БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Барбара Пэндзіх. Паміж раем і клаакай, або як мог бачыць сваё месца ў грамадстве мешчанін ВКЛ ХVII ст.*


* Паводле дакладу, прачытанага на канферэнцыі Амерыканскай Асацыяцыі развіцця славянскіх даследаванняў у Бостане.

У 1655 г. лідэр яўрэйскай супольнасці ў Амстэрдаме Maнасег бэн Ізраэль, звяртаючыся да Кромвеля з петыцыяй наконт дазволу яўрэям пасля стагоддзяў выгнання вярнуцца ў Англію, у якасці важнага аргументу прыводзіць тыя прывілеі і агульны дабрабыт, якімі цешацца яўрэі Рэчы Паспалітай. А ў 1663 г. ананімны аўтар, пішучы да двара Аляксея Міхайлавіча, назваў Рэч Паспалітую смярдзючай клаакай, у якой знайшлі прытулак і мяшаюцца між сабою ўсе народы, што бадзяюцца па свеце. „Polonia est nova Babilonia…» — вось з’едлівы эпітэт на адрас Рэчы Паспалітай.

У сярэдзіне ХVII ст., напярэдадні чарговых наездаў, блізу траціны працэнтаў насельніцтва ВКЛ жыло ў гарадах і мястэчках. Дакументы гэтага часу даюць нам інфармацыю пра жыхароў такіх рэпрэзентатыўных гарадоў, як Магілёў, Віцебск, Слуцк, Берасце, Пінск, Горадня, Коўна, Наваградак, Полацк і інш. Сярод мяшчан гэтых местаў былі беларусы, літоўцы, яўрэі, а таксама — у меншасці — палякі, немцы, татары і армяне. Яны вызнавалі розныя рэлігіі: праваслаўе, уніяцтва, каталіцтва, іудзейства, магаметанства, пратэстантызм і мусульманства. Такім чынам, грамадства Рэчы Паспалітай было несумненна плюралістычным, ды ў такой ступені, якой не ведала ніводная з суседніх краін.

Як правіла, у гістарыяграфіі грамадства Рэчы Паспалітай дзеліцца на дзве групы: з аднаго боку эліта (нейкіх 10%), ці палітычна прывілеяваная шляхта, а з другога — рэшта насельніцтва, маса мяшчан і сялян, якія зусім не ўдзельнічалі ў палітычным жыцці дзяржавы. Лічыцца, што той, хто не быў каталіком і не належаў да шляхецкага стану (а значыць быў па-за сармацкім брацтвам), жыў, існуючы ў своеасаблівай палітычнай пустаце, абыякавы да палітычных каштоўнасцяў і сімвалаў Рэчы Паспалітай. Аднак ці магчыма, каб мяшчане не адчувалі лучнасці з ВКЛ як палітычным арганізмам? Як жа яны разумелі сваё становішча ў якасці грамадзянаў ВКЛ? Дзе мясціла іх іхная самасвядомасць: у раі, ці ў клаацы?

Аўтарцы здаецца, што роля гарадоў і мяшчанства першай Рэчы Паспалітай і асабліва ВКЛ была кепска ацэнена польскай гістарыяграфіяй — за выняткам прац Станіслава Александровіча. Ранні перыяд Рэчы Паспалітай уважаеца часам далёкасяжных палітычных і заканадаўчых зменаў, якія славілі шляхту і адсоўвалі на бок мяшчан. „Антыгарадскія» пастановы датычылі забароны займаць вышэйшыя пасады ў касцельнай ерархіі і вышэйшыя дыгнітарскія ўрады.

