Святлана Куль-Сяльверстава. Інвентары маёнткаў і старастваў як крыніца па гісторыі прыроднага асяроддзя Беларусі
Пры вывучэнні прыроднага асяроддзя акрэсленага рэгіёна асаблівае значэнне набывае інфармацыя пра яго мінулае. Яна становіцца адпраўным пунктам для вызначэння прычын адметных характарыстык глебы, пэўнага складу флоры і фаўны мясцовасцяў, якія здаўна знаходзіліся пад антрапагенным уплывам. У гэтым выпадку асаблівую каштоўнасць маюць дакументы, якія ўтрымліваюць апісанні прыродных рэсурсаў. Для беларускіх земляў такую інфармацыю можна знайсці ў крыніцах статыстычнага характару, гаспадарчых і фіскальных апісаннях, якія складаліся тут на працягу некалькіх стагоддзяў. Да падобных крыніц залічваюцца інвентары маёнткаў, як прыватнаўласніцкіх, так і тых, што належалі дзяржаве і царкве.
Узнікненне інвентароў на землях Вялікага Княства Літоўскага (далей ВКЛ) вызначаюць першай паловай XVI ст. Спачатку падобныя дакументы называлі попіс (вопіс) ці рэестр. Назва інвентар (ад лац. inventarium ‘вопiс’) з’явілася ў XVII ст. Да аграрнай рэформы 1557 г. (Валочнай памеры) інвентары былі з’явай рэдкай, да сёння захавалася толькі два такія дакументы [1]. Інвентары маёнткаў складаліся на беларускіх землях да сярэдзіны XIX ст. Найбольшая частка інвентароў, якія дайшлі да нас, датуецца канцом XVIII – першай паловай XIX ст. Выкарыстанне інвентарных апісанняў маёнткаў палягчаецца тым, што многія з іх былі надрукаваны. Першую грунтоўную публікацыю гэтых крыніц зрабіла Віленская археаграфічная камісія ў другой палове XIX ст.
У “Актах…”, якія яна выдавала, былі змешчаны інвентары маёнткаў усіх формаў уласнасці. Гэтая публікацыя і сёння застаецца адной з найбольш поўных і запатрабаваных [2]. Але трэба адзначыць, што археаграфічная якасць “Актаў…” не вельмі высокая і мае шэраг недахопаў. У публікацыі адсутнічаюць каментары, сцісла пададзена легенда, няма палеаграфічнага апісання крыніц. Складальнікі “Актаў…” дастаткова вольна абыходзіліся з загалоўкамі дакументаў, змяняючы часам назвы мясцовасцяў, прозвішчы ці нават разнавіднасць дакумента. У публікацыях інвентароў, пра якія ідзе гаворка ў гэтым артыкуле, ёсць усе названыя заганы. У сувязі з гэтым аўтарка палічыла мэтазгодным пазначаць цытаваныя дакументы паводле арыгінальных загалоўкаў. Некалькі інвентароў прыватных уладанняў былі надрукаваны беларускімі археографамі ў савецкі час [3].
Інвентары да сярэдзіны XIX ст. не былі абавязковым дакументам. Іх складанне абумоўлена рознымі прычынамі. Найчасцей вопіс маёнтка, у тым ліку дзяржаўнага ўладання, рабіўся пры перадачы яго ў арэнду. Інвентар быў неабходны таксама ў выпадку перадачы ў спадчыну, калі рабіўся падзел маёмасці, або ў выпадку продажу ці абмену маёнтка. У дзяржаўных уладаннях інвентары складаліся ў час рэвізій, якія маглі праводзіцца для акрэслення ўзроўню прыбытковасці дзяржаўнага маёнтка ці спраўджання эфектыўнасці кіравання трымальніка дзяржаўнай уласнасці. Соймавай пастановай 1562 г. была вызначана перыядычнасць рэвізій дзяржаўных уладанняў – раз на пяць гадоў, а соймавая канстытуцыя 1601 г. рэгламентавала сам парадак арганізацыі інвентарных апісанняў [4]. У сувязі з мэтамі складання інвентароў у іх заносілася інфармацыя толькі пра тыя аб’екты, рэчы, з’явы і людзей, якія маглі прынесці прыбытак ці страты маёнтку. Для складання інвентару прызначаліся асобы, упаўнаважаныя ўладальнікам. У дзяржаўных маёнтках гэта маглі быць дзяржаўныя ўраднікі. Інвентары пасля іх складання мусілі быць завераны пячаткамі і подпісамі складальнікаў; у прыватнаўласніцкіх маёнтках – унесены ў земскія або гродскія кнігі для рэгістрацыі і натарыяльнага пацверджання.
Па ўзроўні інфармацыйнасці інвентары можна падзяліць на поўныя і кароткія. Поўныя давалі апісанне ўсіх рэсурсаў, кароткія – толькі ворыўных земляў і павіннасцяў сялян. Інфармацыйнасць інвентароў змянялася на працягу стагоддзяў, найбольш поўнае апісанне рабілася ў XVIII ст., калі ў рэестр не толькі ўносілася зямля і прыгонныя сяляне, але і падрабязна апісваліся жывёлы і птушкі, як маёнткавыя, так і сялянскія, дадаваліся разнастайныя табліцы з інфармацыяй пра прыбытак і падаткі, у рэестр заносілася апісанне лясоў, корчмаў, ставоў і г. д.
Інвентары складаліся на старабеларускай і польскай мовах, у XVIII ст. пераважаюць польскамоўныя дакументы з дадаваннем лацінскіх выразаў.
Для вывучэння біяразнастайнасці, а таксама лакалізацыі даўніх паляўнічых угоддзяў, месцаў лоўлі рыбы ці іншых прыродных рэсурсаў каштоўнасць маюць некалькіраздзелаўінвентароў: апісанне сельскагаспадарчых і лясных угоддзяў; пазначэнне месцаў міграцыі звяроў і месца іх рассялення; апісанне свойскай жывёлы і птушкі, маёнткавых садоў і гародаў; змест сялянскіх павіннасцяў. Цікавую і карысную інфармацыю можа даць таксама вызначэнне межаў асобных фальваркаў, вясковых ворыўных земляў і сенажацяў, іншых зямельных рэсурсаў.
У артыкуле разгледжаны матэрыялы інвентароў, якія пераважна паходзяць з этнічна беларускіх земляў. У некаторых выпадках геаграфічныя межы пашыраны, каб паказаць характэрныя для ВКЛ спосабы адлюстравання звестак аб прыродных рэсурсах (інвентары Рэтаўскага і Палангенскага старастваў). Зроблена спроба паказацьадметныя рысы апісання прыродных рэсурсаў у інвентарах, вызначыць яго карыснасць для вывучэння гісторыі прыроднага асяроддзя Беларусі, а таксама звярнуць увагу даследчыкаў на патэнцыял гэтых крыніц для вызначэння кірункаў прыродаахоўных дзеянняў.
У абагульненым выглядзе інфармацыя аб прыродныхрэсурсах маёнткаў, у тым ліку флоры і фаўны, выглядае наступным чынам.
Глеба. У інвентарах якасці глебы, яе колькасці і прызначэнню аддавалася вялікая ўвага. Апісанне земляў рабілася паводле нормаў, прынятых у ВКЛ – выкарыстоўваліся своеасаблівыя параметры зямельнага кадастру, спецыфічныя зямельныя меры.
Для ацэнкі ўрадлівасці ворыўнай зямлі найчасцей ужываюцца тэрміны “добрая”, “сярэдняя”, “подлая” і “зусім подлая” – крытэрыі, найбольш распаўсюджаныя ў ВКЛ пры таксацыі зямлі ў фіскальных мэтах. Характарыстыка глебы выглядае наступным чынам: “tego morgow [5] 6, to jest ziemi oranej gruntu podłego” [6]; “Siolo Szyliani, w tym sele włok iedynascie gruntu sredniego” [7]; “morgow siem, prętow piętnascie gruntu dobrego… pola morgow dziewięć, prętow pięć gruntu srzedniego z podłym” [8]. Часам даваліся больш падрабязныя звесткі пра магчымы прыбытак з зямлі ці называліся культуры, якія больш да яе падыходзілі: “Całe Trybiłły leżą pomiędzy borami, mają grunt piaszczysty i kamienisty nie urodzajny” [9]; “Grunta tego starostwa w części większej są piaszczyste, a w części dla niużytnosci odłogiem leżą, pod zasiew zaś żytni dosyć są dobre, jarzyna zaś rzadko kiedy rodzi ktore pod grykę więcej, a niżeli pod inne jarzyny używają się” [10].
У XVIII ст. пачаліся спробы паляпшэння глебы шляхам узмацнення ўгнаення і меліярацыі. Так, у Палангенскім старастве сялянам загадвалася “Grunta na włości, gdzie się nayduią mokre, przez co w czas chłopi nie mogą, a per consequens z takich gruntów małe urodzaje bywają, tedy ustanawiam, aby na gruntach takowych rowy kopali dla ściągnienia wody y dla lieprzego urodzaju i pożytku” [11]. У інвентары маёнтку Дубоя Пінскага павета, які належаў езуітам і быў складзены ў 1772 г., пазначалася: “Obszar uroczyszczem Bonda, połowa gruntu nawoznego pod jarzynę zgodnego, a połowa piaszczystego teraz pod żytem…” [12], у апісанні Равяціцкага ключа ў Пружанскім павеце шмат разоў адзначалася дрэнная якасць зямлі і неабходнасць капаць равы для яе асушэння [13].
