БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Беларуская Народная Рэспубліка – крок да незалежнасці: да 100-годдзя абвяшчэння: гістарычны нарыс / А. А. КАВАЛЕНЯ [і інш.]; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. Мінск: Беларуская навука, 2018. 157 с.


Калектыўная навуковая манаграфія звычайна прадугледжвае акумуляцыю дасягненняў асобных даследчыкаў і сыходзіць з дыялектычнага ўяўлення пра пераўтварэнне колькасці ў якасць дзеля эфектыўнай рэалізацыі нейкай агульнай мэты. Часам, аднак, калектыўная манаграфія нівелюе саму асобу навукоўца, перакладаючы на яе аўтараў адказнасць за тыя ці іншыя высновы, якія на самай справе яны, магчыма, і не падзяляюць, – калектыўную адказнасць.

Сярод выданняў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за апошнія гады можна вылучыць некалькі публікацый, якія былі створаны паводле агульнага алгарытму: актуальная праблема, прычым звычайна яе актуальнасць разглядаецца не ў навуковым, а ў ідэалагічным разуменні; сукупнасць гісторыкаў, звычайна пад кіраўніцтвам асобы з ліку акадэмічнай наменклатуры; ананімныя раздзелы, дзе не пазначаны іх аўтары; дакументы, значная частка якіх – перадрук з ранейшых выданняў; ананімныя, зноў жа, уводзіны і заключэнне, дзе мовай савецкай прапаганды чытача перасцерагаюць ад “кожнай спробы фальсіфікацыі айчыннай гісторыі”[1].

Разгорнутую рэцэнзію на адно з такіх выданняў пад назвай “Польшча – Беларусь (1921–1953)” у свой час надрукаваў былы дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў Польскай акадэміі навук прафесар Войцех Матэрскі. Ён перш за ўсе падкрэсліваў анахранізм падобнай працы, якая адпавядае, на думку польскага даследчыка, “стандартам савецкай навукі” сярэдзіны мінулага стагоддзя[2]. На жаль, сама рэцэнзія, як падаецца, не знайшла больш шырокага водгуку ні сярод аўтараў кнігі, ні наогул сярод айчынных гісторыкаў, чарговы раз пацвердзіўшы тэзіс аб тым, што “беларуская гістарыяграфія функцыянуе ў спецыфічных палітычных умовах”[3].

Спецыфіку гэтых умоў дакладна апісаў у працы “Гісторыкі і ўлада” нямецкі даследчык Райнэр Лінднэр[4]. Ён жа вызначыў і галоўную асаблівасць публікацый, падобных на згаданыя: “Для інстытуцыянальнай гісторыі беларускай гістарычнай навукі вельмі істотнае, доўгатэрміновае значэнне мела тое, што Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР альбо гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта дзейнічалі ў адпаведнасці з палітычнымі дырэктывамі часу альбо, здаралася, іх апярэджвалі…”[5]. Уласна таму іх змест кажа значна больш пра сучасную палітычную кан’юнктуру, чым пра саму гістарычную ці гістарыяграфічную праблему. Рэцэнзаванае выданне Інстытута гісторыі “Беларуская Народная Рэспубліка – крок да незалежнасці”, прымеркаванае да стагоддзя абвяшчэння БНР, не стала ў гэтым сэнсе выключэннем (гл. с. 135).

У межах рэцэнзіі мы не ставілі перад сабой мэты прааналізаваць агулам вынікі гэтай падзеі, тым больш што ў доўгатэрміновым вымярэнні яны могуць падавацца зусім іншымі. Дастаткова згадаць, што на працягу некалькіх месяцаў напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці – 25 сакавіка – у публічнай прасторы з’явіўся шэраг публікацый і выступленняў, змест якіх сведчыў пра спробу з боку беларускіх дзяржаўных інстытуцый разбіць манаполію палітычных апанентаў на “спадчыну” БНР. Найбольш знакавым у гэтым сэнсе стаў выступ члена-карэспандэнта Акадэміі навук, старшыні Парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігара Марзалюка пад час канферэнцыі ў Інстытуце гісторыі, які падкрэсліў, што “з 1925 года БССР дэ-юрэ з’яўляецца прамым і легітымным правапераемнікам урада БНР”[6]! Прыкладна тады ж дырэктар Інстытута і адзін з аўтараў разгляданай кнігі В. Даніловіч агучыў тэзіс: “Мы павінны пазбягаць усеагульнага ганьбавання і ўсеагульнага ўзвялічвання дзеячаў БНР. Мы глядзім на БНР аб’ектыўна”[7]!

У саміх этапах вывучэння Беларускай Народнай Рэспублікі прасочваюцца пэўныя храналагічныя рамкі, наўпрост звязаныя з той ці іншай палітычнай кан’юнктурай. Варта адзначыць, што на тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі пра гісторыю БНР доўгі час фактычна нічога не было надрукавана, за выключэннем публікацый на старонках перыядычных выданняў, а большая частка прысвечаных ёй кніг, як ні парадаксальна, з’явілася за мяжой. Першымі яе біёграфамі былі самі “бацькі-заснавальнікі”, пры гэтым іх галоўнай задачай было данесці ўласна факт існавання рэспублікі і, па магчымасці, пазначыць сваё месца ў яе стварэнні. Разам з тым, самі гэтыя публікацыі выканалі надзвычай важную ролю ў фармаванні нашага ўяўлення пра гісторыю станаўлення ідэі беларускай незалежнасці, вызначыўшы канон ў “уяўленні” самой БНР[8].

У айчыннай гістарычнай навуцы гэтая тэма з самага пачатку разглядалася скрозь прызму ідэалагічнай барацьбы з буржуазным нацыяналізмам. З іншага боку, найбольш значныя абагульняльня працы з аналізам беларускага нацыянальнага руху з’явіліся ў колах, якія знаходзіліся да гэтага руху ў прамой канкурэнцыі або былі зацікаўлены ў выкарыстанні яго ў сваіх інтарэсах. У нейкім сэнсе гэткімі былі працы, напісаныя з пазіцыі “савецкіх” беларусаў А. Бурбіса, А. Вазілы, З. Жылуновіча, Е. Канчара, Ф. Турука, А. Чарвякова[9]. Іншы характэрны прыклад – “Кароткі нарыс беларускага пытаньня”  – аб’ёмны аналітычны матэрыял для службовага карыстання, які з’явіўся ў нетрах польскага Генштаба і на старонках якога барацьба за незалежную беларускую дзяржаву знайшла самае падрабязнае апісанне[10]. Нарэшце, яшчэ адно грунтоўнае даследаванне, створанае ў нечым з падобнымі мэтамі, – кніга Ойгена фон Энгельгарта “Weiss-Ruthenien”[11].

У пасляваенны перыяд БНР-аўская тэматыка ў першую чаргу трывала прапісалася ў даследаваннях эміграцыйных аўтараў, якія працягнулі працу па стварэнні нацыянальнага пантэона, распачатую яшчэ беларускімі палітыкамі старэйшага пакалення[12]. Акрамя таго, выходзілі працы саветолагаў, для якіх перыяд абвяшчэння незалежнасці Беларусі ўяўляўся цікавай, аднак маларэалістычнай альтэрнатывай Савецкай Беларусі[13].

У савецкай гістарыяграфіі ў гэты ж перыяд ішоў складаны працэс па “рэгенерацыі” навуковых ведаў, якія дэградавалі да ўзроўню таталітарнай ідэалогіі ў папярэднюю эпоху. Разам з крытыкай “буржуазных фальсіфікатараў” і “нацыяналістаў” у даследаваннях А. Грыцкевіча, Н. Сташкевіча, І. Коўкеля, В. Круталевіча, І. Ігнаценкі робіцца спроба адысці ад ранейшых ідэалагічных схем або, прынамсі, змякчыць іх суцэльна негатыўны характар[14]. Ужо на пачатку 1990-х гадоў некаторыя з іх паспрабуюць адаптаваць у той ці іншай ступені, часам – вельмі кардынальна, свае тэксты да змены палітычнай кан’юнктуры[15].

Характэрна, што сапраўдны “прарыў” у даследаванні гісторыі БНР і беларускага нацыянальнага руху наогул адбыўся перш за ўсё дзякуючы працам польскіх гісторыкаў. Прычым можна гаварыць пра некалькі пакаленняў даследчыкаў. Сёння польская гістарыяграфія шмат у чым працягвае захоўваць пазіцыі лідэра ў вывучэнні гісторыі БНР, пра што сведчаць працы А. Латышонка, Я. Мірановіча, Д. Міхалюк, Т. Блашчыка, Ё. Героўскай-Калаўр[16]. Для літоўскіх і ўкраінскіх гісторыкаў тэма БНР уяўляе цікавасць асабліва ў кантэксце незалежнасці іх дзяржаў[17]. З англамоўных варта прыгадаць кнігу Пэра Рудлінга “Узлёт і падзенне беларускага нацыяналізму”[18].

З перыядам незалежнасці Беларусі надышоў і новы этап у вывучэнні гісторыі БНР. У выніку асобныя аспекты яе дзейнасці аказаліся даследаванымі даволі ўсебакова, а іншыя так і засталіся акрэсленымі толькі пункцірам[19]. Разам з тым з’явіліся і яе новыя крытыкі, якія адначасова выступаюць адэптамі так званага “заходнерусізму” і савецкай гістарыяграфіі[20]. Варта згадаць і апублікаваныя за гэтыя гады зборнікі архіўных дакументаў, прысвечаныя дзейнасці БНР, пад рэдакцыяй С. Шупы, В. Сакалоўскага, А. Сідарэвіча, В. Ляхоўскага ды інш.[21].

Ужо ў самым пачатку кнігі “Беларуская Народная Республіка – крок да незалежнасці…” можна прачытаць, што “ў прадстаўленым нарысе на аснове навейшых публікацый айчыннай і замежнай гістарыяграфіі, прыцягнення шырокага кола дакументальных крыніц асвятляецца адна з важнейшых старонак дзяржаўнага будаўніцтва…”. Аднак з пералічаных ва ўводзінах да “Нарыса” імён, якія падаюцца без спасылак на літаратуру, выбудоўваецца вельмі вузкае, у літаральным сэнсе – “акадэмічнае” кола даследчыкаў, куды, праўда, увайшлі і самі аўтары працы. Замест гістарыяграфічнага агляда “Нарыс” абмяжоўваецца агульнай згадкай пра тое, што “айчынныя даследчыкі за гады суверэннага развіцця шмат зрабілі дзеля аб’ектыўнай рэканструкцыі падзей станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці” (4-5).

Затое пры больш уважлівым знаёмстве са зместам рэцэнзаванай кнігі “навейшыя публікацыі” ператвараюцца ў працу С. Рудовіча “Час выбару”, 2001 года выдання (5 спасылак), кнігі Ф. Турука (2 спасылкі), Е. Канчара (3), У. Ладысева і П. Брыгадзіна (3), А. Ціхамірава (2), М. Смальянінава “Революционное движение солдатских масс на Западном фронте…” 1981 года ды некалькі артыкулаў саміх аўтараў, выдадзеных у сярэдзіне 1990-х. У выніку “навейшымі публікацыямі” аказаліся калектыўная манаграфія “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” пад рэдакцыяй А. Кавалені, што ўбачыла свет у 2011 г., кніга Д. Міхалюк, на якую ў тэксце толькі адна спасылка, ды “Новы Запавет” 2017 года выдання.

