Korespondencja wojskowa hetmana Janusza Radziwiłła w latach 1646–1655. Część 1. Diariusz kancelaryjny 1649–1653 / oprac. M. NAGIELSKI, K. BOBIATYŃSKI, P. GAWRON, K. KOSSARZECKI, P. KROLL, A. A. MAJEWSKI, D. MILEWSKI. Warszawa, 2019. 890 s.; Część 2. Listy / oprac. K. BOBIATYŃSKI, P. GAWRON, K. KOSSARZECKI, P. KROLL, A. A. MAJEWSKI, D. MILEWSKI, M. NAGIELSKI. Warszawa, 2020. 301 s.
Род князёў Радзівілаў быў галоўным у Вялікім Княстве Літоўскім і адным з самых магутных у Рэчы Паспалітай. Цікава, што менавіта гэты род у адрозненне ад іншых магнацкіх родаў (Вішнявецкіх, Канецпольскіх, Патоцкіх ды інш.) даў шэраг выдатных мемуарыстаў. Гэта віленскі ваявода Мікалай Крыштаф Сіротка (1549–1616), які напісаў успаміны пра паломніцтва на Святую Зямлю ў 1583 г. [1], канцлер ВКЛ Альбрэхт Станіслаў (1593–1656) [2], канюшы ВКЛ, генерал каралеўскай гвардыі Багуслаў (1620–1669) [3], палявы гетман ВКЛ Януш (1612–1655), якія прысвяцілі свае творы падзеям сярэдзіны ХVІІ ст., у першую чаргу звязаным з паўстаннем на чале з Багданам Хмяльніцкім і вызваленчай вайной украінскага народа ў 1648–1658 г., хоць яны ставіліся да ўкраінскіх казакоў варожа. У адрозненне ад мемуараў сваіх родзічаў дзённік Януша Радзівіла, за выняткам хіба часткі яго эпісталярнай спадчыны, змешчанай у другім томе рэцэнзаванага выдання, заставаўся неапублікаваны, і толькі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. яго пачалі выкарыстоўваць у якасці гістарычнай крыніцы і нават публікаваць асобныя фрагменты (польскія гісторыкі і археографы Вітальд Бернацкі, Яцак Камуда, Міраслаў Нагельскі, а з украінскіх археографаў – аўтар гэтых радкоў). Цяпер жа цэлы калектыў археографаў (Міраслаў Нагельскі, Конрад Бабятыньскі, Пшэмыслаў Гаўрон, Кшыштаф Касажэцкі, Пётр Крол, Анджэй Адам Маеўскі, Дарыуш Мілеўскі) здзейсніў фундаментальнае выданне ўсяго дзённіка Януша Радзівіла ды яго эпісталярнай спадчыны. Выкананую імі працу можна без перабольшання ацаніць як каласальную! Калі асноўная частка твора (каля 90%) захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (AGAD, Archiwum Radziwiłłów, Dział VІ, nr. 36), прычым яго пагінацыя або адсутнічае, або пераблытана, то іншыя 10% тэксту ўдалося знайсці ў аддзелах рукапісаў Ягелонскай бібліятэкі і Бібліятэкі Польскай акадэміі навук у Кракаве, Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Пецярбургу, Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску ды ў Інстытуце рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага ў Кіеве (ф. І, спр. 6012, арк. 458адв.– 460адв. – гэта фрагмент, які ахапляе падзеі студзеня – пачатку лютага 1649 г.).
Публікацыя эпісталярнай спадчыны князя Радзівіла, з аднаго боку, аблягчалася тым, што ці не палова яе ўжо была выдадзена папярэднікамі, найперш польскім гісторыкам Эдвардам Катлубаем (1822–1879) [4], які, дарэчы, пэўны час служыў у Кіеве, але раскіданасць лістоў была намнога большаю. Іх даводзілася выяўляць не колькі ў архівасховішчах Польшчы (Варшава, Кракаў, Вроцлаў, Гданьск, Курнік), але і Украіны (Кіеў, Львоў), Беларусі (Мінск), Латвіі (Рыга), Літвы (Вільня), Расіі (Масква), Аўстрыі (Вена), Германіі (Берлін) і Швецыі (Стакгольм).
Спачатку варта крыху сказаць пра твор, змешчаны ў першым томе. Гэта не мемуары ў прывычным сэнсе слова. Януш Радзівіл быў палявым гетманам ВКЛ, а фактычна – галоўнакамандуючым усяго літоўскага войска, бо вялікі гетман тады быў у паважным узросце, хварэў і не ўдзельнічаў у ваенных паходах супраць паўстанцаў Багдана Хмяльніцкага. Таму радзівілаўскі лагер стаў найважнейшым цэнтрам, дзе ўзгадняліся ўсе ваенныя пытанні і размяшчалася гетманская князя. Па распараджэнні Януша Радзівіла тут вёўся дзённік, які атрымаў умоўную назву канцылярыйнага (канцылярскага), ці абознага. У яго ўносіліся распараджэнні ды лісты, адрасатамі якіх былі кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір, прадстаўнікі паноўных вярхоў Рэчы Паспалітай, асабліва з вышэйшага афіцэрскага складу войска, кіраўнікі суседніх дзяржаў, у першую чаргу гетман Багдан Хмяльніцкі, крымскі хан Іслам-Гірэй, а таксама іх лісты-адказы. З іх спісвалі копіі і змяшчалі ў дзённік. У прыватнасці, у “Дыярыушы” было сем лістоў Багдана Хмяльніцкага, аднак чатыры з іх ужо апублікаваныя па іншых спісах [5]. У прыватнасці, вельмі важная інструкцыя Багдана Хмяльніцкага з чэрвеня 1652 г. палкоўніку Сямёну Савічу, які павінен быў весці перамовы з Адамам Кісялём, а таксама ліст казацкага гетмана князю Янушу за 30 чэрвеня 1653 г. (гл.: Cz. 1, s. 776). У дзённіку знайшлося месца для “конфесат” – пратаколаў допыту палонных (напрыклад, Івана Мацкевіча, Сільвестра Дубіны, Івана Бугая, запарожца Дзям’яна Улашчанкі з Белай Царквы, Ваські з Чарнобыля, Ваські Сагуніча з Гомельшчыны, Васіля Скораба, Грыцка з Борзні, Юрыя Піроцкага з Рыпак, баровіцкага сотніка Кірыла ды інш.), данясенняў шпегаў, авіз пра хаду вайсковых кампаній ва Украіне, навін з Малдавіі ды іншых краін, а таксама лістоў і рэляцый розных асоб да караля і ягонага брата Карла Фердынанда, у тым ліку пра вынікі баёў, як ліст Войцаха Мяскоўскага да каралевіча Карла Фердынанда за 22 жніўня 1649 г. пра Збораўскую бітву (гл.: Cz. 1, s. 199–204). Лішне казаць, наколькі каштоўнымі з’яўляюцца “канфесаты”, бо ў іх гаварылася і пра падзеі, якія адбываліся ў лагеры паўстанцаў. Сакратары князя звычайна дзень у дзень фіксавалі ўсё, што адбывалася ў абозе (нават дробныя інцыдэнты), а таксама дзеянні самога князя. На жаль, дзённік дайшоў да нашага часу са значнымі стратамі. Не хапае найперш яго пачатку, дзе гаварылася пра пачатковы этап вайны 1648–1658 г., і падзеі асвятляюцца з 2 чэрвеня 1649 г. Але на 4 лютага 1652 г. выклад абрываецца, і далейшыя падзеі таго і наступнага гадоў (да 25 кастрычніка 1653 г.) пададзены няпоўна, бо тыя фрагменты, як і аповед пра падзеі 1654–1655 г. (да смерці князя Януша 30 снежня 1655 г.) былі страчаны.
Каштоўнасць “Дыярыуша” ў тым, што ён з’яўляецца надзвычай важнай крыніцай па гісторыі вайны Запарожскага Войска пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага на абшарах Палесся, Севершчыны і асабліва Беларусі. Падзеі, што адбываліся на тых землях, даволі слаба адлюстраваліся ў крыніцах. У “Дыярыушы” ж бачым найпаўнейшае асвятленне Загальскай і Лоеўскай бітваў 1649 г., дзеянняў паўстанцаў у Беларусі, прычым тут згадваюцца імёны амаль невядомых правадыроў (Булаўка, Іван Кастырка, мазырскі сотнік Кісель, Адзінец, Седляр, Шарапата), зусім невядомых паўстанцаў, сярод якіх былі і запарожцы, якія ваявалі яшчэ пад харугвамі гетмана Сагайдачнага. Тут знаходзім нямала інфармацыі пра ваенныя падзеі вакол Чарнігава, Старадуба, Брагіна, Гомеля, Горваля, Крычава, Лоева, Любеча, Мазыра, Оўруча, Рэчыцы, Хойнікаў, Холмеча, Чачэрска ды іншых гарадоў, а таксама звесткі пра палкоўнікаў Іллю Галоту, Міхайлу Крычэўскага, Марціна Нябабу, пра Сілуяна Мужылоўскага і Пятра Забелу. Вось, напрыклад, цытата з ліста князя Радзівіла за 11 ліпеня 1651 г.: “Маста ў Магілёве рабіць не жадаю, бо ведаю, што там маса зраднікаў” (611), – гэта значыць тых, хто сімпатызаваў паўстанцам. Вельмі шмат інфармацыі змешчана і ў данясеннях ротмістра С. Паўшы.
Асабліва каштоўныя звесткі пра Чарнобыль. Гэтая цяпер “мёртвая зона” мела сваю слаўную гісторыю і, скажам, украінская паэтка Ліна Кастэнка заклікала да ўсебаковага вывучэння мінулага гэтага краю, духоўнай культуры яго насельніцтва. А тут мы знаходзім звесткі пра існаванне Чарнобыльскага і Гарнастайпальскага (Гарнастайпаль – пад Чарнобылем) палкоў, іх палкоўнікаў (Міхайлы Паповіча, Піліпа Лапушкі), сотнікаў. Ёсць таксама важныя звесткі пра хаду ваенных дзеянняў у іншых рэгіёнах Украіны, у першую чаргу пра бівы пад Красным і Берасцечкам у 1651 г., дыпламатычную барацьбу, а таксама пазіцію Асманскай імперыі, Крымскага ханства, нагайскіх ордаў, Малдовы і Валахіі. Натуральна, у “Дыярыушы” знаходзім цікавую інфармацыю пра дзеянні войска ВКЛ і яго афіцэрскага складу (Г. Мірскі, С. Паўша, М. Францкевіч-Радзімінскі ды інш.).
У “Дыярыушы” і асабліва лістах трапляюцца значныя фрагменты тэксту, напісаныя лацінай. Шкада, што польскія археографы, якія добра валодаюць лацінскай мовай, пакінулі гэтыя фрагменты (часам і цэлыя лісты) без перакладу. Праўда, іх пераклад значна павялічыў бы аб’ём выдання, якое ў такім разе складалася б ужо не з двух, а з трох тамоў. Затое пераклад з лаціны значна палегчыў бы працу даследчыкаў. У крайнім выпадку можна было перакласці хоць бы лацінамоўныя фрагменты дзённіка, не чапаючы лістоў, што змешчаны ў другім томе.
Выданне забяспечана грунтоўнай прадмовай, у якую ўключана біяграфія Януша Радзівіла, дадзена характарыстыка “Дыярыуша” і лістоў, раскрыты правілы выдання, а ў канцы тома ёсць імянны і геаграфічны паказнікі. У другой частцы прадмова змяшчае характарыстыку вайсковай карэспандэнцыі князя за 1646–1655 г., пералік лістоў, які займае не адну старонку (5–10), а завяршаецца кніга імянным і геаграфічным паказнікамі.
Гэтае двухтамовае выданне ўводзіць у навуковы зварот мноста каштоўных крыніц па гісторыі, несумненна важных для вывучэння нацыянальна-вазваленчай вайны ўкраінскага народа. Хочацца павіншаваць польскіх калег з творчым поспехам і пажадаць ім новых дасягненняў у галіне археаграфіі.
Кіеў
Юрый Мыцык
[1] Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва… Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю // Кніга жыцій і хаджэнняў: уклад., прадм. і камент. А. Мельнікава. Мінск, 1994. С. 165–447.
[2] Radziwiłł A. S. Memoriale rerum gestarum in Polonia: 1632– 1656: V. 1–5 / oprac. A. Przyboś i R. Żelewski. Wrocław – Warszawa – Kraków – Gdańsk, 1968–1975. У перакладзе з лаціны на польскую мову: Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1–3 / przeł. i oprac. A. Przyboś i R. Żelewski. Warszawa, 1980.
[3] Radziwiłł B. Autobiografia / wstępem poprzedził i oprac. T. Wasilewski. Warszawa, 1979. У перакладзе на беларускую: Ра дзівіл Б. Аўтабіяграфія / уклад. і пасляслоўе Ул. Сіўчыкава; пераклад з польскай мовы: А. B. Бутэвіч, Ул. Сіўчыкаў; прадмова Г. Літвіна. Мінск, 2009.
[4] Kottłubaj E. Życie Janusza Radziwiłła. Wilno – Witebk, 1859.
[5] Sysyn F. E. Dokuments of Bohdan Xmelnyc’kyj // Harvard Ukrainian Studies. V. II. Nr 4. December 1978. P. 518–519; Джерела з історії Національно-визвольної війни українського на роду 1648–1658 рр. Київ, 2014. Т. 2 (1650–1651 рр.). No 215. С. 346–348; Т. 3 (1652–1654). No 1, 2, 216. С. 11–13, 787.