Наагул, польская гістарыяграфія доўгі час трактавала цэлае ХVII ст. як „казла адпушчэння» ўсіх пазнейшых праблемаў. Вядомы польскі гісторык Збігнеў Вуйцік, які даследуе дачыненні Рэчы Паспалітай з Расіяй згаданага стагоддзя, надае ім спрошчаную формулу: Рэч Паспалітая — гэта анархія, а Масква — абсалютызм. Яго грунтоўныя веды падфарбава ныя ноткай нецярплівасці, як быццам вучоны хоча запытаць: а чаго і мы не стварылі так добра кіраванай дзяржавы? Каб жа тая нягодная шляхта не была такой самаўладнай і самалюбнай! Навошта мусілі валодаць тымі згубнымі прывілеямі і той лёгкадумнай „залатой вольнасцю»? Для чаго выбіралі каралёў, выстаўляючыся тым звычаем на пасмешышча і аблудныя кпіны сваіх суседзяў, не кажучы ўжо пра іх атакі! Каб жа шляхта магла задаволіцца „маральнай імпатэнцыяй» добра кіраванага краю, замест таго, каб дамагацца рэспублікі пры „маральнасці аж да перабольшванняў», рэспублікі, у якой кожны грамадзянін меў права крытыкаваць урад, супраціўляцца збору падаткаў і нават перашкаджаць соймавым пасяджэнням. Пры такой блытаніне правоў і прывілеяў як можна было спадзявацца на стварэнне добра кіраванай дзяржавы?

У 1654 г. цар Аляксей Міхайлавіч заатакаваў адначасова ВКЛ і Украіну. Маскоўская армія займала Смаленск, Мсціслаў, Віцебск ды іншыя памежныя гарады-цвердзі. Ваеннапалон ных дэпартавалі да такіх далёкіх падлеглых Маскве гарадоў, як Астрахань, Казань ды інш. Група мяшчан і шляхты з Віцебска была выслана таксама да Казані, дзе правяла ў няволі восем гадоў (з 1655 па 1663). Пра ўмовы іх жыцця ў высылцы ведаем мала. Захавалася некалькі дакументаў у копіях, але гэта не прыватныя лісты, а даволі публічныя акты. Вось жа цяжкія ўмовы побыту не вытруцілі ў вязняў ідэі склікання сойміку — органу, які быў сутнасцю рэспубліканскай сістэмы Рэчы Паспалітай. Вырваныя са свайго свету і кінутыя за сотні кіламетраў ад дому, шляхта і мяшчане разам уваскрасілі гэтую інстытуцыю, намагаючыся аднавіць прывычны лад у тым хаосе, хоць часткова вярнуць пачуццё вартасці і ўласнай годнасці ў такім непрыязным асяроддзі.

Пяцьдзесят дзевяць ссыльных, падпісаных пад ухвалай сойміку ад 20 верасня 1655 г., сабраліся, каб закляйміць тых сваіх сабратаў („паноў і абывацеляў віцебскіх»), хто здрадзіў Рэчы Паспалітай, а асабліва аднаго з іх, пана Аляксандра Войну Ясеніцкага. Пан Война здрадзіў айчыне праз хцівасць, прысягнуў у вернападданстве маскоўскаму цару і, мяняючы веру, перайшоў у праваслаўе. З той шляхты, што пакінула сваіх братоў у часе „вялікай патрэбы» — у дні аблогі Віцебска маскоўскім войскам, адныя здрадзілі, уцёкшы з цвердзі з сем’ямі і маёмасцю, іншыя пераходзілі на бок ворага ў часе аблогі і пазней. Война як адзіны асобна іменаваны здраднік, абвінавачаны ў здрадзе даверу сваіх таварышаў-шляхцічаў. Па-першае, што вёў прыватныя размовы адначасна з перагаворамі афіцыйнай групы з ворагам. Па-другое, што перадаў непрыяцелю інфармацыі пра слабыя месцы ў сістэме абароны фартэцыі, а пасля яе захопу — агітаваў шляхту прысягаць новай уладзе. Нарэшце, Война таемна рушыў планы камандзіра палка, высланага каралём, які праз тыдзень пасля страты Віцебска стараўся арганізаваць адпор ворагу.

Маючы доказы віны, казанскі соймік абвясціў прысуд, але яго выкананне было абумоўлена вяртаннем палонных у свой край і перадачай справы вальнаму сойму. Пан Война Ясеніцкі і ўсе іншыя, хто ўцёк ці перайшоў на бок ворага, мусілі быць выключаныя з братэрства (ex charitate nostra fraterna). Іх не мелі забіваць, кідаць у вязніцу ці як інакш караць фізічна, — іх проста асудзілі на палітычны і грамадскі астракізм, што горш, чым смерць. Яны не маглі атрымліваць тытулаў і бенефіцыяў, не маглі займаць земскіх урадаў і „наагул ні да якіх паслугаў братэрскіх ня можам іх клікаць», — гаварылася ў ухвале. Не дазвалялася ім быць ані дэлегатамі на сойм ці дэпутатамі на Трыбунал, ані зборшчыкамі падаткаў ці маршалкамі соймікаў ды іншых сходаў. Вінаватыя мусілі страціць усялякія сімвалы і аздобы, што азначаюць шляхецтва. Той, хто з сваяцкіх ці іншых сувязяў узяўся б прызначаць на ўрад каго са здраднікаў, сам лічыўся б здраднікам.

Сучасная расійская гістарыяграфія прапанавала нядаўна адну з самых энтузіястычных інтэрпрэтацый гісторыі ВКЛ. У сваёй кнізе, выдадзенай у Маскве ў 1991 г., С.В.Думін пахваліў здатнасць гэтай шматнацыянальнай дзяржавы з цэнтрам у Вільні даваць раду многім праблемам, што непазбежна паўстаюць перад кожным плюралістычным грамадствам. Думін прызнае талеранцыйнайсць палітыкі каталіцкіх манархаў, якія гарантавалі сваім падданым правы і прывілеі. У апошні час і даследаванне М.М.Крома, прысвечанае войнам, якія вяла Масква з канца ХV ст., таксама загучала аптымістычнай нотай. Цытую: „Большасць праваслаўнай шляхты і мяшчан — дзвюх найбольшых і найактыўнейшых палітычных сілаў заходняй Русі — выяўляла нацыянальны патрыятызм пад час войнаў першай трэці ХVI ст., а таксама вялікую лаяльнасць да віленскага ўраду. Таму планы цара Івана III па аб’яднанні ўсіх славянскіх земляў пад уладай Масквы былі асуджаныя».

Для ХVII ст. сказанае спраўдзілася ў прыкладзе з Магілёвам. Гістарычныя крыніцы засведчылі старанні жыхароў горада атрымаць прывілеі, дзякуючы якім Магілёў мог выконваць усё большую ролю як асяродак купецтва. Тут варта акрэсліць — у значнай меры на падставе хронікі горада, пісанай у канцы ХVII ст. мешчанінам-беларусам — паняцце тоеснасці, шматузроўневае пачуццё прыналежнасці мешчаніна, што жыў у квітнеючым асяродку гандлю і рамёстваў.

Раўнавага, што існавала ў ХV і ХVI ст. паміж уладаром і падданымі (у нашым выпадку мяшчанамі), выразна спрыяла ўладару. Вялікі князь тады быў яшчэ ўсемагутны і ўсяўладны, а падданыя залежалі ад ягонай ласкі і добрай волі. У ХVII ст. гэтакія суадносіны ўсё больш разбалансоўваліся праз сталы працэс развіцця канкрэтных правоў і прывілеяў, якія асабліва ўплывалі на рост і статус гарадоў. Змены ў суадносінах могуць эмпірычна вымярацца па росту насельніцтва, гандлёвага абароту, а таксама колькасці сабраных падаткаў. Дык вось уздоўж гэтых тонкіх ліній праходзіць эвалюцыя мясцовага жыхара ад пасіўнага і мізэрнага — якім яго бачыць Кром — падданага ХV ст. да актыўнага грамадзяніна Рэчы Паспалітай і героя магілёўскай хронікі.

Магілёў зрабіўся палітычным і купецкім цэнтрам, калі Жыгімонт Аўгуст у 1561 г. надаў гораду прывілей на гарадское права ў рэдакцыі няпоўнага магдэбургскага. Ён прызнаваў за мяшчанамі права на варэнне пітнога мёду і піва для продажу, а таксама права на вялікамаштабную лоўлю рыбы ў Дняпры. Праз 16 гадоў пасля таго, як горад стаў фігураваць у падатковым рэестры, мяшчане вырашылі ўзысці яшчэ на адну прыступку вышэй і запатрабавалі вызвалення горада з-пад юрысдыкцыі старасты ды ўвядзення поўнага jus municipal.

Магілёўскую хроніку ў 1693 г. распачаў Трафім Раманавіч Сурта, член гарадскога магістрату, суддзя і купецкі войт. Ён спасылаецца на розныя крыніцы: рэляцыі відавочцаў, гарадскія і касцёльныя запісы, ранейшыя хронікі — асабліва Мацея Стрыйкоўскага — і розныя друкаваныя дакументы. Твор адкрываецца апісаннем акалічнасцяў, звязаных з паўстаннем Магілёва. Пачаткі горада, згодна з легендай, сягаюць місіі св. Андрэя апостала, які ў часе сваёй выправы па Дняпры праплыў ля месца, на якім потым і вырас Магілёў. Так даказваецца старажытнае паходжанне горада і яго сувязь з калыскай хрысціянскай цывілізацыі. Сурта цвердзіць, што назва „Mohyi low» па-славянску значыць „магутны леў». Каб выразней сцвердзіць хрысціянскае паходжанне горада, аўтар далучае складаны міф біблійнага характару, пераплятаючы праваслаўныя літургічныя крыніцы са зваротамі да каталіцкага культу Дзевы Марыі, раз за разам дадаючы цытаты з Кіева-Пячэрскага Сінапсісу і выразы падзякі за дагэтуляшнюю апеку і каралеўскі патранат.

Міф, як распавядае гарадскі храніст, пачаўся з моманту, калі Яфет, наймалодшы сын Ноя, быў прызначаны для той трэцяй часткі свету, якой ёсць Еўропа, заселеная русінамі ці славянамі, што жывуць у трох вялікіх сядзібах — Кіеве, Чарнігаве і Магілёве. Цытуючы Кіева-Пячэрскі сінапсіс і Стрыйкоўскага, храніст высвятляе, што імя „Яфэ» у славянскай мове азначае „кагось, хто вечна развіваецца» так, як горад Магілёў. Аўтар піша затым, што горад быў заснаваны ў 1526 г. Жыгімонтам Аўгустам, хоць замак на тых землях існаваў на некалькі стагоддзяў раней. Кароль той, бачачы, як мужна мяшчане бараніліся ад ворага, надаў гораду ius municipal і шэраг іншых вольнасцяў. Пасля элекцыі і каранацыі Стэфана Баторага ў 1576 г. горад выслаў да манарха прадстаўнікоў з просьбай аб магдэбургскім праве. Баторы сардэчна прыняў дэлегацыю і зычліва адказваў на іх просьбы. Так ужо ў 1577 г., грунтуючы ся на магдэбургскім праве, распачаў пасяджэнні гарадскі суд. Кароль таксама прызнаў гораду герб з надпісам „пячатка места Магілёўскага».

У 1610 г. гарадскія ўлады мусілі змагацца з незвычайнай унутранай небяспекай і атакай на свой аўтарытэт: сем бунтаўнікоў і іх таварышы адмовіліся плаціць падаткі і прызнаваць вярхоўную ўладу горада. (Хадзілі чуткі, быццам бунтаўнікі былі плебеямі, але храніст не знаходзіць пра гэта ніякіх сведчанняў у сваіх крыніцах.) Арганізавалі канкурэнтную гарадскую раду, мелі нават свой звон. Шматразова штурмавалі ратушу і ўрад горада, рыхтуючыся пераадолець браму судовай палаты. З сур’ёзнай небяспекі ўрад быў уратаваны каралеўскім лістом, які склікаў суд для асуджэння бунтаўнікоў. Пяцёх з іх пакаралі смерцю, двух астатніх пашкадавалі — прысуд смерці замянілі на 12 тыдняў турмы, прылюдныя бізуны і выгнанне з горада, а таксама забарону жыць у горадзе і набліжацца да яго на 30 кіламетраў. Уладанні ўсіх сямі названых у хроніцы рэбеліянтаў канфіскавалі на карысць каралеўскага скарбу. Але хутка пасля гэтага жонкі ўсіх сямі склалі просьбы аб вяртанні ўласнасці — як зямлі, так і рухомасці. У гэтай сувязі кароль Жыгімонт Ваза склікаў трэці суд, які прыняў рашэнне вярнуць маёнткі і скасаваць баніцыю.

Імпануе спраўнасць судовага pазбіральніцтва, асабліва калі ўлічыць абавязковасць удзелу каралеўскай канцылярыі, паколькі Магілёў быў горадам каралеўскім. Звяртае на сябе ўвагу таксама даступнасць суда, у якім абаронцы шукалі праўды — і атрымалі сваё даволі хутка. Храніст аддае гэтай падзеі незвычайна шмат месца і прыводзіць многа дэталей. Можна выразна адчуць ягоны неспакой і заклапочанасць — хоць піша на 80 гадоў пазней — тым, што рэбеліянты важыліся на бунт супраць законнага ўраду горада.

Іншая, яшчэ больш небяспечная ўнутраная пагроза для стабільнасці горада — гэта канфлікт паміж вернікамі праваслаўнымі і уніятамі. Храніст асуджае уніятаў за ўзброеныя напады пад час святой імшы, за захоп і мучэнне праваслаўных святароў. У 1633 г., пасля адкрыцця праваслаўных храмаў каралём Уладыславам IV, у часе ўрачыстасцяў дайшло да нападу на праваслаўных, якія, кіруючыся да царквы, перапраўляліся плытом на другі бок Дняпра, у чым абвінавацілі уніятаў. Гэтая „святая вайна», як яна названа ў хроніцы, паміж праваслаў нымі і уніятамі была — нягледзячы на шматлікія скаргі з абодвух бакоў — сямейнай сваркай у параўнанні з пазнейшай маскоўскай акупацыяй 1650-х.

Расіяне, заняўшы Магілёў у 1654 г., пакінулі гарнізон і замянілі вышэйшых ураднікаў трыма сваімі ваяводамі. У 1661 г. цярпенне мяшчан лопнула і яны, узначаленыя сваім бурмістрам па прозвішчу Пора, аб’ядналіся і пазбавілі жыцця жаўнераў расійскага гарнізону, а спайманых маскоўскіх ваяводаў выслалі да караля. Мяшчане планавалі таксама атакаваць і раззброіць царскіх салдатаў, што кватаравалі ў іх дамах. Праўдападобна, прайгралі б, калі б нехта не вызваліў ваеннапалон ных, якіх трымалі ў магілёўскай турме. З дапамогаю вязняў мяшчане хутка вызваліліся ад акупантаў.

Магілёўскі храніст беражліва выбудоўвае захапляльную гістарычную і культурную генеалогію, якая адлюстроўвае яго свядомасць і разам з тым вызначае ягонае месца ў гісторыі. Відавочна, ён — мешчанін і грамадзянін (абывацель) горада Магілёва. Што да рэлігіі, то гэта зацяты прыхільнік праваслаўя, аднак ён гэтаксама свабодна адсылаецца да культу Дзевы Марыі і цудаў lacrimae — сімвалаў, характэрных для каталіцкага касцёла. Піша па-польску, але добра дапасоўвае выразы і азначэнні царкоўныя, калі кранае пытанні рэлігіі. Трафім Сурта адначасова выразна творыць свой image як удзячны і лаяльны падданы караля Абодвух Народаў. Дзякуючы багатай сімволіцы ў хроніцы творыцца міфалагічная піраміда русінскай тоеснасці, якая абапіраецца на тоеснасць усходнесла вянскую, а тая ў сваю чаргу ідэнтыфікуецца са свядомасцю еўрапейскай, і ўсё гэта ўваходзіць глыбока ва ўсеахопны этас рымскай культуры.

Твор Сурты дзіўна пазбаўлены ўсіх тых стэрэатыпаў, якімі прасякнута сучаснае бачанне Рэчы Паспалітай ХVII ст., асабліва ВКЛ. Гэтае апісанне не ўзгадняецца таксама з панурым вобразам заняпаду гарадскіх цэнтраў, так часта маляваным польскімі гісторыкамі. Знішчальныя наезды Масквы і казакоў, неадменна называных „бандытамі», барацьба паміж праваслаўнымі і уніятамі („тымі кажанамі з пекла») і страты людскія былі амаль штодзёнымі. Але ж няма ў хроніцы пачуцця паразы, страты прэстыжу, адчування ніжэйшасці, хаосу, непарадку, анархіі ці многіх іншых часам пагардлівых азначэнняў, якімі гісторыкі ХIХ і ХХ ст. прывыклі апісваць ХVII ст. Зусім наадварот, хроніка дыхае гонарам за дасягненні мінулага і верай у тое, што будучыня будзе яшчэ лепшай.

Я перакананая, што гісторыя ХIХ ст. разам з гістарыяграфіяй ХХ ст. навязала грамадству пэўныя стэрэатыпы аб веку ХVII, якія трэба крытычна пераасэнсаваць. Падзеі ў Кароне і Вялікім Княстве Літоўскім ранняга перыяду Рэчы Паспалітай Двух, а нават Трох Народаў занадта доўга разглядалі ся праз прызму пазнейшых канфліктаў і няўдачаў, а галоўнае — падзелаў. Агульнае перакананне, што Рэч Паспалітая пацярпела паразу з прычыны няўмення ператварыцца ў абсалютычную дзяржаву, зацміла жывы вобраз традыцыі рэгіянальнага самакіравання і ўдзелу грамадства ў справах публічна-дзяржаўных (праз соймікі, якія былі квінтэсэнцыяй гэтай жывучай традыцыі). Тое ж самае тычыцца гісторыі гарадоў ВКЛ. Працэс іх ператварэння ў значныя аграрна-гандлёвыя цэнтры дзякуючы спалучаным высілкам уладальнікаў і мяшчан доўгі час не прыкмячаўся і недаацэньваўся. Рэч Паспалітая ХVII ст. была ўзорам лакальнай дэмакратыі, са сваім шматнацыянальным і шматрэлігійным грамадствам, у якім урадам кіраваў абіраны манарх. Яе этнічная разнароднасць post facto успрымалася ў кантэксце канфліктаў ХIХ ст. А вось гістарычныя крыніцы ХVII ст. сведчаць хутчэй аб тым, што гэтыя спрэчкі ўраўнаважваліся вялікім уменнем ужывацца і супрацоўнічаць. Згадайма хоць бы прыклад многіх гарадоў ВКЛ (Слуцк, Магілёў, Крычаў, Стары Быхаў і інш.), насельніцтва якіх — так рознае этнічна і рэлігійна! — разам выступіла ў 1660-х г., каб выгнаць непрыяцеля. А тое, што ў наступныя стагоддзі гарады ВКЛ не вытрымалі такога ж тэмпу развіцця, як іх адпаведнікі ў Кароне і на Захадзе, зусім не падважвае іх вялікай жывучасці ў ХVII ст.

Наверх

Тэгі: