Новы нумар


Сяргей Новікаў. Новы погляд на гісторыю баёў у Брэсцкай крэпасці летам 1941 г.*

* GANZER, CHRISTIAN. Kampf um die Brester Festung 1941. Ereignis – Narrativ – Erinnerungsort. Paderborn: Verlag Ferdinand Schöningh, 2021. 490 S. Рэцэнзія падрыхтавана ў рамках навуковага праекта Г20Р-011 “Сучаснае замежнае гістарычнае бела русазнаўства: эвалюцыя метадалагічных падыходаў і ацэнак”.

Манаграфія Хрысціяна Ганцара падрыхтавана да друку на аснове доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай амаль двума гадамі раней у Ляйпцыгскім універсітэце. Даследаванне прысвечана малавядомым аспектам гісторыі нямецкага штурму і савецкай абароны крэпасці ў Брэсце летам 1941 г. Скрупулёзны аналіз гістарычных падзей на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ўпершыню трапіў у фокус спецыяльнай замежнай навуковай працы і амаль праз 80 гадоў пасля іх стаў прыкметным гістарычным фактам у сучаснай германскай гістарыяграфіі дзякуючы шматгадовым пошукам гісторыка, добра вядомага беларускаму чытачу [1]. Замежны даследчык на старонках новай грунтоўнай працы знаёміць нямецкага чытача з аўтарскім падыходам да крытычнага вывучэння падзей на тэрыторыі крэпасці летам 1941 г. У выніку яму ўдалося стварыць фундаментальную працу, праз якую ён спрабуе ўзняць навуковае асэнсаванне тэмы на якасна новы ўзровень і тым самым упісаць падзеі мінулага ў іх рэальны гістарычны кантэкст. У сваю чаргу аўтару гэтых радкоў хацелася б звярнуць увагу чытача на тое, чым гэтая кніга, арыентаваная пакуль што на нямецкамоўную чытацкую аўдыторыю, можа быць надзвычай карыснай для беларускіх навукоўцаў і музейных работнікаў, асабліва спецыялістаў у сферы ваеннай гісторыі Беларусі.

Рэцэнзаваная кніга прысвечана надзвычай актуальнай і сёння праблематыцы – гісторыі абароны Брэсцкай крэпасці летам 1941 г. Між тым, як правільна заўважае Х. Ганцар, у беларускай гістарыяграфіі яна застаецца практычна недаследаванай, нягледзячы на вялікае багацце літаратуры па тэме. Імпануе навуковая пазіцыя нямецкага даследчыка, які імкнецца не апраўдаць і не асудзіць дзеянні ці ўчынкі, а зразумець той час і тых людзей, што апынуліся ў крэпасці і дзейнічалі з абодвух бакоў у баявых абставінах, а таксама прааналізаваць, інтэрпрэтаваць і вытлумачыць гістарычныя падзеі мовай выключна дакументальных фактаў. У такіх умовах перад нямецкім даследчыкам паўстае няпростая і даволі адказная задача – максімальна карэктна рэканструяваць складаны і, як высвятляецца, супярэчлівы ход падзей, раскрыць двухбаковы характар змагання за крэпасць з апорай на новую базу крыніц, паказаць прынцыповыя разыходжанні паноўнага музейнага наратыву і навуковага даследавання на аснове верыфікаваных ведаў. Адзначым, што Х. Ганцар праводзіць вывучэнне гэтай тэматыкі на аснове метаду кампаратыўнага аналізу розных крыніц. Ужо з гэтай прычыны новае даследаванне выклікае асаблівую цікавасць у гісторыкаў вайны, а таксама ўсіх, хто аддае пэўную ўвагу згаданай гістарычнай тэматыцы.

Заўважым, што за больш чым паўгадовы тэрмін пасля выхаду кнігі гэтая навіна не прывяла да адэкватнага рэагавання галоўнага захавальніка гераічнай і трагічнай спадчыны гісторыі Брэсцкай крэпасці – Музея абароны: ні ў інтэрнэце, ні ў сродках друку, ні на дошках абвестак музейнай установы пакуль што не прызначана дата навуковай канферэнцыі, метадалагічнага семінара ці спецыяльнага круглага стала, у цэнтры якіх значыўся б аналіз новай нямецкай працы, знаёмства з даследаваннем і абмеркаванне яго галоўных вынікаў. Як паказаў Х. Ганцар у сваім дакладзе, што выклікаў жывую дыскусію беларускіх, нямецкіх, польскіх і расійскіх гісторыкаў на 20-й міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць” 2 красавіка 2021 г. у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, ад такога абмеркавання абодва бакі толькі выйграюць. Каб пазбегнуць фальсіфікацыі гісторыі, спрэчкі наконт гістарычнай ісціны павінны адбывацца на навуковай глебе шляхам свабоднай дыскусіі паміж рознымі бакамі, але пры ўмове выкарыстання неабходных дакументаў, а не ідэалагічных клішэ ці прапагандысцкіх міфаў, трывала замацаваных у сучаснай беларускай гістарыяграфіі і музейным дыскурсе з савецкага часу.

Нам бачыцца, што вынікам такога дыялогу магло б стаць навуковае ўзбагачэнне кожнага з бакоў за кошт пераканаўчых аргументаў і неабвержных фактаў апанента, а таксама прырашчэнне новых ведаў у інтарэсах гістарычнай навукі ўвогуле і гістарычнай памяці ў прыватнасці. У той жа час супрацьстаянне азначае імкненне да захавання манаполіі на пэўную гістарычную ісціну, а таксама простае ігнараванне новых навуковых ведаў і даследчыцкіх падыходаў.

Аналіз працы Х. Ганцара паказвае, што не з усімі аўтарскімі высновамі і ацэнкамі можна адразу пагадзіцца, але іх пастаноўка ў замежнай гістарыяграфіі на цяперашні час з’яўляецца важным навуковым рубяжом: беларускай навуковай грамадскасці, музейным супрацоўнікам Мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой” пасля выхаду ў свет новай працы неабходна не толькі адказаць на новы выклік, але і пацвердзіць ці абвергнуць практычную значнасць яе высноваў, магчымасць іх засваення беларускай гістарычнай навукай, укаранення ў навучальную і выхаваўчую працу, экскурсійную практыку, грамадскі дыскурс.

Наколькі гэта магчыма? Адказ на пастаўленае пытанне дае зварот да метадалагічнай базы, пакладзенай гісторыкам у аснову працы. Навуковае даследаванне аўтар вядзе шляхам наватарскага выкарыстання прыёмаў апісання гістарычных падзей, адбудоўвае каркас гістарычнага наратыву на падмурку аб’ектыўнасці і верыфікацыі ведаў. Абавязковым яго крытэрам аўтар вызначае паўнату аналізу гістарычнага наратыву, суадносіны як аб’ектыўных фактараў, так і суб’ектыўных інтэрпрэтацый, неабходны разгляд выключна ў кантэксце вядомых гістарычных падзей. Па перакананні Х. Ганцара, рэальная сітуацыя патрабуе па магчымасці дакладнай і глыбокай інтэрпрэтацыі ўсяго комплексу дэталяў, фактаў і фактараў. Пры навуковым даследаванні існуе відавочная патрэба толькі ў гістарычных фактах, якія маюць аб’ектыўны характар і існуюць незалежна ад чыёйсьці волі ці пажаданняў [2]. На наш погляд, майстэрства гісторыка праявілася ў тым, што ён трымаўся правіла па даследаванні баявых дзеянняў на аснове паказу падзей з двух бакоў; таму яму ўдалося не толькі выявіць, але і паказаць арганічную двухбаковую ўзаемасувязь нямецкага штурму і савецкай абароны, і ўрэшце аднавіць паўнацэнную карціну падзей у Брэсцкай крэпасці летам 1941 г.

Адзначым пры гэтым, што гісторык аргументавана фармулюе свае высновы, на якія мае права, як і любы іншы даследчык, толькі пасля крытычнага аналізу цэлага комплексу крыніц і навуковай літаратуры. Іх пастаноўка часам у імператыўнай форме можа быць на першы погляд не зусім акадэмічнай, але заўсёды ў дастатковай меры аргументаванай. У кантэксце гэтага беларускім гісторыкам неабходна таксама знайсці адказы, чаму на адрас савецкага наратыву, часта адкрыта ідэалагізаванага ці мэтава палітызаванага, у сучаснай нямецкай гістарыяграфіі гучаць наступныя закіды: аднабаковасці паказу гістарычных падзей, неаб’ектыўнасці раскрыцця і замоўчвання найбольш важных фактаў, наўмыснага скажэння наяўных у найноўшай гістарыяграфіі ацэнак, стэрэатыпнай падачы гістарычных звестак, недастаткова поўнага выкарыстання добра вядомых цяпер дакументальных крыніц, асабліва нямецкага паходжання. У якасці вынікаў такога падыходу нямецкі гісторык называе аднабаковасць адлюстравання ходу баявых дзеянняў, факусаванне галоўнай увагі ў савецкім і постсавецкім наратывах толькі на аспектах гераічнай абароны крэпасці на шкоду рэальнаму паказу гістарычных падзей.

Даследчыцкі фокус манаграфіі Х. Ганцара наведзены на параўнанне, супастаўленне з дакументальнымі звесткамі гістарычнага апісання розных аўтараў, якія ў сваёй сукупнасці дазваляюць глыбей усвядоміць і дакладней зафіксаваць унікальнасць гістарычнай абароны, верыфікаваць гістарычныя веды, без чаго сёння нельга аб’ектыўна паказаць навуковы наратыў.

Адзін з важных метадалагічных момантаў новага даследавання звязаны з першым словам назвы кнігі – “Kampf um die Brester Festung 1941” (“Бой за Брэсцкую крэпасть 1941 года”), дзе на першым месцы стаіць вызначальны назоўнік адзіночнага ліку бой (der Kampf). Змест працы пацвярджае гістарычны факт неаднаразовага нямецкага штурму гэтага рубяжа савецкай абароны, а таксама контратак абаронцаў, г. зн. шматдзённых баёў на тэрыторыі крэпасці, пра што піша сам аўтар [3]. Больш за тое, у даследаванні чырвонай ніткай праходзіць думка пра тое, што не толькі баявыя дзеянні пяхотных часцей германскага Вермахта і Чырвонай арміі апынуліся ў фокусе шматгадовых ідэалагічных баталій, разгорнутых у пасляваенны час у ходзе фармавання палітычнай, а не гістарычнай канцэпцыі нямецкага штурму і савецкай абароны крэпасці летам 1941 г. Вынікам усяго гэтага сталі пасляваенныя “бітвы” на ідэалагічным, навуковым і музейных франтах, якія працягваюцца і цяпер. Таму ў якасці больш дакладнага тэрміна для назвы кнігі мог бы быць назоўнік, вытворны ад тэрміна бітва, які, на наш погляд, у значна большай ступені адпавядае характару гэтых баталій.

Не менш значны момант – вызначэнне ключавых даследчыцкіх тэзісаў: першага – пра ход баявых дзеянняў, другога – пра страты, панесеныя часцямі Вермахта і Чырвонай арміі на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці цягам апошняй дэкады чэрвеня 1941 г. Адразу ж адзначым крытычны падыход, да якога звяртаецца нямецкі даследчык у час працы з архіўнымі крыніцамі, максімальна поўна выкарыстоўваючы іх для паказу падзей, абавязкова супастаўляючы з іншымі дакументамі і матэрыяламі, даволі часта малавядомымі, а таксама прыцягваючы эга-крыніцы былых удзельнікаў падзей, іх асабістае ліставанне, фотаздымкі. Галоўная мэта такога падыходу – пераадоленне недахопу ў дакументах, выкарыстанне прамых і ўскосных сведчанняў у ходзе даследавання.

Кніга складаецца з трох раздзелаў: першы прысвечаны баям за Брэсцкую крэпасць у чэрвені 1941 г. (69–114), другі носіць кароткую назву – “Наратыў” (115–313), трэці раскрывае значэнне “месца памяці” (314–429). Структурна праца мае традыцыйныя часткі: уводную і заключную, спісы скарачэнняў, літаратуры і крыніц, а таксама імянны і геаграфічны паказальнікі. Для ілюстрацыі тэкстаў выкарыстана вялікая колькасць дыяграм, табліц, фотаздымкаў, у тым ліку зробленых самім аўтарам, карт, малюнкаў, схем і інш. Дакументальную базу крыніц складаюць архіўныя і грамадскія фонды, у тым ліку Федэральнага архіва Германіі, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Цэнтральнага музея ўзброеных сіл (Масква), Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці, Музея “Брэсцкая крэпасць-герой”, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Верхнеаўстрыйскага зямельнага архіва, Аўстрыйскага дзяржаўнага архіва, а таксама зборы і прыватныя архівы, у тым ліку самога аўтара.

Пачынаецца праца грунтоўнымі ўводзінамі (1–66), у якіх аўтар паказвае савецкі гістарычны наратыў, раскрывае ўласную пазіцыю ў даследчым працэсе, аналізуе стан даследавання тэмы, характарызуе базу дакументальных крыніц, падзяляючы іх на тыя, якія неабходны для даследавання баёў за крэпасць, і тыя, якія садзейнічалі аналізу працэсу фармавання пасляваеннай культуры памяці.

Хрысціян Ганцар сцвярджае, што пачаткам навуковай дыскусіі ў постсавецкім дыскурсе сталі яго публікацыі па гэтай тэме (11), якія заклалі падмурак для вядзення неабходнай дыскусіі ў канцы нулявых гадоў. Насамрэч на постсавецкай прасторы яна была распачата дзякуючы публікацыям расійскага гісторыка Расціслава Аліева [4] і нашым [5].

Нямецкі аўтар не пагаджаецца з тым, што абарона крэпасці, якая на першым этапе цягнулася да канца чэрвеня, была арганізавана пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі, пасля чаго пачаўся другі этап, калі на тэрыторыі крэпасці заставаліся толькі асобныя ачагі супраціўлення.

Як адзначана ў манаграфіі, у савецкай канцэпцыі гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці галоўнымі апорнымі палажэннямі былі дзве ідэі: 1) упартыя, цяжкія і шматдзённыя баі за крэпасць; 2) самаахвярная барацьба кожнага абаронцы, часцей за ўсё да апошняй кроплі крыві (8).

Як вынікае з працы, зыходнай кропкай пры правядзенні даследавання вызначаны баявыя дзеянні, якія мелі месца ў ходзе нямецкага штурму і савецкай абароны крэпасці і былі замацаваны ў афіцыйнай канцэпцыі арганізаванай абароны, якая працягвалася да пачатку трэцяй дэкады ліпеня (8). Х. Ганцар прыходзіць да высновы пра супярэчлівасць такой тэзы з прычыны таго, што савецкі наратыў быў пабудаваны не на арыгінальных дакументальных крыніцах, а галоўным чынам на звестках белетрыстыкі, публікацыях журналістаў і ўспамінах (12), элементы чаго і цяпер прасочваюцца ў беларускай гістарыяграфіі і наяўнай музейнай экспазіцыі.

Аналіз гістарыяграфіі па дадзенай тэме Х. Ганцар праводзіць не па праблемна-храналагічным прынцыпе, а праз індывідуальны ўклад даследчыкаў у яе распрацоўку. У новай кнізе паказана, што аснову новых беларускіх і расійскіх выданняў па-ранейшаму складаюць успаміны і традыцыйная літаратура (14). Х. Ганцар аналізуе працы толькі пяці беларускіх і расійскіх аўтараў: Сяргея Новікава, Расціслава Аліева і Івана Рыжова, Мікалая Платошкіна, Алены Пашковіч (14, 32), – тых, хто ў постсавецкі перыяд спрабаваў па-новаму раскрыць гісторыю абароны Брэсцкай крэпасці [6]. Асаблівую ўвагу ў працы нямецкі гісторык аддае расійскім даследчыкам Р. Аліеву і І. Рыжову, дзякуючы якім з’явіліся грунтоўныя гісторыка-дакументальныя выданні, заснаваныя на дакументах аўстрыйскіх, беларускіх, германскіх, расійскіх архіваў і матэрыялах музейных фондаў. На наш погляд, у гэтым пераліку не хапае імя брэсцкага даследчыка Аляксандра Суворава [7], які ў сваім найноўшым выданні, падрабязна прааналізаваным далей у працы Х. Ганцарам, спрабуе ўсё больш абапірацца на новыя дакументальныя звесткі, захоўваючы пры гэтым галоўныя палажэнні савецкага наратыву.

Аналіз прац заходніх спецыялістаў, якія займаліся пытаннямі абароны Брэсцкай крэпасці і яе пасляваеннай мемарыялізацыі, пераконвае Х. Ганцара ў тым, што на цяперашні час ніхто з айчынных і замежных вучоных не праводзіў спецыяльнага даследавання, прысвечанага вывучэнню эвалюцыі гістарыяграфічнага і гістарычнага наратываў абароны названага ўмацаванага пункта летам 1941 г. У гэтым плане нам падаецца важным зазначыць, што нямецкаму даследчыку неабходна было б у дадзеным пераліку згадаць працу святара 45-й пяхотнай дывізіі Рудольфа Гшопфа, аўтара ўнікальнай працы “Мой шлях з 45-й пяхотнай дывізіяй”, выдадзенай у Лінцы яшчэ ў 1955 г. [8].

Аналізуючы змест дакументаў, якія аўтар падзяляе на дзве групы – па гісторыі баёў за крэпасць і гісторыі культуры памяці, – Х. Ганцар звяртае асаблівую ўвагу на пісьмовыя дакументы часцей Вермахта, эга-дакументы і фотаздымкі, якія даследчыку ўдалося не толькі выявіць, але і падрыхтаваць разам з беларускімі гісторыкамі ў якасці асобнага навуковага выдання (2016, 2017) [9]. Як вынік, Х. Ганцар прыходзіць да высновы, што са шматлікіх дакументаў, даступных сёння ў тым ліку шырокай грамадскасці, становіцца відавочным: для дэталёвага аналізу ходу баёў у крэпасці і панесеных пры гэтым страт у наяўнасці ёсць даволі шмат дакументаў. Нягледзячы на іх публікацыю некалькі гадоў назад, да гэтага часу ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі не праводзілася цэласнага аналізу падзей у Брэсцкай крэпасці летам 1941 г.

У першым раздзеле Х. Ганцар разглядае сам ход баявых дзеянняў, пачынаючы з першых дзён нямецкага штурму крэпасці, падрабязна раскрывае яго на падставе шматлікіх дакументаў Вермахта. Галоўная ідэя аўтара палягае ў паказе баявых дзеянняў скрозь прызму нямецкіх і савецкіх страт апошняй дэкады чэрвеня. Гісторык скрупулёзна аналізуе спачатку нямецкія страты – на падставе звестак пра забітых і параненых (96–103), потым савецкія – на падставе дадзеных пра колькасць чырвонаармейцаў, якія да канца месяца апынуліся ў нямецкім палоне (103–110). Для нагляднасці ў кнізе прыведзены табліца аб стратах 45-й дывізіі забітымі ад 22 чэрвеня і да 1 ліпеня 1941 г. З яе вынікае, што галоўная частка страт прыпадае на першыя тры дні баявых дзеянняў, калі быў забіты 371 чалавек, ці 86,3%, ад усіх 430 забітых салдат Вермахта (100). Савецкія страты нямецкі гісторык паказвае таксама ў табліцы (106), з якой вынікае штодзённая карціна савецкага палону. Яго характарызуюць дзве граніцы: ніжняя, колькасцю 6713 чырвонаармейцаў, і верхняя, агульнай колькасцю 7779 палонных.

Зыходзячы з дакументаў нямецкі даследчык аднаўляе храналогію баёў за крэпасць, падзяляючы іх на тры фазы:

1. Першыя тры дні (22–24 чэрвеня) – перыяд, калі на тэрыторыі крэпасці вяліся цяжкія баі. У гэты час нямецкі бок панёс самыя цяжкія страты – 86,3% забітых і да 70– 80% параненых нямецкіх салдат. Таксама ў нямецкі палон трапіла 56% ад усіх палонных савецкіх салдат.

2. Другая фаза баёў (25–26 чэрвеня), калі былі ліквідаваны асобныя ачагі супраціўлення на тэрыторыі крэпасці. На гэты час прыпадае амаль 7% нямецкіх страт забітымі і каля 30% савецкіх ваеннапалонных.

3. Трэцяя фаза (27–29 чэрвеня) – быў узяты апошні пункт актыўнай абароны – Усходні форт на паўночным востраве. За гэты час Вермахт не панёс істотных страт, а з савецкага боку колькасць палонных склала амаль 14% (112).

З даследавання вынікае, што цяпер вядома амаль 40 дакументаў, у якіх ідзе размова пра ўзяцце ў палон савецкіх салдат у ходзе баёў за крэпасць (111). У даследаванні нямецкі аўтар аспрэчвае прынятыя ў савецкім наратыве сцверджанні пра 32-дзённую працягласць абарончых баёў на тэрыторыі крэпасці. Нямецкія дакументы даюць дакладны адказ: галоўныя сілы 45-й пяхотнай дывізіі пасля выканання баявой задачы па захопе крэпасці пакінулі яе і выйшлі з Брэста ў напрамку Пінска 2 ліпеня 1941 г. Як адзначае аўтар, ні ў адным вядомым сёння дакуменце аб падзеях пачатку і сярэдзіны ліпеня няма звестак пра тое, што пасля ўзяцця Усходняга форта мелі месца факты баявога супраціўлення (112). У адносінах звестак, якія захоўваюцца ў картатэцы Мемарыяла і паходзяць з уліковых картак на савецкіх ваеннапалонных з розных лагераў, аўтар прыходзіць ды высновы, што шматлікія даныя не адпавядаюць гістарычнай рэальнасці пасля іх зверкі з іншымі дакументамі. Але галоўная ідэя ў тым, што нягледзячы на наяўнасць на тэрыторыі крэпасці асобных чырвонаармейцаў, выяўленых пазней, у нямецкіх дакументах не пацверджаны ні адзін факт працягу актыўных баявых дзеянняў з савецкага боку (114).

У другім раздзеле Х. Ганцар аналізуе эвалюцыю фармавання афіцыйнага савецкага наратыву (115–313). Аўтар раскрывае ўмовы гэтага фармавання, вызначаючы асноўныя фазы яго колькаснага і якаснага развіцця, паказваючы гэты працэс на прыкладзе разгляду функцый літаратурнай цэнзуры, узрастання ролі ваенных і значэння савецкага патрыятызму ў кантэксце разгляду падзей пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў (139). Асаблівая роля пры гэтым належала цэнтральнай установе – Галоўнаму ўпраўленню па справах літаратуры і выдавецтваў (Галоўліту), без дазволу якога ў савецкай краіне не магла з’явіцца ні адна публікацыя, ні адна радыё- ці тэлеперадача, а таксама фільмы і кіно, пастаноўкі ў тэатрах і экспазіцыі музеяў. Як заўважае аўтар, з адкрыццём Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” падзеі, звязаныя з гераічнай абаронай, пераўтварыліся ў сакральную старонку савецкай гісторыі, былі ўнесены ў спіс табуяваных тэм, распавядаць пра якія дазвалялася выключна ў рамках тэзісаў аб “героях-абаронцах”, “гераічнай абароне” і “пачатку Вялікай Перамогі”. Аўтар паказвае, як праводзілася ідэя падпарадкавання гістарычнага наратыву інтарэсам партыйнай палітыкі (230).

Дзякуючы новай нямецкай працы ў фокусе даследавання апынулася самае складанае пытанне гісторыі абароны Брэсцкай крэпасці – лёс тысяч савецкіх ваеннапалонных, якія трапілі ў нямецкі палон ў ходзе баёў на яе тэрыторыі і за яе межамі (236–265). Пры гэтым К. Ганцар прыходзіць да важнага назірання, што з савецкага наратыву выцякала галоўная ідэалагема – Брэсцкая крэпасць павінна была стаць адным з савецкіх “месцаў памяці” без фактаў палону (238). Толькі летам 2014 г. у адной з захаваных частак кальцавой казармы была ўпершыню адкрыта спецыяльная музейная экспазіцыя “Музей вайны – тэрыторыя міру” (410). У дачыненні да апошняга нямецкі аўтар сцвярджае, што вынесеная за межы Музея абароны крэпасці новая экспазіцыя аб палоне, без дакладнай прывязкі да саміх абаронцаў і абароны, сведчыць толькі пра тое, што ў галоўнай экспазіцыі музея нават у новых умовах не знайшлося месца для гэтага надзвычай важнага гістарычнага факта. Аўтар зазначае, што поўнае і праўдзівае вяртанне гісторыі савецкага палону ў час тых падзей патрабуе яшчэ доўгага шляху, паколькі да цяперашняга часу захоўваюцца нязменнымі большасць элементаў наратыву “гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці” (265). Не менш дзіўным аўтар бачыць факт успрымання навуковай і музейнай грамадскасцю спецыяльнага выдання “Брэст. Лета 1941 г. Дакументы. Матэрыялы. Фатаграфіі” (2016, 2017) з 188 арыгінальнымі дакументамі. Таму не выглядае нечаканым вывад нямецкага аўтара, што аснову савецкага наратыву складаюць у меншай ступені дакументальныя крыніцы, а ў большай – суб’ектыўныя звесткі (313).

У трэцім раздзеле Х. Ганцар паказвае Брэсцкую крэпасць як “месца памяці” (314–429), дзе падрабязна прасочвае гісторыю ўшанавання памяці пра яе гераічнае мінулае: паказвае асноўныя этапы ўзвядзення мемарыяльнага комплексу (314–334), раскрывае місію гістарычнай дзейнасці “Брэсцкай крэпасці-героя” (334–353), а таксама характарызуе ролю музея абароны крэпасці і новай экспазіцыі “Музей вайны – тэрыторыя міру” (410– 421). Асаблівы інтарэс у чытача выкліча аналіз гісторыкам скрозь прызму музейнага менеджменту канцэпцыі новай экспазіцыі “Музей вайны – тэрыторыя міру”, адкрытай 22 чэрвеня 2014 г. у паўднёва-ўсходняй частцы кальцавой казармы. Нямецкі аўтар адзначае, што 8 залаў маюць выгляд сучаснай экспазіцыі, у якой актыўна выкарыстоўваюцца музейная тэхніка, муляжы фігур людзей, інтэрактыўныя эфекты, камп’ютарныя праекцыі, а таксама аўдыягіды (410). Аўтар заўважае, што сярод экспанатаў савецкага паходжання можна сустрэць і шматлікія нямецкамоўныя дакументы, прычым і з перакладзенымі тэкстамі, а таксама фотаздымкі нямецкага паходжання. У той жа час Х. Ганцар адзначае, што для наведвальніка новай экспазіцыі застаецца адкрытым галоўнае пытанне: пра маштаб страт, панесеных абаронцамі, і колькасць савецкіх палонных у час баёў за крэпасць (426–427). Падсумоўваючы матэрыял заключнага падраздзела, нямецкі аўтар робіць выснову, што вынікі навуковай працы і лёсы савецкіх ваеннапалонных пачынаюць паступова інтэгравацца ў сучасны музейны дыскурс, дзе, як і раней, пануюць такія крытэрыі, як гераізм, мужнасць і патрыятызм (427).

Знаёмства з працай прыводзіць да шматлікіх высноў, у тым ліку метадалагічнага кшталту. Заслугоўвае ўвагі тое, як пераканаўча, лагічна і доказна Х. Ганцар знаёміць чытача з вынікамі даследавання. Па-першае, прыведзеныя думкі аўтара падштурхоўваюць да роздуму і чытача, што можна толькі вітаць. Па-другое, аўтар імкнецца трымацца выключна вывераных і верыфікаваных фактаў ды адстойвае гэты тэзіс на працягу ўсяго даследавання.

Па-трэцяе, паказвае перспектыву выкарыстання новых крыніц і метадалагічных падыходаў, асабліва такога простага правіла, як абавязковы двухбаковы паказ баявых дзеянняў. Па-чацвёртае, для Ганцара не выклікае сумневу неабходнасць “альтэрнатыўнага” падыходу пры правядзенні даследавання, асабліва беларускімі гісторыкамі. Па-пятае, выказванне ўласных гіпотэз нямецкага аўтара забяспечваецца саліднай аргументацыяй, што дазволіла яму як аднаму з першых даследчыкаў наблізіцца да гістарычнай праўды ў пытаннях гісторыі нямецкага штурму і савецкай абароны крэпасці летам 1941 г.

Такім чынам, з’яўленне новага фундаментальнага даследавання нямецкага гісторыка ставіць на парадак дня беларускай гістарычнай навукі і музейнай практыкі прынцыпова важныя пытанні, якія ў 80-я ўгодкі абароны Брэсцкай крэпасці набылі асаблівае значэнне. Галоўны адказ на іх будзе заключацца ў тым, якім чынам і ў якой ступені замежная навуковая распрацоўка стане фактам айчыннай гістарыяграфіі, знойдзе адлюстраванне ў канцэпцыі музейнай экспазіцыі Мемарыяльнага комплексу і будзе выкарыстоўвацца ў індывідуальных тэкстах экскурсій для турыстаў розных краін, у тым ліку з Германіі. Можна пажадаць, каб напярэдадні векавога рубяжа абарона Брэсцкай крэпасці выклікала хвалю даследчыцкага інтарэсу да падзей, якія аказвалі цэлыя дзесяцігоддзі значны, але да канца не асэнсаваны ўплыў на гісторыю і культуру памяці ў Беларусі.

У цэлым, на нашу думку, сучасная беларуская і замежная гістарыяграфіі гэтай тэмы пакуль не ведалі прыкладаў настолькі скрупулёзнага, глыбокага і ўсебаковага даследавання цэлага комплексу розных гістарычных крыніц на аснове метаду кампаратыўнага аналізу. Важны тут таксама і даследчыцкі падыход аўтара, у аснове якога ляжыць абавязковая дэталёвая верыфікацыя звестак з дакументальных крыніц і гістарычных прац, у тым ліку найноўшых. Відавочна, што на справе практычна ўпершыню зроблены неверагодны прарыў у германскім ваенным беларусазнаўстве.

На заканчэнне важна адзначыць, што ключавым вы нікам аналізу новай працы Х. Ганцара можна лічыць тое, што сучасная беларуская гістарыяграфія апынулася перад складаным выбарам: пачаць грунтоўную працу па даследаванні гісторыі абарончых баёў у Брэсцкай крэпасці летам 1941 г., асновай якой з’явіцца комплекс нямецкіх крыніц, у апошні час уведзеных у зварот, ці заставацца ў кантэксце палажэнняў савецкага наратыву, у якім практычна адсутнічае “нямецкі погляд” на падзеі. У гэтым выпадку абставіны ставяць нас перад неабходнасцю зноў пачаць скрупулёзнае вывучэнне мінулага на аснове распрацоўкі пытанняў тэорыі і метадалогіі, праблем крыніцазнаўства. Добрым арыенцірам для даследчыкаў у гэтым пакуль няпростым наратыве можа выступаць унікальная манаграфія Х. Ганцара, пераклад якой і выданне ў Беларусі можна лічыць актуальнай задачай нашай навуковай грамадскасці.


