БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Tomas Baranauskas. Pabaisko mūšis. Šaltiniai ir interpretacijos. Vilnius, 2019.

Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага эпохі позняга Сярэднявечча ў апошнія дзесяцігоддзі карыстаецца павышанай увагай даследчыкаў. Дзякуючы зняццю ідэалагічных абмежаванняў гісторыя ВКЛ перастала быць тэмай non grata, а падзенне “жалезнай заслоны” і распаўсюджванне сучасных інфармацыйных тэхналогій дазволілі прыцягнуць значны масіў новых крыніц і ў новым кантэксце, у тым ліку з апорай на новую літаратуру і ў дыялогу, а часам і ў дыскусіі з калегамі з розных краін, задаць гэтым крыніцам новыя пытанні. Сярод прац пра гэтую эпоху – і кніга Томаса Баранаўскаса, прысвечаная бітве пад Вількамірам 1435 г., якая выйшла ў канцы 2019 г.[1]; зрэшты, адразу адзначу, што аўтар аддае перавагу варыянту “Пабойская бітва” (пра гэта ніжэй), якім я і буду ўслед за ім апераваць у рэцэнзіі.

Аўтар кнігі – літоўскі гісторык, які аддаў шмат увагі ранняй гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Да найбольш значных яго прац належаць кніга і шэраг артыкулаў пра пачатак літоўскай дзяржаўнасці[2], зборнікі крыніц па ранняй гісторыі Сямігаліі[3], Селоніі[4] і Курляндыі[5], кнігі пра бітвы пры Сауле (1236) [6] і Гаруозе (1279)[7]. У гэтым кантэксце зварот да гісторыі XV ст. мае пэўную логіку. Аднак нельга не адзначыць прынцыповае адрозненне, звязанае з крыніцамі: змяняецца не толькі іх колькасць, але і характар – акты і лісты, якія дапаўняюць летапісы і хронікі, дазваляюць не толькі падрабязней і надзейней, без залішніх спекуляцый, прасачыць развіццё падзей, але і задаваць новыя пытанні, напрыклад пра сацыяльную гісторыю. Пры гэтым для 30-х гадоў XV ст. крыніцы выдадзены яшчэ вельмі слаба – па сутнасці, у многіх выпадках іх звесткі толькі ўводзяцца ў навуковы зварот.

Кніга складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў (“Шлях да Пабойскай бітвы”, “Удзельнікі, месца і ход Пабойскай бітвы” і “Наступствы Пабойскай бітвы”) і высноў, пераліку ілюстрацый і бібліяграфіі, а таксама падборкі крыніц пра Пабойскую бітву, англійскага рэзюмэ і паказніка. Ва ўводзінах ахарактарызаваны падыход да вывучэння бітвы, у прыватнасці абгрунтоўваецца прамы зварот да крыніц (хоць, здавалася б, што ў гэтым дзіўнага для прафесійнага гісторыка?). Ужо тут адчуваецца супярэчлівасць аўтарскага падыходу: з аднаго боку, па словах аўтара, “шмат якія важныя лісты і акты, якія захаваліся ў гэтым (Каралявецкім. – С.П.) ды іншых архівах, апублікованы ў разных, пераважна выдадзеных яшчэ ў XIX ст. збоніках дакументаў” (30), з другога – пошукі новых крыніц Баранаўскас пакідае іншым даследчыкам, у тым ліку аўтару гэтых радкоў, а сам заяўляе, што абмяжуецца “ўдакладненнем публікацый найважнейшых крыніц, якія апісваюць ход Пабойскай бітвы, па арыгіналах”, маючы на ўвазе перш за ўсё шырокае лацінскае данясенне польскага клірыка (45–46), і тым не менш заяўляе амбіцыйную мэту – вывучыць не толькі ход бітвы, але і яе гістарычны кантэкст, перадумовы і наступствы (44). Цікавыя старонкі, прысвечаныя складванню розных традыцый называння бітвы – “каля Вількаміра”, “на Свенце” або “Пабойская” (18–23). У выніку Баранаўскас паказвае, што першыя два варыянты тлумачацца не проста геаграфічнай блізкасцю, а няправільнымі ўяўленнямі гісторыкаў пра месца бітвы, і спыняецца на версіі “Пабойская бітва”, спасылаючыся на геаграфічную дакладнасць і значэнне для лакальнай гісторыі Літвы, нягледзячы на “рэтраспектывізм” гэтай версіі (населены пункт узнік ужо пасля бітвы, што засведчыла яго назва; дарэчы было б прасачыць гісторыю яе складвання). Гэта чымсьці нагадвае польскую назву Грунвальдскай бітвы (Грунвальд – скажонае Грунфельдэ), хоць у дадзеным выпадку даследчыкі пастаўлены перад фактам наяўнасці вельмі магутнай традыцыі[8].

Характарыстыка крыніц (29–35) надзвычай лаканічная, практычна нічога не гаворыцца ні пра іх ідэйную накіраванасць, ні пра тое, адкуль іх стваральнікі бралі інфармацыю (усё гэта – нават у выпадку такога спецыфічнага аўтара, як Ян Длугаш). У характарыстыцы архіва вялікіх магістраў (не зусім дакладна названага “архівам Тэўтонскага ордэна” – бо архівы былі і ў іншых саноўнікаў ордэна) здзіўляе адсутнасць усякай згадкі пра яго інвентар, як мяркуецца, пачатку XVI ст., што захоўваецца ў Вільні, у бібліятэцы імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы[9].

Як жа аўтар уяўляе сацыяльна-палітычны кантэкст бітвы? Яе перадумовы паказаны ў раздзеле “Шлях да Пабойскай бітвы”, прысвечаным падзеям 1429–1434 г. Баранаўскас развівае думку Людвіка Калянкоўскага: паводле яго слоў, прапанова Жыгімонта Люксембургскага каранаваць Вітаўта і стварыць Літоўскае Каралеўства калі і не была загадзя ўзгоднена з Ягайлам, то адпавядала яго дынастычным інтарэсам, паколькі ў далейшым літоўская карона перайшла б да аднаго з Ягайлавых сыноў. Пасля смерці Вітаўта пастарэлы кароль прызначыў вялікім князем свайго любімага брата, нежанатага і бяздзетнага Свідрыгайлу, а ўвесь далейшы польска-літоўскі канфлікт, пачынаючы з затрымання караля ў Літве, разгарэўся з-за Заходняга Падолля. У распачатай неўзабаве Луцкай вайне Свідрыгайла не скарыстаўся дапамогай саюзнікаў-крыжаносцаў з-за абвастрэння ўнутранай абстаноўкі ў Літве. Праз год ён быў скінуты, паколькі чаканае нараджэнне дзіцяці ішло насуперак дынастычным планам Ягайлы; тым не менш таму не заставалася нічога іншага, як санкцыянаваць укняжанне Жыгімонта Кейстутавіча. У наступнай вайне з ім Свідрыгайла не вызначаўся талентам палкаводца, а Жыгімонтаў прывілей 1434 г. азначаў пералом у вайне і ў гісторыі ўсёй дзяржаўнасці Літвы: на Русі тут жа выявіліся сімпатыі да Жыгімонта, а ў перспектыве ён стаў асновай збліжэння Літвы і Русі ў рамках ВКЛ. Супаставіўшы дадзеныя пісьмовых крыніц, тапаграфіі і археалагічных даследаванняў у раздзеле “Удзельнікі, месца і ход Пабойскай бітвы” (на ім я спынюся ніжэй), Баранаўскас пераходзіць да разгляду наступстваў бітвы, якое даводзіць да забойства Жыгімонта і ўзвядзення Казіміра на літоўскі сталец. На думку Баранаўскаса, у 1440 г. у Літве дзейнічалі “фракцыі” адной і той жа “партыі”, якая імкнулася ажыццявіць “план Ягайлы”, які памёр шэсць гадоў таму.

Ужо з гэтага кароткага пераказу любы чытач, хоць крыху знаёмы з тэмай, можа заўважыць, што ў кнізе шмат праблематычнага і дыскусійнага. Звязана гэта са спецыфічнай манерай прыцягнення крыніц і літаратуры – выбарачнай і ілюстрацыйнай, “пад тэзіс”. Як ужо гаварылася, у сваіх развагах пра перадумовы і наступствы Пабойскай бітвы, якія займаюць большую частку кнігі, Баранаўскас зыходзіць з гіпотэзы Л. Калянкоўскага аб зацікаўленасці Ягайлы ў каранацыі Вітаўта. Праблема ў тым, што такія аргументы польскага гісторыка, як спасылкі на створаную праз некалькі дзесяцігоддзяў “Хроніку Быхаўца”, выявіліся непераканаўчымі[10], а сама яго ідэя так і не прыжылася ў навуцы, нягледзячы на спробы Эвы Малячыньскай і Віялеты Завіткоўскай рэанімаваць яе. Таму вяртанне да ідэі Калянкоўскага патрабавала б не толькі ўліку літоўскага кантэксту, але і шырокай палемікі з багатай літаратурай апошніх гадоў пра палітычную сцэну Польшчы[11]. Але тое, што для Калянкоўскага было гіпотэзай, для Баранаўскаса ператварылася ў дадзенасць. Замест палемікі і доказаў чытач знаходзіць дэкларатыўныя заявы пра інтарэсы Ягайлы, нават пра “план Ягайлы”, якія час ад часу падмацоўваюцца спасылкамі на выбраныя крыніцы; “за бортам” апынаецца заява самога Ягайлы наконт таго, што стварэнне Літоўскага каралеўства супярэчыць яго дынастычным інтарэсам[12], адпаведнае месца з трактата (consilium) кракаўскіх юрыстаў[13] і словы літоўскіх баяраў з нагоды каранацыі Вітаўта пра іх адвечную свабоду, запісаныя ордэнскім канцылярыстам[14]. У выніку не відаць ні дынамікі ўзаемаадносін Ягайлы з Вітаўтам і “палітычным народам” Польскага каралеўства, ні магчымай ступені яго зацікаўленасці ў стварэнні Літоўскага каралеўства, а эпізод з затрымкай і рабаваннем паслоў Жыгімонта Люксембургскага каля Тур’яй гары ў жніўні 1430 г. і зусім аказваецца пазбаўленым усякай логікі[15]. Аслеплены любоўю да роднай Літвы Ягайла, які забывае пра інтарэсы Польшчы, вераломны Свідрыгайла, паслухмяныя сваім кіраўнікам і сацыяльным сувязям літоўскія князі і паны і ўсеўладная польская знаць – такія вобразы малюе Баранаўскас, адыходзячыся недалёка ад Длугаша. Баранаўскасу палюбілася думка пра тое, што Гальшанскія, сваякі польскай каралевы Соф’і, былі праваднікамі дынастычнай ідэі Ягелонаў у Літве. І не бяда, што ў крыніцах пра яе ролю нічога не гаворыцца, а ў спецыяльнай літаратуры гэтая думка адпрэчана[16], – можна падабраць разнастайныя ўскосныя аргументы… Часам цяжка зразумець, чаму Баранаўскас спасылаецца на тую ці іншую публікацыю (напрыклад, на пазбаўленыя навуковай каштоўнасці працы Руслана Гагуа пра Грунвальдскую бітву або Яраслава Піліпчука пра Залатую Арду[17]): у адным шэрагу апынаюцца працы старых і новых гісторыкаў, і толькі час ад часу Баранаўскас піша, хто з іх і якім чынам прыходзіць да той ці іншай высновы, і дазваляе сабе палемізаваць з імі. Але ў выніку, за рэдкімі выключэннямі, атрымліваюцца або труізмы, або меркаванні паводле прынцыпу “я так бачу”, нешта падобнае да хлестакоўскай “лёгкасці незвычайнай у думках”.

Падкрэслю, што высновы названых гісторыкаў і, больш за тое, пэўны кансэнсус, які склаўся ў літаратуры, заснаваны на вывучэнні найшырэйшага кола крыніц. Таму палеміка з гэтай літаратурай патрабавала б ад Баранаўскаса верыфікаваць яе высновы, звярнуўшыся да іх. Як ужо гаварылася, не сакрэт, што велізарная колькасць лістоў і дакументаў па гісторыі ВКЛ 30-х гадоў XV ст. не апублікавана (а што ўжо казаць пра Польшчу…). Іх вывучэнне і ўвядзенне ў навуковы зварот – неабходная ўмова сучаснага даследавання Вялікага Княства Літоўскага эпохі позняга Сярэднявечча, залог поспеху яго даследчыка. Між тым Баранаўскасу, які амаль не прыцягваў архіўных матэрыялаў – нават спісаў крыніц Кёнігсбергскага архіва, якія захоўваюцца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Вільні і ў Львоўскай нацыянальнай навуковай бібліятэцы імя Стэфаніка ў Львове (апошнія аблічбаваныя і даступныя ў інтэрнэце), – увесь час даводзіцца звяртацца да зборнікаў рэгестаў, вытрымак і прац сваіх папярэднікаў і выбіраць там тое, што падыходзіць да яго канцэпцыі. Без архіўных крыніц цяжка абысціся, нават калі пісаць толькі пра адну Пабойскую бітву і яе найбліжэйшыя наступствы. Яшчэ цяжэй – калі, як гэта робіць Баранаўскас, ставіць задачу зразумець сутнасць падзей, якія да яе прывялі.

