БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Дзмітрый Віцько. Паслясоймавая кампанія 1699 г. у Вялікім Княстве Літоўскім.


Канфлікт паміж групоўкамі Сапегаў і рэспубліканцаў у канцы XVII – пачатку XVIII ст., што выліўся ў грамадзянскую вайну ў Вялікім Княстве Літоўскім, на дадзены момант у гістарыяграфіі ўсё яшчэ не даследаваны ўсебакова і цалкам. Падрабязнага асвятлення патрабуюць палітычныя і вайсковыя кампаніі таго часу. Адной з такіх кампаній, што абумовіла шмат у чым ход падзей наступнага, пераломнага для ВКЛ 1700 года, была паслясоймавая кампанія 1699 г., якая ўключала ў сябе падвядзенне вынікаў сойма, што адбыўся ў чэрвені – ліпені гэтага года, на павятовых рэляцыйных сойміках.

Пацыфікацыйны сойм 1699 г. быў закліканы пакласці канец перыяду нестабільнасці ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, пачатак якога прыпадае на часы бескаралеўя пасля смерці Яна ІІІ Сабескага. Абранне і каранацыя ў 1697 г. новага манарха, якім стаў Аўгуст ІІ, не былі спачатку прызнаныя ўсімі групоўкамі: частка шляхты Польшчы і ВКЛ абвясціла рокаш, які працягваўся да 1698 г. У той жа час шляхта ВКЛ, якая выступала супраць Сапегаў, т. зв. рэспубліканцы, стварыла канфедэрацыю ў яго падтрымку. Нягледзячы на прызнанне ў хуткім часе Сапегамі Аўгуста ІІ, іх праціўнікі не склалі зброі. Баявыя дзеянні працягваліся да канца 1698 г. Пасля ўмяшання караля, які накіраваў у ВКЛ саксонскае войска, пад вёскай Пузавічы ў Гарадзенскім павеце было падпісана мірнае пагадненне на нявыгадных для Сапегаў умовах. Была распушчана большая частка войска ВКЛ, іх галоўнай апоры, а рэшта пакінута толькі да сойма. Заканчэнне рокашу і пагадненне, заключанае ў ВКЛ, рабілі магчымым скліканне такога сойма, які павінен быў засведчыць канец усіх нягодаў ды вяртанне да мірнага суіснавання (у сувязі з чым ён і атрымаў назву пацыфікацыйнага). У перыяд падрыхтоўкі да сойма ды яго правядзення ў супрацьстаянні палітычных груповак ВКЛ сапраўды назіралася пэўнае зацішша [1].

З прынятых на сойме рашэнняў для Вялікага Княства галоўнае значэнне мелі дзве пастановы (канстытуцыі): “Працяг часу Трыбунала ВКЛ” і “Скарбовы Трыбунал ВКЛ”. Як зазначае Б. Дыбась, абедзве яны мелі ў нечым кампрамісны характар. Першая канстытуцыя зацвярджала ардынацыю Галоўнага Трыбунала ВКЛ 1698 г., але анулявала яго рашэнні па справах, дзе істцамі выступалі самі дэпутаты. З увагі на вялікую колькасць спраў час дзейнасці Галоўнага Трыбунала, пачынаючы з наступнага, быў працягнуты да 40 тыдняў (па 20 на кожную кадэнцыю). У якасці аховы яму прызначалася харугва венгерскай пяхоты ў 100 чалавек (да наступнага сойма) [2].

Скарбовы Трыбунал ВКЛ, прызначаны на пачатак наступнага года, павінен быў заняцца разглядам запазычанасці па выплаце падаткаў за перыяд з 1667 г. Праўда, у хуткім часе высветлілася, што рэспубліканцы (за выключэннем больш памяркоўных) нязгодныя з рашэннем аб яго скліканні і нават катэгарычна адмаўляюць, што сойм прыняў такую пастанову. Верагодна, асцярогу з іх боку выклікала вялікае прадстаўніцтва Сапегаў ды іх прыхільнікаў сярод ураднікаў і сенатараў, прызначаных на сойме дэпутатамі гэтага Трыбунала. Рэшту дэпутатаў належала абраць на рэляцыйных сойміках (па адным з павета). Рэспубліканцы пабойваліся, што Сапегі могуць урэшце атрымаць большасць і выкарыстаць гэта для звядзення рахункаў [3].

У канстытуцыі галоўнай прычынай склікання Скарбовага Трыбунала называлася выплата даўгоў па заробку войску ВКЛ, а менавіта чатырох чвэрцяў, прадугледжаных Пузавіцкім пагадненнем 1698 г. (хоць наўпрост пра яго ў тэксце не згадвалася). Таксама да разгляду прымаліся справы па затрымцы заробку за тры чвэрці 1699 г. Пасля выплаты даўгоў рэшту войска, якая засталася пасля роспуску большай часткі жаўнераў у 1698 г., планавалася таксама распусціць. Рашэнне мусіла быць прынятае на сойме (магчыма, ужо на наступным) [4].

Роспуск у канцы 1698 г. большай часткі войска ВКЛ адбыўся незаконна, бо гэтае пытанне належала да кампетэнцыі сойма. На той момант яшчэ працягвалася вайна з Турцыяй і абавязковым быў яго штат, зацверджаны для ваеннага часу. І хоць цяперашнія рашэнні фактычна замацоўвалі гэтае пагадненне, але фармальна не ўсе яго палажэнні ў канстытуцыі былі прадубляваныя (напрыклад, колькасны склад арміі). З таго часу сітуацыя, аднак, істотна змянілася. У пачатку 1699 г. Рэч Паспалітая падпісала мірную дамову з Турцыяй. Гэта дало дадатковыя падставы рэспубліканцам дабівацца поўнага роспуску войска ВКЛ (так, у падатковых дэкларацыях гэтага дамагаліся троцкія, ваўкавыскія, пінскія паслы [5]). Але сойм паставіў гэтае пытанне ў залежнасць ад выплаты даўгоў. Прычым склалася даволі няпэўная сітуацыя, бо падаткі на заробак войску (яшчэ не распушчаным харугвам) былі ўхвалены толькі да лютага 1700 г. (чопавае і шэлежнае, недабор па гіберне), і прызначаліся яны на выплату заробку жаўнерам за тры чвэрці 1699 г. Пытанне далейшага фінансавання войска вырашана не было. На 1700 г. з падаткаў ухвалілі толькі татарскае і жыдоўскае пагалоўнае ды тытунёвую манаполію [6].

Акрамя канстытуцыі аб Скарбовым Трыбунале нязгоду мог выклікаць і “скрыпт ad archivum” (таемная частка соймавых пастаноў). Ён прадугледжваў скарачэнне кароннага войска да 18 тыс. ставак, але пры ўмове, што будзе вырашана спрэчка з Брандэнбургам-Прусіяй за Эльбланг і туркі перададуць Каменец Рэчы Паспалітай. Памеры войска ВКЛ пры гэтым вызначаліся як 1/3 ад польскай арміі. Захаванне і нават аднаўленне войска ў першую чаргу было б выгадна Сапегам. Таямніца гэтага дакумента была адноснай. Нейкія звесткі ўсё адно траплялі да грамадскасці. Прынамсі, ужо ў падатковых дэкларацыях троцкія паслы выступалі супраць гэтага “скрыпта”, калі ён прадугледжваў захаванне рэшты войска ВКЛ у мірных умовах і тым больш яго павелічэнне, аднак пагаджаліся, каб войска было даведзена да трэцяй часткі ад кароннага ва ўмовах вайны. Таксама супраць аднаўлення войска выступалі жамойцкія паслы [7].

Вялікі ўплыў на рашэнні сойма мела пазіцыя двара – асабліва ўлічваючы ролю маршалка Станіслава Антонія Шчукі, які адказваў у тым ліку за падрыхтоўку соймавых канстытуцый. Сучаснікі наўпрост пісалі, што Сапегі ў гэты час пачалі карыстацца прыхільнасцю і даверам караля, а рэспубліканцы іх губляць [8]8. Відаць, невыпадкова на канец жніўня прыпадае і пачатак сватання Якуба Генрыка Флемінга, саксонскага генерала і дарадцы Аўгуста ІІ, да Францішкі Ізабелы Сапегі, пляменніцы вялікага гетмана і падскарбія [9]  (шлюб адбыўся ў 1702 г.). Зацікаўленасць Аўгуста ІІ у збліжэнні з Сапегамі ў гэты час вынікала з яго ваенных планаў. Каралю патрэбна было пакінуць у ВКЛ саксонскія войскі, якія можна было б выкарыстаць у вайне са Швецыяй, і, пажадана, размясціць іх тут на законных падставах [10]. Першапачатковы план, датаваны 8 жніўня 1699 г., прадугледжваў канцэнтрацыю гэтых войскаў на зіму ў раёне Шаўлі – Янішкі – Салаты – Біржы [11]. Акрамя таго, як паказалі падзеі наступнага года, Аўгуст ІІ быў не супраць выкарыстаць і літоўскія войскі.

Выгаднае для сябе рашэнне па першым пытанні кароль спрабаваў правесці на паслясоймавай радзе сената, якая адбылася 12–17 жніўня 1699 г. У ёй удзельнічалі 30 сенатараў, у тым ліку 7 ад ВКЛ (віленскі ваявода і вялікі гетман Казімір Ян Сапега, віленскі кашталян і палявы гетман Юзаф Багуслаў Слушка, канцлер Караль Станіслаў Радзівіл, падканцлер Станіслаў Антоній Шчука, вялікі маршалак Аляксандр Павел Сапега, надворны маршалак Януш Антоній Вішнявецкі, падскарбі Бенядзікт Павел Сапега) і шмат паслоў. Першыя два дні прамаўлялі біскупы, ваяводы і кашталяны, на трэці – міністры. 17 жніўня былі ўзгоднены рашэнні па пытаннях, якія выносіліся на разгляд. Аднак рада не змагла вызначыцца з пытаннем, дзе браць сродкі на заробак войску ВКЛ (у сувязі з тым, што сойм не ўхваліў на яго падаткаў), і наогул прызнала, што гэта не ў яе кампетэнцыі. Адна з прапаноў, вынесеных на разгляд манархам ужо на самой радзе, у вусным парадку, датычыла пабудовы порта ў Паланзе. Гэтае пытанне закранулі ў сваіх выступленнях мальбаркскі ваявода Ян Ежы Пшэбяндоўскі, а таксама літоўскія канцлер Радзівіл і падканцлер Шчука, якія былі не супраць, каб дазволіць каралю там будаўніцтва. Рада падтрымала гэтае рашэнне [12].

Будаўніцтва порта ў Паланзе было ў першую чаргу зачэпкай, каб сцягнуць войскі на поўнач ВКЛ, бліжэй да планаванага тэатра баявых дзеянняў. Па-другое, цікавасць менавіта да Палангі магла вынікаць з планаў па пракладанні марскога шляху забеспячэння саксонскай арміі. Аднак цяжка сказаць, наколькі сур’ёзна разглядалася само гэтае будаўніцтва, ці не было гэта толькі нагодай. У любым выпадку, каб утрымліваць там усю армію, будаўнічыя працы выглядалі даволі сумнеўнымі падставамі, не кажучы пра тое, што яе трэба было дзесьці пакінуць на зіму.

Аўгуст ІІ паспрабаваў замацаваць поспех і прапанаваў выкупіць Эльбланг, закладзены брандэнбургскаму курфюрсту, узамен за заклад яму Мальбаркскай эканоміі і Палангаўскага стараства, дзе хацеў размясціць войскі. 24 жніўня прызначаная соймам дэпутацыя, якая займалася справай Эльбланга, прыняла дэкларацыю са згодай на такі варыянт. Аднак падпісалі яе толькі 12 сенатараў, у тым ліку 4 з ВКЛ (двое Сапегаў – падскарбі і вялікі маршалак, канцлер Радзівіл і падканцлер Шчука). Са шляхецкіх дэпутатаў ад ВКЛ падпісаўся палявы пісар Міхал Юзаф Сапега. У той жа час сярод тых, хто выступіў супраць, былі абодва літоўскія гетманы, Сапега і Слушка. Як бачым, думкі Сапегаў падзяліліся (або яны наўмысна занялі такія пазіцыі, каб не выступаць разам супраць караля). Гэтага было недастаткова для рэалізацыі дэкларацыі. Спробы двара яе праціснуць працягваліся прынамсі да кастрычніка, але безвынікова [13]. 13 снежня 1699 г. Рэч Паспалітая падпісала дамову з Фрыдрыхам ІІІ пра вяртанне Эльбланга, і такі варыянт канчаткова адпаў [14].

Між тым, яшчэ 9 жніўня каралём былі падпісаныя прывілеі на Палангаўскае і Вабольніцкае стараствы курляндскаму герцагу Фердынанду, заангажаванаму ў інфлянцкія планы Аўгуста ІІ. Цяжка сказаць, быў гэта першасны ці запасны варыянт, бо прывілеі маглі быць датаваныя заднім днём або прытрыманыя. У іх тэксце адзначана, што наданне зроблена нібыта пасля добраахвотнай адмовы ад гэтых уладанняў каралевы-ўдавы Марыі Казіміры [15]. Апошняя знаходзілася за мяжой, і невядома, ці было гэта з ёй узгоднена [16]. У любым выпадку ўсе тыя маніпуляцыі, мэтай якіх было захаваць бачнасць “законнасці”, былі не надта пераканаўчымі, бо рашэнне сойма пра вывад саксонскіх войскаў ніхто не адмяняў.

Аднак замест вываду ў другой палове верасня пачалося перакіданне гэтых войскаў у Палангу, і ў пачатку кастрычніка туды прыбылі ўжо першыя саксонскія палкі [17]. Зразумела, перамяшчэнні саксонскіх войскаў у гэтым напрамку і размяшчэнне іх у Жамойці выклікалі абурэнне шляхты, праяваў якога варта было чакаць на рэляцыйных (паслясоймавых) сойміках.

23 жніўня кароль разаслаў на рэляцыйныя соймікі ліст, дзе паведаміў, што ад’язджае ў Саксонію і перадае кіраванне на гэты час кардыналу і прымасу Міхалу Радзяёўскаму. Выезд яго з Варшавы адбыўся 25 жніўня, пасля заканчэння рады. Прымас у пачатку верасня разаслаў лісты на соймікі ВКЛ, дзе паведаміў пра неабходнасць пакінуць у ВКЛ войска памерам на трэць ад кароннай арміі (г. зн. 6 тыс. ставак), спаслаўшыся наўпрост на “скрыпт ad archivum” і паўтарыўшы аргументы наконт Каменца і Эльбланга. Радзяёўскі хацеў, каб шляхта ўхваліла на яго падаткі да наступнага сойма (або прынамсі для тых харугваў, якія не былі яшчэ распушчаны), заклікаў таксама вырашыць праблему запазычанасці на Скарбовым Трыбунале. Радзяёўскі быў саюзнікам Сапегаў, і апошнім такі варыянт вельмі імпанаваў (у навінах паведамлялася, што на аднаўленні войска настойваюць літоўскія гетманы) [18]. Аднак было незразумела, адкуль у такім выпадку браць на яго падаткі, калі яны не былі зацверджаны соймам. Схіліць шляхту, асабліва апазіцыйную Сапегам, да іх выплаты ў такой сітуацыі было складана.

Гэтыя тры пытанні, часткова паміж сабой звязаныя (ацэнка соймавых пастаноў, у першую чаргу канстытуцыі аб Скарбовым Трыбунале, праблема саксонскага войска і стаўленне да пытання аднаўлення войска ВКЛ), сталі галоўнымі ў час паслясоймавай кампаніі.

У сваіх дэкларацыях напрыканцы паседжанняў сойма паслы прызначылі рэляцыйныя соймікі ў розных паветах на розны час – ад 21 жніўня да 15 кастрычніка [19]. Абвешчанне паслоў пра правядзенне сойміка з гэтай кампаніі вядомае толькі адно. 8 жніўня, будучы яшчэ ў Варшаве, Крыштаф Завіша і Станіслаў Шаўкоўскі, паслы Вількамірскага павета, склікалі шляхту гэтага павета на 15 верасня, каб выслухаць прынятыя на сойме канстытуцыі і абраць камісара (дэпутата) на Скарбовы Трыбунал [20]. Але пра сам ход гэтага сойміка нічога не вядома. Наогул, з соймікаў Віленскага ваяводства захаваліся звесткі толькі пра ашмянскі – ён быў сарваны. Хутчэй за ўсё, прычынай зрыву паслужыла канфліктная сітуацыя вакол абрання дэпутата на Скарбовы Трыбунал [21].

У Гарадзенскім павеце яшчэ з часоў бескаралеўя захоўваўся раскол. Варожасць паміж групоўкамі зайшла настолькі далёка, што супольнае правядзенне соймікаў стала немагчымым. Рэляцыйны соймік тут мусіў сабрацца 15 верасня. Пра яго ход цяжка сказаць нешта дакладна. Хутчэй за ўсё, ён быў раздвоены, бо пазней сапежанцы скардзіліся на сваіх праціўнікаў, што тыя пасля сойма збіраліся на соймік “у горадзе”, а не ва ўстаноўленым месцы [22]. З гэтага можа таксама вынікаць, што самі сапежанцы збіраліся ў замку. Вядома таксама, што гэты соймік быў адкладзены (лімітаваны), але цяжка сказаць, якога з іх (ці абодвух) гэта датычыла. Па выніках названых падзей 17 верасня 1699 г. у ваўкавыскі гродскі суд паступіла пратэстацыя на гарадзенскіх рэспубліканцаў: старасту Яна Катовіча, харужага Грыгорыя Катовіча (сапежанцы лічылі яго толькі падстарастам), гродскіх суддзю Ігнацыя Рукевіча і пісара Яна Тымінскага, якая не была ўпісана цалкам, з-за чаго нельга зразумець, што там, уласна кажучы, адбылося [23].

Неўзабаве пасля гэтага мірыць бакі ў якасці пасярэдніка ўзяўся падскарбі ВКЛ Бенядзікт Павел Сапега. Можна меркаваць, што перамовы датычылі перш за ўсё падзелу пасадаў (рэспубліканцы ў пачатку года абралі новых маршалка, харужага і земскага суддзю, якіх сапежанцы не прызнавалі [24]). Праходзілі яны цяжка, у сувязі з чым гарадзенскі соймік яшчэ два разы адкладаўся: спачатку дзесьці 20 кастрычніка яго вырашылі адкласці да 29 дня гэтага ж месяца [25], потым перанеслі яшчэ на два тыдні [26].

Пераносіўся таксама жамойцкі соймік. Спачатку, сабраўшыся, відаць, як і планавалася, у сярэдзіне кастрычніка, шляхта разышлася праз адсутнасць соймавых канстытуцый [27]. Але пры гэтым было вырашана накіраваць паслоў да свайго старасты Грыгорыя Антонія Агінскага, да гетмана Казіміра Яна Сапегі, а таксама на Галоўны Трыбунал ВКЛ. Сапегу як гетмана заклікалі “да абароны Радзімы” ад саксонцаў, а старасту, відаць, запрашалі ўзначаліць жамойцкае паспалітае рушанне [28]. Сітуацыя, якая склалася ў Жамойці праз размяшчэнне там саксонскага войска, была ўжо дастаткова напружаная. Аднак Агінскі не хацеў псаваць адносіны з каралём і ў сваім адказе паслам (жамойцкаму падкаморычу Леанарду Станкевічу і Андрэю Кшанстоўскаму) выказаў жаданне пазбегнуць небяспечных шляхоў яе вырашэння [29]. Паслы да Сапегі (двое шляхцічаў Эперэйшы, не названыя па імені) прыбылі ў Горадню дзесьці ў сярэдзіне лістапада і звярнуліся да гетмана з просьбай аднавіць харугвы, распушчаныя ў мінулым годзе, і разам са шляхтай выступіць супраць немцаў на Палангу. Сапега “не адмовіўся” ім дапамагчы, але пры ўмове, што гэтага хацела б уся жамойцкая шляхта [30].

Рэляцыйны соймік у Наваградку сабраўся, як і меркавалася, 22 верасня, але быў сарваны на самым пачатку пры абранні дырэктара. У ім збіраўся ўдзельнічаць канюшы ВКЛ Міхал Францішак Сапега, які аднак не прыйшоў, даведаўшыся, што соймік плануецца сарваць [31]. Пасля гэтага частка шляхты хацела склікання паўторнага сойміка, іншыя працівіліся і пратэставалі [32]. Наваградскія паслы хацелі склікаць соймік яшчэ раз 1 снежня. Адцягванне яго больш чым на два месяцы тлумачылася тым, што ў памяшканні, дзе ён збіраўся, засядаў Галоўны Трыбунал ВКЛ (так склалася, бо ў памяшканні суда ў той час ішоў рамонт) [33]. Цяжка сказаць, чым скончылася гэтая гісторыя, але ў вядомых крыніцах звестак пра правядзенне паўторнага сойміка няма.

Слонімскі соймік, на якім прысутнічаў, між іншым, стольнік ВКЛ Юрый Станіслаў Сапега, быў адкладзены (per laudum – г. зн. прыняўшы адпаведную пастанову). Адбылося гэта з тае прычыны, што соймавыя канстытуцыі не былі ўнесены ў кнігі павятовага гродскага суда. Слонімскі падсудак Аляксандр Уладзіслаў (Уладзіслаў Аляксандр) Валовіч, які атрымаў іх ад канцлера Караля Станіслава Радзівіла, тлумачыў яму пазней, што не аддаў іх у гродскі суд, нягледзячы на ягоную просьбу, і пакінуў да сойміка ў сябе, бо “заўсёды ў ранейшыя часы ў гродзе канстытуцыі прападалі і ніводнай у нас не знойдзецца ані ў гродзе, ані ў земстве”. У выніку канстытуцыі былі-такі перададзены гродскім ураднікам, але на сойміку, які сабраўся паўторна 15 кастрычніка, ужо аказалася, што тыя іх не актыкавалі (“бачылі ўсе вялікую памылку паноў градовых”). Праз гэта соймік быў адкладзены яшчэ раз – на 29 кастрычніка. І толькі ў гэты дзень, з трэцяй спробы, паслам удалося скласці справаздачу. Дэпутатам на Скарбовы Трыбунал тут быў абраны віленскі земскі суддзя Казімір Аляксандр Валовіч. Быў абраны таксама камісар – відаць, з даручэннем завесці на гэты Трыбунал падатковую дакументацыю (нехта Бартноўскі, “шляхціч вельмі мізэрнага дастатку”) [34].

Соймік у Ваўкавыску адбыўся 9–10 верасня (крыху пазней, чым дэкларавалі паслы) і быў, паводле сведчання ўдзельнікаў, “аграмадны”. Прысутнічалі, між іншым, кухмістр ВКЛ і мясцовы судовы стараста Крыштаф Камароўскі, канюшы ВКЛ Міхал Францішак Сапега (які потым у суправаджэнні сваіх слуг і рэйтараў накіраваўся ў Наваградак) і іншыя. Пад час чытання канстытуцыі аб Скарбовым Трыбунале з пратэстам супраць яе выступіў шляхціч Ян Няскевіч. Дырэктар яго нібыта ўціхамірыў, і соймік прадоўжыўся. Дэпутатам Скарбовага Трыбунала быў абраны ваўкавыскі падстараста і падстолі Мікалай Станіслаў Сухадольскі, камісарам – Сільвестр Гарадзельскі (бедны, “але разумны і прыстойны” шляхціч). Скончыўся соймік падпісаннем крэдэнса Сухадольскаму. Пасля гэтага Ян Няскевіч, “прыбраўшы сабе яшчэ некалькі асоб”, накіраваўся ў Слонім, дзе ў гродскім судзе склаў пратэстацыю супраць парушэння каэквацыі і ардынацыі (відаць, Галоўнага Трыбунала 1698 г. – Д. В.) ды выступіў супраць абрання Сухадольскага і яго ўдзелу ў Скарбовым Трыбунале. Сухадольскі ў адказ занёс на яго пратэстацыю ў ваўкавыскі гродскі суд, настойваючы, што ўсе рашэнні сойміка законныя, і падазраючы, што яго апанент быў падкуплены [35].

Віцебскі рэляцыйны соймік адбыўся 29 кастрычніка, на дзень пазней за планаваны тэрмін (калі, канешне, ён не працягваўся два дні). Кіраваў яго паседжаннямі павятовы падкаморы Адам Кісель; прысутнічалі таксама віцебскія земскі суддзя Тэадор Лукомскі, войскі Міхал Мікалай Шапка і іншыя. Соймік быў, відаць, не надта шматлікі – па подпісах вядомыя ўсяго 17 удзельнікаў [36]. Паслы перадалі дырэктару прывезены імі пацвярджальны прывілей Аўгуста ІІ на права элекцыі віцебскага ваяводы [37] (ранейшыя прывілеі Віцебскаму і Полацкаму ваяводствам былі пацверджаны на сойме таксама асобнай канстытуцыяй [38]). Акрамя таго, у Віцебску былі абраны паслы да прымаса, прынятыя ім дзесьці ў сярэдзіне студзеня 1700 г., але змест дадзенай ім інструкцыі невядомы [39]. Віцебская шляхта сцвярджала пазней, што апратэставала на рэляцыйным сойміку дзейнасць Скарбовага Трыбунала, пра скліканне якога паведамілі ў сваёй справаздачы паслы [40]. Але з улікам таго, што ў гэтым Трыбунале ўдзельнічаў віцебскі дэпутат, вендэнскі войскі Ян Клусовіч, відаць, адзінства тут не было [41].

У Оршы ў час святаміхальскага попісу ў канцы верасня адбылося ўзброенае сутыкненне, тады быў паранены ротмістр Крукоўскі (магчыма, упіцкі скарбнік Уладзіслаў Крукоўскі, які ў канцы 1698 г. згадваецца як ротмістр [42]), а на рэляцыйным сойміку, які мусіў сабрацца 5 кастрычніка, здарыўся раскол. Фактычна адбыліся два соймікі, на якіх, па некаторых звестках, былі абраныя двое камісараў (дэпутатаў) Скарбовага Трыбунала [43]. Адным з іх быў аршанскі гродскі суддзя і войскі Мікалай Станіслаў Галінскі, які ўдзельнічаў у паседжаннях [44]; хто быў другі, невядома. Цяжка сцвярджаць нават, што іх сапраўды было двое, бо наваградскі чашнік Станіслаў Корсак, які пра гэта пісаў, не быў сведкам падзей. Затое дакладна вядома, што з Оршы ў Вільню (відаць, з другога сойміка) былі накіраваны паслы з пратэстацыяй супраць Скарбовага Трыбунала: інфлянцкі падчашы Валяр’ян Борк і берасцейскі скарбнік Уладзіслаў Кажанеўскі [45].

15 верасня прайшоў рэляцыйны соймік у Берасці, дырэктарам якога быў абраны Аляксандр Ян Касцюшка-Сяхновіцкі. Шляхта выслухала паслоў, якія зачыталі канстытуцыі. Пасля гэтага слова ўзяў берасцейскі гродскі пісар Францішак Шуйскі, які зачытаў пратэстацыю кароннага канцлера Ежы Альбрэхта Дэнгафа супраць пачынанняў караля, які не выканаў абяцанне вывесці войскі, размясціў іх у Паланзе, Мальбарку і інш. Таксама на сойміку была шуміха з нагоды ліста прымаса Радзяёўскага, у якім той прапаноўваў арганізацыю ў ВКЛ 6-тысячнага войска. Берасцейская шляхта вырашыла адкласці абранне камісара (дэпутата) Скарбовага Трыбунала на лімітаваны фіскальны соймік, які павінен быў прайсці назаўтра пасля святаміхальскага попісу. Сам гэты попіс планавалася выкарыстаць для дэманстрацыі ваеннай сілы і гатоўнасці расправіцца з саксонцамі, у сувязі з чым на яго склікалася ўся шляхта пад пагрозай страты голасу на будучых сойміках, а таксама татары, якія жылі ў павеце [46]. Было вырашана таксама накіраваць паслоў (ваўкавыскага мечніка Самуэля Юрэвіча і берасцейскага лоўчага Францішка Хшаноўскага) да канцлера Радзівіла з паведамленнем пра прынятыя рашэнні, а таксама да прымаса. Апошняга прасілі вывесці саксонскае войска або выдаць універсалы на паспалітае рушанне. Шляхта адмаўляла магчымасць прызначэння новых падаткаў і не пагаджалася на павелічэнне войска ВКЛ. Акрамя таго, удзельнікі сойміка выказвалі шкадаванне, што адны канстытуцыі, прынятыя соймам, не былі апублікаваныя (напрыклад, пастанова аб выплаце Аўгустам ІІ войску ВКЛ мільёнаў, абяцаных пад час элекцыі), а іншыя, нават не вынесеныя на разгляд (не называючы, якія канкрэтна), – наадварот, выйшлі друкам. Незадаволена была шляхта і ад’ездам караля ў Саксонію – выказвалася асцярога, што ў яго адсутнасць можа быць парушаны хісткі спакой [47].

Па дарозе ў Варшаву 20 верасня паслы завіталі ў Белай да Караля Станіслава Радзівіла, якога запрасілі на попіс [48], а 22 ці 24 верасня былі прынятыя Радзяёўскім [49]. На просьбу вывесці саксонскія войскі прымас адказаў, што яны ўжо і так выходзяць (збіраюцца пад Берасцем акурат для таго, каб выйсці за мяжу), у сувязі з чым адмовіў у скліканні паспалітага рушання. У пытанні войска ВКЛ Радзяёўскі спаслаўся на каэквацыю, згодна з якой, на яго думку, Княства павінна ўтрымліваць сілы прапарцыйна колькасці кароннага войска (трэць ад апошняга). Пастанова аб каэквацыі гэта не рэгулявала – хутчэй, тут мелася на ўвазе агульная логіка федэратыўнага ўладкавання дзяржавы і вагі ў ім ВКЛ. Наконт публікацыі канстытуцый прымас адказаў, што не сумняваецца ў сумленнасці маршалка сойма, адносна ж пастановы аб выплаце каралём войску даўгоў спаслаўся на тое, што дастаткова ўпамінання пра гэта ў каронных канстытуцыях [50].

Тым часам Радзяёўскі на ўсялякі выпадак напісаў ліст да камандзіра саксонскіх войскаў пад Берасцем, папярэдзіў пра попіс і папрасіў пра захаванне асцярожнасці [51]. Напярэдадні попісу, 27 верасня, саксонцы пайшлі з-пад Берасця [52], але гэта было часова, іх перамяшчэнні адбываліся тут і пазней [53].

30 верасня ў Берасці прайшлі два соймікі і попіс. З раніцы ў кляштары аўгусцінцаў распачаўся элекцыйны соймік на ўрад падсудка, дырэктарам якога быў абраны менскі кашталяніч Станіслаў Русецкі. З гэтага сойміка шляхта накіравала Людвіка Канстанцыя Пацея, стражніка ВКЛ, і Крыштафа Грабоўскага, берасцейскага земскага суддзю, да Караля Станіслава Радзівіла, запрашаючы яго стаць павятовым палкоўнікам і вывесці шляхту ў поле на попіс. Пасля атрымання ад яго згоды гэты соймік быў адкладзены да заўтра. Праз гадзіну пасля гэтага шляхта сабралася на Рынку, куды прыбыў з харугвай і берасцейскі харужы Дамінік Шуйскі. Туды ж прыехаў і Радзівіл, якому Шуйскі перадаў камандаванне, і той павёў шляхту на попіс у поле. Там спачатку быў праведзены “попісавы” соймік. Адкрыў яго харужы Шуйскі, які прапанаваў кіраўніцтва паседжаннямі Радзівілу. На гэта ўсе пагадзіліся, і Радзівіл прыступіў да выканання абавязкаў дырэктара. Спачатку была зачытана пастанова рэляцыйнага сойміка ад 15 верасня. Потым склалі справаздачу паслы, якія вярнуліся ад прымаса. Нарэшце быў праведзены сам попіс, пасля якога Радзівіл зладзіў пачастунак для ўсёй павятовай шляхты.

Назаўтра, 1 кастрычніка, паседжанні элекцыйнага сойміка прадоўжыліся, але праз зваду менскага кашталяніча Аляксандра Русецкага з Бухавецкімі гэты соймік быў сарваны. Адразу ж пасля яго ўзнавіў свае паседжанні лімітаваны фіскальны соймік пад дырэкцыяй падстолія і гродскага пісара Францішка Шуйскага. Гэты соймік скончыўся паспяхова. У выпадку вяртання немцаў у Берасцейскі павет шляхта вырашыла склікаць паспалітае рушанне. Камандаванне ім таксама было даручана Радзівілу, які быў зацверджаны генеральным рэгіментарам павета, у той час як годнасць павятовага палкоўніка перайшла да стражніка ВКЛ і берасцейскага падкаморыя Людвіка Канстанцыя Пацея; былі абраны таксама павятовыя ротмістры [54]. Вядома, што Пацей прадстаўляў таксама Берасцейскі павет у якасці дэпутата на Скарбовым Трыбунале ВКЛ [55].

Рэляцыйны соймік у Пінску быў скліканы пасламі ў адпаведнасці з дэкларацыяй на 22 верасня. Прайшоў ён на замку пад дырэкцыяй пінскага земскага суддзі Казіміра Войны. Магчыма, што працягваўся ён два дні, паколькі захаваўся ўніверсал дырэктара, датаваны 23 верасня. З прынятых на ім дакументаў вядомая толькі пастанова сабраць па 6 грошаў з дыму ў якасці ўзнагароджання пінскаму войскаму і падстарасту Яну Філону Варонічу, які быў паслом на сойм [56]. Дэпутатам Скарбовага Трыбунала шляхта абрала Стафана Кужанецкага, якому было даручана ўдзельнічаць у яго працы, калі на ім не будуць разглядацца старыя нядоімкі [57].

Менскія паслы склікалі шляхту свайго павета на рэляцыйны соймік 13 кастрычніка – на два дні раней, чым меркавалася. Дырэктарам яго абралі Грыгорыя Цадроўскага. Усяго ў ім удзельнічалі 63 шляхцічы (прынамсі, столькі вядома па подпісах), але з больш значных павятовых ураднікаў прысутнічаў толькі менскі земскі суддзя Аляксандр Юзаф Уняхоўскі. Удзельнікі сойміка склалі пратэстацыю, у якой заявілі, што канстытуцыя аб Скарбовым Трыбунале на сойме не толькі не была зацверджана, але і не выносілася на разгляд. У сувязі з гэтым было заяўлена, што выракі гэтага Трыбунала на тэрыторыі павета прызнавацца не будуць. Таксама быў апратэставаны “скрыпт ad archivum”, які прадугледжваў захаванне, а фактычна – фармаванне наноў войска ВКЛ. Шляхта заявіла, што не выдасць на яго падаткі і ўвогуле будзе разглядаць жаўнераў як ворагаў Айчыны. Наогул, было абвешчана пра аднаўленне на тэрыторыі павета ўсіх ранейшых канфедэрацый і высунута патрабаванне распусціць рэшту войска ВКЛ. Таксама на сойміку абралі паслоў на Скарбовы Трыбунал (холмскі гараднічы Павел Станіслаў Свянціцкі і менскі гродскі суддзіч Давід Міцкевіч), якім даручылі пратэставаць супраць яго адкрыцця і дзейнасці [58].

Наступныя падзеі развіваліся пад большым уплывам саксонскага фактару. У пачатку лістапада колькасць саксонскіх войскаў у Паланзе ацэньвалася ў 10 тыс. чалавек, прычым іх рух на поўнач не спыняўся. Заняўшы Палангу, саксонцы пачалі там будаўніцтва: узвялі маяк і спрабавалі насыпаць земляныя ўмацаванні, але гэтаму перашкаджала пясчаная глеба. Між тым, набліжаліся халады і стала відавочна, што кароль не збіраецца выконваць абяцанні вываду войскаў. Сам Аўгуст ІІ у канцы верасня ў лісце да прымаса падаваў справу так, што двухтыднёвы тэрмін іх вываду, які адводзіўся пасля сойма, павінен адлічвацца ад рэляцыйных соймікаў (з улікам лімітаваных). Такая трактоўка паказвала, наколькі кароль наогул лічыць патрэбным прытрымлівацца правоў Рэчы Паспалітай [59].

Праблема саксонскага войска ўстрывожыла дэпутатаў Галоўнага Трыбунала ВКЛ у Наваградку, якія ў канцы кастрычніка – пачатку лістапада правялі прысвечаную гэтаму нараду. Дэпутаты вырашылі, што немцаў пара граміць, і выправілі паслоў (ашмянскага харужага Станіслава Пазняка і віленскага гродскага пісара Яна Канстанцыя Вольскага) да гетмана Сапегі, заклікаючы яго аднавіць войска і скіраваць супраць саксонцаў [60]. Назаўтра прыбыў адсутны на нарадзе віцебскі падваявода і дэпутат Самуэль Казімір Кісель, які выступіў супраць такога рашэння і заявіў нават, што лепш быць “пад маскоўскім ярмом, чым пад сапежанскай уладай” (магчыма, меліся на ўвазе чуткі, што на мяжы ВКЛ збіраюцца расійскія войскі). За гэта Кісяля пазбавілі дэпутацкіх паўнамоцтваў, але праз два дні той выбачыўся перад Трыбуналам і быў адноўлены. Акрамя таго, паслоў накіравалі да канцлера Караля Станіслава Радзівіла і да віцебскага кашталяна Міхала Казіміра Коцела, лідара рэспубліканцаў, запрашаючы іх далучыцца да нарадаў, а таксама да прымаса Радзяёўскага – верагодна, са скаргамі на саксонцаў (пасламі да апошняга былі прызначаны гарадзенскі харужы Грыгорый Юзаф Катовіч і Францішак Антоній Валадковіч) [61]. Правядзенне паўторнай нарады ў гэтай справе планавалася ў сярэдзіне лістапада. Каб узяць у ёй удзел, прыбыў і жамойцкі стараста Грыгорый Агінскі. Але пра стаўленне да гэтай ініцыятывы астатніх запрошаных цяжка штосьці сказаць дакладна. Урэшце невядома, ці яна адбылася [62].

Некалькі лімітаваных рэляцыйных соймікаў сабралася ў лістападзе – снежні гэтага года. Важнае значэнне ў той час мелі спробы замірэння ў Гарадзенскім павеце, у астатнім увага назіральнікаў была прыцягнута да поўначы Княства, дзе упіцкая і жамойцкая шляхта спрабавала вызначыцца, як рэагаваць на размяшчэнне там саксонскіх войскаў.

У першай палове лістапада перамовы паміж групоўкамі ў Горадні істотна прасунуліся наперад і з’явіўся шанс дасягнуць нарэшце згоды. Аднак усе надзеі аказаліся марнымі. 13 лістапада ў Горадні павінен быў сабрацца лімітаваны рэляцыйны соймік, а непасрэдна перад ім бакі планавалі заключыць пагадненне. На гэтае заключэнне да свайго брата Бенядзікта Паўла прыбыў і Казімір Ян Сапега ў суправаджэнні больш чым 600 жаўнераў татарскіх і валашскіх харугваў. Падбухтораны наваградскім кашталянам Стафанам Александровічам (былым гарадзенскім маршалкам), ён абрынуўся з абвінавачаннямі на абраных рэспубліканцамі ў пачатку года новых маршалка Яна Масальскага і харужага Грыгорыя Катовіча. У выніку тыя пакінулі перамовы і сышлі. Сапегі пасля гэтага засталіся са сваімі прыхільнікамі (Александровічамі, Міцутамі, Храптовічамі і інш.) [63] і, магчыма, правялі запланаваны соймік самастойна, бо ў працы Скарбовага Трыбунала ад Горадні браў удзел сапежанец Крыштаф Міцута, мясцовы падкаморы (пры ўмове, што ён не быў абраны яшчэ ў верасні) [64]. Магчыма таксама, што гэты соймік, як і папярэднія, быў раздвоены, бо ў пазнейшай пратэстацыі згадваецца, што рэспубліканцы збіраліся пасля сойма “на прыватных месцах у горадзе” неаднойчы [65].

16–18 лістапада ў Горадні сапежанцы, якія не прызнавалі павятовых ураднікаў, абраных у пачатку года, самі пад дырэкцыяй Казіміра Яна Сапегі правялі элекцыйныя соймікі на ўрады маршалка, харужага і земскага суддзі [66]. Ян Масальскі з Грыгорыем Катовічам, якія склалі 29 кастрычніка пратэстацыю супраць Сапегаў у Трыбунале ВКЛ у Наваградку (верагодна, яшчэ па выніках вераснёўскага сойміка), 27 лістапада, пасля правядзення сапежанцамі элекцыйных соймікаў, занеслі яе там жа абноўленую. Сапегі былі абвінавачаны ў прыцясненні шляхты, з’яўленні на гэтыя соймікі ў суправаджэнні войска, у тым, што білі, секлі і прыніжалі шляхту, тапілі яе ў Нёмане, у выніку чаго меліся загінулыя і параненыя. У адказ 18 лютага 1700 г. у віленскі гродскі суд паступіла пратэстацыя Сапегаў ды іх гарадзенскіх прыхільнікаў, якія ўсе абвінавачанні адмаўлялі і самі скардзіліся на рэспубліканцаў, што тыя чынілі раскол і праводзілі соймікі пасля сойма асобна [67].

Рэляцыйны соймік Упіцкага павета, лімітаваны на 9 лістапада, сабраўся ў гэты дзень у Панявежы пад кіраўніцтвам павятовага маршалка Аляксандра Яна Падбярэзскага [68]. За дзень да гэтага прайшоў з’езд паспалітага рушання, скліканы павятовымі ўраднікамі, верагодна, супраць саксонцаў. Паводле сапежанцаў, якія ўказвалі на незаконнасць яго склікання, ён быў лімітаваны з 28 верасня, г. зн. што ў дадзеным выпадку лімітавалі штогадовы святаміхальскі попіс. Скліканне рэляцыйнага сойміка яны таксама лічылі незаконным, што, магчыма, звязана з непаразуменнямі яшчэ пры абранні паслоў на сойм. Адным з іх быў інфлянцкі стольнік, сапежанец Вільгельм Фрыдрых Бухальц, другім – упіцкі земскі суддзя, рэспубліканец Станіслаў Юрый Марцінкевіч. Пры гэтым рэспубліканцы пазней абвінавачвалі Бухальца ў прыўлашчванні пасольскіх паўнамоцтваў, таму маглі існаваць і рознагалоссі адносна таго, хто з паслоў мае права склікаць соймік [69].

Нягледзячы на гэта, сапежанцы прыйшлі на соймік, але там здарыўся канфлікт за месца павятовага мечніка, які перарос ва ўзброенае сутыкненне паміж групоўкамі. На гэты ўрад прэтэндавалі Ота Юрый Ган (зяць Вільгельма Фрыдрыха Бухальца) і Павел Францішак Марцінкевіч (сын Станіслава Юрыя Марцінкевіча); абодва яны мелі каралеўскія прывілеі. Пасля таго як сапежанцы заявілі пратэст contra actum сойміка, на іх з шаблямі і абухамі рынуліся упіцкія стараста Геранім Ян Пузына, падсудак Геранім Міхал Пузына, земскі пісар Уладзіслаў Пузына, пінскі стольнік Базыль Крыштаф Крукоўскі, ноўгарад-северскі войскі Мікалай Карп, а таксама шляхціч Пётр Пухоўскі – з мушкетам. У выніку Ган быў паранены ў галаву; верагодна, тады ж быў паранены і яго цесць Бухальц. Нягледзячы на тое, што соймік быў сарваны, рэспубліканцы назаўтра зноў сабраліся на паседжанні і прынялі пастанову з асуджэннем Бухальца і яго прыхільнікаў, а ўсіх, хто прысутнічаў на сойміку, абавязалі яе падпісаць, пагражаючы “разнесці на шаблях” таго, хто наважыўся б пратэставаць. Пасля заканчэння сойміка вялікая група шляхты, відаць, пераважна сапежанцаў, адмовілася ад сваіх подпісаў, заявіла пра падтрымку Бухальца і склала з гэтай нагоды ў той жа дзень пратэстацыю, якая пазней была занесена ў віленскі гродскі суд. Падпісалі яе ужвенцкі цівун Казімір Шчасновіч, упіцкі гродскі суддзя Самуэль Берк, палкоўнік Крыштаф Бухальц і іншыя – усяго 87 чалавек (але подпісы захаваліся не цалкам) [70]. Акрамя таго, сапежанцамі была асобна занесена пратэстацыя супраць сойміка і з’езда, але з нейкіх прычын толькі праз паўгода. Спачатку яе хацелі падаць у Галоўны Трыбунал, але ў выніку падалі ў той жа віленскі гродскі суд. Падпісалі яе 37 чалавек (у большасці – тыя ж, што і папярэднюю; хоць Шчасновіч, напрыклад, адсутнічае, але ёсць Вільгельм Фрыдрых Бухальц) [71].

Паранены на сойміку Ота Юрый Ган быў затрыманы, нібыта нават з жонкай і слугамі, і аддадзены пад суд, якім кіраваў стараста Пузына. Таксама рэспубліканцы, карыстаючыся перавагай, асудзілі ў павятовым скарбовым судзе Вільгельма Фрыдрыха Бухальца з-за нявыплаты гіберны з Гульбінскага стараства, якое здаваў яму ў арэнду вялікі маршалак Аляксандр Павел Сапега [72].

На гэтым жа сойміку рэспубліканцамі былі абраны паслы да караля: бельскі скарбнік Адам Шорч і упіцкі скарбнік Міхал Пшыялгоўскі. Згодна з атрыманай інструкцыяй, яны павінны былі засведчыць, што упіцкая шляхта гатова выступіць супраць саксонскага войска, якое не было выведзена з ВКЛ пасля сойма, але ўсё ж прапануе каралю вывесці яго самастойна. Па-другое, незадаволенасць шляхты выклікала канстытуцыя аб Скарбовым Трыбунале, якая расцэньвалася як парушэнне каэквацыі (без удакладнення, якая паміж імі сувязь). Было заяўлена, што дэпутаты, якія яе рыхтавалі, дазволілі сабе лішняга, у сувязі з чым прапаноўвалася на наступным сойме аддаць іх пад суд. Паколькі кароль у гэты час выехаў у Саксонію, паслы накіроўваліся ў яго адсутнасць да прымаса Радзяёўскага. Прыбылі яны ў Варшаву толькі ў сярэдзіне студзеня. У сваёй прамове перад прымасам Адам Шорч скардзіўся на саксонцаў і жадаў іх вываду [73]. Акрамя таго, на пачатак Скарбовага Трыбунала ў Вільню былі накіраваны паслы з мэтай апратэставаць яго дзейнасць (менскі кашталяніч Юзаф Антоній Пузына, ваўкавыскі стольнік Ян Эмануэль Талочка і Крыштаф Гамбровіч) [74].

У канцы лістапада саксонскія войскі занялі пад зімовыя кватэры Шавельскую эканомію, Шадаўскае і Вабольніцкае стараствы ды іншыя каралеўшчыны на поўначы ВКЛ [75]. У Жамойці супраць іх праходзілі попісы па паветах, “мала ў якім без кровапраліцця”, пасля якіх мусіла сабрацца паспалітае рушанне. Аднак ці праз пазіцыю рэспубліканцаў, якія займалі асноўныя ўрады, ці з іншых прычын, але яно так і не сабралася [76]. Верагодна, адкладзены ці паўторны соймік павінен быў тут сабрацца 15 снежня [77]. Невядома, чым ён скончыўся, але 30 снежня шляхта яшчэ раз сабралася ў Расенях пад дырэкцыяй цівуна Малых Дырвян Станіслава Івановіча. Вядома толькі, што з гэтага сойміка былі выпраўлены паслы да караля [78].

Як прайшоў рэляцыйны соймік у Мсціславе, невядома, але па выніках яго ў Вільню на адкрыццё Скарбовага Трыбунала выехалі паслы, Крыштаф Самуэль Гедройць і мсціслаўскі канюшы Марцін Казімір Панятоўскі. Ім было даручана пратэставаць супраць яго склікання і дзейнасці [79].

З барацьбой палітычных груповак у той час была звязана таксама элекцыя на ўрад мсціслаўскага падкаморыя, які вызваліўся пасля смерці ў лютым гэтага года Самуэля Цеханавецкага. Элекцыйны соймік у Мсціславе адбыўся 7 лістапада пад дырэкцыяй Філіпа Мянжынскага. Дырэктар паведаміў канцлеру Радзівілу пра “згоднае”, без пратэстаў, абранне на ім кандыдатам на гэты ўрад мсціслаўскага войскага Міхала Каменскага (Камінскага) і прасіў зацвердзіць яму прывілей. Між тым, у сапраўднасці да згоды было далёка. На ўрад прэтэндаваў таксама Вінцэнт Пётр Валовіч, брат аднаго з лідараў рэспубліканцаў, мсціслаўскага харужага Марцыяна Дамініка Валовіча. Абодва прэтэндэнты атрымалі прывілеі. І паколькі земскі суд у Мсціславе не працаваў у сувязі з адсутнасцю суддзі, а ў гродскім быў перапынак паміж кадэнцыямі, для абодвух паўстала пытанне, дзе скласці прысягу пры ўступленні на пасаду (і пажадана хутчэй за канкурэнта). Валовіч зрабіў гэта 4 снежня ў Галоўным Трыбунале ВКЛ у Наваградку (быў дэпутатам гэтага Трыбунала). Каменскі, які ў гэтым годзе быў дырэктарам мсціслаўскага скарбовага суда, спецыяльна склікаў яго кадэнцыю і прысягнуў там 11 студзеня 1700 г. Яму спрабаваў перашкодзіць Крыштаф Валовіч, брат Вінцэнта і Марцыяна, які атрымаў з Наваградка пасведчанне ў складанні прысягі Вінцэнтам, падпісанае маршалкам і дэпутатамі Трыбунала, аднак Каменскі праігнараваў гэты пратэст. Абодва прэтэндэнты занеслі адзін на аднаго скаргі ў мсціслаўскі гродскі суд [80].

Акрамя ўжо згаданых, на рэляцыйных сойміках былі абраны наступныя дэпутаты Скарбовага Трыбунала: познанскі стольнік Францішак Скарбек-Кялчоўскі (віленскі), падкаморы ВКЛ і вількамірскі маршалак Ян Крыштаф Пац (вількамірскі), ковенскі падчашы Сымон Забела (ковенскі), гарадзенскі падстолі Ян Францішак Корвін-Гасеўскі (смаленскі), Антоній Зяновіч (полацкі), мазырскі маршалак Фларыян Лявон Катоўскі (мазырскі) і Ян Людвік Плятар (інфлянцкі) [81]. Да таго ж дэпутатам ад Лідскага павета быў абраны мясцовы падкаморы Уладзіслаў Нарбут, але яго ўдзел быў пастаўлены ў залежнасць ад наяўнасці пратэстацый (г. зн. здольнасці груповак дамовіцца паміж сабой) [82].

Па выніках гэтай кампаніі можна меркаваць, што пазіцыю Сапегаў па галоўным пытанні – склікання Скарбовага Трыбунала – падтрымалі дзевяць соймікаў: віленскі, вількамірскі, ковенскі, смаленскі, полацкі, слонімскі, ваўкавыскі (з нешматлікім пратэстам), віцебскі (але, відаць, з пратэстамі) і мазырскі. Як мінімум тры соймікі выступілі ў гэтай справе на баку рэспубліканцаў: упіцкі (але з масавымі пратэстамі), мсціслаўскі і менскі. На іх былі абраныя паслы, каб пратэставаць супраць Скарбовага Трыбунала. Яшчэ два соймікі, гарадзенскі і аршанскі, былі раздвоеныя, прычым на апошнім рэспубліканцы таксама абралі паслоў з пратэстацый. Паводле Крыштафа Завішы, да пратэстаў частку паветаў падбухторыў Міхал Казімір Коцел (“прыводзячы ўяўныя прычыны боязі, каб з-за няпоўнай выплаты заробку не аднавілі распушчанага войска, каб скарбовыя суды не скасавалі і не перасудзілі, каб каэквацыі не парушылі і г. д.”) [83]. Да таго ж удзел у працы гэтага Трыбунала дэпутатаў, абраных на пінскім і лідскім сойміках, быў абстаўлены ўмовамі, якія рабілі яго малаверагодным. Даволі памяркоўнае становішча заняла берасцейская шляхта: тут мела месца супрацоўніцтва розных груповак пад наглядам канцлера Радзівіла, у выніку чаго рэспубліканца Пацея нават абралі дэпутатам Скарбовага Трыбунала. Прынамсі два соймікі, ашмянскі і наваградскі, былі сарваныя. Пра вынікі яшчэ чатырох нічога не вядома, але адсутнасць абраных там дэпутатаў можа ўказваць на немагчымасць дамовіцца або на падтрымку рэспубліканцаў. У суме ў Скарбовым Трыбунале рыхтавалася ўдзельнічаць палова паветаў ВКЛ (12 дэпутатаў, але два з іх – з раздвоеных соймікаў). Да гэтага дадаўся інфлянцкі дэпутат Плятар, а ўдзел яшчэ двух быў пад пытаннем.

Што тычыцца іншых праблем, якія хвалявалі шляхту, то адзінства сярод яе было, мабыць, толькі ў стаўленні да саксонскага войска. Рашучую паставу ў гэтым плане заняла жамойцкая, берасцейская і упіцкая шляхта, якая пагражала саксонцам паспалітым рушаннем. Стаўленне іншых паветаў невядомае (верагодна, не ўсе рэляцыйныя соймікі паспелі зарыентавацца ў сітуацыі, якая склалася), але з папярэдняй і наступных кампаній можна зрабіць высновы, што прыхільнікаў таго, каб пакінуць у ВКЛ саксонскую армію, практычна не было. Ухілістае становішча заняў толькі жамойцкі стараста Агінскі, відаць, з групай сваіх найбольш адданых прыхільнікаў.

Захавалася мала сведчанняў пра адносіны грамадства ВКЛ да іншых пытанняў. У іншай сітуацыі магчымае аднаўленне войска ВКЛ, напэўна, не выклікала б ніякага энтузіязму, але ў новых умовах сапежанцы высунулі ідэю супрацьпаставіць яго саксонскаму. Супраць аднаўлення выступіла берасцейская і менская шляхта, за – жамойцкая, пазіцыі астатніх соймікаў невядомыя. Наўрад ці Сапегі з прыхільнікамі пры гэтым усур’ёз планавалі выступаць супраць саксонцаў, хутчэй, выкарысталі толькі зручную нагоду для прасоўвання сваіх інтарэсаў. На шляху гэтага стаялі, аднак, незацікаўленасць шляхты і няўхваленыя падаткі.

Магчымае ўсеагульнае выступленне супраць саксонскіх войскаў было маларэальнае, паколькі ўзброеныя сілы Княства маглі з імі зраўняцца толькі ў выпадку поўнага аднаўлення войска і склікання паспалітага рушання, і гэта азначала б поўнамаштабныя баявыя дзеянні. У святле збліжэння з Аўгустам ІІ, якое пазначылася ў гэтым годзе, Сапегі наўрад ці разглядалі такі варыянт, як і вярхушка рэспубліканцаў.

У параўнанні з папярэдняй, перадсоймавай, кампаніяй можна адзначыць аднаўленне адкрытага супрацьстаяння груповак па палітычных пытаннях. У першую чаргу канфлікт датычыў склікання Скарбовага Трыбунала ВКЛ, дзейнасць якога ў наступным годзе толькі паглыбіла палітычныя супярэчнасці ў Княстве і стала адной з прычын іх крывавай развязкі ў бітве пад Алькенікамі. Гэта, у сваю чаргу, азначае, што падатковыя пытанні адыгрывалі немалаважную ролю сярод прычын узброенага канфлікту.


[1] Пра канец бескаралеўя, барацьбу палітычных груповак у гэты час і перадсоймавую кампанію гл.: Wojtasik J. Walka Augusta II z obozem kontystowsko-prymasowskim w pierwszym roku panowania (1697–98) // Przegląd Historyczny. T. LX. Z. 1. 1969. S. 24–44; Dybaś B. W sprawie traktatu puzewickiego z 1698 roku i jego następstw // Zapiski Historyczne. 1988. T. LIII. Z. 3–4. S. 87–100; Sliesoriūnas G. Magnate Groups and Rokosz (1697–1698) in the Grand Duchy of Lithuania after the Election of Augustus II the Strong // Lietuva – Lenkija – Švedija: Europos dinastinės jungtys ir istoriniai-kultūriniai ryšiai = Lithuania – Poland – Sweden: European Dynastic Unions and Historical-Cultural Ties / Sud. E. Saviščevas, M. Uzorka. Vilnius, 2014. P. 580–591; Віцько Д. Спроба рэспубліканцаў дамагчыся ўлады над войскам ВКЛ у 1697–1698 гг. // БГА. Т. 15. Сш. 1–2. 2008. С. 305–328; Віцько Д. Галоўны Трыбунал ВКЛ 1698 г.: судовая расправа над Сапегамі // Arche. 2016. № 3. С. 84–139; Віцько Д. Дэпутацкія соймікі ВКЛ 1699 г. // Arche. 2015. № 12. С. 164–193; Wićko D. Kampania przedsejmowa 1699 roku w Wielkim Księstwie Litewskim // Zapiski Historyczne. 2014. T. LXXIX. Z. 2. S. 29– 51. Галоўная заслуга ў даследаванні сойма 1699 г. належыць, безумоўна, Б. Дыбасю, аўтару манаграфіі, прысвечанай яго дзейнасці: Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny w 1699 r. Toruń, 1699.
[2] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 173; Volumina legum. T. VI. Petersburg, 1860. S. 40; Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697–1794): spis / Pod red. A. Rachuby; oprac. A. Rachuba i P. P. Romaniuk przy współpr. A. Macuka i J. Aniszczenki. Warszawa, 2004. S. 9.
[3] Дзейнасць Скарбовага Трыбунала ў 1700 г. прывяла да вострага канфлікту паміж Сапегамі і рэспубліканцамі ды стала адной з прычын аднаўлення ўзброенай барацьбы і паразы ў ёй Сапегаў у канцы гэтага года. Больш падрабязна пра яго гл.: Віцько Д. Скарбовы Трыбунал ВКЛ 1700 г. // БГА. Т. 26. (2019). Сш. 1–2. C. 39–72. У гэтым артыкуле праблема закранаецца толькі ў кантэксце яе абмеркавання на рэляцыйных сойміках.
[4] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 173–174; Volumina legum. T. VI. S. 40–41.
[5] Volumina legum. T. VI. S. 43–45.
[6] Ibidem. S. 41. Таксама ў падатковых дэкларацыях лідскія, браслаўскія, жамойцкія, наваградскія, аршанскія, мсціслаўскія, менскія паслы заявілі, што ўсе бягучыя падаткі будуць збірацца толькі да лютага (аршанскія агаворваліся, што апошняе слова за павятовым соймікам). Яшчэ больш ад-назначную пазіцыю занялі троцкія, старадубскія, мазырскія і рэчыцкія паслы, якія наогул не пагаджаліся ў будучыні ні на якія падаткі (ні звычайныя, ні надзвычайныя). Вількамірскія і слонімскія пагаджаліся на збор чопавага і шэлежнага да лютага, а жыдоўскае і татарскае пагалоўнае мусіла разам з мытам і далей выплачвацца на бягучыя дзяржаўныя патрэбы. Толькі ваўкавыскія паслы пагаджаліся працягнуць на наступны год збор чопавага і шэлежнага, а віцебскія – гіберны. У той жа час супраць працягу гіберны выступілі пінскія паслы: Ibidem. S. 43–46.
[7] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 166, 174, 193–194 (гл. таксама копію “скрыпта ad archivum” у паперах прымаса Міхала Стафана Радзяёўскага: Biblioteka Narodowa w Warszawie (BN). Rkps. 6650. S. 253–254); Volumina legum. T. VI. S. 44.
[8] Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy, wojewody mińskiego (1666–1721) / Wyd. J. Bartoszewicz. Warszawa, 1862. S. 204.
[9] Львівська національна наукова бібліотека України ім. В. Стефаника. Відділ рукописів (ЛННБУ. Відд. рук.). Ф. 5. Воп. 2. Спр. 1983, б/н (Я. Вароніч да Я. Радзівіла, Варшава, 27 жніўня 1699 г.).
[10] Вядома, што Аўгуст ІІ падзяліўся сваімі намерамі з некаторымі найвышэйшымі ўраднікамі Рэчы Паспалітай, у тым ліку з прымасам Радзяёўскім і Сапегамі. Цяжка сказаць дакладна, калі гэта адбылося, аднак, відаць, не раней за другую дэкаду жніўня: Устрялов Н. История царствования Петра Великого. Т. III. С.-Петербург, 1858. C. 503–504; Budrowicz-Nowicki J. Piotr I, August II i Rzeczpospolita, 1697–1706. Kraków, 2010. S. 254–255; Flemming J. H. Pamiętniki o elekcji Augusta II na króla polskiego i o początkach wojny północnej (1696–1702) / Wyd. U. Kosińska; tłumacz. K. Zaleska i M. Gołębiewska-Bijak. Warszawa, 2017. S. 413.
[11] Устрялов Н. История царствования Петра Великого. Т. III. C. 503; Budrowicz-Nowicki J. Piotr I, August II i Rzeczpospolita… S. 255; Flemming J. H. Pamiętniki… S. 417.
[12] Parthenay A. Dzieje panowania Augusta II, króla polskiego. Warszawa, 1854. S. 153–155; Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 191–192, 215; Markiewicz M. Rady senatorskie Augusta II (1697–1733). Kraków, 1988. S. 30; Biblioteka Książąt Czartoryskich w Krakowie (BCz). Rkps. 567. Nr 1. S. 1–10 (пералік сенатараў, прапановы і рашэнні рады, 17 жніўня 1699 г.); BN. Rkps. 6650. S. 169–175 (тое самае, экзэмпляр прымаса); ЛННБУ. Відд. рук. Ф. 5. Воп. 2. Спр. 1971, б/н (Я. Вароніч да Я. Радзівіла, Варшава, 13 жніўня 1699 г.); Ibidem. Спр. 1972, б/н (Я. Вароніч да Я. Радзівіла, Варшава, 14 жніўня 1699 г.).
[13] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 193, 195, 216–217. Кароль хацеў атрымаць дазвол размясціць там 4 тыс. войска: ЛННБУ. Відд. рук. Ф. 5. Воп. 2. Спр. 1983, б/н (Я. Вароніч да Я. Радзівіла, Варшава, 27 жніўня 1699 г.). Сярод тых, хто не захацеў падпісваць дэкларацыю, тут названы таксама полацкі ваявода Дамінік Міхал Слушка.
[14] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 202–203; Parthenay A. Dzieje panowania Augusta II… S. 156.
[15] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). КМФ-18 (Метрыка ВКЛ). Воп. 1. Спр. 153. Арк. 151–153, 154–155.
[16] У 1701 г. жамойцкая шляхта абуралася дзеяннямі Фердынанда, які з саксонскімі войскамі заняў гэтыя стараствы, што складалі забеспячэнне каралевы: Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyrius (VUB RS). F. 7. Sign. 38, 46/14498. L. 70.
[17] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 195–196.
[18] Ibidem. S. 197–198, 211, 225; НГАБ. Ф. 1705. Воп. 1. Спр. 27. Арк. 1975–1978 (ліст прымаса М. С. Радзяёўскага да шляхты Берасцейскага павета, Варшава, 6 верасня 1699 г.); Archiwum Państwowe w Toruniu (APT). Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 355 (навіны з Варшавы, 11 верасня 1699 г.); Archiwum Główne Akt Dawnych (AGAD). Archiwum Radziwiłłowskie (AR). Dz. V. Sygn. 11913/I. S. 28 (Л. Пацей да К. С. Радзівіла, Берасце, 16 верасня 1699 г.).
[19] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569–1763. Warszawa, 2002. S. 195; Sliesoriūnas G. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės 1700 m. Iždo tribunolas Vilniuje – politinių grupuočių susidūrimų arena // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės istorijos atodangos: profesoriaus Mečislovo Jučo 90-mečio jubiliejui skirtas mokslinių straipsnių rinkinys / Sud. V. Dolinskas, R. Petrauskas, E. Rimša. Vilnius, 2016. P. 416; Volumina legum S. 43–46. Большасць соймікаў мусіла адбыцца 15 верасня (віленскі, ашмянскі, вількамірскі, браслаўскі, гарадзенскі, ковенскі, упіцкі, смаленскі, полацкі, берасцейскі, менскі), на 21 жніўня прызначылі соймік старадубскія паслы, на 31 жніўня – ваўкавыскія, на 22 верасня – наваградскія, слонімскія, пінскія і рэчыцкія, на 24 верасня – браслаўскія, на 27 верасня – мсціслаўскія, на 28 верасня – віцебскія, на 30 верасня – мазырскія, на 1 кастрычніка – лідскія і інфлянцкія, на 5 кастрычніка – аршанскія, на 15 кастрычніка – жамойцкія. У тых паветах, дзе перадсоймавыя соймікі былі сарваныя або паўнамоцтвы паслоў якіх не былі прызнаныя на сойме, рэляцыйныя соймікі прызначаліся каралём (гл.: Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie… S. 197). У дадзеным выпадку амаль усе яны былі прызначаны на 15 верасня. Аднак цікава, што дэкларацыю з прызначэннем даты рэляцыйнага сойміка склалі самі адхіленыя ад удзелу мазырскія паслы.
[20] VUB RS. F. 7. Sign. 32/13909. L. 88.
[21] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 7303. S. 2 (С. Корсак да К. С. Радзівіла, Ваўковічы, 27 кастрычніка 1699 г.).
[22] Lietuvos valstybės istorijos archyvas (LVIA). Senieji aktai (SA). B. 4715. L. 292v.
[23] НГАБ. Ф. 1710. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 679.
[24] Пра гэта гл.: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. II. Województwo trockie, XIV–XVIII wiek / Pod red. A. Rachuby; oprac. H. Lulewicz, A. Rachuba, P.P. Romaniuk, A. Haratym; przy współpracy A. Macuka i J. Aniszczanki. Warszawa, 2009. S. 243, 269, 323; Віцько З. Супрацьстаянне палітычных груповак у Гарадзенскім павеце ў 1696–1700 гг. (у час грамадзянскай вайны ў ВКЛ) // Гарадзенскі палімпсест. 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. ХV–XX ст. / пад рэд. А. Ф. Смаленчука і Н. У. Сліж. Га-родня, 2009. С. 208; Віцько Д. Да пытання пра палітычную арыентацыю Катовічаў у канцы XVII ст. // Гарадзенскі палімпсест 2012. Людзі даўняй Гародні. XVI–XX стст. / пад рэд. А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж. Гродна, 2013. С. 191–192.
[25] APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 383 (“Вытрымка з ліста з Горадні ад 20 кастрычніка 1699 г.”).
[26] Ibidem. S. 403 (навіны з Горадні, 5 лістапада 1699 г.).
[27] Ibidem. S. 441 (навіны з Літвы, 9 снежня 1699 г.).
[28] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 211; APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 403 (навіны з Горадні, 5 лістапада 1699 г.); Ibidem (іншыя навіны з Горадні, 5 лістапада 1699 г.). Паведамлялася, што паслы да гетмана былі не толькі з Жамойці, але і з іншых паветаў.
[29] Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Аддзел рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў. Шыфр 091/4024k. Арк. 193–193адв. (адказ Г. А. Агінскага на інструкцыю жамойцкім паслам, Мсцібаў, 5 лістапада 1699 г.).
[30] AGAD. Archiwum Publiczne Potockich (APP). Sygn. 163a. T. III. S. 70 (“Копія пэўнага ліста з Горадні”, лістапад 1699 г.).
[31] Niezabitowski S. Dzienniki, 1695–1700 / Wyd. A. Sajkowski. Poznań, 1998. S. 246.
[32] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 9133. S. 55 (С. М. Маляўскі да К. С. Радзівіла, Нясвіж, 27 кастрычніка 1699 г.).
[33] Ibidem. Sygn. 7303. S. 1–2 (С. Корсак да К. С. Радзівіла, Ваўковічы, 27 кастрычніка 1699 г.).
[34] Ibidem. Sygn. 17969. S. 1–2 (А. У. Валовіч да К. С. Радзівіла, [Слонім, 29 кастрычніка 1699 г.]).
[35] НГАБ. Ф. 1710. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 729–729адв. (пратэстацыя М. С. Сухадольскага, 20 кастрычніка 1699 г.); AGAD. APP. Sygn. 163a. T. 28. S. 1–4 (К. Камароўскі да С. А. Шчукі, 12 верасня 1699 г.).
[36] НГАБ. Ф. 1751. Воп. 1. Спр. 25. Арк. 129–130 (асігнацыйная распіска ад імя сойміка віцебскаму земскаму пісару Г. Я. Чапліцу, 29 кастрычніка 1699 г.). Акрамя названых, з больш значных асобаў на сойміку прысутнічалі віцебскія гараднічы Стафан Антоній Косаў, падстолі Дзмітрый Казімір Васілеўскі, скарбнік Казімір Саковіч, павятовы ротмістр Канстанцый Жаба, троцкі чашнік Аляксандр Война-Ясянецкі, інфлянцкі скарбнік Казімір Амброк, сандэцкі (!) войскі Ян Класовіч (Клусовіч) і чарнігаўскі чашнік Войцех Сабалеўскі. Дырэктар Адам Кісель падпісаўся як віцебскі харужы, хоць быў ужо падкаморыем – атрымаў урад 18 красавіка гэтага ж года пасля Сымона Караля Агінскага, які памёр яшчэ ў 1694 г. (Ibidem. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 148. Арк. 251). Павышэнне Кісяля выклікала і іншыя перастаноўкі ў шэрагах павятовай эліты: у той жа дзень, 18 красавіка, яго былы ўрад земскага пісара, з якога ён перайшоў на харужага, атрымаў віцебскі падчашы Геранім Чапліц (Ibidem. Спр. 149. Арк. 408адв.–409), а 12 чэрвеня гэтага ж года вызвалены Чапліцам урад падчашага перайшоў віцебскаму вайсковічу Францішку Лукомскаму (Ibidem. Арк. 428адв.–429).
[37] НГАБ. Ф. 1751. Воп. 1. Спр. 25. Арк. 9–10адв. (пацвярджальны прывілей Аўгуста ІІ віцебскай шляхце на права элекцыі ваяводы, Варшава, 16 чэрвеня 1699 г.; актыкаваны 1 студзеня 1700 г. у віцебскім земскім судзе). Прывілей падаў для актыкацыі Адам Кісель, які тут ужо выступае як падкаморы.
[38] Volumina legum. T. VI. S. 42.
[39] APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 513 (навіны з Варшавы, 15 студзеня 1700 г.).
[40] AGAD. APP. Sygn. 133. S. 544–545.
[41] Ordinacia Trybunału Skarbowego Wielkiego Xięstwa Litewskiego w Wilnie dnia 4 Ianuarij Anno Domini 1700 zaczętego. Wilno, 1700. K. b4.
[42] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 149. Арк. 327адв.
[43] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 7303. S. 2–3 (С. Корсак да К. С. Радзівіла, Ваўковічы, 27 кастрычніка 1699 г.).
[44] Ordinacia Trybunału Skarbowego… K. b4.
[45] VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 17–18. Згадваецца, што ў працы Скарбовага Трыбунала, акрамя Галінскага, удзельнічаў таксама аршанскі падсудак Альбрэхт Рабей (LVIA. SA. B. 387. L. 1753v), аднак цяжка сказаць, у якасці каго.
[46] ЛННБУ. Відд. рук. Ф. 5. Воп. 1. Спр. 448. Арк. 42–43 (пастанова шляхты Берасцейскага павета, 15 верасня 1699 г.); AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 11913/I. S. 27–28 (Л. Пацей да К. С. Радзівіла, Берасце, 16 верасня 1699 г.); Ibidem. S. 30–31 (Л. Пацей да К. С. Радзівіла, Ружанка, 23 верасня 1699 г.). Пра пратэстацыю Дэнгафа гл.: Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 206, 216.
[47] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 211; AGAD. AR. Dz. II. Ks. 38. S. 148–151 (інструкцыя паслам Берасцейскага павета да прымаса М. С. Радзяёўскага, 15 верасня 1699 г.); BN. Rkps. 6650. S. 198–201 (тое самае).
[48] AGAD. AR. Dz. VI. Sygn. II-79. K. 34v.
[49] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 211; ЛННБУ. Відд. рук. Ф. 5. Воп. 1. Спр. 448. Арк. 41–42 (прамова паслоў Берасцейскага павета перад кардыналам і прымасам, Ловіч, 24 верасня 1699 г.); тое самае: Ibidem. S. 58–59; Ibidem. Спр. 458. Арк. 148–148адв.; BCz. Rkps. 2218. K. 283–284; Biblioteka Zakładu Na-rodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu. Rkps. 2023/II. K. 40–41; Ibidem. Rkps. 9542/II. K. 87v–88 (памылкова – 14 верасня); AGAD. AR. Dz. II. Ks. 38. K. 147–148 (тое самае, б. м., 22 верасня); BN. Rkps. 6650. S. 196–198 (тое самае).
[50] AGAD. AR. Dz. II. Ks. 38. K. 151–153 (адказ прымаса М. С. Радзяёўскага на інструкцыю паслам Берасцейскага павета, б. д.); BN. Rkps. 6650. K. 201–203 (тое самае).
[51] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 225–226.
[52] AGAD. AR. Dz. VI. Sygn. II-79. K. 34v.
[53] APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 383 (“Вытрымка з ліста з Горадні”, 20 кастрычніка 1699 г.); Ibidem. S. 411 (навіны з Горадні, 12 лістапада 1699 г.).
[54] AGAD. AR. Dz. VI. Sygn. II-79. K. 34v–35. Ротмістрамі былі абраныя берасцейскія гродскі пісар і падстолі Францішак Шуйскі, земскі пісар Рэйнальд Садоўскі, гродскі суддзя і чашнік Жыгімонт Бенядзікт Хшаноўскі, менскі кашталяніч Станіслаў Русецкі, а таксама нехта Трамбавольскі (ротмістр шляхты Берасцейскай эканоміі) і Непакойчыцкі (ротмістр татарскі). Контрагенцыя (тут, відаць – адміністрацыя) чопавага і шэлежнага падаткаў на сойміку была перададзена Каралю Станіславу Радзівілу.
[55] Ordinacia Trybunału Skarbowego… K. b4. Пацей быў адзіным уплывовым рэспубліканцам, абраным на гэты Трыбунал. Магчыма, акрамя пазіцыі Радзівіла, на гэта паўплывалі яго асабістыя інтарэсы. У 1698 г. маці Пацея, Рэгіна Людвіка з Агінскіх, выйграла завочна ў Галоўным Трыбунале спрэчку з падскарбіем Бенядзіктам Паўлам Сапегам за вялікую суму ў памеры 168,5 тыс. злотых дзяржаўнага доўга былому канцлеру Марцыяну Агінскаму (т. зв. “маскоўская” сума – з выдаткамі прысуджана на тысячу больш): Віцько Д. Галоўны Трыбунал ВКЛ 1698 г. … С. 120. Але спагнаць яе было не так проста. На сойме 1699 г. падскарбі пайшоў на ўгоду з Людвікам і Казімірам Пацеямі ды абавязаўся выплаціць ім (а таксама іншым спадчыннікам канцлера, г. зн. Агінскім) гэтую суму з надзвычайных падаткаў некалькімі порцыямі да канца года, пачынаючы з 5 кастрычніка: LVIA. F. 1292. Ap. 1. B. 44. L. 8–8v (абавязальніцтва Б. П. Сапегі перад Пацеямі, Варшава, 15 ліпеня 1699 г.); Ibidem. L. 10 (ліст на прызнанне – абяцанне вызнаць яго на вераснёўскіх “рочках” у Берасці). Паколькі выплаты ў тэрмін не пачаліся, Людвік Пацей зноў звярнуўся ў Галоўны Трыбунал. Сапега прасіў яго адклікаць позву, бо тэрмін выплаты яшчэ не скончыўся, і адначасова ўгаворваў пачакаць да Скарбовага Трыбунала, дзе абяцаў задаволіць усе прэтэнзіі: Ibidem. L. 9 (Б. П. Сапега да Л. К. Пацея, Варшава, 9 снежня 1699 г.).
[56] НГАБ. Ф. 1733. Воп. 1. Спр. 14. Арк. 1481 (універсал К. Войны, 23 верасня 1699 г.); Ibidem. Арк. 1505 (пастанова пінскага сойміка, 22 верасня 1699 г.).
[57] VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 27.
[58] AGAD. AR. Dz II. Sygn. 1876. S. 1–6 (пратэстацыя шляхты Менскага павета, 13 кастрычніка 1699 г.; актыкавана ў той жа дзень у менскім гродскім судзе; копія); Ibidem. Dz. V. Sygn. 7303. S. 2 (С. Корсак да К. С. Радзівіла, Ваўковічы, 27 кастрычніка 1699 г.); VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 17–18. Акрамя згаданых удзельнікаў, пратэстацыю падпісалі менскія лоўчы Грыгорый Няміра, стражнік Яраш Мацкевіч, абозны Себасцьян Цадроўскі, канюшы Станіслаў Гудзяеўскі, харужычы Казімір Караль і Феліцыян Уняхоўскія, гродскі суддзіч Давід Міцкевіч, ашмянскі чашнік Тэадор Казімір Станкевіч, смаленскі мечнік Крыштаф Мацкевіч, старадубскі падчашы Ян Кярсноўскі, Уладзіслаў Францішак Краеўскі і інш.
[59] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 195–196.
[60] Ibidem. S. 221; APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 403–404 (навіны з Горадні, 5 лістапада 1699 г.). Тут жа паведамлялася, што да дэпутатаў далучыўся Грыгорый Антоній Агінскі, які, прыняўшы жамойцкіх паслоў, паехаў на Трыбунал “раіцца”, не жадаючы прадпрымаць самастойна ніякіх захадаў. Аднак 5 лістапада, калі гэта пісалася, Агінскі быў яшчэ ў Мсцібаве (параўн. яго адказ паслам), а нарада ў Трыбунале ўжо прайшла, таму, магчыма, ён толькі збіраўся туды выязджаць.
[61] APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 403–404 (навіны з Горадні, 5 лістапада 1699 г.).
[62] Ibidem. S. 411 (навіны з Горадні, 12 лістапада 1699 г.). 11 снежня шаўдаўскі цівун Павел Лявон Урублеўскі пісаў да Станіслава Антонія Шчукі, што Агінскі збіраецца прыбыць на жамойцкі соймік “cum plena instructione нібыта ад цэлай Рэчы Паспалітай (ВКЛ. – Д. В.), паколькі ад усяго Трыбунала”, згадваючы пры гэтым універсалы трыбунальскага маршалка Яна Тызенгаўза, якія, верагодна, датычылі выступлення супраць саксонцаў (AGAD. APP. Sygn. 163a. T. 26. S. 767–768). Таму, магчыма, нейкія захады ў Трыбунале яшчэ прадпрымаліся (калі гэта, канешне, не чуткі), але больш дакладных звестак наконт гэтага няма.
[63] AGAD. APP. Sygn. 163a. T. III. S. 68 (“Копія пэўнага ліста з Горадні”, лістапад 1699 г.).
[64] Ordinacia Trybunału Skarbowego… K. b3.
[65] LVIA. SA. B. 4715. L. 292v.
[66] Пра іх гл.: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. II. Województwo trockie… S. 243, 269, 323; Віцько З. Супрацьстаянне палітычных груповак у Гарадзенскім павеце… С. 208.
[67] LVIA. SA. B. 4715. L. 292–293v. Скарга была складзена ад імя Казіміра Яна і Бенядзікта Паўла Сапегаў, наваградскага кашталяна Стафана Александровіча, гарадзенскіх падкаморыя Крыштафа Міцуты, земскага суддзі Крыштафа Юндзіла, земскага пісара Казіміра Александровіча, чашніка Станіслава Гадачэўскага, падкаморыча Казіміра Міцуты, чарнігаўскага падчашага Казіміра Талочкі, менскага скарбніка Леапольда Храптовіча, старадубскага харужага Андрэя Храптовіча, каняўскага старасты Станіслава Паплаўскага, а таксама Станіслава Талочкі. Яны пратэставалі супраць дзеянняў гарадзенскіх маршалка Яна Масальскага (называлі яго толькі харужычам), харужага Грыгорыя Катовіча (лічылі яго падстарастам), стольніка Аляксандра Валовіча, гарадзенскага гродскага суддзі і падчашага Ігнацыя Рукевіча, інстыгатара ВКЛ Станіслава Рукевіча, дорпацкага падстолія Жыгімонта Багуфала, Юзафа Ельскага, Яна Бухавецкага, Яна Панцэвіча, Яна Снарскага, Юзафа і Яна Пачобутаў.
[68] AGAD. AR. Dz. II. Ks. 38. K. 225.
[69] LVIA. SA. B. 4715. L. 605–606 (пратэстацыя упіцкай шляхты; пададзена ў віленскі гродскі суд 22 красавіка 1700 г.); гл. таксама: Wićko D. Kampania przedsejmowa 1699 roku… S. 41.
[70] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. II. Województwo trockie… S. 478; LVIA. SA. B. 4714. L. 1700–1701 (пратэстацыя упіцкай шляхты, Панявеж, 10 лістапада 1699 г.). Акрамя згаданых, з больш значных асобаў свае подпісы пад пратэстацыяй паставілі упіцкі лоўчы Лявон Бянькоўскі, упіцкі скарбнік Міхал Пшыялгоўскі, берасцейскі стольнік Міхал Такажэўскі, вількамірскі чашнік Караль Тавянскі, вількамірскі падчашы Юрый Рымвід-Міцкевіч, полацкі падстолі Ота Філіп Клопман, мазырскі чашнік Юрый Мармакевіч, наваградскі падчашы Людвік Шылінг, віцебскі скарбнік Готард Шрэдэрс, смаленскі чашнік Францішак Бухальц, маёр Аляксандр Бухальц, капітан Крыштаф Клопман, капітан Францішак Плянскоўскі, капітан Якуб Бухальц, ротмістр Готард Эрнэст Фёлькерзамб, паручнік Ота Бухальц, харужы Аляксандр Купрэль.
[71] LVIA. SA. B. 4715. L. 605–606 (пратэстацыя упіцкай шляхты; пададзена ў віленскі гродскі суд 22 красавіка 1700 г.). З іншых больш значных асобаў дзевяць супадаюць з папярэдняй, дадаюцца маёр Крыштаф Меер і ротмістр Вільгельм Русель, Готард Эрнэст Фёлькерзамб выступае як харужы, а Рафал Ляпарскі, згаданы ў папярэдняй пратэстацыі без ураду, выступае як браслаўскі гараднічы.
[72] AGAD. AR. Dz. V. Sygn. 1556. S. 1–2 (В. Ф. Бухальц да К. С. Радзівіла, Памушша, 15 лістапада 1699 г.); LVIA. SA. B. 387. L. 1810v (дэкрэт Галоўнага Трыбунала ВКЛ ад 27 жніўня 1700 г. у справе Бухальца; апошні згадваў выракі, вынесеныя скарбовым судом на травеньскай і кастрычніцкай кадэнцыях, а таксама 9 і 10 лістапада, калі ён быў “цяжка хворы” пасля збіцця і ранення Пузынамі).
[73] AGAD. AR. Dz. II. Ks. 38. K. 223–225 (інструкцыя шляхты Упіцкага павета паслам да караля, а ў яго адсутнасць – да прымаса, Панявеж, 9 лістапада 1699 г.); BN. Rkps. 6650. K. 269–271 (тое самае); ЛННБУ. Відд. рук. Ф. 5. Воп. 1. Спр. 448. Арк. 53–55 (прамова упіцкага пасла А. Шорча перад прымасам, б. д.); APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 513 (навіны з Варшавы, 15 студзеня 1700 г.).
[74] VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 17–18. Крыштаф Гамбровіч таксама згадваецца як Юзаф.
[75] Dybaś B. Sejm pacyfikacyjny… S. 196; APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 392 (навіны з Палангі, 20 лістапада 1699 г.); Lietuvos mokslų akademijos Vrublievskių biblioteka. Rankraščių skyrius (LMAVB RS). F. 17. B. 177. L. 230. Сітуацыя, якая склалася вакол Шавельскай эканоміі, не зусім ясная. Эканомія знаходзілася ў закладным валоданні каралевіча Якуба Сабескага, які перадаў яе ў трыманне падканцлеру Станіславу Антонію Шчуку. Абавязкі адміністратара тут выконваў інфлянцкі стражнік Па-вел Айжэнскі (выступае таксама як жамойцкі лоўчы), але ўжо больш за год яму даводзілася змагацца з жамойцкім харужым Казімірам Заранкам. Той актыўна бунтаваў эканомію супраць Айжэнскага і ўрэшце захапіў кіраўніцтва: AGAD. APP. Sygn. 163a. T. 28, S. 325, 604 (П. Айжэнскі да С. А. Шчукі, Горды, 9 жніўня 1699 г. і пазней); BCz. Rkps. 2765. S. 235–328 (П. Айжэнскі да С. А. Шчукі, Горды, 18 жніўня 1699 г.). Магчыма, Заранак дзейнічаў не толькі ў сваіх інтарэсах, але і Аўгуста ІІ. У 1701 г. жамойцкая шляхта абуралася тым, што курляндскі герцаг Фердынанд, які камандаваў саксонскім войскам, побач з Палангаўскім і Вабольніцкім стараствамі заняў і Шавельскую эканомію: VUB RS. F. 7. Sign. 38, 46/14498. L. 70.
[76] APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 442 (навіны з Літвы, 9 снежня 1699 г.); LMAVB RS. F. 17. B. 177. L. 230.
[77] AGAD. APP. Sygn. 163a. T. 26. S. 767–768 (П. Л. Урублеўскі да С. А. Шчукі, Тэльшы, 11 снежня 1699 г.); APT. Kat. II. Dz. XIII. Sygn. 35. S. 443 (навіны са Львова, 12 снежня 1699 г.). І ў лісце, і ў навінах ішла размова пра тое, што на яго збіраўся Грыгорый Антоній Агінскі, але ў навінах паведамлялася, што ён нібыта не змог пераправіцца праз Нёман, таму вымушаны быў прапусціць гэты соймік, “на якім бы на яго, напэўна, былі б нараканні, што немцаў церпіць і біць іх не дазваляе”.
[78] VUB RS. F. 7. Sign. 38, 46/14498. L. 7–7v (універсал С. Івановіча да жамойцкай шляхты, каб тая ўносіла падатак, ухвалены на дарогу паслам, Расені, 31 снежня 1699 г.).
[79] Ibidem. Sign. 15, 20-5974. L. 17–18.
[80] Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. IX. Województwo mścisławskie, XVI–XVIII wiek / Pod red. A. Rachuby; oprac. H. Lulewicz, T. Jaszczołt, A. Radaman, A. Rachuba, P. P. Romaniuk, A. Macuk, A. Danilczyk, A. Haratym. Warszawa, 2009. S. 125–126; Российская национальная библиотека в Санкт-Петербурге. Рукописное отделение. Ф. 971 (Автографы Дубровского). Авт. 125 (Оп. 2. Д. 154). Л. 227 (237) (Ф. Мянжынскі да К. С. Радзівіла “ад імя цэлага ваяводства”, Мсціслаў, 7 лістапада 1699 г.); ЛННБУ. Відд. рук. Ф. 103. Воп. 12. Спр. 974. Ч. 1. Арк. 140–141 (пасведчанне Галоўнага Трыбунала ВКЛ В. П. Валовічу ў складанні прысягі на ўрад мсціслаўскага падкаморыя, Наваградак, 4 снежня 1699 г.); НГАБ. Ф. 1729. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 8–10адв. (скаргі В. П. Валовіча і М. Я. Каменскага).
[81] Ordinacia Trybunału Skarbowego… K. b3–b4. Ян Людвік Плятар з моманту адкрыцця Скарбовага Трыбунала вядомы ўжо як дынабургскі стараста: Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII–XVIII wieku / Pod red. A. Gąsiorowskiego. T. IX. Urzędnicy inflanccy XVI–XVIII wieku / Oprac. K. Mikulski i A. Rachuba. Kórnik, 1994. S. 116. Іншыя інфлянцкія ўраднікі таксама былі, відаць, не супраць гэтага Трыбунала. Так, мясцовы земскі суддзя Вальтар Станіслаў Зыберк (Зіберг) прасіў інфлянцкага (дынабургскага) старасту ў выпадку неабходнасці падаць на яго падатковыя дакументы: LVIA. F. 1276. Аp. 2. B. 97. L. 87–87v (В. С. Зыберк да Я. А. ці Я. Л. Плятара, Бебра, 3 снежня 1700 г.).
[82] VUB RS. F. 7. Sign. 15, 20-5974. L. 29–29v.
[83] Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy… S. 204–205.

Наверх

Тэгі: