БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Падарожжы ў БНР*


* ЧЕРНЯКЕВИЧ, АНДРЕЙ. БНР. Триумф побежденных. Минск: А. Н. Янушкевич, 2018. 302 с.;
ШУПА, СЯРГЕЙ. Падарожжа ў БНР. Архіўны раман (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2018. 282 с.

На пачатку 1990-х г. у межах пэўнага “рамантычнага” нацыянальнага дыскурсу нарадзіўся міф пра БНР як узор і сімвал беларускай дзяржаўнасці. Гэта быў свайго роду рэванш за доўгія гады афіцыйнага савецкага бяспамяцтва і здзеку з памяці “айцоў” Беларускай Народнай Рэспублікі. У гістарыяграфію і культурную памяць дзеячы Адраджэння вярталіся як нацыянальныя героі. Яны арганічна ўпісваліся ў час, які быў напоўнены верай у новае Адраджэнне і перспектывы развіцця незалежнай і дэмакратычнай Беларускай дзяржавы. Падкрэсліваўся этнакультурны падмурак БНР, адзначаліся традыцыі талерантнасці тытульнай нацыі і яе прыхільнасць да дэмакратычных каштоўнасцяў.

Аднак Рэспубліка Беларусь аказалася непадобнай як на мары рамантыкаў 1990-х, так і на створаны гісторыкамі вобраз свайго прататыпа з 1918 г. Паўставалі пытанні: Ці не падманула нас гісторыя? Чаму ўзнёслы нацыянальны праект пад назвай “БНР”, які не быў рэалізаваны з-за неспрыяльных геапалітычных чыннікаў, не атрымалася здзейсніць у новых абставінах? Чаму праблемы беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння канца ХХ – пачатку ХХІ ст. усё больш нагадваюць сітуацыю эпохі “Нашай Нівы”?

Адным з першых паспрабаваў адказаць на гэтыя пытанні філосаф Валянцін Акудовіч у кнізе “Код адсутнасці” (Мінск, 2007). У прыватнасці, ён канстатаваў крызіс ідэі нацыянальнай Беларусі ў “моўна-этнаграфічнай перспектыве”, заклікаў не глядзець на свет праз “бельмы” сімулякру гамагеннай нацыі і прапанаваў разглядаць Беларусь як “дыскурс шматлікіх і разнастайных сусветаў, якія без калецтва кожнага з іх не могуць быць паяднаныя ў нейкую агульнасць нічым, апрача як дыскурсам Беларусі”[1]. Прапанаваны крытычны аналіз непасрэдна датычыў ідэі гамагеннай нацыі-дзяржавы. Праўда, большасць айчынных гісторыкаў, калі і прачыталі кнігу Акудовіча, то збольшага праігнаравалі прапанаваныя адказы.

Відавочна, што наспела неабходнасць пошуку новага дыскурсу, у якім, між іншым, вобразы бездакорных герояў саступілі б партрэтам людзей, якія ў сваім змаганні за Беларусь спадзяваліся і расчароўваліся, шукалі і не знаходзілі, часам памыляліся і прайгравалі больш дасведчаным палітычным канкурэнтам.

Андрэй Чарнякевіч: у пошуках крытычнага дыскурсу

Андрэй Чарнякевіч належыць да тых даследчыкаў, якія спрабуюць выйсці па-за межы згаданага “рамантычнага” дыскурсу і пісаць гісторыю беларускага руху з улікам як няўдачы палітычнага праекта БНР, так і сучаснага стану культурніцкіх і палітычных ідэалаў колішніх адраджэнцаў[2].

Чытач кнігі А. Чарнякевіча адразу зверне ўвагу на рускую мову выдання, якая зрэдку бывае мовай даследаванняў БНР і звычайна ўжываецца тымі аўтарамі, што падзяляюць пастулаты дзяржаўнай гістарычнай палітыкі або дэманструюць іх падтрымку. Выкарыстанне рускай мовы, відавочна, разлічана на пашырэнне кола чытачоў, яго таксама можна разглядаць як пэўны “аўтарскі знак” у пошуках іншага дыскурсу.

Чым цікавае і важнае “падарожжа” Андрэя Чарнякевіча?

