БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Аляксандр Ланеўскі. Гісторыя палітычнай неэфектыўнасці: польскі погляд на беларускую апазіцыю.


* Czwołek, Arkadiusz. Opozycja polityczna na Białorusi (1989–2010). Gdańsk: Studio VP, 2013. 896 S.

Разгляданая праца – бадай першы комплексны аналіз беларускай палітычнай апазіцыі. У пэўнай ступені яна запаўняе прабел, які стварыўся ў беларускай навуцы, хоць тэмы не вычэрпвае. Цікава, што кніга пакуль не дачакалася ўважлівага разгляду беларускімі гісторыкамі і палітолагамі. Адзіным тэкстам стала кароткая рэцэнзія польскага даследчыка з Палькавіцаў Рафала Чахора [1].

Аўтар рэцэнзаванай манаграфіі Аркадзіуш Чволэк – палітолаг Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, чыя доктарская дысертацыя прысвечана вядомаму гетману ВКЛ Льву Сапегу [2]. У апошнія гады ён даследуе рознабаковыя грамадска-палітычныя аспекты найноўшай гісторыі Беларусі [3]. Можна адзначыць, што Чволэк удзельнічаў у пятай сесіі традыцыйнага фестывалю “Solidarni z Białorusią”, які ў 2015 г. прайшоў у Гданьску [4].

Часавыя рамкі манаграфіі – 1989–2010 гады. Паводле торуньскага палітолага, менавіта акалічнасць дзеяння апазіцыі ў Беларусі ад 1989 г. дазваляе зразумець яе фіяска пасля 1994 г. Польскі даследчык ставіць сваёй мэтай аналіз не толькі палітычных партый, іх праграм і стратэгій, але і прафсаюзаў, і няўрадавых грамадскіх арганізацый (далей – НГА), іх адносін з уладай і паміж сабой. Галоўнай, аднак, здаецца спроба адказаць на пытанне пра “крыніцы няўдач” апазіцыі ў Беларусі і пошук рэцэптаў яе эфектыўнага развіцця ў напрамку стварэння “альтэрнатывы” дзейнай уладзе. Заданне, як відаць, амбіцыйнае.

Кніга налічвае амаль 900 старонак і складаецца з 7 раздзелаў. Пачынаецца манаграфія з “Уступу”, у якім разглядаюцца метадалагічныя аспекты і тэрміналогія, прынятая ў паліталагічных навуках. Аркадзіуш Чволэк тлумачыць, што такое палітычная апазіцыя ў недэмакратычных рэжымах, спасылаючыся на метадалагічныя класіфікацыі іншых аўтараў (Роберт Даль, Збігнеў Махельскі, Міхал Кубат і інш.). На яго думку, няма ўніверсальнага крытэрыю для тыпалогіі апазіцыі. Для польскага палітолага беларуская апазіцыя – кожная сіла, якая “аспрэчвае легітымізацыю рэжыму і проціпастаўляе яму дэмакратычную альтэрнатыву” (34) – г. зн. рознабаковая інстытуцыяналізаваная актывісцкая мазаіка, якая імкнецца як прававымі, так і неправавымі спосабамі адхіліць А. Лукашэнку ад улады. Не наша мэта – палемізаваць з аўтарам на тэму тэрмінаў “грамадскі супраціў”, “палітычная апазіцыя”, “пратэстны рух” і г. д., але чытачоў можна адаслаць да цікавай анкеты польскіх гісторыкаў, дзе яны дыскутуюць наконт апазіцыйнасці польскага грамадства ў часы Польскай Народнай Рэспублікі [5].

У раздзеле “Працэс фармавання палітычнай апазіцыі» апісваецца дысідэнцкі рух у Беларусі, апошнім часам даволі папулярны сярод даследчыкаў [6]. Аўтар звяртае ўвагу на яго слабасць і несфармаванасць, абумоўленыя вынішчэннем інтэлігенцыі, адноснай гаспадарчай стабільнасцю БССР, а таксама падаўленнем усялякай грамадзянскай актыўнасці. Сітуацыя змянілася толькі ў апошнія гады перабудовы, калі несфармалізаваныя дысідэнцкія асяродкі пачалі ператварацца ў палітычную апазіцыю. Тады быў створаны Беларускі Народны Фронт (БНФ), які цягам наступнай дэкады выконваў найбольш важную апазіцыйную ролю і быў “выразнікам нацыянальнага адраджэння” (55). У тагачасную праграму БНФ увайшлі пункты па адраджэнні беларускай мовы, аднаўленні нацыянальных святаў і сімвалаў, апеляванне да хрысціянскай традыцыі.

Паступова партыя радыкалізавалася ў бок антыкамунізму (адмова супрацоўніцтва з умеранымі прадстаўнікамі КПБ, вывад расійскіх войскаў і г. д.), развіваючы гаспадарчую праграму (выкарыстоўваўся тэрмін “грамадскі салідарызм”). Паглыблялася і гістарычная традыцыя беларускай дзяржаўнасці, якая сягала Полацкага княства.

Прапанаваная дзяржаўная сістэма мелася абапірацца на парламентарныя традыцыі ВКЛ, таму палітычная сістэма незалежнай краіны павінна была стаць парламенцкім ладам з Соймам у складзе 160 асоб, які выконваў бы ролю заканадаўчага органа. Можна пагадзіцца, што тагачасную папулярнасць БНФ у значнай ступені абумовіў зварот да трагічных сімвалаў беларускага грамадства, Чарнобыля і Курапатаў і выкарыстанне іх у палітычных мэтах.

Па меркаванні Чволэка, пра значэнне БНФ сведчыць таксама факт, што гэты рух даў пачатак іншым палітычным структурам: Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадзе (БСДГ), Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Нацыянальна-дэмакратычнай партыі беларусаў (НДПБ). Паводле аўтара, з гэтым звязана спрэчнасць палітычнай натуры і адначасова характэрная рыса беларускай апазіцыйнай сцэны: блізкія адносіны сацыял-дэмакратыі і правых сілаў. У адрозненне ад іншых краін савецкага блока беларускія камуністы выступалі супраць рэформаў і лібералізацыі ўласных структур, таму ў 90-я г. XX ст. практычна не ўдзельнічалі ў фармаванні сацыял-дэмакратычных партый. Адначасова ў праграмах усіх партый рынкавая гаспадарка была прасякнута моцным сацыяльным акцэнтам.

Гаворачы далей пра няўрадавыя (Беларускі экалагічны саюз, Моладзевая інфармацыйна-аналітычная служба, Беларускае згуртаванне вайскоўцаў) і прафсаюзныя арганізацыі (Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі), Чволэк падкрэслівае, што яны не ператварыліся ў масавы рух, а сам грамадзянскі рух развіваўся павольна. Пры гэтым наменклатура імкнулася падпарадкаваць прафсаюзны рух сабе, адпаведна накіроўваючы яго дзейнасць. Не апошнюю ролю ў гэтым выканалі савецкія часы, што сфармавалі “тып ментальнасці характэрны для аўтарытарна-таталітарнай асобы, які характарызуецца некрытычным стаўленнем да рэчаіснасці і неразуменнем грамадска-палітычных зменаў” (77).

Другі раздзел “Адносіны паміж апазіцыяй і асяродкамі ўлады пад час палітычнай трансфармацыі” пачынаецца з тэзіса, што першыя парламенцкія выбары, а таксама дзейнасць у Міжрэгіянальнай дэпутацкай групе – гэта пачатак досведу БНФ у вялікай палітыцы. Менавіта тады адбываўся працэс кансалідацыі дэмакратычных сілаў былых савецкіх рэспублік (між іншага ўдзел Зянона Пазняка ў II з’ездзе Народнага фронту Латвіі ў 1989 г.). Усё яшчэ існаваў СССР, цяжкай спадчынай якога было выбарчае права, а КПБ – КПСС кантралявалі медыі. Без падтрымкі афіцыйных грамадскіх арганізацый (перадусім Таварыства беларускай мовы) БНФ, верагодна, не меў бы такога поспеху на выбарах. Паводле даследчыка, адна з найбольшых памылак адзінай апазіцыйнай партыі Беларусі ў 1990 г. – тое, што яна не змагла надаць выбарам “канфрантацыйнага характару” (83). У дадатак тыраж прэсы і яе геаграфічны дыяпазон былі вельмі абмежаваныя, а праца з сельскім электаратам у выбарчай кампаніі відавочна недастатковая. У выніку, як падкрэслівае аўтар, паўстала беспрэцэдэнтная сітуацыя, нават “сенсацыйная» па маштабах Цэнтральна-Усходняй Еўропы: выбраны вясной 1990 г. парламент функцыянаваў аж да 1995 г. Гэты “клубок парадоксаў”, як назваў яго Віталь Сіліцкі [7], адзначаўся адсутнасцю апазіцыйных партый у парламенце: беспартыйныя фракцыі кантраляваліся старой наменклатурай, а БНФ да 1993 г. фармальна функцыянаваў як грамадскі рух. Апроч таго, з-за адсутнасці рэформы ў напрамку дэцэнтралізацыі дзяржаўнай улады органы мясцовага самакіравання сталі адной з найбольш кансерватыўных груп, што падтрымлівалі апарат улады (87).

Наменклатура працягвала змагацца за ўтрыманне ўплыву на палітыку Беларусі, блакуючы заканадаўчыя ініцыятывы, прапанаваныя апазіцыяй. Галоўным месцам барацьбы стаў Вярхоўны Савет (ВС). У процівагу БНФ быў створаны посткамуністычны блок “Народны рух Беларусі”, які ўлетку 1993 г. арганізаваў Кангрэс народа Беларусі, на якім прагучалі ідэі па рэстаўрацыі СССР і ў якім удзельнічаў Лукашэнка. З’явілася аграрнае лобі, што аб’ядноўвала дырэктараў калгасаў. Перашкаджала апазіцыі і пастаянная дыскрэдытацыя ў СМІ, дзе нават даходзіла да абвінавачвання ў “дэмакратызацыідзяржавы”. Поспехам наменклатуры ўзнешняй палітыцы ў кнізе названа ўтварэнне СНД.

Аўтар справядліва сцвярджае, што ў першай палове 90-х г. мінулага стагоддзя апазіцыйныя сілы супрацоўнічалі паміж сабой вельмі свабодна і спарадычна, у выніку – адсутнасць узаемнай палітычнай платформы (135). Адсутнасць сфармалізаванай структуры, газеты і г. д. не маглі замяніць адносна разнастайныя ініцыятывы і кааліцыі: “Рэферэндум”, а пазней і блок “Новая Беларусь”, які меў амбіцыі стаць інтэлектуальным падмуркам дэмакратычных асяродкаў – “трэцяй сілай” (паміж БНФ і камуністамі). Апошняя структура ўяўляла сабой альтэрнатыву БНФ і выступала за супрацоўніцтва з наменклатурай. Аднак БНФ не пайшоў на прапанову круглага стала, у сваю чаргу БСДГ не падтрымала ідэі рэферэндуму, падрыхтоўка якога, на думку аўтара, была фатальнай. Наступная “трэцяя сіла”, якая не выконвала ніякай палітычнай ролі – Аб’яднанне дэмакратычных сіл “Вясна-94” (каля 50 згуртаванняў). Пра стварэнне важнага дыскусійнага форуму ўдалося дамовіцца толькі праз 15 гадоў.

Паралельна з партыйнымі канфрантацыямі звычайныя беларусы змагаліся з гаспадарчым заняпадам. Торуньскі даследчык падкрэслівае, што ў краіне не адбыліся структурныя рэформы, а працэс прыватызацыі, які кантраляваўся наменклатурай, значна спазніўся. Важны момант, на які звяртае ўвагу Аркадзіуш Чволэк: Беларусь была адной з нешматлікіх дзяржаў усходняга блока, у якім адсутнічала рэформа спецслужбаў (153). Аўтар спецыяльна прапускае тэму ўдзелу спецслужбаў у кіраванні і аслабленні апазіцыі з прычыны адсутнасці крыніц.

Праблема спецслужбаў, як нам падаецца, яшчэ доўга будзе турбаваць беларускае грамадства. Цяжка паверыць у тое, што рэформа КДБ ды міліцыі дэмакратызуе антыдэмакратычныя па сваёй сутнасці структуры. Тым не менш, пасля падзення рэжыму і адкрыцця архіваў для даследчыкаў у гэтай галіне з’явіцца шмат працы.

У час станаўлення маладой дзяржавы (зрэшты, і дагэтуль) аднымі з ключавых былі пытанні гістарычнага мінулага Беларусі, інтэрпрэтацыя якіх магла непасрэдна ўказваць на кірунак далейшага развіцця краіны. Важна, але і складана, было вызначыць вытокі і гістарычную пераемнасць беларускай дзяржаўнасці (у тым ліку ролю БНР) ці новыя нацыянальныя святы. Напрыклад, угодкі Аршанскай бітвы ў 1992 г. сустрэлі рэзкі пратэст посткамуністычных сілаў (143). Таксама дыскутавалася тэма нацыянальнай валюты: талер прайграў беларускаму рублю, “зайчыку”. Адным з галоўных пытанняў была справа нацыянальнай арміі і інтэграцыі з Расіяй (Вячаслаў Кебіч, Мечыслаў Грыб) і справа атамнай зброі. Аўтар піша, што для ўплыву на наменклатуру БНФ выкарыстоўваў традыцыйную тактыку супраціву – масавыя вулічныя акцыі [8]. Іронія сітуацыі заключалася ў наступным: апазіцыя дыскрэдытавала В. Кебіча, наменклатура, у сваю чаргу, выкарыстоўвала падобныя метады ў адносінах да старшыні ВС XII склікання Станіслава Шушкевіча, галоўнага, на іх думку, суперніка пад час будучых выбараў. Аднак сам Шушкевіч не падтрымаў “радыкалаў” з БНФ і гэта, паводле даследчыка, была адна з яго найбольш значных палітычных памылак. Наменклатура заблакавала правядзенне рэферэндуму і не выканала абяцання скарачэння кадэнцыі ВС на год. У сувязі з выдачай Вільні беларускімі ўладамі кіраўнікоў Камуністычнай партыі Літвы наменклатуры ўдалося адправіць у адстаўку Шушкевіча, “адну з найбольш трагічных постацей беларускай трансфармацыі” (165). Кіраўніком ВС стаў М. Грыб, а палітычны крызіс выклікаў адзін з найбуйнейшых пратэстаў 1990-х гадоў – усеагульную забастоўку, арганізаваную ФПБ 15 лютага 1994 г. Забастоўка, згодна з традыцыйным беларускім сцэнаром, скончылася пасля рэпрэсій і касметычных саступак улады.

Важным аспектам у працэсе дэмакратызацыі краіны было прыняцце новай Канстытуцыі, якой аўтар прысвяціў асобны падраздзел. Апісваючы дзейнасць рабочых груп, што працавалі над Асноўным Законам, Чволэк называе праблемы, якія дыскутаваліся: мова, адміністрацыйны падзел, назва дзяржавы, а перадусім дзяржаўны лад, роля прэзідэнта і парламента. У выніку ўтварэння новых інстытутаў прэзідэнцтва і Канстытуцыйнага Суда новая канстытуцыя гарантавала “паўпрэзідэнцкі лад”.

Слабасць БНФ даследчык бачыць у вялікіх ідэйных адрозненнях стваральнікаў руху, бескампраміснасці Пазняка, недастатковасці працы з сельскім электаратам, элітарнасці і стаўцы на нацыянальныя пытанні, а не на гаспадарчыя аспекты [9]. У сітуацыі пасіўнасці іншых апазіцыйных партый і іх фінансавых праблем, пры адсутнасці агульнабеларускай газеты і заангажавання Расіі ў справы Беларусі ВС (які да 1996 г. асацыяваўся з галоўным легальным форумам дзейнасці палітычнай апазіцыі) страціў свой аўтарытэт.

Пры аналізе апазіцыйных плыняў у раздзеле “Галоўныя напрамкі палітычнай апазіцыі пасля 1994 г.” даследчык з Торуні вылучае 4 этапы іх фармавання: протапартыйны (1988–1989); стварэнне партый (1990–1995); рэгрэс (1996–1999); заняпад (2000–2010).

Абапіраючыся на вядомыя класіфікацыі, аўтар спрабуе сістэматызаваць апазіцыйныя плыні. Ён выдзяляе сацыял-дэмакратычныя (“Справядлівы свет”, БСДП “Народная Грамада”, БСДП “Грамада”, Беларуская партыя працы), экалагічныя (Беларуская партыя “Зялёныя” (далей – БПЗ), Беларуская экалагічная партыя зялёных “Бэз”), хадэцкія (БХД), хадэцка-нацыянальныя (Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя БНФ), кансерватыўныя (БНФ), ліберальна-дэмакратычныя (Аб’яднаная грамадзянская партыя), ліберальная (Партыя свабоды і прагрэсу), феміністычныя (“Надзея”). Трэба пагадзіцца з Чволэкам, што Ліберальна-дэмакратычная партыя Сяргея Гайдукевіча не апазіцыйная па прычыне таго, што ад часу стварэння выконвае ролю т. зв. канструктыўнай апазіцыі, ці проста фасаднай. Прыгадаем, што ў 2006 г. Лукашэнка публічна заявіў, што сам галасаваў за галоўнага беларускага ліберал-дэмакрата.

Важнай структурай, што да сёння выконвае функцыю адной з ключавых апазіцыйных партый, стала створаная ў 1995 г. АГП, якую ўзначаліў Станіслаў Багданкевіч, шматгадовы старшыня Нацыянальнага Банка, а з 2000 г. яе нязменным лідарам стаў Анатоль Лябедзька. Аўтар не забываецца нагадваць і пра разлад у стане апазіцыі. На фоне іншых толькі АГП пазбегла значных расколаў. Сацыял-дэмакраты раскалоліся ажно на тры партыі: БСДГ (С. Шушкевіч), БСДП “Народная грамада” (М. Статкевіч) і БСДП “Грамада” (Ірына Вештард).

Падобны лёс напаткаў і БНФ (канфлікты на лініі Ю. Хадыка – З. Пазняк, З. Пазняк – В. Вячорка, В. Вячорка – В. Сіўчык, А. Міхалевіч). Да партыйнага крызісу спрычынілася і “факсавая палітыка” Пазняка, які з 1996 г. знаходзіцца ў выгнанні і некаторымі абвінавачваецца ў няведанні беларускіх рэалій. Сітуацыю адлюстравала вядомая показка: “Пазняк: У Беларусі няма сапраўднай апазіцыі. Сапраўдная апазіцыя: У Беларусі няма Пазняка”. У выніку напрыканцы 1999 г. адбыўся раскол на КХП-БНФ і БНФ “Адраджэнне”. Канфлікт закранаў таксама пытанні стратэгіі (падзел на грамадскі рух і партыю, адыход ад тактыкі масавых пратэстаў). Па ініцыятыве членаў Маладога Фронту (МФ) у 2005 г. быў створаны аргкамітэт Беларускай хадэцыі (Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец, Аляксей Шэін), дагэтуль незарэгістраванай.

Феномен на беларускай палітычнай сцэне – Партыя камуністаў Беларусі (ПКБ). Пасля крызісу 1996 г. партыя перайшла ў апазіцыю і пачала ўзаемадзейнічаць з дэмакратамі. У ліпені 2006 г. прапрэзідэнцкая Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) арганізавала з’езд, на якім было абвешчана аб’яднанне абедзвюх партый, але без згоды ПКБ, якая ў 2009 г. змяніла назву на Беларускую партыю левых “Справядлівы свет”, de facto пераходзячы на сацыял-дэмакратычныя пазіцыі з чарговым нязменным партыйным лідарам Сяргеем Калякіным. У чэрвені 1994 г. была зарэгістравана Беларуская партыя жанчын “Надзея» на чале з Валянцінай Палевіковай, феномен якой заключаўся ў тым, што ўжо праз два гады яна мела адносна вялікую падтрымку грамадства – 8%. У 2007 г. яе зліквідавалі.

Сярод перашкод у развіцці партыйнай сістэмы Чволэк вылучае: павольную змену пакаленняў, адсутнасць ведаў пра партыі сярод насельніцтва, вострую барацьбу ўнутры партый, адсутнасць міжпартыйнай інтэграцыі і, вядома ж, захады па блакаванні развіцця з боку ўлады.

Разглядаючы палітычныя праграмы, аўтар зазначае, што партыі не здолелі зрабіць іх такімі, каб яны маглі адпавядаць сучасным патрабаванням і рэальна супернічаць з палітыкай Лукашэнкі. Хоць сацыяльныя пытанні і паляпшэнне службы аховы здароўя ўвайшлі ва ўсе праграмы, часта гэтыя пастулаты мелі папулісцкую афарбоўку.

Торуньскі даследчык лічыць гэта асаблівасцю беларускай апазіцыі (але ці толькі беларускай?). Паводле яго, шмат гадоў у апазіцыі выступае “ясны падзел па лініі левыя –правыя” (251), а найбольшыя праграмныя адрозненні ён вылучае ў пытаннях мадэлі дзяржавы, замежнай палітыкі і гаспадаркі. Нераспрацаванасць праграм у спалучэнні з адсутнасцю іх папулярызацыі сярод насельніцтва абумовіла адсутнасць палітычных вынікаў. Толькі ці цікавіцца беларускае грамадства праграмамі, ці яно ўвогуле цікавіцца палітыкай па-за сценамі ўласнай кухні? Пра гэта даследчык не піша.

У раздзеле пра няўрадавыя арганізацыі палітолаг звяртае ўвагу на факт, што ў адрозненне ад заходніх дзяржаў палітызацыю трэцяга сектара ў Беларусі трэба ацэньваць як пазітыўную з’яву. Але яго меркаванне, што выкарыстанне беларускімі НГА замежных сродкаў “пазітыўна ўплывае на павелічэнне ўзроўню іх прафесіяналізму” (253), – прынамсі, неадназначнае. З аднаго боку так, але з іншага – ці не праява гэта фінансавай залежнасці, падпарадкаванне знешнім схемам і нормам “дэмакратычнага” свету? У гэтым кантэксце знакавым выглядае тэкст сацыял-дэмакрата Вітальда Няўрыды “Прафесія: апазіцыянер”. Па яго меркаванні, беларускі апазіцыянер павінен не толькі быць “універсальным і гнуткім”, але і ўмець пісаць “гранты” [10]. Цяжка не пагадзіцца з тэзісамі аўтара аб тактыцы ўладаў, накіраванай на ліквідацыю незалежных НГА і заменай іх арганізаванымі дзяржавай. У Беларусі можна назіраць агульную тэндэнцыю падпарадкавання дзяржаве ўсіх сфер грамадзянскай актыўнасці. Яскравы прыклад – дэлегалізацыя ў кастрычніку 2003 г. Праваабарончага цэнтра “Вясна”, на нашу думку, адной з самых значных апазіцыйных груп. Добра, што даследчык узгадвае пра арышт у 2011 г. яе лідара Алеся Бяляцкага (260), шкада толькі, што не піша пра ролю, якую ў гэтай справе адыграла Польшча. Цікавая заўвага датычыць таго, што адсутнасць моцнага жаночага руху ў Беларусі кампенсуюць адносна разбудаваныя моладзевыя арганізацыі. Менавіта ў такіх структурах пачыналі свае кар’еры Аляксандр Фядута (Саюз моладзі Беларусі) і Анатоль Лябедзька (Беларуская асацыяцыя маладых палітыкаў). Менавіта на моладзь паставіў і прэзідэнт: у 1997 г. быў створаны Беларускі патрыятычны саюз моладзі (БПСМ), а з 2002 г. – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ).

Моладдзю захапляецца і аўтар манаграфіі, прысвяціўшы найбольш увагі МФ, які, зрэшты, занадта ідэалізуе [11]. Варта памятаць, што актыўнасць МФ часта дапаўнялі гамафобскія і ксенафобскія матывы, вельмі далёкія ад еўрапейскіх каштоўнасцяў, за якія яны, на думку аўтара манаграфіі, змагаліся. Напрыклад, у 2010 г. актывістку МФ Маргарыту Кароль выключылі за падтрымку сексуальных меншасцяў. Каб не ўзгадваць усе рэплікі Змітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча ці Паўла Севярынца на адрас прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, дадамо, што дыскусіі і абвінавачванні ў падтрымцы ЛГБТ мелі месца і пасля 2010 г. [12]. Такім чынам, у гэтым пытанні маладафронтаўцы згодныя з прэзідэнтам, вядомым сваімі выказваннямі пра гомасексуалаў. Не абмінулі МФ і ўнутраныя канфлікты (Севярынец і Аляксей Шыдлоўскі наконт хрысціянскага характару руху), а таксама барацьба з БНФ за самастойнасць. Аўтар узгадвае таксама актыўны ЗУБР, нават “Правы Альянс” і “Край”. Але ён чамусьці не закранае тэмы анархістаў, хоць ведае пра іх існаванне (261). Нагадаем, што Федэрацыя анархістаў Беларусі ў 90-я г. XX ст. была даволі актыўнай. Важнай і, галоўнае, заўважальнай ініцыятывай анархістаў стала газета “Навінкі” (не ўспамінаючы пра самвыдат тыпу “Моладзь змагаецца!”, “Отвали”), якую, зрэшты, аўтар замясціў у бібліяграфіі. Яе вострая палітычная сатыра і кантакты з “Charlie Hebdo” заслугоўваюць прынамсі некалькіх радкоў. Апошняя рэч: Юры Глушакоў, сённяшні намеснік БПЗ і прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнта у 2006 г. (пра што даследчык таксама ведае) – ветэран сучаснага анархісцкага руху ў Беларусі. На нашу думку, варта занатоўваць моманты, якія датычаць палітычнай генеалогіі сучаснай апазіцыі.

Вяртаючыся да тэмы прафсаюзаў, даследчык канстатуе, што яны пастаянна сустракалі перашкоды з боку дзяржавы (напрыклад, блакаванне банкаўскіх рахункаў ФПБ). Пасля паразы кіраўніка ФПБ Уладзіміра Ганчарыка на выбарах прэзідэнт распачаў кампанію “нейтралізацыі ўплываў” гэтай структуры. Аднак рабочы супраціў меў і ўласныя недахопы: адсутнасць масавасці і цеснага ўзаемадзеяння паміж прафсаюзам і палітычнай апазіцыяй, а таксама адсутнасць палітычных патрабаванняў. Не здабыўшы папулярнасці ў грамадстве, нягледзячы на адносны чалавечы патэнцыял, прафсаюзы значнай ролі ў барацьбе з рэжымам не адыгралі. Трэба толькі ўдакладніць: БНП быў створаны не ў 1990 г., як піша аўтар (286).

Па ініцыятыве Рабочага Саюза 6 кастрычніка 1991 г. стварыўся Незалежны прафсаюз гарнякоў Беларусі, які ўлетку 1993 г. змяніў назву на БНП [13]. Верагодна, Чволэк проста разгубіўся перад такой колькасцю назваў і датаў, бо часткова правільную інфармацыю ён падаў раней (75). Часткова, таму што Рабочы Саюз у Салігорску быў створаны не ў 1989 г., а 18 жніўня 1990 г. Перад тым рабочыя гуртаваліся вакол клуба “Пошук”. У гэтым месцы неабходна прыгадаць пра незалежную газету “Баста”, якая выходзіла ў 1996–1997 г. і была цалкам прысвечана рабочым справам. Дадамо, што для Беларусі характэрна адсутнасць сіндыкалісцкай культуры і традыцыі, якую, напрыклад, маюць Францыя ці нават Польшча. Да таго ж хапала фармальных цяжкасцяў для арганізацыі забастоўкі (звальненні, збіццё, арышты рабочых-актывістаў і інш.).

Характэрныя рысы тагачаснай апазіцыйнай сцэны –гэта партыі-фантомы, нязменнасць палітычных эліт, партыйныя канфлікты і суперніцтва палітыкаў, адсутнасць масавай палітычнай сілы і ідэйныя супярэчнасці, у тым ліку ў стаўленні да знешняй палітыкі. Цікавая заўвага аўтара датычыць таго, што пасля 1994 г. апазіцыя “шмат страціла са сваёй ідэйнасці” (294) – значная частка будучых апанентаў Лукашэнкі належала да яго саюзнікаў.

Менавіта пасля выбараў 1994 г. з’явіліся істотныя перашкоды ў развіцці партыйнай сістэмы: адмова ў рэгістрацыі, абавязак перарэгістрацыі, шэраг фармальных цяжкасцяў – неабходная колькасць членаў, юрыдычны адрас, абмежаванні ў назвах (“нацыянальны”, “беларускі” і г. д.), шырокія паўнамоцтвы Міністэрства юстыцыі. З дапамогай юрыдычных метадаў былі зліквідаваны Беларуская партыя жанчын “Надзея” і Беларуская партыя працы.

Падобная сітуацыя і з “трэцім сектарам”, слабасцю якога была адсутнасць інфармацыйнай палітыкі. Важным аспектам быў таксама дзяржаўны кантроль над фінансаваннем партый і НГА. Прыводзячы шматлікія прыклады законаў і юрыдычных актаў, аўтар справядліва звяртае ўвагу на супярэчлівасць дэкрэтаў прэзідэнта і Канстытуцыі і г. д. Усё гэта разгледжана ў раздзеле “Метады і тэхнікі абмежавання дзейнасці палітычнай апазіцыі (1994–2010)”.

Дэмакратызацыі краіны перашкаджала таксама выбарчая сістэма. Цэнтральная выбарчая камісія, якой з 1996 г. кіруе Лідзія Ярмошына (верагодна, найбольш адказная за фальсіфікацыі), цалкам падуладная прэзідэнту. Чволэк пералічвае шэраг праблем, сярод якіх адсутнасць апазіцыянераў у выбарчых камісіях (адсутнасць рэгіянальных структур), перашкоды ў складанні выбарчых спісаў, рэгістрацыі ініцыятыўных груп і перадвыбарнай агітацыі (адмова ў друку і памяшканнях, закрыццё апазіцыйных СМІ паралельна з павелічэннем тыражу дзяржаўных газет, судовыя справы за знявагу прэзідэнта, канфіскацыя апаратуры, збіццё і нават забойствы журналістаў Дзмітрыя Завадскага ў 2000 г. і Алега Бябеніна ў 2010 г.). Быў абмежаваны прыём не толькі “Белсата” ці “Еўрапейскага радыё” для Беларусі, але і праграм расійскага тэлебачання. Паводле даследчыка, у краіне створана таталітарная медыяльная сістэма з “кантрольна-маніпуляцыйнымі асаблівасцямі» (353). Адначасова можна згадзіцца з аўтарскім выразам “эластычнасць рэжыму” (381), які загадзя рыхтуецца да кожных выбараў. На думку даследчыка, апазіцыя часткова сама вінаватая ў гэтай сітуацыі, таму што пагаджалася на правілы гульні, якія накідвала ўлада. У сваю чаргу, найбольш небяспечныя для ўлады, з чым мы згодныя, заўсёды былі нізавыя і несфармалізаваныя ініцыятывы.

У раздзеле “Мадэлі адносін паміж апаратам улады і палітычнай апазіцыяй (1994–2010)” аўтар апісвае, як прэзідэнт метадычна рухаўся да ўзяцця поўнай улады. У 1995–1996 г. апазіцыя не здолела выкарыстаць канфрантацыю прэзідэнта і ВС. Барацьбу за рэферэндум, у тым ліку шляхам сілавой канфрантацыі, выйграў прэзідэнт (вядомае збіццё 18 дэпутатаў уначы 12 кастрычніка 1995 г. у зале паседжанняў). Спробы імпічменту не ўдаліся – апазіцыя ў парламенце складала значную меншасць. Можна пагадзіцца з польскім палітолагам, што грамадства баялася дзяржавы, прапанаванай “нацыяналістамі”, і хацела стабільнасці. Здаецца, большасць жыхароў краіны не разумела ўсёй палітычнай гульні абодвух бакоў і заставалася абыякавай да супрацьстаяння ўлады і апазіцыі. У пэўны момант склалася даволі дзіўная сітуацыя – ВС XII склікання ўсё яшчэ функцыянаваў, хоць яго легітымны тэрмін скончыўся, а новы парламент не быў абраны.

У адказ на апазіцыйную прапанову “круглага стала» прэзідэнт прапанаваў рэферэндум увосень 1996 г. Памылкай апазіцыі была згода на рэферэндум з дадаваннем уласных пытанняў, датычных паўнамоцтваў прэзідэнта. Нават Канстытуцыйны суд не здолеў паўплываць на Лукашэнку (у 1995 г. зафіксавана 11 абвінавачванняў у парушэнні Канстытуцыі прэзідэнтам). Аўтар ставіць пытанне пра ролю Расіі ў крызісе 1996 г., згадваючы візіт шэрагу расійскіх палітыкаў. Станіслаў Шушкевіч адкрыта піша, што “ў 1996 г. у Мінск з мэтай зруйнаваць беларускі парламентарызм і надзяліць Лукашэнку дыктатарскімі паўнамоцтвамі прыехалі расійскія кіраўнікі Селязнёў, Строеў і Чарнамырдзін” [14]. Дадамо цікавы факт: былы намеснік старшыні КДБ і начальнік Службы бяспекі прэзідэнта Леанід Ерын перад гэтымі пасадамі ўзначальваў ФСБ па Маскоўскай вобласці, а пасля адстаўкі зноў вярнуўся ў Расію.

Пасля рэферэндуму 1996 г. Лукашэнка абвясціў пра “крах ідэалогіі БНФ”. Апазіцыя спадзявалася на “эфект даміно”, аднак асобныя забастоўкі не перараслі ў масавыя пратэсты, таму адбыўся пераход на мірныя метады як шматгадовую стратэгію барацьбы за дэмакратыю. Канцэнтрацыя пратэстаў у сталіцы, адсутнасць ідэй для новых формаў барацьбы і цыклічнасць акцый аблягчала кантроль над апазіцыяй. Нават у 1999 г. пад час адной з найбольш сур’ёзных апазіцыйных ініцыятыў – альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў –праявілася адсутнасць харызматычнага лідара. Ідэю правядзення такіх выбараў у атмасферы канфлікту паміж М. Чыгіром і З. Пазняком можна назваць больш “тэстам на згуртаванасць апазіцыі”, чым рэальнай пагрозай для Лукашэнкі (455). Самі выбары па прычыне адсутнасці альтэрнатыўнага сцэнара дзеянняў Чволэк лічыць “кампраметацыяй апазіцыі” і “змарнаваным высілкам”. У траўні 1999 г. прапалі Юрый Захаранка і Віктар Ганчар, ВС заставаўся надзвычай пасіўным, а яго старшыня Сямён Шарэцкі ўцёк у Літву. Спробы дамовіцца з прэзідэнтам, наіўна спадзеючыся на міжнародныя арганізацыі, пацярпелі крах (Захад прызнаў не выбары, а толькі заканчэнне прэзідэнтуры Лукашэнкі).

Адзінай апазіцыйнай сілай у праўладным парламенце была адносна актыўная фракцыя “Рэспубліка” на чале з генералам Валерыем Фраловым. Дэмакраты зноў пацярпелі паразу на выбарах 2001 і 2003 г., пасля чаго з’явіліся Еўрапейская кааліцыя “Свабодная Беларусь”, што спрабавала аб’ядноўваць людзей вакол еўрапейскіх каштоўнасцяў, а таксама Кааліцыя “5+” і платформа “Маладая Беларусь”. Толькі пасля таго, як у канцы 2004 г. апазіцыя змагла паразумецца наконт будучых выбараў, удалося стварыць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі (АДС). На погляд аўтара, стварэнне новых дэмакратычных платформаў замест развіцця адной было памылкай. Чволэк не ўхіляецца пры гэтым ад ацэньвання лідараў апазіцыі і крытыкі. Адзначае, напрыклад, што хоць адзіны кандыдат Аляксандр Мілінкевіч шмат падарожнічаў па Заходняй Еўропе, але ён “быў пазбаўлены ценю харызмы” (521).

Асобны раздзел прысвечаны праблеме эфектыўнасці апазіцыі ў выбарчых кампаніях. Канцэнтруючыся спачатку на галоўных выбарах 1994 г., аўтар звяртае ўвагу на адсутнасць сродкаў і прафесіяналізму апазіцыйных штабоў, а таксама на неразуменне таго, чаго чакала стомленае гаспадарчым крызісам грамадства. Адсутнасць адзінага дэмакратычнага кандыдата ў спалучэнні з папулізмам Лукашэнкі, моцным палітычным інстынктам і эмацыйнасцю выказванняў прадвызначылі яго перамогу. З іншага боку, было нямала пралікаў апазіцыі: адкрытая антырасійскаць Пазняка, неадпаведнасць яго сапраўдных поглядаў зместу агітацыйных матэрыялаў і да т. п. У выснове разваг аўтара ляжыць думка, што незалежна ад пэўных маніпуляцый першыя выбары Лукашэнка выйграў дэмакратычным спосабам.

Апісваючы наступныя парламенцкія, мясцовыя і прэзідэнцкія выбары, А. Чволэк зноў пералічвае памылкі апазіцыі, а потым прыводзіць прыклады розных, так бы мовіць, класічных тэхнік, якімі ўлада чыніла перашкоды “пятай калоне”. Напрыклад, адмаўляла ў рэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў (але не лідараў партый). Каб стварыць бачнасць шматпартыйнасці, спецслужбы распаўсюджвалі фальшывыя выбарчыя ўлёткі з мэтай дыскрэдытацыі апазіцыі і інш. Паводле аўтара, памылковасць тактыкі апазіцыі палягала на імкненні пераконваць грамадства галасаваць супраць змены Канстытуцыі, бо гэтым самым адбывалася легалізацыя рэферэндуму 2004 г. Выбары 2006 і 2010 г. скончыліся рэпрэсіямі і судовымі працэсамі, але паказалі, што толькі з пазіцый сілы (масавымі пратэстамі) у Беларусі можна весці “дыялог” з уладай. Калі з мноства кандыдатаў паспрабавалі вылучыць “самага моцнага прадстаўніка”, апазіцыю аслабіла кандыдатура “сацыял-дэмакрата” Аляксандра Казуліна, былога рэктара БДУ і паплечніка прэзідэнта. Як адзначае польскі палітолаг, на вынік выбараў паўплывала практыка датэрміновага галасавання, якое ў 2010 г. склала амаль 37%, а таксама медыйная кампанія (выразанне крытыкі на адрас сям’і прэзідэнта, выстаўленне апазіцыйных кандыдатаў у чорным святле і інш.). Незалежна ад пэўнай перадвыбарчай дэмакратызацыі і досведу (ці хутчэй яго адсутнасці?) у снежні 2010 г. апазіцыя выставіла ажно 7 кандыдатаў, якія супернічалі паміж сабой і прапаноўвалі палітычныя праграмы даволі агульнага характару.

Параўноўваючы сітуацыю ў Беларусі з украінскай “аранжавай рэвалюцыяй”, Чволэк падкрэслівае розніцу паміж дзвюма краінамі. Украінскі сцэнар не мог адбыцца ў Беларусі па шматлікіх прычынах: адсутнасць рэальнага ўзаемадзеяння апазіцыі, альтэрнатыўных планаў дзеяння, падтрымкі з боку прадпрымальнікаў і сілавых структур, а таксама заангажаванасці правінцыі. Параўнанне з Украінай – ці не адзінае суаднясенне з апазіцыйнымі структурамі краін-суседзяў [15]. Напэўна, варта было б правесці паралелі і паміж досведам апазіцыянераў розных краін.

Апошні раздзел “Міжнародная падтрымка працэсу дэмакратызацыі Беларусі” ўтрымлівае звесткі з аналітычных тэкстаў і рапартаў з галіны міжнародных адносін. Аўтар апісвае місію пасярэдніцтва АБСЕ паміж апазіцыяй і ўладай, якая адбывалася ў складаных умовах. Палітыка саступак і цвёрдая пазіцыя прэзідэнта не спрыялі дэмакратызацыі краіны. Еўрапейскі Саюз з яго двайнымі стандартамі (Чволэк звяртае ўвагу на факт, што індывідуальныя інтарэсы еўрапейскіх дзяржаў перашкаджалі адзінай палітыцы адносна Беларусі) цягам 17 гадоў не выпрацаваў адпаведных механізмаў уплыву на Лукашэнку, які выбраў інтэграцыю з Расіяй і пры патрэбе лавіраваў. Санкцыі і “Еўрапейская палітыка суседства” ізалявалі дзяржаву, а не рэжым, апазіцыя ж крытыкавала ЕС за тое, што яе не ўлічваюць пад час размоў з Лукашэнкам.

У дадатак фінансаванне ад TACIS у параўнанні з іншымі краінамі рэгіёна было недастатковым (0,4% для Беларусі пры 2,7% для Малдовы). З нешматлікіх плюсоў рэальнай дапамогі (у тым ліку ад ЗША) узгадваецца адкрыццё ЕГУ. ЗША па сутнасці не ангажаваліся ў працэс дэмакратызацыі Беларусі, калі параўноўваць з іншымі краінамі рэгіёна. Пасля 1996 г. пачалася палітыка “селектыўнага дыялогу”, а фінансавая дапамога пасля закрыцця Беларускага Фонду Сораса (1997) спынілася. Аўтар справядліва заўважае, што “Акт пра дэмакратыю ў Беларусі» (2004) ніяк не паўплываў на настроі прэзідэнта. Палітыку Белага дома адносна Беларусі ён называе найбольш паслядоўнай: пасля атамнага раззбраення краіны Вашынгтон звяртаў на Мінск мала ўвагі, таму што Беларусь не з’яўлялася тэрыторыяй геапалітыкі ЗША.

Натуральна, закранае аўтар і праблемы, звязаныя з палітыкай Польшчы, якая падтрымала апазіцыю толькі пасля 1996 г. Польшча вяла палітыку “абмежаванага дыялогу” ці “крытычнага дыялогу”, а напругу стварала яе імкненне ўступіць ў НАТО і ЕС. У вачах Беларусі Польшча стала асноўным цэнтрам апазіцыі на чале з Пазняком, які вёў інфармацыйную барацьбу супраць уладаў.

У дадатак асаблівую папулярнасць у Польшчы ў 2006 г. здабыў А. Мілінкевіч: інтэрвію і выступы ў Сейме, сустрэча з Лехам Качыньскім. Па сутнасці, аўтар выказвае думку, характэрную для іншых даследчыкаў: Польшча стала медыятарам паміж ЕС і Беларуссю, стараючыся выконваць гэтую ролю ўвесь час (Браніслаў Герэмэк афіцыйна адкрываў у 1998 г. місію АБСЕ). Паразай заканчваліся прыезды польскіх палітыкаў (затрыманне Марыюша Каміньскага ў сакавіку 2000 г.) і не рэалізоўваліся ідэі круглых сталоў з удзелам апазіцыі. Кульмінацыяй стаў раскол Саюза палякаў на Беларусі ў 2005 г. (дарэчы, можна было б некалькі радкоў прысвяціць сувязям беларускіх апазіцыянераў з польскімі актывістамі). Аўтар згадвае шматлікія акцыі салідарнасці з беларусамі ў розных польскіх гарадах, дзейнасць “Радыё Рацыя”, тэлебачання “Белсат”, Фонду Стэфана Баторыя і стыпендыяльную праграму Кастуся Каліноўскага. Верагодна, можна згадзіцца з даследчыкам, што пад час кіравання партыі “Права і Справядлівасць” палітыка “дэмакратызацыі” Беларусі дасягнула найбольшых поспехаў. Асобна трэба было б сказаць пра значэнне “карты паляка”, якая ў кнізе не згадваецца.

На завяршэнне даследавання Аркадзіуш Чволэк звяртаецца да галоўнага пытання: ці ёсць сэнс удзельнічаць ва ўсіх відах выбараў, марнуючы сілы на падрыхтоўку да гэтага фарсу? На яго думку, прычыны няўдач вельмі складаныя. Гэта і адсутнасць масавых рабочых пратэстаў, і блізкасць Масквы. Іх карані трэба шукаць і ў першых гадах незалежнасці: парламент, выбраны ў 1990 г., “кансерваваў старую палітычную сістэму” да 1995 г., а большасць партый засталася па-за вялікай палітычнай сцэнай. Нягледзячы на расколы і малалікасць партый, амбіцыі лідараў, ідэалагічныя канфлікты, адсутнасць узаемнай стратэгіі і наватарскага падыходу да барацьбы польскі даследчык ускладвае надзею на “трэці сектар” і моладзь, якую лічыць патэнцыйным каталізатарам грамадскай мабілізацыі. З нашага пункту гледжання, варта ўсведамляць, што ў Беларусі вырасла новае пакаленне людзей, якія не памятаюць жыцця без Лукашэнкі. Таму моладзь адначасова можа не толькі паскараць, але і запавольваць змены.

Кніга стварае ўражанне грунтоўнай навуковай працы, у якой на падставе вялізнага матэрыялу даследаваны беларускія апазіцыйныя структуры. Навуковы апарат дапаўняе комплексная бібліяграфія на чатырох мовах (англійская, беларуская, польская і руская), якая складаецца з трох частак: юрыдычныя акты, прэса і спецыяльная літаратура – агулам 50 старонак. Шкада, што ў ёй няма падзелу на крыніцы і манаграфіі. Адсутнасць геаграфічнага і імяннога паказальнікаў не дазваляе чытачу свабодней арыентавацца ў матэрыяле такога вялізнага аб’ёму. Гэта адназначны недахоп працы. Кніга такога аб’ёму не магла застацца без недакладнасцяў і друкарскіх памылак (184, 188, 218). Аркадзіуш Чволэк імкнуўся да паслядоўнага транскрыпцыйнага польскага запісу беларускіх імёнаў, аднак у працы сустракаецца непаслядоўнасць. Напрыклад, імёны Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага ён перакладае з беларускай мовы, а імёны Юрыя Глушакова, Пятра Барысава і іншых – з рускай (672). Падобныя памылкі можна назіраць і ў публікацыях іншых аўтараў, прысвечаных Беларусі [16]. Падаецца, што не лішнімі былі б ілюстрацыі – здымкі лідараў апазіцыі, эмблем партый і арганізацый ці фота з масавых акцый пратэсту. Толькі бел-чырвона-белая вокладка прыгадвае чытачам галоўны (але не адзіны) сімвал апазіцыі ў Беларусі. Магчыма, лепш было б зрабіць два салідныя тамы з цвёрдай вокладкай, здымкамі і паказальнікамі.

Варта выказаць некаторыя заўвагі і адносна зместу. На жаль, калі апазіцыйная прэса аўтарам выкарыстана напоўніцу, то некаторыя важныя для тэмы кнігі [17] засталіся без увагі. Прыдаліся б і ўспаміны ўдзельнікаў тагачасных падзей ды інтэрв’ю з імі. Параўнанне ацэнак падзей рознымі палітыкамі магло б зрабіць аналіз шырэйшым і дапамагло б чытачам адчуць, як мінулае асэнсоўвалася непасрэднымі героямі кнігі. Канцэнтруючыся на пытаннях інстытуалізацыі апазіцыі, А. Чволэк не аналізуе сацыяльных аспектаў, не імкнецца шукаць больш глыбокіх прычын слабой падтрымкі апазіцыі з боку насельніцтва. Напрыклад, былы прэзідэнт Інстытута Нацыянальнай Памяці гісторык Лукаш Каміньскі, гаворачы пра польскі вопыт, у процівагу палітычнай апазіцыі ставіў грамадскі супраціў, па яго меркаванні, больш эфектыўны, які не паддаецца кантролю і маніпуляванням [18].

Безумоўна, важная і роля дзеячоў мастацтва, культуры, іх удзел у апазіцыйнай дзейнасці, выступы на палітычных акцыях. Мастакі Аляксей Марачкін і Алесь Пушкін (БНФ), музыкі Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Віктар Шалкевіч, літаратары Уладзімір Арлоў, Васіль Быкаў, Уладзімер Някляеў – гэта толькі некаторыя імёны. Цікавым прыкладам такіх сувязяў была і Партыя аматараў піва (Л. Вольскі, мастак М. Анемпадыстаў на чале з удзельнікам вулічных акцый і перформансаў першай паловы 90-х г. цяперашнім эмігрантам Андрэем Рамашэўскім). Асобна можна б было аналізаваць “Свабодны тэатр”, шэраг музычных гуртоў, песні якіх былі не толькі моладзевым голасам пратэсту, але і магнітам, які прыводзіў шмат неабыякавых людзей у грамадска-палітычную дзейнасць. Паводле кракаўскай даследчыцы Маі Зентары, “іх творчасць адыгрывала ролю маніфестаў, станавілася сімвалічнай дэкларацыяй ідэй, за якія змагаліся” [19]. Калі палітыка закранае культуру, то культура не можа не закранаць палітыкі. Натуральным чынам пачалі з’яўляцца “чорныя спісы”, затрыманні і канфіскацыі апаратуры пад час незалежных музычных мерапрыемстваў. Па сутнасці, сёння ў Беларусі рок-канцэрт – палітычная акцыя. Моладзевыя субкультуры ствараюць контркультуры, тыя ў сваю чаргу балансуюць на мяжы палітыкі і мастацтва. А карані субкультурных пратэстаў можна шукаць у дэманстрацыях хіпі, якія адбыліся ў Горадні яшчэ ў кастрычніку 1971 і ліпені 1972 г. Мы думаем, што ў даследаванні апазіцыі нельга забывацца на гэтыя аспекты. Магчыма, карысна было б закрануць і праблему палітычнай апазіцыі ў эміграцыі (фінансавая падтрымка, лабаванне ідэй, асабістыя кантакты), якая засталася без увагі 20. Напэўна, не лішне было б зірнуць на ролю царквы ў палітычным кантэксце, хоць Беларусь – не Польшча эпохі “Салідарнасці”, тут рэлігія не выконвала такой інтэграцыйнай ролі для агульнага супраціву. Праваслаўе ў яго расійскім варыянце хутчэй – важная частка падмурку, на якім трымаецца ўлада. Але ў Беларусі было нямала прыкладаў парушэння свабоды рэлігіі і веравызнання. Згадаем хоць бы пра пераслед вернікаў царквы “Новае жыццё”, але не толькі.

Як нам падаецца, праз радкі манаграфіі прарываецца думка аб тым, што на дадзеным этапе мірным шляхам нічога не змяніць. Таму ўважлівы чытач можа зрабіць выснову, што толькі пошук новых (нізавых і альтэрнатыўных), у тым ліку больш радыкальных, формаў супраціву можа прывесці да зменаў. Аднак галоўнае пытанне, якое чамусьці не задае аўтар, на нашу думку, датычыць праблемы свабоды. Менавіта свабода з’яўляецца важнай катэгорыяй, дзеля якой адбываюцца якасныя змены палітычных сістэм у той ці іншы бок, менавіта яна (гаспадарчая і нацыянальная, асабістая і абсалютная) падштурхоўвае да барацьбы. Ці для апазіцыі свабода (калі так, то якая) –важная катэгорыя? А для насельніцтва Беларусі? Замест свабоды А. Чволэк выкарыстоўвае катэгорыю “дэмакратызацыя”. Ці пасля перамогі апазіцыі дэмакратыя стане панацэяй ад усіх праблем? Рызыкнем нагадаць, што і “дэмакратычныя” ўрады падаўляюць пратэсты гумовымі кулямі, і ў “цывілізаваных” краінах ёсць палітвязні.

Крытычныя заўвагі не змяняюць факта, што даследаванне А. Чволэка – важная кніга ў сучаснай палітычнай гістарыяграфіі Беларусі. Можна меркаваць, што рэцэнзаваная манаграфія не будзе “адкрыццём” для ветэранаў апазіцыі, але, магчыма, у яе варта зазіраць менавіта тым, хто толькі распачынае палітычную барацьбу ў Беларусі. Каб новыя тамы, прысвечаныя беларускай апазіцыі, не выглядалі 50-старонкавым дадаткам да гісторыі палітычнай неэфектыўнасці (за 2010–? г.), а былі прыкладам для іншых грамадстваў, што змагаюцца з больш ці менш рэпрэсіўнымі рэжымамі.


[1] Czachor R. [rec.:] Czwołek A. Opozycja polityczna na Białorusi (1989–2010). Gdańsk, 2013 // Przegląd Wschodni. T. XII. 2014. Z. 1 (49). S. 229–231.
[2] Czwołek A. Piórem i buławą. Działalność polityczna Lwa Sapiehy, kanclerza litewskiego, wojewody wileńskiego. Toruń, 2012.
[3] Гл.: Czwołek A. Rola i znaczenie ogólnokrajowych referendów na Białorusi // Białoruś co się tam dzieje? Sytuacja polityczna na przełomie XX i XXI wieku / red. A. Meller, A. Rak, A. Wielomski. Warszawa, 2013. S. 193–249; Czwołek A. Ruch kobiecy na Białorusi – mit czy rzeczywistość? // Problematyka kobieca –konteksty / red. M. Jeziński, M. Nowak-Paralusz. Toruń, 2013. S. 177–196; Czwołek A. Perspektywy modernizacji białoruskiej energetyki w latach 2011–2016 // Nowa Polityka Wschodnia. 2014. Nr 1 (6). S. 99–128; Czwołek A. Rozwój lokalnych i odnawialnych źródeł energii na Białorusi. Stan obecny i perspektywy // Nowa Polityka Wschodnia. 2014. Nr. 2 (7). S. 152–171 і інш.
[4] Solidarni z Białorusią // http://www.ecs.gda.pl/title,Solidarni_z_Bialorusia,pid,9,oid,61,cid,72,type,timeline.html (прагледжана 5 XI 2015).
[5] Sprzeciw, opozycja, opór w PRL: ankieta historyczna. Antoni Dudek, Andrzej Paczkowski, Łukasz Kamiński, Leszek Dzięgiel, Jerzy Eisler, Andrzej Małkiewicz, Krzysztof Ruchniewicz, Maciej Łętowski, Krzysztof Łabędź // Arcana. 2001. Nr 38 (2). S. 40–74.
[6] Варта прыгадаць IV міжнародную канферэнцыю Інстытута “Палітычная Сфера” (15–16.V.2015, Мінск): “Па-за савецкім канонам: палітычны супраціў, акадэмічная і мастацкая аўтаномія ў познесавецкі перыяд (1960–80-я гг.)”; Валодзін У. З гісторыі студэнцкага нонканфармізму ў БССР (канец 1940-х – пачатак 1980-х). Менск, 2014; дакументальны фільм пра Міхася Кукабаку “Дысідэнт” (рэж. Віктар Трацякоў. Белсат, 2014).
[7] Сіліцкі В. Роля парлямэнту ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі // Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму / pэд. В. Булгакаў. Białystok, 2005. C. 8.
[8] Аўтар, часта ўзгадваючы пра масавыя пратэсты, не знайшоў месца для важнай кнігі, непасрэдна звязанай з дадзенай праблематыкай: Булгакаў В., Дынько А. (рэд.). Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988–2009. Беласток – Вільня – Мінск, 2011.
[9] З гэтым “міфам” сёння не пагаджаюцца тагачасныя лідары апазіцыі. Гл.: Баршчэўскі Л. Апазіцыя БНФ: Дакументы не хлусяць // http://novychas.by/hramadstva/apazicyja_bnf_dakumienty_nie_c/ (прагледжана 8.XI.2015).
[10] Няўрыда В. Прафесія: апазіцыянер // http://vitald-niauryda.livejournal.com/2668.html (прагледжана 21.XII.2009).
[11] Адзначым даволі цікавую кнігу, прысвечаную моладзеваму супраціву ў Польшчы, выдадзеную Інстытутам Нацыянальнай Памяці: Życie na przekór. Młodzieżowa kontestacja systemu w ostatniej dekadzie PRL (1980–1989) – nowe tropy i pytania badawcze / red. B. Noszczak. Warszawa, 2016.
[12] Хмяльнiцкi Г. Іван Шыла: У “Маладым фронце” – раскол // http://udf.by/news/face2face/89276-van-shyla-u-maladym-fronceraskol.html (прагледжана 20.II.2016).
[13] Падрабязней: НПГБ. Сборник материалов по истории Независимого профсоюза горняков Беларуси / сост. А. Довнар, Р. Ерошеня. Минск, 2011.
[14] Шушкевіч С. Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР. Мінск, 2013. С. 25.
[15] На тэму ўкраінскай апазіцыі параўнальна нядаўна ў Польшчы ўбачыла свет кніга маладой даследчыцы: Hurska-Kowalczyk L. Opozycja polityczna na Ukrainie (1991–2006). Toruń, 2011.
[16] Гл.: Czahor R. Polityka zagraniczna Republiki Białoruś w latach 1991–2011. Studium politologiczne. Polkowice, 2011. S. 10. Potocki M. [rec.:] I tak się kręci. A. Poczobut. System Białoruś. Gliwice, 2013 // Nowa Europa Wschodnia. 2014. Nr. 1. S. 152–154.
[17] Вось некаторыя з іх: Шарецкий С. Аграрная партия Беларуси и её идеалы. Сборник статей и выступлений. Минск, 1995; Анішчанка Я. Эвакуацыя апазіцыі. Апошні год дзейнасьці Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання ў друку і ўспамінах дэпутатаў. Мінск, 2008 (перавыданні – 2010, 2014); Булгакаў В. (рэд.). Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі (да 2006 г.). Беласток – Вільня, 2011 і шэраг іншых.
[18] Sprzeciw, opozycja, opór w PRL… S. 51.
[19] Гл. цікавую дысертацыю Маі Зентары “Białoruski nonkonformizm muzyczny w okresie od lat 60. ХХ wieku do końca pierwszej dekady ХХІ wieku: nowy ruch społeczny na Białorusi”, напісаную пад навуковым кіраўніцтвам праф. Яраслава Ракіцкага і абароненую ў Ягелонскім універсітэце ў 2014 г. Машынапіс працы знаходзіцца ў асабістым архіве аўтара артыкула. Цытата на с. 167.
[20] Гл. доктарскую дысертацыю Агнешкі Смальчынскай, напісаную пад навуковым кіраўніцтвам праф. Пятра Крашэўскага і абароненую ва Універсітэце Адама Міцкевіча ў Познані ў 2012 г. Праца даступная ў сеціве: https://repozytorium.amu.edu.pl/bitstream/10593/2439/1/Bialoruska%20emigracja%20polityczna%20w%20latach%201990-2004%20A.Smolczynska.pdf (прагледжана 20.II.2016)

Наверх

Тэгі: ,