Першы раздзел кнігі “Беларускія палітычныя партыі і ідэя дзяржаўнасці” пачынаецца са сцвярджэння, што Першая сусветная вайна, а таксама лютаўская і кастрычніцкая рэвалюцыі ў Расіі “аказалі велізарны ўплыў на ход сусветнага развіцця” і “змянілі геапалітычную карту Еўропы”. Пры гэтым, паводле аўтараў, сярод еўрапейскіх народаў, якія ў той час “рэалізавалі сваю нацыянальную дзяржаўнасць”, апынуліся сярод іншых харваты, славакі і македонцы (6). Аднак калі тэзіс пра тое, што “лютаўская рэвалюцыя дала імпульс беларускаму нацыянальнаму руху” і “стварыла магчымасці для палітычнага афармлення… і выспявання ідэі нацыянальнага самавызначэння” не выклікае сумнення, зразумець, чаму аўтары поўнасцю праігнаравалі ўвесь папярэдні перыяд яго развіцця, у тым ліку фармаванне беларускага асяродка на тэрыторыі нямецкай акупацыі (16), даволі цяжка.

Асаблівы дысананс стварае параўнанне зместу гэтай часткі кнігі з яе ж заключэннем, дзе сцвярджаецца літаральна наступнае: “На жаль, сусветная супольнасць не адмовілася ад тэрарызму, узброеных канфліктаў, рэвалюцый і войнаў. Наадварот, сёння ў розных частках свету новыя палітідэолагі і паліттэхнолагі актыўна навязваюць ідэі так званых каляровых рэвалюцый. Гісторыя пераканаўча сведчыць, што ідэі палітычных абнаўленцаў не здольны пазбавіць людзей ад праблем. Яны толькі перарываюць, адкідваюць назад аб’ектыўны працэс развіцця грамадства і памнажаюць трагедыі народаў…” (135).

Далей пасля невялічкага раздзела “Першы Усебеларускі з’езд 1917 г.” публікуецца стэнаграма самога з’езда (удвая большая за раздзел; перадрук з “Беларускага гістарычнага часопіса” за 1993 г.), падаецца яна наогул без каментароў.

Найбольш цікавы, навукова абгрунтаваны, насычаны архіўнымі крыніцамі трэці раздзел “Абвяшчэнне БНР – гістарычны выбар нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння”, які завяршаецца наступнай высновай: “Ва ўмовах германскай акупацыі Рада БНР і Народны Сакратарыят з’яўляліся па-сутнасці адзіным беларускім цэнтрам, які актыўна дзейнічаў і спрабаваў наколькі гэта было магчыма бараніць інтарэсы беларусаў на міжнароднай арэне” (107). Ананімны аўтар раздела адкрыта палемізуе з гісторыкам Вадзімам Гігіным, паводле якога дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, у адрозненне ад савецкага беларускага нацыянальнага камісарыята, фактычна нічым не праявілі сябе на ніве беларускай школьнай справы, затармазілі працэс стварэння “беларускай суверэннай рэспублікі – БССР” і ўвогуле выявілі сваю “несамавітасць, няслушнасць, карумпаванасць, а таксама выкарысталі ідэю БНР у асабістых мэтах”[22]. У гэтым сэнсе аўтары кнігі (ці, можа, больш дакладна, ананімны аўтар гэтай часткі) значна больш радыкальна адыходзяць ад прапанаванай яшчэ дзесяць гадоў таму, пад час чарговай ідэалагічнай “адлігі”, формулы пра тое, што “БНР – адзін з этапаў супярэчлівага працэсу суверэнізацыі беларускай нацыі”[23]. На жаль, храналагічна трэцяя частка ахоплівае толькі 1918 год…

Два апошнія раздзелы (“БНР – фактар развіцця дзяржаваўтваральных працэсаў у Беларусі” і “Крызіс Рады і ўрада БНР”) падаюцца хутчэй скарочаным канспектам лекцыі, багата праілюстраваным здымкамі савецкіх дакументаў (дванаццаць супраць чатырох здымкаў БНРаўскіх дакументаў): пратаколамі паседжання ЦБ КП(б) Б, пастановай Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага камітэта, маніфеста аб стварэнні ССРБ і г. д. Само ж пытанне легітымнасці рашэнняў Берлінскай канферэнцыі пра роспуск беларускага ўрада і пераемнасці традыцыі БНР пазнейшымі эміграцыйнымі структурамі ў кнізе поўнасцю праігнаравана. Хацелася б звярнуць увагу, што выкарыстанне выданнем Нацыянальнай акадэміі навук здымкаў з інтэрнэт-старонкі газеты “Камсамольская праўда”, прычым з захаваннем аўтарскага знака, наўрад ці дадае кнізе “акадэмічнасці” (121).

Зноў жа, галоўнае, як падаецца, не сам змест раздзелаў, а прапанаваная напрыканцы выснова, якая літаральна паўтарае агучаны І. Марзалюком тэзіс: “…І БНР, і ССРБ з’яўляліся лагічным вынікам развіцця беларускага нацыянальнага руху і беларускай дзяржаўнасці. Гэта з’явы аднаго парадку, які ў выніку прывёў да сучаснай незалежнай Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым, нягледзячы на ўсе цяжкасці і складанасці, гісторыя пераканаўча сведчыць аб паспяховасці выбару на карысць рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове” (119). Гэта асабліва кідаецца ў вочы, калі параўнаць разгляданае выданне з кнігай “Польшча – Беларусь (1921–1953)”, дзе, між іншым, сцвярджалася, што пасля Першай сусветнай вайны “БНР як дзяржава не адбылася” і толькі Савецкая Беларусь стала “прэцэдэнтам стварэння палітыка-тэрытарыяльнай адзінкі з атрыбутамі беларускай дзяржаўнасці”[24].

Вельмі красамоўна ў гэтым сэнсе выглядае змешчаная ў дадатку да кнігі “Храналогія падзей”, пададзеная ў межах паміж 1917 і 1925 гадамі. Пачынаецца яна з даты “перамогі лютаўскай рэвалюцыі ў Петраградзе”, а заканчваецца т. зв. Берлінскай канферэнцыяй. Прычым уласна да дзейнасці БНР за ўвесь перыяд 1919 г. адносіцца толькі раскол Рады; за 1920 г. – падпісанне дамовы паміж урадамі БНР і Літоўскай Рэспублікі; за 1922 г. – удзел дэлегацыі БНР у працы Генуэзскай канферэнцыі… Большасць жа прыведзеных падзей звязаны хутчэй з дзейнасцю органаў савецкай улады.

Апошні абзац кнігі варты таго, каб працытаваць яго амаль поўнасцю: “Сёння архіактуальнай задачай з’яўляецца процістаянне экстрэмізму ва ўсіх яго праявах. Важна актыўна пашыраць у грамадскай свядомасці ідэі дабра, братэрства, справядлівасці, асабліва ў асяроддзі падрастаючага пакалення, каб пазбавіць экстрэмізм сацыяльнай падтрымкі. У грамадстве патрэбна настойліва ўкараняць усведамленне таго, што прыгажосць, дабрыня і закон здольны выратаваць цывілізацыю ад пагружэння ў бяздзейнасць, заганы і разбурэнне. Неабходна таксама рабіць усё магчымае, каб не згубіць і ўмацаваць здабыты на мяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў Беларуссю дзяржаўны суверэнітэт, пра які марылі многія пакаленні лепшых прадстаўнікоў беларускага народу” (135).

У чаканні чарговага юбілею – стагоддзя абвяшчэння Савецкай Беларусі – міжволі ўзнікае пытанне, якім чынам калектыў Інстытута гісторыі здолее ўвасобіць тэзісы пра “прыгожасць і дабрыню” ў наступным выданні, прысвечаным, верагодна, гэтай падзеі…

Гродна

Андрэй Чарнякевіч


[1]Рижский мир в судьбе белорусского народа. 1921–1953 гг.: в 2 кн. Кн. 1 / НАН Беларуси, Ин-т истории / редкол.: А. А. Коваленя и др. Минск: Беларус. навука, 2014. С. 21.
[2] Матэрскі В. Да стандартаў савецкай эпохі? // Беларускі Гістарычны Агляд. Інтэрнэт версія. Электронны рэсурс. Рэжым доступу: http://www.belhistory.eu/vojcex-materski-da-standartau-saveckaj-epohi/ Дата доступу: 18.9.2018.
[3] Матэрскі В. Да стандартаў савецкай эпохі?
[4] Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі XIX–XX ст. / пер. з ням. Л. Баршчэўскі; нав. рэд. Г. Сагановіч. Выд. 2. С.-Пецярбург, 2005.
[5] Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада… С. 481.
[6] Электронны рэсурс. Рэжым доступу: https://nn.by/?c=ar&i=206294&lang=ru Дата доступу: 18.9.2018.
[7] Электронны рэсурс. Рэжым доступу: https://nn.by/?c=ar&i=206552&lang=ru Дата доступу: 18.9.2018.
[8] Варонка Я. Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции. Ковно, 1919; Ён жа. Беларускi рух ад 1917 да 1920 году: Кароткi агляд. Коўна. Выд-ва Міністэрства беларускіх спраў, 1920; Грыб Т. Выбранае. Мінск, 2017; Доўнар-Запольскі М. Асновы дзяржаўнасьці Беларусі. Городно, 1919; Захарка В. Галоўныя моманты беларускага руху (урывак) // Спадчына. 1997. № 5. С. 3–17; Ён жа. П. А. Кречевский // Вестник Социалистической Лиги Нового Востока. 1928. Май. № 1. С. 8–10; Езовитов К. Белорусы и поляки: Документы и факты из истории оккупации Белоруссии поляками в 1918 и 1919 гг. Ковна: Изд. Ф. Скарыны, 1919; Ён жа. Абвяшчэньне БНР // Наша слова. 19.3.2008. № 12 (851); Ён жа. Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада // Крывiч. 1924. № 1 (7). С. 37–45; 1925. № 9. С. 80–93; Ён жа. Освобождение Минска: Записки коменданта // Варта. 1918. № 1. С. 36–38; Ён жа. [Кангрэсавец] Да гісторыі распаду Беларускае Народнае Рэспублікі // Беларуская школа ў Латвіі. 1933. № 7 (24). С. 289–291; Краўцоў М. Рада Беларускае Народнае Рэспублікі // Спадчына. 1998. № 1. С. 75–126; Крэчэўскі П. Мандаты БНР. Даклад, чытаны ў Беларускім Студэнцкім Клюбе ў Празе 16 студзеня 1926 г. // Спадчына. 1993. № 1. С. 2–10; Ладнов Е. Огнём и мечём, голодом и болезнями. Варшава: Изд. бел. комитета, 1922; Лекцыя Аляксандра Цьвікевіча “Беларускі нацыянальны рух” і дыскусія пасьля яе, што адбылася ва “Украінскай хаце ў Празе” вясной 1925 // Спадчына. 2002. № 5-6. С. 104–110; Луцкевіч А. 25 марца 1918 году (З маіх успамінаў) // Спадчына. 1997. № 1. С. 10–15; Смоліч А. Незалежнасьць // Спадчына. 1997. № 2. С. 3–6; Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918; Ён жа. [А. Галынец]. Чатыры гады (1918–25.3.1922) // Спадчына. 1996. № 3. С. 124–148.
[9] Бурбіс А. [Стары Піліп]. Кароткі агляд беларускага нацыянальнага-рэвалюцыйнага руху // Веснік Нар. Камісарыята Асветы СРРБ. 1921. № 1. С. 4–9; Вазилло А. Речь, произнесённая на І-м Всебелорусском съезде / пред. Е. Канчера. Петроград, 1918; Жылуновіч З. Ад кастрычніка 1917 да лютага 1918 г. // Полымя. 1924. № 2. С. 163–173; Ён жа. Два бакі беларускага руху // Полымя. 1923. № 3-4. С. 69–74; Ігнатоўскі У. Камуністычная партыя Беларусі і беларускае пытанне // Беларусь. Нарысы гісторыі, эканомікі культурнага і рэвалюцыйнага руху / пад рэд. А. Сташэўскага, З. Жылуновіча, У. Ігнатоўскага, з дап. А. Смоліча, С. Некрашэвіча, Я. Пятровіча. Менск, 1924; Канчер Е. Белорусский вопрос: сб. статей. Петроград, 1919; Турук Ф. Белорусское движение. Очерк национального и революционного движения белорусов. Москва, 1921; Чарвякоў А. “…Я ніколі не быў ворагам”: выбраныя артыкулы і прамовы. Успаміны сучаснікаў. Мінск, 1992.
[10] Кароткі нарыс беларускага пытаньня / рэд. А. Вашкевіч, А. Пашкевіч, А. Чарнякевіч. Мінск, 2009.
[11] Engelhardt E. Weißruthenien: Volk und Land. Berlin – Amsterdam – Prag – Wien, 1943.
[12] Пануцэвіч В. Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918–1919 гадах // Бацькаўшчына. 1964. № 5-6; Весялкоўскі Ю. Беларусь у першай сусьветнай вайне: гістарычны нарыс. Беласток – Лёндан, 1996; Запруднiк Я. БНР памiж варожымi Расеяй i Нямеччынай // Беларус. 1970. № 157. С. 2; Ён жа. Устаўныя Граматы БНР // Запісы БІНіМ. Нью-Ёрк. 1975. Кн. 13. С. 87–98.
[13] Vakar N. P. Belorussia. The Making of Nation. Cambridge, Massachusetts, 1956.
[14] Ковкель И., Сташкевич Н. Почему не состоялась БНР? (Из истории политического банкротства националистической контрреволюции в Белоруссии. 1918–1925 гг.). Минск, 1980; Сташкевіч Н. Приговор революции: Крушение антисоветского движения в Белоруссии (1917–1925). Мінск, 1985; Ён жа. Не отступая от уроков правды: О классовой сущности БНР // Перестройка и межнациональные отношения. Мінск, 1989. С.170–190; Грыцкевіч А. Вакол “слуцкага паўстання”: Барацьба з контррэвалюцыяй у Беларусі ў апошні перыяд грамадзянскай вайны. Мінск, 1987; Круталевич В. Рождение Белорусской Советской Республики: На пути к провозглашению республики. Октябрь 1917 – декабрь 1918г. Минск, 1975.
[15] Напрыклад: Круталевич В. История Беларуси: становление национальной державности (1917–1922 гг.). Минск, 2003; Коўкель І. Спробы нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі. Першы Усебеларускі з’езд і яго рашэнні // Шлях да ўзаемнасці – Droga ku wzajemności: матэр. XIV міжнар. навук. канф., 26–27 кастр. 2006 г. / пад. рэд. С. Мусіенкі, І. Крэня. С. 214–225; Сташкевич Н. Белорусская народная республика (БНР): характер и пределы ее суверенитета // Беларуская дзяржаўнасць: вопыт ХХ стагоддзя. Мінск, 2004. С. 11–17; Грыцкевіч А. Выбранае. Мінск, 2012; Ігнаценка І. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мінск, 1995.
[16] Латышонак А. Жаўнеры БНР. Беласток – Вільня, 2009; Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. С.-Пецярбург, 2003; Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920 гг.: Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. Смаленск, 2015; Błaszczak T. Białorusini w Respublice Litewskiej 1918–1940. Rozpraw doktorska. Toruń, 2012; 28. Gierowska-Kałłaur J. Stanisław Bułak-Bałachowicz. Postać, która mogła połączyć narody byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego, a jednak ich nie połączyła // Acta Baltico-Slavica. Vol. 41. 2017. S. 77–155.
[17] Гімжаўскас Э. Беларускі фактар пры фармаванні літоўскай дзяржавы ў 1915–1923 гг. Беласток – Вільня, 2012.
[18] Rudling P. A. The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906–1931. University of Pittsburgh Rress, Pittsburgh, 2015.
[19] Агееў А., Пушкін І. Фарміраванне і дзейнасць Магілеўскага беларускага камітэта (1917–1918 гг.). Магілёў, 2017; Багалейша С. Беларуска-літоўскія ўзаемаадносіны ў 1915–1924 гг. Аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. Мінск, 2006; Бароўская В. Беларускае пытанне на савецка-польскіх перагаворах 1918–1921 гг. Мінск, 2017; Глушакова Н. Дзейнасць беларускіх эсэраў у Радзе БНР (1918–1924) // Гуманітарна-эканамічны веснік. 1997. № 4. С. 29–35; Дубік С. Палітычныя адносіны паміж урадам БНР і Літоўскай Тарыбай. 1918–1919 гг. Дзейнасць Міністэрства Беларускіх Спраў // Славянскі свет: міжэтнічныя адносіны на мяжы трэцяга тысячагоддзя: зб. матэр. Міжнар. навук.-практ. канф. студэнтаў і аспірантаў ВНУ, 16–17 ліст. 2001 г. Брэст, 2001. С. 196–207; Конан У. Сімвал бацькаўшчыны: БНР у кантэксце наыянальнай ідэі // ЛіМ. 19.3.1993. № 12. С. 3, 14–15; Космач Г. Германский фактор в политике БНР в 1918 году // Германский и славянский миры: взаимодействие, конфликты, диалоги культур: (История, уроки, опыт, современность). Матер. междунар. научно-теор. конф. 6–7 дек. 2001 г. Витебск. 2001. С. 74–84; Кукса А. На пути к самоопределению народов Беларуси и Украины в 1917–1918 гг. Минск, 2012; Кулевіч І. Беларускі нацыянальны рух (1902–1925): гістарыяграфія праблемы. Гродна, 2007; Ладысеў У., Брыгадзін П. На пераломе эпох: Станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917–1920). Мінск, 1999; Лазько Р., Кротаў А., Мязга М. Беларусь у еўрапейскай палітыцы. 1918–1925 гг.: нарысы. Гомель: ГДУ, 2003; Лебедзева В. Пуцявінамі змагання і пакутаў: Палута Бадунова. Мінск, 2004; Ляхоўскі У. Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915–1918 гг. Беласток – Вільня, 2010; Мазец В. Беларуская Народная Рэспубліка: Абвяшчэнне і дзейнасць (1918 год). Аўтарэф. … канд. гіст. навук. Мінск, 1995; Паўлава Т. Асноўныя напрамкі знешнепалітычнай дзейнасці БНР у 1918–1920 гг. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. T. 15. Białystok, 2001. S. 76–85; Рудовіч С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мінск, 2001; Сідарэвіч А. Урады БНР і кабінэт Рамана Скірмунта // ARCHE-Пачатак. 2008. № 4. С. 108–126; Юхо Я. Беларускія ўрады 1918–1921 г. і іх паўнамоцтвы // БГЧ. 1993. № 4. С. 63–68; і інш.
[20] Гигин В. Бумажная республика. Из истории БНР 1918 года // Нёман. 2005. № 2. С. 141–154; Гронский А. Проблема белорусского национализма в начале ХХ века // Управление общественными и экономическими системами. 2008. № 1. С. 1–32; Ліцкевіч А. Беларуская віртуальная рэспубліка // Беларуская думка. 2008. № 3. С. 68–73; Резник А. К вопросу о государственности БНР, или Так была ли БНР государством? Минск, 2002.
[21] Архівы Беларускай народнай рэспублікі. Кн. 1. Т. 1, 2. Вільня – Нью-Ёрк – Менск – Прага, 1998; Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914–1991): зб. дак. і матэр.: у 4 т.; Сакалоўскі У. Надзвычайная місія БНР у Нямеччыне (1919–1925) // ARCHE-Пачатак. 2009. № 3. С. 7–328; Слуцкі збройны чын у дакумэнтах і ўспамінах / укл., падрыхт. тэкстаў, іл., аўт. заўв., камент., паказ. А. Гесь, У. Ляхоўскі, У. Міхнюк; прадм. У. Ляхоўскага. 2-е выд. Мінск, 2006.
[22] Гигин В. Бумажная республика: из истории БНР 1918 г. // Нёман. 2005. № 2. С. 141–154.
[23] БНР: поверх барьеров // Советская Белоруссия (Беларусь сегодня). 22.3.2008.
[24] Цыт. паводле: Матэрскі В. Да стандартаў савецкай эпохі?

Наверх

Тэгі: ,