Ужо на самым пачатку першага раздзела кнігі (“Rising Nation: Первая мировая война и формирование идеи белорусской государственности”) гісторык прадказаў падзел чытачоў на тых, каго хвалюе выключна пытанне, чаму кніга напісана не па-беларуску, і на зацікаўленых уласна тэматыкай даследавання. Пры гэтым ён заўважыў, што выбар беларускай мовы стваральнікамі БНР у 1918 г. “у нейкай ступені вызначыў яе лёс” (7). Адчувальны папрок на пэўную самаізаляцыю беларускамоўнай эліты, у дзейнасці якой беларуская мова была (і застаецца!) адным з прыярытэтаў.

Наступныя старонкі прысвечаны фармаванню ў беларускім руху ўяўленняў пра “вызначальныя нацыянальныя рысы”, а фактычна пра змест нацыянальнай ідэі. Аўтар сцвердзіў паступовае перамяшчэнне паняцця “беларус” ад моўнай ідэнтыфікацыі да рэлігійнай, а пазней – да сацыяльнай (7). Пры гэтым тэкст раздзела хутчэй сведчыць пра адначасовае ўмацаванне як этнакультурнага і рэлігійнага, так і сацыяльнага складніка беларускай ідэі, што, дарэчы, абярнулася даволі вострай канфрантацыяй паміж “нацыяналістамі” і “сацыялістамі” ў 1917–1918 г.

У адрозненне ад большасці беларускіх даследчыкаў гісторыі Адраджэння аўтар засяродзіўся не на яго дасягненнях, а на праблемах. Прапаганда нацыянальнай ідэі ў “моўна-этнаграфічнай перспектыве” (В. Акудовіч) у сялянскім асяроддзі не знаходзіла належнага водгуку. Адпаведна гісторык звярнуў увагу на значэнне пэўных знешніх чыннікаў, а менавіта ролі “імперскіх навукоўцаў” у фармаванні ўяўленняў пра Беларусь і замацаванні гэтай назвы за большасцю губерняў “Паўночна-Заходняга краю” (8). Таксама адзначыў фактар Першай сусветнай вайны як “моцнага каталізатара этнапалітычных і этнакультурных працэсаў у рэгіёне” (21) і лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.[3] (27).

Вылучэнне гэтых знешніх чыннікаў у спалучэнні з крытычнымі ацэнкамі беларускага руху яго расійскімі або польскімі апанентамі адсоўвае на другі план значэнне палітычнай і культурніцкай працы ўласна беларускіх арганізацый. А між тым менавіта яна была падмуркам Адраджэння. Гэта выразна відаць на прыкладзе сакавіцкага з’езда беларускіх партый і арганізацый (1917). За яго арганізацыяй стаяла вялікая праца часовага Беларускага камітэта на чале з Раманам Скірмунтам і сяброў мінскага аддзела Беларускага таварыства помачы пацярпелым ад вайны. Абраны на з’ездзе Беларускі нацыянальны камітэт узначаліў беларускі рух і ператварыў Мінск у яго палітычны цэнтр[4].

Ужо ў першым раздзеле аўтар звярнуў увагу на адсутнасць адзінства ў беларускім руху, яго падзеленасць на групы і плыні, якую ён схільны тлумачыць не так ідэалагічнымі разыходжаннямі, як “сваяцкімі і асабістымі сувязямі паміж беларускімі дзеячамі”. Андрэй Чарнякевіч сцвердзіў існаванне “цэнтраў уплыву”, кожнаму з якіх адпавядала пэўная “аўтарытэтная асоба”, што станавілася крыніцай верагодных канфліктаў (21). Дарэчы, на працягу ўсёй кнігі аўтар звяртаў увагу на гэты “асобасны фактар”, звязваючы з ім шматлікія міжасабовыя і міжгрупавыя канфлікты ў беларускім асяродку, прыводзячы крытычныя і вельмі эмацыйныя характарыстыкі палітыкаў, якія захаваліся ў дакументах асабістага паходжання ды інш.

Паўстае пытанне: навошта паглыбляцца ў гэтыя канфлікты і скандалы? Якое дачыненне яны маюць да праблематыкі даследавання? Аўтар лічыць, што непасрэднае. Паводле А. Чарнякевіча, “асабістае жыццё беларускага грамадскага дзеяча і палітыка з’яўлялася не менш важным матывам яго учынкаў, чым уласна ідэалогія” (243).

З гэтым можна пагадзіцца, бо меркаванні сучаснікаў сапраўды дапамагаюць зразумець палітыка як чалавека, больш даведацца пра яго характар, тэмперамент, інтэлектуальныя здольнасці і г. д. Усё гэта спрыяе выяўленню матываў паводзінаў, без чаго нельга прэтэндаваць на рэканструкцыю гістарычнага працэсу. Але калі гісторык абапіраецца пераважна на ўспаміны і ліставанне, то ён павінен быць максімальна асцярожным, каб не трапіць у палон гэтых крыніц. Магчыма, некаторыя аўтары напоўненых эмоцыямі тэкстаў пазней шкадавалі пра напісанае.

Крытычны падыход таксама павінен дамінаваць пад час аналізу меркаванняў польскіх і літоўскіх аналітыкаў або нямецкіх ці расійскіх палітыкаў адносна беларускага руху і яго ўдзельнікаў. Погляд звонку прадстаўнікоў бакоў, зацікаўленых у паразе беларускага праекта, не можа быць аб’ектыўным. Варта і ў гэтых меркаваннях шукаць унутраныя матывы, а не ўспрымаць іх як адлюстраванне беларускай рэчаіснасці. Часам такія крыніцы больш распавядаюць пра рэчаіснасць палітычнага жыцця нашых суседзяў і іх адносіны да БНР, чым пра беларускі рух. Да таго ж даследчыкі добра ведаюць, якія вялікія намаганні яны прыкладалі для расколу і аслаблення гэтага руху.

Таксама трэба адзначыць шматлікія недакладнасці ў даведкавым апараце першага раздзела. Даволі часта спасылка на цытату з пэўнага выдання ўтрымлівае спіс некалькіх публікацый, у якім складана адшукаць сапраўдную крыніцу цытавання (напр., спасылкі 3 і 5 на с. 8–9 і інш.). У некаторых выпадках спасылка не адпавядае цытаце. Так, цытаванне тэксту Антона Луцкевіча (14) суправаджаецца спасылкай на энцыклапедыю Бракгаўза і Эфрона, а ацэнкі дзейнасці беларускіх арганізацый з дакладной запіскі Дэпартамента паліцыі (1908) – спасылкай на А. Смаленчука (?).

Наогул, для першага раздзела характэрна фрагментарнасць у асвятленні пазначанай праблемы. Магчыма, згаданыя спісы літаратуры ў спасылках якраз павінны былі кампенсаваць адсутнасць цэльнага тэксту.

Далейшая структура кнігі грунтуецца на характарыстыцы ўрадаў БНР, уключна з апошнім урадам Аляксандра Цвікевіча, дзейнасць якога завяршылася Берлінскай канферэнцыяй і прызнаннем савецкага Мінска цэнтрам беларускага палітычнага і культурнага жыцця. У кожным раздзеле ёсць кароткія біяграмы беларускіх палітыкаў.

Пры гэтым аналіз дзейнасці першых урадаў БНР носіць пераважна крытычны характар. Характарызуючы “кабінеты” Язэпа Варонкі, Рамана Скірмунта, Янкі Серады і Антона Луцкевіча, аўтар шмат у чым ідзе шляхам Дароты Міхалюк[5], пры гэтым уводзячы ў навуковае жыццё новыя гістарычныя крыніцы. У прыватнасці, гэта дакументы з фондаў Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва (ф. 582), Архіва найноўшых дакументаў (Варшава), Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі ды інш. Таксама гісторык абапіраўся на апублікаваныя даследаванні апошніх гадоў, сярод якіх вылучаецца кніга Тамаша Блашчака[6]. Але галоўнай крыніцай для аўтара застаецца вядомы зборнік дакументаў па гісторыі БНР, падрыхтаваны Сяргеем Шупам[7]. Трэба адзначыць факталагічную насычанасць тэксту і дынамізм у асвятленні падзей, якія на самай справе пакідаюць уражанне, што гісторыя прыспешыла свой ход.

Маю асаблівую ўвагу прыцягнуў раздзел, прысвечаны ўраду Рамана Скірмунта (“Благие намерения: правительство Романа Скирмунта”). Цэнтральнае месца ў ім заняло апісанне канфлікту “старога” ўрада Я. Варонкі з новым. Яго можна разглядаць як прэлюдыю да свайго роду “беларуска-беларускай вайны” ў асяродку дзеячоў БНР, якая абвастралася па меры пагаршэння пазіцый Рэспублікі.

На гэтым эпізодзе варта спыніцца і крыху дапоўніць аўтара. Нагадаю, што ў ліпені 1918 г. пасля стварэння ўрада Рамана Скірмунта[8] Язэп Варонка адмовіўся выконваць рашэнне Рады БНР. Ён заявіў, што не будзе перадаваць ні архіваў, ні пячаткі новаму ўраду, і распачаў прапагандысцкую вайну па яго дыскрэдытацыі. Грамадскасць пераконвалі ў незаконнасці “буржуазнага” ўрада, а нямецкую адміністрацыю – у “польскасці” Скірмунта і яго міністраў.

Трэба прызнаць, што “бунт” сацыялістаў не быў цалкам самастойным. Знойдзеныя ў архівах Варшавы і Берліна дакументы дазваляюць сцвярджаць, што нямецкая адміністрацыя выканала важную ролю ў распальванні ўнутрыбеларускага канфлікту. Так, ужо на наступны дзень пасля прыняцця Радай БНР Дэкларацыі новага ўрада і зацвярджэння яго складу камандуючы 10-й нямецкай арміяй генерал Эрык Фалькенгайн напісаў ліст Раману Скірмунту, адрасаваны не кіраўніку ўрада, а… “землеўласніку”. У лісце падкрэслівалася, што ўся ўлада на акупаванай тэрыторыі належыць нямецкай адміністрацыі, а існаванне іншых уладных арганізацый недапушчальнае[9]. Нямецкая цэнзура забараніла публікацыю Дэкларацыі ўрада Скірмунта. Аніводная беларуская газета нават не згадала пра гэты важны дакумент. Толькі з-за недагляду цэнзараў яго пераказ быў змешчаны на старонках польскай газеты “Дзеннік Мінскі”[10].

Ніколі раней дзяржаўніцкія прэтэнзіі беларускіх палітыкаў не сустракалі такой адкрытай варожасці з боку нямецкіх уладаў. Яны не хацелі мець справу з моцным і ўплывовым беларускім урадам, і гэта падштурхнула сацыялістаў да актыўных дзеянняў. У Мінску паўстала сітуацыя “двоеўраднасці”. Яна закончылася 20 ліпеня прыездам з Вільні Івана Луцкевіча, які здолеў знайсці кампраміс. Урады Скірмунта і Варонкі ішлі ў адстаўку, а ў Мінску пачалося фармаванне ўрада на чале з Іванам Серадой. Гэта абярнулася надзвычай моцнай кампраметацыяй усяго праекта БНР. А ўрад Серады ў гісторыі БНР нічым сябе не праявіў. А. Чарнякевіч ахарактарызаваў яго як “картачны домік” (100).

Гісторыя “двоеўраднасці” яскрава сведчыць пра вялікую адмоўную ролю міжасабовых і міжгрупавых канфліктаў у гісторыі БНР. Таксама яна ўказвае на значэнне “чужых” уплываў у распальванні “беларуска-беларускай вайны”.

Характарыстыка дзейнасці ўрада Антона Луцкевіча (Рада міністраў БНР) суправаджаецца грунтоўным аналізам польска-беларускіх дачыненняў і палітыкі польскага ўрада. Адносна апошняй аўтар перакананы ў адсутнасці адзінага стратэгічнага курса польскага ўрада ў 1918–1919 г. Паводле А. Чарнякевіча, гэтая палітыка пры “бліжэйшым разглядзе аказваецца ланцугом разнародных, не даведзеных да канца мерапрыемстваў і не да канца прадуманых крокаў, якія часцей вялі да малапрадказальных вынікаў. Іх рэальныя наступствы часта праяўляліся пазней і ў цалкам новых абставінах” (135).

Пры гэтым аўтар прытрымліваецца пашыранай канцэпцыі двух галоўных кірункаў знешняй палітыкі Польшчы адносна далучэння земляў былога Вялікага Княства Літоўскага – праз інкарпарацыю (Раман Дмоўскі) і праз федэрацыю (Юзаф Пілсудскі) (133). Аднак тэкст кнігі не пераконвае ў сур’ёзнасці федэралісцкай канцэпцыі Ю. Пілсудскага. Насамрэч усе польскія палітыкі разглядалі ўсходнія землі былой Рэчы Паспалітай як тэрыторыю польскага дамінавання. Яны толькі па-рознаму ацэньвалі магчымасці адроджанай Польскай дзяржавы…

Аўтар шмат увагі аддае расколу ў Радзе БНР (снежань 1919 г.) і ўзнікненню Найвышэйшай Рады (Я. Лёсік) і Народнай Рады (П. Крэчэўскі). Даследчык высока ацаніў дзейнасць Найвышэйшай Рады па стварэнні “беларускага П’емонта” і пагадзіўся з думкай Аркадзя Смоліча, што якраз вынікі гэтай дзейнасці прымусілі бальшавікоў лічыцца з беларускім рухам (163).

У наступных раздзелах А. Чарнякевіч ахарактарызаваў дзейнасць Народнай Рады, Беларускага палітычнага камітэта (Вячаслаў Адамовіч-старэйшы), Беларускага дзяржаўнага камітэта (Антон Луцкевіч), урадаў Вацлава Ластоўскага (1919–1922) і Аляксандра Цвікевіча (1923–1925). У кнізе знайшлі адлюстраванне палескі паход атрада С. Балаховіча, падзеі Слуцкага паўстання і антыпольская партызанка беларускіх эсэраў, дыпламатычныя намаганні ўрада Ластоўскага ў Прыбалтыцы і Польшчы, спробы паразумення з савецкай Расіяй, падпісанне ў Рызе прэлімінарнай мірнай дамовы (12 кастрычніка 1920 г.), стварэнне “Сярэдняй Літвы”, дзейнасць дыпламатычнага прадстаўніцтва БНР у Коўне, удзел беларускай дэлегацыі ў Генуэзскай канферэнцыі (1922), роля савецкай дыпламатыі і спецслужбаў у арганізацыі і правядзенні Берлінскай канферэнцыі (1925) ды інш.

Кніга Андрэя Чарнякевіча ў факталагічным плане працягвае даследаванне Дароты Міхалюк і значна паглыбляе нашы веды па гісторыі дзейнасці ўрадаў БНР ў 1920–1925 г., асабліва ў галіне беларуска-польскіх палітычных дачыненняў.

У выніку паўстала шырокая панарама гісторыі змагання за незалежнасць БНР, напоўненая не толькі падзеямі, але і асобамі палітыкаў першага і другога шэрагаў. Палітычныя рэаліі аўтар ацэньвае даволі крытычна: “БНР прайграла барацьбу за ўладу”; “БНР як палітычны інстытут засталася толькі праектам”; “Беларуская Народная Рэспубліка як рэальная дзяржава з усімі класічнымі атрыбутамі дзяржаўнасці да канца не сфармавалася” (292–293). Пры гэтым “трыумфам нацыянальнай ідэі” даследчык лічыць сам факт абвяшчэння незалежнасці і сцвярджае, што ён стаў пачаткам “новага раздзела ў гісторыі беларускага народа” (293).

Многія прыведзеныя аўтарам факты выклікаюць горыч і расчараванне, прымушаюць убачыць у “нацыянальных героях” жывых людзей з часам непамернымі амбіцыямі, выкрываюць палітычны авантурызм ці паказваюць, як пад сцягам барацьбы за беларускія інтарэсы вырашаліся пэўныя асабістыя задачы або задачы разведак суседніх краін. Апошняе ўзмацнялі палітычныя няўдачы, а таксама імкненне дзеячоў савецкай Расіі, Польшчы, Літвы раскалоць і аслабіць беларускі рух. Аўтарскі наратыў спрыяе роздуму пра лёс Беларусі ў ХХ ст. і прымушае задумацца пра адказнасць за яго ўласных палітыкаў, у тым ліку тых, што належаць да нацыянальнай эліты.

Крытычная рэфлексія аўтара збольшага датычыла аналізу БНР як узору і сімвала беларускай дзяржаўнасці, якім яна застаецца ў рамках нацыянальнага міфа. Кніга звяртае ўвагу на адсутнасць адзінства ў беларускім руху і значэнне ўнутраных канфліктаў у няўдачы беларускага праекта. Аднак у заключэнні кнігі (“Вместо эпилога”) гэта чамусьці не знайшло свайго адлюстравання.

Атрымалася “неюбілейная”, але важная для беларускай гістарыяграфіі кніга, якая, між іншым, сведчыць, што вернасць традыцыі павінна спалучацца з крытычным поглядам на яе. “Падарожжа” Андрэя Чарнякевіча – пэўны выклік “рамантычнаму” дыскурсу беларускай гістарыяграфіі і міфу пра Адраджэнне. Міфы патрэбныя, калі гаворка ідзе пра адукацыю і выхаванне або пра калектыўную памяць. Але ў сітуацыі навуковага даследавання яны моцна абмяжоўваюць магчымасці назірання і аналізу і не спрыяюць развіццю навукі. Затое крытыка даміноўнага дыскурсу можа быць захапляльным, хоць і небяспечным падарожжам у мінулае.

Сяргей Шупа: вяртанне ў рамантычны дыскурс?

“Архіўны раман” Сяргея Шупы не паддаецца акадэмічнаму рэцэнзаванню. Гэта зборнік кароткіх замалёвак (“фрагмэнтаў”) з гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, літаратурны пераказ гістарычных дакументаў пераважна віленскай часткі архіва БНР. Тыя ж дакументы, якія сталі падставай пэўнай крытыкі нацыянальнага міфа ў кнізе А. Чарнякевіча, для С. Шупы застаюцца падмуркам размовы пра “цуд” беларускага палітычнага Адраджэння. Менавіта так ён ацэньвае гісторыю БНР (261). Дарэчы, многія апісаныя аўтарам падзеі супярэчаць пафасу, характэрнаму для “рамантычнага” дыскурсу, але для Сяргея Шупы яны не сталі падставай для спробы пераасэнсавання як гісторыі БНР, так і вобразаў яе галоўных герояў.

Спалучэнне ў “фрагмэнтах” вызначальных для гісторыі падзей з замалёўкамі, якія распавядаюць пра штодзённасць беларускага асяродку ў Мінску ў 1918 г., стварае надзвычай цікавую панараму краёвага жыцця, уводзіць чытача ў самыя розныя кантэксты таго часу і спрыяе пагружэнню ў гісторыю беларускага “цуда”. Так, публікацыя Устаўных грамат спалучаецца з гісторыяй веставога Беларускай Вайсковай Рады хлопчыка Апанаса Юхневіча або са “змаганнем” за друкавальную машынку “Ундэрвуд № 3”, якое разгарнулася паміж Радай БНР і Беларускай вучнёўскай грамадой. Мікрагісторыя (напрыклад, апісанне рызыкоўнага падарожжа дыпламатычнага кур’ера Аўгінні Аляксюк ва Украіну ў пошуках урада УНР) перамяжоўваецца замалёўкамі са сферы “вялікай палітыкі”, якія датычаць стаўлення да беларускай дзяржаўнасці нямецкай акупацыйнай адміністрацыі, бальшавікоў ды іх апанентаў з манархічнага лагера, а таксама польскіх, літоўскіх, украінскіх ды іншых палітыкаў. “Фрагмэнты”, датычныя дзейнасці Рады БНР і яе ўрадаў, суседнічаюць з шматлікімі гісторыямі міжасабовых канфліктаў у беларускім асяродку.

Сяргей Шупа таксама намаляваў партрэты дзеячоў беларускага руху (Антон Луцкевіч, Язэп Варонка, Раман Скірмунт, Вацлаў Ластоўскі, Сцяпан Некрашэвіч, Яўген Ладноў, Пётр Крэчэўскі, Аляксандр Цвікевіч, Ян Чарапук ды інш.), якія зусім не нагадваюць “манументы з бронзы”. Адзін з галоўных герояў кнігі – Антон Луцкевіч. Яго сыход з пасады старшыні Рады народных міністраў БНР аўтар ахарактарызаваў як канец “эпохі Вялікага Стылю беларускай палітыкі” (167).

Гэтая ацэнка зазнала крытыку ў рэцэнзіі Антона Лявіцкага на старонках “Нашай Нівы”[11]. Маўляў, трэба было ўлічваць беларускую спецыфіку, а не арыентавацца на суседзяў. Адпаведна галоўнай задачай павінен быў стаць не пошук знешняга саюзніка, а ўмацаванне ўласных сіл і кансалідацыя беларускага руху, магчыма, з дапамогай рэвалюцыйных і сацыялістычных лозунгаў.

Наконт важнасці кансалідацыі няма чаго спрачацца… Але якія шляхі вялі да яе ў той час? Ва ўмовах вайны і падзеленасці Беларусі лініяй фронту немагчыма было працягваць культурніцкую палітыку “Нашай Нівы”. Краёвая ідэя, прыхільнасць да якой беларускія палітыкі дэманстравалі ў перадваенныя гады, не вытрымлівала канкурэнцыі з нацыянальнымі ідэямі літоўцаў і палякаў[12]. Зрабіць акцэнт на сацыяльны (сацыялістычны) чыннік фармавання нацыі азначала рызыкаваць самім беларускім рухам, які мог растварыцца ў шэрагу папулярных агульнарасійскіх сацыялістычных і сацыял-дэмакратычных партый. Пры ўсёй слабасці беларускага этнацэнтрызму толькі ён заставаўся апірышчам змагання за Беларусь. Адначасна палітычны поспех Літвы сведчыў пра неабходнасць моцнага і надзейнага еўрапейскага саюзніка. Менавіта да гэтага імкнулася кіраўніцтва беларускага руху, а не толькі адзін Антон Луцкевіч. Уласныя сілы ў той момант няшмат значылі. Здаецца, ва Украіне за незалежнасць змагалася агулам каля 200 тыс. чал., але адсутнасць палітычнага партнёра абярнулася тым самым вынікам, што і для беларусаў. Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (як і БССР!) была створана бальшавікамі з мэтай ніколі не дапусціць незалежнасці Украіны.

“Архіўны раман”, магчыма, не прадугледжвае крытычных адносін аўтара да гістарычных дакументаў, але некаторыя аўтарскія тэзісы прымушаюць усё ж падумаць пра важнасць крытыкі крыніц. Напрыклад, гэта датычыць параўнання кааптацыі сяброў Мінскага Беларускага прадстаўніцтва ў склад Рады БНР у красавіку 1918 г. з “мінай у будынку БНР, якая ня раз яшчэ выбухне” (60). Насамрэч гэтая кааптацыя была яркім прыкладам кансалідацыі беларускага руху, надзвычай важнай у той момант. Дарэчы, якраз Антон Луцкевіч непасрэдна спрычыніўся да гэтага.

Пры цытаванні справаздач з паседжанняў Рады БНР лета – восені 1918 г. аўтар “забыўся” пра тое, што іх аўтарам быў “левы сацыяліст” і паланафоб Язэп Варонка, які літаральна навязваў грамадскасці Мінска і Беларусі (а таксама будучым гісторыкам!) уласны погляд на падзеі жыцця і дзейнасці Рады БНР і яе ўрадаў. Таксама не выглядае абгрунтаваным тлумачэнне прыезду Антона Луцкевіча ў Варшаву 1 верасня 1919 г. і яго затрымкі ў сталіцы Польшчы як прадуманай польскай інтрыгі з мэтай выцягнуць Луцкевіча з Парыжа (137). На самай справе беларуская дэлегацыя на Парыжскай канферэнцыі не ўяўляла сабой сур’ёзнай палітычнай сілы, а Антон Луцкевіч у той час імкнуўся да паразумення з польскай дэлегацыяй.

