Porębski, S. Paleografia łacińska (Іван Сiнчук)
Porębski, S.A. Paleografia łacińska; Podręcznik dla studentów. Warszawa, 1997. 85.
Выдавецтва Акадэмii Каталiцкай Тэалогii выпусцiла вялiкага фармату (А3) падручнiк па лацiнскай палеаграфii. Для iлюстрацый выкарыстаны рэпрадукцыi рукапiсаў Ягелонскай бiблiятэкi.
Вiдавочна, што падручнiк арыентаваны на практычнае авалоданне навыкамi чытання лацiнскiх тэкстаў — тэарэтычная частка складае каля 10 старонак, астатняе месца займаюць тэксты: злева — друкаваны тэкст, справа — рукапiс.
У тэарэтычнай частцы падаецца азначэнне палеаграфiі, а таксама пералiк тыпаў пiсьма. Непасрэдна ў тэксце прыводзяцца як iлюстрацыi розныя варыянты раннiх тыпаў — маюскулы i мiнускулы, нацiск зроблены на гатычнае пiсьмо (XIII-XV ст.), помнiкi якога найбольш захавалiся. Падрабязна разглядаюцца гатычныя маюскула i мiнускула, гатычны курсiў, бастарда, гатычнае дыпламатычнае пiсьмо.
Надзвычай практычны апошнi раздзел, веданне зместу якога, напэўна, палегчыць карыстанне лацiнскамоўнымi крынiцамi. Маецца на ўвазе частка падручнiка пра абрэвiятуры. Даюцца прыклады скарачэнняў слоў, якiя часта ўжывалiся ў хрысцiянскай лiтаратуры, тытулаў (добра вядомы ў кiрылiчнай палеаграфii спосаб перадачы «пад цітлай»). Таксама ёсць кароткi спiс ўмоўных знакаў для асобных слоў i сiлабаў, нешматлiкiмi прыкладамi тлумачацца розныя варыянты суспензii (скарачэнняў слоў да адной лiтары i розных спосабах пазначэння зробленых скарачэнняў), контрактацыi (адпавядае звыкламу ў сучасным пiсьме скарачэнню праз дэфiс замест сярэдняй часткi слова). Вельмi важна, што на заканчэнне вынесена ведамасць пра брахеаграфiчны знак 3 (з’яўляецца ў XIV ст., дажывае да XVII ст.), ужыванне якога на канцы слоў замест некалькiх літар у спалучэннi з узгаданымi спосабамi скарачэння ператварае нават простыя па характары пiсьма тэксты ў красворды.
На дасягнуты ўзровень у вышэйшай адукацыi паказвае адсылка польскiх студэнтаў да сучаснага (1990 г.) замежнага — iтальянскага — слоўнiка лацiнскiх i iтальянскiх абрэвiятур.
Варта адзначыць, што польская палеаграфiя мае дзве грунтоўныя пазiцыi па лацiнскім пiсьме — В.Семковiча «Лацiнская палеаграфiя» (1950) i А.Гейштара «Нарыс гiсторыi лацiнскага пiсьма» (1973). Напэўна, будзе прыдатны i гэты кароткi практычны курс лацiнскай палеаграфii. Яго маглі б выкарыстоўваць i ў беларускай вышэйшай школе.
Менск
Іван Сiнчук