БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Генадзь Сагановіч. Пра гарвардскую кнігу аб стварэнні беларускай нацыі.


Кнізе Мікалая Платонавіча Вакара (1894–1970) “Belorussia. The Making of a Nation”, якая ўбачыла свет больш чым паўстагоддзя назад, выпаў лёс не толькі стаць першым акадэмічным выданнем пра мінулае Беларусі на англійскай мове, але і цягам дзесяцігоддзяў заставацца адзінай працай такога роду [1]. Не дзіўна, што зусім нядаўна (у 2013 і 2014 г.) выдавецтва Гарвардскага ўніверсітэта двойчы перавыдавала яе ў фармаце электроннай кнігі [2] – значыць, быў попыт. Але з гэтага вынікае, што на Захадзе праца Вакара пра Беларусь і ў наш час лічыцца прыдатнай для ўніверсітэцкай аўдыторыі, што быццам і сёння няма лепшых. Хоць пасля свайго выхаду названая кніга адразу выклікала супярэчлівыя водгукі: заходнія славісты віталі яе і не шкадавалі высокіх ацэнак [3], тады як з боку беларускай эміграцыі прагучала нямала сур’ёзнай крытыкі [4]. А ў самой Беларусі з’яўленне гэтай працы быццам не заўважылі – яна да гэтага часу фігуравала, бадай, толькі ў рэдкіх згадках і бібліяграфічных спісах, так і не трапіўшы ў фокус сур’ёзнай увагі. Па гэтай прычыне, а таксама ў сувязі з перавыданнем электроннага фармату названай працы, хоць пасля яе напісання і мінула столькі часу, звярнуцца да славутай кнігі М. Вакара варта і беларускім гісторыкам. У адным з нядаўніх артыкулаў пра названае выданне [5] мне ўжо даводзілася адзначаць недакладнасці фактаграфічнага характару, памылковыя інтэрпрэтацыі і прадузятыя ацэнкі, скрытыкаваныя раней і ў беларускім эміграцыйным друку. Ніжэй паспрабуем звярнуць увагу на некаторыя канцэптуальныя ўстаноўкі і падыходы М. Вакара, з якімі звязаны шэраг навуковых недахопаў гэтай кнігі.

Пачнем з тэрміналогіі. Як відаць ужо з назвы працы, для наймення краіны аўтар увёў азначэнне Belorussia – замест Byelorussia, White Russia і White Ruthenia, якія выкарыстоўваліся ў англамоўным свеце. Не прыводзячы падрабязных абгрунтаванняў, ён адаслаў чытачоў да свайго артыкула, прысвечанага паходжанню назвы Белая Русь [6]. Няма сэнсу разглядаць прапанаваныя там тлумачэнні яе паходжання, асабліва ў святле сённяшніх ведаў на гэтую тэму. Важней практычныя вынікі публікацыі: аўтар пераконваў, што White Russia і White Ruthenia як перакладныя формы могуць толькі заблытваць заходняга чытача і выклікаць непажаданыя асацыяцыі (найперш з “белымі рускімі”, што з’явіліся пасля 1917 г.), а паколькі перакладаць уласныя назвы краін няма патрэбы, то слова Беларусь у англійскай мове найлепш перадаваць формай Belorussia. Фактычна, Вакар прапанаваў тое ж азначэнне, якое было ўведзена ў ААН пасля ІІ сусветнай вайны, толькі ў іншай (па яго словах – “больш адэкватнай”) арфаграфіі.

Супраць тэрміналагічнага новаўвядзення Вакара ў навуковым друку выступаў беларускі эміграцыйны гісторык Вітаўт Тумаш (1910–1998), на той час ужо кіраўнік Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку. Яшчэ да выдання названай кнігі ён апублікаваў крытычную рэцэнзію на Вакараў артыкул пра назву Белая Русь [7]. Тумаш справядліва заўважыў, што калі б аўтар кіраваўся матывам навуковай дакладнасці, шукаючы ў англійскай мове такую назву, якая “прэцэзыйна перадавала б назоў Беларусь і якая не давала б прычыны для ніякой блытаніны – ні партыйна-палітычнай, ні нацыянальнай”, то ён мусіў бы спыніцца на іншым варыянце, бо прапанаваны не вырашае праблемы. Больш дакладнай назвай Тумаш лічыў Whiteruthenia – азначэнне, якое ў 1920-я гады, да пачатку сталінскіх рэпрэсій, выкарыстоўвалі дзяржаўныя навуковыя ўстановы ў БССР [8]. Спынілася ж практыка выкарыстання гэтай назвы па распараджэнні з Масквы, якое матывавалася не навуковымі, а палітычнымі меркаваннямі, – адзначаў аўтар. Таму, каб унікнуць блытаніны, мала адмовіцца ад Byelo(ці Belo), як гэта прапанаваў Вакар, але яшчэ важней замест Russia выкарыстаць даўні лацінскі эквівалент Ruthenia [9].

