БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Diskriminier – vernichtet – vergessen. Behinderte in der Sowjetunion, unter nationalsozialistischer Besatzung und im Ostblock 1917–1991 / Hg. Von Alexander Friedman und Rainer Hudemann . Stuttgart: Franz Steiner Verlag, 2016. 563 S.


20 верасня 2016 г. у нямецкай амбасадзе ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі “Дыскрымінаваныя – знішчаныя – забытыя”. Пад час мерапрыемства яе навуковыя рэдактары выказалі слушную прапанову аб працягу сумеснай працы нямецкіх і беларускіх даследчыкаў над далейшым вывучэннем малавядомых пытанняў, якія адносяцца да гісторыі Беларусі ХХ ст., асабліва да перыяду Другой сусветнай вайны. Як пераканаўча паказваюць вынікі праведзенага даследавання, у беларускай і замежнай гістарычнай навуцы прадметам спецыяльнага вывучэння да апошняга часу не была тэма інвалідаў, псіхічна хворых і іншых пацыентаў бальніц. Таму невыпадкова, што антрапалагічны падыход, які ў апошнія гады стаў адметнасцю ў замежнай гістарыяграфіі, не абмінуў і сучасную нямецкую беларусістыку. У выніку стала магчымым выкананне навуковага праекта, прысвечанага людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў Савецкім Саюзе, у час нацысцкай акупацыі і ва Усходнім блоку з 1917 да 1991 г., у цэнтр якога была вылучана Беларусь.На прэзентацыі адзначалася, што дзякуючы намаганням амаль двух дзясяткаў аўстрыйскіх, беларускіх, нямецкіх, расійскіх і ўкраінскіх даследчыкаў гэтая тэма набыла адметнае гучанне і пацвердзіла істотна важны факт, што некаторыя табуяваныя да гэтага часу аспекты гісторыі можна ўсебакова раскрываць у выніку ўсталяванага апошнім часам дыялогу беларускіх і нямецкіх даследчыкаў. Заўважым, што гатоўнасць да такога дыялогу была закладзена ў нямецкай беларусістыцы і беларускай германістыцы паўтара дзесяцігоддзя таму, калі на пачатку ХХІ ст. у Гётынгене ўпершыню ўбачыла свет спецыяльнае выданне “Падручнік па гісторыі Беларусі” [1].

У прадмове (13–33) да новай кнігі кіраўнік праекта Аляксандр Фрыдман і навуковы рэдактар Райнер Гудэман адзначаюць, што вялікая колькасць інвалідаў і псіхічна хворых людзей сталі ахвярамі ў час Другой сусветнай вайны. На іх думку, праца ў канцэнтраваным выглядзе прэзентуе вынікі беларуска-нямецкага даследчага праекта “Хворыя і людзі з фізічнымі абмежаваннямі ў Беларусі 1941–1944 гг.”, які выконваўся пры падтрымцы Фонда Герды Хенкель на працягу двух з паловай гадоў з 2009 да 2012 г. у рамках спецыяльнай праграмы па падтрымцы маладых гісторыкаў у Расіі, Украіне, Малдове і Беларусі (9).

Выбар Беларусі ў якасці цэнтральнага пункта быў не выпадковым – гэтаму паспрыяла геаграфічнае становішча краіны паміж Расіяй і Еўропай, адметнае гістарычнае развіццё на працягу ХХ ст., шматэтнічны склад насельніцтва, сярод прадстаўнікоў якога ў гісторыі гэтай краіны разам з іншымі значную ролю выконвалі яўрэі. Гэтыя і іншыя гістарычныя, грамадскія і навуковыя адметнасці выклікалі асаблівую ўвагу цяперашняй еўрапейскай гістарычнай навукі, бо перапляценне на беларускай зямлі ў мінулым савецкіх, беларускіх, рускіх, польскіх, яўрэйскіх і нямецкіх інтарэсаў садзейнічала таму, што менавіта Беларусь стала адным з самых удалых прыкладаў для выяўлення адметных наступстваў Першай сусветнай войны і падзей хаатычнага міжваеннага часу, асабліва крывавых наступстваў ваенных гадоў. У прадмове адзначана, што на прыкладзе Беларусі можна было правесці даследаванне, якое паказвае такую малавядомую да гэтага часу важную праблему, як сітуацыя з інвалідамі і псіхічна хворымі ў сталінскім Савецкім Саюзе, раскрыць маштабы масавага знішчэння гэтых людзей на акупаванай савецкай тэрыторыі ў гады нацысцкай акупацыі, а таксама звярнуць увагу на распрацоўку гэтай праблемы ў СССР, у краінах Усходняга блока і ФРГ пасля Другой сусветнай вайны.

Вырашэнню пастаўленых даследчых задач дапамагае структура кнігі, што складаецца з 7 раздзелаў, у рамках якіх пададзены 35 аўтарскіх матэрыялаў. У якасці дадаткаў да кнігі прыведзены: карта Беларусі ў кантэксце іншых усходнееўрапейскіх краін-суседак, спіс скарачэнняў, пералік геаграфічных назваў і імянны спіс, а таксама звесткі пра аўтараў.

Пачынаецца кніга з уводзінаў, у якіх А. Фрыдман і Р. Гудэман паказваюць месца забойстваў інвалідаў і псіхічна хворых у кантэксце палітыкі вынішчэння, вызначаюць маштабы іх дыскрымінацыі ў грамадстве і прычыны абмежаванага вывучэння. Зыходзячы з пастаўленых задач, вывучэнне такіх наступстваў праводзілася на шматлікіх прыкладах, датычных Беларусі, Украіны, краін Прыбалтыкі (цяперашняй Балтыі), пераўтвораных пасля ўсталявання дыктатур у нацысцкай Германіі і бальшавіцкім СССР у “крывавыя землі” (Тымаці Снайдэр) (14). Апроч таго, гэтая праблематыка вывучалася на працягу значнага часу, пачынаючы ад усталявання ўлады Саветаў у СССР, у міжваенны і пасляваенны перыяды гісторыі гэтага рэгіёна, а таксама ў постсавецкі час. У прадмове адзначана, што знаёмства з айчыннай і замежнай гістарыяграфіяй вылучае актуальнасць даследавання такой праблематыкі на рэгіянальным узроўні (17). Для раскрыцця праблем даследчая група выкарыстоўвала крыніцы нямецкага і савецкага паходжання з архіваў і бібліятэк Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы і Германіі. Прычым значная частка гэтых матэрыялаў у рамках праекта была ўведзена ўпершыню.

Аўтары ўводзінаў адзначаюць, што структурна кніга падзяляецца на асобныя часткі, у якіх разглядаецца савецкая сістэма аховы здароўя, становішча медыцыны, псіхічна хворых і інвалідаў перад нападам Германіі на СССР і пасля яго, паказаны вобраз дактароў і пацыентаў у адлюстраванні савецкай і нацысцкай прапаганды, прыведзены матэрыялы пра ўвядзенне яўгенікі ў перадваенны і ваенны часы, падрыхтоўку медыцынскіх кадраў перад вайной і ў гады германскай акупацыі, сярод чаго цэнтральным пытаннем стала пытанне забойства інвалідаў і псіхічна хворых у гады вайны Германіі супраць Савецкага Саюза, а таксама таго, якую ацэнку атрымалі злачынныя дзеянні ў пасляваенныя гады ў СССР, ФРГ і ГДР.

У першым раздзеле (37–46) беларускі гісторык С. Жумар знаёміць чытача з наяўнасцю архіўных матэрыялаў у фондах НАРБ, пасля чаго прыходзіць да высновы аб тым, што, нягледзячы на абмежаванасць крыніц у гады вайны, архіўныя фонды даюць магчымасць для рэканструкцыі агульнай карціны аховы здароўя ў Беларусі і даследавання акрэсленай праблематыкі (44).

Пра становішча інвалідаў і хворых у СССР у перадваенны час вядуць размову ў другім раздзеле (47–93) беларускія даследчыкі В. Матах і В. Латышава. У двух асобных матэрыялах В. Матах раскрывае становішча інвалідаў і паказвае магчымасці для іх грамадскай сацыялізацыі ў савецкіх грамадстве ў перадваеннай Беларусі. В. Латышава на прыкладзе горада Віцебска паказвае вынікі даследавання аб становішчы псіхіятрыі перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй і пасля яе.

Аўтарамі трэцяга раздзела (95–195) пра медыкаў і медыцынскую падрыхтоўку ў перадваенны час і пасля пачатку германскай акупацыі выступаюць нямецкія даследчыкі – Ё. Вігерынг, А. Замойцкі і А. Фрыдман. У першых двух матэрыялах Ё. Вігерынг і А. Замойцкі ў сумесным матэрыяле паказваюць лёсы савецкіх медыкаў у розных умовах і абставінах жыцця на аснове разгляду аўтабіяграфічных матэрыялаў: члена Акадэміі навук Беларускай ССР Ф. Гаўсмана і заснавальніка беларускай школы неўрапатолагаў М. Кроля. Трэці матэрыял А. Замойцкі прысвячае разгляду становішча беларускіх псіхіятраў перад вайной і ў час германскай акупацыі. Наступны матэрыял Ё. Вігерынга знаёміць чытача са структурай медыцынскага факультэта БДУ ў 1920-я г. Заключны матэрыял, падрыхтаваны А. Фрыдманам, раскрывае малавядомую для беларускага чытача тэму аб “сярэдняй школе для медыцынскага персаналу”, якая дзейнічала ў Баранавічах у 1942–1944 г. Пры гэтым аўтар паказвае асноўныя этапы гісторыі гэтай навучальнай установы, фактычна адзінай установы такога профілю на тэрыторыі генеральнай акругі “Беларусь” (182). У матэрыяле прыводзяцца канкрэтныя звесткі пра змест навучання, навучальны персанал, даецца аналіз навучэнцаў, паказана роля школы ў арганізацыі культурнага жыцця ў горадзе і інш.

У чацвёртым раздзеле (199–305) ідзе гаворка пра гісторыю аховы здароўя, адлюстраваную прапагандай і замацаваную ў фактах жыццёвай рэчаіснасці. Паказ становішча лекараў у перадваенны час савецкай прапагандай асвятляе А. Замойцкі. А. Пясецкі раскрывае характар савецкай прапаганды ў 1930-я г. на прыкладзе аховы мацярынства і клопату дзяржавы і грамадства пра дзяцей у СССР. Пра дзяцей у фокусе савецкай палітыкі ў перадваенныя гады і ў час вайны распавядае А. Пясецкі. Карціну становішча інвалідаў у адлюстраванні савецкай прапаганды раскрывае матэрыял В. Матаха. А. Фрыдман шукае сувязь паміж месцам інвалідаў у царскай Расіі і сталінскім Савецкім Саюзе. С. Бурмістр раскрывае адметнасці нацысцкай сістэмы аховы здароўя праз тэзіс аб “абавязку быць здаровым” у акупаваным Мінску. С. Сілвановіч закранае розныя аспекты аховы здароўя ў адлюстраванні акупацыйнага друку на захопленай савецкай тэрыторыі ў 1941–1944 г. Л. Сляповіч разглядае нефармальныя адносіны ва ўмовах пасляваеннага аднаўлення аховы здароўя ў Савецкай Беларусі.

Пяты раздзел (311–352) прысвечаны малавядомай у айчыннай гістарыяграфіі тэме “яўгеніка – расавая гігіена –эўтаназія”. Нямецкія гісторыкі пішуць пра паходжанне гэтых гістарычных з’яў (311–320), пра забойствы нацыстамі хворых у Эстоніі, Латвіі і Літве і становішча яўгенікі ў прыбалтыйскіх краінах у міжваенны перыяд (321–340), пра “яўгеніку” і “расавую гігіену” ў беларуска-савецкапольска-нямецкім полі дзейнасці міжваеннага перыяду і ў час германскай акупацыі.

Самы вялікі па аб’ёме іколькасціаўтараў шосты раздзел (355–478), у якім даследуюцца розныя аспекты забойстваў інвалідаў, хворых і дзяцей на захопленай савецкай тэрыторыі ў час германскай акупацыі 1941–1944 г. Украінскі даследчык Д. Цітарэнка раскрывае пытанне аб медыцынскім абслугоўванні і забойстве нацыстамі хворых на Украіне. Расійскі гісторык Б. Кавалёў прыводзіць багаты матэрыял пра знішчэнне псіхічна хворых і інвалідаў у паўночна-заходніх раёнах акупаванай Расіі. А. Фрыдман паказвае характар “аб’ектыўна непазбежных мерапрыемстваў”, датычных забойства людзей з фізічнымі і разумовымі адхіленнямі ў Шумяцічах (Смаленская вобласць) і Макар’еве (Ленінградская вобласць), а таксама хворых у раёне Мінска з далейшым паказам гэтых фактаў у айчыннай і замежнай гістарыяграфіі. А. Замойцкі прапануе чытачу матэрыял пра медыкаў Магілёва і нацысцкія забойствы хворых у гэтым горадзе. В. Латышава паказвае лёс псіхічна хворых і разумова адсталых ва ўмовах ваеннай паўсядзённасці, а таксама раскрывае праблему забойства хворых на тэрыторыі Заходняй Беларусі, В. Матах дае агульны агляд становішча інвалідаў на тэрыторыі Беларусі. У суаўтарстве трох даследчыкаў –В. Латышавай, А. Фрыдмана і А. Пясецкага – паказана трагедыя разумова адсталых дзяцей у Чэрвені Мінскай вобласці ў маі 1942 г., высвятляюцца маштабы ўдзелу ў гэтым забойстве сілаў германскага Вермахта і цывільнай улады. Х. Рас засяроджвае ўвагу чытача на фактах абыходжання армейскіх часцей 9-й палявой арміі Вермахта з мірным насельніцтвам у Беларусі на прыкладзе лагера смерці ў Азарычах. Пры гэтым аўтар змяшчае карту Вермахта аб правядзенні дэпартацыі непрацаздольнага мясцовага насельніцтва ў раёнах Парыч, Чырвонага Берага, Рудабелкі і Азарыч на 28.03.1944 г. (478).

У перадапошнім раздзеле (481–507), які складаецца з двух матэрыялаў, асвятляецца пытанне аб стаўленні ў пасляваеннай Беларусі да нацысцкіх забойстваў (хворых у тым ліку). А. Шаркоў раскрывае гэтую тэму на прыкладзе вызначэння мераў пакарання савецкімі судовымі органамі ў дачыненні да нацысцкіх злачынцаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў гады германскай акупацыі. В. Барташ у матэрыяле, апублікаваным на англійскай мове, ставіць у цэнтр разгляду цыган, якія, як і яўрэі, сталі ахвярамі нацысцкай палітыкі генацыду.

Заключны, восьмы, раздзел, памылкова пазначаны лічбай VII (511–542), абагульняе матэрыялы тэмы аб становішчы псіхічна хворых і інвалідаў ва Усходнім блоку ў пасляваенны і постсавецкі часы. А. Фрыдман раскрывае яе на яскравым прыкладзе, выкарыстанні імя легендарнага лётчыка А. Марэс’ева ў прапагандзе сацыялістычных каштоўнасцяў у ГДР. Г. Вольхютэр паказвае людзей з душэўнымі і псіхічнымі хваробамі ў Беларусі пасля распаду СССР. Між тым, цэнтральнае месца ў раздзеле займае заключны матэрыял Р. Гудэмана пра фактары выжывання інвалідаў і псіхічна хворых у сітуацыі вайны. Аўтар зазначае, што гэты матэрыял – пэўнае падсумаванне ўсяго выдання. У ім ідзе гаворка пра 12 асноўных фактараў, якія вынікаюць з праведзенага даследавання і маюць дачыненне да характарыстыкі тых шансаў, якія ўзнікалі ў людзей пры збегу пэўных абставінаў, часу, акалічнасцяў і г. д. Да іх ліку аўтар адносіць: 1) мэтавыя акцыі  знішчэння; 2) праявы антысемітызму; 3) ідэалагічныя і сітуацыйныя рашэнні; 4) магчымасць эвакуацыі; 5) грамадскае стаўленне, ідэалогію і дыскрымінацыю; 6) абумоўленасць і мэтанакіраваныя абмежаванасці; 7) “жывых мінёраў” і “заразныя вёскі”; 8) ваеннапалонных; 9) амбівалентнасць; 10) наступствы вайны і акупацыі; 11) факт прыналежнасці да гэтых катэгорый ахвяр; 12) палітыку забойстваў у Рэйху як першы этап небяспекі.

У якасці падсумавання вынікаў Р. Гудэман прыводзіць думку пра тое, што дзякуючы праекту ўдалося дыферэнцавана паказаць асаблівую пагрозу, якую неслі гады вайны для інвалідаў і псіхічна хворых. Шмат якія са згаданых фактараў паўплывалі на індывідуальны лёс людзей гэтай катэгорыі. Апроч таго ў гады вайны адбываліся сітуацыі, калі дзейнічалі іншыя механізмы небяспекі. Пасля правядзення даследавання робіцца відавочным, што фізічна і душэўна хворыя разам з інвалідамі павінны стаць асобным аб’ектам цяперашняй грамадскай свядомасці.

Падводзячы рысу, трэба адзначыць, што рэцэнзаваная кніга – першае нямецкамоўнае выданне, прысвечанае малавядомай і малавывучанай гістарычнай праблеме. Аўтарам удалося не толькі закласці тэарэтычныя рамкі для далейшага вывучэння гісторыі інвалідаў і псіхічна хворых у Беларусі, але і намаляваць даволі адметную агульную карціну іх паўсядзённага жыцця і выжывання ў розных умовах, пры самых непрадказальных абставінах і паўсюдным забеспячэнні германскімі акупацыйнымі службамі выканання дырэктыўных указанняў аб іх знішчэнні ў часы акупацыі. На наш погляд несумненна, што выданне знойдзе свайго не толькі нямецкага, але і беларускага чытача ў тым выпадку, калі з’явіцца пераклад кнігі. Спадзяемся, што пастаўленыя ў ходзе праекта мэты набудуць свой рэальны працяг у беларускай гістарычнай навуцы з улікам дасягнутага выяўлення вузкіх тэм гэтай актуальнай, маладаследаванай і дыскусійнай праблематыкі.

Мінск

Сяргей Новікаў


[1] Handbuch der Geschichte Weißrusslands. Hrsg. von D. Beyrau und R. Lindner. Göttingen, 2001.

Наверх

Тэгі: , ,