БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

ХАЯСАКА, МАКОТА. Літва. Уплыў гістарычнай традыцыі на фармаванне нацый. “Краёвая ідэя” з перспектывы сучаснасці. Токіа, 2017. 428, 112 c. (на японскай мове).


Імя японскага прафесара Макоты Хаясакі (Makoto Hаyasaka) досыць вядомае ў славістычных колах. Нарадзіўся Хаясака 19 лістапада 1948 г. у горадзе Сапара. Пасля заканчэння тамтэйшага ўніверсітэта ў 1975 г. праходзіў навуковую стажыроўку ў Польшчы (пераважна ў Варшаве і Кракаве; 1975–1979). Ужо тады ён наведаў Падляшша – памежны рэгіён, дзе побач жывуць палякі, беларусы і ўкраінцы, рэгіён, які захаваў свой стракаты культурны ландшафт. У 1983 г. атрымаў у сваёй “альма матэр” навуковую ступень (Ph.D) і стаў выкладаць ва ўніверсітэце Ібаракі (ад’юнкт, дацэнт, прафесар; 1983–1996). З 1997 г. і да сёння працуе прафесарам тэхналагічнага інстытута ў Токіа, у гэты перыяд стажыраваўся ў Расіі (1992–1993), Польшчы (1993), Літве (1996–1998). Быў і ва Украіне ў 1992 г. (Кіеў, Днепрапятроўск, Львоў). Свабодна валодае польскай і рускай мовамі, чытае і разумее па-беларуску і па-ўкраінску. Спачатку займаўся праблемамі паланістыкі (у прыватнасці, дзейнасць Міхала Чайкоўскага – Садык-пашы), потым русістыкі (гісторыя старавераў), а пазней усё больш увагі стаў аддаваць украіністыцы і беларусістыцы. Так, у 1994 г. выдаў у Токіа манаграфію “Украіна. Як адбудаваць сваю айчынную гісторыю”, якая была заўважана спецыялістамі і атрымала станоўчыя водгукі. Кола асноўных інтарэсаў навукоўца – усходняе і заходняе славянства ў XIX–ХХ ст. У 1999 г. у Токіа выйшла чарговая манаграфія Хаясакі “Адна з крыніц ідэі рэвалюцыйнай дыктатуры: расійскае якабінства і польскае пытанне”. Вялікую цікавасць украіністаў і беларусістаў выклікала кніга вучонага “Беларусь. Гісторыя Памежжа: разважанні над мінулым Беларусі” (Токіа, 2013, больш за 450 с.), на якую мы адгукнуліся станоўчай рэцэнзіяй [1]. Цяпер жа ён выдаў новае фундаментальнае даследаванне – рэцэнзаваную манаграфію «Літва. Уплыў гістарычнай традыцыі на фармаванне нацый. “Краёвая ідэя” з перспектывы сучаснасці”.

Гэтая кніга, як і іншыя манаграфіі Хаясакі, выдадзена на японскай мове, таму мы не можам даць тут іх шырокі агляд, бо не валодаем японскай (як, дарэчы, амаль усе славісты). Але зыходзячы з разгорнутага аўтарскага рэзюмэ на беларускай, польскай, літоўскай мовах (рэзюмэ на беларускую мову перакладзена Аляксандрам Смаленчуком), з фундаментальных спасылак, а таксама з асабістага знаёмства з аўтарам (з 1978 г.), можна скласці анатацыю гэтага важнага выдання, каб зацікаўленыя маглі даведацца пра кнігу, а пры неабходнасці і скарыстацца арыгіналам.

Ва ўводзінах гаворка ідзе пра ўзнікненне ў канцы XIX ст. і развіццё канцэпцыі агульнасці нацый канкрэтнага рэгіёну, прааналізаваны ідэі такіх мысляроў, як Э. Рэнан (Францыя), Г. Елінек (Германія), Т. Урублеўскі (Польшча), В. Ліпінскі (Украіна) і інш.

У першым раздзеле “Гісторыкі на памежжы” разглядаюцца працы М. Ромера, а таксама публіцыстыка М. Ромера і Л. Абрамовіча на старонках “Газеты Віленьскай” і “Пшеглёнду Віленьскага”, гістарычна-паліталагічныя працы Віктара Сукенніцкага, які ўважліва аналізаваў падзеі той часткі Еўропы ў перыяд ад Першай сусветнай вайны да ўзнікнення “Салідарнасці” ў Польшчы, а яго вучнямі і паслядоўнікамі сталі Чэслаў Мілаш і Юліуш Бардах, у навуковай і літаратурнай дзейнасці якіх “краёвая ідэя” зрабілася стрыжнёвай. Менавіта Бардах – даследчык гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – стаў піянерам даследавання “краёвай ідэі”, а вакол яго аб’ядналіся шматлікія гісторыкі з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай (Польшча, Літва, Беларусь, Украіна), што шукалі ўмовы для разумення і стварэння новай супольнасці народаў, і іх мысленне ўжо кардынальна адрознівалася ад мыслення камуністычнага тыпу.

Раздзел II мае назву “Паміж гістарычнай Літвой і Паўночна-Заходнім краем пад панаваннем Расійскай імперыі”. Тут аналізуецца працэс распаду “гістарычнай Літвы”, спробы яе адраджэння ў перыяд ад Венскага кангрэса 1815 г. да Версальскага міру 1919 г. і ператварэння яе ў “этнаграфічную Літву”, што было вынікам узнікнення магутнага нацыянальнага руху сярод літоўцаў, а часткова і беларусаў. Адпаведныя змены зазнала і нацыянальная філасофія: ад асветніцкага паняцця нацыі праз месіянізм і манархічныя і рэспубліканскія канцэпцыі рамантыкаў да ідэі інтэгральнага нацыяналізму тыпу “ідэі сучаснага паляка”, агучанай Раманам Дмоўскім. Гэта адбывалася на фоне палітыкі германізацыі (Нямеччына) і русіфікацыі (Расія), якая асабліва ўзмацнілася пасля польскага паўстання 1863 г. і паскорыла заняпад шляхты. Парадаксальна, але палітыка русіфікацыі спрыяла абуджэнню этнічнай свядомасці літоўцаў і беларусаў, што засведчыў, у прыватнасці, і перапіс насельніцтва 1916 г., праведзены ў Нямеччыне. Мясцовае насельніцтва часта вызначала сябе “тутэйшым”, што між іншым давала шанец да ўласнага сацыяльнага авансу і пераўтварэння ў шляхту. Варта адзначыць, што погляды дзеячоў “гістарычнай Літвы” (Б. Ліманоўскі, Ё. Шлюпас, Ё. Басанавічус і інш.) значна адрозніваліся, але па сутнасці праблемы былі ідэнтычнымі. Адчуваліся ўплывы варшаўскага пазітывізму і рускага народніцтва, якія папулярызавалі ідэю дэмакратызацыі мясцовай супольнасці. З іншага боку, выяўляўся ўплыў ідэі “нацыянальнага эгаізму” Рамана Дмоўскага, развітай у яго кнізе “Myśli nowoczesnego Polaka”, якая спрычынілася да фармавання мясцовага польскага нацыянальнага руху. Варта падкрэсліць, што краёўцы ў цэлым былі далёкія ад нацыяналістычных тэндэнцый. Няма сумневу ў тым, што эндэцкі інтэгральны нацыяналізм Дмоўскага нарадзіўся пад уплывам унутранай палітыкі аб’яднанай Нямеччыны і Расійскай імперыі. Супрацьлегласць нацыянальнаму эгаізму ўвасаблялі прыхільнікі “краёвай ідэі”, якія ў 1905 г. выступілі пад лозунгам яднання народаў. Хоць Ромер і Абрамовіч не згаджаліся з ідэяй спалучэння “тутэйшасці” з “краёвай ідэяй”, аднак верылі ў перспектыву аднаўлення “гістарычнай Літвы”. Сучасная беларуская навука разглядае “краёвую ідэю” адным са спосабаў ідэалізацыі дзяржавы, называючы яе “ліцвінскай ідэяй”, роўнай дактрыне “заходнерусізму”. Зыходзячы з гэтага беларускія гісторыкі стварылі вобраз дзяржавы, які нагадвае сучасную Рэспубліку Беларусь. “Краёвая ідэя” стала зыходным пунктам для шматлікіх дыскусій і розных інтэрпрэтацый.

У ІІІ раздзеле (“Адраджэнне літоўскага народа і Mіхал Ромер”) даецца кароткая біяграфія М. Ромера, аналізуюцца яго галоўныя працы “Stosunki etnograficzne na Litwie” (Кракаў, 1906), “Litwa. Odrodzenie narodu litewskiego” (Львоў, 1908), якія і сёння не страцілі навуковага значэння, а таксама погляды літоўскіх клерыкалаў, дыскусія паміж прыхільнікамі “этнаграфічнай” і “гістарычнай” Літвы.

Раздзелы IIІ, IV і V (адпаведна «“Aušra” i заслуга Ёнаса Бaсaнaвiчуса», “Рост літоўскага нацыянальнага руху ў час рэвалюцыі 1905 г.”, “Партрэты палітычных дзеячоў і мысляроў гістарычнай Літвы”) прысвечаны літоўскаму нацыянальнаму руху і ролі ў ім вядучых літоўскіх палітыкаў (Ё. Басанавічус, Ю. Гэрбачэўскі, О. Мілаш, І. Мілеўскі і інш.), працэсу стварэння і дзейнасці літоўскіх палітычных партый, іх узаемаадносінам з царскім урадам, развіццю “мітынговага руху”, працы Вялікага Сейма ў Вільні, становішчу літоўскага нацыянальнага руху ў гады рэакцыі. У прыватнасці, характарызуецца дзейнасць Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, заснаванай у 1905 г. арцыбіскупам Эдвардам фон Ропам, якая прызнавала магчымасць абрання мовы дадатковага набажэнства і тым самым спрыяла нацыянальнаму адраджэнню беларусаў.

У VІ раздзеле “Пачаткі дзейнасці краёўцаў” аналізуюцца час рэвалюцыі 1905–1907 г. і роля дэмакратычнага выдання “Gazeta Wileńska”, палітычная дзейнасць М. Ромера, удзел “краёўцаў” у выбарах у Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі. Асаблівую ўвагу прыцягваюць падраздзелы, прысвечаныя Сялянскаму саюзу ў Мінску, “Краёвай партыі Літвы і Беларусі”, дзейнасці Рамана і Канстанцыі Скірмунт, у тым ліку барацьбе супраць агрэсіі эндэкаў, ідэалізацыі беларускасці ў канцэпцыі Рамана Скірмунта, пазіцыі М. Ромера ў дачыненні да беларускага нацыянальнага руху. Аддаецца ўвага таксама каталіцкай публіцыстыцы Канстанцыі Скірмунт, яе спрыянню “Беларусі”, адмаўленню ёю тэрміна “крэсы”, паколькі гэты тэрмін быў праявай дыскрымінацыі народаў, асабліва ў перыяд II Рэчы Паспалітай. Цікавасць выклікае падраздзел пра дзейнасць масонскіх ложаў у гады Першай сусветнай вайны (гаворка пра гэта ідзе і ў VIII раздзеле), а таксама пра заняпад краёвай ідэі напярэдадні Другой сусветнай вайны.

Раздзел VII “Гуманітарызм адваката Taдэвуша Урублеўскага” звязаны з папярэднім. Тут разглядаецца біяграфія, погляды і дзейнасць Урублеўскага, асабліва ў перыяд рэвалюцыі 1905–1907 г., сталыпінскай рэформы. Асобны падраздзел прысвечаны нацыянальнаму самавызначэнню ў канцэпцыі Урублеўскага, праблеме земства ў Літве і Беларусі, абароне правоў беларусаў, якія дыскрымінаваліся польскім урадам.

Раздзел VIII “Выбух Першай сусветнай вайны і яе наступствы” асвятляе перш за ўсё перыяд нямецкай акупацыі, дзейнасць Віленска-Ковенскай камісіі, нямецкай акупацыйнай камісіі “Ober-Öst”, нямецкі перапіс 1916 г., мемарыял Ромера “Litwa wobec Wojny” (1915), у якім аналізавалася становішча палякаў, літоўцаў, беларусаў і яўрэяў на тэрыторыі гістарычнай Літвы. У канцы аналізуецца працэс нараджэння новых дзяржаў на абломках Расійскай імперыі.

У раздзеле IX “Віленская справа” разглядаюцца польска-літоўскія адносіны пасля Першай сусветнай вайны (Тарыба, абвяшчэнне незалежнасці Літвы, заключэнне літоўска-польскага міру 12.07.1920 г., бунт Л. Жалігоўскага і ўтварэнне Сярэдняй Літвы), польска-савецкая вайна і Рыжскі мір, Ліга Нацый і спроба вырашыць літоўскае пытанне, праект прэзідэнта П. Гіманса, інкарпарацыя Віленшчыны ў Польшчу, “вайна не вайна” Польшчы і Літвы, пачатак Другой сусветнай вайны і далучэнне Віленшчыны да Літвы, “пакт Молатава – Рыбентропа” і анексія Літвы СССР.

Апошні сюжэт ёсць таксама ў раздзеле X “Вяртанне ў Еўропу”. Тут галоўная ўвага аддаецца поглядам і дзейнасці Ежы Гедройца (рэдактара парыжскай “Культуры”) і Чэслава Мілаша (паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі). Гэта, як і пазіцыя рымскага папы Яна Паўла II, арцыбіскупа Юргіса Матулайціса, спрыяла пераадоленню старых міжэтнічных канфліктаў, перамозе “Салідарнасці” і “Саюдзіса”, аднаўленню незалежнасці Літвы, ліквідацыі камуністычнага рэжыму ў Польшчы, паляпшэнню адносін паміж польскім, літоўскім, беларускім, украінскім народамі. У той жа час расправа савецкіх салдат над мірнымі пратэстоўцамі пад тэлевежай у Вільні паказала імкненне Крамля аднавіць імперыю нават узброенай сілай. Дадамо, што расійская агрэсія супраць Грузіі і Украіны пацвярджае ўзмацненне рэваншысцкіх памкненняў Крамля. У апошнім раздзеле разглядаецца ідэалагізацыя ідэі ў яе развіцці ад “тутэйшасці” да “краёвасці” як выражэння дэмакратызацыі грамадства, ідэі “ліцвінства” як выражэння гістарычнай свядомасці беларусаў. На думку аўтара, ідэя “краёвасці” прывяла Польшчу і Літву ў Еўрапейскі Саюз, адкрыла такую ж перспектыву для Украіны і Беларусі, значна паменшыла напружанне ў міжнацыянальных адносінах народаў рэгіёну.

Напрыканцы змешчаны заўвагі, паказальнік крыніц і літаратуры, спіс скарачэнняў. Кніга ўключае ў сябе шмат фотаздымкаў, малюнкаў, карт, як унутры тэксту, так і ў дадатках, дае цікавы матэрыял не толькі навукоўцам, але і шараговаму чытачу.

Такім чынам, у чарговай манаграфіі японскага прафесара разглядаюцца вельмі важныя і актуальныя праблемы Усходне-Цэнтральнай Еўропы, у прыватнасці Беларусі.

Кіеў

Юрый Мыцык


[1] Мицик Ю. Нове дослідження японського славіста // Український археографічний щорічник. Вип. 18. Киïв, 2013. С. 731–734.

Наверх

Тэгі: , ,