БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Кэтрын Гібсан. Гісторыя, памяць і сімвалічная тапаграфія горада: найноўшыя публікацыі да гістарыяграфіі Вільні*


* Theodore R. Weeks. Vilnius between Nations, 1795–2000. DeKalb, IL: Northern Illinois University Press, 2015. 308 p.; Dangiras Mačiulis and Darius Staliūnas. Lithuanian Nationalism and the Vilnius Question, 1883–1940. Marburg: Herder Institut, Studien zur Ostmitteleuropaforschung, 2015. 236 p.

З таго самага часу, як П’ер Нара ў 80-я г. XX ст. звярнуўся да тэмы lieux de mémoire (месцаў памяці), даследчыкі дачыненняў паміж гісторыяй і памяццю сутыкаюцца са зменай успрымання, канструявання і рэпрэзентацый прасторы [1]. У найноўшых працах вялікая ўвага адводзіцца пытанням, як людзі надаюць сімвалічнае значэнне навакольнай прасторы, як вакол асобных мясцін крышталізуецца супольная ідэнтычнасць і чаму тая ці іншая мясціна пачынае асацыявацца з канкрэтнымі каштоўнасцямі, эмоцыямі і маральнымі прынцыпамі. Даследчыкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы актыўна выкарыстоўваюць гэты “прасторавы ўхіл” у вывучэнні таго, як цягам апошніх двухсот гадоў змены межаў і геапалітычных рэжымаў сфармавалі ў гэтым рэгіёне “ландшафт памяці”. Гэтыя даследаванні часта засяроджваюцца на гарадах як прасторы розных версій калектыўнай памяці, якія часам канкуруюць між сабою [2].

Даследаванні таго, як розныя дзейныя асобы і супольнасці спрабавалі сімвалічна і фізічна завалодаць пэўнымі гарадамі з прылеглымі тэрыторыямі, істотна паўплывалі на наша асэнсаванне гісторыі земляў былой Рэчы Паспалітай у XIX і пачатку XX ст. Аналізуючы, як з гарадоў ствараліся “пункты адліку” розных супольных ідэнтычнасцяў і палітычных праектаў, аўтары гэтых прац карысталіся самымі разнастайнымі крыніцамі і методыкамі: ад вывучэння гарадской забудовы з акцэнтам на архітэктуры і помніках да аналізу папулярных гістарычных выданняў, адукацыйных праграм, музеяў і ўрачыстасцяў, а таксама шмат чаго іншага. Сярод адметных публікацый у названай галіне – кніга Фелікса Акермана (2011) пра Горадню ў XX ст., праца Таццяны Журжэнкі (2014) і даследаванні Уілема Блакера (2014, 2015) [3]. Ф. Акерман у асэнсаванні таго, як розныя суб’екты і палітычныя рэжымы на працягу часу прыпісвалі Горадні сімвалічны сэнс, звяртаецца да метафары палімпсесту і паказвае, як суіснуюць гэтыя розныя слаі. Т. Журжэнка даследуе, як памежныя гарады апынаюцца ў фокусе палітыкі памяці і на ўнутрыдзяржаўным, і на міжнародным узроўні. У. Блакер на прыкладах польскіх, украінскіх і расійскіх крыніц аналізуе, як у выпадках Лемберга / Львова / Львіва і Кёнігсберга / Калінінграда выяўляецца гарадская прастора і як ёй прыпісваецца сімвалічнае значэнне. Гэта толькі некалькі апошніх прыкладаў, як вывучэнне гарадоў дапамагае нам зразумець повязі паміж рознымі нацыянальнымі гістарыяграфіямі і калектыўнай памяццю.

Дзве кнігі, якія тут рэцэнзуюцца, уводзяць горад Вільнюс / Вільна / Вільне / Вільня / Wilna / Wilno (далей – Вільня) у больш шырокі кантэкст дыскусіі пра спаборныя версіі гісторыі і памяці ў гарадах і пра гарады [4]. Як сцвярджае Т. Р. Уікс, “хоць ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе вельмі багата шматнацыянальныях, поліканфесійных гарадоў, ніводны з іх – ні Львоў і ні Клуж (Cluj), ні Рыга і ні Ерэван, ні Лодзь і ні Баку – не займае гэткага цэнтральнага месца ў некалькіх розных нацыянальных міфалогіях [як Вільня]” [5]. Горад быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага (і да уніі 1386 г., і ў складзе Рэчы Паспалітай)

да інкарпарацыі напрыканцы XVIII ст. Расійскай імперыяй. Тады ён стаў цэнтрам Віленскай губерні (Виленская губерния) і Паўночна-Заходняга краю (Северо-Западный край). Пад час Першай сусветнай вайны горад быў пад акупацыяй Германскай імперыі ў межах паўкаланіяльнай палітыкі Ober Ost, а ў 1919–1920 г. некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі – то да Войска польскага, то да бальшавіцкай Расіі. Напрыканцы 1920 г. Войска польскае адваявала горад і абвясціла яго сталіцай Сярэдняй Літвы, а ў 1922 г. адбылася інкарпарацыя ў склад Польшчы. Урад новаабвешчанай незалежнай Літоўскай рэспублікі са сваёй “часовай” сталіцы Коўна рэзка пратэставаў супраць гэтага кроку. У міжваенны час ён заставаўся “яблыкам разладу” ў польска-літоўскіх дыпламатычных дачыненнях. У 1939 г., пасля таго як Савецкі Саюз захапіў польскія “крэсы ўсходнія”, Крэмль перадаў Вільню Літве, а пасля Другой сусветнай горад стаў сталіцай Літоўскай ССР. Ад 1991 г. ён сталіца незалежнай Літоўскай Рэспублікі.

У выніку войнаў і Халакосту тут у XX ст. шмат разоў змяняліся палітычныя рэжымы і межы, адбываліся рэзкія дэмаграфічныя трансфармацыі. Таму розныя прэтэндэнты на Вільню сцвярджалі, што гэта гістарычна і культурна “польскі” горад, “паўночны Ерусалім”, буйны расійскі правінцыйны горад і цэнтр Паўночна-Заходняга краю, нацыянальная сталіца Літвы, гістарычны і арганізацыйны цэнтр беларускага нацыянальнага руху. У найноўшай англамоўнай гістарыяграфіі самым поўным і ўсебаковым аналізам гэтага суплёту тэрытарыяльных і дыскурсіўных прэтэнзій на Вільню ў XIX–XX ст. колькі гадоў лічылася першая частка кнігі Тымаці Снайдэра “Рэканструкцыя нацый” [6]. Тады ў 2010 г. выйшаў спецыяльны нумар “Revue germanique internationale”, прысвечаны “супольнай памяці” балтыйскіх гарадоў, у якім надрукаваны артыкулы Т. Р. Уікса, Д. Мачуліса і іншых пра Вільню [7]. У той самы час выйшлі два асабістыя расповеды пра гісторыю Вільні [8]. Тым не менш, у шырэйшай дыскусіі пра гісторыю і памяць ва Усходняй Еўропе Вільня наогул у нейкай ступені абміналася ўвагай. Гэта сумная рыса вялікага корпуса даследаванняў тэрыторыі сучасных Літвы, Латвіі і Эстоніі, калі навукоўцы хочуць пашырыць сваю аўдыторыю па-за вузкай балтыйскай спецыялізацыяй. Дзве разгляданыя працы – першыя англамоўныя на гэтую тэму ў фармаце кніг; яны абнадзейваюць, як свежыя прыклады таго, што развіццё падзей у асобным балцкім рэгіёне ўлучаецца ў больш шырокі кантэкст тэарэтычнай праблематыкі і дынамікі гісторыі. Аўтары паказваюць Вільню як прастору змагання паміж рознымі асобамі, палітычнымі партыямі і дзяржавамі, якія ў XIX–XX ст. імкнуліся сфармаваць успрыманне гарадоў і сцвердзіць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на навакольныя землі і іх насельніцтва. Такім чынам, даследчыкі займаюцца міждысцыплінарнымі штудыямі на стыку гісторыі, палітыкі памяці і ўрбаністыкі. Канкрэтны выпадак Вільні разглядаецца ў больш шырокім кантэксце пераходу ад імперскай да нацыянальнай (на першы погляд) канцэпцыі арганізацыі тэрыторый.

Wilno / Вільна / Вільнюс: розныя версіі гісторыі і памяці

У кнізе Т. Р. Уікса “Вільня паміж нацыямі” паказана, якімі спосабамі ад інкарпарацыі горада ў 1795 г. Расійскай імперыяй да амаль 2000 года палякі, беларусы, яўрэі, рускія і літоўцы сцвярджалі свае інтэлектуальныя і практычныя прэтэнзіі на гэты горад. Аўтар малюе яркую карціну палітычных метадаў і захадаў, якімі карысталіся розныя дзеячы, мясцовыя культурныя ўстановы, палітычныя партыі і (у XX ст.) урады, каб давесці сваё “права ўласнасці” на Вільню ў межах розных палітычных і нацыянальных праектаў. Т. Р. Уікс дэманструе, як дастасоўваліся, пераўтвараліся, перапісваліся розныя сімвалічныя значэнні і як пэўныя асобы – чыноўнікі, інтэлектуалы, эксперты, замежнікі, карэнныя жыхары – імкнуліся навязаць сваю пазіцыю, свае мэты і задачы. Аналізуюцца розныя стратэгіі сімвалічнага прысваення: ад прапаганды, культурнай і адукацыйнай дзейнасці да перанайменавання вуліц і ўсталявання помнікаў. Т. Р. Уікс даследуе, як пазней можна было трансфармоўваць і выкарыстоўваць гэтыя стратэгіі дзеля апраўдання больш рэпрэсіўных захадаў: ад абмежаванняў на пэўныя мовы, алфавіты і веравызнанні да гвалту ў выглядзе генацыду і этнічных чыстак у XX ст. у імя стварэння больш этнічна і моўна аднароднага “нацыянальнага” горада. Аўтар заслугоўвае вельмі высокай ацэнкі за досыць складанае даследаванне з мноствам нюансаў, у якім таксама аддаецца вялікая ўвага суб’ектнасці жыхароў горада, таму, як яны рэагавалі на гэтыя спробы, што зыходзілі з вярхоў, прыпісаць гораду сімвалічнае значэнне: падтрымлівалі, супраціўляліся, заставаліся абыякавымі ці скарыстоўвалі ва ўласных інтарэсах.

Манаграфія Т. Р. Уікса падзяляецца на восем раздзелаў, згодна з агульнапрынятай храналогіяй змен геапалітычных рэжымаў і межаў; аўтар таксама разглядае як пераломныя моманты зaдушанае паўстанне 1863–64 г. і дзве сусветныя вайны. У назвах раздзелаў згадваюцца “польска-яўрэйская” Вільня (1795–1862), перыяд “русіфікацыі” (1863–1914), “польская” Вільня (1919–1939) і стварэнне “літоўскай” сталіцы (1985–2000). Таму на першы погляд можа скласціся ўражанне, што наратыў будзе разгортвацца ў адпаведнасці з храналагічнай паслядоўнасцю розных “нацыянальных” фаз у гісторыі горада. Аднак замест гэтага Т. Р. Уікс прапануе падрабязны аналіз шырокага спектра крыніц на самых розных мовах: ад падарожных даведнікаў і карт да фотаздымкаў, газет і дзённікаў. Яго мэта – прасачыць узаемаўплывы розных рэлігійных, сацыяльна-эканамічных, культурных, этналінгвістычных і нацыянальных супольнасцяў у сімвалічным і рэальным прысваенні горада, а не пісаць пра іх строга разасоблена [9].

Сугучна з Ф. Акерманам, які піша пра горад як палімпсест, Т. Р. Уікс адсочвае, што захавалася праз гэтыя розныя эпохі, а што змянілася.

Відавочна, што на Т. Р. Уікса паўплываў Дэвід Фрык і сфармуляваная ў яго наватарскай манаграфіі “Блізкія, сваякі і суседзі” тэза: няма патрэбы “пасмяротна” даводзіць права ніводнай нацыянальнай супольнасці на Вільню [10]. Т. Р. Уікс паказвае палітычныя захады і праекты, якія мы, магчыма, успрымаем як скіраваныя на “нацыяналізацыю” горада (асабліва ў літоўскім выпадку), проста як асобныя прыклады з мноства праектаў, што ў розныя часы меліся надаць яму сімвалічнае значэнне. Тым самым аўтар здолеў прапанаваць свежы погляд на гісторыю Вільні ў XIX–XX ст., які выходзіць за наратыўныя межы звычайнага падрабязнага апісання, як узаемадзейнічалі розныя нацыянальныя праекты. Адначасова Т. Р. Уікс звяртаецца да пытання, чаму на папулярным узроўні гісторыю Вільні цягам апошніх двух стагоддзяў часта без найменшых сумневаў успрымаюць праз чорна-белую нацыянальную прызму. Уплятаючы ў свой наратыў падрабязны агляд шматмоўнай гістарыяграфічнай літаратуры пра Вільню за папярэднія два стагоддзі, выяўляючы рознагалоссі паміж шмат якімі інтэрпрэтацыямі, Т. Р. Уікс паказвае, як разнастайныя падзеі і слынныя асобы з мінуўшчыны Вільні (напр., Adam Mickiewicz / Adomas Mickevičius / Адам Міцкевіч ці Чэслаў Мілаш) працягваюць свае дынамічнае мнемагістарычнае “жыццё пасля смерці” [11]. Тым самым ён звяртае ўвагу, наколькі магутнай сілай выступаюць гэтыя нацыяналізацыйныя наратывы ў фармаванні гістарыяграфіі, розных версій папулярнай гісторыі і калектыўнай памяці пра Вільню. Аўтар таксама скарыстоўвае плён даследаванняў нацыяналізму апошняга дзесяцігоддзя, якія імкнуцца паставіць пад сумнеў тэлеалагічныя наратывы нацыянальнага абуджэння тым, што звяртаюць увагу на цяжкую працу, прамаруджванні і няспраўджаныя праекты розных інтэлектуалаў і палітычных дзеячоў, што спрабавалі фармуляваць і папулярызаваць сімвалічныя сэнсы не толькі вусна і пісьмова, але і праз фізічнае змяненне тапаграфіі горада.

У працы Т. Р. Уікса вялікае значэнне надаецца ўзаемасувязі паміж пабудаванай гарадской прасторай і сімвалічным прысваеннем горада з боку розных суб’ектаў. Ён аналізуе, як надаецца сімвалічнае значэнне самім матэрыяльным мясцінам, а не толькі ўяўленай і сімвалічнай тапаграфіі. Як пішуць Аляксандр Дынер і Джошуа Хаген у прадмове да спецыяльнага выпуску “Nationalities Papers”, прысвечанага наратывам нацыі ў гарадской прасторы: “Апошнім часам вучоныя пачалі не толькі цікавіцца гэтым сімвалізмам, але і звяртаць увагу на кіраванне (рэ-)структураваннем гарадской прасторы і самаўсведамлення і яго практычныя аспекты. Калі галоўная ўвага звяртаецца на практыку кіравання, асноўнае значэнне ў дастасаванні і аспрэчванні розных версій сацыяльнага самавызначэння надаецца не адлюстраванню дачыненняў няроўнай улады, а фармаванню гарадской прасторы” [12].

Т. Р. Уікс гэтаксама даводзіць, што “праз усю эпоху мадэрнасці Вільна / Wilno / Вільнюс існаваў як мінімум на двух узроўнях: на пагорках на ўсходняй ускраіне цяперашняй Літоўскай Рэспублікі і ў свядомасці жыхароў, наведнікаў і выгнанцаў” [13]. Гэтыя два вымярэнні не разглядаюцца як супрацьлеглыя картэзіянскія катэгорыі “сапраўднае” – “уяўнае”, насамрэч яны глыбока знітаваныя. Абапіраючыся на падыход Д. Фрыка, які разглядае раёны горада як адлюстраванне яго складу і дачыненняў паміж яго рознымі жыхарамі, Т. Р. Уікс піша пра будаўніцтва храмаў, могілак, школ, друкарняў, тэатраў і культурных цэнтраў. Ён дакументуе змены назваў вуліц, узвядзенне помнікаў, калі розныя суб’екты імкнуліся перайначыць гарадскі асяродак і давесці сваё права на Вільню, а таксама канфлікты паміж мясцовымі жыхарамі вакол гэтых змен. Аўтар параўноўвае розныя карты і турыстычныя даведнікі, якія вялі гасцей горада рознымі маршрутамі, каб прыцягнуць іх увагу да розных элементаў гарадской прасторы і прапанаваць ім розныя наратывы і спосабы прачытання горада. Вынікам стала даследаванне, якое прымушае задумацца пра Вільню як прастору змагання розных дзеячоў, палітычных партый і дзяржаў, што імкнуліся фармаваць успрыманне гарадоў і сцвердзіць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на навакольныя землі і іх насельніцтва.

Стварэнне літоўскай сталіцы

“Літоўскі нацыяналізм і пытанне Вільні” – так гучыць назва літоўскамоўнай кнігі “Vilnius: Lietuvos sostinė: problema tautinės valstybės projekte”, якая выйшла ў тым самым годзе, але раней [14]. Д. Мачуліс і Д. Сталюнас засяроджваюцца на вузейшай праблеме, чым Т. Р. Уікс. Яны шукаюць адказ на канкрэтнае пытанне: чаму літоўскія інтэлектуалы канца XIX – першай паловы XX ст. пачалі разглядаць Вільню як сталіцу Літвы. Пытанне тым больш цікавае з улікам таго, што, як адзначаюць аўтары, колькасна напрыканцы XIX ст. у Санкт-Пецярбурзе, Рызе, Лібаве / Libau / Liepāja больш людзей вызначалі сябе літоўцамі, чым у Вільні [15]. Таму пры чыста этналінгвістычным падыходзе, магчыма, натуральней было б абраць нацыянальнай сталіцай Ковно / Kowno / Коўна / Kovne / Kauen / Каўнас, які і выконваў гэтую ролю ў міжваенны перыяд. Намаганні літоўскіх інтэлектуалаў стварыць Вільню як літоўскую сталіцу паказаны як хрэстаматыйны прыклад таго, як гістарычныя аргументы – у гэтым выпадку спадчына Вялікага Княства Літоўскага – могуць выявіцца больш моцным падмуркам, каб уявіць і легітымізаваць геаграфічны абсяг, межы, цэнтр нацыі, якая прэтэндуе на дзяржаўнасць, чым этналінгвістычныя крытэры.

Кніга Д. Мачуліса і Д. Сталюнаса пачынаецца ад 1883 года, калі пачала выходзіць першая літоўская нацыянальная газета “Auszra / Aušra”. Як сцвярджаюць аўтары, гэтая падзея засведчыла нараджэнне сярод літоўскіх інтэлектуалаў ідэі Вільні як сталіцы Літвы, “захопленай” у пракаветныя часы палякамі, яўрэямі і расійцамі. Аднак большая частка кнігі прысвечана перыяду пасля 1904–1905 г., а ў далейшых раздзелах разглядаюцца Першая сусветная вайна, няпэўныя 1918–1923 г., міжваенны перыяд 1923–1939 г. і “вяртанне” Вільні ў 1939–1940 г. Тут аўтары прасочваюць эвалюцыю і “пашырэнне ў масах” ідэі Вільні як неад’емна літоўскага горада [16]. Даследаванне Д. Мачуліса і Д. Сталюнаса грунтуецца на крыніцах, узятых галоўным чынам з перыядычных выданняў, каб раскрыць інтэлектуальную гісторыю ідэі Вільні як літоўскага горада, які “выкрала” пасля Першай сусветнай вайны Польшча і які цяпер мусіць “вярнуць сабе” Літва.

Да даследавання дадаюцца матэрыялы з падручнікаў геаграфіі, літаратурных крыніц і карты, праз якія адбывалася сімвалічнае прысваенне знакавых мясцін у тапаграфіі горада (напр., Вострай Брамы – Aušros Vartai і замка Гедыміна) як галоўных складнікаў літоўскай культурна-палітычнай гісторыі. Трэба аддаць належнае выдаўцу, што змясціў у кнізе столькі каляровых ілюстрацый – фота, газетных карыкатур, плакатаў, – якія ўзбагачаюць тэкст. Адрозна ад Т. Р. Уікса, Д. Мачуліс і Д. Сталюнас не разглядаюць падрабязна погляды і дзейнасць яўрэяў, палякаў, расійцаў у Вільні. Яны згадваюцца толькі ў рэчышчы контр-наратываў да прэтэнзій літоўцаў. Замест гэтага Д. Мачуліс і Д. Сталюнас аддаюць больш увагі таму, каб улучыць змяненні ўяўленняў пра Вільню як нацыянальную сталіцу Літвы ў больш шырокі кантэкст сучаснай палемікі пра геаграфічны абсяг і межы Літвы, ці літоўскае “геа-цела”, калі карыстацца тэрмінам Тонгчая Вінічакула [17]. Абапіраючыся на глыбокае даследаванне ў картаграфіі літоўскай нацыянальнай тэрыторыі Вітаўтаса Пятроніса і зборнік навуковых прац на тэму прасторавай канцэпцыі Літвы цягам XIX ст. пад рэдакцыяй Д. Сталюнаса, аўтары тлумачаць, як літоўскія інтэлектуалы шукалі цэнтр свайго нацыянальнага руху і якую ролю адыгрывала Вільня ў праектах будучай аўтаномнай (а потым і незалежнай) Літвы [18]. Аўтары не толькі падрабязна спыняюцца на розных канцэпцыях гістарычнага і / ці этналінгвістычнага вызначэння літоўскай дзяржавы, пра якія на мяжы XIX–XX ст. зацята палемізавалі розныя дзеячы. Д. Мачуліс і Д. Сталюнас таксама асвятляюць эканамічныя дэбаты пра Вільню як гандлёвы і прамысловы цэнтр, геапалітычныя дыскусіі пра неабходнасць стварыць моцную дзяржаву, абмеркаванні, у якой ступені мусяць накладацца адно на адно канфесійныя і дзяржаўныя межы, і геаграфічныя канцэпцыі “натуральных” тапаграфічных межаў Літвы. Тым самым аўтары звяртаюць увагу на энергічныя высілкі нацыянальных дзеячоў у справе пашырэння літоўскай нацыянальнай свядомасці праз розныя інстытуты, культурныя мерапрыемствы, рэлігійныя пілігрымкі і літоўскамоўныя выданні пасля скасавання забароны на лацінічны друк у 1904 г. “Літоўскі нацыяналізм і пытанне Вільні” – каштоўны ўнёсак у разуменне літоўскай інтэлектуальнай гісторыі ў першай палове XX ст. і літоўска-польскіх дачыненняў у міжваенны перыяд.

