БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

STAŚKIEWICZ, ŁUKASZ. Ameryka Łacińska w polityce zagranicznej Republiki Białoruś. Toruń: Adam Marszałek, 2016. 189 s.

Актуальнасць тэмы, узнятай нашым польскім калегам, не выклікае сумненняў, паколькі лацінаамерыканскі вектар знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь яшчэ не атрымаў сур’ёзнага навуковага абгрунтавання. Існуе толькі некалькі манаграфій і артыкулаў – у тым ліку аўтара гэтай рэцэнзіі. Аўтар працы ў 2014–2015 г. быў стыпендыятам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава. Гэта і дапамагло яму сабраць у цэлым комплексны матэрыял лацінаамерыканскага вектара знешняй палітыкі беларускай дзяржавы. Манаграфія складаецца з 8 раздзелаў, ілюстрацый і бібліяграфіі, у якую ўвайшлі прававыя дакументы, матэрыялы з інтэрнэту, артыкулы і манаграфіі беларускіх, расійскіх і польскіх аўтараў.

Першы раздзел прысвечаны аналізу канцэпцыі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, як яе разумее сам аўтар. Гэтая частка складаецца з двух параграфаў: “Станаўленне знешняй палітыкі Беларусі ў 1991–2000 г.” і “Шматвектарная палітыка ў 2000-я гады”. Тут аўтар базуе свае высновы на працы польскага даследчыка беларускага паходжання Яўгена Мірановіча “Знешняя палітыка Беларусі”, які вылучае два этапы: з 1991 да 1994 і 1994 – 2000 г. Адзначаецца расійскі ўхіл знешняй палітыкі пасля прыходу да ўлады А. Лукашэнкі; звяртаецца ўвага, што доля Расіі да 2000 г. складала 65% гандлёвага звароту Беларусі (10).

Шматвектарнасць знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь стала фармавацца з 1997 г. ва ўмовах нарастальнай ізаляцыі Беларусі ад дзяржаў Захаду. Рэзка ўзрасла цікавасць да лацінаамерыканскага кантынента. Былі наладжаны дыпламатычныя адносіны з краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Беларусь увайшла ў Рух недалучэння. Да 2015 г. яна ўсталявала сувязі з 31 з 33 дзяржаў кантынента, аддаючы перавагу Венесуэле, Кубе і асабліва Бразіліі. Пасольствы Рэспублікі Беларусь былі адкрыты ў Аргенціне, Бразіліі, Венесуэле, Перу і на Кубе (16). Аддаючы належнае аўтару, варта адзначыць, што размова тут вядзецца ўсё ж не пра канцэпцыю знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь (яе да гэтага часу пакуль няма), а проста характарызуюцца азначаныя вышэй два этапы гэтай палітыкі: да 1994 года і пасля.

Пачынаючы з другога раздзела аўтар дае досыць аб’ектыўную характарыстыку двухбаковых адносін і падкрэслівае зацікаўленасць Беларусі ў развіцці ўзаемадачыненняў з лацінаамерыканскім кантынентам. На наш погляд, у гэтай частцы даследавання парушаны прынцып прыярытэтнасці. Гледзячы гістарычна, на першае месца варта было б паставіць Аргенціну з вялікай беларускай дыяспарай, а потым Кубу, паколькі яна яшчэ ў савецкія часы мела самыя цесныя сувязі з Беларуссю. Калі ж вылучаць эканамічны інтарэс, то тут на першым месцы, па-за ўсялякімі сумненнямі, павінны стаяць Бразілія і Венесуэла. Апошняя была прыярытэтным кірункам у знешняй палітыцы Беларусі з 2006 да 2013 г. дзякуючы намаганням У. Чавеса. На маю думку, пасля яго смерці адбыўся рэзкі заняпад гэтых адносінаў.

Аўтар правёў цікавае даследаванне, звярнуўшы асноўную ўвагу на патэнцыйныя магчымасці кожнага партнёра Беларусі. Гэта важны момант працы, бо іншыя даследчыкі, што пішуць на гэтую тэматыку, абмяжоўваюцца толькі поспехамі або праблемамі ў гандлі двух суб’ектаў. Л. Стаськевіч не абмежаваўся гэтым. У кожным раздзеле, асабліва ў тым, што тычыцца Венесуэлы, праведзены аналіз і гуманітарнай сферы, які паказвае, што пры У. Чавэсу, які пяць разоў наведваў нашу дзяржаву, яго краіна сапраўды ператварылася ў стратэгічнага саюзніка Беларусі.

Для напісання манаграфіі аўтар выкарыстаў вялізную колькасць крыніц і літаратуры, прадэманстраваўшы здольнасць абагульняць і аналізаваць разнастайны матэрыял. Прававых актаў мы налічылі каля 50, манаграфій і артыкулаў – 56, матэрыялаў з інтэрнэту – каля 300. Аднак я лічу, што выкарыстанне такой вялікай колькасці крыніц, асабліва з сеціва, не пайшло на карысць даследчыку, паколькі багацце інфармацыі “забіла” аналіз, праблемнасць у адносінах Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі. Гэта датычыць найперш невысокай ступені абазнанасці партнёраў, ведання патэнцыйных магчымасцяў кожнага боку, інертнасці мыслення кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання як беларускіх, так і лацінаамерыканскіх. Такія моманты добра адлюстраваны ў працах беларускіх вучоных – прафесара У. Снапкоўскага і дацэнта А. Ціхамірава, але іх прозвішчаў ці прац рэцэнзент не заўважыў ні ў тэксце манаграфіі, ні ў бібліяграфічным спісе. Вядома, мы ўдзячныя аўтару за спасылкі на тры манаграфіі рэцэнзента, але разам з тым было б дарэчы спаслацца і на яго першы артыкул “Беларусь открывает окно в Латинскую Америку” ўчасопісе “Латинская Америка” за 2008 г., а таксама на артыкул 2013 г. у тым самым часопісе, прысвечаны 60-годдзю У. Чавеса. У гэтай сувязі, напэўна, было б істотна больш ясна вызначыць храналагічныя рамкі працы, бо адны раздзелы пачынаюцца з 1991 г., а іншыя – больш познім часам. Ды і завяршаюцца яны рознымі часамі.

Тым не менш, нягледзячы на заўвагі, лічу, што Л. Стаськевіч правёў вялікую працу па даследаванні беларуска-лацінаамерыканскіх адносінаў, вылучыў тыя дзяржавы, якія будуць у ХХІ ст. выконваць усё большую ролю на міжнароднай арэне, нягледзячы на негатыўныя тэндэнцыі эканамічнага і палітычнага характару, што праяўляюцца апошнім часам. Манаграфія была б карыснай для студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў у Беларусі, калі б яе ўдалося выдаць у перакладзе.

Мінск

Аляксандр Чaлядзінскі

Тэгі: