Янин, Валентин Л. Новгород и Литва (Генадзь Семянчук)
Янин, Валентин Л. Новгород и Литва. Пограничные ситуации ХIII — XV веков. Москва: Издательство Московского Университета, 1998. 216.
Гэтая кніга вядомага расійскага вучонага прысвечана, на першы погляд, канкрэтнай праблеме гісторыі Ноўгарада Вялікага ХIII — XV ст. і мае няшмат інфармацыі пра мінулае Беларусі. Аднак пры глыбейшым знаёмстве з даследаваннем В. Яніна вартасці працы для нас выяўляюцца больш выразна.
Кніга складаецца з дзвюх самастойных частак: непасрэднага даследавання В. Яніна і вялікага дадатку Л.Басалыга і В.Яніна „Историко–географический обзор новгородско–литовской границы“. Галоўная частка кнігі напісана ў выглядзе сямі нарысаў. Высновы кожнага з іх можна лічыць часткамі адзінай аўтарскай канцэпцыі вытлумачэння спецыфічнасці і унікальнасці сітуацыі, якая склалася на памежжы Вялікага Княства Літоўскага і Ноўгарада Вялікага ў ХIII — XV ст. Сутнасць гэтых палітычных адносінаў бачыцца В.Яніну ў наступным: з сярэдзіны ХIII да першай трэці XIV ст. паўночныя тэрыторыі Смаленскага княства Тарапец і Ржэў, а трохі пазней паўднёвыя наўгародскія землі (Вялікія Лукі) адышлі да ВКЛ. Пасля ўдалых вайсковых дзеянняў Ноўгарада супраць ВКЛ у 20–х г. XIV cт. падпісваецца дамова 1326 г. Галоўным вынікам гэтага міру было стварэнне сістэмы ўзаемаадносінаў паміж ВКЛ і Ноўгарадам. Першая дзяржава прызнавала суверэнітэт Ноўгарада на ўсёй тэрыторыі яго ўладанняў, за гэта апошні плаціў ВКЛ з памежных тэрыторый адпаведную фінансавую кантрыбуцыю („черную куну“). Падобная кампрамісная сістэма існавала да канца XV ст., апошняга моманту незалежнасці Ноўгарада, што выклікала ўвесь час моцнае супрацьдзеянне з боку Масквы.
Трэба прызнаць, што кніга В.Яніна — добры ўзор гістарычна–геаграфічнага даследавання і прафесійнага падыходу нават да лакальных праблемаў гісторыі. Аўтар выступае як карпатлівы даследчык, выкарыстоўваючы комплексны падыход пры вырашэнні пастаўленых мэтаў.
Гэта першае. Па–другое, В.Янін адышоў ад некаторых усталяваных у навуцы канцэпцый, якія былі прыняты без адэкватных доказаў. Гэта дазволіла яму прапанаваць некалькі новых важных падыходаў да канструявання наўгародска–смаленскіх і наўгародска–літоўскіх узаемаадносінаў ХII — XV ст. У сувязі з гэтым была перагледжана храналогія шэрагу важных для беларускіх даследчыкаў крыніцаў: комплекс дакументаў, звязаных з стварэннем Смаленскай епархіі ў ХII ст. („Устаўная грамата Расціслава Мсціславіча“, „Пацвярджальная грамата епіскапа Мануіла“, запіс „А се погородие“), і агляд „А се имена градом всем русскым, далним и ближним“. „Устаўная грамата Расціслава Мсціславіча“, на думку В.Яніна, павінна датавацца часам не раней за 1138–1139 г. і складзена яна была не ў момант стварэння новай епархіі (1136–1137 г.), а ўжо на нейкім этапе яе існавання. Больш за тое, пры ўласнай рэканструкцыі гэтай „Граматы“ маскоўскі даследчык вылучае тэксты двух дакументаў, якія пераблытваліся пазнейшымі капістамі. Дарэчы, да другога дакумента вельмі добра пасуе запіс ад імя Расціслава „О холме“, які нелагічна змешчаны ў канцы „Пацвярджальнай граматы епіскапа Мануіла“. Новая „Грамата“ датуецца 1150 г. і звязана з другім асвячэннем саборнага храма Смаленска. У сярэдзіне — трэцяй чвэрці ХII ст., як лічыць В.Янін, паўстаў запіс „А се погородие“. Важным для беларускіх даследчыкаў з’яўляецца і прапанаванае аўтарам датаванне агляду, вядомага як „А се имена градом всем рускым…“, у якім утрымліваецца шмат арыгінальнай інфармацыі звязанай з нашымі землямі. У адрозненне ад папярэднікаў В.Янін лічыць, што гэты дакумент паўстаў паміж 1375 — 1381 г., а ў выніку карэкцыі ў другой палове 30–х або ў 40–х г. XV ст. набыў вядомую ўсім нам форму.
Па–трэцяе, гісторыя Ноўгарада Вялікага разглядаецца тут не з пазіцый Масквы як цэнтра, а з пазіцый самастойнай Наўгародскай дзяржавы, якая спыніла сваё існаванне менавіта ў канцы XV ст. (1478 г.) пасля яе гвалтоўнага захопу маскоўскім князем Іванам III. Адной з прычынаў нападу Масквы на Ноўгарад і былі кампрамісныя, пралітоўскія адносіны апошняга з ВКЛ.
Значным недахопам кнігі, на нашую думку, з’яўляецца недакладнасць тэрміналогіі. Аўтар выкарыстоўвае паўсюль тэрмін „Літва“, як спрошчаны варыянт поўнай назвы тагачаснай дзяржавы — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (абрэвіятура ВКЛ сустракаецца ў кнізе толькі адзін раз, на с.102). Не вытлумачыўшы чытачу, што ВКЛРіЖ было федэратыўнай поліэтнічнай дзяржавай, В.Янін, як бы не жадаючы таго, адсунуў на другі план яе славянскую частку. У выніку атрымалася, што даніну з памежных наўгародскіх тэрыторый плацілі Літве (недасведчаны чытач зразумее — сучаснай неславянскай Літве), а ўсходнеславянскіх земляў ВКЛ яна быццам і не тычылася. Аднак збор даніны і кантроль за ёй адбываўся з бліжэйшых да наўгародскіх тэрыторый цэнтраў ВКЛ — з Полацка, Віцебска і Смаленска, а ішла яна пераважна, на ўмацаванне менавіта ўсходніх тэрыторый дзяржавы.
Памылкай лічым меркаванне Валянціна Яніна наконт магчымага падпарадкавання Віцебска менскаму князю Васілію, які згадваецца ў дамове 1326 г. (56). Тады ў Віцебску княжыў Альгерд Гедымінавіч, зяць апошняга віцебскага князя Яраслава Уладзіміравіча. Размешчаны на памежжы з Ноўгарадам, Віцебск быў адным з цэнтраў, зацікаўленых у даніне з суседняй тэрыторыі.
Горадня
Генадзь Семянчук