Няма сутнасных разыходжанняў (Вячаслаў Насевіч)
Прыемна, што, нягледзячы на даволі крытычны характар рэцэнзіі, А.Краўцэвіч не стаў на шлях агульнага яе адхілення, прыняў некаторыя заўвагі і ўдакладніў сваю пазіцыю па шэрагу пытанняў. У прыватнасці, ён прызнае, што М. Ермаловіч быў не першым, хто выказаў у літаратуры „беларускацэнтрысцкі» погляд на ВКЛ. Дарэчы, паміж М. Шкялёнкам і М. Ермаловічам можна паставіць яшчэ, як мінімум, постаць Л. Рыдлеўскага, які ў 1948 г. пісаў пра вызначальную ролю беларусаў у гісторыі ВКЛ.[1]
Не абвяргае А. Краўцэвіч і мае ўдакладненні характару балта-славянскага ўзаемадзеяння на Панямонні да ХIII ст. Слушна адзначаючы, што некаторыя з маіх аргументаў наконт міжэтнічнага напружання застаюцца толькі меркаваннямі, ён не спрабуе адхіліць іншыя з прыведзеных мною прыкладаў, якія сапраўды з’яўляюцца фактамі : звесткі пра данніцкую залежнасць Літвы ў ХI ст., пра дамінаванне літоўскай арыстакратыі ў больш познія часы і інш. З гэтага можна меркаваць, што азначаныя факты ён маўкліва пагаджаецца ўлічыць.
Са свайго боку я прымаю крытыку А. Краўцэвічам недакладнасцяў і аморфнасці некаторых фармулёвак у маіх папярэдніх публікацыях (з адзінай агаворкай, што ўдзел Жамойці ў агульналітоўскіх палітычных працэсах першай паловы ХIII ст., у тым ліку яе залежнасць ад «старэйшай» дынастыі, мне ўяўляецца бясспрэчным). Больш за тое, менавіта палеміка з А. Краўцэвічам дапамагла мне больш выразна сфармуляваць сваю пазіцыю, за што я яму ўдзячны. Аднак сутнасць маіх поглядаў пры гэтым не змянілася. Што тычыцца некаторых іншых разыходжанняў, то яны з’яўляюцца, здаецца, вынікам непаразумення: кожны з нас бачыў у фармулёўках апанента не той сэнс, які ўкладаў у іх аўтар.
Калі А. Краўцэвіч згодны з наяўнасцю эвалюцыі „летувіскага» грамадства і адхіляе толькі тое, што ўтварэнне ВКЛ было вынікам выключна гэтага працэсу, то гэта цалкам адпавядае думцы, выказанай мной у 1992 г.: „Падзеі ў Літве былі толькі адным бокам працэсу ўтварэння ВКЛ. Не меншае значэнне мела і тое, што адбывалася на Русі».[2]Згодныя мы з ім і ў прызнанні дзвюх іншых перадумоваў дзяржаваўтварэння — ордэнскай і татарскай пагрозы. На маю думку, шаноўны апанент недастаткова ўважліва аналізуе яшчэ адну перадумову — характар палітычнай сістэмы Русі на момант татарскага нашэсця, які спрыяў пераходу пад уладу іншаземнай дынастыі, каб не падзяліць лёс іншых уладанняў Рурыкавічаў. Аднак гэта не закрэслівае агульнай блізкасці нашых пазіцый.
Калі А. Краўцэвіч прызнае наяўнасць пэўнай славяна-літоў скай канфрантацыі, адхіляючы толькі выснову пра ўтварэнні ВКЛ у выніку перамогі аднаго з бакоў, то і гэтую думку я выказваў у 1993 г.: „Вельмі спрошчанымі выглядаюць дзве супрацьлеглыя канцэпцыі, паводле якіх ці то Літва заваявала пасіўную і бездапаможную Русь, ці то Ноўгародак падпарадкаваў і прывёў да святла дзяржаўнасці такую ж пасіўную Літву. Гісторыя дае нам прыклад сапраўднага пабрацімства двух (…) народаў, якія ў крытычны момант здолелі аб’яднацца дзеля агульнай карысці»[3]. Я і сёння перакананы, што ўтварэнне поліэтнічнай дзяржавы стала вынікам сумесных дзеянняў насуперак асобным супярэчнас цям. Выйгрыш абодвух бакоў пры гэтым пераважаў выдаткі — менавіта гэта я меў на ўвазе ў сваёй ідэі сімбіёзу.
Такім чынам, я не бачу сутнасных разыходжанняў сваёй пазіцыі з поглядамі шаноўнага апанента, як яны сфармулява ны ў яго адказе. Калі забыцца на тое, што адна з гэтых пазіцый з’яўляецца „злагоджаным варыянтам балцкай канцэпцыі», а другая — „новай канцэпцыяй», створанай асабіста А. Краўцэвічам, можна казаць пра іх прынцыповую тоеснасць. Рызыкну выказаць меркаванне, што з такімі поглядамі пагадзіліся б сёння (калі не цалкам, то ў большай частцы) і нашы славутыя папярэднікі, у прыватнасці — У. Антановіч, Г. Лаўмяньскі, Г. Пашкевіч, У. Пашута, уклад кожнага з якіх у вывучэнне гэтай тэмы мне здаецца больш важкім, чым нашыя з А. Краўцэвічам сціплыя дасягненні. Як кажуць, і пігмей можа бачыць далей за гіганта, стоячы на яго плячах. Больш уважлівае і тактоўнае стаўленне да папярэднікаў — гэта адзінае, чаго мне застаецца пажадаць Алесю Краўцэвічу, які, спадзяюся, яшчэ не раз прадэманструе свае даследчыцкія здольнасці ў вывучэнні актуальных пытанняў беларускай гісторыі.
[1]Rydlevsky L. Bielorussie. Paris, 1948.
[2]Насевіч В. Працэс утварэння Вялікага княства Лiтоўскага (ХІІІ — ХІV стст.) // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі. Мінск, 1992. С. 56.
[3]Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мінск, 1993. С. 60.