Іронія сітуацыі складаецца ў тым, што зварот да крыніц, якія засталіся невядомымі Баранаўскасу, не толькі даў бы глебу для больш абгрунтаваных разваг, але часам пацвердзіў бы і справядлівасць тых сцверджанняў, якія ён спрабуе абвергнуць: высвятляецца, што яны не высмактаныя з пальца і не ўзятыя са столі. Абмяжуюся некалькімі прыкладамі. Баранаўскас спрабуе даказаць – або хутчэй угаварыць сябе і чытача насуперак высновам, да якіх прыйшлі яго папярэднікі, – што Ягайла прызначыў Свідрыгайлу вялікім князем (61–68), а ўвесь канфлікт паміж імі разгарэўся з-за таго, што польскія паны самавольна захапілі Заходняе Падолле (69–77). Але, як высвятляецца з ліста мазавецкага князя Семавіта V польскім саноўнікам, які надзвычай ярка адлюстраваў атмасферу польска-літоўскіх адносінаў у канцы 1430 г., гэты канфлікт заявіў пра сябе ўжо ў першай палове – сярэдзіне лістапада, калі ў Літве пра падзеі на Падоллі яшчэ асабліва не ведалі, а яго прычыны не зводзіліся да лёсу гэтага рэгіёна[18]. Зварот да перапіскі вялікага магістра Паўля фон Русдорфа, якая цяпер захоўваецца ў Сакрэтным дзяржаўным архіве Прускай культурнай спадчыны ў Берліне, дазволіў бы не пускацца ў спекуляцыі аб тым, чаму ж вялікі князь заключыў Чартарыйскае перамір’е з каралём, калі Ордэн ужо атакаваў Польшчу (96–98). Матэрыялы з ужо згаданага віленскага рукапісу маглі б дапоўніць карціну “незвычайных” паводзін Аляксандра Носа, які вясной 1436 г. у прамым сэнсе выбіраў, каму з князёў, якія ваявалі, перадаць Луцк (183–184), і бязладдзя, якое панавала ў Літве пасля забойства Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 г. (187–191)[19]. А з неапублікаванага тома кодэкса Мацея Догеля высвятляецца, што літоўска-ордэнскае пагадненне 1438 г. – вынік пісарскай хібы: насамрэч гаворка ідзе пра добра вядомы галоўны дакумент Берасцейскага міру, датаваны 1436 г. па стылі A Nativitate, у спісе якога Ігнат Даніловіч прыняў шасцёрку за васьмёрку (179–180)[20].

Вельмі выбарачна выкарыстаны і апублікаваныя крыніцы. Так, зусім не прыцягнуты расходныя запісы г. Казімежа, якія праліваюць святло і на адносіны з ВКЛ[21], важныя для тэмы публікацыі Курта Форштройтара[22] або 13-ы том “Лівонскіх Грамат” (2018). У апошнім апублікаваны не толькі граматы 1473 г. аб размежаванні Літвы з Лівоніяй[23], але і мемарыял 1479 г. аб адносінах Лівонскага аддзялення Ордэна з рыжскім архіепіскапам. З яго высвятляецца, што пасля бітвы тагачасны архіепіскап загадаў забіць на Дзвіне фогта Каркуса (таго самага, які, па словах фогта Нарвы, прапаў без вестак) і ўсіх воінаў, якія змагаліся ў ордэнскіх войсках і ўцяклі з Літвы, і выдаць у Літву палонных, якія там былі пакараныя[24]. Але нават выкарыстаныя крыніцы часта прыцягваюцца некрытычна, як у выпадку з Длугашам: нездарма Баранаўскас успрыняў яго версію пра тое, як польскі кароль перадаў літоўскі сталец роднаму брату, і пры гэтым абышоў маўчаннем вельмі дакладную характарыстыку гэтага аповеду ў вядомым яму артыкуле Яраслава Нікодэма[25]. Іншы прыклад – услед за Длугашам Баранаўскас выпраўляе серадскага кашталяна Лаўрэнція Зарэмбу ў пасольства ў Літву ў сярэдзіне жніўня 1432 г., у той час як лісты ордэнскіх саноўнікаў і самога Свідрыгайлы бясспрэчна сведчаць пра яго візіты туды ў канцы траўня і ў ліпені 1432 г., а вось пра жнівеньскую місію яны маўчаць (ды і ці не занадта шмат было б пасольстваў за такі кароткі тэрмін? ды і ці мела сэнс перад польска-літоўскім з’ездам накіроўваць да вялікага князя пасла, якога ён напярэдадні з’езда напэўна выправадзіў бы?)[26].

Інтэрпрэтацыя гэтых крыніц часта таксама далёкая ад бездакорнай логікі і несупярэчлівасці, а кола закранутых пытанняў даволі традыцыйнае і прадказальнае. Перш за ўсё здзіўляе агульная перадумова разваг – неабходна абавязкова знайсці эпахальны, цывілізацыйны сэнс Пабойскай бітвы як вырашальнай. Але чым жа не задавальняе аўтара зразумелая сучаснікам логіка дынастычнай вайны? Па Баранаўскасу, стары польскі кароль прызначыў бяздзетнага брата вялікім князем і дамовіўся ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні 7 лістапада 1430 г., – але ўжо на наступны дзень (на самай справе праз два дні) Свідрыгайла накіраваў пасольства да Жыгімонта Люксембургскага, заявіўшы пра жаданне ажаніцца. Пад верасень 1431 г. у асяроддзі літоўскай шляхты ўжо спела незадаволенасць яго палітыкай, якая прымусіла яго заключыць перамір’е з Польшчай, – але прычынай перавароту стала чаканне нараджэння дзіцяці, якое было зачата толькі ў пачатку 1432 г.; пры гэтым даводзіцца дапусціць, што Ягайлавы прыхільнікі “перанерваваліся”, бо без ультрагукавога абследавання, тады яшчэ не вынайдзенага, нельга было сказаць загадзя, хто з’явіцца на свет – сын ці дачка. Варта было ліквідаваць Свідрыгайлу, каб пасадзіць на пасад князя, у якога быў зусім дарослы і самастойны сын, – і даверыцца абяцанням, якія на наступны дзень стануць нікчэмнымі лістамі пергамена? Прывілей 1434 г. стаў пераломным пунктам у гісторыі дынастычнай вайны, надаўшы ёй новы сэнс, але Свідрыгайлавы прыхільнікі не спяшаліся пераходзіць на бок Жыгімонта, нават пасля таго як састарэлы Альгердавіч быў разбіты блізу Вількаміра, а сёй-той і зусім пакінуў лагер Жыгімонта, паступіўшыся гэтым лёсавызначальным прывілеем… Характэрна, што ў гэтым раздзеле, напоўненым развагамі аб цывілізацыйным выбары Літвы, нічога не гаворыцца пра інструментарый яго палітыкі – ні пра шчодрыя наданні Жыгімонта, на якія быў асабліва багаты 1434 год, ні пра тое, штó і як падданыя абодвух вялікіх князёў маглі даведацца пра земскі прывілей Жыгімонта[27].

У легкаважных развагах пра сацыяльна-палітычны кантэкст Пабойскай бітвы патанае раздзел, прысвечаны самой бітве. Для пачатку аўтар спрабуе вызначыць колькасць войскаў; сам ён параўноўвае падобныя спробы з “цікавай інтэлектуальнай гульнёй, якую кожны гулец сканчае з розным вынікам” (130), і ўвесь гэты раздзел, напоўнены спробамі прымірыць лічбы з розных крыніц паміж сабой і з больш познімі дадзенымі (130–142), на мой погляд, цалкам заслугоўвае такой жа характарыстыкі. Амаль нічога не сказана пра гарнізоны, якія Свідрыгайла пакінуў у замках, і пра яго “гасцей”, згадваных не толькі ў наратыўных крыніцах, але і ў сучаснай перапісцы[28]. Не задае Баранаўскас і пытання, на якой плошчы маглі б размясціцца войскі вызначаных ім памераў. Найбольш цікавымі і ўдалымі ўяўляюцца тыя раздзелы кнігі, у якіх дадзеныя пісьмовых крыніц суадносяцца з тапаграфіяй поля бітвы (143–156) і рэканструюецца яе ход (156–165). У выніку Баранаўскас, у адрозненне ад Ёнаса Матусаса і Юзэфа Скшыпека, якія раней спецыяльна вывучалі ход бітвы, прыходзіць да высновы, што войскі Свідрыгайлы і яго саюзнікаў заставаліся на ўсходнім беразе р. Жырнаі, а Міхаіла Жыгімонтавіча і палякаў – на заходнім. Увесь раздзел у цэлым толькі выйграў бы, калі б выклад быў больш сістэматычным: напрыклад, пра няўдзел гусітаў і прускіх войскаў чытач даведаецца толькі ў раздзеле аб ходзе бітвы, пра ўдзел “гасцей” з Сілезіі і Аўстрыі і характар іх узаемаадносінаў з Ордэнам і Свідрыгайлам (набожныя воіны-пілігрымы або найміты?) – не даведаецца зусім, звесткі пра рэльеф і даволі сціплыя пакуль вынікі археалагічных даследаванняў прыводзяцца толькі па меры выкладу. Вельмі не хапае і спасылак на картаграфічныя матэрыялы, і схем, на якіх перамяшчэнні войскаў былі б пададзены ў дынаміцы, а рэканструкцыя Баранаўскаса графічна параўноўвалася б з рэканструкцыямі Матусаса і Скшыпека. Напрошваецца параўнанне з даследаваннямі палёў іншых бітваў, такіх, як Кулікоўская або Грунвальдская.

Ад асноўнага тэксту даследавання крыху адарваная публікацыя крыніц (216–301). Баранаўскас дзеліць іх на некалькі традыцый – нямецкую, літоўскую, польскую і рускую – але ў тэксце кнігі гэты падзел амаль не прасочваецца, а пра генетычную сувязь паміж асобнымі крыніцамі чытач даведаецца толькі “з нагоды” або з легенд у іх публікацыі. У цэлым іх публікацыя і пераклады выкананы на годным узроўні; нязгоду выклікае перадача тэкстаў “слова ў слова”, асабліва ў дачыненні да старадрукаваных кніг[29], і некаторыя недакладнасці перакладаў: напрыклад, ва ўдзельніку Пабойскай бітвы, маршале вялікага князя Свідрыгайлы і “hovetman van Plowscauwe”, Баранаўскас бачыць “пскоўскага старасту” (Pskovo seniūnas, с. 218), хоць досыць зразумела, што гаворка ідзе пра полацкага намесніка, а дату ліста фогта Нарвы Ёгана Конінга, у якім ён згадваецца – “des manendages nae Francisci” – замест “pirmadienį po Pranciškaus” перакладае як “pirmadienį prieš Pranciškų” (219), пры гэтым у загалоўку ўслед за публікацыяй Германа Гільдэбранда паказвае правільную дату – 10 кастрычніка 1435 г. (216).

Моцны бок кнігі, безумоўна, – яе стыльнае афармленне, заслуга і аўтара, і выдавецтва. Кніга забяспечана мноствам ілюстрацый, сярод якіх – старадаўнія і сучасныя партрэты дзейных асоб, фотаздымкі сучаснага стану тых месцаў, дзе разгортваліся падзеі (ад Украіны да Латвіі!), картасхемы, дакументы і пасланні, пячаткі. Апошнія ўзнаўляюцца ў выглядзе фотаздымкаў і прамалёвак, выкананых вядомым украінскім даследчыкам Алегам Аднарожанкам. Фотаздымкі пячатак маглі б быць больш інфармацыйнымі (яны такія малыя, што на іх цяжка што-небудзь разгледзець), а подпісы – больш дакладнымі. Так, “падольская” пячатка Свідрыгайлы датавана, як і ў Аднарожанкі, 1401–1431 г. (61), хоць храналогія вядомых асобнікаў абмяжоўваецца 1401–1402 г.[30], а ў “чарнігаўскай” пячатцы, датаванай 1420–1424 г. (62), яна, наадварот, аказваецца шырэйшай – аж да лістапада 1430 г., калі Свідрыгайла паспяшаўся зацвердзіць ёю пагадненне з Ягайлам[31]. У выніку ў чытача ёсць усе магчымасці ўявіць сабе месца дзеяння кнігі. Як уяўляць само дзеянне – задаволіцца пабудовамі Баранаўскаса або не, – вырашаць чытачу.