І сапраўды, Вакар істотна спрасціў пытанне, калі разглядаў у сваім артыкуле White Russia і White Ruthenia як аднолькава заганныя варыянты. Спаслаўшыся на тое, што ў гандлёвай дамове паміж Рыгай і Смаленскам 1229 г. выкарыстана форма Russinen, ён сцвярджаў, што тэрмін Ruthenen у лацінамоўных крыніцах калі і ўжываўся, то аднолькава да ўсяго ўсходнеславянскага насельніцтва – як для жыхароў ВКЛ, так і для Маскоўскай дзяржавы, і толькі беларускія нацыяналісты, маўляў, пачалі яго ўводзіць, каб пераконваць Захад, “што рутэны і рускія былі дзвюма рознымі расамі” [10] (?! – Г. С.). Але ж часы Кіеўскай Русі, прыклад з якой прывёў аўтар, з аднаго боку, і пазнейшыя стагоддзі існавання яе абшараў у розных дзяржаўных утварэннях, з другога, – гэта розныя эпохі! Пасля ўключэння земляў цяперашняй Беларусі і Украіны ў склад ВКЛ і Польскага Каралеўства ў лацінамоўных крыніцах найбольш пашыраным эквівалентам для слоў Русь, русіны сталі Ruthenia, Ruthenі, хоць і Russia, Reussen ўжываліся. Як “рутэны” ўсходнеславянскае насельніцтва ВКЛ фігуравала, напрыклад, у хроніцы Дусбурга, у прывілеі на магдэбургскае права Берасцю (1390), пазней так іх называлі Гваньіні, Герберштайн ды іншыя аўтары лацінамоўных твораў (Герберштайн нават адмыслова тлумачыў, што Rutheni – гэта назва Русі на лаціне). Так што Вакару не варта было так недаацэньваць традыцыю выкарыстання лацінамоўнай формы азначэння Русі ў Сярэднявеччы і ў ранні Новы час. Магчыма, ён успрыняў тэрмін Ruthenia як вынаходства “беларускіх нацыяналістаў”, таму і адпрэчваў яго. Але традыцыя найменняў – гэта толькі адзін бок праблемы, другі – стратэгія рэпрэзентацыі мінулага гісторыкам.

Зразумела, для больш дакладнага азначэння прадмета свайго апісання даследчыку мінулага часта даводзіцца выбіраць з шэрагу гістарычных тэрмінаў, якія бытавалі ў адну эпоху, або нават уводзіць неалагізмы, калі гэта неабходна для больш выразнага аддзялення аднаго гістарычнага феномена ад другога. У навуковай гістарыяграфіі тэрміналагічная акуратнасць, здаецца, даўно стала агульным патрабаваннем. Таму пасля ІІ сусветнай вайны выкарыстанне агульнай назвы Russia ці Russland для гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў у цэлым, што практыкавалася аўтарамі, звычайна недастаткова абазнанымі з рэаліямі ўсходнеславянскага свету, нярэдка выклікала абгрунтаваную крытыку славістаў старой школы [11]. Еўрапейскія славісты імкнуліся выкарыстоўваць больш нейтральныя тэрміны, менш звязаныя з ідэалагічнымі стэрэатыпамі XIX–ХХ ст. і межамі імперый, якія падпарадкавалі Усходнюю Еўропу [12]. Пасля распаду СССР заходнія даследчыкі, кіруючыся тым жа імператывам як мага больш дакладнага апісання гісторыі ўсходнеславянскага свету, прапанавалі ўніфікаваную тэрміналогію, якая акурат і ўлічвала традыцыю раздзялення Русі – Паўночна-Усходняй і той, што з XIV ст. уваходзіла ў склад каталіцкіх дзяржаў. Каб не ўжываць адзін тэрмін для розных гістарычна-культурных з’яў, жыхароў першай паміж 1350 і 1700 г. па-нямецку было прапанавана называць Russen, тады як другой – Ruthenen [13]. Гэтая еўрапейская ўстаноўка на тэрміналагічнае размежаванне дзвюх розных частак раннемадэрнага ўсходнеславянскага свету замацавалася і сярод славістаў Паўночнай Амерыкі, дзе асабліва паслядоўна яе трымаліся ўкраіназнаўчыя цэнтры, што ўтвараліся з ініцыятывы ўкраінскіх навукоўцаў на эміграцыі [14]. Дакладна так вырашаў праблему і швейцарскі гісторык Крыстаф фон Верт, у якога ўсходнія славяне ВКЛ і Польскага Каралеўства выдзелены ў лацінска-праваслаўную пераходную зону і названы Ruthenien i Ruthenen [15]. Словам, можна сказаць, што такое тэрміналагічнае адрозненне стала нормай для заходняй славістыкі. А вось падыход М. Вакара, які прапанаваў для ўсяго ўсходнеславянскага свету выкарыстоўваць агульную назву Russia, наадварот, быў скіраваны на сцвярджэнне адзінства і тоеснасці гэтых частак. У выніку, нават калі аўтар хацеў удакладніць перадачу назвы Беларусі ў замежных мовах, яго ініцыятыва не прывяла да большай тэрміналагічнай акуратнасці, а толькі ўскладніла справу.

Выглядае, што Вакар і не спрабаваў адрозніваць Русь і Россию, Rus’ i Russia як два розныя тэрміны, патрэбныя для азначэння розных дзяржаўных утварэнняў зусім розных эпох. Ягонае атаесамленне Русі і Расіі, выкарыстанне тэрміна Russia як асноўнага абярнулася вялікім спрашчэннем і блытанінай, якая не дазваляе чытачу кнігі аддзяляць Беларусь ад Расіі. З першых старонак працы ўзнікае ўяўленне, што краіна, якой яна прысвечана, – гэта частка Расіі, незалежна ад гістарычнай эпохі [16]. Гаворыцца пра фармаванне адной “рускай нацыі” вакол Масквы і Вільні (45), пра “заходнярускую мову”, “заходнярускую літаратуру”, і нават Францішак Скарына на старонках кнігі фігуруе як Western Russian (53) – “заходні рускі”, а можна чытаць і як “заходні расіянін”. Непадрыхтаванаму чытачу складана зразумець, адкуль наогул узнікла тая Беларусь, якую аўтар апісвае ў раздзелах пра ХІХ і ХХ ст., калі ўжо пераходзіць да ўжывання тэрміна “Belorussia”.

Другая выразная тэндэнцыя, якую лёгка заўважыць па многіх месцах кнігі, – гэта акцэнтаванне архаічнасці, адсталасці, нават забітасці Беларусі і цяжкай долі яе жыхароў, параўнальна з якімі, маўляў, нават расійскія прыгонныя былі ў лепшым становішчы (30). Усё гэта так сугучна з устаноўкай ідэолагаў заходнерусізму, якія пасля падаўлення паўстання 1863–64 г. імкнуліся праз гісторыю даказваць “неоспоримые права России на западные ее окраины”, раней “поглощенные” Польшчай, і пераконваць, што толькі пад расійскай уладай народы тых земляў палепшылі сваё жыццё і атрымалі ўмовы для “самостоятельного развития” [17], а за іх няшчасці адказнасць нясуць палякі! Паколькі ў апісанні мінулага Беларусі ад Люблінскай уніі да апошніх дзесяцігоддзяў ХІХ ст. Вакар абапіраўся пераважна на працы прадстаўнікоў названай гістарыяграфічнай школы – П. Бацюшкава, Г. Кіпрыяновіча, У. Крачкоўскага ды іх ідэйных паплечнікаў, то прысутнасць ідэалагем заходнерусізму ў яго кнізе адразу кідаецца ў вочы.

Каб Вакаравы ацэнкі ўзроўню развіцця гаспадаркі і культуры, а таксама нацыянальнага руху на землях сучаснай Беларусі былі больш карэктныя, іх варта было пацвярджаць дакументальна і падаваць у шырэйшым кантэксце, у параўнаннях. Гэтага ў кнізе, на жаль, не хапае. Напрыклад, гаворачы пра сітуацыю канца ХІХ ст., аўтар падкрэсліў, што беларускія землі працягвалі быць краем з “найвышэйшай доляй непісьменных у еўрапейскай частцы імперыі”, і расійскі адукаваны клас не спрабаваў прывесці масы да высокай культуры (74). Вельмі знаёмы вобраз забітага краю! Але, па-першае, як сведчыў Першы агульны перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. (а Вакар згадвае ў кнізе гэты перапіс), па ўзроўні пісьменнасці жыхары абшараў цяперашняй Беларусі знаходзіліся ўсё ж не на самых нізкіх пазіцыях у еўрапейскай частцы Расіі [18]. Па-другое, на стан іх адукацыі не лепшым чынам уплывала менавіта палітыка расійскіх уладаў, і гэта варта было б адзначаць, калі закранаецца такая праблема. Да праяў падобных стэрэатыпаў можна аднесці і сцверджанні Вакара, што беларусы называлі сябе пераважна тутэйшымі і саромеліся тэрміна беларус. Зноў жа, нават матэрыялы згаданага перапісу 1897 г. даюць іншую карціну. Самаазначэнне тутэйшыя было зусім маргінальным і сустракалася толькі на захадзе краю, тады як этнонім беларус дамінаваў на поўначы і ўсходзе.

Наступная асаблівасць Вакаравага апісання мінулага Беларусі, адчувальная ў кнізе – гэта рэсантымент да беларускага нацыянальнага руху, або да “беларускіх нацыяналістаў”. Кідаецца ў вочы, што ў адносінах да ўсяго, што звязана з беларускім нацыянальным рухам, Вакар выкарыстоўваў тэрміны нацыяналізм, нацыяналісты і да т. п. Як вядома, у заходняй навуковай традыцыі, асабліва ў англасаксонскай, словам nationalism ахапляецца ўсё, што звязана з абуджэннем нацыянальнай свядомасці і здабыццём нацыянальнай незалежнасці, і там ён не мае ніякіх негатыўных канатацый. Але ў мовах Усходняй Еўропы нацыяналізм звязаны з негатыўнымі канатацыямі. Ён звычайна адрозніваецца ад патрыятызму як праяў любові да свайго народа і атаесамляецца з шавінізмам ды нацыянальным эгаізмам [19]. Словам, у чытачоў усходнееўрапейскага паходжання ён выклікае адмоўныя асацыяцыі.

Здаецца, апісанне беларускага нацыянальнага адраджэння ў катэгорыях нацыяналізму і ў самога Вакара не было нейтральным. Бо ў кнізе дзе адкрыта, а дзе больш прыхавана ён ставіць сябе ў апазіцыю да тых, каго найчасцей называе “беларускімі нацыяналістамі”, і толькі зрэдку проста “беларускімі гісторыкамі” або “навукоўцамі”. Гэтую асаблівасць падыходу аўтара трапна адзначыў у сваёй рэцэнзіі Алесь Марговіч, калі напісаў, што для Вакара крытэрыем аўтарытэтнасці гісторыкаў стала не навуковая якасць прац, а іх нацыянальная ці групавая прыналежнасць, і што беларускіх аўтараў ён звычайна называе “нацыяналістамі”, або “нацыяналістычнымі” гісторыкамі, і крытыкуе іх, не згаджаецца, тады як расійскіх гісторыкаў, на якіх часта спасылаецца, так не трактуе, хоць тыя былі не меншымі нацыяналістамі, толькі расійскімі [20].

Сапраўды, у пачатку ХХ ст. беларускі нацыянальны рух быў і пазнейшы, і слабейшы, чым рухі суседніх народаў, але гэты факт можна было падаваць нейтральна – дастаткова паказаць беларускае адраджэнне ў параўнаўчым кантэксце. Аўтар жа, здаецца, не прапускае ніводнай магчымасці не толькі падкрэсліць слабасць беларускага руху, але і пакрытыкаваць яго лідараў, хоць далёка не заўсёды крытыку можна прызнаць справядлівай. Напрыклад, непаразуменнем выглядае сцверджанне, што ў кантэксце рэвалюцыйнай барацьбы ў Расійскай імперыі Беларусь “дэнацыяналізоўвалася яе ж нацыянальнымі лідарамі” (85), або што дзейнасць апошніх у часы Першай сусветнай вайны “выглядала як дробязная і шумная гульня, якая не мела адносін да нацыянальнай трагедыі” (98), таму народ, маўляў, ігнараваў іх праграму.

Гаворачы пра вызначальнасць рэвалюцыі 1917 г. для лёсу краіны, Вакар моцна спрасціў праблему, кажучы, што беларускі нацыяналізм “атрымаў прызнанне і падтрымку <…> як ад савецкага, так і антысавецкага боку” (98), бо, маўляў, бальшавікі паабяцалі прыгнечаным народам Расіі статус суверэнных рэспублік. У прапанаванай ім трактоўцы беларускі нацыянальны рух быў уратаваны ад краху бальшавіцкай рэвалюцыяй. Але на час працы Вакара над кнігай ужо даўно былі даступныя матэрыялы, думаю, добра яму вядомыя, якія паказвалі, што бальшавікі кіраваліся найперш ідэяй пашырэння рэвалюцыі і іх палітыка ў нацыянальным пытанні была вельмі супярэчлівай. У кожным разе ажно да канца 1918 г. бальшавікі ігнаравалі любыя ідэі стварэння беларускай дзяржаўнасці [21]. І разгон І Агульнабеларускага Кангрэсу ў Мінску, дастаткова ўзважана апісаны аўтарам, добра ілюструе іх устаноўкі. Толькі ўскладненне сітуацыі на заходнім фронце і патрэбы супрацьстаяння адроджанай Польшчы прымусілі савецкі ўрад пагадзіцца на ўтварэнне савецкіх нацыянальных рэспублік, але іх суверэнітэт быў, як вядома, чыстай умоўнасцю.

Асабліва навязлівым і недарэчным у кнізе выглядае імкненне падаць справу так, быццам у стварэнне беларускай дзяржаўнасці ў 1918 г. былі заангажаваныя немцы, а беларускія нацыяналісты па-ранейшаму дэманстравалі сваю няздольнасць, таму народ іх зусім не падтрымліваў. Нават галоўную падзею ў гісторыі беларускага руху – прыняцце Акта 25 сакавіка – Вакар падае так, быццам за ўсім стаяла аўстра-нямецкае камандаванне. (І гэта пры тым, што гістарычныя крыніцы сведчаць пра адваротнае – немцы ігнаравалі звароты лідараў беларускага руху, якія прасілі падтрымкі.) Маўляў, калі Рада абвясціла незалежнасць БНР, то гэта адбылося ў супярэчнасці з рашэннямі Агульнабеларускага Кангрэсу, што прывяло да крызісу, але “нямецкае вайсковае камандаванне пацвердзіла” дэкларацыю незалежнасці (103). І далей, нягледзячы на прызнанне безвыніковасці вядомай тэлеграмы кайзеру Вільгельму ІІ, Вакар зноў піша, што дзяржаўнасць беларусы “атрымалі з рук уладаў аўстра-германскай акупацыйнай арміі”. Паказальна, што для аўтара кнігі пра беларускую нацыю само абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці беларускага народа – “факт, з гістарычнага гледзішча выпадковы і банальны, які перарос у гераічную легенду” (105).

Апісваючы далейшыя лёсы беларускай дзяржавы, няхай сабе “выпадкова” ўзніклай, Вакар сутыкаецца з яшчэ адной тэмай, якая ў яго атаесамлялася, відаць, з алергічным беларускім нацыяналізмам – беларусізацыяй у БССР 1920-х гадоў. Яна паказана ў кнізе проста карыкатурна. Па словах аўтара, яе праводзілі толькі прымусам, і ўсё “рускае” ў БССР апынулася пад пераследам. Маўляў, беларуская мова была абвешчана дзяржаўнай (official), а руская – “забаронена ў школах, судах і ўстановах, нават дома”, піша аўтар і дадае, што “людзям загадалі прывесці іх дыялекты ў адпаведнасць з нацыянальным стандартам”, а тых, хто гаварыў «на мяшанцы, называлі “маскалямі” і пазбаўлялі правоў», і далей сцвярджае, што ў школах Беларусі руская мова выкладалася тады “як замежная – на ўзроўні нямецкай і французскай” (139, 142).

У кантэксце адзначаных антыпатый і стэрэатыпаў, перанятых аўтарам ад заходнерусізму, сапраўды цікавымі маглі б аказацца яго заключныя развагі – агульнае падсумаванне вынікаў так салідна пачатай працы пра фармаванне беларусаў як нацыі. На жаль, М. Вакар адмовіўся ад абагульненага погляду на пачаткі і стан фармавання беларускай нацыі. Апошні раздзел кнігі прысвечаны пасляваеннай Беларусі, і ён аказаўся зусім малазмястоўны, што напэўна было звязана з маладаступнасцю літаратуры з Мінска. Але наўрад ці добрым рашэннем было зноў звярнуцца да “беларускагау нацыяналізму”, цяпер ужо на эміграцыі (219–225), бо тут яшчэ раз адчувальна праявілася нелюбоў Вакара да дзеячоў беларускага нацыянальнага руху.

Перакананы, што ў гісторыка, добра знаёмага з тымі матэрыяламі і беларусазнаўчымі даследаваннямі, якія (улічваем гэта!) выйшлі да пачатку 1950-х гадоў, многія інтэрпрэтацыі і асноўныя тэзісы гэтай працы могуць выклікаць нязгоду або сумненне як неабгрунтаваныя ці недастаткова карэктныя. На жаль, у большасці выпадкаў аўтарскія сцверджанні немагчыма верыфікаваць, і гэта яшчэ адна асаблівасць Вакаравай кнігі. Справа ў тым, што ў прыведзеных спасылках падаецца толькі прозвішча і нумар пазіцыі ў бібліяграфічным даведніку, апублікаваным асобна [22], а зроблена гэта, як сказана ў прадмове да кнігі, “дзеля ашчаджэння месца”(vii), бо ў працы, маўляў, выкарыстаны больш за 2 тыс. пазіцый! Калі навуковая праца існуе як адно выданне, а спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры – як іншае, то праверыць спасылкі зусім няпроста. Калі ж у спасылках яшчэ і не падаюцца старонкі названых публікацый (а ў Вакара ў большасці выпадкаў гэта так), то застаецца проста давяраць аўтару. Але ў мяне, напрыклад, пасля азнаямлення з кнігай падстаў для такога даверу паменела.

Пра згаданы томік бібліяграфіі, падрыхтаваны па гранту нью-ёркскага аддзялення фонду Карнегі, варта сказаць асобна. З прадмовы выдання вынікае, што гэта збор літаратуры, якая можа быць карысная для вывучэння Беларусі. Хоць да кожнай публікацыі даецца толькі пераклад назвы на англійскую мову, без анатацыі, і яны не класіфікаваны па рэлевантнасці, а проста размеркаваны па асноўных раздзелах, гэты томік як першае сур’ёзнае выданне бібліяграфіі па Беларусі бясспрэчна стаў падзеяй для беларусазнаўства на Захадзе. Праўда, складана зразумець, чаму Вакар напісаў, што ў яго працы пра стварэнне беларускай нацыі выкарыстана ўся літаратура, уключаная ў даведнік (больш за 2 тыс. пазіцый!). На самой справе гэта далёка не так. Многія пазіцыі ў названым даведніку толькі пры вялікім жаданні можна неяк звязаць з беларусазнаўствам [23], тады як шэраг сапраўды важных для разумення гісторыі Беларусі выданняў у ім адсутнічае [24]. Паказальна, што ў пераліку літаратуры па тэме “Паходжанне і гісторыя”, дзе выданні раздзелены па нацыянальных школах, “беларускі погляд” (Belorussian view) рэпрэзентуюць толькі 8 пазіцый (расійскіх – удвая болей), прычым з сінтэтычных гісторый тут названы нарысы Ігнатоўскага, Пічэты і Шчарбакова, але няма, напрыклад, твораў Ластоўскага і Найдзюка, не кажучы пра акадэмічныя абагульняльныя працы, якія да таго часу ўбачылі свет у БССР. Да таго ж, наяўнасць нават нейкай важнай публікацыі ў бібліяграфічным даведніку зусім не азначала, што яна выкарыстана ў кнізе пра беларускую нацыю. У гэтых адносінах характэрным прыкладам можна лічыць абыходжанне з навуковай спадчынай М. Доўнара-Запольскага. У бібліяграфіі бачым дзясяткі яго прац, у тым ліку найважнейшыя, але ў кнізе згадваюцца і цытуюцца яго папулярызатарскія публікацыі, у выніку гэты сапраўды аўтарытэтны гісторык фігуруе прыкладна ў тым жа вобразе, што і Янка Станкевіч – як беларускі нацыяналіст-рамантык. Наогул, крытыкуючы гістарычныя погляды “беларускіх нацыяналістаў”, Вакар часта прыводзіць у прыклад або іх папулярныя публікацыі, або выданні беларускай эміграцыі, а беларускую акадэмічную гістарыяграфію 20-х гадоў ён ці то не заўважыў, ці прапусціў свядома. Падобна, як праігнараваў і многія рэлевантныя публікацыі беларускіх эміграцыйных гісторыкаў у ЗША, дзе ўжо выходзілі “Запісы” Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва – на той час найбольш сур’ёзны беларусазнаўчы перыёдык на Захадзе [25]. Магчыма, да мінскіх выданняў беларускіх гісторыкаў Вакару не хапала доступу, але адсутнасць амерыканскіх гэтым не патлумачыш. Як бы там ні было, даводзіцца прызнаць, што яго праца на момант выхаду не адлюстроўвала актуальнага стану гістарычных ведаў пра Беларусь.

Паўстае натуральнае пытанне: чаму аўтар гарвардскай кнігі пра Беларусь меў антыпатыю да “беларускага нацыяналізму”, а фактычна – да праяў беларускай нацыянальнай адметнасці ды любога іх артыкулявання, і адкуль наогул магло з’явіцца такое дыстанцыяванне ад прадмета даследаванняў? Звесткі біяграфіі Вакара не даюць наўпроставых падказак. Нарадзіўся ён у Падольскай губерні ў дваранскай сям’і, хоць, калі верыць фамільнай легендзе, даўнія родзічы жылі калісь на Беларусі. Адзін з яго продкаў быў ротмістрам Рэчы Паспалітай і пасля пераходу ў 1789 г. на расійскую службу стаў надворным саветнікам на Магілёўшчыне. Аднак самога Мікалая Вакара ў маладосці нішто не звязвала з Беларуссю. У 1920 г. як удзельнік грамадзянскай вайны і праціўнік савецкай улады ён з рэшткамі арміі генерала Дзянікіна эміграваў у Парыж, адкуль у 1940 г. мусіў перабірацца ў ЗША. Там пасля заканчэння Гарвардскага ўніверсітэта і абароны доктарскай дысертацыі па славянскай філалогіі і застаўся працаваць, выкладаючы пераважна рускую мову і літаратуру. Цікава, што яшчэ ў 1917–1919 гады ў Кіеве будучы славіст належаў да таемнай арганізацыі белых, якая ставіла адной са сваіх задач барацьбу з украінскім рухам (“с украинствующими)”. А на эміграцыі ён трымаў сталыя кантакты з прадстаўнікамі расійскай эліты пераважна манархічных поглядаў і падзяляў многія перакананні “Союза молодой России” – арганізацыі партыйнага тыпу, створанай у 1923 г. расійскімі эмігрантамі патрыятычна-манархічнай арыентацыі (сярод іх лозунгаў быў дэвіз “За Союзную Империю”). Гэта, думаю, хоць у некаторый ступені можа патлумачыць нам паходжанне той оптыкі разгляду Беларусі, якую В. Тумаш назваў поглядамі “расійскага вялікадзяржаўніка”.

Кнігу пра стварэнне беларускай нацыі М. Вакар пісаў у ЗША па гранту Рускага даследчыцкага цэнтра. Магчыма, яе асновай стаў рукапіс працы пра Беларусь, створанай яшчэ ў гады жыцця ў Парыжы [26]. Цікава, што сам аўтар у аўтабіяграфіі ахарактарызаваў гэтую працу як адну са сваіх “некалькіх кніг”, і нічога асаблівага з ёю не звязваў. І на крытыку гэтага выдання з боку беларускай эміграцыі, здаецца, ніяк не рэагаваў. Вакара больш непакоіла крытыка ў друку расійскай эміграцыі яго кнігі пра ўплыў культуры расійскага сялянства на савецкі лад [27]. Так што наўрад ці ёсць падставы называць даследаванне пра Беларусь яго “асноўнай працай” [28]. Наогул, з дзесяткаў навуковых прац, апублікаваных Вакарам за амерыканскі перыяд жыцця, толькі некалькі прысвечана Беларусі.

У апошнія гады гэтая кніга прэзентуецца як пачатак амерыканскага беларусазнаўства. Смаленскі гісторык Яўген Кодзін сцвярджае, напрыклад, што праца Вакара “стала першым навуковым замежным даследаваннем па гісторыі Беларусі, якое паклала пачатак працэсу фармавання амерыканскага беларусазнаўства” [29], і нават аб’яўляе яе “больш гістарычнай у метадалагічным плане” (? – Г. С.), чым кнігі сучаснага амерыканскага даследчыка Тымаці Снайдэра па мадэрнай гісторыі Усходняй Еўропы [30]. Такія сцверджанні ў навуковым выданні не могуць не выклікаць здзіўлення. Каб параўноўваць кнігу Вакара з працамі Снайдэра, аўтару варта было спачатку хоць бы разабрацца, якія выказванні там належаць Вакару, а якія – “беларускім нацыяналістам”, якіх той крытыкуе [31]. Калі ж гаварыць пра пачаткі заходняга беларусазнаўства, то замежныя навуковыя даследаванні Беларусі, як вядома, выходзілі задоўга да Вакаравай кнігі. І на амерыканскім кантыненце навуковыя працы пра гісторыю і культуру Беларусі таксама з’явіліся намнога раней за гэтую кнігу [32]. А вось акадэмічных манаграфій пра Беларусь да 1956 г. не было, гэта праўда.

На свой час “Belorussia: the Making of a Nation” разам з бібліяграфічным даведнікам азначала грандыёзны крок у пашырэнні ведаў пра Беларусь сярод гуманітарыяў Захаду, і гэта было вялізнай заслугай М. Вакара. Але разам з ведамі яго праца несла заходнім чытачам і нямала такіх звестак пра Беларусь, якія былі згенераваны хутчэй суб’ектыўнымі ўстаноўкамі аўтара, чым аб’ектыўным аналізам даступных на той час матэрыялаў, і, мякка кажучы, не пацвярджаліся на ўзроўні фактаў. Таму нядаўняе ўзнаўленне ў электронным фармаце і далейшае пашырэнне той жа працы сярод заходніх навукоўцаў выклікае шкадаванне. Кніга Вакара, хоць у многіх адносінах яна ўсё яшчэ не страчвае сваёй каштоўнасці, – гэта ўсё ж гістарыяграфічны помнік сваёй эпохі. Яе даўно мусілі б замяніць новыя абагульняльныя выданні, якія адлюстроўваюць вынікі сучасных беларусазнаўчых даследаванняў.


[1] Толькі праз паўтара дзесяцігоддзя з’явілася даследаванне Івана Любачкі (Lubachko I. Belorussia Under Soviet Rule, 1917–1957. Lexington, 1972), а кнігі Янкі Запрудніка (Zaprudnik J. Belarus: At a Crossroads in History (1993); idem. Historical Dictionary of Belarus (1998)) выходзілі ўжо пасля распаду Савецкага Саюза.
[2] https://www.hup.harvard.edu/catalog.php?isbn=9780674436640
[3] Па словах брытанскага гісторыка Х’ю Сітана Уотсана, кніга Вакара заслугоўвала “найвышэйшай пахвалы” за тыя “гераічныя намаганні”, якія аўтар прыклаў, каб “трымацца аб’ектыўнасці, развенчваць перабольшванні беларускага, польскага і расійскага нацыяналізму, а таксама савецкай міфалогіі”. Гл.: Seton Watson H., book review // The Slavonic and East European Review. Vol. 35 (1956). P. 312.
[4] Гл.: Марговіч А. Кніга аб Беларусі ў ангельскай мове // Беларускі Зборнік. Кн. 5. Мюнхэн, 1958. С. 178–198; У Беларускім Інстытуце // Беларус. 1958. № 65. С. 7; Пар.: The Journal of Byelorussian Studies. Vol. 2. (1969). Nr. 1. P. 95; Vol 3. (1973). Nr. 1. P. 95. 4
[5] Сагановіч Г. Вяртанне да кнігі М. Вакара пра Беларусь // ЗАПІСЫ. Т. 42. (у друку).
[6] Vakar N. P. The Name White Russia // The American Slavic and East European Review. Vol. 8 (1949). Nr. 3. Р. 201–213.
[7] Р. М. рэц.: Vakar N. P. The Name White Russia (The American Slavic and East European Review, Vol. 8 (1949), nr. 3) // ЗАПІСЫ. Т. ІІІ. Nr. 2. New York, 1954. C. 117–120.
[8] У другой палове 20-х і пачатку 30-х гадоў Інстытут Беларускай Культуры, Беларуская Акадэмія Навук і Беларуская Сельска-Гаспадарчая Акадэмія ў Горках у якасці міжнароднай формы назвы краіны выкарыстоўвалі пераважна нямецкамоўны эквіва-лент Weissruthenien. Пар.: Дунін А. Да пытаньня Whiteruthenia ці Byelorussia // ЗАПІСЫ. Т. ІІІ. Nr. 1. New York, 1954. C. 44–8.
[9] Р. М. рэц.: Vakar N. P. The Name White Russia. C. 120.
[10] Vakar N. P. The Name White Russiа. Р. 211.
[11] Менавіта за выкарыстанне азначэння Rußland у якасці эквівалента для назвы земляў былой Кіеўскай Русі – усяго ўсходнеславянскага абшару – крытыкаваў тады кнігу Рудальфа Бэхтальда знаны нямецкі славіст Готхальд Родэ. Гл.: Gotthold R., rec: Bächtold R. Südwestrußland im Spätmittelalter. Basel, 1951 // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. NF. Bd. 2 (1954). Hf. 2. S. 199.
[12] У прыватнасці, для абшараў Беларусі заходненямецкія славісты ў пасляваенныя дзесяцігоддзі яшчэ часта выкарыстоўвалі назву Weіßruthenien.
[13] Müller L., Schramm G., Vincenz A. d. Vorschläge für eine einheitliche Terminologie des alten Ostslaventums // Russia Mediaevalis. V. VII (1992). Nr. 1. S. 5–8.
[14] Дастаткова згадаць публікацыі Украінскага навуковага інстытута Гарвардскага ўніверсітэта – часопіс “Harvard Ukrainian Studies” і серыі кніжных выданняў.
[15] Werdt Ch. v. Stadt und Gemeindebildung in Ruthenien. Okzidentalisierung der Ukraine und Weißrusslands im Spätmittelalter und in der frühen Neuzeit. Wiesbaden, 2006. Гл. абгрунтаванне на с. 21. Пар.: Litauen und Ruthenien. Studien zu einer transkulturellen Kommunikationsregion (15.–18. Jahrhundert) / hg. von S. Rohdewald, D. Frick, S. Wiederkehr. Wiesbaden, 2007. S. 7–14.
[16] Для ВКЛ аўтар аддаў перавагу тэрміну “Літоўска-руская дзяржава”, уведзенаму ў ХІХ ст. расійскай гістарыяграфіяй, і паўсюль называе яго “the Lithuanian Russian State”, што можна чытаць і як “Літоўска-расійская дзяржава”.
[17] Пар.: Белоруссия и Литва: исторические судьбы Северо-Западного края / изд. П. Н. Батюшков. С.-Петербург, 1890. С. 1–5.
[18] Прыклад узорнай карэктнасці абыходжання з матэрыяламі згаданага перапісу пры вызначэнні ўзроўню пісьменнасці задаў М. Улашчык (гл.: Улащик Н. Н. Письменность в дореволюционной России // История СССР. 1968. № 1. С. 106–116). Праблема не-аднаразова разглядалася і пазней, аднак напрацоўкі сучаснай беларускай гістарыяграфіі па тых пытаннях, якія закранаем, з увагі на гады стварэння кнігі Вакарам тут і далей не прыводзяцца.
[19] Пар.: Walicki A. Philosophy and Romantic Nationalism. The Case of Poland. Notre Dame, Indiana, 1994. P. 5–6.
[20] Марговіч А. Кніга аб Беларусі ў ангельскай мове. С. 179.
[21] Дастаткова ўлічыць выказванні В. Кнорына, які заяўляў, што “беларусы не з’яўляюцца нацыяй” і што задачай бальшавікоў ёсць “не стварэнне новых нацый, а знішчэнне старых нацыянальных рагатак”. Гл.: Кнорин В. Г. Избранные статьи и речи. Москва, 1990. С. 33.
[22] Vakar N. P. A Bibliographical Guide to Belorussia. Cambridge, 1956.
[23] Такімі, напрыклад, можна лічыць наступныя выданні: Antoniewicz W. Archeologia Polski. Warszawa, 1928; Wojciechowski Z. Państwo Polskie w wiekach średnich. Warszawa, 1948; Silnicki T. Prawo elekcji królów w dobie Jagiełłońskiej. Lwów, 1913, і інш.
[24] У прыватнасці, няма працы A. Мартэля “La langue polonaise dans les pays ruthènes: Ukraine et Russie Blanche, 1569-1667” (Lille, 1938), а з беларускіх – У. Ігнатоўскага “1863 год на Беларусі: Нарыс падзей” (Менск, 1930), шэрагу публікацый У. Пічэты, Д. Даўгялы, В. Дружчыца і інш.
[25] У канцы 1951 г. беларуская эміграцыя заснавала ў Нью-Ёрку навукова-даследчую ўстанову – Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, а з наступнага года пачалі выходзіць “ЗАПІСЫ” – навуковы перыёдык гэтага інстытута. Падрабязней гл.: Гардзіенка Н., Юрэвіч Л. Хроніка БІНіМу: Гісторыя Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў дакументах, лістах і ўспамінах. Мінск, 2017.
[26] Кодин Е. В. Н. П. Вакар и начало американского послевоенного белорусоведения // История и историография: объективная реальность и научная интерпретация. Минск, 2018. С. 53–54.
[27] Vakar N. P. The Taproot of Soviet Society: The Impact of Russia’s Peasant Culture upon the Soviet State. New York, 1961, 1962.
[28] Кодин Е. В. Н. П. Вакар и начало американского послевоенного белорусоведения. С. 58.
[29] Тамсама. С. 64. Пар.: Кодин Е. В. Так начиналось американское политическое белорусоведение // Народы и культуры славянского мира Восточной Европы в исторической ретроспективе (Беларусь, Украина, Россия, Польша). Гродно, 2020. С. 290–295.
[30] Кодин Е. В. От Вакара до Снайдера: “старое” и новое в американском белорусоведении // Россия и Беларусь: история и культура в прошлом и настоящем. Вып. 4. Смоленск, 2018. С. 48. Тут аўтар разглядаў тры кнігі Т. Снайдэра: Snyder T. The Road to Unfreedom: Russia, Europe, America. New York, 2018; ён жа. Крывавыя землі. Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным / пер. з англ. С. Петрыкевіча. Мінск, 2013; ён жа. Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Літва і Беларусь, 1569–1999 / пер. з англ. М. Раманоўскага і В. Калацкай. Мінск, 2010.
[31] Блытаны пераказ асноўных тэзісаў кнігі Вакара, дзе яму прыпісана шмат чужых ідэй, гл.: Кодин Е. В. Н. П. Вакар и начало американского послевоенного белорусоведения. С. 58–62.
[32] Дастаткова ўлічыць публікацыі згаданага вышэй Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва. Гл. спас. 25.

Наверх

Тэгі: ,