшеба С. Очерк истории общественно-государственного строя Польши. С.-Петербург, 1907. С. 92–93.
12 Игнатовский В., Смолич А. Белоруссия: Территория, население, экономика и важнейшие моменты истории. Минск, 1925. С. 32.
13 Пичета В. Польско-литовские унии и отношение к ним литовско-русской шляхты // Белоруссия и Литва XV–XVI веков (исследования по истории социально-экономического, политического и культурного развития). Москва, 1961. С. 550. Упершыню артыкул быў апублікаваны ў: Сборник статей, посвященных В. О. Ключевскому его учениками, друзьями и почитателями ко дню тридцатилетия профессорской деятельности в Московском университете. Москва, 1909.
14 Пічэта У. Гісторыя Беларусі. Ч. 1. Масква – Ленінград, 1924. С. 131–132.
15 Дружчыц В. Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу // Беларусь. Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху / пад рэд. А. Сташэўскага, З. Жылуновіча і У. Ігнатоўскага. Менск, 1924. С. 15–17.
16 Дружчыц В. Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі // Працы БДУ. 1925. № 6-7. С. 216–251.
17 Тамсама. С. 150–151.
18 Дружчыц В. Да пытаньня аб мове Літоўскага Статуту // Гістарычна-Археалагічны Зборнік. № 1. Менск, 1927. С. 348.
19 Шчарбакоў В. Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. 1. Менск, 1934. С. 14.
20 Пар.: Шумскі Я. Гісторыя Беларусі ў люстэрку рассакрэчаных дакументаў ЦК УКП(б) / КПСС // БГА. Т. 20 (2013). С. 110, 112, 114.
21 Лочмель И. Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. Москва, 1940. С. 12 і наст.
22 Пичета В. Исторические судьбы Западной Украины и Западной Белоруссии. Москва, 1939. С. 13, 40; ён жа. Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии. Москва, 1940. С. 2, 29, 34.
23 Нарысы па гісторыі Беларусі / АН БССР, Інстытут гісторыі. Ч. 1. Мінск, 1940. С. 72.
24 Пичета В. Польша на путях колонизации Украины и Белоруссии (Люблинская уния и ее политические последствия) // Исторические записки. Т. 7. Москва, 1940. С. 67. Пар.: ён жа. Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии. С. 29.
25 Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР. Ч. 1 // Большэвік Беларусі. 1948. № 8. С. 45.
26 История Белорусской ССР: в 2 т. Т. 1 / под ред. В. Перцева, К. Шабуни и Л. Абецедарского. Минск, 1954. С. 88–89, 116–117. Пар. беларускамоўную версію таго ж тома: Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мінск, 1955. С. 113–114.
27 Падрабязней пра ідэалагічныя кампаненты акадэмічнай канцэпцыі гісторыі Беларусі гл.: Сагановіч Г. Канструяванне афіцыйнага выкладу гісторыі ў пасляваеннай БССР // Rocznik Centrum Studiów Białoruskich / Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. Т. 1. Warszawa, 2105. С. 201–214.
28 Абецадарскі Л., Баранава М., Паўлава Н. Гісторыя БССР / вучэб. дапам. для вучняў сярэдняй школы. 13-е выд. Мінск, 1974. С. 42–47. Школьная версія Люблінскай уніі шчыльней звязвала яе з нібыта нарастальнай барацьбой беларускага народа за “ўз’яднанне з Расіяй”.
29 История БССР: учебное пособие для вузов / под ред. В. В. Чепко, А. П. Игнатенко. Ч. 1: С древнейших времен до Великой Октябрьской социалистической революции. Минск, 1981. С. 96–98.
30 Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў (далей – ЦНБ НАН Беларусі, АРКР). Ф. 44. Воп. 1. № 166. С. 69–117.
31 Біяграфічныя звесткі гл.: Каўка А. “Мне сняцца сны аб Беларусі…” // Мікалай Мікалаевіч Улашчык: бібліяграфічны паказальнік / склад. В. У. Склалабан і інш. 2-е выд. Мінск, 2006. С. 8.
32 ЦНБ НАН Беларусі, АРКР. Ф. 44. Воп. 1. № 166. С. 69–70.
33 Дневник Люблинского сейма 1569 г. Соединение Великого Княжества Литовского с Королевством Польским / [переведен на русский язык и приготовлен к изданию М. О. Кояловичем]. С.-Петербург, 1869.
34 Kutrzeba S., Semkowicz W. (wyd.) Akta unji Polski z Litwą, 1385–1791. Kraków, 1932.
35 ЦНБ НАН Беларусі, АРКР. Ф. 44. Воп. 1. № 166. С. 79–80.
36 Тамсама. С. 81–82.
37 Тамсама. С. 85, 116.
38 Тамсама. С. 103.
39 Асабліва ясна адыход ад тэзіса аб XVІІ–XVІІІ ст. як перыядзе суцэльнага заняпаду гаспадаркі Рэчы Паспалітай быў артыкуляваны ў рэцэнзіях М. Улашчыка на працы Д. Пахілевіча. Гл.: Похилевич Д. Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI–XVII вв. Львов, 1957 (рэц.: Вопросы истории. 1960. № 3. С. 175–180); ён жа. Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII в. Вильнюс, 1966 (рэц.: История СССР. 1967. № 4. С. 150–153). Спіс апублікаваных рэцэнзій гл.: Мікалай Мікалаевіч Улашчык: бібліяграфічны паказальнік / склад. В. У. Склалабан і інш. 2-е выд. Мінск, 2006. С. 17–29.
40 ЦНБ НАН Беларусі, АРКР. Ф. 44. Воп. 1. № 166. С. 105.
41 Тамсама. С. 106, 109.
42 Тамсама. С. 109.
43 Тамсама. С. 110.
44 Каменская Н. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Мінск, 1946. С. 4.
45 ЦНБ НАН Беларусі, АРКР. Ф. 44. Воп. 1. № 166. С. 111–112.
46 Тамсама. С. 113.
47 Тамсама. С. 113.
48 Нягледзячы на палітычную адлігу, рэцэнзію не надрукавалі ў 1960-я г., яна выйшла толькі пасля знікнення СССР. Гл: Улащик Н. О фактах истории “плохих” и “хороших” // Народная газета. 1996. 23 лютага. C. 4.
49 Гл.: Чантурыя У. Гістарычная спадчына беларускага дойлідства і яе асваенне // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1970. № 1. С. 26.
50 Улащик Н. Бюллетень “Памятники истории и культуры Белоруссии” // История СССР. 1974. № 3. С. 222.
51 История БССР: учебное пособие для вузов / под ред. В. В. Чепко, А. П. Игнатенко. Ч. 1: С древнейших времен до Великой Октябрьской социалистической революции. Минск, 1981.
52 Тамсама. С. 96–97, 98.
53 Улащик Н. История с… “Историей” // Нёман. 1983. № 3. С. 169.
54 Улащик Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973. С. 64–147.
55 Улащик Н. Исследования по истории Белоруссии сотрудников Виленской археографической комиссии // Проблемы истории общественного движения и историографии: к 70-летию академика М. В. Нечкиной. Москва, 1971. С. 269–270; ён жа. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973. С. 129, 134–135.
56 Любавский М. Основные моменты истории Белоруссии. Москва, 1918. С. 19.
57 Улащик Н. “История белорусского народа” В. Пичеты и ее роль в изучении истории Белоруссии // История и историки. Исторический ежегодник, 1980. Москва, 1984. С. 180.
58 “Dekreta wszystkie polskim językiem odtąd mają być wydane…”. Цыт. па: Volumina Legum. Przedruk zbioru praw, wyd. J. Ohryzko. T. V. Petersburg, 1859. S. 418.
59 Як прыклад гл.: История БССР: учебное пособие для вузов / под ред. В. В. Чепко, А. П. Игнатенко. Ч. 1. Минск, 1981. С. 135–136.
60 Улащик Н. О фактах истории “плохих” и “хороших”. C. 4.
61 Улашчык М. Даць народу гісторыю: успаміны, лісты / уклад. А. Каўкі і М. Скоблы. Мінск, 2016. С. 365.
62 Улашчык М. Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі: з рукапіснай спадчыны / уклад. Я. Кісялева, В. Скалабан. Мінск, 1999. С. 6.
63 Улашчык М. Працы па археаграфіі… Мінск, 1999. С. 110.
64 Пар.: Улашчык М. Водгук на артыкул Я. Мараша “Из истории классовой борьбы во владениях католической церкви Белоруссии середины ХVІІ–ХVІІІ в.”// БГА. Т. 3 (1996). С. 55.
65 Улашчык М. Заўвагі на некаторыя раздзелы рукапісу “Белоруссия в ХІІІ – середине ХVІ в.”// БГА. Т. 3 (1996). С. 40; ён жа. Заўвагі (вельмі кароткія) на рукапіс “Белоруссия в ХІІІ –середине ХVІ в.”// БГА. Т. 3 (1996). С. 43; Улашчык М. Даць народу гісторыю. С. 454.
66 Вектар пераацэнак добра чытаўся ў новай канцэпцыі гісторыі. Гл.: Біч М. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // БГЧ. 1993. № 1. С. 15–24.
67 Гл.: Лойка Л., Лойка Т. Сучасны погляд на гісторыю Беларусі // Крыжовы шлях: [Зб. нарысаў]: Дапаможнік для вывучаючых гісторыю Беларусі. Мінск, 1993. С. 18–20. Назва адпаведнага раздзела тут гаварыла сама за сябе: “Рэч Паспалітая – наша ці чужая дзяржава?”.
68 Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. Ч. 1 / М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. Мінск, 1994. С. 135, 137.
69 Як прыклад гл.: История Беларуси. Минск, 1997. С. 61–62; Гісторыя Беларусі. Курс лекцый. Ч. 1. Мінск, 2000. С. 338–342; Снапкоўскі У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: вучэб. дапаможнік: у 2 ч. Ч. 1. Мінск, 2003. С. 154–155.
70 Гл.: Трусаў А. Прыйшоў час збіраць камяні. Да ўгодкаў Люблінскай уніі 1569 г. // Народная газета. 1994. 22–24 кастрычніка. С. 3 (тое ж у: Unia lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo-Wschodniej. Lublin, 1999. S. 57–59); Прыбытка Г. Апалогія Рэчы Паспалітай // ARCHE. 2003. № 2. С. 23–33.
71 Гісторыя Беларусі: у 2 ч.: вучэб. дапам. для студэнтаў вну / пад рэд. Я. К. Новіка і Г. С. Марцуля. Ч.1: Ад старажытных часоў па люты 1917 г. Мінск, 1998. С. 170, 177. Трактоўка засталася нязменнай і ў наступных выданнях двухтомніка. Гл.: Гісторыя Беларусі: у 2 ч.: падручнік для студэнтаў / пад рэд. Я. К. Новіка і Г. С. Марцуля. Ч. 1. Мінск, 2006. С. 177.
72 Трещенок Я. И. История Беларуси. Ч. 1: Досоветский период. Могилев, 2003. С. 82–83; ён жа. История Беларуси: в 2 ч. Ч. 1: Досоветский период. 2-е изд. Могилев, 2004. С. 136–140.
73 Новик Е. К., Качалов И. Л., Новик Н. Е. История Беларуси. С древнейших времен до 2008 г. (пособие для студентов). Минск, 2010. С. 110.
74 Новик Е. К., Качалов И. Л., Новик Н. Е. История Беларуси. С древнейших времен до 2010 г. (пособие для студентов). Изд. 2. Минск, 2011. С. 110 (пар. выд. 4, 2013, с. 114). Праўдападобна, аўтары ўсё ж паддаліся ўплыву навуковай літаратуры ці проста заблыталіся, бо далей палічылі патрэбным адзначыць, што і “пасля падпісання Люблінскай уніі Вялікае Княства Літоўскае не спыніла свайго існавання” (Новик Е. К., Качалов И. Л., Новик Н. Е. История Беларуси. С. 117).
75 Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мінск, 1992. С. 134–136.
76 Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. Мінск, 2000. С. 317, 324, 349; Лыч Л. М. Гісторыя культуры Беларусі ў перыяд Рэчы Паспалітай (1569–1795 гг.). Віцебск, 2006. С. 66–67, 69.
77 Чигринов П. Г. История Беларуси. Минск, 2001. С. 97. Аналагічнае тлумачэнне юрыдычнага боку справы заставалася і ў пазней неаднаразова выдаваным дапаможніку гэтага аўтара, афіцыйна дапушчаным да выкарыстання ў вышэйшай адукацыі. Гл.: Чигринов П. Г. Очерки истории Беларуси. Изд. 3. Минск, 2007. С. 105.
78 Чигринов П. Г. Белорусская история: научно-популярный очерк. Минск, 2010. С. 226.
79 Гл.: Улашчык М. Даць народу гісторыю. С. 429, 439, 455; Грыцкевіч В. Вывучэнне гісторыі Радзімы – галоўнае ў яго жыцці. Да 90-годдзя з дня нараджэння М. М. Улашчыка // БГЧ. 1995. № 4. С. 180; Хорошкевич А. Л. Ответственность историка перед обществом. Пример Н. Н. Улащика // Крыніцазнаўства, археаграфія, архівазнаўства ў ХХ–ХХІ ст. у Беларусі: зб. навук. артыкулаў, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння М. М. Улашчыка / адк. рэд. С. М. Ходзін. Мінск, 2008. С. 56.
80 Пар. думкі М. Біча на гэты конт: Слова пра Улашчыка. Згадкі сучаснікаў і паслядоўнікаў // БГА. Т. 3 (1996). С. 131–132.

Наверх

Тэгі: ,