Пад час працы з інфармацыяй пра памеры зямельных участкаў неабходна ўлічваць разнастайнасць зямельных мер, якія ўжываюцца ў інвентарах. Апрача стандартных для ВКЛ і Кароны валок, моргаў, прэнтаў і шнуроў, на ўсходзе беларускіх земляў выкарыстоўвалася таксама старажытная мера – куніца. Часам, асабліва пры апісанні сенажацяў, зямельных надзелаў, можна сустрэць меры аб’ёму – вазы сена, бочкі збожжа, якое можна пасеяць на пэўным участку зямлі або сабраць з яго.
Інфармацыя пра землекарыстанне і якасць глебы, якую ўтрымліваюць інвентары, мае практычнае значэнне, бо дазваляе прасачыць гісторыю асобных зямельныхучасткаў, вызначыць, якім чынам стварыліся тыя ці іншыя іх уласцівасці. Нягледзячы на недакладнасць лакалізацыі надзелаў (межы – “рэзы” –пазначаюцца найчасцей з аднясеннем да іншых уладанняў, арыенціры за некалькі стагоддзяў страчаны), у агульных рысах можна вызначыць знаходжанне ў сучасным прыродным асяроддзі старадаўніх ворыўных земляў і іх стан на час складання інвентару.
Спецыяльна пазначаліся сенажаці, выганы, лугі, акрэсліваліся іх межы і ўмовы выкарыстання. Так, у інвентары Бабруйскага маёнтка сярэдзіны XVI ст. зафіксавана вялікая колькасць сенажацяў на астравах Бярэзіны, Бабра ды іншых рэк і азёр.
Водныя рэсурсы. Водным рэсурсам маёнткаў аддавалася асобная ўвага, бо з імі былі звязаны прыбытковыя галіны гаспадаркі – рыбалоўства і рыбаводства, водныя млыны, бровары і інш. У інвентар уносіліся рэкі, ручаіны, азёры, балоты і сажалкі. Пры апісанні рэк і азёр пазначаліся сенажаці, наяўнасць млына, месцы для рыбнай лоўлі – “тоні”, умовы рыбнай лоўлі для сялян і іншых насельнікаў маёнтка: “Jezioro Paryskie nazwane Użaj, w nim toni 2” [14]; “Wyspy na jeziorze Plotelskim, jakie dla dworu wykorzystują i orą: pierwsza wyspa naprzeciw wyspy Urynkajtew morgow trzy, prutow dwa… Jeziora do tego dworu nalierzące, takie: Ploteli, Sajki, Lowmy, Berzory, Zedy, Jeszno; młyn i staw na rzece Berzoi z jednym kołem” [15]. Вадаём быў абавязковым элементам кожнага маёнтка, двара, фальварка. Калі побач з дваром не было натуральнага возера, рэчкі ці ручая, абавязкова капалася штучная сажалка (ці нават некалькі). На такіх вадаёмах будавалі млыны, бровары, часам у іх разводзілі рыбу.
Гаспадарчую каштоўнасць мелі таксама балоты. Іхвыкарыстоўвалі для сенажацяў. Пры апісанні пазначалі межы балота, а таксама часам колькасць сена, якое на ім касілі. Інвентар маёнтка Таўрогін віленскага біскупа ў Браслаўскім павеце, складзены ў 1790 г., так апісвае мясцовае балота: “Bloto wielkie pod wsią Iwaniszkami leżące, rowami okopane” [16]. Інфармацыя пра балоты можа даць каштоўныя звесткі для вывучэння гісторыі асобных экасістэм, у тым ліку ў нацыянальных парках. Так, даволі поўнае апісанне балот, якія сёння ўваходзяць у ахоўную зону “Натура 2000” у Нарвянскім нацыянальным парку ў Беластоцкім ваяводстве Польшчы, захавалася ў інвентары горада Нарвы за 1560 г. У гэтым дакуменце нават вызначаны асобны падраздзел “Błota puste, nikczemne przy miescie Narewskim”, дзе зафіксаваны межы і стан балот. “Jedno błoto leży końcem jednym w koncie włok Kulasowskich, drugim koncem do drogi Zimnej, bokiem jednym ku siolu Zygmontowu, drugim bokiem do sciany woyta Narewskiego y do włok Narewskich, włok 20/20. Drugie puste błoto nikczemne leży iednym koncem ku drodze Kullassowskiey, drugim kоncem do włok Narewskich na Makowce, bokiem jednym w koncu włok Kullasowskich, drugim bokiem u Perechoda, włok 8/3/20” [17]. Балоты, паводле апісання, лічыліся “ніякімі”, “пустымі” (“nikczemnуmi”) у выпадку, калі на іх не было сенажацяў.
Інфармацыя пра балоты, іх межы і магчымасці выкарыстання, якая ёсць у інвентарах, набывае асаблівую каштоўнасць з улікам меліярацыйных работ, што праводзіліся ў Беларусі на працягу некалькіх стагоддзяў, а асабліва шырока разгарнуліся ў савецкі час. Многія балотныя комплексы ў сувязі з гэтым страчаны. Сёння прызнана каштоўнасць балот для захавання прыроднага балансу, існуюць праграмы іх захавання ці аднаўлення. У 1999 г. Беларусь далучылася да Рамсарскай канвенцыі, у спіс ахоўных водна-балотных рэсурсаў было ўнесена 8 адзінак, ідзе актыўнае вывучэнне іншых беларускіх балот. Матэрыялы інвентароў у сувязі з гэтым дапамагаюць аднавіць гісторыю асобных балотных комплексаў, лакалізаваць і акрэсліць межы страчаных, вызначыць месцы магчымых радовішчаў торфу.
Флора. Апісанне расліннасці – адна з найбольш інфармацыйна насычаных частак інвентароў. Па форме зафіксаваныя звесткі можна падзяліць на некалькі груп: апісанне лясных угоддзяў (лясы, пушчы, гаі і інш.); згадка асобных дрэў ці відаў дрэў; апісанне сельскагаспадарчыхраслін, якія вырошчваліся ў маёнтку, у тым ліку ў садахі на гародах; пералік прадуктаў расліннага паходжання, ягад, грыбоў, арэхаў і да т. п. у сялянскіх павіннасцях, справаздачах аб продажах ці пастаўках на панскі, каралеўскі ці святарскі стол.
Апісанне лясных угоддзяў часта абмяжоўваецца пазначэннем іх межаў і акрэсленнем плошчы. У інвентарах асобна ідэнтыфікуюцца пушчы, лясы і гаі. Пры гэтым найчасцей крытэрыем такой дыферэнцыяцыі служыцьпамер лясных угоддзяў. У некаторых выпадках пазначаецца характар лесу – дуброва, асіннік, бярэзнік і інш. Звычайна акрэслівалася, хто і як можа карыстацца лесам, браць дрэвы на пабудову і на дровы. У XVIII ст. у інвентарах з’яўляецца ацэнка ступені таварнасці лесу: “las zaś mają borowy, lecz jusz znacznie zniszczony, wycięnty, jednak drzewa na budowe nieco znajduie się zgodnego” [18].
“Puszcza Retowska jest znaczna i welkiej obszernosci, różnemi ciągnąca sią mieyscami, która w obszernosci swojey dostatecznie się opisać nie może, iż zafundowane wsie jej przecinają. W tej puszczy drzewa różnego gatunku, a naywięncey jodły podostatku znayduie się, że mieyscami inne się nie miesza drzewo, jak tylko same jodły, a mieyscami brzozy, osiny, klony, lipy, dęby etc. W którey to puszczy wyrabiać się mogą potasze, smilcugi, huty y fundować się tartaki, lecz tarcice jodłowe tyle być mogą, gdyż sosny zgoła nic w całey niema puszczy” [19].
Правядзенне Валочнай памеры, якое на беларускіх землях расцягнулася амаль на стагоддзе, прадугледжвала, у першую чаргу, вымярэнне і таксацыю земляў, пазначэнне межаў асобных уладанняў ці асобных надзелаў унутры маёнткаў і старастваў. Межы фіксаваліся не толькі на паперы, але і на тэрыторыі. Межавыя знакі былі разнастайнымі. Каморнікі маглі выкарыстоўваць натуральныя прыкметы – мяжа балота ці лесу, ручай, бераг ракі і інш. Калі натуральнага рубяжа не было, маглі насыпацца ці складацца з камянёў межавыя капцы. Вельмі часта для межавых знакаў выкарыстоўваліся дрэвы, на якіх рабіліся зарубкі. Для гэтай мэты звычайна выбіралі вялікія, моцныя і высокія дрэвы. Як правіла, гэта былі дубы, ва ўсякім выпадку, менавіта яны найчасцей згадваюцца ў межавых актах ці ў апісанні межаў маёнткаў. Аналіз такіх межавых знакаў дае магчымасць не толькі пашырыць веды пра распаўсюджанне відаў дрэў у розных рэгіёнах, але і часам акрэсліць узрост старых дрэў ці вызначыць месца, дзе раней раслі тыя ці іншыя віды. Прывядзем некалькі прыкладаў апісання падобных межаў. Так, рубяжы зямлі аднаго з гаспадарстваў у межах маёнтка Нарвы, а таксама пушчы каля мястэчка акрэсліваліся наступным чынам: “Drugi zascianek, uroczyszczem Wiazwin, leży koncem iednym do puszczy miejskiey Narowskiej, drugim koncem do puszczy teyże mieyskiey, którego iest morgow 8/8 gruntu podłego”; “Puszczy miasta Narewskiego, która leży koncem iednym do rzeki Narwi, drugim koncem do granicy Hwozninskich boiar po rzekę Chwozną, bokiem iednym do włok miasta Narewskiego, drugim bokiem do granicy iego królewskiej mości pana Hrehora Chotkiewicza, pana Trockiego, imienia iego Zabłudowa; tey puszczy włok 53/10/10” [20]. Пры размежаванні ў 1591 г. земляў, якія належалі Барысаглебскаму гродзенскаму манастыру ў ваколіцах Гродна, у якасці межавых дрэў абіраліся сосны, бо менавіта іх там было шмат [21]. Пры вызначэнні ў 1592 г. межаў маёнтка Кена ў Віленскім павеце ў якасці межавых знакаў выкарыстоўваліся пазначэнні на соснах, елках, бярозах і дубах. Мяжой служыў таксама плот з вербалозу. Уладальнік маёнтка зямянін Яраш Вістыцкі, апісваючы межы, спецыяльна пазначаў якасць лесу, пароды дрэў (“цёмны ліпавы лес”, “сасна значная” “дубы старажытныя” і г. д.), згадваючы, між іншым, што ў адной з велізарных межавых соснаў ягонымі службоўцамі была зроблена “сковорода” – агнішча і месца для адпачынку [22].
Звесткі з інвентароў пра лясныя ўгоддзі і асобныя дрэвы маюць важнае значэнне для вывучэння гісторыі расліннага свету беларускіх земляў. Яны дазваляюць прасачыць дынаміку змен у размеркаванні і стане лясныхрэсурсаў у сувязі з антрапагенным уздзеяннем, а ў некаторых выпадках – акрэсліць узрост помнікаў прыроды ці лясных комплексаў.
Цікавую інфармацыю даюць апісанні садоў і гародаў у маёнтках. Паводле такіх звестак можна прасачыць змены ў прыярытэтах пры вырошчванні палявых, агародных і садовых культур, адзначыць дынаміку пашырэння іх разнастайнасці. Дамінаванне тых ці іншых культур у асобных гаспадарствах залежала ад некалькіх фактараў, найбольш істотнымі сярод іх былі прыродныя ўмовы (якасць глебы, надвор’е), але важную ролю выконвала таксама заможнасць гаспадароў, а ў XVIII ст. –патрэбы рынку.
Звычайныя палявыя культуры ўXVI–VIII ст. –жыта, ячмень, авёс іпшаніца, для іх актыўна выкарыстоўвалася трохполле. Раслі таксама грэчка, проса, лён і каноплі. Больш разнастайныя гароды, пры тым прасочваецца павелічэнне лічбы агародных культур ад стагоддзя да стагоддзя. Уяўленне пра палявыя і агародныя культуры, якія былі звычайнымі ў гаспадарках у XVI ст., дае інвентар Рудамінскай плябані за 1571 г. У ім, у прыватнасці, адзначаецца наступнае. “Jęczmieniu posiano becz. 3 na ogrodzie wielkim… Tam że posiano jarzicze becz. 11/2. Na tem że ogrodzie posiano owsa becz. 2. W them że ogrodzie posiano pssenicze becz. ½… Grochu siewalnią posiano… Prosa poł rzeszotha posiano. ..na trzecim ogrodzie w thilie pliebaniiey ku rzecze Rudominie: marchwie grząd 20, piotrusski grąd 4, cebuli grąd 5, maku s potrzebę, pasternaku grąd 12, cwikły grąd 5, a na drugiem miesczu cwkły szmath nie mały. Wysathkow: cebuli 15, czwikły 7, piotrusski 7, kapusthi gllow 4. W them że ogrorodzie na kapusthę, na rzepe ziemie iesth dostatek. W ogrodkach małych 3 pod sadi: rosadi grądek 5, maioranu grądek 3, salathi grądek 3, fiolkow grądka 1, cząbru grądka 1, rzepy rannej zagony 2 wielkie” [23].
У XVII ст. да звычайных для гэтага рэгіёна агародных культур дадаюцца новыя, прывезеныя з іншых краін, больш разнастайнымі становяцца віды. Гэта найперш датычыць магнацкіх маёнткаў. Так, у маёнтку Далятычы на Нёмане, які належаў Багуславу Радзівілу, быў, згодна з інвентаром 1652 г., вялікі гарод, які вылучаўся разнастайнасцю культур. Сярод іншых тут згадваюцца кроп італьянскі (“krop włoski”), агуркі, зялёны гарошак (“groch bezłuski”), які акурат набываў папулярнасць у еўрапейскай кухні дзякуючы англійскім кухарам, нут (“groch turecki”) і іншая гародніна [24]. У XVIII ст. нават у невялікіх маёнтках узнікалі гароды на падставе рэгулярных планаў, што было абумоўлена не толькі тагачаснай модай, але і гаспадарчымі меркаваннямі. На гародах, апрача гародніны, высяваліся тэхнічныя культуры для перапрацоўкі ў саміх маёнтках. Iнвентар маёнтка Дубяжына Бельскага павета, складзены ў 1795 г., занатаваў апрача звычайных агародных раслін таксама тытунь бакун (“tytuń bakun”), аніс і хмель. Апошні быў пасеяны на двух даволі вялікіх палях [25]. Да XVIII ст. хмель часцей збіралі ў лесе, хмелішчы мелі ўласніка і ахоўваліся законам. Статут ВКЛ 1588 г. спецыяльна агаворваў гэтыя правілы: артыкул 10 раздзела 10 прадпісваў за шкоду, нанесеную чужому хмелішчу, спаганяць з вінаватага 12 рублёў грошаў [26].
Згадваюцца і “ogrody włoskie”, або інакш „włoszczyzna”, – рэгулярныя, распланаваныя гароды з травамі і гароднінай. Звычайна там раслі морква, пятрушка, сельдэрэй, цыбуля, буракі, рэпа і капуста. Назву гародаў звязваюць з каралевай Бонай, якая распаўсюдзіла ў Польшчы і ВКЛ звычай больш шырокага выкарыстання гародніны і новыя віды агародных раслін. І сёння ў польскай мове тэрмінам “włoszczyzna” называюць традыцыйны набор гародніны пры гатаванні супоў і булёнаў.
Звычайным элементам маёнтка былі сады. У інвентарах згадваюцца найчасцей яблыні, вішні і грушы. Але прысутнічаюць, хоць даволі рэдка, слівы і чарэшні. “Подлѣ того двора садъ вышневый, яблони, груши, терешни, а посередь двора огородчик на краски, а въ немъ липа одна, а груша добрая” [27]; “w tym sadzie drzewo jabłoniowe, gruszkowe, wisniowe y tarnosliwy są” [28]; “Mędzy tymi ogrodami nie wielki fruktowy ogródek, w którym najdyje się drzew jabłoniowych sztuk dwadzieącia cztery y szpalerek niewelki z agrestuu y porzeczek usadzony” [29].
У XVIII ст. пачалі з’яўляцца прысядзібныя паркі, алеі, дзе высаджвалі даволі рэдкія для гэтых тэрыторый дрэвы, будавалі шклярні для экзатычных раслін. Згадкі пра такія элементы сядзіб сустракаюцца і ў інвентарах. Так, у маёнтку Катлова Наваградскага павета, які належаў Францішку Вайніловічу, быў закладзены невялікі рэгулярны парк з лісцёвымі і фруктовымі дрэвамі. “Ogrod w tyle domu rezydencyonalnego do przechadzki, mający w posrzod iedną wielką kwaterę, tej dwie linie frontowe osadzone swierhowym drzewem, a linie boczne z szpalerem podwoynym grabiną wysadzone; za szpalerami zaś z obydwóch boków są kwatery drzewem fruktowym zasadzone” [30]. Быў падобны парк і ў фальварку Радзішэўскім маёнтка Венграва ў Вількамірскім павеце: “Sad opuszczony, a którym drzewa jabłoni malo co się znayduie y to zdziczałe, żadnego nie czyni profitu. Około tego sadu z trzech stron w ieden rząd szpaler z lipy bardzo dużey wyniosłej , tey lipy, a parte wyciętych pniów ośm, zostaje sztuk sto trzydieście” [31].
Аб распаўсюджанні тых ці іншых раслін на пэўных тэрыторыях дае ўяўленне, апрача іншага, пералік натуральных павіннасцяў сялян. У іх побач са збожжам уваходзілі лён, каноплі, гарох, мак, а ў асобных рэгіёнах – грыбы, ягады і арэхі. Так, арэхі і грыбы павінны былі даваць на панскі двор сяляне фальварка Пештавяньскага ў Віленскім ваяводстве. Штогод ад 17 двароў, якія былі ў фальварку, гаспадары мусілі даць “grzybow wiankow siedemnascie, orzechow garcy siedemnascie” [32]; у маёнтку Вілейка, які належаў Віленскаму кляштару візітак, прыгонныя штогод давалі на двор адну капу грыбоў незалежна ад колькасці зямлі, якую трымалі [33], а ў Паніквах Пінскага павета з кожнай сялянскай гаспадаркі давалі ў фальварак штогод трыццаць грыбоў [34]. Віды грыбоў не агаворваліся, але можна меркаваць, што на панскі двор аддаваліся баравікі, як свежыя, так і сушаныя.
Безумоўна, больш шырокі і змястоўны матэрыял пра расліны, якія ў той час высаджваліся ў магнацкіх і шляхецкіх рэзідэнцыях, можна знайсці ў іншых крыніцах, найперш у апісаннях, якія датычаць палацава-паркавых комплексаў Радзівілаў у Нясвіжы, Браніцкіх у Беластоку, Тызенгаўза ў Гродне і інш. Аднак інфармацыя з інвентароў дазваляе прасачыць стан паркаў, садоў і гародаў у невялікіх маёнтках, убачыць ступень распаўсюджання тых ці іншых культур на больш шырокай тэрыторыі.
Фаўна. Інфармацыя рознай ступені падрабязнасці пра фаўну, а таксама пра паляванне, паляўнічыя ўгоддзі, рыбную лоўлю ёсць у розных частках інвентароў. Не кожны маёнтак, да прыкладу, меў рэсурсы для арганізацыі палявання; не кожны ўладальнік меў дастаткова сродкаў для ўтрымання разнастайных відаў жывёлы і г. д. Можна таксама заўважыць, што на працягу стагоддзяў роля палявання ў эканамічным жыцці маёнткаў зніжалася, гэта датычыць як панскай гаспадаркі, так і сялянскай. Таму, калі ў XVI ст. падрабязна апісваліся, да прыкладу, бабровыя гоны, месца пераправаў звяроў цераз рэкі або магчымасць і плённасць палявання, дык у XVIII ст. такія характарыстыкі сустракаюцца рэдка і датычаць, галоўным чынам, або дзяржаўных уладанняў, або маёнткаў буйных феадалаў.
Пры апісанні маёнткаў найбольшую ўвагу аддавалі тым прыродным рэсурсам, якія маглі прынесці прыбытак. Таму падрабязна і дакладна пазначалі колькасць і стан гаспадарскай і сялянскай жывёлы і птушак, апісвалі борці і вуллі, іх колькасць і знаходжанне, пералічвалі зарыбленыя ставы і віды рыбы ў іх. З меншай дакладнасцю з гэтай прычыны апісаны дзікія жывёлы – гэта рабілася толькі ў выпадку, калі паляванне было прыбытковай галіной гаспадаркі ці лічылася любімай панскай ці каралеўскай забавай.
Пчолы. Пчалярства складала важную галіну гаспадаркі, паколькі мёд, воск і іншыя прадукты, якое яно давала, былі надзвычай запатрабаваныя ў розных галінахэканомікі, у паўсядзённым жыцці. Найбольш старажытнай формай пчалярства было бортніцтва, а пераход да вуллёў, які пачаўся прыкладна ў XIV ст., так і не быў завершаны да канца XVIII ст. Бортныя дрэвы, колькасцьпчаліных сем’яў, прадукцыйнасць борцяў і вуллёў, іх прыналежнасць строга ўлічваліся. Борці былі пад аховай, захоп або пашкоджанне чужых бортных дрэў караліся. Палажэнні аб ахове ўласнасці на бортныя дрэвы былі ўнесены ў Статут ВКЛ 1588 г. у раздзел 10 “Аб пушчах, аб паляванні, аб дрэвах бортных, аб азёрах і сенажацях”. Паводле артыкула 3 забаранялася пад пагрозай штрафу псаваць чужое бортнае дрэва не толькі ў лесе, але нават у тым выпадку, калі борць, незалежна ад таго, ці ёсць у ёй пчолы, знаходзілася на чужой ворыўнай зямлі. Адначасова бортнікам дазвалялася хадзіць да ўласных бортных дрэў у чужы лес, не беручы пры тым паляўнічыя прылады [35]. За выкраданне пчол або мёду з борцяў і вуллёў паводле артыкулаў 13 і 14 раздзела 10 былі прадугледжаны выплаты да трох рублёў грошаў, а калі гэта здарыцца некалькі разоў – такога злодзея маглі пакараць горлам [36].
У інвентарах асобна ўлічваліся бортныя дрэвы, асобна – пчаліныя сем’і, звычайна пазначаўся від дрэва, на якім знаходзілася борць. Найбольшая колькасць борцяў згадваецца ў інвентарах XVI–XVII ст., у пазнейшых такія згадкі даволі рэдкія, што зразумела, зважаючы не толькі на пераход да пасечнага пчалярства, але і на распаўсюджанне цукру, іншых рэчываў, якія замянялі мёд і воск. Бортныя дрэвы, як можна меркаваць па матэрыялах інвентароў, размяшчаліся кампактна, у пэўных месцах, што было зручна для нагляду за імі. Так, да прыкладу, у Бабруйскім замку для борцяў былі выбраны астравы на Бярэзіне: “Przy tymże miescie ostrowow dwa, mianowicie Dobrzyczewski y Winnicki, w obudwuch są drzewa bartne ze pszczołami” [37]. Часцей выбіралі сасну або дуб: “Przy dwornym poletku pod Ogrodnikami sosny barciowe w łuhu” [38]; “Kuzma Zubowicz na siedem bezmenów drzewa bartnego sosny 24, dęb jeden, pszczół 2, Iwan Prijma na dwa puda 62 sosny, dębów 8, pszczół 4” [39].
Пчолагадоўля і збіранне мёду з бортных дрэў мела ў некаторых мясцовасцях характар асноўнага промыслу. Так, у канцы XVI ст. сяляне вёскі Пільковічы маёнтка Смаляны Аршанскага павета, які належаў Сангушкам, давалі ў год у якасці павіннасці ад 3 да 12 пудоў мёду (каля 45–180 кг) з адной гаспадаркі [40], а ў маёнтку Арэшкава Мікалая Служкі налічвалася 1004 бортныя дрэвы, з іх 94 – дубы [41].
Рыба. Згадкі пра рыбу ў інвентарах маёнткаў сустракаецца даволі рэдка і часта звязаны з апісаннем вадаёмаў, якія былі пры гаспадарскіх дварах. Ужо з XVIII ст. дастаткова шырока практыкавалася зарыбленне ставоў і сажалак рознымі відамі рыбы. Вадаёмы пры панскіхсядзібах былі абавязковым элементам гаспадарства: на іх дзейнічалі млыны, будаваліся лазні, ваду з іх выкарыстоўвалі ў гаспадарчых мэтах. Зарыбленне такіх вадаёмаў прыносіла дадатковы прыбытак. Часцей за ўсё для развядзення выкарыстоўвалі карпаў, але маглі быць і іншыя віды рыбы, традыцыйныя для беларускіх вадаёмаў – карасі, ліні, галаўні, шчупакі і інш. У некаторых маёнткахрыбаводства складала адну з важных частак прыбытку. Так, у Рэтаўскім старастве пры двары адміністратара і каля найбліжэйшых рэк было зроблена 11 сажалак, 10 з якіх зарыбленыя: “Staw pode dworem Retowskim na krynicy sytuowany z groblą, upustem y młynem, w którym ryby różne znajdują się, to jest karpie, karasie, głownie, liny, szczupaki i różna biała ryba. Sadzawek różnych nałych we dworze Retowskim, różne ryby mających, cztery. Staw na rzece Jurze w Zadwojnach, z groblą, upustem y mlynen, gdzie takoż różne ryby znajdują się… Sadzaweczka na krynicy pod wsią Wendegianami przy karczmie będąca, z grobelką, gdzie browar karczemny sytuowany, w ktorej karasiki małe znajdują się” [42]. У маёнтку Астравок-Ябланаўшчызна (сёння вёска Ябланёва) у Навагрудскім павеце зарыблены былі каналы, пракапаныя для злучэння маёнтка з Нёманам і для арашэння лугоў: “Pierwszy kanał, Wielki zwany, zarybiony karpiami – znajdują się też w tym kanalie i inne ryby – karasie, a osobliwie liny”, у меншым канале разводзілі шчупакоў, а ў сажалках побач – карпаў [43]. Гэтыя каналы, багатыя на рыбу, захаваліся да сёння. Падобным чынам выглядаў канал у маёнтку Дуболі Пінскага павета, які належаў езуітам: “Kanał czyli sadzawka kwadratowa w pastowniku, do ktorej woda z błota rowem ciągnie, od niej zaś row do rzeki Piny szszupakami y okuniami zarybiona” [44].
Менш інфармацыі пра лоўлю і віды рыбы даюць апісанні натуральных вадаёмаў, а таксама пералік сялянскіх павіннасцяў. Згадкі пра рыбу тут часцейшыя тады, калі рыбалоўства было важным промыслам або калі ў мясцовых вадаёмах вадзіліся каштоўныя віды рыбы.
У інвентарах часам агаворваліся ўмовы рыбнай лоўлі, вызначаліся месцы і час, калі гэта дазвалялася. У Бабруйскім старастве, дзе былі вялікія тэрыторыі пражывання баброў, на гэта звярталася асаблівая ўвага: “Wolno tesz iest mieszczanom bobrujskin łwienie ryb na rzece Berezinie obeima brzegami, poczynają z gury asz w niz tak daleko, jako granica Bobrujska wynosi, wszakż strzedz siętego mają aby szkody żdney w ieziorach z rzeki wstęnych, tak ż gonach bobrowych y w inszych łwuszkach przez nich nie był”. Забаранялася таксама лоўля рыбы пасля Пакроваў – праваслаўнага свята, якое прыпадае на 1 кастрычніка [45]. Тут жа вызначаліся месцы рыбнай лоўлі для кожнай вёскі, якая ўваходзіла ў склад стараства: “Łowy rybne na rzece Olsie, poczynając od łohy Poloza wprzek rzeki Olsy do drugiego łoha nazwanego Perewora, który wpadywa w Białe iezioro, a to iezioro im Berżancom z Luboszanskim siolem Stoiałami iest spolne… Łowy rybne na rzece Ole obiema brzegami, poczynaiąc od Rohowey przystani, asz do rzeczki Spierki, w tąż i na przаczonym ieziorze Zasuccu” [46].