Масква

Сяргей Палехаў


[1] У аснову працы была пакладзена дысертацыя, якую Томас Баранаўскас абараніў у 2018 г. ва Ўніверсітэце Вітаўта Вялікага ў Коўне.
[2] Baranauskas T. Lietuvos valstybės ištakos. Vilnius, 2000.
[3] Žiemgalos aktai = Acta Semigalliae, parengė, vertė ir komentavo T. Baranauskas. Joniškis, 2014.
[4] Sėlos aktai = Acta Seloniae, parengė, vertė ir komentavo T. Baranauskas. Pasvalys – Joniškis, 2015. Пар. змястоўную рэцэнзію Даруса Баронаса на гэтыя два зборнікі: Istorijos šaltinių tyrimai. T. 6. Vilnius, 2018. P. 369–373.
[5] Kuršo aktai = Acta Curoniae, parengė, vertė ir komentavo T. Baranauskas. Pasvalys – Joniškis, 2017.
[6] Baranauskas T., Zabiela G. Saulės mūšio pėdsakų paieškos. Vilnius, 2016.
[7] Baranauskas T. Garuozos mūšis. Šaltiniai ir interpretacijos. Joniškis, 2017.
[8] Kwiatkowski K. Memoria continenter historiam denotat. Bitwa pod Grunwaldem / Tannenbergiem / Žalgirisem 1410 w najnowszych badaniach. (Roczniki Towarzystwa Naukowego w Toruniu. R. 95. Zesz. 1.) Toruń, 2015. S. 9–11, przyp. 1.
[9] Lietuvos Mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka. F. 15–73. Гл. пра яго перш за ўсё: Kwiatkowski K. Neue Quellen aus dem Kreis des Deutschen Ordens zum Krieg von 1409–1411 (Teil 1) // Zapiski Historyczne. 2010. T. 75. Zesz. 4. S. 67–112; Idem. Eine Sammlung von Quellenregesten und Quellenabschriften aus dem Kreis des Deutschen Ordens (1. Hälfte des 16. Jh.). Inhaltsübersicht und Editionsperspektiven // Editionswissenschaftliches Kolloquium 2015: Die Geschichte im Bild / Hrsg. von H. Flachenecker, K. Kopiński und J. Tandecki. (Publikationen des Deutsch-Polnischen Gesprächskreises für Quellenedition. Bd. 8.) Toruń, 2016. S. 343–354.
[10] Nikodem J. Spory o koronację wielkiego księcia Litwy Witolda w latach 1429–1430. Cz. II: Próba rekonstrukcji wydarzeń // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. T. 7. Poznań, 1997. S. 158–162.
[11] Гл. перш за ўсё: Kurtyka J. Tęczyńscy. Studium z dziejów polskiej elity możnowładczej w średniowieczu. Kraków, 1997; Sperka J. Szafrańcowie herbu Stary Koń. Z dziejów kariery i awansu w późnośredniowiecznej Polsce. Katowice, 2001; Szweda A. Organizacja i technika dyplomacji polskiej w stosunkach z zakonem krzyżackim w Prusach w latach 1386–1454. Toruń, 2009; Czwojdrak B. Zofia Holszańska. Studium o dworze i roli królowej w późnośredniowiecznej Polsce. Warszawa, 2012; Wróbel D. Elity polityczne Królestwa Polskiego wobec problemu krzyżackiego w czasach Władysława Jagiełły. Lublin, 2016; Szybkowski S. Jagiełło, Witold, Zofia Holszańska i polityka dynastyczna. Wioletta Zawitkowska: Walka polityczno-prawna a następstwo tronu po Władysławie Jagielle w latach 1424–1434. Rzeszów: Wyd-wo Uniwersytetu Rzeszowskiego, 2015. S. 372 // Średniowiecze Polskie i Powszechne. T. 8 (12). Katowice, 2016. S. 300–315.
[12] Codex epistolaris Vitoldi magni ducis Lithuaniae, 1376–1430 / ed. A. Prochaska. Cracoviae, 1882. № 1341.
[13] Zachorowski S. Studia z historii prawa kościelnego i polskiego. Kraków, 1917. S. 191.
[14] Scriptores rerum Prussicarum. Die Geschichtsquellen der preussischen Vorzeit bis zum Untergange der Ordensherrschaft / Hrsg. von Th. Hirsch, M. Töppen, E. Strehlke. Bd. 3. Leipzig, 1866. S. 493, Anm. 1.
[15] Пра пазіцыю Ягайлы гл. спецыяльную працу: Szybkowski S. Zjazd w Łęczycy w 1430 roku. Z badań nad wydarzeniami politycznymi w Polsce podczas “burzy koronacyjnej” 1429–1430 // Średniowiecze Polskie i Powszechne. 2010. T. 2 (6). S. 142–156.
[16] Czwojdrak B. Zofia Holszańska. Studium o dworze i roli królowej w późnośredniowiecznej Polsce. Warszawa, 2012. S. 34–50, 107–112.
[17] Пар.: Сагановіч Г. Калі змаўкаюць папярэднікі. Пра псеўданавуковае даследаванне Грунвальдскай бітвы // БГА. 2009. Т. 16. Сш. 2. С. 561–580. Нельга не адзначыць, што ў кнізе знешнія сілы (і Тэўтонскі ордэн, і Жыгімонт Люксембургскі, і рускія землі, і Арда, і Малдавія…) ды іх роля ў канфлікце, які не мог адбыцца без іх удзелу, ахарактарызаваны вельмі ўрыўкава.
[18] Bayerische Staatsbibliothek, Clm 22372, S. 466 – 466v. Я рыхтую публікацыю і падрабязны разбор гэтай і іншых крыніц пра падзеі канца 1430 г. у ВКЛ.
[19] LMAVB RS. F 15–73. P. 70, 90.
[20] Архив Санкт-Петербургского Института истории Российской академии наук. Западноевропейская секция. Колл. 32. Оп. 1. № 695/1. Л. 54об. (с. 107 старой пагінацыі). Найноўшае выданне дакументаў Берасцейскага міру гл.: Dokumenty pokoju brzeskiego między Polską i Litwą a zakonem krzyżackim z 31 grudnia 1435 / wyd. A. Szweda, M. Hlebionek, S. Szybkowski, J. Trupinda przy współudziale R. Petrauskasa i S. Polechova. Toruń, 2019 (у друку).
[21] Podwody kazimierskie 1407–1432 / wyd. S. Krzyżanowski // Archiwum Komisji Historycznej. T. 11. Kraków, 1909–1913. S. 392–465.
[22] Forstreuter K. Der Deutsche Orden und die Kirchenunion während des Basler Konzils // Annuarium Historiae Conciliorum. Jg. 1. Amsterdam, 1969. S. 114–139; Die Berichte der Generalprokuratoren des Deutschen Ordens an der Kurie. Bd. 4. Hbd. 1–2 / Bearb. von K. Forstreuter und H. Koeppen. (Veröffentlichungen der Niedersächsischen Archivverwaltung. H. 32, 33.) Göttingen, 1973–1976.
[23] Liv-, est- und kurländisches Urkundenbuch. Abt. 1. Bd. 13 (1472–1479) / Bearb. von M. Mahling, K. Neitmann und M. Thumser unter Mitarbeit von A. Baranov, C. Gahlbeck, J. Götz, C. von Heßberg, R. Lützelschwab, S. Neitmann und R. Schelling. Köln – Weimar – Wien, 2018. № 153, 154.
[24] Ibid. № 741. Дзякую д-ру Аляксандру Баранаву (Берлін), які звярнуў маю ўвагу на гэтую крыніцу.
[25] Nikodem J. Wyniesienie Świdrygiełły na Wielkie Księstwo Litewskie // Białoruskie Zeszyty Historyczne. T. 19. Białystok, 2003. S. 5–31, тут с. 11–14.
[26] Geheimes Staatsarchiv Preußischer Kulturbesitz, XX. Hauptabteilung, Ordensbriefarchiv, № 6114, 6129, 6150, 6159 (пар. жнівеньскую перапіску: Ibid., № 6183, 6185, 6192, 6198); Liv-, esth- und curländisches Urkundenbuch. Bd. 8 (1429 Mai – 1435) / Hrsg. von H. Hildebrand. Riga; Moskau, 1884. № 606. Магчыма, праверыць гэтыя меркаванні дапамог бы зварот да серадскіх гродскіх і земскіх кніг за 1432 г., якія захоўваюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве.
[27] Пар.: Полехов С. В. Наследники Витовта. Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV века. Москва: Индрик, 2015. С. 360–388.
[28] Пар. удалы прыклад яе выкарыстання: Мартынюк А. В. До Герберштейна: Австрия и Восточная Европа в системе персональных связей и личных контактов (XIII – начало XVI века). Москва, 2019. С. 427–434.
[29] Пар.: Antanavičius D. Nova, noua an nona ratio textus edendi? // Senoji Lietuvos literatūra. Kn. 39: XVI–XIX a. lietuviško ir kitakalbio rankraštinio paveldo tyrimai. Vilnius, 2015. P. 205–214.
[30] AGAD. Dok. perg. № 8501; GStAPK, Perg.-Urk., Schiebl. 54, Nr. 1, 3.
[31] Гл. мікрафільм 30-х г. са збору Антанаса Васіляўскаса (LMAVB RS. F 205–168. № 24). На арыгінале пячатка на цяперашні час страчана (AGAD. Dok. perg. № 4450). Паказальны той факт, што Свідрыгайла паспяшаўся зацвердзіць дамову з Ягайлам “чарнігаўскай” пячаткай, не дачакаўшыся выканання велікакняскай.

Наверх

Тэгі: ,