БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Мыльников, Александр С. Картина славянского мира (Альбіна Семянчук)


Мыльников, Александр С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы: Этногенетические легенды, догадки, протогипотезы XVI — начала XVIII века. С.–Петербург: Центр „Петербургское Востоковедение“, 1996. 320.
Сярод інтэлектуальных бэстсэлераў Расіі 1996 г. „Книжное обозрение“[1] называла гэтую кнігу прафесара А.Мыльнікава. Ужо ў назве яе адлюстравана галоўная задача, якую ставіць перад сабой аўтар — падаць цэласную карціну славянскага свету на пачатку Новага часу. Аднак ён не прэтэндуе на ахоп усіх аспектаў глабальнай славянскай праблематыкі. Рэканструюючы панараму славянскага свету на падставе этнагенетычных легендаў, здагадак, протагіпотэзаў XVI — пачатку XVIII ст., А.Мыльнікаў свядома выбірае пункт погляду з Усходняй Еўропы (дакладней, Расіі). Галоўная мэта манаграфіі — пошук і аналіз інфармацыі пра біблейскіх продкаў славян (разглядаюцца так званая Грамата Аляксандра Македонскага пра наданне славянам правоў на іх землі, а таксама аповед пра трох „харвацкіх братоў“ Чэха, Леха і Руса ды паходжанне і гісторыя гэтых і некаторых іншых, звязаных з імі, легендаў).

У працэсе навуковага пазнання вобраз славянства істотна змяняўся ў розныя часы пад уплывам гістарычных умоваў. А.Мыльнікаў падкрэслівае, што яго праца напісана з пазіцый этнічнай (этнакультурнай) імагалогіі (вобласць ведаў аб фармаванні вобразаў і ўяўленняў людзей пра макра– і мікракосм, пра такія катэгорыі, як „час“, „прастора“, „шчасце“ і інш.). Падыход да тэмы новы і арыгінальны. Ён дае шырокую прастору для аўтарскіх трактовак сярэднявечных нарацый і разважанняў. Мы не знойдзем тут дакладных штудыяў пра этнагенэз славян, пра шляхі іх міграцый і г.д. Свядома адмаўляючыся ад традыцыйнага спосабу разгляду славянскай праблематыкі і звязанага з ім кола крыніц, А.Мыльнікаў засяроджваецца на „няўдзячным“ матэрыяле, які гісторыкі звычайна адкідваюць як непатрэбны — біблейскіх, эпанімічных легендах і протагіпотэзах пра радаводы розных еўрапейскіх народаў, — і паказвае эвалюцыю „навуковых“ поглядаў на праблему этнагенэзу славян у асяроддзі цэнтральнаеўрапейскай інтэлектуальнай эліты. Ён падкрэслівае, што „большасць аўтараў, якія займаюцца гісторыяй славянскіх даследаванняў, … зрэдку або амаль ніколі не звярталіся да перадгісторыі, пагардліва трактуючы спадчыну навуковай думкі да XVIII ст. як нейкі яе „данавуковы“ перыяд“ (с. 7–8).

У цэлым славянская тэматыка добра распрацаваная ў польскай і чэшскай гістарыяграфіі. Дастаткова ўспомніць сінтэтычныя працы польскіх археолагаў Л.Лецеевіча[2], У.Шыманьскага[3], З.Курнатоўскай[4]. Бліжэй да тэмы разгляданай манаграфіі падышлі Бенедыкт Зентара[5] і Ежы Клачоўскі[6], у якіх многія сюжэты перакрыжоўваюцца з кнігай А.Мыльнікава. Аднак іх працы маюць сцісла гістарычны характар і разглядаюць значна больш шырокі спектр праблем у рамках дадзенай тэмы. У польскай гістарыяграфіі існуюць і шматлікія працы, у якіх даследуюцца народныя і навуковыя легенды[7], але без выхадаў на агульнаславянскую праблематыку. Т.Улевіч у сваёй кнізе „Сармацыя. Даследаванні славянскай праблематыкі XV і XVI ст.“[8] паказаў выдатны прыклад аналізу ўяўленняў пра славяншчыну на пачатку Новага часу. Ягоныя працы, напісаныя поўстагоддзя таму, дагэтуль актуальныя і прыцягваюць увагу даследчыкаў. А.Мыльнікаў у сваёй кнізе дае вялікі спіс крыніц і літаратуры на лацінскай, польскай, чэшскай, нямецкай і іншых мовах, а таксама называе нешматлікія расійскія даследаванні па славянскай праблематыцы.

Такім чынам, як адзначае аўтар манаграфіі, „пры надзвычай вялікай айчыннай і замежнай гістарыяграфіі славянскага свету ў эпоху пераходу ад Сярэдніх вякоў да Новага часу непасрэдна цікавая нам праблематыка як нешта цэласнае вывучана або нераўнамерна, або крайне недастаткова“ (17). А.Мыльнікаў бадай упершыню спрабуе комплексна прааналізаваць уяўленні навукоўцаў той эпохі пра этнагенетычныя працэсы ў славянскім свеце на падставе шырокага кола наратыўных крыніц: летапісаў, хранографаў, касмаграфій, навуковых трактатаў польскіх, чэшскіх, нямецкіх, шведскіх, паўднёваславянскіх, украінскіх і расійскіх аўтараў, лексікаграфічных, багаслоўскіх і энцыклапедычных выданняў таго часу (прычым перавага аддаецца польскім, крыху менш чэшскіх аўтараў і твораў).

У свой час Ежы Тапольскі падкрэсліваў, што гісторыку даводзіцца мець дачыненні з трыма відамі рэчаіснасці: непасрэдна мінулым, якое адышло ў нябыт, з яго „навуковым“ і „папулярным“ вобразамі[9]. Два апошнія павінны імкнуцца да ізамарфізму ў суадносінах з першым і паміж сабой. Аднак далёка не заўсёды гэта адбываецца. Напрыклад, у гістарычных рэканструкцыях XVI ст. „навуковы“ і „папулярны“ вобразы мінулага з прычыны слабасці гістарычнага пласта ў іх збліжаюцца, прычым дамінуе апошні. А.Мыльнікаў спрабуе аналізаваць менавіта міфалагізаваную свядомасць інтэлектуалаў XV–XVIII ст.

Манаграфія падзяляецца на дзве часткі, першая з якіх мае назву „Славянская суперэтнічная супольнасць: ўяўленні пра этнагенэз першага ўзроўню“. Яна, у сваю чаргу, складаецца з трох раздзелаў, якія канцэптуальна раскрываюць дадзеную праблему. Першы раздзел „У пошуках біблейскіх продкаў“ паказвае, што агульным для ўсіх гістарычных твораў XVI–XVII ст. было вывядзенне продкаў таго ці іншага еўрапейскага народу ад сыноў Ноя — Сіма, Хама і Яфета. Другі раздзел называецца „Міфалагема прасторы: пра Грамату Аляксандра Македонскага“. У трэцім раздзеле першай часткі, затытулаваным як „Панарама славянскага свету“, у найбольш шырокім выглядзе пададзены розныя прыкметы складовых частак (этнасаў) гэтак званай славянскай суперэтнічнай супольнасці: межы, мова, канфесіі.

Другая частка манаграфіі называецца „Славянскія народы: уяўленні пра этнагенэз другога ўзроўню“ і складаецца з чатырох раздзелаў. У першым раздзеле „Міфалагема часу: легенда пра Чэха, Леха і Руса“ распавядаецца, як паўставала і развівалася названая легенда; у „Нямецка–літоўска–расійскіх суадносінах“ разглядаюцца паралелі легенды ў нямецкіх, літоўскіх і расійскіх эпанімічных міфалагемах; у раздзеле „Міфалагічная свядомасць: пастулаты і функцыянаванне“ паказана, як трансфармавалася легенда ў часе, як яна ўспрымалася барочнай, раннеасветніцкай і рацыяналістычнай свядомасцю. У апошнім раздзеле манаграфіі, які носіць назву „Пра прыроду і сэнс славянскіх этнагенетычных легендаў“, абагульняецца і падсумоўваецца змест даследаванай інфармацыі з мэтай паказу прыроды і сэнсу этнагенетычных легендаў.

Гісторыкі XVI ст. лічылі, быццам бы ўсе народы Захаду і Поўначы, у тым ліку славянскія, паходзяць ад трэцяга сына Ноя Яфета, што, відаць, павінна ўскосна сведчыць пра агульнасць паходжання ўсіх славян, г.зн. пра існаванне славянскай суперэтнічнай супольнасці. Дарэчы, гэты пастулат, прыняты аўтарам апрыоры, патрабуе больш шырокага абгрунтавання. А.Мыльнікаў разглядае магчымыя адгалінаванні радаслоўнага дрэва Ноя, якія, з пункту погляду сярэднявечных храністаў, далі пачатак славянам (праз другога сына Яфета Гамера і ўнука Рыфата, або шостага сына Яфета Мосаха). У розныя часы і ў розных частках Еўропы ерархія сыноў і ўнукаў Ноя выглядала па–рознаму і павінна была служыць ідэалагічным мэтам. У гэтым сэнсе характэрным з’яўляецца той факт (на жаль, на яго не звярнуў увагі аўтар манаграфіі), што на нямецка–славянскім памежжы яшчэ ў канцы ХIII ст. паўстала цікавая, хоць і адасобленая, спроба вываду славян ад біблейскага Хама. У вачах людзей таго часу гэта быў вельмі дрэнны радавод: з племені Хама выводзіліся, між іншым, нявольнікі і негры. Аўтар хронікі, які выказваў гэты погляд (сам з паходжання, пэўна, славянін), лічыў, што славяне — нашчадкі Хама — адсунулі калісьці далёка на Захад нашчадкаў Яфета германаў, заняўшы іх зямлю. Цікава, што Длугаш таксама палічыў патрэбным увайсці ў палеміку з тэорыяй паходжання славян ад Хама — відаць, яна мела значэнне яшчэ ў ХV ст.[10]

Пазней Мацей Стрыйкоўскі звязваў з Яфетам, вялікім праайцом славян, урадава–рыцарскія функцыі, адсюль тэза пра асаблівае прызначэнне ўсіх славян. Сама іх назва паходзіць ад славы вайсковай або слова[11]. Літоўцы, на думку Стрыйкоўскага, таксама паходзяць ад Яфета, але калі славяне выводзяцца ім ад Яфетавага сына Мосаха (быў гэта „айцец і патрыярх усіх народаў маскоўскіх, рускіх, польскіх, валынскіх, чэшскіх, мазавецкіх, балгарскіх, сербскіх, харвацкіх і ўвогуле ўсіх колькі іх ёсць народаў, што ад пачатку славянскую мову ўжывалі…“[12]), ліцвіны, жмудзіны і немцы, паводле Стрыйкоўскага, бяруць пачатак ад іншага сына Яфета — Гамера.

Біблейская генеалогія народаў Вялікага Княства Літоўскага ў інтэрпрэтацыі Стрыйкоўскага адлюстроўвала патрабаванні пераломнага перыяду ў гісторыі гэтай дзяржавы, звязаныя з уваходжаннем яе ў федэрацыю Рэч Паспалітая (чаго яшчэ не было ў М.Мяхоўскага, М.Бельскага або М.Кромэра — ідэолагаў сарматызму). Менавіта ў гэты момант завязваўся вузел многіх этнасацыяльных праблем, якія не знайшлі і не маглі знайсці вырашэння ў тагачасным грамадстве і засталіся ў спадчыну нам.

На жаль, аўтар кнігі не разглядае асобна феномен Вялікага Княства Літоўскага (асабліва яго славянскай асновы), нават не кранае некаторых глабальных праблем, якія вырастаюць у сувязі з яго існаваннем. Так, на старонках кнігі амаль няма месца для беларусаў — аднаго з цэнтральных славянскіх народаў, праз пасярэдніцтва якога пранікалі ў Расію як помнікі гістарычна–навуковай думкі заходніх славян, так і ідэі, якія панавалі ў Заходняй Еўропе. Захапіўшыся адлюстраваннем легенды пра рымскае паходжанне літоўскай знаці і перакрыжаваннем з ёй легенды пра Чэха і Леха ў рускім Хранографе другой рэдакцыі, А.Мыльнікаў мала ўвагі аддае беларуска–літоўскім летапісам і іх карэляцыі з польскімі хронікамі, пра што ў свой час пісаў М.Улашчык у кнізе „Уводзіны ў вывучэнне беларуска–літоўскага летапісання“.

Праўда, аўтарам адзначаецца, што ператварэнне легендарнага дуэта „Лех і Чэх“ у трыо „Лех, Чэх і Рус“ звязана з вялікай роляй, якую пачалі выконваць славяне ВКЛ на палітычнай арэне Цэнтральна–Усходняй Еўропы ў XIV ст.: „Звяртае на сябе ўвагу тое, што прыярытэт уключэння ў легенду Руса належаў польскай гістарычнай думцы, прычым… ён быў названы не на трэцім, але на другім месцы, адразу ж пасля Леха“(250). Гэта магло быць выклікана і тым, „што ў перыяд афармлення польскай рэдакцыі легенды ідэі літоўскай дзяржаўна–палітычнай супольнасці прыхільнікі польскага боку мелі падставы супрацьпаставіць ідэю этнагенетычнай супольнасці палякаў і заходнерускага насельніцтва“ (251). А.Мыльнікаў таксама адзначае: наколькі складаным быў лёс усходнеславянскіх этнасаў у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, настолькі нетрывалым быў лёс выдуманага Руса — ужо ў ХVII ст. ён не згадваецца як брат Чэха і Леха, у ім папросту адпала неабходнасць. Аўтар прасочвае легенду пра Чэха, Леха і Руса ад першых кніг, дзе яна згадваецца („Чэшская хроніка“ Казьмы Пражскага, хроніка Даліміла, Вялікапольская хроніка), да інтэрпрэтацый ХVIII ст.

Пра існаванне славянскай суперэтнічнай супольнасці, на думку аўтара кнігі, сведчаць не толькі біблейскія і легендарныя продкі, але і паданне пра Грамату Аляксандра Македонскага. На сённяшні дзень, бадай, няма больш глыбокага аналізу этымалогіі і эвалюцыі гэтага помніка, чым у працы прафесара А.Мыльнікава. Ён адзначае, што „насуперак агульнаму меркаванню, гісторыя Граматы пачалася не з публікацыі яе чэшскага перакладу Гайкам і нават не з першага Венскага спісу 1516 ст., а значна раней. Гэта быў спіс у зборніку са збору Цэроні, які сёння захоўваецца ў Брненскім архіве“ і датуецца 1443 г. (на самай справе ён больш ранні) (49). А.Мыльнікаў аналізуе ўсе наяўныя заходнеславянскія спісы Граматы і яе ўсходнеславянскія адаптацыі дзеля высвятлення пытання — дзе, калі і з якой мэтай яна паўстала; вучоны прыходзіць да высновы, што яна „заключала ў сабе ідэю этнакультурнай і (што неабходна падкрэсліць) надканфесійнай супольнасці славянства; яна абвяшчала нібыта дараванае славянам права ўлады над іншымі народамі, якія сяліліся на падараваных землях, — але гэтым замацоўвала ідэю законнасці права саміх славян на незалежнае развіццё і на супраціўленне іншаэтнічнаму прыгнёту; яна ўсталёўвала этнагеаграфічныя межы ажыццяўлення гэтых правоў — але адначасова, хоць і ў вельмі агульным выглядзе, варыятыўна акрэслівала межы славянскага рассялення“ (93).

У раздзеле „Панарама славянскага свету“ паказана, як выпрацоўваліся ўяўленні пра этнічныя межы славянства, замацоўвалася разуменне яго не як дзяржаўнай, але этналінгвістычнай супольнасці.

Аўтар зазначыў, што „калі нейкай звышзадачай так званай Граматы Аляксандра Македонскага з’яўлялася спроба абгрунтаваць легітымнасць межаў славянскага рассялення (міфалагема прасторы), то легенда пра Чэха, Леха і Руса аказвалася адной з ілюзорных спосабаў трактоўкі абставін і ўсталявання „дакладнай“ даты этнічнай дыферэнцыяцыі першапачатковай славянскай супольнасці (міфалагема часу)“ (225).

Не выпадае наракаць, што вучоны не закрануў некаторых іншых праблемаў, таксама звязаных з паўставаннем панарамы славянскага свету. Асабліва гэта адчуваецца ў раздзеле „Этнічнае і канфесійнае“, дзе, на жаль, на с.122 з’явілася недарэчная памылка — Капіевіча звалі не Іван, а Ілля.

У цэлым кніга А.Мыльнікава — рэдкі прыклад грунтоўнага комплекснага даследавання славянскай праблематыкі на падставе вялізнага корпуса наратыўных крыніц (хоць усе іх ахапіць, вядома, немагчыма). Уражвае навуковая эрудыцыя аўтара, якую, зрэшты, ён дэманструе ва ўсіх сваіх працах. На сённяшні дзень гэта, відаць, адзінае даследаванне расійскага вучонага, дзе мы не сустракаемся з гіпербалізацыяй ролі расійскага этнасу ў славянскім этнагенэзе.

Горадня

Альбіна Семянчук


[1] Книжное обозрение. 1996. № 48. 3 дек.
[2] Leciejewicz L. Słowiańszczyzna zachodnia. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1976.
[3] Szymaсski W. Słowiańszczyzna wschodnia. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1973.
[4] Kurnatowska Z. Słowiańszczyzna południowa. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977.
[5] Zientara B. Świat narodów europejskich: Powstanie świadomości narodowej na obszarze Europy pokarolińskiej. Warszawa, 1985.
[6] Kłoczowski J. Europa słowiańska w XIV-XV wieku. Warszawa, 1984.
[7] Класічнымі сталі працы: Malecki A. Lechici w świetle historycznej krytyki. Lwów, 1897, Tymieniecki K. Polska legenda średniowieczna // „Przeszłość“, R.7: 1935, nr 4, Slaski K. Wątki historyczne w podaniach o początkach Polski. Poznań, 1968, Pomian K. Przeszłość jako przedmiot wiary. Historia i filozofia w myśli średniowiecza. Warszawa, 1968, Malicki J. Mity narodowe. Lechiada. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lódz, 1982, Banaszkiewicz J. Podanie o Piaście i Popielu. Studium porównawcze nad wczesnośredniowiecznymi tradycjami dynastycznymi. Warszawa, 1986 і інш.
[8] Ulewicz T. Świadomość słowiańska Jana Kochanowskiego. Z zagadnień psychiki polskiego renesansu. Kraków, 1948; яго ж. Sarmacja. Studium z problematyki słowiańskiej XV i XVI w. Kraków, 1950.
[9] Topolski J. Świat bez historii. Warszawa, 1972. S. 160-162.
[10] Kłoczowski J. Europa słowiańska… S. 285.
[11] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi. T. 1. Warszawa, 1846. S. 16.
[12] Тамсама. S. 19-20.

Наверх

Тэгі: , ,