Алесь Сімакоў. Беларусы і індзейцы: Другая сусветная вайна.
Іранічнае, “экзатычнае” вымярэнне вайны ўключае крыху маргінальны, але рэальны ўдзел у ёй прадстаўнікоў “еўрапейскай ультраперыферыі” на практыцы і больш істотна – у публіцыстычным, мастацкім дыяпазонах. Тэма гэтага артыкула ўзнікла як здрабненне перыядызацыі пры вывучэнні пяці стагоддзяў беларуска-індзейскіх сувязяў, часткі “беларуска-амерыканскіх (венесуэльскіх і г. д.) адносінаў”, з утварэннем трыяд кшталту “Беларусь – індзейцы – Германія (і інш.)”. Выбарка фактаў па перыядзе 1939–1945 г. дае магчымасць ацаніць, наколькі ваеннае напружанне стварыла “нагрузку” і на кантакты паміж практычна максімальна аддаленымі адзін ад аднаго народамі праз пасрэдніцтва Германіі (“беларуска-нямецка-індзейскія адносіны”) і іншых важных сусветных “гульцоў”.
Беларуска-індзейская кампаратывістыка як комплексная субдысцыпліна развіваецца з 1984 г., але, без уліку навукова-прапагандысцкіх намаганняў беларускіх індзеяністаў, мы не ведаем нікога, хто б актыўна выкарыстоўваў, спецыяльна для параўнання, адначасова факты гвалту еўрапейцаў за акіянам і немцаў, венграў ды іншых іх саюзнікаў, а таксама літоўцаў, латышоў, украінцаў (г. зн. уключаючы “міжплемянную вайну” паміж “індзейцамі”) у Беларусі. Найбліжэйшы – А. Адамовіч, які ў (анты)ваеннай серыі, выкарыстоўваючы як працы гуманістаў XVIII і XIX ст., у прыватнасці немца І. Гердэра, з яго прыкладам пра індзейскую “дзеву міру” [1], так і пасляваенныя, між іншым Б. Поршнева (пры гэтым Адамовіч спрабаваў растлумачыць “псіхоз разбягання па ўсёй планеце”, яшчэ ад першачалавека, не адным “калумбавым комплексам”, а “перадусведамленнем” усеагульнай адсутнасці забароны на забойства іншапляменнікаў; “комплекс” спрыяў і першаму засяленню Амерыкі: “два племені на адным кантыненце – і ўжо дыскамфорт!” [2]), стварыў своеасаблівы пласт [3], матываваны сувяззю “апошняя вайна – пагроза новых” [4]. А. і В. Брэскія, без належнага абгрунтавання, заяўляюць, што месца Польшчы, Венгрыі, Славакіі і Літвы як адпаведнай часткі дыскурсу “варварства – цывілізацыя” ў Еўропе часткова ўсвядомленае, а Беларусі, Украіны і Малдовы – не, пры гэтым заваяванне Амерыкі і Халакост – у пераліку ўжо “асвоеных” частак “еўрапейскай палітыкі” [5].
Распрацоўка тэмы “Беларусь – індзейцы – Другая сусветная вайна” не патрабуе вялікіх намаганняў у аргументацыі таго, хто “канкістадоры” ці “заваёўнікі Дзікага Захаду”, а хто “індзейцы”, хоць і назіраецца некаторая непаслядоўнасць бакоў ва ўжыванні тэрмінаў і паняццяў. На Захадзе выдадзена шмат прац пра ўдзел індзейцаў у вайне, якія могуць дазволіць знайсці прыклады прамога баявога беларуска-індзейскага супрацоўніцтва. Аднак мы канцэнтруемся пакуль пераважна на айчынным матэрыяле (бібліяграфічныя запісы ў заўвагах – выключна з Беларуска-індзейскай бібліяграфіі; БІБ), які можа пацвердзіць ідэалагічны антыкаланіяльны патэнцыял карэнных народаў, нягледзячы на ўніверсальнае распаўсюджанне калабарацыянізму.
Пры магчымасці пачаць кампанію па заваяванні кантынента Гебельс меў бы некаторы поспех сярод індзейцаў у прапагандзе ідэі іх вызвалення ад “горшага” тыпу еўрапейскага заняволення, чым нямецкае (метад, які ўжываўся ў дачыненні да поліэтнічнай “Расіі”, поўнай унутранага канфлікту), але мы не ўзяліся б прагназаваць маштаб калабарацыі. Т. Морган у “Армі хістары” (1995, № 35) сцвярджае, што нямецкія агенты пад выглядам антраполагаў спрабавалі весці падрыўную работу сярод індзейцаў, стараючыся сарваць прызыў іх у войска. У гэтым кірунку дзейнічаў Германа-амерыканскі саюз, адносна якога можна прыйсці да высновы, што ў “братэрства свастыкі” ён хацеў уцягнуць адначасова індзейцаў і беларусаў (у слуханнях 1940 г. па змяненні закона Уілера – Говарда ў Камітэце па справах індзейцаў прыводзіліся пункты з “канстытуцыі” гэтай арганізацыі, у якой “ужо” канстатаваўся супольны характар свастыкі як сімвала “прызнання абаронцаў арыйскага нацыяналізму супраць бальшавіцкай напасці ў Германіі, Вялікабрытаніі, Беларусі (White Russia), Нідэрландах, скандынаўскіх краінах, Канадзе і іншых”, незалежна ад формаў кіравання і рэлігій у іх [6]). Але ўжо ў пачатку 1940 г. было вядома, што наваха, апачы, папага і хопі адмовіліся ад ужывання сваёй традыцыйнай свастыкі як мастацкага дызайну [7].
Некалькі індзейскіх народаў, найбольш вядомых і без сусветнай вайны, выступаюць на пярэдні план як сімвалы. Першыя з іх – гэта “апошнія”, “апошнія з магікан”, якія з’яўляюцца ў мастацкіх інтэрпрэтацыях, “паэтычных” параўнаннях падзей 1939–1945 г., безумоўна, зніжаючы прадмет абмеркавання да менш сур’ёзнага, “дзіцячага” ўзроўню (“Чынгачгук і маршал Сакалоўскі” [8]). Названы ў п’есе “Тутэйшыя” “апошнім з роду магіканаў” нямецкі вайсковец не стаў апошнім на беларускай зямлі ў яго адвечнай місіі, і ў “гераічнай драме” У. Караткевіча “Млын на Сініх Вірах” ужо немец з наступнай вайны, Адлерберг, кажа: “О, апошні магікан. Сфатаграфуй яго, Ганс”.
Н. Гілевіч перадае ў паэме [9] атмасферу выжывання ў партызанскіх лясах: “А кніг я не чытаю, / I ў адзінаццаць год – / Ні Купера не знаю, / Ні Сойера прыгод”. Хтосьці за партай шукае на карце Мічыган. “Я ж сам хаджу па лесе / Апошнім з магікан. / Іх зараз хітры Купер / Праз багнішча вядзе. / Я ж сам ляжу між купін <…> / З трывогаю адной – / Каб людаед у касцы / Не вырас нада мной”. “Магікан”, універсальны, але нейтральны маральна эпітэт, адносілі і да тых, хто “збег” на Захад (вандроўнае “племя” “бебурнацаў” Л. Прокшы), і да савецкіх ветэранаў [10]. Нягледзячы на трагікамізм і прыналежнасць да міфа, ён па-свойму ўмацоўваў жыццёвы аптымізм (сапраўдныя магіканы працягвалі жыць і пасля Купера).
“Лясны дзікун” З. Астапенкі, які быў нібы з рамана капітана Майн Рыда, адлюстроўваў момант з’яўлення перад немцамі дэзерціра, сына кулака, “дзікунскае азлабленне” – гэтае двайное літаратурнае перакрыжаванне з паўсядзённай рэальнасцю вайны ўзнікла ў адным з самых моцных лірычных твораў пра яе непасрэдна ў час яе (“канчатковая” версія – 7.7.1944 г.). У дадаткова ўведзеных, верагодна, у сувязі з актывізацыяй за 10 гадоў руху і тэмы індзейцаў у СМІ, сцэнах п’есы [11] былога апалчэнца і “ваеннага” сцэнарыста В. Зуба дзеці “трэніруюцца”: “Каршуновы кіпцюр”, “Дзікі вяпрук” і Марат страляюць з лука… “Масток. Магчыма, той самы, каля якога трое сяброў у самым пачатку гулялі ў індзейцаў”. Тры мёртвыя партызаны і Марат, які прымае апошні бой. Але не столькі “індзейская літаратура”, колькі рэальная фенаменальная баяздольнасць, напрыклад, апачаў можа быць дастаткова сур’ёзным кампанентам курсу ваеннай падрыхтоўкі.
Цікавасць да індзейцаў у Германіі падтрымлівалі К. Май і заакіянскія вестэрны, але з адаптацыяй (гл., напр., раман пра Шцірліца “Бомба для старшыні”, дзе ўпамінаюцца ўступныя цітры да іх пра тое, «як янкі прыгнятаюць карэннае “арыйскае” насельніцтва Амерыкі»). У большай ступені, чым немцаў, індзейцы, не столькі сучаснікі-вайскоўцы, колькі гістарычныя, натхнялі, верагодна, амерыканцаў. Пра гэта сведчыць баявы кліч іх дэсантнікаў “Джэроніма!”. Але і гебельсаўская прапаганда “скідвала” або распаўсюджвала ў асобе “фюрэра Кёнігсберга” Вагнера заклікі да сваіх салдат змагацца, “як чырванаскурыя індзейцы” (Красная звезда, 10.4.1945 г.), з часцямі 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. А. Васільчанка агучвае дату (1 сакавіка), а таксама версію фармулёўкі ўключэння індзейцаў у прапаганду крайсляйтарам Кёнігсберга: “Барацьбу трэба весці хітра, як індзейцы. Для барацьбы з бальшавікамі добрыя ўсе сродкі”. Ён таксама ўскосна ўказвае на некаторы ўплыў не толькі індзейскіх, але і беларускіх партызан: «Падобныя партызанскія метады пачаліся, калі вермахт быў выбіты з тэрыторыі Беларусі і Францыі. Армейскія часці, якія абаранялі Паўночна-Заходнюю Германію, былі ў тэрміновым парадку навучаны тактыцы вядзення партызанскіх дзеянняў (“індзейскай вайны”)» [12].
Для ЗША вайна пачалася ў снежні 1941 г., але ў 1942 г. вайну Германіі і краінам “Восі” аб’явіла Ліга іракезаў. Назіральнікі, аднак, прыгадалі, што іракезы не заключылі мірны дагавор з Германіяй пасля аналагічнай ноты ў Першую сусветную. Дэзінфармацыя аб сенека сярод продкаў Чэрчыля паўтараецца па законах міфа [13], што дазваляе англічанам ганарыцца і гэтай сувяззю іх “правадыра” з іракезамі.
Статыстыка вар’іруе, але гавораць пра больш за мільён беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў войску і амаль 400 тыс. партызанаў, каля 44 тыс. “карэнных амерыканцаў” у войску ў канцы вайны [14] і больш за 3 тыс. карэнных у канадскай арміі (варта ўлічыць таксама андэрсаўцаў, тыл і індзейцаў у нацыянальнай гвардыі). Індзейцы найбольш праславілася як сувязісты, якія перадавалі паведамленні на родных мовах [15] (наваха, менш вядомы ўдзел чокта, каманчаў, кры і інш.) і паветраныя дэсантнікі (сярод якіх і апачы). Сярод найбольш славутых ветэранаў-індзейцаў – А. Хэйс [16] (піма, ЗША) і Т. Прынс [17] (аджыбва, Канада), не ў апошнюю чаргу дзякуючы іх сумнаму лёсу пасля вайны.
Індзейцам у час вайны прысвечаны абзац у артыкуле мінскага амерыканіста: служба ў арміі – мова наваха як код – купля акцый індзейскай абшчынай – перасяленне ў гарады – рэзервацыі пад вучэнні, вучэбныя бамбёжкі, лагеры для інтэрнаваных японцаў – фармаванне пратэставай меншасці сярод індзейцаў – “Федэральнае бюро па справах індзейцаў губляла кантроль над сітуацыяй” [18]. Такім чынам, вайна прынесла некаторую новую дынаміку ў жыццё індзейцаў. Мусіў актывізавацца і іх вобраз абрабаванага, падманутага і амаль знішчанага, але здольнага да барацьбы народа, які стаяў на шляху больш развітага і ўпэўненага ў сваёй расавай перавазе (квазі)еўрапейца.
Паводле Гебельса, вайна вялася не толькі “за хлеб”, але і за сыравіну – “за каўчук і жалеза”, у цэлым – за “жыццёвую прастору” і “першынство ў свеце”, што магло выклікаць асацыяцыі з заваяваннем, эксплуатацыяй рэсурсаў, асадніцтвам у Амерыцы і мусіла выкарыстоўвацца савецкімі прапагандыстамі, але гэта было палітычна немэтазгодна, бо вядучая краіна – ЗША – станавілася саюзнікам СССР і, акрамя таго, “Сталін даў многа мудрых парад людзям”, для якіх залатаносная Каліфорнія была на Байкале, Лене, і адна з іх: “Пачытайце Брэт Гарта” [19]. А. Шары (“Знак W”, 2007) лічыць, што запланаваны ў 30-я гады маскоўскі шматтамовы збор твораў Мая, відаць, рэалізаваць проста “не паспелі”. Пры гэтым СССР не павінен быў крыўдзіць гістарычнымі паралелямі, пасля аналагічнай практыкі пры збліжэнні з Германіяй, і іншых з патэнцыяльных памочнікаў, паколькі практычна ўсё краіны кантынента ў розны час аб’явілі сябе ў стане вайны з адной або ўсімі краінамі гітлераўскага блока (хоць калі Канада, Мексіка і Бразілія паслалі вайсковыя часці, то Аргенціна абмежавалася разрывам дыпадносінаў з Германіяй; у Балівіі “містык зямлі” У. Пальса і пасля вайны працягваў верыць у “зорку Гітлера”; у Гватэмале, далёкай ад актыўных падзей, у 1944 г. пачалася антыфеадальная рэвалюцыя [20]).
Дакор М. Мід – у 1955 г., калі і прапагандысты СССР вылучаліся неверагоднай рэзкасцю, у “антысавецкага дзеяча” А. Уайта (Я. Арцюка): «амерыканцы зусім адкрыта пішуць, што іх палітыка самазахавання заключаецца <…> у неабходнасці “здабыць прасторы, падобныя да шырокіх прастораў Новага свету, на якіх мы, амерыканцы, маглі б працягваць дзейнічаць <…> наш доўг біцца за права выканаць гэтую задачу без перашкоды: калі індзейцы i іншыя <…> перашкаджалі нам у справе, якую мы вырашылі ажыццявіць на <…> кантыненце, мы адштурхнулі іх без усякай сарамлівасці…” (Margaret Mead. “Foreign Affairs”, 1942)» [21].
Генеральны план “Ост” уключаў, сярод найважнейшых, і такія пункты, як каланізацыя, высяленне і анямечванне (аналаг амерыканізацыі-англізацыі, усё – формы еўрапеізацыі). У прапановах начальніка аддзела каланізацыі 1-га Галоўнага палітычнага ўпраўлення Міністэрства па справах акупаваных усходніх тэрыторый (аналаг Bureau of Indian Affairs, калі яно знаходзілася ў складзе ваеннага міністэрства) Ветцэля фігуравалі паняцці “найбольш бяскрыўдны і таму самы бяспечны… народ” (Гітлер таксама быў “лепшай думкі” пра беларусаў, чым пра ўкраінцаў, верагодна, з-за большай “арыйскасці” першых, хоць, як выявілася, у прасавецкай партызанцы яны бадай што абышлі ўкраінцаў, магчыма, аднак, больш з-за балотна-лясной дэтэрмінанты свайго краю, а не з-за фактараў галадамору і да т. п.) і “непажаданае ў расавых адносінах беларускае насельніцтва”. Паколькі з апошнім генеральнаму камісару (Commissioner of Indian Affairs) давядзецца яшчэ доўга мець справу, уяўлялася “крайне неабходным” выбраць з яго “беларусаў нардычнага тыпу” ў якасці рабочай сілы ў Германіі, а таксама прапанаваўшы ім, “у сваіх інтарэсах”, “лепшыя землі” (рэзервацыі?). Зыходзячы з “бяспечнасці” і найбольшай перспектыўнасці выкарыстання “ў сваіх інтарэсах” “з усіх народаў усходніх абласцей”, прапаноўвалася “высяленне” “па расавых меркаваннях” 75% беларусаў, якія нібы і так схільныя да змены месцаў, у Заходнюю Сібір, а найбольш “нардычных” – на Урал або Паўночны Каўказ (“якія часткова маглі б таксама быць рэзервовымі тэрыторыямі для еўрапейскай каланізацыі”). Амерыканскія палітыкі і генералы таксама ацэньвалі розныя плямёны як самыя горшыя ці найбольш прымальныя, па розных крытэрыях, і таму, але часам і без логікі, адны ішлі па “Дарозе слёз” у другую частку кантынента, а іншым пакідалі кавалкі зямлі ў месцах першых кантактаў, з перспектывай маруднай, але немінучай метысацыі. Ветцэль абдумваў для палякаў варыянт перасялення ў Паўднёвую Амерыку, які б закрануў і “касцельных”, якія, у дадатак да міжваенных, часам нямірных [22], уступілі б у кантакты з індзейцамі Бразіліі, Аргенціны і Парагвая.
Не менш важныя для кампаратывістыкі “Беларусь – індзейцы” “Застольныя размовы” Гітлера. Яны выйшлі асобнымі выданнямі на нямецкай (Г. Пікер, які і запісваў іх; першае выданне – 1951, да 1941–1942 г.; пазней дапоўнена больш познім перыядам, са шматлікімі ўзнаўленнямі), французскай (у апрацоўцы адваката і нацыянал-сацыяліста Ф. Гену), англійскай (Х. Трэвар-Ропер – з 1953 г.), рускай (пераклады версій Пікера, 1993; Трэвар-Ропера, 2004), польскай (“група” С. Дэйкалы) мовах [23]; яшчэ ў 1977 г. часткова, у часопіснай версіі, яны сталі даступныя на ўкраінскай. У цэлым, хоць абмежаваныя ў абарачэнні ў кніжным фармаце на частцы постсавецкай прасторы рашэннямі судоў, гэтыя тэксты працягваюць часта цытавацца ў іх “індзейскіх” месцах.
Гітлер выказаўся пра планы, палітыку і практыку на ўсходзе з ужываннем індзейскіх параўнанняў: 1) 17.10.1941 г., 2) 11.04.1942 г., 3) 8.8.1942 г., 4) 22.8.1942 г., 5) 30.8.1942 г., 6) 13.6.1943 г. Усе гэтыя месцы ў большай ці меншай ступені тычыліся Беларусі, хоць сама назва краіны ці народа не ўжывалася непасрэдна ў сказах, дзе былі прамыя ўказанні на індзейцаў. Тым не менш у сукупнасці яны дазваляюць уключыць усе кніжныя выданні “Застольных размоў” у БІБ. Паколькі гітлераўскія выказванні зроблены ў адносінах да народаў на ўсход ад Германіі так, што не зусім зразумела, што ён мае на ўвазе пад Расіяй і які народ канкрэтна (або больш) падпадае пад “індзейскую” палітыку Рэйха, то гэта можа быць пытаннем таксама для даследчыкаў расійска- і ўкраінска-індзейскіх сувязяў, і не толькі: у блізкім кантэксце ў “размовах” – і краіны Прыбалтыкі, і кіргізы, і, натуральна, яўрэі. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што яны адносяцца да ўсёй усходняй часткі СССР, але ёсць і прымяненне немцамі “заакіянскіх метадаў”, калі меркаваць па іх успрыманні некаторымі аўтарамі, нібы толькі ў адносінах да ўкраінцаў / Украіны і беларусаў / Беларусі [24] або нават у дачыненні да адной Украіны: П. Ярвстад (Ісландыя) у дыс. MA па гісторыі, травень 2017.
1) 17.10.1941 г. Пра абыходжанне з насельніцтвам як з індзейцамі – у меншай ці большай ступені – Беларусь, Украіна, Расія: Гітлер прапаноўвае германізаваць іх перасяленнем туды немцаў, а мясцовае насельніцтва разглядаць як індзейцаў (“die Ureinwohner als Indianer zu betrachten”). Л. Рэйн [25] узяў гэтае месца з кнігі, падрыхтаванай Ч. Мадайчыкам [26]. У папулярнай “кароткай гісторыі” вайны М. Лаянс каментуе: “Нацысты імкнуліся да гэтага падыходу не толькі ў адносінах да рускіх, але таксама і беларусаў, украінцаў і прынамсі некаторых жыхароў прыбалтыйскіх краін. Гэтая палітыка каштавала Германіі супрацоўніцтва гэтых народаў, асабліва ўкраінцаў, многія з якіх віталі немцаў як вызваліцеляў ад савецкай тыраніі” [27]. Тут жа прымыкае выказванне пра абрабаваных, г. зн. пазбаўленых зямлі, канадскіх індзейцаў, пра якіх Гітлер не думае, калі есць прадукты з канадскай пшаніцы [28]. “Абыякавы” падыход Гітлера характарызуе – справа толькі ў ступені – таксама Сталіна (што мог бы аспрэчыць [29] адзін з галоўных даследчыкаў партызанскага руху ў Беларусі, яго этнограф, і аўтар брашуры “Православной инициативы” “Парушэнне правоў чалавека ў ЗША”, 2000) ідэмакратычных лідараў свету, якія яўна або скрыта, але цынічна і “непрадбачліва” не лічыліся з “Native grassroots”.
Як адзін з сімвалаў абыходжання захопнікаў з насельніцтвам Хатынь параўноўвалі з індзейскімі паселішчамі, якія мелі той жа лёс як да, так і пасля Другой сусветнай вайны. Р. Гамзатаў у “паэме-вандраванні” “Востраў жанчын” (1981) пісаў, крытыкуючы Калумба, а таксама Картэса: “Скорбящие индейские селенья, / Предшественники Лидице, Хатыни, / Здесь кактусы торчат вокруг вигвамов, / Как ржавая колючка лагерей” [30]. Газета Мінскага ваеннапалітычнага вучылішча “Ленинец” апублікавала разважанне “Памяць пра Вундэд-Ні” (“Гістарычныя паралелі: Вундэд-Ні – Хатынь”, 17.1.1991). У святле ўдзелу ў знішчэнні Хатыні пераважна “іншых індзейцаў”, пра што стала вядома пазней, больш блізкім параўнаннем можа быць разня каля Кэмп-Гранта, калі 92 папага, што ў асноўным і забівалі, 6 амерыканцаў і 48 мексіканцаў пакінулі мёртвымі 144 апачаў аравайпа і піналь, з іх толькі 8 мужчын [31]. Тое, што “індзейцы” (украінцы і беларусы) узаемна забівалі адны адных, упісваецца ў карціну “індзейскіх войнаў” “да і пасля Калумба”.
Хатынь і індзейскія вёскі ў краінах, ахопленых грамадзянскай вайной, параўноўвалі ў розных частках планеты: выданне “ІСЛА” (Окленд, 1982) спаслалася на газету “Правда” ў выпадку з в. Эль-Масотэ, у якой больш за 700 ці 900 (сустракаецца ўдакладненне – “індзейскіх”) жыхароў і сялян з наваколля, што прыйшлі, як і ў Кэмп-Грант, у надзеі выратавацца ў час карнай аперацыі, былі забіты ў 1981 г. элітным батальёнам сальвадорскай арміі “Атлакатль” (параўнаў з Хатынню і А. Чалядзінскі [32]); адносна вёскі, знішчанай у 1982 г. у выніку напалмавай бамбардзіроўкі, мінскі лацінаамерыканіст сцвярджае, што параўнанне было зроблена самімі гватэмальцамі (магчыма, і па некаторым сугуччы назваў): «“Гватэмальскай Хатынню” называюць у краіне індзейскую вёску Хікін, дзе было спалена 350 жанчын, старых і дзяцей» [33]. Між тым, яшчэ адну “сугучную” назву – Катынь – не абмінуў у даследаванні “Осткрыг Гітлера і індзейскія войны” Э. Вестэрман.
2) 11.04.1942 г. Для артыкула Рэйна [34] выказванне Гітлера ў рэчышчы палітыкі “падзяляй і пануй” пра культы перакладзена на англійскую з рускага выдання кнігі Пікера (1993). Гітлера працытаваў заклапочаны новымі пагрозамі, а менавіта “каб зразумець сакрэт навалы сект на нашу рэспубліку”, М. Ляўчук: “Нашым інтарэсам адпавядала б такое становішча, пры якім кожная руская вёска мела б уласную секту, дзе развіваліся б асаблівыя ўяўленні пра Бога. Мы будзем вітаць, калі рускія, падобна да неграў і індзейцаў, стануць прыхільнікамі сект і магічных культаў, таму што тады рэзка ўзмоцняцца тэндэнцыі, якія раз’ядноўваюць рускіх” [35]. Тое ж у іншай версіі перакладу – тройчы ў даследчыцы царкоўнага калабарацыянізму з СШ № 33, а потым Гродзенскага ўніверсітэта [36]. Дзеячамі царквы, асабліва архіепіскапам, а пазней мітрапалітам Канстанцінам (Гаранавым; яго матэрыял “Патрыятычная дзейнасць Рускай Праваслаўнай Царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны” [37] ў розных публікацыях суправаджаў яго пры перамяшчэннях па службе), аўтарамі прац па царкоўнай гісторыі і публіцыстамі ў Беларусі [38] і за мяжой (гл. кн. “Вялікае адраджэнне: Руская царква пад нямецкай акупацыяй” В. Аляксеева і Ф. Стаўру, 1976 [39]) гэтае выказванне Гітлера актыўна выкарыстоўваецца; “сфера жорсткай канкурэнцыі” ўключае і дзяцей [40].
3) 8.8.1942 г. Заява тычыцца партызан. Барацьба супраць іх здаецца Гітлеру аналагам барацьбы з індзейцамі [41]. Хоць параўнанне “партызаны – індзейцы” адносіцца ў гэтым выпадку не толькі да беларускіх, вядома, наколькі была “партызанізавана” Беларусь у параўнанні з іншымі краінамі і рэспублікамі СССР. Ацаніць жа цалкам маштаб “індзеянізацыі” партызанскага руху ў Беларусі яшчэ не ўяўляецца магчымым. Былы камандзір атрада імя Чапаева 1-й Гомельскай брыгады В. Агаджанян пісаў: “Зрабілі з яловых галін навесы і канавязі для коней, кухні ў выглядзе індзейскіх вігвамаў” [42], у якіх гаспадарылі і партызанкі-яўрэйкі. У сваю чаргу супрацоўнік саветалагічнага інстытута капітан М. Галай, раней камандзір ахоўнага батальёна і камендант цэнтра падрыхтоўкі савецкіх афіцэраў-ваеннапалонных, паказаў чыгунку вачыма ўяўных “турыстаў”, калі б гэта дазволілі: “яны б вельмі здзівіліся таму, што ўбачылі з акна вагона цягніка. Яны б убачылі, што прыкладна на 300 ярдаў ад чыгуначнага палатна па абодвух баках высечаны лес і скошаны пасевы. Уздоўж чыгункі яны б убачылі дзіўныя пабудовы, што нагадваюць умацаванні, якія будаваліся амерыканцамі ў першы перыяд каланізацыі для абароны ад індзейцаў”.
“У 1943–1944 гг. была адна і тая ж карціна па ўсёй краіне, ад Брэста да Смаленска і Варонежа, ад Балтыйскага мора да Украіны” [43]. Некаторыя з індзейскіх войнаў па асобных параметрах больш збліжаюцца з “савецкімі”, напрыклад, другая семінольская: “па працягласці, жорсткасці, няроўнасці сіл, стратэгіі і тактыцы, а таксама па тым, што ў вайну было ўцягнута ўсё індзейскае насельніцтва, яна была больш падобная на сучасныя партызанскія войны, чым на іншыя войны, якія мелі месца на амерыканскіх межах”. Пры гэтым У. Стартэван (зб. “Паўночнаамерыканскія індзейцы”, 1978 [44]) выкарыстоўвае артыкул са зборніка выбранага (1962) з часопіса марской пяхоты ЗША, аўтар якога назваў сябе Эрнстам фон Дананьі і ў якім – прамая паралель: недальнабачнасць германскага генштаба (непадрыхтаванасць войскаў да барацьбы з партызанамі) ён параўноўвае з такой жа ў ваеннага камандавання прэзідэнтаў Джэксана і Ван Бюрэна ў вайне з семіноламі [45]. Час і загаловак выдання (“Партызан і як змагацца з ім”; артыкул Дананьі, у сваю чаргу, апублікаваны ў 1955 г., праз 3 гады пасля вызвалення з савецкага лагера) сведчыць пра тое, што гэты былы афіцэр нямецкай арміі, які нарадзіўся ў Кіеве ў нямецкай сям’іімеўвопыт, звязаны з савецкімі партызанамі, ускосна звязаны і з генацыдам індзейцаў на “палаючым кантыненце” – сіламі, падрыхтаванымі з дапамогай ЗША. Паколькі ён прысвяціў нямала месца раннім поспехам у будучым генерал-маёра войскаў СС Б. Камінскага, ураджэнца Полацкага павета “польскага” і нямецкага паходжання, які спачатку вызначыўся на Браншчыне, а скончыў кар’еру разнёй у варшаўскім раёне Ахота, то можна меркаваць пра месца, дзе быў і ён сам. У больш шырокім кантэксце гэты выпадак калабарацыянізму нагадвае пра прысутнасць у Фларыдзе ў час вайны з семіноламі капелана А. Расадоўскага, капітана А. Бяляцкага і першага сяржанта І. Хуткоўскага, паўстанцаў 1830–1831 г., звязаных паходжаннем з Беларуссю (апошні, якога называюць сваяком Касцюшкі, выйшаў у ганаровую адстаўку там жа, у Форт-Хайльман – Хей-, Хэй-, Хайл(е)ман, Heil(e)man).
4) 22.8.1942 г. Гэтая найменш вядомая развага тычыцца Картэса і мексіканскіх індзейцаў. Гітлер лічыць Картэса памяркоўным чалавекам, які не прынёс жорсткасць у Мексіку – яна ўжо была там; ён асуджае ахвярапрынашэнні, якія практыкаваліся “мексіканцамі”. Можна шукаць у гэтым падразумяванне Сталіна і яго чысткі“ахвярапрынашэнні”, а ў Картэсе бачыць Гітлера. Яго зварот да асобы Картэса, а не Калумба, натуральны: Калумб не меў такога прапагандысцкага значэння: немцы не “адкрывалі Амерыку”, напрыклад, у Беларусі, як гэта нават у гэтым жа выразе заяўлялася рускімі даследчыкамі беларускай адметнасці XIX ст.
Сучасныя трактоўкі ў межах паліткарэктнасці дапускаюць негатыўнае стаўленне не толькі да заваёўнікаў, але і да адкрывальнікаў Новага Свету. Палемічна завостраны ўжо загаловак артыкула ў “сярэднеэўрапэйскім культурным аглядзе”, прыклады крайніх поглядаў з якога: “У параўнаньні з Калюмбам Гітлер выглядае як непаўналетні правапарушальнік”; Калумб “пераўтвараецца зь вялікага заваёўніка ў генацыдальнага маньяка і папярэдніка Гітлера”, з’яўляючыся “архітэктарам палітыкі генацыду” [46]. Я. Еўтушэнка – вельмі рэзкі ў паэме “Фуку!” да абодвух: “ефрейтор, колумб геноцида, / блицкрига и газовых камер?”; “Может быть, / у Колумба украдена / вся идея напалма хитро?” [47].
Адрозніць добрае ад кепскага ў Калумбе і звязаным з ім “комплексе” частка аўтараў не можа. Так, савецкіх вызваліцеляў у Еўропе адзін называе Калумбамі, а ў другога “магікане” супрацьстаяць “людаедам”, а не цывілізаваным еўрапеізатарам (канібалізм “традыцыйна” лічыцца больш прывязаным да перыферыі цывілізацыі, але і ў 1984 г. у кнізе “Новае мысленне ў ядзерны век” канібальскімі называлі погляды Трумэна ў яго заяве пасля нападзення Германіі на Савецкі Саюз: “Калі мы ўбачым, што выйграе Германія, мы будзем дапамагаць Расіі, калі выйграваць будзе Расія, мы будзем дапамагаць Германіі. I няхай яны як мага больш забіваюць адзін аднаго” [48]).
1944 і 1945 гады, а не 1941–1943, нарадзілі ў беларускіх паэтаў П. Панчанкі і М. Танка асацыяцыі з адкрыццём Амерыкі. “Ідуць, як Калумбы, нязнанымі тропамі / На захад і чуюць праз дым яны крык – / Прыдушаным голасам просіць Еўропа іх / Адкрыць адзічэлы іх мацярык” (Панчанка П. Калумбы. 1944). У 2017 г. у касцёлах Польшчы з’явілася рэклама праекта “Рыцараў Калумба” – “Вызваленне кантынента: Іаан Павел II і падзенне камунізму” (філія “Рыцараў” ва Украіне арганізавала прэзентацыю ў Кіеве), правакацыйна выклікаючы асацыяцыю з індзейцамі, якіх у Еўропе замянялі камуністы.
Інакш “калумбіяда” праяўляецца ў Танка, які задумаў свой верш “Сон над Нёманам” [49] яшчэ да верасня 1944 г., скончыў жа 7 кастрычніка 1945 г. Ідэя яго, нягледзячы на асцярогу аўтара наконт магчымай крытыкі, была проста патрыятычная, а таксама антыэміграцыйная, і прырода таго, што “прысніў” на беразе Нёмана калега (яго ўяўнае падарожжа з Калумбам “у пошуках новай багатай зямлі”), не выклікае пярэчання і ў Панчанкі [50]: “Танк, як сапраўдны паэт, прымусіў па-новаму гучаць і старыя разуменні. Калі ўсе, хто прыехаў з Калумбам, разбрыліся па новай зямлі ў пошуках нажывы, забыўшыся на сваю радзіму, сіні прыбой прынёс паэту з бацькаўшчыны сасновую галіну”, і ён у чоўне вяртаецца.
5) 30.8.1942 г. Тут гаворка пра “першабытны” камунізм (Ur-Kommunismus), па якім Гітлер прапаноўвае правесці скразную зачыстку, што ўяўляецца яму “індзейскай вайной” (“Das wird ein richtiger Indianerkrieg werden”). У англійскай версіі вайна з індзейцамі заменена на “вайну з дзікунамі” і дададзена слова тэрарысты: “The struggle with the terrorists will be savage warfare in the real sense”.
6) 13.6.1943 г. Гэтае месца спалучае адчуванне амерыканцамі і немцамі “прасторы” і “экспансіі” і блізкую тым і другім “Indianerromantik”, прычым Май згадваецца тут Гітлерам як аўтар найбольш “жывога” яе ўвасаблення. З расійскіх аўтараў падрабязна разгледзеў уплыў Мая на Гітлера і іншых фашыстаў і паралелі паміж германскімі авантурамі на Усходзе і каланіялізмам па-за Еўропай Я. Якаўлеў [51]. Не поўным плагіятам быў матэрыял аглядальніка “Новага часу”, які даў яму эфектны загаловак [52].
У практычным плане аўтар “Вінету” з’яўляецца ў Беларусі ўжо ў канцы кастрычніка 1941 г.: генерал-маёру Нагелю, які прыбыў у Мінск з інспекцыяй, камандзір 707‑й ахоўнай дывізіі генерал фон Бехтальхайм і начальнік яго штаба падпалкоўнік фон дэр Остэн прапанавалі шэраг захадаў і заключэнне: “У якасці інструкцыі могуць быць выкарыстаны толькі Карл Май або Эдгар Уолес” [53].
Так яго цытуе з больш чым 1230-старонкавай кнігі К. Герлаха 1999 г. А. Ермакоў у сваёй 2009 г. (“Вермахт супраць яўрэяў: Вайна на знішчэнне”; тут ён дае і падрабязнасці, якія тычацца вызвалення тэрыторыі “Белай Рутэніі” ад палякаў і яўрэяў [54], метадам “Карла Мая”).
У “размове” ў ноч з 19 на 20 лютага 1942 г. Гітлер без прыцягнення непасрэдным чынам індзейскіх аргументаў прапанаваў не клапаціцца пра вакцынацыю і гігіену “рускіх”, але дазволіць на выбар усе гатункі алкаголю і тытунь. Гэта інтэрпрэтавалася як яшчэ адзін сродак, алкаголь – нават найважнейшы, з дапамогай якога вынішчалі індзейцаў, прычым больш познім эквівалентам Гітлера / індзейцаў [55] у фармуляванні прынцыпаў разлажэння савецкага народа праз алкагалізацыю і духоўную дэградацыю ў сувязі з вядомай “дырэктывай” называлі і Далеса / індзейцаў.
Выкрываючы ЦРУ, М. Якаўлеў цытаваў біёграфа Гітлера Дж. Толанда: “Гітлер сцвярджаў, што свае ідэі стварэння канцэнтрацыйных лагераў і мэтазгоднасці генацыду ён пачарпнуў з вывучэння гісторыі… ЗША. Ён захапляўся, што… у свой час на Дзікім Захадзе былі створаны лагеры для індзейцаў. Перад сваімі прыбліжанымі ён часта хваліў эфектыўнасць амерыканскай тэхнікі фізічнага вынішчэння – голадам і навязваннем барацьбы ва ўмовах няроўнасці сіл” [56]. Не зусім зразумела, адкуль Толанд узяў гэтую версію паходжання нямецкай сістэмы канцлагераў.
У. Чарчыл у сваёй “Хрэстаматыі” (2003) [57] раіць знайсці пацверджанне выказанаму Толандам у “Майн кампф”, але пакуль мы маем прынамсі два месцы, дзе Гітлер піша пра лёс арыйцаў у Амерыцы – у сувязі з розніцай паміж паўночнай і паўднёвай часткамі кантынента ў “ганьбе кровазмяшэння” з “больш нізкай расай” і пераходам да аселасці пасля таго, як удалося “расчысціць зямлю і падпарадкаваць сабе тубыльцаў”, але не бачым прамой сувязі з рэзервацыйнай сістэмай.
Тыпы “рэзервацый” класіфікаваны ў артыкуле “Рэзервацыі сумлення” ў бюлетэні “Amnesty Internatіonal у Беларусі” (Гомель, 2001, № 4). Погляд на рэзервацыі, што тым больш відаць па іх гарадской версіі – “гета”, як на тэрыторыі, якія функцыянуюць толькі з мэтай кантраляванага вымірання іх насельнікаў, пераглядаецца.
У рыторыцы першага перыяду “халоднай вайны” аўтар у “ЛіМе” абагульняе становішча ўсіх “каляровых” ЗША словам гета, і, паводле яго, пра такое шматмільённае гета марыў Гітлер [58]. На мяжы 90-х гета ў Беларусі пачалі вызначаць і як “рэзервацыі” для арганізаванага знішчэння яўрэяў. Менш вядома, што як гітлераўцамі, так і іх праціўнікамі на розных этапах прапаноўваліся праекты стварэння рэзервацый (ужываецца гэтае слова) менавіта для “захавання” яўрэяў – каля Любліна, на Урале, Алясцы, у Палесціне. Але нават на гістарычнай радзіме яўрэйскай “рэзервацыі” маглі адмовіць у карэннасці: М. Ваньковіч, белетрызуючы свае ўражанні 1941–1943 г., прызнаў яе за арабскім анклавам: “уехалі ў даліну Бейтшаан, якая яшчэ такая арабская, як рэзервацыі апачаў, што знікаюць у піянерстве Арызоны” [59].
Яўрэяў з гета нядаўняга абласнога цэнтра БССР “фельетаніст” “Atha” “Бяластокер цайтунг” у аглядзе спраў на рынках параўнаў з індзейцамі, прыніжаючы тых і другіх: «Konkludując autor przyczynku publicystycznego sprowadził nielegalny handel do “metod obrotnych Indian z płaskostopiem, pochodzących z getta” (Methoden geschäftstüchtiger Plattfußindianer aus dem Ghetto), których określił mianem “śmierdzącego motłochu” (dieses stinkige Gesindel)» (даследаванне М. Акуловіча «Грамадска-культурнае жыццё нямецкага насельніцтва: Беластоцкая акруга ў 1943–1944 г. у святле органа партыі НСДАП “Bialystoker Zeitung”» [60]).
“Ці знаходзіла палітыка антысемітызму, узведзеная ў фашысцкай Германіі ў ранг дзяржаўнай, падтрымку на акупаванай тэрыторыі Беларусі?” Частка адмоўнага адказу з кнігі “Гісторыя Беларусі: Пытанні і адказы” (1993, с. 171): “яўрэйскае насельніцтва, што апынулася на акупаванай тэрыторыі, гітлераўцы сагналі ў спецыяльныя рэзервацыі – гета, дзе планамерна і сістэматычна знішчалі. Тых, хто ўцёк, выратоўвалі толькі партызаны і жыхары рэспублікі”. У. Мехаву (1928–2017) гета таксама ўяўляліся рэзервацыямі (ЛіМ. 22.10.1993).
У адрозненне ад тэрміна “рэзервацыя” ў дачыненні да абарыгенаў тэрмін “генацыд” быў створаны значна пазней, “у 1943 ці 1944” г., юрыстам родам з Беларусі Р. Лемкіным – імя, якое не маглі абмінуць індзеяністы і даследчыкі каланіялізму [61]; тэме “Лемкін і індзейцы” прысвечаны асобны артыкул – “Рафаэль Лемкін як гісторык генацыду ў Амерыках” [62]; канцэпцыя, паводле памылковых уяўленняў, з’явілася ў сувязі Халакостам; насамрэч [63] яна распрацоўвалася Лемкіным, “летуценнікам” і “фанатыкам”, яшчэ ў 1920–1930-я г.; яго неапублікаваныя матэрыялы ўключаюць нататкі для агляду генацыду ў Лацінскай Амерыцы і асобных запланаваных раздзелаў па ацтэках, інках і Юкатану. І. Варабей і прадстаўнік індзейцаў удзельнічалі ў імпрэзе, прысвечанай штогадоваму “Тыдню супраць генацыду”, –“Канадцаўза Музей генацыду” [64]; праз два гады кааліцыя ўключала 47 “нацыянальных суполак сяброў”, з іх 7 украінскіх; у 2009 г. тэкст Лемкіна “Савецкі генацыд ва Украіне”, без індзейскай кампаратывістыкі, быў надрукаваны ў Кіеве на 28 мовах, выклікаўшы чарговы ўсплёск “вайны генацыдаў”.
У XXI ст. матыў двух генацыдаў – на ўсходзе Еўропы і за акіянам – ужо актыўна ўносіцца нават у загалоўкі. К. Кэкел і Вестэрман прысвяцілі паралелям “Дзікі Захад” – “Дзікі Усход” цэлыя кнігі [65]. Вестэрман – які ў сваёй згадвае даследаванне беларускага выкладчыка, выдадзенае на Захадзе (Grenkevich, 1999), што робіць і Б. Шэфард у кнізе “Вайна на Дзікім Усходзе: Германская армія і савецкія партызаны” (2004), – удакладняе ў (пад)загалоўках сваіх работ аб’ект аналізу: заваяванне і генацыд або вынішчэнне, іх ваенныя стратэгіі, працэсы.
“Істэрн” узнік як спроба знайсці ў Еўразіі “рамантыку”, падобную да вядомых у літ- і кінавестэрнах. Кіназнаўца ў раздзеле калектыўнай манаграфіі пра Вялікую Айчынную вайну не толькі абнародавала “Спіс Нячай”, які ўключае вынішчэнне “іўдзеяў, індзейцаў, неграў, армян, яўрэяў, цыганоў, палякаў, беларусаў, іншых груп насельніцтва і цэлых народаў”, але і перайшла ў свет фантазіі на “фабрыцы летуценняў”: «быў здзейснены генацыд індзейцаў, сагнаных у рэзервацыі, што біялагічна выміралі. Наступствы гэтага паказаны ў фільме Мілаша Формана “Палёт над гняздом зязюлі”» [66]. Індзейцы прысутнічаюць у карцінах “Пяскі Іваджымы” з Дж. Уэйнам і Хэйсам, “Тыя, што гавораць з ветрам” [67], “Бясслаўныя вырадкі”. Украінскімі кінематаграфістамі зняты фільм “Той, хто прайшоў скрозь агонь” – пра Героя Савецкага Саюза лётчыка І. Дацэнку, які паказаны ў другой частцы яго прыгод і як правадыр племені. Асобна ад “рэальнай”, а насамрэч фіктыўнай гісторыі, якая пакладзена ў аснову, ён мае права на мастацкае існаванне не толькі без маральнага асуджэння, але і як карысны крок у бок украінскаі агульнаславянска-індзейскага збліжэння.
Індзеец, дакладней метыс збег па дарозе ў Асвенцім, а потым партызаніў у раёне “Радама, Скаржыска-Каменнай, Пшысухі і Апочна” [68]. Сат-Ок і перад смерцю не абверг публічна “факт” таго, што ледзь не трапіў у канцлагер у гэтай якасці, што прэтэндавала б на двайны генацыд – як паляка і як індзейца – і што з літаратурнай містыфікацыі пераходзіць у разрад амаральнай хлусні. У Беларусі “польскі індзеец” – аб’ект асаблівай увагі А. Баркоўскага [69].
Спробу “індзейскай” містыфікацыі, якую можна разглядаць таксама як літаратурную, але ўжо без выратавальнай інтрыгі (перад пагрозай прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР беларусы ў заходняй зоне акупацыі “пачалі запісвацца палякамі, югаславамі, нават індзейцамі” [70]), зрабіў і К. Шэрман. Яго дзяцінства ў Аргенціне, якое прыпала на ваенныя гады, прайшло ў цікавасці да індзейцаў і нават некаторым кантакце з імі (твар першай настаўніцы апісвае як твар чаруа або Г. Містраль), але дзіўным выглядае сцверджанне, якое ў канцы жыцця набыло ўпэўнены характар, што ў жылах яго маці, уругвайкі, цякла індзейская кроў [71].
Маючы прыклады паводзінаў прадстаўнікоў розных этнасаў, якія хацелі быць індзейцамі або як індзейцы і пры гэтым ганарыліся “двайной” прыналежнасцю, неабходна пераканацца, ці можа народ, даўшы свету генерала Кастэра (немцы), згаданага, магчыма, і Гітлерам у адным з незапісаных маналогаў, і будучы двойчы або больш акупантам, па-сапраўднаму “братацца” з імі [72]. Амбіцыя беларусаў быць адным з вядучых праіндзейскіх народаў сустракаецца з асобнымі непрыемнымі фактамі (М. Іваноў, селянін з Гарадоцкага павета, адказны, у тройцы “дэсперада”, за грабеж, разбой і забойства правадыра тлінкітаў і яшчэ 11 чалавек), якія, аднак, у большасці не “афарбаваныя” ў нацыянальна-дзяржаўныя колеры.
Польшча з яе двайной геапалітычнай свядомасцю выступала і як ахвяра, і як драпежнік, выпрацаваўшы разам з “літоўскімі” “калабарантамі” феномен лісоўчыка“канкістадора” і польскі “францір”, які функцыянаваў як “крэсы” і ў Расійскай імперыі.
“Адсутнасць сапраўднага супраціўлення нарадзіла ў прадстаўнікоў імперый пачуццё ўласнай выключнасці, а таксама імкненне пашыраць свае тэрыторыі да бясконцасці”, і “жыхары Сібіры, індзейцы і індусы, качэўнікі” [73], за кошт каго гэта адбывалася, – частка бездухоўнай спадчыны, адносна якой і сярод расійскіх гісторыкаў знаходзяцца крытыкі (А. Грынёў і інш.): Руская Амерыка і яе адносіны з “карэннай” адзначаны і лакальным генацыдам алеутаў па эканамічных прычынах, элементамі экацыду, значнай дэмаралізацыяй і, нарэшце, “гандлем Радзімай”.
Больш падобныя да індзейцаў фізічна, свабодалюбствам і ваяўнічасцю яшчэ з запарожска-казацкіх часоў, украінцы тым не менш лепш упісаліся ў змаганне за “Новую Еўропу” і радзіму, свабодную ад “непажаданых” народаў, значна пагоршыўшы свае этнічныя стэрэатыпы ў Канаде і іншых краінах свету.
У кнізе “гісторыка, псеўдагісторыка” А. Буроўскага “Цяжар белых. Незвычайны расізм” (2011) агучана версія, што бацька містыфікатара Сат-Ока быў яўрэем з Радамышля. Верагодна, вайна, а таксама чытанне Шэрай Савы і спарадзілі ахоўна-творчую рэакцыю С. Суплатовіча. У кнізе ўспамінаў “Сустрэча на Эльбе”, рэдактарам-складальнікам якой з боку СССР быў С. Красільшчык, ураджэнец Людзяневічаў, журналіст у вайну, расказана пра палкоўніка Ф. Габрэскі, знакамітага аса, які, збіты каля Будапешта, трапіў у палон: “на зямлі натоўп сялян ледзь не лінчаваў яго, але іх важак раптам вырашыў, што ім папаўся індзеец. Нагледзеўшыся ў кіно амерыканскіх вестэрнаў, яны лічылі сябе роўнымі індзейцам у майстэрстве верхавой язды”. Сын яўрэяў з Польшчы “выдаваўсябе за індзейца наваха” [74], што, як і ў выпадку з Сат-Окам, відавочна, мусілі дазваляць асаблівасці твару.
Фізічны тып, “колеравая” ідэнтычнасць мелі значэнне ў “законе джунгляў”, як характарызаваў (на што звярнуў увагу Ю. Туронак у 1993 г.) Дж. Рэйтлінгер у 1960 г. “новую” сітуацыю ў Беларусі, прычым нават белы колер у назве краіны і яго дамінаванне на вернутым сцягу, верагодна, маглі даваць надзею на некаторую паблажку народу “Белай Русі”. Пры гэтым заклапочанасць, што назва, асабліва распаўсюджаны ў той час англійскі двухсэнсоўны варыянт “White Russia” (тым больш “White Russians”), складае праблему ва ўспрыманні краіны ў свеце, не кажучы аб індзейцах, узнікла толькі вясной 1945 г. у Сан-Францыска (ААН).
“Белая каманда” А. Буглая наўрад ці мела дадатковую расісцкую “падаплёку”, указваючы на колер маскхалатаў, якімі карысталася і, паводле розных версій: 1) пераапраналася, як у вядомай практыцы імітаваць індзейцаў для ўчынення злачынных нападаў, каб ілжыва ўказваць на дзеянні савецкіх дыверсантаў; 2) і / або выкарыстоўвала іх зімой з баявой неабходнасці; 3) адрознівалася ад іншых знішчальных каманд тым, што не чапала мірнае насельніцтва; 4) заслугоўвае ўсё ж назвы “зверская команда” [75]; 5) саманазва спачатку ўзнікла як назва буглаеўцаў мясцовымі. Яна, магчыма, спадабалася батальёну і сваёй “бінарнай” апазіцыяй “чырвонаму”, “чырвоным партызанам”, што адлюстроўвае старыя рахункі паміж “чырвонымі” і “белымі”, частка якіх караніцца ў ранняй гісторыі Амерыкі.
Расавыя ідэі сапраўдных, а не вымушаных фашыстаў у крайніх формах іх мясцовыя вольныя ці міжвольныя памагатыя, відаць, не падтрымлівалі, але пра экспансію белай расы ў Амерыцы пісалася ў кнізе Я. Найдзюка “Беларусь учора і сяньня”, выдадзенай “пад рэдакцыяй” Ё. Сівіцы, сілезскага немца, работніка аддзела культуры і палітыкі генеральнага камісара, якая адпавядала акупацыйнай палітыцы. Маючы сваю выдадзеную ў Вільні ў 1940 г. кнігу, Найдзюк вымучваў “апрацоўку яе новага варыянта”, паводле Ю. Туронка (2002), у 1941–1942 г., у выніку якой гэта стаў зусім “новы твор”. Ён друкаваўся ў газеце “Голас вёскі” ад пачатку 1942 г., кнігай у 1943 г. У 1993 г. нарыс выйшаў зноў у змененым выглядзе, з вернутым Грунвальдам, але і з абзацам, у якім гаварылася аб перавазе белай расы:
«Арыйцы, ці, як іх іначай завуць, індаэўрапэйцы, ад таго што жывуць яны галоўна ў Iндыі і Еўропе, так расьсяліліся, што занялі блізу ўсю Эўропу і вялікую частку Азіі, а пасьля перабраліся ў Амэрыку, Аўстралію, Афрыку і на розныя абтокі, падпарадкоўваючы сабе народы іншых расаў і выяўляючы гэтым сваю дужэйшасьць, трывалейшасьць і здальнейшасьць. <…> У процілегласьць арыйцам, народы іншых рас называюцца ў Iндыі “dasa” (нявольнікі, падданыя), або “anarya” – не арыйцы, не валадары» [76]. Гэта пераклікаецца з “Майн кампф” у тым, што Амерыку каланізавалі арыйцы, але не было выключана з “3-га выдання” разам з іншымі спрэчнымі месцамі.
Кастусь Езавітаў, разважаючы ў лісце з Рыгі ад 28 ліпеня 1943 г. да М. Абрамчыка пра “сярэдні высокамаральны склад” беларускага народа, які пазбавіў “нас ініцыятывы, рашучасці і энэргіі”, дзякуючы чаму “не пускаліся ў налёты, як нарманы”, пісаў: “Амэрыку адкрылі і заваявалі асобы, маральны ўзровень якіх ведамы з даволі кепскага боку”. “Сібір заваяваў бандыт Ермак Цімафеевіч, якога разумна накіраваў на працу купец-прамысловец Строганаў”. Выснова: “І зараз нам патрэбны людзі ініцыятывы, волі, спрыту, розуму”. “Моцныя людзі, якія нам якраз зараз патрэбны, часта-густа пераступаюць агульнавызначаныя нормы” [77].
Не дзіўна, што беларускія “DP” у Еўропе (пра гульні тут у партызанаў, з мініраваннем чыгункі, і “паліцыю”, якая нападае на іх, у супрацьстаянне паміж “індыянамі” і іх з белымі – А. Марговіч [78]) і за акіянам мелі схільнасць да стварэння скаўцкіх ці скаўтападобных арганізацый (піянеры[-героі], маючы тыя ж карані – уцягванне малалетніх у “пакарэнне” і да т. п., – дыстанцыяваліся ад каланіяльнай спадчыны).
Адам Мальдзіс успамінае пра арганізаваную з братам Яўгенам у в. Расолы супольную бібліятэку, у якой былі і “прыгодніцкія аповесці пра індзейцаў”. “За карыстанне бібліятэкай увялі невялікую плату – рубель у месяц” [79].
У красавіку 1945 г. салдат В. Лаўрыновіч сярод кніг у “жоўтых мяхах з чорнымі фашысцкімі арламі”, якія вывезлі з Дзяржбібліятэкі БССР і не паспелі размясціць на паліцах у імперскай, убачыў і “Сына вады” (па іроніі лёсу гэтую індзеянісцкую аповесць пераклалі ў ГДР [80]). Іх адправілі на радзіму [81], дзе “Апошні з магікан” 1940 г., якога М. Скобла (эл. п. 26.6.2014 г.) чытаў у сваёй вёсцы на Зэльвеншчыне, перажыў вайну ў нямногіх асобніках; яго меў і якутазнавец Баркоўскі.
Новая адміністрацыя, урэшце, магла замяніць Купера Маем, але перад тым паклапацілася пра даступнасць антысталінскай класікі. Ва ўспамінах “Расія ў канцлагеры” І. Саланевіча, выдадзеных у Рызе дзвюма кнігамі не пазней за 7 жніўня 1942 г. (дата, калі тры яго кнігі, выпушчаныя “Propaganda Abteilung Nord”, былі перададзены ў г. Сальцы камендатурай у бібліятэку) з загалоўкамі, запазычанымі з даваеннага нямецкага перакладу, г. зн. без двухсэнсоўнага слова канцлагер і без Расіі, мусілі быць некалькі выразных індзейскіх пасажаў: пра “чырвона-індзейскую вытрываласць”, нягледзячы на якую і разам з канваірамі, з-за недарэчных парадкаў, “уркі” ўсё ж прамярзалі; пра “індзейскае антраша – адгалоскі тых індзейскіх танцаў”, якія яго сын Юра выконваў у мінулым жыцці ў “асабліва ўрачыстых выпадках” – а нагодай цяпер стала павышаная пайка; нарэшце, “спартсменкурыльшчык” Іван, шмат пішучы пра курэнне ў лагеры, апісвае, як хлопцы, “нібы індзейцы люльку міру, цягнуць махорачныя казіныя ножкі, што па чарзе абыходзяць усю кампанію”. Бестселер Саланевіча, які, паводле Гебельса, зацікавіў і Гітлера, з’явіўся таксама, дапоўніўшы вялікі спіс моў, на ісландскай у Рэйк’явіку ў 1942 і 1945 г. [82]. Саланевіч лічыў (1941–1942), што немцамі “Расія…” “изъята по поводу моего шовинизма”, але гэта не стасуецца з тыражамі ў 200 тыс. кожнага рыжскага тома, нават калі рэальна меншымі, якіх хапіла чытачам з ліку остарбайтараў і іншым нават і на пэўны пасляваенны час.
У 1943 г. для фронта быў выдадзены, між іншым, раман Мая – лютэраніна, які схіліўся ў каталіцызм, – “Скарб Сярэбранага возера” з серыі, якая ілюстравала заўсёдную перамогу немца над індзейцамі і нягоднікамі з ліку белых. З кніг Мая для Вермахта выключаўся пацыфісцкі і рэлігійны змест, але ў іх заставалася спецыфічна зразуметая мараль. Нямецкі пісьменнік-антыфашыст каталік Р. Шнайдэр, творы якога – у процілегласць – былі забаронены і распаўсюджваліся таемна, у т. л. салдатам на фронт, у рамане пра Лас Касаса (1938) заклеймаваў (Ё. Лесер. “…Сімвалы злачынства”, 2010) Картэса, маючы на ўвазе нацыстаў, іх антысемітызм і стаўленне да славян.
Індзейскія матывы, “індзейская гульня” аб’ядналі людзей розных ідэалагічных кірункаў, што па-свойму характарызуе “міжплемянную вайну”. Вывучэнне дынамікі выкарыстання ідэолагамі прыкладу індзейцаў, асабліва як ахвяр агрэсіі з Еўропы, да і пасля пакта аб ненападзенні і ва ўмовах германскага ўварвання патрабуе прыцягнення звестак пра “знакавых” дзеячоў памежжа. В. Харужая, паводле ўспамінаў сястры, у дзяцінстве выяўляла цікавасць і спачуванне і да індзейцаў: “Іяна ўжо не чытае, а расказвае аб далейшым лёсе герояў. Расказвае жыва, вобразна, захапляльна, дапаўняючы змест раней прачытанымі кнігамі з жыцця народаў Афрыкі і Амерыкі” [83]. Калі верыць мастацкай біяграфіі [84], яна пад уплывам адпаведнага чытання забаўляла сясцёр “танцам дзікіх індзейцаў”.
М. Радзевіч у 1939 г. дачакалася 36-га тома свайго збору твораў і 3-га выдання “Фларыяна з Вялікай Глушы” [85] (дзеянне адбываецца на тэрыторыі, акупаванай немцамі, – польскі двор – ахова крэсаў ва ўмовах непрыхільнасці з боку беларусаў і літоўцаў – і матывы “індыйскага” / індзейскага танца, “прыкідвання індзейцамі”), “вітала” савецкіх вайскоўцаў, страціла маёнтак і вялікую бібліятэку, а памерла ў 1944 г. у яшчэ не вызваленай частцы Генерал-губернатарства. Раман “Трэціпол” Т. Даленгі Мастовіча быў перавыдадзены “каля 1945” ці ў 1946 г. (“3‑е выд.”) у Нью-Ёрку (“тутэйшасць” “індзейцаў, неграў, эскімосаў” і, адпаведна, жыхароў “крэсаў усходніх” [86]), а сам ён загінуў пры нявысветленых акалічнасцях, змагаючыся, у чыне капітана, у абарончай вайне 1939 г. Гісторык Монтэ-Касіна Ваньковіч яшчэ перад уварваннем немцаў сапсаваў адносіны з іх прапагандай, напісаўшы кнігу пра Мазуры (1934), дзе сустрэў “недабіткаў, гэтых іракезаў, якія ўпіраюцца насіць арлінае пер’е”, і зрабіў аналогіі з “пераможцамі ацтэкаў” [87]. У пасляваеннай кнізе, прысвечанай гісторыі Памор’я, ён разважае пра “акрэсленую натуральную прастору”, якая патрабуецца “кожнаму стварэнню”: белых задавальняла меншая тэрыторыя, чым індзейцаў ЗША, якія гінулі пад націскам, “калі ім ужо не стала чатырох міль на чалавека” [88], даючы і статыстыку шчыльнасці насельніцтва, у т. л. у Польшчы, абедзвюх частках Германіі і СССР.
Ураджэнка Кадзьяка К. Грэй выканала ролю Роз-Мары ў аперэце Р. Фрымля, адзін з цэнтральных матываў якой – “індзейскі любоўны заклік”; сюжэт заснаваны на забойстве індзейца і падазрэнні, што яго ўчыніў галоўны герой (насамрэч жонка-метыска, па арыгінальным лібрэта – Ванда). У “Роз-Мары” яна выступала ўВільні (тэатр “Лютня”, сезон 1938/39 [89]) і Варшаве (ужо ў ролі Джэйн [90] / Івоны; прэм’ера 13.1.1944 г., Тэатр размаітасці “Яр”; у рэцэнзіі на пераробку – дзеянне перанесена з Канады канца XIX ст. у сучасную Арызону, з захаваннем матыву золаташукальніцтва і са з’яўленнем шэрыфа Пісара і іншых лацінасаў, – на ламанай “індзейскай” мове пахвалілі і “літаратурнага кіраўніка” [91] “Яра”, неўзабаве забітага за сувязь з гестапа). Яшчэ 5 верасня яна выходзіла на сцэну ў Вільні і збіралася застацца там да хуткага заканчэння вайны, але нарачоны пераканаў яе ехаць да бацькоў. “Гарэў ужо Беласток, гарэла Гродна”. Выехала апошнім цягніком: “Заліваючыся слязамі, ехала нейкай кружной дарогай праз Маладзечна, Навагрудак, Ковель, Хэлм”, пакуль не дабралася да бацькоўскага “маёнтка” [92]. У ім 4 мая 1945 г. былога аляскінскага місіянера В. Мартыша, жонку якога і сваю маці Вольгу, народжаную Новік, Ксенія называе “дачкой заможных грамадзян Навагрудка” [93], забілі “камбатанты”. Дакумент – перакладзены на рускую рапарт аб “экзекуцыі” – сведчыць аб адказнасці Нацыянальных узброеных сіл (NSZ) за смерць былога галоўнага праваслаўнага капелана Войска Польскага, і ні арганізацыя, ні асобныя яе члены дагэтуль не асуджаны кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі за гэтую расправу над адстаўным палкоўнікам II Рэчы Паспалітай, якую прасцей за ўсё растлумачыць польскім варыянтам “закону джунгляў”. Пры гэтым не было Ксеніі, якая пазней з меркаванняў пэўнай сваёй або кан’юнктурнай “праўды” прыпісала забойства, якое суправаджалася нават і не зусім характэрнымі для палякаў катаваннямі, украінскім нацыяналістам [94], але была яе сястра Алена з дачкой Ірэнай, якая даведалася пра сапраўдных спраўцаў у выніку архіўных росшукаў ужо сваёй дачкі Катажыны. “Індзейскае” кола гэтай гісторыі замкнулася, калі ў 2003 г. айцец Васіль быў прызнаны cвяшчэннамучанікам, пасля чаго яго імя стала часцей успамінацца і вернікамі з ліку карэнных на Алясцы.
Палёты І. Мазурука па трасе Алсіб, якой ён першым камандаваў і якую скарыстаў і пасол А. Грамыка, значаць непазбежныя “беларуска-індзейскія” кантакты. Жыхары Фэрбанкса, сярод якіх было нямала аўтахтонаў, “захапляліся прыгожымі групавымі палётамі савецкіх лётчыкаў” [95]. Мазурук пісаў пра добрыя чалавечыя адносіны з персаналам, з якім яны супрацоўнічалі на Алясцы. Ён прызямляўся ў многіх месцах і пралятаў над вялікімі абшарамі кантынента, у т. л. над Амазонкай, таму, несумненна, назіраў на ўласныя вочы многія індзейскія рэаліі. Кіраўнік “Амторга” К. Лукашоў стаў намеснікам старшыні закупачнай камісіі па ленд-лізе ў Вашынгтоне, дзякуючы чаму яго сын даведаўся, што такое “індзейскае лета” (у публікацыі – “индийское”) у час вайны [96]. Канферэнцыя ААН, скліканая ў Сан-Францыска яшчэ да “Victory in Europe Day”, спрыяла ўзбагачэнню беларускай літаратуры кароткім эпізодам у апавяданні, але з уласных назіранняў жыцця ў рэзервацыі пісьменнікам [97]; наведванне яе ў канцы траўня як частка паездкі ў Ёсеміцкі парк, акрамя “Чорнай плямы” і нарыса М. Лынькова, адлюстравана і ў мемуарах кіраўніка дэлегацыі, якія дапоўнілі непрывабную карціну [98]. Туды і назад беларуская дэлегацыя лятала праз Аляску, з магчымасцю азнаёміцца з Фэрбанксам і Эдмантанам.
Член заканадаўчай асамблеі Манітобы, ураджэнец Магілёўскай губерні (Гомель, “каля Гомеля”, Гарадзец) М. Грэй (Грай, Гурар’е) патрабаваў ад урада вывучыць стан здароўя насельніцтва, ступень недастатковасці ў харчаванні i іншыя аспекты выкліканага дэпрэсіяй пагаршэння медыцынскіх паказчыкаў, якія выявіліся ў час абследавання прызыўнікоў. Агляд мусіў уключыць, у прыватнасці, “здароўе гарадскіх індзейцаў і метысаў” і “найлепшыя шляхі, каб аблегчыць субстандартныя жыццёвыя абставіны многіх манітобцаў, уключаючы жыхароў рэзервацый (those on Reserves)”. У 1942 г. ён выступаў за выбарчыя правы для індзейцаў: “Тысячы людзей, што не нарадзіліся ў Канадзе, заслужылі права голасу праз працэс натуралізацыі, у той час як сапраўдныя карэнныя жыхары гэтай краіны, правінцыі i горада ўсё яшчэ чакаюць права голасу” [99].
Гісторыя салідарнасці з індзейцамі этнічных беларусаў з катэгорыі тых, хто выехаў перад прыходам савецкіх войскаў, крайне скупая на факты, але яны ўнеслі ўклад у беларуска-індзейскія сувязі ў галінах медыцыны, адукацыі і мастацтва. “Індзейская” сцежка многіх з іх пачыналася ў лагерах для перамешчаных асоб, а працягвалася для некаторых шлюбам з індыянкай [100], працай і нараджэннем дзіцяці ў рэзервацыі, купляй зямлі, што мяжуе з індзейскай. З мастакоў, якіх натхнілі індзейцы, найбольш вядомыя Г. Русак, Т. Стагановіч, І. Рагалевіч-Дутко і, бліжэй за іншых да ваеннай тэмы, М. Пашкевіч [101] з яго “Атакуючым індзейцам”.
Аб “няўлоўнай” прысутнасці індзейцаў у кантэксце ўдзелу Беларусі ў вайне сведчыць адзіная краязнаўчаіндзеянісцкая згадка – каманды “Вашынгтон рэдскінс” – у вядомай кнізе Дж. Лофтуса [102]: Дж. Тайсман, з аўстрыйскімі каранямі, мог быць неабыякавым да рысаў, якія дадавалі беларускія калабаранты іміджу мястэчка Саўт-Рывер, у якім ён вырас і дзе жыў, у прыватнасці, маёр Буглай, і якія цікавілі амерыканцаў менш, чым “расізм” у назве каманды. У 1991 г. ветэран “нацыянальных” падполля і партызанкі В. Вір абурыўся, што нібыта ў “7 дней” іх “Беларускую Народную Грамаду” назвалі “Беліндзейскай Грамадой” [103].
Менгеле, які катаваў у Асвенціме і беларусаў, стаў “урадавым саветнікам па пытаннях індзейцаў” у Парагваі пры дыктатары Стрэснеры, сыне немца і жанчыны з criollo / гуарані: “Індзейцаў забіваюць або ў лепшым выпадку асуджаюць на катаржныя работы. Гэтыя метады падобныя на метады нацысцкіх канцлагераў”, паведамляў часопіс “Тайм” [104]. Пра перанос нямецка-нацысцкіх метадаў у фантастычную індзейскую краіну – у аповесці А. Якімовіча [105]. Пра выкраданне ў Аргенціне Эйхмана – ва ўспамінах І. Харэля [106].
Ураджэнец Украіны А. Сільвашка пераехаў у Беларусь ужо як фотазорка вайны дзякуючы здымку з лейтэнантам У. Робертсанам, які стаў сімвалізаваць сустрэчу на Эльбе. Менш вядома пра абмен падарункамі – індзейскім амулетам, які перад тым дапамагаў амерыканцам, і люлькай з савецкага боку – і пра ўласна беларускіх удзельнікаў сустрэчы. Сільвашка, які паўторна сустракаўся з “янкі”, прыгадвае выпадак, калі ён бачыў у амерыканскім аэрапорце індзейскага ветэрана вайны (ліст аўтару ад 12.3.1988 г. у архіве Беларуска-індзейскага таварыства).
Праз Беларусь прайшлі ваенныя шляхі многіх значных асоб у адносінах з краінамі Заходняга паўшар’я, даследчыкаў яго. Б. Стрэльнікаў (“Хто страляў у шэрыфа?”, дзе і пра Сільвашку) памёр праязджаючы праз яе ж у 1980 г. Герой Савецкага Саюза В. Вольскі, ураджэнец гомельска-бранскага пагранічча, стаў дырэктарам Інстытута Лацінскай Амерыкі АН СССР. Гэтае званне было нададзена танкісту-беларусу В. Марцехаву, які нарадзіўся на рудніку ў Агаё. У партызанах былі: этнограф і рэлігіязнавец акадэмік М. Нікольскі, баявы плакатыст і пазней ілюстратар “Сына вады” асецінска-польска-нямецка-руска-ўкраінскага паходжання М. Гуціеў, 12-гадовы будучы журналіст-міжнароднік, аўтар работ пра ФБР і ЦРУ А. Падабед.
Індзеяніст з МАЭ С. Ратнер-Штэрнберг, якая рыхтавала зборнік і канферэнцыю, прысвечаную 450-годдзю адкрыцця Амерыкі, запланаваную на кастрычнік 1942 г., зімой цяжка хварэла. “Не жадаючы прычыняць турбот” калегам, з якімі жыла ў сутарэнным пакоі музея, падпаліла сябе [107]. І. Крачкоўскі, пішучы працу “Арабская геаграфічная літаратура” і характарызуючы адзін з “тыповых для эпохі каланіяльнага занявольвання і эксплуатацыі мясцовых жыхароў” помнік, указвае менавіта на “тыповую” манеру выкладання фактаў у ім: “Зусім спакойна, без якога б там ні было ўсведамлення ўсяго жаху таго, што адбываецца. Але ў гэтым і ляжыць яго асноўнае значэнне, як важнай крыніцы для гісторыі і геаграфіі ўсёй гэтай эпохі”. Тым не менш на ўспрыманне ўсходазнаўцам падарожжа араба ў Амерыцы наклаў адбітак і ваенны час: “чытаецца яно месцамі з цяжкім пачуццём” [108]. Ён працуе над гэтым раздзелам ва ўмовах блакады Ленінграда, цяжка хворы, лежачы ў ложку – у траўні 1942 г. Праз пэўны час пасол СССР урачыста ўручыць [109] партытуру Сімфоніі № 7 Дз. Шастаковіча кампазітару К. Чавесу (маці – “напалову індыянка”), вядомаму сваёй “Індзейскай сімфоніяй”. 10 верасня 1942 г. Чавес дырыжыраваў на прэм’еры ў Мексіцы “Ленінградскай” сімфоніі, а 26 траўня 1944 г. – і Сімфоніі № 8 [110].
Да вайны разведчык у Мексіцы і ЗША, а пасля яе – аўтар аповесцяў “Жыццё ў растэрміноўку (Мексіканскія сцэны)” і “Хуан Меркада – мсцівец з Тэхаса” А. Карабіцын (сапраўднае – Кантар, ураджэнец Ла-Рыёха ў Аргенціне) быў закінуты на Чачэршчыну з разведвальна-дыверсійнай мэтай. “Франтавік-разведчык” Астапенка перад знікненнем у 1944 г. у Славакіі, куды быў скінуты з самалёта, пакінуў, паводле Б. Сачанкі, М. Танку ў Маскве на захаванне і паэму “Эдэм”: “З густых кустоўвылазячы паволі / Ішоў Дзікун, абдзёрты і паўголы, / Трымаючы з анучкі белы сцяг”… “Лясны дзікун з Майн-Рыдава рамана”. В. Жыбуль (эл. п. 10.10.2017 г.) мяркуе, што згадка Майн Рыда, найбольш верагодна, звязаная з яго раманам пра перуанскую сям’ю ў Амазоніі “Выгнаннікі ў лесе”.
Адным з адчувальных вынікаў вайны было ўключэнне яе ў лік дзіцячых гульняў і папулярнага чытання. Пляменнік Карабіцына У. Кантар сведчыць пра магчымасць уяўляць сябе “то індзейцам, то каўбоем, то храбрым партызанам ці падпольшчыкам, які хаваецца ад гестапа”, дадаючы: як гэта было ў «любімай кнізе дзяцінства “Партызанскі край”» (В. Лівенцава) [111]. Пра набор, які атрымліваўся, – і беларускі пісьменнік: “гуляў у вайну… чытаў адпаведныя кніжкі – пра бураў, што змагаліся за незалежнасць, пра індзейцаў, сярэднявечных рыцараў і мушкецёраў, пра беларускіх ды італьянскіх партызанаў” [112]. Але другі “заходнік”, У. Клімовіч, які пераехаў у Мексіку, успамінаў пра сваю вёску інакш: “Ня ў немцаў і партызанаў, а ў індзейцаў. У нашай вёсцы была папулярная менавіта гульня ў індзейцаў” [113].
У БІБ Герой Савецкага Саюза К. Міхаленка адзначаны ў групе аўтараў, што пісалі пра гульню ў індзейцаў: “Над пагоркам з ровам пралятаюць бамбардзіроўшчыкі” ВПС ЗША, хлапчукі з пер’ем у валасах “сцішыліся раптам, уселіся чародкай і зусім па-даросламу глядзяць маўкліва на аэрадром” каля Афін [114]. У вайну ён лятаў на біплане По-2, але павінен быў ведаць, якім стандартным кодам называюцца ў Люфтвафэ знішчальнікі праціўніка (такім чынам, у небе Беларусі слова Indianer гучала больш упарадкавана, чым на зямлі).
Прыклад таго, як слова индейцы гучала ў час вайны на Балканах, дае дзеяч кадэцкага руху І. Андрушкевіч (нар. 1927) з Буэнас-Айрэса (эл. п. 27.10.2017 г.): «Міхаіл Лермантаў у сваіх мемуарах (толькі першая частка была апублікавана ў “Кадетской Перекличке” № 80) апісвае, як група маладых рускіх паступіла ў Рускі Ахоўны Корпус у Бялградзе, у час вайны. Яны накінуліся на аднаго з іх, у грубай салдацкай гульні “мала куча”, якая была забаронена. Увайшоў афіцэр. Каманда “смірна”. Пытанне: “Што вы тут вытвараеце?” Адзін хітрун хутка знайшоўся: “Гуляем у індзейцаў”. Гэта не было забаронена. Працягвайце. З той пары гэтую роту ўсе называлі індзейцамі. У барацьбе з кампартызанамі на граніцы з Харватыяй яны нават вывесілі перад сваёй спальняй шыльду: “Індзейцы”. Нямецкі генерал, што праязджаў, жахнуўся, але яму ўсе растлумачылі, што сярод іх няма ніводнага індзейца, і ён супакоіўся». Далей Андрушкевіч сцвярджае, што сярод тых, хто “гуляў у індзейцаў”, а іх ён амаль усіх ведаў, не было ніводнага беларуса ці ўкраінца. І хоць ён з прычыны выхавання адмаўляецца ад важнасці і сваіх уласных беларускіх каранёў, яго сведчанне аб “3-й юнкерскай (індзейскай) роце” – частка нашай “індзейскай пераклічкі”.
У 1940 г. у Сербіі нарадзіўся Г. Міціч і памёр св. Севасціян (Дабавіч), таксама істотна звязаны індзейцамі – Аляскі. Ён згадваўся ў “Юбілейным зборніку ў памяць 150-годдзя Рускай Праваслаўнай Царквы ў Паўночнай Амерыцы” (ч. 1. Нью-Ёрк, 1944) разам з М. Грынкевічам, настаўнікам, як і Дабавіч, але геаграфіі ў царкоўнай школе Сан-Францыска, дзе іх вучнямі былі браты Васіль, Мікалай і Раман Мартышы і святар з карэнных аляскінцаў Р. Качаргін, які перажыў пагрозу з боку японцаў іх рэальным уварваннем на Алеуты, а таксама законанастаўнікам ташкенцкіх кадэтаў – ветэранаў, як і іншы іх педагог, капітан Я. Трусаў (пам. 1942, Бела-Црква), некалькіх войнаў. Рускі загранічны гістарычны архіў у Празе, у якім захоўваліся важныя дакументы па гісторыі беларуска-індзейскіх, асабліва -(карэнна)-аляскінскіх сувязяў, уключаючы сан-францыскі эпізод (Грынкевічаўскі даследчы і перакладчыцкі праект “Пра школу” / Сусветнае Руселеўскае таварыства), паспяхова перажыў вайну і ў 1945 г. быў перавезены ў Маскву, дзе стаў часткай ЦДАКР.
Прыкладам паралелізму служаць “Дазорца маяка” Г. Сянкевіча, выдадзены Польскім саюзам прымусовай эміграцыі ў Гановеры ў 1945 г. [115], і “Сон над Нёманам” (пераклад, які з’явіўся ў зб. “Антологія білоруської поезії”, 1971, зрабіў ветэран АУН-УПА Д. Паламарчук у лагеры, дзе знаходзіўся да 1954 г.). Вывучэнню падлягае логіка выданняў, напрыклад, брашуры пра ролю працы ў працэсе антрапагенезу ў 1941 і 1945 г., як быццам з мэтай паказаць, што гэты працэс не скончыўся і ў выніку ратнай працы [116]. Расійская праграма алічбоўкі кніг 1941–1945 г. уключыла і кнігу Ю. Аверкіевай пра рабства ў індзейцаў [117], загаловак якой дэмаралізуе, а не мабілізуе. Калі разглядаць палітыку кнігавыдання ў гады вайны як разлічаную на мабілізацыю духоўных і фізічных сіл, то баявы дух палякаў уздымалі “Гражына. Конрад Валенрод” (у празаічных “тлумачэннях” паэта ў другім творы – параўнанне прадчування “страшнай хваробы” і з’яўлення іспанцаў) – выданне Саюза польскіх патрыётаў у СССР [118] і кніга “Касцюшка ў амерыканскай рэвалюцыі”, выдадзеная ў Нью-Ёрку [119]), а ўсходніх славян – “Без языка” (“індзейскі ўдар” украінца, прататыпам якога быў беларус, у рускага пісьменніка, які паходзіў з украінскіх казакоў і польскай шляхты) [120].
Вобраз індзейцаў пераважае ў гэтым даследаванні над іх рэальнай прысутнасцю побач з беларусамі і ўраджэнцамі Беларусі, але яно паказвае магутнае дзеянне “індзейскага рухавіка” прынамсі ў ідэалагічнай сферы, у перайманні іх нематэрыяльнай спадчыны ў выглядзе вопыту, хоць і супярэчлівага. Гэта асабліва добра відаць на прыкладзе арыенціроўкі 1942 г. камандуючага тылавымі часцямі ва Украіне пра барацьбу з партызанскімі разведчыкамі: тут ён, бачачы або не ў дзеяннях партызан “індзейскае”, заклікае мець у знішчальных камандах людзей, “узброеных індзейскім чуццём” (зб. “Органы дзяржаўнай бяспекі СССР у Вялікай Айчыннай вайне” [121]), з відавочным разлікам і на выканаўцаў тыпу Шухевіча. Уплыў беларускага боку, уключаючы дыяспару, на індзейцаў і іх становішча адбываўся ў іх краінах, уцягнутых у вайну дыстанцыйна, і датычыўся як ваенных намаганняў, так і жыцця, мала з імі звязанага. Падрабязнае яго апісанне складае асобную значную частку тэмы, у якой немалое месца займае вобраз Беларусі ў выпрабаваннях, тэарэтычна і ў канкрэтных прыкладах даступны індзейцам праз магчымыя каналы.
Без грунтоўнага вывучэння ацэнак самімі індзейцамі падзей у Беларусі і вакол яе гіпотэзы аб магчымым збліжэнні або аддаленні іх і беларусаў не могуць быць цалкам пацверджаны, але выкладзены матэрыял сведчыць: (у галіне сімволікі) свастыка “збліжала”, да пары, але белы колер, “тапанімічна”, “антрапалагічна” і “палітычна”, быў і застаўся праблематычным; (у галіне ідэй, планавання) засяленне лебенсраўм каланістамі, стварэнне “своеасаблівых” рэзерватаў, перасяленне тутэйшых, некаторая рэвіталізацыя, але ў перспектыве – дэнацыяналізацыя, асіміляцыя нявыселеных, прымяненне “амерыканскіх” метадаў, найперш вайны з індзейцамі, трактоўка “непаўнацэннага” насельніцтва як індзейцаў, экстэрмінацыя, зусім бязлітасна – прыхільнікаў радыкальнага калектывізму і яўрэяў (пытанне кваліфікавання людабойствам, акрамя Шоа і знішчэння ромаў, дыскусійнае), раз’яднанне праз наяўнасць мноства дэнамінацый, з разлікам на дэструктывізм “бажкоў”, апраўданне заваявання жорсткасцю сярод саміх абарыгенаў або іх вярхоў (ацтэкі) – усё гэта адназначна збліжае беларусаў і іх суседзяў, з агаворкамі наконт “каланізацыйна-пацыфікацыйнай” амбівалентнасці ўсіх, з індзейцамі. Некаторыя цэнтральныя канцэпцыі рэалізоўваліся ў інструкцыях на месцах (Май і антыпартызанскія рэкамендацыі, на заключных этапах вайны – “індзейска-партызанская” наадварот). “Прыўнесеныя” індзейскія і каляіндзейскія рэаліі (пасляваенныя асацыяцыі ў партызана-армяніна і ўласаўца, паэтычныя “магікане”) дапамагаюць псіхалагічна адаптавацца да рэчаіснасці. Плюралізм і памылковыя стэрэатыпы ўключаюць змешванне паняццяў і перабольшанне ступеняў, што тычыцца, напрыклад, Калумба; ад супрацоўніка “Свабоды” (Шары) чуецца апраўданне “безудержного полета фантазии” Мая, ад Буроўскага – заклік не перабольшваць “антрапафагію” немцаў. Магчымае праяўленне “лірычнай” “літасці” да (“)індзейцаў(”) немцаміфашыстамі, а не толькі безыдэйнымі венгерскімі сялянамі, з-за іх выключнай культурнай “чырванаскурай місіі”, але – галіна кантактаў – папаўненню падлягае спіс індзейцаў, якія апынуліся ў лагерах разам з беларусамі, у т. л. на тэрыторыі Польшчы. Інтэнсіўнасць выкарыстання індзейскіх параўнанняў жыхарамі краін Усходняй Еўропы і ўзаемнага ўнутранага і знешняга дапасавання іх некалькі вар’іруе ў сувязі са спецыфікай этнагісторыі і этнапсіхалогіі. У той час як украінцы ацэньваліся “расава” ніжэй, чым беларусы, яны “заслугоўвалі” на 10% больш “гуманнага” абыходжання (65% планаванага адсялення). Хатынь мы разглядаем ужо і як сімвал “міжіндзейскай” вайны, які “пераходзіць” і ў Цэнтральную Амерыку. Падыход Адамовіча падмацоўвае думку, што карані “індзейскай вайны” – не толькі ў “белых фашыстах”, а і ў саміх “індзейцах”, якім недастатковы ўзровень грамадскай свядомасці перашкаджаў згуртавацца перад пагрозай з боку новых “нястрымных Калумбаў”. Падабенства тэрміналогіі і асацыяцыі (першынство і першапраходцы, канкіста, асаднік, камісар) засмучаюць тым, што падобныя з’явы развіваюцца пры розных укладах і рэлігіях або іх адсутнасці. Выпадкі адмовы індзейцаў і беларусаў выконваць патрыятычны доўг тлумачыліся антыамерыканскімі і антысавецкімі настроямі ці меркаваннямі самазахавання, але праблемы з “патрыятызмам” не перашкодзілі сумленнай большасці вытрымаць выпрабаванне яго, што было ідэалагічна важна для ЗША і СССР. “Абароннае” рэагаванне калабарацыяністаў уключала некаторае збліжэнне з каштоўнаснай сістэмай акупантаў; за акіянам яны папоўнілі шэрагі, якія кантактавалі з індзейцамі, але праяўлялі асцярожнасць, звязаную і з мінулым, у палітычнай салідарнасці. Бібліяцыд і страта крыніц індзеянісцкай інфармацыі ў выніку “панавання [нямецка-фашысцкіх] дзікуноў” (К. Чорны) – цяжкая тэма, якую мы ледзь закранулі, што крыху кампенсуецца прыкладамі бібліятэчнай і выдавецкай дзейнасці пад акупацыяй, цікавай “несавецкім” падыходам. Ініцыяванне, мадыфікацыя, прасоўванне тых ці іншых твораў, мадэляў дапамагаюць ацаніць чалавечыя якасці праз “індзейскую” прызму: адпаведныя гульня, чытанне, кадаванне і іншае – распаўсюджаныя, стэрэатыпныя заняткі і метады. Выпадкі з жыцця, дзейнасці і смерці некаторых вядомых асоб з беларускімі каранямі паказваюць, як індзейская тэма зноў з’яўлялася ў новых, часам больш развітых, экстрэмальных, звязаных з неабходнасцю жыццёва важнага прыстасавання акалічнасцях і формах (знаёмства многіх беларусаў з Аляскай адбылося дзякуючы вайне – перагон самалётаў і больш бяспечны службовы маршрут; выратаванне, пасляваеннае ўрэгуляванне лёсу “на зямлі індзейцаў”).
[1] Адамович А. Overkill: (Адекватна ли реакция?) // Адамович А. Ничего важнее: современные проблемы военной прозы. Минск, 1987. С. 184, 262–263.
[2] Адамович А. Война и литература: проблемы нового мышления // Милитаризм и современное общество: материалы научной конференции. Москва, 1987. С. 210.
[3] Адамович А. Война и деревня в современной литературе. Минск, 1982; Адамович А. Лев Толстой и белорусская литература: (Война и человек). Минск, 1978; Адамович А. О современной военной прозе. Москва, 1981; Адамович А. Отвоевались! Москва, 1990.
[4] Англійскі пераклад (1980) кнігі “Я з вогненнай вёскі…”, як прачытаны тады ж рэжысёрам, рызыкоўна звязаны з фільмам “Пекла канібалаў” (Cannibal Holocaust), забароненым да паказу ў Беларусі: Дранько-Майсюк В. Алесь Адамовіч: чалавек, які вышэй за ўсё цаніў свабоду // Літаратура і мастацтва. 2017. 15 верас. С. 5: «Прынцып быў узяты Адамовічаў: паказаць дзікую, невытлумачальную жорсткасць прадстаўнікоў “высокай культуры” (у Адамовіча – нацыстаў, у Дэадата – групы журналістаў) да “дзікуноў” (простых беларусаў, а ў фільме – насельнікаў амазонскіх джунгляў). І там і там паляць вёскі, забіваюць, рабуюць, гвалцяць».
[5] Бреский О., Бреская О. От транзитологии к теории Пограничья: очерки деконструкции концепта “Восточная Европа”. Вильнюс, 2008. С. 119.
[6] Wheeler-Howard Act – exempt certain Indians: hearings before the Committee on Indian Affairs… Washington, 1940. P. 76.
[7] Агібалава А. Абяззброіць “Пагоню”? // Чырвоная змена. 1991. 11 – 17 лістап. С. 4; Валахановіч А. Свастыка на савецкіх грошах // Згода. 2001. 9 чэрв. C. 9; Дзярновіч А., Квяткоўская А. “Свастыка” як касмалягічны й этнавызначальны сымбаль // Kryŭja: Crivica. Baltica. Indogermanica. 1994. № 1. С. 76; Мячикова И. И., Жевняк О. Г. Индоевропейские корни белорусской символики. Минск, 2002. С. 77; Свастику в Уинстон // 7 дней. 1997. 4 окт. С. 6.
[8] [Электронны рэсурс] https://www.svaboda.org/a/27746899.html – Дата доступу: 21.10.2017.
[9] Гілевіч Н. Сто вузлоў памяці // Гілевіч Н. Бальшак. Мінск, 1965. С. 76–119.
[10] Прыходзька П., Прануза П., Аўрамчык М. “Апошнія з магікан” вялікай вайны [Гутарка з паэтамі-ветэранамі] // Крыніца. Славянскі свет. 2003. № 5. С. 11–14; Падаляк Т. Кароткі расказ пра доўгія імгненні вайны // Звязда. 1997. 9 жн.
[11] Зуб В. Марат Казей // Зуб В. П’есы. Мінск, 1972. С. 71–120.
[12] Рут Ф. Вервольф: осколки коричневой империи. Москва, 2007.
[13] Трухановский В. Г. Уинстон Черчилль: политическая биография. Москва, 1968. С. 10.
[14] Ziółkowska-Boehm A. Otwarta rana Ameryki. Bielsko-Biała, 2007. S. 117.
[15] Асіпчук А. М., Маршэўская В. В., Садоўская А. С. Беларуская мова: прафесійная лексіка. Гродна, 2009. С. 178; Новік Г. Ня сілай, а розумам // Наша Ніва. 2005. 11 ліст. С. 19; Репин А. Язык американских индейцев был военным кодом в США // Труд. 1999. 23 окт.
[16] Орлов А. П. Вторая мировая война: Монеты. Люди. События. Фотохроника. Минск, 2010. С. 316.
[17] Палладин А. Жизнь и смерть Томми Принса // Знамя юности. 1978. 2 февр.
[18] Варывончык І. В. ЗША ў Другой сусветнай вайне: праблемы ўнутранага развіцця // Весці БДПУ. Сер. 2. 2009. № 2. С. 22.
[19] Гершэнзон М. Фрэнсіс Брэт Гарт: 1839–1902 // Гарт Ф. Б. Маленькі старацель. Мінск, 1940. С. 3–5.
[20] Адзярыха В. У. Гватэмальская рэвалюцыя 1944–54 // Беларуская энцыклапедыя. Т. 5. Мінск, 1997. С. 102–103.
[21] Уайт А. Русская политика самосохранения // Политический собеседник. 1991. № 7. С. 22.
[22] Шабельцаў С. Беларусы ў Аргенціне: грамадская дзейнасць і рээміграцыя ў СССР (1930–1960-я гг.). Мінск, 2009. С. 263.
[23] Monologe im Führerhauptquartier 1941–1944. Hamburg, 1980; Genoud F. Adolf Hitler: libres propos sur la guerre et la paix. Paris, 1952; Hitler’s table talk 1941–1944: his private conversations. New York, 2000; Пикер Г. Застольные разговоры Гитлера 1941–1942. Смоленск, 1993; Тревор-Ропер Х. Застольные беседы Гитлера, 1941–1944 гг. Москва, 2004; Hitler A. Rozmowy przy stole 1941–1944. Warszawa, 1996.
[24] Gellately R. The Third Reich, the Holocaust, and visions of serial genocide // The specter of genocide: mass murder in historical perspective. N.Y., 2003. P. 258.
[25] Rein L. The kings and the pawns: collaboration in Byelorussia during World War II. New York, 2011. P. 85. [Рэйн Л. Каралі і пешкі: калабарацыя ў Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Смаленск, 2015.]
[26] Vom Generalplan Ost zum Generalsiedlungsplan. München et al., 1994. S. 23–25.
[27] Lyons M. J. World War II: A short history. Englewood Cliffs, NJ, 1989. P. 141; World War II: an expanded history. Needham Heights, MA, 2000. P. 125.
[28] Rhodes R. Masters of death: the SS-Einsatzgruppen and the invention of the Holocaust. New York, 2002. P. 93.
[29] Залесский А. И. И. В. Сталин и коварство его политических противников. Кн. 1: Поражение оппозиционных группировок. Минск, 1999.
[30] Гамзатов Р. Остров женщин: поэма-странствие // Знамя. 1981. № 1. С. 72–113. [ХIамзатов Р. Руччабазул чIинкIиллъи // БагIараб байрахъ. 1979. 1–6 сент.] На славянскім індзеянісцкім фоне: Веретюк О. М. Антивоєнна тема в поезії Ї. Тауфера // Проблеми слов’янознавства. Вип. 27. Львів, 1983. С. 10–11.
[31] [Электронны рэсурс] https://en.wikipedia.org/wiki/Camp_Grant_massacre – Дата доступу 27.10.2017.
[32] Челядинский А. А. Латиноамериканский фашизм сегодня. Минск, 1984. С. 118.
[33] Тамсама. С. 60–61.
[34] Rein L. The Orthodox Church in Byelorussia under Nazi occupation (1941–1944) // East European Quarterly. 2005. N 1. P. 21.
[35] Левчук Н. Опасность для души – опасность для государства // Царкоўнае слова. 1997. № 3. С. 8–9. Артыкул надрукаваны і асобна па блаславенні прот. П. Латушкі; у 1998 г. як “…для общества” – у “Могилевских епархиальных ведомостях” (№ 4-6. С. 21–24).
[36] Силова С. В. Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1945 гг.). Гродно, 2003. С. 162.
[37] Константин, архиепископ Курганский и Шадринский. С верой в победу // Подвиг во имя Победы. Курган, 2015. С. 76.
[38] Котов А. Драма белорусской церкви // Неман. 1997. № 1. С. 164; Шиптенко С. А. Идеи автокефалии и униатства: вчера и сегодня // Страны СНГ. Русские и русскоязычные в новом зарубежье. 2005. 1 авг. № 128. С. 73.
[39] Кніга на англ. мове (Мінеапаліс). С. 60–61.
[40] Великая Отечественная война: 1941–1945: энциклопедия для школьников. Москва, 2005. С. 247.
[41] Rudling P. A. Szkolenie w mordowaniu: Schutzmannschaft Battalion 201 i Hauptmann Roman Szuchewycz na Białorusi w 1942 roku // Prawda historyczna a prawda polityczna w badaniach naukowych: ludobójstwo na kresach południowo-wschodniej Polski w latach 1939–1946. Wrocław, 2011. S. 192. [Wyd. 2, popr. i rozsz. Kraków, 2015]: “Hitler porównał walkę z partyzantami do walki Amerykanów przeciwko Indianom”; Рудлінг П. А. Навука забіваць: 201-ы батальён ахоўнай паліцыі і гаўптман Раман Шухевіч у Беларусі ў 1942 годзе // Arche. 2012. № 7-8. С. 69: «Гітлер параўноўваў антыпартызанскую барацьбу са змаганнем супраць “чырвоных індзейцаў”»); Рудлинг П. А. Обучение убийству: шуцманшафт батальон 201 и гауптман Роман Шухевич в Белоруссии в 1942-ом году // Форум новейшей восточноевропейской истории и культуры. 2017. № 1. С. 254: “Гитлер сравнивал борьбу с партизанами с борьбой американцев против индейцев”; англ. арыг. Рудлінга: «“Hitler himself compared the fighting of partisans with that of the struggle against “red Indians”», які спасылаецца пры гэтым на кнігу Ф. Блада 2006 г., с. 79: [Электронны рэсурс] http://www.academia.edu/536217/Schooling_in_Murder_Schutzmannschaft_Battalion_201_and_Hauptmann_Roman_Shukhevych_in_Belarus_1942 – Дата доступу: 26.10.2017.
[42] Агаджанян В. В. Дороги партизанские. Минск, 1979. С. 135.
[43] Пономаренко П. К. Всенародная борьба в тылу немецко-фашистских захватчиков, 1941–1944. Москва, 1986; Galay N. The partisan forces // The Soviet Army. London, 1956. P. 153. [Тое ж у: The Red Army. New York, 1956.]
[44] Рус. выд., с. 88. Тут, аднак, пры перакладзе прапушчаны цытата і згадка пра мінулае аўтара, што цытуецца, якія ёсць у англ. версіі кнігі (1971, с. 108).
[45] Кніга на англ. мове, с. 201–202. Гэты артыкул – “Савецкія партызаны ў баі” – з’явіўся таксама ў зб. “Сучасная партызанская вайна” (1967), адкуль яго выкарыстаў Л. Гранкевіч.
[46] Д’Суза Д. Злачынствы Крыстафора Калюмба // Фрагмэнты. 1999. № 1-2. С. 22–23, 33.
[47] Евтушенко Е. Фуку! // Новый мир. 1985. № 9. С. 3–58. [Evtushenko E. Fukú: obra del notable poeta soviético inspirada en su viaje a Santo Domingo. Santo Domingo, 1988; урыўкі з паэмы: Yevtushenko Y. Fuku // Yevtushenko Y. The collected poems: 1952–1990. New York, 1991.]
[48] Громыко А. А., Ломейко В. Б. Новое мышление в ядерный век. Москва, 1984. С. 32.
[49] Танк М. Сон над Неманом // Танк М. Чтоб ведали. Минск, 1949. С. 14–17.
[50] Ён піша гэта ў рэц. 1948 г. Гл.: Панчанка П. Збор твораў: у 4 т. Т. 4. Мінск, 1983. С. 24.
[51] Яковлев Е. Н. Война на уничтожение: что готовил Третий рейх для России. С.-Петербург, 2017.
[52] Новікаў А. Вінету – сябар нацыстаў // Новы час. 2012. 27 крас. С. 29.
[53] Электроннае паведамленне нам К. Герлаха ад 18.10.2017 г. з арыгінальным тэкстам (“Oberstleutnant v. d. Osten erklärt, dass man es in Russland mit Verbrechern schlimmster Sorte zu tun hat, und dass als Dienstanweisung nur Karl May oder Edgar Wallace in Frage kämen”, с. 579) і пазначэннем крыніцы: “Bundesarchiv-Militärarchiv Wi ID/1723”, выяўляе дробную недакладнасць пры цытаванні яго Ермаковым (с. 215), а з таго Якаўлевым. Зрэшты, гэтае месца з Нагеля ўжо цытавалася да Герлаха іншымі ў 1998 г.: у зборніку па “Einsatz” у рэйхскамісарыяце “Остланд” (с. 78) і кнізе П. Лонгерыха (с. 408).
[54] Якаўлеў “пазычае” і падзагаловак Ермакова для свайго загалоўка; поўны кантэкст важны пры прасочванні акцэнтаў і прыярытэтаў: тут адбываецца замена “яўрэйскага” пытання на “(агульна)расійскае”.
[55] Самойлік А. З палону атрутнага зелля Маці Божая вызваляе // Царкоўнае слова. 2000. № 6. С. 8–9.
[56] Яковлев Н. Н. ЦРУ против СССР. Минск, 1983. С. 40.
[57] Кніга на англ. мове, с. 369. (Спасылка на с. 403 і 501 нью-ёркскага выдання Рэйнала і Хічкака 1939 г.)
[58] Лапцёнак Н. “Дэмакратыя” Лінча // Літаратура і мастацтва. 1949. 30 крас. С. 12.
[59] Wańkowicz M. Drogą do Urzędowa. Warszawa, 1989. S. 321.
[60] На польскай мове. Bibliotekarz Podlaski. 2005–2006. № 11-12. С. 87.
[61] Empire, colony, genocide: conquest, occupation, and subaltern resistance in world history. New York, 2008; The origins of genocide: Raphael Lemkin as a historian of mass violence. London, 2009; Moses A. D. Raphael Lemkin, culture, and the concept of genocide // The Oxford handbook of genocide studies. Oxford, 2010. P. 19–41; Cave A. A. Lethal encounters: Englishmen and Indians in colonial Virginia. Lincoln, NE, 2011; Cave A. A. Sharp Knife: Andrew Jackson and the American Indians. Santa Barbara, CA, 2017; Churchill W. A little matter of genocide: Holocaust and denial in the Americas, 1492 to the present. San Francisco, 1997; Robins N. Mercury, mining, and empire: the human and ecological cost of colonial silver mining in the Andes. Bloomington, IN, 2011; Woolford A. This benevolent experiment: indigenous boarding schools, genocide, and redress in Canada and the United States. Lincoln, NE, 2015.
[62] McDonnell M. A., Moses A. D. Raphael Lemkin as historian of genocide in the Americas // Journal of Genocide Research. 2005. N 4. P. 501–529.
[63] McDonnell M. A., Moses A. D. Raphael Lemkin… P. 501.
[64] Варабей І. …і вочы дзяўчынкі з вогненнай вёскі // Варабей І. Там, дзе сэрца маё. Мінск, 2005. С. 119–121.
[65] Kakel C. P. The Holocaust as colonial genocide: Hitler’s “Indian Wars” in the “Wild East”. New York, 2013; Kakel C. P. The American West and the Nazi East: a comparative and interpretive perspective. London, 2011; Westermann E. B. Hitler’s Ostkrieg and the Indian Wars: comparing conquest and genocide. Norman, OK, 2016.
[66] Нечай О. Образы геноцида в художественной культуре и на экране // Великая Отечественная война в киноискусстве Беларуси. Минск, 2010. С. 39.
[67] Говорящие с ветром // Видеоточка. 2002. 21 июня. С. 1.
[68] Стадниченко Ю. Сат-Ок – Длинное Перо: (Необычайная быль наших дней) // Сат-Ок. Земля Солёных Скал; Таинственные следы. Минск, 1994. С. 303.
[69] Барковский А. Жена индейского вождя в Якутии // Советы Якутии. 1993. 1 июля. С. 6. [Электронны рэсурс] https:// acarajjj-kut.blogspot.com.by/2014/11/2014.html – Дата доступу: 19.10.2017.
[70] Лужынскі М. “Там можна павітацца з кенгуру…” // Рэспубліка. 1993. 9 ліп. С. 3.
[71] Шабельцаў С. Беларусы ў Аргенціне… С. 294.
[72] Penny H. G. Kindred by choice: Germans and American Indians since 1800. Chapel Hill, NC, 2013.
[73] Вяткоўскі А. Паралелі, паралелі… Далучэнне Крыма нагадала аншлюс Аўстрыі і Судэтаў. А механізмам – анексію Балтыі ў 1940-м // Наша Ніва. 2014. 19 сак. С. 5.
[74] Боэм Дж. Если это американцы, то им не место за колючей проволокой! // Встреча на Эльбе: воспоминания советских и американских ветеранов второй мировой войны. Москва, 1988. С. 167. (Boehm J. “If they are Americans, they should not be behind barbed wire!” // Yanks meet Reds: recollections of U.S. and Soviet vets from the linkup in World War II. Santa Barbara, CA, 1988. P. 99–106; Boehm J. Wenn es Amerikaner sind, sollten sie nicht hinter Stacheldraht sein // Yanks treffen Rote: Begegnung an der Elbe: Erinnerungen amerikanischer und sowjetischer Soldaten des zweiten Weltkriegs. Berlin, 1990. S. 125–134.)
[75] [Электронны рэсурс] https://www.sb.by/articles/ofitsergosudarstvennoy-bezopasnosti.html?commentId= – Дата доступу: 31.10.2017.
[76] Найдзюк Я. Беларусь учора і сяньня // Найдзюк Я., Касяк I. Беларусь учора і сяньня: папулярны нарыс з гісторыі Беларусі. Мінск, 1993. С. 10–11.
[77] Езавітаў К. Пакліканы краінай Беларусь: з эпісталярнай спадчыны К. Езавітава // Голас Радзімы. 1993. 18 ліст. С. 4.
[78] Галубіцкі А. Шлях беларускіх дзяцей у вапошнюю вайну // Бацькаўшчына. 1955. 19 чэрв. С. 2.
[79] Мальдзіс А. I. Астравеччына, край дарагі… Мінск, 1977. С. 26; Мальдзіс А. З літаратуразнаўчых вандраванняў. Мінск, 1987. С. 7.
[80] Mawr J. Sohn des Wassers. Berlin, 1959.
[81] Лаўрыновіч В. На берлінскім напрамку // Свитязь: альманах библиофилов Белоруссии. Минск, 1989. С. 115–116.
[82] Solonewitsch I. Hlekkjuð þjóð. Reykjavík, 1942; Solonewitsch I. Flóttinn: framhald af “Hlekkju þjóð”. Reykjavík, 1945.
[83] Хоружая Л. В семье // Славная дочь белорусского народа: письма, статьи В. Хоружей и воспоминания о ней. Минск, 1962. С. 231; Хоружая Л. В семье // Скрыжалі памяці: з творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны: у 3 кн. Кн. 3. Мінск, 2005. С. 319; Хоружая Л. В семье // Жизнь, отданная борьбе. Минск, 1975. С. 9 (тут – “Паўднёвай Амерыкі”).
[84] Васілеўская Г. Што помніцца… Мінск, 1991. С. 18–19.
[85] Rodziewiczówna M. Florian z Wielkiej Hłuszy. Poznań, [1939]; Rodziewiczówna M. Pisma. T. 1–36. Lwów; Poznań, 1926–1939.
[86] Dołęga-Mostowicz T. Trzecia płeć. New York, [ca. 1945].
[87] Wańkowicz M. Na tropach Smętka. Kraków, 1988. S. 228, 188.
[88] Wańkowicz M. Walczący Gryf. Warszawa, 1963. S. 292.
[89] Kaczyński B. Xenia Grey: księżna Chicago. Warszawa, 1993. S. 53–56, 91.
[90] Тамсама. S. 92.
[91] L. [Leśniewski W. – яўрэй ад імя “індзейца”]. Rose-Marie – premiera w teatrze Jar // Nowy Kurier Warszawski. 1944. N 13. S. 3.
[92] Kaczyński B. Xenia… S. 63–64.
[93] Тамсама. S. 9.
[94] Тамсама. S. 74–75.
[95] [Электронны рэсурс] http://antarctic.su/books/item/f00/s00/ z0000036/st007.shtml – Дата доступу: 28.09.2017.
[96] Лукашев В. К. Президент “Амторга” // Неман. 1990. № 5. С. 122.
[97] Лынькоў М. Чорная пляма // Лынькоў М. За акіянам. Мінск, 1962. С. 47–48.
[98] Лынькоў М. За акіянам // “Свабоднае” грамадства зблізку. Мінск, 1984. С. 3, 17–18; Киселев К. В. Записки советского дипломата. Москва, 1974. С. 112–115.
[99] Gray D. L. A personal perspective on the career of Morris A. Gray, “Earnest Debtor” // Jewish life and times. V. 5: A collection of essays and photographs. Winnipeg, 1988. P. 91.
[100] Ёрш С. Беларуская партызанка. [Б.м.], 1999. Друкавалася ў “Пагоні”, 1998, № 48, 50, 52, 53; дадатак у канцы: “Ліст апошняга партызана” С. Гукалюка ў “Беларускі голас” (Таронта, 1988, № 342), які з’явіўся таксама ў “Нашай Ніве”, 1998, № 17.
[101] Лыч Л. М. Міжнацыянальныя дачыненні на Беларусі: (верасень 1943 – кастрычнік 1964 г.). Мінск, 2009. С. 174.
[102] Лофтус Д. Секрет бригады // Беларуская думка. 1996. № 4. С. 110. [Loftus J. The Belarus secret. New York, 1982; Loftus J. America’s Nazi secret: an insider’s history. Walterville, OR, 2010.]
[103] Вір В. Загаўкалі і аб нашай Народнай Грамадзе // Беларускі голас. 1991. № 365. Кастр. С. 9.
[104] Менгеле – Архіў выразак – 1978-02-16 // Веснік БІТ. 2014. 20 студз. № 4.
[105] Якімовіч А. Эльдарада просіць дапамогі. Мінск, 1989. С. 5–123.
[106] Харэль И. Похищение палача. Киев, 1992.
[107] Решетов А. М. Отдание долга // Этнографическое обозрение. 1995. № 2. С. 53; Корсун С. А. Американистика в МАЭ в XX – XXI веках: собирательская и исследовательская деятельность // Этнография и археология коренного населения Америки. С.‑Петербург, 2010. С. 54.
[108] Крачковский И. Ю. Арабская географическая литература / Избранные сочинения. Т. 4. Москва – Ленинград, 1957. С. 684.
[109] Сизоненко А. И. В стране ацтекского орла: первые советские полпреды в Мексике. Москва, 1969. С. 85.
[110] Д. Д. Шостакович и его эпоха: материалы областной научнопрактической конференции. Самара, 2006. С. 77.
[111] Кантор В. К. Историческая справка. Москва, 1990. С. 285.
[112] Каско А. Пераблытаны // Літаратурная Беларусь. 2012. 30 ліст. С. 16.
[113] Скобла М. Вольная студыя: кніга гутарак. [Б. м.], 2009. С. 118.
[114] Михаленко К. Служу небу. Минск, 1973. С. 306.
[115] Sienkiewicz H. Latarnik. Hanower, 1945.
[116] Энгельс Ф. Роля працы ў працэсе ператварэння малпы ў чалавека. Мінск, 1945.
[117] Аверкиева Ю. П. Рабство у индейцев Северной Америки. Москва – Ленинград, 1941.
[118] Mickiewicz A. Grażyna. Konrad Wallenrod. Moskwa, 1944.
[119] Haiman M. Kosciuszko in the American revolution. New York, 1943.
[120] Короленко В. Без языка. Москва – Ленинград, 1942.
[121] Кніга на рус. мове, 2003, т. 3, ч. 2, с. 608.