“Фрагмэнты” Сяргея Шупы ствараюць панарамную карціну беларускага “цуда” ў інтэр’еры нямецкай акупацыі і барацьбы за Беларусь розных палітычных сіл як у Мінску, так і па-за межамі беларускай зямлі. Збольшага гэта цалкам пазітыўная карціна, нават калі аўтар распавядае пра разгон Усебеларускага з’езда або канфлікт паміж Антонам Луцкевічам і Вацлавам Ластоўскім. Пры гэтым у “Пасляслоўі” ён прызнаўся, што пад час працы ў архіве часам хацелася плакаць над дакументамі, бо гісторыя БНР выглядала надзвычай змрочна і безнадзейна (257).

Напрыканцы аўтар заклікаў са спагадай і ўдзячнасцю ўспомніць усіх беларускіх палітыкаў – “добрых і злых, разважлівых і апантаных, шчырых і хітрых, адукаваных і непісьменных, сяброў і супернікаў”. У 1918 г. ідэя беларускай незалежнасці не мела шансаў, “але тыя людзі верылі ў цуд. І гэты цуд адбыўся” (261).

Аўтарскія высновы яшчэ раз прымушаюць задумацца пра матывы дзейнасці беларускіх палітыкаў. Насуперак імкненню А. Чарнякевіча да пэўнага прагматычна-рацыянальнага іх тлумачэння, прысутнасць нацыянальнага рамантызму відавочная на ўсіх этапах беларускага Адраджэння, у тым ліку на пачатку 1990-х. А ў 1917–1918 г. рамантызм датычыў не толькі моладзі, апантанай сацыялістычнай ідэалогіяй, але і людзей іншага складу ды іншай культуры. Напрыклад, ён відавочны ў тым нацыянальна-палітычным выбары, які зрабіў Раман Скірмунт, калі далучыўся да беларускага руху.

“Падарожжы” Андрэя Чарнякевіча і Сяргея Шупы дэманструюць не толькі магчымасці розных падыходаў да аналізу гісторыі беларускага Адраджэння і БНР. Адначасна гэта роздум пра шляхі да беларускай нацыі, які не страціў актуальнасці…

Алесь Смалянчук


[1] Акудовіч В. Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці. Мінск: Логвінаў, 2007. С. 14.
[2] Гл., напр.: Чарнякевіч А. Чужы сярод чужых: Павел Аляксюк і беларускія “паланафілы”. Мінск, 2017.
[3][ Магчыма, прыйшоў час адмовіцца ад канцэпцыі лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый і разглядаць іх як этапы “Расійскай рэвалюцыі”, якая пачалася ў лютым 1917 г. і закончылася ў студзені 1918 г. разгонам бальшавікамі Устаноўчага сходу.
[4] А. Чарнякевіч памыліўся, сцвярджаючы, што на гэтым з’ездзе мінскі аддзел Беларускага таварыства помачы пацярпелым ад вайны абвясціў сябе Беларускім нацыянальным камітэтам (27). Насамрэч БНК выбралі з удзельнікаў з’езда і ён быў цалкам легітымным органам беларускага руху.
[5] Michaluk D. Białoruska Republika Ludowa 1918–1920. U podstaw białoruskiej państwowości. Toruń, 2010. Гл. таксама: Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918–1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. Смаленск, 2015.
[6] Błaszczak T. Białorusini w Republice Litewskiej 1918–1940. Toruń, 2012.
[7] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1., у 2 кн. / уклад. С. Шупа. Вільня – Нью-Ёрк – Менск – Прага, 1998.
[8] Народным сакратаром фінансаў ва ўрадзе Скірмунта быў прызначаны Станіслаў Хжанстоўкі (Stanisław Сhrząstouski), які да пачатку чэрвеня ўзначальваў Гарадскі магістрат Мінска. А. Чарнякевіч чамусьці называе яго “С. Хржаноўскім” (с. 83–84).
[9] Archiwum Akt Nowych. Przedstawicielstwo Rady Regencyjnej w Berlinie. Sygn. 473, k. 43.
[10] Dziennik Miński. 1918. 11 lipca.
[11] Гісторык: Як і Луцкевічы ў БНР, апазіцыя 2000-х празмерную ўвагу надавала замежным кантактам, а не пошуку кампрамісу ўнутры нацыі [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://nn.by/?c=ar&i=212449. Дата доступу: 21. 11. 2018.
[12] Гл, напр.: Смалянчук А. Краёвая ідэя ў беларускай гісторыі. Мінск, 2017.

Наверх

Тэгі: ,