Унёсак у гістарыяграфію Вільні

Хоць дзве разгляданыя кнігі адрозніваюцца сваім прадметам, падыходамі і ставяць розныя пытанні, іх аўтары прыходзяць да падобных высноў: сімвалічнае прысваенне Вільні як уласна літоўскага горада адбылося досыць позна – збольшага на пачатку XX ст. – у выніку канкурэнцыі за горад з іншымі нацыянальнымі рухамі. Яна падштурхнула літоўскіх інтэлектуалаў назваць Вільню сталіцай будучай аўтаномнай (а потым і незалежнай) Літвы. Пры параўнанні кніга Т. Р. Уікса выглядае лягчэйшай для ўспрымання аўдыторыяй, не знаёмай з гісторыяй гэтага рэгіёну. У першых раздзелах аўтар падае нарыс гістарычнага кантэксту “віленскага пытання”. Кніга ж Д. Мачуліса і Д. Сталюнаса, наадварот, пасля кароткай прадмовы ўсяго на пяці старонках прымушае чытача заглыбіцца ў падрабязнае апісанне падзей вакол публікацыі “Auszra / Aušra” ў 1883 г. Пры адсутнасці больш грунтоўнага ўводнага раздзела асабліва звяртае на сябе ўвагу ўжытае аўтарамі досыць спрошчанае вызначэнне нацыянальных рухаў.

Д. Мачуліс і Д. Сталюнас пішуць: «Выраз “нацыянальны рух” датычыць грамадскага руху, які імкнецца ўвасобіць у жыццё вышэйназваныя ідэалы да стварэння нацыянальнай дзяржавы» [19]. Такім чынам, для аўтараў у канцэпцыі нацыянальнага руху ёсць вызначальны зыходны пункт (на іх думку, 1883 год, калі выйшаў першы нумар “Auszra / Aušra”) і канцавы пункт (стварэнне нацыянальнай дзяржавы). Пры такім падыходзе застаецца па-за ўвагай, як фармаванне нацыі было ідэалам, скіраваным у канчатковым выніку да недасяжнай мэты, г. зн. заставалася незавершаным. Як паказвае Т. Р. Уікс у раздзелах, прысвечаных савецкаму і постсавецкаму (ад 1991 г.) перыядам, нацыянальныя рухі гэтак проста не спыняюцца пасля афіцыйнага ўтварэння нацыянальнай дзяржавы. Таксама патрабуюць больш падрабязнага вытлумачэння тэрміны “літуанізацыя”

і “паланізацыя”, якімі часта без удакладнення карыстаюцца Д. Мачуліс і Д. Сталюнас. Гэта дзіўна, калі ўлічыць, як падрабязна спыняецца на канцэпцыі “русіфікацыі” Д. Сталюнас у сваёй працы “Зрабіць рускімі. Сэнс і практычныя захады русіфікацыі Літвы і Беларусі пасля 1863 г.”, што атрымала вельмі высокую ацэнку [20].

У абедзвюх манаграфіях ролі Вільні ў беларускай нацыянальнай свядомасці наўмысна адводзіцца месца на самым ускрайку. Хоць Вільня ў 1919 г. непрацяглы час (усяго пяць месяцаў) была сталіцай хутка сканалай Літоўска-Беларускай ССР, аўтары абмінаюць увагай той час, бо для іх гэта – праект, які скончыўся паразай. Яны даводзяць, што на пачатку XX ст. Вільня не ўспрымалася як сур’ёзны прэтэндэнт на ролю цэнтра беларускай нацыянальнай дзяржавы. Хоць гэта і праўда, што беларусы заяўлялі пра свае палітычныя прэтэнзіі на Вільню не так гучна, як літоўцы і палякі, пры такім падыходзе згортваюцца да мінімуму істотныя гістарычныя прэтэнзіі беларусаў на Вялікае Княства Літоўскае, ці Літву, як беларускую протадзяржаву і, паводле аналогіі, на Вільню як раннемадэрную беларускую сталіцу, дзе афіцыйнай мовай некаторы час была русінская, якую часам разглядаюць як старабеларускую. Напрыклад, беларускі географ Аркадзь Смоліч (1891–1938) у сваёй кнізе “Географія Беларусі” ўлучаў горад у беларускі гістарычна-геаграфічны абсяг [21]. Пагатоў, як паказвае ў сваёй найноўшай кнізе “Уздым і заняпад беларускага нацыяналізму. 1906–1931” Пэр Андэрс Рудлінг – якога не цытуюць ні Т. Р. Уікс, ні Д. Мачуліс і Д. Сталюнас, – на пачатку XX ст. Вільня таксама адыграла істотную ролю як арганізацыйны цэнтр для беларускіх нацыянальных дзеячоў, там друкаваліся шмат якія важныя беларускія нацыянальныя выданні [22].

Калі адкінуць гэтыя дробныя заўвагі, трэба адзначыць, што нячаста выходзяць англамоўныя манаграфіі з літоўскай гісторыі, пагатоў у адзін год – дзве такія значныя кнігі з гістарыяграфіі познемадэрнай Вільні [23]. Гэтыя працы сведчаць, што ў наш час доследы з гісторыі Вільні – як і агулам усёй тэрыторыі сучаснай Літвы – робяць важкі ўнёсак у палеміку на тэмы гісторыі і памяці. Гэта прыклад шматэтнічнага рэгіёну, які знаходзіцца на скрыжаванні польскай, яўрэйскай, расійскай, літоўскай і беларускай гістарыяграфіі і калектыўнай памяці. Абедзве кнігі даюць падставы для аптымізму наконт далейшага развіцця навукі.

Упершыню артыкул убачыў свет на англійскай мове ў “Acta Slavica Iaponica” (No 38, 2017), pp.145–152. Па-беларуску публікуецца з ласкавай згоды аўтара і рэдакцыі “Acta Slavica Iaponica”.

Пераклад Вольгі Калацкай


[1] Pierre Nora. Les lieux de mémoire. Paris: Gallimard,1984.
[2] Больш падрабязны аналіз гэтай літаратуры гл. у: Nick Baron. New Spatial Histories of Twentieth Century Russia and the Soviet History: Surveying the Landscape // Jahrbücher Für Geschichte Osteuropas 55:3 (2007). P. 374–400; Nick Baron. New Spatial Histories of 20th-Century Russia and the Soviet Union: Exploring the Terrain // Kritika: Explorations in Russian and Eurasian History 9:2 (2008). P. 433–447; Theodore Weeks. Urban History in Eastern Europe // Kritika: Explorations in Russian and Eurasian History 10:4 (2009). P. 917–933; Mark Gamsa. Cities and Identity, War, and Memory in the Baltic Region // Kritika: Explorations in Russian and Eurasian History 15:3 (2014). P. 621–635. Гл. таксама зборнік: Jörg Hackmann and Marko Lehti. Contested and Shared Places of Memory: History and Politics in North Eastern Europe. London: Routledge, 2013.
[3] Felix Ackermann. Palimpsest Grodno: Nationalisierung, Nivellierung und Sowjetisierung einer mitteleuropäischen Stadt 1919 – 1991. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2011; Tatiana Zhurzhenko, The Border as Pain and Remedy: Commemorating the Polish-Ukrainian Conflict of 1918–1919 in Lviv and Przemyśl // Nationalities Papers 42:2 (2014). P. 242–268; Uileam Blacker. Urban Commemoration and Literature in Post-Soviet L’viv: A Comparative Analysis with the Polish Experience // Nationalities Papers 42:4 (2014). P. 637–654; Uileam Blacker. Writing from the Ruins of Europe: Representing Kaliningrad in Russian Literature from Brodsky to Buida // The Slavonic and East European Review 93:4 (2015). P. 601–625.
[4] Працы аўтараў на гэтую тэму на іншых мовах: Сталюнас Д. В поисах литовской Литвы: литовское национальное движение и процесс конструирования национальной территории (до 1914 г.) // Ab Imperio 1 (2015). С. 125–174; Dangiras Mačiulis and Darius Staliūnas. Vilnius: Lietuvos sostinė: problema tautinės valstybės projekte. Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 2015; Dangiras Mačiulis, Alvydas Nikžentaitis and Vasilijus Safronovas. L’appropriation symbolique d’une ville multiculturelle: les cas de Kaunas, Klaipėda et Vilnius // Revue germanique international 11 (2010). P. 41–60; Theodore Weeks. Vilna, Wilno, Vilnius 1863 – 1939: une etude de cas sur les cultures parallèles et sur ‘l’Autre’ invisible // Revue germanique international 11 (2010). P. 79–102.
[5] Theodore Weeks. Vilnius between Nations, 1795–2000. DeKalb, IL: Northern Illinois University Press, 2015. P. 2.
[6] Timothy Snyder. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus,1569–1999. New Haven: Yale University Press, 2003. P. 15–102.
[7] Гл. спасылку 4.
[8] Laimonas Briedis. Vilnius: City of Strangers. Budapest; New York: CEU Press; and Vilnius: Baltos Lankos, 2009; Tomas Venclova. Vilnius: a Personal History. Riverdale-on-Hudson, N. Y.: Sheep Meadow Press, 2009.
[9] Адзін з найноўшых прыкладаў гэтай тэндэнцыі гл. у: Mark R. Hatlie. Riga at War 1914–1919: War and Wartime Experience in a Multi-ethnic Metropolis. Marburg: Herder Institut. Studien zur Ostmitteleuropaforschung, 2014). Даследуючы Рыгу пачатку XX ст., М. Р. Хэтлі прысвячае яе нямецкаму, яўрэйскаму, расійскаму і латышскаму насельніцтву асобныя раздзелы.
[10] David A. Frick. Kith, Kin, and Neighbors: Communities and Confessions in Seventeenth-century Wilno. Ithaca: Cornell University Press, 2013.
[11] Marek Tamm, ed. Afterlife of Events: Perspectives on Mnemohistory. Basingstoke: Palgrave Macmillan, 2015.
[12] Alexander C. Diener and Joshua Hagen. From Socialist to Post-Socialist Cities: Narrating the Nation through Urban Space // Nationalities Papers 41:4 (2013). P. 491.
[13] Theodore Weeks. Vilnius between Nations. P. 236.
[14] Гл. спасылку 4.
[15] Dangiras Mačiulis and Darius Staliūnas. Lithuanian nationalism and the Vilnius Question. P. 28.
[16] Ibid. P. 3.
[17] Thongchai Winichakul. Siam Mapped: a History of the Geo-body of a Nation. Honolulu: University of Hawaii Press, 1994.
[18] Vytautas Petronis. Constructing Lithuania: Ethnic Mapping in Tsarist Russia, ca. 1800–1914. Stockholm: Stockholm University, 2007; Darius Staliūnas, ed. Lietuvos erdvinės sampratosilgajame XIX šimtmetyje. Vilnius: Baltijoskopija, 2015.
[19] Dangiras Mačiulis and Darius Staliūnas. Lithuanian Nationalism and the Vilnius Question. P. 4.
[20] Darius Staliūnas. Making Russians: Meaning and Practice of Russification in Lithuania and Belarus after 1863. Amsterdam and New York: Rodopi, 2007.
[21] Смоліч А. Географія Беларусі. Вільня: Друкарня “Промень”, 1919.
[22] Per A. Rudling. The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906 – 1931. Pittsburgh, Pa.: University of Pittsburgh Press, 2015. Англамоўны пераклад папулярнага гістарычнага выдання, дзе Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай у Вільні разглядаецца як раннемадэрная беларуская дзяржава, гл. у: Lubov Bazan. A History of Belarus: A Non-literary Essay That Explains the Ethnogenesis of the Belarusians. London: Glagoslav Publications, 2014. Пераклад з рускай Колума Уокера. У сваёй кнізе “Зніклыя каралеўствы: гісторыя напаўзабытай Еўропы” (Vanished Kingdoms: The History of Half-forgotten Europe. London: Allen Lane, 2011. P. 232–308) Норман Дэвіс прысвяціў адзін раздзел Літве. У наш час Вільня па-ранейшаму выконвае ролю беларускага інтэлектуальнага цэнтра, там месцяцца некалькі няўрадавых арганізацый, якія займаюцца беларускай інтэлектуальна-культурнай дзейнасцю. Сярод іх асабліва варта адзначыць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт – ЕГУ.
[23] Яшчэ адзін з найноўшых унёскаў у гістарыяграфію Вільні ранняга Новага часу – даследаванне Ірыны Герасімавай “Под властью русского царя: социокультурная среда Вильны в середине XVII века” (С.-Петербург: Европейский университет в Санкт-Петербурге, 2015).

Наверх

Тэгі: , ,