БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Алена Андросік. Айцец Леў Гарошка MIC (да 110-й гадавіны нараджэння)


Святар-уніят, усім сэрцам адданы Богу і Беларусі. Грамадскі дзяяч, які рабіў шмат, каб беларусы на Захадзе былі прызнаваныя незалежнай нацыяй. Асветнік і дабрачынца, які не шкадаваў ні сіл, ні здароўя, каб несці духоўную і матэрыяльную дапамогу сваім суайчыннікам як на радзіме, так і за мяжой… Асоба айца Льва Гарошкі паўстагоддзя назад была вядомая ўсёй беларускай эміграцыі. Сёння ж, калі надыходзіць 110-я гадавіна яго нараджэння, толькі пэўныя вузкія колы ведаюць гэтае прозвішча. Большасць прысвечаных яму артыкулаў не мае больш чым некалькі старонак і падае толькі асноўныя звесткі пра жыццё і дзейнасць гэтага выбітнага чалавека [1]. Адзіны тэкст, які дазваляе лепш спазнаць і зразумець Гарошку, – яго аўтабіяграфія “Праз навальніцы і нягоды. Успаміны з гадоў 1930–1944”. Іх фрагменты часам з’яўляліся ў друку, да іх таксама звяртаўся а. Чэслаў Сіповіч, калі пісаў ці казаў пра а. Льва. Урэшце ў 2016 г. у “Запісах БІНіМ” была апублікавана найбольш поўная на дадзены момант і ўпарадкаваная версія ў рэдакцыі Аляксандра Пашкевіча [2]. Гэты тэкст падрабязна апісвае жыццё Гарошкі да часу эміграцыі, з наступных падзей падаюцца толькі пабежныя звесткі.

Гэты юбілейны артыкул не ставіць сабе за мэту запоўніць “белыя плямы” ў гісторыі жыцця а. Льва. Ён будзе абапірацца пераважна на даступныя і вядомыя крыніцы: згаданыя вышэй успаміны Гарошкі ды матэрыялы з № 94 і 149 часопіса “Божым Шляхам”, з якіх другі поўнасцю быў прысвечаны Гарошку як першаму рэдактару перыёдыка з прычыны яго смерці. Пастараемся шырэй падаць біяграфію а. Льва, каментуючы пры гэтым тыя грамадскія і царкоўныя падзеі, якія мелі непасрэдны ўплыў на ягонае жыццё.

Дзяцінства: пад расійскай і польскай уладай (1911–1928)

Леў нарадзіўся ў суботу 11 сакавіка (26 лютага) 1911 г. у вёсцы Трашчычы Стаўпецкага павета [3] ў сям’і Юрыя і Стэпкі Гарошкаў [4]. Ахрышчаны і мірапамазаны быў на наступны дзень у праваслаўнай царкве ў Турцы. Варта падкрэсліць, што нягледзячы на афіцыйную канфесійную прыналежнасць, сям’я будучага святара мела ўніяцкія карані і яшчэ жывыя традыцыі даўняй веры, хоць на той момант Унія ў Расійскай імперыі была забаронена. Пасля рашэнняў Полацкага сабору 1839 г. не ўсе вернікі згаджаліся перайсці ў праваслаўе. Нямала было тых, што баранілі храмы ад новапрызначаных праваслаўных пробашчаў, прагнучы захаваць вернасць Рыму. Прыклады такога змагання былі добра вядомыя ў Трашчычах, тым больш што адным з месцаў вытрывалай абароны “Еднасці”, як называлі ў тых ваколіцах Унію, была суседняя вёска Дзярэчынцы 5[5]. Асаблівую пашану да змагароў і да ўніяцкай Царквы мелі дзяды Льва Гарошкі, Пракоп і Васіль. Такім чынам, ужо дзіцем ён усведамляў свае духоўныя карані [6].

Першыя ўласныя ўспаміны Гарошкі датычаць мабілізацыі пад час Першай сусветнай вайны. Ягоны бацька пайшоў на фронт, дзе трапіў у палон да немцаў, і вярнуўся толькі пасля заканчэння вайны. Тым часам сям’я Гарошкаў мусіла прыняць нялёгкае рашэнне. Калі ў 1915 г. немцы пасоўваліся ўсё больш на ўсход, расійская ўлада настойвала, каб сяляне пакідалі свае гаспадаркі і выязджалі ўглыб краіны. Але дзед Льва “ад’ехаўся ўсяго на паўвярсты ад вёскі, аглянуўся, перахрысьціўся і завярнуўся назад у вёску” [7]. Прыклад з яго ўзяла большасць вяскоўцаў і не памылілася: фронт не дайшоў да Трашчыч. Немцы занялі вёску без аніякага змагання толькі пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ў ёй не было ўжо расійскіх жаўнераў, а пад канец 1918 г. гэтак жа спакойна яе пакінулі [8].

Канец сусветнай вайны прынёс сур’ёзныя змены на палітычнай арэне. Адрадзілася незалежная польская дзяржава, вяртаючы сабе частку тэрыторыі, забранай пад час падзелаў у XVIII ст. Гэта мела важнае значэнне таксама і для сітуацыі рэлігійнай. У склад ІІ Рэчы Паспалітай з-пад панавання Аўстра-Венгерскай імперыі вярнулася Галіцыя – адзіны рэгіён, дзе Унія захавалася. Для адрознення ад лацінскага абраду яна атрымала назву грэка-каталіцкай Царквы і мела ў сістэме іосіфінізму роўныя з рыма-каталікамі правы ды ўласныя структуры [9]. У выніку польская дзяржава была пастаўлена перад фактам уключэння ў яе межы галіцкай грэка-каталіцкай мітраполіі, з чаго вынікала патрэба выпрацоўкі палітыкі сужыцця розных канфесій.

Гэтую патрэбу паглыбіў Рыжскі мір, паводле якога ў склад ІІ Рэчы Паспалітай увайшла Заходняя Беларусь. Існаванне грэка-каталіцкай мітраполіі ўжо ў часы Расійскай імперыі ўплывала на настроі беларускіх грамадскіх дзеячоў, якія прагнулі адрадзіць усходнюю каталіцкую Царкву на родных абшарах. Рыхтаваліся канкрэтныя планы стварэння ўсходнекаталіцкіх епархій. Рым спагадаў гэтай справе і ў 1908 г. надаў спецыяльныя паўнамоцтвы галіцкаму мітрапаліту Андрэю Шаптыцкаму. На той момант, аднак, гэтаму перашкаджала царская ўлада, бо нават талеранцыйны ўказ Мікалая ІІ 1905 г. забараняў Унію [10]. Для Усходняй Беларусі, якая ў выніку польска- савецкай вайны адышла да СССР, сітуацыя не змянілася да лепшага, уніяцкі рух там быў падаўлены. Затое беларусы пад Польшчай мелі падставы спадзявацца на адраджэнне сваёй веры.

Канстытуцыя 1921 г. і канкардат 1925 г. умацавалі гэтую надзею, надаючы роўныя правы абодвум абрадам. У склад грэка-каталіцкай Царквы ўваходзіла Львоўскае архіепіскапства і Перамышльская ды Станіслаўская епархіі. Дзейнічала некалькі мужчынскіх і жаночых ордэнаў. Тым не менш уніяты не сустракалі прыхільнасці польскіх уладаў. Тыя глядзелі на грэка-каталіцкую Царкву з недаверам, прадчуваючы, што яе развіццё прывядзе да большай самасвядомасці беларускага і ўкраінскага народаў. Бальшыня лацінскага каталіцкага духавенства таксама ставілася да ўніятаў з падазронасцю. Выняткам быў біскуп Зыгмунт Лазінскі, які спрыяў і ўсходняму абраду (арганізуючы ў Пінску ўніяцкія канферэнцыі), і агульнабеларускаму нацыянальнаму руху [11].

Адначасова лацінскія біскупы з дыяцэзій, у якіх было шмат праваслаўных вернікаў, былі зацікаўлены ў іх далучэнні да каталіцтва. Аднак у час агульнаславянскіх з’ездаў у Велеградзе высветлілася, што праваслаўныя, адкрытыя на паяднанне з Рымам, не былі задаволены рэформамі ў грэка-каталіцкай Царкве і з гэтай прычыны не хацелі да яе далучацца. У адказ на гэта ў 1923 г. біскуп Пшаздзецкі прапанаваў у Ватыкане сваю версію арганізацыі новага візантыйска-славянскага абраду: праваслаўныя пераходзілі ў каталіцтва з поўным захаваннем сінадальнага абраду (апроч зменаў, якія вымушалі дагматычныя розніцы, як згадванне Папы Рымскага ў час літургіі), без пагрозы лацінізацыі. Парафіі былі падпарадкаваны мясцоваму лацінскаму біскупу, а душпастырскай апекай мелі займацца езуіты. Апостальская Сталіца зацвердзіла гэты план, і такім чынам на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай Унія пачала дзейнічаць у дзвюх формах: грэка-каталіцтва і неаунія [12].

Для малога Льва гэтыя рэчы былі пакуль далёкія. Змена ўлады прынесла ў ягонае жыццё свае клопаты. Ад шостага году жыцця ён пайшоў у рускамоўную школу ў сваёй вёсцы, але пасля Рыжскага міру яна – як і амаль усе ў ваколіцах – была зменена на польскую. Хлопец пачаў хадзіць на заняткі ў Ярэмічы, дзе яшчэ год школа заставалася рускамоўнай. Азначала гэта штодзённы шлях па 9 кіламетраў туды і назад – апроч зімы, калі бацькі нанялі кватэру. У наступным годзе Леў перайшоў у сямігадовую школу ў Міры, туды было крыху бліжэй – толькі 7 кіламетраў. Як зазначаў, “тут у польскай школе, дзе ўжо было нават некалькі палякаў, дзецяў урадоўцаў, беларускі дух між вучняў быў куды мацнейшы чым у Ярэмічах. Гэта была спантанічная рэакцыя супраць некаторых настаўнікаў, якія рабілі стараньні, каб палянізаваць вучняў”. Пасля сканчэння пачатковай адукацыі Леў хацеў паступіць у тэхнічную школу ў Вільні, спадзеючыся хутка стаць на свае ногі. Яго надзеі, аднак, не апраўдаліся. Хоць іспыты хлопец здаў паспяхова, падвяло здароўе – ён не атрымаў згоды лекара. У выніку яшчэ на год мусіў застацца дома, адпачыць. У 1927 г. Гарошка паступіў у Беларускую гімназію ў Наваградку [13].

Гімназіст: час самастанаўлення і сталення (1928–1931)

Беларуская гімназія ў Наваградку існавала ад 1919 г. Напачатку яна не была цалкам беларускамоўнай і мела гуманітарны профіль. Леў жа паступіў туды, калі выпусцілася апошняя рускамоўная група, а гімназія стала прыродна-матэматычнай. Ва ўспамінах ён зазначаў, што гэтае месца мела асабліва спрыяльныя ўмовы для ўзгадавання сапраўдных беларусаў. Наваградак – “горад з багатым гістарычным мінулым; гэта першая сталіца Вялікага Літоўскага (у сяньняшнім значэньні Беларускага) Княства. Узгорак Міндоўга, Замкавая Гара з руінамі магутнага замку, Барысаглебская і Фарная цэрквы, недалёкая Літвінка, цікавыя архэалягічныя знаходкі падчас розных раскопкаў – усё гэта жывыя сьведкі слаўных старонак беларускае гісторыі, якія кожнаму беларусу наагул, а вучням беларускае гімназіі ў асаблівасьці маглі прамаўляць сваім нямым маўчаньнем больш чым пісаным словам. Гэтыя памяткі былі нязвычайнымі настаўнікамі, ад якіх можна было навучыцца любіць родны край і народ” [14].

Паглыбленню самасвядомасці спрыяла і культурная актыўнасць вучняў. У 1928 г. у гімназіі распачаў дзейнасць вучнёўскі гурток, які выпісваў газеты да агульнага карыстання, рыхтаваў беларускія прадстаўленні, вечары літаратурнай крытыкі і г. зв. суботнікі. Так гімназісты называлі сустрэчы, арганізаваныя па даручэнні гуртка адным з васьмікласнікаў. Суботнік распачынаўся рэфератам на грамадскую ці літаратурную тэму, пасля якога адбывалася дыскусія. Другая частка сустрэчы мела характар больш свабодны: было чытанне прэсы, сяброўскія гульні або нават танцы. Льву таксама давялося рыхтаваць адзін з суботнікаў, і якраз тады адбылося цікавае здарэнне, якое “лепш чым што іншае сьведчыць аб тым, які быў пільны нагляд польскае адміністрацыі за жыцьцём і дзейнасьцю Беларускае Гімназіі”. На пачатку дыскусіі адзін з вучняў сказаў, што дакладчык – таксама гімназіст – амаль увесь свой рэферат перапісаў з часопіса, але гэтага не пазначыў. Гэта была даволі прыкрая сітуацыя. Тады Леў як гаспадар сустрэчы залагодзіў напружанне, заступаючыся за калегу. Ён звярнуў увагу прысутных, што заданне вучняў гімназіі – не “пісаць навуковыя даклады, а толькі рэфэраты” і што дакладчык акурат “рэфэраваў… думкі тых літаратурных крытыкаў адносна названае тэмы, якія змог знайсьці і большую частку зацытаваў іх”. Дыскусія магла працягвацца і, паводле Гарошкі, вечар быў удалы. Як потым высветлілася, гісторыя пра разважлівага гаспадара сустрэчы дайшла праз настаўніц польскай мовы да Тэклі Грынеўскай, жонкі тагачаснага наваградскага старасты Ежы Грынеўскага. Яна пахваліла Льва і паабяцала, што калі ён здасць матуральныя іспыты без аніводнай тройкі, то з пэўнасцю атрымае ад павятовага сойміка стыпендыю ў Віленскі ўніверсітэт [15].

Высокія адзнакі не былі цяжкасцю для хлопца. Як падкрэслівае Сіповіч, цяга да ведаў была характэрнай рысай сям’і Гарошкаў. Ужо як гімназіст Леў пачаў збіраць кніжкі, нягледзячы на даволі цяжкую матэрыяльную сітуацыю. Каб падзарабіць, ён даваў лекцыі вучням з польскай гімназіі (якая была ў Наваградку), што таксама сведчыць пра ягоны ўзровень ведаў [16]. Сам Гарошка падкрэсліваў добрую якасць заняткаў, асабліва прыродна-матэматычных прадметаў, і з пашанаю згадваў настаўнікаў Аляксандра Данілевіча, Аляксандра Орсу, Янку Цеханоўскага, асобаў з глыбокімі ведамі, зацікаўленасцю і ўменнем выкладаць. Непрыемным выключэннем быў святар Васіль Бабкоўскі, які вучыў рэлігіі. Ён не згаджаўся весці заняткі па-беларуску, спасылаючыся на адсутнасць адпаведных падручнікаў, што не магло быць апраўданнем – беларускамоўных падручнікаў не было па многіх іншых прадметах, але гэта не перашкаджала настаўнікам весці іх на роднай мове. Гарошка заўважаў, што вынікам такой пазіцыі было негатыўнае стаўленне гімназістаў не толькі да выкладчыка, але і да самога прадмета [17]. Гарошка, аднак, ведаў і рэлігію, прынамсі так лічыў яго сябра Юрка, які потым выпадкова спрычыніўся да змены яго жыццёвых планаў [18].
Здавалася б, што ў такіх абставінах абяцанне стараставай жонкі павінна было ўмацоўваць дух і дазваляць марыць пра будучы ўніверсітэт, але не ўсё было так проста: Леў ужо раз падыходзіў да матуральных іспытаў у 1930 г. і быў “зрэзаны” прызначаным на той час старшынёй камісіі за пэўныя словы, сказаныя да сялян у час збірання ахвяраў на новы будынак школы, і некаторыя сказы з працы па беларускай літаратуры. Хлопец не мог быць упэўнены, што ў другі раз будзе іначай. У 1931 г. старшынёй камісіі быў вядомы сваёй суровасцю ўрадовец Нарвойш з Віленскай Кураторыі. Нягледзячы на небеспадстаўныя перажыванні гімназістаў, іспыты прайшлі вельмі добра. Усе 13 асобаў іх здалі, а Гарошка быў сярод іх першы [19].

Пакліканне

Ад дзяцінства хлопец думаў пра дзве магчымыя жыццёвыя дарогі: быць інжынерам або лекарам. Быў ён у гэтых жаданнях блізкі да свайго бацькі, які пасля гадавой фельчарскай школы меў вялікую ахвоту вучыцца далей – але не меў такіх магчымасцяў. Леў пасля Наваградскай гімназіі таксама на медыцыну ісці не мог, бо з-за яе прыродна-матэматычнага тыпу пад час матуры не было неабходных для гэтага кірунку іспытаў з лацінскай і грэцкай мовы. Увага маладога чалавека скіравалася, такім чынам, да выбару палітэхнікі. Маючы жаданне атрымаць сапраўды добрыя веды, ён хацеў паступаць у адну з найлепшых – берлінскую. На свой запыт атрымаў інфармацыю, што стыпендыя для іншаземцаў абумоўлена папярэдняй здачай іспыту па нямецкай мове, а ёю Леў так добра не валодаў. У гэтай сітуацыі ён з радасцю атрымаў пацверджанне аб стыпендыі ад сойміка і рыхтаваўся да паступлення ў Вільню. Бацькі таксама былі задаволеныя такім ходам спраў [20].

Змена планаў адбылася для іх сям’і нечакана. У перадапошні дзень перад выездам з Наваградка дадому Леў сустрэўся з адным са сваіх гімназічных калег, тым Юркам, за якога калісь заступіўся на суботніку. Той, памятаючы пра пачатковую задуму сябра, каб выехаць на студыі за мяжу, распавёў яму пра беларусаў – сваіх знаёмых хлопцаў з недалёкіх вёсак, якія вучыліся ў багаслоўскім інстытуце ў французскім Лілі. Для Юркі справа была простая: калі рэлігію Леў ведае добра, то чаму б не выкарыстаць нагоду пабачыць свет? Гарошка сябрука высмеяў, але на наступны дзень, развітваючыся з горадам, прыгадаў гутарку і распытаўся ў аднаго з ксяндзоў пра тую ўстанову. Той нічога пра яе не чуў, але прапанаваў хлопцу пагаварыць з віцэ-рэктарам Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, які акурат гасцяваў у горадзе. Леў з ахвотаю пагадзіўся – яму было цікава паразмаўляць з ксяндзом, які меў такую сур’ёзную пасаду і быў кантрастам да вядомых яму праваслаўных святароў. Размова, аднак, як падавалася, не мела вялікага значэння: пра французскі інстытут віцэ-рэктар нічога не ведаў і сам нічым выбітным не адзначаўся. Затое распытваў маладога чалавека, калі і чаму вырашыў стаць святаром. Было гэта пытанне нечаканае, да якога той абсалютна не быў падрыхтаваны, тым больш што ўвогуле такой думкі не меў – на гутарку яго прывяла цікавасць [21].

Прызнавацца ў сапраўдных прычынах Льву не хацелася, і ён задумаўся над адказам. Думка прыйшла сама: “Бо я пераканаўся, што інжынеры, хоць робяць шмат добрага для людзтва, але ўсе іхныя творы мінушчыя; дахтары, хоць лечаць людзей і шмат памагаюць у цярпеньні, але ад сьмерці ўсё роўна нікога выратаваць ня могуць, бо і самі ўміраюць. А сьвятары, калі яны добрыя, могуць быць найбольшымі дабрадзеямі для людзей, бо ратуюць не якіясьці дачасныя людзкія дастаткі, але людзкую несьмяротную душу для вечнага жыцьця і вечнага шчасьця” [22]. Віцэ-рэктар быў пад уражаннем і адразу сказаў хлопцу пісаць заяву ў Люблін. Гарошка такога намеру зусім не меў і толькі сам сабе дзівіўся, чаго ж ён нагаварыў. Па дарозе сустрэў Юрку і з пэўным дакорам распавёў яму пра свае прыгоды і пра тое, што ніхто анічога пра Ліль не ведае. Сябрук пасмяяўся, а Леў паехаў дахаты, не прадчуваючы, што гэты дзень будзе мець уплыў на ўсё ягонае жыццё [23].

Вестка пра “пакліканне да святарства” выпускніка гімназіі нейкім чынам дайшла да яе дырэктара, Янкі Цеханоўскага. Той з уласнай ініцыятывы напісаў пра Гарошку ў Вільню да Антона Луцкевіча, ведаючы пра ягоныя добрыя стасункі з мітрапалітам Шаптыцкім. Дырэктар быў перакананы, што Львоўская багаслоўская акадэмія будзе лепшым месцам, чым нейкія інстытуты. З Вільні прыйшоў адказ, каб хлопец падаваў дакументы. Леў пра гэта нічога не ведаў, бо на працягу лета спакойна займаўся хатнімі справамі і чакаў восені, каб паступаць у палітэхніку. Калі ў верасні Цеханоўскі праз пасланца перадаў яму тэлеграму з Вільні, то шчыра здзіўлены і занепакоены Гарошка ў той жа дзень паехаў у Наваградак, каб высветліць справу. Даведаўшыся пра дырэктарскія крокі, ён быў яшчэ больш разгублены – гэта было нечакана і зусім не адпавядала яго планам. Аднак паслухаўся Цеханоўскага і паехаў пагаварыць з Луцкевічам. Цікава, што дырэктар праводзіў яго словамі “Калі я зрабіў памылку, дык я заплачу табе за дарогу”, – як быццам ужо распазнаў святарскае пакліканне хлопца [24].

Льву спатрэбіўся на гэтае распазнанне яшчэ толькі адзін дзень. Антон Луцкевіч, які кіраваў Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча, паказваў маладому госцю экспанаты – у вялікай колькасці звязаныя з беларускім рэлігійным мастацтвам – і пры нагодзе ўздыхаў, што беларусы маюць мала свайго духавенства. Хлопец уважліва слухаў і разважаў. У пэўны момант яго позірк затрымаўся на адным з экспанатаў – алтарным крыжы з выразным, рэльефным распятым Хрыстом. Гэта быў для Льва момант пераломны: ён адчуў, што Госпад кліча яго на сваю службу і што трэба даць адказ. Не было ў гэтым прымусу – хлопец ведаў, што можа адмовіцца і зрабіць іначай, але прыняў сваё рашэнне: “Добра! <…> Пішыце ў Львоў, што я туды прыеду ў Акадэмію” [25].

Чакаючы канчатковага рашэння Шаптыцкага, Леў выкарыстоўваў час, каб лепш пазнаёміцца з Вільняй і беларускім асяроддзем. Важнай для ўмацавання яго рашэння пра святарства была размова з вядомым духоўным і асветніцкім дзеячам а. Адамам Станкевічам. Той пацвердзіў неабходнасць у беларускім духавенстве, бо святароў было мала, а працы вельмі шмат. Прычынялася да таго варожасць польскіх біскупаў і уладаў, якія не жадалі развіцця нацыянальнага духу беларусаў. У праваслаўнай, як і ў лацінскай духоўных акадэміях у Вільні мовай выкладання была польская, ды і агульны настрой кліру быў непрыхільны да беларусаў [26].

Паланізацыя пачалася ў каталіцкіх беларускіх парафіях адразу пасля таго, як яны апынуліся ў ІІ Рэчы Паспалітай. Гэты працэс стаў яшчэ больш інтэнсіўны пасля падпісання канкардату: паводле яго ўжыванне беларускай мовы ў навучанні рэлігіі і ўвогуле ў душпастырстве вымагала згоды польскага епіскапату, а ён мог такога дазволу не даць. Наадварот, рабіліся крокі да ўсё большай асіміляцыі, напрыклад, праз скіраванне беларускага духавенства да польскіх парафій. Занадта ж дзейсным у кірунку беларусізацыі святарам ствараліся сур’ёзныя перашкоды ў працы, як а. Вінцэнту Гадлеўскаму, якога некалькі разоў арыштоўвалі. Рэпрэсіі не абміналі нават іерархаў – прыхільнага да беларусаў віленскага біскупа Юрыя Матулевіча змусілі да адстаўкі, а на яго месца ў 1926 г. быў прызначаны Рамуальд Ялбжыкоўскі, які вёў моцную антыбеларускаю дзейнасць. Між іншым, у 1928 г. ён забараніў каталікам быць сябрамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і нават супрацоўнічаць з “Беларускай крыніцай” – друкаваным органам гэтай партыі [27].
І ўсё ж нацыянальнае рэлігійнае жыццё развівалася, нягледзячы на ўсе перашкоды. Адольф Клімовіч, пазнаёміўшыся ў Станкевіча з Львом, вырашыў паказаць хлопцу Вільню, а асабліва ўсё, звязанае з беларусамі. Адным з пунктаў праграмы было наведванне рэдакцыі згаданай “Беларускай крыніцы”. Як успамінаў Гарошка, на месцы яны сустрэлі толькі Янку Пазняка, рэдактара, які быў “шчыра адданы сваёй справе і не баяўся ніякіх цяжкасьцяў, ані ніякіх пагрозаў з боку польскае адміністрацыі”. Клімовіч паказаў таксама Беларускую друкарню імя Францішка Скарыны. Гарошка з цікавасцю слухаў, заўважаючы, што “найважнейшым была шчырая ахвярнасьць і моцная любоў да Беларусі тых людзей, якія там так аддана працавалі” [28]. Чарговым новым знаёмым быў а. Уладзіслаў Талочка. З ім Леў хутка пасябраваў і ліставаўся аж да часу, калі таго выслалі з Вільні над падставе загаду мясцовага ваяводы (разам са Станкевічам і Клімовічам) [29].

Варта адзначыць пэўны факт, які сведчыць пра цесную лучнасць Уніі і беларускай свядомасці. Паводле метрык, і Гарошка, і яго гімназічныя калегі, і грамадскія дзеячы беларускага руху былі праваслаўнымі, але многія з іх дзейнічалі як каталікі ўсходняга абраду і лічылі сябе такімі. Тлумачэнне гэтай сітуацыі падае Гарошка ў сваіх успамінах з дыскусіі ў гімназіі пад час святкавання незалежнасці Беларусі. На падставе «слоў Трэцяе Устаўное Граматы, што трактаты, накіненыя Беларусі Расейскаю Імпэрыяю, Беларусь не абавязваюць, мы адназгодна прыйшлі да выснаўку, што тым больш нас не абавязвае царскі ўказ аб скасаваньні Вуніі і шматлікія беларускія “упорствуючыя” вёскі сьведчаць вымоўна, што і калісь беларускі народ ня лічыў той акт абавязваючым. <…> Ніадзін з вучняў Наваградзкае Беларускае Гімназіі ня прызнаваў тых актаў, якія варожыя нам дзяржавы накідалі сілаю, таму хоць і не належалі да Вуніяцкае (Усходне-Каталіцкае) Царквы, але прынамся некаторыя, у тым ліку і я, лічылі яе сваёю Царквою». З гэтай прычыны Гарошка не меў аніякіх “пераходаў” з праваслаўя і ў згодзе з уласным сумленнем падаваў дакументы ў грэка-каталіцкую акадэмію [30].

Шлях да святарства (1931–1937)

Адказ ад Шаптыцкага прыйшоў хутка, і Гарошка паехаў дадому, каб збірацца ў далёкую дарогу. Бацькам змена планаў моцна не падабалася. Не такога лёсу яны жадалі свайму сыну, калі пасылалі яго на вучобу. Тым больш у такой сітуацыі, калі ён меў пэўную стыпендыю і добрую перспектыву, а выбраў дарогу святарства. Да таго ж, духавенства ў тых ваколіцах не карысталася пашанай і даверам. З праваслаўнага смяяліся, лацінскае было чужым, а адроджанае ўсходнекаталіцкае яшчэ занадта мала вядомым. Таму бацькі нават не прызнаваліся суседзям, на каго іх сын будзе вучыцца. Абмяжоўваліся інфармацыяй, што едзе на студыі ў Львоў, і не спрабавалі пераканаць хлопца, бачачы, што рашэнне ўжо прынятае [31].

Прынамсі так выглядала, хоць сам Леў яшчэ задаваў сабе пытанне, ці дасць рады. У першы дзень навукі ў Львоўскай акадэміі, а дакладней, пасля першых заняткаў – філасофіі – ён быў у разгубленасці. Філасофія і дагматыка ў каталіцкіх навучальных установах выкладаліся на латыні, а гэтай мовы Гарошка не ведаў на дастатковым узроўні. Засмучанаму, “прыходзіла думка кінуць усё і ўцякаць, але ад такое думкі рабілася брыдка. На дапамогу прыходзіла іншая думка, што кінуць заўсёды будзе час; перш неабходна спрабаваць свае сілы. І гэтая думка брала перавагу над першаю” [32]. Праз некалькі дзён малады клерык пайшоў наведаць Шаптыцкага, маючы для яго ліст ад Луцкевіча. Мітрапаліт, хоць і быў хворы, паклікаў яго на размову, распытваў пра Беларусь і выказаў жаль, што не было больш беларусаў, ахвотных вучыцца ў акадэміі. Гэтая гутарка дадаткова ўмацавала Льва: у цяжкія хвіліны ён задаваў сабе пытанне, якое ўражанне склалася б у мітрапаліта пра суайчыннікаў, калі б ён спужаўся клопатаў і ўцёк. Канчаткова думку пра ўцёкі Гарошка адкінуў пасля калядных канікулаў. Студэнты перажывалі тады 8-дзённыя рэкалекцыі. Гэты час задумы і разважання пра Божыя праўды і сваё жыццё прывялі да пераканання: калі гэта Гасподняя воля, каб быць святаром, то Ён дасць сілы да пераадолення ўсіх перашкодаў на гэтым шляху [33].

Набраўшыся ўпэўненасці і энергіі, Гарошка ўзяўся за працу. Апроч абавязковых выкладаў ён падвучваў грэцкую і лацінскую мовы, а да таго ўключыўся ў дзейнасць суполкі студэнтаў, якія выдавалі скрыпты. Дзякуючы гэтаму ён меў доступ да ўсяго, што было ёю зроблена, і яшчэ меў хоць невялікі, але заробак. Трэба заўважыць, што бясплатным было ўтрыманне і навучанне, але стыпендыі на хоць бы сшыткі не было, таму гэтыя дадатковыя грошы былі яму неабходныя [34].

Цярплівасць, зацікаўленасць і працавітасць прыносілі добрыя вынікі, і іспыты студэнт здаваў паспяхова. Навуковы семінар ён выбраў у праф. Міколы Чубатага, па гісторыі Царквы. Вядома пра дзве тэмы, якія Гарошка абмяркоўваў на гэтых занятках. У студзені 1934 г. ён меў выступ пра адносіны ўніятаў і рыма-каталікоў на Беларусі ў 1805 г., а ў наступным навучальным годзе падрыхтаваў працу пра гісторыю полацкай архіепархіі ў 1772–1795 г. Чубаты яе ацаніў высока і падкрэсліў вялікую навуковую вартасць ды карыстанне шматлікімі крыніцамі. На вялікі жаль, ні тэкст, ні матэрыялы яе не захаваліся [35].

Складаная сітуацыя беларускіх святароў на бацькаўшчыне, як і жаданне паглыблення ведаў падштурхнулі Льва пасля сканчэння акадэміі прасіць у Шаптыцкага стыпендыю на дактарат. Маладому чалавеку мроіўся тэалагічны факультэт Інсбрукскага ўніверсітэта Леапольда і Франца ў Аўстрыі. Рашэння капітулярнай рады ён чакаў 10 дзён, а адказ гэты не быў да канца прымальным. Стыпендыю яму прызначалі, але паставілі перад выбарам: 4 гады ў Каталіцкім люблінскім універсітэце або толькі адзін год у Аўстрыі. Гарошка чамусьці думаў, што ў КУЛі не навучыцца нічому больш за тое, што атрымаў у акадэміі, а паколькі цікавілі яго веды, а не навуковы тытул, выбраў Інсбрук. Зрэшты, ён захоўваў надзею, што, можа, пасля года атрымаецца стыпендыю працягнуць. Такім чынам, у палове кастрычніка 1936 г. – з 2-тыднёвым спазненнем з-за клопатаў з выдачай пашпарта – Леў апынуўся ў міжнароднай калегіі Канізіянум [36].
Вучоба ў такім месцы спрыяла новым сяброўствам і знаёмству з іншымі культурамі. Для Льва гэта было вельмі спазнавальна, ён пісаў потым, што “сустрэчы з людзьмі розных звычаяў і абычаяў былі цікавейшымі за найцікавейшыя геаграфічныя падручнікі”. Адначасова было яму і прыкра – ён бачыў, што нават суседзі мала што ведаюць пра Беларусь, не кажучы пра студэнтаў з далёкіх краін [37]. Яшчэ не адзін раз у будучыні ён пераконваўся ў слушнасці сваіх назіранняў.

У тым, што датычыла заняткаў, зноў Гарошку далася ў знакі лацінская мова. Хоць у Львове ён яе падцягнуў дастаткова, каб разумець выклады і адказваць на іспытах, але дэкан факультэта патрабаваў здачы лаціны на ўзроўні гуманітарнай гімназіі. Гэта было ўмовай, каб быць запісаным як звычайны студэнт. Да гэтага ж часу Леў быў студэнтам надзвычайным, маючы, аднак, права слухаць лекцыі і прыступаць да іспытаў, што ён і выкарыстаў: запісаўся на ўсе выклады для 11 і 12 семестраў. Нечаканасцю для яго сталі заняткі па трыніталогіі – нягледзячы на добрыя адзнакі ў Львове, тут ён нічога не разумеў. Адзін з прыяцеляў у гутарцы яго суцешыў, што такія праблемы маюць многія студэнты з розных семінарый: тут патрэбна была больш сур’ёзная філасофская падрыхтоўка, чым 2-гадовы курс. Як відаць, прадчуванні Гарошкі наконт узроўню адукацыі ў Інсбруку былі слушныя. Іспыты пад канец года ён, тым не менш, здаў добра, атрымаўшы пасрэдную адзнаку толькі па Бібліі, дзе трэба было цытаваць у арыгінале цэлыя сказы [38]. Мары пра працяг вучобы, аднак, не спраўдзіліся.

Каб быць беларускім святаром, Гарошка павінен быў быць інкардынаваны ў адну з беларускіх дыяцэзій. Ужо пасля першага курса Львоўскай акадэміі малады багаслоў звярнуўся з адпаведнай просьбай да біскупа Ялбжыкоўскага. Той адказаў коратка: “Я ўжо маю двух клерыкаў усходняга абраду ў Дубенскай Сэмінарыі; больш не патрэбна” [39]. Мелася на ўвазе неаўніяцкая семінарыя ў Дубне, дзе ад 1928 г. пад кіраўніцтвам езуітаў адбывалася падрыхтоўка візантыйска-славянскага духавенства. Ведаючы, што ў Львове, апроч Гарошкі, беларусаў на той момант не было, можна зразумець, што словы віленскага біскупа сведчылі пра ягоную незацікаўленасць у развіцці Уніі. Дзейны і ахвярны ў дачыненні да лацінскай Царквы і да Польшчы, Ялбжыкоўскі, як ужо згадвалася, працівіўся беларускім нацыяналістычным рухам, а разам з тым і ўсходнекаталіцкаму абраду. Было вядома, што не спрыяў грэка-каталікам і пінскі біскуп Букраба (у адрозненне ад свайго папярэдніка Лазінскага, які памёр у 1932 г.) [40]. З-за такога абароту спраў Гарошка, закончыўшы акадэмію і паступіўшы ў Інсбрук, далей не ведаў, які будзе лёс яго святарства.

Адказ прыйшоў нечакана вясной 1937 г. Біскуп Букраба, які калісьці таксама быў студэнтам у Канізіянум, атрымліваў адтуль бюлетэнь, у якім быў пададзены спіс студэнтаў. Пабачыўшы клерыка са сваёй дыяцэзіі, ён скіраваў запытанне ў Інсбрук. Леў напісаў яму грунтоўнае тлумачэнне, а адначасова папрасіў стыпендыі на дактарат. На гэтую просьбу Букраба адказаў адмоўна, але затое прызнаў, што Гарошка належыць да яго дыяцэзіі і павінен быць высвечаны. Шаптыцкі, якому малады чалавек адразу пра гэта паведаміў, бачыў у гэтым Божы Провід і раіў ва ўсім слухаць свайго біскупа [41]. Такім чынам, пасля сканчэння акадэмічнага года, кароткага візіту ў Львоў і тыднёвага адпачынку ў роднай хаце Леў паехаў у Пінск. Размова з біскупам была прыязнай, і Гарошку адразу прызначылі пакой у пінскай семінарыі, дзе ён меў затрымацца да вырашэння пытання пра высвячэнне. На верасень гэтага года прыпадала 6-я Унійная канферэнцыя (ладзіліся яны ад 1930 г., спачатку штогод, потым раз на два гады, а пасля 1937 г. канферэнцыя мелася адбывацца раз на чатыры гады), і спачатку меркавалася, што прыедзе на яе біскуп Мікола Чарнецкі і прынагодна высвяціць Гарошку. Але іерарх не змог тады прыбыць, і справа адклалася на некалькі тыдняў. Урэшце ў другой палове верасня Букраба прапанаваў высвячэнне ў Львове, на што кандыдат з ахвотаю згадзіўся [42].

Нягледзячы на перашкоды з боку палякаў, неаунія на працягу першага дзесяцігоддзя свайго існавання пашыралася і развівалася, карыстаючыся таксама прыхільнасцю Ватыкана. Першым цэнтрам усходнекаталіцкай місіі быў выбраны Альберцін каля Слоніма. Там знаходзіўся навіцыят усходняй галіны езуітаў і ад 1929 г. дзейнічаў а. Антоні Неманцэвіч, з якім з часам Гарошку звяжуць супольныя ўніяцкія справы. За езуітамі з’явіліся ўсходнія галіны і ў іншых ордэнаў: капуцынаў, аблатаў, рэдэмптарыстаў. Да апошніх належаў Чарнецкі, спачатку грэка-каталіцкі святар станіслаўскай епархіі, у 1931 г. рукапаложаны на епіскапа ўсходнекаталіцкай Царквы [43]. Важнае значэнне для ўніяцкага руху мелі марыяне, якія ўжо ў 1923 г. заснавалі кляштар у Друі, а пры ім гімназію. Там дзейнічалі такія вядомыя і заслужаныя святары, як Андрэй Цікота і Фабіян Абрантовіч [44]. Агулам да 1938 г. было заснавана больш за 40 уніяцкіх парафій, у тым ліку прыкляштарных. Няма пэўных дадзеных наконт колькасці вернікаў на той час: у розных крыніцах можна знайсці лічбу ад 16–17 да 25 тысяч [45]. Гарошка ва ўспамінах пералічвае 35 месцаў, дзе існавала ўсходнекаталіцкая парафія ці прынамсі група вернікаў, бо не заўсёды прызначалі ім святара. Адначасова ён згадвае, што ў 1937 г. дзевяці з іх ужо не было, яшчэ некалькі знаходзілася ў стане ліквідацыі, а просьбы пра адкрыццё новых не былі выслуханы [46]. У дадатак распачаліся высяленні з памежжа, з-за якіх не адзін беларускі святар быў вымушаны пакінуць сваю парафію. У пэўны час не абмінула гэта і Гарошку…

Святар у Беларусі: радасці і клопаты (1937–1944)

Перад святарскім рукапалажэннем кандыдат павінен быў прыняць ніжэйшыя ступені высвячэнняў. На пачатку кастрычніка Гарошка быў высвечаны на лектара і субдыякана, праз тыдзень – дыякана, а 17 кастрычніка 1937 г. стаў святаром. Рукапалажэнне адбылося ў прыватнай капліцы Шаптыцкага, з яго дабраславеннем, але высвячаў іншы іерарх – біскуп Мікіта Будка. Было гэта рашэнне мітрапаліта, які не хацеў, каб яго прозвішча фігуравала ў дакументах маладога беларускага святара – гэта магло б прынесці Гарошку дадатковыя клопаты ў адносінах з польскімі ўладамі [47].
Вяртаўся на радзіму а. Леў з радасцю, што спаўняецца яго жаданне быць беларускім святаром, але адначасова разумеючы, што будзе гэта цяжкая праца. У часы вучобы ў акадэміі хлопец летам падарожнічаў па Беларусі, наведваючы розныя парафіі, прыглядаючыся да жыцця звычайных беларусаў. Ведаў добра пра шматлікія перашкоды, якія мела Унія – так знешнія, як і ўнутраныя, і пра вялікі недахоп адданых святароў. Магчыма, што гэта было галоўнай прычынай, па якой ён вырашыўся на цэлібат, хоць усходні абрад прадугледжвае жанатых святароў, і большасць ягоных калег з акадэміі пайшла гэтым шляхам [48].

Сярод добрых знаёмых маладога святара быў парах у Далятычах а. Вячаслаў Аношка. У яго Гарошка адправіў сваю першую ўрачыстую Службу Божую. Было гэта вялікае свята для ўсёй парафіі, храм быў перапоўнены, а хор спяваў пабожна і велічна. Казанне прыміцыянта датычыла абавязку чалавека, каб імкнуцца да святасці. Можна сказаць, што была гэта праграма ягонага душпастырскага служэння – дзе і з кім Леў бы не перабываў, справа збаўлення была для яго найважнейшай [49].

Пасля двухтыднёвага побыту ў роднай хаце святар прыехаў у Пінск па накіраванне на парафію. Першым яго месцам быў манастыр капуцынаў усходняга абраду ў Любяшове, куды ён быў прызначаны вікарным. Да яго абавязкаў належала духоўная апека над адлеглай за 15 км вёскай Угрынічы, дзе ў сваім доме мелі капліцу дзве манашкі-скрыткі [50]. Варта заўважыць, што гісторыя мясцовай уніяцкай супольнасці – адзін з найвыразнейшых прыкладаў варожасці польскіх уладаў. У вёсцы была царква, але яе апячаталі на загад старасты, бо яе будова адбылася без яго дазволу. Такі ж лёс у 1939 г. напаткаў і каплічку сясцёр. Але Гарошка ўжо не быў сведкам гэтага, бо ягонае перабыванне тут доўжылася толькі месяц [51].

Букраба перавёў святара ў Гарадную, адразу прызначыўшы парахам – замест а. Зянона Шымкевіча. Палескі (раней наваградскі) ваявода Вацлаў Костэк-Бярнацкі, аднак, меў нейкую асаблівую нелюбоў да Гарошкі, вызначаў яму незаслужаныя кары і высылаў паліцыю, таму Леў папрасіў змяніць месца. Новай парафіяй сталі Стоўбцы, дзе ён дапамагаў а. Юстыну Сялецкаму, але прыдзіркі палякаў не скончыліся. Не меў ён таксама дазволу на правядзенне катэхізацыі, таму рабіў гэта падпольна: у лесе, у полі і нават на могілках. Урэшце ў траўні 1939 г. ваявода прыняў рашэнне пра бестэрміновае высяленне святара з памежнай паласы. Гарошка, не маючы заступніка, мусіў падпарадкавацца і пераехаў у Збураж. Там таксама быў нядоўга, бо пачалася вайна [52].

1 верасня 1939 г. гітлераўская Германія пачала вайну з Польшчай. На падставе падпісанага незадоўга да гэтага пакта Молатава – Рыбентропа 17 верасня на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўвайшла Чырвоная Армія, называючы гэты крок вызваленнем прыніжаных народаў. Мела гэта сур’ёзныя наступствы не толькі для палітычнай, але і для рэлігійнай сітуацыі. У СССР на той час каталіцкая Царква ўжо афіцыйна не існавала. Было гэта “заслугай” створанага ў 1925 г. Саюза бязбожнікаў (ад 1929 г. перайменаванага ў Саюз ваяўнічых бязбожнікаў), які вёў планавую барацьбу з рэлігіяй. Абсалютная яе ліквідацыя была для камуністычнай улады адной з найважнейшых мэтаў, і гэта нягледзячы на запісы ў Канстытуцыі і Рыжскі трактат, якія мелі гарантаваць свабоду веравызнання. Спосабаў атэізацыі было шмат: актыўная бязбожніцкая прапаганда, рэпрэсіі, абкраданне храмаў [53].

Далучэнне земляў, на якіх было некалькі мільёнаў каталікоў, вымагала змены палітыкі. Барацьбу з Царквой праводзілі паступова. Найперш пачалася дэпартацыя вялікай колькасці людзей і элімінацыя лідараў грамадскага руху. Забаранілі выкладаць рэлігію. Нацыяналізавалі царкоўную маёмасць. Моцная была прапаганда праз СМІ, ладзіліся “курсы ваяўнікоў атэізму” ды выступленні агітатараў. І хоць спачатку быў яшчэ дазвол на пэўныя формы душпастырства, але ўжо ў кастрычніку выйшлі ўказанні па барацьбе з каталіцтвам у Заходняй Беларусі. Іх поўнай рэалізацыі перашкодзіла нямецкая агрэсія [54].

У гэтай сітуацыі Гарошка не меў амаль аніякіх шансаў на душпастырскую працу, але сядзець без занятку таксама не збіраўся і вырашыў паспрабаваць уладкавацца ў школу. У стаўпецкім “районо” і наваградскім “облоно” кіраўнікі былі з Усходняй Беларусі і адмаўлялі яму па адзінай прычыне, бо ён – святар. Гарошку “было сапраўды дзіўна глядзець, як гэтая савецкая начальніца тут-жа прымала на працу настаўнікаў людзей, якія самі не маглі напісаць заявы і адкідала чалавека з вышэйшай асьветай. На першы погляд гэта выдавалася бязглуздым, але такое становішча лагічна выплывала з усяе бязглуздае савецкае сыстэмы”. Далейшыя пошукі прывялі Льва ў Баранавічы. Там кіраўніком быў украінец, які прыняў яго ветліва і, распытаўшы пра знаёмства з Шаптыцкім, даў накіраванне ў Гандлёвую школу на месца настаўніка беларускай мовы. Настаўнікаў не хапала, таму ў хуткім часе Гарошка вучыў яшчэ і на вячэрніх курсах беларускай і рускай мовы ды ў школе медсясцёр (тут прыдалася і вывучаная з такой цяжкасцю лацінская мова), а таксама вёў біялогію ў вячэрняй школе. На пачатку 1940 г. абвясцілі, што паўсюль будзе ўводзіцца беларуская савецкая сістэма школьніцтва. Установы, якія не былі да яе дастасаваныя, ліквідаваліся – у тым ліку Гандлёвая школа. Гарошку перавялі ў рускую дзесяцігодку [55].

З нагоды рэформы быў скліканы мітынг мясцовых настаўнікаў. Большасць выступаў была па-руску і датычыла не школьніцтва, а згадвання “дрэннай Польшчы”. Гарошка не вытрываў гэтай кпіны і, узяўшы голас, адважна выказаў надзею на сапраўднае развіццё беларускай адукацыі. На ягонае здзіўленне, хоць прысутны ўрадавец назваў ягоную прамову шкоднай, на працу ў школе гэта не паўплывала. Але ўжо пад канец студзеня змяніўся баранавіцкі кіраўнік, які, пачуўшы ад Гарошкі, што той не выракся свайго сану і не згаджаецца на падрыхтоўку дакладу пра шкоднасць Царквы, яго звольніў. Хоць трэба прызнаць, што Леў быў не супраць – пасля рэформы школьная праграма была перапоўнена савецкай прапагандай, а настаўнікі былі пазбаўленыя магчымасці выбару матэрыялаў да ўрокаў [56].

Наступным месцам працы быў Баранавіцкі музей, дзе Леў меў пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. Але дарэмна ён спадзяваўся, што тут яго ніхто не будзе турбаваць. Ужо праз месяц туды часцей зазіралі розныя чыноўнікі, а ў хуткім часе святара звольнілі без называння прычыны. Пачаліся чарговыя пошукі працы. Тым разам Гарошка меркаваў знайсці месца ў бухгалтэрыі, бо разбіраўся ў ёй, а абвестак было шмат. Усе размовы, аднак, скончыліся нічым. Урэшце знаёмы чыноўнік патлумачыў: “Вы дарэмна шукаеце працы ў канцылярыі ці ў якой установе. Вам ніводзін начальнік гэткае працы ня дасьць, бо ёсьць няпісаны закон паводле якога той, хто дасьць духоўнаму працу ў савецкай установе, атрымае сам тры гады прымусовых работ” [57].

Гарошка ж, працуючы ў свецкіх установах, не пакідаў свайго паклікання. У нядзелю ён служыў Літургію ў касцёле паміж Імшамі, калі было мала прысутных, але сваёй веры не хаваў. Адным са знешніх знакаў, якія кідаліся ў вочы і нараджалі ў людзей пытанні, была доўгая барада святара. Здавалася б, што гэта дробязь, але яна была прычынай пэўнай цікаўнасці, што стварала магчымасць прапаведвання, якую багаслоў з ахвотай і адвагай выкарыстоўваў [58].
У такіх неспрыяльных ўмовах уніяцкае рэлігійнае жыццё далей развівалася, хоць і скрыта. У 1939 г. у таямніцы адбылася вельмі важная падзея: Шаптыцкі стварыў чатыры экзархаты. Першы ўключаў у сябе Валынь, Падляшша і Палессе, і яго ўзначаліў Чарнецкі. Экзархам другога – Вялікай Украіны – быў прызначаны біскуп Язэп Сліпый (які быў рэктарам Львоўскай акадэміі, калі Гарошка там вучыўся). Трэцім экзархатам, Вялікай Расіі, меў апекавацца брат мітрапаліта Клямент. Чацвёрты ж быў беларускі, а яго кіраўнік – Неманцэвіч. Гэты рух Шаптыцкага быў абумоўлены як нездавальняльным досведам падпарадкавання ўніятаў лацінскім біскупам, так і спецыфічнай сітуацыяй у СССР. Падставай жа стварэння экзархатаў былі паўнамоцтвы, дадзеныя мітрапаліту яшчэ ў 1908 г. [59].

У перыяд беспрацоўя Гарошкі ў 1940 г. да яго прыехаў Неманцэвіч і, паведаміўшы пра ўтварэнне экзархата, прапанаваў святару ўключыцца ў яго дзейнасць. Той з радасцю і ахвотаю прыняў прапанову. Яны абмеркавалі патрэбы і магчымасці ўдваіх, а пазней сустрэліся ў Далятычах яшчэ і з Аношкам. Хоць спачатку амаль усю працу рабіў Неманцэвіч, Гарошку ён прызначыў сваім намеснікам. Разам яны ўдзельнічалі і ў другім з’ездзе Экзархаў у 1941 г. у Львове [60].

Там жа яны даведаліся, што вайны паміж СССР і Германіяй не абмінуць, таму Гарошка адразу паехаў у Пінск па прызначэнне на парафію. Скіравалі яго ў Бабровічы, на месца а. Баляслава Пачопкі, якога камуністы давялі да псіхічнай хваробы і смерці ў шпіталі. Але вайна перашкодзіла Льву даехаць на месца, і яму давялося затрымацца ў Баранавічах. Тут ён уключыўся ў працу Беларускага камітэта і атрымаў заданне рэдагавання беларускай газеты і падрыхтоўкі праграмы на мясцовым радыё. Як хутка высветлілася, надзея, што гэта будуць сапраўды беларускія сродкі масавай інфармацыі, была дарэмнай. Часам у абароне роднай мовы і культуры, як і маральнасці, святару даводзілася спрачацца з рознымі кіраўнікамі, нават з рызыкай для жыцця. Тым не менш ён працягваў адважна працаваць, адначасова імкнучыся здабыць дазвол на выезд у сваю парафію [61]. Як паказала будучыня, досвед гэтай працы быў для Гарошкі патрэбным.
Урэшце пасля некалькіх няўдалых спробаў святар атрымаў магчымасць паехаць у Бабровічы. Сустрэла яго там здзіўленне жыхароў, для якіх яго прыезд быў нечаканасцю, недабудаваная царква, а таксама школа і дамы святара ды дзяка, што патрабавалі рамонту. Рэлігійнае жыццё на той момант там ужо аслабла. Леў вырашыў, што адкрые школу і дзіцячы дом, таму вярнуўся ў Баранавічы, каб знайсці настаўніка і запрасіць сясцёр, якія калісьці займаліся сіротамі ў Альберціне. У Баранавічах жа давялося прабыць шэсць тыдняў замест некалькіх дзён. Аказалася, што за гэты час мясцовы стараста змовіўся з суседнім праваслаўным святаром аб перадачы таму парафіяльнай зямлі. На Гарошку былі пададзены даносы ў нямецкую адміністрацыю. Нягледзячы на тое, што ён змог давесці іх непраўдзівасць, агульная сітуацыя склалася такім чынам, што святар вырашыў ужо не шукаць справядлівасці, прадчуваючы, што апеляцыя не прынясе жаданага выніку [62].

Вярнуўшыся ў Баранавічы, Гарошка ўключыўся ў стварэнне і дзейнасць сярэдняй медычнай школы. Ён не толькі выкладаў беларускую літаратуру, гісторыю Беларусі і біялогію, але і быў практычна – а на працягу некалькіх месяцаў і афіцыйна – яе дырэктарам. У школе, якая мела некалькі профільных груп і ўзроўняў, было шмат навучэнцаў, тым больш што кіраўніцтва старалася прыняць максімальна магчымую колькасць асобаў. Было гэта звязана з тым, што вучні ў Баранавічах атрымлівалі спецыяльныя карты, дзякуючы якім іх не вывозілі на працу ў Германію. Вучоба ішла добра, але на пачатку 1943 г. спрабавалі зрабіць рэвізію вучняў. Гарошка папярэдзіў іх, і частка ўцякла з горада і ўжо не вярнулася. Самога святара немцы на наступны дзень арыштавалі, але праз тры дні адпусцілі без аніякіх допытаў. Нягледзячы на ўсе перашкоды, летам таго ж года быў першы выпуск аптэкараў. Пачаліся гаворкі пра тое, каб арганізаваць універсітэт. Льва, аднак, на пачатку 1944 г. спаткала тое ж, што раней пад камуністамі – звальненне з-за таго, што ён быў святаром [63].