Інфармацыя пра месцы і ўмовы лоўлі рыбы можа быцьсёння карысная для іхтыёлагаў і гідролагаў, бо ў інвентарах згадваюцца вадаёмы з рыбай, якіх ужо няма, або вадаёмы, дзе была рыба, а цяпер яе няма; часам фіксуюцца віды рыбы або месцы на рэках і азёрах, дзе быў багаты ўлоў, а сёння сітуацыя выглядае інакш. Меліярацыя і іншыя антрапагенныя ўздзеянні, а таксама ваганні клімату за стагоддзі змянілі гідралагічную карту Беларусі. Матэрыялы інвентароў могуць стаць крыніцай для дзеянняў па аднаўленні страчаных прыродных багаццяў.
Птушка. Даволі шмат інфармацыі пра свойскую птушку, яе разводзілі ў кожным маёнтку, а таксама ў сялянскіхгаспадарках, звычайна гэта куры, гусі, качкі, у панскіхдварах – індыкі. Да прыкладу, у маёнтку Сіманелішкі, які ў 1797 г., калі складаўся інвентар, адышоў да Прусіі, было “indykow siedm, gęi siedm, kaczek siedm, kokoszow cztyrnascie” [47]. Найбольшай разнастайнасцю відаў свойскай птушкі вылучаліся магнацкія маёнткі. Склад птушнікаў змяняўся на працягу стагоддзяў. Паказальна, што ў другой палове XVI – XVII ст. амаль звычайнай свойскай птушкай у магнацкіх маёнтках былі павы. Іх разводзілі і для прыгажосці, і для патрэбаў кухні. Наяўнасць паваў на птушыных дварах у гэты час была абумоўлена, перш за ўсё, модай на ўсходнюю экзотыку. Паводле інвентару маёнтка Багуслава Радзівіла Далятычы на Нёмане пры панскім двары было “Gęsi starych… dziewęć, indyk stary ieden, indyczek starych try, młodych indyczek szesnascie; pawow w Dolatyczach dwa, a w Wereskowie paw ieden” [48]. Павы згадваюцца таксама ў інвентары маёнтка Магільна Мінскага павета, які належаў Радзівілам – стары паўлін і пава былі ў адным з панскіх двароў, у іншым птушніку трымалі яшчэ пяць птушак – самца, самку і трох птушанят [49]. Сем паваў было ў маёнтку Русота ў 1581 г., які належаў Лаўрыну Войну [50]. На птушыным двары Русоты ў той час згадваюцца і журавы.
Пароды птушак, якіх трымалі пры маёнтках, не агаворваюцца. Гэта, аднак, не датычыць курэй. На мяжы XVI–XVII ст. пачалі пазначаць курэй “pospolitych”, “prostych”, “niemeckich”, “indyjskich”, сустракаецца згадка пра курэй „kołokockich” [51].
Дзікія птушкі і ўмовы палявання на іх рэдка згадваюцца ў інвентарах, але падобная інфармацыя ўяўляецца даволі цікавай. Паляванне на дзікіх птушак, у адрозненне ад палявання на жывёл, не было дакладна рэгламентавана. Сяляне маглі паляваць на гэты від дзічыны амаль без абмежаванняў, прытрымліваючыся межаў сервітутаў, пазначаных у інвентарах. Забарона датычылася толькі двух відаў – лебедзяў і сокалаў. Гэтыя птушкі знаходзіліся пад аховай закону. Статутам ВКЛ 1588 г. прадугледжвалася пакаранне за разбурэнне гнёздаў гэтых птушак ці прычыненне іншай шкоды. Артыкулам 8 раздзела 10 Статута прадпісвалася за псаванне сакалінага гнязда або выкраданне з яго маладых сокалаў спаганяць шэсць рублёў, а ў выпадку такой жа шкоды, нанесенай лебедзям – тры рублі [52].
Найчасцей сяляне лавілі цецерукоў, перапёлак і курапатак. Часам гэтыя птушкі ўключаліся ў павінасці сялян. Так, у маёнтку Вілейка, які належаў віленскім візіткам, было пазначана, што кожны падуладны двор “powinien dać po par dwadzieścia jarząbkow y po dwa głuszce. Imść pan ekonom, dozorujący tego, ma dać po funcie prochu y po pięć funtow szrotu każdemu” [53].
Паляванне на дзікіх птушак вялося рознымі спосабамі. Апрача агняпальнай зброі выкарыстоўваліся разнастайныя пасткі і сеткі, рабіліся шалашы для паляўнічых, каб пільнаваць дзічыну. Інвентар Палангенскага стараства ў раздзеле, прысвечаным паляванню, спецыяльна агаворвае паляванне на птушак: “Sideł po lasach nie ma się żaden ważyć stawić na ptastwo pod winą na dwor 10 bitych talarów y sto posterunków, czego leśnicze postrzegać mają” [54]. Умовы палявання і правы паляўнічых не толькі занатоўваліся ў інвентарах, але і прапісваліся ў дзяржаўным заканадаўстве. Артыкул 12 раздзела 10 Статута ВКЛ 1588 г. пазначаў адказнасць за пашкоджанне ці крадзеж паляўнічых прылад: за пашкоджанне паляўнічага намёта вінаваты плаціў тры рублі, а за пашкоджанне ці крадзеж сеткі на курапатак – рубель [55]. Пры лоўлі сокалаў выкарыстоўвалася г. зв. “перавесная” сетка, за яе пашкоджанне ці крадзеж вінаваты плаціў капу грошаў [56].
Жывёла. Жывёлагадоўля складала важную частку маёнткавай гаспадаркі. Свойскія жывёлы былі ў кожным маёнтку і амаль у кожнай сялянскай сядзібе. Інвентары ў пераважнай большасці ўтрымліваюць пералік буйной скаціны, якая была ў маёнтку, згадваюцца таксама авечкі, свінні і козы. У другой палове XVI ст. згадкі пра віды свойскай жывёлы ці хоць бы пра яе знешнія асаблівасці вельмі рэдкія. Найчасцей пазначаўся ўзрост і колькасць. Пазней такія апісанні сталі больш разгорнутымі. Так, да прыкладу, у маёнтку Русота, які належаў Юрыю Валовічу і месціўся ў Гродзенскім павеце, у 1556 г. было: “19 klacze, źrebięta i noworodki obecne 11, a bydła rogatego – woły 10, 26 krów i jałóweki, cielaki obecne nowonarodzone 8 i 11, 39 owiec, 12 świń” [57]. У інвентарах XVII–XVIII ст. згадваюцца пароды свойскай жывёлы або яе масць: “krowa z cielięcim białostrokata iedna, krowa ryża iedna, krowa gniada iedna” [58]; “krowy gniada łysa lat 10, czarna z podbrzuszem białym, ogon od końcu i tylne nogi białe lat 6, czarna lat 12, karogniada lat 6” [59]. У маёнтку Радзівілаў Магільна ў Мінскім павеце ў апісанні аборы зафіксаваны “alendarskie” (галандскія) свінні [60].
Апісанне дзікіх жывёл у інвентарах найчасцей звязана з вызначэннем умоўімесцаўпалявання. Звычайна пазначалася, ціёсць магчымасць паляваць іна якога звера. У інвентары Бабруйскага страства, да прыкладу, запісана, што ў большасці месцаў “lowy zwierzynne tylko przechodem”, “łowow zwierzynych oprocz przechodem żadnych nie masz” [61]; у апісанні Рэтаўскага стараства была наступная інфармацыія: “Ta puszcza ma w sobie ptastwa różnego rodzaju ku ludskiey służące wygodzie, y zwierzęta, jako to: rysie, kuny, łosie, sarny, niedzwiedzi, wilki i zaiącow podostatku” [62]. Падрабязна пра ўмовы палявання ў дзяржаўных і каралеўскіх уладаннях напісана ў іншай крыніцы, якая таксама можа разглядацца як інвентар – складзенай у 1559 г. старастам Рыгорам Багданавічам Валовічам “Рэвізіі пушчаў і пераходаў звярыных у былым Вялікім Княстве Літоўскім” [63].
Дапамога ў паляванні, ахова маёмасці гаспадара ад шкоды, якую маглі зрабіць звяры, уваходзіла ў абавязкі сялян і іншых падданых, што жылі на землях маёнтка: “Według starych ustaw powinni chłopi mieć sieci na wilki, a gdy dwór roskaże obławę uczynić, naią chłopi wszycy wyniść insimul [64] y miasteczka, ale żaden z nich niema się ważyć dla siebie obławy czynić, a który by nie wyszedł na obławę, winny na dwór 15 groszy powinien zapłacić” [65]; “в ловы ходить” [66]; “winni takze w lowy ylekolwiek potrzeba będzie” [67]; “siecie zwerzyne wedle potrzeby pezrez całą wlość z włoki osiadłey dostarczać maią i przez leśniczych oddawać” [68]. У некаторых мясцовасцях шкода ад дзікіх жывёл была настолькі значнай, што ў сялянскія павіннасці ўносіўся абавязак высякаць лес і хмызняк у ваколіцах вёсак і выпасаў, каб прадухіліць напады ваўкоў і лісіц на свойскую жывёлу і птушку. Так, у інвентар староства Тыркшле Цельшаўскага павета ў 1770 г. была ўнесена наступная павіннасць: “dzieją się wielkie szkody w oborze przez zwierza z lasów zarosłych koło pol y pastwisk, zabiegając, gdyby ten niegospodarny nieporządek y daley nie szerzył się, za dobrowolnym zgodzeniem się włości postanawia się, tak też y ogulnicy krom dni zwyczajnych latem do roboty, na wiosnę po trzy dni y iesieni po dni trzy szli do trzebienia” [69].
Паляванне на звяроў, як і на птушак, мела заканадаўча замацаваныя правілы і абмежаванні, якія датычыліся ўсіх жыхароў ВКЛ незалежна ад сацыяльнага статусу. Паводле Статута 1588 г. забаранялася паляваць на чужой зямлі; нават дабіваць параненага звера ці птушку, калі яны перабраліся ў чужы лес, было нельга. За забойства звера ў чужых угоддзях вінаваты мусіў выплаціцьуладальніку грошы (або нават мог апынуцца ў вязніцы). Нельга было ў час палявання псаваць збожжа на палях, час палявання быў абмежаваны ў адпаведнасці з рытмам сельскагаспадарчай працы [70].
Згадкі пра дзічыну, якую павінны былі даваць сяляне ў разлік павіннасцяў, дазваляюць вызначыць рэгіёны, дзе паляванне было адным з развітых і прыбытковых промыслаў. У адрозненне, да прыкладу, ад Белавежскай пушчы, дзе паляванне на буйнога звера, найперш на зуброў, забаранілі яшчэ ў XV ст., у некаторых іншых мясцовасцях сяляне, наадварот, мусілі пастаўляць дзічыну на панскі двор або выплачваць грошы ці іншыя прадукты ўзамен за яе. У маёнтку Цяпіна паводле інвентара 1591 г. ад кожнай сялянскай гаспадаркі ў дзвюх вёсках штогод на панскі двор павінен быў давацца адзін заяц незалежна ад колькасці зямлі, якая была ў трыманні (усяго выходзіла 17 зайцоў, бо вёскі былі невялікія) [71]. У некаторых буйных маёнтках і стараствах паляванне даручалі спецыяльна прызначаным паляўнічым, вызваляючы іх ад іншых павіннасцяў. “Lesnicze, uwalnniaiący się od powinności i gwałtow, co rok po dwie sztuki zwiera wielkiego starać się mają, w dosledzeniu utajonego zwierza niewerności karę publiczną odbiorą y woła na skarb dać wedle danych ustaw powinni… który by z lesniczych ubił wielkiego zwierza, temu złotych cztery y garca dwa wódki naznaczy się” [72]. Умовай дазволу сялянам паляваць у маёнткавых паляўнічых угоддзях быў абавязковы продаж упаляванай дзічыны ўладальніку ці адміністратару. Часам нават вызначалася цана трафеяў, звычайна ніжэйшая за рынкавую. Так, у Бабруйскім старастве згодна з інвентаром існаваў наступны парадак продажу паляўнічых трафеяў: “Zwierza wielkiego acz w tym starostwie nie masz, asz tylko czasem przecodem, gdy się jednak trafi, ważyć się gobić sami poddani nie maię bez wiedomości urzędowej, ale loś, sarna na pana dzierżawcę, inszy drobnieyszy zwierz na poddane, takim iednak… sposobem, że wprzod go na urzędzie okazać y tam go, będzie tego chciał urząd, przedać kożdy z poddanych powinien. A urząd kupuiąc wilka po groszy cztyrdziestu, lisa po groszy cztyrdziestu, kunicę po groszy dwudziestu cztyrech poddanym płacić powinie będzie” [73].
Асобная галіна паляўнічага промыслу – бабры. Апісанні бабровых гонаў у вялікай колькасці інвентароў, асабліва тых, якія складзены ў XVI–XVII ст., дазваляюць акрэсліць арэал і шчыльнасць пашырэння гэтага віду на беларускіх землях у мінулым. Такая інфармацыя асабліва важная, зважаючы на імкненне біёлагаў рэгуляваць рост папуляцыі баброў і іх распаўсюджанне ў сувязі з змяншэннем колькасці балот і зменамі ў лакалізацыі і напаўненні вадаёмаў, выкліканымі меліярацыяй.
Значэнне палявання на баброў як пашыранага на беларускіх землях промыслу выклікала з’яўленне спецыяльныхартыкулаў у дзяржаўным заканадаўстве, дзе пазначаліся не толькі ўмовы палявання на гэтых жывёл, але і меры па ахове месцаў іх рассялення. Статут ВКЛ прадугледжваў, між іншым, адлегласць заворвання земляў каля бабровых гонаў (не бліжэй, чым кінуць камень), абмежаванне кашэння травы побач з імі (на адлегласць кія) [74]. Тэрыторыі бабровых гонаў у інвентарах дакладна пазначаліся; акрэслівалася, жыхары якіх населеных пунктаў маюцьправа там паляваць. Асабліва вялікія пасяленні баброў былі ў Бабруйскім старастве. Значная частка яго інвентару, прысвечаная апісанню прыродных рэсурсаў, складаецца менавіта з пазначэння межаў бабровых гонаў і іх прыналежнасці. Падамо некалькі ўзораў такіх запісаў: “a gony bobrowe na teyże rzece Berezinie iednym brzegiem od uscia Peredzielskigo do urоczyszcza Sielilowa na trszy wiarsty, a w drugim zaś mieyscu na teyże rzece Berezinie iednyn brzegien od uroczyszcza Uzwołoki do uscia rzeczki Dusionki na mile” [75], “gony bobrowe na rzece Horodeczney od pruda Zubarewskiego do uscia rzeki Pticza obiema brzegami na dwie wiarscie” [76] ; “Gony bobrowe na rzece Pticzu wniz iednym brzegiem na sześć wiarst, a drugim brzegiem tylko na pięć wiarst” [77].
Найбольш каштоўнымі былі чорныя бабры, футра якіхвыкарыстоўвалася для каўняроў і шапак. Літоўскі статут прадугледжваў розную велічыню штрафу за забойства на чужой тэрыторыі чорнага або рыжага бабра: за першага плацілі 4 капы грошаў, за другога – дзве [78].
Сялянам дазвалялася паляваць на баброў, але, як і ў выпадку з буйнымі паляўнічымі трафеямі, яны мусілі прадаваць іх уладальніку ці арандатару па цане, не большай за рынкавую. Часам у інвентары продаж упаляваных баброў уключаўся ў сялянскія павіннасці. У Кобрынскім маёнтку бабровыя гоны былі на рэках Свіслачы і Талі. У сялянскую павіннасць уваходзіла не толькі ўдзельнічаць у паляваннях на баброў, але і штогод даваць іх у якасці падатку на двор, або, калі ловы будуць няўдалымі, плаціць восем коп грошаў [79].
Умовы палявання на баброў спецыяльна агаворваліся ў інвентарах. Да прыкладу, пазначалася, што ў маёнтку Бобр Станіслава Паца ў ваколіцах Шклова ў 1573 г. паляваць на баброў у маёнткавых уладаннях могуць толькі яго сяляне, калі ж здарыцца, што баброў выганяць у ваколіцы мястэчка і мяшчане іх заб’юць, тады па дамове з уладальнікам мусяць падзяліць упаляваных звяроў, “a ostatek im podług szaczunku pieniędzmi splacaią” [80].
Колькасць баброў, якіх здабывалі штогод, у некаторых маёнтках спецыяльна агаворвалася. У маёнтку Смальняны Аршанскага павета (уладальнік Андрэй Сангушка) было дзве ракі Сітна і Віркіта, там існавалі бабровыя гоны. У 1594 г. на панскі двор былі прынесены два рыжыя бабры [81].
У інвентарах даволі часта сустракаюцца матэрыялы, звязаныя з аховай прыроды. Найчасцей гэта абмежаванне высечкі лесу сялянамі, забарона лавіць рыбу без дазволу, паляваць на звяроў, якія мелі прамысловы характар ці былі аб’ектам панскага палявання. Так, у інвентары Бабруйскага замка прадпісвалася наступнае: “Rybakow dziesiąciu, których sobie iegomość pan starosta obierze, ustamowić ma, tym po wszystkich ieziorach zamkowych y wołosnych łowienie ryb wolne będzie, za czym ci na piątki, soboty i insze postne dni s potrzebę do zamku ryb dodawać mają, a inszym wszystkim nienaleznym do jezior pomienionych wstępu mieć nie wolno” [82]. У 1581 г. пры інвентарызацыі маёнтка Трабы Ашмянскага павета, які застаўся пасля смерці яго ўладальніка Гаштаўта, асаблівую ўвагу звярнулі на каштоўнасць паляўнічых угоддзяў мясцовай пушчы. У інвентары, між іншага, гаварылася: “Grunt y las Bindzyszki, aż do Gastu y Ganow gruntow, skąt swoy początek granica pierwsza wzieła, y kopce są namienione y uczynione. A ten grunt w tych puszczach wolny, dawnych wiekow na Traby nalieżący, a ni z kim nie spolny; w ktorych puszczach wolno zwierza wszelakiego busieciami strzelać, w rzekach ryby łowić, iakoż strzelcow i lesniczych, rybakow ustanowiłem y tymże lesniczym, strzelcom i rybakom tey puszczy od chłusownikow i nachodcow, cudzych ludzi, także hultaiow, upadywaiących pilnować pod srogim karaniem” [83]. Арганізацыя спецыяльнай лясной стражы і прызначэнне паляўнічых, якія маюць права паляваць у маёнткавыхугоддзях, з другой паловы XVIII ст. набыло даволі шырокае распаўсюджанне ў буйных маёнтках і стараствах. Падрабязную інструкцыю для лясной стражы ўтрымлівае не толькі інвентар Трабаў, але і інвентары Рэтаўскага, Палангенскага ды іншых старастваў. Захады па ахове прыроды не мелі характару праэкалагічных дзеянняў – гаворка ішла толькі пра ахову правоў землеўласніка на прыродныя багацці маёнтка.
На працягу стагоддзяў пры кіраванні маёнткамі вырашалася дылема: ці захоўваць лясы і магчымасць палявання, ці павялічыць за кошт іх высечкі ворыўныя землі і перапрацаваць або прадаць высечаны лес. Жаданне ўзняць таварнасць гаспадаркі шляхам вытворчасці большай колькасці таварнага хлеба і лесапрадуктаў урэшце пераважала. Звядзенне лесу пад ворыўныя землі пачало набываць масавы характар з другой паловы XVI ст. Так, у Кобрынскім старастве частка земляў аддавалася ў трыманне мясцовай шляхце. У другой палове XVI ст. у арандаванай вёсцы Шарчэва была павялічана колькасць засценкаў і ворыўнай зямлі пры іх да такой ступені, што гэта пачало шкодзіць паляванням і заўважна адбілася на стане паляўнічых угоддзяў: “A nowych zasciankow, ktore za pana Pruszczynskiego w puszczy wyrobiono, co p. Starosta bydź z wielką szkodą puszczy, dla przechodu zwierza do puszczy glownieyszych, morg. 65” [84]. Лясныя ўгоддзі змяншаліся таксама ў сувязі з развіццём вотчынных мануфактур, перапрацоўкай дрэва на тартаках, вырабам дзёгцю і паташу. У другой палове XVIII ст. паляванне як спосаб баўлення вольнага часу пачало страчваць прывабнасць у шляхецкім асяроддзі. Эпоха Асветніцтва прынесла новыя ідэалы і захапленні; паляванне не ўпісвалася ў асветніцкую карціну дасканалага грамадства і ідэальнай асобы. Гэта прасочваецца і па матэрыялах інвентароў. Калі ў XVI ст. абавязковай была згадка пра наяўнасць дзічыны і магчымасць палявання, то інвентары другой паловы XVIII ст. такую інфармацыю даюць рэдка і ў сувязі з абавязкамі паляўнічых ці лясной службы.
Яшчэ адзін важны рэсурс, які ўтрымлівае апісанне прыроднага асяроддзя ў інвентарах, – тапонімы і гідронімы. Спецыфіка крыніцы робіць гэты рэсурс надзвычай багатым. Інвентары фіксавалі прыналежнасць угоддзяў, а таксама іх межы. Дакладнасць фіксацыі дасягалася, апрача іншага, шляхам згадкі традыцыйнай назвы месца. Калі ворыўныя землі фіксаваліся з дапамогай імя ўладальніка ці трымальніка, дык астатнія ўгоддзі – сенажаці, лугі, тоні, гаі, лясы, балоты, ручаі, крыніцы і г. д. – пазначаліся, за рэдкім выключэннем, мясцовай назвай. Так, межы маёнтка Кена ў Віленскім павеце праходзілі праз урочышчы Садунішкі, Жуболіс, Звярынец і Павайшэліс, балота Лаварыскае (іначай яго называлі Ройст), сенажаці Новыя Доры і Палуееўская, а таксама Лаварыскую пушчу [85]. Пры апісанні межаў Равяціцкага ключа ў Пружанскім павеце згадваюцца, між іншым, “сцяна” (мяжа) Ціханоўская, ручаі Оса і Вінінка, Вашчанская сенажаць, рэчкі Чарацяна і Вянец [86]. Большая частка гэтай мікратапанімікі сёння страчаная. Матэрыялы інвентароў даюць магчымасць яе аднавіць, прывязаць даўнія назвы да сучаснага прыроднага асяроддзя.
Інвентары прыватных маёнткаў і старастваў утрымліваюць багаты і разнастайны матэрыял аб прыродным асяроддзі, яго выкарыстанні ў гаспадарчых мэтах. Паўната і ўсебаковасць звестак у іх розная ў залежнасці ад роду апісванага рэсурсу, што абумоўлена яго гаспадарчай значнасцю. Найбольш месца ў інвентарах адводзіцца рэгістрацыі зямельнай маёмасці і землекарыстанню. Падрабязна апісваюцца ворыўныя землі, іх межы, якасцьглебы на іх. Менш інфармацыі даецца пра лясныя ўгоддзі, балоты і сенажаці, але і ў гэтым выпадку акрэсліваюцца межы, спосаб выкарыстання і іншыя цікавыя для вывучэння прыроднага асяроддзя звесткі. Інвентары з’яў ляюцца карыснай крыніцай для аднаўлення гісторыі землекарыстання, даюць магчымасць прасачыць гісторыю канкрэтных зямельных угоддзяў, вызначыць, якім чынам выпрацоўваліся адметныя рысы глебы (меліярацыя, угнаенне, шматвяковая эксплуатацыя і г. д.), пазначыць магчымыя месцы залягання тарфянікаў і інш. Апісанні лясных угоддзяў найбольш, на нашу думку, цікавыя з пункту гледжання згадкі іх межаў і відаў дрэў. За некалькі стагоддзяў адбыліся велізарныя страты лясных рэсурсаў, ваганні клімату змянілі склад дрэвастою. Матэрыялы інвентароў даюць магчымасць прасачыць гэтую дынаміку. У інвентарах шмат месца адведзена апісанню садоў і асабліва гародаў. Гэтая інфармацыя каштоўная з пункту гледжання гісторыі распаўсюджання садовых і агародных культур, часу ўваходжання ў традыцыйную гаспадарку экзатычных ці рэдкіх для беларускіх земляў відаў (нут, зялёны гарошак, сельдэрэй і інш.). Апісанне водныхрэсурсаў, якое ёсць амаль у кожным інвентары – адзін з найбольш, на нашу думку, каштоўных раздзелаў. Гідралагічная карта Беларусі за некалькі стагоддзяў вельмі змянілася – найбольш на гэта паўплывала меліярацыя, а таксама штучная змена рэчышчаў як вялікіх, так і малых рэк, стварэнне штучных вадаёмаў. Інвентары – амальадзіная крыніца, якая дазваляе аднавіць гідралагічную карту мясцовасці з адлегласцю 2–5 стагоддзяў і, што вельмі важна, пазначыць на ёй не толькі вялікія артэрыі ці азёры і балоты, але і малыя рэчкі, ручаі ці багністыя месцы. Гэтыя крыніцы таксама ўтрымліваюць інфармацыю пра берагі рэк і азёр, пра штучныя вадаёмы і выкарыстанне водных рэсурсаў.
Апісанне жывёльнага свету ў інвентарах звязана, найперш, з жывёла- і птушкагадоўляй, пчалярствам, у тым ліку бортніцтвам. Калі запісы пра свойскую птушку і жывёлу больш цікавыя для гісторыі эканомікі, бо ўтрымліваюць няшмат звестак пра іх віды і разнастайнасць, дык звесткі пра бортніцтва (перш за ўсё з інвентароў XVI–XVII ст.) могуць быць вельмі прыдатныя для біёлагаў і эколагаў. У інвентарах дакладна пазначаецца колькасць бортных дрэў і раёў дзікіх пчол, колькасць мёду, які збіраўся з гэтых борцяў, месца іх знаходжання. Даволі поўныя і падрабязныя звесткі пра рыбныя рэсурсы, віды рыбы, месцы, дзе яе лавілі, часам – пра памеры ўлову і спосабы здабычы рыбы. Апісанне дзікіх птушак і жывёл згадваецца ў інвентарах у сувязі з паляваннем. Найбольш такіх звестак у дакументах XVI–XVII ст., калі паляванне было прыбытковай галіной гаспадаркі і традыцыйным баўленнем часу для нобіляў. Выключэнне – бабры, якім у многіх ранніх інвентарах прысвячаліся спецыяльныя раздзелы. Дзякуючы ім можна акрэсліць арэалы масавага рассялення гэтага віду ў мінулым.
У інвентарах маёнткаў і старастваў зафіксавана мноства тапонімаў і гідронімаў, асабліва шмат мікратапонімаў, большасць з якіх даўно страчана або зменена.
Наогул патэнцыял інвентароў маёнткаў і старастваў як крыніцы для даследавання гісторыі прыродных багаццяў Беларусі вельмі высокі і, безумоўна, не вычэрпваецца гэтым невялікім артыкулам. Ён патрабуе далейшага грунтоўнага вывучэння і выкарыстання.
[1] Казакоў Л. Ю. Інвентарныя вопісы маёнткаў як крыніца па вывучэнні эвалюцыі феадальнай гаспадаркі Беларусі XVI – першай паловы XVII ст. // Крыніцазнаўства, археаграфія, архівазнаўства ў XX–XXI ст. у Беларусі: зб. навук. артыкулаў, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння М. М. Улашчыка / рэдкал.: С. М. Ходзін (адк. рэд.) [і інш.]. Мінск, 2007. С.79.
[2] Акты, издаваемые Виленскою Археографическою комиссиею (далей АВАК). Т. 14, 25, 35, 38. Вильна, 1887–1914.
[3] Инвентари магнатских владений Белоруссии XVII–XVIII веков. Владение Сморгонь. Минск, 1977; Инвентари магнатскихвладений Белоруссии XVII–XVIII веков. Владение Тимковичи. Минск, 1982.
[4] Ходзін С. М. Крыніцы гісторыі Беларусі: гісторыка-генетычнае і кампаратыўнае вывучэнне. Мінск, 1999. С. 82–85.
[5] Тэкст крыніц падаецца ў аўтэнтычнай арфаграфіі.
[6] Excerpt, wyjęty z lustracyi Dziewiałtowskiego miasta Narwi, zapadłej w roku 1560 // АВАК. Т. 14. Вильна, 1887. С. 72.
[7] Akt extraktu z xiąg skarbowych rewizyi wlosci iego królewskiej mosci Retowskiej // АВАК. Т. 25. Вильна, 1898. С. 435.
[8] Tамсама. С. 437.
[9] Przyznanie inwentarza dobr Nacun, Pogina y Szauduni W. Janowi Szuszcie pisar. ziem, słyżącego // АВАК. Т. 38. Вильна, 1914. С. 96.
[10] Inwentarz starostwa Rokantiskiego w Wilienskom powecie 1798 // Tамсама. С. 373.
[11] Inwentarz starostwa Połongowskiego // АВАК. Т. 35. Вильна, 1910. С. 53–54.
[12] Inwentarz podawczy dworzański dzierżawy Nowayciów, Kudayciów y Kadarów // Tамсама. С. 257.
[13] Inwentarz dobr skarbowych Rewiatycz. 1798 // АВАК. Т. 38. C. 410–422.
[14] Inwentarz starostwa Bobrujskiego // АВАК. Т. 25. C. 277.
[15] Inwentarz Plotelskaі dzerżawy. 1585 // АВАК. Т. 14. C. 298.
[16] Inwentarz majętnosci Tawrogin dobr stołowych biskupa Wilenskiego w powiecie Braslawskim // АВАК. Т. 38. C. 145.
[17] Excerpt, wyjęty z lustracyi Dziewiałtowskiego miasta Narwi. C. 73.
[18] Przyznanie inwentarza dobr Nacun, Pogina y Szauduni. C. 96.
[19] Akt extraktu z xiąg skarbowych rewizyi wlosci iego królewskiej mosci Retowskiej. 1784. С. 503–504.
[20] Excerpt, wyjęty z lustracyi Dziewiałtowskiego miasta Narwi. C. 72.
[21] Выписъ зъ книгъ справъ кгродских замку господарского Городенского // АВАК. Т. 14. C. 391.
[22] Инвентарь границы имѣния Кены // Тамсама. С. 448.
[23] Inwentarz abo spisanie plebaniiey, kosczola… w Porudominie. 1571 // АВАК. Т. 14. C. 158.
[24] Inwentarz maiętnosci Dolatyckyiey. 1652 // АВАК. Т. 25. C. 343.
[25] Інвентар маёнтка Дубяжына Бельскага павета // АВАК. Т. 38. C. 284.
[26] Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Давед. Камент. Мінск, 1989. С. 273.
[27] Оповѣданье врадника маршалка господарского пана Юрья Якубовича Волчка имѣния Русоцкого Валента Осецкого. 1556 // АВАК. Т. 14. C. 22.
[28] Реестр списанья подданых… въ селѣ Орѣшковичахъ, всѣхъ пожитков того села… в повѣтѣ Минскомъ. 1599 // АВАК. Т. 14. C. 636.
[29] Inwentarz starostwa Rokańtiskiego w Wilienskim powecie. 1798 //АВАК. Т. 38. C. 373.
[30] Akt inwentarza dobr Kotłowo. 1798 // АВАК. Т. 38. C. 438.
[31] Inwentarz maiętności Węgrowo. 1761 // АВАК. Т. 35. C. 109.
[32] Aktykacyia inwentarza folwarku Pesztowianskego. 1790 // АВАК. Т. 38. C. 85.
[33] Akt inwentarza maiętności Wileyki. 1797 // АВАК. Т. 38. C. 352.
[34] Aktykacyia inwentarza fol[warku] Ponikiew. 1774 // АВАК. Т. 35. C. 252.
[35] Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. С. 279–271.
[36] Тамсама. С. 274.
[37] Inwentarz starostwa Bobruiskiego. 1639 // АВАК. Т. 25. C. 153.
[38] Przyznanie inwentarza folwarku Ostrowek Jablonowszczyzny w Nowogrudskim powece. 1798 // АВАК. Т. 38. C. 348.
[39] Реестр списанья дерева бортного подданыхъ Орѣшковскихъ. 1599 // АВАК. Т. 14. С. 644.
[40] Inwentarz ineniia Smolnian. 1599 // АВАК. Т. 14. С. 471.
[41] Реестр списанья дерева бортного подданыхъ Орѣшковскихъ. 1599. С. 645.
[42] Akt extraktu z xiąg skarbowych rewizyi wlosci iego królewskiej mosci Retowskiej. 1784. С. 504.
[43] Przyznanie inwentarza folwarku Ostrowek Jablonowszczyzny. C. 348.
[44] Inwentarz dobr Duboia. 1772 // АВАК. Т. 35. C. 226.
[45] Inwentarz starostwa Bobruiskiego. 1639. C. 155.
[46] Тамсама. С. 230–235.
[47] Inwentarz folwarkow Semoneliszek y Linkowa. 1797 // АВАК. Т. 38. С. 323.
[48] Inwentarz maiętnosci Dolatyckyiey. 1652. С. 344.
[49] Описаніе инвентару двора Могилевського. 1592 // АВАК. Т. 14. С. 438, 442.
[50] Оповѣданье врадника маршалка господарского пана Юрья Якубовича Волчка имѣния Русоцкого Валента Осецкого. 1556. C. 228.
[51] Описаніе инвентару двора Могилевського. 1592. С. 443.
[52] Статут Вялікага княства Літоўскага. 1588. С. 273.
[53] Akt inwentarza maiętności Wileyki. 1797. С. 363.
[54] Inwentarz starostwa Połongowskiego. С. 53.
[55] Статут Вялікага княства Літоўскага. 1588. С. 274.
[56] Тамсама. С. 273.
[57] Оповѣданье врадника маршалка господарского пана Юрья Якубовича Волчка имѣния Русоцкого Валента Осецкого. 1556. C. 22.
[58] Inwentarz plebanji Puńskeiy. 1745 // АВАК. Т. 38. C. 22.
[59] Inwentarz majętności mesteczka Hermeniszek w powecie Oszmianskim, 1790 // АВАК. Т. 38. С. 50.
[60] Описаніе инвентару двора Могилевського. 1592. С. 442.
[61] Inwentarz starostwa Bobruiskiego. 1639. С. 230, 235, 250.
[62] Akt extraktu z xiąg skarbowych rewizyi wlosci iego królewskiej mosci Retowskiej. 1784. С. 504.
[63] Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом Княжестве Литовском. Изд. Виленской Археографической Комиссии. Вильна, 1867.
[64] Разам (лац.).
[65] Inwentarz starostwa Połongowskiego. С. 53.
[66] Инвентаръ списанья тых людей подданыхъ моихъ Лососинскихъ, кгрунтовъ и повинностей ихъ вшелякихъ. 1596 // АВАК. Т. 14. С. 537.
[67] Akt inwentarza maiętności Wileyki. 1797. С. 352.
[68] Тамсама. С. 363.
[69] Akt inwentarza dworzańskiego na starostwo Tyrkszle. 1770 //АВАК. Т. 35. С. 180–181.
[70] Статут Вялікага княства Літоўскага. 1588. С. 269, 276.
[71] Инвентарь имѣнья Тяпинского, 1591 // АВАК. Т. 14. C. 411–413.
[72] Akt inwentarza maiętności Wileyki. 1797. С. 363.
[73] Inwentarz starostwa Bobruiskiego. 1639. С. 324–325.
[74] Статут Вялікага княства Літоўскага. 1588. С. 273.
[75] Inwentarz starostwa Bobruiskiego. 1639. С. 158.
[76] Тамсама. С. 207.
[77] Тамсама. С. 166.
[78] Статут Вялікага княства Літоўскага. 1588. С. 273.
[79] Inwentarz albo summaryusz prowentow wszystkich starostwa Kobrinskiego, 1597 // АВАК. Т. 14. C. 562.
[80] Podania miasta Bobra i wszystkich włosci Bobrowskich. 1573 // АВАК. Т. 14. С. 179.
[81] Inwentarz ineniia Smolnian. 1599. С. 469.
[82] Inwentarz starostwa Bobruiskiego. 1639. С. 155.
[83] Выписъ съ книг скарбовых великого княства Литовского, служачій и належачій до староства Трабского. 1581 // АВАК. Т. 14. C. 237.
[84] Inwentarz albo summaryusz prowentow wszystkich starostwa Kobrinskiego. 1596. С. 575.
[85] Инвентарь границы имѣния Кены. С. 448–449.
[86] Inwentarz dobr skarbowych Rewiatycz. 1798. C. 422.