БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

После грозы: 1812 год в исторической памяти России и Европы: сб. ст. / под ред. Д. А. СДВИЖКОВА. Москва: Кучково поле, 2015. 384 с., 8 ил.

За два стагоддзі паўстала даволі значная гістарыяграфія, прысвечаная гісторыі вайны 1812 г. Цікавасць да той вайны з боку гісторыкаў, літаратараў, публіцыстаў, асоб, якія на аматарскім узроўні захапляліся войнамі, праявілася амаль адразу пасля заканчэння ваенных дзеянняў і не спадала да нашага часу, асабліва ж яна абудзілася ў сувязі з 200-гадовым юбілеем тых падзей. Хоць гістарыяграфія была значная, даследчыкі разглядалі ў асноўным ваенныя дзеянні ў храналагічнай паслядоўнасці, размяшчэнне і перадыслакацыю войскаў супрацьлеглых бакоў, тактычнае і стратэгічнае манеўраванне, займаліся падрабязным апісаннем ваенных аперацый і асобных баёў або асоб, якія ў іх удзельнічалі. У савецкі час, нягледзячы на цікаваць да падзей вайны 1812 г., гэтая праблематыка распрацоўвалася менш актыўна. І ўсё ж за апошнія дваццаць восем гадоў расійскімі даследчыкамі не толькі была надрукавана даволі вялікая колькасць работ пра вайну 1812 г. і замежны паход рускай арміі, але і абаронены шэраг кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па гістарыяграфіі гэтай вайны.

У зборнік, да якога мы звярнуліся, увайшлі матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай у 2012 г. Нямецкім гістарычным інстытутам у Маскве. Аўтары зборніка былі не толькі з Расіі, але і з Беларусі, Нямеччыны, Францыі, ЗША і Фінляндыі. Аўтар уступнага артыкула “Европейский юбилей” Дзяніс Сдвіжкоў ахарактарызаваў змешчаныя ў томе артыкулы і адзначыў, што “лейтмотивом отгремевшего юбилея стала именно контекстуализация Русской кампании 1812 года в европейской и даже глобальной истории” і што «юбилей 2012 года показал, что история 1812 года или, точнее, “эпоха 1812 года» очевидным образом не укладывается в национальный растр и превратилась в международное исследовательское поле» (8, 9). Праўда, у міжнароднае даследчыцкае поле для гісторыкаў гэтая эпоха ператварылася яшчэ 200 гадоў таму, і ўжо да стогадовага юбілею, у 1912 г., існавала вялікая гістарыяграфія, якая была не толькі расійскай.

Увагу беларускіх гісторыкаў найперш можа прыцягнуць артыкул выкладчыцы БДУ Маргарыты Фабрыкант «“Лошадьми, людьми и соломой”: Деромантизация войны 1812 года в белорусском историческом нарративе» (183–205). Яна выказала нічым не абгрунтаваную думку, што “война 1812 года остается фактически неосвоенной в белорусской историографии” (183). Калі б аўтар знайшла час зазірнуць у Нацыянальную бібліятэку Беларусі і прагледзець электронны каталог па тэме, яна ўбачыла б, наколькі гэтая тэматыка распрацоўвалася яшчэ да юбілею ў 2012 г. [1]. А вось далейшыя разважанні аўтара: “В таком случае возникает вопрос: что же препятствует войне 1812 года встать в белорусском историческом нарративе в один ряд с, казалось бы, содержательно и структурно близкими, если не аналогичными событиями восстания Тадеуша Костюшко 1794 года, восстания 1830–1831 годов и так называемого восстания Константина Калиновского 1863–1864 годов, после которых через период русификации и фигуру народовольца Игната Гриневицкого совершается нарративный переход к националистическим движениям и персоналиям новейшей истории? На этом фоне можно было бы предположить, что война 1812 года станет такой же ареной споров между сторонниками прорусской и прозападной версий белорусской национальной идентичности и, соответственно, белорусской истории. Однако и этого, за редкими и скорее полемическими исключениями, применительно к текстам о войне 1812 года не наблюдается” (184–185). Не ведаю, якія тэксты аўтар мела на ўвазе. Калі падручнікі, выдадзеныя ў розны час, то гэта не іх праблема. Трэба помніць: нягледзячы на тое, што падручнікі рыхтуюць да выдання аўтары – спецыялісты па адным ці шэрагу перыядаў, яны не могуць быць аднолькава добра дасведчаныя ва ўсім. А спрэчкі пра вайну 1812 г. былі і ў савецкія часы, і асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі. Яны знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх артыкулах, рознага роду канферэнцыях, як у Беларусі, так і за яе межамі.

У 90-я гады ХХ ст. у беларускай гістарыяграфіі, з аднаго боку, яшчэ быў моцны ўплыў савецкай традыцыі, бо некаторая частка гісторыкаў – і яны мелі на гэта права – прытрымліваліся поглядаў, якія склаліся за іх навуковае і выкладчыцкае жыццё ў СССР. Менавіта такімі працамі і былі падручнікі па “Гісторыі Беларусі” пад рэдакцыяй Я. Новіка і Г. Марцуля, а таксама аўтарства Я. Трашчанка. Таксама была зроблена спроба адысці ад традыцыйнай савецкай гістарыяграфіі, бо іншыя аўтары хацелі паказаць больш цікава, неяк па-новаму гэтую праблему ў адносінах да Беларусі і яе народа – да іх можна аднесці працу З. Шыбекі і навукова-папулярную працу Г. Сагановіча і У. Арлова, да якіх звярнулася М. Фабрыкант. Існаванне розных пунктаў гледжання, розных канцэпцый у гісторыі не перашкаджае адно аднаму. Можна пагадзіцца з думкамі М. Фабрыкант адносна назвы Беларусь (193), што яна была геаграфічнай, а не дзяржаўнай, і ўключала ў сябе тэрыторыю Віцебшчыны і Магілёўшчыны, таму можна даследаваць беларускалітоўскія губерні Расійскай імперыі, падабаецца гэта нацыянальна заангажаваным гісторыкам ці не, але гэта нюансы навуковай працы гісторыка.

Вайна 1812 г. як гістарычная праблема застаецца актуальнай і выклікае дыскусіі. Мяняюцца часы і падыходы да праблемы, але па-ранейшаму на ацэнку гэтай вайны ўплываюць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя матывы. Сярод новых прац, разам cа змястоўнымі даследаваннямі і дэманстрацыяй новых падыходаў, сустракаюцца і дылетанцкія публікацыі, аўтары якіх не цікавяцца ні архіўнымі, ні друкаванымі крыніцамі.

Мінск

Алена Філатава


[1]1 Мазинг Г. Ю., Ерусалимчик Л. Ф. Березина, год 1812-й. Минск, 1991; Несцярчук Л. М. Баявыя дзеянні 3-й Заходняй рускай арміі ў Айчынную вайну 1812 года на тэрыторыі Беларусі: дыс. … канд. гістар. навук: 070002. Мінск, 1996; Толеренок С. В. Создание французскими оккупационными властями государственных структур ВКЛ (1812 год). Минск, 1998; Французская рэвалюцыя і лёсы свету. Мінск, 1999; Ерашэвіч А. Палітычныя праекты адраджэння Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага ў палітыцы расійскага царызму напярэдадні вайны 1812 г. // Гістарычны альманах. Т. 6. Гародня, 2002. С. 84–96; Лукашевич А. М. Проекты восстановления Речи Посполитой и Великого княжества Литовского и их место в военно-стратегическом планировании Российской империи (1810–1812 гг.) // Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе. Минск, 2002. С. 46–59; Французска-руская вайна 1812 г.: еўрапейскія дыскурсы і беларускі погляд. Мінск, 2003; Сокольницкий М. “Исполнено по высочайшему повелению…”. Минск, 2003; Ерашэвіч А. У. Уплыў напалеонаўскіх войнаў на грамадска-палітычнае жыццё Беларусі (1799–1815 гг.): дыс. … канд. гіст. навук. Мінск, 2003; Литвиновская Ю. И. Беларусь в войне 1812 года: Социальноэкономический аспект: дис. … канд. ист. наук. Минск, 2004; Лукашэвіч А. М. Беларусь напярэдадні і ў час вайны 1812 г. Мінск, 2004; Груцо И. А. Судьба московских трофеев Наполеона в Отечественной войне 1812 года. Минск, 2004; Лякин В. Мозырь в 1812 году: Историческая хроника. Минск, 2005; Швед В. В., Данскіх С. У. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. Гродна, 2006; Ерашэвіч А. У. Вайна 1812 г. і Беларусь // Гістарыяграфія гісторыі Беларусі канца ХVIII – пачатку ХХ ст.: праблемы, здабыткі, перспектывы. Мінск, 2006; Самович А. Л. Военнопленные наполеоновских войн в западных губерниях России. Минск, 2008; Лякин В. А. Гроза двенадцатого года над Полесьем. Минск, 2009; Лукашевич А. М. Белорусские земли как вероятный театр военных действий. Изучение, инженерная и топографическая подготовка (70-е гг. XVIII в. – 1812 г.). Минск, 2010; Груцо И. А. Сокровища Наполеона. Минск, 2010; Філатава А., Смяховіч М. Пытанне дзяржаўнасці ў геапалітычных працэсах і грамадскім жыцці беларуска-літоўскіх зямель (канец ХVІІІ – сярэдзіна 60-х гадоў ХІХ ст.) // Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы ХVІІІ – пачатку ХХІ ст. Мінск, 2011. С. 196–226; Філатава А. М., Яноўская В. В. Беларускія землі ў палітычных падзеях канца ХVІІІ – ХIХ ст.: калейдаскоп гістарыяграфічных контраверсій // На шляху станаўлення беларускай нацыі: гістарыяграфічныя здабыткі і праблемы. Мінск, 2011. С. 106–139; Лукашевич А. Памятники и памятные места 1812 года в Беларуси. Минск, 2012 і інш.

Тэгі: ,