Стаўленне да духавенства не было пад нямецкай акупацыяй адназначным. У 1942 г. Неманцэвічу ўдалася дабіцца афіцыйнага прызнання беларускага экзархата і рабіліся нават паспяховыя крокі па пераводзе ўніяцкіх парафій пад яго юрысдыкцыю. У траўні была створана Рада экзархата, у якую ўвайшлі Аношка, Гарошка і а. Ян Гермацюк. Аднак ужо ў жніўні Неманцэвіч быў арыштаваны гестапа, а манастыр у Альберціне разагнаны [64]. Пасля звальнення з медычнай школы Гарошка спрабаваў распачаць служэнне ў Альберціне, але ў гебітскамісарыяце яго папярэдзілі, што калі на працягу 24 гадзін ён адтуль не выедзе, то будзе расстраляны. Гэткім чынам парафія была зліквідаваная, а святар вярнуўся ў Баранавічы, дзе быў карэктарам беларускай газеты [65].
На чэрвень 1944 г. Беларуская Цэнтральная Рада склікала ІІ Беларускі кангрэс у Мінску. Гарошка быў адным з дэлегатаў і меў надзею, што зможа звярнуцца да сабраных. Але яго чакала расчараванне – старшыня паведаміў, што спіс прамоўцаў ужо зацверджаны. Гэта выклікала вострую заўвагу Льва, які абураўся, што рыхтуецца не кангрэс, а маніфестацыя. І сапраўды, даклады мелі прыкладна аднолькавы характар [66]. На кангрэсе была заслухана справаздача прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага, а потым – два даклады: віцэ-прэзыдэнта БЦР М. Шкялёнка пра расійска-польскія дагаворы і прэтэнзіі да Беларусі і сябра БЦР А. Калубовіча “Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб уневажненні маскоўскага голасу ў беларускіх справах”. Упісаная па- за праграмай прамова былога наваградскага гімназіста Анішчыка-Чэмера датычыла спраў сапраўды важных для беларусаў, але старшыня скаментаваў яе адным кароткім “гэта не на тэму” [67]. Так ці іначай, кангрэс скончыўся ў першы ж дзень, бо ўжо назаўтра была абвешчана неадкладная эвакуацыя. Хутка сабраўшы рэчы ў Баранавічах, Гарошка разам з іншымі эмігрантамі вымушаны быў выехаць на Захад [68].

Першыя крокі на эміграцыі: Германія і Італія (1944–1946)

Першым прыпынкам Льва быў Берлін. Тут існаваў і мясцовы Беларускі камітэт, і Цэнтральная рада, але свайго душпастыра не было. У гэтай сітуацыі святар звярнуўся да міністэрства рэлігіі з просьбай аб магчымасці арганізаваць каталіцкае душпастырства. Дазвол атрымаў, хоць і абмежаваны – не мог прамаўляць казанняў. Такім чынам, ад 27 жніўня штонядзелю беларусы мелі сваю Літургію. Калі ж у лютым 1945 г. фронт пасунуўся на захад, святар пераехаў у Мюнхен. Беларусаў там яшчэ было мала, таму Камітэт пачаў арганізоўвацца толькі ў траўні. Пад час свайго побыту ў горадзе Гарошка мусіў двойчы ўмешвацца, каб савецкая армія не вывезла яго суайчыннікаў. Восенню сітуацыя супакоілася, і тады святар вырашыў наведаць Рым.

Як некалі ў Інсбруку, так і цяпер беларус пераканаўся, што пра яго радзіму, а тым больш пра яе рэлігійную сітуацыю на Захадзе вядома мала – нават у Ватыкане, нягледзячы на прыхільнасць да беларускай і ўніяцкай справы, таму стараўся як найбольш на гэтую тэму пісаць. Ён таксама пераканаў Усходнюю Кангрэгацыю, каб выдаць беларускі пераклад энцыклікі Пія XII “Orientalis omnis”, напісанай з нагоды 350-годдзя Уніі. Пры гэтым дзякуючы намаганням святара лацінскае слова Rutheni ў ёй пераклалі як “беларусы і ўкраінцы”, што было значным для прызнання нацыі. Атрымалася здабыць дафінансаванне і на публікацыю беларускага малітоўніка. Яшчэ адным клопатам пра суайчыннікаў быў зварот да генерала Уладыслава Андэрса з просьбай стварыць арганізацыю для жаўнераў, што паходзяць з Беларусі. Гарошка нават атрымаў станоўчы адказ, але толькі тады, калі корпус Андэрса быў ужо ў Брытаніі [69].
Калі на эміграцыі рэлігійнае жыццё неяк арганізавалася, у Беларусі яно сыходзіла ў падполле. Пасля вайны Беларусь была зноў аб’яднаная, але пад уладай камуністычнага рэжыму, які працягваў сваю бязбожніцкую дзейнасць. Была ліквідавана каталіцкая іерархія – ад 1946 г. аж да часоў незалежнасці не было на гэтай тэрыторыі біскупа. Скрыта дзейнічалі генеральныя вікарыі, хоць супраць іх адбываліся рэпрэсіі. Для кантролю над Царквой ужо ў 1944 г. быў створаны Савет па справах рэлігійных культаў. Яго прадстаўнікі ў рэгіёнах практычна пераймалі функцыі царкоўных іерархаў: прызначалі святароў, наведвалі парафіі, праводзілі з духоўнымі асобамі размовы пра іх палітычныя погляды, а таксама вымагалі справаздачы аб колькасці споведзяў. Галоўнай іх мэтай, аднак, быў не кантроль, а ўскладненне душпастырскай працы [70].

У Беларусі антырэлігійная дзейнасць была асабліва моцнай, паколькі ўлада хацела як найхутчэй зрусіфікаваць гэтую тэрыторыю. Рэпрэсіі супраць духавенства былі тут асабліва жорсткія. Напрыклад, за катэхізацыю дзяцей пагражала 10 гадоў у лагерах. Датычыла гэта не толькі ўрокаў рэлігіі, але ўвогуле прысутнасці дзяцей і моладзі ў храме. Калі каго з вучняў заўважалі ў царкве, то іх чакалі пакаранні. З-за ўдзелу ў набажэнстве яны маглі атрымаць не толькі кепскія адзнакі, а нават негатыўныя рэкамендацыі, якія пазбаўлялі магчымасці працягваць вучобу пасля школы. Такая сітуацыя існавала аж да часу “перабудовы” (1985) [71].

Уніяцкая Царква лічылася “агентурай Ватыкана” і таксама была моцна атакаваная саветамі. Усе біскупы – разам са Сліпым, які пасля смерці Шаптыцкага (1944) стаў мітрапалітам – былі арыштаваныя. Частка духавенства ўжо тады перайшла ў праваслаўе. У сакавіку ж 1946 г. у супрацоўніцтве з органамі бяспекі быў скліканы г. зв. львоўскі сінод – падобны да таго, што меў месца ў Полацку на стагоддзе раней – на якім унія “вярнулася” да праваслаўя. Святары, якія не прызналі гэтага акта, сышлі ў падполле і дзейнічалі такім чынам аж да канца 1980-х гадоў. Колькасць скрытага духавенства павялічылася пасля амністыі 1955 г., калі многія святары вярнуліся са ссылак. У падполлі адрадзілася і іерархія. Частка ж духавенства выехала і дзейнічала ў эміграцыі [72].

Беларуская каталіцкая місія ў Францыі (1946–1959)

Летам 1946 г. з’явілася новая патрэба – арганізацыі ўсходнекаталіцкага душпастырства ў Францыі. Гарошка з ахвотай узяўся за гэтае заданне і пад канец кастрычніка ўжо шукаў капліцу ў Парыжы, вакол якой гуртаваліся б беларусы. Не абмяжоўваўся пры тым душпастырскай працай, а займаўся таксама паляпшэннем сітуацыі эміграцыі. Сіповіч сцвярджае, што “а. Леў хутка ўлучыўся такжа ў грамадзкую дзейнасьць і, хіба ніхто гэтаму не запярэчыць, стаўся яе цэнтральнай фігурай” [73]. Ужо на самым пачатку ён здабыў стыпендыі для беларускіх студэнтаў у Францыі і Бельгіі, а пазней і ў Іспаніі (пэўна, памятаючы пра свае нерэалізаваныя планы наконт дактарату ў Аўстрыі). Да таго гуманітарная дапамога ад амерыканскіх дабрачынных арганізацый перадавалася праз рэлігійныя місіі, і Гарошка, будучы рэктарам Беларускай місіі, адказваў за размеркаванне атрыманай ежы і вопраткі сярод суродзічаў [74].
Леў працягваў таксама клапаціцца пра тое, каб беларусы ў Еўропе былі бачаныя як асобная нацыя. Між іншым, у 1955 г. разам з Міколам Абрамчыкам і Міхасём Наўмовічам ён напісаў ліст да міністра замежных спраў Францыі з просьбай аб указанні нацыянальнай прыналежнасці эмігрантаў з Беларусі. Міністр падтрымаў просьбу, і ў выніку прынялася адзіная слушная назва “réfugié biélorussien”. Праз 15 гадоў просьбу давялося паўтарыць, але зноў яна была выслуханая [75].

Важным элементам дзейнасці святара па падтрымцы і аб’яднанні расцярушаных па замежнай краіне беларусаў было выдаванне часопіса “Божым шляхам”. Гарошка быў ягоным галоўным рэдактарам (прыдаўся баранавіцкі досвед!), а часам і ледзь не адзінай асобай, якая там друкавалася, што не перашкодзіла часопісу стаць найлепшым беларускім перыядычным выданнем таго часу, да якога з ахвотай звярталіся і каталікі, і праваслаўныя [76]. Клопат з аўтарамі мелі і іншыя газеты ды часопісы, таму іх рэдактары нярэдка звярталіся да Льва, так што працы ён меў шмат. «Да таго прыходзілася пісаць даклады і ўдзельнічаць у канфэрэнцыях і Кангрэсах у розных краінах. У Вольнай Акадэміі навук і літаратуры ў Парыжу, у Інстытуце Вывучэньня СССР у Мюнхэне, у Кангрэсах “Царквы ў бядзе” у Кэнігштайне, на Марыйскіх Кангрэсах у Люрдзе і Рыме і на нашых “Тыднях Студыяў” у Лёндане» [77]. Да таго ж, святар быў сябрам створанага пад час з’езду беларускіх дэлегацый 1948 г. у Парыжы Сусветнага Аб’яднання Беларускай Эміграцыі (САБЭ), сябрам Аб’яднання беларускіх работнікаў у Францыі і Каардынацыйнага Камітэта Беларускіх Арганізацый у Парыжы [78].

Далучэнне да марыянаў: Рым і Лондан (1959–1970)

Назіранні пад час удзелу ў гэтых шматлікіх сустрэчах і кангрэсах прывялі Гарошку да высновы, што неабходна стварыць беларускі рэлігійны і культурны цэнтр. Парыж не даваў добрых перспектываў для такога прадпрыемства, таму пасля кансультацыі з іншымі святарамі Леў абраў Лондан, дзе ў доме айцоў марыянаў а. Чэслаў Сіповіч і а. Аляксандр Надсан распачалі ўжо стварэнне архіва беларускіх тэкстаў: публікацый і рукапісаў [79]. На пачатку, аднак, Гарошка паехаў у Рым, дзе пасля некалькіх месяцаў навіцыяту далучыўся да марыянскага ордэна, складаючы ў студзені 1960 г. першы зарок. З ягонай жа ініцыятывы 3–5 лютага адбыўся ў Рыме з’езд беларускіх святароў на эміграцыі. Супольна яны апрацавалі мемарандум, які мелі магчымасць перадаць пад час аўдыенцыі папу Яну XXIII [80].
Праз тыдзень Гарошка быў ужо скіраваны генералам ордэна ў Лондан. Ён забраў туды з сабой прыватную бібліятэку, сур’ёзна ўзмацняючы мясцовы архіў. Адначасова са Львом у Лондан прыехаў і а. Язэп Германовіч. Такім чынам на пачатку 1960 г. Marian House стаў моцным духоўным і інтэлектуальным цэнтрам. Калі ж яшчэ ў тым жа годзе Сіповіч быў высвечаны на біскупа, Гарошка быў прызначаны яго наступнікам на функцыі рэктара Беларускай Каталіцкай Місіі ў Вялікабрытаніі, а пасля вечнага зароку ў 1962 г. стаў яшчэ і суперыёрам Marian House. У снежні ж 1965 г. за сваю адданую працу атрымаў годнасць архімандрыта. Працягваў таксама ўдзельнічаць у шматлікіх канферэнцыях [81]. Актыўна ўключыўся ён і ў дзейнасць Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі, якое спраўна функцыянавала ад 1947 г. Між іншым, у 1963 г. святар быў прызначаны старшынёй дабрачыннай секцыі і займаў гэтую пасаду аж да 1970 г. Вярнуўся ён і да настаўніцкай працы, тым разам у беларускай школе імя Кірылы Тураўскага [82].

На радыёхвалях: Рым (1971–1977)

Ад 1970 г. і ўжо да канца жыцця Гарошка зноў выконваў функцыю рэктара Беларускай місіі ў Францыі і на нейкі час вярнуўся ў Парыж. У хуткім часе быў прызначаны кіраўніком беларускай секцыі Ватыканскага радыё, пераняўшы гэтую пасаду пасля кс. Пётры Татарыновіча, і пераехаў у Рым [83]. Гэтая праца дала святару магчымасць несці праўду і ўмацоўваць беларусаў у веры не толькі ў эміграцыі, але і на радзіме – там, дзе панавала камуністычная ўлада. Больш за тое, у справаздачы 1975 г. Гарошка падкрэсліваў, што праграма арганізоўваецца менавіта так, каб адказаць на духоўныя патрэбы беларусаў у СССР. На той момант яна складаліся са штонядзельнага Евангелля з казаннем і спевам, раз або два на тыдзень – навіны з рэлігійнага жыцця, асвятленне надзённых рэлігійных праблем у святле каталіцкага навучання і, што было асабліва важна, добра падрыхтаваныя, аргументаваныя адказы на антырэлігійную прапаганду [84].

Хоць пасля смерці Сталіна наступіла г. зв. хрушчоўская адліга і сярод амніставаных вязняў былі таксама і святары, але яны не маглі спакойна займацца сваім служэннем. Ствараліся праблемы з рэгістрацыяй, а калі нехта дзейнічаў без яе, то мог быць паўторна рэпрэсаваны. Частка ж духавенства эмігравала. У выніку многія парафіі засталіся без душпастырскай апекі. У 1958 г. зноў узмацнілася антырэлігійная прапаганда, ужываліся не толькі старыя метады (адпаведная літаратура ды публічныя прамовы), але і новыя: індывідуальнае “навяртанне” і падкрэсліванне “шкоднасці” рэлігіі на ўроках у школе. Паўставалі таксама інстытуты навуковага атэізму [85].

У гэтай сітуацыі праграмы Ватыканскага радыё сталі для вернікаў у Беларусі глытком свежага паветра, тым больш што іх узровень быў сапраўды высокі. Сведчыць пра гэта той факт, што беларуская савецкая прэса часта атакавала Гарошку [86]. Багаты быў таксама выбар тэм, на якія вяліся гутаркі. Кіраўнік секцыі “падрыхтаваў цыклы праграм, прысвечаныя хрысціянскім аспектам беларускай літаратуры, гісторыі хрысціянства ў Беларусі, славутым беларускім рэлігійным дзеячам, сведчанням вялікіх асобаў – навукоўцаў, астраномаў, кампазітараў – пра існаванне Бога” [87].

7 гадоў дадзена было Гарошку несці Добрую Навіну на радыёхвалях. У ліпені 1977 г. ён паехаў на аперацыю ў Парыж. Сіповіч згадваў: «Дня 22 ліпня 1977 г. y законным Доме Айцоў Марыянаў, дзе ён апошнімі гадамі жыў i працаваў y Ватыканскім радыя, калі ён спакаваўся i выбіраўся ў Парыж y шпіталь, зайшоў да мяне i перадаў пачку іконкаў Маці Божай Вечнай Дапамогі, або “Страстной”. <…> Айцец Леў крыху сумны падаючы мне іконкі сказаў: “Вазьмі, табе прыдадуцца…” “A што-ж я маю з імі рабіць?” Я ні слова ні сказаўшы ўзяў тыя іконкі, але цэлы час мяне мучыла думка: “Дрэнна будзе з айцом Львом. Ён i сам гэта прадчувае”» [88]. Сапраўды, Гарошка ў Рым ужо не вярнуўся. Ён памёр у Парыжы 28 ліпеня ў час аперацыі. Пахаванне адбылося 8 жніўня 1977 г. у Лондане на могілках св. Панкрація [89]. Смерць гэтага выбітнага дзеяча ўзрушыла ўсю беларускую эміграцыю. Прыходзіла мноства лістоў і тэлеграм са спачуваннямі, вянкі на магілу і ахвяры – у тым ліку на Беларускую бібліятэку і музей у Лондане, якія былі сапраўдным “жывым” помнікам святару [90].

Гарошка, хоць дачасна адышоў, пакінуў суайчыннікам багатую спадчыну сваіх шматлікіх артыкулаў і кніг. Гэта і нумары “Божым шляхам” [91], і філасофска-тэалагічная “Душа” [92], і прыродазнаўчае “Паходжаньне чалавека ў святле сучасных фактаў” [93], і “Навука і рэлігія” [94], у якой даводзілася, што розум і вера не супярэчаць адно аднаму, і гістарычныя публікацыі “Сьв. Еўфрасіньня-Прадслава Полацкая. Патронка Беларусі” [95] ды “Беларусь у датах, лічбах, фактах” [96], і мовазнаўчая “Своеасаблівасьці беларускае мовы” [97]. Пачаў ён таксама працу над укладаннем грэцка-лацінска-царкоўнаславянска-беларускага слоўніка ды слоўніка беларускіх прыказак і прымавак. Апроч таго, пад псеўданімам Анатоль Жменя пісаў хрысціянскія апавяданні, якія друкаваліся ў часопісе “Божым шляхам”, а ў 1967 г. у Парыжы былі сабраныя ў кніжцы “Кветкі і церні жыцьця. Зборнік апавяданьняў” [98]. Дадатковай важнай крыніцай, якая ўтрымлівае звесткі пра навучанне Гарошкі, – надрукаваныя тэксты ягоных радыёгутарак, што знаходзяцца ў архіве Ватыканскага Радыё (а дакладная копія – у Беларускай бібліятэцы і музеі Францішка Скарыны ў Лондане).

Заканчэнне

Хрыстовы ўзрост, 33 гады, і для а. Льва Гарошкі аказаўся пераломны. У тым узросце ён пакінуў мілую Беларусь і ўжо ніколі туды не вярнуўся. Новае жыццё на эміграцыі доўжылася столькі ж – роўна 33 гады, пасля якіх ён быў пакліканы да вечнай Айчыны. Выпадковасць? А можа пэўная сімволіка?

У жыцці Гарошкі было шмат “выпадковасцяў”, шмат нечаканых зменаў планаў, якія – вырваныя з кантэксту ўсёй яго гісторыі – маглі б падавацца выпадковаму сведку недарэчнымі. Няўдача з паступленнем у тэхнічную школу, няздадзены першым разам матуральны іспыт, немагчымасць паехаць на вучобу ў берлінскую палітэхніку… І потым раптам – Львоў і святарства. Барыс Кіт, які называў Гарошку сваім добрым сябрам, пісаў пра гэтае рашэнне: “Леў, бядака, быў з найбяднейшай праваслаўнай сям’і й не меў аніякай фінансавай магчымасьці пашырыць свае прыродныя здольнасьці ў польскіх унівэрсытэтах. Таму быў змушаны перайсьці на вуніяцтва, атрымаўшы такім чынам месца ў Львоўскай духоўнай семінарыі” [99]. Відаць, сябра нічога не ведаў пра абяцаную стыпендыю на вучобу ў Вільні. А калі б і ведаў, ці змог бы зразумець?..
Уважлівы і праніклівы розум, прасочваючы лёс а. Льва, мусіць заўважыць, што ўсе гэтыя “навальніцы й нягоды” складаюцца ў адзін цэласны вобраз – Божага паклікання, на якое Гарошка адказаў шчыра і ўсім сэрцам. У яго жыцці было шмат паваротаў і зменаў, але ў якой бы сітуацыі Леў не апынуўся, якія б заданні не выконваў, ён заўсёды быў сабой – беларусам, уніятам, чалавекам…


[1] Напрыклад: Сіповіч Ч. Архімандрыт Леў Гарошка // Божым Шляхам. 1978. №149. С. 2–3; Garbiński J. Horoszko Leo // J. Garbiński, J. Turonek. Białoruski ruch chrześcijański XX wieku: słownik biograficzno-bibliograficzny. Warszawa, 2003. S. 138; Веремеев С. Ф. Лев Горошко: священник и патриот Беларуси // Сохранение национальной идентичности белорусского общества: прошлое, настоящее, перспективы. [Материалы Респу-бликанской научной конференции 21 апреля 2016 г., г. Барановичи. Баранавічы, 2016. C. 139–144; а. Леў Гарошка // https://www.radabnr.org/leu-haroska; Гелагаеў А. 105 гадоў з часу нараджэння беларускага святара і патрыёта, “Божага журналіста” – Льва Гарошкі // http://old.catholic.by/2/home/news/belarus/gkc/129327-haroszka.html
[2] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды. Успаміны з гадоў 1930– 1944 (урыўкі) // Запісы БІНіМ. 2016. № 38. С. 178–367.
[3] Цяпер у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці.
[4] Спачатку прозвішча сям’і гучала як Харошкі. Гл: Дзедзінка А. [Сіповіч Ч.]. Айцец Леў Гарошка – архімандрыт // Божым Шляхам. 1966. № 74. С. 5.
[5] Цяпер у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці.
[6] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды. Успаміны з гадоў 1930–1944 (урыўкі) // Запісы БІНіМ. 2016. № 38. С. 207.
[7] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 179.
[8] Тамсама. С. 179–180.
[9] Wyczawski H. E. Ogólna sytuacja w Kościele powszechnym i w państwie polskim // Historia Kościoła w Polsce. T. 2. 1764–1945. Cz. 2. 1918–1945 / red. B. Kumor, Z. Obertyński. Poznań – Warszawa, 1979. S. 9–10.
[10] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 258–259.
[11] Навіцкі У. Змена канфесіянальнай палітыкі дзяржавы ў 20– 30-я гг. ХХ ст. // Канфесіі на Беларусі (канец XVIII – XX ст.) / рэд. У. Навіцкі. Мінск, 1998. С. 207–208.
[12] Mironowicz A. Unie kościelne na ziemiach polskich i ich konsekwencje // Studia Podlaskie. 2011. T. 19. S. 49–51.
[13] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 181.
[14] Тамсама. С. 182.
[15] Тамсама. С. 187–188.
[16] Дзедзінка А. [Сіповіч Ч.]. Айцец Леў Гарошка – архімандрыт. С. 5–6.
[17] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 184–186.
[18] Тамсама. С. 194.
[19] Тамсама. С. 191–193.
[20] Тамсама. С. 193–194, 196.
[21] Тамсама. С. 194–195.
[22] Тамсама. С. 195.
[23] Тамсама. С. 195–196.
[24] Тамсама. С. 198–199.
[25] Тамсама. С. 199–200.
[26] Тамсама. С. 201–203.
[27] Навіцкі У. Змена канфесіянальнай палітыкі… С. 201–204.
[28] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 204.
[29] Гарошка Л. Беларускiя сьвятары й рэлiгiйныя дзеячы Беларусi // http://belarus8.tripod.com/ZapisyBINIM/24.04.htm. Дата доступу: 06.11.2020.
[30] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 206.
[31] Тамсама. С. 208.
[32] Тамсама. С. 210.
[33] Тамсама. С. 211–212.
[34] Тамсама. С. 212.
[35] Тиміш Л. Науковий семінар з церковної історії Миколи Чубатого у Львівській Богословській Академії // Ковчег. Науковий збірник із церковної історії / ред. Б. Гудзяк, І. Скочиляс, О. Турій. Львів, 2001. С. 503–504; Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 243.
[36] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 243–244.
[37] Тамсама. С. 247.
[38] Тамсама. С. 245–246, 250.
[39] Тамсама. С. 222.
[40] Навіцкі У. Змена канфесіянальнай палітыкі… С. 204.
[41] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 247–248.
[42] Тамсама. С. 252, 255–257.
[43] Jorsz S. Historyczne znaczenie Misji Wschodniej Jezuitów w Albertynie // Roczniki Teologiczne. Z. 7. 2006–2007. Nr 53–54. S. 147.
[44] Навіцкі У. Змена канфесіянальнай палітыкі… С. 208–210.
[45] Mironowicz A. Unie kościelne na ziemiach polskich i ich konsekwencje // Studia Podlaskie. 2011. T. 19. S. 51. Wyczawski H.E. Ruch neouńijny w Polsce w latach 1923–1939 // Studia Theologica Varsaviensia. 1970. Nr 8. S. 416.
[46] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 271–281.
[47] Дзедзінка А. [Сіповіч Ч.]. Айцец Леў Гарошка – архімандрыт… С. 7.
[48] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 242.
[49] Тамсама. С. 286.
[50] Так называюць сясцёр з ордэнаў, створаных а. Ганаратам Казьмінскім, калі ў Расійскай імперыі была ўведзена забарона прыняцця новых асобаў у манастыры. Іх адметнасць – неафішаванне сваіх зарокаў: яны не носяць манаскай вопраткі і працуюць як свецкія асобы. Такім чынам яны ўваходзяць у асяроддзі, менш даступныя асобам духоўным, і сведчаць пра Бога больш сваім жыццём, чым словам. Stelmasiak A. Niewi-doczne siostry // https://www.niedziela.pl/artykul/141159/nd/Niewidoczne-siostry. Дата доступу: 7.11.2020.
[51] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 287–288.
[52] Дзедзінка А. [Сіповіч Ч.]. Айцец Леў Гарошка – архімандрыт… С. 7; Сіповіч Ч. Архімандрыт Леў Гарошка // Божым Шляхам. 1978. № 149. С. 3; Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 288 (спасылка).
[53] Dzwonkowski R. Z historii Kościoła katolickiego w ZSRS 1917–1991. Pogadanki w Radiu Watykańskim. Ząbki, 2005. S. 51–53.
[54] Dzwonkowski R. Z historii Kościoła katolickiego… S. 201–204.
[55] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 294–296.
[56] Тамсама. С. 296–299.
[57]7 Тамсама. С. 299–300.
[58] Тамсама. С. 299, 303–304.
[59] Usoszyn J. Życie i działalność o. Antoniego Niemancewicza (1893–1943). Praca magisterska napisana na PWT w Warszawie (sekcja św. Jana Chrzciciela) [maszynopis]. Warszawa, 2005. S. 47–48.
[60] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 299, 307–309.
[61] Тамсама. С. 313–314, 318–323.
[62] Тамсама. С. 326–329, 332–336, 354–355.
[63] Тамсама. С. 337–347, 355.
[64] Навіцкі У. Змена канфесіянальнай палітыкі… С. 228–229.
[65] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 355–356.
[66] Гл. апублікаваныя матэрыялы: Другі Усебеларускі Кангрэс / Матар’ялы сабраныя і апрац. на падставе пратакольных запісаў камісіяй БЦР пад рэд. Р. Астроўскага. Б. м.: Выд. БЦР, 1954.
[67] Другі Усебеларускі Кангрэс… С. 66. Падрабязней пра Другі Усебеларускі Кангрэс і яго значэнне гл.: Гардзіенка А. Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР): стварэнне, дзейнасць, заняпад, 1943–1995 / прадмова В. Кіпеля, Я. Запрудніка. Мінск, 2016. С. 88–106. – Заўвага рэд.
[68] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 356–358.
[69] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 356–361. Пра з’яўленне Беларусі на сучаснай карце Каталіцкай Царквы // http://www.skaryna.org.uk/tag/а-аляксандр-надсан/ Дата доступу: 8.11.2020.
[70] Dzwonkowski R. Z historii Kościoła katolickiego… S. 241–242, 246.
[71] Тамсама. S. 249–250, 259–260.
[72] Kumor B. Historia Kościoła. Cz. 8. Czasy współczesne 1914–1992. Kościół katolicki w okresie systemów totalitarnych i odnowy soborowej. Zniewolenie Kościołów wschodnich. Sekularyzacja i rozdrobnienie Kościołów i wspólnot protestanckich. T. 2. Lublin, 1996. S. 596–600.
[73] Дзедзінка А. [Сіповіч Ч.]. Айцец Леў Гарошка – архімандрыт… С. 8.
[74] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 361–364.
[75] Гарбацкі У. Забыты змагар франкамоўнай беларусікі // https:// novychas.by/asoba/zabyty-zmahar-frankamounaj-belarusiki. Дата доступу: 8.11.2020.
[76] Гарбінскі Ю. Беларускі рэлігійны друк на эміграцыі // Запісы БІНіМ. 2004. № 27. С. 78–79.
[77] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 364.
[78] Важнейшыя даты з жыцьця Архімандрыта Льва Гарошкі // Божым Шляхам. 1978. № 149. С. 4; Панькоў М. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945–1984). Мінск, 2001. С. 43–45.
[79] Гардзіенка Н. Архівы Беларускай бібліятэкі й музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане // Запісы БІНіМ. 2008. Т. 31. С. 73–74.
[80] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 365.
[81] Панькоў М. Хроніка беларускага жыцьця… С. 142.
[82] Гарошка Л. Праз навальніцы і нягоды… С. 367; Гардзіенка Н. Дзеячы беларускай паваеннай эміграцыі (біяграфічны даведнік) // Запісы БІНіМ. 2014. Т. 37. С. 59.
[83] Акула К. Памажы вам, Божа // Божым Шляхам. 1971. № 128. С. 15; Па-беларуску з Ватыкану // https://nashaniva.by/index. php/?c=ar&i=94131. Дата доступу: 8.11.2020.
[84] Гарошка Л. Report about the activities and personel of the byelorussian section (машынапіс). Рым, 1975. С. 1. Архіў беларускай секцыі Ватыканскага Радыё.
[85] Dzwonkowski R. Z historii Kościoła katolickiego… S. 289–295.
[86] 105-годдзе з дня наражэння ватыканскага журналіста-беларуса // http://be.radiovaticana.va/news/2016/03/11/105-годдзе_з_дня_наражэння_ватыканскага_журналіста-беларуса/1214649. Дата доступу: 8.11.2020.
[87] Гелагаеў А. 105 гадоў з часу нараджэння беларускага святара і патрыёта, “Божага журналіста” – Льва Гарошкі // http://old.catholic.by/2/home/news/belarus/gkc/129327-haroszka.html. Дата доступу: 8.11.2020.
[88] Сіповіч Ч. Архімандрыт Леў Гарошка… С. 3.
[89] Важнейшыя даты з жыцьця Архімандрыта Льва Гарошкі… С. 4.
[90] Выказаныя спачуваньні // Божым Шляхам. 1978. № 149. С. 4–5.
[91] Божым Шляхам. Парыж, 1947–1957 (№ 1–81); Лондан, 1964– 1980 (№ 82–151).
[92] Гарошка Л. Душа: кароткі апалёгэтычны нарыс. Парыж: Беларуская рэлігійная місія, 1948.
[93] Гарошка Л. Паходжаньне чалавека ў сьвятле сучасных знахадкаў. Парыж: Беларуская Рэлігійная Місія, 1948.
[94] Гарошка Л. Навука і рэлігія. Рым, 1977.
[95] Гарошка Л. Св. Ефрасіння-Прадслава, ігуменя манастыра св. Спаса ў Полацку, патронка Беларусі. Парыж: Беларуская рэлігійная місія, 1949.
[96] Каваль П. [Гарошка Л.]. Беларусь у датах, ліках і фактах. Парыж: выданне “Моладзі”, 1950.
[97] Гарошка Л. Своеасаблівасьці беларускае мовы. Парыж, 1951.
[98] а. Леў Гарошка // https://www.radabnr.org/leu-haroska/ Дата доступу: 8.11.2020. Сіповіч Ч. Архімандрыт Леў Гарошка… С. 2.
[99] Успаміны Барыса Кіта пра вядомых людзей // Адзінец А. Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў. Мінск, 2007. С. 622.

Наверх

Тэгі: