БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Around California in 1891 / [by Nicholas Russel; trans. by Sara Fenander; ed. by] Terence Emmons. Stanford, 1991 (Алесь Сімакоў)


Around California in 1891 / [by NICHOLAS RUSSEL; trans. by SARA FENANDER; ed. and with an introd. and a biographical sketch by] TERENCE EMMONS. Stanford: Stanford Alumni Association, 1991. xix, [3], 179, [7], ill. (The Portable Stanford Book Series)
У 2021 г. спаўняецца 130 гадоў падарожжу легендарнага доктара Руселя на вакацыі ў горы Сьера-Невада і 30 гадоў – публікацыі перакладу “справаздачы” з таго падарожжа, якая ўбачыла свет з ініцыятывы стэнфардскага гісторыка-русіста Тэранса Эманса. У адрозненне ад другой кнігі Эманса з “Руселеўскага блока” [1], “Па Каліфорніі” за гэтыя дзесяцігоддзі не звярнула на сябе ўвагу ў Беларусі і вядомая шырокаму чытачу толькі па рэдкіх згадках у публікацыях пра Руселя. Дзякуючы перапісцы з Эмансам мы маем магчымасць параўнаць пераклад, зроблены Сарай Фенандэр, з арыгіналам. Цытаваць гэты твор, які можа прэтэндаваць на статус літаратурнага помніка, мы будзем па ўласным перакладзе на беларускую мову з рускамоўнага рукапісу, які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі [2].

Перад публікацыяй тэксту “Па Каліфорніі” [3] (гэта частка I, с. 1–120) чытач знойдзе прадмову шэфа гісторыкаў у Стэнфардзе Дэвіда М. Кенэдзі (XI–XII) і ўводзіны Эманса (XV–XIX). У частцы II (123–165) змешчаны нарыс Эманса пра Руселя (Cудзілоўскага) з асаблівым акцэнтам на яго канфлікт з епіскапам Уладзімірам. У публікацыі да нумароў раздзелаў дададзены загалоўкі, якія могуць служыць ключавымі словамі да руселевага тэксту: 1. Roughing It; 2. San Francisco and Environs; 3. On Railroads and the Road to Sacramento; 4. Sacramento, the Chinese, and Opium; 5. Placerville, “Express”, and Coal Kings; 6. A Wrong Turn Leads to Mosquitos, California; 7. In Hill Farm Country; 8. A Country Dance; 9. In the Scarred Forest Primeval; 10. Cranks, Princes, and Land-grabbers. Няскончаны 11-ы раздзел, які мы назвалі “Паляванне на вавёрак па дарозе да возера Таха”, не ўвайшоў у кнігу: Эманс не знайшоў там дастаткова важных назіранняў, якія б апраўдалі яго публікацыю. 10-ы раздзел – найбольш душэўны, напісаны з клопатам пра людзей, будучыню краіны – ставіў выразную “кропку” апошняй пафаснай высновай доктара: “А потым высахнуць ручаі і краіна ператварыцца ў мёртвую, пазбаўленую жыцця пустыню, падобную да той, якая распасціраецца цяпер паміж Сьера-Невадай і Скалістымі гарамі. Амерыканскія індывідуалістычныя парадкі менш чым якія-небудзь іншыя здольныя паставіць сур’ёзную перашкоду такому ходу справы. Апамятаюцца амерыканцы толькі тады, калі ўжо будзе позна” (арк. 72адв.).

У канцы траўня 1891 г., калі Русель выехаў з Сан-Францыска, разам са сваім сябрам, ураджэнцам Валагодскай губерні Карлам Сіверсам, доктар ужо меў вопыт падарожжаў, у прыватнасці, па паўднёвай Каліфорніі цягніком і па заходнім беразе заліва ў экіпажы. Ён апісвае прычыны, характар і формы распаўсюджання вакацыйнага турызму, знаёміць патэнцыйнага расійскага чытача з ландшафтамі, флорай і фаўнай, з транспартам, архітэктурай, заняткамі, звычкамі жыхароў гарадоў, мястэчак і ферм – гэта сапраўдная энцыклапедыя Каліфорніі. Падарожнікі праехалі праз Сакрамента, потым наведалі Плэйсервіль у графстве Эль- Дарада. Русель падрабязна апісаў месцы, якія ахапіла залатая ліхаманка. Ён паглыбіўся ў тэхніку і наступствы для прыроды здабычы золата. Расказаў і пра метыса Джэка, сына “амерыканца і індыянкі”, зямля якога перайшла да тых, хто дапамагаў яму купляць алкаголь. Русель і Сіверс спыняліся ў гатэлі, у фермераў і жылі проста ў лесе – усяго “ў лесе”, паводле доктара, каля шасці тыдняў, – пасля чаго вырашылі наведаць славутае возера Таха, але ў пачатку іх дарогі туды апісанне абрываецца. Сан-францыскія акалічнасці не дазволілі доктару сканцэнтравацца на заканчэнні травелогу.

“Каліфорнскія” рэаліі і тыпы “каліфорнцаў” Русель апісвае дасціпна і нярэдка з параўнаннем, у якім прысутнічаюць словы “наша”, “у нас”. Можна падумаць, што Русель пры гэтым часцей мае на ўвазе Беларусь, а не землі на поўнач і поўдзень ад яе, а таксама Паволжа, якія ён ведаў. Прама на Беларусь спасылаецца толькі адзін раз – калі параўноўвае ўяўную плэйсервільскую “акадэмію” са “Шмаргонскай” акадэміяй у “нашым Заходнім краі” (арк. 40адв.). Бачачы канцэнтрацыю “прамысловых і гандлёвых аперацый” у Сан-Францыска і Сакрамента ў руках яўрэяў, ён успамінае пра “польскія” губерні або “заходнія” гарады: “Сан-Францыска ў вялікія яўрэйскія святочныя дні зусім нагадвае нашы заходнія населеныя яўрэямі гарады” (арк. 29адв.).

Вось узоры стылю Руселя, калі ён апісвае, напрыклад, вясковую вечарынку: “Музыка была жорсткая, немагчымая. Паміж дзвюма скрыпкамі і флейтай згоды было мала, яны пішчалі і вішчалі неміласэрна, прычым першы скрыпач грамавым голасам з вышыні сваёй імправізаванай кафедры камандаваў танцамі, быццам бы перад ім разгортвалася цэлая дывізія. Мне міжволі ўспомніліся нашы вясковыя музыканты. Пры ўсёй іх недасканаласці гэта ж артысты ў параўнанні з гэтымі. Увогуле, уражанне даволі дзікае. Ваенныя танцы індыйцаў пэўна выклікаюць падобнае ўражанне. Ні гукі, ні твары неяк не ладзяць з кадрыльнымі фігурамі і культурнымі строямі. Вогнішча і індыйская ваенная песня бадай была б хутчэй да месца. У нас у такіх выпадках лапочуць, гамоняць, жэстыкулююць, рагочуць. Тут усё зусім неяк маўчком з панурай сур’ёзнасцю, быццам робіцца сур’ёзная справа” (арк. 57адв.–58).

Характарызуе тыпы мясцовых жыхароў: “Большасць крэнкаў, вядома, змагаецца ў шэрагах шматлікіх прагрэсіўных партый, падобных да нацыяналістаў – паслядоўнікаў Беламі, прыхільнікаў Single taxe movement, заснаванага Генры-Жоржам, хрысціянскіх сацыялістаў і іншых сацыялістычных фракцый, партыі ўстрымання ад спіртных напояў і інш. Але многім падобная барацьба або не пад сілу, або не да густу. Не знаходзячы задавальнення сярод людзей, яны збягаюць у горы і лясы і вядуць там жыццё анархістаў. У большасці выпадкаў яны халасцякі або ўдаўцы. Да іх далучаюцца іншыя халасцякі, якім чамусьці проста не пашчасціла ў жыцці, не ўдалося звіць свайго гнязда па-людску і якія махнулі на ўсё рукой.
Як я ўжо сказаў, большасць фермерскага насельніцтва горных акруг Захаду складаецца з такіх халасцякоў- анархістаў. Прыкладаў шукаць недалёка. У паўмілі ад нас ёсць дзве асобныя фермы, з якіх адна належыць містару Куку, іншая містару Маркелу.

Mr. Cook маленькі, худзенькі чалавек, пра якіх у нас гавораць: у чым толькі яго душа трымаецца. Яму 60 гадоў ад роду, і сівізна серабрыць не толькі яго галаву, але моцна прабіваецца і ў маленькай, рэдзенькай бародцы пясчанага колеру. Шмат разоў мы яго наведвалі і заўсёды знаходзілі за працай, апранутым у моцна пацёртую рабочую вопратку, г. зн. шарсцяную фланелевую кашулю, палатняныя штаны і куртку, якія яшчэ мелі сляды ранейшага сіняга колеру. Варта ўвагі, што рабочыя ўсяго свету любяць гэты сіні колер”. Русель сцвярджае, што гэта тычыцца і “нашых велікарускіх сялян” (арк. 68адв.–69).
Погляды, выказаныя Руселем, – гэта, відавочна, сумесь народніцтва з анарха-камунізмам, якая пазней наблізіла яго да партыі эсэраў, але найперш “інтэрнацыяналізм-гуманізм без межаў” і прагматызм, з павагай да людзей працы. Не супадаючы па духу з паліткарэктнасцю таго і нашага часу, доктар часта ўжывае саркастычна-іранічны метад у спробе “лячэння” чалавецтва [4]. Ад пачатку да канца сваіх падарожных нататак Русель дэманструе ўстойлівую крытычнасць, але і любоў у адносінах да “сваёй” Каліфорніі. Нават калі Русель перабольшваў самаразбуральніцкі імпэт амерыканцаў, рабіў занадта песімістычныя прагнозы і выглядае празмерным “сацыялістам”, сёння яго погляды, імператыў сумлення і энцыклапедызм ведаў не могуць не выклікаць цікаўнасці і сімпатыі.

Мы рыхтуем да друку пераклад “Па Каліфорніі” на беларускую мову, але спачатку плануецца выдаць асобныя раздзелы твора [5]. У адным томе з гэтым апісаннем падарожжа варта надрукаваць і другі, больш вядомы (праўда, толькі з назвы) твор яго каліфарнійскага перыяду – “Жыціе праасвяшчэннага Уладзіміра, былога епіскапа Алеуцкага і Аляскінскага, цяпер вікарнага епіскапа Варонежскага”. Медыцынскія артыкулы Руселя, публіцыстыка ў газеце “Прогресс” і яго неапублікаваныя рукапісы [6] чакаюць большай увагі даследчыкаў. Гісторыя беларусаў у Заходнім паўшар’і XIX ст. – гэта сапраўднае эльдарада для гісторыкаў.

Некаторыя важныя аспекты жыцця, прафесійнай і грамадскай дзейнасці Руселя ўжо закраналіся ў шэрагу нашых публікацый. Пачаўшы даследаванне тэмы беларусаў на Алясцы і ў Каліфорніі, мы пералічылі некаторых асоб, якія першымі з выхадцаў з Беларусі з’яўляліся на гэтых тэрыторыях [7]. Мы прысвяцілі Руселю толькі адзін асобны артыкул [8], але часта згадвалі яго як адну з ключавых фігур ва ўзаемаадносінах, калі дадалі да сваіх прыярытэтаў ураджэнца Гомельшчыны клірыка Мікалая Грынкевіча [9], а потым сем’і Мартышаў [10] і аляскінскіх Саўчанкаў [11], у адпаведных артыкулах. Русель, вядомы як абаронца вучняў царкоўнай школы ў Сан-Францыска (сярод якіх Васіль, Мікалай і Раман Мартышы, тлінкіт або крэол тлінкіцкага і, не выключана, беларускага паходжання Мікалай Саўчанка) і іншых пацярпелых ад злоўжыванняў і дэспатычнага кіравання, безумоўна прысутнічае і ў артыкулах пра членаў праваслаўнай абшчыны горада [12]. Нашы неапублікаваныя матэрыялы займаюць значную частку ў “Руселеўскім блоку” вялікай калекцыі па амерыканістыцы і іншым краіназнаўстве (Бібліятэка і архіў Беларуска-індзейскага таварыства), якую мы спадзяемся перадаць у дзяржаўныя і іншыя арганізацыі – для падтрымкі больш інтэнсіўнага вывучэння гісторыі сувязяў Беларусі з Заходнім паўшар’ем.

Гомель

Алесь Сімакоў


[1] Emmons T. Alleged sex and threatened violence: Doctor Russel, Bishop Vladimir, and the Russians in San Francisco, 1887–1892. Stanford, CA, 1997.
[2] Государственный архив Российской Федерации (ГАРФ). Ф. 5825. Оп. 1. Д. 16. Крыніцы, выкарыстаныя пры нашым перакладзе, – ксеракопія рукапісу, машынапіс і лічбавая ко-пія на CD-R расшыфроўкі яго Джэхан Гэйт, аспіранткай прафесара Эманса. Яны былі дасланыя нам Эмансам, як і кнігі, якія складаюць яго “дылогію” пра “рускіх” Сан-Францыска і “рускі” погляд на Каліфорнію.
[3] Загаловак “Па Каліфорніі” з’явіўся ў пачатку рукапісу замест закрэсленага – “Два месяцы ў Сьера-Невадзе”. У адзінцы захоўвання (справе) 71 з 75 аркушаў – на бланкавай паперы: “N. Russel, M. D. / Physician and Surgeon, / Eye, Ear and Throat Diseases, / 1529 CALIFORNIA ST. (Telephone 2416) / SAN FRANCISCO” – да арк. 13, з арк. 18 – каардынаты ўжо іншыя: “Office: Phelan Building, Rooms 114–116” і 5161). На арк. 75 Русель пазначыў некаторыя сюжэты для распрацоўкі: “Дождь ночью в землянке. Soapweed Creek? Mining”.
[4] Русель іранізаваў, што амерыканцам – абаронцам жывёл варта было б больш рабіць для зручнасці людзей, а не жывёл: “экіпажы іх надзвычай добра прыстасаваны для зручнасці коней. Гэта, вядома, вельмі пахвальна, і ўсё, чаго застаецца жадаць, каб і людзі не былі забыты” (раздзел 11 “Па Каліфорніі”, арк. 73).
[5] Няскончаны 11-ы раздзел, вядомы толькі ў рукапісе, рыхтуецца да друку першым – у альманаху, які выйдзе ў 2021 г. З 2005 г. Эманс чакаў ад нас, што мы зможам апублікаваць тэкст “Па Каліфорніі” ў арыгінале, але мы прапануем патэнцыяльным публікатарам спачатку беларускі пераклад.
[6] Спрабуючы ідэалагічна абгрунтаваць сваю крытыку архірэя, Русель стварыў вялізны, каля 900, паводле гісторыка М. Іоські (Иосько М. И. Николай Судзиловский-Руссель: жизнь, революционная деятельность и мировоззрение. Минск, 1976. С. 152), старонак, рукапіс на англійскай і рускай мове па гісторыі РПЦ і яе прысутнасці за акіянам (“The Levitical Caste in Russia”): ГАРФ. Ф. 5825. Оп. 1. Д. 14. Гэтую працу варта вывучыць на прадмет магчымай публікацыі ў выглядзе кнігі (вядома, што 47-старонкавая публікацыя “Жыція…” стала вынікам скарачэння значна больш аб’ёмнага рукапісу, які Русель у 1890–1891 г. хацеў убачыць надрукаваным па-англійску спачатку на Усходзе ЗША, а потым у Лондане: Emmons T. Op. cit. P. 209–210).
[7] Сімакоў А. Беларусы ў Рускай Амерыцы // Краязнаўчая газета. 2005. № 3 (студз.). С. 7; Сімакоў А. “Бадзяўся сярод індэйцаў…”, або “Лятарнік”, прачытаны па-беларуску // Беларус. 2005. № 507 (крас.). С. 6, 8.
[8] Сімакоў А. Доктар Русель і індзеец Джэк: нарыс “Па Каліфорніі” Мікалая Судзілоўскага-Руселя актуальны і сёння // Краязнаўчая газета. 2005. № 22 (чэрв.). С. 4.
[9] Сімакоў А. У імкненні служыць Алясцы: незвычайны лёс “настаўніка індзейцаў” Мікалая Грынкевіча // Дзеяслоў. 2010. № 5. С. 288–294; Сімакоў А. Матэрыялы да “Грынкевічаўскай энцыклапедыі” // Потапов А. Ф. Истоки. Становление православия и других религиозных общин на Рогачевщине – 4. Минск, 2014. С. 157–168; і інш.
[10] Симаков А. Антиподы: два выезда за океан Василия Мартыша // Cerkiewny Wiestnik. 2016. № 2. S. 47–55. Гл. пра св. Васіля Мартыша ў кнізе яго цесна звязанай з Беларуссю праўнучкі: Mazurek K. Życie i działalność księdza Bazylego Martysza: droga do świętości. Warszawa, 2018.
[11] Сімакоў А. В. Лісты Дзям’яна Саўчанкі як крыніца па гісторыі царкоўнай школы ў Сан-Францыска // II Чтения памяти протоиерея Иоанна Григоровича (1792–1852): историка, археографа, археолога. Минск, 2019. С. 154–163; Симаков А. В. Савченко на Аляске и в Сан-Франциско: белорус, креолы, тлинкиты // Славянский альманах. 2019. № 3-4. С. 107–133; Simakoŭ A. Savchenko in Alaska and San Francisco: A Belarusian, Creoles, Tlingit // Journal of the West. 2020. V. 59. № 4 (Fall). P. 53–69; і інш.
[12] Сімакоў А. Холмская група: крыніца аптымізму // Cerkiewny Wiestnik. 2017. № 2. S. 45–62; Сімакоў А. Царкоўная школа ў Сан-Францыска (1888–1892) у асобах // Cerkiewny Wiestnik. 2018. № 4. S. 46–63; Симаков А. Американская трагедия монаха с Афона: игумен Георгий (Чудновский) в Сан-Франциско и на Аляске // Cerkiewny Wiestnik. 2020. № 3. S. 29–42.

Наверх

Тэгі: ,