Наталля Анофранка. Партрэты разбойнікаў беларуска-літоўскіх губерняў (з гісторыі штодзённасці першай паловы ХІХ ст.)
Крымінальная сфера ў першай палове ХІХ ст. у беларуска-літоўскіх губернях [1] была cтракатай. Як і ў любым іншым грамадстве, тут адбываліся больш ці менш цяжкія злачынствы супраць асобы (збіццё, цялесныя пашкоджанні, забойствы, гвалтаванні), а таксама супраць маёмасці (крадзяжы, грабяжы, махлярствы). Акрамя ўніверсальных злачынстваў, уласцівых любому гістарычнаму перыяду з прычыны чалавечай прыроды, былі злачынствы і правапарушэнні, якія абумоўліваліся тагачасным сацыяльным ладам (эканамічнымі і сацыяльнымі адносінамі ў грамадстве). Для беларуска-літоўскіх земляў у сувязі з іх уключэннем у склад Расійскай імперыі фактарамі, якія непасрэдна паўплывалі на крымінальную сферу, былі прыгонніцтва і рэкруцкая павіннасць. Іх “адваротам” была велізарная колькасць збеглых прыгонных і дэзерціраў [2]. Гэтыя людзі аўтаматычна рабіліся правапарушальнікамі. Яны ўжо не маглі легалізаваць сябе, каб не панесці пакаранне. У лепшым выпадку яны незаконна наймаліся на часовую працу або збіралі міласціну, у горшым – займаліся крадзяжамі, грабяжамі (рабаваннямі) і разбоямі [3].
Паліцэйскія дакументы, якія ў першай палове ХІХ ст. былі дастаткова скрупулёзнымі, захавалі вобразы такіх злачынцаў. Напрыклад, 17 лістапада 1831 г. паліцыя Себежа праводзіла допыт рэкрута-дэзерціра, які абвінавачваўся ў крадзяжах. Афіцыйныя звесткі пра яго былі наступныя: Восіп сын Ягора (без прозвішча), 34 гады, жанаты, належаў да рымска-каталіцкай канфесіі, штогод хадзіў да споведзі і прымаў камунію, пад суд не трапляў і ў штрафах не знаходзіўся, граматы не ведаў. Па словах Восіпа, да 1829 г., калі яго забралі ў рэкруты, ён быў селянінам маёнтка Узульмуйжа ў Рэжыцкім павеце. У час перамяшчэння рэкрутаў люцынскай інваліднай камандай з Люцына ў Себеж Восіп уцёк, знайшоў прытулак у селяніна Івана (аднак не ведаў ні яго імя па бацьку, ні якому памешчыку ён належаў) і хаваўся ў яго два дні. Тады ж разам з Іванам ён быў “на воровстве погоста”. Акрамя таго 5 кастрычніка (на 4-ы дзень пасля свята Пакрова) ноччу праз праломіну ў даху яны ўлезлі ў чужы свіран, дзе было “два кубла” (два памяшканні), якія яны падзялілі.
Па словах Восіпа, у “сваім” пакоі ён знайшоў толькі 2 польскія манеты і 10 грошаў. Што знайшоў Іван, ён не бачыў, але чуў звон срэбра. Калі яны выйшлі са свірна, то Іван падзяліўся часткай сваёй здабычы з Восіпам – даў яму 15 рублёў срэбрам і кусок каляровага паркалю. Яшчэ ў свірне Восіп узяў кажух, а Іван – армяк і шапку. Потым яны дайшлі да паштовага тракту, дзе селянін на развітанне сказаў: “Не знай меня, а я тебя”. На тым в России і разышліся [4]. Далей Восіп вырашыў рухацца ў родныя мясціны, але за горадам Люцынам (верагодна, калі ўжо перайшоў у Рэжыцкі павет) быў затрыманы ў прыдарожнай карчме. Карчмар адабраў у яго грошы і паркаль, а кажух забрала рэжыцкая земская паліцыя, якая і накіравала яго ў себежскую гарадскую паліцыю.
Восіп пераконваў себежскую паліцыю ў тым, што больш ні з кім нічога не краў, а ўсе яго паказанні зроблены “по сущей справедливости и долгу христианскому” [5]. У выніку пастанавілі, каб Восіп да заканчэння следства аб крадзяжаху Люцынскім і Рэжыцкім паветах заставаўся пад вартай у горадзе Себежы і, калі спатрэбіцца, пад вартай себежскай інваліднай каманды мог быць адпраўлены на месца следства [6].
Гісторыя Антона Капцалова сугучная з гісторыяй рэкрута-ўцекача Восіпа, але яго крымінальная біяграфія была даўжэйшай і колькасць датычных асоб – большай. Ягоны допыт 18 лютага 1836 г. праводзіўся рэжыцкім земскім судом у прысутнасці дэпутата ад ваеннага боку. Арыштаваны не стаў запірацца і па афіцыйнай форме падаў пра сябе наступныя звесткі: селянін, узрост – 35 гадоў, па веравызнанні старавер, бываў на споведзі, непісьменны, жанаты і мае дзяцей, у штрафах і пад судом не быў. Далей Антон Капцалоў паведаміў, што 8 гадоў таму, у 1828 г., быў здадзены ў рэкруты ад сялян вёскі Войнава маёнтка Фейманы памешчыка Шадурскага Рэжыцкага павета. У час перамяшчэння рэкруцкай партыяй з Рэжыцы у Віцебск ён недалёка ад Люцына, “по шалости своей”, уцёк і вярнуўся ў Рэжыцкі павет. Аднак беспакарана вярнуцца ў сваю вёску і наладзіць ранейшае жыццё Антон Капцалоў не мог, таму недалёка ад маёнтка Фейманы ён знайшоў хлеў, дзе хаваўся ўсю зіму і харчаваўся крадзеным хлебам.
Вясной і летам Антон Капцалоў не меў “никакого постоянного передержательства” (пастаяннага сховішча) і бадзяўся па розных месцах Рэжыцкага павета, а каб пракарміць сябе, займаўся крадзяжамі і грабяжамі на дарозе. З наступленнем восені Капцалоў выправіўся за раку Дзвіну, аднак не змог назваць ні павет, ні губерню, у якую трапіў. Там ён тры гады нелегальна наймаўся на часовую сельскагаспадарчую працу да розных прыказчыкаў. А потым накіраваўся ў Рыгу, дзе ў розных людзей таксама адпрацаваў тры гады [7].
Праз шэсць гадоў Антон Капцалоў вырашыў вярнуцца ў Рэжыцкі павет. Па дарозе ў родныя мясціны ў вёсцы Бычкі маёнтка Гарыколна памешчыка Леапольда Аскеркі ён папрасіўся абагрэцца да бабыліхі Мар’і. Жанчына пусціла яго ў хату, і ў час размоў Антон паскардзіўся, што не мае ніякага прытулку і не ведае, дзе знайсці працу. Мар’я паспачувала, запыталася, ці ведае ён шавецкую справу і, атрымаўшы станоўчы адказ, выйшла з хаты. Хутка яна вярнулася разам са старым шаўцом Антонам Толем, Іванавым сынам. Пасля знаёмства Капцалоў разам з Толем выправіліся шыць боты па розных вёсках і маёнтках. Але гэта быў не адзіны іх занятак. Так, паводле Капцалова, яны зайшлі ў невядомую вёску, улезлі ў свіран і ўкралі 10 локцяў шэрага самаробнага сукна і яшчэ нейкія рэчы. Антон Толь са сваёй часткай крадзенага выправіўся дадому, а Антон Капцалоў крадзеныя рэчы прынёс сваёй жонцы Пелагеі ў вёску Войнава. Пераначаваўшы ў роднай хаце, на наступны дзень накіраваўся ў Дынабургскі павет [8].
У Дынабургскім павеце ў вёсцы Сапушкі Антон Капцалоў знайшоў працу ў нейкага селяніна і ўсю зіму займаўся “сечением смолы на деготь”. Вясной жа вырашыў знайсці Антона Толя, каб з ім пахадзіць па розных мясцінах і ўкрасці коней, і выправіўся ў Рэжыцкі павет. Аднак у Бычках Капцалоў не знайшоў Толя і пайшоў да ляснічага маёнтка Гарыколна Андрэя Вайчонка, дзе і заспеў свайго былога супольніка. Антон Капцалоў расказаў таму пра свой намер, і разам яны накіраваліся ў маёнтак Стыраны Рэжыцкага павета. Па дарозе ўкралі дваіх коней іх і прывялі да ляснічага Вайчонкі. Аднаго каня купіў сам Вайчонак за 12 руб. срэбрам, а другога Капцалоў і Толь адвялі ў Дынабургскі павет у вёску Сапушкі. Там прадалі яго за 11 руб. срэбрам таму селяніну, у якога зімой працаваў Капцалоў. Праўда, селянін адразу даў ім 5 рублёў, а астатняе абяцаў заплаціць пазней.
Палічыўшы, што канакрадства – справа выгадная, Капцалоў і Толь выправіліся на гэты промысел у Люцынскі павет. Недалёка ад Люцына на полі яны ўбачылі дваіх коней і забралі іх. Хутка аднаго памянялі на нейкія рэчы, а другога прадалі нейкаму Андрэю Кузьміну. Падзяліўшы грошы, супольнікі разышліся, Антон Капцалоў зноў вярнуўся ў Дынабургскі павет у вёску Сапушкі, дзе наняўся да селяніна Гаўрылы Трафімава, у якога не хапала работнікаў [9].
На Трафімава Капцалоў працаваў усё лета, паспеў убраць жыта і ярыну з поля, калі раптам у Сапушкі прыйшла ягоная жонка Пелагея. Яна была не адна, а разам з бабыліхай Аксінняй Лазаравай і Мар’яй Фёдаравай – цёткай “галоўнага разбойніка” Дарафея Гарэліна, Мітрафанавага сына. Жанчыны знайшлі Антона Капцалова і пачалі ўгаворваць яго далучыцца да шайкі Гарэліна. Яны казалі: “Если есть желание иметь себе хороших товарищей, то ступай с нами, мы тебя к ним сведём. Они с тобой хотят отправиться в Пруссию и, как сказали, достанут для тебя паспорт” [10]. Антон Капцалоў пагадзіўся і разам з жанчынамі пайшоў у маёнтак Гарыколна да ляснічага Андрэя Вайчонка, які на сваіх конях падвёз іх да маёнтка Рыбінішкі. А далей яны пайшлі ў лес за Рыбінішкамі шукаць прыстанішча разбойніка Дарафея Гарэліна і яго таварышаў. Гэтую банду яны знайшлі даволі хутка.
Антон Капцалоў пазнаёміўся з атаманам Дарафеем Гарэліным і ягоным братам Мікітам. Утрох яны прыйшлі да ляснічага Вайчонка, у якога папарыліся ў лазні і адпачылі, а потым выправіліся ў Дынабургскі павет у вёску Сапушкі. Там тры тыдні Капцалоў і Гарэліны жылі ў Гаўрылы Трафімава. Спачатку займаліся дробнымі крадзяжамі, а потым вырашылі атрымаць больш сур’ёзную здабычу. Трое разбойнікаў разам з Гаўрылам Трафімавым, узброеныя ружжом, пісталетам і тапаром, пайшлі ў вёску Лучкіна, якая знаходзілася каля маёнтка Камянец памешчыка Рэута [11]. Там уначы яны ўлезлі ў нейкі дом, пачалі забіраць розныя рэчы і складаць у вялікую скураную торбу. Раптам гаспадары прачнуліся, пачалі крычаць і клікаць на дапамогу. У выніку рабаўнікам давялося ўцякаць. Антон Капцалоў сведчыў: “Мы свое действие оставив ушли от туда с тем, что успели забрать. А прочие вещи остались на дворе” [12].
Пасля гэтага не вельмі ўдалага нападу разбойнікам стала зразумела, што ў Сапушках, як і ўвогуле ў Дынабургскім павеце, заставацца небяспечна. Спачатку яны схаваліся ў блізкім лесе, а потым перабраліся ў Фейманскі лес Рэжыцкага павета. Па дарозе, у вёсцы Войнава, яны наведалі жонку Антона Капцалова. Пелагея іх накарміла, а яны сказалі пра свой намер дняваць у лесе. Нечакана ў Фейманскім лесе была праведзена аблава. Разбойнікам удалося ад яе ўцячы ў Стрэжвальдскі лес, дзе яны хаваліся тры тыдні. Аднойчы ноччу яны напалі з ружжом і каламі на карчму Страпіну. Але гаспадар карчмы стаў супраціўляцца, завязалася бойка. Дарафей Гарэлін ударыў карчмара дубінай, а яго брат нанёс моцны ўдар ружжом. Некалькі чалавек, якія былі ў карчме, не адважыліся ўступіць у бойку. Аднак з-за таго, што падняўся шум, разбойнікі пакінулі карчму і вырашылі абрабаваць дом ксяндза. Калі яны пачалі ламацца ў акно, ксёндз прачнуўся, закрычаў і, схапіўшы стрэльбу, кінуўся да акна. У выніку разбойнікі вымушаны былі ўцячы. Пацярпеўшы няўдачу, Капцалоў і браты Гарэліны вырашылі ўкрасці коней і ў пошуках больш-менш лёгкай здабычы адправіліся ў вёску Барысаўка, а потым у вёску Ломы. Нарэшце ім ўдалося ўкрасці трох коней, на якіх яны паехалі ў Рыгу [13].
Аднак у Рызе іх шанцаванне скончылася. Дарафея і Мікіту Гарэліных арыштавала паліцыя, а Антону Капцалову ўдалося ўцячы. Некаторы час ён хаваўся ў лесе за 40 вёрст ад Рыгі каля Лубанскай дарогі. Потым уладкаваўся на завод да немцаў, дзе сек дровы. Праз тры месяцы такая праца яму надакучыла (або ўзнікла небяспека рэвізіі), і ён вярнуўся ў Рэжыцкі павет, дзе вырашыў зноў заняцца канакрадствам. Каля нейкай карчмы Капцалоў забраў прывязанага каня, але прадаць яго не паспеў – выпадкова сустрэў селяніна-латыша, які пазнаў свайго каня. Гэты латыш скруціў Антона Капцалова і даставіў у маёнтак Варкляны, а адтульзлодзея перадалі ў рэжыцкі ніжні земскі суд [14].
На допыце Антон Капцалоў пацвердзіў, што пасля знаёмства з Дарафеем і Мікітам Гарэлінымі ўдзельнічаў ва ўсіх іх сумесных крадзяжах і грабяжах, пра якія і расказаў. Аднак цалкам адмаўляў удзел у абрабаванні ў вёсцы Кіркалішкі мешчаніна Дзяніса Кірылава, на якога разбойнікі напалі з агнём, а таксама напад на двараніна Гаеўскага ў вёсцы Грышчаны. Акрамя таго Антон Капцалоў катэгарычна адмаўляў сваю сувязь з іншымі разбойнікамі, акрамя Гарэліных [15].
Як сведчаць паліцэйскія дакументы, учорашнія сяляне, здадзеныя ў рэкруты, уцякалі ў межах сваёй губерні, у той мясцовасці, дзе яны арыентаваліся. Не маючы патрэбы далёка адыходзіць ад сваёй вёскі, яны маглі не ведаць нават назвы суседніх губерняў. Збеглыя рэкруты не маглі адкрыта вярнуцца ў сваю вёску (іх родны дом быў страчаны назаўсёды), але першапачатковае ўкрыццё прасцей было знайсці ў мясцінах знаёмых і вядомых. Найлепшымі для часовага прытулку былі закінутыя або мала наведваныя хлеў ці свіран, а для ўкрыцця – лес. Крадзеж прадуктаў харчавання, асабліва ў зімовы час, першапачаткова быў вымушанай неабходнасцю. Гэта датычылася і цёплых рэчаў, што патрабавала больш сур’ёзных учынкаў – адбіранне вопраткі ў мінакоў на дарозе ці рабаванне дамоў. Уцекачы маглі нелегальна ўладкавацца на працу і атрымаць прытулак. Аднак меры барацьбы са збеглымі і бяспашпартнымі датычыліся не толькі непасрэдна ўцекачоў, але і тых, хто даваў ім працу і прытулак.
Што да сельскіх жыхароў, то яны досыць талерантна ставіліся да разбойнай дзейнасці. Сямейныя сувязі з атаманам шайкі не хаваліся. Удзел у бандзе ў вачах сваякоў лічыўся не заганным, а наадварот – прыбытковым заняткам. Сяляне, знаёмыя з рабаўнікамі, давалі ім прытулак, куплялі крадзенае (ад тканін да коней), а часам і самі былі не супраць паўдзельнічаць у рабунках.
У такіх умовах крадзяжы, грабяжы і разбойніцкія напады рабіліся штодзённай практыкай, асаблівым ладам жыцця. Пры гэтым злачынцы засвойвалі пэўны арэал пражывання, дзе меліся знаёмствы, была наладжана сувязь і існавалі месцы для сховішча. Выхад за межы гэтай тэрыторыі (пераезд у малавядомы горад ці незнаёмы павет) павышаў рызыку быць схопленымі паліцыяй. Нярэдка, каб схавацца ад паліцыі, злодзеі імкнуліся выдаць сябе за іншых асоб. Прасцей гэта было рабіць у межах сваёй сацыяльнай групы, але эфектыўней было выйсці за яе рамкі. Такая сацыяльная мімікрыя станавілася паспяховай, калі злачынца выдаваўсябе за прадстаўніка больш нізкай сацыяльнай групы з ніжэйшым культурным і адукацыйным узроўнем. Напрыклад, у 1826 г. пасля забойства на дуэлі праціўніка памешчык Валынскай губерні дваранін Аліцкі некаторы час хаваўся ў Мінскай губерні ў горадзе Мазыры “под другим именем и в звании простолюдина”. З Мазыра ён перабраўся пад Пінск у маёнтак знаёмага памешчыка, дзе выдаваў сябе за лакея. Урэшце двараніну Аліцкаму ўдалося атрымаць фальшывы пашпарт на чужое імя і выехаць у Парыж [16].
Разбойнікі і правапарушальнікі з прыгонных сялян і збеглых рэкрутаў маглі называцца іншымі імёнамі, хлусіць адносна роду дзейнасці, месца нараджэння, узросту, матрыманіяльнага становішча і г. д., але не маглі схавацца за межамі сваёй сацыяльнай групы. Яны, знаходзячыся на ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы, з-за непісьменнасці і іншага культурнага асяроддзя не мелі шанцаў паспяхова выдаваць сябе за прадстаўнікоў вышэйшых саслоўяў. Але здараліся рэдкія выключэнні.
Дваранін Эразм Броніш з’явіўся ў Мінску ў чэрвені 1845 г. [17]. У адпаведнасці з правіламі ён пайшоў у Мінскую гарадскую паліцыю, дзе прад’явіў пашпарт і від на жыхарства [18]. У дакуменце, напісаным на гербавай паперы коштам 90 капеек з пячаткай рэжыцкага земскага суда, гаварылася: “По Указу Его Величества Государя императора Николая Павловича Самодержца Всероссийского <…> Витебской губернии Режицкого уезда Дворянин Еразм Адамов Брониш следует по собственным его делам в разные города <…> Всероссийской империи, которому благословенно было чинить свободный пропуск и беспрепятственное прожительствование в течении одного года. В чем и дан сей паспорт из Режицкого земского суда по <согласию> г-на здешнего Уездного Предводителя дворянства от 3 ноября 1845 г. № 449 на основании Указа Правительствующего Сената составленного в 7 день января 1835 года” [19].
Вырашыўшы ў гарадской паліцыі ўсе фармальнасці, Эразм Броніш пачаў абжывацца на новым месцы. Спачатку ён зняў кватэру на Францысканскай вуліцы ў доме яўрэя Гіршы Колграда, дзе пражыў каля трох тыдняў, а потым пачаў кватараваць у доме Шымона Фрыдэля (які займаў Айзік Бандэш) на Зыбіцкай вуліцы [20]. “Нанимал стол” Броніш у мінскай гараджанкі Канапліцкай [21, таксама харчаваўся ў карчме Цыбульскага [22]. Клапоцячыся пра чысціню вопраткі і знешні выгляд, ён карыстаўся паслугамі мясцовай прачкі [23]. На працягу часу свайго знаходжання ў Мінску Эразм Броніш імкнуўся наладзіць розныя кантакты і завесці знаёмствы. Па словах карчомныхслужак Францішка і Марыі, Броніш разам з мясцовымі чыноўнікамі (Марыя дакладна памятала паліцэйскага чыноўніка Савіцкага [24]) заходзіў у карчму Цыбульскага і “делал им угощения”. Таксама ён хадзіў з імі “по всем кондитерским и кофейным домам” [25].
Праўда, спроба наладзіць кантакт не заўсёды была паспяховай. Аднойчы, жадаючы звесці знаёмства з мінскім капельмайстрам Стэфановічам, Броніш пайшоў у гарадскі будынак, дзе месцілася “городская музыка” (знаходзіліся музычная школа і кватэра капельмайстра). Аднак да Стэфановіча ён з’явіўся ў нецвярозым стане і “склонял его идти вместе пить вино”. Калі капельмайстар ад гэтай прапановы адмовіўся, Броніш дастаў з кішэні “два трехрублёвых депозитные билеты” і прасіў служак прынесці шампанскае ў кватэру Стэфановіча. Музыкам жа загадаў граць што-небудзь для задавальнення.
Стэфановіч быў раззлаваны такімі паводзінамі візітоўца. Пакінуўшы Броніша ў класнай музычнай зале, ён накіраваўся ў горад. Пасля гэтага музыкі выконвалі для Броніша “некоторые пьесы, но запрещенные вовсе не играли, хотя и просил их о том” [26]. Па сведчанні Стэфановіча, Эразм Броніш з самага пачатку патрабаваў, каб музыкі гралі яму “похоронный марш злоумышленника эмисара Конарского [27], расстреляного в Вильне с другими ему подобными” [28]. На думку капельмайстра Стэфановіча, паліцыя павінна была прыняць “меры предосторожности” наконт палітычна нядобранадзейнага двараніна Броніша. Аднак адразу пра гэты інцыдэнт капельмайстар не данёс ні квартальным, ні прыставу часці Сушчынскаму [29].
Калі не ўлічваць візіт да капельмайcтра Стэфановіча, дваранін Эразм Броніш не выклікаў ніякіх падазрэнняў ні ў жыхароў, ні ў ахоўнікаў правапарадку. Так, у лістападзе 1845 г. квартальны наглядчык Быкоўскі разам з яшчэ адным квартальным наглядчыкам Вернікоўскім, “отправясь по долгу службы во вверенный квартал”, пачаў правяраць дамы на Зыбіцкай вуліцы. Нарэшце яны зайшлі ў дом Фрыдэля, у арандатара Айзіка Бандэша запатрабавалі дамавую кнігу і запыталіся, хто тут жыве. Бандэш адказаў, што нікога з іншагародніх няма, акрамя двараніна Броніша, які кватаруе ўжо з паўгода [30]. Каб больш даведацца пра гэтага пастаяльца, квартальныя наглядчыкі пайшлі ў названую кватэру.
Эразм Броніш быў дома і прад’явіў праваахоўнікам зарэгістраваны ў гарадской паліцыі пашпарт. Па сведчанні квартальных наглядчыкаў, гэты дакумент і “вежливое обращение” не выклікалі ў іх ніякіх падазрэнняў. Агледзеўшыся, яны ўбачылі ў кватэры шмат добрых рэчаў. Асаблівую ўвагу звярнулі на пару пісталетаў замежнай вытворчасці «с вызолоченными стволами и приложенными к ним старинными гербами на коих была довольно неприметная надпись совершенно мелкими польскими буквами: “Bog mi pow honor Polakowi”» [31]. На пытанне пра іх паходжанне Эразм Броніш адказаў, што пісталеты “его собственные доставшиеся ему от давних времен по наследству”. Пабачыўшы цікавасцьпаліцэйскіх да гэтай зброі, дадаў, што “он ныне, нуждаясьв деньгах, может продать за сходную цену”. Быкоўскі і Вернікоўскі параіліся і вырашылі, што “на сих пистлетах можно заработать» [32]. Урэшце іх набыў Быкоўскі і хутка перапрадаў памешчыку Яўстафію Тышкевічу [33].
Тым часам у Мінскую губерню быў камандзіраваны выконваючы абавязкі прыстава першай паліцэйскай часці горада Віцебска губернскі сакратар Паплаўскі. Ён быў накіраваны віцебскім губернатарам М. М. Кляменцьевым для вышуку злачынцаў, “совершавших значительные воровства по Витебской губернии”. Калі больш дакладна, у кастрычніку 1845 г. у Дрысенскім павеце ў маёнтку памешчыкаў Храпавіцкіх шасцю чалавекамі была абрабавана карчма Пушчавых. У ходзе следства паліцыі ўдалося высветліць імёны асноўных рабаўнікоў: Яўген Чарняўскі, Іван Чарноў і тры браты Ульяноўскія – Мікалай, Сяргей, Фадзей. На падставе некаторых звестак з’явілася версія, што гэтыя злачынцы, даведаўшыся пра пераслед, уцяклі ў Мінскую губерню ў Бабруйскі павет “к тамошним раскольникам” (сярод якіх жылі два браты Ульяноўскія – Іван і Філімон). У Мінску ж, па меркаванні віцебскай паліцыі, злачынцы знялі кватэру, у якую “отправлены все лучшие ворованные вещи” [34].
28 снежня 1845 г. прыстаў першай часці Віцебска Паплаўскі прыбыў у Мінск і пры дапамозе мінскіх паліцэйскіх спрабаваў знайсці сляды злачынцаў. Аднак гэтыя высілкі не прынеслі плёну, і ўжо 31 снежня 1845 г. Паплаўскі паехаў для далейшых вышукаў у Бабруйск. Аднак у мінскай паліцыі ён пакінуў дакументы з апісаннем рабаўнікоў і крадзеных рэчаў “для наблюдения не появятся ли они в Минске” [35]. Менавіта гэтыя паперы ўбачыў наглядчык першага квартала Вернікоўскі і 10 студзеня 1846 г. паведаміў начальству, што па прыкметах, пакінутых віцебскім прыставам, ім, верагодна, знойдзена кватэра, якая выкарыстоўвалася злачынцамі як сховішча. Аказалася, што гэта была кватэра двараніна Эразма Броніша [36].
Паліцыя накіравалася ў дом на Зыбіцкай, аднак дзверы ў кватэру двараніна Броніша былі замкнёныя на два замкі, а самога гаспадара не было не толькі дома, але і ў горадзе. На выпадак вяртання Броніша каля кватэры пакінулі вартавых. Тым часам паліцэйскае начальства распарадзілася правесці вобшук у кватэры, для чаго тэрмінова прызначылі следчую камісію. У чатыры гадзіны пасля палудня гэтая камісія на чале з квартальным Вернікоўскім зрабіла вобшук. Пазней Вернікоўскі атрымаў паведамленне, што Броніш з’явіўся ў Мінску. Яго бачылі на гнядой кабыле на заезным двары селяніна Крывашэева [37].
Эразм Броніш паспрабаваў уцячы, але быў схоплены і змешчаны пад варту. Пры затрыманні ў яго адабралі: наяўныя грошы (50 руб. 64 кап.); каня, вупраж і сані; срэбны кішэнны гадзіннік; халат бронзавага колеру; дзве штукі “жилетов материальных новых”; штаны суконныя чорныя; два “шейных платков материальных”; футра “из сивых овец”, пакрытае сукном; падушку; “бумажный полощенный платок”; 6 срэбных сталовых лыжак; 6 чайных срэбных лыжачак; партфель чырвонага саф’яна; бронзавую заточаную спражку; двухствольную стрэльбу; парахаўніцу; “машинку на пистоны”; замшавую шротніцу і два патроны; каляровую насоўку. Усе гэтыя прадметы былі апісаны належным чынам [38].
Сам жа Эразм Броніш па прыкметах са спіса віцебскага прыстава Паўлоўскага аказаўся падобным на “главного из преступников” атамана шайкі Яўгена Чарняўскага, які даўно знаходзіўся ў вышуку [39]. Аднак пасля арышту Броніш “к действительному своему званию не признался” і на допыце 10 студзеня 1846 г. сцвярджаў, што сапраўды з’яўляецца дваранінам Эразмам Бронішам. Ён пераканаўча даводзіў паліцыі, што пяць гадоў да гэтага займаўся “измерением шоссе при городах Опочке и Острове”, а цяпер імкнецца дзе-небудзь узяць на ўтрыманне фальварак. Паліцэйскія нічым не маглі абвергнуць гэтыя паказанні, як і іншыя ягоныя “изветы к сокрытию своих преступлений” [40].
Упартасць Броніша была зламана толькі дзякуючы таму, што 12 студзеня 1846 г. прыставы Паплаўскі і Сушчынскі прывезлі з Бабруйскага павета ў Мінск двух братоў Навума і Фадзея Ануфрыевых, якія некалі разам з Чарняўскім удзельнічалі ў грабяжах. Пад чаc вочнай стаўкі яны “уличали его в действительном его звании”. Урэшце на допыце 14 студзеня 1846 г. дваранін Эразм Броніш прызнаўся, што ён сапраўды Яўген Чарняўскі, прыгонны селянін памешчыка Люцынскага павета Віцебскай губерні Адама Баніслаўскага [41].
У 1844 г. прыгонны селянін Яўген Чарняўскі, у змове з братам і бацькам, украў лён у карчме Дзісенскага павета. Паліцыя злодзеяў злавіла, але ў студзені 1845 г. пад час канваіравання на “становую квартиру” (у памяшканне, дзе знаходзілася паліцыя) Яўген Чарняўскі ўцёк і працягнуў “заниматься воровством и грабежом для улучшения своего состояния”. Ведаючы пра тое, што ў ягонага ўладальніка ёсць добры капітал, Чарняўскі залез да яго ў дом і забраў грошы (319 рублёў срэбрам) і некаторыя рэчы [42]. Потым адзін украдзены пярсцёнак паспрабаваў прадаць у карчме Вальтэры бліз Дынабурга нейкаму Блафеевічу. Там Чарняўскага зноў затрымала паліцыя, але і на гэты раз яму пашанцавала ўцячы з-пад варты [43].
Самым блізкім месцам, дзе можна было схавацца, быў Дынабург. Там Чарняўскі сустрэўся са сваім старым знаёмым Бернатовічам. Апошні калісьці служыў у Вількамірскім павеце ў мястэчку Кутшты ў станавога прыстава Швайлоўскага, а потым быў пісарам у казённым маёнтку Анікшты. Адметна, што Бернатовіч ведаў некалькі моў – літоўскую, польскую, рускую, нямецкую і крыху французскую. Канцылярскі досвед, сувязі, а таксама дастатковая адукаванасць далі яму магчымасць якасна падрабляць дакументы. Гэтым і скарыстаўся Яўген Чарняўскі.
Знаёмцы сустрэліся ў Рызе, куды Бернатовіч прыехаў па пашпарце на імя купца нямецкага паходжання Даля. Там ён перадаў Чарняўскаму фальшывыя дакументы на імя двараніна Броніша, з якімі той і выправіўся ў Мінск [44]. Паводле Яўгена Чарняўскага, Бернатовіч быў чалавекам невялікага росту з белым чыстым тварам, меў рудыя валасы, насіў бакенбарды і бараду, апранаўся заўсёды “по последнему журналу” [45]. Гэтыя прыкметы былі перададзены рыжскай гарадской паліцыі. Аднак у траўні 1846 г. рыжскі паліцмайстар паведаміў ліфляндскаму губернатару, што, нягледзячы на старанны вышук, гарадской паліцыі не ўдалося знайсці “обвиняемого в делании фальшивых паспортов Усцина Бернатовича” [46].
У той час калі Яўген Чарняўскі жыў у Мінску пад выглядам Эразма Броніша, ён некалькі разоў ездзіў у Дынабург. Там у змове з Бернатовічам ён “напал на двор графини Бржостовской и ограбил оный”. Потым яны абрабавалі двараніна Мейчытовіча, а таксама нейкага святара ў мястэчку Себеж. Разбойнікі бралі розныя рэчы – ад срэбных лыжак і відэльцаў да коней [47]. Пасля з украдзенымі рэчамі Яўген Чарняўскі вяртаўся ў Мінск і хаваў іх у кватэры на Зыбіцкай.
Пад час следства гэтыя рэчы былі ўнесены ў дакумент “Опись и оценка вещей по делу грабителя Чернявского или Брониша из подлинного дела” [48], у які з улікам рэчаў і грошай, адабраных пры затрыманні, была ўпісана 181 адзінка “предметов и денег” на суму 324 рублі 51 капейка [49]. Гэты аб’ёмны дакумент, па-першае, дае магчымасць уявіць сярэднія кошты і суадносіны цэн на рэчы і прадметы паўсядзённага ўжытку ў Мінску ў сярэдзіне ХІХ ст. (таму яны пакінуты ў ілюстрацыйных мэтах). Па-другое, вопіс дазваляе асобна вылучыцьгрупу рэчаў і прадметаў, якія давалі магчымасць селяніну Яўгену Чарняўскаму падтрымліваць стыль жыцця двараніна Эразма Броніша, а па-трэцяе – вылучыць прадметы, якія ў сярэдзіне ХІХ ст. часта рабіліся аб’ектамі крадзяжу.
Знешні выгляд двараніна Яўгену Чарняўскаму дапамагаў падтрымліваць адпаведны гардэроб. У яго ўваходзілі: “шинель гранатового синяго сукна с шерстяною подбивкою плюсовым черным воротником” коштам 5 рублёў “халат полосатый полушелковой материи подбитый пёстрым ситцем на вате (хлопкобумажный)” (1 руб.); атласная камізэлька з белымі кветкамі (75 кап.); камізелька белая на белай подбіўцы (5 кап.); суконная куртка аліўкавага колеру з каўняром (20 кап.); дзве паркалёвыя каляровыя і адна белая сарочкі (20 кап.); пяць палатняных кашуль (75 кап.); дзве пары споднікаў (30 кап.); сем манішак (35 кап.); дзесяць каўнерыкаў (10 кап.); тры пары манжэтаў (3 кап.). Вобраз дапаўнялі аксесуары: парасон з шаўковай тканіны (60 кап.) і два капшукі для тытуню – “биссерный в цветы с домминикатовою подбивкою” (30 кап.) і “биссерный с бронзовым золотом” (10 кап.) [50].
Праўда, разам з гэтымі рэчамі была знойдзена і іншая вопратка. У вопіс былі ўнесены: стары сурдут сіняга сукна са старым каўняром і разарванай подбіўкай (15 кап.); старыя штаны шэрага сукна (20 кап.); штаны шэрага сукна з палатнянай подбіўкай (10 кап.); старая суконная камізэлька (2 кап.); кашуля, споднікі, два “утиральника” і палатняная торба (4 кап.); пара старых скураных ботаў (5 кап.); пара старых з чорнай скуры “рускіх” ботаў (10 кап.); дзве пары старых шкарпэтак (2 кап.). Разам з мужчынскім адзеннем у кватэры Чарняўскага паліцыя знайшла і прадметы жаночага гардэробу, верагодна, крадзеныя: чорная мантылья “подбитая коленкором на вате” (1 руб.), жаночы салоп цёмна-зялёнага колеру з плісавым чорным каўняром “подбитый коленкором на вате” (1 руб. 20 кап.), а таксама чатыры пары жаночых панчох («две под буквами “ПМ” и две бумажные под буквами “АЦ”») (10 коп.) [51].
Са спіса рэчаў відаць, што Чарняўскі імкнуўся зрабіць свой побыт у Мінску дастаткова камфортным. У яго было дзве “перины сыпаные” вагой 35 фунтаў (4 руб. 50 кап.), дзве падушкі паласатыя “сыпаные с лощевыми наволочками” вагой 12 фунтаў (1 руб. 50 кап.), падушка ў скураной насыпцы (60 кап), дзве прасціны (60 кап.), белая паркалёвая навалка (60 кап.), чатыры штукі “утиральников” (20 кап.) [52].
З прадметаў мэблі ў паліцэйскі вопіс трапіў толькі туалетны столік “из красного дерева облеченный бронзом с зеркалом в средине с выдвижными ящиками, в коем в правой прегородке две бритвы в черных костяных черешках на них; во второй –одна бритва в черешках красного дерева, две бритвы в особом красном футляре с белыми черешками, булавка с костяною слоновою ручкою, кисть для бритья. В другом ящике старого чекана медною манетою 7 штук, мельница свинцовая, под низом тайник, в котором найден перочинный нож, под сим еще <…> в котором найдено маленьких пилочек пять. Всё это оценено в 8 рублей” [53]. У кватэры Чарняўскага былі разнастайныя гадзіннікі: “часы стеклянные на пружине с медными весами суточные” (2 руб.), “часы каретные четвероугольные деревянной оправы суточные” (2 руб. 50 кап.), “часы компасные солнечные медные” (1 руб. 50 кап.), а таксама яшчэ адзін (першы быў адабраны ў Чарняўскага пры затрыманні) срэбны кішэнны гадзіннік (75 кап.). Да таго ж у вопіс трапілі дзве падзорныя трубы (першая коштам 2 руб., другая зламаная – 50 кап.), дзве табакеркі – “каменная оправленная в французское золото” (3 руб.) і “курантовая” (музычная. – Н. А.) коштам 2 руб. 50 кап. [54].
Мажліва, Яўген Чарняўскі бавіў вольны час за музыкай, бо ў паліцэйскім вопісе знаходзім іспанскую гітару (75 кап.) і “книгу под названием испанской 8-ми струнной гитары” (5 кап.). Акрамя таго былівыяўлены “книга польская хозяйственная” (5 кап.), а таксама гаспадарчыя інструменты: абцугі жалезныя (3 кап.), абцужкі маленькія жалезныя (3 кап.), “шруботок железный столовый и три напильника” (30 кап.), два старыя нажы (2 кап.) і г. д. [55].
Да іншай групы адносяцца рэчы і прадметы, якія можна было прадаць без вялікага клопату і рызыкі – посуд і сталовае начынне. Ювелірныя вырабы ў першай палове ХІХ ст., нават калі і не былі творамі мастацтва, заставаліся вырабамі ўнікальнымі. Ювеліры (“золотых и серебряных дел мастера”) абавязаны былі атрымаць пасведчанне ў губернскай прабірнай палаце [56] на вытворчасць вырабаў, з’яўляцца туды “к сплавке и клеймению своих изделий” і да выплаты пошліны ў казну. Усё гэта рабіла крадзеныя ювелірныя вырабы пазнавальнымі і ў выпадку продажу (у чым Чарняўскі мог пераканацца на ўласным досведзе), і ў выпадку выкарыстання іх па прызначэнні – у якасці ўпрыгожанняў. У адрозненне ад ювелірных упрыгожанняў вытворчасць посуду і сталовага начыння была больш масавай, серыйнай. Такім чынам вышук крадзенага посуду для паліцыі быў больш складаным. Істотная вага срэбных сталовых прадметаў рабіла выгадным іх продаж ювелірам для пераплаўкі.
У адпаведнасці з паліцэйскім вопісам у кватэры Яўгена Чарняўскага знаходзіўся вельмі разнастайны посуд: новы самавар жоўтай медзі вагой 15 фунтаў (2 руб. 50 кап.), паднос пад самавар жоўтай медзі вагой 4 фунты (60 кап.), паднос жалезны (10 кап.), шэсць шклянак (10 кап.), пяць чайных “блюдок” (5 кап.), “хрустальная блюдочка” (2 кап.), дзве “салатки” сіняга шкла (2 кап.), дзве “вазки” і дзве талеркі (10 кап.). Акрамя таго, у спісе былі: тазік варшаўскага срэбра (20 кап.); кілішак “таково ж серебра вызолотою” (50 кап.); чатыры чайныя лыжачкі варшаўскага срэбра (20 кап.); шчыпцы да цукру варшаўскага срэбра (15 кап.) [57].
Што да сталовага срэбра, то гэта былі не ўсе крадзеныя рэчы. У ходзе следства стала вядома, што Яўген Чарняўскі ўжо прадаў у Мінску мясцовым яўрэям са сталовага срэбра – 12 сталовых лыжак і відэльцаў, 10 чайных і адну “блюдную ложку” [58]. Усе гэтыя прадметы, праз пасярэдніцтва яўрэя Вігдарчыка, набыў мінскі “серебряных дел мастер” яўрэй Файн. Але пры ўсіх намаганнях паліцэйскім не ўдалося высветліць, каму ён, у сваю чаргу, гэта перапрадаў [59].
У Мінску следства па справе Чарняўскага скончылася ў пачатку 1846 г., і злачынцаў да судовага разбіральніцтва адправілі ў Дрысенскі павет Віцебскай губерні, дзе змясцілі ў турэмны замак. Аднак умовы ўтрымання галоўных разбойнікаў – Яўгена Чарняўскага і Мікалая Ульяноўскага – непакоілі мясцовых чыноўнікаў. Так, 8 сакавіка 1846 г. ваенна-павятовы начальнік І акругі Віцебскай губерні падпалкоўнік Арнольд паведаміў віцебскаму губернатару, што ёсць небяспека ўцёкаў. Таксама перасцярогу выказваў павятовы страпчы. Ён пісаў, што злачынцы Чарняўскі і Ульяноўскі знаходзяцца асобна ад супольнікаў, але могуць мець з імі стасункі пад час вываду на чорны двор па натуральнай патрэбе. На гэтым двары ёсць варта, але “слабость караула доказана опытами”. У павятовага страпчага былі падазрэнні, што Яўген Чарняўскі і Мікалай Ульяноўскі (“уходившие прежде по поимке из под стражи”) ужо паспеліпадмануць каравул імелі зносіны з іншымі арыштаванымі злодзеямі [60].
Каб прадухіліць магчымасць уцёкаў, павятовы страпчы прапанаваў змясціць Яўгена Чарняўскага ў “коморе”, якую займалі жанчыны-арыштанткі. Гэтае памяшканне мела толькі адно акно, і хоць краты на ім былі слабыя, затое яно выходзіла на тое месца, дзе заўсёды знаходзіўся вартавы. Жанчын прапанавалі размясціць або ў памяшканні на другім паверсе, або ў пакоі вартаўнікоў земскага суда ці ў пакоі, якія займаў магістрат. Для магістрата было прапанавана арандаваць прыватны дом [61]. Нягледзячы на прынятыя меры, прадчуванне чыноўнікаў цалкам апраўдалася. У ноч з 25 на 26 сакавіка 1846 г. Яўген Чарняўскі і яго таварыш Фадзей Ануфрыеў уцяклі пад час іх вываду на чорны двор па натуральнай патрэбе [62].
Аднак удача канчаткова адвярнулася ад Яўгена Чарняўскага. Па данясенні дрысенскага земскага спраўніка ад 1 красавіка 1846 г. ён быў схоплены ў ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1846 г. за чатыры вярсты ад Дрысы і пад строгай вартай зноў дастаўлены ў дрысенскую турму [63].
У сувязі з уцёкамі двух арыштантаў з дрысенскага турэмнага замка і наступным затрыманнем Яўгена Чарняўскага новы віцебскі губернатар М. М. Татарынаў атрымаў ліст ад віцебскага, магілёўскага і смаленскага генерал-губернатара М. А. Галіцына (3 красавіка 1846 г.) і ад міністра юстыцыі В. М. Паніна (12 красавіка 1846 г.). Генерал-губернатар патрабаваў: па-першае, каб М. М. Татарынаў накіраваў ваенна-павятовага начальніка падпалкоўніка Плаксоўскага ў Дрысу для правядзення следства ў турэмным замку; па-другое, каб з мэтай паляпшэння функцыянавання дрысенскага турэмнага замка частка арыштантаў, якія ўтрымліваліся за “маловажные” злачынствы, была пераведзена ў полацкую турму [64]. Таксама М. А. Галіцын паведаміў, што зрабіў строгую вымову дрысенскаму гараднічаму і абвясціў падзяку дрысенскаму земскаму спраўніку і тым, хто яму дапамагаў у затрыманні збеглага арыштанта [65]. Са свайго боку міністр юстыцыі В. М. Панін паведаміў віцебскаму губернатару, што, паводле рапарта дрысенскага павятовага страпчага, Яўген Чарняўскі пасля затрымання быў жорстка збіты “ружейными шомполами” адным з ніжэйшых чыноў дрысенскай інваліднай каманды і цяпер знаходзіцца ў вельмі хворым стане [66]. Міністр юстыцыі загадаў М. М. Татарынаву зрабіць неабходныя захады “к прекращению впредь подобных своеволий нижних чинов инвалидных команд” [67].
Нягледзячы на жорсткія пабоі, Яўгену Чарняўскаму ўдалося ачуняць, і ён яшчэ два гады знаходзіўся ў дрысенскай турме, пакуль яго справа разглядалася дрысенскім павятовым судом. Са свайго боку, павятовы суд у рапарце на імя віцебскага губернатара ад 3 сакавіка 1848 г. апраўдваў зацягнутасць гэтай справы не сваёй маруднасцю і малаэфектыўнасцю, а вялікім аб’ёмам крымінальнай справы, якая патрабуе большых ведаў і намаганняў [68].
З адпраўкай разбойніка Чарняўскага з Мінска ў Віцебскую губерню для мінскіх паліцэйскіх чыноў гісторыя не скончылася. Тое, што Яўген Чарняўскі паўгода жыў у Мінску як дваранін Броніш, для мінскага грамадзянскага губернатара А. В. Сямёнава аказалася з’явай незвычайнай. Ён лічыў малаверагодным, каб прыгонны селянін без знешняй дапамогі так паспяхова імітаваў паводзіны прадстаўніка вышэйшага саслоўя. Пад падазрэнне ў сувязях са злачынцам трапілі прыстаў Сушчынскі і квартальны наглядчык Быкоўскі, якія адказвалі за паліцэйскую часць і квартал, дзе жыў Чарняўскі.
У сувязі з гэтымі падазрэннямі з 18 лютага 1846 г. мінская гарадская паліцыя даслала мінскаму губернатару А. В. Сямёнаву рапарт квартальнага наглядчыка Быкоўскага, дзе ён апісваў, “каким порядком достались ему пистолеты, бывшие у преступника Брониша”. Быкоўскі тлумачыў, якім чынам ён разам з Вернікоўскім трапіў у кватэру да Чарняўскага. Ні абстаноўка кватэры, ні паводзіны гаспадара, ні яго дакументы на імя Эразма Броніша не давалі падстаў падазраваць у ім злачынцу. Таму нядорага купленыя ў яго пісталеты падаваліся выгадным набыткам. У сваё апраўданне квартальны Быкоўскі тлумачыў, што калі быў арыштаваны Чарняўскі, ён моцна захварэў і не ведаў пра тое. Толькі калі ачуняў ад хваробы, то даведаўся, што Броніш – гэта злачынца Чарняўскі. Тады Быкоўскі вырашыў, што пісталеты, набытыя ў яго, – крадзеныя, і “в самое скорейшее время возвратил ихот помянутого Тышкевича” і перадаў начальству [69].
Гэтыя тлумачэнні не пераканалі А. В. Сямёнава, і 10 красавіка 1846 г. ён загадаў чыноўніку па асаблівыхдаручэннях Сасноўскаму “сделать розыск и стараться открыть в какой мере справедливо возводимое на полицейских чиновников обвинение” [70]. Рапарт ад Сасноўскага быў пададзены 25 красавіка 1846 г. Фактычна ў ім апавядалася гісторыя з’яўлення і знаходжання ў Мінску Чарняўскага пад імем Броніша. Аднак непасрэднай сувязі з ім прыстава Сушчынскага і наглядчыка Быкоўскага выяўлена не было [71]. Гэты адказ не задаволіў мінскага грамадзянскага губернатара, і ён 27 мая 1846 г. загадаў Сасноўскаму яшчэ раз пераправерыць факты [72].
Следства аб нядобранадзейнасці паліцэйскіх працягнулася і ў 1847 г. Замест Сасноўскага яно было даручана чыноўніку па асаблівых даручэннях Пржыгодскаму і мінскаму павятоваму страпчаму Акулічу. Яны вырашылі яшчэ раз узяць тлумачэнні ў Сушчынскага, які на той момант быў прызначаны прыставам першай Вастрабрамскай часці горада Вільні. Следчыя адаслалі яму запыт 24 верасня 1847 г., а адказ атрымалі толькі 11 сакавіка 1848 г. Сушчынскі яшчэ раз паўтарыў, што ў паліцыі не было “повода воспретить пребывание” Бронішу ў Мінску. Пра тое, што Броніш аказаўся разбойнікам Чарняўскім, Сушчынскі даведаўся, калі знаходзіўся ў Бабруйскім павеце, дзе вёў следства пра напад на памешчыка Прушынскага, “а до этого не имел никакого повода задержать” [73].
Верагодна, чыноўніку па асаблівых даручэннях Пржыгодскаму і мінскаму павятоваму страпчаму Акулічу, як і раней чыноўніку па асаблівых даручэннях Сасноўскаму, не ўдалося знайсці дадатковых звестак пра сувязь Сушчынскага і Быкоўскага з Яўгенам Чарняўскім. І ў 1850 г. “вопрос о знакомстве полицейских с преступником” яшчэ не быў канчаткова вырашаны. Чарговаму следчаму па гэтай справе асэсару Мінскага губернскага праўлення Зяневічу таксама не ўдалося знайсці новых улік супраць Сушчынскага і Быкоўскага. Яго вышук паказаў, што асноўныя сведкі дзеўка Марыя і лакей Францішак, па паказаннях карчмара Цыбульскага, зніклі. Першая з’ехала невядома куды, а Францішак у час халеры памёр у гарадскім шпіталі [74]. У выніку справа аб нядобранадзейнасці мінскіх паліцэйскіх скончылася сама сабой.
Гісторыя разбойніка прыгоннага селяніна Яўгена Чарняўскага ў сваім родзе была ўнікальнай. Дакументы не адлюстроўваюць умоў яго выхавання і ўзроўню адукацыі, хоць дакладна ён быў пісьменны. Малаверагодна, што ён мог атрымаць паўнавартасную дваранскую адукацыю, але, магчыма, культурныя міжсаслоўныя бар’еры былі ніжэйшыя, чым уяўляецца. Дзякуючы сваім прыродным здольнасцям, назіральнасці і авантурнасці доўгі час яму ўдавалася паспяхова імітаваць лад жыцця, стыль і манеры прадстаўніка высакароднага саслоўя. Ні прадстаўнікі ніжэйшага саслоўя (карчомныя слугі), ні ювеліры, ні гарадскі капельмайстар не выказвалі сумневаў наконт сапраўднасці двараніна Эразма Броніша. Прад’яўленыя дакументы і ўпэўненыя паводзіны “двараніна” ў паліцэйскіх чыноўнікаў таксама не выклікалі падстаў для падазрэння. Фальшывасць двараніна Броніша была раскрыта не з-за памылкі Яўгена Чарняўскага ў час знаходжання ў Мінску, а дзякуючы выпадку і збегу абставін.
[1] На падставе геаграфічнага (а не этнічнага) крытэрыю Віцебская і Магілёўская губерні называліся беларускімі, а Мінская, Гродзенская, Віленская – літоўскімі (Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі, 1772–1917 гг. / [А. У. Унучак і інш.]. Мінск, 2018. С. 5.).
[2] Гл. больш падрабязна: Анофранка Н. Праблема вышуквання збеглых прыгонных, дэзерціраў і злачынцаў у беларуска-літоўскіх губернях у першай трэці ХІХ ст. // Беларусь, Іўеўскі край і Эдвард Вайніловіч: матэр. навук.-практ. канф., Іўе, 13 верас. 2019 г. / Ін-т гіст. НАН Беларусі; рэд. кал.: А. А. Каваленя (навук. рэд.) [і інш.]; У. С. Пуцік (адк. рэд.). Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2019. С. 149–161.
[3] У заканадаўстве Расійскай імперыі першай паловы ХІХ ст. розніца паміж паняццямі разбой і грабеж не была істотнай. З 1781 г. грабеж інтэрпрэтаваўся наступным чынам: “Воровство грабеж есть, буде кто на сухом пути или на воде на кого нападет или остановит, стращая действием как то: орудием, или рукою, или иным чем, или словом, или кого уронит и нахально ограбит, или что отнимет, или дать себе принудит, или воспользуется страхом от пожара, или потопа, или от иного случая или темнотою кого ограбит, или отнимет у него деньги, или снимет с кого платье, или с повозок, или с коробля пожитки или иное движимое имение” (ПСЗРИ. Собр. 1. Т. 21. № 15147. С. 108.). Гэтая фармулёўка паўтаралася ў “Своде законов уголовных” 1833 г. (Свод законов уголовных. С.-Петербург, 1833. Кн. 1–. С. 226. Ст. 726). Разбой паводле “Свода законов уголовных” 1833 г. вызначаўся наступным чынам: “Разбой есть нападение на какое-либо место, жительство, на деревню, на двор, или какое-либо здание, для похищения имущества, произведенное открытою силою и с явной опасностью для самого лица, насилием угрожаемого” (Свод законов уголовных. С.-Петербург, 1833. Кн. 1–2. С. 214. Ст. 679). Паводле “Уложения о наказаниях” 1845 г. азначэнні грабеж і разбой крыху змяніліся. У артыкуле 2139 грабяжом лічылася: “во-первых, всякое у кого-либо отнятое принадлежащее ему или находящееся у него имущество с насилием или даже с угрозами, но такого рода, что если угрозы и сами насильственные действия не представляли опасность ни для жизни, ни для здоровья, или свободы такого лица; во-вторых, всякое хоть без угроз и насилия, но открытое похищение какого-либо имущества, в присутствии хозяина или других людей”. У артыкуле 2129 разбой вызначаўся наступным чынам: “признается всякое на кого-либо для похищения, принадлежащего ему или находящегося у него имущества, нападение, когда оное учинено открытою силою с оружием или хотя и без оружия, но сопровождалось или убийством, или покушением на оное, или же нанесением увечия, ран, побоев или других телесных истязаний, или такого рода угрозами или иными действиями от которых представлялась явная опасность для жизни, здоровья или свободы лица или лиц, подвергавшихся нападению” (Колмаков Д. А. История развития уголовного законодательства о грабеже и разбое // Вестник Тамбовского университета. Серия: Гуманитарные науки. Право. Вып. 11 (103). 2011. С. 374). Пакаранне за разбой і грабеж з гвалтам было практычна аднолькавае: “виновные подлежат лишению всех прав состояния, наказанию кнутом и ссылке в каторжную работу” (Свод законов уголовных. С.-Петербург, 1833. Кн. 1–2. С. 214, 226). Паліцэйскім чыноўнікам першай паловы ХІХ ст. складана было зрабіць размежаванне паміж разбоем і грабяжом з гвалтам, што адлюстравалася ў паліцэйскіх дакументах, дзе гэтыя паняцці выкарыстоўваліся як сінонімы. Зыходзячы з мовы дакументаў, а таксама з улікам асаблівасцей беларускай мовы паняцці разбой, грабеж і рабаванне выкарыстоўваюцца ў артыкуле сінанімічна.
[4] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 3557. Арк. 3адв.
[5] Тамсама. Арк. 4.
[6] Тамсама. Арк. 4–4адв.
[7] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 5804. Арк. 8.
[8] Тамсама. Арк. 8адв.
[9] Тамсама. Арк. 9.
[10] Тамсама. Арк. 9адв.
[11] Тамсама.
[12] Тамсама. Арк. 10.
[13] Тамсама. Арк. 10–10адв.
[14] Тамсама. Арк. 11адв.
[15] Тамсама. Арк. 11–11адв.
[16] НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 273. Арк. 2адв.
[17] Тамсама. Арк. 19адв.
[18] НГАБ. Ф. 299. Воп. 2. Спр. 3595. Арк. 55.
[19] Тамсама. Арк. 29.
[20] Тамсама. Арк. 19адв., 21(б).
[21] Тамсама. Арк. 19адв.
[22] Тамсама. Арк. 8.
[23] Тамсама. Арк. 88адв.
[24] Тамсама. Арк. 19адв.
[25] Тамсама. Арк. 8.
[26] Тамсама. Арк. 19адв.
[27] Шыман Канарскі (1808–1839) – удзельнік паўстання 1830–1831 гг., быў у эміграцыі ў Францыі. Нелегальна вярнуўся ў Расійскую імперыю і стварыў у Валынскай, Падольскай і беларуска-літоўскіх губернях таварыства “Садружнасць польскага народа” (1835–1838). У траўні 1838 г. быў арыштаваны і 27 лютага 1839 г. расстраляны ў Вільні.
[28] НГАБ. Ф. 299. Воп. 2. Спр. 3595. Арк. 8.
[29] Тамсама. Арк. 8, 20.
[30] Тамсама. Арк. 21(б).
[31] Тамсама. Арк. 21(б)адв.
[32] Тамсама.
[33] Тамсама. Арк. 22.
[34] Тамсама. Арк. 64, 78 адв.–79.
[35] Тамсама. Арк. 64.
[36] Тамсама. Арк. 78адв.
[37] Тамсама. Арк. 64–64адв., 78адв.–79.
[38] Тамсама. Арк. 88–88адв.
[39] Тамсама. Арк. 64.
[40] Тамсама. Арк. 79адв.
[41] Тамсама.
[42] Тамсама.
[43] Тамсама. Арк. 80.
[44] Тамсама. Арк. 80–80адв; Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 12040. Арк. 22.
[45] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 12040. Арк. 22.
[46] Тамсама. Арк. 97.
[47] НГАБ. Ф. 299. Воп. 2. Спр. 3595. Арк. 80адв.
[48] Тамсама. Арк. 86–88адв.
[49] Тамсама. Арк. 89.
[50] Тамсама. Арк. 86–86адв., 88адв.–89.
[51] Тамсама. Арк. 86–88.
[52] Тамсама.
[53] Тамсама. Арк. 87–87адв.
[54] Тамсама. Арк. 89.
[55] Тамсама. Арк. 87–87адв.
[56] Прабірная палата – установа для вызначэння якасці і колькасці каштоўных металаў (золата, срэбра, плаціны) у рудах, зліткахі вырабах, а таксама для накладання прабірнага кляйма на вырабы з пазначэннем колькасці частак чыстага золата і срэбра.
[57] НГАБ. Ф. 299. Воп. 2. Спр. 3595. Арк. 86–88.
[58] Тамсама. Арк. 80адв.
[59] Тамсама. Арк. 20.
[60] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 12040. Арк. 43адв.
[61] Тамсама. Арк. 44.
[62] Тамсама. Арк. 62.
[63] Тамсама. Арк. 62–62адв., 64.
[64] Тамсама. Арк. 62адв.
[65] Тамсама. Арк. 63.
[66] Тамсама. Арк. 87.
[67] Тамсама. Арк. 87адв.
[68] НГАБ. Ф. 1430. Спр. 14133, Арк. 56.
[69] НГАБ. Ф. 299. Воп. 2. Спр. 3595. Арк. 22.
[70] Тамсама. Арк. 19.
[71] Тамсама. Арк. 19–20.
[72] Тамсама. Арк. 5.
[73] Тамсама. Арк. 55–55адв.
[74] Тамсама. Арк. 69, 94–94адв.