БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

СНАПКОВСКИЙ, ВЛАДИМИР Е. История внешней политики Беларуси: пособие. Минск: БГУ, 2013. 495 с.

Аўтар разгляданай кнігі Уладзімір Снапкоўскі, доктар гістарычных навук, паставіў мэту паказаць знешнюю палітыку Беларусі на фоне гісторыі краіны. Выданне ўяўляе сабой дапаможнік для студэнтаў, якія вывучаюць гісторыю, паліталогію, міжнародныя адносіны, а таксама для ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй знешняй палітыкі і дыпламатыі Беларусі.

Кніга мае храналагічна-праблемную структуру, складаецца з уступу да выдавецкай серыі, непасрэдных уводзінаў, 15 раздзелаў, заканчэння, анатаванай храналогіі найважнейшых падзей гісторыі знешняй палітыкі і дыпламатыі Беларусі, спіса літаратуры, імяннога і геаграфічнага паказальнікаў. Кожны раздзел заканчваецца высновай у выглядзе пераліку асноўных ідэй-тэзісаў і кантрольнымі пытаннямі да патэнцыйных чытачоў (вучняў, студэнтаў). Аналізаваная праца – першае комплекснае і сістэматызаванае даследаванне па гісторыі знешняй палітыкі і дыпламатыі Беларусі ад яе пачаткаў да сучасных падзей. Пытанні знешнепалітычнай і дыпламатычнай дзейнасці разглядаюцца ў кантэксце міжнароднага, палітычнага, этнічнага, эканамічнага і рэлігійнага развіцця. Кніга напісана на рускай мове.

У гісторыі знешняй палітыкі і дыпламатыі Беларусі аўтар вылучае пяць вялікіх храналагічных перыядаў. Першы ахоплівае міжнародную актыўнасць старажытнабеларускіх княстваў у Х – першай палове XIII ст. (раздзел I). Другі – дзейнасць Вялікага Княства Літоўскага ад моманту яго ўзнікнення да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. У знешняй палітыцы ВКЛ вылучаюцца два этапы: 1) ад узнікнення дзяржавы да Люблінскай уніі 1569 г. (раздзелы II, III, частка IV) і 2) ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай (1569–1795) (другая частка раздзела IV, раздзелы V–VII). Трэці перыяд ахоплівае 1795–1917 гады, калі беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі (раздзелы VIII, IX). Знешняя палітыка Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1918–1991) пададзена ў раздзелах X–XIV. Пяты перыяд датычыцца знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь у 1991–2012 г. (раздзел XV).

Выкарыстаныя У. Снапкоўскім крыніцы і літаратура выклікаюць пэўныя крытычныя заўвагі. Спецыфіка такога выдання, як дапаможнік, патрабуе ад аўтара пазначэння ў першую чаргу выдадзеных крыніц. Гэта вынікае з агульнага характару даследаваных праблем і шырокіх тэматычных і храналагічных межаў. Аднак у спісе крыніц пазначаны толькі 16 пазіцый. Большасць з іх (дзевяць) складаюць працы, што выйшлі ў Беларусі пасля 1993 г., шэсць выдадзены яшчэ ў савецкі перыяд і адно выданне, якое з’явілася ў Маскве і Варшаве. Няма ў спісе ніводнай згадкі пра зборнікі дакументаў на польскай ці літоўскай мовах. Абраныя такім чынам крыніцы падштурхоўваюць аўтара да аднабаковага разгляду апісваных падзей. Наўмысны беларусацэнтрызм крыніцазнаўчай базы несумненна адбіўся і на беларусацэнтрычным змесце разгляданага выдання.

Падобным чынам выглядае і спіс літаратуры па пытаннях знешняй палітыкі і дыпламатыі на беларускіх землях у перыяд з Х ст. да 1991 г. З 46 пазіцый у бібліяграфіі толькі дзве кнігі выйшлі за межамі Беларусі і СССР: Д. Міхалюк (Białoruska Republika Ludowa 1918–1920. U podstaw białoruskiej państwowości. Toruń, 2010) і Н. П. Вакара (Belorussia. The Making of a Nation. Cambrige, Massachusetts, 1956). У спісе літаратуры адсутнічаюць элементарныя польскамоўныя выданні па гісторыі ВКЛ, Рэчы Паспалітай Абодвух народаў, паўночна-ўсходніх ваяводстваў, што ўваходзілі ў склад Польскай рэспублікі ў міжваенны перыяд (Заходняя Беларусь). Не згадваюцца працы такіх даследчыкаў, як Ю. Бардах, Г. Блашчак, Е. Ахманьскі, А. Рахуба, Я. Сабчак, А. Е. Закшэўскі.

Аўтар, які даследуе беларускі нацыянальны рух, яго праекты і дзейнасць у дыпламатычнай сферы, павінен быў змясціць у спісе літаратуры наступныя працы: Chojnowski A. Koncepcje polityki narodowościowej rządów polskich w latach 1921–1939 (Ossolineum, 1979), Gierowska-Kałłaur J. Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 – 9 września 1920) (Warszawa, 2003), Paruch W. Od konsolidacji państwowej do konsolidacji narodowej. Mniejszości narodowe w myśli politycznej obozu piłsudczykowskiego (1926–1939) (Lublin, 1997), Śleszyński W. Bezpieczeństwo wewnętrzne w polityce państwa polskiego na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej (Warszawa, 2007).

Асобна У. Снапкоўскі змясціў бібліяграфію, якая датычыцца знешняй палітыкі сучаснай Рэспублікі Беларусь: 21 выданне, з якіх 5 прац на польскай мове і адна на англійскай.

Несумненны плюс дапаможніка – яго “агульны”, дакладней, абагульняльны характар, без чаго было немагчыма абысціся пры разглядзе тысячагадовага перыяду беларускай дзяржаўнасці. Праблематыка знешняй палітыкі і дыпламатыі паказана ад пачатку існавання дзяржаўных утварэнняў на беларускіх землях да моманту абвяшчэння ў 1991 г. незалежнай Рэспублікі Беларусь. Але гэта аўтарскае дасягненне часамі ператвараецца ў слабы бок працы. Аўтар шукае беларускую знешнюю палітыку там, дзе яе не было і быць не магло. Аснова правядзення самастойнай знешняй палітыкі – існаванне дзяржавы. Першай беларускай дзяржавай была Беларуская Народная Рэспубліка (1918–1920). У. Снапкоўскі добра ўсведамляе гэтую метадалагічную праблему. Прадметам даследавання ён вызначае знешнепалітычную дзейнасць беларускіх дзяржаў і дзяржаўных утварэнняў, нават тады, калі незалежнай беларускай дзяржавы яшчэ не існавала. Больш за тое, аўтар звяртае ўвагу і на такі аспект у знешняй палітыцы, як механізм функцыянавання беларускай дзяржаўнасці ў кантэксце адносінаў “цэнтр – перыферыя” (ВКЛ – Рэч Паспалітая, БССР – СССР). У сферы інтарэсаў У. Снапкоўскага апынуліся і знешнепалітычныя праекты беларускага нацыянальнага руху ў XIX–XX ст.

Пачатак знешняй палітыкі і дыпламатыі Беларусі аўтар бачыць ужо ў Х ст. у Полацкім княстве – першым дзяржаўным утварэнні на беларускіх землях. Полацк у кнізе паказаны як першае княства, якое, знаходзячыся ў складзе Кіеўскай Русі, змагло выйсці з-пад уплыву Кіева. Сама ж палітыка Полацкага княства функцыянавала ў трыкутніку “Кіеў – Полацк – Ноўгарад”.

Іншай формай беларускай дзяржаўнасці на літоўскабеларускіх землях было Тураўскае княства, якое функцыянавала паміж Бугам і Прыпяццю. Яно знаходзілася на гандлёвым шляху, які ішоў з Кіева да Польшчы і далей на захад Еўропы. Тураўскае княства вяло сваю знешнюю палітыку з суседняй Польшчай, крыжаносцамі, балтыйскімі плямёнамі, а таксама з далёкай Візантыяй і мусульманскім Усходам.

Прыняцце хрысціянства па ўсходнім узоры прывяло да таго, што Полацкае і Тураўскае княствы апынуліся ў сферы палітычнага, культурнага і рэлігійнага ўплыву праваслаўя. Такім чынам пазней “беларускія дзяржаўныя ўтварэнні” сталі схіляцца да Візантыі, а потым да Масквы.

Снапкоўскі сцвярджае, што старажытнабеларускія княствы пазбеглі знішчальных набегаў татар. ВКЛ паўстала як сумесная ініцыятыва Літвы і старажытнабеларускіх княстваў, якія аб’ядналі свае сілы супраць пагрозы крыжаносцаў Літве і татарскай пагрозы беларускім княствам. Гэтае сцверджанне супярэчыць пашыранаму ў польскай гістарыяграфіі меркаванню аб заваяванні аслабленых татарскімі набегамі і міжусобіцамі рускіх княстваў літоўскімі ўладарамі. Падобным чынам асвятляе гэтае пытанне і літоўская гістарыяграфія.

Вялікае Княства Літоўскае – літоўска-беларуская дзяржава – павінна было стаць славянска-літоўскім саюзам супраць, з аднаго боку, татарскай пагрозы, а з другога – небяспекі з боку Ордэна. Ваенна-палітычны саюз фактычна быў адказам на тагачасную міжнародную сітуацыю.

Значную ролю ў павелічэнні тэрыторыі ВКЛ выканаў Гедымін. Ён пашырыў межы сваёй дзяржавы на поўдні і ўсходзе, уключыўшы рускія землі, Падляшша і Валынь. Знешняя палітыка, якую ён праводзіў, фактычна была балансаваннем, з аднаго боку, у трыкутніку “Залатая Арда – Польшча – Масква”, а з другога – паміж каталіцтвам і праваслаўем. Пад час праўлення Альгерда ў склад ВКЛ увайшлі былыя землі Кіеўскай Русі, аслабленай татарскімі набегамі і феадальнай раздробленасцю.

Падпісанне ў 1385 г. Крэўскай уніі стала пачаткам асабіста-дынастычнай уніі, якая дапаўняла ваенна-палітычны саюз ВКЛ і Польскага Каралеўства. Польска-літоўская кааліцыя прывяла да разгрому крыжаносцаў. Вітаўт узмацніў свае пазіцыі ў Літве, але карону так і не атрымаў.

Аўтар паказвае галоўныя напрамкі знешняй палітыкі ВКЛ у перыяд з другой паловы XV да першай паловы XVI ст. Ён звяртае ўвагу на адносіны з Масквой, крыжаносцамі, Крымскім ханствам, дзяржавамі Заходняй Еўропы. Аналізуючы адносіны з Польшчай, У. Снапкоўскі адзначае ўмацаванне палітычнага саюзу дзвюх дзяржаў.

Перыяд, які пачаўся пасля падпісання Люблінскай уніі 1569 г., паказаны ў выданні як час барацьбы ВКЛ за незалежнасць ад Польскага Каралеўства. Аўтаномія ВКЛ на міжнароднай арэне, розніца знешнепалітычных інтарэсаў паміж Княствам і Каралеўствам вельмі часта і выразна падкрэсліваецца аўтарам даследавання. Вялікая роля ў справе абароны незалежнасці ВКЛ на мяжы XVI – XVII ст. адводзіцца віленскаму ваяводу, канцлеру і гетману вялікаму літоўскаму Льву Сапегу.

У працы паказаны войны Рэчы Паспалітай са Швецыяй, Расіяй, Турцыяй і казакамі Б. Хмяльніцкага ў XVII ст.; адзначаецца, што яны вялі да падзення сумеснай дзяржавы. Рэч Паспалітая Абодвух народаў пераўтварылася ў той час у Польскую Рэч Паспалітую, а ВКЛ стала яе правінцыяй. У працы вельмі дакладна апісаны механізм гэтай уніфікацыі федэратыўнай дзяржавы.

Пасля падпісання Люблінскай уніі ў Рэчы Паспалітай узнік новы сацыяльны пласт – “польскішляхецкі народ”. Яго аб’ядноўвалі сумесныя прывілеі і правы, сумесная палітычная ідэалогія, каталіцкае веравызнанне і польская мова. Па меркаванні У. Снапкоўскага, падзел грамадства ВКЛ па сацыяльнай, этнічнай і рэлігійнай прыкметах стаў адной з прычын, якія вялі да аслаблення гэтай дзяржавы і яе пазіцый у польска-ліцвінскім федэратыўным саюзе, які рухаўся ў кірунку ўніфікацыі. Падзелы Рэчы Паспалітаў ацэньваюцца ў кнізе як ліквідацыя польскай і беларуска-літоўскай дзяржаўнасці.

1772–1917 гады – перыяд, калі беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі. Аўтар аналізуе ўнутраную і знешнюю палітыку Расіі ў гэты час, царскую палітыку русіфікацыі беларускага і польскага насельніцтва, адзначае інтэграцыю беларускіх земляў у Расійскую імперыю, паказвае значнасць удзелу беларускага насельніцтва ў паўстанні 1863–1864 г.

У другой палове XIX ст. зарадзіўся беларускі нацыянальны рух са сваім бачаннем незалежнай беларускай дзяржавы, якое рэалізавалася ў выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

Аўтар працы сцвярджае, што Беларуская Народная Рэспубліка была першай гістарычнай спробай аднаўлення беларускай дзяржавы ў ХХ ст. Абвешчаная 25 сакавіка 1918 г. БНР фактычна стала першай беларускай дзяржавай, якая магла праводзіць знешнюю палітыку. Галоўнай задачай дыпламатыі БНР было атрыманне міжнароднага прызнання для беларускай дзяржавы і яе межаў. Аднак вялікіх поспехаў у знешняй палітыцы не было. БНР аказалася палітычна эфемерным утварэннем.

Прычыны дыпламатычнай слабасці БНР аўтар бачыць ў адсутнасці вопыту і ўменняў у яе дзеячаў. Такая выснова, несумненна, правільная. Праблема бачыцца яшчэ і ў агульнай слабасці новай дзяржавы, якая ў тагачасных умовах не магла мілітарна супрацьстаяць больш моцным суседзям.

Стварэнне маскоўскімі ўладамі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аўтар лічыць праявай знешняй палітыкі Савецкай Расіі, якая імкнулася на сваіх заходніх межах стварыць з савецкіх рэспублік буферную зону, што аддзяляла б яе ад капіталістычнага Захаду. Такая інтэрпрэтацыя падаецца нам не найлепшай. Існаванне асобных савецкіх рэспублік было хутчэй пытаннем унутранай палітыкі, чым праявай трактавання іх Масквой у якасці самастойных дзяржаўных суб’ектаў Моцна цэнтралізаваная ўлада ў Савецкай Расіі была рэальнай палітыкай у дачыненні да дэкларацый аб самавызначэнні і самастойнасці асобных рэспублік. Ідэалагічная праграма “самавызначэння народаў” была толькі праграмным варыянтам, які хаваў гэтую ўладу і ўплыў Масквы.

Ужо ў студзені 1919 г. Цэнтральны камітэт Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) – ЦК РКП(б) – вылучыў са складу БССР Віцебскую, Смаленскую і Магілёўскую губерні, якія ўключыў у склад Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі (РСФСР). На астатніх беларускіх землях пасля іх аб’яднання з Літвой узнікла Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (Літбел). Пасля распаду Літбела маскоўскія ўлады падтрымалі ўзніклую Літоўскую рэспубліку. 31 ліпеня 1920 г. зноў была абвешчана незалежнасць БССР. Гэтыя факты пацвярджаюць, што незалежнасць БССР была толькі тэарэтычнай.

Перыяд 1919–1923 г. Снапкоўскі лічыць першым этапам правядзення міжнароднай дзейнасці БССР у адносінах з дзвюма суседкамі: Польшчай і РСФСР. Функцыянаванне беларускай дыпламатыі ён разглядае ў складанай сітуацыі польска-савецкай вайны і фармавання межаў новых дзяржаў. Бачанне ў гэты час дыпламатычнай самастойнасці БССР, на наш погляд, выглядае перабольшваннем. Нягледзячы на тое, што Польшча фармальна прызнала незалежнасць БССР, у дыпламатычных адносінах з усходнім суседам партнёрам Варшавы часцей выступала Масква, чым Мінск.

Узнікненне СССР азначала ўзмацненне цэнтралізацыі ў правядзенні знешняй палітыкі. Пасля 1923 г. знікла нават бачнасць дыпламатычнай самастойнасці. Сама незалежнасць БССР мела фармальны і дэкларатыўны характар.

Уступленне Чырвонай арміі 17 верасня 1939 г. на паўночна-ўсходнюю тэрыторыю Польскай Рэспублікі і далучэнне яе да БССР аўтар называе “гістарычнай справядлівасцю для беларускага народа”. Выкарыстанне маральных і ідэалагічных аргументаў для апраўдання імперскай палітыкі СССР, які праз далучэнне Заходняй Беларусі да БССР парушыў усе міжнародныя дамоўленасці, калі напаў на Польшчу, што вяла вайну з гітлераўскай Германіяй, падаецца метадалагічна неапраўданым. А тут асуджаецца імперская палітыка І. Сталіна ў дачыненні да Польшчы і адначасова ўсхваляецца далучэнне паўночнаўсходніх ваяводстваў Польскай рэспублікі (Заходняй Беларусі) да БССР.

Можна ў значнай ступені зразумець такую двухсэнсоўную пазіцыю аўтара, які ў навучальным дапаможніку, рэкамендаваным для студэнтаў, што вывучаюць міжнародныя адносіны, і які, дарэчы, мае грыф „Класічнае ўніверсітэцкае выданне”, вымушаны лічыцца з афіцыйнымі падыходамі сучаснай беларускай гістарыяграфіі ў такім лёсавызначальным для гістарычнай палітыкі пытанні, як “уз’яднанне Заходняй Беларусіз БССР”. У сваіх высновах ён, аднак, імкнучыся вытрымаць аб’ектыўнасць і пачуццё гістарычнай праўды, падкрэслівае разам з тым, што акт аб’яднання быў здзейснены сродкамі імперскай палітыкі, стаў вынікам змовы дыктатарскіх рэжымаў Сталіна і Гітлера.

Радасць уз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі была азмрочана перадачай на падставе савецка-літоўскай дамовы ад 10 кастрычніка 1939 г. Віленшчыны разам з Вільняй Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Гэтыя землі беларускі нацыянальны рух лічыў і лічыць спрадвечна беларускімі. Вось ён, кошт, які БССР заплаціла за далучэнне Літвы да СССР. Гэтае рашэнне Сталіна яскрава паказвае інструментальнае трактаванне БССР у межах СССР.

Другая сусветная вайна скончылася вызваленнем беларускіх земляў з-пад нямецкай акупацыі. Пасля гэтага адбылася яшчэ большая інтэграцыя БССР у СССР. Краіна не магла выконваць істотную ролю ў моцна цэнтралізаванай дзяржаве Сталіна. У 1945 г. БССР увайшла у склад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Аднак гэта быў хутчэй тактычны крок Сталіна з мэтай павышэння імперскага значэння СССР, чым фактычнае ўзмацненне ролі БССР на міжнароднай арэне.

У 1991 г. Рэспубліка Беларусь абвясціла незалежнасць. Як паўнапраўны суб’ект міжнароднага права яна выйшла на міжнародную арэну. У хуткім часе новая дзяржава набыла прызнанне і наладзіла дыпламатычныя адносіны з большасцю краін свету. Беларусь атрымала новы статус у ААН, відавочна, больш рэальны, чым папярэдні. Яна стала першай краінай, якая, маючы ядзерную зброю, добраахвотна адмовілася ад статусу ядзернай дзяржавы.

Да сярэдзіны 1994 г. знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь вызначалася Вярхоўным Саветам і Саветам Міністраў. Пасля рэферэндуму 1996 г. яе галоўныя вектары рэалізуе прэзідэнт. Адпаведна з Канстытуцыяй прэзідэнт адказвае за знешнюю палітыку, прадстаўляе Беларусь у адносінах з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, вядзе перамовы, ратыфікуе міжнародныя пагадненні (дамовы), прызначае і адклікае дыпламатаў і амбасадараў. Установай, якая ажыццяўляе ўказанні прэзідэнта ў правядзенні знешняй палітыкі, выступае Міністэрства замежных спраў (МЗС).

У кнізе У. Снапкоўскі адзначыў праблему, з якой сутыкнулася Рэспубліка Беларусь у 1991 г.: дылема “стратэгічнага выбару” паміж Усходам (Расіяй) і Захадам (Еўрапейскі Саюз). Адзін з варыянтаў яе вырашэння – канцэпцыя “роўнай набліжанасці”. Захаванне раўнавагі паміж Усходам і Захадам адлюстроўвае сутнасць такой палітыкі. Гэта дазваляе аптымальна выкарыстоўваць як геапалітычнае становішча Беларусі ў міжнародным транзіце, так і гаспадарчы патэнцыял краіны. Значна лепш стратэгія “роўнай набліжанасці” была рэалізавана ў адносінах з Расіяй, у той час як з Захадам увесь час узнікаюць перашкоды і цяжкасці.

Аўтар згадвае прыярытэты прэзідэнта Беларусі А. Лукашэнкі ад 1995 г., якія датычацца знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь: узмацненне нацыянальнага суверэнітэту, больш цеснае супрацоўніцтва з краінамі СНД пры паглыбленні сувязяў з Расіяй, развіццё адносінаў з заходнімі краінамі, у тым ліку з дзяржавамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, стварэнне карысных умоў для супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі.

Акрамя гэтых заяў, галоўным прыярытэтам знешняй палітыкі выступае Расія. У працы паказаны этапы палітычнай, эканамічнай і ваеннай інтэграцыі з гэтай краінай. 21 лютага 1995 г. была падпісана Дамова аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве, а 8 снежня 1999 г. прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі ў Маскве Дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Гэты дакумент стаў асновай для стварэння 26 студзеня 2000 г. Саюза Беларусі і Расіі, які ў перспектыве павінен прывесці да гаспадарчай і валютнай інтэграцыі абедзвюх краін.

Вялікае значэнне ў беларуска-расійскіх адносінах надаецца ваенна-палітычнаму супрацоўніцтву. Абедзве краіны падпісалі дамову аб ваенным супрацоўніцтве, пагадненне аб рэгіянальнай бяспецы, зацвердзілі канцэпцыю сумеснай абарончай палітыкі.

У кнізе аўтар паказаў адносіны Рэспублікі Беларусь з СНД, суседнімі краінамі, Еўрапейскім Саюзам і ЗША, а таксама шматвектарную палітыку Беларусі (з нееўрапейскімі краінамі). Асобны пункт прысвечаны разгляду ролі Рэспублікі Беларусь у ААН і ўдзелу ў іншых міжнародных арганізацыях.

Нягледзячы на крытычныя заўвагі, варта адзначыць, што праца Уладзіміра Снапкоўскага з’яўляецца вельмі каштоўнай. Яна выступае важным голасам у гістарычным дыскурсе па пытанні дыпламатыі і знешняй палітыкі еўрапейскіх краін. Праца мае наватарскі характар. У ёй раскрываюцца новыя тэндэнцыі ў беларускай гістарыяграфіі. Галоўная заслуга выдання – глыбокі і дэталёвы навуковы аналіз. Праблема знешняй палітыкі Беларусі прадстаўлена аўтарам на фоне грамадскіх, палітычных, нацыянальных, рэлігійных, прававых і гаспадарчых працэсаў. Асабліва падрабязна і цікава ў кнізе адлюстраваны пытанні знешняй палітыкі і дыпламатыі Вялікага Княства Літоўскага. Кнігу можна лічыць прыкладам таго, як у складаных умовах працы гісторыка ў Беларусі можна ствараць сур’ёзную навучальную літаратуру па гістарычнай тэматыцы, у тым ліку па гісторыі міжнародных адносін і знешняй палітыкі Беларусі.

Беласток

Анджэй Смалярчык

Наверх

Тэгі: ,