БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Войцех Вальчак. Даследаванне структуры Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі ў XVII–XVIII ст.

Пасля таго як частка іерархаў і вернікаў праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі ў 1596 г. прынялі Брэсцкую унію, новаўтвораная грэка-каталіцкая царква сутыкнулася з праблемай арганізацыі сваёй унутранай структуры. Праваслаўнае духавенства і вернікі, перайшоўшы пад юрысдыкцыю папы рымскага, не хацелі займацца ўтварэннем новай структуры з нуля, бо гэта супярэчыла б самой ідэі уніі. А таму лагічным рашэннем было захаваць арганізацыйную структуру, атрыманую ў спадчыну ад праваслаўнай царквы, роўна як і пакінуць пры сабе яе інвентар (вядома, там, дзе гэта было магчыма ў акрэслены перыяд).

Тым самым адбылося своеасаблівае раздваенне рускай царквы: ніводная з епархій Кіеўскай мітраполіі з таго моманту не магла пахваліцца канфесійнай аднастайнасцю – праваслаўныя прыходы на яе тэрыторыі суседнічалі з уніяцкімі, а абедзве супольнасці – праваслаўная і ўніяцкая – лічылі сябе непасрэднымі спадкаемцамі ранейшых традыцый мітраполіі. Унутраныя падзелы разгортваліся ў межах асобных епархій, а часам ім спадарожнічала і пэўнае карэктаванне саміх епархіяльных межаў, на якое дадаткова ўплывалі шматлікія ваенна-палітычныя пературбацыі ў Рэчы Паспалітай, асабліва характэрныя для XVII ст. Усё гэта цягнула за сабой пераўтварэнні ў маёмаснай структуры праваслаўнай царквы і ўніятаў [1], а ў другой палове XVII ст. урэшце прывяло да канчатковага разбурэння традыцыйных структурных формаў.

Згаданыя пераўтварэнні не абмінулі і Пінска-Тураўскай епархіі, дзе ў адказ на імклівыя перамены як у асяроддзі ўніятаў, так і ў праваслаўнай царкве адбываўся – асабліва актыўна ў другой палове XVIII ст. – злом ранейшых арганізацыйных структур. Гэты працэс пераходу асобных цэркваў у рукі то ўніятаў, то праваслаўных ішоў няспынна, у сувязі з чым цяжка акрэсліць перыяды, калі тая ці іншая канфесія дамінавала на землях гэтай епархіі.

Уніяцкая арганізацыйная структура, калі не лічыць Левабярэжнай Украіны, якая з 1668 г. адышла да Маскоўскай дзяржавы, захавалася аж да падзелаў Рэчы Паспалітай. У канцы XVII – пачатку XVIII ст. яна налічвала восем епархій – столькі ж, колькі мела ў XVI ст. праваслаўная царква Рэчы Паспалітай [2].

У 1720 г. Замойскі сабор вярнуў Кіеўскай мітраполіі адносна стабільную адміністрацыйна-тэрытарыяльную структуру, якая, аднак, разыходзілася – і часам істотна – з ранейшым укладам [3]. Каля 1772 г. Кіеўская архіепархія займала тэрыторыю блізу 200 тыс. км2, што складала амаль палову ўсяго арэалу ўніятаў. Значна меншы памер мела другая па велічыні Полацкая архіепархія, следам за якой ішлі Львоўская, Луцкая, Уладзімірская, Пінска-Тураўская, Перамышльская і найменшая Холмская епархіі.

Як мы бачым, прынята было лічыць, што Пінска-Тураўская епархія займала шостае месца ў Кіеўскай мітраполіі паводле плошчы (пасля найбуйнейшай Кіеўскай, Полацкай, Львоўскай, Луцкай і Уладзімірскай епархій) [4]. Меншымі за яе былі дзве епархіі: Перамышльская і Холмская. Тут варта адзначыць, што ў выпадку епархіі, пра якую ідзе гаворка, мы маем справу са спецыфічным балоцістым рэгіёнам Палесся, а таму вялікая плошча, якая прыпадае на адзін прыход, стварае памылковае ўражанне, бо папраўдзе значную частку епархіі займала мясцовасць, непрыдатная для пражывання. Як удалося давесці аўтару гэтай працы, плошча названай епархіі была значна большай, чым лічылі ранейшыя даследчыкі, бо дагэтуль у як склад не ўключаўся Мазырскі павет. Праведзеныя даследаванні дазваляюць сцвярджаць, што Пінска-Тураўская ўніяцкая епархія ў сярэдзіне XVIII ст. мела плошчу каля 35 тыс. км2, што выводзіць яе на пятае месца пасля мітрапаліцкай, Полацкай, Львоўскай і Луцкай епархій. Варта пры гэтым звярнуць увагу, што ўключэнне ў склад нашай епархіі Мазыршчыны азначае неабходнасць адняць яе плошчу ад плошчы мітрапаліцкай архіепархіі, што змяншае тэрыторыю апошняй прыблізна на 10 тыс. км2.

Тэрытарыяльны абсяг Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі

Мы не маем у сваім распараджэнні крыніц, у якіх прыводзіліся б дакладныя геаграфічныя звесткі наконт Пінска-Тураўскай епархіі ў XVII ст. Гэта, відаць, тлумачыцца тым, што епархія ў названым стагоддзі сутыкалася з няспынным ціскам, а таму цяжка было апісаць стан царквы, вымушанай увесь час змагацца за ўжо здабытыя душы, якія ўсё часцей пераходзілі ў праваслаўе. Дадатковай праблемай былі ўзаемаадносіны ўнутры самой епархіі: землеўладальнікі імкнуліся адцяць у епіскапаў як мага большы кавалак царкоўных уладанняў, выкарыстоўваючы для гэтага перманентнае змяншэнне ўплыву ўніяцкіх іерархаў. Нярэдка самі епіскапы дакладна не ведалі, якія землі павінны ўваходзіць у склад іх епархіі.

Апрача таго, розныя палітычныя віхуры таксама маглі прыводзіць да змянення межаў епархіі. Ёсць падставы меркаваць, што ў перыяд уніі да тэрыторыі, якую ў XVI ст. займала праваслаўная епархія, была далучана Мазыршчына [5]. Відаць, гэтыя землі ўвайшлі ў склад названай епархіі пасля канфлікту паміж Мазырскім паветам і Кіеўскім ваяводствам, які завяршыўся толькі пры пасрэдніцтве спецыяльна скліканай у 1609 г. камісіі па размежаванні спрэчных земляў [6]. Размежаванне было пацверджана ў 1613 г. [7]. З моманту вынясення гэтых прысудаў у 1609–1613 г. Мазыршчыну разам з усімі яе прыходамі пачалі адносіць да Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі [8]. І хоць у 1769 г. у пінска-тураўскага епіскапа ўзнікла чарговая тэрытарыяльная спрэчка з кіеўскім мітрапалітам наконт Мазыршчыны, землі апошняй ужо так і не вярнуліся ў склад мітрапаліцкай архіепархіі [9].

Гаворачы пра далучэнне Мазыршчыны да цікавай нам епархіі, варта на хвілінку запыніцца над пытаннем аб тым, каму належала гэтая зямля, бо адказ на яго дазволіць праілюстраваць механізм пераходу земляў пад юрысдыкцыю пінска-тураўскага епіскапа, а таксама дасць уяўленне пра аргументы, якімі карыстаўся гэты ўладыка, каб давесці правамернасць сваёй улады над тымі землямі. Прычынай спрэчкі аб прыналежнасці Мазыршчыны, як і іншых падобных спрэчак, былі разыходжанні паміж адміністрацыйнымі межамі і межамі зямельных надзелаў, спалучаныя з глыбокай рэлігійнасцю ўладальніка пэўных земляў, у выніку чаго іх насельніцтву даводзілася прымаць веравызнанне свайго пана. Так было і ў выпадку Мазыршчыны, што засведчыў дакумент пад назвай “Інфармацыя пра становішча мазырскіх парафій, якія выдаюцца за прыналежныя да Тураўскай епархіі” [10]. З яго мы даведваемся, што ўладанні Тураў і Снядзін былі нададзены Жыгімонтам Аўгустам пінска-тураўскаму епіскапу пасля выгасання лініі рускіх князёў Астрожскіх [11]. У канцы 1563 – пачатку 1564 г. Канстанцін Васіль Астрожскі атрымаў Тураў, 9 фальваркаў і ажно 48 вёсак (сярод якіх больш за дзесяць вёсак былі пад юрысдыкцыяй пінска-тураўскіх уладык, а адна з вёсак непасрэдна адносілася да аднаго з тураўскіх прыходаў) у спадчыну ад сваёй маці Аляксандры, якая паходзіла са слуцкіх князёў. Слуцкая княгіня атрымала гэтыя ўладанні ў пажыццёвае ўладанне ад свайго мужа гетмана Канстанціна Астрожскага (тастамент ад 1528 г.; памёр у 1530 г.). Таму, у сваю чаргу, гэтыя землі, якія раней належалі здрадніку Міхаілу Глінскаму, перадаў кароль – ва ўзнагароду за падаўленне мяцяжу Глінскага супраць Жыгімонта Старога; наданне было канчаткова пацверджана каралеўскім судом пры Жыгімонце Старым у 1539 г., які разбіраў працэс паміж удавой гетмана і яго сынам ад першага шлюбу Іллёй. У 1564 г., праўда, аб сваіх прэтэнзіях на названыя землі заявіла Іллёва ўдава Беата, у той час ужо Лаская, але Жыгімонт Аўгуст заняў у гэтай спрэчцы бок К. Астрожскага, які, відаць, дзякуючы гэтаму без лішніх праблем увайшоў у правы ўласнасці над спрэчнай маёмасцю [12].

Згодна з дакументам, які зберагаецца ў Санкт-Пецярбургу, у 1603 г. Астрожскія перадалі пад юрысдыкцыю Пінска-Тураўскай епархіі, у прыватнасці, наступныя землі: вёскі Альгомле, Сіманічы, фальварак пад горадам Тураў, а таксама Ашавец, Замошша, Снядзін, Шастовічы (вёска з фальваркам), Балажэвічы, Глініца, Дарашэвічы, Выролкі, Капцэвічы, Галубіца, Турок, Майсеевічы, Мардзвін, Макарычы, Мялаўскае, Востраў, Махнавічы. Затое вёскі Дварэц і Хоцім належалі “папу Мікулінскаму”. Дзякуючы таму што Астрожскія перадалі такую вялікую колькасць маёнткаў, у XVI ст. яны займелі вырашальны ўплыў на кадравую палітыку цікавай нам епархіі [13].

Значэнне прыведзенай крыніцы, якая дазволіла атрымаць пададзеныя вышэй звесткі, яшчэ больш узрастае дзякуючы таму, што ў ёй ёсць інфармацыя пра іншыя дакументы, што зберагаліся ў колішняга пінска-тураўскага епіскапа Гедэона Дашковіча-Гарбацкага. З іх, як сцвярджае крыніца, вынікала, што ў 1608 г. Мазыр разам з ваколіцамі належаў Астрожскаму, а значыць, і ўвесь Мазырскі павет быў уласнасцю гэтага роду. На думку аўтараў “Інфармацыі пра становішча мазырскіх парафій…”, юрысдыкцыя пінска-тураўскага епіскапа над гэтымі землямі на пачатку XVII ст. выключала якія-небудзь правы на іх з боку кіеўскага мітрапаліта. Апрача таго, Пінска-Тураўскі епіскап аргументаваў прыналежнасць Мазырскага дэканата да ўласнай епархіі адсутнасцю згадак пра яго ў перапісах часоў мітрапаліта Афанасія Шаптыцкага (1728–1746) [14].

Пра тое, як выглядала Пінска-Тураўская епархія пасля канчатковага далучэння да яе Мазыршчыны, даволі шмат можна сказаць, абапіраючыся на крыніцы, якія датычацца другой паловы XVIII ст. У склад епархіі ў той час уваходзілі наступныя тэрыторыі: землі Палесся, Пінскага і Мазырскага паветаў, а пасля адміністрацыйнай рэформы, праведзенай у 1566 г., і некаторыя фрагменты Брэсцкага Літоўскага ваяводства [15] (называнага таксама Брэст-Літоўскім), а менавіта два паветы – Пінскі і Брэсцкі. Больш за дзесяць прыходаў адносіліся да Слонімскага павета [16]. Поўныя звесткі, якія дазваляюць ахарактарызаваць тэрытарыяльны склад разгляданай епархіі, утрымлівае падрыхтаваная нунцыятурай [17] справаздача епіскапа Гедэона Гарбацкага, якая была адказам на пытанні, зададзеныя Апостальскай Сталіцай усім уніяцкім епіскапам. У гэтым дакуменце пад назвай “Responsio ad questia Ill[ustrissi]mi Exc[e]ll[issi]mi ac Rev[erendissi]mi D[omi]ni Nuncii Apostolici in Regno Poloniarum et magno Ducatu Litt[uaniae] prius diligenter rebus omnibus examinatis per me Gedeonem Horbacki Ep[isco]pum Pinscensem et Turoviensem Datum Anno 1773. Mense Februarii Die 26”, які зберагаецца сёння ў Ватыканскім сакрэтным архіве [18], закранаецца, у прыватнасці, пытанне пра межы Пінска-Тураўскай епархіі: “Ad quaesitum quousque extenduntur limites istius dioecesis Pinscen[sis] Graeco-Uniti Populi? Quot et quos Palatinatus, Castellanias, aliosque Districtus Terrestres, nec non Latinorum Ep[isco]porum dioeceses comprehendat vel intesecet?” [19].

У адказе епіскап пералічвае землі, якія знаходзіліся пад яго юрысдыкцыяй: “Тэрыторыяй памянёнай Пінскай епархіі з’яўляецца амаль выключна Пінскі павет, калі не лічыць некаторых парафіяльных цэркваў, размешчаных у Навагрудскім і Брэсцкім ваяводствах; гэтая тэрыторыя з бакоў абмежавана Навагрудскім ваяводствам, Слонімскім паветам, Брэсцкім ваяводствам, Холмскай зямлёй, Луцкім паветам, Кіеўскім ваяводствам, яўным чынам паловай Оўруцкага павета, Мазырскім паветам; яна, такім чынам, уключае ў сябе дыяцэзіі лацінскіх біскупаў, якія, аднак, не супадаюць з Пінскай епархіяй, г. зн. Луцкую і Віленскую дыяцэзіі. Тураўская ж епархія – гэта ўвесь Мазырскі павет і частка Пінскага, да якіх з розных бакоў прымыкаюць Навагрудскае ваяводства, Рэчыцкі павет, Оўруцкі павет. Большая частка гэтай Тураўскай епархіі – гэта лацінская дыяцэзія віленскага біскупа, за выключэннем аднаго толькі Тураўскага касцёла, які належыць да Луцкай дыяцэзіі” [20].

Можна сцвярджаць, што згаданы дакумент – гэта крыніца, якая дае найбольш дакладнае ўяўленне пра тэрыторыю Пінска-Тураўскай епархіі. Апрача таго, цікавае для нас пытанне ён асвятляе ў поўнай меры, бо называе ў якасці тэрыторыі ўніяцкай Пінска-Тураўскай епархіі ў другой палове XVIII ст. у тым ліку і землі Луцкага, Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў, а менавіта Слонімскі павет, Холмскую зямлю, Луцкі, Оўруцкі, Мазырскі і Рэчыцкі паветы.

Як відаць з прыведзенага фрагмента, апісваючы межы Пінска-Тураўскай епархіі, епіскап дзеліць яе на дзве часткі – Пінскую і Тураўскую, што падаецца слушным, калі ўлічыць, якую вялікую тэрыторыю яна займала. Такі адміністрацыйны падзел епархіі на дзве часткі фігуруе і ў створаным, хутчэй за ўсё, у 1754 г. спісе базыльяніна з Тараканскага манастыра, афіцыяла пінска-тураўскага епіскапа Тадэвуша Зарускага пад назвай “Status Episcopatus Pinscensis et Turoviensis” [21]. У Пінскай епархіі ён згадвае дзесяць дэканатаў: Пінскі, Янаўскі, Драгічынскі, Бездзежскі, Лагішынскі, Кажангарадоцкі, Пагосцкі, Столінскі, Нобельскі і Любяшоўскі [22]. У тураўскай частцы было тры дэканаты: Тураўскі, Петрыкаўскі і Мазырскі, а пачынаючы з 1770-х гадоў – яшчэ і Убарцкі [23].

Дадатковыя звесткі наконт памянёнага падзелу можна знайсці ў дакументах, падрыхтаваных канцылярыяй пінска-тураўскага епіскапа [24], а таксама ў пратаколах візітацый, з якіх вынікае, што тураўскай часткай ад імя епіскапа кіраваў афіцыял, які адказваў таксама і за правядзенне візітацый [25]. У пінскай жа частцы ўсе рашэнні прымаў сам епіскап ці яго пасланец.

1. Крыніцы, якія даюць магчымасць вызначыць структуру Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі

Найпаўнейшае ўяўленне пра структуру паасобных епархій, іх падзел на дэканаты і сетку парафій сёння мы можам атрымаць з візітацыйных пратаколаў. Такога роду крыніцы маюць тры бясспрэчныя перавагі: па-першае, яны дастаткова поўныя (г. зн. утрымліваюць пералік асобных парафій); па-другое, паведамляюць пра маёмаснае становішча асобных цэркваў – апісваюць тое, што заспеў і бачыў візітатар; па-трэцяе, даюць праўдзівы матэрыял для ацэнкі структуры епархіі і маёмаснага становішча асобных храмаў [26], паколькі рыхтаваліся ў першую чаргу для ўлад епархіі як “першачарговая крыніца інфармацыі пра яе тагачасны стан” [27]. Сучасны гісторык знойдзе ў гэтых актах практычна ўсебаковае адлюстраванне гісторыі ўніяцкай царквы. “Яны могуць служыць асновай для самых разнастайных манаграфій шмат у якіх галінах навукі, а таксама для правядзення геаграфічна-статыстычнага аналізу пераважна ў канфесійнай сферы. Кожнае з вышэйзгаданых пытанняў дзякуючы візітацыйным актам, з прыцягненнем пэўных дадатковых матэрыялаў, можа быць раскрыта ў картаграфічным і статыстычным разрэзе. Цалкам магчыма, што з гэтага пункту гледжання яны зяўляюцца нават адзінай крыніцай, здольнай даць звесткі практычна пра ўсе аспекты жыцця той ці іншай парафіі” (вылучэнне маё. – В. В.) [28].

У выпадку разгляданай епархіі у нашым распараджэнні ёсць – апрача выпадкова знойдзенага рэестра візітацыі з вёскі Моладава за 1698 г. [29] – перш за ўсё пратаколы візітацый, падрыхтаваныя пасля Замойскага сабору 1720 г. На гэтым саборы распрацавалі фармуляр пытанняў, якія візітатар павінен быў задаваць парахам асобных парафій, што забяспечыла аднастайнасць сабранага такім спосабам дакументальнага матэрыялу ў маштабах усіх уніяцкіх епархій. У візітацыях, якія датычаць тэмы нашых разваг, заўсёды асвятляўся пэўны шэраг пытанняў. Так, у кожным візітацыйным пратаколе адлюстроўваўся падзел на дэканаты, а ў іх межах – на парафіі; у апісанні кожнай парафіі абавязкова ўказвалася яе назва і дата візіту. Далей візітацыйны акт уключаў у сябе наступныя раздзелы: “Выгляд іінвентар вышэйназванай царквы, яе рыштунку, фундушовых земляў, плябаніі і парафіі”, “Алтары, абразы і іх раскоша”, “Серабро, медзь, цынк”, “Памяшканне для святара і келіха”, “Алтарнае памяшканне”, “Царкоўныя кнігі”, “Званы, званіца”, “Плябанія”, “Фундушовыя і царкоўныя землі”, “Парах”, “Парафія” і нарэшце – “Рэфармацыйны дэкрэт” [30]. Асобным пунктам ішло патрабаванне да епіскапаў і візітатараў складаць візітацыйныя пратаколы ў двух экзэмплярах, адзін з якіх заставаўся ў парафіі, а другі перадаваўся ў епархіяльную кансісторыю [31].

Гэтая праца грунтуецца перш за ўсё на візітацыйных актах, што зберагаюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (абодва ў Мінску), а таксама ў Інстытуце гісторыі Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу; былі выкарыстаны таксама асобныя выпіскі з Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве. Візітацыйныя акты, даступныя ў гэтых архівах, датуюцца ў асноўным XVIII ст., але не ўтвараюць вычарпальнага збору. Сярод іх адсутнічаюць дакументы за 1754, 1761, 1700 – 1771 і 1786–1787 г., якія згадваюцца ў пазнейшых візітацыйных запісах [32].

Пададзеная ў даследаванні спроба рэканструкцыі гісторыі Пінска-Тураўскай епархіі была таксама ўзбагачана дзякуючы фрагментарным справаздачам пра стан асобных парафій, якія зберагаюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве [33]. Шмат інфармацыі дадалі і матэрыялы, прысвечаныя пазнейшай гісторыі парафій – у прыватнасці, датаваныя XIX ст. Гэтыя архіваліі, даступныя ў Беларускай бібліятэцы і Музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане [34], каштоўныя для даследчыкаў уніі перш за ўсё тым, што дазваляюць прасачыць за падзеямі, якія адбываліся пасля таго, як той ці іншы прыход пераходзіў у рукі праваслаўных. Яшчэ адна разнавіднасць крыніц, якія дазволілі высветліць арганізацыйную структуру, – разнастайныя перапісы агульнага і статыстычнага характару. Гэтыя справаздачы пра стан паасобных уніяцкіх епархій, якія рыхтаваліся паводле распараджэння Дзяржаўнага сакратарыята Ватыкана, а таксама для патрэб епархіяльнай адміністрацыі, уяўляюць сабой каштоўную крыніцу звестак, верыфікаваных варшаўскай нунцыятурай. Апісанні, зробленыя нунцыямі – г. зн. замежнікамі, незаангажаванымі ў палітыку Рэчы Паспалітай, – вельмі цікавая крыніца, дзякуючы якой можна ацаніць становішча ў Рэчы Паспалітай вачыма незалежнага назіральніка [35].

Важнае значэнне для прадстаўленых у гэтай працы даследаванняў меў і “Дзённік дзейнасці Юрыя Булгака”, складзены ў 1730-я гады Ежы Пакоўскім [36]. У ім можна знайсці спіс духавенства пад назвай “Рэестр святароў Пінска-Тураўскай епархіі з усімі вакансіямі” [37], які ў значнай ступені пацвярджае прынамсі некаторыя звесткі іншых крыніц за 1730-я гады, але датычыць выключна ўніяцкай часткі цікавай нам епархіі.

2. Дэканальны падзел

Пераняты з праваслаўя падзел епархіяльнай структуры ў каталіцкай царкве ўсходняга абраду на пратапопіі, або намесніцтвы, або дэканаты, захоўваўся ў XVII і XVIII ст., прычым у апошнім стагоддзі існавання ўніяцкай Пінска-Тураўскай епархіі выразна праявілася тэндэнцыя да павелічэння колькасці пратапопій, а тым самым да змяншэння іх плошчы, што яўна палягчала кіраванне асобнымі адзінкамі царкоўнай адміністрацыі і кантроль над імі [38]. Гэтыя змены практычна абмінулі літоўскую частку мітрапаліцкай епархіі, дзе, як заўважае Л. Бянькоўскі, абрысы пратапопій амаль не мяняліся з другой паловы XVII да канца XVIII ст., што тлумачыцца слабейшым развіццём сеткі прыходаў у гэтым рэгіёне. Затое адваротную тэндэнцыю можна канстатаваць для той часткі мітрапаліцкай епархіі, што апынулася ў складзе Каралеўства Польскага, дзе можна назіраць значны рост колькасці дэканатаў (у 1694 г. – 6 пратапопій, а ў 1781–1787 г. – ужо 52) [39]. Гэта было звязана з больш актыўным развіццём парафіяльнай сеткі на землях, якія былі спустошаны ў другой палове XVII ст. і зрабіліся нечым накшталт “новых” абшараў для каланізацыі, больш лаяльных да ўкаранення уніі, чым землі ВКЛ [40].

Сёння няпроста вызначыць, як выглядала дэканальная сетка Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі ў XVII – пачатку XVIII ст. Вядома, што пасля Брэсцкай уніі, як мы ўжо згадвалі, быў захаваны ранейшы падзел на пратапопіі (яшчэ іх называлі намесніцтвамі), які з XVIII ст. ператварыўся ў дэканальную сістэму са строга вызначанымі абавязкамі дэканаў [41]. Да нядаўняга часу мы маглі карыстацца толькі даследаваннямі В. Колбука, які пісаў: “Можна дапусціць, што тут [у Пінска-Тураўскай епархіі напярэдадні 1772 г. – В. В.] існавала каля 10–12 дэканатаў, якія, відаць, атрымлівалі свае назвы ад найбуйнешых населеных пунктаў (мястэчак) на той ці іншай тэрыторыі. Гэта маглі быць такія дэканаты: Давыдгарадоцкі, Дубровіцкі, Кажангарадоцкі, Лагішынскі, Лахвенскі, Любяшоўскі, Мазырскі, Нобельскі, Петрыкаўскі, Пінскі, Тураўскі, Янаўскі, але не выключана таксама, што існавалі яшчэ і Гародзенскі, Капаткевіцкі, Скрыгалаўскі, Целяханскі, Тамашгародскі ды Высоцкі» [42]. Падаецца, аднак, што гэтыя звесткі няпоўныя, бо з крыніц першай паловы XVIII ст. вынікае, што ў Пінска-Тураўскай епархіі налічвалася 13 дэканатаў: 10 у пінскай частцы епархіі – з цэнтрамі ў Пінску, Століне, Пагосце, Нобелі, Любяшове, Янаве, Драгічыне (які ў той час зваўся Дарагічынам-на-Палессі [43]), Бездзежы, Лагішыне, Кажан-Гарадку – і тры ў тураўскай, з цэнтрамі ў Тураве, Петрыкаве і Мазыры, а пасля 1772 г. – яшчэ і ў Лельчыцах (чатырнаццаты Убарцкі дэканат) [44]. Такі пералік можна скласці на аснове перапісаў і візітацый.

Адна з крыніц, якія ляжаць у аснове гэтага пераліку, – “Дзённік дзейнасці Юрыя Булгака” аўтарства Ежы Пакоўскага [45], створаны ў 1730-я г. У гэтым дакуменце ў якасці цэнтраў пратапопій згадваюцца наступныя населеныя пункты: Лагішын, Пагост (Зарэчны і Сухадольны), Нобель, Янаў, Бездзеж, Столін, Драгічын, Любяшоў, Пінск і Тураў [46]. Гэта не вычарпальны пералік дэканатаў, бо няма згадак пра Кажан-Гарадок, Петрыкаў і Мазыр, што можа тлумачыцца непаўнатой перапісу духавенства, які ахоплівае выключна пінскую частку епархіі [47].

Няпоўны спіс з “Дзённіка дзейнасці Юрыя Булгака” дапаўняюць справаздачы аб візітацыях, што праводзіліся ў названай епархіі ў другой палове XVIII ст., дзе ў якасці сядзіб дэканатаў называюцца Мазыр, Драгічын, Кажан-Гарадок, Лагішын, Любяшоў, Пінск, Пагост, Столін і Янаў [48]. Праўда, і гэтыя дакументы, як можна меркаваць, няпоўныя. Хоць сёння яны зберагаюцца ў адной папцы, некаторыя з іх – выразна неаднародныя паводле аб’ёму – складаліся ў розныя гады (найчасцей датуюцца 1783–1784 г.), з чаго можна зрабіць выснову, што першапачаткова яны не захоўваліся разам [49]. Акурат гэтыя акалічнасці дазваляюць сцвярджаць пра непаўнату матэрыялу першакрыніц і лічыць прыведзены вышэй пералік з 14 дэканатаў (разам з новаўтвораным Убарцкім) у межах Пінска-Тураўскай епархіі вычарпальным прынамсі для XVIII ст.

Форма дэканальнага падзелу ў згаданай епархіі захавалася да самага канца яе існавання, хоць і неаднаразова апыналася пад пагрозай. Барацьба за зямлю прымушала некаторых ставіць пад сумненне царкоўную структуру, цікавым прыкладам чаго з’яўляецца спрэчка за дэканат, датаваная 1769 г. 15 сакавіка гэтага года тагачасны кіеўскавіленскі мітрапаліт Феліцыян Піліп Валадковіч накіраваў ліст мазырскаму дэкану, у якім загадаў вярнуць Мазырскі дэканат у склад мітрапаліцкай епархіі [50]. Д. Лісейчыкаў лічыць, што патрабаванне мітрапаліта аб вяртанні пад свой кантроль мазырскіх парафій тлумачылася яго змовай з дэканам Правалкоўскім [51], які нібыта пагадзіўся на пераход парафій гэтага дэканата ў склад мітрапаліцкай епархіі. Крыніцы, аднак, не пацвярджаюць гэтага тэзіса. У іх святле дэкан Правалкоўскі выступае заступнікам духавенства свайго дэканата, які падтрымаў пратэст сваіх падначаленых супраць прапанаванага Валадковічам перападпарадкавання найбуйнейшага дэканата Пінска-Тураўскай епархіі, накіраваны епіскапу Гедэону Дашковічу-Гарбацкаму [52]. На гэты ліст уладыка адрэагаваў у вельмі рашучым тоне, выказваючы свой жаль і абурэнне несправядлівасцю, якая яго закранула: “Дзіўна да таго ж, што праслаўлены мітрапаліт яшчэ ўбогую, як усім вядома, епархію намагаецца пакрыўдзіць. Але ж ведаеш, ваша высокамагутнасць, адкуль да мяне гэтая беспадстаўная непрыязнасць узнікла і, пашыраючыся ў плётках, мучыць мяне не перастае. Мая віна ў тым, што праслаўлены мітрапаліт, нарабіўшы піва, знік быў недзе ў той час, калі мне высвячацца трэба было. Вось тое высвячэнне і ёсць усяму прычынай. Калі б, аднак, справядліва ў мяне той дэканат збіраліся адабраць, я б не скардзіўся і не ўпіраўся, але ж я прысягаў дбаць пра дабро сваёй епархіі, а таму мушу бараніцца. Гэта з жалю было напісана, а вось што наконт справы” [53].

Прыведзены ліст уладыка напісаў пасля атрымання ад сваіх парахаў пісьма, у якім святары прасілі яго дапамагчы і ўмяшацца, апелюючы да пастаноў Замойскага сабору і таго факта, што Мазырскі дэканат стагоддзямі адносіўся да Пінска-Тураўскай епархіі [54]. У гэтым лісце святары сцвярджалі: “Ніякіх пастараў, апрача ягамосцей епіскапаў пінскіх і тураўскіх, ведаць не хочам” [55].

У сваім адказе мітрапаліт упіраў на тое, што шмат цэркваў у спрэчным дэканаце застаюцца “ad Dioecesem Vilnensem” (“ва ўлонні Віленскай епархіі”), што, зрэшты, было праўдай, бо некаторыя цэрквы на самай справе былі ў калятарстве віленскага епіскапа, хоць яны і знаходзіліся на тэрыторыі Пінска-Тураўскай епархіі, якая іх утрымлівала і апекавалася імі. Апрача таго, уладыка спасылаўся на дакументы, паводле якіх Мазырскі дэканат спачатку належаў да Тураўскай епархіі, а пасля да Пінскай [56]. Як мы ўжо згадвалі на пачатку раздзела, Мазыршчына ў пачатку XVII ст. адносілася да Кіеўскага ваяводства, а яе парафіі ўваходзілі ў склад мітрапаліцкай епархіі, на чым, відаць, і грунтаваліся прэтэнзіі мітрапаліта.

Апісаныя падзеі дазваляюць зрабіць некалькі каштоўных высноў наконт функцыянавання цікавай нам епархіі ў другой палове XVIII ст. Па-першае, тое, што канфлікт быў вырашаны на карысць пінска-тураўскага епіскапа, сведчыць пра ўзмацненне пазіцый гэтага ўладыкі, які тэарэтычна, маючы значна меншую вагу ў царкоўнай іерархіі, павінен быў прайграць больш магутнаму ўніяцкаму мітрапаліту. Дадатковай увагі ва ўсёй гэтай гісторыі заслугоўвае адданасць духавенства дэканата свайму епіскапу. Відаць, зрэшты, што нават у 1770‑я г. парафіяльная і дэканальная структура была яшчэ не зусім трывалая, раз даходзіла да такіх спрэчак, а для прыхільнікаў праваслаўя гэта было сігналам таго, што ўніяцкія структуры далёкія ад маналітнасці. Антыўніяцкія настроі ўзмацняла і актыўная дзейнасць праваслаўнай іерархіі ў 1770‑я гады [57].

Варта адзначыць, што не толькі падобныя канфлікты паміж царкоўнымі іерархамі ставілі пад пагрозу стабільнасць структуры Пінска-Тураўскай епархіі, у якой тэрытарыяльныя змены дэканальнай сеткі не поўнасцю кантраляваліся царкоўнымі ўладамі. Пэўную ролю адыгрываў тут і свецкі фактар: з’яўленне і функцыянаванне дэканатаў пачынаючы з XVII ст. было цесна звязана са структурай зямельнай уласнасці, на якую, у сваю чаргу, мацней за ўсё ўплывала палітычная сітуацыя. У рэгіёне, пра які мы гаворым, яна заставалася досыць складанай, а таму епіскапы не мелі вялікага ўплыву на стварэнне новых царкоўных структур. Лёс царквы вызначаўся хутчэй землеўладальнікамі, якія вырашалі, з’явіцца на іх землях храм ці не. Як зазначае Л. Бянькоўскі, у наступным стагоддзі ў большасці ўніяцкіх епархій гэтае становішча змянілася – епіскапы вярнулі сабе ўладу над пратапопіямі і пратапопамі. Пінска-Тураўская епархія, аднак, хутчэй за ўсё не належала да гэтай большасці, бо нават у другой палове XVIII ст. тут практыкаваўся кантроль землеўладальнікаў над парахамі ці парафіямі – так, амаль палова парафій Мазырскага павета (Мазырскі і Петрыкаўскі дэканаты) былі ў калятарстве роду Аскеркаў, якія займалі ў Мазырскім павеце значныя пасады [58]. І хоць для XVIII ст.гэта была ўжо даволі архаічная мадэль, на Палессі ў той час яна па-ранейшаму сустракалася. Заключалася яна ў тым, што пратапопы перад прызначэннем на сваю будучую пасаду мусілі ўнесці высокую плату і атрымаць ад калятара прадстаўленне, і толькі пасля гэтага іх кандыдатура магла разглядацца епіскапам [59].

Такая практыка мела гістарычныя карані. Упершыню яна знаходзіць адлюстраванне ў крыніцах пачатку XVI ст., у кантэксце канфлікту тагачаснага пінска-тураўскага епіскапа Васіяна з уладальнікамі Пінска князямі Іванам Яраславічам і яго сынам Фёдарам Іванавічам Яраславічам. Абодва Яраславічы, хоць і былі вялікімі апекунамі праваслаўнай царквы, пачалі ўмешвацца ў прэрагатывы епіскапа, імкнучыся цалкам падпарадкаваць сабе ўсе аспекты царкоўнага жыцця ў межах сваіх уладанняў, у тым ліку паставіць пад свой кантроль будаўніцтва новых храмаў і прызначэнне пры іх святароў без ведама і згоды іерарха. У адказ на скаргу апошняга вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелон забараніў падобную практыку і перадаў усю гэтую сферу царкоўнага жыцця пад кантроль уладыкі Васіяна. Прывілей, атрыманы епіскапам Васіянам, пацвярджаўся каралеўскімі канцылярыямі аж да панавання Аўгуста III [60], але не трэба думаць, што свецкія землеўладальнікі адмовіліся ад сваіх ранейшых правоў і звычаяў.

* * *

Дадзеныя крыніц паказваюць, што найбольш эфектыўную дэканальную сетку павінна была мець якраз Пінска-Тураўская епархія, у якой на адзін дэканат прыпадала 19 парафій, а, напрыклад, у Перамышльскай – 40. Меншая колькасць парафій у межах дэканата натуральным чынам вядзе да больш дзейснага кантролю над асобнымі прыходамі. Варта заўважыць, што названай епархіі была ўласціва досыць вялікая разбежка паміж колькасцю парафій у розных дэканатах – так, у Любяшоўскім (пра які ёсць найпаўнейшыя звесткі) было толькі 11 прыходаў, а ў Мазырскім – сорак сем. Такая разбежка тлумачылася, як можна меркаваць, структурамі адміністрацыйна-гаспадарчай уласнасці, якія існавалі ва ўсіх епархіях [61].

3. Парафіяльная сетка ў XVII–XVIII ст.

Вызначыць, якой у лічбавым выражэнні была парафіяльная сетка ў XVII–XVIII ст., вельмі цяжка, асабліва калі ўлічыць дэфіцыт крыніц з дакладнымі дадзенымі ў абсалютных лічбах для XVII ст. Для другой паловы XVIII ст. у нашым распараджэнні ёсць толькі агульныя звесткі, якія перасылаліся ўніяцкімі епіскапамі нунцыю Дж. Гарампі [62], аднак дадатковую даследчую праблему стварае адначасовая прысутнасць на адных і тых жа землях дзвюх цэркваў – уніяцкай і праваслаўнай [63], у выніку чаго ў той ці іншай мясцовасці нярэдка суіснавалі дзве парафіі розных канфесій.

Задача гісторыкаў ускладняецца і тым, што крыніцы датуюцца рознымі перыядамі, даступныя візітацыйныя акты ствараліся ў розныя гады (а па некаторых дэканатах – Нобельскім і Бездзежскім – іх наогул няма) і паміж гэтымі гадамі парафіі маглі мяняць сваю дэканальную ці нават канфесійную прыналежнасць. Апрача таго, як мы ведаем, у XVII–XVIII ст. адбывалася развіццё парафіяльнай сеткі, але ў розных рэгіёнах епархіі гэты працэс ішоў з неаднолькавай інтэнсіўнасцю і сустракаў розныя перашкоды.

Усё гэта не дае магчымасці сучаснаму даследчыку рэканструяваць структуру ўсёй епархіі (з падзелам на дэканаты і парафіі) у той ці іншы канкрэтны момант, а таму прапанаваны ў гэтым падраздзеле аналіз, як бы старанна ён ні ажыццяўляўся, не будзе вычарпальным.

а) Фактары, якія спрыялі зяўленню новых цэркваў

Перад тым як пачаць гаварыць пра колькасць парафій, што налічваліся ў Пінска-Тураўскай епархіі, варта запыніцца над фактарамі, якія спрыялі з’яўленню новых парафій або тармазілі гэты працэс.

Згодна з высновамі прафесара Ежы Урвановіча, у XVIII ст. узрасла інтэнсіўнасць будаўніцтва храмаў – ва ўсёй Рэчы Паспалітай у той час узнікла каля 800 хрысціянскіх храмаў, з якіх 500 (62%) былі рымска-каталіцкімі касцёламі, 243 (30%) – уніяцкімі цэрквамі, а 42 (5%) – праваслаўнымі. Пры гэтым у ВКЛ у названым стагоддзі колькасць новых і перабудаваных уніяцкіх цэркваў відавочна пераважала над праваслаўнымі, што, на думку Е. Урвановіча, сведчыць аб “узмацненніакаталічвання хрысціянства ў Вялікім Княстве Літоўскім, перш за ўсё ў рымскім абрадзе, у меншай жа ступені – у грэчаскім” [64].

Нярэдка цэрквы будаваліся землеўладальнікам рымска-каталіцкага веравызнання, якія фундавалі іх па просьбах вернікаў. У такіх выпадках пэўную ролю адыгрываў і матэрыяльны фактар, бо пабудова царквы абыходзілася танней, чым будаўніцтва касцёла [65].

Нярэдкай была і практыка заснавання парафіі пробашчам іншай парафіі. Так, напрыклад, была створана парафія Ушэсця Гасподняга ў Грабаве, калятарам якой быў петрыкаўскі пробашч Ілля Бародзіч, апостальскі протанатарыус і афіцыял Пінска-Тураўскай епархіі, а фундатарам будаўніцтва – смаленскі канонік Тамаш Яленскі. З гэтай прычыны петрыкаўскі пробашч захаваў за сабой права прызначаць у памянёнай парафіі святароў [66].

Апрача пералічаных фактараў, якія спрыялі з’яўленню парафій, Л. Бянькоўскі адзначае, аднак, наяўнасць і пэўных акалічнасцяў, што тармазілі гэтыя працэсы, звязаных перш за ўсё са знікненнем “элемента матэрыяльнай зацікаўленасці феадалаў з прычыны паступовай ліквідацыі сіманійскай практыкі гандлю прадстаўленнямі ці абкладання парахаў чыншам і данінай” [67]. Разам са скасаваннем такой практыкі знікала і матывацыя феадалаў да ажыццяўлення фундацый.

Скептыцызм магнатаў, абумоўлены фінансавым бокам справы, узмацняўся і з прычыны значнага аслаблення рэлігійнага фактару на хвалі ўласцівай XVIII стагоддзю ідэалогіі Асветніцтва, якая вельмі асцярожна падыходзіла да пытанняў веры. Немалаважнае значэнне мела і ўсё большая самаўпэўненасць магнацтва, становішча якога, як піша Е. Урвановіч, «у дзве першыя трэці XVIII ст. дасягнула апагею. У гэтай сацыяльнай групы ўжо не засталося патрэбы штосьці камусьці даводзіць. З’яўленне новых магчымасцяў прыбытковага інвеставання назапашаных сродкаў – напрыклад, у мануфактуры ці гандлёвыя кампаніі – прывяло да таго, што якраз туды магнаты з большай ахвотай спрабавалі <…> укладаць свае грошы, чым у “беспрыбытковыя інвестыцыі”, якімі былі рэлігійныя фундацыі» [68].

З прычыны ўсяго гэтага ў XVIII ст. больш як палова рэлігійных фундацый былі ажыццёўлены шляхтай, што супярэчыць гіпотэзе, паводле якой менавіта магнацкія фундацыі ў гэты перыяд нібыта пераважалі [69]. Больш пільныя даследаванні прымушаюць прыйсці да высновы, што магнаты паводле абсалютнай велічыні ахвяраванняў на будаўніцтва храмаў стаялі на трэцім месцы пасля духавенства і шляхты. Гэта тым больш красамоўна, калі ўлічыць, што шляхта ў той перыяд перажывала працэс збяднення: крыніцы згадваюць пра выпадкі перадачы епіскапу права калятарства на царкву, бо шляціч больш ужо не мог яе ўтрымліваць [70].

б) Парафіі ў XVII ст.

Сёння мы маем няшмат матэрыялаў, якія дазволілі б нам скласці хоць прыблізнае ўяўленне пра асобныя парафіі епархіі ў сярэдзіне XVII ст. Пададзеныя ніжэй звесткі паходзяць усяго з трох крыніц, якія грунтуюцца, відаць, не на праведзеных належным чынам парафіяльных перапісах, а на агульных, зусім не дэталізаваных ускосных дадзеных, на карысць чаго гавораць яўна акругленыя лічбы.

Першая са згаданых крыніц – гэта ананімны дакумент 1647 г. пад назвай “Relatio”, падрыхтаваны для Пінска-Тураўскай епархіі яшчэ да паўстання Хмяльніцкага і спрычыненых ім разбурэнняў. У ім можна знайсці інфармацыю пра 400 праваслаўных і ўніяцкіх прыходаў пад кіраўніцтвам епіскапа Пахомія Войны-Аранскага, які, наколькі можна меркаваць, больш цікавіўся паляваннем, чым царкоўнымі справамі [71]. Колькасць парафій, пра якую паведамляе “Relatio”, наўрад ці адпавядала рэальнасці – хутчэй за ўсё, яна была значна завышана [72].

Яшчэ адна крыніца XVII ст., але крыху пазнейшая [73], – справаздача Якуба Сушы, холмскага архіепіскапа ў 1652 – 1687 г., пад назвай “Amplissima relatio Ep[iscopus] Jac[obo] Susza de laboribus Unitorum et progressu Unionis, post Synodum Brestensem (1596) et tempore belli Cosacici” [74]. Гэтая праца, напісаная ў час знаходжанна Сушы ў Рыме ў 1664–1666 г., утрымлівае звесткі пра ўсю унію, у прыватнасці пра колькасць парафій у асобных епархіях. Аднак пра Пінска-Тураўскую епархію ў гэтай справаздачы інфармацыі менш, чым пра ўсе іншыя. Аўтар згадвае толькі, што пасля казацкіх войнаў тут было 100 парафій – значна менш, чым да паўстання, бо казакі, маўляў, вельмі спустошылі гэтыя землі [75] (фрагмент быў напісаны пасля цяжкага для Рэчы Паспалітай перыяду, калі праз актыўнасць казакоў насельніцтва пераходзіла з уніяцтва ў праваслаўе): “Ep.patus Pinscensis amplitudo. Ep.patus Pinscens., usque ad tempora Cosatica, nullibi nisi in civitate Pinscen. Habuit Schismaticos, et sicubi schismatici vel haeretici Nobiles in bonis suis Eos aluerunt. Extenditur ad 40 milliaria in longum et latum, nunc parochos ad 100 habet, continuis Cosacorum Schismaticorumque incursionibus depopulationibusque magna ex parte labefactus” [76].

Назіранні архіепіскапа, зробленыя ў XVII ст., пацвярджае Д. Лісейчыкаў, які даводзіць у сваіх даследаваннях, што працэс пашырэння уніі быў гвалтоўна перапынены з-за пастаяннай прысутнасці казацкіх атрадаў [77]. У канцы XVI – першай палове XVII ст. толькі асобныя цэрквы Тураўшчыны пераходзілі ва ўніяцтва.

Лічбы ў справаздачы Я. Сушы яўна акругленыя і ў многіх выпадках выклікаюць у гісторыкаў сумненні [78], але саму працу варта прызнаць каштоўнай з гістарычнага пункту гледжання перш за ўсё за тое, што яна дае апісанне уніі паводле стану на 1664 г. з перспектывы ўдзельніка падзей. Апрача таго, пішучы сваю справаздачу, Суша абапіраўся на рымскі матэрыял, што значна ўзбагачае вартасць яго працы [79].

Апошні дакумент, які дае пэўнае ўяўленне пра стан асобных епархій у сярэдзіне XVII ст., – гэта справаздача пратапопа Пятра Курціловіча, выкананая паводле распараджэння епіскапа Марціна Белазора ў другой палове XVII ст. З яе вынікае, што ў склад уніяцкай Пінска-Тураўскай епархіі ўваходзіла каля 100 парафій на тэрыторыі Пінскага, Мазырскага і паўднёвай часткі Навагрудскага паветаў. У справаздачы прыводзіцца і колькасць уніяцкіх святароў: 40 уніяцкіх святароў у цэрквах на дзяржаўных землях і 46 – на землях, што знаходзіліся ў прыватнай уласнасці [80]. Апрача таго, у складзе сямей святароў дадаткова жылі 74 чалавекі абодвух полаў. Пры некаторых вялікіх цэрквах маглі адначасова працаваць двое святароў, прычым, паводле прыведзеных падлікаў, у 1674 г. у названай епархіі існавала 80 парафіяльных цэркваў. Гэтая справаздача не знаходзіць пацвярджэння ў іншых крыніцах, а таму да яе варта ставіцца з асцярожнасцю.

в) Парафіі ў XVIII ст.

Высвятленне стану парафіяльнай сеткі ў другой палове XVIII ст. і змен, якія ў ёй адбываліся, магчыма перш за ўсё дзякуючы візітацыям за 1777–1778 і 1787 г. – яны ўяўляюць сабой найбольш інфарматыўны (хоць, на жаль, і не поўны) комплекс крыніц для нашых даследаванняў. Іншая разнавіднасць даступных нам важных крыніц – гэта справаздачы і перапісы, створаныя для статыстычных патрэб. Адна з такіх справаздач – згаданы ўжо на пачатку гэтага раздзела дакумент пад назвай “Responsio ad questia Ill[ustrissi]mi Exc[e]ll[issi]mi ac Rev[erendissi]mi D[omi]ni Nuncii Apostolici in Regno Poloniarum et magno Ducatu Litt[uaniae] prius diligenter rebus omnibus examinatis per me Gedeonem Horbacki Ep[isco]pum Pinscensem et Turoviensem” [81] за 26 лютага 1773 г. – адказ Гедэона Гарбацкага, пінска-тураўскага епіскапа ў 1769–1784 г. [82], архібіскупу Джузэпе Гарампі, які папрасіў усіх уніяцкіх епіскапаў апісаць стан кіраваных імі епархій [83].

Вынікі працы на тэму структуры Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі сведчаць, што дагэтуль адсутнічалі даследаванні уніі, якія грунтаваліся б на ўсебаковым выкарыстанні крыніц. Удалося давесці, што структура гэтай епархіі была досыць зменлівая, а яе тэрыторыя – значна большая, чым вынікала з даследаванняў іншых вучоных.

Гэта наглядна дэманструе, што прысвечаныя уніі першакрыніцы дагэтуль чакаюць сваіх адкрывальнікаў, а вычарпальнае апісанне уніі ў кантэксце гісторыі каталіцызму ў Еўропе – задача, да вырашэння якой мы толькі пачынаем набліжацца.

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


[1] Kołbuk W. Kościoły wschodnie w Rzeczypospolitej około 1772 roku. Struktury administracyjne. Lublin, 1998. S. 30.
[2] Уніяцкія епархіі: мітрапаліцкая Кіеўская (званая таксама Кіеўска-Віленскай), Полацкая, Львоўская, Луцкая, Уладзімірская, Пінска-Тураўская, Перамышльская і Холмская. Гл.: Bieńkowski L. Oświecenie i katastrofa rozbiorów (druga połowa XVIII wieku) // Chrześcijaństwo w Polsce. Zarys przemian 966–1979 / red. J. Kłoczowski. Lublin, 1992. S. 864.
[3] Пар. заўвагі, якія намінальна адносяцца да Холмскай епархіі, што ілюструе больш шырокі маштаб згаданай з’явы, у публікацыі: Gil A. Chełmska diecezja unicka 1596–1810. Dzieje i organizacja. Lublin, 2005. S. 141–149. Пар. таксама: Bieńkowski L. Organizacja Kościoła wschodniego w Polsce // Kościół w Polsce. T. 2 / red. J. Kłoczowski. Kraków, 1969. S. 860–861.
[4] Згодна з высновамі В. Колбука, Пінска-Тураўская епархія каля 1772 г. мела плошчу 24 тыс. км2, затое паводле Л. Бянькоўскага – 25,2 тыс. км2. Гл.: Kołbuk W. Kościoły wschodnie w Rzeczypospolitej około 1772 roku. S. 33; Bieńkowski L. Organizacja Kościoła wschodniego w Polsce. S. 864; Dylągowa H. Kościół unicki na ziemiach Rzeczypospolitej 1596–1918. Zarys problematyki // Przegląd Wschodni. 1992/1993. T. II. Z. 2 (6). S. 265.
[5] А. Мірановіч у найноўшай публікацыі па гісторыі праваслаўнай Турава-Пінскай епархіі не ўключае ў яе межы Мазыршчыны, што пацвярджае тэзіс пра далучэнне гэтых земляў толькі ў перыяд уніі. Гл.: Mironowicz A. Biskupstwo turowsko-pińskie w XI–XVI wieku. Białystok, 2011.
[6] Volumina Legum. T. 2. Petersburg, 1859. S. 473–474. Гл. таксама: Сборник материалов для исторической топографии Киева и его окрестностей, изданный Комиссией для разбора древних актов, состоящей при Киевском, Подольском и Волынском генерал-губернаторе. Киев, 1874; Шпилевский П. Мозырщина (из путешествия по западнорусскому краю) // Архив исторических и практических сведений, относящихся до России. Кн. 3. Отд. 2. С.-Петербург, 1859. С. 1–49; Bobiński W. Województwo kijowskie w czasach Zygmunta III Wazy. Studium osadnictwa i stosunków własności ziemskiej. Warszawa, 2000; Rulikowski E. Opis powiatu kijowskiego. Kijów – Warszawa, 1913.
[7] Volumina Legum. T. 3. Petersburg, 1859. S. 101. Варта адзначыць, што Жыгімонт III у 1597 г. надаў русінскаму духавенству права “свабоды ад уплываў ваяводы”. Несумненна, гэта паспрыяла канфлікту паміж ваяводам і Мазырскім паветам. Гл.: Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich (далей SGKP). T. VI. Warszawa, 1885. S. 755 – 756.
[8] Гэта пацвярджаюць і крыніцы XVIII ст.: Informatio de Statu Mozyrensium… // Lietuvos valstybės istorijos archyvas (далей LVIA). F. 634. Ap. 2. Bylų 94. K. 21–22v.
[9] LVIA. F. 597. Ap. 2. Bylų 94. K. 9r–13r.
[10] Тамсама. K. 21–22v.
[11] Тамсама. K. 21r.
[12] Малиновский И. Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого княжества Литовского. Ч. 2. Томск, 1912. № 40; Kempa T. Konstanty Wasyl Ostrogski (ok. 1524/1525 – 1608). Wojewoda kijowski i marszałek ziemi wołyńskiej. Toruń, 1997. S. 172–173.
[13] Российский государственный исторический архив (С.-Петербург). Ф. 823. Оп. 1. Д. 262.
[14] “…бо ёсць жа дакумент (пад літарай Ж) найяснейшага мітрапаліта Шаптыцкага, і ў ім няма нават згадкі пра Мазырскі дэканат, а ёсць толькі прызнаная дэлегаваная духоўная ўлада над іншымі мітрапаліцкімі епархіямі. І паколькі з таго дакумента не вынікае ніякіх згадак пра Мазырскі дэканат, можна хутчэй меркаваць, што быў ён пад юрысдыкцыяй пінскага епіскапа, і гэта прызнаваў мітрапаліт Шаптыцкі”. Гл.: LVIA. F. 597. Ap. 2. Bylų 94. K. 21v.
[15] Назва прыводзіцца паводле: Metryka litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Województwo brzeskie litewskie 1667–1690 r. / oprac. A. Rachuba. Warszawa, 2000.
[16] Archivio Segreto Vaticano (далей ASV), Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 140. K. 431–431v; Dylągowa H. Kościół unicki na ziemiach Rzeczypospolitej 1596 – 1918. S. 265.
[17] Апостальскім нунцыем у Рэчы Паспалітай у той час (20 сакавіка 1772 – 16 сакавіка 1776 г.) быў Джузэпе Гарампі, пазнейшы кардынал, які ў 1752 г. заняў пасаду прэфекта архіва сабора Святога Пятра, а ў 1761–1764 г., будучы адным з архівістаў Апостальскай Сталіцы, зрабіў вялікі ўнёсак у арганізацыю ватыканскага архіва. Плёнам яго працы ў ролі архівіста стала падрыхтоўка падрабязных дакументаў, прысвечаных, у прыватнасці, уніяцтву ў Рэчы Паспалітай. Пра дзейнасць біскупа Дж. Гарампі гл.: Vanysacker D. Cardinal Giuseppe Garampi (1752–1792): an Enlightened Ultramontane. Brussels, 1995.
[18] ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 140. K. 431v. Гэты дакумент уяўляе сабой адказ на пытанні Дзяржаўнага сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, разасланыя ў форме анкеты ва ўніяцкія парафіі, наконт колькасці цэркваў, святароў, вернікаў, манастыроў. Наколькі вядома, аналагічныя пытанні ставіліся ў анкеце і наконт стану праваслаўнай канфесіі. У Ватыкане зберагаецца ліст Дзяржаўнага сакратарыяту Апостальскай Сталіцы за 1771 г., адрасаваны пінскім епіскапам, у якім ёсць дакладныя пытанні, на якія ўладыкі павінны былі адказаць: ASV, Segreteria di Stato: Polonia. Vol. 285. K. 124v.
[19] ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 140. K. 431v: “Адказ на пытанне, як далёка распасціраюцца межы той жа Пінскай епархіі грэка-ўніяцкага веравызнання? Колькі і якія ваяводствы, кашталяніі, іншыя зямельныя паветы, а таксама дыяцэзіі лацінскіх біскупаў яна ў сябе ўключае або перасякае?”
[20] “Ecclesias Parochialos, quae sitae sunt in palatinatu Novogrodensi et Brestensis, et sic circum circa limitati nempe palatinatu Novogrodensi, districtu Słonimscensi, palatinatu Brestensi, Terra Chełmensi, districtu Luceoriensi, palatinatu Kijovensi, signanter semi-districtu Ovrucensi, et districtu Mozyrensi, dioeceses autem Latinorum Ep[isco]porum comprehendit, licet [k. 431v] non integras Dioecesis Pinscensis has, nempe, Dioecesim Luceoriensem et Vilnensem. Dioecesis autem Turoviensis est totus districtus Mozyrensis, et ex parte Pinscensis, limitatur autem circumcirca palatinatu Novogrodensi, districtu Rzeczycensi, districtu Ovrucensi. In hac autem dioecesi Turoviensis maxima ex parte est diocesis latini Ep[isco]pi Vilnensis, preater unicam Ecclesiam Turoviensem, quod ad Luceoriensem Ep[isco]pum Latinum pertinent”. Тамсама. K. 431r–431v.
[21] LVIA. F. 597. Ap. 2. Bylų 94. K. 18r–18v. Спіс з’явіўся, відаць, на аснове дадзеных візітацыі, ажыццёўленай Зарускім у якасці генеральнага афіцыяла Пінска-Тураўскай епархіі ў 1754 – 1755 г. Гл.: Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі (Мінск). Ф. 10977.
[22] LVIA. F. 597. Ap. 2. Bylų 94. K. 18.
[23] Тамсама. K. 18v.
[24] Львівська національна наукова бібліотека України імені В. Стефаника (Львів). Ф. 3. Спр. MB-820. Арк. 62.
[25] Прыкладам выступае дакумент: ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 140. K. 431v.
[26] У назапашанай дагэтуль літаратуры не было звестак пра візітацыі з уніяцкай Пінска-Тураўскай епархіі (бо гэтыя акты былі невядомыя гістарыяграфіі), таму прапаную ўвазе чытачоў літаратуру, прысвечаную візітацыйным актам як гістарычнай крыніцы ў цэлым. Гэтую праблематыку закранаюць: Litak S. Akta wizytacyjne parafii z XVI–XVIII wieku jako źródło historyczne // Zeszyty Naukowe KUL. R. V. 1962. № 3 (19). S. 41–58 (тут таксама прыводзіцца літаратура, пры стварэнні якой візітацыі часта выкарыстоўваліся ў якасці галоўнай крыніцы, напрыклад гістарычныя атласы); Sygowski P. Unicka diecezja chełmska w protokołach wizytacyjnych biskupa Maksymiliana Ryłły z lat 1759–1762 // Polska – Ukraina. 1000 lat sąsiedztwa. T. 5: Miejsce i rola Kościoła greckokatolickiego w Kościele powszechnym / red. S. Stępień. Przemyśl, 2000. S. 233–285; Budzyński Z. Nieznane spisy dekanalne eparchii lwowskiej jako źródła do dziejów pogranicza polsko-ruskiego w drugiej połowie XVIII w. // Historia – archiwistyka – ludzie. Księga pamiątkowa w pięćdziesiątą rocznicę powołania Archiwum Państwowego w Rzeszowie / red. J. Basta, G. Zamoyski. Warszawa – Rzeszów, 2000. S. 39–56; Bodzioch-Kazanowska B. Unickie parafie patronatu królewskiego w dekanacie gródeckim w świetle wizytacji z lat 1764–1765 // Nasza Przeszłość. 2000. № 93. S. 49–81; Kaznowski M. Parafie unickiego dekanatu krośnieńskiego w świetle akt wizytacyjnych z 1742 r. // Prace Historyczno-Archiwalne. 1999. № 7. S. 31–51; грунтоўна каментаваныя публікацыі першакрыніц: Księga wizyty dziekańskiej dekanatu podlaskiego przeze mnie księdza Bazylego Benedykta Guttorskiego dziekana podlaskiego, plebana golniewskiego w roku 1773 miesiąca Novembra dnia 17 iuxta vetus kalendarza sporządzona / oprac. J. Maroszek, W. Wilczewski. Białystok, 1996. S. 5–19; Sygowski P. Dekanat kaszogrodzki unickiej diecezji chełmskiej // Zamojszczyzna i Wołyń w minionym tysiącleciu. Historia, kultura i sztuka / red. J. Feduszko i in. Zamość, 2000. S. 120–126; Szanter Z. Opis dekanatu jaśliskiego sporządzony w 1761 roku przez księdza dziekana Aleksandra de Unihof Stebnickiego, parocha szklarskiego // Sztuka cerkiewna w diecezji przemyskiej. Materiały z międzynarodowej konferencji naukowej 25–26 marca 1995 roku / red. J. Giemza i A. Stepan. Łańcut, 1999. S. 340–361. Да цікавых прац, прысвечаных уніі, якія ў значнай ступені грунтуюцца на візітацыйных актах, адносяцца тэксты ўкраінскага вучонага праф. Ігара Скачыляса: Скочиляс I. Акти духовних судiв українських церковних установ ХVII–XVIII ст. (за матерiалами виїзних засiдань эпископсько-консисторського суду Львiвської эпархiї 1700–1725 рокiв) // Вiсник Львiвського унiверситету. 1999. Серiя iсторична. Вип. 34; Яго ж. Генеральнi вiзитацiї в українсько-бiлоруських эпархiях Київської унiaтської митрополiї. 1596–1720 роки // Записки НТШ. Т. 238 (Працi Iсторично-фiлософської секцiї). Львiв, 1999; Яго ж. Дволикий Янус: Шаргородська протопопiя на Подiллi в першiй третинi XVII ст. // Вiсник Львiвського унiверситету. 2002. Серiя iсторична. Вип. 37; Яго ж. Джерельна евристика вiзитацiйної документацiї Львiвської эпархiї XVIII ст. у Галичинi та на Подiллi в другiй половинi XIX – 1930-х роках // Студiї з архiвної справи та документознавства. Т. 7. Київ, 2001; Яго ж. Документи архiву кам’янецкої унiатської консисторiї XVIII ст. у фондах Кам’янець-Подiльського музею-заповiдника // Матерiали засiдень Iсторичної та Археографiчної комiсiй НТШ в Українi. 2 / ред. Я. Грицак та iн. Львiв, 1999; Яго ж. Недатований реэстр духовенства, церков i монастирiв Львiвської эпархii за владицтва Йосифа Шумлянського // Записки НТШ. Т. 240 (Працi Комiсiї спецiальних (допомiжних) iсторичних дисциплiн). Львiв, 2000; Яго ж. Неопублiкована праця з iсторiї унiатської Церкви на правобережнiй Українi XVIII ст. // Матерiали засiдань. 2. Львiв, 1999; Яго ж. Протоколи генеральної вiзитацiї Львiвської эпархii 1730–1733 рр. як iсторичне джерело. Київ, 1999; Яго ж. Протоколи эпископських i деканських вiзитацiй церквов Київської унiaтської митрополiї XVIII ст. // Рукописна українiка у фондах Львiвської наукової бiблiотеки iм. В. Стефаника НАН України та проблеми створення iнформацiйного банку даних. Матерiали мiжнародної науково-практичної конференцiї, 20–21 вересня 1996 р. Львiв, 1999. Да найважнейшых прац варта аднесці і манаграфію: Генеральнi вiзитацiї Київської унiйної митрополiї XVII–XVIII столiть. Львiвсько-Галицько-Кам’янецька эпархiя. Т. 2: Протоколи генеральних вiзитацiй. Львiв, 2004. Шэраг прац, прысвечаных візітацыям, выйшаў на Захадзе: Le Bras G. Enquète sur le visites de paroisses // Revue d’histoirie de l’Église de France. 1946. T. 35. № 125. P. 39–41; Greinacher N. Soziologie der Pfarrei. Wege zur Untersuchung. Colmar – Freiburg, 1955.
[27] Litak S. Akta wizytacyjne parafii z XVI–XVIII wieku jako źródło historyczne. S. 46.
[28] Тамсама. S. 57.
[29] Институт российской истории Российской академии наук в Петербурге (далей ИРИ РАН). Коллекция П. Н. Доброхотова (Колл. 52). Оп. 2. Д. 5/7. Л. 22–22об.
[30] Гэта найчасцей ужываная схема. Часам дапускаліся адхіленні ў некаторых пунктах, у залежнасці ад стану царквы і абавязковасці перапісвання рэфармацыйнага дэкрэта. Пар.: Księga wizyty dziekańskiej… S. 5–19.
[31] Наконт распараджнняў Замойскага сабору гл.: Synod prowincjonalny ruski w Mieście Zamościu Roku 1720 odprawiony… Wilno, 1735; перадрук аднаго з раздзелаў гл. у: Pytania, które się maią czynić na Wizytach // Księga wizyty dziekańskiej… S. 161–184. Гл. таксама: Ciołka A. Synod Zamojski z 1720 r. i jego postanowienia // Almanach Diecezjalny. 2006. № 2. S. 9–39.
[32] Гл. візітацыі за 1777 і 1787 г., сярод якіх у актах асобных парафій прысутнічае інфармацыя пра візітацыйныя пратаколы, што зберагаюцца ў парафіі: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240 і наст.
[33] Archiwum Główne Akt Dawnych (далей AGAD), Archiwum Radziwiłłów. Dz. VIII. Sygn. 179, 275, 443, 444, 445, 446, 455, 500, 503, 553, 554, 688, 720.
[34] Pinsk Vicariate of the Ortodoxe Diocese of Minsk, The Library and Museum of Francisk Skaryna, London. Папкі I–VI.
[35] Тут маецца на ўвазе перш за ўсё т. зв. “Табліца Гарампі” – адказ на ліст Дзяржаўнага сакратарыята Апостальскай Сталіцы з просьбай пераслаць звесткі пра тагачасны стан уніяцкай і праваслаўнай канфесій (ASV, Segreteria di Stato: Polonia. Vol. 285. K. 124v). Зборам звестак займаўся апостальскі нунцый Джузэпе Гарампі. Гл.: ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 110. K. 2–22.
[36] Biblioteka Narodowa (Warszawa), Biblioteka Ordynacji Zamojskich (далей BN BOZ). № 930.
[37] BN BOZ. № 930. K. 97–98.
[38] Bieńkowski L. Organizacja Kościoła wschodniego w Polsce. S. 916. Падобная сітуацыя мела месца ў XVIII ст. у Пінска-Тураўскай епархіі, дзе быў утвораны новы дэканат, які атрымаў назву Убарцкага (ад назвы ракі Убарць). Гл.: НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. Арк. 247–274.
[39] Epistolae metropolitarum Kiioviensium catholicorum. T. 2 / wyd. A. G. Welykyj. Rome, 1956. P. 304.
[40] Bieńkowski L. Organizacja Kościoła wschodniego w Polsce. S. 916.
[41] Kołbuk W. Kościoły wschodnie na ziemiach dawnej Rzeczypospolitej 1772–1914. S. 83–85.
[42] Яго ж. Kościoły wschodnie w Rzeczypospolitej około 1772 roku. S. 42–43. Л. Бянькоўскі ў сваёй працы першы паспрабаваў вызначыць колькасць дэканатаў у асобных уніяцкіх епархіях, аднак толькі для Пінска-Тураўскай епархіі яму не ўдалося прывесці ніякіх ацэнак. Bieńkowski L. Organizacja Kościoła wschodniego w Polsce. S. 919.
[43] Старапольская назва Драгічына. Пар.: SGKP. T. II. S. 149 – 150; SGKP. T. XV. Cz. 1. S. 439.
[44] У дакуменце, што зберагаецца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве, не хапае адной старонкі, дзе, як можна меркаваць, быў спіс парафій Пінскага і Кажангарадоцкага дэканатаў, што дае падставу лічыць Пінск і Кажан-Гарадок дэканальнымі цэнтрамі. Гэты дакумент дакладна перадае пералік парафій і колькасць цэркваў (пра гэта ніжэй). Гл.: LVIA. F. 634. Ap. 2. Bylų 968. K. 2–5. У каталогу ён памылкова датуецца канцом XVII – пачаткам XVIII ст., хоць на самай справе быў створаны, відаць, у 1770-я г. Пэўна, што гэта адбылося не раней за 1772 г., калі паводле распараджэння Апостальскай Сталіцы быў падрыхтаваны спіс парафій. Гэты дакумент шмат у чым дапаўняе цытаваны раней дакумент з Ватыкана (Responsa ad questia Illustrissimo // ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 140. K. 430–431). Наяўнасць дакладнага пераліку парафій і святароў даводзіць, што гэта быў хутчэй дадатак да дакумента Апостальскай Сталіцы, амаль пазбаўленага статыстычнай інфармацыі.
[45] Хутчэй за ўсё, базыльянін, які перад службай у Булгака жыў у Вільні. Паводле запіскі, датаванай 1727 г., “кс. Ежы Пакоўскі, архідыякан ордэна базыльян і правінцыял гэтага ордэна ў Вільні, пяць гадоў пакутаваў ад падагры і пры хадзьбе ці нейкіх рухах адчуваў нязмерны боль. Ён лячыўся шмат у якіх дактароў, ужываў самыя розныя лекі, але нічога не давала яму палёгкі. Прыгнечаны гэтай хваробай, у 1727 г. ён вырушыў да Маці Божай Чанстахоўскай, да якой адчуваў вялікую святасць. Усе сваякі, знаёмыя і ўвесь канвент няспынна маліліся Найсвяцейшай Маці. І хворы, якому найслыннейшыя дактары не здолелі дапамагчы, неўзабаве адчуў сябе зусім здаровым. Каб засведчыць сваю ўдзячнасць, ён адразу ж паехаў у Чанстахову, дзе ў знак удзячнасці паставіў Марыі дзве вялізныя свечкі і ахвяраваў срэбраную шыльду з выявай рук і ног, скурчаных хваробай”. Гл.: Cuda i łaski zdziałane za przyczyną Najśw[iętszej] Maryi Panny Częstochowskiej / wyd. R. M. Łaziński. Częstochowa, 1938. S. 93.
[46] Dziennik czynności Jerzego Bułhaka, późniejszego biskupa pińsko-turowskiego pisany ręką Jerzego Pakowskiego w latach 1729–1737 // BN BOZ. Rkps № 930. K. 97–98.
[47] ИРИ РАН. Л. 1–3об., 10–13об.
[48] Тамсама. Л. 1–37об.
[49] Пра каштоўнасць візітацыйных актаў пісаў Станіслаў Літак: Litak S. Akta wizytacyjne parafii z XVI–XVIII wieku jako źródło historyczne. S. 41–58.
[50] Феліцыян Піліп Валадковіч мазырскаму дэкану, Прылепы, 15 сакавіка 1769 г.: “Правялебнаму святару Мікалаю Правалкоўскаму, дэкану мазырскаму, параху юравіцкаму, нам у Хрысце міламу, збавення ў Госпадзе. Паколькі з даўніх часоў згодна з усімі пацверджанымі законамі дэканат Мазырскі да архіепархіі нашай мітрапаліцкай належаў і належаць павінен, а яснавяльможны ягамосць святар Юрый Булгак, епіскап пінскі і тураўскі, з ласкавага толькі святой памяці ягамосця Фларыяна Грабніцкага, архіепіскапа і мітрапаліта Усяе Русі, нашага папярэдніка, дазволу, а потым з нашага пацвярджэння ad vitae suae tempora [да канца свайго жыцця] гэты дэканат меў да Пінскай епархіі далучаным, то ж цяпер, калі пэўна атрымалі мы вестку пра скончанае яго смяротнае паводле Боскага выраку жыццё, просім Правялебнасць Вашу, каб з усім дэканата свайго духавенствам з гэтага часу да нас або да падначаленых нашых ва ўсіх патрэбах звярталіся, бо той дэканат павінен належаць да Палескай сурагацыі, да ягамосця святара Івашкевіча, сурагатара палескага, і каб сам асабіста, выбраўшы двух з дэканата свайго святароў, неадкладна да нас прыбыў, строга патрабуем і загадваем лістом нашым, дзеля лепшай веры”. LVIA. F. 597. Ap. 2. Bylų 94. K. 9r.
[51] Лісейчыкаў Д. Фарміраванне сеткі ўніяцкіх парафій на тэрыторыі “Тураўскай епархіі” ў 1596–1795 гг. // Kościół unicki w Rzeczypospolitej. Seria: Zachowanie Polskiego Dziedzictwa Narodowego. № 4 / red. W. Walczak. Białystok, 2010. S. 90–91.
[52] Ліст духавенства Мазырскага дэканата Гедэону ДашковічуГарбацкаму, Кажан-Гарадок, 15 верасня 1769 г. LVIA. F. 597. Ap. 2. Bylų 94. K. 11v.
[53] LVIA. F. 597. Ap. 2. Bylų 94. K. 13r.
[54] Ліст духавенства Мазырскага дэканата Гедэону ДашковічуГарбацкаму, Кажан-Гарадок, 15 верасня 1769 г. LVIA. F. 597. Ap. 2. Bylų 94. K. 11r.
[55] Тамсама.
[56] LVIA. F. 597. Ap. 2. Bylų 94. K. 13v.
[57] Лісейчыкаў Д. Фарміраванне сеткі ўніяцкіх парафій на тэрыторыі “Тураўскай епархіі” ў 1596–1795 гг. С. 91–92.
[58] Гэта былі парафіі: Скрыгалаў (НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240. Арк. 35адв.–38, 233адв.–237адв.), Васькаўшчына (Тамсама. Арк. 53адв.–54адв., 203адв.), Беседкі (Тамсама. Арк. 38–39), Міхнавічы (Тамсама. Арк. 45адв.), Касцюковічы (Тамсама. Арк. 39адв.–40адв., 195адв.–197адв.), Барыскавічы (Тамсама. Арк. 41–42адв., 204–205адв.), Стрэльск (Тамсама. Арк. 45 – 46адв., 207адв.–208адв.), Бабічы (Тамсама. Арк. 46адв.–47адв.), Ельск – Каралін (Тамсама. Арк. 49–49адв., 224адв.–226адв.), Мялешкавічы (Тамсама. Арк. 52–53адв.), Раманаўка (Тамсама. Арк. 232адв.), Барбароў (Тамсама. Арк. 210адв.–212адв.), Нароўля (Тамсама. Арк. 118–119адв.), Цешкаў (Тамсама. Арк. 215адв.–217адв.), Антонаў (Тамсама. Арк. 220адв. – 222адв.), Дзямідавічы (Тамсама. Арк. 222адв.–224адв.), Маканавічы (Тамсама. Арк. 101–103, 167адв.–169), Старчыцы (Тамсама. Арк. 103–105), Алексічы (Тамсама. Арк. 105–106адв., 171адв.), Барыскавічы (Тамсама. Арк. 108адв.–109), Бярчоўка (Тамсама. Арк. 120–121адв., 176–178), Цішкаўка (Тамсама. Арк. 111–113, 173адв.), Мухаеды (Тамсама. Арк. 113адв. – 115), Калінкавічы (Тамсама. Арк. 125адв.–127адв., 182адв.), Гарбавічы (Тамсама. Арк. 128адв.–131, 190адв.), Багрымавічы (Тамсама. Арк. 193–195).
[59] Титов Ф. И. Русская православная церковь в Польско-Литовском государстве в XVII–XVIII вв. Т. 3. Киев, 1916. С. 145.
[60] Пра сам прывілей для Васіяна вядома з дакумента, выдадзенага пазнейшаму пінска-тураўскаму ўладыку Іону Жыгімонтам Старым у 1522 г.; пар.: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. Т. 1: 1340–1506. С.-Петербург, 1846. № 109. С. 134 – 135. Дакумент часоў Аўгуста III, які пацвярджаў ранейшыя прывілеі, выдадзеныя Жыгімонтам Старым у Гродне 9 лютага 1522 г., Уладзіславам IV 11 сакавіка 1633 г. і Янам III Сабескім 28 сакавіка 1695 г., гл. у: Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта. Аддзел рукапісаў. F. 48–32732. K. 116–116v. (“уладыка Іона I сказаў перад намі, што брат наш слаўнай памяці Аляксандр, кароль польскі, у Вялікім Княстве Літоўскім судзіў продка <…> уладыку пінскага і тураўскага Васіяна з князем Янам Яраславічам і Фёдарам Іванавічам, што яны пачалі былі крыўды чыніць і новыя рэчы ўводзіць, цэрквы новыя без волі і дабраславення яго па гарадах і вёсках нашых закладаць і будаваць, а таксама святароў у тых цэрквах прызначаць і імі кіраваць, не даючы ім быць у паслушэнстве і пад уладай ягонай”).
[61] Пры гэтым, як заўважыў Л. Бянькоўскі (Bieńkowski L. Organizacja Kościoła wschodniego w Polsce. S. 920), “фактарам, які найбольш уплываў на велічыню дэканатаў, была, як правіла, колькасць парафій, а не іх плошча”.
[62] Гэтыя крыніцы ўяўляюць сабой адказы на пытанні анкеты, якую рассылаў архібіскуп Гарампі (пра гэта ніжэй). Такога роду адказы прыслалі ў варшаўскую нунцыятуру наступныя епіскапы: холмскі (ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 137. K. 46–54, 71–71v.), луцкі (ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 140. K. 169–170, 173–174); пінскі (ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 140. K. 431–431v.), полацкі (ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 141. K. 2–4v.), перамышльскі (Тамсама. K. 422–423), уладзімірскі (ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 143. K. 281–288), а таксама афіцыялы мітрапаліта ў Вялікім Княстве Літоўскім (ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 139. K. 287–290) і ва Украіне (ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 32. K. 54–58, 62–70).
[63] Бывалі і выпадкі, калі ў сітуацыі суіснавання абедзвюх канфесій царква заставалася пад патранатам праваслаўнага фундатара, які для ўніяцкіх вернікаў фундаваў новую, уніяцкую царкву. Здаралася і наадварот. Гл. шматлікія прыклады: Bieńkowski L. Organizacja Kościoła wschodniego w Polsce. S. 928–929.
[64] Urwanowicz J. Profanum i sacrum. Próba analizy XVIII-wiecznych fundacji sakralnych z terenów Wielkiego Księstwa Litewskiego // W kręgu sacrum i pogranicza / red. E. Matuszczyk, M. Krzywosz. Białystok, 2004. S. 236–237.
[65] Bieńkowski L. Organizacja Kościoła wschodniego w Polsce. S. 929.
[66] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41240.
[67] Bieńkowski L. Organizacja Kościoła wschodniego w Polsce. S. 929.
[68] Urwanowicz J. Profanum i sacrum. S. 238–239.
[69] Тамсама. С. 238. Следам за магнацтвам у гэтым рэйтынгу ішлі парафіяльная супольнасць і манарх.
[70] У сярэдзіне XVIII ст. да уніі далучаліся новыя цэрквы. Захаваўся, напрыклад, датаваны 1760 годам акт перадачы шляхтай царквы ў вёсцы Вылазы Пінскага павета епіскапу Юрыю Булгаку. “Гэтая царква, якая раней знаходзілася ў руках ды зунітаў [праваслаўных. – В. В.], адгэтуль далучана да святой уніі, і мы самі пад уплывам Духа Святога зрабіліся ўніятамі”: Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при управлении Виленскаго учебнаго округа. Т. 6. Вильна, 1869. С. 329.
[71] Litterae basilianorum in terris Ucrainae et Bielarusjae / Paravit, adnotavit editionemque curavit P. A. G. Welykyj OSBM. Vol. I: 1601–1730. Romae, 1979. № 29. P. 57–59.
[72] Гл.: Bieńkowski L. Organizacja Kościoła wschodniego w Polsce. S. 926–927; Praszko J. De Ecclesia Ruthena Catholica sede metropolitana vacante 1655–1665. Romae, 1944. P. 11–14.
[73] Мы пакідаем тут па-за ўвагай крыніцу ў асобе мітрапаліта І. Руцкага, які ў 1624 г. згадаў пра 8000 парафій у “епархіях епіскапаў рускіх, падначаленых польскаму каралю”. Ён таксама дадаў, што на Русі столькі ж вернікаў рускага абраду, колькі ва ўсім Каралеўстве Польскім – лацінскага. Гл.: Epistolae metropolitarum Kiioviensium catholicorum. T. 1. P. 113.
[74] Archivio Storico per l’Evangelizzazione nei Popoli, Pontificia Universitas Urbaniana (Roma). Scrritture Orginali Riferite nelle Congressi Generale, Fondo Vienna. Vol. 17. Fol. 87–111; ASV, Fondo Garampi. Vol. 20A; ASV, Segreteria di Stato, Polonia. Additamenta: Memoriali, biglietti e carte diversae, 1656–1699. Цалкам справаздача надрукавана ў: Litterae episcoporum historiam Ucrainae illustrantes (1600–1900) / Paravit, adnotavit editionemque curavit P. A. G. Welykyj OSBM. Vol. II: 1641–1664. Romae, 1973. № 181. P. 296–335.
[75] “Казакі шнырылі па Пінскім павеце і шляхту жорстка забівалі, а яшчэ тады ў той час і цэрквы, і касцёлы палілі”: ИРИ РАН. Коллекция П. Н. Доброхотова (Колл. 52). 11.4.19. Л. 1.
[76] “Вялебны епіскап пінскі. Епіскап пінскі аж да часоў казацкіх нідзе больш, апрача як толькі ў Пінску, не меў схізматыкаў, і там схізматыкам, ці, інакш кажучы, ерэтыкам, шляхта ў маёнтках сваіх дапамагала. Раскінуліся на 40 міль у даўжыню і шырыню парафіі, лікам пад сотню, якія пацярпелі ад няспынных набегаў казакоў ды схізматыкаў і былі спустошаны імі”. Гл.: Archivio Storico per l’Evangelizzazione nei Popoli, Pontificia Universitas Urbaniana (Roma). Scrritture Orginali Riferite nelle Congressi Generale, Fondo Vienna. Vol. 17. Fol. 87 – 111; ASV, Fondo Garampi. Vol. 20A; ASV, Segreteria di Stato, Polonia. Additamenta: Memoriali, biglietti e carte diversae, 1656 – 1699. Цалкам справаздача надрукавана ў: Litterae episcoporum historiam Ucrainae illustrantes (1600–1900) / Paravit, adnotavit editionemque curavit P. A. G. Welykyj OSBM. Vol. II: 1641–1664. Romae, 1973. № 181. P. 298–299.
[77] Лісейчыкаў Д. Фарміраванне сеткі ўніяцкіх парафій на тэрыторыі “Тураўскай епархіі” ў 1596–1795 гг. С. 88–89.
[78] Mironowicz A. Prawosławie i unia za panowania Jana Kazimierza / Białystok, 1996. S. 221–223; Gil A. Chełmska diecezja unicka 1596–1810. S. 19–20.
[79] Плохий С. Н. Від Якова Суші до Атанасія Великого (огляд видань римських джерел з історії української церкви) // Український археографічний щорічник. Нова серія. Т. 5. Вип. 2. Київ, 1993. С. 6–7; Яго ж. Папские послания как источник по истории католической экспансии на Украине в XVI–XVII вв. // Историографические и источниковедческие проблемы отечественной истории. Днепропетровск, 1985; Яго ж. Папство и Украина: Политика римской курии на украинских землях в XVI – XVIII вв. Киев, 1989.
[80] Археографический сборник документов… Т. 6. С. 354.
[81] ASV, Archivi delle Rapresentanze Pottificie: Varsavia. Vol. 140. K. 431r.–431v.
[82] У 1766–1769 г. каад’ютара.
[83] Нунцый дзейнічаў у адпаведнасці з распараджэннем Дзяржаўнага сакратарыята Апостальскай Сталіцы за 1771 г., якім прадугледжваўся збор звестак наконт уніятаў і праваслаўных: ASV, Segreteria di Stato: Polonia. Vol. 285. K. 124v. Тым самым была створана каштоўная крыніца па гісторыі Усходняй царквы ў другой палове XVIII ст., якая атрымала назву “Табліц Гарампі”. Яна ўтрымлівае звесткі не толькі пра ўніятаў, але і пра праваслаўных. Гл.: ASV, Segreteria di Stato: Polonia. Vol. 285. K. 124v; ASV. Vol. 110. K. 2–22.

Наверх

Тэгі: , ,