Mažeika, Rasa. The role of pagan Lithuania in Roman Catholic and Greek Orthodox religious diplomacy (Наталля Брэль)
MAŽEIKA, RASA JOAN. The role of pagan Lithuania in Roman Catholic and Greek Orthodox religious diplomacy in east–central Europe (1345—1377). Unpublished doctoral dissertation. Fordham, New York, 1987, revised. (Univer-sity Microfilms International, Ann Arbor, MI, 1987). 202.
Гэтая кнiга — доктарская дысертацыя канадскай даследчыцы літоўскага паходжання Расы Мажэйкi, прысвечаная гiсторыi рэлiгiйных дачыненняў Вялiкага Княства Лiтоўскага з праваслаўным i каталiцкiм светам у часы вялiкага князя Альгерда (1345—1377). Аўтарка ставiць на мэце даследаваць наступныя пытаннi: цi быў Альгерд паганцам, цi праваслаўным? Як мог паганскi ўладар удзельнiчаць у свецкай i царкоўнай дыпламатыi Цэнтральна–Усходняй Еўропы ў перыяд, калі, як лiчыцца, панавала рэлiгiйная iдэалогiя? Наколькi важнай, насамрэч, была рэлiгiя ў адносiнах памiж паганскiмi лiтоўцамi i iх хрысцiянскiмi суседзямi i цi была яна мэтай, або сродкам дыпламатыi?
Р.Мажэйка паўсюдна выкарыстоўвае сучасныя, лiтуанiзаваныя iмёны лiтоўскiх князёў, праўда, адзначаючы часам добра вядомыя альтэрнатывы, напрыклад, Algirdas [Olgerd], Gediminians [Gediminaiciai/Gediminovichi]. Імёны iншых манархаў пададзеныя так, як яны вядомыя ў англамоўнай гiстарыяграфii i паказальнiках, нягледзячы на тое, што, як заўважае аўтарка, гэтыя англiзаваныя формы могуць моцна адрознiвацца ад сапраўдных сярэднявечных iмёнаў. Усе геаграфiчныя назвы падаюцца ў iх сучасных формах (апрача Канстанцінопаля, якi цяпер Стамбул). Р.Мажэйка не вызначаецца з геаграфiчным размяшчэннем летапiснае Лiтвы i, як i ўсе літоўскiя гiсторыкi, атаясамлiвае гiстарычную Лiтву з сучаснай тэрыторыяй Рэспублiкi Летува. Досыць няўважлiва яна абыходзiцца і з тэрмiнамi „рускi“, “Русь“ ды геаграфiчным размежаваннем расійскiх i беларускiх земляў. Піша, напрыклад, што Вiцебск — рускi (Russian) горад.
Праца складаецца з уводзiнаў i трох асноўных раздзелаў. Першы прысвечаны праблеме персанальнай рэлiгiйнай прыналежнасцi вялiкага князя Альгерда, другi — адносiнам з праваслаўнымi, i трэцi — перамовам аб прыняццi Лiтвой каталiцкага хрышчэння ў 1349, 1351, 1358 i 1373 г. У дадатку прыводзяцца прынцыпы выкарыстання iмёнаў, назваў i транслiтэрацыя.
Прыцягнутыя ў даследаваннi крынiцы ўключаюць лацiнскiя хронiкi i рускiя летапiсы, папскiя лiсты i рэестры, лiсты канстанцiнопальскiх патрыярхаў, тэксты дамоваў, заключаных лiтоўцамi i iх суседзямi. Для беларускiх гiсторыкаў гэта дае магчымасць пазнаёмiцца з тэкстамi некаторых дакументаў, якія раней былi ім практычна недаступныя i не ўводзіліся ў шырокi навуковы ўжытак. Прыкладам, лiст Альгерда да канстанстанцінопальскага патрыярха Фiлафея ад 1370 г. (50—51), што з’яўляецца адным з нямногiх дайшоўшых да нас дакументаў, напраўду выдадзеных Альгердам, i непасрэдна выяўляе ягоны характар i спосабы дзейнасцi. Спiс выкарыстанай лiтаратуры ўтрымлiвае, апрача англамоўных, працы на польскай, расійскай, нямецкай, літоўскай i французскай мовах.
У першым раздзеле Р.Мажэйка аналiзуе гicтарыяграфiчныя дэбаты i дакументальныя сведчанні па пытаннi рэлiгiйнай прыналежнасцi Альгерда. Паслядоўна разгледзеўшы гiпотэзы адносна праваслаўнага веравызнання Альгерда (у параграфах „Цi быў Альгерд ахрышчаны ў Вiцебску?“, „Цi быў Альгерд ахрышчаны перад смерцю?“, „Грамадзяне Пскова запрашаюць Альгерда прыняць хрышчэнне“), аўтарка прыходзiць да высновы, што Альгерд быў напраўду паганцам. Грунтам для большасцi доказаў гэтае тэзы з’яўляюцца сумненнi ў праўдзiвасцi летапiсных паведамленняў пра праваслаўнае хрышчэнне Альгерда, найперш „Хронiкi Быхаўца“ i Густынскага летапiсу. Р.Мажэйка, аднак, адзначае, што „перадсмяротнае навяртанне не можа быць абвергнута, хоць маюцца добрыя падставы ў iм сумнявацца…У кожным выпадку, перадсмяротнае хрышчэнне не даказвае нiякiх папярэднiх схiльнасцяў да праваслаўя цi факту нейкага выбiтнага навяртання“.
Увогуле ў працы назiраецца тэндэнцыя называць Вялiкае Княства Лiтоўскае паганскай дзяржавай. Вось вельмi красамоўны ўрывак: „У XIV ст. памiж Заходняй Еўропай i Маскоўскай Руссю ляжала вайскова i палiтычна магутная паганская дзяржава. Яе ўладарамі былi лiтоўцы, чыя радзiма знаходзiлася на ўсходнiм узбярэжжы Балтыйскага мора, але якiя заваявалi многiя землi Русi i Украiны“ (200), або яшчэ: „народ, якім правiў Альгерд, быў усё яшчэ паганскiм, мясціўся там, дзе Усходняе i Заходняе хрысцiянства ўсё яшчэ сутыкаліся, адчужаны ад абодвух светаў“. Калi гаворка iдзе толькi пра этнiчную Лiтву, то наўрад цi можна казаць адно пра гэтую тэрыторыю як пра „магутную вайскова i палiтычна“ дзяржаву XIV ст. Калi ж маецца на ўвазе ўсё Вялiкае Княства, дык гэта нi ў якiм разе не паганская дзяржава, бо пераважная большасць яе земляў — тэрыторыi з праваслаўным славянскiм насельнiцтвам, i менавiта яны надавалi Княству немалую, а можа, i вызначальную долю гэтае магутнасцi. На жаль, падобная непаслядоўнасць у працы сустракаецца неаднойчы. Лiтоўскi элемент пададзены як вызначальны ў ВКЛ.
У другiм раздзеле даследавання — „Адносiны з праваслаўнымi“ — распавядаецца пра намаганнi Альгерда здабыць для ВКЛ асобную Лiтоўскую мiтраполiю, ягонае магчымае аднаўленне прыязных адносiнаў з Вiзантыяй, а таксама разглядаецца пытанне, чаму Альгерд, якi быў вядомы сваёй верацярпiмасцю, пакараў трох праваслаўных неафiтаў.
Р.Мажэйка робiць выснову, што Альгерд выкарыстоўваў перамовы па рэлiгiйных справах у чыста палiтычных мэтах. Ён атрымлiваў рэальныя палiтычныя выгоды ад дыпламатычных манёўраў, якiя, верагодна, палягчалiся ягонай унiкальнай пазiцыяй паганскага правiцеля, не падпарадкаванага ўладзе анiякай царкоўнай ерархii. Адносна пакарання смерцю трох прыдворных вяльможаў Альгердавага двара, прыняўшых праваслаўе, даследчыца заўважае, што прычынай iх зняволення, а потым i смерцi, было не адкрытае вызнанне хрысцiянства як такое, але публiчнае непадпарадкаванне вялiкаму князю. Датаваць гэтую падзею прапануецца па–новаму — 1370 годам. У працы тры вiленскiя пакутнiкi называюцца лiтоўцамi, хоць iх паганскiя iмёны (Круглец, Няжыла, Кумец) сведчаць пра славянскае паходжанне. Акцэнтуючы прыналежнасць Альгерда да паганства, Р.Мажэйка сцвярджае, што „у гiсторыi трох лiтоўскiх неафiтаў добра iлюструецца стаўленне Альгерда да праваслаўнае веры мноства ягоных падданых“ (?).
Апошнi раздзел падае, паводле вызначэння аўтаркi, новую iнтэрпрэтацыю чатырох спробаў (1349, 1351, 1358 i 1373) весцi перамовы аб прыняццi рыма–каталiцкага хрышчэння лiтоўскiмi князямi. Гiстарычны кантэкст забяспечаны параўнаннем з перамовамi аб хрышчэннi, што вялiся папярэднiкамi Альгерда — Мiндоўгам, Вiценем i Гедымiнам. У параграфе, прысвечаным Мiндоўгу, таксама не абышлося без дробных недарэчнасцяў. Мiндоўг тут названы адзiным уладаром Лiтвы, ахрышчаным да 1386 г. (81). А як жа тады быць, напрыклад, з Войшалкам? Хіба ён не быў манархам Лiтвы, ці не быў ахрышчаны? Можна прыгадаць у гэтай сувязi i Шварна Данiлавiча, зяця Мiндоўга. Адносна забойства Мiндоўга сказана, што ён, верагодна, стаў ахвярай незадаволенасцi паганцаў, i ягоныя наступнiкi мусілі засвоiць навуку, што неабачлiвае хрышчэнне можа аказацца фатальным (82).
Р.Мажэйка лiчыць, што пад час перамоваў аб хрышчэннi Альгерд умела выкарыстоўваў сваю пазiцыю як патэнцыйнага нованавернутага, каб аблегчыць адносiны з хрысцiянскiмi дзяржавамi, якiм таксама гэтыя перамовы былі палiтычна выгадныя.
Дысертацыя Расы Мажэйкi вытрыманая, безумоўна, у традыцыях літоўскае гiстарыяграфii, якая не пакiдае беларусам права на спадчыну Вялiкага Княства. Адсюль i зразумелая тэндэнцыйнасць i непаслядоўнасць у аспектах, датычных ролi i месца славянскага элементу ў ВКЛ, у тым лiку i ў святле сярэднявечнай еўрапейскай рэлiгiйнай дыпламатыi. Тым не менш, гэтая праца будзе карыснай беларускiм даследчыкам Вялiкага Княства Лiтоўскага. Яна ўводзiць у навуковы ўжытак шэраг матэрыялаў, цяпер амаль недаступных многiм нашым гiсторыкам. І яшчэ. Даследаванне Р.Мажэйкi пераконвае ў неабходнасцi разглядзець пастаўленыя ёю праблемы з беларускага боку.
Гомель
Наталля Брэль