БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Яковенко, Наталя. Нарис історії України з найдавнійших часів (Андрэй Радаман)


ЯКОВЕНКО, НАТАЛЯ. Нарис Історiї України з найдавнiших часiв до кiнця XVIII столiття: Навч. посiбник для учнiв гуманiт. гiмназiй, лiцеїв, студентiв iст. фак. вузiв, вчителiв. Київ, 1997. 312.

У 1992 г. з iнiцыятывы National Endowment for Democracy (Вашынгтон) i Інстытута Цэнтральна–Усходняй Еўропы (Люблiн) быў створаны калектыў гiсторыкаў Беларусi, Лiтвы, Польшчы i Украiны, мэтай якога стала напiсанне аўтарскiх сiнтэтычных працаў па гісторыі гэтых краін. Ставілася задача паспрабаваць праўдзіва ўзнавіць іх супольнае мiнулае, растлумачыць шэраг крызiсаў у гiсторыi былой супольнай дзяржавы, пазбягаючы звычайных для новачасных нацыянальных гiстарыяграфiй i „дастаткова звыклых для характарыстыкi гiстарычных узаемаадносiн памiж суседзямi“ вобразаў „суседа–ворага“, „захопнiка“ ды „здраднiка“. На працягу некалькiх гадоў у супольных дыскусiях гiсторыкі неаднаразова ўдакладнялі канцэпцыю нарысаў. Урэшце, напрыканцы 1997 г. з’явiлася першая частка ўкраiнскай сінтэзы, аўтарства Наталлі Якавенкі. Дзякуючы поспеху яе апошняй манаграфii „Українська шляхта з кiнця XIV до середини XVII ст. (Волинь i Центральна Україна)“[1], што стала сапраўдным бэстсэлерам сярод навуковых выданняў Украiны 1993 г., iмя даследчыцы добра вядомае не толькi археографам i гiсторыкам, якiя даследуюць гiсторыю Вялiкага Княства Лiтоўскага (i ўжо даўно прызналi навуковы талент даследчыцы)[2], але i шырокай грамадскасцi.

Як падкрэсліла сама Н.Якавенка, чытач не знойдзе ў гэтай кнiзе гатовых адказаў на ўсе пытаннi: вялiкую іх частку аўтар пакiдае адкрытымi, асаблiва ў тых праблемах, якія пакуль належна не распрацаваныя (такімі, на думку даследчыцы, з’яўляюцца, напрыклад, праблема паходжання русаў, сапраўдныя прычыны Руiны, час узнiкнення тэрытарыяльнай i нацыянальнай самасвядомасцi ўкраiнцаў). Не варта шукаць у кнiзе i iдэалагiзаванага набору гераiчна–патрыятычных прыкладаў, бо „выхаваўчай мэце павiнна служыць адпаведная папулярная лiтаратура, тым часам як абавязак навукi — не ўхiляцца ад свайго адлюстравання ў люстэрку, нават калi яно не вельмi прывабнае“. Урэшце няма ў кнiзе i спачування да „ультрапатрыятычных гiпотэз з дылетанцкiм прысмакам, якога б кола праблемаў яны не тычылiся — этнагенезу, вытокаў пiсьмовасцi, дзяржаўных традыцый Запарожскай Сечы цi яшчэ чагосьцi“. Па словах даследчыцы, такiя рэчы маюць права на iснаванне, але не ў навуцы, а побач з ёй.

Структурна кнiга складаецца са звароту да чытача, уступу i 6–цi асноўных раздзелаў. Да асноўнай часткi дададзены спiс лiтаратуры i iмянны паказальнiк.

У звароце да чытача Н.Якавенка раскрывае свае погляды на сутнасць гiсторыi як навукi, звяртаецца да эвалюцыi асноўных гiстарыяграфiчных школ сваёй краiны, паказвае дамiнавальныя на сённяшнi дзень канцэпцыi гiсторыi Украiны i дае кароткi аналiз сутнасцi сучасных гiстарычных даследаванняў украiнскiх гiсторыкаў, якiя прадстаўляюць дыяспару. Але галоўнае, пра што iдзе гаворка ў гэтай частцы працы — яе канцэптуальныя падставы. Аўтар сцвярджае, што мэта перавярнуць сучасныя ўяўленнi пра гiсторыю Украiны пры напiсаннi нарыса не ставiлася, тым больш, што ўвогуле, па перакананнi даследчыцы, такая спроба калi i будзе „гiпатэтычна“ магчымай, то толькi ў выпадку запаўнення тых лакун, якiя дагэтуль або зусiм не вывучаны, або iх праблематыка нясе на сябе цяжар застарэлых, фальсiфiкаваных цi „занадта патрыятычных“ уяўленняў. Да такiх глабальных праблем Н.Якавенка далучае гiсторыю сялянства, урбанiзацыйныя працэсы, аналiз эканомiкi з пункту гледжання „шырокiх геаструктураў“ Брадэля, урэшце, запаўненне ўсiх белых плямаў гiсторыi элiтаў. А таму з’яўленне сапраўды „новай“ сiнтэтычнай „Гiсторыi Украiны“ — справа будучынi. Што датычыць непасрэднай мэты дадзенага нарыса, то яна заключаецца ў тым, каб звярнуць увагу на тыя аспекты мiнулага, якiя нi для народнiцкай (М.Грушэўскi), нi для дзяржаўнiцкай (В.Лыпыньскi) гiстарыяграфii не мелi вялiкага значэння, а тым часам без iх вытлумачэння нельга спадзявацца, што старадаўняя Украiна „скажа“ праўду пра сябе нашаму сучаснiку. Робiцца гэта ў адпаведнасцi з перакананнямi, якiя ўпершыню былi агучаны ў сярэдзiне нашага стагоддзя Маркам Блокам. Сутнасць iх у тым, што гiсторыя павiнна з навукi пра грамадства пераўтварыцца ў навуку пра чалавека ў грамадстве. Па словах Н.Якавенкi, грамадства, як i кожная стуктураваная сiстэма, вартае даследчыцкага iнтарэсу, але ключ да разумення прынцыпаў яго функцыянавання не можа быць нi унiверсальным, нi папярэдне пастуляваным, бо сiстэма, створаная на „чалавечым матэрыяле“, рэалiзуе сябе толькi праз канкрэтныя — заўсёды розныя ў часе i прасторы — учынкi людзей. Менавiта ад вывучэння iх паводзiнаў i павiнна пачынацца вывучэнне ўсёй сiстэмы — на ўзроўнi канкрэтнага iндывiда, на ўзроўнi мiкрагрупы, да якой ён належыць, на ўзроўнi яго сацыяльнага становiшча, стану i г.д. Таму спецыяльная ўвага аўтара гэтага нарысу аддавалася чалавеку — колу яго правоў i абавязкаў, спосабам (i прычынам) групавання ў калектыве, стэрэатыпам паводзiнаў ды механiзмам абнаўлення апошнiх у моманты зменаў каштоўнасных арыентацый, тагачасным уяўленням пра справядлiвую ўладу i асабiсты абавязак, пра тое, што дазвалялася мараллю i што было пад табу, пра стаўленне да „сваiх“ i да „чужых“. Менавiта праз разуменне глыбiнных унутраных зменаў у згаданай сiстэме стэрэатыпных каштоўнасцяў толькi i магчыма ўбачыць сутнасць тых крызiсаў, якiя перажыў украiнскi народ, напрыклад, у XVI i XVII ст.

На абгрунтаванне выкарыстанай у кнiзе перыядызацыi Н.Якавенка тлумачыць, што паспрабавала злучыць у адзiн ланцуг асноўныя падзеi палiтычнага жыцця краiны з схаванымi пад пластом вонкавых зменаў мутацыямi светагляду людзей, якiя кожны раз падштурхоўвалi грамадства да абнаўлення. Калi пабачыць гiсторыю Украiны з такога пункту погляду, то можна вылучыць шэсць (а без улiку пра– i перадгiсторыi — пяць) храналагiчных перыядаў, якiм адпавядаюць асобныя раздзелы кнiгi.

Ва ўступе аналiзуецца працэс фармавання этнiчнай i дзяржаўнай тэрыторыi Украiны, яе гiстарычнага ядра, разглядаюцца розныя канцэпцыi паходжання гiстарычных назоваў i саманазоваў украiнскай тэрыторыi, а таксама вызначаецца роля Украiны як памежнага абшару памiж Захадам i Усходам.

Агляд прагiсторыi i перадгiсторыi Украiны ўласна i складае першы раздзел кнiгi. Падзеi „Княжацкай эпохi“, якую аўтар разглядае як працэс уваходжання Русi ў арбiту хрысцiянскай (вiзантыйскай) цывiлiзацыi, апiсаны ў яе другiм раздзеле. Так званая „лiтоўска–польская эпоха“ падзелена аўтарам на дзве паловы, адрозныя адна ад адной не столькi характарам узаемаадносiнаў Украiны з дзяржавамi, пад сюзерэнiтэтам якiх яна знаходзiлася, колькi спецыфiкай унутранага жыцця (раздзел III). Аб’яднанне Кароны Польскай i Вялiкага Княства Лiтоўскага ў Рэч Паспалiтую Абодвух Народаў пакiнула, на думку даследчыцы, за полем палiтычнага жыцця трэцi кампанет дзяржавы — „украiнскi“. Наступны раздзел i прысвечаны аналiзу фактараў, якiя паскорылi самаўсведамленне ўкраiнцамi сябе ў якасцi цэласнага народа, якi паходзiць з аднаго гiстарычнага корня (раздзел IV). У V раздзеле гаворыцца пра вялiкiя сацыяльныя зрухi, якiя былi выкліканы казаччынай. А ў апошняй частцы даследавання гаворка iдзе пра Украiну, якая ўпершыню страчвае сябе на карысць двух суседдзяў — Рэчы Паспалiтай ды Расiйскай iмперыi (раздзел VI).

Што тычыцца непасрэдна зместу працы, то гэтая кнiга сапраўды вартая таго, каб яе прачытаць. Шырокае выкарыстанне наратыўных гiстарычных крынiцаў i нарматыўна–прававых актаў, глыбокае веданне твораў гiсторыкаў мiнулага i сучаснасцi, замежных даследчыкаў, даўняя павага аўтара да вываду этымалогii гiстарычных i прававых тэрмiнаў, увогуле высокая метадалагiчная культура гiстарычнага даследавання — усё гэта робiць кнігу непадобнай да большасці тых дапаможнiкаў, якiя знаёмыя нам са студэнцкiх часоў. Цiкавыя i новыя падыходы аўтара да некаторых праблемаў, якiя Наталля Якавенка разглядае зусiм не так, як гэта спрабавалi зрабiць да яе. Даследчыца прапанавала, па–сутнасцi, уласную канцэпцыю станаўлення ўкраiнскай нацыi ў часы iснавання Рэчы Паспалiтай Абодвух Народаў. Як адзначыў параўнальна нядаўна прафесар Ежы Клачоўскi, адзiн з iнiцыятараў гэтага праекту, „у цудоўнай „Гiсторыi Украiны“, выдадзенай некалькi месяцаў таму, Наталля Якавенка сцвярджае, што асновай украiнскага народу была шляхта з тэрыторыi Падолля, Валынi i Брацлаўшчыны… У гэтай гiсторыi ёсць фантастычны фрагмент, як шляхта з тых мясцiнаў перад Люблiнскай вунiяй «навучалася» Рэчы Паспалiтай. Як праводзiць нарады i соймы, ствараць самакiраванне, карыстацца правамi гэтай дзяржавы. Тады яны навучалiся дэмакратыi ў Еўропе, а адначасова даходзiлi да глыбокiх старарускiх каранёў“ [3].

Нават у найвыдатнейшым трактаце бываюць некаторыя недакладнасцi. На 123 старонцы „Нарису Історiї України“ сцвярджаецца, што па законах Кароны Польскай месца ў дзяржаўнай Радзе Кароны было пасадавым i належала толькi носьбiтам вышэйшай царкоўнай i свецкай улады: каталiцкiм бiскупам, ваяводам, кашталянам i мiнiстрам, сярод якiх згадваецца i гетман. Амаль слушна, але, на наш погляд, гетман не ўваходзiў нi ў склад Сената Кароны Польскай, нi ў склад Сената Рэчы Паспалiтай Абодвух Народаў па пасадзе да 1768 г.[4] Гэта, памiж iншым, не супярэчыць сцвярджэнню, што гетманы былi прадстаўлены, напрыклад, у Сенаце Рэчы Паспалiтай Абодвух Народаў. Так, напрыклад, Рыгор Хадкевiч уваходзiў у склад Сената як кашталян вiленскi, Крыштап Радзiвiл „Пярун“ — як ваявода вiленскi, Ян Караль Хадкевiч — як староста жамойцкi (той самы прынцып дзейнiчаў i ў дачыненнi да гетманаў каронных).

Новая канцэпцыя гiсторыi Украiны, выкладзеная ў дапаможнiку, грунтуецца на сучаснай метадалогii i шырокiм выкарыстаннi гiстарычных крынiцаў. Яна з’яўляецца адным з першых вынiкаў пераарыентацыi гiстарычнай навукi Украiны з iдэалагiчнага абслугоўвання на ўласна гiстарычныя даследаваннi.

Менск

Андрэй Радаман


[1]Украïнська шляхта з кiнця XIV до середини XVII ст. (Волинь i Центральна Украiна). — Киïв: Наук.думка, 1993.
[2]Да найбольш цiкавых навуковых прац Наталлi Якавенка можна, на наш погляд, аднесці такія, як: Эволюция органов власти и управления Великого Княжества Литовского и ее отражение в Литовских Статутах (на примере Киевской земли) // Третий Литовский Статут 1588 года: Материалы республиканской конференции. Вильнюс, 1989. С.127-134; „Чоловiк добрий» i „чоловiк злий»: з iсторii ментальних установок в Украiнi-Русi кiнця XVI — середини XVII ст. // Mediaevalia Ucrainica: Ментальнiсть та iсторiя iдей. Том I. Киïв, 1992. С.47-91; Пародiï i жарти в актових книгах Житомира та Луцька першоi половини XVII ст. // Украïнський археографiчний щорiчник. Выпуск 2. Том 5. Киiв,1993. С.161-176.
[3]З інтэрвію прафесара Ежы Клачоўскага ў Magazynіе Gazety Wyborczej. 29-30.05.1998.
[4]Bardach J., Lesnodarski B., Pietrzak M. Historia ustroju i prawa polskiego. Warszawa, 1998. nr.258. S.226-228.

Наверх

Тэгі: ,