[1] Ганцар К. Штурм Брэсцкай крэпасці // БГЧ. 2010. No 6. С. 36– 37 (Рэц. на кн.: Алиев Р. В. Штурм Брестской крепости. Москва, 2008); Ганцар К. Памяць і забыццё: ушанаванне герояў Брэсцкай крэпасці // Вяртанне ў Еўропу: мінулае і будучыня Беларусі / пад рэд. С. Дусэт, А. Дынько, А. Пашкевіча. Варшава, 2011. С. 140– 147; Ганцар К., Пашковіч А. “Гераізм, трагізм, мужнасць”. Музей абароны Берасцейскай крэпасці // Arche. 2013. No 2. С. 43–59; Ганцар К. Немецкие и советские потери как показатель продол жительности и интенсивности боев за Брестскую крепость // Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць / рэдкал.: А. А. Каваленя (адк. рэд.), С. Я. Новікаў (нам. адк. рэд.) [і інш.]. Вып. 12. Мінск, 2014. С. 44–52 (тое самае па-беларуску: Arche. 2014. No 5. С. 135– 153); Ганцер К. Воспоминания защитников Брестской крепости как исторические источники. Проблемы и шансы // Личность в истории: героическое и трагическое / под. ред. Е. И. Пашкович. Брест, 2015. Ч. 2. С. 32–42; Ганцар К. Памяць пра вайну і акупацыю ў Беларусі на прыкладзе мемарыялаў “Брэсцкая крэпасць-герой” і “Хатынь” // Arche. 2015. No 9. С. 284–304; Ганцер К. Переводчик виноват. Влияние перевода на восприятие исторических событий (на примере отчета о боевых действиях по захвату Брест-Литовска генерал-майора Шлипера) // Бела русь і Германія: гісторыя і сучаснасць. Вып. 13. Т. 1. Мінск, 2015. С. 39–45; Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотогра фии / авт.-сост. К. Ганцер (рук. группы) [и др.]. Смоленск, 2016; 2-е изд., испр.: Смоленск, 2017; Ганцер К. Развитие нарратива о “героической обороне” Брестской крепости (1940-е – первая половина 1950-х гг.) // Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць. Вып. 17. Мінск, 2019. С. 21–30.
[2] Ganzer C. Kampf um die Brester Festung… S. 8–11.
[3] Ganzer C. Kampf um die Brester Festung… S. 33, 69.
[4] Алиев Р. В. Штурм Брестской крепости. Москва, 2008; Алиев Р. В. Брестская крепость. Воспоминания и документы. Москва, 2010.
[5] Новікаў С. Я. Абарона Брэсцкай крэпасці летам 1941 года ў ацэнцы гістарыяграфіі і ў святле дакументаў // Беларуская думка. 2010. No 5. С. 88–97; Новікаў С. Абарона Брэсцкай крэпасці: традыцыйнае і новае ў гістарыяграфіі // БГЧ. 2010. No 6. С. 28–35; Новікаў С. Узяцце Брэсцкай крэпасці: гістарычны дакумент // БГЧ. 2010. No 6. С. 38–43.
[6] Новікаў С. Я. Абарона Брэсцкай крэпасці летам 1941 года ў ацэнцы гістарыяграфіі і ў святле дакументаў // Беларуская думка. 2010. No 5. С. 88–97; Новікаў С. Абарона Брэсцкай крэпасці: традыцыйнае і новае ў гістарыяграфіі. С. 28–35; Новікаў С. Брэсцкая крэпасць у дакументах і ўспамінах // БГЧ. 2011. No 6. С. 27–33; Новікаў С. Я. Абарона Брэсцкай крэпасці: у пошуку шляхоў навуковага даследавання // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Сер. 2. Гісторыя. Эканоміка. Права. 2011. No 1. С. 44– 51 і інш.; Алиев Р. В. Брестская крепость. Воспоминания и документы…; Алиев Р. В., Рыжов И. Ю. Брест. Июнь. Крепость. Кн. 1. Брест, 2012; Кн. 2. Ч. 1–2. Москва, 2013; Платошкин Н. Н. “Особенно ожесточенно оборонялся гарнизон имеющей важное значение крепости Брест” // Военно-исторический журнал. 2013. No 6. С. 16–20; Пашкович Е. Брестская крепость в официальном нарративе в современной Беларуси // Wspólne czy osobne? Miejsca pamięci narodów Europy Wschodniej / red. W. Śleszyński. Białystok – Krakow, 2011. S. 49–55.
[7] Суворов А. Брестская крепость. Война и мир. Брест, 2010.
[8] Gschöpf R. Mein Weg mit der 45. Infanterie-Division. Linz, 1955.
[9] Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии / авт.- сост. К. Ганцер (рук. группы) [и др.]. Смоленск, 2016; 2-е изд., испр.: Смоленск, 2017.

Наверх

Tags: ,